Савецкая Беларусь ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі

Уплыў татальнага крызісу 1920-1921 гадоў на пераход Беларусі ад вайны да мірнага становішчу. Аднаўленне сельскай гаспадаркі. Гісторыя развіцця кааперацыі і прамысловасці. Вывучэнне ролі дробных вытворчасцяў і прыватнага капіталу ў эканоміцы рэспублікі.

Рубрика История и исторические личности
Вид контрольная работа
Язык белорусский
Дата добавления 06.09.2010
Размер файла 93,4 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Усё гэта сведчыла аб неабходнасці ўдасканалення эканамічных адносін як у самой вёсцы, так паміж ёю i дзяржавай. Пры гэтым трэба было лічыцца з вялікай жыццяздольнасцю прыватнай сялянскай гаспадаркі, якая на той час не тое што не вычарпала cвaix рэсурсаў, а нават не змагла ix як след выявіць у супярэчлівых умовах рэчаіснасці [5, с. 156-157].

Па-ранейшаму важным элементам народнагаспадарчага комплексу выступала кааперацыя. Пры пэўным адыходзе ўлады ад арганізацыйных форм уздзеяння на яе да сярэдзіны 1920-х гг. было сфарміравана пяць асноўных відаў кааперацыі: спажывецкая, сельскагаспадарчая, крэдытная, жыллёвая, прамысловая (уключаючы інвалідную). На чале кожнага з ix знаходзіўся, як правіла, адпаведны цэнтр або саюз, які абапіраўся на сетку перыферыйных саюзаў з таварыствамі.

Гэтыя віды, дапаўняючы адзін другога, пры выкарыстанні пэўных прававых i эканамічных умоў, але на аснове нарастаючага адміністрацыйна-каманднага ўздзеяння партыйна-дзяржаўных органаў, усё шырэй i глыбей ахоплівалі жыццё грамадства i стваралі ўмовы для новай сістэмы сацыяльна-эканамічных адносін. Кааператыўны рух канца 20-х гг. стымуляваўся таксама ўвядзеннем нарміраванага i картачнага размеркавання дэфіцытных тавараў: тыя, хто не з'яўляўся членам кааперацыі, часцей за ўсё пазбаўляўся магчымасці набыць ix.

Дзяржаўнае рэгуляванне дзейнасці кааперацыі дасягалася шляхам размеркавання ў ёй заказаў, узмацнення цэнтралізаванага кантролю за дагавоpaмi, заключанымі паміж прадпрыемствамі i гандлёвымі арганізацыямі. Аднак гэта адбывалася шляхам устанаўлення цвёрдых цэн на прадукцыю, перавышэнне якіх, асабліва ў прыватным i кааператыўным сектарах эканомікі, каралася. Так, у 1925/26 гаспадарчым годзе дзяржава ўстанавіла прынцыпы вызначэння цаны на нарыхтаванае прыватнымі асобамі зерне i ў пачатку 1927 г. адміністрацыйным шляхам яны былі зніжаны ў прыватным гандлі.

Сітуацыя ўскладнялася тым, што кааперацыя, дзякуючы няухільнаму пашырэнню дзяржаўнай матэрыяльна-фінансавай дапамогі, перадачы ей функцый нарыхтовак сельгаспрадукцыі па цвёрдых цэнах (працэс пачаўся з 1926 г.) ператварылася ў дзейсны сродак абмежавання інтарэсаў прыватніка (асабліва эканамічна развітай яго часткі), тым больш што гэтаму спрыяў рост падатковага ціску на прадпрымальніцкую, індывідуальную дзейнасць саматужнікаў, рамеснікаў i гандляроў (да 1930 г. у 5-10 разоў) [5, с. 154].

Нягледзячы на істотную структурную ломку з-за перапрафіліравання на пачатковым этапе, сістэма спыжывецкай кааперацыі заставалася найбольш маштабнай па колькасці членаў, бо ахоплівала як гарадское, так i вясковае насельніцтва. У 1928 г. яна аб'ядноўвала 794 тыс. чалавек (30% дарослага насельніцтва, пераважна вясковага), больш як 55% сялянскіх гаспадарак. Найбольш важкі ўклад гэта сістэма ўносіла ў забеспячэнне насельніцтва таварамі, выцісканне з рынку прыватнага гандляра на аснове дыскрымінацыйнай палітыкі да яго савецкай улады [8, с. 98].

Сельскагаспадарчая кааперацыя развівалася ў напрамку збыту, перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, а таксама крэдытавання. Пры гэтым яе таварыствы (у адрозненне ад некаапераванага насельніцтва) актыўна выкарыстоўвалі перавагі ў атрыманні грашовых крэдытаў, падатковых ільгот, забеспячэнні прыладамі працы, сродкамі вытворчасці i г.д. Ва ўмовах нарастання цэнтpaлiзaвaнaга матэрыяльна-фінансавага i арганізацыйнага ўздзеяння дзяржавы яе шарэнгі моцна раслі. Калі на 1 кастрычніка 1925 г. рознымі формамі сельскагаспадарчай кааперацыі было ахоплена 18,2% сялянскіх гаспадарак, то на 1 кастрычніка 1929 г. - 69%. Па колькасці пайшчыкаў першае месца займалі найбольш простыя формы кааперацыі, у першую чаргу сельскагаспадарчыя крэдытныя таварыствы. Разам з развітай спажывецкай i растучай саматужна-прамысловай кааперацыяй яны дастаткова поўна i эфектыўна кантралявалі несацыялістычныя элементы ў гандлі i на вытворчасці.

Асноўным носьбітам сельскагаспадарчай кааперацыі выступала сярэдняе i бяднейшае сялянства, якое няўхільна выціскала з кааператываў эканамічна больш моцныя гаспадаркі, што адпавядала палітыцы ўлады па ix разбурэнню [5, с. 155].

Ва умовах нарастаючага адзяржаўлення кааперацыі развіваліся яе больш складаныя формы - калектыўныя гаспадаркі. Пры істотным скарачэнні сеткі калгасаў у пачатку 20-х гг., выкліканым эканамічнымі цяжкасцямі i пераарыентацыяй часткі сялян-калектывістаў на аднаасобную гаспадарку, з сярэдзіны гэтага ж дзесяцігоддзя выявілася тэндэнцыя да яе пашырэння i ўмацавання. Адчуваліся захады ўлады па вызваленню калгасаў ад арэнднай платы за зямельныя плошчы, забеспячэнню ix інвентаром i жывёлай, прадастаўленню падатковых ільгот, а то i поўнаму вызваленню ад падатку. У выніку калгасы ў цэлым хутчэй за сялянскія гаспадаркі нарошчвалі вытворчасць, частка з ix з'яўлялася прыкладам вядзення буйной грамадскай вытворчасці, аказвала дапамогу сялянам навакольных вёсак у наладжванні гаспадаркі, імкнулася пераконваць ix у перавагах новага шляху развіцця.

У канцы 1927 г. найбольш распаўсюджанай формай калектыўнай гаспадаркі з'яўлялася арцельная. Аднак нягледзячы на актыўную падтрымку дзяржавы, забяспечанасць калгасаў буйной рагатай жывёлай была на 50% ніжэй, чым разліковая. У калгасах адсутнічалі пастаянныя формы арганізацыі, уліку i аплаты працы. На 1 ліпеня 1929 г. колькасць калгасаў у рэспубліцы дасягнула 1543. Яны аб'ядноўвалі 1,6% ycix сялянскіх гаспадарак. Сярод калгаснікаў стала больш значнай доля сярэдняга сялянства.

Бачнае месца займалі блізкія ў сацыяльна-эканамічных адносінах да калгасаў дзяржаўныя гаспадаркі-саўгасы. Пры моцнай падтрымцы дзяржавы яны таксама нярэдка дэманстравалі перавагі буйной сельскагаспадарчай вытворчасці перад індывідуальнай. Сялянства, нават бедная яго частка, нягледзячы на рэалізуемы курс па актыўнаму стымуляванню калгаснай формы кааперацыі пры ўшчамленні больш дзеяздольных гаспадарак у атрыманні крэдытаў i іншых сродкаў эфектыўнай арганізацыі вытворчасці, атрыманні з ix павялічаных падаткаў, не спяшалася ўключацца ў калгасна-саўгаснае будауніцтва. Але ў партыйна-дзяржаўнай улады былі іншыя намеры [8, с. 98-101].

Такім чынам, 20-ыя гады вызначыліся ў жыцці сялян i развіцці сельскай гаспадаркі ў БССР завяршэннем размеркавання зямлі, правядзеннем землеупарадкавання, паспяховым аднаўленнем сельскай гаспадаркi i павышэннем вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі, шырокім развіццём сельскагаспадарчай кааперацыі. Гэта стварыла магчымасць для паспяховай эвалюцыі сельскай гаспадаркі па шляху добраахвотнага вытворчага кааперавання. Аднак фарсіраванне масавай калектывізацыі ў другой палове 1929 г., ігнараванне эканамічных умоў i волі большасці сялян парушала гэты працэс i вяло да ўзмацнення негатыўных з'яў у далейшым развіцці сельскай гаспадаркі i становішчы вёскі.

3. РАЗВІЦЦЁ ПРАМЫСЛОВАСЦІ. РОЛЯ ДРОБНАЙ ВЫТВОРЧАСЦІ І ПРЫВАТНАГА КАПІТАЛУ Ў ЭКАНОМІЦЫ РЭСПУБЛІКІ

Аднаўленне гаспадаркі адбывалася ў асноўным паралельна ў аграрным сектары эканомікі, прамысловасці i на транспарце, аднак прыярытэт захоўваўся за асноўнай у той час сферай вытворчасці - сельскай гаспадаркай. Гэта тлумачыцца яе спецыфікай - меншымі матэрыяльнымі затратамі, неабходнымі для аднаўлення, больш сціслымі тэрмінамі, вопытам працаўнікоў i іншымі фактарамі. Дадзеная акалічнасць прызнавалася кіраўніцтвам камуністычнай партыі i савецкай дзяржавы. Маючы на ўвазе такі бок справы i з'яўляючыся ў гэтых адносінах рэалістам, У.Ленін праз адпаведныя партыйныя i дзяржаўныя рашэнні арыентаваў грамадства на тое, што без практычнага масавага паляпшэння гаспадаркі дробнага сялянства нам ратунку няма: без гэтай базы немагчыма ніякае гаспадарчае будауніцтва.

Аднак аднаўляць прамысловасць было значна цяжэй, чым сельскую гаспадарку. Для гэтай мэты патрабаваліся не толькі большыя сродкі, але i спецыяльна падрыхтаваныя рабочыя i інжынерна-тэхнічныя работнікі. Матэрыяльна-тэхнічная база аднаўленчага працэсу ў прамысловасці была значна складаней i даражэй, ды i разбурэнні ў гэтай галіне з'яўляліся цяжэйшымі. Абсалютная большасць фабрык i заводаў была разбурана ці поўнасцю, ці ў такой ступені, што запусціць ix можна было толькі пасля істотнага аднаўлення. Да таго ж працоўныя калектывы прадпрыемстваў за гады Першай сусветнай i Грамадзянскай войнаў, Кастрычніцкай рэвалюцыі, замежных ваенных інтэрвенцый панеслі настолькі вялікія страты, што аднаўленчы працэс пачынаўся пры зусім нязначнай ix частцы. Усё гэта рабіла працэс аднаўлення прамысловасці i транспарту складаным i больш працяглым.

Работа па аднаўленню прамысловасці, якая грунтавалася на новай эканамічнай палітыцы, праходзіла з улікам яе сутнасці i асаблівасцей. На дзейнасць прадпрыемстваў усё большы ўплыў пачалі аказваць фактары гаспадарчага разліку i прыбытку. Ix мэтаю з'яўлялася забеспячэнне самафінансавання вытворчасці. З прычыны таго што дзяржава, асабліва ў першыя гады аднаўлення гаспадаркі, не магла колькі-небудзь істотна фінансаваць фабрыкі i заводы, яны здымаліся з яе забеспячэння. У выніку шмат якія прадпрыемствы аказаліся закрытымі ці закансерваванымі. Частка з ix была дэнацыяналізавана i перададзена ў арэнду іншым арганізацыям ці нават прыватным асобам. Адмянялася ўраўняльная аплата працы, а таксама працоўная павіннасць.

У другой палове 1921 г. пачаўся перавод прадпрыемстваў на гаспадарчы разлік. У Беларускай ССР гэта ў першую чаргу закранула лёгкую прамысловасць. Яе прадукцыя ў большай ступені была звязана з рынкам. Мелася на ўвазе, што гаспадарчы разлік павінен забяспечыць не толькі панесеныя затраты, але i даць пэўны прыбытак. Гэта праца ў рэспубліцы была ў асноўным завершана ў пачатку 1923 г [5, с. 160].

Перавод прамысловасці на закладзеныя ў НЭПе прынцыпы гаспадарання запатрабаваў новых форм арганізацыі прамысловай вытворчасці. Вынікам гэтага з'явіўся пераход да гаспадарчых аб'яднанняў як да самастойнай гаспадарчай адзінкі. У шэрагу выпадкаў дадзеную ролю выконвалі i асобныя прадпрыемствы. У адпаведнасці з пастановай цэнтральнага бюро кампартыі Беларусі ад 13 ліпеня 1921 г. на прадпрыемствах саўнаргаса Беларускай ССР было створана 16 гаспадарча-разліковых групавых упраўленняў i 15 заводаўпраўленняў. Пазней колькасць упраўленняў была зменшана да 11. У Віцебскай губерні, якая ў той час не ўваходзіла ў склад БССР, дзейнічалі 12 групавых аб'яднанняў [6, с. 239].

Перавод прамысловасці на новыя рэйкі гаспадарання адпаведна новай эканамічнай палітыцы ажыццяўляўся на базе шматлікіх рашэнняў, што прымаліся вышэйшымі партыйнымі i савецкімі органамі. На аснове "Наказа ад СПА (Савета Працы i Абароны) мясцовым савецкім установам" (май 1921 г.) i "Наказа СНК аб правядзенні ў жыццё пачаткаў новай эканамічнай палітыкі" (9 жніўня 1921 г.) у губернях i паветах ствараліся эканамічныя нарады. Яны па сутнасці з'яўляліся нізавымі органамі Савета Працы i Абароны, якія ажыццяўлялі непасрэднае кіраўніцтва аднаўленнем гаспадаркі. Ужо ў студзені 1921 г. эканамічныя нарады былі створаны ў БССР, як i ў Віцебскай губерні. Ніжэйшым звяном дадзенай структуры станавіліся заводскія эканамічныя нарады, што ўзнікалі на буйных прадпрыемствах.

Разам з гэтай працай праводзілася рэарганізацыя саўнаргасаў ycix узроўняў. Замест глаўкаў i цэнтраў у саўнаргасе БССР было створана 16 галоўных галіновых упраўленняў.

На аснове новых падыходаў да арганізацыі прамысловасці пачалася яе перабудова. У першую чаргу яна датычылася перазмеркавання падначаленасці прадпрыемстваў. Да канца 1922 г. у Беларускай ССР, а таксама ў Віцебскай i Гомельскай губернях, якія не ўваходзілі тады ў яе склад, за саўнаргасамі было пакінута толькі 167 прадпрыемстваў з 595. Адбываліся іншыя структурныя ўдакладненні ў арганізацыі прамысловай вытворчасці. Яны былі ў асноўным завершаны ў 1922 г. [5, с. 161].

Аднак непасрэдная праца па аднаўленню прамысловай вытворчасці праходзіла з вялікімі цяжкасцямі. Яны былі абумоўлены не толькі ўсеагульным разбурэннем, але i шматлікімі негатыунымі з'явамі. Моцна даймаў, у прыватнасці, паліўны крызіс. Ён ахапіў у першую чаргу гарады. Без яго вырашэння нельга было не толькі аднаўляць работу прадпрыемстваў, але i наладжваць бытавыя ўмовы жыцця насельніцтва. У пачатку 20-х гг. па чатыры-шэсць i нават больш месяцаў вымушаны былі прастойваць нават тыя прадпрыемствы, якія больш-менш працавалі. Прычынай гэтых прастояў з'яўлялася адсутнасць паліва. Прадпрыемствы Мінска былі забяспечаны палівам усяго на чвэрць. Для пераадолення такога становішча праводзіліся тыдні вывазкі паліва, прымаліся іншыя меры. Паступова яны дазволілі зменшыць вастрыню паліўнага крызісу [8, с. 79].

На адраджэнне прамысловасці негатыўна ўплываў вельмі нізкі жыццёвы ўзровень гарадскога насельніцтва ў пачатку 20-х гг. Неймаверныя цяжкасці з харчаваннем, вострая жыллёвая праблема ставілі перад многімі гарадскімі жыхарамі, у тым ліку работнікамі прадпрыемстваў, праблему выжывання. У мэтах выхаду са складаных абставін гараджане нярэдка шукалі паратунку ў сельскай мясцовасці. У выніку адбылося значнае скарачэнне гарадскога насельніцтва. У 1922 г. у параўнанні з 1917 г. у Беларускай ССР яно паменшылася амаль на 100 тыс. чалавек i склала толькі 184 тыс. Гэта з'ява фактычна прывяла да дэкласавання прамысловых рабочых [8, с. 83].

Да таго ж у дадзены працэс прымешваліся дзеянні савецкай улады, прадыктаваныя палітычнымі адносінамі да работнікаў, у лаяльнасці якіх яна не была ўпэўнена. Ад вытворчых паслуг такіх асоб у дзяржаўных прадпрыемствах імкнуліся вызваліцца. Характэрным у гэтых адносінах з'яўляецца факт, прыведзены ў спецпалітзводцы АДПУ Саюза ССР ад 7 лютага 1923 г. У ёй адзначана, што з галоўных Гомельскіх чыгуначных майстэрань звольнены па скарачэнню штатаў 86 чалавек эсэраўскай i меншавіцкай афарбоукі.

Нярэдка даведзеныя да адчаю работнікі заводаў i фабрык, будаунікі вымушаны былі ісці на правядзенне забастовак. Яны адбыліся на шэрагу прадпрыемстваў БССР, будоўляў i сведчылі аб вастрыні эканамічнага, сацыяльнага i палітычнага становішча. Так, у сакрэтным "Аглядзе палітычнага становшча СССР за верасень 1925 г.", падрыхтаваным АДПУ для вышэйшага кіраўніцтва краіны, у прыватнасці паведамлялася, што ў Беларускай ССР работнікі Заходняй чыгункі ў колькасці 100 чалавек, якія будавалі мост праз р. Свіслач, забаставалі. Іх патрабаванні заключаліся ў павышэнні заработнай платы.

Дакументы сведчаць, што пэўнае распаўсюджанне ў 20-я гг. атрымала практыка пагроз забастовак. Яе мэтамі з'яуляліся дамаганні ці супраць затрымак зарплаты, ці за яе павышэнне. У прыватнасці, у "Аглядзе палітычнага становішча СССР за кастрычнік 1926 г.", падрыхтаваным АДПУ, паведамлялася, што ў БССР у тыпаграфіі "Камінтэрн" у сувязі з затрымкай заработнай платы трупа рабочых агітуе за забастоўку. Пад уплывам гэтай групы адзін з рабочых, друкар, член ВКП(б), сабраў подпісы пад заявай з патрабаваннем выдачы зарплаты. Пад ёю падпісаліся ўсе работнікі машынна-друкарскага аддзялення.

Як вынік ycix гэтых з'яў мела месца надзвычайна нізкая прадукцыйнасць працы на тых прадпрыемствах, якія ў некаторай ступені працавалі. У параўнанні з даваенным часам у пачатку 20-х гг. гэты паказчык ледзьве дасягаў 10%, у лепшым выпадку ён даходзіў да 30%.

Вялікія памеры набылі інфляцыйныя працэсы, якія фактычна перайшлі ў гіперінфляцыю. Дастаткова сказаць, што ў лютым 1922 г. даваенны залаты рубель ацэньваўся ў 150 тыс. савецкіх рублёў. Дзяржаўныя органы вымушаны былі прыняць радыкальныя меры i правесці грашовую рэформу, якая была добра падрыхтавана i дала станоўчыя вынікі. На працягу 1923-1924 гг. адбыўся пераход на чырвонец. Пры гэтым удалося забяспечыць яго дастаткова высокую пакупную здольнасць.

Аднак першыя зpyxi ў аднаўленні працы прадпрыемстваў прывялі да узнікнення перавытворчасці тавараў i крызісу збыту. Ён быў абумоўлены высокімі цэнамі на прамысловую прадукцыю i нізкім коштам прадуктаў сельскай гаспадаркі. Асаблівай вастрыні крызіс збыту дасягнуў у 1922-1923 гг. У выніку атрымалася вялікае затаварванне прадпрыемстваў, а сяляне не маглі набыць нават самыя неабходныя прамысловыя тавары. Паступова "нажніцы цэн" пераадольваліся.

Цяжкасці па аднаўленню прамысловасці яшчэ больш узрасталі ў сувязі з развалам у пачатку 20-х гг. транспартнай сістэмы. Асноўны від зносін i перамяшчэння грузаў - чыгункі - знаходзіліся ў поўным заняпадзе. У лютым 1922 г. на Заходняй чыгунцы каля 40% цягнікоў i звыш 80% вагонаў знаходзіліся ў нерабочым стане. Да поўнага развалу фактычна дайшоў i гарадскі транспарт. За гады ваеннага i рэвалюцыйнага ліхалецця, замежных акупацый рэзка скарацілася рамізніцтва. У выніку прынятых захадаў у жніўні 1921 г. аднавіла перавозку пасажыраў конна-чыгуначная дарога ў Мінску. Толькі з сярэдзіны 20-х гг. паступова пачаў уводзіцца аўтобусны рух як у гарадах, так i пaмiж iмi.

З мэтаю пераадолення шматлікіх цяжкасцей прымаліся экстранныя захады па аздараўленню становішча ў прамысловасці i на транспарце. Пэўнае значэнне ў гэтым мелі меры па актывізацыі намаганняў рабочага класа ў аднаўленчым працэсе. Эканамічныя нарады паступова былі заменены нарадамі вытворчымі. Адна з першых у Беларускай ССР вытворча-тэхнічная нарада адбылася 17 лютага 1924 г. на гомельскім заводзе "Пралетарый". У дастаткова кароткі тэрмін практыка правядзення такіх нарад была пашырана на іншыя прадпрыемствы. У 1926 г. у ix рабоце бралі ўдзел да 20% рабочых i служачых прамысловасці.

Разам з нарадамі пэўную ролю ў актывізацыі працоўнай дзейнасці рабочых, прыцягненні ix да гаравання прадпрыемствамі адыгралі вытворчыя камісіі. У 1926 г. ix налічвалася у прамысловасці, будауніцтве i на транспарце ў Беларускай ССР амаль 260. Гэтыя i іншыя формы уключэння рабочых у вырашэнне вытворчых спраў дапамагалі аднаўленню прамысловасці i транспарту [5, с. 162-163].

Асновай аднаўленчага працэсу з'яулялася фінансаванне. Акрамя ўнутранага накаплення ў дзяржаўным сектары, гандлю важнае значэнне мелі дзяржаўныя субсідыі. З утварэннем Саюза ССР надзвычай актуальнай праблемай сталі фінансавыя узаемаадносіны паміж саюзнымі рэспублікамі i цэнтрам, дзе канцэнтраваліся эканамічныя рэсурсы. Беларуская ССР уносіла ў саюзны бюджэт вялікую частку cвaix даходаў. У1923/24 гаспадарчым годзе з усёй даходнай часткі бюджэту рэспублікі 57,6% было аддадзена ў фонд Саюза ССР. У 1927/28 гаспадарчым годзе гэты паказчык зменшыўся, але заставаўся велъмі значным - 40,2% [8, с. 89].

Безумоўна, матэрыяльнае забеспячэнне аднаўленчых работ у прамысловасці было асабліва вялікай праблемай. Ва ўмовах страшэннай paзpyxi i галечы фарміраванне бюджэту з'яўлялася надзвычай складанай справай i яго крыніцамі былі сельская гаспадарка, даходы з прыватных i дзяржаўных прадпрыемстваў, некаторыя іншыя накапленні. Пры гэтым кампартыя i савецкая дзяржава не грэбавалі ніякімі сродкамі, уключаючы канфіскацыю таго, што было накоплена на працягу многіх стагоддзяў служыцелямі розных рэлігій. Як адзначалася ў дакладзе тагачаснага гараўшка кампартыі Беларусі В.Багуцкага на XII канферэнцыі (VII з'ездзе КП(б)Б), якая адбылася ў Мінску 20-26 сакавіка 1923 г., адной з важных кампаній ЦК кампартыі Беларусі была канфіскацыя царкоўных каштоўнасцей. Партыя прыняла ў ёй "самы дзейсны i рэўнасны ўдзел". У сувязі з супрацьдзеяннем рэлігійных дзеячаў канфіскацыі каштоўнасцей былі арганізаваны тры працэсы: ксяндзоў, служыцеляў праваслаўнай царквы (у Мазыры) i равінаў (у Мінску).

Прынятыя меры па фінансаванні прамысловасці i запуску прадпрыемстваў пачалі даваць пэўныя вынікі. Kaлi ўлічваць, што зыходныя пазіцыі былі вельмі нізкімі, любы зрух даваў значны прырост. Па Гомельскай губерні ў прыватнасці, якая знаходзілася у той час у складзе РСФСР, аб'ём прамысловай прадукцыі на працягу 1921 г. павялічыўся на 31%. У 1922 г. гэты паказчык дасягнуу 50%. склала

У 1925 г. валавая прадукцыя буйной прамысловасці Беларускай ССР 75% ад узроўню 1913 г. Для параўнання неабходна зазначыць, што збор зернавых у рэспубліцы ў гэты час перавысіў даваенны ўзровень на 20%. Значыць, прамысловае будауніцтва па прычыне сваёй спецыфікі аднаулялася больш маруднымі тэмпамі, чым сельскагаспадарчая вытворчасць.

У той час дзяржаўныя i кааператыўныя прадпрыемствы давалі 81% валавой прамысловай прадукцыі. Пэўныя поспехі былі дасягнуты ў вельмі важнай энергетычнай галіне прамысловага будаўніцтва - электрыфікацыі. У 1925 г. было выпрацавана 2925 млн кілават-гадзін электраэнэргіі супраць 1945 млн кілават-гадзін у перадваенным 1913 г. Каб больш кардынальна вырашыць гэту праблему, у мai 1927 г. непадалёку ад Оршы пачалося будауніцтва буйнейшай у рэспубліцы электрастанцыі - БелДРЭС. Яе магутнасць меркавалася давесці да 30 тыс. кВт.

У сярэдзіне 20-х гг. былі ўведзены ў лік дзеючых многія прадпрыемствы. Сярод ix скураны завод "Бальшавік" i галантарэйная фабрыка "Беларуска" у Мінску, швейная фабрыка імя Дзяржынскага ў Гомелі, завод па вытворчасці дыхты ў Віцебску, запалкавая фабрыка i льночасальны камбінат у Рэчыцы, шэраг цагляных заводаў, прадпрыемстваў сельскагаспадарчага машынабудавання, па перапрацоўцы драўніны i інш. Рэканструіраваны быў мінскі завод "Энергія".

Значная ўвага была звернута на развіццё тарфяной прамысловасці - асновы энергетыкі ў той час. Быў створаны тарфяны трэст. У яго задачу ўваходзіла разведка i павелічэнне здабычы торфу.

Аднаўленне, а тым больш далейшыя зpyxi ў прамысловасці былі немагчымымі без транспартых зносін. Традыцыйна асноўная нагрузка прыпадала на чыгунку, якая атрымала ў Беларусі значнае развіццё яшчэ ў дакастрычніцкі час. Аднак за гады ваеннага i рэвалюцыйнага ліхалецця, замежных ваенных інтэрвенцый чыгуначная гаспадарка прыйшла ў надзвычай цяжкі стан. Складаным было яе аднаўленне. Толькі вялікімі намаганнямі ўдалося прывесці ў рабочае становішча амаль 2,5 тыс. км чыгуначнага палатна, аднавіць шмат мастоў, рухомую частку, рэканструяваць некаторыя дэпо. Гэта дазволіла працаўнікам чыгункі выконваць да чатырох пятых грузавых i пасажырскіх перавозак, што на дзяржаўным узроўні ажыццяўлялася ў БССР.

Другое месца - да 10-15% - у гэтых перавозках належала рачному транспарту. Некаторыя парты былі рэканструяваны, узводзіўся шэраг новых, праводзіўся рамонт плавучых сродкаў. Нараджаўся аутамабільны транспарт. У 1928 г. у рэспубліцы мелася каля 200 аўтамашын, у тым ліку да 50 грузавых. У сувязі з гэтым вялікая роля ва ўсёй гаспадарчай дзейнасці належала гужавому транспарту.

Дзякуючы працы рабочых, тэхнічных работнікаў, намаганням партыйных i дзяржаўных структур удалося дасягнуць дастаткова важгах вынікаў у аднаўленні прамысловасці i транспарту. На працягу 1924-1928 гг. прадукцыя фабрык i заводаў павялічылася ў Беларускай ССР у 2,3 раза. Сярод прамысловых галін найбольш дынамічна аднаўляліся, а затым атрымалі далейшае развіццё тарфяная, металаапрацоўчая, электратэхнічная [5, с. 163-165].

Тым не менш, нягледзячы на гэта, Беларуская ССР заставалася аграрнай рэспублікай. Прамысловая галіна была развіта слаба. У 1924/25 гаспадарчым годзе прадукцыя заводаў i фабрык у агульным аб'ёме вытворчасці складала толькі 18,3%. Удзельная вага БССР у прамысловай прадукцыі Саюза ССР заставалася надзвычай нізкай. Рэспубліка давала толкі 1,16% прадукцыі ўсёй цэнзавай прамысловасці. Пры гэтым металаапрацоўка займала ўсяго 0,7% агульнадзяржаўнага аб'ёму валавой прадукцыі гэтай галіны. У гэты час на долю Беларускай ССР прыходзілася 3% тэрыторыі i 3,03% насельніцтва ўсёй краіны [6, с. 353-354].

З пераходам да НЭПа змяніліся адносіны дзяржавы да прыватнага капіталу. Дэкрэтам СНК РСФСР ад 17 мая 1921 г. абвяшчалася падтрымка дробных прыватных i кааператыўных саматужных прадпрыемстваў, недапушчальнасць залішняй рэгламентацыі i фармалізму, абмяжоўваючых гаспадарчы пачын асобных прадпрымальнікаў i груп насельніцтва.

Прыцягненне прыватніка да удзелу ў прамысловым будауніцтве было смелым i выключна эфектыўным крокам у пад'ёме эканомікі, паляпшэнні жыцця працоўных. Гэты вопыт каштоўны i сёння. Як i пры пераходзе да НЭПа, мы маем таварны голад, разладжаныя фінансы, эмісію i інфляцыю, беспрацоўе, незадаволенасць пераважнай большасці насельніцтва эканамічнай палітыкай урада. У наяўнасці эканамічны i палітычны крызіс, які па вастрыні сваей не ўступае крызісу пачатку 20-ых гадоў.

Уцягванне прыватнага капіталу з утоенага становішча ў легальны абарот на аснове НЭПа садзейнічала хуткаму пад'ёму дробнай вытворчасці i росту таваразвароту. У Віцебску, напрыклад, ужо ў вepacнi 1921 г. мелася 1997 прыватных гандлёвых i прамысловых прадпрыемстваў.

Перадумовай развіцця дробнай саматужна-рамеснай вытворчасці з'яўлялася наяўнасць мясцовых сыравінных рэсурсаў i рабочых рук, складанае становішча дзяржаунай прамысловасці.

Значнае развіццё дробнай вытворчасці было адной з асаблівасцей Беларусі. Аграрная перанаселенасць вёскі, малазямелле, лішак свабодных рабочых рук сярод насельніцтва мястэчак i гарадоў спрыялі развіццю кустарна-рамесніцкіх промыслаў, дробнага гандлю. Большасць рамеснікаў i гандляроў cклaдaлi яўрэі. Прадпрымальніцтва было ix нацыянальнай рысай, якая склалася гістарычна.

Заняпаўшыя ў гады вайны i рэвалюцыйных пераўтварэнняў промыслы i гандаль з пераходам да НЭПа хутка пачалі адраджацца. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы ў першай палове 20-ых гг. тысячы людзей зацікавіліся промысламі. Адкрылася мноства швейных, шавецкіх, слясарных i дрэваапрацоўчых майстэрняў, пякарняў, лавак, забяспечыўшых хуткі рост вытворчасці i таваразвароту. Па даных перапісу 1926 г., у рэспубліцы налічвалася 60 178 дробных прамысловых прадпрыемстваў, на якіх было занята 100 725 чалавек. З ix прыватных было 58 034 з 10 295 наёмнымі работнікамі.

Пераважная большасць прадпрыемстваў былі дробнымі i працавалі без наёмных рабочых. Іх гаспадары з'яўляліся непасрэдна i вытворцамі, адносіць якіх да бypжyaзii, няхай i дробнай, неапраўдана. Сацыяльна-эканамічнае становішча гэтых людзей мала чым адрознівалася ад становішча рабочых. Большасць з ix працавалі ў тых жа памяшканнях, дзе i жылі. Рабочы дзень рамеснікаў працягваўся 10-12 i больш гадзін, заробак не перавышаў аплату працы фабрычна-заводскіх рабочых.

Сацыяльна-эканамічная палітыка дзяржавы ў адносінах да кустароў i рамеснікаў нярэдка не ўлічвала ix цяжкае становішча. Патэнтныя i іншыя плацяжы былі высокімі. Як адзначаў Наркамфін БССР, для некаторых груп насельніцтва (сялян, кустароў) падатковае ярмо было вельмі цяжкім. У 1924/25 гаспадарчым годзе наглядалася "адліга" у адносінах падаткаабкладання дробных таваравытворцаў, але з пераходам да індустрыялізацыі ix становішча зноў пагоршылася. Быў узяты курс на павелічэнне падаткаў, каапераванне альбо выцісканне прыватніка са сферы дробнай вытворчасці, гандлю i фінансаў.

1926/27 гаспадарчы год стаў пераломным у адносінах да прыватнага капіталу. 8 верасня 1926 г. СНК СССР пастанавіў "максімальна ўзмацніць абкладанне прыватнага капіталу", перайсці да адзяржаўлення дробнай вытворчасці i гандлю, што фактычна вяло да ўдушэння НЭПа. Праводзілася рэзкае скарачэнне грашовага i таварнага крэдыту прыватнікам, касаваліся арэндныя дагаворы, павялічваліся падаты i г.д. Калі ў 1924/25 гаспадарчым годзе максімальнае абкладанне прыватных прадпрыемстваў складала 25% ад сумы даходу, то ўжо ў 1926/27 г. яно павялічвалася да 45%, а з улікам падатку на сверхпрыбытак i іншыя плацяжы -- да 65-70%.

Гэта прывяло да згортвання дзейнасці прыватных прамысловых i гандлевых прадпрыемстваў. Доля прыватніка ў валавой прамысловай прадукцыі з 1925/26 па 1927/28 гаспадарчы год зменшылася ў БССР з 49,2 да 28,6%. На 1 кастрычніка 1928 г. у рэспубліцы мелася толькі 4 прыватныя цэнзавыя прадпрыемствы. У дробнай вытворчасці прыватныя прадпрыемствы яшчэ выпрацоўвалі больш 3/4 прадукцыі, але аб'ём яе хутка скарачаўся.

Паскорыўся працэс выціскання нэпмана i з гандлю. Толькі з 1926/27 па 1927/28 гаспадарчы год удзельная вага прыватнікаў у агульным аб'ёме таваразвароту скарацілася з 40,2 да 29,6%. За адзін толькі 1927/28 г. колькасць прыватных гандлёвых прадпрыемстваў зменшылася больш чым на 5 тысяч. Такая палітыка супярэчыла здароваму сэнсу, пагаршала эканамічнае становішча працоўных.

Ва ўмовах таварнага голаду, слабага развіцця абагуленай тавараразмеркавальнай ceткi, вострай нястачы фінансавых сродкау курс на выцісканне прыватнага капіталу не адпавядаў жыццёвым інтарэсам краіны. Гэта было адной са шматлікіх памылак партыйна-дзяржаўнай наменклатуры ў справе кіраўніцтва эканомікай краіны [8, с. 86-88].

Такім чынам, новая эканамічная палітыка дазволіла ў кароткі тэрмін дабіцца аднаўлення прамысловай вытворчасці, стабілізаваць эканоміку i фінансы, палітычнае становішча, палепшыць матэрыяльнае жыццё працоўных. Гэта у першую чаргу было звязана з многаукладнай эканомікай, свабоднай дзейнасцю прыватнага капіталу, асабліва ў дробнай вытворчасці i гандлі. Менавіта дробная вытворчасць была тым паскаральнікам, які ў кароткі час дазволіў павялічыць выраб прадукцыі шырокага ўжытку, наладзіць таваразварот з вёскай. Былі створаны рэальныя ўмовы для далейшага развіцця прамысловасці i ажыццяўлення індустрыялізацыі рэспублікі. Але ўжо ў тыя гады пачалося нарастанне негатыўных тэндэнцый, звязаных з развіццём адміністрацыйна-каманднай сістэмы, носьбітам якой выступала ў першую чаргу партыйна-дзяржаўная наменклатура. У другой палове 20-ых гг. узмацнілася цэнтралізацыя, нapacтaлi камандныя метады кіраўніцтва эканомікай, пачаўся актыўны адыход ад НЭПа.

4. ВЫНІКІ АДНАЎЛЕННЯ І ПЕРСПЕКТЫВЫ РАЗВІЦЦЯ

Мэтай НЭПа з'яўлялася ўмацаванне на эканамічнай аснове палітычнага саюза рабочага класа i сялянства дзеля захавання савецкай улады. Гэта была спроба дзяржавы спалучыць у адзінай палітыка-эканамічнай сістэме прынцыпы сацыялістычнага i капіталістычнага гаспадарання. Для ліквідацыі таварнага голаду дапускалася ў пэўных межах пад кантролем дзяржавы развіццё капіталізму. Ставілася задача выкарыстаць прыватныя сродкі i вопыт капіталістычных элементаў у інтарэсах аднаўлення гаспадаркі i стварэння ўмоў для будауніцтва сацыялістычнага грамадства.

Развіццё эканомікі Беларусі ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі мела істотныя вынікі. Аб'ём валавой прадукцыі індустрыі, па-ранейшым ў значнай ступені дробнай, у 1927 г. перавысіў даваенны ўзровень, хоць i пры большай колькасці рабочых, занятых на вытворчасці. У лістападзе 1926 г. пачаўся выпуск першых станкоў на заводзе "Энергія". У ліпені 1927 г. пачалося будауніцтва Асінаўскай раённай электрастанцыі (БелДРЭС) -- буйнейшай у 20-30-я гг. на Беларусі. Першы пяцігадовы план прадугледжваў у першапачатковым варыянце пераважнае развіццё традыцыйных галін прамысловасці. У 1926 г. вартасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі БССР у даваеннай адзнацы перавысіла сярэднегадавыя паказчыкі 1911- 1913 гг. Пасяўныя плошчы ў параўнанні з 1913 г. павялічыліся на 15%, колькасць жывёлы ў пераводзе на буйную рагатую -- на 27,3%. Па ўдзельнай вазе сярод іншых галін эканомікі сельскай гаспадарцы належала больш 70%. Вынікам развіцця рыначных адносін стала i паглыбленне спецыялізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці рэспублікі ў кірунку мяса-малочнай жывёлагадоўлі, бульба- i льнаводства. Па разліках эканамістаў, у 20-я гг. беларускі селянін, засяваючы бульбай тую ж плошчу, што i збожжавымі, атрымоўваў прыбытак у 3 разы большы. Тагачаснае кіраўніцтва абапіралася на ініцыятыву селяніна, на яго жаданне мець зямлю ў асабістым карыстанні. У выніку ажыццяўлення зямельнай палітыкі павялічылася ўдзельная вага сераднякоў.

Разам з тым развіццё новай эканамічнай палітыкі выявіла i шэраг супярэчнасцяў. Асноуная з ix - паміж плюралістычным эканамічным базісам i манапольна-аднапартыйнай надбудовай. Як кіруючая, партыя павінна была б падтрымліваць найбольш актыўны i заможны склад насельніцтва, а як пралетарская - яго люмпенізаваную (бяднейшую) частку.

У сферы сельскагаспадарчай вытворчасці гэта мела вынікам узмацненне падаткавага прэсу на сярэднія i заможныя слаі сялянства, што ва ўмовах адсутнасці рынку зямлі i аграрнай перанаселенасці вяло да драблення гаспадарак, змяншэння ўдзельнай вагі таварнай прадукцыі. Моцная залежнасць БССР ад хлебавытворчых раёнаў Савецкага Саюза, імкненне савецкага ўрада ў канцы 1927 - пачатку 1928 г. забіраць хлеб прымусова ("хлебанарыхтоўкі") выклікала натуральны рост цэн на збожжа i істотнае змяншэнне колькасці хатняй жывёлы на Беларусі. Чарговы рыначны крызіс быў выкарыстаны для перарастання адміністрацыйнага пачатку ў арганізацыйную палітыку злому гаспадарчай сістэмы НЭПа.

У сферы прамысловасці неаднаразова вызначалася імкненне забяспечыць пераважны ўздым дабрабыту рабочых за кошт фарміравання росту заработнай платы, не збалансаванага з павелічэннем вытворчасці працы. Пры гэтым цэны на прамысловыя тавары узрасталі настолькі, што сялянам станавілася нявыгадна прадаваць сваю i купляць прамысловую прадукцыю. Калі ў 1923/24 i 1925/26 гаспадарчых гадах таварны голад пераадольваўся эканамічнымі метадамі, то на мяжы 20-30-х гг. ва ўмовах разгортвання барацьбы з прыватнікамі (дарэчы, крэдытаванне прыватнікаў Прамбанкам спынілася ўжо ў 1925 г.) дзяржава звярнулася да надзвычаных мерапрыемстваў.

Як вынік, можна адзначыць наступныя ypoкi НЭПа.

Урок першы: пашырэнне эканамічнай свабоды садзейнічае развіццю дэмакратычных прынцыпаў палітычнага жыцця, аб'ектыўна супярэчыць цэнтралізацыі. Невыпадкова ў 1926 г. урад БССР (старшыня СНК Я.Адамовіч) не згадзіўся з праектам СНК СССР "Аб пачатках землекарыстання i землеўпарадкавання Саюза ССР". Урад выступіў супраць таго, што ў праекце дэталізаваліся ўсе пытанні, што на карысць рэспублік пакідалася толькі выкананне зямельнага заканадаўства, i прапанавау, каб уся зямля, якая уваходзіць у склад тэрыторыі рэспублікі, з'яўлялася ўласнасцю гэтай рэспублікі (а не Саюза, як па праекце). У 1927 г. на VIII Усебеларускім з'ездзе, які ўхваліў праект Канстытуцыі БССР, наркам земляробства З.Прышчэпаў зpaбiў прапанову, каб саюзны ўрад распрацоўваў толькі агульныя прынцыпы сельгаспадатку, якія б канкрэтызаваліся на месцы.

Урок другі: выключная залежнасць ад аднаго сыравіннага рынку, адсутнасць незалежнай знешнеэканамічнай палітыкі з'яўляюцца такімі ўмовамі, пры якіх паспяховае развіццё эканомікі немагчыма [2, с. 345-347].

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

1. Восстановление народного хозяйства Белорусской ССР (1921-1925 гг.): Сб. документов и материалов. / Гл. арх. упр. при СМ БССР и др. - Мн.: Беларусь, 1981. - 270 с.

2. Гісторыя Беларусі / А.Л.Абецэдарская, П.І.Брыгадзін, Л.А.Жылуновіч і інш.; Пад. рэд. А.Г.Каханоўскага і інш. - Мн.: Экаперспектыва, 1997. - 496 с.

3. Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 2. XIX-XX стагоддзі: Курс лекцый / П.І.Брыгадзін, У.Ф.Ладысеў, П.І.Зялінскі і інш. - Мн.: РІВШ БДУ, 2002. - 656 с.

4. Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 2. Люты 1917 г. - 2004 г.: Падручнік / Я.К.Новік [і інш.]; пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. - 2-е выд. - Мн.: Выш. шк., 2006. - 472 с.

5. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917-1945 гг. / А.Вабішчэвіч [і інш.]; рэдкал. М.Касцюк (гал. рэдактар) і інш. - Мн.: Экаперспектыва, 2006. - 613 с.

6. Гісторыя Беларускай ССР: У 5 т. Т. 3. Перамога Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і пабудова сацыялізму ў БССР (1917-1937 гг.) / рэдкал. І.Я.Марчанка (гал. рэдактар) і інш. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - 696 с.

7. История Беларуси в документах и материалах / Авт.-сост. И.Н.Кузнецов, В.Г.Мазец. - Мн.: Амалфея, 2000. - 672 с.

8. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 2 / М.П.Касцюк, І.М.Ігнаценка, У.І.Вышынскі і інш.; Інстытут гісторыі АНБ. - Мн.: Беларусь, 1995. - 560 с.

9. Протько Т.С. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917-1941 гг.) / Т.С.Протько. - Мн.: Тесей, 2002. - 688 с.

10. Хрестоматия по истории БССР: Кн. для учащихся. В 2 ч. Ч. 2. / Сост. И.Е.Марченко; Под ред. И.С.Кравченко. - 3-е изд., перераб. - Мн.: Нар. асвета, 1988. - 176 с.


Подобные документы

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.