Праблематыка і сістэма вобразаў камедыяграфіі В. Дуніна-Марцінкевіча

Драматургія В. Дуніна-Марцінкевіча ў ацэнках беларускіх даследчыкаў. Жанрава-стылёвыя асаблівасці і характарыстыка персанажаў камічнай оперы "Ідылія". прыёмы і спосабы дасягнення камічнага эфекту ў "пінскай шляхце". Адметнасць сатыры ў камедыі "Залёты".

Рубрика Литература
Вид дипломная работа
Язык белорусский
Дата добавления 16.05.2015
Размер файла 116,4 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

“У творы ўзаемадзейнічаюць дзве розныя традыцыі: пры стварэнні польскамоўнага пласта п'есы, у якім дзейнічаюць шляхетныя персанажы, аўтар арыентаваўся на здабыткі прафесійнай літаратуры, у беларускамоўным пласце выразна абапіраўся на фальклорную спадчыну” [Бурдзялева 2008, с. 230], - адзначыла І. Бурдзялёва. Побач з кніжнай традыцыйнасцю, звязанай з высокай сферай - каханнем, прысутнічае другі стылёвы план - нізкі. Гэта стыхія народнага гумару, мноства дасціпных прымавак, укладзеных у вусны беларускамоўнага героя, войта Навума. Галоўная гераіня, якая ў сваёй постаці злучае і паненку Юлію, і сялянку Югасю, здымае магчымыя супярэчнасці паміж двума семантычна-стылёвымі планамі і яднае іх у адно мастацкае цэлае. Яна адзіны двухмоўны персанаж п'есы.

“З гісторыі драматургіі і тэатра вядома, што асаблівасцю як рускай, так і заходнееўрапейскай, у прыватнасці французкай, камічнай оперы, была наяўнасць у ёй куплетаў, песень, рамансаў, скокаў. Але калі ў французскай камічнай оперы асноўным элементам з'яўляюцца куплеты, то ў рускай - народныя (асабліва харавыя) песні ці рамансы, напісаныя ў народным стылі. У гэтых адносінах жанр як рускай, так і беларускай камічнай оперы выяўляе сувязь з народнымі “ігрышчамі”, з батлейкавымі прадстаўленнямі, дзе песні і скокі выступаюць як абавязковыя састаўныя элементы, што характэрна і для “Сялянкі” Дуніна-Марцінкевіча” [Семяновіч 1985, с. 35], - разважае А. Семяновіч. У творы нямала харавых песень у народным духу, а таксама народных беларускіх танцавальных песень (“Мяцеліца”, “Дуда” і інш. ), што стварае адпаведны нацыянальны каларыт, і робіць п'есу вясёлай.

Аналізуючы творы В. Дуніна-Марцінкевіча, заўважаем, што пісьменнік ужывае у назвах сваіх камедый такое паняцце, як вадэвіль, што вымушае праяўляць большую цікавасць да яго творчасці. Вадэвіль - гэта лёгкая камедыйная п'еса, у якой дыялог і драматычнае дзеянне пабудаваны на простай інтрызе, што спалучаецца з песнямі, куплетамі, музыкай і танцамі, для кірмашовых тэатраў. І. Шаладонаў пісаў: “Цікава, што як самастойны від драматургіі вадэвіль склаўся ў часы Вялікай французскай рэвалюцыі. Больш за тое, у 1791 г. , згодна з дэкрэтам Заканадаўчага сходу аб свабодзе публічных відовішчаў, у Парыжы быў заснаваны прафесіянальны тэатр вадэвіля. Нездарма аўтар прымушае аднаго з цэнтральных персанажаў “Ідыліі” - Караля Лятальскага, прыехаць на Радзіму-Беларусь з самога Парыжа” [Шаладонаў 2008, с. 128].

В. Дунін-Марцінкевіч ствараў лібрэта оперы, апіраючыся на шматлікія творы такога жанру. І. Навуменка пісаў: “Карцінамі кахання ягоная камедыя нават перанасычана. “Сялянка” Марцінкевіча нездарма мае другую назву - “Ідылія”. У ёй пануе атмасфера весялосці, бадзёрасці, святочнасці. Нібыта жыццё толькі тым і запоўнена, што маладыя і нават парадкам кранутыя жыццём кавалеры паводзяць сябе, як “марцовыя каты”. Толькі тое і робяць, што прызначаюць цнатлівай Юліі, даволі хітрай і змыслай дзяўчыне, спатканні, выказваючы да яе свае гарачыя, няўрымслівыя пачуцці” [Навуменка 1992, с. 70].

Вядома, пісьменнік аддае даніну жанру. Камедыя-опера жыве і рухаецца наперад дзякуючы хітра завязаным вузлам, спляценням патайных стрэч, спатканняў, якія на вачах гледача раскрываюцца, даючы вясёлы і камічны эфект. Камічныя вузлы “Ідыліі” (“Сялянкі”), здаецца, не вызначаюцца асаблівай вынаходлівасцю, дасціпнасцю, але грунт для смеху даюць. Находзіць ноч любоўных спатканняў, бо, саступаючы настырным дамаганням кавалераў, Югася-Юлія прызначае іх некалькі - акрамя камісара слузе Лятальскага Яну Губачу і нават войту Навуму Прыгаворку.

Кавалерамі, што каля Юліі завіхаюцца, яна круціць-верціць, як хоча. Ёй можна дараваць яе інтрыгі. Тым, што да Юліі цягнуцца, як восы на мёд, маладыя і старыя мужчыны, пісьменнік хоча давесці, што ягоная гераіня - дзяўчына неардынарная. І мы лёгка даруем Юліі яе інтрыгі, бо яны скіраваны на добрую справу: завалодаць сэрцам любага чалавека.

Камедыйная ноч суцэльнага ашуканства мае, як усе ідыліі, шчаслівы канец. Выкрыты апрануты дзяўчынай Навум Прыгаворка, на месцы злачынства злоўлены жонкай Аршуляй камісар Банавантура Выкрутач, трапіў у добра пастаўленае любоўнае сіло сам Кароль Лятальскі. Ён настолькі закаханы ў сялянскую дзяўчыну Югасю, што гатовы з ёй ажаніцца, хоць па заведзеных шляхецкіх парадках гэта немагчыма.

Але да ўсеагульнага задавальнення Каролю няма патрэбы быць белай варонай і ламаць спрадвечны звычай, бо Югася - дваранка Юлія, а сялянкай толькі пераапранутая. Чаго не зробіш у імя кахання.

“У “Ідыліі” В. Дуніна-Марцінкевіча выкрыццё пераймання ўсяго замежнага звязваецца з антыпатрыятызмам і антыдэмакратызмам Лятальскага. Матыў захаплення чужаземшчынай знаходзіць грамадскую, сацыяльную, дэмакратычную трактоўку: ён звязваецца з пагардай героя не толькі да роднага краю, але і да працоўнага народа, на абарону якога выступае пісьменнік”[Усікаў 1979, с. 120], - упэўнены даследчык беларускай камедыі Я. Усікаў.

“Толькі В. Дунін-Марцінкевіч не быў бы значным пісьменнікам, лібералам і дэмакратам, каб абмежаваўся ў сваім творы наследаваннем далёкіх, перажыўшых час буколікаў”[Навуменка 1992, с. 72], - сцвярджаў І. Навуменка. На невялікім абсягу любоўнай ідыліі паміж легкадумным ветрагонам Лятальскім і закаханай у яго Юліяй пісьменнік разгортвае шырокую карціну народнага жыцця з яго духоўнымі каштоўнасцямі: песнямі, танцамі, бясконцымі прымаўкамі, прыказкамі, якія нібы з мяшка сыпле Навум Прыгаворка.

Аўтар “Ідыліі” (“Сялянкі”) адчувае, што ў песні выяўляецца душа народа, таму ў яго камедыі так многа лірычных, віншавальных, бытавых песень. В. Дунін-Марцінкевіч у сваіх беларускіх творах пастаянна малюе беларускую вёску. Героем з'яўляецца вясковы люд, ён гаворыць на сваёй роднай беларускай мове, якую пісьменнік імкнецца больш-менш літаратурна апрацоўваць. Ён шмат апісвае розных сялянскіх звычаяў, святаў, на якіх асаблівая ўвага надаецца беларускай песні.

В. Дунін-Марцінкевіч ведаў, што захавальнікам духоўных традыцый краю з'яўляецца просты народ, вясковы люд: селянін, сейбіт, чалавек працы. “Ідылія” В. Дуніна-Марцінкевіча прасякнута спагадай да чалавека працы, які, абліваючыся горкім потам, здабывае ўсе багацці на зямлі, корміць і апранае свет, а сам захлынаецца ад гора і галечы.

Свядома ці падсвядома пісьменнік адчуваў, што ў малюнках побыту, звычаяў, сялянскай паўсядзённасці схаваны пачатак беларускай літаратуры. І. Навуменка пісаў: “Творы ягоныя як бы неслі пачатковую асвету і адпаведную культуру. Выступаючы з беларускімі творамі, Марцінкевіч усведамляў, што яны прызначаны для простага люду і ў гэтым сэнсе не могуць спаборнічаць нават з яго ўласнымі творамі на польскай мове, адрасаванымі зусім іншай публіцы, выхаванай на іншых культурных каштоўнасцях”[Навуменка 1992, с. 73].

“Ідылія” (“Сялянка”) - мора цудоўнай народнай песні, россып народнай мудрасці, якую раскрываюць перад намі выслоўі, прыказкі, прымаўкі, жарты, якімі нібы сонечнымі праменнямі, пранізаны ўвесь твор. Гэтымі сваімі якасцямі камічная опера “Ідылія” (“Сялянка”) прымыкае да шляхецкага рамантызму, досыць распаўсюджанага на Беларусі.

Харавое абрамленне зместу камедыі “Ідылія” (“Сялянка”), калі хор сялян стварае зачын і фінал п'есы, яскрава сімвалізуе карнавальную прыроду светаадчування аўтара, яго жаданне паказаць людзей адкрытымі, стварыць фон цэласнага свету. Дзеля гэтага сюжэтная канва твора насычана танцамі, песнямі, любоўна-гульнявой інтрыгай. Нават шлюбнае паяднанне з'яўляецца сюжэтнай парафразай адзінства свету.

Канцоўка “Ідыліі” (“Сялянкі”) вытрымана ў духу традыцыйных канцовак школьных драм і інтэрмедый, калі артысты і хор звярталіся да публікі з просьбай ацаніць па заслугах іх ігру:

Здавальненне, якое адчуць мы гатовы,

Будзем помніць удзячна ў кожнае хвілі,

Калі публіка шчыра нам скажа хоць слова,

Што ігрою сваёй мы яе захапілі

[Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 147].

У адным з водгукаў на спектакль адзначалася: “Усё незвычайна ў спектаклі… І мова, і спевы, і музыка, і ўдзельнікі. Усе яны ў вясковых строях: вышываныя кашулі, світкі, лапці, андаракі. Мінская тэатральная сцэна дагэтуль не бачыла такіх артыстаў і такога спектакля. Упершыню з тэатральнай сцэны чуваць беларуская гаворка, льюцца беларускія народныя мелодыі, якія, паводле слоў відавочцаў, прынеслі гледачам шмат шчаслівых хвілін” [Содаль, 1977].

Пасля з'яўлення п'есы на сцэне тэатра, было напісана шмат водгукаў на гэты твор. На думку навукоўцаў, п'еса “Ідылія” (“Сялянка”) у свой час падахвоціла П. Шпілеўскага напісаць “сцэнічнае прадстаўленне ў 2-х дзеях” “Дажынкі”, дзе ўзноўлена жыццё беларускай прыгоннай вёскі, дзейнічаюць падобныя героі (малады памешчык Драўлянскі, войт і інш. ). Прадмова Шпілеўскага з'яўляецца найбольш цэннай часткай кнігі, таму што самыя “Дажынкі” спісаны з “Сялянкі” В. Дуніна-Марцінкевіча, лічыў А. Луцкевіч. Гэтаму ёсць відавочныя прыклады: пераапрананне паненкі Веры Палескай за сялянку, яе жаніх Пётр Драўлянскі (падабнасць з Лятальскім), збіранне ў пачатку п'есы перад карчмой, наяўнасць і войта Навума і Ціта, арандатара панскае карчмы Янкеля (у В. Дуніна-Марцінкевіча Іцка), прысутнічае эпізод з раздвоеным мелам.

“Пісаў ён гэты твор дзеля таго, каб пазнаёміць расейскае грамадзянства зь Беларусьсю” [Луцкевіч 2006, 146], - пісаў А. Луцкевіч. Абодва пісьменнікі належалі да дзвюх розных па культурных уплывах груп, і пад той час, як В. Дунін-Марцінкевіч пісаў “Ідылію” (“Сялянку”) дзвюма мовамі - польскай і беларускай, прысвячаючы яе беларускай інтэлігенцыі, - Шпілеўскі пісаў па-руску і па-беларуску, разлічваючы на расійскае грамадства, а гэта значыць вялікай рызыкі, што “спісванне” можа выкрыцца не было.

“Плагіят выявіўся толькі сяньня, калі мо ўжо не захаваўся і сьлед ад магілы яго аўтара…” [Луцкевіч 2006, 148], - сцвярджае А. Луцкевіч.

3. Прыёмы і спосабы дасягнення камічнага эфекту ў “Пінскай шляхце”

Агульная панарама трагічных падзей паўстання 1863-1864 гг. дапамагае ўзнавіць доўгі, поўны пакутлівых роздумаў шлях В. Дуніна-Марцінкевіча да стварэння свайго лепшага твора - камедыі “Пінская шляхта”. Яна нараджалася з пачуцця горкага расчаравання ў тым, што праз стагоддзі лічылася каштоўнасцю, вартасцю цэлага саслоўя, - званні “шляхціца”.

Яна лічыцца лепшым з твораў В. Дуніна-Марцінкевіча. У гэтай п'есе высмейваюцца фанабэрыя і адначасова страх перад уладамі дробнай шляхты, несправядлівы суд. Сцэнічнае ўвасабленне"Пінская шляхта" атрымала толькі ў 1917 г. , пастаноўку ажыццявіла Першае беларускае таварыства драмы і камедыі ў мінскім гарадскім тэатры. А ў 1918 г. п'еса была ўпершыню апублікавана - у газеце "Вольная Беларусь".

П'еса “Пінская шляхта” (1866) напісана ў паслярэформенны перыяд. Яна сведчыць аб ідэйна-мастацкім росце Дуніна-Марцінкевіча як пісьменніка. “Калі ў дарэформенны перыяд у яго творчасці моцна давалі сябе адчуваць элементы сентыменталізму, згладжванне антаганістычных супярэчнасцей, то зараз у рэалізме пісьменніка галоўную ролю адыгрывае крытычны элемент, - сцвярджае А. Семяновіч. - Прыкметна выяўляецца таксама і рост мастацкага майстэрства Дуніна-Марцінкевіча як драматурга; тут, бясспрэчна, адыграў сваю станоўчую ролю вопыт стварэння лібрэта камічных опер” [Семяновіч 1986, с. 7].

П'еса “Пінская шляхта” - першая беларуская камедыя сатырычнага зместу. Жанр сатырычнай камедыі не быў выпадковым у творчай практыцы В. Дуніна-Марцінкевіча. Ужо ў ранейшых творах пісьменніка можна заўважыць элементы сатыры. Асабліва моцна адчуваецца сатырычны элемент у “Гапоне”, “Вечарніцах”, “Халімоне на каранацыі”, “Сялянцы”. А. Семяновіч лічыць, што Дунін-Марцінкевіч праявіў сябе “. . . як майстар разнастайных камічных сітуацый, майстар дыялогу, паказаў сваё ўмельства па-майстэрску выкарыстоўваць багацце народнога гумару” [Семяновіч 1986, с. 7]. Усё гэта красамоўна сведчыць аб тым, што ўжо на першым этапе літаратурнай дзейнасці Дунін-Марцінкевіч праявіў схільнасць да камедыйна-сатырычнага жанру.

Камедыя “Пінская шляхта” з поспехам ставіцца на сцэнах многіх тэатраў краіны, карыстаецца нязменнай папулярнасцю ў гледачоў.

Жанр п'есы “Пінская шляхта” аўтар вызначыў як фарс-вадэвіль. Рысы гэтых жанравых форм (шаржыраваны, гратэскавы паказ персанажаў, адкрытыя самахарактарыстыкі, нечаканасці, што падпільноўваюць герояў, устаўныя куплеты і рамансы) у творы прысутнічаюць. Аднак бытавы канфлікт, характэрны для вадэвілю, у п'се В. Дуніна-Марцінкевіча перарастае ў сацыяльны.

“Наяўнасць афарыстычна выразнай мовы сведчыць не толькі пра майстэрства В. Дуніна-Марцінкевіча як пісьменніка, але і пра тое, што ўжо ў народнай свядомасці ўсталяваліся і замацаваліся пэўныя трывалыя адносіны і ўспрыманне кожнага з саслоўяў грамадства” [Адамовіч 2008, с. 82].

“Значную ролю ў сэнсе станаўлення Дуніна-Марцінкевіча як камедыёграфа адыграла руская класічная камедыя Фанвізіна, Грыбаедава, Гогаля. Беларускі пісьменнік вучыўся ў рускіх камедыёграфаў будаваць свае п'есы на “грамадскіх стымулах”, на “ідэі праўды і зла” (Гогаль), рабіць іх сацыяльна завостранымі, вучыўся майстэрству драматычнага жанру - самага складанага літаратурнага жанру”, - піша А. Семяновіч [Семяновіч 1986, с. 7].

Як і большасць рускіх камедый канца XVIII - першай палавіны XIX стагоддзя, камедыя В. Дуніна-Марцінкевіча носіць выкрывальны, крытычны характар. У “Пінскай шляхце” драматург сурова раскрытыкаваў суд царскай Расіі, сатырычна высмеяў пануючыя там безаконне, бюракратызм, невуцтва, подкуп, хабарніцтва, асудзіў усю сістэму царскага суда і законнасці.

Калі ў 1890 годзе было зроблена спроба надрукаваць “Пінскую шляхту”, віленскі губернатар рашуча запратэставаў, заявіўшы, што такі твор, дзе непрыстойна паказваецца асоба суддзі, надрукаваным быць не можа. Высокапастаўлены царскі чыноўнік добра адчуў у камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча сатыру не толькі на станавога прыстава, але і на ўсю сістэму царскага суда і законнасці. Станавы прыстаў Кручкоў, які прыязжае на разгляд справы Ліпскага і Пратасавіцкага і пры гэтым паводзіць сябе нахабным чынам, дзейнічае ад імя “найяснейшай кароны”, увесь час спасылаючыся на “всемиластивейшия” царскія ўказы. Гэтым пісьменнік падкрэслівае думку, што беззаконнасць была ўзаконена ўсёй сістэмай царскага самаўладдзя. Паводзіны Кручкова сярод шляхты - з'едлівая пародыя на правасуддзе. Не паспеў ён яшчэ пачаць “разбирательства”, а ўжо гучыць яго загад, каб шляхта несла хабар: “Няхай аддадуць хурману, ды спакуйце там харашэнька на возе” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 281]. А ў час разгляду справы шляхта і апамятацца не паспявае, як на яе сыплюцца розныя штрафы:

“Обжалованный Протосавицкий имеет зараз же уплотить пошлин 20, прогонных 16 и на канцелярию 10 рублев. Жалующийся Липский в половине того, сведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі, - по 9 рублев, а вся прочая шляхта, што не бачыла дракі, за тое, што не бачыла, - па 3 рублі” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 283].

Гэта яшчэ да абвяшчэння “дэкрэта” - прысуду. А па прысудзе - зноў:

“а) Тихону Протосовицкому, как уголовному преступнику, назначается: 1) 25 лоз на голой земле без дывана и 2) штрафа 25 руб. в пользу временного присуисиивия; б) Ивану Тюхай-Липскому, как нанесшему личноеоскорбление Протосавицком, назначается: 1) 15 лоз на дыване и 2) 15 руб. штрафа в пользу временного присутствия; в) свидетели, которые видели драку и не разняли дерущихся, - 1) по 10 лоз на дыване и по 10 руб. штрафа в пользу временного присутствия; д) всей прочей шляхте, которая не видела, а тем самым не могла и разнять дерущихся, назначается: 1) по пять лоз на дыване и по пять руб. штрафа в пользу того же присутствия” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 284].

“Падобна гогалеўскаму “Рэвізору”, гэта п'еса крытыкуе адміністрацыйна-бюракратычны апарат царскай Расіі, у прыватнасці тое самавольства, якое панавала ў судзе і з якім больш за ўсё прыходзілася сутыкацца простаму чалавеку”, - сцвярджаў А. Семяновіч. - Акрамя таго, Дунін-Марцінкевіч высмеяў тут норавы правінцыяльнай беларускай шляхты, яе выключнае невуцтва, ганарыстасць і фанабэрыстасць. Успомнім, што і Гогаль у сваім “Рэвізоры” падвергнуў жорсткай крытыцы норавы правінцыяльнага рускага мяшчанства і дваранства” [Семяновіч 1986, с. 9].

Нахабству і цынізму Кручкова няма межаў. Ён так вольна адчувае сябе сярод фанабэрыстай, прастакаватай, запалоханай яго прысудамі шляхты, што не лічыць патрэбным захоўваць нават знешнюю форму правасуддзя. Ён аб'яўляе вінаватымі тых, хто ніякіх адносінаў да справы не мае. Чытаючы царскія ўказы і законы, ён дапускае такія сцвярджэнні, якіх ніколі не было і быць не можа:

“По указу всемилостивейшей государыни Елисаветы Петровны 49 апреля 1893 года и всемилостивейшей Екатерины Великой от 23 сентября 1903 года… октября 45-го,. . марта 69-го…” [Дунін-Марцінкевіч 2007, 283-284].

Больш таго, ён нават за выкарыстаную на працэсе паперу “дзярэ” грошы і зноў жа не толькі у вінаватых, але і ў сведкаў, і ў “всех прочих” :

“Напоследок: г) присеняясь к указу ея величества Анны Иоанновны 1764 года октября 45-го числа за негербовую бумагу, употребленную и имеющуюся употребиться по сему делу, - Протосавицкий 5, Липский 3, свидетели по 2, а все прочие по рублю уплатят… ” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 284].

Кручкоў упэўнены, што такая несусветная лухта будзе прынята шляхтай за чыстую праўду.

“Глядзі ж ты! Як ён на бяду нашу ўсе ўказы і законы як рэпу грызе і не заікнецца”[Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 283], - гаворыць да смерці напалоханы Пратасавіцкі.

Кручкоў жа задаволена і цынічна паўтарае: “Законы, міленькія, законы!”

“Абурэнне, горыч, усведамленне гістарычнай асуджанасці выражэння шляхты як сацыяльнага саслоўя вылілася ў Дуніна-Марцінкевіча ў ачышчальны смех, ім запоўнена кожная старонка “Пінскай шляхты”, - піша Я. Янушкевіч. - Завязка дзеяння застаецца нібы за кадрам, і глядач прысутнічае, сочыць за высвятленнем канфлікту” [Янушкевіч 2007, с. 227]. Сатырычнае завастрэнне з дапамогай гратэска дазваляе яскрава ўбачыць псіхалогію паводзін царскіх адміністратараў Кручкова і Пісулькіна. Ім чыноўнікам, прыбылым на “суд правы” ў глухі палескі кут, няма ні законаў, ні абмежаванняў. Цытаваныя ж Кручковым на памяць параграфы і ўказы (“сообразно указу Всемилостивейшего Государя Петра великого, в 1988 году марта 69 дня последовавшего, и применяясь Статуту Литовскому раздела 5-го, параграфа 18-го…» [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 284]) - гэта шырма, фігавы лісток і больш нічога, якія, аднак, у вачах фанабэрыстых ды цёмных шляхцюкоў здаюцца незлічонымі “божымі прыказаннямі.

Пісьменнік едка высмейвае царскі суд. Тыя, хто павінен ахоўваць законы і строга іх прытрымлівацца, першымі ж іх парушаюць. Народ даўно заўважыў здольнасць чыноўнікаў выкарыстоўваць законы ў сваіх інтарэсах. Стары кавалер Куторга, які ў п'се сыпле прыказкамі і прымаўкамі, на словы Ціхона Пратасавіцкага, што асэсар абдзярэ як ліпку, гаворыць:

“Вот дзіва, - на то ён і асэсар! Заўваж толькі - у яго і рукі даўжэй, як у другіх людзей. Ты ведаеш яго прыпавесць: чырвонае - белае ўсё перадзелае”.

Дзе ўнадзіцца юрыста,

Вымеце хату дачыста.

Такіх дзіваў нагаворыць,

Так многа кручкоў натворыць,

Што, пачасаўшы затылак,

Не рассупоніш памылак.

Не дасі? Цябе замучыць.

Добра стара казка вучыць:

Дзярэ каза ў лесе лозу,

Воўк дзярэ ў лесе козу,

А ваўка - мужык Іван,

А Івана - ясны пан,

Пана ўжо дзярэ юрыста,

А юрысту?. . Д'яблаў трыста!!!

[Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 274].

Добра вывучыўшы норавы і звычкі служкаў самадзяржаўя, просты люд разам з тым можа ад іх хіба што адкупіцца, але не абараніцца. Цікавае і тое, што просты люд (Грышка) таксама можа весці судовы працэс, нават у прысутнасці прыстава.

Грышка (да шляхты). І вы разварушыцеся: каторыя бачылі драку - па дзесяць, а каторыя не бачылі - па пяць рублёў, - злажыцеся ў купу, паднясём Найяснейшай Кароне. Дык ён зжаліцца над вамі і дзело кончыць; вось як яны, людзі судовыя, умеюць: і воўк будзе сыты, і козы цэлы” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 285].

Безумоўна, галоўнай дзеючай асобай ў п'есе выступае судовы чыноўнік - станавы прыстаў Кручкоў. Вобраз Кручкова - тыповы вобраз прадстаўніка царскага суда ніжэйшай інстанцыі. Ён стаіць блізка да многіх вобразаў, выведзеных рускімі і ўкраінскімі драматургамі ў сваіх п'есах. А. Семяновіч лічыць, што “…Кручкову ўласцівы тыя ж рысы характару (хабарніцтва, хцівасць, махлярства, нахабства, выхвалянне), што і гогалеўскаму гараднічаму Сквазнік-Дмуханоўскаму, апекуну богаўгодных устаноў Земляніку, суддзі Ляпкіну-Цяпкіну, а таксама некаторым персанажам з п'есы А. Астроўскага “Даходнае месца” (Вышнеўскі, Юсаў, Белагубаў) і п'есы І. Катлярэўскага “Наталка-Палтаўка” (Тэтэрвакаўскі)” [Семяновіч 1986, с. 10].

Пры стварэнні вобраза Кручкова В. Дунін-Марцінкевіч звяртаецца да такога распаўсюджанага ў мастацкай літаратуры, асабліва ў драматургіі, прыёму, як завастрэнне і перавелічэнне. Гэты прыём дазваляе пісьменніку гіпербалізаваць вобраз сатырычна, згусціць фарбы вакол таго або іншага героя, зрабіць яго прадметам усеагульнага смеху.

Кручкоў падаецца драматургам у рэзка адмоўных, сатырычных фарбах. Але ён таксама не трактуецца аднабакова, як выключна агідны тып. “Стаўленне да яго больш складанае: гэты чалавек спаўна выкарыстоўвае сваё службовае становішча, хітрамудра і як толькі можна (ці наадварот, няможна) нажывае ўласнае багацце. Але разам з тым ён вынаходліва і ўмела карыстаецца цемнатой і забітасцю адных, самахвальствам і ганарлівасцю другіх, жаданнем ажыццявіць сваё шчасце трэціх” [Адамовіч 2007, с. 81], - адзначае Г. Адамовіч.

Вельмі ўмела прыстаў выцягвае грошы са шляхты, нават за сваё прымірэнне павінны заплаціць.

Кручкоў. Вот так добра! Цяпер, панове бацькі, падпішыце міравую і злажыце міравых пошлін па тры капейкі.

Пісулькін (убок). Не быў бы судовы чалавек! Пабраў рублі ды яшчэ па капейкі сягае. У іх ужо такая натура: без капеек і чвэрцяў, як без солі ўстраву, ніяк не абойдуцца; капейкі і чвэрці - да скарбу, а рублі - сабе. [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 288]

Кручкоў не толькі нахабны, але і двуаблічны чалавек, які з карысцю для сябе выкарыстоўвае заганы і слабасці іншых. Да ўсіх ён знаходзіць падыходы, каб не толькі цяпер і тут узбагаціцца, але і мець надалей прыбытак са сваёй справы. У апошнім акце ён сам пачынае сварку паміж іншымі шляхцічамі, Альпенскім і Статкевічам: “Не ка мне, не ка мне, няхай у суд падаюць, тагды прыеду на следства! Бывайце здаровы!” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 291], каб праз нейкі час зноў правесці “харошае жніво”.

Тып махляра-прайдзісвета і яго пашырэнне сярод прадстаўнікоў розных сацыяльных груп, у дадзеным выпадку ў судзейскім асяроддзі, знаходзіцца ў цэнтры ўвагі мастакоў слова з часоў Старажытнасці.

Акрамя тэмы крытыкі царскага суда, В. Дунін-Марцінкевіч закрануў у сваёй камедыі яшчэ дзве тэмы: тэму крытыкі нораваў правінцыяльнай шляхты і тэму бацькоў і дзяцей.

Перамены ў душэўны настрой пісьменніка прынёс, хутчэй за ўсё, турэмны год. Інакш убачылася В. Дуніну-Марцінкевічу шляхта. Яна зыначылася, здрабнела, ад былой велічы, шырыні душы застаўся толькі непамерны гонар, пыха, ніякімі рэальнымі заслугамі не падмацаваныя. Ад агню застаўся дым.

“Нават таго, што было створана пісьменнікам у надзвычай неспрыяльных умовах дарэформеннай эпохі дастаткова, каб па праву прызнаць яго пачынальнікам новай беларускай літаратуры, - сцвярджаў Я. Янушкевіч. - Аднак пасля пакут у царскіх казематах, горычы паражэння паўстання Дуніна-Марцінкевіча яшчэ чакаў высокі ўзлёт, наканаваны кожнаму сапраўднаму творцу, чакала несмяротная “Пінская шляхта”, у якой драматург бязлітасна выкрыў пыхаватую зобабонную шляхту, самой гісторыяй асуджаную на выміранне, і царскае самадзяржаўе з тупымі прадажнымі чыноўнікамі-кручкатворамі”. Даследчык піша: “Пасталеў, узмужнеў талент драматурга, значна ўзрасло сацыяльна-палітычнае гучанне твора і адпаведна з ім майстэрства ў пабудове і разгортванні сюжэта, стварэнні жывых рэалістычных вобразаў” [Ягушкевіч 1992, с. 13].

Сатырычнымі фарбамі пісьменнік малюе вобразы шляхты, найперш Ціхона Пратасавіцкага і Івана Цюхай-Ліпскага. Для гэтых людзей, якія ні адукацыяй, ні звычаямі, ні ладам жыцця не адрозніваюцца ад сялян, найвялікшая абраза, калі хто назаве “мужыком”. Зганьбаваны Ліпскім шляхецкі гонар Пратасавіцкі бароніць кулакамі.

Першае з'яўленне на старонках п'есы Ціхона Пратасавіцкага і яго маналогі сведчаць пра грубасць, непісьменнасць:

“Хрэн табе ў вочы! Жонка, а жонка! Хадзі ды паўзірайся, як твая дачка з Грышкам Цюхайчыкам галубіцца!. . . Які чорт малая!. . . Ах ты, чортаў сыну! Хрэн табе ў вочы! Не годзе таго, што бацька да жывога мяне пакрыўдзіў, назваўшы гн шляхціцам, дык яшчэ сынок дачку нам баламуціць” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 273].

Шляхта найбольш заклапочана сваім панскім становішчам, званнем пана, хоць жыве часам горш за селяніна. Вось такую дурноту, вар'яцтва са шляхецкага гонару паказвае В. Дунін-Марцінкевіч у п'есе. Кручкоў добра ведае звычкі неадукаванай шляхты і ўпэшнены, што кожны з іх вытрасе кашалёк, каб толькі не быць бітым лазой. На прысуд “25 лоз на голай земле без дывана” Пратасавіцкі рэагуе вільмі адмыслова:

“У… у… у… бацькі мае родныя! Хрэн яму ў вочы! 25 лоз ды яшчэ не на дыване, а не голай зямлі! Даў бы сто рублёў, каб дыван паслалі” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 284].

Шляхта гатова аддаць апошнюю кашулю, каб толькі пазбегнуць розгаў, ды яшчэ на голай зямлі. Гэтым будзе прыніжаны шляхецкі гонар.

Варта сказаць некалькі слоў пра старога адзінокага шляхціца Халімона Куторгу. Ён не пазбаўлены пачуцця гумару, досціпу. У яго мове шмат трапных і цікавых выказванняў: “не цяпер, то ў чацвер”, “здаровы, як рыжык баровы”, “папаў у нерат - ні ўзад, ні ўперад”. Выдае сябе за чалавека свецкага. Пры сустрэчы цалуе жанчынам руку.

Але і Куторга далёка не адышоў ад свайго асяродку. Ён толькі хітрэйшы за астатніх, хоць яго хітрасць абарочваецца супраць яго самога. Яму 60 гадоў, а сватаецца ён да 17-гадовай Марысі. За шлюб абяцае Ціхону “крыва прысягнуць” супраць Ліпскага. Але стары залётнік трапляе ў недарэчнае становішча.

Ёсць і трэцяя праблема, якую не пакінуў без увагі В. Дунін-Марцінкевіч, - гэта праблема канфлікту бацькоў і дзяцей.

Крытыкуючы царскае правасуддзе і законнасць, аўтар п'есы нават сімпатэзуе асобным прадстаўнікам шляхты - тым, якія менш за ўсё “хварэюць на шляхецтва”. Гэта Марыська і Грышка. Яны пратэстуюць супраць састарэлых поглядаў і звычаяў. “Індычацца бацькі”, - іранічна ацэньвае Марыся канфлікт паміж сваімі бацькамі і бацькамі Грышкі.

Заслугай В. Дуніна-Марцінкевіча-рэаліста з'яўлялася імкненне паказаць складанасць пераадолення векавых традыцый. Адчуваючы выключную актуальнасць гэтай праблемы для тагачаснай Беларусі, драматург спрабаваў вылучыць станоўчы ідэал, нейкую больш светлую перспектыву. З ёю ў камедыі “Пінская шляхта” ў першую чаргу звязаны вобраз Марысі, якая ўвасобіла чысціню пачуццяў, самастойнасць паводзін, іранічнае стаўленне да ўсяго застарэлага і кансерватыўнага.

Марыська - гераіня камедыі, дзяўчына няпоўных семнаццаці гадоў - вельмі рашуча гатова змагацца за сваё шчасце. На думку А. Раманчук, у гэтай маладой асобе сумяшчаюцца паўдзіцячая наіўнасць і дарослая спрактыкаванасць, юначы рамантызм і вясковы рэалізм, дзявочая чысціня і жаночая мудрасць. Вобраз Марысі малюе новыя рашучыя рысы характару. Тое, што закаханая Марыська вымушана самастойна ратаваць сваё шчасце і каханне, таксама сведчанне пэўных грамадска-сацыяльных умоў. Яна вышэй за ўсё ставіць сваё шчасце, свае пачуцці. “Ніякая земская прыпона не ўсілах нас разлучыць!” - цвёрда заяўляе Марыся.

Няхай бацькі лаюць, мучаць,

Ні з кім другім не зручуся.

Калі з ім мяне разлучаць,

Я ў Прыпяці ўтаплюся [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 288].

Заслугоўвае пэўнай увагі і вобраз маці Марыські, жонкі Пратасавіцкага - Куліны. На думку даследчыка, гэтая жанчына ўвасабляе ў сабе даволі багаты набор разнастайных характэрных рыс і светапоглядных прынцыпаў [Раманчук 2007, с. 142]. Найперш гэта маці, якая жадае толькі дабра сваёй дачцэ. Але жыццё і вопыт мудрай жанчыны падказваюць ёй, што аднымі пачуццямі пражыць цяжка. Куліна ўвасабляе практычна ўсе рысы тагачаснай жанчыны-гаспадыні: спакойная памяркоўнасць, паслухмянасць, пэўная мудрасць і вялікая цемра непісьменнасці, прыхільнасць да старых звычаяў і парадкаў. Менавіта ад усяго гэтага спрабуе адарвацца яе дачка. Марыська сваё шчасце бачыць толькі побач з каханым.

Марыська і Грышка ўспрымаюць недарэчнасць сваркі бацькоў, недарэчнасць старых саслоўных традыцый не столькі розумам, колькі сэрцам. Сваё шчасце яны хочуць уладзіць з дапамогай станавога прыстава, якога задобрываюць хабарам.

Грышка гаворыць:

“Найяснейшая Карона! Мы - ад веку пінская шляхта, і ты - шляхціц. Не глумі ж, не пэцкай у балоце шляхецкай, братняе табе, крыві! Скасуй строгі твой дэкрэт, на сорам нашай ваколіцы пісаны, - паміры майго бацьку з Ціхонам, сатвары маё і Марысі шчасце, а мы ўсе, цэлаю ваколіцай, век за цябе будзем Бога прасіць і век табе дзякаваць!” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 286].

Галоўная сіла, што рухае развіццё сюжэта камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча, - страх. Страх перад некаранаваным каралём, вярхоўным суддзёй глухога палескага павета станавым прыставам Кручковым, які з'явіўся высветліць “состав данного уголовного преступления” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 279]. Асабліва глыбокі страх жыве ў свядомасці прадстаўнікоў старэйшай генерацыі пінскай ваколічнай шляхты.

Грышка ведае, што бацькі баяцца судовага прыстава, ведае і тое, што яны не будуць яму пярэчыць, а значыць павінны будуць заручыць дзяцей, каб не атрымаць новага штрафа.

Востры сацыяльны канфлікт у п'се не здымаецца штучнай перамогай дабра над злом, што назіралася ў ранейшых творах В. Дуніна-Марцінкевіча. Кручкоў мірыць Пратасавіцкага і Ліпскага. Аднак з ім ніяк не стасуецца роля мудрага і справядлівага бацькі, які вучыць розуму сваіх дзяцей. Яго словы - “Вы думаеце, што мне міла паняверыць кроў шляхецкую? Я ж сам шляхціц, вам родны, але што рабіць? Служба - не дружба”[Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 286] - няшчырыя.

Праблема “бацькі - дзеці” не выходзіць за межы сваёй хаты, клопатаў пра ўласнае шчасце Марысі і Грышкі. Але і гэта ўжо даволі прыкметнае сведчанне таго, што жыццё змяняецца і патрабуе аднаўлення адносінаў паміж людзьмі.

“Гэтыя дзве тэмы, - сцвярджае А. Семяновіч, - не знайшлі належнага асвятлення ў п'есе, яны выконваюць дапаможную ролю ў раскрыцці асноўнай тэмы. Вось чаму і вобразы, на якіх ставяцца і вырашаюцца пытанні, звязаныя з гэтай тэмай, выглядаюць менш яркімі, чым вобраз Кручкова” [Семяновіч 1986. с. 12].

П'еса “Пінская шляхта” самім аўтарам названа “фарсам-вадэвілем”. Але ідэйна-мастацкі аналіз гэтай п'есы паказвае, што яна можа быць так названа толькі па некаторых знешніх адзнаках. А знешнія жанравыя адзнакі вадэвіля сапраўды ёсць у ёй: уключае ў сябе дуэты, рамансы, асобныя куплеты, нават любоўную інтрыгу, што збліжае як і з камічнай операй, і з аперэтай. У пісьменніка адносіны да пінскай шляхты не адназначныя: ён востра кпіць і пацяшаецца з іх недарэчнай прэтэнзіі да дваранства, але ён бачыць у іх сялян-хлебаробаў, якія самі працуюць на зямлі, самі працуюць на зямлі, самі здабываюць сабе хлеб, і таму малюе іх больш у гумарыстычным, чым у сатырычным плане. В. Дунін-Марцінкевіч паказвае, што гэтыя людзі не пазбаўлены жыццёвай мудрасці. Яны часам трапна выказваюцца пра існуючыя парадкі. “Аднак па свайму ідэйна-мастацкаму зместу, па важнасці закранутых тэм і глыбіні адлюстравання рэчаіснасці, па яркасці асноўных вобразаў, іх сатырычнай завостранасці п'еса Дуніна-Марцінкевіча з поўным правам можа быць названа сатырычнай камедыяй” [Семяновіч 1986, 14], - піша А. Семяновіч.

Многія навукоўцы лічылі мову твора надзвычай багатай, стылістычна апрацаванай. Якая ўвабрала ў сябе найбольш перспектыўныя пласты народнай фразеалогіі і служыць дзейсным сродкам раскрыцця індывідуальнага аблічча герояў. Багата насычаная народнымі выразамі, прымаўкамі, выслоўямі, яна дакладна перадае каларыт вясковага побыту, роздумы і настроі персанажаў. У Кручкова яна прасякнута шаблоннымі канцылярызмамі і юрыдычнымі тэрмінамі, руска-беларускімі макаранізмамі, што стварае асаблівы парадыйна-сатырычны эфект. “Зыходзячы з асаблівасцей жанру “Пінскай шляхты”, - піша У. Казбярук, - менавіта ў эпізодах, звязаных з лірычнай лініяй п'есы (заляцанні старога кавалера Куторгі да Марысі), аўтар умела выкарыстоўвае прыёмы шаржыравання і гратэску, гэта значыць карыкатурна-сатырычнага асвятлення адмоўных рыс характару (нікчэмнасць Куторгі, прагнасць Кручкова, цемната і адсталасць шляхты)” [Казбярук 1998,с. 89]. “Дунін-Марцінкевіч - бліскучы, віртуёзны майстар разгортвання сцэнічнай інтрыгі, выкарыстання сольных спевакоў, дуэтаў, танцаў, прыпевак, арганізацыі масавых сцэн, - сцвярджае А. Лойка. - Беларускае слова ў яго поўніцца гарэзнасцю. У вуснах адных персанажаў яно грубавата-простанароднае (Ціхон Пратасавіцкі, Куторга), у другіх - летуценна-задуменнае (Марыська, Грышка), у трэціх - абказёненае лексіконам судзейства (Кручкоў, Пісулькін)” [Лойка 1977, с. 158-159].

Характэрная адзнака творчай сталасці В. Дуніна-Марцінкевіча як драматурга, з'яўляецца ўменне спалучыць унутраныя эмацыянальна-псіхалагічныя рысы характару са знешнімі партрэтнамі дэталямі, бытавымі рэалямі часу, з адпаведнымі аўтарскімі каментарыямі і рэмаркамі. Умела выкарыстаны тут і прыём імянной характарыстыкі, якая ўвасабляе пэўныя істотныя рысы знешняга выгляду і ўнутранай сутнасці персанажа.

Ідэйна-мастацкі аналіз камедыі “Пінская шляхта” паказвае, што яна напісана з пазіцый рэалізму. Рэалізм яе праявіўся ў першую чаргу ў крытыцы царскага суда, у сатырычным выкрыцці судовых чыноўнікаў тыпу Кручкова. Рэалізм таксама выявіўся ў крытыцы правінцыяльнай беларускай шляхты, у крытыцы яе нораваў, невуцтва і саслоўнай фанабэрыі.

Адзін з першых даследчыкаў творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча Ю. Галомбак адзначыў жанравую сувязь камедыі “Пінская шляхта” з традыцыямі французскай драматургіі, у прыватнасці з традыцыямі Мальера і яго славутай п'есай “Мешчанін у шляхоцтве”. Пры амаль поўнай адсутнасці нацыянальных драматургічных традыцый беларускі пісьменнік вымушаны быў звярнуцца да выпыту іншых, больш развітых літаратур. Першаступеннае значэнне набывалі тут багатыя традыцыі блізкародных славянскіх літаратур, у першую чаргу рускай і польскай.

“Па лініі сюжэтнага развіцця і завязкі дзеяння ў “Пінскай шляхце” можна ўстанавіць сувязь з вядомай “Аповесцю аб тым, як пасварыліся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам”, - сцвярджае У. Казбярук. - Аднак Марцінкевіч не пайшоў па шляху знешняга пераймання, хоць саслоўны аспект у камедыі з'яўляецца істотным” [Казбярук 1998, с. 85].

Вялікай заслугай з'яўляецца тое, што ён, працягваючы сатырычныя традыцыі Гогаля і Салтыкова-Шчадрына, з рэалістычных пазіцый раскрытыкаваў у сваёй камедыі “Пінская шляхта” бюракратычную сістэму царскага суда, сатырычна высмеяў прадстаўнікоў чыноўніцтва і правіцыяльнай беларускай шляхты, асудзіў хабарніцтва і казнакрадства, з суровай крытыкай выступіў супраць нараджаючагася капіталізму, супраць буржуазнай маралі.

У. Казбярук сцвярджае, што ў “Пінскай шляхце” прыкметна ўзрасло драматургічнае майстэрства В. Дуніна-Марцінкевіча. “Гэта выявілася, напрыклад, у дынамізме дзеяння, займальнасці і камізме сюжэта, арыгінальнасці кампазіцыйнай будовы, якая арганічна спалучае ў сабе два паралельныя канфлікты, заснаваныя на асабістых і грамадскіх сутыкненнях, -піша У. Казбярук, - надзвычай шматзначны і фінал п'есы (інтрыгі Кручкова на заручынах Грышкі і Марысі), які сімвалізуе, з аднаго боку, устойлівасць кансерватыўных перажыткаў, з другога - надзейнасць пазіцыі кручковых ва ўмовах культурнай адсталасці і палітычнага бяспраўя шырокіх мас пасля адмены прыгоннага права” [Казбярук 1998, с. 89].

Ідэнтыфікацыя аўтарскага тэксту камедыі пралівае святло на новыя грані творчай індывідуальнасці В. Дуніна-Марцінкевіча, лічыць Я. Янушкевіч. Даследчык піша: “Таленавітаму камедыёграфу падуладнай была не толькі арыгінальная пабудова сюжэта сатырычнай камедыі, але і апрацоўка дыялектаў розных рэгіёнаў Беларусі” [Янушкевіч 2007, 228]. Ён лічыць, што вялікі ўплыў на творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча аказала ўкраінская літаратура. Адзначаная сувязь выяўляецца не толькі ў моўнай імітацыі. “Назіраецца падабенства камічных прыёмаў, характар паводзін персанажаў у “Пінскай шляхце” і ў п'есе І. Катлярэўскага “Наталка-Палтаўка” (1819), у камедыі Р. Квіткі-Аснаўяненкі “Сватанне на Ганчароўцы” (1836) і інш, - піша Я. Янушкевіч. - Тыпалагічна камедыя Дуніна-Марцінкевіча блізкая да напісанай дзесяцігоддзем пазней п'есы М. Крапіўніцкага “Пашыліся ў дурні” (1875)” [Янушкевіч 2007, с. 228].

Аднак камедыю В. Дуніна-Марцінкевіча ад твораў тагачасных украінскіх драматургаў адрознівае вастрыня, злабадзённасць, паслядоўнасць у раскрыцці заган царскага бюракратычнага суда, усёй парэформеннай рэчаіснасці. Драматург выкрываў паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва, яго прадажнасць, востра высмейваючы пры гэтым і каставую абмежаванасць шляхты. Я. Янушкевіч сцвярджае, што сатырычная скіраванасць камедыі абумоўлена жанравым выбарам твора, названага В. Дуніным-Марцінкевічам “фарс-вадэвілем”[Янушкевіч 2007, 229].

Тое, што камедыя “Пінская шляхта”В. Дуніна-Марцінкевіча мае агульныя рысы з іншымі творамі рускай і ўкраінскай літаратуры было адзначана даўно і шмат разоў. А вось аўтарства “Пінскай шляхты” ставілася пад сумненне нядаўна.

Прафесар Ніна Мячкоўская (хутчэй мовазнаўца, чым літаратуразнаўца - як адзначыў Адам Мальдзіс) заявіла аб тым, што аўтарства “Пінскай шляхты” не належыць В. Дуніну-Марцінкевічу. Яе погляды на камедыю Беларускага Дудара былі выкладзены ў 2000 годзе ў прэстыжным выданні Wiener Slaawistischer Almanach 46.

Наконт гэтага доўгі час існавала шмат спрэчных выказванняў і думак. На Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Вінцэт Дунін-Марцінкевіч у еўрапейскім кантэксце” удзельнікам неабходна было прыйсці да канкрэтнага вываду.

Я. Янушкевіч сцвярджаў, што не трэба сумнявацца ў таленце пісьменніка, які валодаў некалькімі мовамі, прычым В. Дунін-Марцінкевіч быў на Палессі; што радкі “Пінскай шляхты” і “Залётаў” пераклікаюцца паміж сабой.

Пінскі гісторык Аляксандр Ільін спасылаецца на тое, што ўсе тэксты В. Дуніна-Марцінкевіча напісаны лацінкай, а “Пінская шляхта” - кірыліцай. Абапіраючыся на артыкул гомельскага вучонага прафесара Паўла Ахрыменка, які сцвярджаў, што ў “паляшуцкай” п'есе ёсць след уплыву “Наталкі-Палтаўкі” І. Катлярэўскага, А. Ільін прыпісвае аўтарства Стэфану Куклінскаму.

У артыкуле аднаго аўстрыйскага часопіса сцвярджаецца, што В. Дунін-Марцінкевіч не мог напісаць камедыю, бо не назваў яе сярод сваіх твораў у пісьме ў рэдакцыю пецярбургскага часопіса “Край”, дзе хацеў друкавацца, а назваў толькі свой пераклад лацінкай паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэуш”.

Яснасць у спрэчку ўнёс у сваім дакладзе на канферэнцыі Г. Кісялёў: “Пінская шляхта” напісана кірыліцай і не магла друкавацца ў польскім “Краі”. Ён адзначаў два найбольш значных моманта. “Зразумеўшы, што друкаваць лацінкай свае беларускія творы ён ўжо не зможа, Дунін-Марцінкевіч рашыў выкарыстаць рускія перыядычныя выданні. Менавіта пагэтаму ён звярнуўся з просьбай у газету “Віленскі веснік” (але там адказалі маўчаннем, ведаўшы, што аўтар знаходзіцца пад наглядам паліцыі). Менавіта пагэтаму ён перайшоў у “Пінскай шляхце” на кірыліцу. А тое, што “паляшуцкі” арыгінал пісаўся менавіта Дуніным-Марцінкевічам, нядаўна пацвердзіла графічная экспертыза” [Мальдзіс 2008].

Але як быць з пінскай гаворкай? Аўтар камедыі быў толькі ў Альпені, а там сапраўды іншы дыялект. Пінскай гаворкай мог валодаць Стэфан Куклінскі, пра якога пісаў Аляксандр Ільін. Але ж яго версія адразу адыходзіць, калі параўнаць мастацкія асаблівасці “Пінскай шляхты” з творамі С. Куклінскага: апошняе і побач не стаяла з першым. “Напісана ж “Пінская шляхта” не на сапраўднай гаворцы, а на штучнай, стылізаванай, прыдуманай мове, дарэчы, як і “Мужыцкая праўда”. Гэта яшчэ ў 1980-х гадах сталі аргументаваць такія літаратураведы, як Любоў Тарасюк і Іван Шпакоўскі”.

Аднак многія навукоўцы ўпэўнены, што да конца праясніць жыццё і творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча наўрад ці ў каго атрымаецца.

4. Адметнасць сатыры ў камедыі “Залёты”

П'еса “Залёты” напісана на беларускай і польскай мовах, польскі тэкст упершыню перакладзены на беларускую мову ў 1914 годзе Я. Купалам. П'еса была забаронена цэнзурай і ўпершыню надрукавана толькі ў 1918 годзе. Першая пастаноўка “Залётаў” была ажыццёўлена тэатральнай трупай самога В. Дуніна-Марцінкевіча, а ў 1915 годзе ставілася Віленскім музычна-драматычным гуртком.

Беларускія літаратуразнаўцы сцвярджаюць, што камедыя В. Дуніна-Марцінкевіча “Залёты” сведчыць пра тое, як узмужнеў талент драматурга, як значна ўзрасло сацыяльна-палітычнае гучанне кожнай рэплікі з вуснаў персанажаў, майстэрства ў пабудове і развіцці камедыйнага сюжэту, наколькі рознакаляровай стала мастацкая палітра пісьменніка. “У камедыі заўважаецца нетрадыцыйны падыход драматурга да характарыстыкі персанажаў. Суддзя Сакальніцкі павінен, здавалася, прадэманстраваць “сакалінасць”, “зоркасць”, пільнасць, але аж да фінальнай сцэны паводзіць сябе зусім не па-сакалінаму, - сцвярджае Я. Янушкевіч. - Затое ў адмоўнага персанажа п'есы Сабковіча, празванага Дарабкевічам, прозвішча і мянушка падкрэсліваюць прыхаванае нутро новаспечанага прадстаўніка парэформеннай вёскі. У перакладзе з польскай мовы “sobkiewicz” азначае “эгаіст”, “сабедбаец”, а “dorobkiewicz” - “выскачка”, “нуварыш” (літаральна “новы багач”)” [Янушкевіч 1991, с. 112]. А вось М. Шаўлоўская, наадварот, гаворыць, што суддзя Сакальніцкі - ідэальны герой: “Антону Сабковічу, як адмоўнаму персанажу, Дунін-Марцінкевіч процівастаўляе ідэальнага суддзю Сакальніцкага і маладога пана Станіслава Зацнеўскага - прадстаўнікоў ліберальнага дваранства, не разумеючы таго, што гэта тыя ж эксплуататары, толькі форма іх эксплуатацыі больш вытанчаная”[Шаўлоўская 1981, с. 29].

Даследчыкі не сумняваюцца, што ў камедыі “Залёты” В. Дунін-Марцінкевіч закрануў шэраг маральна-філасофскіх і сацыяльных праблем, адлюстраваў класавы антаганізм у беларускай вёсцы парэформеннага перыяду.

У камедыі “Залёты” паказана, што годнасць людзей ацэньваецца не іх разумовымі і душэўнымі якасцямі, не індывідуальнымі здольнасцямі, а багаццем, грашыма, золатам. Грошы - гэта сіла, пашана і слава. Гэта добра разумее Антон Сабковіч:

Маю грошы, маю я,

мне ніхто тут не раўня;

прад маёй машонкай поўнай

гнецца роўны і няроўны

[Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 339].

Быў час, калі ён не меў грошай, дык яго ўсяляк зневажалі, лічылі нікчэмным, асталопам, дурнем. Але як толькі Сабковіч разбагацеў, адносіны да яго змяніліся, бо цяпер яму кланяюцца, бачаць яго разумным, вартым павагі:

Як ганяў скаціну ў лес,

Кожны чуць не з фігай лез,

А як стаў багат сягоння,

Б'юць паклон мне на паклоне…

Пісар, войт ці аканом

Называлі балваном, -

Як пачулі толькі грошы,

То знайшлі й розум харошы

[Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 339].

Тэма грошай і з'яднаны з ёю матыў жаніцьбы дзеля грошай складаюць ідэйна-мастацкі, сюжэтна-кампазіцыйны стрыжань п'есы, вакол якога адбываецца асноўнае дзеянне.

Асноўны персанаж “Залётаў” - Антон Сабковіч. “Гэта кулак-міраед, вясковы буржуа, тып самага драпежнага эксплуататара, які нараджаўся ў паслярэформеннай вёсцы, - адзначае А. Семяновіч. - На вобразе Сабковіча Дунін-Марцінкевіч упершыню ў беларускай літаратуры ставіць і вырашае праблему сацыяльнага антаганізму паміж вясковай беднатой і кулацтвам”[Семяновіч 1985, с. 52].

Антон Сабковіч жыве толькі адной мэтай: “выбіцца ў людзі”, разбагацець любымі сродкамі. Прага да нажывы, да накаплення грошай не спыняе такіх людзей ні перад чым. На яго думку, крытэрыем вартасці чалавека з'яўляюцца толькі грошы і золата, а не яго асабістыя якасці.

У маналогах Сабковіча раскрываецца ўся агідкасць яго паводзін, матывы яго поглядаў і ўчынкаў:

“Ось, напрыклад, шумна ўходжу да панскай салі, поўнай гасцей, дык што ж… прыбліжаюся да пані-гаспадыні, трымаючы левую руку ў кішэні, а праваю, як бы не хочучы, цісну ёй ручку так - па-панску і кажу праз нос: коман ва, як здароўечка, як ідзе гаспадарка, і так далей, - цікавасць… Дык што ж… пасля падыходжу да гаспадара, з каторым, як роўны з роўным, цалуюся; далей, усунуўшы ўжо абедзве рукі ў кішэні і як бы не хочучы, бразгаю сумысля ўсыпаным туды золатам, навокал з гары ўзіраюся і з павагаю… дык што ж… ківаю галавою адным ніжэй, другім менш нізка - павэдля багацця і становішча іх…” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 341].

Для раскрыцця мінулага сатырычнага героя аўтар п'есы карыстаецца не драматычнымі, а эпічнымі, апавядальнымі сродкамі. Вуснамі Маршалка падаецца біяграфія Сабковіча:

“Сабковіч - невядомага роду, гадоў з дваццаць таму назад пасвіў быдла сваіх сваякоў; навучыўшыся крыху чытаць і пісаць, дастаў, на няшчасце маіх сваякоў Сулікоўскіх, месца пісара і тамака, добра нахапаўшыся, пакінуў службу. Праз нейкі час мы бачым яго ў пані Валовічыхі, кабеты з анельскім сэрцам і надта даверчывай. Не марнаваў ён і тамака часу, добрым прыкладам чаго можа быць здарэнне ў адным мястэчку, дзе людзі Валовічыхі, пазнаўшы на конях “дарабковіча” хамуты сваёй пані, хацелі зацягнуць яго ў стан, і каб не ўцек, добра меўся б, галубок. Але найвялікшай запамогай яму была смерць графа Багацкага. Нябожчык, падаючы ў воду, выкінуў з бакавой кішэні бумажнік, а як ён трапіў да Сабковіча, ведама не толькі богу, а і людзям. Ось скуль яго багацце! Потым ён ўзяў у арэнду нямалы хвальварак і заняўся быццам таргоўляй, каб змрочыць людзей. Вось хто Сабковіч” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 379].

Прагавітасць Сабковіча, яго бесчалавечнасць і жорсткасць выразна выяўляюцца праз адносіны да батракоў Петрука і Марысі, а таксама да сталяра Мордкі.

Сабковіч. Дык што… слова - вецер, а распіска гэта грунт, мой даражэнькі; дурань верыць на слова, а разумны карыстае з таго, дык што… Ось я ўжо трэцяга такога ашукаў і зарабіў гэткім парадкам дваццаць рублёў. Яшчэ злаўлю так са двух, і свіран мне нічога не будзе стоіць.

Мордка. Ны! А ці гэта будзе па-панску - бедных майстроў асуківаць - хас ду гэнэрт?

Сабковіч. Досі ўжо, мой даражэнькі, шахраваць вашаму брату, цяперака на нас прыйшоў чарод двойчы адплаціць вам, дык што…

Мардка. Хай гэта мая ўбогая і крывавая праца застанецца пану на хаўтуры. Будзь здароў пан! [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 352-353].

А. Семяновіч адзначае, што адносіны героя да гэтых людзей раскрываюць асноўны канфлікт п'есы - канфлікт паміж кулацтвам і беднатой… Тут драматургу ўдалося паказаць сапраўднае аблічча кулака-міраеда, які бессаромна эксплуатуе і рабуе сваіх батракоў [Семяновіч 1985, с. 54].

“Марыся. Мой Божачка міленькі! Служыла ж я ў паноў, да нігдзе мне такой крыўды і такой вялікай ганьбы не давялося сустрэці. Усе паны былі добрыя, адзін толькі найшоўся круцель. Няхай жа слёзы мае падуць на яго душу. Што я цяпер буду рабіць? Спытаюць бацька, маці - многа чэраз год зарабіла?Ды мая ж у чым віна? Ведала ж я, бяздольна, што натраплю на такога круцяля? А як чыста мая душа, так смела раскажу бацькам маю крыўду, - яны ўймуцца за сваю ядыначку і да пасрэдніка пададуць жалабу” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 355].

Жадаючы ўзмацніць свой аўтарытэт у вышэйшых колах грамадства, Сабковіч хоча парадніцца з багатым, шляхетным і прыстойным чалавекам - суддзёй Сакальніцкім, ажаніўшыся з яго дачкой, семнаццацігадовай Адэляй. Пры гэтым жаніха вабяць не прыгажосць і маладосць, не розум і цнатлівасць Адэлі, а дзесяць тысяч пасагу, якія даюць за яе.

Я. Усікаў таксама прытрымліваецца той думкі, што аўтара цікавіла праблема шлюбу на аснове кахання і з разліку: пажылы Антон Сабковіч з намерам ажаніцца з дваранскай дачкой Адэляй, на якую прэтэндуе пан Станіслаў Зацнеўскі, і каханне маладой сялянскай пары Петрука і Марысі, бацькі якой хочуць аддаць дачку за багатага, але старога Апанаса Губара.

Сакальніцкі і Зацнеўскі - людзі надзвычай дабрадзеныя, высокай культуры і маралі, пададзены драматургам як станоўчыя героі. Пісьменнік не паказвае іх праз непасрэдныя адносіны з сялянамі ці батракамі, але па тым, як яны абураюцца жульніцкімі махінацыямі Сабковіча, якія гутаркі вядуць паміж сабою, прыходзім да вываду, што гэта справядлівыя, сумленныя і гуманныя людзі.

Як прадстаўнікі дваранства Сакальніцкі і Зацнеўскі ідэалізуюцца драматургам і супрацьпастаўляюцца Сабковічу. Наколькі Сабковіч прагавіты, абмежаваны і грубы, настолькі яны бескарыслівыя, высокамаральныя і культурныя. “Дунін-Марцінкевіч, мабыць, не разумеў або не хацеў разумець, што і Сакальніцкі і Зацнеўскі такія ж эксплуататары, як і Сабковіч, толькі іх эксплуатацыя завуаляваная, яна прыкрыта рэлігійнай, маральнай абалонкай. Такія супярэчнасці ў адлюстраванні тагачаснай рэчаіснасці сведчаць пра сілу і слабасць рэалізму Дуніна-Марцінкевіча, што асабліва выразна праявілася ў “Залётах” [Семяновіч 1985, с. 56], - сцвярджае А. Семяновіч.

Супастаўленне памешчыка Зацнеўскага буржуа Сабковічу падаецца драматургам і ў плане маральным і інтымным - праз іх адносіны да Адэлі. Сабковіч толькі прыкрывае каханнем да яе свой карыслівы разлік, Зацнеўскі ж кахае яе па-сапраўднаму, узвышана, рамантычна. Аб гэтым сведчаць інтымныя размовы паміж маладымі людзьмі, пададзеныя аўтарам ў сентыментальным плане.

Даміцэля - вельмі цікавы персанаж. Яна вызначаецца крытычным розумам, здольна рэальна глядзець на сітуацыю. Гэта адукаваная жанчына, якая магла б змагацца за свае правы, якая хацела і магла быць самастойнай. У п'есе нідзе не згадана, што ў яе ёсць муж. Зразумела, што такая жанчына не магла звязаць свій лёс з недалёкім чалавекам. Яна адгаворвае свайго брата жаніцца, бо Сабковіч - іншага саслоўя, неадукаваны, мае дрэнную рэпутацыю і ўвогуле не пара Адэлі. Са слоў жанчыны вынікаць прынцыпы самога пісьменніка і яго жыццёвыя назіранні і вопыт. Дваранства і сацыяльны статус не маюць прынцыповага значэння. Галоўнае - адукацыя, розум і добрая рэпутацыя. Нездарма сястра Сабковіча Даміцэля гаворыць свайму брату:

“Праўда! У цяперашніх цяжкіх часах шмат паненак, заплюшчыўшы вочы, пашгло бы за багацце, але шчасця і дабра ад гэтага няма чаго і спадзявацца: усё жыццё ваша атруціла б сваркай і калатнёй. Панна Адэля не такая. Каб меў нават багацце Крэза, і тады б яе да сябе не прынадзіў; яна шукае чагосьці іншага, большага за золата” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 341].

Зусім супрацьлеглы вобраз паненкі Адэлі. Яна ўвесь час у сентыментальных і рамантычных марах, чакае свайго кахання:

“О, салодкія, залатыя сны майго маладога ўяўлення! Як хутка вы паляцелі!. . Сонейка мне наказуюць паважна глядзець на жыццё” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 366].

“Спачатку можа падацца, што Адэля - недалёкая правінцыялка. Адарваная ад рэальнага жыцця, яна быццам жыве ў марах. Але нават прыведзеная кароткая цытата сведчыць пра тое, што дзяўчына ўжо пачынае разумець, якое ўсё ж жыццё ў рэальнасці. І невядома, ці спраўдзіць яна думку Даміцэлі” [Раманчук 2007, с. 144], - разважае А. Раманчук.


Подобные документы

  • Асаблівасці жанру твора У. Караткевіча. Агульныя заўвагі да праблемы вызначэння жанру літаратурнага твора. Жанрава-кампазіцыйная характарыстыка. Стылёвая адметнасць рамана "Хрыстос прызямліўся ў гародні". Характарыстыка вобразаў рамана, адметнасці мовы.

    курсовая работа [42,9 K], добавлен 05.03.2010

  • Жанрава-стылёвыя асаблівасці беларускай прозы ІІ паловы 60-х – сярэдзіны 80-х гг. Характарыстыка літаратурнага працэсу згаданага перыяду. Тэматычная разнастайнасць твораў разглядаемага перыяду. Лепшыя мастацкія дасягненні сучаснай беларускай літаратуры.

    реферат [22,2 K], добавлен 01.03.2010

  • Нацыянальная драматургія ў Беларусі у XIX-XX ст. Перыяд легалізацыі беларускай адраджэнскай справы. Прапагандысцкая нацыянальная тэндэнцыйнасць у п'есах беларускіх драматургаў пачатку XX ст. Светапоглядныя та грамадзянскія пазіцыі Ф. Аляхновіча.

    реферат [33,1 K], добавлен 10.12.2011

  • Дэфініцыя і спецыфіка паняцця "лірычная проза". Традыцыі лірычнай прозы ў беларускай літаратуры. Вызначыня моўна-стылёвыя асаблівасці лірычнай прозы Ул. Караткевіча. Асноўныя вобразныя сродкі. Даследаванне эсэ, лістоў, крытычных артыкулаў і нарысаў.

    курсовая работа [45,4 K], добавлен 20.06.2009

  • Развіццё прозы на сучасным этапе другой паловы 90-х гадоў - да пачатку ХХІ стагоддзя. Здабыткі сучаснай прозы. Жанрава-стылёвыя і ідэйна-мастацкія асаблівасці творчасці Г. Бураўкіна. Грамадзянскасць таленту паэта, трыбуннасць і актыўнасць паэтава слова.

    контрольная работа [20,4 K], добавлен 16.03.2010

  • Раман у вершах як жанр. Кампазіцыйная структура твора. Тэматыка і праблематыка рамана Нiла Гiлевiча "Родныя дзецi". Характарыстыка вобразаў рамана "Родныя дзецi". Вобраз галоўнага героя. Другарадныя вобразы і іх роля ў творы. Вобраз аўтара ў рамане.

    курсовая работа [55,7 K], добавлен 22.02.2016

  • Біяграфія і асаблівасці станаўлення творчай індывідуальнасці А.С. Грачанікава (1938-1991), а таксама аналіз палескіх матываў і пейзажных вобразаў у яго лірыкі. Апісанне і значэнне "малой радзімы" ў творчасці беларускіх спявае, у тым ліку і А. Грачанікава.

    курсовая работа [35,2 K], добавлен 16.03.2010

  • Асаблівасці паэзіі пра Чарнобыль, яго характарыстыка як канцэпта сучаснай мастацкай свядомасці. Чарнобыльская тэматыка ў сучаснай прозе. Сімволіка і стылёва-функцыянальная адметнасць твораў на чарнобыльскую тэму. Чарнобыльская міфатворчасць, яе рысы.

    курсовая работа [68,4 K], добавлен 10.12.2013

  • Казкі пра жывёл як творы, у якіх асноўнымі суб'ектамі або аб'ектамі дзеяння выступаюць жывёлы і птушкі. Сістэма вобразаў казок про жывёл. Этапы эвалюцыі, вытокі беларускіх казок. Сатырычнае гучанне в ніх сацыяльной няроўнасці, адносін народа да рэлігіі.

    реферат [32,1 K], добавлен 13.01.2010

  • Сацыяльны цыкл раманаў О. Бальзака "Чалавечая камедыя": структура, асаблівасці. Адлюстраванне тэмы падзенне нораваў у галоўных вобразах раманаў О. Бальзака "Бацька Горио" і "Гобсека". Раманы О. Бальзака "Бацька Горио" і "Гобсека" і іх праблематыка.

    курсовая работа [51,3 K], добавлен 11.06.2012

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.