Вядучыя напрамкі і плыні ў еўрапейскай і сусветнай літаратуры ХVІ–ХХ ст.
Напрамкі і стылі ў еўрапейскай і сусветнай мастацкай культуры і літаратуры XVI-ХХ ст.: Барока, класіцызм, сениментализм, рамантызм. Агульнае паняцце пра сацыялістычным рэалізме, развіццё сусветнай і беларускай літаратуры, сучасныя думкі і погляды.
Рубрика |
Литература |
Вид |
курсовая работа |
Язык |
белорусский |
Дата добавления |
25.02.2011 |
Размер файла |
57,7 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Рэалізм XIX ст. прынята называць у айчынным літаратуразнаўстве крытычным рэалізмам. Дадзены тэрмін прымяніў упершыню М. Горкі, ўжыўшы яго з мэтай падкрэслівання антысаслоўнай накіраванасці большасці твораў сусветнай рэалістычнай класікі і адпаведнага крытычнага пафасу ў іх. У гэтым сэнсе тэрмін амаль што поўнасцю адпавядае свайму прызначэнню, паколькі рэалізм і сапраўды паказвае пэўную неадпаведнасць тагачаснага грамадскага ладу нормам чалавечнасці, гуманістычнай маралі, крытычна аналізуючы і асэнсоўваючы ўсю сістэму грамадскіх адносін. Разам з тым тэрмін «крытычны рэалізм» крыху аднабаковы і адналінейны. У сувязі з гэтым яго нельга разумець літаральна, бо рэалізм ХІХ ст. зусім не пазбаўлены сцвярджальнага пачатку. Нават наадварот, пафас сцвярджэння на аснове крытычнага адмаўлення характарызуе практычна ўсю вялікую сусветную рэалістычную літаратуру. Ён даволі яскрава выражаны не толькі ў пазіцыі аўтара, але і ў вобразах герояў, надзеленых маральнай стойкасцю і здольных у вышэйшыя моманты жыцця ўзняцца над уласным эгаізмам. Паказваючы істотнае, а то і поўнае здрабненне асобы ў буржуазным грамадстве, літаратура рэалізму адлюстравала разам з тым і супраціўленне разлагаючаму ўздзеянню гэтага грамадства на чалавека, увасобіла высокія маральныя каштоўнасці, імкненне да сацыяльнай справядлівасці. Абазначэнне рэалізму ХІХ ст. як «крытычнага рэалізму» не зусім дакладнае і ў тых адносінах, што, робячы акцэнт на канкрэтна-гістарычнай значнасці твора, яго сувязі з сацыяльнымі задачамі моманту, яно пакідае па-за ўвагай філасофскі змест і агульначалавечае значэнне шэдэўраў рэалістычнага мастацтва.
ХІХ ст. выявіла ўсе асноўныя эстэтычныя прынцыпы і тыпалагічныя ўласцівасці рэалізму. Вернасць рэчаіснасці, сапраўднасці становіцца вядучым крытэрыем мастацкасці твораў. Адлюстраванне свету поўнасцю губляе абстрактна-умоўны, адцягнена-алегарычны характар, адначасова падымаючыся і над натуралістычнай дэталізацыяй. Яно нярэдка набывае такую ступень жыццёвасці, што аб літаратурных героях гавораць як аб жывых людзях.
Развітым формам рэалізму ўласціва, як правіла, імкненне да непасрэднай дакладнасці адлюстравання, да мастацкага ўзнаўлення жыцця ў формах самога жыцця. Гэта, аднак, не значыць, што названыя прыкметы ёсць усеагульныя і абавязковыя. Для рэалізму з'яўляецца характэрнай якраз вялікая шматстайнасць мастацкіх форм; ён прымае самае разнастайнае аблічча не толькі ў літаратуры розных краін, але часам і ў творчасці аднаго і таго ж пісьменніка. Валодаючы ў цэлым імкненнем да жыццепадобнасці вобразаў і сітуацый, рэалізм нават у самых спелых, развітых формах не адказваецца ад іншых, скажам так, нерэалістычных спосабаў мастацкага выражэння - міфа, сімвала, гратэску, алегорыі, якія, аднак, падначалены рэалістычным прынцыпам творчасці, пазнанню душы чалавека, адлюстраванню яе шматстайных сувязей з грамадствам.
Рэалістычная тыпізацыя вызначаецца падрабязнымі і дакладнымі апісаннямі асоб з абавязковай псіхалагічнай матывіроўкай іх дзеянняў і ўчынкаў, абмалёўкай прадметнага свету, адлюстраваннем канкрэтнага і рэальнага месца дзеяння, апісаннем гістарычных і часавых рэалій, дакладным узнаўленнем асаблівасцей побыту, нораваў і мовы жыхароў пэўнай мясцовасці, прадстаўнікоў таго альбо іншага сацыяльнага асяроддзя. Усё гэта садзейнічае стварэнню жывога вобраза рэальнасці, параджаючы адчуванне «раўназначнасці» паміж адлюстраваным у творы і рэчаіснасцю. Для развітых форм рэалізму з'яўляецца паказальнай злітнасць агульнага, тыповага і індывідуальнага, непаўторна-асабовага: жыццёвая сіла і пераканальнасць рэалістычнага характару знаходзяцца ў прамой залежнасці ад ступені індывідуалізацыі, дасягнутай мастаком.
У апошнія дзесяцігоддзі XIX ст. лёс рэалізму вызначаецца складаным узаемадзеяннем супрацьлеглых грамадскіх і культурных тэндэнцый. Мастацкае засваенне свету ў літаратуры рэалізму распаўсюджваецца на ўсё новыя і новыя сферы грамадскага і асабістага жыцця. У сусветную літаратуру ўключаюцца новыя нацыянальныя літаратуры, якія ў большасці сваёй менавіта на аснове рэалізму прыходзяць да мастацкіх дасягненняў, атрымаўшых міжнародны рэзананс. Пачаўшыся з рамана і аповесці, развіццё рэалізму распаўсюджваецца на іншыя віды і жанры, а таксама роды літаратуры. Так, напрыклад, адным з буйнейшых наватараў рэалізму ў паэзіі з'явіўся амерыканец У. Уітмэн, які зрабіў здабыткам філасофскі маштабнай лірыкі шырокую сферу паўсядзённай чалавечай практыкі. Класік бельгійскай літаратуры Ш. дэ Кастэр стварыў узор рэалістычнага гістарычнага рамана, які ўключаў у сябе яшчэ і нацыянальна-легендарны гераічны элемент. П'есы Г. Ібсана, адлюстраваўшы своеасаблівасць нарвежскага жыццёвага ўкладу, разам з тым востра і трывожна паставілі вялікія сацыяльна-маральныя пытанні эпохі. Паспяхова разгортваецца рэалізм у еўрапейскіх славянскіх літаратурах (І. Вазаў, Б. Прус, Я. Нэруда, Б. Нушыч), а таксама ў шэрагу літаратур народаў, што насялялі тагачасную Расію (І. Франко, М. Кацюбінскі, Ф. Багушэвіч, Жэмайтэ, І. Чаўчавадзе і інш). У канцы XIX - пачатку XX стст. рэалістычны накірунак замацоўваецца і ў найбольш развітых літаратурах Усходу - японскай (Ф. Сімэй), індыйскай (Р. Тагор), кітайскай (Лу Сінь). Заўважым, што ў кожнай краіне рэалізм набываў індывідуальна-своеасаблівыя формы.
ХІХ ст. можна ўмоўна імянаваць першым і наогул класічным этапам у развіцці рэалізму.
Другі этап рэалізму ў літаратуры ў межах самастойнага і паўнацэннага накірунку пачынаецца з ХХ ст. Адназначна, што ён больш складаны ў параўнанні з першым, таму што ў гэты перыяд на авансцэну літаратурна-мастацкага жыцця ў Еўропе і наогул у свеце выходзіць мадэрнізм. У выніку судакранання гэтых двух метадаў адбываюцца істотныя змены ў выяўленчай сістэме рэалістычнага мастацтва. «Прынцып імітацыі, узнаўлення, адлюстравання жыцця ў мастацкіх формах, адпаведных самому жыццю, выкарыстоўваецца многімі пісьменнікамі і цяпер, аднак ва ўсё большай меры ён суправаджаецца ці нават выцясняецца міфам і сімвалам, замест канкрэтных вобразаў аўтары ўсё часцей звяртаюцца да абагульнена-сімвалічных, замест падрабязна, дакладна акрэсленых абставін і характараў выкарыстоўваюць умоўна-фантастычныя, алегарычныя, гратэскавыя. Літаратурныя творы ўсё часцей набываюць характар прыпавесці, прытчы. Іншымі становяцца і спосабы сюжэтапабудовы: напластоўваюцца, узаемапранікаюць мінулае, сучаснае і будучае, падзеі лучацца самымі рознымі сродкамі - ад мантажу да нязмушана-асацыятыўнага расповеду. Надзвычай паглыбляецца псіхалагізм рэалістычнага мастацкага слова, пісьменнікі ўключаюць у сферу свайго спасціжэння не толькі свядомасць, але і падсвядомасць чалавека. На другі план адсоўваецца сацыяльна-побытны пачатак, асноўная ж увага скіроўваецца на душэўна-духоўнае, унутрана-асобаснае жыццё персанажа».
Перажывае пэўную трансфармацыю жанравая сістэма. Так, поруч з вялікімі, маштабнымі, манументальнымі літаратурнымі палотнамі, што ахопліваюць значныя адрэзкі часу і ўвасабляюцца ў раманах ці раманах-эпапеях, з'яўляюцца творы невялікія і камерныя. Востра стаіць праблема жанравай дэфініцыі твораў: вельмі часта ў іх прысутнічаюць розныя жанравыя рысы і прыкметы. Наогул жанравая неакрэсленасць - адна з галоўных адзнак рэалістычнай літаратуры ХХ ст.
Істотна пашыраецца тэматычны дыяпазон рэалістычнай літаратуры, хоць раней, заўважым, ён таксама быў не бедным. Інтэнсіўна распрацоўваюцца гістарычны, навукова-фантастычны, сацыяльна-псіхалагічны, палітычны, філасофскі (інтэлектуальны) пласты мастацкай праблематыкі. Зараджаецца такі цікавы і своеасаблівы жанр, як антыутопія.
Атрад пісьменнікаў-рэалістаў ХХ ст. даволі вялікі і прадстаўнічы. У яго складзе К. Абэ, Ч. Айтматаў, А. Барбюс, Г. Бёль, Р. Брэдберы, М. Булгакаў, І. Бунін, В. Быкаў, К. Вонегут, Дж. Галсуорсі, Г. Грын, С. Лем, Т. Ман, Г.-Г. Маркес, Дж. Олдрыдж, Р. Ралан, Э.-М. Рэмарк, А. Салжаніцын, А. дэ Сент-Экзюперы, У. Фолкнер, А. Франс, О. Хакслі, Э. Хэмінгуэй, А. Цвейг, К. Чапек, М. Шолахаў і цэлы шэраг інш. аўтараў, творы якіх стала прапісаліся ў чытацкай аўдыторыі і ўвайшлі ў скарбонку шэдэўраў сусветнага прыгожага пісьменства.
1.5.2 Рэалізм у беларускай літаратуры
Рэалістычныя тэндэнцыі ў беларускай літаратуры ўпершыню далі аб сабе моцна знаць яшчэ ў пачатку XVI ст. у паэме М. Гусоўскага «Песня пра зубра». Затым яны ў той альбо іншай ступені выяўляліся ў палемічнай літаратуры канца XVI - пачатку XVII стст., у беларускіх інтэрмедыях, у «Камедыі» К. Марашэўскага, у бурлескных паэмах «Два д'яблы», «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе». Парэформенная творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча пазначана істотным развіццём і ўзмацненнем рэалістычнага пачатку ў нашай літаратуры.
Першым жа беларускім пісьменнікам, які практычна поўнасцю перайшоў на рэалістычныя пазіцыі ў мастацкім адлюстраванні рэчаіснасці, стаў Ф. Багушэвіч. Творчасць яго, і гэта заканамерна, вызначаецца моцным крытычным пафасам. Такім чынам, Ф. Багушэвіч поўнасцю ішоў у нагу са сваім часам. Мастацкія заваёвы Ф.Багушэвіча ў плане рэалістычнага адлюстравання жыцця пэўным чынам працягнулі і замацавалі Я. Лучына і А. Гурыновіч.
У першыя тры дзесяцігоддзі ХХ ст. рэалізм атрымаў у беларускай літаратуры сваё далейшае развіццё. Заўважым, што ён цесна судакранаецца з рамантызмам і сімвалізмам (творчасць Цёткі, М. Багдановіча, Я. Купалы, М. Гарэцкага, З. Бядулі, М. Чарота, У. Жылкі, М. Зарэцкага і некат. інш. пісьменнікаў), а таксама з натуралістычнымі (творчасць Ядвігіна Ш., Ц. Гартнага і інш.) і дэкадэнцка-мадэрнісцкімі (творчасць Я. Пушчы, Я. Скрыгана, Т. Кляшторнага, А. Бабарэкі, П. Шукайлы, Я. Відука і інш.) павевамі ў нашай літаратуры. Некаторыя, найбольш характэрныя праявы такога ўзаемадачынення і ўзаемадзеяння, і асабліва паміж рэалізмам і неарамантызмам (рамантыкай), назіраюцца ў пасляваеннай беларускай літаратуры, аб чым сведчыць творчасць У. Караткевіча, М. Стральцова і некат. інш. аўтараў.
Пераважная большасць беларускіх даваенных, пасляваенных і сучасных пісьменнікаў (за выключэннем заходнебеларускіх літаратараў, а таксама пісьменнікаў, якія апынуліся ў эміграцыі) павінна была спавядаць аж да канца 1980-х гг. прынцыпы г. зв. «сацыялістычнага рэалізму», прычым у самых што ні на ёсць яго кананічных формах, у выніку чаго наша нацыянальная літаратура сыйшла са свайго ў цэлым нармальнага шляху развіцця і ў выніку вельмі шмат згубіла. Разам з тым некаторыя, найбольш таленавітыя, аўтары, такія, напрыклад, як І. Мележ, А. Макаёнак, В. Быкаў, У. Караткевіч і некат. інш., усё-такі здолелі пэўным чынам узняцца над часам і эпохай і далі нашаму народу і сусветнаму супольніцтву сапраўды рэалістычныя, глыбока праўдзівыя і вартыя ўвагі творы.
1.5.3 Рэалізм і сучаснае літаратуразнаўства. Сацыялістычны рэалізм у святле сённяшніх меркаванняў і поглядаў
Мы разглядзелі рэалізм у самых агульных, канцэптуальна-метадалагічных праявах, а таксама бегла прайшліся па гісторыі станаўлення і развіцця гэтага метаду і напрамку ў сусветнай (у тым ліку і беларускай) літаратуры ў асноўным з традыцыяналісцкіх (хоць і з пэўнай папраўкай на час) пазіцый, выпрацаваных айчынным літаратуразнаўствам у савецкі перыяд. Сёння ж нашымі вучонымі па зразумелых прычынах робяцца спробы ўдакладнення, а то і поўнага перагляду поглядаў на рэалізм.
У перыяд панавання марксісцкай ідэалогіі рэалізм непамерна ўзвышаўся над усімі астатнімі метадамі мастацкага адлюстравння жыцця. Зараз жа назіраецца адваротны працэс. Аднак, на думку В. Халізева, «выганяць з літаратуразнаўства слова «рэалізм», зніжаючы і дыскрэдытуючы яго сэнс, няма ніякіх падстаў. Надзённым з'яўляецца іншае: ачышчэнне дадзенага тэрміна ад прымітыўных і вульгарызатарскіх напластаванняў».
Адной з такіх спроб у рамках, так бы мовіць, умеранага падыходу да рэалізму, хоць і з пэўнай карэкцыяй поглядаў на час, з'яўляецца канцэпцыя прафесара І.Ф. Волкава. Так, вучоны вылучае ў агульным рэчышчы рэалізму сацыяльна-крытычную, псіхалагічна сцвярджаючую, сацыяльна-сцвярджаючую і універсальную плыні.
У сацыяльна-крытычнай плыні асноўным (але, заўважым, не адзіным) складнікам з'яўляецца пафас крытыцызму, адмаўлення існуючых сацыяльных інстытутаў, а таксама людзей, якія іх прадстаўляюць. У дадзеным русле напісана пераважная большасць твораў А. Бальзака, Г. Флабэра, Э. Заля, У. Тэкерэя, М. Гогаля, І. Ганчарова, М. Салтыкова-Шчадрына, Я. Замяціна, А. Платонава.
У псіхалагічна сцвярджаючай плыні, нават пры наяўнасці момантаў крытычнага асэнсавання рэчаіснасці, акцэнт усё-такі робіцца на асабістую самакаштоўнасць чалавека, на мастацкае выяўленне ўнутранага духоўнага багацця асобы, яе памкненняў, магчымасцей, лепшых якасцей характару і г. д. Дадзены накірунак прадстаўляе творчасць Стэндаля, Ч. Дзікенса, Дж. Лондана, Т. Мана, Р. Ралана, А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Някрасава, Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, І. Тургенева, А. Чэхава, А. Салжаніцына.
Прадстаўнікоў універсальнага рэалізму (творчасць В. Астаф'ева, В. Бялова, В. Распуціна, В. Максімава) характарызуе ўвага да пераемнасці і прапаганды праз сродкі мастацтва лепшых нацыянальных і агульначалавечых традыцый, якія павінны зберагчы канкрэтнае грамадства і чалавецтва ў цэлым ад маральнага і экалагічнага разбурэння, знішчэння наогул і вывесці на новы ўзровень развіцця.
І, урэшце, сацыяльна-сцвярджаючы рэалізм. Як зазначае І. Волкаў, «пад гэтым тэрміналагічным абазначэннем маецца на ўвазе творчасць такіх пісьменнікаў, як М. Горкі, У. Маякоўскі, А. Вясёлы, М. Шолахаў, А. Твардоўскі, Л. Арагон, І. Бехер, Б. Бехер. Звычайна ў савецкім літаратуразнаўстве такая літаратура называлася «сацыялістычным рэалізмам». Як вядома, дадзены тэрмін у канцы 1980-х - пачатку 1990-х гг. падпаў пад рэзкую крытыку за тое, што побач з адносна неблагімі, а то і высокамастацкімі палотнамі аб'ядноўваў у сабе шмат твораў нарматыўных, схематычных, парадна-культавых, лакіровачных, пажаданых і патрэбных адміністратыўна-каманднаму партыйнаму і дзяржаўнаму кіраўніцтву. Таму з мэтай аддзялення пазітыўнага значэння паняцця «сацыялістычны рэалізм» ад негатыўнага І. Волкаў прапаноўвае надаць «новае рабочае тэрміналагічнае абазначэнне літаратуры, якая сапраўды з'явілася ў ХХ стагоддзі істотна новай разнавіднасцю рэалістычнай літаратуры. Сутнасць навізны, - на думку вучонага, - заключаецца ў спалучэнні суб'ектыўных імкненняў асобы да самасцвярджэння з рэальнай аб'ектыўна-гістарычнай магчымасцю, самасцвярджэння асобы ў інтарэсах грамадства ці, у больш вузкім, але больш канкрэтным сэнсе, у мастацкай актуалізацыі і абсалютызацыі стваральна-творчых магчымасцей чалавека. На такой мастацка-творчай аснове, - працягвае І Волкаў, - гэтая літаратура адрадзіла ў сусветнай літаратуры народны гераічны эпас (напрыклад, «Расія, крывёю ўмытая» А. Вясёлага, «Жалезны паток» А. Серафімовіча), па-новаму мастацкі асвоіла складанейшыя драматычныя і трагічныя сітуацыі (з асаблівай сілай у «Ціхім Доне» М. Шолахава), стварыла новую разнавіднасць рэалістычнай сатыры (напрыклад, «Лазня» і «Клоп» У. Маякоўскага, «Цёркін на тым свеце» А. Твардоўскага)».
Слушнае зерне ў канцэпцыі І. Волкава, а таксама ў яго меркаваннях наконт сацыялістычнага рэалізму, безумоўна, ёсць. Адмаўленне, несумненна, патрэбнае дзеля таго, каб аб'ектыўна разабрацца ў сітуацыі з сацыялістычным рэалізмам, не павінна ператварацца ў суцэльнае закрэсліванне напрацаванага нашымі пісьменікамі (а ўслед за імі і вучонымі-літаратуразнаўцамі) на працягу многіх дзесяцігоддзяў.
1.6 Натуралізм
Слова «натуралізм» па паходжанню французскае (naturalisme), аднак сваімі карэннямі ідзе ў познелацінскую эпоху (natura) і ў літаральным перакладзе абазначае тое, што зараз імянуецца «прыродай».
Натуралізмам называецца літаратурна-мастацкі метад, стыль і накірунак, які характарызуецца ўсвядомленай устаноўкай на бесстаронні аб'ектывізм у паказе прыроднай і сацыяльнай рэчаіснасці, схільнасцю да ўзнаўлення вонкавых з'яў жыцця без іх мастацкага абагульнення, пранікнення ў іх духоўную сутнасць. Натуралісты імкнуліся да такога адлюстравання рэальнасці і чалавечых характараў, пры якім асаблівая ўвага надавалася быту і фізіялогіі, якія, згодна з меркаваннямі прыхільнікаў дадзенага метаду, надзвычай моцна абумоўлівалі паводзіны і духоўны свет персанажаў.
Натуралізм у якасці адносна цэласнага літаратурна-мастацкага метаду і стылю (аднак, заўважым, усё-такі ў агульным рэалістычным рэчышчы) поўнасцю аформіўся ў самастойны літаратурны накірунак у развітых літаратурах Еўропы і ў літаратуры ЗША к апошняй трэці ХІХ ст. Але асобныя яго спарадычныя і фрагментарныя праявы давалі аб сабе знаць і да гэтага часу (як прыклад - познярымскае выяўленчае мастацтва, літаратура барока), а таксама пасля таго, як натуралізм пакінуў літаратурную авансцэну. Натуралізмам даволі часта ў дачыненні да сучаснага мастацтва называецца антысацыяльны, чыста біялагічны падыход да чалавека, а таксама скурпулёзнае, «пратакольнае» апісанне жыццёвых з'яў без іх крытычнага адбору, сацыяльна-філасофскага асэнсавання, мастацкага абагульнення і ацэнкі.
Зарадзіўся натуралізм і праграмна аформіўся ў французскай літаратуры, а затым ужо пачаў паступова распаўсюджвацца, прычым з рознай ступенню актыўнасці, па Еўропе, а таксама ў ЗША. Велізарную ролю ў яго ўзнікненні і фарміраванні адыгралі поспехі прыродазнаўчых навук, перш за ўсё фізіялогіі, якая супрацьпаставіла эксперымент «ненавуковым» (тэрмін тагачасных фізіёлагаў) метадам пазнання. Філасофскай асновай натуралізму стаў пазітывізм А. Конта, а эстэтычнай - тэорыі І. Тэна, увасобленыя ў яго пяцітомнай «Гісторыі англійскай літаратуры» і тэарэтычнай працы «Філасофія мастацтва». Літаратурнымі папярэднікамі натуралізму можна лічыць французскіх пісьменнікаў Шанфлёры, Л. Дзюранці, Г. Флабэра, братоў Э. і Ж. Ганкураў. Тэорыю натуралізму ў дачыненні да літаратуры распрацаваў і небеспаспяхова паспрабаваў прымяніць яе ва ўласнай творчасці Э. Заля. У свой час даволі значны рэзананс атрымалі зборнікі тэарэтыка-крытычных артыкулаў Э. Заля «Эксперыментальны раман» (1880), «Раманісты-натуралісты» (1881), «Нашыя драматургі» (1881) і інш., у якіх абгрунтоўваўся новы літаратурна-мастацкі метад. Вакол Э. Заля ў сярэдзіне 1870-х гг. склалася цэлая натуралістычная пісьменніцкая школа, якую прадстаўлялі Г. дэ Мапасан, Ж. Гюісманс, А. Сеар, П. Алексіс, А. Дадэ і інш. Дадзеная школа праіснавала да канца 1880-х гг., а затым распалася. З гэтага часу натуралізм губляе тэарэтычную дакладнасць і захоўваецца ў якасці агульнай назвы розных, але адзіных па паходжанню літаратурных з'яў. У творчасці шэрагу пісьменнікаў-натуралістаў узмацняюцца рысы імпрэсіянізму альбо ўзнікае імкненне да сімвалізму; творчасць некаторых эвалюцыянуе ў бок дэкадэнцтва.
Натуралісты ставілі перад сабой задачу - вывучаць грамадства з той жа паўнатой, з якой прыродазнаўца даследуе прыроду. Мастацкае пазнанне яны прыраўноўвалі да навуковага. Мастацкі твор разглядаўся натуралістамі «як чалавечы дакумент», а асноўным эстэтычным крытэрыем лічылася паўната ажыццёўленага ў ім пазнаваўчага акта. Пераважны інтарэс да побыту, да фізіялагічных асноў псіхікі, недавер да ўсякага роду ідэй абмяжоўвалі мастацкія магчымасці натуралістычнай літаратуры. Аднак пранікненне жыццёвай праўды ў натуралістычныя творы ў яе скандэнсаваным, абагуленым выглядзе часам зводзіла да нуля тэарэтычныя пабудовы іх аўтараў і абумовіла глыбокае мастацкае ўздзеянне лепшых твораў натуралістычнай літаратуры на сучаснікаў.
Для большасці пісьменнікаў-натуралістаў былі характэрнымі ўяўленні аб прадвызначанасці лёсу чалавека яго фізіялагічнай прыродай, а таксама асяроддзем, у якім канкрэтны індывід вырас і сфарміраваўся. І толькі асобныя пісьменнікі (як, напрыклад, Заля) здолелі вырвацца з палону фаталізму.
Натуралісты не прымалі маралізавання ў мастацкай творчасці, бо лічылі, што адлюстраваная з навуковай дакладнасцю рэчаіснасць сама па сабе з'яўляецца дастаткова выразнай. Яны сцвярджалі, што літаратура, як і навука, не мае права выбару матэрыялу, што для пісьменніка няма непрыдатных сюжэтаў альбо недастойных тэм - адсюль пашырэнне тэматыкі натуралістычнай літаратуры, цікавасць да «простых» з'яў жыцця («Жэрміні Ласертэ» братоў Э. і Ж. Ганкураў, «Пастка» Э. Заля). Аднак падначаленасць матэрыялу, імкненне запісваць «пад дыктоўку жыцця» даволі часта прыводзілі да бессюжэтнасці («Цудоўны дзень» Сеара, «Услед за плынню» Гюісманса), а бясстрастнасць - да грамадскай індэферэнтнасці.
У 60-80-я гг. ХІХ ст. натуралізм пры ўсіх яго слабых месцах і недахопах адыграў пэўную станоўчую ролю ў развіцці літаратуры: засвойваў новыя тэмы, падымаў новыя пласты рэчаіснасці, паказваў жыццё людзей малазабяспечаных і прыгнечаных, вывучаў узаемадзеянне асобы і натоўпу, ролю падсвядомага ў чалавечай псіхіцы. Натуралізм увёў у літаратуру новыя прыёмы і сродкі мастацкага адлюстравання жыцця. Змагаючыся з ілжывым афіцыйным аптымізмам, з мяшчанскай ідэалогіяй і мараллю, праяўляючы шырокі дэмакратызм і выкрывальны пафас, натуралізм садзейнічаў прагрэсу грамадскай думкі і мастацкага бачання свету.
У іншых краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі ў апошняй трэці ХІХ - пачатку ХХ стст. натуралізмам сталі называць падобныя да яго з'явы, якія ўзніклі ў асноўным на глебе ўласных мастацкіх запатрабаванняў, але, як правіла, не без пэўнага французскага ўплыву.
Так, у Германіі своеасаблівым пралогам натуралізму была крытычная дзейнасць братоў Г. і Ю. Харт, а яго мастацкім увасабленнем - творчасць А. Хольца і Г. Гауптмана. Менавіта нямецкія пісьменнікі-натуралісты стварылі г. зв. секундны стыль, што меў на ўвазе не толькі капіраванне пэўнага жыццёвага факта ў цэлым, але і педантычную фіксацыю самых дробных яго элементаў. І яшчэ адна з асаблівасцей нямецкага натуралізму: калі ў іншых нацыянальных літаратурах ён выявіўся ў першую чаргу ў прозе і драматургіі, дык тут дадзены метад надзвычай моцна заявіў аб сабе ў лірыцы. У Англіі натуралізм паўплываў на творчасць Дж. Мура і Дж. Гісінга. У ЗША дадзены мастацкі метад атрымаў вострую сацыяльную афарбоўку ў С. Крэйна, Ф. Норыса, Х. Гарленда. У Італіі аналагічным натуралізму рухам стаў верызм (італ. verismo, ад. vero - праўдзівы), які прадстаўлялі Дж. Вергі, Л. Капуана і інш. У Іспаніі барацьба з французскім літаратурным уплывам ішла побач з умацаваннем натуралістычных прынцыпаў у творчасці Э.П. Басан і А.П. Вальдэса. У Бельгіі прадстаўніком натуралізму стаў К. Леманье. Пэўны ўплыў натуралізм аказаў таксама на творчасць А. Стрынберга, Г. Ібсана і К. Гамсуна.
Некаторыя элементы паэтыкі натуралістаў знайшлі працяг у імпрэсіянізме, шэрагу мадэрнісцкіх плыней (у сюррэалізме, «плыні свядомасці», тэатры абсурду і інш.), а таксама ў творчай практыцы пісьменнікаў-рэалістаў ХХ ст.
У Расіі ўплыў натуралізму даволі моцна адчуваецца ў творчасці Дз. Маміна-Сібірака і П. Бабарыкіна. Рускую ж натуральную школу нельга атаясамліваць з натуралізмам, бо яна, па-першае, узнікла амаль што на два дзесяткі гадоў раней таго часу, калі натуралізм заявіў аб сабе ў Еўропе, а, па-другое, была формай станаўлення крытычнага рэалізму.
У беларускай мастацкай культуры натуралізм у сувязі з тым, што перад беларускімі мастакамі ў тыя часы стаялі іншыя, адраджэнцка-асветніцкія задачы, не аформіўся ў самастойны накірунак з уласнай эстэтычнай праграмай. Разам з тым па аналогіі з натуралізмам могуць ацэньвацца асобныя недахопы (празмерная блізкасць вобразнай сістэмы да эмпірычных форм быцця, залішні этнаграфізм, абмежаванае бытапісанне) ранняй беларускай паэзіі, прозы, драматургіі, пачатковыя стадыі тэатральнага і выяўленчага мастацтва. Усё гэта было абумоўлена цяжкасцямі станаўлення мастацкага прафесіяналізму пры практычна поўнай адсутнасці нацыянальных традыцый. Іншая ж прырода натуралістычных тэндэнцый у літаратуры 1930-х - першай паловы 1950-х гг.: яны з'явіліся пад уплывам нарматыўнай вульгарна-сацыялагічнай крытыкі і дагматычнай філасофіі.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Гуляев Н.А. Литературные направления и методы в русской и зарубежной литературе ХVІІ-ХІХ веков. Книга для учителя.- М., 1983.
2. Лихачёв Д.С. Развитие русской литературы ХХVІІ веков: Эпохи и стили.- Л., 1973.
3. Мальдзіс А.І. Барока ў літаратуры // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.- Мн., 1984.- Т. 1.
4. Морозов А. Судьбы русского классицизма // Русская литература.- 1974.- №1.
5. Манн Ю.В. Романтизм в России // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.- М., 1987.
6. Барысенка В.В. Францішак Багушэвіч і праблемы рэалізму ў беларускай літаратуры ХІХ ст.- Мн., 1957.
7. Морозов А.А. Барокко // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.- М., 1987.
8. Основы литературоведения / Под. ред. В.П. Мещерякова.- М., 2000.
9. Рагойша В. Літаратурны працэс; Метад літаратурны // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапаможнік.- Мн., 2001.
10. Бахмутский В.Я. Классицизм // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.- М., 1987.
11. Виппер Ю.Б. Формирование классицизма во французской поэзии начала ХVІІ в.- М., 1967.
12. Кочеткова Н.Д. Литература русского сентиментализма: Эстетические и художественные искания.- СПб, 1994.
13. Тураев С. Сентиментализм // Словарь литературоведческих терминов / Редакторы-составители Л.И. Тимофеев и С.В. Тураев.- М., 1974.
14. Гуревич А.М. Романтизм // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.- М., 1987.
15. Конан У.М., Мальдзіс А.І. Класіцызм у літаратуры // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.- Мн., 1986.- Т. 3.
16. Русская литература ХVІІІ в. Эпоха классицизма. Сб-к ст.- М.Л., 1964.
17. Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Классицизм // Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Новейший литературоведческий словарь-справочник для ученика и учителя.- Мозырь, 2003.
Размещено на Allbest.ru
Подобные документы
Паняцце літаратуры. Генезіс і эвалюцыя мастацкай славеснасці і поглядаў на яе. Мастацкія магчымасці слова. "Нярэчыўнасць" вобразаў у літаратуры. Слоўная пластыка. Месца і роля літаратуры ў агульнай мастацкай сям’і і ў сучасным тэхнізаваным свеце.
реферат [30,6 K], добавлен 25.02.2011
Творчасць Якуба Коласа як класіка беларускай літаратуры. Разумення самой беларускай літаратуры як з’явы сусветнай культуры. Фанетычныя, лексіка-семантычныя, фразеалагічныя, словаўтваральныя сродкі выражэння суб’ектыўнай ацэнкі ў прозе Якуба Коласа.
дипломная работа [96,7 K], добавлен 17.06.2012
Парабалічная плынь у сучаснай беларускай літаратуры. Пашырэнне прытчавасці ў сучаснай літаратуры. Размежаванне парабалы і прытчы. Талент, паэзія і творчасць Алеся Разанава ў кантэксце сучасных мастацкіх канцэпцый. Сусветная місія беларускай літаратуры.
реферат [33,4 K], добавлен 23.03.2011
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры ў эпоху Асветніцтва. Лепшыя паэтычныя і драматычныя творы другой паловы XVIII ст. Тэматычна бурлескная паэзія эпохі Асветніцтва. Развіццё школьнай драматургіі.
реферат [36,9 K], добавлен 24.02.2011
М. Багдановіч – прадстаўнік паэзіі "чыстай красы", тонкіх і інтымных чалавечых пачуццяў, перажыванняў і адчуванняў. Творчасць Максіма Гарэцкага і наватарскія тэндэнцыі ў літаратуры. Творчасць Быкава ў кантэксце твораў сусветнай літаратуры пра вайну.
реферат [65,7 K], добавлен 23.03.2011
Вызначэнне месца сатыры і гумару ў сістэме родаў, відаў і жанраў літаратуры. Дыферэнцыяцыя поглядаў даследчыкаў на сатырычны род. Пародыя, эпіграма, працэс станаўлення і развіцця жанру пародыі ў беларускай літаратуры ХХ ст. Парадыйная спадчына Г. Юрчанкі.
курсовая работа [49,0 K], добавлен 05.03.2010
Аналіз літаратурнай пародыі як віду мастацтва. Месца сатыры і гумару ў сістэме родаў, відаў і жанраў літаратуры. Аналіз літаратуразнаўчых крыніц, прысвечаных пародыям і эпіграмы ў беларускай літаратуры. Эвалюцыя іх у творчасці сучасных пісьменнікаў.
дипломная работа [101,3 K], добавлен 26.06.2013
Роля паэзіі ў агульнай сістэме мастацкай літаратуры часоў Вялікай Айчыннай вайны. Кантраснае спалучэнне ў творах любові і нянавісці, традыцыйных вобразаў-сімвалаў і лірычна-песенных інтанацый. Значэнне сатырычнай камедыі ў беларускай літаратуры.
курсовая работа [65,2 K], добавлен 23.02.2011
Вывучэнне біяграфіі Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч (Цёткі) - пачынальнікаў навейшай беларускай літаратуры. Псеўданімы, якімі яна карысталася ў сваёй творчасці. Літаратурная спадчына Цёткі (паэзія, проза, публіцыстыка), яе значэнне ў беларускай літаратуры.
реферат [39,3 K], добавлен 26.03.2013
Літаратурная творчасць Янка Маўр. Напісання прыгодніцкага рамана "Амок", першага ў беларускай літаратуры. Ідэйна-эстэтычнае рэчышча маўраўскай прозы. Эвалюцыя жанру прыгодніцкай аповесці, мастацкая навізна. Пасляваенны перыяд у творчасцs пісьменніка.
реферат [31,1 K], добавлен 24.02.2011