Вынікі і ўрокі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войн

Бессмяротны подзвіг і гістарычны ўклад беларускага народа ў перамогу над фашызмам. Сусветна-гістарычнае значэнне яке мае разгром фашысцкай Германіі, а затым мілітарысцкай Японіі ў Другой сусветнай вайне 1939-1945 гг. Вынікі і ўрокі Вялікай Айчыннай вайны.

Рубрика История и исторические личности
Вид контрольная работа
Язык белорусский
Дата добавления 08.10.2012
Размер файла 40,9 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Установа адукацыі

«БЕЛАРУСКІ ДЖЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ ІНФАРМАТЫКІ І РАДЫЁЭЛЕКТРОНІКІ»

Інстытут інфармацыйных тэхналогій

КАНТРОЛЬНАЯ РАБОТА

Дысцыпліна:

«ВЯЛІКАЯ АЙЧЫННАЯ ВАЙНА САВЕЦКАГА НАРОДА

(у кантэксце Другой сусветнай вайны)»

Тэма 15. Вынікі і ўрокі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войн

Мінск, 2012

План

Уводзіны

Бессмяротны подзвіг і гістарычны ўклад беларускага народа ў перамогу над фашызмам

Крыніцы перамогі

Вынікі і ўрокі Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны

Заключэнне

Уводзіны

Годы ваеннага ліхалецця, жорсткая, страшная і гераічная барацьба з германскім фашызмам адыходзяць усё далей, у глыб гісторыі. Але іх значнасць, як для нашай краiны так і для ўсяго свету, павінна застацца ў памяці людзей назаўсёды, бо дваццаць першае стагоддзе не прынесла чалавецтву збаўлення ад войнаў, а, на жаль, наадварот.

Вядомае выслоўе гаворыць: «Хто не памятае свайго мінулага, асуджаны на яго паўтор». Ці можа беларускі народ не захоўваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну? Не, не можа.

Дзве даты назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю нашай дзяржавы - 22 чэрвеня 1941года і 9 мая 1945 года. Іх раз'ядноўвае 1418 дзён і начэй, абпаленых разлютаваным полымем бязлітаснай, разбуральнай і кровапралітнай вайны. А аб'ядноўвае гераічная барацьба народаў былога Савецкага Саюза з фашысцкай Германіяй і яе саюзнікамі. Чатыры доўгія гады вайны - гэта небывалая дагэтуль бітва паміж дабром і злом, бяспрыкладная барацьба за свабоду i незалежнасць нашай краiны, за лёс усяго свету.

У Другую сусветную вайну было ўцягнута 61 дзяржава, больш за 80% насельніцтва зямнога шара... Жудасна нават уявіць сабе, якім бы стала жыццё на нашай планеце, калі б фашысцкім агрэсарам не перагарадзілі шлях народы Савецкага Саюза і іншых дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі.

Разгром фашысцкай Германіі, а затым мілітарысцкай Японіі ў Другой сусветнай вайне 1939-1945 гг. мае сусветна-гістарычнае значэнне. Вялікая перамога над дзяржавамі агрэсіўнага блока была атрымана ў імя міру і жыцця на Зямлі. Яна аказала велізарнае ўздзеянне на ўвесь ход сусветнага развіцця ўжо тым, што аб'ектыўна з'явілася гістарычным прысудам фашызму і мілітарызму, пераканаўчым пацвярджэннем важнасці аб'яднання самых розных палітычных, сацыяльных, ідэалагічных сіл супраць ваеннай пагрозы, усякага роду рэваншызму, фашызму і неафашызму.

Бессмяротны подзвіг і гістарычны ўклад беларускага народа ў перамогу над фашызмам

Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 г. Фашысцкія войскі імкліва захоплівалі тэрыторыю Польшчы. Паўстала пагроза зняволення Заходняй Беларусі, якая трапіла пад уладу Польшчы па Рыжскаму дагавору 1921 г. (4 млн. жыхароў). 17 верасня 1939 г. па распараджэнні савецкага ўрада войскі Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую граніцу і ўзялі пад абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Беларусі. Яшчэ да прыходу Чырвонай Арміі ў шэрагу гарадоў і паветаў Заходняй Беларусі людзі раззбройвалі паліцыю і асаднікаў, стваралі рэвалюцыйныя камітэты. Да 25 верасня 1939 г. Чырвоная Армія цалкам вызваліла Заходнюю Беларусь. Нямецкім войскам давялося адысці на ўзгодненую на вышэйшым узроўні мяжу, якая і была замацавана адпаведным дагаворам ад 28 верасня 1939 г. паміж СССР і Германіяй. 28 - 30 кастрычніка 1939 г. Народны сход Заходняй Беларусі прыняў Дэкларацыю аб устанаўленні савецкай улады на ўсёй вызваленай тэрыторыі і выказаўся за ўваходжанне ў склад БССР. Так беларусы былі ўцягнуты ў Другую сусветную вайну літаральна з верасня 1939 года.

Састаўной і рашаючай часткай Другой сусветнай вайны была Вялікая Айчынная вайна. Беларусь у ліку першых савецкіх рэспублік была падвергнута ўдарам ворага. Летнім ранкам 22 чэрвеня 1941 года, менавіта беларуская зямля прыняла на сябе жорсткі масіраваны ўдар дзясяткаў тысяч тон варожых авіябомб і артылерыйскіх снарадаў, якія расчышчалі дарогу бранетанкавым дывізіям групы войскаў «Цэнтр» - самай магутнай з трох вайсковых груповак фашыстаў на Усходнім фронце. Масавым бамбардзіроўкам былі падвергнуты чыгуначныя вузлы, гарады Брэст, Гродна, Баранавічы і іншыя.

І з першага дня Вялікай Айчыннай вайны менавіта ў Беларусі, ўпэўненыя ў сваёй беспакаранасці акупанты сустрэлі наймацнейшы адпор. У крайне неспрыяльных умовах, несучы цяжкія страты, савецкія пагранічнікі, чырвонаармейцы аказвалі рашучае, самаахвярнае супраціўленне. Гераічна трымаўся гарнізон Брэсцкай крэпасці. Узначальвалі яго маёр П.М. Гаўрылаў і палкавы камісар Я.М. Фамін. Абаронцы крэпасці не здаваліся, пастаянна контратакавалі праціўніка, наносілі яму страты.

Свет ведае аб стойкасці абаронцаў Брэсцкай крэпасці, якія без ежы, вады, медыкаментаў, з мінімумам баепрыпасаў, параненыя працягвалі аказваць фашыстам адчаяннае супраціўленне і тады, калі крэпасць засталася глыбока ў тыле ворага. Апошнія групы змагаліся да канца ліпеня 1941 г.

Нават праціўнік напоўніўся павагай да стойкасці і мужнасці савецкіх салдат і афіцэраў. Ва ўспамінах нямецкага гісторыка Паўля Карэля, які быў афіцэрам у штабе Блюментрыта, падзеі абароны Брэсцкай крэпасці пададзены празмерна натуралістычна: «Увесь фронт над Бугам, наколькі можна было ахапіць вокам, палаў і скаланаўся ад выбухаў. Усё знішчаецца артналётам і бамбардзіроўкай. Кананада падняла на ногі гарнізон Брэсцкай крэпасці. Батальёны двух палкоў нашай дывізіі рынуліся ў атаку, але ўварвацца ўнутр крэпасці не змаглі -- абаронцы яе стаялі насмерць; агонь стралкоў і кулямётчыкаў не даваў падняцца. У другой палове дня на дапамогу штурмавікам кінулі рэзервовы полк дывізіі. Марна! Потым на падмогу быў кінуты дывізіён штурмавых гармат. «Самаходкі» ва ўпор расстрэльвалі пазіцыі рускіх. Безвынікова! К вечару страты склалі 21 афіцэр і 230 унтэр-афіцэраў і салдат. Не дабіўшыся поспеху, штурмавыя роты былі адведзены на зыходныя пазіцыі. Толькі пасля гэтага прымянілі авіяцыю і артылерыю. Крэпасць стаяла! 29 чэрвеня фельдмаршал авіяцыі Кесельрынг загадаў бамбіць і бамбіць. Але бомбы ў 500 кілаграмаў не дапамаглі. Сталі кідаць вагой у 1800 кілаграмаў. Сцены абрушваліся, цэгла плавілася, але абаронцы стаялі. Ніводзін не здаўся ў палон! 30 чэрвеня. Нашы страты: 40 афіцэраў і 482 унтэр-афіцэры і салдаты, больш як тысяча параненых, шмат з якіх неўзабаве памерлі. Барацьба працягвалася, пазіцыі рускіх, будынкі казарм давялося крок за крокам падрываць па частках. А яшчэ напярэдадні нападу нікому ў галаву не магло прыйсці, колькі нашай крыві пральецца тут, ля старой крэпасці». * Пауль Карэль “Усходні фронт” .

Знаходзячыся ў поўнай блакадзе, пры недахопе боепрыпасаў, харчу, вады і медыкаментаў, акружаныя пераўзыходзячымі сіламі ворага, упэўненага ў непераможнасці германскага вермахта, які забяспечыў «еўрапейскі бліцкрыг», абаронцы Брэсцкай крэпасці, не задумваючыся, зрабілі выбар, што выявіўся ў выкананні свайго воінскага абавязку, у беззаветнай адданасці Радзіме. Гераічнае, самаадданае супраціўленне падраздзяленняў 6-й і 42-й стралковых дывізій, 17-га пагранатрада і 132-га канвойнага батальёна войскаў НКУС было зламана толькі пасля смерці ўсіх байцоў, якія да апошняга патрона аказвалі супраціўленне.

Каля Гродна, застава колькасцю ў некалькі дзясяткаў чалавек на чале з лейтэнантам Вусавым на працягу 10 гадзін адбівала атакі батальёна гітлераўцаў. У жывых не засталося ні аднаго байца.

Той жа страшэннай раніцай, 22 чэрвеня, беларус лейтэнант П.Рабцаў ажыццявіў першы ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны таран варожага самалёта над Брэстам, а старэйшы палітрук А.Данілаў - у раёне горада Гродна. Нягледзячы на велізарныя - да трох чвэрцяў - страты ў авіяцыі, пабітай яшчэ на аэрадромах, лётчыкі паднімалі ўцалелыя самалёты ў паветра і практычна без падтрымкі атакавалі ворага. У першы дзень вайны над Беларуссю было збіта больш ста нямецкіх самалётаў. Шырока вядомы подзвіг капітана Мікалая Гастэлы і яго экіпажа, накіраваўшага 26 чэрвеня 1941 года, недалёка ад горада Радашковічы, свой падпалены самалёт на варожую калону танкаў і аўтацыстэрн.

Такіх прыкладаў можна прывесці шмат. Так было на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Магілёў стрымліваў націск танкавай групы Гудэрыяна на дняпроўскіх рубяжах 23 дні - даўжэй, чым некаторыя еўрапейскія дзяржавы. Больш месяца мужна стаяў Гомель. Гераічныя баi ішлі за Мінск і іншыя беларускія гарады і паселкі. (Для параўнання - толькі 16 дзён супраціўляўся народ Польшчы, за 42 дні была акупіравана Францыя).

Нягледзячы на ўпартае супраціўленне, за тыдзень фашысты прайшлі на ўсход на 400 км. 28 чэрвеня занялі Мінск, да канца жніўня акупіравалі ўсю Беларусь.

На захад ад сталіцы ў гіганцкім “мяху” апынуліся асноўныя сілы Беларускай ваеннай акругі. Звыш 300 тысяч вайскоўцаў трапіла ў палон, каля 400 тысяч загінула. Немцы захапілі больш за 60 велізарных вайсковых складоў.

Пакінем у баку пытанне аб тым, чаму Чырвоная Армія, нягледзячы на велізарную падрыхтоўку Савецкага Саюза да вайны, у першыя дні пацярпела катастрофу. Факт, што Беларусь надоўга апынулася пад нацысцкай акупацыяй.

На ўсіх этапах Вялікай Айчыннай вайны беларускі народ, разам з усімі народамі адзінай краіны - Савецкага Саюза - уносіў свой уклад у перамогу над фашызмам. Вялікая Айчынная Вайна была ўсенароднай. Ужо ў першыя 8 дзён у Савецкія Узброеныя сілы ўлілося больш за 5 млн. чалавек. З іх толькі за ліпень - жнівень 1941 г. - паўмільёна мужчын Беларусі, здольных насіць зброю, а ўсяго на франтах Вялікай Айчыннай вайны ваявалі 1млн 300тыс. беларусаў і выхадцаў рэспублікі. Яны ўдзельнічалі ў бітвах пад Брэстам, Масквой, Сталінградам, на Курскай дузе, у вызваленні Каўказа, Украіны, Прыбалтыйскіх рэспублік, а таксама ў вызваленні ад фашызму народаў Еўропы і Азіі. У складзе ваенна-паветраных сіл з ворагам змагаліся 5305, у бранятанкавых і механізаваных часцях -2490 афіцэраў з Беларусі. Як і ўсе народы СССР яны мужна змагаліся на ўсіх франтах, ва ўсіх родах войск, удзельнічалі ва ўсіх буйнейшых аперацыях Вялікай Айчыннай і Другой Сусветнай вайнаў. Бессмяротнай славай пакрылі сябе не толькі абаронцы Брэсцкай крэпасці, Магілёва, Гомеля. Сярод абаронцаў Ленінграда вызначыўся снайпер Ф. Смалячкоў. У бітве пад Масквой праславіліся камандзір гвардзейскай дывізіі А. Люзікаў і камандзір кавалерыйскага корпуса генерал Л. Даватар. Здзейсніў першы начны паветраны таран лётчык А. Катрыч. З. Тусналобава вынесла з поля бою 128 цяжкапараненых байцоў і сама засталася інвалідам.

За самаадданую абарону Сталінграда званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена нашым землякам - лётчыку І. Сяржантаву, радыстцы В. Стэмпкоўскай, мінамётчыку Н. Жолудзеву, камандзіру дывізіі А. Пастрэвічу і інш. Неўміручы подзвіг на Курскай дузе здзейсніў лётчык-знішчальнік

А. Гаравец, які ў адным баі цаной уласнага жыцця збіў 9 варожых бамбардзіроўшчыкаў. Сотні тысяч беларусаў бралі ўдзел у фарсіраванні Дняпра. Асобныя з іх - кулямётчык Дз. Жмуроўскі, связісты М. Піліпенка

І. Карасёў і інш. заслужылі званне Героя Савецкага Саюза. Бессмяротнай славай пакрыў сябе радавы Ю. Смірноў пад час вызвалення Беларусі, які трапіў у палон, але не выдаў планаў камандавання і загінуў. Вядомы імёны 14 беларусаў, якія паўтарылі подзвіг А. Матросава, грудзьмі закрылі амбразуры варожых агнявых кропак. Пры штурме Берліна праславіліся камандзір палка А. Жук, камандзір роты Дз. Пенязькоў, танкіст А. Філімонаў, лётчык П. Галавачоў. Сімвалічным з'яўляецца факт, што ў ліку тых, хто ўсталяваў сцяг Перамогі над рэйхстагам, быў былы партызан М. Ягораў. З 11 693 воінаў, якія атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, 466 былі беларусамі або выхадцамі з Беларусі. Чацвярым з іх - лётчыку П. Галавачову і танкістам І. Гусакоўскаму, С. Шутаву, І. Якубоўскаму - гэта званне было прысвоена двойчы. 67 нашых суайчыннікаў сталі кавалерамі ордэна Славы трох ступеняў. Ратны ўклад 400 тыс. воінаў-беларусаў быў ацэнены баявымі ордэнамі і медалямі.

Добра вядомы масавы партызанскі і падпольны рух на Беларусі.

Партызанскія атрады і групы ствараліся на базе народнага апалчэння, знішчальных батальёнаў, з камандзіраў і байцоў Чырвонай Арміі, якія апынуліся ў тыле ворага. Партызанскі рух быў усенародным, дзейнічалі 1255 партызанскіх атрадаў, 213 брыгад, больш 370 тысяч чалавек. Кіраўніцтва ажыццяўляў Беларускі штаб партызанскага руху. У маі 1942 г. ЦК КП(б)Б зацвердзіў тэкст "Партызанскай прысягі". У савецкім тыле дзейнічала спецыяльная школа ("Асобы беларускі збор") для падрыхтоўкі партызан і падпольшчыкаў. Партызаны трымалі акупантаў у страху і напружанасці, разладжвалі тыл гітлераўскай арміі, знішчалі варожыя гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі, выдавалі і распаўсюджвалі падпольныя газеты і лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро. Грандыёзнымі і эфектыўнымі былі тры этапы рэйкавай вайны партызан: першы - з 3 жніўня да сярэдзіны верасня 1943 г.; другі - у другой палове верасня -кастрычніку 1943 г.; трэці - напярэдадні і ў ходзе вызвалення Беларусі. Масавы падрыў чыгунак садзейнічаў дэзарганізацыі перавозак жывой сілы, баявой тэхнікі і боепрыпасаў для гітлераўскай арміі. Партызаны ўстанавілі кантроль за рухам чыгуначнага транспарту не толькі на магістралях Брэст - Гомель, Мінск - Орша, але і іншых, а таксама на многіх шасейных і амаль на ўсіх грунтавых дарогах. Пад час баёў за Беларусь увосень 1943 года партызаны правялі буйнамаштабную дыверсійную аперацыю пад назвай «Канцэрт». У яе выніку прапускная здольнасць беларускіх чыгунак скарацілася амаль удвая, што вылілася ў крызіс матэрыяльнага забеспячэння нямецкага войска і вораг павінен быў перакінуць рэзервовыя часці вайскоўцаў на Усходні фронт. У канцы 1943 г. партызаны кантралявалі ўжо каля 58 % тэрыторыі рэспублікі. Існавала болыш за 20 партызанскіх зон. У іх аднаўляліся органы савецкай улады, якія вырашалі шматлікія гаспадарчыя пытанні, аднаўлялі працу школ, аказанне медыцынскай дапамогі насельніцтву і інш. Улетку 1944 года магутны ўдар па фашыстах быў нанесены партызанамі на ўсёй тэрыторыі акупаванай Беларусі. Рух цягнікоў, якія адыходзілі на захад, па асноўных кірунках былў паралізаваны, эвакуацыя фашыстаў сарваная. Усяго ў гады вайны партызаны пусцілі пад адхон звыш 11 тысяч варожых эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай.

Нараўне з партызанамі больш за 70 тысяч беларускіх падпольшчыкаў-антыфашыстаў у гарадах і пасёлках не давалі ворагу забыць аб тым, што ён знаходзіцца на чужой зямлі . Яны ўладкоўвалі сабатаж на прамысловых прадпрыемствах, забівалі немцаў, хавалі ў сваіх хатах параненых салдат і афіцэраў. Ім абавязаны сваімі жыццямі дзясяткі тысяч чалавек, у тым ліку 10 тысяч смяротнікаў - вязняў мінскага гета, якіх падпольшчыкі змаглі вывесці за тэрыторыю горада да партызанаў. Мінскае падполле налічвала больш за 9 тысяч чалавек. За перыяд акупацыі ім было праведзена каля паўтары тысяч дыверсій, з якіх самай вядомай стала аперацыя па ліквідацыі аднаго з паплечнікаў Гітлера, які праводзіў чалавеканенавісніцкую палітыку нацызму, гаўляйтара Вільгельма Кубэ.

У Віцебску ў 1941-1942 гадах налічвалася звыш пяці дзясяткаў падпольных аб'яднанняў. Антыфашысты білі ворага ў беларускіх гарадах - Барысаве, Жлобіне, Мазыры, Калінкавічах і іншых. Далёка за межы Беларусі выйшла слава аб групе пад кіраўніцтвам К. Заслонова, якая дзейнічала на найбуйнейшым беларускім чыгуначным вузле Орша. Формы і метады барацьбы з ворагам былі самыя розныя: знішчэнне афіцэраў і салдат, дыверсіі, рэйкавая вайна, парушэнне сродкаў сувязі, узрыў мастоў, дарог, выданне падпольных газет, лістовак, распаўсюджванне зводак Саўінфармбюро.

З чэрвеня 1941 г. да ліпеня 1944 г. патрыёты Беларусі нанеслі вялікія страты акупантам у тэхніцы і жывой сіле. Было знішчана амаль паўмільёна гітлераўцаў і паліцэйскіх, пушчаны пад адхон 11 128 эшалонаў і 34 бронепаязды, разгромлена 29 чыгуначных станцый, 948 гарнізонаў і штабоў, падарвана і спалена 18 700 аўтамашын, 939 ваенных складоў, 819 чыгуначных і 4 710 іншых мастоў, збіта 305 самалётаў, падбіта 1 355 танкаў і бронемашын, захоплена вялікая колькасць трафеяў.

Рух супраціўлення на акупіраванай тэрыторыі падтрымліваўся большасцю насельніцтва Беларусі, якое ўсімі сродкамі і сіламі вяло барацьбу супраць ваенных, эканамічных і палітычных мерапрыемстваў акупантаў. Мірныя жыхары забяспечвалі партызан і падпольшчыкаў харчаваннем, адзеннем, абуткам, збіралі зброю і боепрыпасы, выконвалі абавязкі сувязных і разведчыкаў, а нярэдка прымалі непасрэдны ўдзел у баявых аперацыях супраць ворагаў. Вялікая колькасць партызан, падполшччыкаў, дапрызыўнай моладзі ўліліся затым у рады Чырвонай Арміі.

Бясцэнны ўклад у разгром фашысцкіх захопнікаў унеслі партызаны і падпольшчыкі Беларусі. У гады акупацыі Беларусь па праву называлі “Рэспублікай-партызанкай”. Гераічная барацьба народа падрывала моц фашысцкай арміі, умацоўвала веру насельніцтва ў перамогу, набліжала яе.

Асаблівай старонкай гісторыі Другой сусветнай вайны з'яўляецца ўдзел нашых суайчыннікаў у антыфашысцкай барацьбе ў складзе армій заходніх саюзнікаў, .якая разгарнулася ў Еўропе. У адпаведнасці з ваенным пагадненнем ад 14 жніўня 1941 г. паміж СССР і Польшчай прадугледжвалася стварэнне на тэрыторыі СССР Польскай арміі. Камандуючым арміі польскі эмігранцкі ўрад прызначыў генерала У. Андэрса. У сакавіку 1942 г. польская армія ў СССР налічвала звыш 75 тыс. салдат і афіцэраў, з якіх каля 10% былі ўраджэнцамі Заходняй Беларусі. У складзе польскай арміі ў 1943- 1944 гг. пад камандаваннем генерала З. Берлінга колькасць нашых суайчыннікаў была амаль такой самай.

Нямала беларусаў у ліку савецкіх грамадзян удзельнічала ў руху Супраціўлення ў заходніх краінах Еўропы. Агульная колькасць савецкіх партызан, якія дзейнічалі на тэрыторыі Польшчы, складала 12 тыс. чалавек, Чэхаславакіі - больш за 17 тыс. чалавек. У іх складзе безумоўна былі і беларусы. Змагары Супраціўлення наносілі адчувальныя ўдары па варожых камунікацыях і гарнізонах, зганялі фашысцкіх акупантаў з населеных пунктаў, а ў некаторых краінах (Югаславія, Грэцыя, Албанія, Францыя) узброеныя фарміраванні антыфашыстаў вызвалілі ўсю тэрыторыю альбо большую яе частку.

У гады вайны дзясяткі тысяч нашых землякоў апынуліся ў нямецкім палоне ці былі вывезены ў акупіраваныя германскімі войскамі краіны Еўропы. Многія з іх збеглі з палону і працягвалі барацьбу супраць фашызму ў еўрапейскім руху Супраціўлення. Яны змагаліся ў антыфашысцкіх атрадах Італіі, Францыі, Югаславіі, Славакіі, Чэхіі і Польшчы. Дзясяткі ўраджэнцаў Беларусі былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі гэтых краін. Рух еўрапейскага Супраціўлення, які па свайму характару і мэтах быў антыфашысцкім, агульнадэмакратычным, меў не малаважнае гістарычнае значэнне.

Значны ўклад у забеспячэнне Вялікай Перамогі над ворагам унёс савецкі тыл, у тым ліку эвакуіраваныя з Беларусі на ўсход краіны прадпрыемствы і ўстановы. Усяго на ўсход краіны было вывезена абсталяванне 224 буйных прадпрыемстваў. Адначасова з велізарнымі ваеннымі цяжкасцямі адбывалася эвакуацыя ў глыбокі савецкі тыл мірнага насельніцтва Усяго ва ўсходніх раёнах СССР працавала прыкладна 1,5 млн эвакуіраваных жыхароў Беларусі. Да вясны 1942 года ўсе перабазіраваныя на ўсход прадпрыемствы Беларусі ўвайшлі ў строй і пачалі выпускаць прадукцыю для фронту.

Ужо ў канцы 1942 г. суадносіны па асноўных відах ваеннай тэхнікі на савецка-германскім фронце змяніліся на карысць Чырвонай Арміі, а з лета 1943 г. яны працягвалі няўхільна павялічвацца. Дзякуючы намаганням працаўнікоў тылу, Савецкія Узброеныя Сілы атрымалі за гады вайны больш за 10 млн. тон боепрыпасаў, 16 млн. тон паліва, 40 млн. тон харчавання і фуражу, а таксама вялікую колькасць іншых матэрыяльных сродкаў.

Па сярэднегадавому выпуску гармат для палявой артылерыі СССР пераўзыходзіў Германію больш чым у 2 разы, супрацьтанкавых гармат - у 2,6, мінамётаў - у 5 разоў.

Каля 2 млн. чал. удзельнічалі ў будаўніцтве абарончых умацаванняў.

Увесь цяжар земляробчай працы ў час вайны вынеслі на сваіх плячах жанчыны, а таксама старыя і падлеткі. Працаўнікі беларускіх калгасаў і саўгасаў забяспечвалі армію харчаваннем і фуражом.

Адзінства фронту і тылу, працоўны гераізм жыхароў горада і вёскі былі магутным фундаментам Вялікай Перамогі.

Значны ўклад у Вялікую Перамогу ўнеслі інтэлігенцыя, работнікі народнай адукацыі і навукі, культуры, літаратуры і мастацтва Беларусі. Цесную сувязь з савецкай арміяй, народам прадэманстравалі работнікі мастацтва. З першых дзён вайны былі створаны творчыя (франтавыя) брыгады Беларускага тэатра оперы і балета. Калектывы ўсіх беларускіх тэатраў давалі шэфскія канцэрты і спецыяльныя пастаноўкі для стварэння фонду абароны. Інтарэсы фронту займалі галоўнае месца і ў творчасці беларускіх кампазітараў і мастакоў. Сярод іх Я. Цікоцкі, М. Аладаў, З. Азгур і інш. Беларускія кінааператары на базе Маскоўскай студыі-хронікі штомесячна выпускалі кіначасопіс “Савецкая Беларусь”. Пры Усесаюзным радыёкамітэце была створана беларуская рэдакцыя радыёвяшчання, якая штодзённа выпускала радыёперадачы. Не спынялі работы беларускі друк, Дзяржаўнае выдавецтва БССР.

Работнікі народнай адукацыі, навукі, культуры, літаратуры, мастацтва, сродкаў масавай інфармацыі ў гады вайны працавалі для народа, выхоўвалі пачуццё патрыятызму, мужнасці, нянавісці да захопнікаў, натхнялі на непрымірымую барацьбу з ворагам.

Вялікая Айчынная вайна была таксама і ідэалагічнай вайной, вайной супраць нацысцкай антычалавечай ідэалогіі. Менавіта ў ваенныя гады ідэалогія змагла паказаць сваю жыццяздольнасць і пашырыць уплыў сярод савецкага народа. Моцнымі ідэалагічнымі рычагамі былі кіно, друк, радыё, наглядная агітацыя. Нездарма ў самыя цяжкія дні для СССР, у лістападзе 1941 г., быў праведзены ваенны парад на Краснай плошчы. Галоўная яго мэта - разысціся ў выглядзе шматтысячных копій дакументальных стужак па Савецкаму Саюзу і падняць баявы дух у арміі і тыле. Кінапракат выканаў сваю задачу на выдатна.

Толькі праз тры гады пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у ходзе ажыццяўлення вайсковай аперацыі “Баграціён”, пачалося вызаленне Беларусі. 23 верасня 1943 г. войскамі Цэнтральнага фронту быў вызвалены першы беларускі раённы горад Камарын, Гомельскай вобласці. 3 ліпеня 1944 года быў вызвалены Мінск, а 28 ліпеня - Брэст. Нацысцкая акупацыя Беларусі скончылася. Беларусь была цалкам вызвалена ад фашысцкай акупацыі. У выніку наступлення з 28 ліпеня па 2 жніўня 1944 г. войскі І Беларускага фронта пакінулі Беларусь, выйшлі да Віслы і наблізіліся да Варшавы.

Яшчэ дзевяць месяцаў пасля вызвалення Беларусі працягвалася вайна супраць фашысцкай Германіі. Беларускі народ увесь гэты час аказваў усялякую дапамогу Чырвонай Арміі і адначасова адраджаў жыццё на амаль цалкам спапялёнай, разбуранай зямлі Беларусі.

Пасля вызвалення рэспублікі 147 тыс. партызан уліліся ў шэрагі Чырвонай Арміі, а ўсяго ў ходзе і пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ў Чырвоную Армію было мабілізавана 755 тыс. яе жыхароў. Усё насельніцтва вызваленай Беларусі ўключылася ў самаадданую працу пад дэвізам “Усё для фронта, усё для перамогі!”. Чырвонай Арміі аказвалася дапамога ў рабоце палявых шпіталяў, рамонце баявой тэхнікі, падвозе боепрыпасаў і інш. Важнае значэнне надавалася ўзнаўленню чыгунак, забеспячэнню рэгулярнай і своечасовай дастаўкі грузаў на фронт. Да лютага 1945 г. на Беларусі было ўзноўлена больш за 10 тыс. км чыгуначных дарог. У 1944 г. узровень прамысловай вытворчасці рэспублікі быў у 10 разоў ніжэйшы, чым у 1940 г., а да лета 1945 г. ужо дзейнічала звыш 8 тыс. прамысловых прадпрыемстваў, майстэрань і арцеляў, ці 25 % іх даваеннай колькасці. Пасля вызвалення Беларусі Чырвоная армія з неаслабнай сілай граміла нямецка-фашысцкіх захопнікаў, выконваючы вызваленчую місію, дапамагала народам Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі, Румыніі, Балгарыі і іншым вызваліцца ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.

Уклад беларускага народа ў справу разгрому фашызма, у Вялікую Перамогу быў не меншы, чым Францыі ці Польшчы, і атрымаў прызнанне ва ўсім свеце.

Крыніцы перамогі

фашызм вайна беларуская перамога

"На героях трымаецца жыццё народа", - пісаў Кузьма Чорны.*

Менавіта ў ваенныя гады, у найцяжэйшых умовах маральнай і тэхнічнай перавагі нямецкага вермахта, з'явіліся тысячы і тысячы першых герояў, якія здолелі не толькі спыніць яго пераможны паход, але і сарвалі маланкавы рух немцаў на Усход. Менавіта ўпартасць, мужнасць і самаадданасць савецкага салдата зрабілі тое, чаго не змаглі ажыццявіць хвалёныя войскі цывілізаваных краін Заходняй Еўропы.

Мужны беларускi народ даў такіх вядомых і выдатных герояў, як Цiхан Бумажкоў, Васiль Корж, Пётр Машэраў, Мiнай Шмыроў, і многіх, многіх іншых патрыётаў. З ўраджэнцаў Беларусі вызначылася многа таленавітых палкаводцаў: начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР, генерал арміі, кавалер ордэна «Перамога» А.І.Антонаў; маршалы Савецкага Саюза В.Д.Сакалоўскі і І.І.Якубоўскі, маршал авіяцыі С.А.Красоўскі, генералы арміі І.І Гусакоўскі, В.П.Маргелаў, І.Я.Шаўроў, генерал-палкоўнікі А.Р.Бацюня, У.Р.Вашкевіч, І.П.Камера, Ф.І.Кузняцоў, М.В.Паўлоўскі, А.В.Петрушэўскі, віцэ-адмірал В.П.Дрозд, контр-адміралы В.Е.Ананіч, А.І.Гурын - усяго 217 генералаў і адміралаў.

Крыніцамі перамогі над агрэсарам з'явіліся: дзейнасць Камуністычнай партыі, савецкага ўрада, Савецкіх Узброеных Сіл, крэпасць духа і дружба народаў СССР, сапраўдны патрыятызм. Перамаглi таму, што былi разам - у адзiнай сям'i савецкiх народаў і верылі ў справядлівасць сваёй справы.

Вынікі і ўрокі вайны

Беларусы заплацілі высокую цану за сваё вызваленне. Толькі ў першы год вайны гітлераўцы ўчынілі сотні акцый па знішчэнні мірных жыхароў. У 143 вёсках было спалена і разбурана 8215 хат, у якіх пазбавілі жыцця 1841 чалавека. Вызваленая Беларусь была разрабавана і зруйнавана. Велізарныя страты панесла гаспадарка рэспублікі, але найбольш пацярпела насельніцтва, знішчаны мільёны жыхароў. У межах рэспублікі было арганізавана вялікая колькасць лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў, з якіх мала хто вярнуўся жывым. Вязняў трымалі пад адкрытым небам, марылі голадам, заражалі інфекцыйнымі хваробамі, катавалі. У Мінску і яго ваколіцах было размешчана 5 такіх лагераў, адзін з якіх - Трасцянецкі - па колькасці знішчаных людзей стаяў на трэцім месцы пасля Асвенцыма і Майданэка. Напярэдадні наступлення савецкіх войск гітлераўцы практыкавалі стварэнне на пярэднім краі сваёй абароны спецыяльных лагераў смерці, у якіх размяшчалі інфекцыйных хворых з мэтай масавага распаўсюджвання цяжкіх захворванняў сярод насельніцтва і часцей Чырвонай Арміі.

На тэрыторыі Беларусі было больш за 100 гета, у якія гітлераўцы сагналі сотні тысяч яўрэяў, як жыхароў рэспублікі, так і яўрэяў з Польшчы, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Францыі, Галандыі, Венгрыі, Германіі і іншых краін. 21-23 кастрычніка 1943 г. было здзейснена адно з самых крывавых злачынстваў фашызму - масавае знішчэнне яўрэяў у мінскім гета і ў Трасцянецкім лагеры смерці, дзе загінула амаль што 100 тыс. яўрэяў.

Канцлагеры, турмы, гета дзейнічалі практычна ў кожным раёне Беларусі. Жорсткай расправе падлягалі ваеннаслужачыя, да якіх гітлераўцы адносілі практычна ўсіх мужчын ва ўзросце 16-55 гадоў, што знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці ад раёнаў ваенных дзеянняў.

Нечуваныя зверствы чынілі акупанты над партызанамі і мірным насельніцтвам. Пад выглядам барацьбы з партызанамі яны правялі больш за 140 карных экспедыцый, у ходзе якіх цэлыя раёны Беларусі ператвараліся ў зоны пустыні. 22 сакавіка 1943 г. былі спалены 149 жыхароў, у тым ліку 76 дзяцей в. Хатынь Лагойскага раёна Мінскай вобласці. За гады акупацыі ў Беларусі разам з жыхарамі спалена 628 вёсак, 186 з якіх так і не адноўлены пасля вайны.

Палітыка каланізацыі і генацыду ўключала і гвалтоўны вываз савецкіх людзей на катаржныя работы ў Германію. Угон беларускага насельніцтва насіў масавы, планамерны характар і меў пэўныя мэты. На Нюрнбергскім судовым працэсе над нямецкімі ваеннымі злачынцамі быў прадстаўлены гітлераўскі сакрэтны мемарандум ад 12 мая 1944 г., у якім прама адзначалася, што намечаная адпраўка з Беларусі ў Германію 40-50 тыс. падлеткаў ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў “мае мэту не толькі прадухіліць умацаванне ваеннай сілы ворага, але таксама скараціць яго біялагічны патэнцыял у будучым”. За час акупацыі з Беларусі было вывезена 380 тыс. чалавек, у тым ліку больш за 24 тыс. дзяцей. Вярнулася ж дамоў пасля перамогі каля 120 тыс. чалавек.

Людскія страты, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, склалі 2 млн. 220 тыс. грамадзян. З загінуўшых 60 млн чалавек амаль палова - 27 млн прыпадае на народы СССР. Прынята лiчыць, што з 10-мiльённага насельнiцтва даваеннай БССР загінуў кожны трэці.

Акупанты разбурылi 209 з 270 гарадоў i пасёлкаў БССР, разрабавалі і знішчылі больш за 10 000 фабрык i заводаў, 96% энергетычных магутнасцей, усе калгасы, саўгасы і МТС.

Сельская гаспадарка таксама значна пацярпела. У параўнанні з 1940 г. на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, на палову - пагалоўе буйной рагатай жывёлы, на 61% коней, на 89% свіней.

Такі ж лёс спасціг музеі, бібліятэкі, навуковыя і навучальныя ўстановы. У руінах ляжалі ўстановы навукі і культуры, спалены або вывезены ў Германію творы літаратуры і мастацтва. Многія з іх нават праз дзесяцігоддзі не ўдалося аднавіць, знайсці і вярнуць народу, які іх стварыў. Толькі ў Мінску гітлераўцы па-варварску разбурылі ўніверсітэцкі гарадок, будынкі ўсіх вышэйшых навучальных устаноў, 78 школ і тэхнікумаў, Дзяржфілармоніі і кансерваторыі, 8 кінатэатраў, 25 клубаў. Акупанты разрабавалі бібліятэкі Акадэміі навук, іншых устаноў горада. Звыш паўтара мiльёна кніг бібліятэкі імя Леніна разам з экспанатамі Дзяржаўнай карціннай галерэі фашысты вывезлі ў Германію. Знішчылі ўсё абсталяванне Вялікага тэатра оперы і балета. Такі след пакінулі вандалы ХХ стагоддзя па ўсёй Беларусі.

У грашовым вымярэннi БССР страцiла больш паловы сваiх нацыянальных багаццяў. У вялікіх гарадах - Мінску, Віцебску, Оршы, Гомелі, Полацку разбурэнні жыллёвага фонду складалі 70-90%. Трэцяя частка насельніцтва засталася без прытулку. Па агульным узроўні развіцця Беларусь вярнулася да 1928 г. Тры гады гітлераўская ваенная машына спрабавала паставіць на калені рэспубліку. Старых, жанчын, дзяцей, грудных немаўлятаў мардавалі голадам, труцілі сабакамі, расстрэльвалі, вешалі, жыўцом спальвалі або закопвалі ў зямлю..

Уваходзячы ў вызваленыя беларускія гарады, салдаты Чырвонага Войска знаходзілі іх практычна пустымі. У Віцебску фашысты знішчылі больш за 50 тысяч яго жыхароў, 20 тысяч вывезлі ў рабства ў Нямеччыну. У Магілёве забілі больш за 70 тысяч ваеннапалонных, 10 тысяч мірных жыхароў, вывезлі на катаргу больш за 2 тысяч жанчын і дзяцей. З 112 тысяч жыхароў даваеннага Магілёва да моманту вызвалення горада ў ім засталося нешматлікім больш за 10 тысяч чалавек. За гады акупацыі фашысты расстралялі і замучылі 120 тысяч мінчан, звыш 40 тысяч вывезлі ў рабства. За час «функцыянавання» лагера Трасцянец у ім былі знішчаныя больш за 200 тысяч грамадзян СССР і шматлікіх еўрапейскіх краін.

Гітлераўцы ператварылі ў папялішча практычна ўсю Беларусь.

Больш за 50% нацыянальнага багацця было знішчана пры адступленні нацысцкага войска, якія выкарысталі тактыку «выпаленай зямлі». Мінск быў пераўтвораны ў руіны. Засталося толькі некалькі дзясяткаў жылых будынкаў і 19 з некалькіх сот прадпрыемстваў.

Да моманту вызвалення рэспублікі без страхі над галавой засталося 3 мільёны чалавек. Улетку 1946 года ў зямлянках тулілася больш 50 тысяч сем'яў. Гэта самая страшная спадчына, якую пакінула нам вуайна.

Але было і іншае. Кровапралітныя баі на фронце, рух супраціўлення і гераічная партызанская барацьба, ні з чым ні параўнальныя ахвяры і мужнасць простых людзей, выратаванне і адраджэнне дзяржавы сфарміравалі характэрныя рысы беларускай нацыі. Стойкасць у пераадоленні няўзгод, храбрасць і бясстрашнасць у абароне роднай зямлі, мудрасць і працавітасць. Вайна распраміла людзей, вынесла на паверхню лепшыя іх якасці, усё добрае, узнёслае, што хавалася ў душах, самаадданы патрыятызм, з'яднанасць і дружбу братніх народаў. Такога чыстага парыву любові да сваёй Айчыны, такой самаахвярнасці і гатоўнасці аддаць жыццё за яе больш не было ніколі.

У выніку разгрому фашысцкай Германіі была захавана і замацавана тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, завяршыўся працэс уз'яднання беларускага народа, які пачаўся ў верасні 1939.

Былі закладзены асновы незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны. Сталін, спасылаючыся на велізарныя страты Беларусі за гады ваеннай акупацыи і яе неацанімы ўклад ў перамогу над фашысцкаю Нямеччынай, дамагаўся ўключэння Беларусі ў новы сусветны орган, Арганізацыю Аб'яднаных Нацый. Прэм'ер-міністр Англіі Чэрчыль на Ялцінскай канферэнцыі згадзіўся з довадамі Сталіна. Ён сказаў: «Я спачуваю Беларусі, якая перамагае тыранаў, сплываючы крывёю». 27 красавіка 1945 г. Міжнародная канферэнцыя ў Сан-Францыска, скліканая для заснавання Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, прыняла рашэнне аб уключэнні БССР у лік краін-заснавальніц гэтай новай і самай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі, якая і сёння ахоўвае мір і бяспеку народаў, што з'явілася прызнаннем міжнароднай супольнасцю вялікага ўкладу народа Беларусі ў разгром фашызму ў гады Другой сусветнай вайны.

Вялікая Айчынная вайна, якую распачала нацысцкая Германія супраць Савецкага Саюза, не была звычайнай вайной. Нават па самым жорсткім паняццям новага XX1 стагоддзя яна была накіравана на знішчэнне цэлых народаў, у тым ліку ўсходнеславянскіх, якія на той час будавалі сацыялістычнае грамадства. Метады гэтай вайны прынцыпова адрозніваліся ад метадаў, якія выкарыстоўваліся немцамі ў заходнееўрапейскіх ваенных кампаніях. Па сутнасці, гітлераўскае кіраўніцтва паставіла перад нашай краінай пытанне аб жыцці і смерці, і ў выніку, атрымала адказ усіх народаў былога Савецкага Саюза ў форме Вялікай Перамогі.

Чырвоная Армія разбіла галоўныя сілы ваеннай машыны агрэсараў. З 13,6 млн чалавек, якіх страціла гітлераўская Германія за час другой сусветнай вайны, 10 млн знайшлі сабе магілу на ўсходнім фронце. Страты нямецка-фашысцкіх войск на савецка-германскім фронце былі ў 4 разы большыя, чым на заходнееўрапейскім і міжземнаморскім тэатрах ваенных дзеянняў.

Нягледзячы на гэта, важнейшым фактарам дасягнення Вялікай Перамогі быў удзел многіх дзяржаў і народаў у агульнай барацьбе супраць фашысцкага блока. Значэнне і роля баявых дзеянняў узброеных сіл ЗША, Англіі, Францыі, Кітая, намаганні і стойкасць народаў іншых краін, якія змагаліся з гітлераўскай Германіяй і мілітарысцкай Японіяй, несумненны і відавочны.

Шмат перажыў беларускi народ у тыя гады. Таму ўсведамленне велічнасці народнага подзвігу, гераічная гісторыя Беларусі маюць першаснае значэнне ў станаўленні нашай незалежнай дзяржавы. Той вопыт даў найбольшы плён у вызначэннi нацыянальнай самасвядомасцi, важнейшых маральных i жыццёвых каштоўнасцей беларускага народа. Адсюль наша непрыманне мiжнароднага манапалiзму i палiтычнага дыктату. Адсюль iмкненне да саюзу з брацкiмi народамi, з якiмi разам прайшлi цяжкiя выпрабаваннi. Незвычайная ў гісторыі па маштабах і жорсткасці, Вялікая Айчынная вайна завяршылася вялікай Перамогай. Але і сёння яе боль адгукаецца ў сэрцах, адбіваецца на справах пакаленняў. Мільёны людзей ва ўсім свеце перагортваюць яе старонкі, насычаныя крывёю, імкнуцца ўлічыць урокі мінулага, каб даць адказы на выклік сучаснасці. Усё далей у глыб гісторыі адыходзяць падзеі вайны, але значэнне нашай Перамогі не цьмянее ў вачах грамадства, наадварот, набывае большы сэнс, становіцца больш рэльефным на фоне сучасных палітычных рэалій.

Свята Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне беларускім народам разам з народамі іншых краін свету адзначаецца як самае вялікае агульнае свята. І гэта зразумела. Вайна аказалася галоўнай справай старэйшага пакалення, яна склала цэлую эпоху ў гісторыі беларускага народа, як і ўсіх народаў былога СССР, увабраўшы ў сябе лёс мільёнаў людзей, гора, пакуты, ахвяры.

Цікавасць да падзей тых гадоў, да асмыслення наступстваў і ўрокаў вайны не слабее.

Вялікая Перамога 1945 года, вытокі якой у гераічнасці і ахвярнасці абаронцаў 1941 года, у іхняй веры ў справядлівую справу, заклалі асновы таго светаладу, які, нягледзячы на ўсе яго заганы, дазволіў пазбегнуць новага глабальнага ваеннага канфлікту і ў цэлым спрыяў руху чалавецтва да больш стабільнага, бяспечнага і гуманнага свету. Узаемаразуменне, якое ўстанавілася паміж былымі староннікамі і праціўнікамі, доўгі час садзейнічала захаванню стабільнасці ў свеце Гэты светалад, насуперак усяму, працягвае існаваць і ўплываць не толькі на постсавецкую, але і на еўрапейскую і сусветную геапалітыку ўжо і ў новым, XXI стагоддзі.

Заключэнне

Няма ў Рэспубліцы Беларусь таго месца, дзе б не ўшаноўвалі гераічны подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Удзячныя нашчадкі ўжо ў першыя пасляваенныя гады ўзводзілі мемарыяльныя комплексы, курганы Славы, абеліскі, помнікі. Пад імі супакоіліся вечным сном сыны Айчыны -- воіны, партызаны, падпольшчыкі, мірныя жыхары, расстраляныя і закатаваныя германскімі захопнікамі. Ля падножжа многіх з іх гарыць Вечны агонь, ускладаюцца кветкі. Мемарыяльныя комплексы, брацкія магілы, абеліскі і помнікі, адлітыя з бронзы і высечаныя з каменя, апранутыя ў граніт, з імёнамі тых, хто не вярнуўся з палёў вайны, і безыменныя, устаноўлены на гарадскіх плошчах, у парках, вёсках, на скрыжаваннях дарог, на лясных палянах. Яны не толькі сведчаць пра веліч подзвігу, але і з'яўляюцца важнай часткай духоўнага жыцця нашага грамадства, выконваюць вызначальную ролю ў фарміраванні патрыятычнай і нацыянальнай самасвядомасці. Да ліку найболей значных мемарыяльных комплексаў, што захоўваюць памяць гадоў ліхалецця, адносіцца Брэсцкая крэпасць-герой, якую справядліва называюць універсітэтам мужнасці. Велічны мемарыял быў адкрыты 25 верасня 1971 года і ўвекавечыў бяспрыкладны гераізм і мужнасць абаронцаў цытадэлі і мірных жыхароў.

Стваральнікі мемарыяла, ведаючы адну з самых драматычных старонак абароны Брэсцкай крэпасці - востры недахоп вады, вырашылі распавядаць пра гэта, стварыўшы скульптурную кампазіцыю «Смага». Ля скрыжавання ракі Мухавец - постаць салдата, які, нягледзячы на тое што захопнікі днём і ўначы ахоўвалі подступы да ракі, асвятляючы пражэктарамі і абстрэльваючы прылеглую тэрыторыю, паўзе да вады з каскай у руцэ, не пакідае нікога абыякавым. Сёння ў працягнутай наперад касцы -- жывыя кветкі ад наведвальнікаў. Дасягненнямі беларускіх архітэктараў і скульптараў гэтага перыяду сталі: ансамбль Плошчы Перамогі ў Мінску з абеліскам-помнікам воінам Савецкай Арміі і партызанам, загінуўшым у баях з фашызмам, мемарыяльны комплекс.”Хатынь”, Курган Славы, Лінія Сталіна і шмат іншых.

Многа часу прайшло з моманту завяршэння Вялікай Айчыннай вайны. Зыходзіць пакаленне, якое было сведкам жахаў гэтай страшэннай трагедыі нашага народа, якая прайшла амаль праз кожную хату ці кватэру. Таму не можа згінуць так проста памяць пра гора, якое прыйшло да нас многа год таму назад.

Не кожны народ мае такую гераічную гісторыю. Беларускаму народу ёсць чым ганарыцца! Гэта залатыя старонкi ў слаўным летапісе нашай Бацькаўшчыны. Вялікая Айчынная вайна была ўсенароднай. Разам з усімі народамі Савецкага Саюза з гонарам выканаў свой абавязак перад Радзімай і чалавецтвам беларускі народ.

Літаратура

1. Беларусь у гады Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны (верасень 1939 г. - верасень 1945 г.) // Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Мн., 2007. Ч.2. с. 217-279.

2. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 : Энцыклапедыя. Мн., 1990.

3. Великая Отечественная война советского народа (в контексте Второй мировой войны): учебное пособие для студентов учреждений, обеспечивающих получение высшего образования.- Мн., 2004.

4. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны): Вучэб. дапам. для студэнтаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукцыі. - Мн., 2004.

5. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны): курс лекцый, Я.К. Новік, Н.Я. Новік. - Мн., 2006.

6. Олехнович Г.И. трудящиеся Белоруссии - фронту: Трудовая деятельность белорусского населения, эвакуированного в годы Великой Отечественной войны в советский тыл. 1941-1943. - Мн., 1972.

7. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т.1-6.-Мн., 1991-2001.

8. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков: В трёх т. - Мн., 1983.

9.Каваленя А.А. Беларусь в выпрабаваннях вайны (1939-1945); Вучэб. - метад. дапам. - Мн., 2001.

10. Мінскае антыфашысцкае падполле / Бараноўскі Я.І., Кнацько Г.Дз., Антановіч Т.М. і інш.-Мн.: Беларусь, 1995.

11.Зялінскі П.І., Котаў А.І. Гераічная Беларусь. - Мн.: Універсітэцкае, 1994.

12. Лемешонок В.И. Идейно-политическая работа Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны.-Мн.: Беларусь, 1988.

13. Долготович Б.Д. Беларусь в годы Великой Отечественной войны. - Мн.: Полымя, 1994.

14. Літвін А. Пакт Рыбентропа - Молатава і Беларусь // Матэрыялы па гісторыі Беларусі / Пад агул. рэд. М.П.Касцюка. - Мн.: Нац. інстытут адукацыі, 1997. - С. 177-183.

15. Мацко А., Кобяк С. Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР - акт гістарычны і справядлівы.-Мн., 1989.

16. Каваленя А.А. Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі. 1941-1944. Вытокі. Структура. Дзейнасць. - Мн., 1999.

17. Тимохович И.В. Битва за Белоруссию (1941-1944).-Мн.: Беларусь, 1994.

18. Шарапа А., Гардзейчык А. Да пытання аб людскіх стратах у другой сусветнай вайне // Беларускі гістарычны часопіс. - 1996.-№ 2.

19. Иоффе И. Ах, война, что наделала подлая: О потерях Беларуси в Великой Отечественной войне // Беларуская думка. - 2000. - № 8.

20. Новікаў С.Я. Эканамічная палітыка нацысцкай Германіі ў Беларусі 1941-1944гг. (Агляд крыніц і германскай гістарыяграфіі 1990-х гадоў). - Мн., 2002.

Размещено на Allbest.ru


Подобные документы

  • Дакументы, абагульняючыя вопыт Вялікай Айчыннай вайны. Спецыфіка гістарыяграфія кожнага з яе ўдзельнікаў, выяўленая пры тлумачэнні найважных праблем вайны з пункту гледжання сённяшніх інтарэсаў сваёй краіны. Перыядызацыя гiсторыii Другой сусветнай вайны.

    реферат [24,9 K], добавлен 21.05.2015

  • Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў апошні час. Тыпова фармуліроўка ролі беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Адказы на апошняе пытанне аб уплыве Вялікай Айчыннай вайны. Вялікая Перамога над дзяржавамі агрэсіўнага блока. Значэнне нашай Перамогі.

    реферат [21,6 K], добавлен 09.09.2008

  • Напад фашысцкай Германіі на СССР. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Кіруючая роля камуністычнай партыі ў арганізацыі партызанскага руху і падпольнай барацьбы. Роля і месца БССР на міжнароднай арэне ў перыяд канфрантацыі дзвюх грамадска-палітычных сістэм.

    реферат [46,7 K], добавлен 22.12.2010

  • Героі Вялікай Айчыннай вайны. Патрызаны, падпольшчыкі і працоўны люд Беларусі. Уклад культурных дзеячаў Беларусі ў перамогу. Еўрапейскі рух супраціўлення. Людскія, матэрыяльныя і культурныя страты Беларусі ў час Айчыннай вайны. Шмат працоўных Беларусі.

    реферат [42,9 K], добавлен 25.04.2012

  • Вынікі Другой сусветнай вайны і знешняя палітыка Велікабрытаніі. Развіццё знешнепалітычнага працэсу ў першай палове ХХ стагоддзя як фарміраванне перадумоў яго развіцця пасля Другой сусветнай вайны. Трансфармацыя знешнепалітычная статусу Вялікабрытаніі.

    дипломная работа [125,5 K], добавлен 25.04.2012

  • Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны. Развіцце партызанскага руху супраць германскіх захопнікаў. Удзел партызан у вызваленні беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Роля камуністычнай партыі у арганізацыі партызанскіх атрадаў і дзейнасці падполля.

    контрольная работа [35,0 K], добавлен 12.09.2015

  • Разгром германскіх войскаў у Сталінградской бітве. Берлінская аперацыя i капітуляцыя Германіі. Вынiкi Берлінскай аперацыi. Уклад беларускага народа ў разгром фашысцкай Германіі. Дасягнення Патсдамскай міжнароднай канферэнцыі кіраўнікоў краін-пераможцаў.

    контрольная работа [20,1 K], добавлен 11.10.2012

  • Складаныя міжнародныя абставіны напярэдадні Другой сусветнай вайны. Палітычнае размежаванне эміграцыі. Крызіс беларускай культуры. Нацыянальна-культурныя патрэбы беларускага дыяспары. Умацаванне беларускіх школ, пашырэнне выкарыстання беларускай мовы.

    реферат [23,9 K], добавлен 19.12.2010

  • Сатыра ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Роль сатырычных выданняў у працэсе інфармавання грамадзян БССР. Асноўныя сатырычныя выданні "Раздавім фашысцкую гадзіну", "Партызанская дубінка", "Партызанскае жыгала", іх ідэйна-тэматычная накіраванасць i асаблівасці

    курсовая работа [66,9 K], добавлен 02.05.2011

  • Аднаўленне і рэканструкцыя эканомікі ў СССР пасля вайны. Ацэнка страт Савецкага Саюза. Унутраная палітыка савецкага ўрада ў пасляваенны перыяд. Палітыка рэпрэсій супраць некаторых нацыянальнасцяў. Одергивание нярускіх народаў. Апагей сістэмы канцлагераў.

    курсовая работа [44,1 K], добавлен 27.04.2012

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.