Семантыка і функцыянальнасць міфалагем Сонца і Месяца ў традыцыйнай міфапаэтычнай мадэлі свету беларусаў.

Міфалогія і міфалагемы. Праявы салярнага культу ў традыцыях розных народаў. Міфалагема Сонца ў традыцыйнай міфапаэтычнай мадэлі свету славян. Семантыка, функцыянальнасць міфалагемы Сонца ў традыцыйнай беларускай літаратуры і значэнне ў неабрадавай паэзіі.

Рубрика Литература
Вид курсовая работа
Язык белорусский
Дата добавления 15.04.2010
Размер файла 116,9 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Асабліва папулярны матыў Сонца ў тэкстыльным арнаменце. Тэхналагічныя асаблівасці ткацтва і вышыўкі выклікалі асаблівую інтэрпрытацыю яго ў выглядзе ромба з промнямі ці адросткамі-кручкамі. Такі матыў аздабляў ручнікі, паясы, навалачкі, абрусы, кампаненты адзення і іншыя вырабы ўтылітарна-дэкаратыўнага і абрадавага прызначэння.

Сімвалічнае значэнне рамбічнаму арнаменту як сімвалу Сонца на Беларусі надавалася яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя; сёння ён з'яўляецца проста адным з найбольш пашыраных і традыцыйных элементаў дэкору вырабаў утылітарна-мастацкага прызначэння.

4.1 Астранамічныя вобразы ў беларускіх замовах з касмалагічнымі матывамі

Палессе, як адна з найбольш архаічных славянскіх зонаў, здаўна прыцягвала ўвагу даследчыкаў традыцыйнай народнай культуры. Тэксты замоў (старажытнейшага па паходжанню фальклорнага жанру), запісаныя на тэрыторыі Палескага рэгіёна, ў некаторых выпадках здольны раскрыць прынцыпова важныя элементы архаічных узроўняў традыцыйнай карціны свету.

Адна з фундаментальных ідэй міфалагічнай свядомасці, згодна з якой сусвет ёсць не што іншае, як касмічна велізарнае цела чалавека, знайшла праяўленне ў некалькіх замоўных тэкстах, запісаных на тэрыторыі Брагінскага і Светлагорскага раёнаў. Замова “Ад дзіцячых хвароб”: “У вочы -- сонейка, у патылічку -- месячка, а ручкі -- грабелькі, а ножкі -- вілачкі. Сонейкам асвяціся, месячкам агарадзіся,, паганаму зносу не дапускайся, паганы знос -- кукіш пад нос.” [14, с. 12].

Унутраная абгрунтаванасць выкарыстаных вобразных паралеляў -- “вочы -- сонейка”, “патылічка -- месячык”; “сонейка ў вачах”, “месяц у плячах”, зоры на рабрах” -- абумоўлена ўплывам касмаганічнай суаднесенасці космасу целу чалавека, асобныя часткі якога маюць пэўныя праекцыі ў навакольным свеце. “Міфапаэтычны светапогляд касмалагічнага перыяду зыходзіць у тоеснасці макракосмаса і мікракосмаса, прыроды і чалавека” абагаўляючы прыроду і яе магутныя сілы, чалавек не проста надзяляў іх розумам і іншымі ўласцівымі яму здольнасцямі, але і знешне надаваў ім падобнасць з самім сабою.

У старажытнарускай літаратуры прыпадабленне частак цела чалавека прыродным з'явам і наадварот з'яўлялася распаўсюджаным прыёмам, які дазваляе даследчыкам лічыць, што да таго, як стаць паэтычнымі вобразамі, гэтыя прыпадабленні адлюстроўвалі рэальныя ўяўленні нашых продкаў аб прыродзе.

Згодна канцэпцыі тоеснасці светабудовы чалавечаму целу, нябесныя свяцілы -- сонца, месяц, зоркі -- звязваліся міфапаэтычнай свядомасцю з верхняй часткай цела -- галавой і, у першую чаргу, з вачыма. У старажытным Егіпце сонца і месяц лічыліся вачыма ўсемагутнага боства Ра, а індыйцы ўспрымалі сонца і месяц як вочы бога Нараяны. Паводле кітайскай міфалогіі, сонца і месяц утварыліся з вачэй вялікага Паньчу, цела якога адпавядала сусвету. У прыведзеных вышэй прыкладах, не звяртаючы ўвагі на іх прыналежнасць да самых розных культур, прасочваецца тэндэнцыя ўпадаблення сонца і месяца вачам чалавека і надзяленне іх зрокавай функцыяй. У духоўнай культуры беларусаў падобныя міфалагічныя ўяўленні трансфармаваліся і знайшлі праяўленне ў сістэме народных вераванняў, павер'яў і прыкмет, у вобразнай сістэме фальклорных тэкстаў, у шматлікіх паэтычных метафарах і фразеалагічных адзінках мовы [12, с. 255].

На прыкладзе архетыпу сонца прасочым, як у культурна-моўнай сістэме ўсходніх славян праяўляецца семіятычны статус гэтага нябеснага аб'екта ў традыцыйнай каціне свету. “Сонца -- крыніца жыцця на зямлі -- і па сённяшні дзень называецца ў Карпатах “тварам Божым”, а ў іншых месцах “вокам Божым”. А. М. Афанасьеў лічыў, што каляндарнае абазначэнне сонца і месяца чалавечымі тварамі караніцца ў паданнях найглыбейшай старажытнасці. “Міфалагема галавы -- “сонца” лягла ў аснову такіх фразеалагічных адзінак, як “галава ідзе кругам”, “галава гарыць”, галава закружылася”; хоць абазначаюць яны стан чалавека ў цяжкай сітуацыі. Большасць фразеалагізмаў з кампанентам “галава” маюць пазітыўную каннатацыю, што вытлумачваецца наяўнасцю ў менталітэце рускіх архетыпа “галава=сонца, боства”.

Тэндэнцыя ўпадаблення сонца вачам чалавека іпрысваення яму зрокавай функцыі аўтаматычна вызначае семіятычныя і каштоўнасныя характарыстыкі вобраза сонца ў традыцыйнай народнай культуры. Пасылаючы цяпло і святло, адорваючы не толькі зямлю, але і яе нетры, сонца ў свядомасці чалавека было справядлівым боствам, усяправедным і усемагутным, якое аб усім ведае, усё бачыць. “Сляды салярнага культу захаваліся ў шматлікіх апакрыфічных расказах. У іх гаворыцца пра тое, што Сонца з'яўляецца тварам Госпада Бога. Па іншых расказах, Сонца -- гэта акно, праз якое Бог глядзіць на Зямлю, а да людзей праз яго даходзіць райскі свет”. Сонца, якое ўсё бачыць, можа ашчаслівіць ці абяздоліць чалавека, выступае ў якасці дабрадзея ці суддзі- карніка. Амбівалентнасць міфалагемы сонца непарыўна звязана з разуменнем у культурнай традыцыі славян стыхіі агню. У міфалагічным светаадчуванні гарачыя сонечныя прамяні сканцэнтроўвалі ў сабе знішчальную сілу нябеснага агню і ўспрымаліся як увасабленне кары нябесных сіл.

4.2 Семантыка міфалагемы сонца ў каляндарнай абраднасці

Безумоўна, з сонцам звязаны абрады каляндарнага цыклу. Для нашых продкаў быў самым галоўным менавіта сонечны каляндар. Самая значная частка жыцця Сонца заключана ў межах першых шасці месяцаў -- гэта час узвышэння : ад зімовага сонцавароту да летняга сонцастаяння. Астатнія шэсць месяцаў -- час захавання, зберажэння дабытага за актыўны перыяд. Сонца нараджаецца ў пару зімовага сонцавароту (25 снежня), пасля самага кароткага дня. Напачатку сонца вельмі слабае, першы час яго жыцця поўны небяспекі, бо царства цемры пераважае над царствам святла, таму і ноч даўжэй за дзень. Калядныя святы і суправаджаючыя іх абрады накіраваны на захаванне кволага сонца, яго падтрымку і ўпэўненасць, што яно сваёй энергіяй, сваёй сілай узгадуе будучы добры ўраджай і жыццё будзе зноў працягвацца.

Сонечны бог, народжаны ў дзень зімовага сонцавароту, у дзень веснавога раўнадзенства памірае і зноў уваскрасае і ўзносіцца на неба, каб даць сваю моц і новую сілу будучым пладам зямлі. На першы дзень Вялікдня хадзілі глядзець “ігру сонца” на небе, назіраючы за ім з узгорку, стрэх, званіц. Паводле народных уяўленняў, з'яленне сонца на чыстым небе і яго ігра прадказвалі добры ўраджай, новыя вяселлі.

Багаццем зместу, дасканаласцю мастацкай формы, займальнасцю абрадаў вылучаецца з летняга цыкла народнага календара Купалле -- свята, прысвечанае летняму сонцастаянню, росквіту прыроды. Гэта найбольш значнае свята ўшанавання Сонца, пэўны апафеоз удзячнасці людзей Сонцу і клопатам пра яго. Купалле адзначалася ў ноч на 24 чэрвеня ст. ст. у час летняга сонцастаяння. Гэта была ўрачыстасць у гонар Сонца, жыватворных сіл прыроды, зямнога плёну. Разглядаючы старажытныя святы на Русі, Б. А. Рыбакоў адзначае, што “сонечная абраднасць дакладна выдзяляе летняе сонцастаянне як асобую, падвоеную фазу гадавога цыкла: зімовая і веснавая сонечныя фазы адзначаны на старажытных календарах знакам аднаго крыжа, а русальскі чэрвень, месяц летняга сонцастаяння, “макушка лета” -- абавязкова двумя крыжамі. На масленіцу, свята веснавой сонечнай фазы, калі сонца толькі пачынае разгарацца, з гор і ўзгоркаў скатваюць у раку адно гарашчае кола. На Купалу ж наладжваюць рытуальнае шэсце з “сонечнай калясніцай” на двух колах” [8, с. 16].

Многія даследчыкі звязваюць Купалле не толькі з салярным культам, але і культам вады і культам расліннасці. Асноўным усё ж такі застаецца Сонца, бо росквіт расліннасці і ўсіх сіл зямлі напрамую залежыць ад Сонца. Тыя ж вянкі, якія дзяўчаты пускаюць у ваду, -- гэта таксама сімвалы сонца.

Паходжанне свята Купалле і яго назвы большасць сучасных даследчыкаў звязваюць з ачышчальным агнём і салярнымі ўяўленнямі старажытных людзей. Купальскія вогнішчы мелі сакральнае значэнне. Як адзначыў А. А. Патабня, яны здольныя былі “даваць ураджай, выганяць смерць не самі па сабе, а таму што ўвасабляюць сонца. Менавіта да Сонца і звяртаецца купальская песня:

Сягодня й Купала, заўтра Ян,

Ды зайграй, сонейка, зайграй нам,

Каб зялёны лугі шумелі,

Каб сырая зямля стагнала.

Каб сырая зямля стагнала

Да й ад дзявоцкага гуляння,

Да й ад жаноцкага спявання [9, с. 350].

У калядных і валачобных песнях Сонца ўвасабляе ідэальную гаспадыню, Месяц -- ідэальнага гаспадара. Зоркі -- іх дзеткі. Вось калядная песня “Пасярод двара”:Пасярод двара

Залата гара,

А на той гарэ

Церамок стаіць,

А ў тым церамку

Тры ваконечкі.

Адно ваконца --

Яснае сонца,

Другое ваконца --

Дробныя звёзды,

Трэцяе ваконца --

Ясны месяц.

Ясны месячык --

Сам пан гаспадар,

Яснае сонейка --

То яго жана,

Дробныя зорачкі --

То яго дзеткі.

Дзе ж мы ні былі,

Дзе ж мы ні хадзілі,

Такога дзіва

Зроду не бачылі,

Як у цябе,

пане гаспадар,

Пасярод двара

Залата гара.

У жніўных песнях стомленая доўгай нялёгкай працай жняя звяртаецца да сонца як да жывой істоты з папрокам, што яно “неспагадлівае”: рана ўзыходзіць, не спагадае жнеям, а ў іх “сталяны сярпочкі прытупіліся, … белыя ручкі прытаміліся, … ды прыганятыя прыбракаліся”. Жняя заклікае вецер як міфалагічную істоту, каб ён не ляжаў у полі “паміж горачак у разоры”, а ўстаў “памаленьку”, павеяў “паціхеньку”, развеяў “хмарачку цямненьку”… Жнейка просіцца адпусціць яе дадому: у яе “дзетак многа: што куточак, то сыночак, на пакуцці дзевяць дочак”:

Да пара дамоў, пара,

Пагубіла ключы зара.

Сонца ўзышло, ключы знайшло.

-- Сонейка маё яснае,

Трэба неба адамкнуць,

Поле расой апусціці,

Бо іх хаткі халодны,

Бо іх дзеткі галодны… [7, с. 460].

Часам сонца размаўляе са жнейкай, якая скардзіцца, што яно не спагадае ёй: раненька ўсходзіць -- яе на полі знаходзіць, позненька заходзіць -- яе на полі пакідае. Сонейка адказвае:

-- Чым жа я таму вінавата,

Што твая гаспадынька

Цябе рана пабуджаіць

І на поле высалаіць?

(песня “Дзеванька-сіротанька”) [17, с. 94].

Агульнавядома, што культ Сонца адыграў немалаважную ролю ў фарміраванні веснавой і летняй абраднасці. Абрад “гукання вясны” мае выразныя аграрна-магічныя рысы. Паколькі асноўнай прыроднай сілай, якая адлюстроўвала жыватворны пачатак, было сонца, менавіта яму і адводзіцца вядучае месца ў песнях веснавога цыклу. На першым месцы ў веснавым цыкле знаходзіцца земляробчы культ. Сонца толькі “дапамагала” або “запрашалася на дапамогу” нашымі продкамі. Надыход вясны суправаджаўся адпаведна традыцыйнымі песнямі і абрадамі, якія мелі пэўны магічны падтэкст у адносінах да будучага ўраджаю. Можна меркаваць, што звычай выпякаць вясной з цеста фігуркі жаўрукоў або буслоў і з'ядаць іх ёcць не што іншае, як амаль забытая мадыфікацыя ахвярнай птушкі, якая існавала ў старажытнасці і заключалася ў тым, што вясну ў вобразе птушкі лавілі і прыносілі ў ахвяру богу сонца, а пазней гэткія паднашэнні рабілі і самому сонцу, у хрысціянскі перыяд злоўленых птушак выпускалі на волю.

Валачобныя песні віншавальна-велічальныя творы веснавога цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі -- каштоўны помнік духоўнай спадчыны беларускага народа, яскравая і характэрная яе адметнасць. Вяліклдзень -- гэта вялікае свята канчатковай перамогі дабра і хараства над злом, сцюжай, велічнага бога сонца над богам цемры і холаду. Вялікдзень заўсёды прымеркаваны да першай поўні, якая надыходзіла пасля веснавога раўнадзенства. Да гэтага часу ажывала прырода, пачыналіся першыя палявыя работы. Таму ў валачобных песнях ухваляецца будучы ўраджай, звязаная з ім сельскагаспадарчая праца і сонца, ад якога залежыць жыццё і дабрабыт людзей. А адбітак салярнага культу ў светапоглядзе селяніна ўзмацняе гэты гуманістычны пачатак і, дапасаваўшыся да земляробчага культу, дапаўняе старажытныя ўяўленні аб навакольным свеце, прадметы і з'явы якога характарызуюцца па аналогіі з жыццём чалавека. Так, сонца ў валачобных песнях паўстае як трыдзіная крыніца жыцця, ураджаю і дабрабыту, яно параўноўваецца з вялікай матэрыяльнай каштоўнасцю -- золатам, якое падобна з ім па колеру.

4.3 Семантыка міфалагемы сонца ў сямейнай абраднасці

Значную ролю адыгрываюць рытуалы, звязаныя з сонцам і ў сямейных абрадах беларусаў. Вялікае значэнне мае сонца ў вясельным і радзінным абрадзе, бо сонца ў нашых продкаў лічылася пачаткам жыцця, і таму вельмі значнай была яго роля пры з'яўленні на свет новага чалавека і стварэнні новай сям'і, новага мікракосмасу ў Сусвеце. Калі навароджанага першы раз выносілі з хаты, яго як бы паказвалі першы раз усяму Сусвету, усім сусветным сілам. І спачатку яго прадстаўлялі менавіта Сонцу.

Нявеста (як будучая маці) і жанчына-парадзіха вельмі блізкія Сонцу, якое дае жыццё, свет і цяпло. І нявесцін вянок, і шлюбны пярсцёнак прысвячаліся сонцу (мелі круглую форму).

Нявеста раніцай сустракала Сонца неапранутая, з расплеценай касой, кветкамі медуніцы ў руках і прасіла ў Сонца шчасця і благаславення. Нявеста прасіла ў Сонца дараваць ёй памылкі і грахі, благаславіць яе на шчаслівае жыццё, паслаць здаровых дзяцей (часцей трох: двух сыноў і дачку), абавязвалася быць вернай свайму мужу, шанаваць яго бацькоў, быць добрай гаспадыняй, уставаць разам з сонцам, не насіць дзявочага ўбору, пакінуць толькі чырвоную спадніцу (або сарафан) для будучай дачкі і інш. Адным з галоўных сімвалаў усіх трох сямейна-абрадавых цыклаў з'яўляўся ўрачысты каравай [15, с. 75].

Святочны хлеб (каравай) быў прысвечаны Сонцу. Каравай выпякаўся такой жа самай, як і Сонца, круглай формы. У час вясельных рытуалаў да Сонца звярталіся з просьбай, каб яно благаславіла каравай.

Пасля жанчыны-каравайніцы неслі каравай на ручніку на ўзгорак і прасілі сонца благаславіць яго. Каравай на некалькі хвілін пакідалі на ручніку, а самі спускаліся з узгорка. Пасля благаславення каравая Сонцам ён станавіўся свяшчэнным. Вельмі дрэннай прыкметай лічілі, калі не было сонца ў дзень выпечкі вясельнага каравая. Нявесцін вянок і шлюбны пярсцёнак таксама маюць форму круга, як і сонца. На думку А. М. Афанасьева, “круглавідная форма сонца прымушала чалавека бачыць у ім вогненнае кола, кольца або шчыт. Круглая форма, як вядома, сімвалізуе кола жыцця (а таксама пэўную незалежнасць, вольнае жыццё). Тут бачна сувязь з Сонцам, якое таксама мае форму круга. Па старажытных уяўленнях, сонца дае жыццё і мае пэўную ўладу.

Уся сямейная абраднасць таксама прасякнута салярным культам. Дзённае свяціла паўстае як адвечная крыніца жыцця, пладароддзя, сонечнай энергіі. Ва ўрачыстыя моманты жыцця чалавека-працаўніка сонца радуецца разам з ім, як і ў вялікія святы, паводзіць сябе даволі незвычайна.

Сонца -- нябеснае свяціла, якое славяне шанавалі як крыніцу жыцця, цяпла і святла. Народныя ўяўленні аб Сонцы і свеце адчувалі ўплыў царкоўна-кніжнай традыцыі.

У фальклоры Сонца называлі ясным і чырвоным, божым і праведным, добрым і чыстым. У многіх славянскіх традыцыях Сонцу кляліся і ўпаміналі яго ў праклёнах. Яно прадстае ў павер'ях як разумная і дасканалая істота, якая ці сама з'яўляецца боствам, ці выконвае боскую волю. У народных уяўленнях Сонца -- гэта твар, вока ці слова Бога, ці ваконца, праз якое Бог глядзіць на зямлю.

У славянскіх павер'ях Сонца сочыць з неба за справамі людзей і вечарам расказвае аб іх Богу. У поўдзень і перад тым, як апусціцца за гарызонт, яно трошкі запавольвае сваю хаду і адпачывае. Па легендзе, пасля распяцця Хрыста сонца ад гора спынілася на небе і не заходзіла тры дні. На ўсходзе на Вялікдзень Сонца “грае” (пераліваецца рознымі колерамі), радуючыся ўваскрашэнню Хрыста, а на Купалле -- купацца ў вадзе[10, с. 47].

У славянскім фальклоры Сонца можа персаніфіцыравалася як у жаночым, так і ў мужчынскім вобразе. У казках яно жыве там, дзе зямля сходзіцца з небам, мае маці і сястру, выкрадае сабе жонку ў людзей; да Сонца адпраўляецца чалавек, каб даведацца, чаму яно ўсходзіць вясёлае, а вечарам садзіцца маркотнае і цёмнае (сюжэт выкарыстаны П. П. Яршовым у казцы “Канёк-гарбунок”).

Шанаваннем Сонца абумоўлена шматлікасць правіл і забаронаў; не станавіся да Сонца спіною нават у час працы на полі, не спраўляй свае патрэбы так, каб гэта магло бачыць Сонца, не плюй у яго бок, інакш запануе цемра, не паказвай на яго пальцам, бо выкалеш яму вока і інш. Пасля заходу Сонца не давалі нічога з дому ў доўг, асабліва агонь, каб шчасце і дастатак не пакінулі сям'ю, не выкідвалі смецце на вуліцу, не пачыналі новы акраец хлеба.

У абрадах і народнай харэаграфіі рух па коле адбываецца, як правіла, па Сонцу, г.зн. злева направа, хоць у царкоўнай практыцы пасля Сабора 1666г. правільным прызнаецца адваротны напрамак: справа налева.

У абрадах, фальклоры і народным мастацтве Сонца могуць сімвалізаваць кола, золата, вогнішча, сокал, конь або алень, вока чалавека і інш. Салярныя матывы звычайны ў арнаменце народнай вопраткі і тканінах, у разьбе на разнастайных частках сялянскіх хат, мэблі, прыладах для ткацтва і якасці.

5. Семантыка і функцыянальнасць міфалагемы Поўні (Месяца) ў беларускім фальклоры (у агульнаславянскім кантэксце)

Месяц -- начное нябеснае свяціла, элемент астранамічнага коду традыцыйнай беларускай мадэлі свету, з якім звязана мноства разнастайных павер'яў і прыкмет. Яны з'яўляюцца па сутнасці рэшткамі некалі, відаць, вельмі развітага культу гэтага свяціла. Лічыцца, што пакланенне Месяцу значна больш старажытнае, чым пакланенне Сонцу, і сягае, прынамсі, часоў так званага “індаеўрапейскага адзінства”, пра што сведчыць агульная для ўсіх індаеўрапейскіх моў назва свяціла. Асаблівасці руху Месяца па небе спарадзілі саму ідэю каляндарнасці.

Сярод розных народаў свету былі распаўсюджаны вераванні, што цыкл жыцця і смерці на зямлі -- нараджэнне і ўвяданне раслін, жывёл і людзей -- звязаны з ростам і ўбываннем Поўні, з яе бясконцым цыклам нараджэння і смерці на небе. Назва Поўня замацавалася за Месяцам у беларускай мове параўнальна нядаўна. Пэўна назва начнога свяціла жаночага роду дапамагае больш звучна вытлумачваць менавіта жаночы характар гэтага міфалагічнага вобраза, што адлюстравана ў міфалогіі розных народаў свту. Легенды народаў Усходу адлюстроўваюць уяўленне, што Зямля з'яўляецца як бы спараджэннем Поўні, іншымі словамі, Поўня з'яўляецца мацер'ю Зямлі.

Розныя ўяўленні аб светабудове адбіліся ў беларускім фальклоры. У народнай фантазіі спалучыліся матывы язычніцкіх і хрысціянскіх міфаў. Галоўнымі персанажамі такіх твораў з'яўляецца Бог і яго антыпод.

У некаторых народных творах хтанічныя істоты імкнуцца пераўтварыць хораша збудаваны Богам свет. Цікава тлумачацца змены месяца: “сонейка пахукае на месяц, нагрэе яго сваім бляскам, і той памаленьку пачне ачуняць да абрастаць целам да ісці на сваё мейсцо, каб свяціць у ночы. Так заўжды месяц дзьве нядзелькі расьце ды набіраецца сілы, а дзьве нядзелькі барукаецца з чортам”, -- сцвярджае лявон Лябедзік з вёскі Чудзін.

У грэкаў серп маладога месяца з'яўляецца сімвалам Артэміды, г. зн. Нябеснай Царыцы, якая лічылася маці ўсяго існага, а Сонца -- бацькам. Як адзначае даследчык М. Ф. Сумцоў, у старажытных вераваннях існавала два пункты погляду на тое, што з'яўляецца ў прыродзе жаночым пачаткам, а што мужчынскім; у некаторых выпадках Сонца ўвасабляла мужчынскі пачатак, а Поўня -- жаночы, а ў некаторых -- наадварот. Сонца і месяц у славян атрымалі значэнне апекуноў чалавечага шлюбу. А. П. Блавацкая выказала думку, што Сонца (Бацька), Поўня (Маці) і Меркуры (Сын) былі самай ранняй Тройцай у старажытных егіпцянаў [4, с. 9].

У славянскіх песнях Месяц -- мужчына, Сонца -- жанчына. У беларускіх народных песнях малады хлапец часта параўноўваецца з месяцам, а дзяўчына з сонейкам.

Месяц і сонца ўшаноўваліся ў паўночнай Расіі, прычым іх вяселле святкавалася на Купалле. У літоўцаў існуе міф пра тое, што Месяц, маючы за жонку Сонца, заляцаўся да ранішняй зоркі Аўшрыне. Сонца раззлавалася і мячом (промнем) рассекла Месяцу твар напалову.

У старажытнаіранскай і старажытнаіндыйскай традыцыях вобразам бажаства Поўні з'яўляецца бык. Тэксты іншых старажытных народаў сведчаць пра тое, што поўня была сімвалам пекла. Такое ж значэнне яна мае зараз і ў сібірскіх шаманаў. У народных уяўленнях паўдневых славян поўня таксама звязана з іншасветам.

Беларускія інфарматары паведамляюць, што выраб амулетаў і талісманаў-абярэгаў заўсёды залежаў ад становішча Поўні, кожнаму выпадку выраблення талісмана адпавядаў свій дзень па календару Поўні. Рускія хрысціліся на Поўню.

Як адзначае А. Голан, шанаванне Поўні індаеўрапейцамі ўяўляецца як спадчына раннеземляробчых вераванняў. Такія ж вытокі шанавання Поўні і ў неіндаеўрапейцаў.

Паводле Р. Грэйвса, культ поўні быў пашыраны таму, што яна ўнушала большы страх, чым сонца, яна не губляла сваёй яркасці да канца года і ад яе залежыў узровень вады. У міфах антычнасці, як і ва ўсходніх рэлігіях, багігн Поўні звязвалі сабою свет жывых і іншасвет, жыццё і смерць, адказвалі за дзетанараджэнне, панавалі ў царстве памёршых [8, с. 22].

Нашы продкі вызначалі шчаслівыя і нешчаслівыя дні па плыні Поўні. Верылі, напрыклад, у тое, што дзеці, якія нарадзіліся ў першы, шосты, сёмы, дзевяты, адзінаццаты, шаснаццаты дзень Поўні, жывуць вельмі доўга, а тыя, хто нарадзіўся ў трэці, пяты, трынаццаты, дваццаць дзевяты, -- наадварот. Добра таксама, калі дзіця нараджаецца ў чатырнаццаты дзень Поўні, яно будзе дасканалым ва ўсіх адносінах. Магі, знахары, чарадзеі заўсёды лічылі, што ў час маладзіка ўся прырода абнаўляецца і людзі таксама атрымліваюць новыя сілы. Ад маладзіка Поўня растрачвае свае сілы, разам з гэтым змяншаюцца і сілы чалавецтва. Той, хто займаецца магіяй, заўсёды прысвячае сябе Поўні.

Цыкл Поўні складаецца з чатырох фаз, кожная з якіх цягнецца сем дзён. Шумеры заснавалі на гэтым цыкле свій каляндар. Адсюль і ўзнік каляндарны месяц, які складаецца з чатырох тыдняў па сем дзён кожны: плюс дадатковыя дні ў канцы кожнага цыкла, каб папоўніць тыя дні, калі Поўня на небе не бачна [8, с. 15].

Старажытныя людзі лічілі, што менавіта Поўня кіруе жыццём на зямлі, а паколькі цыклы яе складаюцца з сямі дзён, то і на зямлі жыццё павінна дзяліцца на сямідзенныя перыяды. Згодна магічнаму мысленню, так яно і ёсць. Чалавечае цела абнаўляецца кожныя сем гадоў. Знахары і магі лічаць, што хваробы развіваюцца згодна сямідзённаму цыклу. Кожная стадыя чалавечага росту завяршаецца на працягу сямі гадоў, кожная фаза Поўні -- на працягу сямі дзён. Вялікі класічны астролаг Пталемей гаварыў: «Луна так же, как небесное тело, ближайшее к Земле, обильно оказывает своё влияние на обыденные вещи, ибо большинство из них, как одушевлённых, так и неодушевлённых, связано с ней и меняется вместе с ней.»

Нашы продкі вельмі многае звязвалі ў сваім жыцці з месяцам. Існавалі розныя прыкметы і павер'і, якія мелі сувязь з Поўняй. Напрыклад, зеллі лепш за ўсё збіраць у купальскую ноч, а калі ў іншы час, то ў апошняй фазе Поўні, пачынаючы з 23-га дня. Верылі, што чалавек, які нарадзіўся ў час навамесяца, будзе жыць доўга і ўсё жыццё будзе здаровым і вясёлым, а той, хто нарадзіўся па сходні, будзе жыць нядоўга і будзе сумным, непрыветлівым, з дрэнным характарам. Роды жанчын лягчэй праходзяць у перыяд Поўні, у гэты ж час хутчэй загойваюцца раны. У рускіх існуе павер'е, што, убачыўшы маладзік, неабходна трымацца за грошы, каб цэлы месяц быў прыбытак. Украінцы верылі ў тое, што нельга паказваць пальцам на Поўню, бо палец можа адсохнуць. У беларусаў існавалі прыкметы па месяцу да перамены надвор'я: кола вакол месяца -- да ветру, калі месяц акружаны ясным колам, якое становіцца ўсё больш шырокім, то будзе яснае надвор'е. цмяны месяц -- да мокрага надвор'я. калі поўні нябачна да чацвёртага дня па маладзіку пры паўднёвым ветры, то надвор'е будзе бурнае ўвесь той месяц. Цяжарнай жанчыне непажадана было глядзець на Поўню, бо лічылі, што дзіця тады можа нарадзіцца з якім-небудзь псіхічным захворваннем ці памесяўнікам. Менавіта пад ісход месяца ведзьмы і чараўнікі збіраюцца на шабашы. У час поўнай Поўні адбываюцца розныя незвычайныя рэчы. Асабліва небяспечныя ў гэты час сустрэчы з пярэватнямі.

У розных відах варажбы таксама выкарыстоўваюцца сімвалы Поўні. Верылі, што калі дзяўчыне ці жанчыне прысніцца поўня, гэта азначае, што ў хуткім часе яна стане цяжарнай.

Як начное свяціла Месяц супрацьпастаўлены Сонцу як дзённаму свяцілу.

Супрацьпастаўленасць Месяца и Сонца выказваецца і ў такой апазіцыі, як зменлівасць/нязменнасць. Месяц зменлівы “паводле вызначэння”. Зменлівасць жа сонца ўспрымаецца як нешта незвычайнае, цудоўнае -- “гранне” ў пэўныя каляндарныя моманты ў перыяд паміж веснавым і восеньскім раўнадзеннем. Зменлівасць Месяца знаходзіць сваё вытлумачэнне ў этыялагічных паданнях. Так, у адным з іх апавядаецца, што “месяцу Бог вялеў свяціць уночы, покуль сонейка спачывае, толькі месяц вельмі гультаяваты, ён кепска свеціць, за тое Бог вялеў, каб ён кожныя чатыры нядзелі перараджаўся”. Паводле іншай версіі, “Бог, калі месяц састарае, крышыць яго на зоры. Адзін кавалачак кладзе ў дзяжу, на закваску. Зоры ападаюць туды, з іх пачынае рабіцца рошчына, цеста падыходзіць і пераліваецца цераз край. Гэтак і нараджаецца Месяц.” У апошнім выпадку прасочваецца асацыяцыя Месяца і хлеба, але як бы “несапраўднага” ці “няцэлага”, бо ў адным выпадку ён не выпечаны, а ў другім (у загадках) ён найчасцей ужо губляе сваю цэльнасць. Але ў абодвух прыведзеных паданнях яўна абазначаецца тэма “пакарання Месяца” праз пазбаўленне яго пачатковай цэльнасці.

Такім чынам, у сістэме касмалагічных прэцэдэнтаў Месяц аказваецца “першым пакараннем” і тэма пакарання становіцца “скразной” у паданнях, якія тлумачаць некаторыя асаблівасці яго выгляду. Так, у мностве варыянтаў вядомае паданне пра забойства братам брата (Каінам Авеля), якіх Бог змясціў на Месяц як вечны напамін пра гэтае злачынства. І цяпер, калі ў поўню прыгледзецца на Месяц, то можна ўбачыць, як брат стаіць з вілкамі над забітым братам у выглядзе цёмных плямінаў. Чырвоны ж колер Месяца ў поўню нізка над небакраем тлумачыцца тым, што Месяц, які свяціў падчас забойства, прыняў кроў першага пакутніка.

У шэрагу купальскіх тэкстаў Месяц адыгрывае ініцыяльную ролю: ён раскладае купальскае вогнішча, сігналізуючы пра пачатак святкавання.

Адметныя асаблівасці прыпісваліся месяцаваму святлу. Так, пры святле Месяца гушкаюцца на дрэвах, плешчуцца на паверхні вады або бегаюць па палях, заманьваючы прахожых, русалкі. Засцерагаліся таго, каб святло Месяца падала на калыску з немаўлём. Некаторыя дзіцячыя хваробы тлумачылі тым, што “месяц засвяціў”. Святло Месяца было неспрыяльным для гуркоў, гарбузоў, гароху, бобу і маку, бо выклікала ў гэтых раслін пустацвет.

Зацьменне Месяца тлумачылі тым, што складкі белага адзення Чумы, развіваючыся ў паветры, затуляюць ззянне Месяца. Зацьменне Месяца выклікала страх у людзей, бо лічылася прадказваннем паморку жывёлы, з-за чаго адразу зачынялі калодзежы. Вера ў тое, што пасля смерці душы праведнікаў адыходзяць спачатку на Месяц, каб потым узняцца ў яшчэ больш высокія сферы, дазволіла людзям успрымаць гэтае свяціла як сімвал несмяротнасці, шчасця, аховы ад злых духаў. Таму такое пашырэнне набылі ўпрыгожванні, амулеты ў выглядзе Месяца. Сонца і Месяц выступаюць у бінарнай апазіцыі. Яны ходзяць па небе і не могуць дагнаць адно аднаго. У калядных песнях абодва свяцілы могуць сімвалізаваць мужчынскі і жаночы пачатак. Дзякуючы свайму зменліваму вобліку, Месяц вызначае рытмы жыцця на зямлі, надвор'е, прылівы і адлівы, развіццё вегетацыі, рост жывёл. Продкі былі перекананыя, што ад уздзеяння Месяца залежыць плоднасць жаночага арганізма. Пэўныя квадры месяца выклікалі ў людзей розныя, часам неадназначныя ўяўленні. У квадрах бачыліся перыяды жыцця: дзяцінства, сталасць, старасць, смерць, а затым уваскрасенне і нараджэнне ізноў. Маладзік мог лічыцца спрыяльным перыядам для распачынання справы, якая пойдзе на рост, на прыбытак; з другога ж боку, маладзік -- увасабленне кволасці і нясталасці; поўня асацыіравалася з багаццем. Месяц на сходзе быў выразнікам старэння, хуткага знікнення. Таму дзецям, народжаным у канкрэтную квадру, прадказваўся адпаведны лёс: хто нарадзіўся ў маладзік, той будзе доўгавечны, маладжавы, а часам нават бяздзетны; хто прыйшоў у гэты свет у поўню, будзе мець вялікую сям'ю і вызначацца сталасцю, розумам; дзіця, якое маці нарадзіла ў 3-ю квадру будзе недаўгавечнае, хутка састарэе; у 4-ю -- слабое, хударлявае. Жанчына, народжаная на мяжы старога і новага месяца можа быць бясплоднаю. Смерць гаспадара ў залежнасці ад квадры Месяца, магла пацягнуць пэўныя вынікі: калі чалавек паміраў у поўню -- у сям'і па-ранейшаму застаецца лад; калі ў маладзік -- пачнецца ў хаце бязладдзе [19, с. 492].

З Месяцам, нібыта апекуном закаханых, у прыватнасці, з маладзіком, звязвалася варажба. У яго пыталіся пра каханага; прасілі, каб сасніўся будучы жаніх; звярталіся да яго з замовамі і малітвамі. Калі бачылі першы раз маладзік, хрысціліся, спусціўшы рукаў на руку, ці трэслі манетамі ў кішэні або дакраналіся да золата, серабра -- каб вадзіліся грошы.

На Месяц арыентаваліся чараўнікі, у маладзік збіралі зёлкі, а на поўню зачэрпвалі ваду з ракі апоўначы ці стралялі на скрыжаванні дарог са стрэльбы ў Месяц, каб стаць чараўніком ці паляўнічым. Месяц мог справакаваць розныя хваробы. Разам з тым Месяц успрымаўся і як аб'ект, ад якога залежыць пазбаўленне ад хваробы. Ад месячнага святла ў дзяцей маглі пачацца “крыксы”, і дзеля пазбаўлення ад іх выкідалі на двор пернік у палюшцы, каб Месяц свяціў на яго, а не на дзіця. Да маладзіка ў замовах звярталіся, каб балелі зубы. Пры маладзіку трэба было пашмараваць зямлёю бародаўкі і хапацца за галаву, каб яны сышлі. Каб пазбегнуць лунатызму ў дзіцяці, жанчына яшчэ падчас цяжарнасці павінна была асцерагацца ўначы месячных промняў. На поўню абводзілі крэйдаю па падлозе месячнае святло і клалі на тое месца дзіця-лунаціка. Трактоўкі месяца ў народных тлумачэннях сноў блізкія да сімвалічных уяўленняў у традыцыйна-песенных жанрах. Саснёны месяц абяцаў дзяўчыне жаніха, цяжарнай -- сына, сямейным -- удаўство, усход месяца -- добрае, заход -- смерць, сустрэча маладзіка з ветакам -- хваробу і смерць у святле народных прыкмет Месяц успрымаўся як надзейны прадказальнік будучага надвор'я ў залежнасці ад квадры, колеру, ад павернутасці ўгору ці ўніз рожкамі, ад наяўнасці ці адсутнасці вакол сябе арэолу. Негледзячы на разнастайныя, часам супрацьлеглыя, парады на пачатак сяўбы ў залежнасці ад квадраў Месяца, народная мудрасць прыходзіла да высновы, што выкананне палявых работ не залежыць ад іх. Разам з тым сцвярджалі, что месячнае святло неаднолькава спрыяе пры сяўбе розных культур. Сяўба пры Месяцы дасць рэдкія ўсходы, а гарох, грэчка, каноплі будуць цвісці да восені, затое ўродзіць белая капуста.

Верылі, што маладзік мае ўплыў на вылежванне лёну, і таму яго высцілалі кругам ці паўкругам і звалі “Месяцам”. У адрозненне ад Сонца, якое было звязана з агнём, Месяц з'яўляўся увасабленнем вадзяной стыхіі.

6. Значэнне міфалагем Сонца і Месяца ў неабрадавай паэзіі як знакавай сістэме народнага мастацтва беларусаў

У далёкім мінулым народ успрымаў сонца як божаства. Міфалагема Сонца шырока адлюстравана ў песнях і казках. У прыказках і прымаўках адлюстравалася сувязь сонца і месяца з гаспадарчай дзейнасцю чалавека, у прыватнасці з яго аграрнымі клопатамі:

“Колас добра не грэе”

“Усякаму чалавеку адно тое самае сонца свеціць”

“Чым сонца яснее, тым месяц смутнее”

“Маладзік родзі задраў -- на пагоду” [11, с. 158]

Ёсць такія прыказкі, якія сёння ўжо не ўжываюцца ў прамым, літаральным значэнні:

“Свяціў бы мне свяцёл Месяц, а звёзды і колам правяду”

“Каму месяц свеціць, таму і зоры ўсміхаюцца”

“І да мышкі сонца загляне”

Значэнне такіх прыказак абсалютна не вынікае з сумы сэнсаў кампанентаў, што складаюць яе. Гэта алегарычныя выразы, змест якіх фармуецца на аснове выкліканых асацыяцый [5, с. 31].

Прыказкі, што прадстаўлены ўстойлівымі выразамі, ужываюцца толькі ў прамым значэнні:

“Сонца ўстане, так і дзень настане”

“Сонца нізка -- вечар блізка”

“Кветкам патрэбна сонца, а людзям -- мір”

“Ля сонца цёпла, лямамкі добра”

“Як сэрца чалавеку патрэбна, так патрэбна і зямлі сонца”

Счапленне і ўзаемадзеянне кантраставых або нечакана атаясамленых настроем і сэнсам кадраў-вобразаў робіць іх у такой пары гаваркімі: сонца -- мір, сонца -- мамка, сонца -- сэрца і інш. [2, с. 232].

Раздзел загадак “Прырода і чалавек” пачынаецца з загадак пра неба, нябесныя свяцілы:

“Сіняя дружка ўвесь свет накрыла” (Неба)

Змест загадак характарызуецца шматлікай тэматычнай разнастайнасцб'ю, што абумоўліваецца іх сувяззю з жыццём і працай селяніна, яго гаспадаркай і бытам:

“Кругленька, беленька ўсяму свету міленька”

“Маленька, залаценька ўсё поле асвеціць”

“Бегла ліска каля лесу блізка: ні следу спазнаць, ні ліску дагнаць”

У шэрагу загадак сонца паўстае ў вобразах “краснай дзявіцы”, “пціцы-верацяніцы”, “пцічкі-веранічкі” і інш. Напрыклад:

“Стаіць дуб-верадуб, на тым дубе-верадубе сядіць пціца-вертаціца, ніхто не дастане: ні цар, ні царыца, ні пракрасна дзявіца”.

Такія загадкі часам уваходзяць у замовы як іх састаўныя часткі [16, с. 96].

А вось загадкі пра Месяц:

“Лысы конь цераз вароты глядзіць” (месяц)

“Вісіць на небе акрайчык хлеба” (маладзік)

“Прыйшла белая карова, увесь свет пабарола” (поўня)

У замовах часта гучыць зварот да Месяца, каб ён дапамог вылечыць хваробы:

“Месяц месяцовы, забяры ад раба Божага (імя хворага) злую ліхаманку-трасуху. Адвядзі яе на той свет, за тры сотні дарог, за тры сотні марэй, за высокія горы, за шумныя буры, каб яна дарогі не знайшла ды назад не вярнулася. Цьфу, цьфу, цьфу.” [1, с. 320].

У тэкстах падобных замоў часта падкрэсліваецца, што месяц бывае і на тым, і на гэтым свеце, як бы звязвае іх паміж сабой.

Згодна беларускай замове ад змяінага ўкусу, на востраве Буяне ў моры-акіяне стаіць явар, пад ім бел-камень -- прастае вужачы, а на камні залатое гняздо: “На тым гняздзе на чорным руне ляжыць вужышчэ -- Залатыя рогі: Сонцэ смоктае, Зоркі глытае, Месяцу рогі ў нядзелю сымае”. Уяўленне аб враждзе Сонца і гадаў-змей ці гадзюк звязана з міфалагічным асмысленнем прычыны сонечных зацменняў: хтанічная істота праглынае сонца.

Міфічныя ўяўленні старажытных людзей аб сонцы адбіліся і ў беларускай казцы “Агонь у сэрцы, а розум у галаве”, герой якой вельмі цікаўны чалавек: хацеў усё ведаць і таму пайшоў да сонца (“яно ўсюды свеціць, усё бачыць, дак усё знае”). У казцы не толькі само сонца паўстае ў астрапаморфным выглядзе, але і зорка. Чалавек дайшоў да таго месца, дзе сонца ўсходзіць на неба, “зірнуў праз лес, дак аж вочы зажмурыў, такі там бляск… падышоў ён бліжэй, аж гэто сонейка палацы блішчаць у золаце, бы вагонь гарыць”. У палацы ён сустрэў матку сонейка, якая сказала чалавеку, што сонейка паднялося на неба аглядаць зямлю, трэба пачакаць. Пасля яды чалавек захацеў піць і пайшоў да ракі, як раптам адтуль “выплыла вельмі гожая паненка”, у якую ён адразу ж так закахаўся, што “стаў бы ўкопаны” і вачэй “не мажэ атарваць ад яе”. Дзяўчыне ён таксама спадабаўся, і яна засцерагла яго ад гібелі: напаіла крынічнай вадою. Дзяўчына “ўзнялася ўгору ды заблішчэла адтуль гожаю зоркаю”, адразу ж, як толькі сонейка (яе бацька) спксцілася ў палацы. Персаніфікаванае сонейка злуецца, незадаволенае, што селянін адважыўся “прыці да яго, да як пачне смаліць яго, да пякці, дак мур кругом трашчыць, а ён як напіўся халоднае вады, дак і ні панкі…” Чалавек вытрымаў усё і не пабаяўся пагрозы сонейка: “як будзеш усё знаць, та хутко памрэш”; “…Бліснуло яму сонейка ў голаў. То і пачуў ён, што много знае, ала галава гарыць, а ў сэрцы холадно бы лёд”. Выратоўвае яго ад хуткай смерці матка сонейка, якая раіць яму сагрэць сэрца. Паклікаў ён тую паненку-зорку, “яна хутко пакацілася з неба яснаю зоркаю да й стала кала яго тою гожаю паненкаю. От і загарэласо ў яго ў сэрцы… пабраліся яны ды пашлі ў яго край…” [3, с. 237].

Сонца лічылася пачаткам жыцця. Ад яго залежыў далейшы працяг чалавечага жыцця і пладароддзя зямлі. У фальклорных творах самыя галоўныя істоты і лепшыя героі маюць пэўныя сонечныя адзнакі: напрыклад, залатыя валасы (або нават сонца ўва лбе) казачных прыгажунь. На Беларусі распаўсюджана шмат легендаў і паданняў, галоўным удзельнікам якіх з'яўляецца Сонца, менавіта яно выступае як крыніца ўсяго жывога на зямлі. У многіх народных творах расказваецца пра каханне і шлюб Сонца і Зямлі. Нашы продкі верылі, што жыццё -- гэта вечны кругазварот пераўтварэнняў, яно не можа спыніцца, перарвацца. Сустракаючы кожную раніцу Сонца і вітаючы яго малітвай, старажытны чалавек быў упэўнены ў перамозе света над цемрай, дабра над злом, еднасці сябе з сусветам.

У народным арнаменце Сонца як галоўнае боства ў многіх народаў старажытнасці, у тым ліку і ў беларусаў, здаўна з'яўляецца асноўным элементам у аздобе вырабаў побытавага, абрадавага, мастацкага прызначэння. Тагачасная кераміка, вырабы з дрэва і косці аздабляліся кружочкамі з кропкай у цэнтры. Тэхналагічныя асаблівасці ткацтва і вышыўкі выклікалі своеасаблівую інтэрпрэтацыю яго ў выглядзе ромба з промнямі ці адросткамі-кружочкамі.

Заключэнне

Аналіз салярнай сістэмы, звязанай з чалавечым быццём (Космасам), складае важную частку ў вывучэнні традыцыйнай народнай культуры. Разважанні пра беларускую міфалогію былі б, гэтаксама, няпоўнымі без даследвання элементаў салярных міфалагічных першавобразаў.

Фарміраванне і функцыянаванне даследуемага архетыпа звязана з агульнымі ведамі пра свет, у якім роля сонца была выключнай: яно займала першае месца ў светапоглядзе старажытнага чалавека. Свяціла ў беларускай міфалогіі выступае як нейкая ўсемагутная, галоўная істота, якая дасылае на зямлю цяпло і святло, як адвечная трыадзіная крыніца жыцця, ураджаю і дабрабыту, што дае падставы суаднесці яго з жаночым пачаткам. Менавіта з ім атаясамліваецца жыццё ўвогуле, а яго адсутнасць разглядаецца як час, калі адбываецца ўсё неспрыяльнае для чалавека.

У свядомасці нашых продкаў трывала зафіксаваўся фальклорна-этнаграфічны кантэкст “выязду” сонца на неба, які нельга разглядаць толькі як вынік простай метафарызацыі. У выніку гэтага сонца надзяляецца магчымасцямі жывой істоты: яно здольна адчуваць, усміхацца, радавацца і нават размаўляць, як чалавек.

Прычыны абагаўлення сонца трэба шукаць у тым, што далёкія продкі не маглі растлумачыць сам факт узнікнення жыцця на зямлі. Таму сонца, якое, па іх уяўленню,сімвалізавала жыццядзейны пачатак, займала адметнае месца ў філасофскай мадэлі Сусвету.

Семантыка міфалагемы Месяца больш складаная, чым іншых нябесных свяціл. Антрапаморфны месяц здольны прыносіцт людзям дабро і шкоду, пасылаць хваробу і вылечваць яе, садзейнічаць у пэўныя часы эфектыўнасці лекавых траў, забяспечваць месцамі памершыя душы, уплываць на рост раслін, жывёл і людзей, прадказваць лёс, падзеі і здарэнні і г. д.

Старажытная міфалогія беларусаў уваходзіла ва ўсе сферы жыцця грамадства, утвараючы сінкрэтычнае цэлае. Элементы старажытнай міфалогіі захоўваліся ў традыцыйнай культуры беларускага сялянства пачатку ХХ стагоддзя, таму ў эпічных жанрах вуснапаэтычнай творчасці архетып сонца і месяца атрымлівае новае семантычнае папаўненне: асацыіруе сабою сапраўднае міфічнае свяціла, якое дапамагае людзям, выступае ў якасці сацыяльнага “медыятара” ў адносінах паміж багатымі і беднымі, у маральна-этычным аспекце з'яўляецца сімвалам дабра, шчасця, што дае магчымасць зрабіць выснову аб складаным і адметным поглядзе першапродкаў на прыродныя і сацыяльныя з'явы.

У народнай творчасці раскрываюцца міфапаэтычныя ўяўленні пра адносіны паміж сонцам, дажджом, маланкай, і ўсё гэта адлюстравана ў дэкоры розных вырабаў. У народным арнаменце Сонца як галоўнае боства ў многіх народаў старажытнасці, у тым ліку і ў беларусаў, здаўна з'яўляецца асноўным элементам у арнаментыцы вырабаў побытавага, мастацкага прызначэння. У разьбе па дрэве матыў сонца набыў выгляд шматпраменнага кола-разеткі, якім аздаблялі побытавыя рэчы.

Спіс літаратуры

1. Аксамітаў, А. М. Прыказкі і прымаўкі: тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак і прымавак / А. М. Аксамітаў. -- Мінск: Бел. навука, 2000, -- С. 320

2. Грынблат, М. Я. Загадкі / М.Я. Грынблат, А. І. Гурскі. -- Мінск: Бел. навука, 2004. -- 363с.

3. Грынблат, М. Я. Казкі / М.Я. Грынблат, А. І. Гурскі. -- Мінск: Бел. навука, 2004. -- 423с.

4. Духовная культура Полесья на общеславянском фоне / состав С. А. Токарев. -- М.: Наука, 1986. -- с.8-11

5. Жорава, Н. У. Загляне сонца і ў наша аконца / Н. У. Жорава //Роднае слова. -- 2005. -- №3. -- С.8-11

6. Иванов, В. В. Солярные мифы: мифы народов мира / В. В. Иванов. -- М.: Наука, 1992. -- С.461-462

7. Кабашнікаў, К. П. Беларуская вуснапаэтычная творчасць / К. П. Кабашнікаў, А. С. Фядосік, А. С. Ліс. -- Мінск: Навука і тэхніка, 1988. -- 950с

8. Казакова, І. В. Беларускі фальклор: вучэбны дапаможнік/ І. В. Казакова. -- Мінск: выдав. Цэнтр БДУ, 2007. -- С.10-25

9. Купальскія і пятроўскія песні / уклад. А. С. Ліс, С. Т. Асташэвіч. -- Мінск: Навука і тэхніка, 1985. -- 631.с

10. Лак, Э. Славянская мифология: энциклопедический словарь / Э. Лак. -- М.: Наука, 1997. -- С.47

11. Лепешаў, І. М. Слоўнік беларускіх прыказак: Даведнік / І. М. Лепешаў, М.І. Якалцэвіч. -- Мінск: Вышэйшая школа, 1974, -- 511с

12. Ліцьвінка, В. Комплекснае даследванне фальклору і этнакультуры палесся: матэрыялы II Міжнароднай навуковай канферэнцыі 14-15 красавіка 2005 / В. Ліцьвінка -- Мінск: выдав. Цэнтр БДУ, 2005. -- 338с

13. Малашук, І. М. Адлюстраванне міфалагічных уяўленняў у каляднай абраднасці беларусаў / І. М. Малашук. -- Віцебск: Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П. М. Машэрава, 2002. -- С. 212-215

14. Малашук, І. М. Архетып сонца ў беларускім фальклоры / І. М. Малашук -- Мінск: Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, 2003, -- С.10-14

15. Малашук, І. М. Канцэпт салярнасці ў беларускім вяселлі / І. М. Малашук // веснік БрГТу. -- 2002. -- № 6. -- С. 75-79

16. Малашук, І. М. Малыя жанры ў сістэме традыцыйнай культуры беларусаў: праблема архетыпа сонца ў загадках / І. М. Малашук // Народныя традыцыі і нацыянальная культура: Матэрыялы Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі. -- Мінск: Беларускі педагагічны універсітэт імя М. Танка, 2001. -- Кн. 1. -- С. 95-98

17. Малашук, І. М. Сонца ў жніўных песнях беларусаў /І. М. Малашук. -- Магілёў: Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А. Куляшова, 2001. -- С. 92-96

18. Малашук, І. М. Сонца ў эпічных жанрах вуснапаэтычнай творчасці / І. М. Малашук // Гістарычны альманах. -- 2002. -- № 8. -- С. 25-39

19. Пашкоў, Г. П. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя. Т. 2 /Г. П. Пашкоў. -- Мінск: БелЭн, 2006. -- 832 с

20. Санько, С. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, І. Клімовіч. -- Мінск: Беларусь, 2006. -- 599 с

21. Токарев, С. А. Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы. Исторические корни и развитие обычаев / С. А. Токарев, И. Н. Гроздова, Ю. В. Иванова, С. Я. Серов. -- М.: Наука, 1983. -- С. 105-114

22. Толстая, С. М. Солнце играет: Славянский и балканский фольклор / С. М. Толстая. - М.: Наука, 1986, -- С. 25

23. Топорков, А. Л. Солнце: славянская мифология / А. Л. Топорков. -- М.: Наука, 1995. -- С. 361-363


Подобные документы

  • Творчае жыццё Максіма Танка. Духоўная, маральна-філасофская, гуманістычная эвалюцыя лірычнага героя ў паэзіі М. Танка. Праблемна-сімвалічнае поле паэзіі. Вобраз "сонца", канцэпт "дарога". Колеравая палітра вершаў. Асаблівасці паэтычнага радка М. Танка.

    курсовая работа [199,1 K], добавлен 03.02.2014

  • Асаблівасці нацыянальнага характару беларусаў. Творчасць І. Мележа і галоўны стрыжань пісьменніцкага светаўспрымання беларускай духоўнасці. Шматграннасць духоўнага свету беларусаў. Учынкі, дзеянні, літаратурных герояў і іх рысы нацыянальнага характару.

    курсовая работа [93,8 K], добавлен 08.12.2011

  • Роля паэзіі ў агульнай сістэме мастацкай літаратуры часоў Вялікай Айчыннай вайны. Кантраснае спалучэнне ў творах любові і нянавісці, традыцыйных вобразаў-сімвалаў і лірычна-песенных інтанацый. Значэнне сатырычнай камедыі ў беларускай літаратуры.

    курсовая работа [65,2 K], добавлен 23.02.2011

  • Паняцце канцэпту ў лінгвістычнай літаратуры з пункту погляду розных навуковых пазіцый. Адзінка шчасце ў лексікаграфічных працах, шчасце з пункту погляду этыкі, філасофіі, псіхалогіі. Вобразна-выяўленчы, патэнцыял канцэпту шчасце ў мове сучаснай паэзіі.

    дипломная работа [100,1 K], добавлен 04.03.2010

  • Вывучэнне біяграфіі Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч (Цёткі) - пачынальнікаў навейшай беларускай літаратуры. Псеўданімы, якімі яна карысталася ў сваёй творчасці. Літаратурная спадчына Цёткі (паэзія, проза, публіцыстыка), яе значэнне ў беларускай літаратуры.

    реферат [39,3 K], добавлен 26.03.2013

  • Парабалічная плынь у сучаснай беларускай літаратуры. Пашырэнне прытчавасці ў сучаснай літаратуры. Размежаванне парабалы і прытчы. Талент, паэзія і творчасць Алеся Разанава ў кантэксце сучасных мастацкіх канцэпцый. Сусветная місія беларускай літаратуры.

    реферат [33,4 K], добавлен 23.03.2011

  • Кароткая характарыстыка і асаблівасці сучаснай беларускай прозы, біяграфія і творчасць яе прадстаўнікоў: Ніл Сымонавіч Гілевіч, Рыгор Іванавіч Барадулін, Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц, Вярцінскі Анатоль Ільіч. Уклад дзеячаў у развіццё беларускай літаратуры.

    реферат [16,4 K], добавлен 22.11.2011

  • Асаблівасці развіцця і галоўныя тэмы беларускай паэзіі 20-х гадоў, яркія прадстаўнікі дадзенага перыяду і аналіз іх твораў. Значэнне жаночай паэзіі ў дадзеным літаратурным перыядзе, яе лірызм. Характэрныя асаблівасці чаротаўскай авангардысцкай паэтыкі.

    реферат [51,0 K], добавлен 25.03.2011

  • Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры ў эпоху Асветніцтва. Лепшыя паэтычныя і драматычныя творы другой паловы XVIII ст. Тэматычна бурлескная паэзія эпохі Асветніцтва. Развіццё школьнай драматургіі.

    реферат [36,9 K], добавлен 24.02.2011

  • Вызначэнне месца сатыры і гумару ў сістэме родаў, відаў і жанраў літаратуры. Дыферэнцыяцыя поглядаў даследчыкаў на сатырычны род. Пародыя, эпіграма, працэс станаўлення і развіцця жанру пародыі ў беларускай літаратуры ХХ ст. Парадыйная спадчына Г. Юрчанкі.

    курсовая работа [49,0 K], добавлен 05.03.2010

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.