Развіццё беларускай мовы

Феномен мовы і паняцце соцыуму. Гісторыя двухмоўя на Беларусі. Этапы фарміравання беларускай мовы. Лексікалогія і лексікаграфія беларускай мовы. Стылістыка і функцыянальныя стылі. Навуковы стыль і яго разнавіднасці. Групы афіцыйна-справавой дакументацыі.

Рубрика Иностранные языки и языкознание
Вид курс лекций
Язык белорусский
Дата добавления 30.03.2015
Размер файла 208,8 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Індаеўрапейская сям'я падзяляецца на 16 моўных груп: раманская (французская, італьянская, іспанская, партугальская, румынская, малдаўская, рэтараманская, правансальская, сардзінская, каталанская і мёртвая лацінская мова і іншыя гаворкі, якія захаваліся ў пісьмовых помніках), германская (нямецкая, англійская, шведская, дацкая, нарвежская, ісландская, фарэрская, галандская, фламандская, фрызская, ідыш і мёртвыя гоцкая, бургундская і вандальская мовы), кельцкая (шатландская, ірландская, гальская, брэтонская, уэльская, або валійская, і мёртвая карнуэльская), балтыйская (літоўская, латышская і мёртвыя мовы - пруская і яцвяжская), іранская (персідская, таджыкская, курдская, пушту, белуджская, ваханская, асецінская, талышская і інш., а таксама мёртвыя старажытнапер-сідская, мідыйская, скіфская, харэзмійская, парфянская і інш.), індыйская (хіндзі, урду, пенджабі, біхары, маратхі, орыя, бенгалі і інш., новаіндыйскія мовы, цыганская, а таксама мёртвыя мовы санскрыт, ведыйская, пракрыты і палі) і інш. У індаеўрапейскую сям'ю ўваходзяць і асобныя мовы - грэчаская, албанская, армянская і мёртвыя старажытнагрэчаская і сярэднягрэчаская, або візантый-ская.

4. Моўныя групы індаеўрапейскай сям'і

Беларуская мова належыць да славянскай групы моў.

Славянскія мовы з'яўляюцца роднымі больш чым для 200 мільёнаў чалавек, прадстаўнікоў розных славянскіх народаў. Гучаць славянскія мовы на значнай частцы тэрыторыі Еўропы.

Навука аб сям'і славянскіх моў - параўнальна-гістарычнае славянскае мовазнаўства - імкнецца заглянуць яшчэ далей, у таямнічыя глыбіні сівых вякоў, у перадгісторыю славян, высветліць, як склаўся гэты народ і яго мова, дзе і кім ён быў народжаны і выпеставаны. Адносна паходжання славян вучоныя мяркуюць па-рознаму. Адны гавораць, што пачатак славянству паклала нейкае адно племя старажытных насельнікаў Еўропы - напаўміфічнага еўрапейскага народа, блізкага па мове да старажытных продкаў сучасных жыхароў Індыі. Іншыя лічаць славянства “сплавам” розных па мове і культуры плямён. Аднак што б там ні было ў перадгісторыі, гісторыя славян і іх моў пачыналася з адзінства: быў адзін славянскі народ і ў яго была адна мова.

Сучасныя славянскія мовы падзяляюцца на тры групы:

- усходнеславянскую: беларуская, руская, украінская мовы. Гэта група самая малая па колькасці моў, але самая вялікая па колькасці славян, што гавораць на мовах гэтай групы (звыш 180 млн. чалавек). Беларускую мову лічаць роднай каля 80 % карэннага насельніцтва нашай рэспублікі. Акрамя таго, ёй карыстаюцца больш за 1 млн. беларусаў, якія жывуць у розных краінах свету;

- заходнеславянскую: польская, кашубская, чэшская, славацкая, сербалужыцкая (верхня- і ніжнялужыцкая) і мёртвая палабская мова. Носьбіты гэтых моў, якіх больш за 50 млн. чалавек, жывуць цяпер на тэрыторыі Польшчы, Чэхіі, Славакіі і часткова Германіі. Найбуйнейшая ў гэтай групе - польская мова. На ёй гавораць каля 30 мільёнаў палякаў. Чэшская (каля 10 мільёнаў чалавек) і славацкая (больш за 4,5 мільёна чалавек) мовы - гэта роднасныя мовы народаў Чэхіі і Славакіі. Абедзве яны маюць багатую сучасную літаратуру. Алфавіт, як і ў іншых заходнеславянскіх мовах, створаны на аснове лацінкі;

- паўднёваславянскую: балгарская, македонская, сербская, харвацкая, славенская мовы. Носьбіты гэтых моў, якіх больш за 30 млн. чалавек, жывуць у асноўным на Балканскім паўвостраве - у Балгарыі, Македоніі, Сербіі, Харватыі, Славеніі, Босніі і Герцагавіне, а таксама ў сумежных з імі краінах (Грэцыі, Аўстрыі, Венгрыі і інш.). На балгарскай мове гавораць больш за 7 мільёнаў чалавек (Балгарыя). Македонская (больш за 1 мільён чалавек) пашырана ў Югаславіі, а таксама ў Балгарыі і Грэцыі.

На аснове групы гаворак старажытнабалгарскай мовы ў ІХ ст. склалася яшчэ адна мова, якая хоць і не была моваю асобнага славянскага народа, але існавала і развівалася на працягу ўсяго сярэдневяковага перыяду гісторыі славян. Гэта названая вышэй стараславянская (ці старажытнацаркоўнаславянская) мова. Цяпер яна лічыцца мёртвай. У мінулым жа стараславянская мова была літаратурнай пісьмовай мовай у розных славян. У Х ст. яна пачала ўжывацца і ў Старажытнай Русі ў сувязі з прыняццем хрысціянскай рэлігіі. Карысталіся ёй у богаслужэнні. Яе ўплыў адзначаецца ў сучасных літаратурных мовах некаторых славянскіх народаў (шмат царкоўнаславянізмаў, у прыватнасці, у рускай мове).

Славянскія моўныя групы выдзяляюцца на аснове агульных асаблівасцей, уласцівых мовам, што ўтвараюць пэўную групу.

Усе славяне карыстаюцца двума тыпамі пісьма - кірылічным і лацінскім. Найбольш распаўсюджана кірыліца (Беларусь, Расія, Украіна, Сербія і Чарнагорыя, Македонія, Балгарыя, часткова Боснія і Герцагавіна). У Польшчы, Чэхіі, Харватыі, Славеніі выкарыстоўваюць лацінскі алфавіт.

На працягу апошняга тысячагоддзя славянскія мовы развіваліся ў розных умовах. Тым не менш і сёння здзіўляе незвычайная блізкасць гэтых моў у лексічным складзе і структуры слова, у агульнасці каранёў, граматычных форм, сінтаксічных канструкцый.

Адзін славянін без цяжкасці або з пэўнаю цяжкасцю разумее другога (беларус - паляка, чэх - рускага і г. д.) нават без спецыяльнай адукацыі. Ва ўсіх славянскіх мовах ёсць вялікі пласт лексікі, якую называюць агульнаславянскай. Гэта галоўным чынам словы, што былі яшчэ ў далёкі дапісьмовы час у так званай агульнаславянскай мове-аснове. Ва ўсіх славянскіх мовах амаль аднолькава гучаць старажытныя словы, звязаныя з сямейнымі і вытворчымі адносінамі, з раслінным і жывёльным светам, назвы пор года, частак чалавечага цела і інш. Усё гэта - водгалас старажытных сувязяў продкаў славян. Разам з тым блізкасць славянскіх моў часткова тлумачыцца і агульнасцю гістарычнага лёсу асобных груп славян.

ЛІТАРАТУРА

1. Беларуская мова: Энцыклапедыя. - Минск, 1994.

2 Германовіч, І.К. Беларускія мовазнаўцы. Нарысы жыцця і навуковай дзейнасці / І.К. Германовіч. - Мінск, 1985.

3. Ляшчынская, В.А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка / В.А. Ляшчынская - Мінск, 2003.

4. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. - Мінск, 1995.

5. Плотнікаў, Б.А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум / Б.А.Плотнікаў, Л.А. Антанюк.- Мінск: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны дом, 2003.

6. Сямешка, Л.І. Курс беларускай мовы / Л.І. Сямешка, І.Р. Шкраба, З.І Бадзевіч.- Мінск.,1996.

7. Шакун, Л.М. Карані нашай мовы / Л.М. Шакун // Роднае слова. - 1996. - № 9. - С. 108-119.

8. Шакун, Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы / Л.М. Шакун. - Мінск, 1984.

9. Беларусазнаўства: навучальны дапаможнік / Под рэд. П. Брыгадзіна. - Мінск: За-вігар, 1998. - С. 123 - 151.

Лекцыя ІV. лексікалогія і лексікаграфія беларускай мовы

1. Лексікалогія як раздзел мовазнаўства

Сукупнасць слоў той ці іншай мовы складае яе лексіку (грэч. lехіs - які адносіцца да слова, слоўнікавы). Лексікай называюць таксама словы, што ўжываюцца ў творах таго ці іншага пісьменніка, у пэўнай сферы дзейнасці чалавека (тэрміналагічная і прафесійная лексіка), у якой-небудзь гаворцы (дыялектная лексіка) і інш. Багацце лексічнага запасу беларускай мовы шырока адлюстравана ў слоўніках: напрыклад, у «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1977-1984) звыш 100 тысяч слоў і фразеалагізмаў. Лексікалогія (грэч. lехіkоs - які адносіцца да слова, слоўнікавы і logos - вучэнне) - раздзел мовазнаўства, які вывучае лексіку мовы. У лексікалогіі даецца азначэнне слова як асноўнай адзінкі мовы, высвятляюцца шляхі развіцця значэнняў слова, вызначаецца іх стылістычнае адрозненне. Лексікалогія звязана з іншымі раздзеламі лінгвістыкі, якія вывучаюць слова: стылістыкай, лексікаграфіяй, фразеалогіяй і інш.

Стылістыка (грэч. stylos - прылада для пісьма ў старажытных грэкаў) вывучае спосабы выкарыстання моўных сродкаў у залежнасці ад мэты і характару выказвання, мэты паведамлення. Лексікаграфія (грэч. lехіkоs - слоўнікавы, grapho - пішу) вывучае тэорыю і практыку складання слоўнікаў розных тыпаў. Фразеалогія (грэч. рhrasis - выраз і 1оgos - вучэнне, навука) вывучае і апісвае ўстойлівыя словазлучэнні, іх паходжанне, значэнне і класіфікацыю.

Лексічны склад мовы пастаянна змяняецца: адны словы выходзяць з актыўнага ўжывання, знікаюць, другія - з'яўляюцца. У гэтых адносі-нах лексіка мовы рэзка адрозніваецца ад фанетыкі, якая ўключае некалькі дзясяткаў вельмі ўстойлівых адзінак, і ад граматыкі, дзе колькасць адзінак (марфем, словаформаў, тыпаў сказаў, словазлучэнняў) не большая за некалькі соцень, і яны на працягу доўгага часу змяняюцца нязначна.

2. Слова і яго значэнне

Аб'ектам вывучэння ў лексікалогіі выступае слова - адзінка мовы. У слове адлюстраваны вопыт і вынікі пазнавальнай, працоўнай дзейнасці чалавека на працягу тысячагоддзяў.

Слова як лексічная адзінка мае свае характэрныя рысы: фанетычную і граматычную аформленасць, значэнне, выдзяляльнасць і аднаў-ляльнасць у мове. Гукавая абалонка - знешняя форма слова, а лек-січнае значэнне, сэнс - унутраная. Напрыклад, знешняя форма слова вятрак - 6 гукаў і 6 літар, размешчаных у пэўным парадку, а змест, лексічнае значэнне слова - суаднесенасць з прадметам навакольнага свету - ветраны млын. Сувязь паміж формай і зместам слова ўмоўная, яна гістарычна замацавана ў мове і аформлена ў слоўніках розных тыпаў.

Адна з характэрных рыс слова - яго абагульняльны характар, у мове няма слоў для абазначэння кожнага асобнага прадмета. Абагульненае ўяўленне людзей пра з'явы, прадметы, іх прыметы і ўласцівасці адлюстроўваецца ў выглядзе паняццяў. Паняцце - гэта адна з формаў мыслення, што абагульнена адлюстроўвае ў свядомасці людзей аб'ектыўную рэчаіснасць. У свядомасці чалавека паняцці замацоў-ваюцца і афармляюцца з дапамогай слоў, паміж словам і паняццем устанаўліваецца цесная сувязь, адзінства.

Слова - гэта фанетычна і граматычна аформленая адзінка мовы, якая мае пэўнае значэнне і выступае сродкам моўных зносін.

Пераважную большасць лексікі беларускай мовы складаюць словы самастойныя (паўназначныя), якія выконваюць намінатыўную функцыю: называюць з'явы, прадметы навакольнага свету. Службовыя словы (прыназоўнікі, злучнікі, часціцы) не выконваюць намінатыўнай функцыі і не маюць лексічнага значэння.

Словы самастойных часцін мовы маюць лексічнае і граматычнае значэнне.

Лексічнае значэнне - гэта ўнутраны змест слова, суаднесенасць яго гукавой абалонкі з пэўным прадметам або з'явай рэчаіснасці. Напрыклад, калі мы вымаўляем, чуем слова абрус, у нашай свядомасці ўзнікае ўяўленне аб прадметах рэчаіснасці, за якімі замацавана гэта слова. Лексічныя значэнні слоў гістарычна ўстаноўлены грамадствам, суадносяцца з пэўнымі прадметамі, дзеяннямі, прыметамі і характарызуюц-ца ўстойлівасцю. Лексічнае значэнне слова з'яўляецца індувідуальным.

Лексічныя значэнні слова разнастайныя па сваёй прыродзе. У працэсе гістарычнага развіцця грамадства, навукі, культуры, мастацтва з'яўляюцца новыя прадметы, паняцці. Яны павінны атрымаць назву, каб можна было адрозніць іх ад іншых. Назвы бываюць матываваныя і нематываваныя. Калі слова матываванае, можна вызначыць, на аснове чаго, якой характэрнай рысы яно ўзнікла. Гэта словы з вытворнай асновай, яны матывуюцца, тлумачацца з дапамогай іншых слоў: завушніцы ад слова вуха, сухмень ад слова сухі, маладзік ад слова малады, трактарыст ад слова трактар. Для нематываваных слоў-назваў нельга вызначыць, на аснове чаго, якіх характэрных прымет яны ўзніклі. Утварэнне такой назвы немагчыма растлумачыць з дапамогай іншых слоў. Нематываваныя словы маюць невытворную аснову: лес, пыл, град, свежы.

Граматычнае значэнне - гэта значэнне, уласцівае слову як часціне мовы. Напрыклад, словы возера, клён, праца, бераг маюць рознае лексічнае значэнне, а граматычнае значэнне іх аднолькавае: для ўсіх гэтых слоў уласцівая прадметнасць, яны маюць род, змяняюцца па ліках, склонах. Граматычныя значэнні аб'ядноўваюць словы ў адну часціну мовы. Слова - гэта адзінства лексічнага і граматычнага значэнняў.

Носьбіт лексічнага значэння - аснова слова, параўнайце: лес, лясны, лесавы, ляснік, лясісты, леснічоўка, лясун і інш. Граматычнае ж значэнне слова выражаецца з дапамогай канчаткаў, формаўтваральных суфіксаў, прыставак, дапаможных слоў, націску.

Словы могуць мець адно ці некалькі лексічных значэнняў. У залежнасці ад гэтага яны падзяляюцца на адназначныя і мнагазначныя.

Адназначныя словы маюць адно лексічнае значэнне. Такіх слоў у мове няшмат, звычайна гэта тэрміны: дэфіс, нейрон, флексія, катэт, косінус; уласныя назвы: Свіцязь, Купала, Гомель, Сатурн, ІІрыпяць. Большасць слоў у беларускай мове мнагазначныя. Напрыклад, слова браня мае 2 значэнні: 1) металічная засцерагальная вопратка воіна ў мінулым; панцыр, латы, кальчуга; 2) стальная абшыўка, танка баявога карабля, бронецягніка.

Мнагазначныя словы - яркі стылёвы сродак, яны выкарыстоўваюцца ў мове твораў мастацкай літаратуры для стварэння вобразаў, перадачы эмацыянальнага, душэўнага настрою герояў, малюнкаў прыроды і інш.

Амонімы (грэч. homos - аднолькавы і onyma - імя) - гэта словы з аднолькавым гучаннем і розным значэннем: арфа1 - музычны інстру-мент і арфа2 - веялка; аўсянка1 - аўсяная каша і аўсянка2 - пеўчая птушка; сардэчнік1 - чалавек, хворы на сэрца, сардэчнік2 - унутраная частка розных апаратаў, прылад, сардэчнік3 - лекавая расліна, буйміна. З'ява гукавога супадзення зусім розных па сэнсе моўных адзінак называецца аманіміяй. У адрозненне ад мнагазначнага слова, у якім паміж значэннямі захоўваецца семантычнае адзінства, амонімы - словы зусім розныя, якія па тых ці іншых прычынах супалі ў гучанні. У філалагічных слоўніках амонімы падаюцца ў розных слоўнікавых артыкулах і пазначаюцца надрадковай лічбай: кіт1, кіт2; стапа1, стапа2.

Выкарыстанне розных тыпаў амонімаў ў мастацкім творы - сродак стварэння вобраза: Гонячы хвалі крывавыя ўдалеч, сына будзіла рыбацкая Нарач; гнеўная Нарач, што брала на вілы замак пракляты ды панскія вілы. (Вял.) Наша вострая піла - не піла, а пчала. Не піла, не ела, ні разу не прысела. (Віт.)

Сінонімы (грэч. synonimos - аднайменны) - словы, што па-рознаму гучаць, але поўнасцю ці часткова супадаюць па значэнні: есці - з'ядаць, карміцца, жывіцца, харчавацца, спажываць, сталавацца. Наяўнасць сінонімаў характэрная для большасці моў свету; багатая сінаніміка робіць мову выразнай, яркай, эмацыянальнай. Сінонімы абазначаюць адно і тое ж паняцце, але адрозніваюцца адценнямі значэння, сферай ужывання, стылістычнай ці эмацыянальнай афарбоўкай. Сінонімы належаць да адной лексіка-граматычнай катэгорыі слоў (часціны мовы). У сказе такія словы могуць узаемазамяняцца: заўсёды (заўжды, увесь час, ва ўсе часы, вечна, век векам, векавечна) палымнее сонца.

Крыніцы сінонімаў разнастайныя. Яны ўзнікаюць у выніку лексіч-нага збліжэння: а) агульнаславянскіх ці ўсходнеславянскіх і ўласнабе-ларускіх слоў: граніца - мяжа, прыяцель - сябар, гаварыць - гутарыць, гаманіць; мошка - казюрка, кузурка, казюлька, казюля; ежа - страва; б) слоў літаратурнай мовы і народна-дыялектнай: рабро - скаба, рад - шар, бульба - картопля, недахоп - сказа, лодка - чайка; в) уласна беларускіх слоў і запазычаных: цягнік - поезд (рус.), успомніць - прыгадаць (укр.), аловак - карандаш (цюрк.), прыстаўка - прэфікс (лац.). Група слоў, якая складаецца з двух і больш сінонімаў, называецца сінанімічным радам. У ім выдзяляецца асноўнае, стрыжнявое слова, якое найбольш ужывальнае і стылістычна нейтральнае. Гэта дамінанта. Яно паўней за іншыя словы перадае агульнае значэнне рада і стаіць у ім першым. У слоўніках сінонімаў дамінанта падаецца ў пачатку слоўнікавага артыкула з абзаца.

Роля сінонімаў у развіцці культуры мовы людзей надзвычай вялікая: з дапамогай іх можна вырашаць разнастайныя стылістычныя задачы, перадаваць найтанчэйшыя адценні сэнсу, больш дакладна выражаць свае думкі. Ужыванне сінонімаў дапамагае пазбегнуць паўтораў адных і тых жа слоў, робіць мову багацейшай, прыгажэйшай.

Сінонімы шырока ўжываюцца ў мове твораў мастацкай літаратуры і выступаюць асновай своеасаблівасці і індывідуальнасці стылю пісьменніка: I гром-пярун сталёвым бічам, бы нейкі звер страшэнным лычам, арэ, трасе, калоціць хмары. (К-с) Глянь [валуны] скачуць, коцяцца, паўзуць, трашчаць, рыпяць, звіняць, грукочуць, як статак мамантаў, ідуць, усё зраўняць з зямлёю хочуць. (Дайн.)

Антонімы (грэч. anti - супраць, onima - імя) - словы адной і той жа часціны мовы з супрацьлеглым значэннем. Антонімы, у адрозненне ад сінонімаў, аб'ядноўваюцца не ў рады, а ў пары і супрацьстаўляюцца толькі па значэнні: вялікі - малы, новы - стары, смелы - нясмелы, весяліцца - сумаваць. Звычайна антонімы абазначаюць: а) якасць і ацэнку: гарачы - халодны, прыгожы - непрыгожы, стары - малады; б) пачуцці і стан чалавека: радасць - сум, здаровы - хворы; в) дзеянні: зачыніць - адчыніць, будаваць - разбураць; г) з'явы прыроды: світае - змяркаецца, мароз - спёка, гарачыня - холад; д) часавыя і прасторавыя паняцці: раніца - вечар, пачатак - канец, зіма - лета, захад - усход і інш.

Антанімічныя пары могуць утвараць не толькі асобныя словы, але і спалучэнні слоў: светлы дзень - цёмная ноч, бурная радасць - ціхі смутак.

Антонімы могуць быць аднакаранёвымі і рознакаранёвымі. У аднакаранёвых антонімах супрацьлегласць значэння выражаецца не коранем, а прыстаўкай: зайсці - выйсці, жывы - нежывы, вялікі - невялікі, навуковы - антынавуковы, згода - нязгода. У рознакаранёвых антоні-мах супрацьлегласць значэння выражаецца ўсім словам: карысць - шкода, сіла - слабасць, узнагародзіць - пакараць, даць - забраць.

Як правіла, антонімы маюць словы з якасным, колькасным, прасторавым і часавым значэннем. Не ўтвараюць антанімічных пар большасць назоўнікаў з канкрэтным значэннем: стол, акно, пясок, сасна, уласныя назоўнікі: Гомель, Венера, Нарач, многія якасныя прыметнікі - назвы колеру: сіні, чырвоны, зялёны, карычневы.

Мнагазначнае слова можа мець некалькі розных антонімаў, кожны з якіх суадносны з пэўным значэннем такога слова. Напрыклад, да слова лёгкі ў прамым значэнні (лёгкі пух) антонімам з'яўляецца слова цяжкі, а ў пераносных значэннях - іншыя: лёгкае адзенне - цёплае адзенне, лёгкае заданне - складанае заданне, лёгкі крок - мядзведжы крок. Антонімы належаць да выразных сродкаў мовы, яны шырока выкарыстоўваюцца ў назвах зборнікаў вершаў, раманаў, іншых мастацкіх і публіцыстычных твораў; а таксама ў прыказках, прыпеўках, народных песнях, казках, легендах, паданнях.

Паронімы (грэч. para - каля, побач і onima - імя) - гэта словы, што маюць блізкае гучанне, але розныя па лексічным значэнні. Паронімы - словы адной часціны мовы, звычайна аднакаранёвыя, яны маюць націск на адным і тым жа складзе: дыпламат - дыпламант, адрасат - адрасант, фабрыкат - фабрыкант. Найчасцей паронімы ўтвараюць двухкампанентныя групоўкі (гнёзды): гліняны - гліністы, кантакт - кантракт; адрыўны - адрывісты - адрывачны. Кожны паронім характарызуецца самастойнасцю, слова можа мець свае сінонімы і антонімы, ужываецца ў пэўнай моўнай сітуацыі.

Узнікненне паронімаў звязана з пастаянным павелічэннем колькасці лексічных адзінак, пашырэннем іх сэнсавай нагрузкі, узаемаўплывам слоў на семантычным і марфалагічным узроўні. Колькасць паронімаў павялічваецца таксама за кошт пранікнення ў склад агульнаўжывальнай лексікі слоў лексікі спецыяльнай, запазычання слоў з іншых моў: абанент (ням. Abоnnеnt) - абанемент (франц. аbоnnеmеnt), эскалатар (англ. еsсаlаtor) - экскаватар (англ. ехсаvаtог). Паронімы могуць адрознівацца прыстаўкамі і суфіксамі: управіць - выправіць, паглынуць - праглынуць, генеральны - генеральскі. Гукавое падабенства паронімаў нярэдка вядзе да таго, што іх няправільна ўжываюць у мове, не адрозніваюць семантыку гэтых слоў. Павысіць культуру вуснай і пісьмовай мовы, пазбегнуць памылак такога тыпу дапамагаюць слоўнікі іншамоўных слоў, тлумачальныя слоўнікі, а таксама спецыяльныя даведнікі. У мастацкай літаратуры паронімы выкарыстоўваюцца як сродак стылістычнай выразнасці, для канкрэтызацыі, удакладнення думак, высвятлення тонкіх сэнсавых адценняў супастаўляльных слоў, для моўнай характарыстыкі герояў мастацкага твора, стварэння камічнай сітуацыі і пабудовы каламбураў.

3. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання

Слоўнікавы склад сучаснай беларускай мовы фарміраваўся на працягу многіх стагоддзяў. Адны словы дайшлі да нас з часу індаеўрапейскага і агульнаславянскага адзінства (III тыс. да н.э. - другая палова I тыс. н.э.), другія належаць да агульнаўсходнеславянскага перыяду (VII-XIII стст.), трэція ўзніклі ў эпоху фарміравання мовы беларускай народнасці і нацыі (XIV-XX стст.). Паводле крыніц і характару паходжання беларуская лексіка падзяляецца на дзве групы: спрадвечна беларуская (уключае ў сябе агульнаіндаеўрапейскія, агульнаславянскія, усходнеславянскія і ўласнабеларускія словы) і запазычаная (з блізкароднасных славянскіх і неславянскіх моў).

3.1 Спрадвечна беларуская лексіка

У спрадвечна беларускай лексіцы вылучаецца некалькі гістарычных пластоў слоў:

1) агульнаіндаеўрапейскія словы (узніклі за 3-2 тыс. да н. э.). Адзначаюцца ў індыйскіх, іранскіх, германскіх, раманскіх, балтыйскіх, славянскіх і іншых моўных группах, якія з'яўляюцца роднаснымі, але ў рознай ступені, што выяўляецца ў неаднолькавым падабенстве знешняй формы слова. Гэта словы, якія звязаны з намінацыяй найбольш блізкіх чалавеку рэалій, што непасрэдна акружалі яго будзённае жыццё. Да такіх слоў належаць наступныя назвы:

- адносін роднасці і сваяцтва (сын, мама, брат, дачка, дзевер);

- органаў і частак цела (язык, нос, зуб, бровы, века, грудзі, грыва, калена);

- звяроў, птушак і іншых істот (карова, каза, воўк, мыш, дрозд, журавель, аса, блыха);

- раслін, пладоў (дуб, клён, бяроза, гарох);

- прадметаў і прылад працы (саха, цэп, жорны, вось);

- пабудоў і іх частак (дом, дзверы, вароты);

- частак зямной паверхні (мора, скала, камень, гара, бераг, балота);

- часавых паняццяў (ноч, дзень, вечар, век);

- атмасферных з'яў (снег, град, вецер, раса) і г. д.;

2) агульнаславянская лексіка (праславянская) - пэўны пласт слоў-нікавага складу сучасных славянскіх, у тым ліку і беларускай, моў, атрыманы ў спадчыну ад праславянскай мовы (узніклі да 6 ст. н. э.). У сучаснай беларускай мове больш за 1,5 тыс. слоў праславянскага фонду.

У тэматычным плане агульнаславянская лексіка ахоплівае разнастайныя сферы матэрыяльнага і духоўнага жыцця: назвы асоб, у тым ліку паняцці роднасці і сваяцтва: чалавек, дзед, свёкар, дзіця, сват, нявестка, кум, сястра, унук; частак цела: рука, вока, нос, галава, локаць, палец, сэрца, шыя, барада; жывой і нежывой прыроды: бык, алень, баран, мядзведзь, куніца, ліса, заяц, варона, рыба, пчала, мароз, вада, снег, вецер; раслін і іх сукупнасцей: лес, мох, трава, вярба, яблыня, чаромха, сліва, арэх, асака, ліпа; пораў года і адрэзкаў часу: зіма, лета, дзень, ноч, раніца; геаграфічных аб'ектаў: зямля, возера, рака; прылад: нож, барана, вілы, граблі, каса, серп; прадметаў зброі: кап'ё, лук, страла; прадуктаў харчавання: хлеб, мёд, піва; адцягненых паняццяў: воля, жыццё, радасць, бяда; дзеянняў: ісці, несці, плесці, спяваць; лікаў: сем, два, дзесяць, сто; колераў і якасцей: белы, малады, хітры. Многія з прыведзеных слоў і зараз ужываюцца ва ўсіх славянскіх мовах (або ў большасці іх), параўн.: бел. галава, рус. голова, укр. голова, пол. gіowa, чэш. hlava, балг. глава. Да агульнаславянскай лексікі адносіцца большасць займеннікаў і службовых слоў (прыназоўнікі, злучнікі).

У беларускай мове агульнаславянскія словы набылі своеасаблівае фанетычнае аблічча. Яны характарызуюцца поўнагалоссем, дзеканнем, цеканнем, яканнем, прыстаўнымі гукамі: галава, дзед, несці, пячы, восень. Па колькасці слоў гэты гістарычны пласт лексікі адносна невялікі (прыкладна чвэрць усіх слоў, якімі мы карыстаемся), але па частаце ўжывання - адзін з самых актыўных (агульнаславянскія словы складаюць 50 працэнтаў з тысячы найбольш частых слоў беларускай мовы);

3) агульнаўсходнеславянская лексіка - пэўны пласт слоўнікавага складу беларускай, рускай і ўкраінскай моў, утварэнне якога адносіцца да перыяду выдзялення і самастойнага жыцця ўсходніх славян (з 6 да 13 ст.). У яго ўваходзяць агульнаславянскія словы, якія выйшлі з ужытку ў паўднёва- і заходнеславянскіх мовах: бацька, дзядзька, пляменнік, бондар, знахар, селянін, ганец, куст, лог, сабака, сям'я, сорак, дзевяноста; новаўтварэнні, зыходнай базай якіх быў агульнаславянскі лексічны фонд і якія або ўзнікалі адначасова ва ўсіх усходнеславянскіх мовах, або пранікалі з адной мовы ў другую і станавіліся агульным здабыткам: вотчына, пісар, намеснік, карчма, дваранін. Да ўсходнеславянскай лексікі належаць таксама словы аднаго гукавога афармлення, але рознага значэння ў кожнай мове: бел. буйны (вялікі, значны), рус. буйный (буян), укр. буйний (пышны) або ўтвораныя ад розных каранёў, але якія існуюць ва ўсіх усходнеславянскіх мовах для выражэння адных паняццяў: бел. палохаць, рус. пугать, укр. лякати. У тэматычным плане ўсходне-славянская лексіка багатая і разнастайная: гэта і назвы жывой і нежывой прыроды: леў, кошка, камар, корань, кара; раслін і іх сукупнасцей: асіна, вяз, сад, куст, ажыны, перац, хвошч, малачай; і словы, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю чалавека, земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем: плуг, пшаніца, баран, карова, свіння, даіць, стрыгчы і інш. Усходнеславянская лексіка разам з агульнаславянскай складае найбольшую і самую ўстойлівую частку слоўнікавага запасу беларускай мовы;

4) уласнабеларуская лексіка - пэўны пласт слоўнікавага складу беларускай мовы, які ўтварае яе нацыянальную спецыфіку ў параўнанні з лексікай блізкароднасных усходнеславянскіх моў. Уласнабеларускія словы пачалі ўзнікаць у перыяд фарміравання беларускай народнасці (XIV-XVII стст.), а потым і нацыі (XIX-XX стст.).

Да ўласнабеларускай лексікі адносяцца словы, якія ўжываліся на большай частцы ўсходнеславянскай тэрыторыі, але агульнаўжываль-нымі сталі толькі ў беларускай мове: абапал, ачуняць, ухапіць, поспех, волат; словы, утвораныя ад агульнаславянскіх каранёў пры дапамозе ўласнабеларускіх словаўтваральных сродкаў: сейбіт, араты, бараць-біт, абібок, вадзянік, нячысцік, сачыць, адказаць, гаманіць, пакутаваць, абняславіць, хістаць, пазасяваць; словы з беларускіх гаворак: вусны, сківіца, высалапіць, хустка, асілак, гаспадар, адрына, асець, бліскавіца, студня, сякера, скалануцца, арэлі, гнусавы, кратаць; словы, якія абазначаюць уласнабеларускія этнічныя паняцці і рэаліі: крыжачок, лявоніха - беларускія народныя танцы, голікі, дранікі, канюшы - стравы з бульбы; словы, якія адлюстроўваюць далейшы рост прадукцыйных сіл, вытворчасці беларускай нацыі, яе грамадскіх адносін, культуры, эканомікі: вытворчасць, дапаможнік, практыкаванне, ветравей.

3.2 Запазычаная лексіка ў беларускай мове

Запазычаная лексіка - пэўны пласт слоўнікавага складу беларускай мовы, які фарміраваўся на працягу ўсяго гістарычнага перыяду яе развіцця рознымі шляхамі пры ўзаемадзеянні з іншымі мовамі. Прычыны запазычання слоў - сацыяльна-эканамічныя, дзяржаўна-палітыч-ныя зносіны паміж народамі. Папаўненне лексікі іншамоўнымі словамі адбываецца непасрэдна з моў-крыніц і праз пасрэдніцтва іншых моў двума шляхамі: вусным (у выніку непасрэдных моўных зносін) і пісьмовым (праз кнігі, газеты, афіцыйныя дакументы, пераклады, прыватную перапіску). Адрозніваюць запазычанні з неславянскіх і са славянскіх моў.

Пранікненне запазычаных слоў у беларускую мову пачалося яшчэ ў часы ўсходнеславянскага адзінства. Да даўніх запазычанняў адносяцца ў асноўным словы з неславянскіх моў - з грэчаскай: аладкі, агурок, камедыя, парус, карабель, акіян, маналог, манархія, тэатр, філасофія; літоўскай: клуня, пуня, свіран, жвір, кубел, пуня, рэзгіны, дойлід; цюркскіх моў (пераважна з татарскай): ізюм, баклажан, барабан, кінжал, каравул, алмаз, аршын, атаман, курган, туман, чабан, італьянскай: канцэрт, лютня, піяніна; французскай: марш, тарыф, аташэ, вуаль, вадэвіль, кіно, таксі, тратуар; нямецкай: грунт, фунт, ліхтар, гандаль, кухня, куфель, рахунак, шпіталь, шпік, дрот, друк.

У наш час запазычаная лексіка з неславянскіх моў трапляе ў беларускі слоўнік пераважна праз рускую і польскую, радзей праз чэшскую мову, з грэчаскай праз рускую ці польскую: амністыя, аўтаномія, гегемон, бактэрыя; з лацінскай праз рускую, польскую ці чэшскую: дэкан, капялюш, дэлегат, кангрэс, школа, каляндар; з нямецкай праз польскую ці рускую: ганак, рахунак, слесар, касір, бухгалтар, кошт; з французскай праз польскую і рускую: аванцюра, асамблея, аташэ, дэпо, акампанемент, дырыжор; з англійскай праз рускую: інтэрв'ю, імпарт, лідар, джэм, кекс, пудзінг.

Асноўныя прыметы запазычаных слоў з неславянскіх моў наступныя: грэцызмаў - пачатковыя гукі [а], [э]: акіян, аўтамат, этап, эпоха; зычны [ф] у пачатку слова: філалогія, фантазія; спалучэнні зычных [кс], [ск], [пс], [мп], [мв] у сярэдзіне слова: аксіёма, дыск, эліпс, сімптом, сімвал; прыстаўкі а-, ан- (ана-), анты-, эў-: агамія, ангідрыд, антысептык, эўфемізм; суфіксы -ад(а), -ід(а), -ік(а), -іск-, -ос(-ас): лампада, піраміда, графіка, абеліск, хаос, тэрмас,; лацінізмаў - суфіксы -ум, -ус, -тар, -ент (-энт), -ур(а), -цы(я), -ат: акварыум, конус, аратар, агітатар, дыктатура, градацыя, апарат, гідрат; германізмаў - спалучэнні зычных [шт], [шп] у пачатку слова: штык, штатыў, шпіль; спалучэнне [хт] у сярэдзіне слова: вахта, шахта; канцавая частка - майстар: капельмайстар, хормайстар; запазычанняў з французскай мовы - канцавыя спалучэнні -анс, -ёр, -аж (-яж): сеанс, аванс, суфлёр, багаж, пляж; спалучэнні бю, вю, пю, фю, уа, уэ, лье, нье, цье, сье: бюлетэнь, гравюра, капюшон, фюзеляж, атэлье, віньетка, ранцье, канферансье; канцавыя націскныя [о], [э], [у], [е]: трумо, кашнэ, рагу, філе; запазычанняў з англійскай мовы - канцавыя спалучэнні -ер (-эр), -інг (-ынг): фермер, блюмінг; пачатковае спалучэнне дж: джоуль, джаз.

Значную частку іншамоўных слоў у беларускай мве складаюць запазычанні са славянскіх моў, у асноўным з польскай, рускай і ўкраінскай.

Пранікненне слоў з польскай мовы пачалося яшчэ ў старажытныя часы (прыкладна з другой паловы XVI ст.). Гэты працэс асабліва актывізаваўся ў XVII ст., калі частка беларускіх зямель аказалася ў залежнасці ад Рэчы Паспалітай. Ён працягваўся і ў больш позні час (ХІХ-XX стст.). Асноўныя прыметы паланізмаў - спалучэнні ен (эн), ён (он): енк, парэнчы, наконт, маёнтак; спалучэнне дл: кудлаты; спалучэнне лу паміж зычнымі: слуп, тлусты; зычны [ц] на месцы [ч]: цуд (рус. чудо), цудоўны (рус. чудесный): суфікс -унак: ратунак, падарунак, пацалунак.

Самую вялікую па колькасці слоў групу складаюць запазычанні з рускай мовы. Адны з іх узяты без змен марфемнай будовы: аплот, аказаць; другія - са зменамі марфемнай будовы: адсутнічаць, выключны, плошча, прадаўжальнік; трэція створаны з беларускага моўнага матэрыялу на ўзор адпаведных рускіх слоў: ажыццяўленне - осуществление, абвяржэнне - опровержение, аднагалосны - единогласный, безабаронны - беззащитный.

У выніку цеснага кантакту беларускага народа з украінскім у беларускай мове замацаваліся такія ўкраінізмы, як прыгадаць, бадзёры, журыцца, чубаты, боршч, варэнік, бублік, галушка, гапак, шкаляр. Узбагачэнне беларускай лексікі ўкраінізмамі найбольш інтэнсіўна адбывалася з першай паловы XVII ст. пасля перамяшчэння цэнтра праваслаўнай культуры з Вільні ў Кіеў. Пранікненню ў беларускую мову ўкраінскіх слоў садзейнічалі пісьменнікі, якія паходзілі з Украіны, але стваралі свае творы на беларускіх землях («Казанне пахавальнае» М. Сматрыцкага, 1620). Традыцыі ўкраінскай мовы аказаліся больш устойлівымі ў беларускім народна-гутарковым маўленні, чым у літаратурнай мове: доня - дачка, худоба - жывёла.

Значную частку запазычаных слоў у беларускай мове складаюць інтэрнацыялізмы - словы, аднолькавыя ці блізкія па гучанні і значэнні, пашыраныя не менш чым у трох няроднасных мовах (параўн.: бел. тэатр, ням. Тhеаtеr, англ. theatre, франц. theatre, ісп. tеаtrо, пол. tеаtr, балг. театър, серб. театр. Інтэрнацыянальная лексіка выкарыстоўваецца ва ўсіх стылях сучаснай беларускай мовы, але часцей за ўсё ў навукова-тэхнічнай літаратуры.

4. Лексіка беларускай мовы паводле сферы ўжывання

Лексіка сучаснай беларускай мовы ў залежнасці ад сферы ўжывання падзяляецца на агульнаўжывальную і лексіку абмежаванага ўжывання.

Агульнаўжывальную лексіку складаюць словы, пашыраныя на ўсёй тэрыторыі Беларусі, у вуснай і пісьмовай формах мовы. Яны зразумелыя ўсім людзям: дрэва, вуліца, рэчка, добры, белы, ісці, пісаць, прыгожа, высока, сем і інш. Побач з агульнаўжывальнымі сустракаюцца словы, якія распаўсюджаны толькі ў асобнай мясцовасці ці сярод лю-дзей адной прафесіі або галіны навукі. Такія словы адносяцца да лексікі абмежаванага ўжывання. Яна падзяляецца на дыялектную, спецыяльную і жаргонную.

Дыялектная лексіка. Дыялектнымі (або дыялектызмамі) лічацца словы, ужыванне якіх абмежавана пэўнай тэрыторыяй. Яны выкары-стоўваюцца ў паўночна-ўсходніх, паўднёва-заходніх і сярэднебеларус-кіх народных гаворках. Напрыклад: ясёнка `асенняе паліто', шаліноўка `святочная хустка', гарлянка `расліна, якая выкарыстоўваецца пры лячэнні захворванняў горла', макрыца `пустазелле, што расце на мокрым месцы', змануць `прывыкнуць'.

Спецыяльная лексіка. Да спецыяльнай лексікі адносяцца словы, што ўжываюцца прадстаўнікамі пэўнай спецыяльнасці ці галіны навукі У разрад гэтай групы лексікі абмежаванага ўжывання ўваходзяць тэрміны і прафесійныя словы (прафесіяналізмы).

Тэрміны (лац. terminus - граніца, мяжа) - афіцыйна ўзаконеныя словы, якія дакладна абазначаюць паняцці розных галін навукі, тэхнікі, вытворчасці, культуры, мастацтва. Напрыклад, у мовазнаўстве: выказнік, назоўнік, словазлучэнне; у матэматыцы: множнік, плюс, інтэграл, у батаніцы: зародак, грыбніца, суквецце, спадчыннасць. Тэрміны бываюць агульнавядомыя і вузкаспецыяльныя.

Сукупнасць тэрмінаў, якімі карыстаюцца прадстаўнікі пэўнай галіны навукі, тэхнікі, мастацтва, называюць тэрміналогіяй. Існуюць медыцынская, юрыдычная, літаратуразнаўчая, сельскагаспадарчая і іншыя тэрміналогіі.

Тэрміны знаходзяць адлюстраванне ў спецыяльных тэрміна-лагічных даведніках і слоўніках; вузкаспецыяльныя даюцца са стылістычнымі паметамі (заал., тэхн. і інш.).

Прафесіяналізмы - гэта словы, пашыраныя пераважна ў вуснай мове прадстаўнікоў пэўнай прафесіі або спецыяльнасці. Яны называюць адпаведныя прылады працы, дзеянні, з'явы і г. д. Напрыклад, у вуснай мове друкароў ужываюцца прафесіяналізмы барабан `частка друкарскай машыны', вальцы `цыліндрычныя валкі ў друкарскай машыне', талер `рухомая металічная пліта ў друкарскай машыне, на якой замацоўваецца набор', пальцы `частка друкарскай машыны, якая прымае надрукаваныя аркушы'. Маракі і партовыя грузчыкі ўжываюць словы-каманды віра `падымай!', `уверх!', майна `апускай!', `уніз!' і інш.

Прафесіяналізмы знаходзяцца па-за межамі лексікі беларускай літаратурнай мовы; іх значэнні не ўключаны ў слоўнікі. Але прафесіяналізмы выкарыстоўваюцца пісьменнікамі і паэтамі для стварэння праўдзівага мастацкага кантэксту: Прылады простыя, але бярог Лукаш і стрэльбіну сваю, і рог, і торбу паляўнічую, у якой чаго, чаго там толькі не было! Прынадаў розных на звяроў, сілкоў, гаючых траў з усіх лясоў, балот, якіх, бадай, і ў лекараў няма, і вабікаў на птушак. (М. Т.) Многа рэек пасцёрлася за доўгія гады, пагнуліся кастылі, тысячы буксаў перагарэлі, паз'езджаны сотні паравозаў, а чалавечае жыццё - крэмень: ні яму сонца, ні вятры, ні завеі. (Лыньк.)

Жаргонную лексіку складаюць жаргоны (франц. jargon - умоўная гаворка), да якіх адносіцца сукупнасць слоў, зразумелых толькі людзям аднолькавых ці блізкіх сацыяльных, прафесійных або бытавых інтарэсаў. Такія словы выкарыстоўваюцца замест агульнаўжывальных пераважна ў вуснай мове злачынцаў, салдат, студэнтаў, вучняў і іншых груп людзей. Напрыклад: пахан, папаня `неафіцыйны лідар сярод турэмшчыкаў', дзед `салдат апошняга году службы ва ўзброеных сілах', пара `двойка' і пара `дзве гадзіны заняткаў', здуць `перапісаць заданне з чужой работы', зрэзацца `не вытрымаць экзамену, заліку'.

Жаргонныя словы робяць літаратурную мову незразумелай, непрыгожай, таму іх трэба пазбягаць. Аднак яны могуць уводзіцца пісьменнікам у мастацкі тэкст (кантэкст) для характарыстыкі дзеючых асоб або таго асяроддзя, у якім знаходзяцца героі: За вочы быў Мядз-ведзь. У вочы - Андрэй Андрэевіч, Атаман, бацька, папаня. (Лыньк.) Як спуджаны верабей, кідаўся каторы філон на другі канец барака, зашываўся на нары, і чуваць было, як сапеў ён з перапуду, прыводзіў да парадку свае думкі, пачуцці - то ж дагадзі чалавеку, - і, адды-хаўшыся, набіраўся смеласці - на шэпты, спачуванні, уздыхі. (Лыньк.)

5. Актыўная і пасіўная лексіка

Паводле ступені ўжывання лексіка беларускай мовы падзяляецна на актыўную і пасіўную.

Да актыўнай лексікі адносяцца агульназразумелыя шырока-ўжывальныя словы, пашыраныя як у вуснай, так і ў пісьмовай форме мовы. Такіх слоў у беларускай мове большасць: маці, брат, чалавек, час, лета, хлеб, пятніца, чорны, блізка, тут і інш.

Пасіўную лексіку складаюць словы, якія маюць адценне ўстарэласці або навізны. Іх фарміраванне і функцыянаванне звязана з пэўнымі працэсамі ў грамадствё: развіццём навукі, тэхнікі, культуры і мастацтва. З'яўляюцца новыя прадметы, матэрыялы, рэчывы, з'явы, дзеянні - і лексіка беларускай мовы ўзбагачаецца адпаведна іх назвамі: біёніка, смартфон, нетбук, андроід, Інтэрнэт.

Са знікненнем некаторых прадметаў, з'яў, рэчываў, матэрыялаў выходзяць з актыўнага ўжывання і іх назвы. Так, словы аэраплан, імбрычак былі пашыраны ў 20-я гг., а зараз яны заменены новымі словамі-сінонімамі самалёт, чайнік.

Словы, якія выйшлі са штодзённага ўжытку і таму атрымалі назву ўстарэлых, падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы.

Гістарызмамі (грэч. historikos - гістарычны) лічацца назвы тых прадметаў, рэчываў, матэрыялаў, з'яў, працэсаў, якія выйшлі з актыўнага ўжытку, сталі «гісторыяй»: ураднік, войт, цівун, асаднік, харунжы, лучына, фальварак. Так, зараз забыты стары звычай у беларускіх паноў аддаваць сыноў у сялянскія сем'і, назва якога - дзядзькаванне - лічыцца гістарызмам.

Архаізмы (грэч. archaios - старажытны) - устарэлыя словы, якія маюць адпаведнікі ў сучаснай беларускай мове, паколькі тыя прадметы, з'явы, працэсы, назвамі якіх яны з'яўляюцца, існуюць і ў наш час: іспыты - экзамены, лемантар - буквар, перст - палец, бортнік - пчаляр, атрамант - чарніла, рандэлька - каструля.

Хоць устарэлыя словы і выйшлі з актыўнага ўжывання, яны выкарыстоўваюцца ў навуковым стылі, а таксама ў мастацкіх тэкстах для праўдзівага адлюстравання пэўнай гістарычнай эпохі. Напрыклад: Продкі Неслухоўскіх адбывалі вайсковую службу ў Вялікім княстве Літоўскім у чынах ротмістраў, харунжых, стражнікаў Брэсцкага ваяводства. (Бр.)

Неалагізмы (грэч. neos - новы, logos - слова) - словы, якія ўзніклі нядаўна і не страцілі адцення навізны. Неалагізмамі з'яўляюцца і вядомыя словы з новым значэннем: камерцыйны дырэктар, фермер, прыватызацыя, блізкае замежжа.

Уваходзячы ў пасіўны склад беларускай лсксікі, неалагізмы хутка замацоўваюцца ў мове і становяцца шырокаўжывальнымі. Так стала са словамі 20-30-х гг. калгас, выканкам, сельсавет, касманаўт, касмадром і інш. Некаторыя неалагізмы таго часу, наадварот, сталі ўстарэлымі словамі: нэп, харчразвёрстка, камісар, стаханавец.

Блізкія да неалагізмаў аказіяналізмы - так званыя індывідуальна-аўтарскія неалагізмы, якія ствараюцца пісьменнікамі і паэтамі і маюць адценне навізны толькі ў мастацкім тэксце (кантэксце): На дварэ раптоўна заістужыла. (У. Д.) Гляджу і не магу наглядзецца на спакойны, плыўнадумны Нёман. (К-с) Я верую ў вечнабыт. (Куп.)

6. Лексікаграфія

6.1 Прадмет і задачы лексікаграфіі

Лексікаграфія (грэч. lexikos - які адносіцца да слова, слоўнікавы і grapho - пішу) - раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца тэорыя і практыка складання слоўнікаў. У практычныя задачы лексікаграфіі ўваходзіць збор, сістэматызацыя, фіксацыя лексічнага матэрыялу, у тэарэтычныя - вызначэнне тыпаў слоўнікаў, прынцыпаў размеркавання слоў у слоўнікавых артыкулах, распрацоўка сістэмы памет і прыёмаў тлумачэння значэння слова. Складанне слоўнікаў выклікаецца разнастайнымі навуковымі, культурнымі і практычнымі патрэбамі: растлумачыць значэнне слоў, іх ужыванне, правапіс, паходжанне, дапамагчы ў авалоданні замежнай мовай і інш.

Загаловачнае слова падаецца ў слоўніках у пачатковай форме: назоўнік - у назоўным склоне адзіночнага ліку, прыметнік, дзеепрыметнік - у назоўным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду, дзеяслоў - у неазначальнай форме і г. д. Размяшчэнне слоў у слоўніку можа быць алфавітным і гнездавым. Параўн. слоўнікавыя артыкулы адных і тых жа слоў у «Беларуска-рускім слоўніку» (Мн., 1991), у якім словы падаюцца ў алфавітным парадку, і «Руска-беларускім слоўніку» (Мн., 1982), у якім выкарыстоўваецца гнездавы спосаб падачы слоў:

Смеціць - сорить, мусорить.

Смецце - сор, мусор.

Смеццевы - сорный, мусорный.

Мусор м смецце, -цця ср; ~ить несов. смецціць, засмечваць; ~ный смеццевы; ~ный ящик скрынка для смецця.

Загаловачнае слова разам са звесткамі пра яго складае слоўнікавы артыкул. У залежнасці ад тыпу слоўніка, прызначэння і структуры даецца сэнсавая, граматычная, стылістычная характарыстыка слова; пераклад на іншую мову, ілюстрацыйны матэрыял, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні, этымалагічная даведка.

Сэнсавую характарыстыку слова складае яго тлумачэнне. Тлумачэнне праводзіцца апісальна або шляхам лагічнага вызначэння, падборам сінонімаў, устанаўленнем словаўтваральных адносін. Усе значэнні мнагазначнага слова падаюцца ў адным слоўнікавым артыкуле і пазначаюцца арабскімі лічбамі; словы-амонімы - у розных артыкулах.

Граматычная і стылістычная характарыстыкі даюцца шляхам выкарыстання розных памет. У граматычную характарыстыку ўвахо-дзяць назвы часцін мовы, паметы роду, трывання, ліку, асобы і інш. У стылістычную - паметы, якія паказваюць абмежаванае ўжыванне слоў (разм., абл., кніж., уст.), сферу іх выкарыстання (спец., бат., філас.).

6.2 Слоўнікі беларускай мовы

Паводле прызначэння ўсе слоўнікі аб'ядноўваюцца ў 2 асноўныя тыпы: энцыклапедычныя і лінгвістычныя.

Энцыклапедычныя слоўнікі тлумачаць не словы, а паняцці, абазначаныя гэтымі словамі; у сціслай форме ў іх выкладзены навуковыя веды пра прадметы, з'явы, падзеі; звесткі пра гістарычных асоб, дзеячаў навукі, культуры, асобныя гарады і краіны, іх прыродныя багацці і выдатныя мясціны. Загаловачнымі словамі ў энцыклапедычных слоўніках з'яўляюцца назоўнікі (уласныя і агульныя) або спалучэнні назоўнікаў з прыметнікамі і лічэбнікамі. Яны размяшчаюцца ў алфавітным парадку або паводле тэматычнага прынцыпу (па галінах ведаў). Слоўнікавыя артыкулы ў слоўніках такога тыпу не даюць граматычнай і стылістычнай характарыстык, а таксама тэрмінала-гічных і фразеалагічных спалучэнняў. Указваецца толькі паходжанне запазычаных тэрмінаў, і пазначана месца націску на загаловачных словах. Ілюстрацыямі ў слоўніках гэтага тыпу служаць малюнкі, табліцы, рэпрадукцыі, карты, схемы, фотаздымкі.

Адрозніваюць два віды энцыклапедычных слоўнікаў: агульныя і галіновыя. Агульныя слоўнікі даюць сістэматызаваныя звесткі па ўсіх галінах ведаў і практычнай дзейнасці, галіновыя - па адной якой-небудзь галіне ведаў. Да агульных энцыклапедычных слоўнікаў адносяцца: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (БелСЭ) у 12-ці тамах (1969-1975) і «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя» (КЭБССР) у 5-ці тамах (1978-1981), да галіновых - «Этнаграфія Беларусі» (1980), «Архітэктура Беларусі» (1982), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» ў 5-ці тамах (1983-1986), «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» ў 5-ці тамах (1984-1987). Выдадзены энцыклапедычныя слоўнікі «Янка Купала» (1986) і «Францыск Скарына і яго час» (1988).

Лінгвістычныя слоўнікі апісваюць словы - іх значэнне, ужыванне, паходжанне, марфемную будову, вымаўленне, напісанне. Загаловачныя словы ў лінгвістычных слоўніках размяшчаюцца або ў алфавітным, або ў алфавітна-гнездавым парадку. Слоўнікавыя артыкулы змяшчаюць сэнсавую, граматычную, стылістычную, этымалагіч-ную характарыстыкі, пераклад на іншую мову, ілюстрацыйны матэрыя, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні Ілюстрацыямі ў большасці лінгвістычных слоўнікаў з'яўляюцца прыклады ўжывання слоў у сказах, якія бяруцца з літаратурных крыніц.

Лінгвістычныя слоўнікі падзяляюцца на тры віды: аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя. Двухмоўныя і шматмоўныя слоўнікі - гэта перакладныя, у якіх словы адной мовы тлумачацца словамі іншай мовы або некалькіх іншых моў. Прыкладам двухмоўных перакладных слоўнікаў з'яўляюцца «Падручны польска-беларускі слоўнік» (1962), «Украінска-беларускі слоўнік» (1980), «Русско-белорусский словарь» у 2-х тамах (2-е выд., 1982), «Беларуска-рускі слоўнік» у 2-х тамах (2-е выд., 1988-1989), школьныя «Белорусско-русский словарь» (3-е выд., 1991) і «Русско-белорусский словарь» С. М. Грабчыкава (1990); шматмоўных - «Нямецка-беларуска-рускі слоўнік» (1988), «Англа-беларуска-рускі слоўнік» (1989).

Аднамоўныя слоўнікі характарызуюць словы адной мовы сродкамі той самай мовы. Паводле прызначэння аднамоўныя слоўнікі падзяляюцца на тлумачальныя, этымалагічныя, арфаграфічныя, слоўнікі сінонімаў, фразеалагічныя, марфемныя, анамастычныя і інш.

Абавязковай у тлумачальных слоўніках з'яўляецца сэнсавая характарыстыка слова. Тлумачальныя слоўнікі падзяляюцца на нарматыўныя, слоўнікі мовы пісьменніка, дыялектныя, гістарычныя.

Нарматыўныя тлумачальныя слоўнікі - «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1978-1984) і «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы для сярэдняй школы» А. Я. Баханькова, I. М. Гай-дукевіча, П. П. ІІІубы (выд. 3-е, 1979) - уключаюць і тлумачаць агульнаўжывальную лексіку беларускай літаратурнай мовы. У слоўнікавых артыкулах даецца напісанне слова, указваецца месца націску, прыводзяцца сэнсавая, граматычная, стылістычная характарыстыкі слова, ілюстрацыйны матэрыял, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні, у некаторых - даведкі пра паходжанне слова.

Слоўнікі мовы пісьменніка апісваюць лексіку твораў таго ці іншага пісьменніка. Гэта своеасаблівы дапаможнік пры вывучэнні асабліва-сцей мовы і стылю пісьменніка (або яго канкрэтнага твора). Прыкла-дам такога слоўніка з'яўляецца «Слоўнік мовы Скарыны» У. В. Ані-чэнкі (т. 1-2, 1977-1984). Падрыхтаваны рукапісы «Слоўніка мовы Якуба Коласа» і «Слоўніка мовы Янкі Купалы».

Дыялектныя слоўнікі фіксуюць словы адной гаворкі, групы гаворак або пэўнага дыялекту, тлумачаць іх значэнне і ўжыванне. Большасць дыялектных слоўнікаў уключае толькі такія словы, якіх няма ў літаратурнай мове або якія адрозніваюцца ад агульнаўжывальных слоў гучаннем, значэннем, словаўтварэннем. Да іх адносяцца «Дыялектны слоўнік» у 3-х тамах Ф. М. Янкоўскага (1959-1970) «Дыялектны слоўнік з гаворак Зэльвеншчыны» П. У. Сцяцко (1970), «Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці» Т. Ф. Сцяшковіча (1972), «Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны» Т. С. Янковай (1982), «Тураўскі слоўнік» у 5-ці тамах (1982-1987) і інш.

Гістарычныя слоўнікі характарызуюць лексіку пісьмовых помнікаў пэўнага гістарычнага перыяду. У «Гістарычным слоўніку беларускай мовы» (з 1982 па 1993 г. выйшла 12 выпускаў) даюцца сэнсавая і граматычная характарыстыкі літаратурна-пісьмовай лексікі XIV-ХУІІІ стст., а таксама прыводзіцца прыклад ужывання слова ў якім-небудзь помніку старажытнабеларускай пісьменнасці.

Этымалагічныя слоўнікі - від лінгвістычныхслоўнікаў, у якіх раскрываюцца паходжанне слоў, іх пачатковае значэнне і змены ў значэнні слова. Шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» ствараецца ў Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі; выйшла 7 тамоў (літары А - Н, 1978-1991).

Арфаграфічныя слоўнікі даюць правільнае, замацаванае нормамі арфаграфіі напісанне слоў і іх форм. «Арфаграфічны слоўнік для сярэдняй школы» М. П. Лобана, М. Р. Судніка (6-е выд., 1990) уключае, акрамя цяжкіх выпадкаў напісання агульнаўжывальных слоў літаратурнай мовы, уласных геаграфічных назваў, прозвішчаў і некаторых асабовых імён, раздзел «Асноўныя правілы правапісу». Для пачатковай школы прызначаны «Арфаграфічны слоўнік» пад рэдакцыяй Л. П. Падгайскага (4-е выд., 1982). Карысным даведнікам па пытаннях правапісу, вымаўлення і змянення слоў з'яўляецца «Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» пад рэдакцыяй М. В. Бірылы (1987).

Слоўнікі сінонімаў фіксуюць сінонімы і блізказначныя словы ў сінанімічных радах, якія размяшчаюцца ў алфавітным парадку. Першым у такім радзе ідзе асноўнае стылістычна нейтральнае слова (дамінанта). Для некаторых сінонамаў (у «Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў М. К. Клышкі, выд. 2-е, 1993) прыводзяцца стылістычная характарыстыка і фразеалагічныя спалучэнні. Ужыванне кожнага сіноніма з сінанімічнага рада суправаджаецца ілюстрацыйным прыкладам у сказе з мастацкай літаратуры, фальклору. У канцы слоўнік мае алфавітны пералік усіх слоў сінанімічных радоў (індэкс), які дапамагае лягчэй і хутчэй знайсці і падабраць патрэбны сінонім.

Фразеалагічныя слоўнікі растлумачваюць значэнні ўстойлівых словазлучэнняў (фразеалагізмаў), ілюструюць іх прыкладамі, даюць стылістычную характарыстыку і звесткі пра паходжанне. Устойлівыя словазлучэнні беларускай мовы пададзены і ахарактарызаваны ў «Слоўніку беларускай народнай фразеалогіі» Е. С. Мяцельскай, Я. М. Камароўскага (1972), «Фразеалагічным слоўніку для сярэдняй школы» Н. В. Гаўрош, I. Я. Лепешава, Ф. М. Янкоўскага (1973).

Марфемныя слоўнікі даюць падзел слоў на марфемы. Прыкладам такога слоўніка з'яўляецца «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А. М. Бардовіча, Л. М. Шакуна (2-е выд., 1989). Загаловачныя словы, падзеленыя на марфемы, размешчаны ў алфавітным парадку. Калі на стыку марфем адбываецца зліццё гукаў, то ў круглых дужках марфемы падаюцца ў іх поўным выглядзе: студэн [ц] -к-і (студэнт + ск + і). У круглых дужках, але з паметай гіст., паказваюцца змены ў марфемнай будове слова ў працэсе яго гістарычнага развіцця.

Анамастычныя слоўнікі фіксуюць уласныя імёны, геаграфічныя назвы. Да іх адносяцца «Слоўнік асабовых імён» М. Р. Судніка (1965), «Слоўнік назваў населеных нунктаў Віцебскай вобласці» (1977), «Слоўнік назваў населеных пунктаў Брэсцкай вобласці» (1980), «Беларуская антрапанімія» М. В. Бірылы (1981), «Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці» (1981), «Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці» (1982), «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990) і інш.


Подобные документы

  • Ўсвядоміць месца беларускай мовы ў развіцці культуры і ў духоўным адраджэнні наці. Лексікалогія і прадмет яе вывучэння. Вусная і пісьмовая формы мовы. Білінгвізм, яго тыпы, аспекты і разнавіднасці. Акцэнтная, фанетычная, арфаэпічная інтэрферэнцыя.

    учебное пособие [1,1 M], добавлен 23.04.2014

  • Важні рысы заканадаўчого падстылю у кантэксце афіцыйна-справавога стылю, переважна сфера выкарыстання. Асаблівасці, уласціві для афіцыйна-справавога стылю беларускай мовы: лексічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці, жанры і фразеалогія.

    реферат [16,7 K], добавлен 22.06.2011

  • Сутнасць універсальных і спецыфічных фанетычных, граматычных і іншых з’яў беларускай мовы ў сістэме славянскіх моў. Пытання спецыяльнай лексікі, у прыватнасці, тэрміналогіі беларускай мовы ў аспектах яе гістарычнага развіцця, генетычных асаблівасцяў.

    курс лекций [1,1 M], добавлен 10.02.2010

  • Разгорнуты адказ і тэзісны план теми "Гістарычныя этапы развіцця беларускай мовы". Прыклады марфалагічнай і сінтаксічнай інтэрферэнціі. Выразы з публіцыстычнага, навуковага, афіцыйна-справавога стыля, сказы выразнай функцыянальна-стылявой прыналежнасці.

    контрольная работа [23,8 K], добавлен 08.10.2012

  • Слова і яго значэнне. Спосабы ўзнікнення пераносных значэнняў слова. Лексіка беларускай мовы паводле находжання, сферы ўжывання. Актыўная і пастўная лексіка. Стылістычныя разрады лексікі беларускай мовы. Лексіка сучаснай мовы. Мастацка-паэтычная лексіка.

    реферат [23,5 K], добавлен 24.01.2009

  • Аб'ект фанетыкі і яе асноўныя дысцыпліны. Фаналогія і арфаграфія, акустычная фанетыка і графіка беларускай мовы як навука. Паняцце транскрыпцыі і арфаэпіі. Вымаўленне галосных і зычных. Гукавая матэрыя мовы, яе зыходны прыроджаны план выражэння.

    реферат [35,1 K], добавлен 21.01.2011

  • Этнамоўная самасвядомасць і развіцце беларускай мовы. Аналіз перапісаў насельніцтва. Закон аб мовах, ягоны ўплыў на цяперашні стан беларускай мовы, параўнанне з адпаведнымі законамі іншых постсавецкіх краінаў. Сучасная этнамоўная сітуацыя ў Беларусі.

    курсовая работа [70,3 K], добавлен 10.01.2011

  • Эмацыянальна-экспрэсіўная і функцыянальна-стылістычная афарбоўка моўных сродкаў. Афіцыйна-дзелавы стыль. Адметныя рысы афіцыйна-дзелавога стылю. Сістэма сродкаў, прызначаная для абслугоўвання сферы грамадскіх адносін. Выкарыстанне моўных стэрэатыпаў.

    реферат [28,8 K], добавлен 06.03.2011

  • Паняцці літаратурнай нормы і яе варыянтаў, нармалізацыі і нарматыўнасці мовы. Нормы беларускай літаратурнай мовы - гэта прынятыя ў грамадска-маўленчай практыцы адукаваных людзей правілы узорнага вымаўлення і напісання, словаўтварэння і словаўжывання.

    реферат [35,9 K], добавлен 25.03.2011

  • Пераклад у сістэме навучання беларускай мове - адный з відаў работ па развіцці звязнага маўлення. Мэтазгоднасць выкарыстання перакладу на ўроках мовы. Тыпалогія перакладаў у залежнасці ад мэт і задач навучання, віды прыёмів. Праца над перакладам.

    реферат [25,4 K], добавлен 17.02.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.