Творчасць вядомага беларускага паэта Алеся Пісьмянкова

Беларусь і беларусы ў вершах Алеся Пісьмянкова. Метафізіка кахання. Лірычны герой Алеся Пісьмянкова. Асаблівасць мастакоўскага почырку. Эцюдная манера запісу некаторых споведзяў. Гармонія колераў і фарбаў. Эстэтыка пахаў ў паэзіі А. Пісьмянкова.

Рубрика Литература
Вид дипломная работа
Язык белорусский
Дата добавления 24.12.2014
Размер файла 108,2 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

...Радзіны.

Радзіміч.

Радзіма [8, с. 53].

На наш погляд, радкі гэтага верша «Роднае» -- аб'ёмнага, прачуленага, дакладнага -- яны на вагу золата, а можа, і даражэй, бо за золата не купіш радзіму. Яны ўзбагачаюць кожнага з нас мудрасцю, спаконвечнымі духоўнымі законамі, якія наскрозь пранізваюць кожны радок, кожнае слоўка. Яны належаць пяру майстра, які нарадзіўся і жыў некаторы час на радзіміцкай зямлі Касцюкоўшчыны.

Цікавасць да трывожна-таямнічага гучання сівых вякоў, зварот да вытокаў, імкненне ўявіць і зразумець першапачынальнікаў нацыі і ўласнага роду -- «якія яны, мае прадзеды?» і -- заўжды прысутнічалі і нават выступалі ў якасці вядучых матываў у творчасці паэтаў і празаікаў. “Для многіх аўтараў неспакой сівых вякоў, грымучы крыгаход стагоддзяў, подых даўніны, яе прысутнасць у дні сённяшнім угадваюцца ў такіх атрыбутах някідкага беларускага рэльефу, сведках перажытага роднай зямлёй-славянкай, як камяні, курганы, шчодра палітае крывёю жытнёвае поле, журлівыя крыніцы, блакітныя рэкі, лясныя могілкі” [10, с. 64]. Менавіта яны, напрыклад, дапамагаюць Л. Дайнеку прарвацца за хмары былога і ў нейкі момант зразумець, што «камяні -- наша памяць жывая» [11, с. 5], а курганы, гэтыя «помнікі змагання», не што іншае, як «стагоддзяў зорны шлях» [11, с. 16]. Яшчэ больш выразна гістарызм мыслення творцаў, пільная ўвага іх душы да кожнай праявы акаляючага свету здолелі ўвасобіцца ў разнастайных формах.

Кожны аўтар зрярташся да мінуўшчыны па-рознаму. Першы зварот да мінуўшчыны Л. Дайнекі не вызначаўся арыгінальнасцю, індывідуальна канкрэтным бачаннем гісторыі. Вось якімі, напрыклад, паказаны прадзеды, дняпроўскія плытагоны:

Яны ў навальніцу ладзілі

З напорам хваляў шалёных,

Яны жартавалі нявесела,

Збягалі з плытоў на прыстань

І мокрыя лапці вешалі

Над цяпельцам іскрыстым, Начамі ля вогнішча прадзеды гаварылі

…пра лёс, пра надвор'е

І пра сялянскую сціпласць,

Пра тое, што дзеці хворыя

Чакаюць бацькоўскіх гасцінцаў…[8, с. 17]

І, вядома, пра волю. У іх сэрцах “адвага спела.. пусціць пад панскія дахі чырвонага пеўня” (“Прадзеды” ).

Зусім другое вяртанне мы бачым у А. Пісьмянкова. Напрыклад, у «Планідзе» працяг гэтага вяртання назад. Назад -- і адначасова... наперад, у будучыню. Бо толькі дакладна зразумеўшы і ўсвядоміўшы, адкуль мы і хто мы, можна адчуць сябе народам. А каб стаць народам, найперш неабходна зразумець, што і кожны з нас на гэтай грэшнай зямлі зусім не без роду-племені. Таму ў вершы «Продкі» і гучыць прызнанне, якое можна паставіць эпіграфам да кнігі А. Пісьмянкова:

Калі марнею ад нягод

I сэрцу цесна,

Я ўспамінаю радавод

I продкаў песні [8, с. 89].

Хто ж яны, гэтыя паэтавы папярэднікі? «Яны ідуць за годам год // 3 мячом і з плугам. // О, мой нязводны род. // Ён моцны духам!» У вяртанні да тых, хто жыў некалі, паэт таксама бачыць магчымасць маральна ачысціцца і духоўна ўзвысіцца. I не толькі самому: «Да іх іду я зноў і зноў. // Ім веру свята. // Таму й вяду сваіх сыноў // Да іх на раду». Адначасова А. Пісьмянкоў разумеў, як шмат усімі намі страчана, наколькі сталі мы абыякавыя да ўласных каранёў, да каранёў свайго народа:

...А намі столькі ўжо знявечана

Свайго,

святога, роднага!

I мары ў нас патрушчаны,

I храмы з ветрам пушчаны.

Глянь,

смерць плыве над пушчамі,

Рукою д'ябла спушчана.

Глядзім услед мы абыякава --

Ніякія!

Завём Якуба Якавам.

I ў Хоцімску,

I ў Тураве,

і ў Глуску

Сумуем мы яшчэ па-беларуску [8, с. 178].

“Цікавасць да айчыннай гісторыі праходзіць праз усю творчасць пісьменніка”, -- слушна заўважае М. Шамякіна [8, с. 158]. Але творам Леаніда Дайнекі ўласціва спецыфічная «філасофія гісторыі». За канфліктамі паміж персанажамі чытаецца сутыкненне светапоглядаў, маральных установак, сістэм каштоўнасцей. Адзін з удзельнікаў канфлікту адстойвае трывалыя, правераныя, але часткова састарэлыя ідэалы, другі -- прыхільнік змен. I ні за кім з іх няма «абсалютнай праўды». Гэтая аб'ектыўная гістарычная праўда раскрыецца пазней, ужо за часавымі межамі рамана. Увесь ланцуг прычын і наступстваў узновяць нашчадкі. Тут нельга не прыгадаць верш Леаніда Дайнекі «Ісціна» з кнігі «Вечнае імгненне»:

Кліча яна цябе і мяне,

Яна, як маяк на планеце.

Ісціна не ў віне, не ў вайне.

Ісціна ў нашых дзецях [13, с. 39].

У гэтым зборніку прыкметна вылучаецца нізка вершаў «Постаці гісторыі айчыннай», у аснове якой ляжыць паэтызацыя вобразаў вядомых людзей беларускай мінуўшчыны, пра што самі за сябе гавораць назвы твораў: «Вячка. 1224 год», «Лышчынскі. 1689 год», «Вецер. 1744 год», «Грынявіцкі. 1881 год», «Чарвякоў. 1922 год». Зноў жа,з пазіцый сучаснасці, не ўсё ў некаторых з гэтых вершаў у светаасэнсавальным плане выглядае бездакорна, бо сёння ў новым святле адкрываюцца факты і старонкі мінулага. Звярнуўшыся да нашай гісторыі, Л. Дайнека імкнуўся выявіць свабодалюбнасць і патрыятызм беларускай душы:

Да вас іду, адважныя, палеглыя.

I разамз вамі за народ свой б'юся.

I праз усе нягоды і адлегласці

Нам свецяць вочы роднай Беларусі [13, с. 95].

У вершах нярэдка фігуруюць вобразы продкаў: далёкіх прашчураў ці зусім блізкіх -- бацькоў салдат Другой сусветнай вайны. Галоўным героі паэзіі Леаніда Дайнекі -- чалавек і прырода ў межах часу, у сусвеце няспынных змен.

Адзначым аднак, што пісьменнік-пачатковец лічыць патрэбным сказаць аб сваёй далучанасці да мінулага, падкрэсліць непарыўнасць сувязі вякоў, прайшоўшы з сённяшнім днём.

Аб сваім успрыняцці Гісторыі сам пісьменнік расказвае так: «Гісторыя... Якое прывабнае і якое няўлоўнае паняцце! Каменная сякера ў руках дзікуна -- гісторыя.. Юрый Гагарын у космасе -- гісторыя. Сказ, напісаны мною за імгненне да сказа, якія зараз пішу, -- гісторыя. Бясконцы ланцуг... Ні пачатку ні канца не відна...

«Гісторыя -- гэта вялізны разнастайны вопыт чалавецтва, сустрэча людзей у стагоддзях». Так пісаў гісторык Марк Блок, герой французскага Супраціўлення, расстраляны фашыстамі.

У кожнага народа павінна быць нацыянальная энергія і гістарычная памяць. У кожнага» [11, с. 3].

Алесь Пісьмянкоў, узнаўляючы нам гісторыю нашых продкаў, абапіраецца на навуковыя матэрыялы.

У засваенні роднага слова творца абагараецца на мовазнаўчыя пошукі сваіх землякоў-лексікографаў Івана Бялькевіча: «...гартаю / Бялькевічаў «Слоўнік», / нібыта гасцюю / у радні» і Івана Насовіча, які ў беларускай літаратурнай мове новага часу плённа развіваў традыцыі «Літоўскай граматыкі» і «Літоўскага слоўніка» Станіслава Богуш-Сестранцэвіча, сваякі якога і параілі Насовічу заняцца беларушчынай.

...І ноч насоўваецца,

І старасць насоўваецца...

Усе ў Амсціславе спяць,

Не спіцца тольм Насовічу.

Насовічу некалі спаць:

Трэба крыніцу капаць,

Трэба капаць крыніцу,

Каб унукі маглі напіцца.

...Бачыш, як нешта

бліскае --

Вада ўжо блізкая [13, с. 95].

У творчасці Алеся Пісьмянкова мінуўшчына арганічная, як подых, як прага глытка вады ў спякоту.

Еднасць яго музы з старадаўняй нацыянальнай кніжнасцю здзяйсняецца праз засваенне геральдычных сімвалаў -- маральных арыенціраў даўніны ў сучасным айчынным мастацкім працэсе. Згадаем, што асноўная паэтычная адзінка ў сістэме вобразна-выяўленчых сродкаў (асабліва ў часы Сярэднявечча) -- не троп, а рытарычная фігура ці метабала (адхіленне ад пачатковай нулявой ступені як вынік прамоўніцкай дзейнасці). Дасягненні параджальнай паэтыкі і неарыторыкі дапамагаюць вытлумачыць як традыцыйны, так і сучасны творчы працэс, шмат у чым тоесны з пошукамі сярэднявечнага гамлета ў «вынаходніцтве» прамовы-казання. Зазвычай «вынаходніцтва» пачынаецца з тэмы, яе макракантэксту, той часткі літаратурнага паведамлення, якая папярэднічае мастацкаму прыёму, метабале, і знешняя ў адносінах да яго:

Чорны крыж

на белым полі...

Край распяты

на крыжы?

«Смерць ці воля,

смерць ці воля « --

Грозна звоняць палашы [14, с. 67].

Спачатку праца ідзе з простымі ідэямі, якія потым зводзяцца да складаных. Разгортваюцца апісанні, доказы ці красамоўныя выказванні-прамовы:

На харугву йдзе харугва

І на раць кладзецца раць.

«Пастам жа, брацці-другі!

Яшчэ рана паміраць «.

…………

Вось і дождж прайшоў

спагадны

Над крывавай малацьбой.

І ажыў

падляшскі латнік,

І паўстаў

мсціслаўскі вой.

Чорны крыж

на белым полі...

Не распяць нас

на крыжы! [14, с. 97].

Сінтаксічны этап гэтага рытарычнага працэсу мае на мэце стварэнне звязак і прэдыкатываў, якія б аб'ядноўвалі простыя ідэі. Для лексічнага напаўнення верша выкарыстоўваюцца топасы -- адзнакі трафарэтных суадносінаў паміж паняццямі і з'явамі. Топасы выступаюць сродкам пошуку аргументаў ці доказаў, развагаў у межах твора:

Смерць ці воля,

смерць ці воля --

Вырашаюць палашы.

Вырашае меч булатны

I татарская страла.

Вырашае просты ратнік --

Себіт з ціхага сяла [14, с. 86].

Такая структура макракантэксту, у нечым роднасная еўрапейскай, постмадэрнісцкай, на думку вучоных, -- узор параджальнай сістэмы, калі твор будуецца паводле ўяўлення пра яго:

І нястрымная Пагоня,

Што ўразаецца ў крыжы...

Не затопча нашы гоні

Бот чужы [14, с. 87].

Лірычны герой Алеся Пісьмянкова стварае ўласны загадкавы паэтычны свет, своеасаблівую легенду пра сябе і сваю творчасць:

І ўсё-такі цуда бывае!

Захочаш -- і я пакажу,

Як сонечны промень іграе

На струнах гарэзных дажджу.

І роспач сплывае, як пена...

Захочаш -- і я дакажу,

Што дождж на ўзроўні Шапэна,

Ты толькі даверся дажджу.

Я знаю -- мяне падтрымаюць

Угорадзе веснім усе.

I нават вадзіцель трамвая,

Што нас без білета вязе [14, с. 79].

Лірычны герой паэта (хоць і баіцца нават сабе ў гэтым прызнацца) роднасны героям п'есаў «Прынцэса Гарэзія», «Сірано дэ Бержэрак», «Рамантыкі» Эдмона Растана, але мары яго аздоблены здаровым, часам нават казацкім гумарам, карані якога ў старабеларускім (палескім) Адраджэнні XVII ст.

Не журыся, хлапеча,

Што памрэш не на печы.

Ганарыся, хлапеча,

Што загінеш у сечы.

Ты ж радзіўся ў сарочцы,

А хрысціўся ты ў сечы.

Ёсць віно яшчэ ў бочцы,

Не журыся, хлапеча.

Нас чакаюць не марна,

Нас кахаюць і помняць

I паненкі ў фальварках,

І ў мястэчках папоўны* [14, с. 107].

Роздумам Алеся Пісьмянкова пра душу беларускую ў зборніках «Чытаю зоры», «Вершы» у беларускай літаратуры канца 80 -- 90-х гг. распачалася выразна акрэсленая лінія, якая знайшла ўвасабленне ў пакутлівых пошуках маральнага і этнічнага стрыжня ў творчасці Віктара Шніпа, Уладзіміра Марука, Людмілы Рублеўскай.

Айчынныя паэты ўвесь час падсвядома імкнуліся пераадолець галоўную загану мастацкай сістэмы той нядаўняй пары, у якой нацыянальны гісторыка-культуры працэс выглядаў збедненым, бляклым, бо мы вывучалі, даследавалі сацыяльна-грамадскія з'явы, а не гісторыю постацяў з усім багаццем духоўнага свету асобы.

Любоў мая невылечная,

Чалавечая, пастаянная,

Стрыж над змялелай рэчкаю,

Чмель на сухім святаянніку.

Я з малітвай адзінаю

Да ўсявышняга грукаю:

Хай маё стане сынавым

І хай сынава будзе ўнукавым [14, с. 98].

Уся паэзія пісьменніка -- шчымлівы Сад Душы. А галоўная ў ім -- гераіня-Муза, што жыве ва ўзвышаным свеце павагі, шчырасці і захаплення, як у вершы «Мой сад у снезе па калена»:

Мой сад у снезе па калена

Азяб у золь і снегапад...

Табе не холадна, Алена?

Табе не холадна, Алена?

Табе не хочацца назад?

Мой сад зусім не салаўіны --

У ім ахрыплыя вятры.

У ім рабіна ды каліна,

У ім рабіна ды каліна --

Вось і усе яго дары.

Мой сад пусцее без дагляду.

Яго сячэ калючы град.

Ён замаркоціўся без свята...

Ён замаркоціўся без свята...

Табе не хочацца назад? [14, с. 20].

Ключ да разгадкі таямнічай вобразнасці гэтага верша-феерыі, летуцення -- у феномене Душы: «Запрашэнне глянуць на звыклы як быццам краявід, але ўжо і нязвыклы, бо ён не пазнавальна змяніўся пад поглядам паэта, было па сутнасці запрашэннем глянуць у сваю душу, адкрыць яе для роднага краю. Свае «дамашнія», правінцыяльныя, нічым як быццам не знакамітыя лес і возера заслугоўвалі, аказваецца, самай натхнёнай паэтычнай увагі...».

Відаць, мелі рацыю сярэднявечныя пісьменнікі, аўтары класічных міракляў, лэ, маралітэ, калі асноўнай этычнай каштоўнасцю лічылі Сад Душы герояў; дзе кветка і дрэвы нібы сімвалічныя правобразы заганаў і вартасцяў чалавечых. А ў Садзе Душы Алеся Пісьмянкова кветкаю-героем -- чалавечая дабрыня-любасць да бліжняга, роднай зямлі, Айчыны, таму ўвайсці ў паэтычны сад гэтага пісьменніка заўсёды прыемна:

І будзе дзень,

І будзе вечар,

і лістапад,

І снегапад.

Пакуль смяецца

і шчабеча

Дзіцячы сад --

птушыны сад.

Тут на адкрыцці

дзень багаты,

Тут самы светлы

ў свеце лад.

...Ах, птушаняты,

птушаняты --

Сінеча

мілых вачанят!

Калі ад зайздрасці

хто хворы,

Душа стамляецца

ад звад

I пачарнела,

быццам воран,

Акно адкрыйце ў гэты сад [14, с. 49].

Сучаснасць і мінулае ў часавай прасторы твораў Алеся Пісьмянкова, як ужо адзначалася намі, арганічна спалучаныя:

Я зноў на станцыі лясной, Марозна-звонкай, заінелай,

Стаю ў Бялынкавічах белых,

Прапахлых смольнаю сасной [14, с. 147].

Ці не мае гэты радок падсвядомы мастацкі падтэкст, генетычную паралель з вобразам Бялыніцкай іконы Багародзіцы? Дарэчы, сваю назву святыня атрымала ад таго, што ў час яе з'яўлення ў XIII ст. на Магілёўшчыне (хоць да X ст. яна вядомая як кракаўская ікона -- сведчанне праваслаўнага мінулага Польшчы) цудадзейны вобраз заззяў яркім святлом, і ночы на вачах у людзей рабіліся белымі. У замілаванай душы лірычнага героя паэта цудадзейнае святло патронкі родных земляў Багародзіцы і святло Віфлеемскай зоркі Нараджэння Хрыстовага паядноўваюцца:

Іскрыцца радасцю зіма,

Не спяць аснежаныя хаты,

О свята светлае калядаў!

Святлей на свеце свят няма.

Калядныя строфы [14, с. 154].

I духоўныя карані сваёй паэзіі А. Пісьмянкоў бачыць менавіта ў гэтым свяце святаў, пачатку выбаўлення роду чалавечага з грахоўнага нябыту:

У А. Пісьмянкова жыло, напаўняла сэрца і душу да самых краёў асаблівае стаўленне да свайго народа. Ён не захапляўся ім безаглядна, як гатовы захапляцца тыя, хто клянецца ў вернасці яму, а сам нярэдка за душой нічога святога не мае. Аднак і не папракаў свой народ за тое, што ён быццам не тага, якім павінен быць. Успрымаў яго такім, якім ёсць на самай справе. А перад усім было жаданне высветліць уласныя вытокі. I невыпадкова першая ягоная кніга пачыналася менавіта «Баладай роду». Аднак не ад уласнага імя пісаў, а падаваў гэтую гісторыю як прамоўленае адным са сваіх дзядоў, і ў выніку такога мастацкага прыёму гаворка набывала яшчэ больш важкі сэнс, бо тое, што ажывала падчас яе, сягала з глыбінь даўніны, таму ненавязліва адчувалася сувязь некалькіх пакаленняў, а яшчэ, таксама важна, паэтаў продак успрымаўся часцінкай усяго народа, які здаўна насяляў гэты куток беларускай зямлі:

-- 3 Дняпра наш продак родам,

З зямлі Машэкаў I Вашчыл.

Гарачы норавам і сэрцам

Як люд у нашай старане

Вачэй радзіміцкіх азерцы

Крыху гарэзінкі на дне

3 пяром і граматай у згодзе

Ён жыў. I незнарок,

Казалі, князь пры ўсім народзе

Яму імя даў -- Пісьмянок.

Ён і пачаў баладу роду,

Вянец ён першы залажыў [14, с. 176].

Бачыў А. Пісьмянкоў сваю роднасць і іншага кшталту, звяртаючыся ў вершы «У Каменцы» (таксама з першай кнігі) да падзей, звязаных са знаходжаннем у маёнтку Давыдавых дзекабрыстаў, наведваннем іх Пушкшым. Каб найлепш выказаць гэтую повязь, знаходзіў нечаканы і надзіва выйгрышны сюжэтны паварот, падкрэсліваючы асабістую прысутнасць у тым часе:

...Яшчэ не б'е Дантэсаў пісталет,

Не ганьбіць свецкая гамонка,

Яшчэ смяюцца звонка-звонка

Мішэль Бястужаў і Паэт.

Яны ідуць пад небам сінім --

Няхай іх сівер не кране,--

Яны гавораць пра Расію

I, можа, нават -- пра мяне [14, с. 97].

Як шмат яшчэ трэба спасцігнуць і наколькі многае неабходна пераасэнсаваць! А ісціна ж ніколі не даецца лёгка. Тым больш цяпер, калі яшчэ не паспелі як след разабрацца з нядаўнім мінулым. А разбірацца з ім цяжка. Прасцей пайсці сцежкай, праторанай іншымі. На жаль, спакусы ступіць на яе не пераадолеў і А. Пісьмянкоў. А ў выніку актуальнасць тэмы падвяла (верш «...I сказала бабуля хворая...»):

Яна простай была жанчынай.

Ціхая.

Добрая.

Слаўная.

А я -- піянерам з дружыны

Сумна вядомага Паўліка…[14, с. 97].

Далібог жа -- усё куды больш складаней. I калі згадваць беднага хлопчыка, дык усё ж, відаць, трэба разабрацца, як мага лепей, дзе ўсё праўда, а дзе -- мана... А разабрацца, аднак, складана. То мо лепей проста памаўчаць. Памаўчаць, памятаючы пра тую адзіную дзіцячую слязінку, пра якую некалі нагадваў Ф. Дастаеўскі.

А што да самой складанасці, найперш рэвалюцыйнай, то, на нашу думку, псіхалагічна дакладна ўдалося яе адчуць А. Пісьмянкову ў вершы «Камісар». Як і пераважная большасць яго твораў, ён невялікі памерам:

Ен не любіў лічыць да трох

У той жахлівы страшны год:

Непаслухмяных --

у астрог,

А непакорных --

у расход!

Але начамі спаць не мог--

Яго яшчэ бянтэжыў Бог:

I --

не пусціць яго ў расход,

I --

не адправіць у астрог... [14, с. 174].

Важна ў гэтым творы нават не столькі тое, што сказана, колькі тое, што знаходзіцца, як кажуць, па-за тэкстам. Ёсць над чым задумацца, ёсць над чым паразважаць. Няцяжка здагадацца, што гэты безыменны камісар, канечне ж, з нядаўніх сялян. Ён спасцігнуў азы рэвалюцыйнай барацьбы, але ён у нечым застаўся і ранейшы. I недзе падсвядома жыве часцінка той веры, якую засвоіў з маленства і з якой вымушаны быў парваць...

Цяжка спасцігнуць усю сутнасць і складанасць нядаўняга мінулага, але куды цяжэй разабрацца ў сівой даўніне. Гэта таксама не магло не турбаваць А. Пісьмянкова. Каб надаць гаворцы яшчэ большую важкасць, паэт выкарыстоўваў фальклорны прыём («Груган»). Звяртаецца да таго, хто ў былінах заўсёды з'яўляецца вешчуном праўды: «Пачакай, не кружы, // Праўду ўсю раскажы. // Ведаць хочацца мне, // Дрэмле хто ў кургане?..» [14, с. 179].

Здавалася б, мусіла прагучаць у адказ нешта важнае. Аднак гэтага не адбылося: «Каркнуў птах у адказ -- // Вось і ўвесь яго сказ» [14, с. 193]. Нечаканае, ці не праўда, завяршэнне твора? Але зноў жа, як і ў іншых вершах, А. Пісьмянкоў у дадзеным выпадку, як кажуць, не ідзе насуперак той жа ісціне. Гэтым маўчаннем гругана ён толькі яшчэ раз нагадвае, колькі шмат у нашай нацыянальнай гісторыі «белых плям». Калі ужо птах-вяшчальнік нічога пэўнага сказаць не можа, то што ўжо казаць пра чалавека... Адным словам, дзеля сапраўднага адкрыцця мінуўшчыны яшчэ давядзецца нямала папрацаваць.

Безумоўна, часцінка «радаводнай» паэта -- лёс усёй Бацькаўшчыны, таму А. Пісьмянкоў, наколькі гэта магчыма, імкнуўся па-свойму асэнсаваць тое, што яму найбольш блізкае. Таму і «вядзе» ён нас у старажытны Мсціслаў. Пра гэта і аднайменны верш, а таксама яшчэ адзін, што мае назву «Насовіч, 1870». Наколькі арыгінальна ўдалося сказаць паэту пра таго, хто ў сталым узросце ўзяўся за стварэнне славутага «Слоўніка беларускай мовы»?!

...I ноч насоўваецца,

I старасць насоўваецца...

Усе ў Амсціславе спяць,

Не спіцца толькі Насовічу.

Насовічу некалі спаць:

Трэба крыніцу капаць,

Трэба капаць крыніцу,

Каб унукі маглі напіцца.

...Бачыш, як нешта бліскае --

Вада ўжо блізкая [14, с. 241].

На нашу думку, мала што мог напісаць малады паэт, каб гэта некалі гучала ва ўнісон часу. Памыляецеся, панове: у адрозненне ад многіх А. Пісьмянкоў не пісаў на «злобу дня», а толькі прамаўляў тое, што ім было ўнутрана перажыта, асэнсавана і лягло на душу. Адстойваючы сваю пазіцыю, А. Пісьмянкоў не збіраўся штосьці даказваць, нешта даводзіць ледзь не з кулакамі.

Як не ўспомніць у сувязі з гэтым ягоны верш «*** Вам ахвота крычаць...»:

Вам ахвота крычаць,

Мне ж -- паплакаць крадком,

Мне б крыху памаўчаць

3 сябруком Маруком.

I куды мы імчым?

I чаго мы крычым?

Памаўчым над святым,

Аб святым памаўчым.

Слоў разменную медзь

Колькі можна збіраць...

Памаўчаць трэба ўмець,

Трэба ўмець памаўчаць [14, с. 187].

Ён меў права так сказаць, бо сам умеў маўчаць. Не ў тым сэнсе, вядома, каб стрымліваць сябе ў гаворцы,-- тыя, хто добра ведаў А. Пісьмянкова, сябраваў з ім, ведаюць, што гэта быў сапраўдны вулкан пачуццяў, эмоцый, нейкай неўтаймаванасці. Маецца на ўвазе маўчанне іншага кшталту. Тое маўчанне, за якім хаваецца высокая ўнутраная культура, якая ніколі не дазваляе чалавеку пераступіць праз святое, крэўнае, вечнае. Як і не дазваляе камусьці настойліва навязваць уласныя думкі, выдаючы іх як ісціну ў апошняй інстанцыі, прымушае да таго пастаянства, што само па сабе найлепшым чынам характарызуе чалавека, для якога хамелеонства -- не тое што непрымальнае, а проста агіднае:

Не спяшайцеся мяняць

акуляры ружовыя

на звычайныя:

гэта не толькі змена оптыкі

ш перамена колеру --

гэта найперш

перамена поглядаў:

перамога звычайнасці

над узнёсласцю,

раўнадушша

над шчырасцю.

I, нарэшце,

У акулярах ружовых

вы трошкі мастак...

Не спяшайцеся мяшяць

акуляры ружовыя...

Гэта раю вам я --

чалавек

у звычайных акулярах [14, с. 176].

Замілаванай простасцю, лёгкім і дакладным стылем аповеду палоніць нас творчасць Алеся Пісьмянкова, лірычны герой якога жыве ў прадчуванні велічных старонак жыцця, дзе

Вершы могуць здарацца,

Вершы могуць прысніцца,

Могуць плакаць, смяяцца,

Крычаць і маліцца.

Вершы могуць забыцца,

У куточак забіцца,

Замаўчаць, затаіцца,

Каб аднойчы адбыцца.

I -- збыцца [14, с. 193].

Такім чынам, тэма гісторыі сталася сэнсава значнай і магістральнай і на паэтычнай ніве А. Пісьмянкова. Сучасныя гістарычныя творы ўжо немагчыма ўявіць без твораў гэтага пісьменніка. Поруч з творамі Ул. Караткевіча, В. Іпатавай, У. Арлова, Л. Дайнекі яго вершы вельмі істотна пашыраюць дыяпазон мастацкага адлюстравання і асэнсавання мінулага, узбагачаюць нас светапоглядна і духоўна, робяць гістарычны мацярык па-сапраўднаму цікавым і прывабным.

Драматычным, крывавым паўстае у творы далёкае мінулае. Чалавек, князь ён ці смерд, знаходзіўся пад вечнай пагрозай знішчэння, зняволення, гвалту. А. Пісьмянкоў імкнецца паглядзець на мінулае краю адначасова вачымі яго жыхароў і вачыма людзей, якіх лёс прывёў на зямлю славян.

А. Пісьмянкоў напісаў творы гістарычнай тэматыкі добра стылізаванай, зразумелай мовай, прывабныя сваімі захапляльнымі сюжэтамі і нацыянальным каларытам. Менавіта адштурхоўваючыся ад іх, можна гаварыць пра А. Пісьмянкова як пра арыгінальнага паэта. Тым больш, што адданасць гэтым матывам для яго не павевы часу, паспяхова да ўдумлівага асэнсавання даўніны ён набліжаўся яшчэ ў першым сваім зборніку «Белы камень».

Можна па-добраму пазайздросціць усім тым, хто сёння бярэ ў рукі кнігі А. Пісьмянкова, бо ранейшыя пакаленні, у тым ліку і нашы, не мелі такой выдатнай магчымасці праз мастацкую прозу адкрываць беларускае і славянскае мінулае. Найперш хочацца звярнуцца да школьнай моладзі: давайце ж паплывём з пісьменнікам па рацэ Гісторыі -- і вернемся з гэтай вандроўкі больш дасведчанымі, гістарычна памятлівымі, духоўна багатымі і мудрымі людзьмі.

3. МАСТАЦКІЯ АДМЕТНАСЦІ ПАЭЗІІ АЛЕСЯ ПІСЬМЯНКОВА

Асаблівасць мастакоўскага почырку А. Пісьмянкова заключаецца ва ўменні лаканічна і разам з тым гранічна дакладна перадаць пачуццё, эмоцыю. Па прыродзе свайго таленту -- гэта паэт-лірык. Як і найлепшым узорам лірычнай паэзіі, яго вершам уласцівыя «складанасць і глыбіня, эмацыйная насычанасць і прытым выключная сцісласць і лаканізм, мінімум інфармацыйна-апавядальнага матэрыялу» [15, с. 97]. Кожнае слова ў паэтычнай страфе Алеся Пісьмянкова канцэнтруе ў сабе глыбокі сэнс, невыпадкова крытыкі параўноўваюць яго творы з эскізамі, накідамі -- за немудрагелістымі мікравобразамі бачыцца шырокая зместавая перспектыва і эмацыйная аб'ёмнасць. Ды рукою творцы кіруе сам Бог: «Малюнак някідкі / Уздрыгнуць прымусіў: / Над рэчкай -- ракітнік. / На поплаве -- бусел. /І -- хата ў бярозах / На самым узгор'і... /І слёзы, I слёзы /Казычуць у горле [16, с. 26]. Пісьменнік выкарыстоўвае эліптычныя канструкцыі, пазбягаючы дзеясловаў, што надае вершу статычнасць сапраўднага малюнка. Дзеясловы ўжываюцца толькі для «контурнага» пазначэння тых складаных уражанняў, якія ўзніклі ад сузірання родных ваколіц. Поўнасцю выявіць свае адчуванні ў словах паэт нават неспрабуе -- намнога больш і лепш за іх гаворыць недасказанасць. Услед за Марынай Цвятаевай аўтар называе вершаваныя радкі «каштоўнымі асколкамі, прынесенымі хвалямі лірычнага прыліву [16, с. 92].Нізка «Карані і крылы» надзвычай багатая на такія каштоўнасці, і сярод іх ніяк нельга абмінуць увагай драматычна-спавядальны верш «Туга»: «На кругі свая, / На свае кругі... / Вось дайшоў і я / Да сівой тугі. / Не заві, вярста. / У радзімы кут: / Сірата я там, / Сірата і... тут [16, с. 19]. Непатрэбнасць «там», на радзіме, азначае для паэта непрыкаянасць у жыцці ўвогуле, ён усведамляе марнасць свайго існавання «тут», на гэтым свеце.

На наш погляд, перачытаўшы верш «Да вытокаў, да вытокаў...», якраз першароднае -- у малюнку прыроды і ў духоўным стане чалавека -- трымціць у поступе гэтых пругкіх радкоў. Тут і сказана быццам бы «ўсё», і не запратакаліравана нічога -- настрой, уражанне, першапачатковая думка: «Ад былінкі да дзяўчынкі свет напоўнены красой, то засвеціцца смяшынкай, то расчуліцца слязой...» Нават перапісаныя мною ў радок словы, здаецца, пераліваюцца дзівоснай інтанацыяй, якая перадае ўсю непасрэднасць юнацкага ўзрушэння, што жыве ў душы дарослага мужчыны. I запісаны верш амаль што на мяжы сентыментальнасці. «Мяжу» А. Пісьмянкоў адчувае строга.

“Многія вершы Алеся Пісьмянкова прыцягваюць увагу чытача сваёй адметнасцю і арыгінальнасцю. Невялічкія і кароценькія, яны часам нагадваюць элегіі, кранаюць не столькі думкай, як мілагучнасцю мелодыкі, мінорным настроем, задушэўным голасам”, -- абагульняе даследчык А. Макарэвіч [18, с. 116]. Часам яго кароценькія мініяцюры нагадваюць экспромты, здаецца, не напісаныя, а схопленыя нечакана. Ці не так нарадзіўся і верш пра восень, дзе ў першых радках гаворыцца: «А заўтра я зноў у восем выйду ў сырую восень» [14, с. 97]. Для чаго? Каб сесці на аўтобус і вярнуцца з адведак у роднай вёскі дадому, у горад. I далей лірычны герой гаворыць, як ён будзе чакаць каля шашы спадарожны «Ікарус». I калі «голас пад парасонам пра час запытае сонна», лірычны герой адкажа: «Я замест лічбы восем выдыхну ціха: «Восень...» [14, с. 165]. Ну як не падзівіцца з такога вынаходніцтва аўтара!

Эцюдная манера запісу некаторых споведзяў -- не выпадковая ў А. Пісьмянкова. Эскізныя накіды -- гэта далёка не заўсёды толькі «падрыхтоўка» да твора. Нярэдка за «эскізам» мастак хавае і стрымлівае пачуццё, якое можа расхінуцца залішне чуллівымі словамі-фарбамі.

Ці не пра гэта і вядзе гаворку з намі паэт у вершы «Я паклаў бы на ноты, каб быў музыкантам, рып нашых весніц замшэлых...». Думка, выказаная тут словамі, толькі здаецца завершанай. На самой жа справе -- гэта прызнанне ў паэтычных намерах «прыслухоўвацца» і «пераказваць» нават «рып нашых весніц». Гэта і абяцанне паэта быць чулым да галасоў, якія расшыфраваць можа толькі музыка лірыкі. Прыклад такой паэтычнай расшыфроўкі, чаму «сохне рабіна ад гора», -- верш «Першае лета, першае лета...», які захапляе нас рухам жывога пачуцця і змястоўнага роздуму.

Музыка лірыкі...

У вершы, прысвечаным азяблай дзяўчыне, паэт запрашае яе, азяблую, проста з марозу, у свой твор з той умовай, што яна прынясе яму «свой мяцеж, пазычаны ў завеі» і зможа ў ім «далоні грэць над полымем харэю». Алесь Пісьмянкоў ведае, што «Словы бываюць розныя, ціхія, добрыя, злосныя, сакавітыя, посныя... Шчымлівыя і трывожныя, як журавы над пожняю, як у Вялюгіна позняга». Імя выдатнага паэта згадана не так сабе, не па рытуальнай завядзёнцы. У Анатоля Вялюгіна вучыўся Алесь Пісьмянкоў дакладнасці паэтычнага слова і метафарычнасці. Таму, гаворачы пра адзіноту паэта, які любіць пабыць сам-насам, ён прыходзіць да высновы: «Ён гаварыў нядаўна з небам, а зараз слухае цябе». Пэўны досціп, іранічная ўсмешка прысутнічаюць у маленькай міняцюры, у якой паэт гаворыць пра сваю адданасць паэзіі: «Вечарам зорка ў акне, ноччу каханая ў сне, раніцай птах на бярозе пакрыўдзяцца на мяне; калі перайду я на прозу».

Усцешвае і радуе, што Алесь Пісьмянкоў выкарыстоўвае ў сваіх вершах некаторыя асаблівасці і элементы з вуснай народнай творчасці, як, напрыклад, павучанне. Але робіць гэта тактоўна і далікатна.

У шэрагу вершаў Алеся Пісьмянкова можна адшукаць нейкія такія драбніцы, крупінкі, што нагадваюць сабой шкельцы, асколкі ад каменняў-самацветаў, якія выкарыстоўваюць мастакі, ствараючы мазаічныя фрэскі, пано. Падобныя вершы, калі браць іх асобна, не робяць такога моцнага ўражання, як скажам, вершы з пэўным сюжэтам, «поўнаметражнага» характару. Але ў цесным перапляценні і счапленні з іншымі вершамі, абразкамі, замалёўкамі і мініяцюрамі яны выглядаюць зусім па-іншаму, у іншым святле і ракурсе, і як бы з'яўляюцца асобнай часткай нейкага манументальнага твора ці панарамы прыкладнога мастацтва. Так робіць мастак-разьбяр -- падбірае, падымае ў лесе сучок, галінку, шышку ці нешта іншае, і даволі аднаго-другога ўзмаху сцізорыкам, як з іх праразаецца постаць казулі, зайца, мядзведзя ці нейкага іншага ляснога жыхара. Нешта падобнае -- самабытнае, арганічна звязанае з прыродай, нагадваюць нярэдка і вершы Алеся Пісьмянкова, у чым і тоіцца іх вабная сіла. Здаецца, пэўнай ілюстрацыяй да гэтага паслужыць верш «Замест эпітафіі»:

Кажуць, быў непрадбачлівы,

Таму й слыў за няўдачніка.

Рагапгалі разумнікі

(А ў саміх вочы сумныя).

Пасміхаліся ворагі

I лічылі за хворага.

А ён быў незапаслівы --

Не грэў камень запазухай [14, с. 132].

У дзвюх-трох строфах паэт можа не тое што паказаць ці ўзнавіць, а неяк шматзначна і выразна намякнуць на драму, што адбылася з чалавекам у яго жыцці. Пры гэтым намёк можа быць выказаны двума-трыма словамі, якія нясуць асноўную нагрузку ў творы:

Ён любіў узнёсла мроіць,

Калі ў свет яго нясло.

Мроіў:

вернецца

героем

У радзіннае сяло.

...Вось стаіць ён на пероне

I разгублена ў імжы

Грэе зябкія далоні...

Пастарэлы

і

чужы [14, с. 169].

Ну хто запярэчыць, што ў гэтых дзвюх строфах не расказана цэлая біяграфія чалавека-няўдаліцы, які зазнаў і спазнаў вельмі і вельмі многа. Тут можна фантазіраваць колькі хочаш, колькі табе трэба! Недаказанасць, уменне раскатурхаць фантазію чытача -- адна з каштоўных рыс таленту Алеся Пісьмянкова. У апошняй страфе на задуму аўтара працуюць кожны радок і кожнае слова. Перад намі чалавек, які ўдосталь пабадзяўся па свеце ў пошуках геройства, рамантыкі, а вярнуўся не тое што з пустымі рукамі, але і з пустой, як сказаў адзін рускі паэт, душой. Ён стаіць, непрыкаяны і разгублены, на пероне, відно, дакараючы сябе ў многім і за многае: пралікі, памылкі, глупства, зробленае па сваёй і чужой віне. Ён адчувае, што знаходзіцца недзе паміж небам і зямлёй: адарваўся ад роднага сяла ці вёскі і не прыбіўся да якога-небудзь берага, не змог прыжыцца ні ў горадзе, ні ў прыгарадзе. А таму і «грэе зябкія далоні... Пастарэлы і чужы», -- як сказана ў страфе. Апошні сказ недарэмна разбіты графічна на тры радкі і надрукаваны лесвічкай. Тут нават інтанацыйна і зрокава аўтар хоча падкрэсліць трагічны лёс чалавека, які, па сутнасці, стаў валацугам, не здолеўшы знайсці самога сябе, свой лёс, сваё месца ў гэтым жыцці і на гэтым свеце. Ён выклікае спачуванне, нам шкада гэтага няўдаліцу, які, магчыма, мае чулую, спагадлівую душу. Відаць, у іншых выпадках, калі б ён меў добрых сяброў, на якіх можна было б абаперціся, паслухаць іх парады, ён мог бы стаць не тое што фігурай, але ў крайнім выпадку такім працаўніком, якіх тысячы, мільёны. Ды шчасце абышло яго бокам. I вось стаіць, грэе азяблыя рукі на пероне звонку як быццам і чалавек, а на справе перакаці-поле, ні Богу свечка ні чорту качарга.

Вось на якія думкі наводзіць верш, сатканы ўсяго з дзвюх строф. Магчыма, у іншых чытачоў ён выкліча іншыя асацыяцыі, іншы роздум. Але гэта, відавочна, павінна радаваць аўтара радкоў Алеся Пісьмянкова.

Кожны паэт стварае сваю карціну свету ў колерах, фарбах, гуках і пахах. Пры гэтым той ці іншы аўтар надае асаблівую увагу ці нават перавагу пэўным мастацкім элементам. На выбар колеру ўплываюць індывідуальныя асаблівасці ўспрымання, адносіны да жыцця і рэчаіснасці, а таксама эстэтычныя ўстаноўкі пры ўвасабленні вобраза ці вырашэнні тэмы. Візуальнае светабачанне акрэслівае прастору, афарбоўвае яе ў адпаведныя колеры, вобразна малюе навакольную рэчаіснасць. Святло і колер надаюць адметнасць, непаўторнасць і глыбіню паэтычнаму погляду на свет. Эстэтык і пахолаг мастацтва Р. Арнхейм у гэтай сувязі зазначае, што «мастацкая карціна можа быць намалявана ці зразумета дзякуючы актыўнай арганізацыі колеравых і святлаценевых спалучэнняў» [17, с. 78] Пахі маюць несумненную эстэтычную каштоўнасць пры выяўленні канкрэтных рэалій, душэўнага настрою аўтара. Без іх цяжка ўявіць тонкае пранікненне чалавека ў свет прыроды. Адчуванне пахаў робіць паэтычны малюнак эмацыянальна ўспрымальным і яркім. Усё гэта гаворыцца, каб актуалізаваць думку пра тое, што колеры і пахі -- надзвычай істотныя ўтваральныя элементы ў творчасці Алеся Пісьмянкова, якія даюць уяўленне пра духоўны свет гэтага арыгінальнага аўтара, яго паэтыку і самабытнасць як мастака слова. Паэт у адным з вершаў прызнаўся, наколькі важнай у пэўныя моманты жыцця з'яўляецца сустрэча сам-насам з прыродай: «Душа баялася сіроцтва...», «Яна і колеры, і пахі // Збірала прагна давідна» («Адна»). Прырода з яе пахамі і колерамі -- эліксір для душы і прыгажосць, якая ратуе.

Мастацкая спадчына А. Пісьмянкова (1957--2004) у колькасных адносінах невялікая, аднак -- і гэта сёння асабліва відавочна -- стала прыкметнай і адметнай з'явай у беларускай паэзіі. Найбольш поўна яго творчасць прадстаўлена ў кнігах «Я не памру, пакуль люблю» (2000) і «Думаць вершы...» (2005). Гэтыя выданні ўсебакова раскрываюць творчую індывідуальнасць А. Пісьмянкова, яго мастакоўскую палітру.

Для таго, каб перадаць сваё ўражанне ці настрой, А. Пісьмянкоў найчасцей звяртаецца да эпітэтаў колераабазначэння, маляўнічых метафар. Ужо ў ранняй лірыцы заўважаецца імкненне паэта да малявання словам з выразнай колеравай канатацыяй. Ён бачыць навакольны свет у разнастайнасці праяў, шчыра і непасрэдна захапляецца яркай ці някідкай прыгажосцю роднай прыроды. Яго паэтычнае адлюстраванне -- шматколернае, інакш кажучы, тут ёсць усе колеры вясёлкі. Між іншым, вясёлка запомнілася яму з дзіцячых гадоў, пра што ёсць сведчанне ў адным з вершаў:

...Сонца ў небе гарэзіць.

I вясёлкавы мост

Перакінут праз Бесядзь («Маленства») [8, с. 53].

У паэзіі А. Пісьмянкова існуе гармонія колераў і фарбаў. Разам з тым у ёй вылучаецца некалькі асноўных, дамінантных колераў, выбар якіх абумоўлены рамантычным складам таленту паэта, яго ўзнёсла-лірычным характарам мыслення.

У карціне свету А. Пісьмянкова пераважае белы, светлы каларыт. Гэтая колеравая арыентацыя выразна праявілася ў першым яго зборніку «Белы Камень» (1983), пра што сведчыць ужо загаловак кніжкі.

Белы свет невыпадкова ўспрымаецца паэтам як цуд, ачышчальнае святло, сакральная па сваёй сутнасці з'ява. Ён гэтак жа, як і нашы продкі, у сваім выяўленні скіраваны да святланоснага пачатку жыцця і белага колеру як сімвалу чысціні, святасці. У гэтым сэнсе эманацыя (выпраменьванне, выдзяленне) белага колеру ў паэзіі А. Пісьмянкова сваімі вытокамі спалучана з традыцыйнай народнай сімволікай і мае пазітыўную семантыку. Гэтак, як калісьці гаварыў Ф. Багушэвіч пра Беларусь, што «яна... белая, чыстая», А. Пісьмянкоў бачыць у вобразе сваёй радзімы, якая прайшла праз суровыя выпрабаванні гісторыі і часу, увасабленне няскоранага хараства, чысціні, годнасці:

Праз здрады і хіжасці град,

Праз войны і слёзы

Ты вынесла белыя косы

I чысты пагляд.

(«Беларусі») [8, с. 167].

Праз пастаяннае вылучэнне белага колеру ў абліччы і краявідах Беларусі паэт надае яму значнасць і сімвалічнасць. Гэтая «магія красы» (У. Конан) [47, с. 173] робіць вобраз радзімы эстэтычна прывабным, высока ўзнесеным і сакральным.

У паэтыцы А. Пісьмянкова арганічна спалучаны колер і гук, і разам яны нараджаюць адметную эстэтыку слова. Па сутнасці, ён стварае музыку колеру. У вершы «Ты адбі мне тэлеграму...» паэтызацыя белага снегу нараджае мелодыю святла:

У мяне не настальгія --

Проста сум па чысціні.

Проста сум па белым полі,

Па рабінавым агні,

Проста хочацца да болю,

Першароднай чысціні,

Той, што мроіцца начамі,

Што з душы здымае грэх...

Проста ў вёсцы Белы Камень

Самы белы ў свеце снег [8, с. 214].

Выкарыстоўваючы складаны эпітэт «белы-белы», паўтаральнасць белага колеравага азначэння, паэт дасягае вобразнай, гукапіснай выразнасці паэтычнага малюнка.

Паэт любіць зімовую пару года, паколькі яна перайначвае навакольны свет і, здаецца, само жыццё. Знікае шэрае, чорнае, будзённае, што азмрочвае ці прыгнятае душу. 3імовая бель лагодзіць вока, прыносіць паэту адчуванне свята. Ён не страціў гэтага непасрэднага, у чымсьці наіўна-дзіцячага ўспрымання зімы як чароўнага дзіва, казкі: «Дзякуй, раніца, за свята, // За бялюткі твой кілім» («Сорак зім»). Яму пачуваецца лёгка, свабодна, узнёсла:

Вось і прыходзіць нарэшце

Дзіўнае гэта імгненне:

Першага снегу прышэсце,

Белага снегу кружэнне.

Гэта заўсёды ўзнёсла,

Гэта, як свята, урачыста,

Гэта -- дарунак нябёсны

За настальгію па чыстым («3іма») [8, с. 135].

Паэт падкрэслівае незвычайнасць белага колеру, зімовага свету, перад якім сэрца замірае ў здзіўленні, хочацца маўчаць у стоеным любаванні. Ён так гаворыць пра ўбачанае і адчутае: «Скупая графіка зімы, // Работа, створаная Богам» («Зіма»). Белае, светлае, чыстае ва ўспрыманні А. Пісьмянкова -- гэта сваё роднае, беларускае, бясконца дарагое:

Пагодліва й марозна

У роднай старане.

Аснежаныя сосны

І музыка саней» («Пагодліва й марозна...») [8, с. 149].

Узвышана і захоплена паэт сузірае заснежаныя краявіды, адчувае навакольную рэальнасць як штосьці незямное, дзівоснае, паэтычнае. Снег бачыцца паэту як белае покрыва, якое аздабляе родны падворак, зямлю, родны вясковы свет: «Гляджу на матчыны сляды // На белай посцілцы двара» («I вёдры, поўныя вады...») [8, с. 95]; «...глядзеў, як зямлю завіруха бінтуе...» («Дзень нараджэння») [8, с. 186]; «Чыста было ад снегу» («У маленстве...») [8, с. 198] і інш. Снег і свет ва ўспрыманні А. Пісьмянкова -- гэта роднаснае сугучча, непадзельнае хараство, адно цэлае. Асацыяцыі з белым і чыстым звязаны ў яго памяці з часам дзяцінства і юнацтва.

Экспрэсія белага колеру і святла дапамагае паэту выявіць свой настраёвы стан -- урачысты і ўзвышаны. Гэтак, як і М. Багдановіч, ён эмацыянальна пранікае ў навакольную рэальнасць, эпітэтам і гукавымі сродкамі мовы тонка малюе зімовы пейзаж:

Я зноў на станцыі лясной,

Марозна-звонкай, заінелай,

Стаю у Бялынкавічах белых,

Прапахлых смольнаю сасной.

Іскрыцца радасцю зіма,

Не спяць аснежаныя хаты.

О свята светлае Калядаў!

Святлей на свеце свят няма («Калядныя строфы») [8, с. 94].

Гэты малюнак -- святлаколеравы жывапіс словам. “Паэту імпануе чысціня, святло белага снегу, яго першароднае хараство і нават цнатлівасць, што выклікае самае трапяткое, далікатнае стаўленне да свету як Боскага цуду”, -- слушна заўважае даследчык А. Бельскі [15, с. 54]. Невыпадкова А. Пісьмянкова так кранулі сваім святлом пейзажы мастака Антона Бархаткова. «Я ў мастака святла пазычыў...» -- прызнаўся паэт («На выстаўцы Антона Бархаткова»), Колеравы эпітэт «белы» ў паэзіі А. Пісьмянкова выступае сінонімам «чысты». Адзін з яго вершаў дае яскравае ўяўленне, чаму ў сваіх адлюстраваннях ён аддае перавагу беламу колеру. Белае прасвятляе і ачышчае:

Я -- пра белае,

Я -- пра белае --

Набалелае» («Чыстае») [8, с. 183].

Інакш кажучы, боль, спачуванне адбельваюць чалавечую душу, робяць яе чыстай. Белы ці белае для паэта больш чым колер, у філасофскім плане -- гэта значыць добры, светлы пачатак у чалавеку, сапраўднае і маральна трывалае ў ім. Святло, чысціня атаясамліваецца А. Пісьмянковым з чымсьці высокім, ідэальным. Яго лірычнаму герою хочацца ўзняцца над жыццёвымі абставінамі і сказаць пра з'явы духоўнага парадку як надзвычай істотныя і важныя. Рамантычны ідэал («у нас жыло святло») супрацьпастаўляецца паэтам звычайнаму, побытаваму:

Святло было і свежасць.

Падумаеш -- жытло,

Калі нам свет належаў!

(«Жытла ў нас не было...») [8, с. 175].

На наш погляд, святло для А. Пісьмянкова -- крыніца пастаянных уражанняў, эмоцый. Яго паэтычныя карціны і малюнкі ярка асветленыя, да таго ж ён часта звяртаецца да сонечнага і залацістага колераў. Такая святланосная экспрэсія стварае адметны эстэтычны эфект. Усё светлае -- гэтароднае,блізкае,вечнае: «Светлай молімся вадзе....» («Да вытокаў...») [8, с. 131]; «Шчэ святло не згасла ў хаце, // У радзіннай старане...» («Гэта многа -- слухаць вечнасць...») [8, с. 73]; «У светлым маім успаміне, // Што навеяны // Музыкай весніц замшэлых» («Я паклаў бы на ноты...») [8, с. 147]; «I яснасць святла», «...Світальна ў стагоддзях // кружыць,// Крылы // расправіўшы смела...» («Едначы») [8, с. 85]. Сімволіка святла мае яскравую мастацкую выразнасць, яно -- гэта радасная і прамяністая энергія жыцця, маладосці, юнацтва. Рамантычныя прага шчасця і гармоніі выяўляецца праз апеляцыю да светлага, сонечнага на зямлі і ў свеце. Вось як аптымістычна выказваецца паэт у першым зборніку «Белы Камень»:

...У юнацтве

сонечныя дні,

У юнацтве --

толькі брацтва,

Святло надзей

і чысціні.

(«Як гэта хораша -- юнацтва...») [8, с. 43].

Сонечны і залаты колеры надаюць паэтычнаму свету А. Пісьмянкова бляск, зіхценне, прамяністасць, чысціню. Гэтая колеравая насычанасць стварае адчуванне ўрачыстасці і паўнаты адчування жыцця:

.. .Захочаш -- і я пакажу

Як сонечны промень іграе

На струнах гарэзных дажджу («I усё-такі цуда бывае!..») [8, с. 51]. Сонечны колер прыдае паэтычнаму малюнку кампазціыйную аб'ёмнасць: «Над лугам -- сонечнае неба» («Уяўленне»). Падобны і блізкі да яго -- залаты колер, гэта значыць зіхатлівы, яркі, сонечны. Бліскуча-жоўтае зіхценне дзівіць і прываблівае сваёй яркай, непаўторнай прыгажосцю:

Усходзіць

ранак залаты...

(«Як гэта хораша -- юнацтва...»)

...Дзе зноў ў золаце заве!

Я прачытаў твае сляды.

(«Я прачытаў твае сляды...»)

.. .Як абяцанне на нядзелю,

Нядзелю

з промнем

залатымі

(«I толью клён гарэў, як факел...»)

Лістотаю залатою

Верасень выслаў ганак.

(«Восень») [8, с. 65].

Чысціня ўспрымаецца паэтам як нейкі абсалютны стан свету, ідылія, сама гармонія. 3 асалодай, пяшчотным і шчымлівым пачуццём узіраецца ён у белае заснежанае наваколле, бязвоблачнае неба, празрыстую плынь ракі... Яго палоніць, зачароўвае ціхамірнасць краявідаў, неабсяжнасць даляглядаў, іх незамглёнасць і чысціня:

...I сам я --

хлопчык босы

У даўнім чыстым ранні.

(«Здзіўленне»)

Вады празрыстая імклівасць

I неба чыстае без хмар.

(«Ідылія»)

Зноў хочацца верыць...

У чыстыя ліўні,

У ясныя зоры...

(«На Юр'я») [8, с. 59].

Сярод арніталагічных вобразаў ў паэзіі А. Пісьмянкова невыпадкова вылучаюцца белыя птахі. Можна пераканацца, што яны -- не проста элементы лірычных замалёвак, а ўнутрана блізкія істоты, прылучаныя да лёсу паэта і зямлі Белай Русь Гэтыя белыя птушкі -- сімвалы даверу паміж чалавекам і жывой прыродай: «Дзе самотны белы бусел // Думу думае аб вечным» («Я прыеду, я вярнуся...») [8, с. 35]; «Зараз лебедзь самы белы // Да маёй плыве рукі» («Стараверы») [8, с. 28]. Белы колер выступае як увасабленне ўнікальнага, безабароннага ў навакольнай прыродзе.

Сваім бляскам серабрысты колер нагадвае белы. У паэтычных малюнках А. Пісьмянкова гэты колер прыкметны, адыгрывае важную эстэтычную ролю. Серабро ён найчасцей выкарыстоўвае для замалёвак восені і зімы. Лаканічнымі, адточанымі фразамі (адзін ці два радкі) ён ствараў колеравыя вобразы -- маляўнічыя, метафарычныя: «крохкі сярэбраны рог» («Малюнак») [8, с. 69]; «У срэбры наплаканых лужын // Мерзнуць азяблыя зоркі» ( «Чаканае ціхае свята...») [8, с. 142]; «Над срэбрам восеньскай травы, // Над стынню шэрай голай пожні // Гуляе вецер нажавы...» («Над срэбрам восеньскай травы...») [8, с. 65]. Серабрысты колер таксама захапляе сваім зіхценнем, зімовай чысцінёй. Ён з'яўляецца выразнікам аўтарскай думкі пра цудоўнае пераўтварэнне рэчаіснасці, пра тую хвіліну, калі заззяе сваім святлом краса:

Залатая мяцеліца

Зноў сярэбранай зменіцца.

Можа, усё, што засмечана,

Заіскрыцца,

Засвеціцца.

(«Надзея») [8, с. 91].

Дынаміка белага колеру прасочваецца праз усю творчасць А. Пісьмянкова. Разам з тым у яго паэтычным свеце з цягам часу ўзнікла колеравая бінарная апазіцыя «белае--чорнае». Гэтая кантрастнасць з'явілася ў выніку зведанага ў жыцці, якое, апрача іншага, прынесла сумныя дні. На змену каляровым снам прыйшлі чорна-белыя: «Зноў ў сон мой чорна-белы...» («Сустрэча з самім сабою») [8, с. 63]. Настальгія па белым, чыстым, светлым пранікае ў аптымістычнае светаадчуванне паэта і пачынае гучаць у яго вершаваных радках дысанансам. Белае і чорнае -- дзве розныя часткі жыцця, як дзяцінства і сталасць, дзень і ноч:

.. .Бо я па чыстым і па белым

Ужо даўно засумаваў.

I на шляху, здаецца, простым

Ужо даволі чорных дзён.

(«На свеце так багата святаў...») [8, с. 184].

Колеравую карціну паэта карэкціравалі жыццё і час. А. Пісьмянкоў скіраваў свой позірк углыб мінулага і ўбачыў там і гераічнае, і трагічнае. У кантэксце гістарычнага зместу верша «Дума Вітаўта», прысвечанага Грунвальдскай бітве 1410 г., колеравая сімволіка вытлумачваецца як змаганне смерці і жыцця, смерці і волі: «Чорны крыж на белым полі... // Не распяць нас на крыжы!». Ён паказаў бітву нашых продкаў за свабоду роднага краю як спрадвечны антаганізм: змаганне святла-волі і цемры-укрыжавання. З'явіўся ў філасофскіх вершах паэта і вобраз гругана -- птушкі, распаўсюджанай у фальклоры: песнях, казках, легендах. Праз мифалагізацыю, сімвалічнае ўвасабленне гэтага вобраза раскрываюцца ўзаемаадносіны людзей, чалавека і часу, жыцця і вечнасці. Чорны груган -- птушка цемры, нябыту:

Там двое да рання

Клянуцца ў каханнні.

Там смех іх лагодны

Не ведае злосці.

Там кожны смяротны ім трошкі зайздросціць.

А чорны груган на пагосце

Думае: госці.

(«I страшна, і позна...») [8, с. 153].

Экспрэсія чорнага колеру ў паэзіі А. Пісьмянкова рэзка ўзмацнілася пасля катастрофы ў Чарнобылі. I гэта зразумела: на родную зямлю абрынулася чорная бяда. Свет у адзін момант пазмрачнеў. Паэт востра адчуў трагічны разлом жыцця, скрыжаванне чорнага і белага:

За Бесяддзю-ракой

Іржэ мой белы конь.

...Самотна конь іржэ

…………………….

Над чорнаю бядой,

Над горкаю вадой.

(«Белы конь») [8, с. 29].

Вобраз белага каня як увасабленне чыстага, незабруджанага свету ў мінулым адцяняюць эпітэты з негатыўнай колеравай і сэнсавай канатацыяй. Магчыма, гэта сам шпарканогі Пегас кліча паэта на радзіму пабачыць чарнобыльскую яву. Белы конь успрымаецца як сімвал паратунку роднага краю, які апынуўся ў абладзе чорнай бяды.

Чорны колер у ранняй лірыцы паэта не мае адмоўнага выяўлення. Гэта колер спрадвечнай зямлі: «...Толькі чорна ворыва» («Славянскі матыў»). Хоць перадуам ён звязаны з адлюстраваннем змяркання і начной пары сутак. Аднак ноч не палохае і не адпрэчвае цемрай, яна -- часіна сустрэчы закаханых -- прадвяшчае штосьці загадкавае, рамантычнае: «Вечар вынырнуў нясмела, // Цені чорныя кладзе» («Вечар вынырнуў нясмела...») [8, с. 75]; «Прагані прэч страх. // Вецер-цымбаліст // Грае на лістах. // Будзе ноч без зор, // Будзе ноч без сна» («Сябру») [8, с. 163].

Аднак для А. Пісьмянкова ніколі не было характэрна змрочнае колеравае адлюстраванне свету. Яно надаралася ці ўзмацнялася ў пэўныя жыццёвыя моманты. Бо паэта найперш захапляла жывапісанне колерамі жыцця. Адзін з такіх яркіх колераў -- зялёны, які ўздымае эмацыянальны тонус, «тэмпературу» радка:

.. .Паміж злыселых клёнаў

Гарыць твая душа,

Гарыць агнём зялёным.

(«Шукаць дарэмна спарыша...») [8, с. 125].

Родны кут бачыўся паэту як зялёны бераг -- ціхі, непарушны, жаданы. Яго прыцягваў, нібы магніт, «зялёны прываблівы свет» («Прачыстая»). Паэт цудоўна ведаў, што значыць жыць на гэтай зямлі, калі ў цябе «ёсць бераг зялёны» («Едначы»). Захопленасць аўтара светам па-рамантычнаму адухоўленая, прасякнута шчырай верай у казку: «У зялёным садзе // Я шукаў жар-птушку» («У ружовым садзе...») [8, с. 74].

Зеляніна ўспрымалася як схоў для душэўнага супакою і адхлання. Таму паэт у горадзе жыў думкай пра вяртанне да сваёй Бесядзі, у зялёны свет дзяцінства: «Цэлы год я не рыбачыў // У зялёным лазняку» («Запрашэнне на Бесядзь») [8, с. 153]; «...і я вярнуся // На зялёны родны бераг, // Каб далей любіць і верыць» («Пераходзіць лета ў восень...») [8, с. 136]. «На зялёных берагах» радзімы светла і хораша думалася, але часам абвастралася адчуванне жыцця, часу, іх незваротнасці.

Прыкметна аздабляе паэтычны свет А. Пісьмянкова ружовы колер, які прыдае яму рамантызаваную афарбоўку. Гэта колер мары, салодкіх летуценняў, чагосьці дзівоснага, казачнага. Вось які вобразна-паэтычны малюнак паўстае з верша «Як гэта хораша -- юнацтва...»:

Усплёскі хваль.

Ружовы ветразь.

Ружовы свет.

Ружовы сад [8, с. 43].

У вершы «Не спяшайце мяняць...» паэт разважае, ці мае сэнс бачыць свет у ружовым святле. На яго думку, гэты колер узвышае чалавека, робіць яго ўзнёслым і шчырым. Ружовы колер таксама светлы, чысты, ён у палітры А. Пісьмянкова мае цалкам станоўчую семантыку: «У ружовым садзе // Варажылі пчолы» («У ружовым садзе...») [8, с. 132]; «Усход ружовы -- // Гарыць зара» («Усход ружовы...») [8, с. 75]; «...Каб ружовасць снегірова // Мне свяціла ўсю зіму» («Снегіры») [8, с. 142]. Ружовы колер перадае шчырае, непасрэднае вітанне красы свету, выклікае пачуццё цеплыні, утульнасці, ціхай радасці. Паэт гэтак, як мастак-імпрэсіяніст, фіксуе чароўныя імгненні, робіць яркія мазкі, вылучае пейзажныя дэталі.

У паэзіі А. Пісьмянкова станоўчай энергетыкай прываблівае сіні колер, які мае свае адценні. Гэта колер неба, вады ў крыніцы і рацэ. Ён сугучны ўнутранаму светаадчуванню паэта, яго настрою: «...Пілі з даверлівай усмешкай // Нябёс густую сіняву» («Вада, крынічная вада...») [8, с. 54]; «Неба вымытага просіць, // Ветрык лес не ўскалыхне» («Арытмія») [8, с. 86]. Т. Шамякіна, разважаючы пра сіні колер, мае рацыю, што ён «адпавядае... настрою турботы, ціхага суму, чаканню цуду, імкненню да прыгажосці і самаўдасканалення. А прырода нібы дапамагае падтрымліваць у чалавеку надзеі, рамантычныя парывы, прагу да гармоніі» [20, с. 142]. Сіні колер адлюстроўвае лагодны, удумлівы позірк паэта на свет.

Зрэдку ў творах А. Пісьмянкова сустракаецца блакітны колер. Гэта, напрыклад, колер настылага восеньскага неба: «У стылым блакіце // Зноў журыцца вырай...» («Рабіна над вірам...») [8, с. 85]. Восеньскія фарбы і колеры ў замалёўках паэта сумныя, панылыя, яны адлюстроўваюць элегічны настрой аўтара. Такі па сваёй эмацыянальнай афарбоўцы жоўты колер:

Пажоўклыя лугі

Ахутаў дым смугі.

Стагі яго тугі,

Мае

тугі

стагі

(«Стагі») [8, с. 132].

Паэт са шчымлівым смуткам, шкадаваннем гаворыць пра завяданне красы, згасанне колераў ў навакольнай прыродзе.

У светаадлюстраванні А. Пісьмянкова вельмі мала колераў халодных. Ён не любіў цёмнага каларыту, згасання святла. Найчасцей паэт звяртаўся да колераў актыўных, функцыянальна значных. Яго трывогу, узрушаны стан душы раскрывае чырвоны колер і звязаныя з ім выявы агню, крыві, зары, што добра бачна на прыкладзе вершаў «Баллада пра лася», «Сон», «Чытаю тапаніміку...», «І толькі клён гарэў, як факел...», «Астап Верасай». Гэты колер дапамагае паэту глыбей разумець і асэнсоўваць з'явы, падзеі, сутнасць мінулага.

У межах аднаго верша можа прысутнічаць розная колеравая гама. Паэт узмацняе эфект успрымання навакольнай прыроды з дапамогай спалучэння некалькіх колераў: «Срэбра зялёнай травы, // Думных лясоў пазалота. // Жораў ў небе сівым...» («Восеньскі одум бусла...») [8, с. 127]; «Кроны стануць зялёнымі, // Будуць птаствам прапетыя, // А пакуль што над кронамі // Ззяе німб фіялетавы» («Прадвесне») [8, с. 31]. Колеравыя тропы пры гэтым -- нібы штрыхі пэндзля мастака.


Подобные документы

  • Тэматычная напоўненасць лірыкі А. Пісьмянкова - вядомага беларускага паэта, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола. Тэма Радзімы ў лірыцы А. Пісьмянкова. Тэма кахання ў паэзіі Алеся Пісьмянкова. Суадносіны сучаснага і мінулага ў часавай прасторы твораў.

    курсовая работа [43,6 K], добавлен 17.02.2016

  • Азнаямленне з жыццёвым і творчым шляхам А. Письмякова. Лірыка паэта наскрозь прасякнуты пачуццем патрыятызму і глубь любові да свайго роду, якія адлюстроўваюць праз апісанне прыгажосці Беларускага краю ў творах "Балада роду", "Трызненне паўстанца".

    курсовая работа [35,5 K], добавлен 05.03.2010

  • Развіццё літаратуры і драматургіі Заходняй Беларусі. Пачатак, першыя старонкі паэзіі Заходняй Беларусі. Першыя публікацыі паэта Алеся Салагуба. Зборнік паэзіі Францішка Грышкевіча "Веснавыя мелодыі". Індыферэнтнасць Н. Арсенневай у яе творчасці.

    реферат [44,9 K], добавлен 24.02.2011

  • Творчасць Алеся Разанава і мастацкія прынцыпы сюррэалізму. Асаблівасці спасціжэння рэчаіснасці ў лірыцы паэта. Асацыятыўны падтэкст твораў. Змясоўная паралель "лагічнасць і нелагічнасць" вершаў. Лінгвістычныя і экстралінгвістычныя разважанні над паэзіяй.

    курсовая работа [64,7 K], добавлен 29.07.2016

  • Аналіз жыццёвага і творчага шляху Рыгора Барадуліна - народнага паэта Беларусі. Сацыяльны і лірычны аспект яго творчасці. Выкарыстанне мастацкіх сродкаў у яго паэзіі. Тэматыка, асноўныя вобразы і матывы яго творчасці. Сакрэт яго паэтычнага майстэрства.

    реферат [31,9 K], добавлен 18.12.2013

  • Кароткія звесткі пра жыццёвы шлях і творчай дзейнасці Адама Міцкевіча - вядомага польскага паэта, яго роля і значэнне ў развіцці польскай і сусветнай літаратуры. Аацэнка ўплыву беларускіх, польскіх і літоўскіх народных песень на творчасць вялікага паэта.

    реферат [13,0 K], добавлен 25.03.2013

  • Кароткая гісторыя сям'і вядомага беларускага паэта, публіцыста, літаратуразнаўца, перакладчыка; класіка літаратуры і сучаснага мовы М.А. Багдановіча і яго продкаў. Фотаздымкі з яго сямейнага архіва. Меркаванне пра яго творчасць ад іншых дзеячаў мастацтва.

    презентация [582,1 K], добавлен 04.02.2015

  • Парабалічная плынь у сучаснай беларускай літаратуры. Пашырэнне прытчавасці ў сучаснай літаратуры. Размежаванне парабалы і прытчы. Талент, паэзія і творчасць Алеся Разанава ў кантэксце сучасных мастацкіх канцэпцый. Сусветная місія беларускай літаратуры.

    реферат [33,4 K], добавлен 23.03.2011

  • Пачуццё кахання як універсальная з’ява асабістага жыцця кожнага чалавека. Тэма кахання ў першай кнізе Яўгеніі Янішчыц. Метафізіка кахання жанчыны. Лірычная гераіня ў кнігі "На беразе пляча". Інтымная лірыка паэтэсы як малая энцыклапедыя кахання.

    курсовая работа [58,9 K], добавлен 12.01.2016

  • Даследаванне развiцця беларускай паэзіі з 50-х гадоў XX стагоддзя да сучаснага часу. Уплыў постмадэрнізму на змену скіраванасці і афарбоўкі мастацкага мыслення. Асаблівасці раскрыцця тэм кахання, часу і смерці ў вершах сучасных беларускіх аўтараў.

    курсовая работа [26,2 K], добавлен 15.05.2012

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.