Творчасць Яўгеніі Янішчыц
Старонкі біяграфіі Яўгеніі Янішчыц. Праблематыка ранніх твораў паэтэси на аснове зборнікаў "Снежныя грамніцы" і "Дзень вечаровы". Тэматыка зборнікаў паэзіі "Ясельда" і "На беразе пляча". Паэтычнае майстэрства Я. Янішчыц і асаблівасці інтымнай лірыкі.
Рубрика | Литература |
Вид | курсовая работа |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 17.12.2013 |
Размер файла | 48,5 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://www.allbest.ru/
2
Змест
Уводзіны
1. Старонкі біяграфіі Яўгеніі Янішчыц
2. Ранняя паэзія. Зборнікі “Снежныя грамніцы” і “Дзень вечаровы”
3. Зборнікі паэзіі “Ясельда” і “На беразе пляча”
4. Зборнікі вершаў “Пара любові і жалю”, “Каліна зімы”
5. Інтымная лірыка Яўгеніі Янішчыц
Заключэнне
Літаратура
Уводзіны
Любая творчасць - акт самаздзяйснення. Калі праз творчасць раскрываецца чалавек таленавіты, з боскім дарам, і такая самарэалізацыя становіцца сэнсам жыцця - гэта ўжо ўласныя набыткі не толькі яго, а і іншых людзей. Твор можа застацца невядомым, народжаны адзінкавым усплёскам унутранай энергіі творцы, а можа набыць доўгае жыццё, калі прасякнуты высокай духоўнай энергетыкай асобы аўтара. Творчасць - арэна самасцвярджэння, дыханне, без якога няма жыцця. Менавіта такой паэтэсай з боскай іскрай, якой дадзена было тварыць як дыхаць і чые кнігі - наш мастацкі набытак, была і ёсць для нас Яўгенія Янішчыц.
“Палеская ластаўка”, “Палесся мілае дзіця”, “палеская летуценніца” - так назвалі ў нашай літаратуры гэтую выдатную паэтку, якой, на вялікі жаль, было суджана пражыць усяго сорак гадоў.
Яўгенія Янішчыц нагадвае казачную птушку ў вечным палёце, якая хораша праляцела над родным Палессем, над Беларуссю, лёгкім крылом ускалыхнула аблокі, імкліва і нечакана растаяла за небасхілам (“Ластаўка палеская, навошта // Гэтак рана адляцела ты?” - Г. Бураўкін). Схавалася ў далечыні, але не знікла, пакінула прыкметны след у літаратуры (”Ды будзе вечна блізкім рэхам // Звінець твой голас малады”. - С. Грахоўскі).
“Яўгенія Янішчыц увайшла ў беларускую паэзію так, як гаспадыня ўваходзіць ва ўласны добра абжыты дом, - свабодна, нязмушана і натуральна”, - зазначае Дз. Бугаёў.
Пра яе яркі і самабытны талент у розныя часы з вялікай прыхільнасцю гаварылі Іван Мележ і Максім Танк, Аркадзь Куляшоў і Пімен Панчанка, Янка Брыль і Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Янка Сіпакоў і многія іншыя беларускія пісьменнікі.
Паэт Ніл Гілевіч сказаў: “З глыбінь народнага жыцця // Увысь ірвалася Янішчыц // Палесся мілае дзіця”. Галоўнае для паэткі - “душу… народную адчуць”, увабраць у сябе каштоўны вопыт чалавечага жыцця.
Яўгенія Янішчыц з'яўляецца яркай і таленавітай прадаўжальніцай традыцый нацыянальнай паэзіі - найперш традыцый духоўнасці і лірызму, якія звязаны з выяўленнем любові да роднага краю, філасофіі народнага побыту, еднасці чалавека і прыроды. Я. Янішчыц - пяснярка Палесся, “вобразаў мілых роднага краю” ( Якуб Колас), вясковага жыцця, сялянскай працы.
Вобразна і дакладна сказала пра ўнутранае і вонкавае аблічча паэткі пісьменніца і сяброўка Раіса Баравікова: “Танюткая, рухавая, яна нагадвала чарацінку, якая моцна ўраслася ў айчынную глебу”.
Анатоль Бутэвіч, аднакурснік Яўгеніі Янішчыц, казаў: “Сэрца сваё Жэня Янішчыц адкрыла людзям - шчыра, даверліва, з разлікам на разуменне і адпаведнасць… Яна выйшла са “снежных грамніц”, яе нястомна жывілі і натхнялі і “дзень вечаровы”, і родная “Ясельда”. “На беразе пляча” яна спаўна зведала, што такое “пара любові і жалю”. Аднак яе не спакусіла і не спалохала “каліна зімы”. Таму і жыць яна будзе заўсёды “ў шуме жытняга святла”…”
Пра лірычную прыроду таленту беларускай паэткі крытыка гаварыла вельмі ўпэўнена. У. Гніламёдаў пісаў нават так: “Яўгенія Янішчыц - лірык перш за ўсё, цалкам і поўнасцю”.
Для чытачоў Я. Янішчыц засталася шчымлівай лірычнай паэтэсай, якой дадзена было словам кранаць сэрцы, узвышаць перажыванні і ачышчаць душы.
Курсавая праца будзе разглядацца як спроба даследавання паэзіі на працягу ўсяго творчага шляху Яўгеніі Янішчыц.
Мэта курсавой працы: Асэнсаваць духоўнае аблічча лірычнай гераіні Яўгеніі Янішчыц і адметнасць паэтычнай спадчыны.
Задачы:
1. Пазнаёміцца з літаратурнымі працамі па дадзенай праблеме і сістэматызаваць матэрыял.
2. Раскрыць праблематыку ранніх твораў Яўгеніі Янішчыц на аснове зборнікаў “Снежныя грамніцы” і “Дзень вечаровы”.
3. Высветліць тэматыку зборнікаў паэзіі “Ясельда” і “На беразе пляча”.
4. Выявіць паэтычнае майстэрства Яўгеніі Янішчыц у зборніках “Пара любові і жалю” і “Каліна зімы”.
5. Паказаць асаблівасці інтымнай лірыкі Яўгеніі Янішчыц.
Курсавая праца пабудавана на вывучэнні літаратуразнаўчага матэрыялу і мастацкіх тэкстаў.
1. Старонкі біяграфіі Яўгеніі Янішчыц
творчасць яўгенія янішчыц паэтэса
Паэтэса Яўгенія Янішчыц належыць да першага пасляваеннага пакалення. Яна нарадзілася ў 1948 годзе ў невялічкай палескай вёсачцы Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Паэтычны дэбют Яўгеніі Янішчыц адбыўся рана.У шаснаццацігадовым узросце яна апублікавала свой першы верш “Зоры над Пінаю”. Пасля заканчэння сярэдняй школы Яўгенія Янішчыц паступае на філалагічны факультэт БДУ.
У 1970 годзе выходзіць з друку яе першы зборнік “Снежныя грамніцы”. У першай палове семідзесятых Яўгенія Янішчыц жыве ў Чэхаславакіі, дзе служыць у арміі яе муж, паэт Сяргей Панізнік.
Семідзесятыя гады адзначаюцца выхадам такіх кніг, як “Дзень вечаровы” (1974) і “Ясельда” (1978). Рубеж дзесяцігоддзяў адзначаны з'яўленнем зборніка “На беразе пляча”(1980).
У васьмідзесятыя гады, калі, на вялікі жаль, абарваўся палёт гэтай непрыручанай птушкі роднага слова, Яўгенія Янішчыц таксама выдае некалькі кніг: “Пара любові і жалю” (1983), “Каліна зімы” (1987).
У 1988 годзе, у якім трагічна завяршылася жыццё таленавітай паэтэсы, выйшла кніга выбранага “У шуме жытняга святла” - падсумаванне пройдзенага шляху.
Паэзія Яўгеніі Янішчыц перакладалася на многія мовы свету. Звярталася паэтэса і да прозы, напісала некалькі апавяданняў. Даволі плённа працавала Яўгенія Янішчыц ў галіне мастацкага перакладу, узнаўляючы па-беларуску вершы рускіх і украінскіх паэтаў.
Паэтычныя творы Яўгеніі Янішчыц адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі (1978; за кнігу лірыкі “Дзень вечаровы”) і Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (1986; за кнігу лірыкі “Пара любові і жалю”).
25 лістапада 1988 года жыццё паэткі трагічна абарвалася.
2. Ранняя паэзія. Зборнікі “Снежныя грамніцы” і “Дзень вечаровы”
Паэзія Яўгеніі Янішчыц - рэалістычна-зямная, напоўненая жыццёвай канкрэтыкай. Сама прырода падказвала ёй вобразы і паэтычныя радкі. Навакольныя краявіды, мяккая і ціхая палеская прырода, думаецца, фарміравалі светаадчуванне Яўгеніі Янішчыц, якая выявіла сябе як пранікнёны лірык слова.
У ранніх вершах Яўгеніі Янішчыц прывабліваюць шчырасць, нязмушанасць, натуральнасць паэтычных уражанняў, захапленне хараством жыцця, радаснае ўсведамленне ўласнай прысутнасці ў вялізным, неабсяжным свеце.
Першы зборнік вершаў маладой паэткі “Снежныя грамніцы” выйшаў, калі яна вучылася на пятым курсе БДУ. Зборнік адкрываецца вершам “Радзіме”.
Я прыгадваю вёскі дымныя -
Ні двара там і ні кала.
Ты мяне, быццам маці, Радзіма,
За руку ўдалячынь павяла.
Мы ішлі яругамі, грэблямі,
Па калені ўгрузалі ў снег.
Ля хацін датляваючых грэліся,
Наядаліся толькі ў сне.
Мы ў дарогу збіраліся раніцай,
Клалі ў торбы і гнеў, і боль.
Па дарозе паілі параненых,
Аддавалі ім хлеб і соль.
Значнае месца на самым пачатку лірычнай споведзі займае вёска, Бацькаўшчына, родная зямля:
Люблю цябе, адзіную, да скону,
Вясновая, вясковая зямля,
Як апранаеш свой убор зялёны,
Як вербы ў неба цэляцца здаля,
Як снег плюскоча пад шырокай шынай
І некуды спяшае крыгалом,
Як зноў вясна па сонных вершалінах
Шчасліва б'е буслішыным крылом.
Тут, на гэтай зямлі, у асяродку родных і блізкіх людзей не трэба прытварацца, бо ўсё гэта крэўнае, удыхнутае з калыскі.
Ліра Яўгеніі Янішчыц пачалася найперш з роднага Палесся, з любові да свайго роднага краю і яго непаўторных краявідаў.
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусліхі
І мудрыя лясы…[17, 22]
- запрашае яна ў першай сваёй кнізе “Снежныя грамніцы”. Менавіта з першай кнігі выявілася ў Яўгеніі Янішчыц усеабдымная любоў да палескай зямлі, роднай вёскі, бацькоў і аднавяскоўцаў, якая стала вызначальнай рысай усёй яе паэзіі:
... “Я люблю-ю!” - панесла ўдалеч рэха.
“ Я люблю-ю!” - пацвердзілі дубровы,
Светлыя, як лебедзя крыло.
І для песні падказала словы.
Роднае палескае сяло. [17, 28]
Лірычная прырода таленту паэтэсы дазволіла ёй натуральна выяўляць сваю арганічную злітнасць, а можна сказаць - і зрошчанасць са светам народнага жыцця, найперш у яго вясковых праявах, хораша пісаць пра сваю любасць да радзімы, палескага краю і яго працавітага люду, ствараць разнастайныя вобразы не толькі знаёмых з дзяцінства вяскоўцаў, але і блізкіх сваякоў, натхнёна паэтызаваць уласнага бацьку і матулю, якой прысвечаны, можа, самыя задушэўныя, лірычна-пранікнёныя вершы.
Яўгенія Янішчыц была зачаравана прыродай роднага краю, сярод якой адчувала сябе “непрыручанай птушкай”, вольнай душою і сэрцам. Яе захапіла і павяла за сабой мова, што “як сонца беларускае”, свеціцца “словам кожным”, якую праз гора данеслі да нас, “родную, цёплую жывую і непаўторную”, нашы продкі ( верш“Мова”).
Чую тваю жаўруковую музыку
У скошаных травах мурожных.
Мова! Як сонца маё беларускае,
Ты свецішся словам кожным.
Цябе і заворвалі, і закопвалі.
І ўсё ж нашы продкі праз гора
Данеслі да нас цябе, родную, цёплую,
Жывую і непаўторную. [17 11]
На першы погляд, у вершы “Мова” гучыць толькі прызнанне ў любасці да роднага слова, сцвярджэнне яго хараства. Але згадваючы, як нашы продкі і ў самых неспрыяльных абставінах адстойвалі родную мову, а таксама праз падкрэсліванне сваёй гатоўнасці памерці за яе, паэтэса змагла выказаць думку пра ненармальнае становішча нашай мовы. А ў канчатковым выніку Янішчыц сцвярджала, што неабходна бараніць роднае слова ад вынішчэння нават цаной жыцця сапраўдных патрыётаў. Яна разумела, што за гібеллю мовы непазбежна наступае і гібель самога народа, якому мова належыць.
Многія вершы ў зборніку сагрэты сапраўдным натхненнем, выпраменьваюць святло, радасць, маладую няўрымслівасць. У іх пераважае мажорны настрой і адпаведна зялёныя і сонечныя фарбы - фарбы вясны і лета. Выключэннем не з'яўляюцца і творы, дзе выразна выяўлена грамадзянская пазіцыя, усведамленне асабістай далучанасці да лёсу роднага краю, мовы, культуры, гісторыі і сучаснасці беларускага народа.
На вершы таксама натхнялі паэтку і родныя людзі: дзядуля, што вучыў шанаваць прыроду, не глуміць маладую атаву (“ Пра атаву напомніць прасіла?..”); бабуля Паланея, якая страціла на вайне “ пяць асілкаў-малайцоў” і набыла пяць магіл (“ У бабулі Паланеі”); матуля, якая нечакана захварэла і, не хочучы таго, прылегла “адпачыць” на ложку (“Ля ложка хворай маці”).
Родны край паэтызуецца ў ранніх вершах узнёсла, радасна, на высокай рамантычнай хвалі, бо душа паэткі, “як чуйнае карэнне, зноў адчула родную зямлю…” (“ Не шукай гаманлівай славы…”).
Побач з матывам любові да роднага краю, што выявілася і ў назве зборніка “Снежныя грамніцы”, у паэзіі Яўгеніі Янішчыц разгортваецца матыў светлага юнацкага кахання. Найбольш выразна пазіцыя паэтэсы ў гэтым пласце лірыкі выявілася ў вершы “Ты пакліч мяне. Пазаві…”, у якім сцвярджаецца не меншая, чым любоў да роднага краю, першаснасць, першапачатковасць кахання, як бы замацаваная радком “Пачынаецца ўсё з любові…”. На поўны голас, адзін за адным, раскрываюцца ў вершы тэзісы, што пацвярджаюць зыходны, галоўны: з любові пачынаюцца “Нават самая простая ява”, “Першы поспех і першыя крокі”, дзякуючы ёй “Прыручаюцца салаўі”, “І змяняюцца краявіды”. Канцоўка верша гучыць катэгарычна і неабвержана.
Пачынаецца ўсё з любові,
А інакш і жыць немагчыма. [17, 17]
Верш “Чаму ніколі не баюся я…” з'яўляецца разважаннем паэткі пра лінію сваіх паводзін, пра прыярытэты мастацкай творчасці. Аўтарка тлумачыць прычыну сваёй духоўнай ураўнаважанасці, смеласці, “напоўненасці” адданасцю роднай зямлі, любоўю, як і ў многіх іншых творах, да малой радзімы. Ужо ў самым пачатку твора вызначаны двума лаканічнымі радкамі ў форме пытальнага сказу прадмет размовы:
Чаму ніколі не баюся я
Апусташэння галавы і сэрца? [17, 10]
У кантэксце матыву любві да роднай зямлі ў вершы паўстае і матыў любві да працы як яе выніку. Верш сведчыць пра ўменне Яўгеніі Янішчыц ужо ў ранні перыяд творчасці стрымліваць пачуцці, асэнсоўваць іх і прыводзіць у стройную сістэму ўдумлівай і шчырай разважлівасцю:
Ёсць у мяне зялёная зямля,
Яна магутней слабасці і смерці.
Ёсць у мяне глыбінная туга
Па далавых і ціхіх берагах.
Ёсць у мяне на пальцах мазалі -
Таксама ад любові да зямлі. [17, 10]
“Непрыручаная птушка” - так называецца адзін з самых задушэўных ранніх вершаў паэтэсы, які змешчаны ў зборніку “Снежныя грамніцы”. Як бы прадказваючы сваю раннюю гібель, паэтэса ў гэтым вершы загаварыла і пра смерць - ён заканчваецца просьбай пра пахаванне ў роднай зямлі:
А будзе што не так - малю:
Скруціце стомленае крылле
І кіньце ў родную раллю. [17, 6]
У другім зборніку - “Дзень вечаровы”(1974) - вобразы роднага краю напаўняюцца новымі рэаліямі. Па-ранейшаму лёгка і шчыра льюцца радкі пра мілую старонку, зялёнае Палессе. У гэты спеў, аднак, паступова ўрываецца трывожны роздум пра свой уласны шлях, адчуваецца адказнасць паэткі за кожнае прамоўленае слова. Святочны настрой, сонечнае святло, захапленне жыццём і адначасна грамадзянская пазіцыя праявіліся ў гэтым паэтычным зборніку. Адкрываецца кніга ўзнёслымі мажорнымі радкамі, і ў каляровай гаме дамінуюць зялёны і сіні колеры:
Люблю,
калі сыдуць марозы:
Бясконцы раздольны прастор -
Зялёная радасць бярозак
І сіняя радасць азёр.
Я сінюю радасць вітаю,
Гукаю зялёную ў сны…
І словы з душы вылятаюць,
Як ластаўкі з гнёздаў вясны. [12, 5]
Гэтая кніга вершаў была цікавай, шчырай і таленавітай. У параўнанні з першай кнігай тут адчуваецца ўжо і большы жыццёвы вопыт, і ўпэўненасць, шырэюць далягляды, раскрываюцца новыя якасці лірычнага характару.
У светлы, бесклапотны настрой нечакана ўплятаюцца новыя ноткі - смутку і трывогі. Паступова прыходзіць мудрае разуменне, што не ўсё так бясхмарна і проста на жыццёвым шляху, як здавалася яшчэ зусім нядаўна: “Яшчэ пранясуцца ў трывозе // Адчай, неспакой, забыццё… // Як лёгка ступаць па дарозе, // Як цяжка праходзіць жыццё!”
Напоўненыя новымі рэаліямі вобразы роднага краю - гэта спроба ўбачыць у адзіным звязку з Радзімай, Бацькаўшчынай свой творчы шлях, уявіць сябе ў будучым, распазнаць, “што там за туманам” (“Бацькаўшчыне”, “Яшчэ душы маёй раздольна…”): “І растрывожана, і дзіўна // Так пачынаецца мой шлях…// Хто я ў лясах тваіх, // Радзіма? // Радзіма, // Хто я ў палях?”; “Толькі дыханне Радзімы // Кліча здалёку заўжды”.
У вершы “Колькі па свеце схадзілі…” радасць мацярынскага шчасця асэнсоўваецца ў непарыўнай повязі з лёсам роднага краю. Святочны настрой маладой маці адэкватна перадаецца ўрачыста-прыўзнятымі інтанацыямі:
Край мой, загадкава-сіні,
Сіняя стынь на траве…
… Яснымі вочкамі сына
Ў свет аблачынка плыве. [12, 13]
У роздуме над калыскай сына паяднаны асабістае і грамадскае, зямное і астральнае, працяг жыцця і яго пачатак, гісторыя і сучаснасць. Усведамленне мацярынскага шчасця годна выяўляецца ў замілаваным звароце да дзіцяці (“У калыханку сыну”):
Свет мой - голенькі ды босы,
Мой бялюткі бацянок,
Засынаеш, як дарослы, -
Пад галоўку кулачок.
Спі… Зырчэйшая за лотаць
Узышла зара ў акне.
Хто нас можа запалохаць,
Калі ты ўсміхнуўся мне? [12, 57]
Непрыкметна для сябе маладая маці пачынала глядзець на свет дзіцячымі вачыма: “Я й сама цяпер з табою, // Як вясёлае дзіця”. Клопат пра сына дапамагаў забываць усё, што прыгнятала і цяжарам клалася на душу.
Істотна змяняецца настрой у кнізе “Дзень вечаровы”, пачуцці кахання значна ўскладняюцца, маладой бесклапотнасці, лёгкасці стаўлення да свайго шчасця падводзіцца падрахунак. Жанчына нібы пераступае нябачную рысу, за якой роспач, журба, трывога (“Як проста ўсё…”):
Як проста ўсё,
Як хораша было!
Між намі лета буйнае цвіло.
Былі лугі і звонкія ільны…
Ні роспачы,
Ні болю,
Ні віны…
Як добра ўсё,
Як добра ўсё было!
Няўжо так хутка лета адцвіло? [12, 62]
Пачуцці перарастаюць рамкі адзінкавага, асабістага менавіта таму, што гэтыя радкі ідуць ад перажытага, набалелага і хвалююць сваёй непрыдуманай шчырасцю.
Відавочна, што шчасліваму каханню найбольш адпавядаюць вясна, лета, няспраўджанаму - восень (“Ізноў буяе восень…”): “Гуляе толькі восень // па дрогкаму мастку… // І голас твой падобны // апаламу лістку”.
“Дзень вечаровы” - вобраз-аксюмаран, у якім рамантычная загадкавасць, стрыманая эмацыянальнасць перададзены мілагучнай мовай.
Яднанне дня і вечара ў назве нагадвае дзве прыступкі на лесвіцы часу: саступаючы з адной (дня), за якой вера ў шчаслівае наканаванне, паэтэса ўзнімаецца на другую (вечар), якая патрабуе разумення і больш глыбокага асэнсавання праяў свету і чалавека.
У гэтых першых зборніках Яўгеніі Янішчыц - шчодрая і шчырая сардэчнасць, нязмушанасць і непасрэднасць бачання, адкрытая пульсуючая думка аб людскіх лёсах. Нават назвы паэтычных зборнікаў гавораць аб росце, пашырэнні магчымасцей таленту аўтаркі, у іх адлюстроўваюцца змены ў светапоглядзе і ацэнках наваколля. Здзіўляе нават тое, што нечакана проста пісаліся вершы аб вечным, вялікім, значным, набываючы форму то прысягі, то лірычнай споведзі.
3. Зборнікі паэзіі “Ясельда” і “На беразе пляча”
Пасля зборнікаў “Снежныя грамніцы” і “Дзень вечаровы” тэматычны дыяпазон паэзіі Яўгеніі Янішчыц значна пашырыўся. Нязменнымі засталіся і яшчэ больш паглыбіліся, умацаваліся тэмы бацькоўскага парога, малой радзімы, маці і мацярынства, кахання, але побач з імі сталі, узмацніліся філасофскія праблемы маладосці і сталасці, хвалявання і спакою, мастака і мастацтва, адзіноты, прызначэння жыцця ў зборніках “Ясельда” (1978) і “На беразе пляча”(1980).
З'явіліся травожныя па інтанацыі вешы, прасякнутыя то лёгкім элегійным сумам (“Дзевятнаццаць”), то нясцерпным болем.
Сапраўдным паэтычным гімнам роднаму Палессю, бацькам і аднавяскоўцам гучаць вершы паэткі з кніг “Ясельда” і “На беразе пляча”.
Хроніка вясковага жыцця ў паэзіі Яўгеніі Янішчыц пачынаецца пасляваенных гадоў. Вёска, вясковыя працаўнікі, іх праблемы сталі асноўнай тэмай не толькі ў лірыцы, але і паэмах “Ясельда”, “Ягадны хутар”.
Своеасаблівым мосцікам ад верша да ліра-эпічнага жанру стала паэма “Ясельда”, прысвечаная памяці бацькі і згадкам некаторых стасункаў яго жыцця ваенных гадоў. Невялікая па сваіх памерах, яна мае просты, аднапланавы сюжэт. Усе думкі, пачуцці, нібы магнітам, сцягваюцца да роднай вёскі, якая толькі што пахавала аднаго са сваіх хлебаробаў, “ітэлегентаў ад зямлі”. Адной з асноўных вобразных рэалій у лірычным перажыванні, якое яднае гісторыю і сучаснасць, бачыцца Ясельда - абавязковая, звыклая частка палескага вясковага пейзажу і суразмоўца гераіні паэмы (двайнік аўтара). Менавіта вёсцы і рацэ адрасуюцца яе маналогі. Ясельда - сведка і саўдзельніца вясковых падзей. На яе берагах творыцца гісторыя Палесся. Было б, вядома, несправядліва абмяжоўваць творчасць Яўгеніі Янішчыц толькі палескім рэгіёнам. Яе мысленне, безумоўна, перарастае рамкі рэгіянальнага, бо ў ім люструецца менталітэт беларускага народа. У лепшых узорах лірыкі праз сваё, нацыянальнае яна дасягае сусветных вышынь.
Вёска для Я. Янішчыц - гэта найперш тутэйшыя людзі. Вось чаму героямі яе вершаў, як правіла, з'яўляюцца простыя вяскоўцы - суседзі, сваякі, часам проста знаёмыя. Уражвае ў гэтым плане верш “Апавяданне пра жытнёвы сноп”. У ім зліліся ў адно цэлае і глыбіня думкі, і адчуванне паэткай сваіх каранёў, і вялікая адданасць роднай зямлі, і тонкае пранікненне ў душу народа. Жытнёвы снапок, які звязала на шчасце цётка Ліда Саўчукова, Яўгенія беражліва прывезла ў сталіцу, у сваю гарадскую кватэру. Ён стаў для яе сонечным промнем, ахоўнікам ад бяды і ўсіх няшчасцяў, крыніцай натхнення:
Цётка Ліда Саўчукова,
Твой дасціпны жарт нашу
І - калі шукаю слова,
І - калі яго пішу.
І калі ў жыццёвай прозе
Апускаю рукі ніц, -
Голас твой, нібы калоссе,
Над сталом маім звініць. [13, 68]
Яўгенія Янішчыц захапляеца ўнутранай цэласнасцю, духоўным багаццем вясковых людзей. Паэтка ўслаўляе іх працавітасць, прыродную таленавітасць, жыццёвую моц, бескарыслівасць, мудрасць дабрыню і іншыя лепшыя чалавечыя якасці. Яна бачыць у звычайных вяскоўцах паэтаў, інтэлігентаў, святых людзей.
Вершы Яўгеніі Янішчыц перапоўнены людскімі галасамі, іх нялёгкімі лёсамі. Так вершы “Майская балада”, “Балада вернасці”, “Сустрэча на пераправе”, “Мама Марыя” (кніга “Ясельда”); “Дзед Сымон”, “Цётка Матрона”, “Марыся” (кніга “На беразе пляча”) - сюжэтныя, аб'ектывізаваныя. Іх героі - людзі, чыё жыццё апаліла вайна, якая пазабірала дзяцей, бацькоў, мужоў і сталася назаўсёды балючай ранай.
Цярпліва дажывае век адзінокая бабуля, якая страціла сына яшчэ ў сорак трэцім (“Майская балада”). Пякучым болем адклікаюцца згадкі далёкіх гадоў у сэрцы “мамы Марыі”: самой дзевятнаццаць, галодныя вочы дзетак, у хаце - ні малака, ні скарынкі чорнага хлеба (“Адну калыханку забрала рака. // Другую - высокае хмарнае неба”. ). Так, вайна скалечыла лёс дзеда Цішы, адабрала ў яго памяць, але паэтка верыць у гэтага чалавека, давярае яму і не памыляецца:
Як вецер хвалі раскалыша,
І з вока выцісне слязу,
- Трымайся! - мне гаворыць Ціша, -
Не бойся, - сам цябе вязу.
Адзінота ў нейкай меры кампенсуецца блізкасцю да прыроды. Не выпадкова ж для бабулькі з “Майскай балады” - “І сын - у садзе салавей”.
Абагульнены вобраз землякоў створаны ў “Баладзе вернасці”. Паэтка ўзрушана, захоплена і адначасна здзіўлена іх дабрынёй, сардэчнымі адносінамі да ўсіх людзей, у тым ліку да сябе:
… А вы адкуль з такою дабрынёй
І да мяне, і да майго малога?
Лаўлю ласкавы поціск вашых рук,
Што загрубелі ад работы трошкі.
А ці вядома пачуццё разлук
Вам, неразлучным, аж да самай дошкі?
Адкуль у вас пагэтулькі святла?...
Ды схамянуся, тут не трэба словы.
Ў маім сяле яшчэ на паўсяла
Жывуць з вайной заручаныя ўдовы.
І па начах яшчэ ім страшна спаць,
Гартаць жыцця пражытага старонкі.
І незваротным промнем зіхацяць.
На пальцах скамянелыя пярсцёнкі. [13, 13]
Скамянелае з гадоў вайны зіхаценне пярсцёнкаў - дакладная вобразна-асацыятыўная формула гаротнай долі ўдоў, салдатак, чые душы, аднак, не зачарсцвелі ад адзіноты. Шчодрыя на дабрату і спагаду, яны перажываюць чужое гора, як сваё ўласнае.
Глыбокае пранікненне ў душу народа, пранізлівае адчуванне яго як сябе, пранікненне ва ўнутранае “Я” чалавека дазваляе паэтэсе стварыць шэраг псіхалагічна праўдзівых вобразаў людзей вёскі, моцных сваёй грамадзянскай пазіцыяй, сваёй высокай духоўнасцю, любоўю да бліжняга, да Радзімы, - у кожным вершы кнігі “Ясельда”. Чуццём мастака, сваім багатым паэтычным дарам яна раскрывала душу чалавека, паказваючы сілу і веліч простага чалавека.
Невялікі па размеру верш “Сінін” валодае вялікай эмацыянальнай сілай уздзеяння на душу, ён як быццам папярэджвае: людзі, беражыце мір! Беражыце тое, што маецца! Гэта баладны, можна сказаць, верш, дзе спакой, дабрабыт жыцця вёскі замешаны на трывозе паэтэсы, на яе асабістай перасцярозе, каб мы былі заўсёды пільнымі ( ах, як актуальна сёння гэтае: “…Не прывядзі разбіць мне сэрца аб немату тваю, Сінін!” [13 17]).
Аб'ектамі зацікаўленнасці ў знешнім свеце для Яўгеніі Янішчыц выступаюць чалавек, асоба, людзі. Яе вельмі цікавяць людскія лёсы і характары, канкрэтныя сітуацыі быцця і праяўленне ў іх прывабна-чалавечых рысаў. І на гэтым шляху выявілася арганічная адзнака таленту Янішчыц - дакладна, падрабязна, амаль дакументальна, ствараць гісторыю жыцця вяскоўцаў, родных і блізкіх ёй людзей. Да людзей ідзе паэтэса ў хвіліны радасці і адчаю, і менавіта вершы - прысвячэнні вяскоўцам - выклікаюць самыя прасветлена-чыстыя, сардэчныя водгукі. Нязломнай сіле чалавечага духу прысвечаны цыкл вершаў у зборніку “На беразе пляча”: “Марыся”, “Нянечка Міла”, “Ода кладцы”, Дзед Сымон”, “Сустрэча на пераправе” і іншыя.
Верш “Помню, помню праз гады…” змешчаны ў зборніку “На беразе пляча” з сімвалічнай, метафарычнай назвай: хіба можы быць бераг у пляча? Ён жа бывае ў рэчкі, у возера, у мора. У зборніку на першы план выходзіць грамадзянская тэма. Пра лёс маці, якая дыхала вольнымі грудзьмі толькі тады, калі вярталася з поля і вучыла дачушку не баяцца пожні, зямлі, хадзіць па ёй басанож (“Мама”). Пра Ягадны хутар, дзе жыў і “за кожнае дрэва, /Як за ўнукаў, хварэў” дзядзька Арцём. Пра Любоў, неад'емную ад Радзімы. Як у радках з верша “Свет адкрыты і босы…”
У гэтым вершы ўсё проста, лаканічна, глыбінна, як і ў фальклоры, як у песні пра высакародны, спрадвеку ўстаноўлены лад жыцця.Характарыстыка роднага краю створана невыпадковымі, шматзначнымі эпітэтамі - адкрыты і босы, шырокі і прасторны, босы - просты, першазданны. Карціна краю дапаўняецца згадваннем песні, яе вобразамі - невысокага ляску, партрэтам дзяўчыны з паяском - сімвалам будучай дарогі, сцяжынкі з бацькавай хаты да дому каханага, да невядомага лёсу.
Твор “Помню, помню праз гады…” напісаны пад уражаннем пачутай песні, радкі з якой цытуюцца ў ім даслоўна: “Выпі, золатца, вады, / Сэрца супакоіцца”. Гераіня твора (яна ж аўтарка) згадвае, як некалі яе, самотную, растрывожаную, суцяшалі гэтыя песенныя словы, і гэты свой асабісты вопыт хоча скарыстаць, суцяшаючы “ў горы сябра-сокала”. Можна зрабіць вывад, што асноўная ідэя твора заключаецца ў сцвярджэнні магчымасці пераадолення смутку, гора і нягод крынічнай вадой і песняй.
Значную ролю ў вершы адыгрывае вобраз-дэталь “спеўная ваколіца”. За гэтым вобразам - характарыстыка роднага краю, роднай вёскі, улюбёнасць у вясковы лад жыцця, звычкі, глыбокае веданне народнай псіхалогіі, скарбаў беларускай мовы. Вобраз ваколіцы ў вершы - вобраз Беларусі - краіны, падобнай на светлую, чыстую крыніцу з гаючай вадой. Лаканічна і проста, засяроджана і светла сказала паэтка пра сябе ў вершы: адзначыла свой ўзрост, акрэсліла такія рысы характару, як летуценнасць, міласэрнасць, памятлівасць. І гэта ўсё некалькімі радкамі: “Помню, помню праз гады”, “Трыццаць вёснаў за спіной, / А ці ўсе спакойныя?”, “Мне дарогі не пытаць”.
Верш літаральна прасякнуты промнямі дабрыні, святла, замілавання.
Дакладнымі партрэтамі, нетаропкім палескім гаварком, прыгожымі краявідамі родных мясцін напоўнена паэма “Ягадны хутар”. Напісана яна ў форме лістоў ад маці, ад дзядзькі Арцёма, ад стрыечнага брата. Да гэтых лістоў дадаецца паэтычны каментар Яўгеніі Янішчыц. З твора мы даведваемся пра штодзённае жыццё вяскоўцаў, іх клопаты і трывогі. . Так, у адным з лістоў дзядзька Арцём паведамляе, што “ваюе з лесам. Не з лесам - хутчэй з людзьмі. Бадай яго, з тым прагрэсам! Сякуць і сякуць… Каб мог - засланіў бы грудзьмі. Адзін маладняк амаль што, а дрэвы не хутка растуць…”. [17,115]. У лістах ад мамы найперш адчуваецца яе трывога за дачушку: “Прашу, болей глядзі за сабою. Ведаю, адзінота - яна гняце. Назбірала табе дзівасілу і зверабою, а то свецішся ўся, як абраз у куце. Думай ўсё ж за сабою найперша, глядзі на свет гэты больш весялей. Халера пабрала б гэтыя вершы, без іх мо была б у жыцці шчаслівей. Мо я й не тое табе парадзіла, табе, канешне ж, лепей відаць…”
У гэтай паэме адчуваецца найбольшая згарманізаванасць думак і пачуццяў, душы чалавека і навакольнага асяродку, а яшчэ тут выразна выяўлена сувязь з фальклорам. У размовах з вяскоўцамі чуецца і вострае, дасціпнае слоўца, і гарэзная прыпеўка, тут паяднаныя гумар, усмешка, смех праз слёзы і сапраўдная жальба, галашэнне з прычыны смерці дзядзькі Арцёма, нястомнага працаўніка, сумленнага абаронцы лесу, жывой і нежывой прыроды.
Адчай і адзінота гоняць у дождж на прыветны агеньчык у знаёмым акне гераіню паэмы “Акно ў дождж”. Сямейная ўладкаванасць быту каханага, недарэчнасць з'яўлення ў яго доме яшчэ больш абвастраюць пакуты. У нялёгкіх драматычных абставінах сталеюць пачуцці, выразна выяўляецца сапраўдны душэўны разлад.
У лепшых узорах лірыкі Яўгеніі Янішчыц усё дасканала зладжана, вылеплена умелым майстрам. Радкі яе вершаў жывуць і дыхаюць як цэласнае адзінства. Тут не патрэбны нейкія знешнія ўпрыгожванні, бо думкі і пачуцці спаяны сапраўднай творчай энергіяй. Яшчэ ў кнізе “На беразе пляча” змешчаны вершы “Падставіць голасу лісток…” і “Паэтэса”, якія сталі ўзорамі медытатыўнай лірыкі, дзе на падставе грунтоўных разважанняў робяцца адэкватныя пераканальныя высновы: “Дзяўчынцы хочацца ў паэты, // Што ў катаржанкі, - дзе ж ёй знаць?!”
Яўгенія Янішчыц натуральна, без штучнага пафасу апаэтызавала родны палескі край, яго прыроду, раскрыла натурфіласофію побыту палешукоў, духоўную сутнасць і маральныя ідэалы людзей старэйшага пакалення.
4. Зборнікі вершаў “Пара любові і жалю”, “Каліна зімы”
Пра лірыку Яўгеніі Янішчыц гаварыць няпроста, бо кожны радок і кожны верш настолькі арганічна знітаваны, што амаль немагчыма вылучыць нешта для аналізу, каб не парушыць цэласнасць светаўспрымання. Асабліва ярка праявілася сталае майстэрства ў кнігах “Пара любові і жалю”(1983) і “Каліна зімы” (1987). Для сталай лірыкі характэрна медытацыя, філасофскі роздум над праблемамі жыцця і смерці, часу і прастору, імгнення і вечнасці. Мастацкай выявай стану душы лірычнай гераіні бачыцца дыялектычная ўзаемазалежнасць такіх філасофскіх і адначасна эмацыянальных катэгорый, як любоў і боль, шчасце і адчай, радасць і журба, святло і цемра.
У зборніках “Пара любові і жалю”, “Каліна зімы” пабольшала грамадзянскага пафасу, паэтка ўзнялася на яшчэ большую вышыню і вастрыню адчування болю асабістага, сямейнага і агульналюдскога, агульначалавечага. Лірыка Янішчыц становіцца трагедыйнай па сваім пафасе ў цэлым, а элегія суму, смутку і жалю ператвараецца часцей і часцей у элегію болю. Не выпадковыя ў сувязі з выказанай тэмай і назвы зборнікаў, у якіх паяднаныя любоў і жаль, а каліна паўстала перад намі сярод зімовай сцюжы і выжывае насуперак ёй.
У апошніх кнігах узрастае майстэрства паэтэсы ва ўжыванні фальклорнага матэрыялу: творы набываюць суплетыўную непадзельнасць, элементы фальклору пранікаюць ў этнаграфічны малюнак і наадварот, і за кошт гэтага логіка-тэкстаўтваральныя магчымасці літаратурнага твора пашыраюцца. Унутранае адчуванне прыгажосці народнага песеннага слова ў яе ідзе ад глыбокага пранікнення ў дух народных традыцый, і гэта не дазваляе ствараць мешаніну ў творы, так званы гібрыд: “Слоў не трэба. Варажба…”, “Палессе”, “Мамчына сіла”, “Як за дажджамі частымі--рабымі…”, “З дарагой душы”, “Над перакатнай рэчкаю” і іншыя, - усе пералічаныя вершы змешчаны ў кнізе “Пара любові і жалю”.
У зборніку “Пара любові і жалю” сапраўды многа жалю. Шмат прадбачанняў-прадказанняў свайго лёсу.
Вось на парог радзімы павярнуся:
Шчыруе мама. Бульбачка кіпіць.
Ды ведаю - на песні захліпнуся.
І знаю: долі мне не абхітрыць.
Абсалютная большасць вершаў з гэтай кнігі ўяўляюць сабой унутраныя маналогі растрывожанай душы. Не выключэнне - верш “Сынок і маці”:
Пакуль яшчэ зялёная зямля
Трымае нас па міласці закона,
Сынок і Маці - зерне і ралля,
Сынок і Маці - мудрая ікона.
І спеюць хай удзячныя гады,
Бяжыць удаль дарога палявая.
Ён для яе маленькі назаўжды,
Нявопытны, пакуль яна жывая.
Крывавы час, адкінь свой грозны меч,
Прыслухайся да сцішанага слова.
З кароткіх, як само жыццё сустрэч
Саткана іх нявечная размова. [15, 51]
Менавіта лагодным словам “сынок”, а не нейтральным “сын” звярталася да сваёй крывінкі і да ўсяго чалавецтва Жанчына, Паэтка, Маці. І высветліліся побач з гэтым словам і вызначальныя словы-вобразы, словы-сімвалы: зямля -маці - зерне - ралля - дарога - час - грозны меч - слова. Слова-вобраз “сынок” упісана ў кантэкст універсальных каштоўнасцей, неад'емных адна ад адной, вызначальных для чалавецтва, жыцця ўвогуле, якое нараджаецца на зямлі, нібы зерне, прарастае на раллі, выношваецца пад сэрцам матулі, як сыночак, мае кароткі, а дзякуючы перадачы эстафеты з рук у рукі і вечны часавы працяг і не менш вечнае занатаванне словамі ў слове. Заканчваецца верш заклікам ад імя даравальніцы жыцця, маці, да часу: не спыняць, не знішчаць яго крывавым мячом.
Жывучы даволі працяглы час у беларускай сталіцы і атрымаўшы тут шырокае прызнанне як паэтэса, Яўгенія Янішчыц душэўна адчувала сябе няўтульна ў гарадскім асяроддзі. Пра гэта яна пісала і ў сяброўскіх лістах, і ў вершах, якія уключала ў свае кніжкі (напрыклад, “Госць”, “Праклінаем долю неба” са зборніка “Пара любові і жалю”), і асабліва рэзка ў творах апошніх гадоў. Так, у вершы “Я гляджу, як будуецца горад” паэтэса з жалем заўважае, што дзеля новых бетонных будынкаў няшчадна вынішчаецца шмат гашых зялёных сяброў, якія ўпрыгожвалі наваколле. Факт для гарадской штодзённасці да банальнага звычайны. Але ён выклікае ў паэтэсы вельмі вострую эмацыянальную рэакцыю:
Дзе вы, мілыя дрэвы ўчарашнія:
Арабіна, бярозанька, клён
Ноччу я прачынаюся. Страшна,
Бы сама ўрастаю ў бетон.
Горад моцна ціснуў на псіхіку шчырай летуценіцы, ён аказваў на яе адмоўнае псіхалагічнае ўздзеянне сваім бетонным холадам і чалавечай адчужанасцю. Дзівіцца ўсяму гэтаму асабліва не выпадае, бо не горад, а вёска была галоўнай крыніцай паэтычнага натхнення Яўгеніі Янішчыц. Адтуль ішлі глыбінныя вытокі яе паэзіі, там былі вызначальныя асновы яе духоўнага свету, усяго душэўнага, чалавечага вопыту.
Сваю паэзію паэтка не ўяўляла адарванай, безадноснай да сучаснага жыцця, людскіх радасцяў і трывог, рэальных праблем часу, таму і жыла думкай народнай. Яна прытрымлівалася традыцыйнага, але эстэтычна жыццёвага і асновасутнаснага погляду на паэта, абавязак якога - даражыць бацькоўскай зямлёй і быць спалучаным з народным лёсам:
І пакуль дыхае планета,
Не вынішчаецца датла
Душа народа і паэта
У шуме жытняга святла.
“У шуме жытняга святла”
Пік і болю, і мудрасці - апошні зборнік вершаў Яўгеніі Янішчыц “Каліна зімы”. Кніга быццам аберагае ад душэўнай слепаты і глухаты, робіць нас чысцейшымі.
Лірычная гераіня ніяк не можа змірыцца са стратаю каханага.
… Прымераю адзін пярсцёнак даўні -
І, нібы варам, палец апячэ.
“Пярсцёнак” [19, 39]
Ратуе паэзія, рашэнне сцвердзіць, рэалізаваць сябе ў слове. Паэтка адкрыта гаворыць пра свае нявер'е, безвыходнасць, то з аптымізмам глядзіць у будучыню:
Як вераломна - спрэс!- цвітуць сады,
Што і гаркоты больш не заўважаю…
Чакаю - скрозь! Чакаю - назаўжды
Таго, каго пазбыла. І кахаю!
“Куды ні гляну - гурбы маразоў” [19, 98]
Каліна ў фальклоры - сімвал няшчаснай жанчыны. Невыпадкова выкарыстала гэты вобраз Яўгенія Янішыц. Ён ёсць і ў вершы “Яшчэ не збыты ўспамін…”. Святлом каліны маўчыць гераіня. Ужо не просіць, не спадзяецца. Яна прадчувае блізкі свой адыход. Больш не стае сілы ісці адной па жыццёвай дарозе. Калі ж ён вернецца, то будзе ўсё па-ранейшаму. Толькі не будзе яе:
Ты зноў вяртаешся, але
Няма мяне, каханы!
У апошніх вершах паэткі лірычная гераіня нібы прадказвае хуткі фінал. Яна яшчэ змагаецца з сабою: “Парваліся, рассыпаліся струны? / Як Паганіні - на адной сыграй!” (“Не зараслі быллём галоў паляны…”). Але “дзіўны гном” ужо рыхтуе “ў пекле рай”.
І пішацца верш “На ўсякі выпадак…”. Ён поўны пяшчоты і жалю. Яна просіць сына быць у жыцці адказным, сумленным, верным у сяброўстве, умець пастаяць за сябе,
Бо можа так здарыцца,
Што заўтра -
Не выйду табе насустрэчу.
Мама.
У жаночай існасці Яўгеніі Янішчыц быў закладзены глыбінны гуманістычны пачатак: дабрыня, шкадаванне, чуласць, міласэрнасць, спагада… Непадробнай мацярынскай трывогай адгукнулася сэрца паэткі, калі тая пабачыла юнакоў-навабранцаў у цырульні. У Афганістане тады гінулі маладыя беларускія хлопцы… “Смех… безаглядка-малады” спарадзіў словы засцярогі-просьбы:
… Радзімыя, шчымлівыя жаўронкі,
Дай Бог сустрэць мне вас праз два гады!
Шчаслівае дарогі вам і пошты,
Хай вас цяпло радзімы саграе,
… Ад першай кулі гінуць. Ад апошняй.
Не па-мі-рай-це!.. хлопчыкі мае. [19, 198]
Пра “Верш, напісаны ў цырульні” крытык Д. Бугаёш піша” “Чытаючы такія радкі, дзівішся, як многа можа ўмясціць у сябе паэтычнае слова, калі яно выспела ў чулай і спагадлівай душы таленавітага майстра”. Сапраўды, у творах Я. Янішчыц уражвае перажытасць выказанага і глыбіня адчутага ў чалавечым жыцці.
Верш “Прага крыла” з кнігі “Каліна зімы” пра прыгнёт, які аказвае творчасць на творцу. Але без прыгнёту не было б і веры, і сілы палёту. Фарбы расстаўлены па полюсах: на адным полюсе - белы дзень, што “налятаўся да стомы”, на другім - чорная ноч, якая дзякуючы натхненню аўтаркі “ўзнялася да зорак”. Дзень дорыць надзеі ажно да аскомы, ноч - гарманізуе іх і даводзіць да ладу. Канцоўка верша “Прага крыла” - аднаго з найлепшых ў зборніку - нейкая загадкавая, падобная на рэбус. Паэтка сягае свядомасцю ў зорную ноч, у Космас. Яе нешта трывожыць, спыняе ад кроку з падаконніка - у вечнасць. Настрой неадназначны, складаны, супярэчлівы, акрэсліваецца трыма вобразамі-рэаліямі: тоўстыя каменныя лбы - сытыя галубы - падаконнік веры. Першы - сімвал сівой мінуўшчыны вечнасці, другі - спакою, дастатку, сытасці, трэці - апантанасці, летуценнасці, спадзявання на лепшае, кралатасці. Апошні радок верша - “Вас не люблю, а шкадую”, - відаць, адносіцца да сытых галубоў, абвяргае гэтую сытасць, задавальненне малым:
… Тоўстых каменняў ілбы
Палеазойскае эры;
Сытыя галубы
На падаконніку веры.
Вас не люблю, а шкадую. [19, 30]
Пазней творчая лабараторыя паэткі прыадчыняецца ў вершах “На голас ліры”, “Не прад'явіць віны пасля…”, “Паэт”, “Пра Галгофу”. Пастулаты, заяўленыя ў гэтых вершах, грунтуюцца на высокіх маральна-этычных прынцыпах і эстэтычных патрабаванях таленавітай асобы да ўласнай творчасці. Працягваецца думка аб поўнай самааддачы творчай энергіі, самазгаранні ў працэсе катаржнай працы. На першы погляд, натхненне прыходзіць без натугі, радкі кладуцца лёгка, узнёсла, святочна, захапляе радасць творчасці:
І кожны дзень - гарачы вырай.
Здзіўленняў, радасці, клапот.
Так я іду на голас ліры,
Дзе ўсё - фантазія, палёт.
Які зайздросны свет паэта -
З нябачных промняў вобраз ткаць,
І - заміраць нас схіле лета,
І ў вольным слове ўваскрасаць!
“На голас ліры” [19, 189]
На самай справе, не свята, а сапраўдныя пакуты, творчая Галгофа - вось што хаваецца за кожным вершам, кожным радком: “Ды на пісьмовы стол, як на Галгофу, // Кладу свае вучнёўскія радкі”. (“Пра Галгофу”).
Як і “Ягадны хутар”, “Зорная паэма”, змешчаная ў гэтым зборніку, - таксама сведчанне скіраванасці да вясковых праблем. Яна складаецца з дзвюх частак. У ёй гучыць пратэст супраць войнай, магчыма, самазабойства чалавецтва, што можа адбыцца пры адсутнасці ўселага кіравання тэхнічным прагрэсам. Змрочным сілам супрацьпастаўлена святло прыроды і светласць людскіх сэрцаў і душ.
Асноўнае ў “Зорнай паэме” - роздум над праблемамі часу. На жаль, па-ранейшаму не лепшыя часы перажывае вёска. Разбуральны працэс вясковага ўкладу жыцця пачынаўся ад рэвалюцыйных ператварэнняў 20-30-х гадоў, калі сялянства адвучвалі гаспадарыць на сваёй зямлі. Негатыўныя наступствы бачацца на кожным кроку. Гэта найперш безгаспадарлівасць, няма ніякага жадання працаваць на зямлі: “Прагне зямелька пляча абароннага, // Просіць за бульбу, за лён і траву”. Востра адчуваюцца праблема кадраў, абыякавасць, махлярства, кар'ерызм, п'янства і іншыя антыграмадскія праявы: “А ў канторы - // прыпіскі, адпіскі, - // Трэці бухгалтар змяніўся за год”. Асабліва пакутуюць ад абыякавага стаўлення адпаведных дзяржаўных інстанцый нямоглыя адзінокія старыя, якім няма каму нават выклікаць хуткую дапамогу, бо на ўсю вёску адзін тэлефон: “З гускамі век дажывае Харыта, // Ў дом састарэлых не хоча ісці”. З-за неразумнага ўмяшання ў прыроду розных “пераўтваральнікаў”, наступу меліяратараў на рэкі і балоты вяскоўцы задыхаюцца без вады: “Высах калодзеж, хоць жыта насып”. І яшчэ адно жахлівае сведчанне наступстваў безгаспадарлівасці:
Бусел - ці чулі? - палюе на зайца!
Скончыўся жабін канцэрт.
А то дажджы як з вядра. Недарод.
Засуха б'е па прагнозах зачаста,
Мала цяпер хадакоў у народ,
Болей цяпер хадуноў у начальства. [19, 68]
Так разважаюць вяскоўцы, пакутліва шукаючы адказы на набалелыя надзённыя пытанні. Іх спрабуе знайсці і аўтар паэмы, але адназначнага адказу не існуе.
“Пра лірыку Яўгеніі Янішчыц, - як справядліва заўважыла Любоў Гарэлік, - гаварыць цяжка, бо кожны верш і радок настолькі арганічна ўваходзіць у яе, што вылучыць нешта асноўнае, каб не парушыць цэласнасць паэтычнага ўспрымання амаль немагчыма”.
Яе пяшчотнае, трапяткое слова аздобіла не толькі беларускую літаратуру, яно разляцелася па ўсім свеце, далёка за межы нашай Бацькаўшчыны. Былі ўжо вялікія здабыткі, прэміі і ўзнагароды, прыйшла шырокая вядомасць, але…няўмольны лёс зрабіў сваё.
Цалуе мама твой партрэт
І да магілы прыпадае,
Ужо без слёз яна рыдае.
Навошта, Жэня, на той свет
Пайшла такая маладая?..
(В. Жуковіч)
5. Інтымная лірыка Яўгеніі Янішчыц
Інтымная лірыка паэтэсы ўспрымаецца як спакутаваная песня душы, перажытая глыбока і цяжка. Пачуцці гераіні ў каханні найбольш безабаронныя ў сваёй адкрытасці, бо за імі стаіць горкі ўласны вопыт. Крэда Янішчыц - “Адкрытая любоў / Закрытых слоў не любіць…”, адсюль звышшчырасць, даверлівасць у сардэчных выяўленнях, спавядальная манера выказвання. Янішчынская гераіня акунулася ў бездань кахання, у якога няма перспектыў на пабудову ўзаемнасці і якое пераўтвараецца ў бессэнсоўнасць існавання.
Лірыка кахання ў Яўгеніі Янішчыц надзвычай багатая, перадае самыя розныя адценні інтымных пачуццяў і ў гэтым сэнсе, думаецца, не мае сабе роўнай ва ўсёй беларускай літаратуры.
У “Снежных грамніцах” і ў паэтызацыі кахання пераважала ўзнёслая, мажорная танальнасць. Яна хораша падсвечвалася лёгкім дзявочым сумам па любым, уяўленым пакуль не вельмі акрэслена, толькі ў агульных, але абавязкова высакародных рысах, адцянялася марай аб вялікім, на ўсё жыццё пачуцці, якая змянялася паэтызацыяй безагляднай любоўнай страсці, характэрнай для выдатнага верша “Разлука ўпала на траву…”:
Журбу на лісце раскладу
(Хай з ветрам разлятаецца),
Пакуль ідзеш - і я іду,
І шлях мой не канчаецца.
І хай злятае на траву
Разлука пазалотаю.
Пакуль жывеш - і я жыву
Любоўю і пяшчотаю.
Але чым далей, тым больш выразна яўны мажор саступаў месца іншай танальнасці, матывам гаркоты, болю, расчаравання, кахання нераздзеленага ці драматычна абцяжаранага рознымі жыццёвымі перашкодамі.
Тэма кахання разгортваецца ў зборніку “Ясельда” у розных кірунках. То яно паўстае трагічным, то поўніцца спадзяваннем на светлае паразуменне, як у лаканічным васьмірадкоўі “Я дыханнем цябе абаўю…”:
Я дыханнем цябе абаўю,
Зберажы гэты промень і лета,
І жаноцкую рэўнасць маю,
За якой - чысціня на паўсвету.
Я не кінуся шчасця шукаць,
На самоце галубіць патоля.
Буду мудра і светла маўчаць,
Як бярозка між чыстага поля. [13, 111]
Учытаемся ў радкі выдатнага твора ўважліва - і перад намі адкрыецца душа Жанчыны, надзвычай чыстая і светлая нават у сваёй рэўнасці. Самотная, магчыма, ні ў чым не вінаватая, яна не жадае зла таму, хто яе пакінуў, сама сагравае, бароніць яго ад няўдач і нягод, далікатна і пяшчотна абдымае яго дыханнем і просіць толькі аднаго - каб колішні каханы збярог светлыя імгненні, промні былых радасных сустрэч.
У зборніку “На беразе пляча” паявілася паэма аб нераздзеленым каханні “Акно ў дождж” і цэлы шэраг шчымлівых вершаў (“У маладой журбе”, “Прыходзім з нагоды ці з суму”, “Сярод зімы сняжыстай”, “Гэта, мілы мой, лёсу насмешка” і іншыя)
У кнізе “Пара любові і жалю” інтымная лірыка прадстаўлена асабліва шчодра, прычым вершамі, напісанымі найчасцей з вялікім паэтычным майстэрствам. Вось як хораша сказана пра каханне шчымліва-балючае:
Хоць на дзень спыніцца - а не маеш!
Дык чаму ж заехаў да мяне?
Дык навошта ж слоўца мне шукаеш,
Ад якога - токам па спіне?!
“Не прасіла я ў цябе падмогі”
Бадай, яшчэ лепш пра каханне запозненае і таму таксама не зусім звыклае і ў нечым зноў жа балюча-зрушанае:
Баюся я нявыказаных слоў,
Яны - палын, яны дурман і мята.
Прыходзіць позна лепшая любоў,
Як за пакуты горкія адплата.
“ Баюся я нявыказаных слоў…” [15, 151]
Пра пераважны настрой інтымнай лірыкі ў “Каліне зімы” даюць пэўнае ўяўленне наступныя радкі з верша “Ты побач, тут”:
Я аціхаю, быццам не мая
Душа ўва мне, а спрэс адчай і мука.
Ты побач, тут. І ад таго ўдвая
Мне балючэй аклятая разлука.
У гэтай жа кнізе змешчана і невялікая лірычная паэма “Прызнанне вачамі” - пранізлівая споведзь пра каханне да старэйшага ўзростам мужчыны, у дадатак яшчэ і жанатага - яго скоўвае “сямейны звыклы круг, далёка не ганчарны”. Таму і гэтае каханне пры ўсёй яго высокай адухоўленасці і самаахвярнасці з боку жанчыны нясе ў сабе і “пал адчаю”, напружанасці і выкліку ўсталяванаму разуменню прыстойнасці. А такі выклік заўсёды нялёгка даецца чулым натурам.
“Рэха неспатольнае любові” выразна гучыцць і ў лірыцы самых апошніх гадоў, дзе ёсць такія магутныя ўсплёскі інтымнага пачуцця, якое жыве насуперак гвалтоўным спробам задушыць яго:
Перакрыю артэрыю болю
Жгучым жгутам бязбожнай зімы.
Ды не гасне святло за табою
Год каторы ці век на зямлі!
“Развіталіся. Досыць журыцца…”
Інтымная лірака Яўгеніі Янішчыц - выдатная з'ява ў беларускай літаратуры. Каханне і любоў складаюць галоўны эмацыянальна-сэнсавы цэнтр яе паэтычнага свету. Гэта і зразумела: жанчына заўсёды застаецца жанчынай, яна не можа жыць без кахання. Пра сябе паэтка сказала: “Ды ў кожнай смяшынцы і ў слёзцы любой // Перш-наперш я толькі жанчына” (“Сухі і маланкай апалены ствол…”). Маладая гераіня Я. Янішчыц была запалонена мроямі, усёй існасцю свайго жаночага сэрца яна прагнула пяшчоты, цеплыні, святла.
У творах паэткі адбіліся розныя душэўныя станы - ад пачуцця закаханасці, калі “голас…ад шчасця звонкі” (“У безназоўнай цішыні…”) да драмы адзінокага чалавека, якому было “так вусцішна і горасна…” (“Далёка - як! І праз нямую пространь…”). На змену маладой летуценнасці і радасці, прадчуванням трывогі прыйшло дачаснае расстанне і спароджаны ім шчымлівы боль, самота і душэўныя пакуты.
Пісьменніца А. Васілевіч так разважае пра асабістую драму Яўгеніі Янішчыц: “Жанчыне адной цяжка. А калі жанчына яшчэ і зусім маладая… Ёй цяжэй непараўнальна! І адзінае выратаванне ў яе (калі распятая яна лёсам на крыжы Паэзіі) - вершы. Вершы! Яны рэжуць душу па-жывому. Але ж і нясуць ёй лекі”.
Разышліся шляхі-дарогі Яўгеніі Янішчыц і Сяргея Панізніка, таксама паэта, неардынарнага чалавека. Горкі сум, адзіноцтва, непрыхаваны боль і туга прадвызначаюць танальнасць шматлікіх вершаваных строф паэткі.
Творы Яўгеніі Янішчыц пра нешчаслівае каханне - спавядальныя песні-жальбы, лірычныя вершы-драмы. Для паэткі ўласцівы тонкі самааналіз душэўных пачуццяў і перажыванняў, які раскрывае псіхалагічна складаны, драматычны свет жанчыны.
Заключэнне
Паэзія Яўгеніі Янішчыц знешне выглядае даволі традыцыйна. Яна моцная сваёй звыклай для нашых паэтаў меладычна-песеннай асновай, трывалай сувяззю з народным светаадчуваннем, з беларускім фальклорам і ўстойлівымі купалаўска-коласаўскімі і багдановічаўскімі літаратурнымі традыцыямі. Паэтэса ніколі не імкнулася здзівіць знарочыстай мудрагелістасцю і нейкім асаблівым, як правіла, вымучаным штукарствам. Увогуле, фармальнае наватарства само па сабе мала турбавала яе.
На пытанне крытыка Тамары Чабан пра адносіны да фармальных пошукаў яна ўжо на схіле свайго жыцця адказала: “Змест верша фарміруе душа, работы душы, характар творцы, а за ўсім гэтым і як бы сама па сабе ўжо вынікае гатовая форма. Упэўнена, што форма сама па сабе ніколі не рабіла эвалюцыі ў паэзіі.”
Яўгенія Янішчыц у сваіх творах была гранічна шчырай, давала волю пачуццям, якімі жыла яе душа. Таму яе слова, звычайна сатканае, калі гаварыць высокім стылем паэтэсы, “з дабрыні і праўды”, “адкрытае, як рана”, менш за ўсё грашыла на падробку і штучнасць.
На жорсткіх скразняках бесчалавечнай эпохі першымі гінуць летуценнікі з чулай душою і трапяткім сэрцам. Таму загінула і Яўгенія Янішчыц. Але яна пакінула нам сваю цудоўную паэзію, якой суджана доўгае жыццё - пакуль будуць беларусы, пакуль будзе жыць беларускае слова.
Усім нам нам Яўгенія Янішчыц пакінула шчырыя запаветы: “Жывіце і любіце, // Свой беражыце дом”; “…Пачынаецца ўсё з любові, // А інакш і жыць немагчыма”. Яе паэтычная філасофія быцця заснавана на спавяданні выратавальнай моцы любові і чалавечнасці.
Беражліва захоўваюць памяць пра Яўгенію Янішчыц яе землякі.
21 лістапада 1998 года ў Парэцкай базавай школе Пінскага раёна быў адкрыты музей паэткі. Сёння ў ім захоўваецца каля 2 тысяч экспанатаў. Экспазіцыя распавядае пра жыццё і творчасць беларускай паэтэсы.
Сярод экспанатаў - рукапісы твораў і песні на вершы паэткі, крытычныя артыкулы, яе дзённік і рукапісны зборнік вершаў “Першыя россыпы” (1963), асабістыя рэчы: адзенне, абутак, партфель, абрус, гадзіннік і іншыя.
Экспануюцца таксама фотаздымкі, успаміны сяброў і блізкіх, іх лісты, творы ў перакладзе на мовы свету, вершы выпускнікоў школы і сённяшніх вучняў. У музеі зберагаюцца відэафільмы і запісы радыёперадач з голасам паэткі.
Ініцыятарам стварэння музея быў любімы настаўнік Яўгеніі Янішчыц - Фёдар Цудзіла. Кіруе музеем Антаніна Паўлаўна Сідарчук - дырэктар школы, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
Я лічу, што сваёй курсавой працай, я адказала на ўсе пастаўленыя задачы. Я старалася раскрыць паэтычнае майстэства таленавітай беларускай паэтэсы на аснове яе зборнікаў паэзіі, паказала асаблівасці інтымнай лірыкі, вывучыла і сістэматызавала матэрыял па дадзенай тэме.
Літаратура
1. Аўсяннікава, Т. Боль які? Якога болю эра? // Роднае слова. - 2008. - № 11. с. 13-14
2. Бельскі, А.І. Паэзія Яўгеніі Янішчыц у школе. // Роднае слова. - 2004. - № 3, с. 38-46
3. Бугаёў, Дз. Летуценніца на скразняках эпохі. Прадмова да кнігі: Янішчыц, Я. Выбранае. - 2000.
4. Бугаёў, Дз. Служэнне Беларусі. // Мінск, 2003. с. 302-325
5. Бутэвіч, А. Жыццё, знітаванае паэзіяй. // Роднае слова. - 2006. - № 6, с. 104-106
6. Гніламёдаў, У.В., Лаўшук С.С. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Мінск, 2003. Т. - 4. с. 625-646
7. Калядка, С. Шчымлівая песня непрыручанай птушкі. Роднае слова. - 2008. - № 11, с. 10-12
8. Ляшук, В. Я., Снітко, Г.М. Літаратурная Берасцейшчына. //Мінск., 2008 с. 277-282
9. Мішчанчук, М.І. Ластаўка з Палесся. // Роднае слова. - 2008. - № 11, с. 15-17, № 12, с. 22-27
10. Падліпская, З. Каб застацца ў нязменнай любові - табе! // Роднае слова. - 2003. - № 11, с. 7-11
11. Янішчыц, Я. Снежныя грамніцы: Лірыка.//Я.Янішчыц.Мінск., 1970 - с. 113
12. Янішчыц, Я. Дзень вечаровы: Лірыка. // Я. Янішчыц. Мінск., 1974 - с. 78
13. Янішчыц, Я. Ясельда: Лірыка.//Я. Янішчыц. Мінск., 1978 - с. 122
14. Янішчыц, Я. На беразе пляча: Лірыка. // Мінск., 1980 - с. 83
15. Янішчыц, Я. Пара любові і жалю: Кніга лірыкі.// Я.Янішчыц. Мінск., 1983 - с. 218
16. Янішчыц, Я. Выбранае. Мінск., 2000 - с. 329
17. Янішчыц, Я. У шуме жытняга святла. Мінск., 1988 - с. 405
18. Янішчыц, Я. Пачынаецца ўсё з любові. // Мінск., 2008 - с. 327
19. Янішчыц, Я. Каліна зімы: Кніга лірыкі. // Мінск., 1987 - с. 201
Размещено на Allbest.ru
Подобные документы
Пачуццё кахання як універсальная з’ява асабістага жыцця кожнага чалавека. Тэма кахання ў першай кнізе Яўгеніі Янішчыц. Метафізіка кахання жанчыны. Лірычная гераіня ў кнігі "На беразе пляча". Інтымная лірыка паэтэсы як малая энцыклапедыя кахання.
курсовая работа [58,9 K], добавлен 12.01.2016Кароткая характарыстыка і асаблівасці сучаснай беларускай прозы, біяграфія і творчасць яе прадстаўнікоў: Ніл Сымонавіч Гілевіч, Рыгор Іванавіч Барадулін, Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц, Вярцінскі Анатоль Ільіч. Уклад дзеячаў у развіццё беларускай літаратуры.
реферат [16,4 K], добавлен 22.11.2011Жыццёвы шлях беларускага паэта Рыгора Барадуліна. Тэматыка і праблематыка творчасці, мастацкая вобразнасць. Уклад Р. Барадуліна ў развіццё дзіцячай паэзіі. Матывы ў творчасці: элементы паганскай міфалогіі, біблейска-хрысціянскія і фальклорныя матывы.
курсовая работа [83,5 K], добавлен 10.11.2014Характарыстыка паэзіі на сучасным этапе: другая палова 90-х гг. XX ст. - пачатак XXІ ст. Форматворчасць і жанраўтваральныя працэсы. Развіццё пейзажнай і інтымнай лірыкі. Сучасная лірыка кахання. Праблематыка аповесці В. Быкава "Мёртвым не баліць".
контрольная работа [39,1 K], добавлен 01.03.2010Асвятленне творчасці Ясеніна ў сувязі з яго жыццёвымі перажываннямі, лёсам. Матывы любоўнай лірыкі розных гадоў жыцця пісьменніка і стылістычныя асаблівасці паэзіі. Уплыў жанчын, з якімі Ясенін спрабаваў звязаць свой лёс, на яго паэтычны творчасць.
дипломная работа [76,9 K], добавлен 27.04.2012Аналіз жыццёвага і творчага шляху Рыгора Барадуліна - народнага паэта Беларусі. Сацыяльны і лірычны аспект яго творчасці. Выкарыстанне мастацкіх сродкаў у яго паэзіі. Тэматыка, асноўныя вобразы і матывы яго творчасці. Сакрэт яго паэтычнага майстэрства.
реферат [31,9 K], добавлен 18.12.2013Аналіз творчасці Гюго і Дастаеўскага. Раскрыццё жанравых асаблівасцяў твораў Гюго "Апошні дзень асуджанага да смяротнага пакарання" і Дастаеўскага "Запіскі з Мёртвага хаты". Ўплыў творчасці Гюго на Дастаеўскага (на прыкладзе вышэйназваных твораў).
дипломная работа [118,4 K], добавлен 27.04.2012Асаблівасці развіцця і галоўныя тэмы беларускай паэзіі 20-х гадоў, яркія прадстаўнікі дадзенага перыяду і аналіз іх твораў. Значэнне жаночай паэзіі ў дадзеным літаратурным перыядзе, яе лірызм. Характэрныя асаблівасці чаротаўскай авангардысцкай паэтыкі.
реферат [51,0 K], добавлен 25.03.2011Асаблівасці паэзіі пра Чарнобыль, яго характарыстыка як канцэпта сучаснай мастацкай свядомасці. Чарнобыльская тэматыка ў сучаснай прозе. Сімволіка і стылёва-функцыянальная адметнасць твораў на чарнобыльскую тэму. Чарнобыльская міфатворчасць, яе рысы.
курсовая работа [68,4 K], добавлен 10.12.2013Тэматычная напоўненасць лірыкі А. Пісьмянкова - вядомага беларускага паэта, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола. Тэма Радзімы ў лірыцы А. Пісьмянкова. Тэма кахання ў паэзіі Алеся Пісьмянкова. Суадносіны сучаснага і мінулага ў часавай прасторы твораў.
курсовая работа [43,6 K], добавлен 17.02.2016