Архітэктура барока на тэрыторыі Беларусі ў ХVІІ–ХVІІІ стагоддзях
Барока – стыль у еўрапейскім мастацтве XVI – сярэдзіны XVIII ст., гістарыяграфія і крыніцы. Асаблівасці эстэтыкі беларускага барока. Аналіз развіццё каталіцкай, праваслаўнай, уніяцкай культавай архітэктуры XVII і XVIII ст. Палацава-паркавая архітэктура.
Рубрика | Культура и искусство |
Вид | курсовая работа |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 15.12.2016 |
Размер файла | 82,4 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Цікава параўнаць эстэтычныя характарыстыкі гэтых двух уніяцкіх храмаў, якім уласціва канцэптуальнае стылістычнае падабенства. Асаблівая ўвага нададзена архітэктурнай распрацоўцы галоўных фасадаў, як гэта ўвогуле характэрна для мастацкай канцэпцыі барока.
Візуальна галоўныя фасады абодвух храмаў вырашаны як шматпланавыя тэатральныя кулісы, якія закрываюць ад гледача агульную тэктоніку пабудовы. Канструкцыйна структура кожнага з фасадаў адпавядала аб'ёму нартэкса з магутнымі сценамі, дадаткова ўзмоцненымі ў апорных вузлах. У той жа час пластыка фасадаў уражвае сваёй лёгкасцю, амаль нематэрыяльнасцю. Аднак пры ўяўнай адвольнасці групоўкі вертыкальных ордэрных элементаў яны падпарадкаваны строгай цэнтральна-восевай люстэркавай сіметрыі ў беразвецкай царкве калоны і пілястры разам з адпаведнымі гарызантальнымі часткамі ордэра былі разгорнуты пад вуглом 450 да франтальнай плоскасці фасада, што надавала яму глыбінна-прасторавую структуру. Дзякуючы гэтаму прыёму пры сонечным асвятленні ствараецца тонкая нюансіроўка ўласных і падаючых ценяў, якія слізгалі па ўвагнутай паверхні і кантрастна падзялялі кожны вертыкальны элемент на дзве часткі, рабілі яго яшчэ больш вытанчаным [6, с. 176-182].
У абодвух разгледжаных намі помніках яскрава адлюстраваны два важнейшыя прынцыпы стылю барока: аптычная карэкціроўка мастацкага вобраза і дуалістычнасць свядомасці, якая закладзена ў саму ідэю уніяцтва.
Cкульптурная пластычнасць іх архітэктуры спалучаецца з дакладна выверанай канструкцыйнай логікай. У іх стылістыцы бачна не рымскае, не паўночнаітальянскае, не цэнтральнаеўрапейскае ці яшчэ якое іншае барока, а яго адметны нацыянальны варыянт з мясцовымі асаблівасцямі ў архітэктоніцы збудаванняў.
У XVII стагоддзі з цэглы была пабудавана уніяцкая царква Іаана Прадцечы (Стаўбцоўскі раён). Будынак базілікальнага тыпу, амаль квадратны ў плане, з закругленнай апсідай, арыентаванай на ўсход. Сцены звонку і ўнутры расчлянёны пілястрамі. Аконныя праёмы з раструбамі ўнутр. Галоўны фасад сіметрычнай двух'яруснай кампазіцыі. Ярусы падзелены парфіляваным поясам, які з'яўляецца працягам карнізаў бакавых нефаў. Пластычнае ўбранне фасада сканцэнтравана ў верхнім ярусе: плоскія арачныя праёмы з прафіляванымі ліштвамі. Цэнтральная кампазіцыйная вось вылучана какошнікам. Па баках будынак увенчаны цыбулепадобнымі галоўкамі на высокіх цыліндрычных барабанах [14, с. 236].
У XVIII стагоддзі ў Віцебску было 14 драўляных уніяцкіх цэркваў і 2 мураваныя - Васкрасенская Рынкавая і Успенскі сабор базыльянскага манастыра. Мураваная Васкрасенская царква як уніяцкая была арыентвана алтаром на поўнач, а галоўным фасадам, да р. Віцьба, Езуіцкі мост праз якую вёў да Саборнай плошчы. На гэтым месцы раней стаяла драўляная праваслаўная, таксама Васкрасенская царква. Яна была арыентавана алтаром на ўсход. У адрозненне ад папярэдніх уніяцкіх святынь гэта быў аднанефавы аднаапсідны храм, па кампазіцыі падобны на шматлікія фарныя касцёлы гэтага рэгіёну таго часу, толькі яго паўкруглая алтарная апсіда не была выцягнутай. Невысокія рызніцы па баках апсіды надавалі плану збудавання прамавугольную форму, што дазваляла яму шчыльна прылягаць да будынка гандлёвых радоў. Цікава, што план нефа кафалікона не быў дакладна прамавугольны, а трапецападобны, злёгку звужаны ў бок апсіды, каб, відавочна, стварыць ілюзію большай падоўжанасці прасторы інтэр'ера. Галоўныя аптычныя эфекты былі сканцэнтраваны на галоўным фасадзе храма.
Аб'ёмная пласціна фасада-нартэкса выступала за межы нефа, закрываючы яго як тэатральная дэкарацыя. Па выразнаму трохчасткаваму чляненню фасада па вертыкалі можна было памылкова ўявіць, што за ім схавана структура трохнефавай базілікі. Высокі фігурны атыкавы франтон, заціснуты паміж вертыкалямі вежаў, адпавядаў не шырынi нефа, а шырынi алтарнай апсіды, над якай адпаведна яму ўзвышаўся магутны пластычны франтон-“дыядэма”, які плаўнымі цякучымі валютамі закрываў тарэц даху [20].
У гэты ж час у Віцебску ўзводзіўся яшчэ адзін уніяцкі храм - Успенскі сабор. Галоўны фасад, у адпаведнасці з прынцыпамі барока трактаваны як шырма для агульнай кампазіцыі збудавання, меў развітую глыбінна-прасторавую будову, якая адпавядала канструкцыйнай аснове. Пяцінефавая структура базілікі адлюстравана ў пяцічасткавым чляненні фасада па вертыкалі. Сегментны рызаліт цэнтральнай часткі і скругленныя па вуглах чацверыкі вежаў выступалі наперад, а прамежкавыя палі заглыбляліся паміж імі, ствараючы хвалістую паверхню фасада, пластыка якога дадаткова ўзбагачалася аб'ёмнымі карынфскімі калонамі, пастаўленымі ў нішах. Насычаны і разнастайны ордэрны дэкор ствараў маляўнічую гульню святла і ценю. Гарызантальныя цягі антаблементаў адпавядалі канструкцыям перакрыццяў бакавых і цэнтральнага нефаў. Крайнія нефы каля алтара завяршаліся прамавугольнымі сакрысціямі. А на галоўным фасадзе - стройнымі трох'яруснымі вежамі з прыгожымі фігурнымі купаламі-банькамі. Верхнія ярусы вежаў, аналагічна Васкрасенскай царкве, нязначна адрозніваліся па памерах, а на вуглах аздабляліся пастаўленымі па дыяганалі пілястрамі-валютамі. Цэнтральная частка фасада ўвенчвалася фігурным атыкавым франтонам-“дыядэмай”. Адпаведныя франтоны ўпрыгожвалі абодва тарцы трансепта [6, с. 183-185].
Адным з самых па-мастацку дасканалых помнікаў віленскага барока гродзенска-слонімскага рэгіёну з'яўляецца уніяцкая Троіцкая царква ў в. Вольна (Баравіцкі раён). Па сваёй архітэктоніцы і сакральнай сімволіцы храм тыпова уніяцкі - гэта трохнефавая базіліка з трансептам і двухвежавым фасадам. Цэнтральны неф і трансепт роўнавысокія і роўнашырокія, ўтвараюць у верхнім сячэнні правільны грэчаскі крыж, да якога па восі поўдзень-поўнач далучаны фасад-нартэкс і паўкруглая алтарная апсіда з вімай [8, с. 79].
Рэгіянальную адметнасць стылістыцы помніка надаюць ступеньчатыя контрфорсы, якія ўмацоўваюць галоўны і бакавыя фасады будынка. Яны выконваюць пэўную канструкцыйную функцыю, але ў большай ступені зрокава яшчэ больш падкрэсліваюць хвалістую глыбінна-прасторавую структуру галоўнага фасада і ствараюць на ім дадатковыя святлоценявыя эфекты. Выключна цікава, што гэты прыём і форма конрфорсаў непасрэдна запазычаны з шырока вядомага помніка беларускай готыкі - Троіцкага касцёла, старэйшага за вольнаўскую царкву на 300 гадоў. Дзякуючы гэтаму вольнаўская царква з'яўляецца найбольш яркім прыкладам самастойнасці і нацыянальнай адметнасці віленскага барока [4, с. 364].
Барока канца XVI - першай паловы XVII стагоддзяў (“сармацкае” барока) у архітэктуры Беларусі, нягледзячы на архаічнасць, спрошчанасць яго мастацкіх сродкаў, нельга атаясамліваць з “нізавым барока”, якое можна назіраць у выўленчым мастацтве. Ад класічнага “італьянізаванага” барока “сармацкае” адрозніваецца не толькі і не столькі секулярызацыяй стылістыкі, колькі светапоглядам заказчыка, арыентаванага на нацыянальная духоўныя каштоўнасці.
Выдатныя ўзоры сакральнага уніяцкага дойлідства XVIII стагоддзя адлюстроўваюць шырокі спектр мастацкіх сродкаў позняга беларускага барока, яго нацыянальны характар і разам з тым унікальную агульнаеўрапейскую культуратворчую місію, якую ажыццяўляла уніяцкая царква ў сацыянальным жыцці Вялікага княства Літоўскага.
У гэты перыяд стыль вызначаецца пластычнасцю аб'ёмаў, маляўнічасцю сілуэтаў, стромкімі шмат'яруснымі ажурнымі вежамі, фігурнымі франтонамі, багаццем архітэктурнага дэкору.
3. Палацава-паркавая архітэктура
Своеасаблівай з'явай у беларускім дойлідстве XVIII стагоддзя было будаўніцтва сядзіб і палацаў. Большасць сядзіб па-ранейшаму зводзілася з дрэва ў традыцыях народнай архітэктуры. Разам з тым у некаторых манументальных жылых і гаспадарчых будынках даволі выразна праявіліся рысы барока. Адбыліся змены і ў планіроўцы, структуры. Пашырылася анфіладнае размяшчэнне памяшканняў, вылучаліся парадныя пакоі і залы, ускладняўся сілуэт пабудоў за кошт высокіх ламаных або ярусных дахаў (жылы будынак маёнтка ў в. Вялікія Сяхновічы Жабінкаўскага раёна, сядзібны дом у в. Мурачоўшчына Івацэвіцкага раёна, абодва ў Брэсцкай вобласці).
Сярод буйных палацавых комплексаў вылучаюцца палацы Агінскіх у Слоніме (1768 г.), Чартарыйскіх у Воўчыне (Камянецкі раён, 1732 г.), Радзівілаў у Дзятлаве (1751 г.), Тызенгаўзаў у Гродне (1760-я гг), Храптовічаў у Шчорсах (1770-1776 гг). У іх мастацкім вырашэнні можна заўважыць матывы позняга барока. Над узвядзннем гэтых пабудоў працавалі як невядомыя зараз архітэктары, так і дойліды з еўрапейскімі імёнамі. Так, найбольш значны палацавы комплекс XVIII стагоддзя - Каралеўская рэзідэнцыя ў Гродне, ці Новы замак (1737-1744 гг.), быў узведзены М.Д. Пёпельманам, аўтарам славутага палаца Цвінгер у Дрэздэне; палацы ў Гануце (Вілейскі раён, 1765 г.) і Леанполі (Міёрскі раён, 1750 г.) створаны па праэктах італьянскага архітэктара А. Гену, а галоўным архітэктарам Вялікага княства Літоўскага быў італьянец па паходжанні Дж. Сака. Значная роля ў палацавым дойлідстве Беларусі XVIII стагоддзя належыць Іагану Крыстафу Глаўбіцу. Гэты майстар акрамя культавых пабудоў працаваў над прыватнымі заказамі. Па яго праектах былі ўзведзены палац К. Канінскага ў Магілёве (1762-1785 гг.), палац мітрапаліта Ф. Грабніцкага ў Струнне каля Полацка (1748-1749 гг.) [11, с. 80].
Сядзіба Панямунь [мал. 14] на ўсходняй ускраіне Гродна, на правым беразе Нёмана. Пабудавана ў 1771 годзе паводле праекта архітэктара Ю. Аляхновіча, перабудавана ў XIX стагоддзі. Была загараднай рэзідэнцыяй караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Палацава-паркавы ансамбль абмежаваны з паўднёвага боку ракой, з усходняга і паўночнага - глыбокім ровам. Палац і адкрыты перад ім партэр размешчаны ў глыбіні пейзажнага парку, над стромкім берагам, умацаваным падпорнымі сценкамі тэрас. Парк разбіты перад палацам і па схілах рова. Гаспадарчыя і службовыя пабудовы былі вынесены за межы параднай часткі і пастаўлены з заходняга боку палаца ў адзін рад. Палац аднапавярховы. Спачатку мураваны, пазней частка разбураных сцен заменена драўлянымі. У цэнтры галоўнага фасада - чатырохкалонная навісь. Дваровы фасад упрыгожаны чатырохкалонным порцікам на высокім цокалі. Перапад у рэльефе забяспечыў двароваму фасаду адкрыццё цокальнага паверха. Планіроўка дома анфіладная з выхадам у цэнтральную вялікую парадную залу [11, с. 80].
Гродзенскі палац Тызенгаўза. Надворны падскарбі літоўскі Антоній Тызенгаўз збудаваў для сябе ў Гродне цудоўны палац, які размяшчаўся на плошчы Гарадніцы і выходзіў на яе вялізным трапецападобным курданёрам. З супрацьлеглага боку палаца прасціраўся парк. Прыдворны архітэктар Тызенгаўза італьянец з Вероны Джузепе Сака, запрошаны ім ў якасці кіруючага архітэктара Камісіі фінансаў Вялікіга княства Літоўскага, стаў праекціроўшчыкам названага познебарочнага палаца. Пры будаўніцтве на Гарадніцы ў 1760 - 1770-х гг. з ім супрацоўнічалі архітэктар Юзаф Мёзер, мастакі і дэкаратары Пётр Гежыдовіч, Караль Хібл, Антон Грушэцкі і Луіс Фолвін. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай тут жыў губернатар. Будынак захоўваўся да 1915 г., пасля быў спалены немцамі і ўжо не адбудоўваўся.
Палац уяўляў сабой аднапавярховы з бакавымі выцягнутымі крыламі-флігелямі будынак. Аб'ёмы палаца звязваліся ў суцэльную трапецападобную ў плане кампазіцыю. Ад уезда курданёр замыкаўся агароджай са сціплай брамай. Сярэдняя двухпавярховая частка галоўнага корпуса вырашалася паўкруглым купальным эркерам. У ніжнім паверсе ён меў галоўны уваход, а зверху высокія, узятыя ў рамы пілястраў вокны-дзверы, якія выходзілі на невялікі балкон з канавай балюстраднай агароджай. Вокны арачнай формы складалі асноўную рытміку фасада. Дэкор абмяжоўваўся руставанымі лапаткамі і падаконнымі нішамі. Аздабленне будынка мела некаторыя элементы стылю ракако - здвоеныя руставаныя лапаткі, гірлянды, картушы, абрамленні прамавугольных і арачных праёмаў. З тыльнага фасада галоўнага корпуса выступала каланада з верхняй тэрасай. Больш сціпла выглядалі бакавыя крылы, накрытыя высокімі трохскатнымі дахамі з невялікімі мансардамі па цэнтру. Правае крыло з тылу боку акцэнтаваў невялікі чатырохкалонны порцік. Знойдзена эфектнае каларыстычнае вырашэнне будынка ў маляўнічым спалучэнні зялёнага колера сцен, белых дэталяў дэкору і чырвонага чарапічнага даху.
Галоўны корпус меў двухрадную анфіладную планіроўку, крылы - калідорную. У цэнтры змяшчаўся невялікі авальны вестыбюль з аднамаршавай лесвіцай у глыбіні. Анфілада разнастайных апартаментаў па абодва бакі вестыбюля прызначалася ў асноўным пад жыллё і службовыя мэты. З боку парка ў сярэдняй частцы палаца знаходзіліся два салоны і сталовыя са скошанымі вугламі, а далей вялікая бальная ці канцэртна-тэатральная зала на ўсю шырыню будынка. Другі паверх займала толькі адзіная працяглая зала. У палацы размяшчалася калекцыя твораў мастацтва (галерэя партрэтаў і гравюр) [20, с. 192-193].
Каралеўскі палац, ці Новы замак, у Гродне быў узведзены па загаду караля Рэчы Паспалітай Аўгуста III на высокім беразе Нёмана насупраць Старога замка. У яго стварэнні акрамя М.Д. Пёпельмана прымалі ўдзел вядомыя ў той час дойліды І.Х. Яўх, І.Ф. Кнобель, а рэканструкцыю комплексу ў 1789 г. ажыццявіў Дж. Сака. Гэта было адказнае будаўніцтва, паколькі Гродна, акрамя Варшавы, фактычна з'яўлялася другой сталіцай Рэчы Паспалітай. Палац прызначаўся для правядзення пасяджэнняў Генеральнага сейма, але акрамя гэтага пазней ён выкарыстоўваўся і як рэзідэнцыя Станіслава Аўгуста Панятоўскага (Аўгуста IV). Комплекс неаднаразова перабудоўваўся, мяняючы свой знешні выгляд і вырашэнне інтэр'ераў. Значна пашкоджаны ў 1944 г., ён быў адноўлены ў 1952 г. (архітэктар У. Вараксін) і прыстасаваны пад адміністрацыйны будынак. Зараз у ім размяшчаюцца калекцыі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.
Кампазіцыйна комплекс складаецца з галоўнага двухпавярховага П-падобнага корпуса, пастаўленага на высокі цокаль, а яго выцягнутыя бакавыя крылы ўтвараюць парадны ўнутраны двор-курданёр. Завяршаюць ансамбль палаца капліца, дададзеная да паркавага фасада, і сіметрычна размешчаныя па баках гаспадарчыя флігелі, а таксама ўязная брама ў выглядзе двух манументальных пілонаў са скульптурным завяршэннем. У вырашэнні фасадаў будынка шырока выкарыстоўваліся лапаткі, якія ў асобных месцах былі падвойнымі, а таксама неглыбокія прамавугольных абрысаў нішы, картушы паміж вокнамі першага і другога паверхаў.
Унутраная планіроўка памяшканняў палаца была змешаная - анфіладная і калідорная, што звязана з іх парадна-прадстаўнічым і жылым прызначэннем.
У дэкарыроўцы залаў (Сенатарскай, Пасольскай, Круглай), пакояў ужываліся стукавая залачоная ляпніна, жывапіcныя плафоны са шматлікімі алегарычнымі выявамі, разная драўляная аздоба. Шыкоўны выгляд інтэр'ерам надавалі паркетныя падлогі з мудрагелістымі ўзорамі, шматлікія люстэркі, маляўнічыя кафляныя печы і каміны [20, с. 227-230].
Тыповым прыкладам палацавага дойлідства XVIII стагоддзя, у якім знайшлі ўвасабленне барочныя рысы, з'яўляецца палац Храптовічаў ў Шчорсах (Навагрускі раён Гродзенскай вобласці). Магнацкая рэзідэнцыя ў Шчорсах размешчана на пойменных тэрасах левага берага Нёмана. Найбольш ранняе ўпамінанне аб маёнтку звязана з заснаваннем тут каля 1265 года князем Войшлакам Лаўрышаўскага манастыра. У Літоўскай Метрыцы Шчорсы ўпамінаюцца пад 1471 годам, калі належалі роду Храптовічаў, а таксама ў інвентары сярэдзіны XV стагоддзя, якім карысталіся яшчэ ў XVIII стагоддзі для вырашэння зямельных спрэчак у Навагрудскім судзе.
У час першай сусветнай вайны палацава-паркавы ансамбль у Шчорсах панёс вялікія страты з-за праходзячай праз гэтыя мясціны лініі фронта. Асабліва пацярпеў палац. У час грамадзянскай вайны пры савецкай уладзе ўся маёмасць Храптовічаў была нацыяналізавана, каштоўная калекцыя старажытнасцей і твораў мастацтва вывезена ў Маскву, а архіў - у Пецярбург.
Галоўны корпус палаца ўяўляў сабой прамавугольнае ў плане аднапавярховае збудаванне, узнятае на невысокі падмурак. На трох цэнтральных восях стаяў двухпавярховы папярочны корпус, накрыты авальным усечаным зверху купалам і з галоўнага фасада расчлянёны пілястрамі карыфскага ордэна з трохвугольным франтонам у завершы. У парк аб'ём выступаў моцным паўкруглым рызалітам. Па перыметры купальнай часткі ішлі авальныя люкарны. З боку ўезда гэта частка будынка была выканана ў выглядзе несапраўднага рызаліта з дзвярамі галоўнага ўвахода, высокімі арачнымі вокнамі на першым і прамавугольнымі на другім паверхах.
З галоўным корпусам межавалі два перпендыкулярна размешчаныя аднапавярховыя флігелі, накрытыя высокімі чатырохсхільнымі дахамі з чарапічным пакрыццём і барочнымі мансарднымі вокнамі. Сцены будынкаў пакрыты рустам, прамавугольныя вокны дэкарыраваны паўкалонамі, трохвугольнымі сандрыкамі.
Ансамбль палаца ўключаў і фантан. У час археалагічных раскопак былі выяўлены рэшткі керамічнага водаправода XVIII стагоддзя. Уязная алея падводзіла да брамы, аформленай у барочным стылі. Яна складалася з моцных варот чыгуначнага ліцця, падвешаных на мураваных пілонах, злучаных фігурным гербавым шчытом. Шырокія слупы прамавугольнага сячэння мелі па краях руставаныя лапаткі, у верхняй частцы завяршаліся карнізам з пастаўленымі на ім літымі скульптурнымі групамі ў выглядзе антычных кампазіцый, са сцягоў і ваенных атрыбутаў.
Парк плошчай каля 40 га закладзены адначасова з палацам. Шырокая ўязная алея ў чатыры рады ліп вяла да асноўнага паркавага масіва, які цягнуўся к захаду і паўночнаму захаду ад палаца і меў пейзажную арганізацыю вакол велізарнага партэра.
На прыкладзе палаца ў Шчорсах можна прасачыць важныя змены ў палацавым дойлідстве другой паловы XVIII стагоддзя - паступовы адыход ад барочнай стылістыкі і ўзмацненне ў ім рыс класіцызму. Гэта тэндэнцыя значна ўзрастае ў канцы XVIII стагоддзя, што адлюстравалася ў шэрагу комплексаў, узведзеных у дадзены перыяд [20, с. 227-230].
Рысы барока і класіцызму спалучае яшчэ адзін значны палацавы комплекс XVIII стагоддзя - рэзідэнцыя Сапегаў у Ружанах (Пружанскі раён Брэсцкай вобласці). Гісторыя яго будаўніцтва адносіцца да пачатку XVII стагоддзя, калі канцлерам Вялікага княства Літоўскага Л. Сапегам быў пабудаваны двухпавярховы мураваны палац з трыма вежамі. У канцы XVII стагоддзя і ў Паўночную вайну ён быў амаль разбураны і адноўлены ў першай палове XVIII стагоддзя. У 1784-1786 гг. камплекс перабудавалі па праекту Я.С. Бекера. Значныя пашкоджанні палацавыя будынкі пацярпелі ў Першую сусветную вайну, але асноўныя разбурэнні яны атрымалі ў 1944 г. Ад колішняга выдатнага архітэктурнага ансамбля часткова захаваліся толькі галоўны і адзін з бакавых карпусоў, дзве аркады і манументальная ўязная брама.
Кампазіцыя Ружанскага палацавага комплексу складалася з асноўнага і двух сіметрычна размешчаных карпусоў (заходні зараз страчаны), якія злучаліся паўкруглымі аркадамі. Утвораны парадны двор замыкалі два флігелі і манументальная ўязная брама, узведзеныя на галоўнай восі палаца. Ва ўсходнім корпусе знаходзіліся памяшканні тэатра і манежа. Як бачна, у палацавым ансамблі захоўвалася традыцыйная барочная прасторава-кампазіцыйная планіроўка такіх комплексаў, вядомая яшчэ па больш ранніх будынках: з сіметрычна пастаўленымі карпусамі, флігелямі, напаўадкрытым дваром-курданёрам, аркай-брамай. Разам з тым у Ружанскім палацы знайшлі шырокае выкарыстанне формы і прыёмы, характэрныя для стылю класіцызму, - зварот да матываў портыка і франтона, пілястры і калоны кампазітнага ордэра [18, с. 23-26].
Палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы сфарміраваны ў XVI-XIX стагоддзях, з'яўляўся рэзідэнцыяй князёў Радзівілаў. Складаецца з палацава-замкавага ансамбля і вялікага парку, падзеленага штучнымі азёрамі на р. Уша [мал. 18].
Палацава-замкавы ансамбль.У 1583 г. М.К. Радзівіл Сіротка заклаў у Нясвіжы мураваны замак. Да 1599 г. у будаўніцтве прыймаў удзел італьянскі архітэктар Я.М. Бернардоні. Будынак меў у плане форму чатырохвугольніка памерам 170Ч120 м, быў абкружаны высокім (да 20 м) абкладзеным камянямі земляным валам з бастыёнамі па вуглах, ровам, які запаўняўся вадой (унутранае кальцо), шырокай дарогай з невысокім земляным насыпам (гласісам) з вонкавага боку і штучнымі вадаёмамі на р. Уша (вонкавае кальцо). Унутры вала былі мураваныя стайні і 4 патаемныя ўваходы. Уверсе вал пераходзіў у бруствер з дадатковымі ўмацаваннямі. У XVII стагоддзі пабудаваны 4 абарончыя вежы (вядомы па інвентарах). Падыход да замка з захаду быў умацаваны трохвугольным шанцам, да якога вялі 2 пад'язныя дарогі. Уздоўж галоўнай восі знаходзіліся мураваная брама з разборным мостам і трохпавярховы палац з васьміграннымі вугольнымі вежачкамі. Злева ад брамы стаяў двухпавярховы гаспадарчы корпус, справа - трохпавярховая казарма з вялікай дазорнай вежай. У 1706 г. замак спалены шведамі. Адноўлены і перабудаваны пасля 1726 г. архітэктарам К. Ждановічам (у 1740 г. пабудаваў таксама новую палацавую кампазіцыю). У XVIII стагоддзі ў будаўніцтве палаца ўдзельнічалі архітэктары М. Педэці (у 1748-1752 гг.), М. Фларыянавіч (1775-1778 гг.), К. Спампані (1778-1779 гг), А. Лоцы (1783 г., праект галерэі). Мураваныя бастыёны заменены землянымі ўмацаваннямі. Пры перабудове галоўнага палацавага корпуса надбудаваны чацвёрты паверх цэнтральнага рэзаліта, які завершаны трохвугольным франтонам з рэльефным стукавым дэкорам. Бакавыя карпусы перабудаваны і злучаны з галоўным трохпавярховымі жылымі будынкамі, а з уязной брамай (завершана вежа ў другой палове XVIII стагоддзя) - галерэямі. У выніку палац набыў замкнёную па перыметры, блізкую да пяцівугольніка форму. У 1809 г. палацава-замкавы ансамбль рэстаўрыраваны архітэктарам М. Цэйзікам [23, с. 240].
Уваход на тэрыторыю палацава-замкавага ансамбля аформлены двух'яруснай уязной брамай. У цэнтры яе арачны ўваход, які праз перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі тунель вядзе ва ўнутраны двор. Другі ярус брамы - глухая атыкавая сценка, завершаная трохвугольным франтонам, фланкіравана спаранымі пілястрамі і вуглавымі адкосамі. З боку ўнутранага двара, над уваходам у тунель узвышаецца двух'ярусная вежа, накрытая шлемападобным купалам з невысокай галоўкай. Ад вежы ў абодва бакі па перыметры двара адыходзяць крылы галерэі, што злучаюць уязную браму з бакавымі карпусамі палаца. Сцены галерэі крапаваны пілястрамі, члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Цэнтрам кампазіцыі з'яўляецца трохпавярховы, прамавугольны ў плане галоўны корпус, размешчаны па адной восі з уязной брамай, на процілеглым ад яе баку двара. У цэнтры галоўнага фасада, што арыентаваны ва ўнутраны двор, чатырохпавярховы рызаліт, завершаны трохвугольным франтонам. Фасад раскрапаваны плоскімі пілястрамі і багата дэкарыраваны ляпным рэльефам. Галоўны ўваход зроблены ў выглядзе вынаснога тамбура на шырыню рызаліта. Над тамбурам - тэраса з металічнай агароджай (выхад на яе з другога паверха). Аконныя праёмы квадратныя, прамавугольныя, арачныя. Унутраная планіроўка мяшаная анфіладна-калідорная. У 12 залах палаца (галоўныя - Мармуровая, Каралеўская, Гетманская) зберагліся багатыя калекцыі твораў мастацтва, зброі, фамільныя партрэты, бібліятэка, архіў. Калекцыя партрэтаў нясвіжскай галерэі налічвала каля тысячы палоцен. Сярод іх партрэты Івана Грознага, Вітаўта, Ягайлы. Багатай была палацавая бібліятэка (20 тысяч тамоў), размешчаная ў зале з бюстамі старажытных філосафаў. Бюсты гэтыя былі выкананы з фаянса на радзівілаўскай мануфактуры ў Свержане. У бібліятэцы захоўваліся рэдкія рукапісы і старадрукаваныя выданні, а ў архіве -- мноства гістарычных актаў (“Материалы Несвижской ордонации”, “Инвентари”, “Актовая книга Несвижского магистрата и магдебургии за 1666 - 1667 годы.”), грамат, пісем, у тым ліку пісьма Пятра I, Людовіка XV, Людовіка XVI, Карла XII, Багдана Хмяльніцкага. У адным з гэтых залаў быў цэлы арсенал рыцарскіх даспехаў. У Гетманскім зале находзілася вялікая калекцыя слуцкіх паясоў. Аздоба інтэр'ераў захавалася часткова [25] .
Два бакавыя карпусы прамавугольныя ў плане, размешчаны пад вуглом да галоўнага, з якім злучаны трохпавярховымі вуглавымі ўстаўкамі. Накрыты двухсхільнымі дахамі. Сцены левага корпуса рытмічна члянёны спаранымі лапаткамі на вышыню ўсіх трох паверхаў, паміж лапаткамі - прамавугольныя аконныя праёмы, на трэцім паверсе - яшчэ і люнеты. У тарцовай частцы правага корпуса ўзвышаецца двух'ярусная шасцігранная вежа пад шлемападобным дахам, завершаная ратондай.
Палацава-замкавы ансамбль - помнік архітэктуры з элементамі розных стылявых кірункаў.
Парк. Складаецца з 5 аўтаномных ландшафтных участкаў, кожны з якіх мае завершаную кампазіцыю: Замкавы, Стары, Японскі і Новы з іпадромам. Над стварэннем Старага і Новага паркаў працаваў беларускі садавод А. Пастарэмчык.
Замкавы парк (парк Антонія). Уключае палацава-замкавы ансамбль з участкамі парку. Паўразбураныя абарончыя валы з бастыёнамі арганічна ўвайшлі ў паркавы ансамбль, надаючы яму рамантычны характар. Тут знаходзяцца стары калодзеж з дэталямі мастацкай коўкі і скульптура “ Амур з чашай”. Азеляненне замкавага ўчастка парку мае сіметрычную кампазіцыю, створаную 2 узаемна перпердыкулярнымі алеямі, паміж якімі размяшчаюцца кусты і кветнікі. Паміж абарончым валам і тыльным фасадам палаца знаходзіцца інтымны дворык. Другі дворык знаходзіцца паміж валам і былым будынкам казармаў. Прагулачны маршрут праходзіць па абарончаму валу паміж бастыёнамі.
Парк - пейзажна-рэгулярнага тыпу, помнік садова-паркавага мастацтва [14, с. 103-106].
Неад'емнай часткай практычна ўсіх палацавых ансамбляў быў парк. На працягу XVII-XVIII стагоддзяў адбыўся пераход ад рэгулярна спланаваных комплексаў да пейзажных кампазіцый, куды ўваходзілі штучныя сажалкі, альтанкі, невялікія павільёны, сістэмы алей, сцяжынак. Асаблівай папулярнасцю карысталася тапіярнае мастацтва - мудрагелістае афармленне паркавых пасадак. Расліннасці надавалі выгляд геаметрычных аб'ёмаў: шароў, кубаў, пірамід.
Асобнае месца ў парку адводзілася аранжарэі. Гэты будынак мог прымыкаць да палаца, з'яўляючыся яго часткай, або быць самастойным. У найбольш значных комплексах узводзіліся двухпавярховыя аранжарэі, у якіх зашклёнай рабілася не толькі паўднёвая сцяна, але і дах. Тут высаджваліся паўднёвыя і экзатычныя расліны, змяшчаліся на зімоўку тыя, што ў кадках у летнія месяцы расстаўляліся ў парку.
Паркавыя кампазіцыі часта мелі складаную пабудову. Амаль на ўсім працягу XVIII стагоддзя захоўваецца спалучэнне рэгулярнай планіроўкі, размешчанай непасрэдна каля палацавых будынкаў, і пейзажнай, што вызначалі астатнюю частку парка. Асаблівая ўвага надавалася фарміраванню партрэта - адкрытага участка парка, які пакрываўся арнаментам з дзёрну, аблямоўваючымі нізкарослымі раслінамі, кветкамі на фоне пяску, жвіру, тоўчанай цэглы. Звычайна партрэту надавалася форма квадрата, прамавугольніка або іншай складанай па абрысах фігуры з адмысловымі завяршэннямі па вуглах. Менавіта такія кампазіцыі мелі назву “бродэры” і адрозніваліся асабліва багатым спалучэннем кветак, травы, стрыжанай зеляніны, рознакаляровых сцяжынак, нагадваючы шыкоўны дыван. У асобных парках рэгулярнага тыпу вылучаліся так званыя кампартыменты - кампазіцыі з чатырох аднолькавых кветкавых дываноў, размешчаных сіметрычна вакол басейна.
Заключэнне
Асноўны стыль беларускай мастацкай культуры XVII-XVIII стагоддзяў - барока - расчыніўся ў двух разнавіднасцях: усходнеславянскай (сфармавалася на аснове сінтэзу мясцовай культуры і заходнееўрапейскіх уплываў) і заходнееўрапейскай, носьбітамі якой у Беларусі былі каталіцкія і уніяцкія ордэны. Абодва кірункі самабытна выявіліся ў архітэктуры.
Абвастрэнне рэлігійна-палітычнай барацьбы ў першай палове XVII стагоддзя, суперніцтва паміж уніятамі, католікамі і праваслаўнымі вяло ў сферы культавага будаўніцтва да выкарыстання найбольш выразных архітэктурных сродкаў барока і сінтэзу іх з мясцовымі будаўнічымі прыёмамі. Як вынік на працягу XVII-XVIII стагоддзяў сфармавалася своеасаблівая архітэктурна-мастацкая сістэма беларускага барока, асноўнай базай для развіцця якога з'явілася культавая архітэктура.
У перыяд ранняга барока (першая палова XVII стагоддзя) архітэктура фасадаў культавых буданкаў мела невялікі набор дэкаратыўных элементаў. У другой палове XVII - 80-я гг. XVII стагоддзя адзначаецца дзяленне фасадаў, уводзіны ляпніны, архітэктурныя дэталі становяцца лёгкімі.
Архітэктурна-мастацкая сістэма познага барока ў манументальным дойлідстве Вялікага княства Літоўскага (асноўную частку якога складалі беларускія землі) атрымала ў мастацтвазнаўстве назву “віленскае барока”. Яго рысы найбольш ярка выразіліся ў культавых будынках уніятаў. Напрыклад, Сафійскі сабор у Полацку (1738 - 1760 гг., пабудаваны на падмурку разбуранага ў пачатку XVIII стагоддзя праваслаўнага храма), Васкрасенская царква ў Віцебску (1772 г.) і іншыя.
Праваслаўныя храмы XVII-XVIII стагоддзяў вельмі разнастайныя па сваёй архітэктуры, пры гэтым як каменным, так і драўляным іх узорам уласцівы агульныя планавыя і кампазіцыйныя рашэнні.
Крыжова-купальныя каменныя цэрквы былі асноўным тыпам манументальных праваслаўных храмаў Беларусі XVII-XVIII стагоддзяў. Нараўне з імі будаваліся і цэрквы бязкупальныя, уяўляючыя сабой базіліку. Найбольш ранняй з гэтага тыпу пабудоў з'яўляецца Петрапаўлаўская царква ў Мінску, пабудаваная ў 1612 г.
Асноўным будаўнічым матэрыялам у забудове гарадоў і мястэчкаў Беларусі да канца XIX стагоддзя было дрэва. На развіццё манументальнага культавага драўлянага дойлідства, пачынаючы з XVII стагоддзяў аказвалі значны ўплыў мастацкія стылі, панаваўшыя ў каменнай архітэктуры. У драўляным культавым дойлідстве вызначаліся дзве асноўныя тэндэнцыі развіцця: кансерватыўная, звязаная з устойлівым захаваннем мясцовых традыцый, і наватарская, адбіваўшая працэс укаранення эстэтычных канцэпцый афіцыйных стыляў. Працэс развіцця формаў у драўляным дойлідстве быў больш складаным, чым у каменным, таму што прадугледжваў не толькі абнаўленне, але і зварот да спадчыны. З гэтым звязана таксама асінхроннасць развіцця каменнай і драўлянай архітэктуры, запазненне ў апошняй тых тэндэнцый, якія вызначалі афіцыйнае культавае мастацтва свайго часу.
Замкавае (прыгоннае) дойлідства Беларусі прайшло складаны шлях развіцця. На беларускай зямлі паняцце “замак” не заўсёды мела аднолькавае значэнне. У гарадах замкам часта называлі ўмацаванае месца, былое ў старажытнасці крэпасцю і якое служыла для абароны жыхароў ад непрыяцеля. Замкамі таксама называлі ўсе выгляды ўмацаванняў або рэзідэнцый шляхетных людзей. Для Беларусі найбольш дакладным з'яўляецца паданне аб замках як аб уладальніцкіх умацаваннях феадалаў XVI - XVII стагоддзяў. Часцяком гэта былі палацава-замкавыя ансамблі.
Спалучэнне магутнай сістэмы абарончых умацаванняў з палацам, становіцца тыповым у замкавай архітэктуры Беларусі XVI-XVII стагоддзяў.
Палацава-замкавыя ансамблі XVI-XVII стагоддзяў уяўляюць вялікую разнастайнасць архітэктурна-планаваных і аб'ёмных кампазіцый.
У XVIII стагоддзі ў Беларусі фарміруецца новы тып палацавага будынка ў выглядзе дчыненай кампазіцыі, звязанай з навакольнай прыродай. Звычайна палац размяшчаўся паміж парадным дваром і вялікім садам-паркам. Ад уязных варот галоўную вось архітэктурнай кампазіцыі ўсяго палацавага комплексу працягвала абсаджаная дрэвамі дарога, а з боку парка - шырокая алея. Пры стварэнні пышных магнацкіх рэзідэнцый дойліды таго часу выкарысталі кампазіцыйна-мастацкія сродкі архітэктуры позняга барока аобо ракако. У другой палове XVII стагоддзя ў палацавым будаўніцтве на змену барока прыходзіць класіцызм, які канчаткова зацвердзіўся ў канцы стагоддзя.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Арлоў, Ул. Таямніцы Полацкай гісторыі [Тэкст] - Мн.: Полымя, 2000. - С. 210.
2. Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік [Тэкст] - Мн.: БелЭн, 1993. - С. 250.
3. Bielaruskija letapisy i kroniki Віцебскі летапіс //[Электронны рэсурс]
4. Гарбусь, Т.В. Асаблівасці архітэктуры уніяцкіх храмаў слонімскага рэгіёну ў кантэксце віленскага барока [Тэкст] // Наш радавод. Кн.7. - Гродна, 1996. - С. 364.
5. Гарбусь, Т.В. Барока [Тэкст] // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. У 2т. Т.1. Абаленскі - Кадэнцыя/ Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. З.Э.Герасімовіч. - Мн.: БелЭн, 2005. - С. 288-289.
6. Гарбусь, Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока [Тэкст, ілюстрацыі] / Т.В. Гарбусь. - Мн.: Ураджай, 2001. - С. 94-97; 108-115; 137; 176-182; 192; 183-185 ; 280-286.
7. Дембовецкий, А.С. Опыт описания Могилёвской губернии [Текст] - Кн.1-2. Кн.1. Могилёв-на-Днепре, 1984. - 360 с.
8. Зборнік помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Брэсцкая вобласць [Тэкст, ілюстрацыі] /АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш,- Мн.: БелСэ, - Мн., 1984. - С. 79; 156.
9. Зборнік помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Віцебская вобласць [Тэкст] /АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш,- Мн.: БелСэ, - Мн., 1985. - 383 с.
10. Зборнік помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобласць [Тэкст] /АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш,- Мн.: БелСэ, - Мн., 1985. - С. 141; 214.
11. Зборнік помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гродненская вобласць [Тэкст, ілюстрацыі] /АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш,- Мн.: БелСэ, - Мн., 1986. - С. 80; 189.
12. Зборнік помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Магілёўская вобласць [Тэкст] /АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш,- Мн.: БелСэ, - Мн., 1986. - 385 с.
13. Зборнік помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Мінская вобласць [Тэкст, ілюстрацыі] - У 2-х кн. Кн. 1. / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш,- Мн.: БелСэ, 1987. - С. 113-114; 129-130; 148-149, 167; 232.
14. Зборнік помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Мінская вобласць [Тэкст, ілюстрацыі] - У 2-х кн. Кн. 2./АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш,- Мн., 1987. - С. 38-39; 52-53; 103-106; 168-169; 236.
15. Квитницкая, Е.Д. Монастыри Бреста XVII - XVIII вв. [Текст] //Архитектурное наследство. - М.,1979. - №27. - С. 14.
16. Лазука, Б.А. Гісторыя беларускага мастацтва. У 2т. Т.1. Першабытны лад - XVII стагоддзе [Тэкст] / Б.А. Лазука. - Мн.: Беларусь, 2007. - С. 273, 277.
17. Лазука, Б.А. Гісторыя беларускага мастацтва [Тэкст] - У 2т. Т.2. XVIII - пачатак XXI стагоддзя/ Б.А. Лазука. - Мн.: Беларусь, 2007. - С. 341-346.
18. Лазука, Б.А. Гісторыя мастацтваў [Тэкст, ілюстрацыі] / Б.А. Лазука, - 2-ое выд., дапрац. - Мн.: Беларусь, 2003. - С. 23-26; 32; 280-281.
19. Рэспублика Беларусь: энцыклопедия: в 6т. [Текст] - Т.2 / Редкол.: Г.П.Пашков и др. - Мн.: БелЭн, 2006. - 912 с.
20. Страчаная спадчына [Тэкст] / уклад Т.В. Гарбусь - Мн.: Полымя, 1998. - С. 55-60; 192-193; 227-230.
21. Сергей Морозов, Полоцкая трагедия 1705 года [Текст] // Царква. - 2005. - № 4 (47). - С.5-7.
22. Ткачоў, М.А. Замкі Беларусі (XIII - XVIII стст.) [тэкст] - Мн.: Полымя, 1977. - С. 129.
23. Федорук, А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии [Текст] - Мн., 1989. - С. 240.
24. Хмяльніцкая, Л. З гісторыі Віцебскага базыльянскага кляштара [Тэкст] //Віцебскі сшытак. 1996. - №2. - С.9.
25. Чарняўская, Т.І. Архітэктура Магілёва [Тэкст] - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - С. 19.
Слоўнік тэрмінаў
Алтар - высокі ахвярнік, галоўны элемент літургічнага дзеяння; галоўны алтар традыцыйна размешсаны ва ўсходняй частцы храмах.
Ансамбль - гарманічнае гістарычнае і мастацкае адзінстваскладанай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі з аднаго ці некалькіх збудаванняў і навакольнага асяроддзя; у ансамбль арганічна ўваходзяць творы розных відаў мастацтва.
Апсiда - канструкцыйна самастойны аб'ём, які выступае за межы асноўнага збудавання, звычайна паўкруглай, шматграннай альбо пармавугольнай формы, перакрыты скляпеннямі розных тыпаў.
Аркатура - архітэктурна-дэкаратыўны элемент у выглядзе шэрагу глухіх арачных ніш, дзе аркі абапіраюцца на калонкі альбо кранштэйны, часта ўпрыгожаны расліннымі і жывёльнымі матывамі.
Атык - архітэктурна-дэкаратыўны элемент, кампазіцыя прамавугольнай формы над вянчаючым карнізам збудавання.
Атыкавы франтон - устойлівае кампазіцыйнае спалучэнне атыка і франтона розных форм у завяршэнні фасада.
Базіліка - архітэктанічны тып збудавання з прамавугольным планам, падзелены ў падоўжным напрамку шэрагамі апор на няцотную колькасць нефаў, з якіх сярэдні больш высокі і мае верхняе бакавое асвятленне.
Барбакан - элемент абарончага дойлідства, падковападобная сценка, што прыкрывала ўязную браму замка.
Валюта -архітэктурна-дэкаратыўная дэталь у выгладзе спіралепадобнага завітка.
Вільчык - верхняе рабро двухсхільнага кроквеннага даху.
Картуш - дэкаратыўны элемент у выглядзе маляўніча акаймаванага шчыта, прызначанага для адлюстравання саслоўных атрыбутаў, надпісаў і іншых выяў.
Кафалікон - малітоўная зала хрыціянскага храма, якая сімвалізуе Сусвет
Контрфорс - папярочная вертыкальная сценка, якая ўмацоўвае асноўную сцяну будынка, прымае на сябе распор скляпення ў канструкцыйных вузлах.
Нартэкс - уваходная, звычайна задодняя частка храма, прызначаная для асоб, якія не маюць права ўвайсці ў малітоўную залу.
Нервюра - стральчатая арка з абчасаных камянёў ці цаглін, прасторавая сістэма якіх утварае рабрысты каркас гатычных скляпенняў розных тыпаў з лёгкім запаўненнем.
Неф - карабель, выцягнутае памяшканне альбо частка інтэр'ера базілікі, абмежаваная з аднаго ці абодвух падоўжных бакоў шэрагам калон ці слупоў.
Пілястра - плоскі вертыкальны прамавугольны ў плане выступ на сцяне альбо слупе, які паўтарае структуру і прапорцыі пэўнага архітэктурнага ордэра.
Порцік - галерэя, якая утворана калонамі ці пінаклямі і завершана антаблементам з франтонам ці атыкам.
Прэсбітэрый - прастора ў касцёле перад галоўным алтаром, прызначаная для богаслужэння і размяшчэння духавенства.
Рызніца - у праваслаўных храмах памяшканне каля алтара для захавання сакральных атрыбутаў і ўбрання святароў; тое што і сакрыстыя.
Скляпенне - нясучая прасторавая канструкцыя для перакрыцця ці пакрыцця збудаванняў, якая мае крывалінейную паверхню.
Травея - квадратная альбо прамавугольная ў плане прасторавая ячэйка нефа, перакрытая асобным скляпеннем розных тыпаў, вылучаным падпружнымі аркамі.
Трансепт - неф, папярочны асноўнаму, наяўнасць якога надае храму крыжовую кампазіцыю.
Тымпан - поле трохвугольнага альбо фігурнага франтона, абмежаванае прафіляванымі цягамі, над усім будынкам ці яго часткамі.
Фасад - вонкавая вертыкальная паверхня аднаго з бакоў будынка і выява яго ў артаганальнай праекцыі на чарцяжы ў пэўным маштабе.
Франтон - вянчаючая частка фасда будынка, порціка, рызаліта і інш., абмажаваная знізу карнізам.
Чацвярык - чатырохвугольны ў плане архітэктуры аб'ём рознага прызначэння.
Размещено на Allbest.ru
Подобные документы
Культавае дойлідства на Беларусі эпохі адраджэння. Стыль барока і класіцызм у культавым дойлідстве. Асаблівасці развіцця культавага дойлідства. Петрапаўлаўская царква як помнік архітэктуры. Гісторыя храма. Роля храма у сучасным жыцці праваслаўных мінчан.
контрольная работа [29,6 K], добавлен 26.12.2013Ўплыў на культурныя тэндэнцыі на Беларусі 1569-1795 гг. рэлігійных працэсаў (рэфармацыя і контррэфармацыя, царкоўная ўнія). Перадумовы для станаўлення сучаснай беларускай мовы, літаратуры, тэатра, музычнага і выяўленчага мастацтваў. Культура барока.
реферат [33,5 K], добавлен 21.01.2011Станавленне буржуазнага грамадства, якэя паскорыла працэсы культурнага жыцця Беларусі ў канцы ХIХ ст., ўздзеянне на развіццё культуры руской культуры. Вядучае месца мастацкай літаратуры, тэатральная і музычная культура выяўленчае мастацтва і архітэктура.
реферат [17,5 K], добавлен 31.12.2010Спецыфічныя рысы эпохі Адраджэння на тэрыторыі Беларусі. Узнікненне кнігадрукавання. Францішак Скарына - першадрукар, прадстаўнік рэнесансавай культуры на Беларусі. Станаўлення і развіцця беларускай архітэктуры і выяўленчага мастацтва. Замкі і храми.
реферат [29,2 K], добавлен 28.11.2009Традыцыйная культура і культура пануючага класа Беларусі X-XIII ст. Розвиток вусноъ народнаї творчасці, пісьменнасці, літаратури, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Царква і рэлігія, архітэктура і будаўніцтво у XIV–XVI ст. Берасцейская царкоўная ўнія.
реферат [53,8 K], добавлен 21.01.2011Станаўленне беларускай літаратурнай мовы і беларускай літаратуры. Фарміраванне беларускай нацыі. Тэатр, музыка, выяўленчае мастацтва, архітэктура і іх камерцыйный характар. Рамантычныя матывы ў гістарычным і пейзажным жывапісе, папулярнасць графікі.
реферат [24,4 K], добавлен 03.12.2009Перыяды у гісторыі культуры Беларусі сярэдзіны XVI-XVIII ст. Асвета і кнігадрукаванне Беларусі у XVI ст. Адметная роль беларускі друкар магіляўчанін Спірыдона Собаль ў кірылічным кнігадрукаванні. Бібліятэчная і архіўная справа Беларусі у XVI ст.
реферат [42,2 K], добавлен 29.11.2009Забарона царом Мікалаем ужываць назвы Беларусь і Літва, паняцці "Беларускія губерні", "Беларускі край" і "Паўночна-Заходнія губерні". Нацыянальна-культурнае развіццё Беларусі пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі, развіццё адукацыі.
реферат [26,0 K], добавлен 03.12.2009Становище українського мистецтва в ХVІІ-ХVІІІ століттях. Класифікація основних портретних типів в мистецькій практиці. Портретний живопис Західної та Східної України, його загальна характеристика, художні особливості та традиції в образотворенні.
дипломная работа [166,9 K], добавлен 25.06.2011Развіццё капіталістычных адносін, спробы рэформаў другой паловы XVIII стагоддзя. Уплыў еўрапейскага асветы на развіццё грамадска-палітычных традыцый. Духоўная культура Італіі эпохі Рисорджименто. Асноўныя мастацкія плыні: неакласіцызм, рамантызм, рэалізм.
дипломная работа [54,2 K], добавлен 12.06.2012