Iдэi Рэфармацыi Вялікага Княства Літоўскага
Канстытуцыя 3 мая 1791 г. і заняпад Рэчы Паспалітай. Беларуская Рэфармацыя і ідэя сувэрэнітэту. Грамадзка-палітычнае й духовае жыцьцё Вялікага Княства Літоўскага у сярэдзіне XVI ст. Ідэалёгія асноўных накірункаў заходнеэўрапейскага пратэстантызму.
Рубрика | История и исторические личности |
Вид | реферат |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 27.08.2011 |
Размер файла | 23,3 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://www.allbest.ru/
ЗМЕСТ
- 1. Прадгісторыя канстытуцыі
- 2. Канстытуцыя 3 мая 1791 г. і заняпад Рэчы Паспалітай
- 3. Беларуская Рэфармацыя і ідэя сувэрэнітэту
- 4. Рэфармацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім (другая палова XVI-XVII ст.)
- СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
- 1. Прадгісторыя канстытуцыі
- На працягу 15-17 стагоддзяў Рэч Паспалітая, як канфедэратыўная дзяржава Польшчы і Вялікага княства Літоўскага была адной з самых моцных і багатых дзяржаў Еўропы. Маючы моцнае войска, яна паспяхова адбівала нашэсці Тэўтонскага ордэна (крыжакоў), Масковіі, туркаў і татараў. У аб'яднанай дзяржаве паспяхова вырашаліся гаспадарчыя патрэбы, развіваліся архітэктура, будаўніцтва, рамяство, а затым і мануфактура, як пачатак стварэння прамысловасці. Вёўся гандаль з заморскімі краінамі. Развіваліся культура, пісьменства, працавалі ўніверсітэты ў Кракаве і Вільні, медыцынская акадэмія, выходзілі першыя газеты, працавалі тэатры не толькі ў сталіцах, але і ў Гродне, Нясвіжы, Слоніме.
- З пачатку 18 стагоддзя абставіны ўнутры Рэчы Паспалітай і вакол яе рэзка ўскладніліся. Паўночная вайна 1700-1721 г., у якой шведы выступілі супраць Рэчы Паспалітайі Расіі, прынесла вялікія разбурэнні і людскія страты. Расійскія войскі аказаліся на тэрыторыі ВКП. Нашы суседзі, Расія і Прусія, значна ўмацаваліся. Тым часам каралеўская і вялікакняжацкая ўлада аслаблі. На каралеўскі і княжацкі трон прыйшлі прадстаўнікі замежнай прускай дынастыі Аўгуст II, затым Аўгуст III, якія мала клапаціліся аб лёсе Рэчы Паспалітай (далей РП). Пры гэтым вялася барацьба паміж магутнымі магнацкімі родамі, распальвалася рэлігійная нецярпімасць, не вырашаліся сацыяльныя праблемы. Сваяцкія сувязі магнатаў РП з сем'ямі манархаў, князёў, баронаў суседніх краін вялі да здрады інтарэсаў дзяржавы.
- У той час дзейнічала ў РП у сейме права вета. Любыя пытанні павінны былі вырашацца адзінагалосна. Адзін пасол (дэпутат) прагаласуе супраць, і рашэнне не прымаецца. Усё гэта паралізавала работу вярхоўнай улады. Улада караля і вялікага князя была абмежавана. Усё гэта прывяло да анархіі, аслаблення дзяржавы, што і выкарысталі моцныя суседзі - Расія, Прусія і Аўстрыя. Дамовіўшыся паміж сабой, яны захапілі значныя тэрыторыі Польшчы ў 1772 годзе, што ўвайшло ў гісторыю, як Першы падзел Рэчы Паспалітай.
- 2. Канстытуцыя 3 мая 1791 г. і заняпад Рэчы Паспалітай
- У гэты цяжкі для РП час стаяла пытанне “Быць ці не быць РП?” Патрэбны былі прынцыповыя рэформы дзяржаўнага ладу. Прагрэсіўныя дзеячы таго часу, патрыёты Калантай, Ігнат і Станіслаў Патоцкія, Севярын і Казімір Ржэўскія, Станіслаў Малахоўскі, Францішак Езерскі і іншыя распрацавалі праект новай канстытуцыі. Праект быў прыняты сеймам 3 мая 1791 года і прыхільна сустрэты грамадзянамі краіны.
- Канстытуцыя прадугледжвала вяртанне да спадчыннай каралеўскай улады і яе ўмацавання. Адмянялася “права вета” і прадугледжвалася прыняцце сеймам рашэнняў большасцю галасоў. Гараджане атрымалі права выбіраць паслоў на сейм.
- Канстытуцыя адзначала, што “рукі сялян ствараюць багацце дзяржавы”, што “сяляне - гэта абсалютная большасць народа і надзейная сіла краю”, і абараняла іх ад свавольства абшарнікаў. Адзначалася таксама, што селянін павінен быць пад апекай дзяржавы.
- Канстытуцыя 3 мая была адным з першых самых прагрэсіўных асноўных законаў у Еўропе.
- На жаль, нямногае, прадугледжанае Канстытуцыяй, удалося здзейсніць. У краіне не было згоды. Не было моцнага войска. Пустой была казна. Усё больш агрэсіўна паводзілі сябе суседзі. Не абышлося без здрады некаторых вяльмож на карысць суседзяў. У 1793г. адбыўся II раздзел, а ў 1795 г. - III раздзел Рэчы Паспалітай, якая перастала існаваць як незалежная суверэнная дзяржава. Усё ВКП аказалася пад уладай Расіі.
- Канстытуцыя 3 мая засталася толькі дэкларацыяй; але разам з тым сімвалам дэмакратычных перамен, веры ў будучае, змагання за вяртанне незалежнасці РП, за нацыянальную і сацыяльную свабоду.
- 3. Беларуская Рэфармацыя і ідэя сувэрэнітэту
- 18 красавіка 1563 году Сымон Будны накіраваў з Клецка ў Цюрых ліст да швайцарскага тэоляга-кальвініста Генрыха Булінгера, у якім прыведзены ўнікальныя зьвесткі аб пачатку рэфармацыйнага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім. Будны піша, што пасьля таго як "сьвятло слова Божага зазьзяла ў Нямеччыне, Швайцарыі, Ангельшчыне ды Францыі", у хуткім часе яно дасягнула і да "нашых краёў" і "азарыла канцлера нашага Мікалая Радзівіла, князя на Алыцы й Нясьвіжы". Ён ня толькі "разам са сваім дваром прыняў вучэньне Хрыста, але і вырашыў, што ўсе людзі, якія знаходзяцца пад яго ўладай, павінны быць асьвечаны гэтым вучэньнем". Рэалізаваць гэтую задачу, піша Будны, Радзівіл узяўся без прамаруджаньня. Ён прыцягнуў да справы "набожных міністраў эвангельля", якія складаліся галоўным чынам з маладых, энэргічных і адукаваных людзей, выхаванцаў Кракаўскага ўнівэрсітэта, і даручыў ім кіраваць рэфармацкімі суполкамі. Многія касьцёлы й цэрквы, якія знаходзіліся ва ўладаньнях князя, былі "перапрафіляваныя" ў зборы, або пратэстанцкія храмы. Рэформай, падкрэсьлівае Будны, было ахоплена як каталіцкае, так і значная частка праваслаўнага насельніцтва.
- Як вядома, Рэфармацыю ў ВКЛ падтрымалі ня толькі Мікалай Радзівіл Чорны, яго браты і некаторыя нашчадкі, але даволі значная частка беларускай і літоўскай арыстакратыі, панства, шляхты. Пратэстантамі, альбо эвангелікамі-рэфарматарамі, гарачымі прыхільнікамі Рэфармацыі былі такія выдатныя грамадзкія дзеячы, як Астафей Валовіч, Леў Сапега, Мікалай Монвід-Дарагастайскі і некаторыя іншыя, якія адыгралі вырашальную ролю ў дзяржаўным, палітычным, рэлігійным, культурным жыцьці ВКЛ, у прыватнасьці Беларусі XVI - пачатку XVII стст. Спачуваў Рэфармацыі кіеўскі ваявода, лідар праваслаўнай партыі Канстанцін Астроскі.
- У чым прычына такой прыхільнасьці, такіх рашучых крокаў, чаму прадстаўнікі старажытных буларускіх праваслаўных і каталіцкіх знакамітых родаў, па сутнасьці беларуская фэўдальная і палітычная эліта, парывала з традыцыйнай рэлігіяй, адмаўлялася ад веры бацькоў, уступала ў канфлікт і са сваімі сем'ямі, і са сваім станам, і з каралеўскай уладай, і з канстанцінопальскім патрыярхатам або з рымскай курыяй?! Канечне, прычына не ў асабістых амбіцыях, шляхецкіх свавольствах, даніне модзе і да т.п., а сьвядомай сьветапогляднай і грамадзянскай пазыцыі, у жаданьні рэфармаваць наяўнае рэлігійнае, сацыяльна-палітычнае, эканамічнае, духоўна-культурнае жыцьцё грамадзтва.
- Справа ў тым, што з пачатку XVI ст. у духоўным жыцьці ВКЛ, беларускім менталітэце ўсё большую сілу набываюць ідэі Адраджэньня й Рэфармацыі, якія істотна ўплываюць на грамадзкую сьвядомасьць, дзейнасьць асобных людзей і сацыяльных групаў. Фундаментальнай ідэяй гэтых рухаў была ідэя свабоды, менавіта на хвалі Адраджэньня й Рэфармацыі фармуецца ідэя свабоды, сувэрэнітэту ва ўсіх яе аспэктах - рэлігійным, нацыянальна-культурным, дзяржаўным. Рэфармацыя, сьцьвердзіўшы прынцып асабістых стасункаў з Богам, праклала шлях ня толькі да рэлігійнай, але і да нацыянальна-культурнай свабоды. Францыск Скарына, папярэднік беларускай Рэфармацыі, сваім перакладам Бібліі, патрыятызмам, абгрунтаваньнем такіх каштоўнасьцяў, як родная мова, Радзіма, веды, мараль і наагул духоўнасьць, паклаў пачатак ідэі беларускага нацыянальна-культурнага сувэрэнітэту. Вялікая заслуга мысьляра ў абуджэньні нацыянальнай сьвядомасці беларускага народа, што зьяўляецца асновай ідэі сувэрэнітэту. Ідэя нацыянальна-культурнага сувэрэнітэту, як вядома, была падтрымана і распрацавана рэфарматарамі Сымонам Будным і асабліва Васілём Цяпінскім у знакамітых прадмовах да "Катэхізіса" і "Эвангельля". Самое выданьне "Катэхізіса" на роднай беларускай мове, да чаго мелі дачыненьне разам з Сымонам Будным Мацей Кавячынскі і Лаўрэн Крышкоўскі, зьявілася эпахальнай падзеяй у гісторыі станаўленьня ідэі беларускага нацыянальна-культурнага сувэрэнітэту.
- Нацыянальна арыентаванымі былі беларускія магнаты-пратэстанты Астафей Валовіч, Леў Сапега і некаторыя іншыя. Канечне, галоўны ўнёсак гэтых, можна сказаць, стаўпоў нацыі, у сьцьвярджэньні дзяржаўнага сувэрэнітэту, але ж яны многа зрабілі на ніве беларускай культуры: кнігавыданьня, школьнай адукацыі, роднай мовы. Прывяду адзін малавядомы, але характэрны прыклад. Калі рыхтавалася другое выданьне Статуту Вялікага Княства Літоўскага (1566), некаторыя члены рэдакцыйнай камісіі (Аўгустын Ратундус, Пётр Раізі) настойвалі на замене беларускай мовы на лацінскую. Але гэтаму запярэчылі патрыятычна настроеныя беларускія юрысты, у прыватнасьці, пісар вялікакняжацкай канцылярыі, кальвініст Марцін Валадковіч і некаторыя іншыя. Іх падтрымаў кіраўнік статутавай камісіі канцлер Астафей Валовіч, у выніку чаго Статут быў апублікаваны на беларускай мове. Магчыма, дыскусія паміж "лацінікамі" і "беларусістамі" працягвалася далей, у перыяд падрыхтоўкі Статута 1588 г. Прычым, на карысьць "беларусістаў". Ва ўсякім разе, у адной са сваіх прадмоваў да Статута, Сапега з гордасьцю сьцьвярджаў, што мы "не обчым якім языком, але сваим власным права списаныя маем". Менавіта ў Статуце 1588 г. было зафіксавана, што "писар земский мает по руску, литерами и словы рускими, все листы, выписы и позвы писати, а не иншым езыком и словы".
- Вельмі прывабнай для пэўных колаў грамадзтва ВКЛ, галоўным чынам буйных фэўдалаў, а таксама гараджанаў, была ідэя царкоўнай незалежнасьці, якую, як вядома, зьмяшчала ў сабе Рэфармацыя. Эвангеліцка-рэфармацкая царква ўяўлялася Мікалаем Радзівілам Чорным, Мікалаем Радзівілам Рудым і іншымі ў якасьці самастойнай нацыянальна-дзяржаўнай царквы, незалежнай з аднаго боку ад Рыма, з другога - ад Канстанцінопаля і Масквы. Была створана аўтаномная адміністрацыйна-тэрытарыяльная царкоўная сыстэма (шэсьць дыстрыктаў - Віленскі, Завілейскі, Наваградзкі, Рускі, Берасьцейскі, Жмудзкі - на чале з супэрінтэндантам, з сынодамі агульнацаркоўнымі і ў дыстрыктах), з даволі выразнымі элемэнтамі дэмакратыі і парлямэнтарызму, прычым ня толькі ў арганізацыйным жыцьці, але і ў дачыненьнях паміж братамі розных станаў. На жаль, спроба зрабіць пратэстанцкую царкву царквой нацыянальна-дзяржаўнай не была пасьпяховай. На гэта меліся свае прычыны, але ж гэта спроба пакінула пасьля сябе ідэю рэлігійна-царкоўнай незалежнасьці, якую беларускія дзяржаўныя і царкоўныя дзеячы намагаліся рэалізаваць на працягу гісторыі і якая не страціла сваёй актуальнасці і ў нашых днях.
- Рэфармацыя ўкараніла ў грамадзкае жыцьцё ідэю верацярпімасьці, талерантнасьці, якая была зафіксавана ў шэрагу дзяржаўных дакумантаў (Прывілеі 1563, 1568, Варшаўская канфэдэрацыя 1573 г., Статут ВКЛ 1588 - Разд. 3, арт. 3). Гэта ідэя даказала сваю палітычную эфэктыўнасьць на працягу 60-80 гг. XVI ст., дапамагаючы будаваць дзяржаўны сувэрэнітэт краіны, падтрымліваць грамадзкую згоду, праводзіць рэформы, разьвіваць культуру. Вялікай памылкай дзяржавы, ураду, беларускай фэўдальнай эліты была пераарыентацыя зь ідэі рэлігійна-канфэсійнай талеранцыі на ідэю вуніі. Знаходзячыся ў дуаканфэсійным культурна-рэлігійным асяродзьдзі, паміж Усходам і Захадам, Сцылай Польшчы і Харыбдай Маскоўскай дзяржавы нельга было прымаць аднабаковы заходні ўхіл. Калі Леў Сапега гэта зразумеў - было ўжо позна. Вялікае Княства Літоўскае, Беларусь, Украіна калаціліся ад рэлігійных і сацыяльных канфліктаў, якія разбуралі грамадэтва й дзяржаву, набліжалі краіну да страты сувэрэнітэту. Аднак самай моцнай ідэяй, якая вынікала з менталітэту Рэфармацыі, была ідэя дзяржаўнага сувэрэнітэту. Менавіта жаданьне бачыць Вялікае Княства незалежнай краінай стымулявала беларускую магнатэрыю ахвяраваць сямейнымі традыцыямі, "верай бацькоў", міласьцю караля. Радзівілы, Валовічы, Сапегі, Кішкі, Хадкевічы, Гарнастаі, Пацы, Глябовічы, Дарагастайскія - далёка ня поўны пералік тых з беларускага і літоўскага панства, хто прыняў Рэфармацыю і хто займаў у ВКЛ ключавыя дзяржаўныя пасады. Вядома, што XVI стагодзьдзе для ВКЛ - гэта эпоха вялікіх рэформаў, якія стымуляваліся рэфармацыйным рухам і ўмацоўвалі дзяржаўны сувэрэнітэт краіны: аграрная рэформа (1557-1569), т.зв. "валочная памера", судова-адміністратыўная рэформа (1564-1566), якая цэнтралізавала і палітычна стабілізавала дзяржаву, стварыла (як падкрэслівае Я. Юхо) самую сучасную ў Эўропе судовую сыстэму і прававую тэорыю, заканадаўства. Прыкладамі зьяўляюцца тры Статуты - 1529, 1566, 1588 гадоў. Абараняючы незалежнасьць, беларускія і літоўскія магнаты-кальвіністы "далі бой" польскім фэўдалам, якія імкнуліся гранічна абмежаваць дзяржаўны сувэрэнітэт ВКЛ на Люблінскім сойме (1569). На жаль, Мікалая Радзівіла Чорнага ўжо не было зь імі. Аднак дзякуючы Валовічу, Радзівілу Рудаму ды іншым, ВКЛ захавала некаторыя істотныя атрыбуты сваёй незалежнасьці: урад, войска, скарб, заканадаўства, адміністрацыю, дзяржаўную - беларускую - мову. Праз некаторы час, дзякуючы тым жа магнатам, узнавіў сваю працу і сойм ВКЛ. Статутам 1588 былі нэўтралізаваныя некаторыя іншыя абмежаваньні дзяржаўнага сувэрэнітэту ВКЛ.
- Выпрацаваная пад уплывам Адраджэньня й Рэфармацыі ідэя беларускага сувэрэнітэту прайшла доўгі й пакутлівы шлях, стала самай актуальнай ідэяй нашага часу.
- рэфармацыя літоўскага заходнеэўрапейска пратэстантызм
- 4. Рэфармацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім (другая палова XVI - XVII ст.)
- Грамадзка-палітычнае й духовае жыцьцё Вялікага Княства Літоўскага у сярэдзіне XVI ст. вызначалася росквітам гуманістычных ідэяў, распаўсюджваньнем новых культурных, царкоўна-рэлігійных павеваў, у тым ліку рэфармацыйнага руху. Рэфармацыя ў ВКЛ разьвівалася ў рэчышчы эўрапейскага пратэстантызму і ўспрыняла яго вонкавыя формы: лютаранства, кальвінства, антытрынітарызм, сацыніянства.
- Своеасаблівасьць рэфармацыйнага руху праяўлялася ў тым, што яго галоўнай сацыяльнай асновай былі вышэйшыя станы - магнаты і шляхта. Набілітэт разьлічваў скарыстаць Рэфармацыю для ўмацаваньня сваіх унутраных пазыцыяў ва ўмовах высьпяваньня дзяржаўнай вуніі ВКЛ з Польшчай. Рэфармацыю, таксама, прыняла нязначная частка месьцічаў, у тым ліку чужаземцы, якія былі на вайсковай ці дзяржаўнай службе, альбо займаліся рамяством. Асноўны этнічны пласт беларускага насельніцтва - сялянства - засталося глухім да новай веры, хоць у выніку шляхоцкага прымусу ва ўладаньнях пратэстантаў (галоўным чынам буйных маёнтках) яны часткова былі ўцягнутыя ў Рэфармацыю.
- Спэцыфіка Рэфармацыі ў ВКЛ, у прыватнасьці, была, у тым, што ў ёй (у адрозьненьне ад шматлікіх краінаў Заходняй і Цэнтральнай Эўропы, больш выразна праглядалася сувязь з гуманістычнымі і рацыяналістычнымі тэндэнцыямі сьвецкай культуры) у межах менш жорсткай і цэнтралізаванай пратэстанцкай царквы.
- Дасьледаваньні навукоўцаў Беларусі й Расеі паказалі істотныя тыпалягічныя адрозьненьні Рэфармацыі ў многіх краінах і рэгіёнах Eўропы.
- Прыкметны ўплыў на Рэфармацыю ў ВКЛ зрабіла ідэалёгія асноўных накірункаў заходнеэўрапейскага пратэстантызму, гусіцкага руху, нямецка-мараўскі анабаптызм, расейская ерась. Дзейнасьць расейскіх уцекачоў - "фэадасіянаў" зрабіла пэўнае ўзьдзеяньне на фармаваньне антытрынітарызму (ці арыянства).
- Найбольшае распаўсюджаньне на землях Беларусі атрымала кальвінства. У 60-ые гг. XVI ст. у Беларусі, Летуве і ва Ўкраіне аформіўся радыкальна-рэфармацыйны рух - антытрынітарызм.
- Дзеячы памяркоўнага сацыяльнага крыла антытрынітарызму (С. Будны, В. Цяпінскі) у рэлігійна-філязофскай сфэры займалі радыкальна-рацыяналістычную пазыцыю, крытыкавалі царкоўна-рэлігійную дагматыку кананічных хрысьціянскіх цэркваў (у тым ліку і некаторыя тэалягічныя пастуляты Рэфармацыі).
- Ідэолягі сацыяльна-радыкальнага накірунку (Марцін Чаховіц, Пётар з Ганёндза, Якуб з Калінаўкі) рэзка крытыкавалі грамадзка-палітычныя й сацыяльныя асновы сучаснага ім грамадзтва; выступалі супраць "нявольніцтва", эксплюатацыі, сьвецкай улады, прыватнай уласнасьці, войнаў.
- На думку некаторых дасьледчыкаў, у другой палове XVI ст. у Беларусі і ва Ўкраіне узьніклі своеасаблівыя формы рэфармацыйнага руху унутры праваслаўнай царквы.
- Наступ контррэфармацыі, унутраныя супярэчнасьці, раскол у рэфармацыйным руху, адсутнасьць шырокай сацыяльнай падтрымкі выклікалі прагрэсоўны крызіс Рэфармацыі да канца XVI -пач XVII стст.
- Першымі гісторыкамі, якія вывучалі рэфармацыйны рух у ВКЛ і Польшчы, былі грамадзка-палітычныя і царкоўна-рэлігійныя дзеячы, якія бралі непасрэдны ўдзел у распаўсюджаньні пратэстантызму ў Рэчы Паспалітай у другой палове XVI -пач XVII стст. Наратыўныя й дакумэнтальныя матэрыялы да гісторыі рэфармацыйнага руху зьбіраў яшчэ Станіслаў Будзінскі, сакратар-пратакаліст першых пратэстанцкіх сынодаў у Польшчы і ВКЛ. Арыгінальныя рукапісы С. Будзінскага не дайшлі да нашага часу, але былі выкарыстаныя ягонымі пераемнікамі.
- Даволі падрабязная характарыстыка розных сэктанскіх плыняў унутры рэфармацыйнага руху, якія аўтар адрозьніваў паводле тэалягічных прызнакаў (трыдэісты, пасьлядоўнікі галяндзкіх ды мараўскіх ерасяў ды інш.) зьмяшчаецца ў працы выдатнага пратэстанцкага гісторыка пачатку XVII ст. Андрэя Любянецкага "Палёнэўтэхія, або шчасьце Польскага каралеўства".
- Сярод твораў XVII ст. найбольшае значэньне ў пляне нашай тэмы мае выдадзеная ў 1652 г. кніга вядомага дзеяча кальвінскай Рэфармацыі, польскага кісторыка, дыплямата Андрэя Вэнгэрскага "Гісторыка-храналягічная сыстэма славянскіх цэркваў, апісаная ў краінах: Польшча, Расея, Багемія, Прусы, Літва ды інш." Значную цікавасьць маюць зьвесткі пра пачатковы этап рэфармацыйнага руху, тэрытарыяльна-адміністратыўнай структуры і сынодах пратэстанцкай царквы, пайменным складзе "міністраў" (пастараў) пратэстанцкіх грамадаў у Беларусі, друкаваных працах пісьменьнікаў-палемістаў, грамадзка-палітычных і царкоўна-рэлігійных дзеячоў.
- У гісторыка-бібліяграфічнай працы іншага польскага гісторыка XVII ст. Крыштапа Санда - "Каталёгу антытрынітарскіх твораў" улічаныя, у прыватнасьці, творы арыянскіх пісьменьнікаў, апублікаваныя ў Беларусі, альбо што выйшлі ў іншых друкарнях (Польшчы, Літвы), але тэматычна зьвязаныя з гісторыяй мясцовага рэфармацыйнага руху.
- Згаданыя найбольш раньнія працы пратэстанцкіх гісторыкаў маюць на сёньняшні час значэньне першакрыніцаў. У гэтых "кроніках" рэдка сустракаюцца зьвесткі першаступеннай навуковай вартасьці да гісторыі Рэфармацыі ў Беларусі. Да ліку такога роду ўнікальных матэрыялаў можна далучыць, напрыклад, паведамленьне А. Вэнгэрсскага пра дзейнасьць расейскіх уцекачоў-"рэфарматараў" (Арцемія, Фамы, Фэадосія Касога) у Беларусі 50-ыя гг. XVI ст.
- Гісторыя рэфармацыйнага руху ў ВКЛ не была асобным аб'ектам дасьледаваньня ў дваранска-манархічнай і клерыкальнай гістарыяграфіі [Расейскай імпэрыі]. Афіцыйная расейская гістарыяграфія таго часу імкнулася абгрунтаваць тэзіс аб Беларусі як спрадвеку неад'емнай частцы Расейскай імпэрыі, ідэалізавала культурную, рэлігійную і палітычную дзейнасьць праваслаўнай царквы на землях ВКЛ. Большасьць працаў гэтага пэрыяду напісана пад моцным уплывам царкоўных схэмаў, рэлігійных прыхільнасьцяў аўтараў, нярэдка скажаюць і пераварочваюць сапраўдныя гістарычныя факты. Павярхоўнае фактаграфічнае апісаньне гісторыі рэфармацыйнага руху (у пляне царкоўна-рэлігійнай тэматыкі) выразна пераважае над аналізам і дасьледаваньнем прычынаў і ўмоваў разьвіцьця, сацыяльнай сутнасьці і скіраванасьці Рэфармацыі. Апроч гэтага, у аглядных працах гісторыя Рэфармацыі разглядаецца як другаснае адлюстраваньне царкоўна-рэлігійных працэсаў, якія праходзілі ў Рэчы Паспалітай.
- Праўда, некаторыя аўтары, у прыватнасьці пратаярэй В. Пліс, прызнаючы "квітнеючы стан рэфарматарства ў Літве" ў XVI ст., адзначалі эфэктыўныя формы ўзьдзеяньня рэфарматараў на грамадзкую сьвядомасьць (кнігадрукаваньне, школьнае навучаньне, уласнацаркоўная дзейнасьць): "… яны дзейнічалі спрытна, умела, дасьведчанымі рукамі, з адданасьцю сваёй справе". Гэты ж аўтар лічыў, што "рускі" пратэстанцкі Катэхізіс 1562 г. С. Буднага - "першае на Русі рэха заходняй Рэфармацыі", павінны быў падрыхтаваць "рускі" народ да больш скрайніх рэлігійных поглядаў.
- Уплыву расейскай ерасі на фармаваньне антытрынітарызму ў ВКЛ і ягонае распаўсюджаньне ў Беларусі і ва Ўкраіне прысьвечаныя дасьледаваньні І. Малышэўскага і А. Лявіцкага. А. Лявіцкі прыводзіць зьвесткі пра мазырскага земскага судзьдзю Стэфана Рыгоравіча Лована, погляды якога, на думку дасьледчыка, былі блізкія да атэізму. Хуткае распаўсюджаньне антытрынітарызму ў ВКЛ аўтар тлумачыць тым, што "зярняты гэтага вучэньня там ужо даўно існавалі".
- Непапулярнасьць Рэфармацыі ў сялянскім асяродзьдзі Польшчы і ВКЛ адзначаў П. Жуковіч. Гісторыя рэфармацыйнага руху ў Рэчы Паспалітай знайшла сваё адлюстраваньне ў працах прадстаўніка лібэральнага кірунку М. Карэева. Ен зьвяртае ўвагу на насьпелую неабходнасьць надаць дасьледаваньням навуковы характар. На яго думку, польскія гісторыкі адрываюць вывучэньне Рэфармацыі ў Польшчы ад вывучэньня рэфармацыйнага руху ўвогуле ў Эўропе. У абагульняльнай працы расейскага гісторыка Дзьм. Цьвятаева (дарэчы роднага дзядзькі Марыны Цьвятаевай) асьвятляецца гісторыя пратэстантызму ў Расеі, разглядаецца праваслаўная палемічная літаратура (у прыватнасьці скіраваная супраць пратэстанцкіх "ерасяў" у Польшчы і ВКЛ). Расейская гістарыяграфія канца ХІХ - пач. ХХ стст. выразна адлюстравала ў сабе як рэакцыйныя імпэрскія, так і прагрэсіўныя дэмакратычныя тэндэнцыі. Разьвіцьцё нацыянальна-дэмакратычнага руху прыцягнула ўвагу некаторых знакамітых мэдыявістаў да праблемаў узаемадзеяньня Рэфармацыі з духовай культурай Беларусі XVI ст.
- У беларускай пасьлярэвалюцыйнай гістарыяграфіі гісторыя Рэфармацыі знайшла сваё адлюстраваньне ў працах У. Пічэты, які дасьледаваў сацыяльныя і палітычныя вытокі беларускага Адраджэньня. У. Піэчта высока ацэніваў асьветніцкую і гуманістычную дзейнасьць С.Буднага і В. Цяпінскага, але пазьней істотна дыфэрэнцаваў свае погляды. На думку У. Пічэты, дзейнасьць С. Буднага падрывала рэлігійныя традыцыі беларускага і ўкраінскага народаў, што садзейнічала іх палянізацыі, рэфарматары "прызнавалі нармалёвымі існыя фэўдальна-прыгоньніцкія адносіныі". Дасьледчык забыўся пры гэтым, што менавіта ў рэчышчы беларуска-літоўскай Рэфармацыі XVI ст. праявіліся таксама і сацыяльна-радыкальныя тэндэнцыі, скіраваныя супраць фэўдальных парадкаў грамадзтва. Фактам вялікага гісторыка-культурнага значэньня ён прызнаваў нясьвіскія кірылічныя выданьні, Катэхізіс 1562 г. і зьдзейсьнены В. Цяпінскім пераклад Эвангельля на беларускую мову. Гісторыя рэфармацыйнага руху ў Польшчы і ВКЛ выклікала асаблівую цікавасьць айчынных гісторыкаў у 50-60-я гг. у сувязі з распрацоўкай агульных пытаньняў гісторыка-культурнага працэсу. У сьпісе ключавых праблемаў гэтага роду былі: дасьледаваньне заканамернасьцяў духовага разьвіцьця Ўсходняй і Заходняй Эўропы, Рэнэсанс (ці рэнэсансна-гуманістычныя тэндэнцыі), Рэфармацыя.
- Вялікі ўнёсак у гістарыяграфію тэмы зрабілі працы С. Падокшына, перад усім, яго асноўнае дасьледаваньне "Рэфармацыя і грамадзкая думка Беларусі і Літвы". Праца прысьвечана вывучэньню вядомых у Заходняй і Цэнтральнай Эўропе накірункаў рэфармацыйнага руху (кальвінства, антытрынітарызм, сацыянства).
- У супрацьвагу традыцыйнай гістарыяграфіі, якая перабольшвала значэньне вонкавых узьдзеяньняў, аўтар абгрунтоўвае тэзіс аб вырашальнай ролі ўнутраных сацыяльна-эканамічных і палітычных перадумоваў Рэфармацыі ў Беларусі. Да сьпісу асноўных фактаў якія спрыялі ўзьнікненьню рэфармацыйнага руху ў ВКЛ у сярэдзіне XVI ст., ён далучае агульнае разьвіцьцё фэўдальнага спосабу вытворчасьці, які дасягнуў той стадыі, на якой зрабілася магчымым зараджэньне раньнебуржуазных тэндэнцыяў. Разнастайнасьць сацыяльных сілаў, якія падтрымлівалі рэфармацыйны рух альбо былі прыцянутыя ў яго, абумовіла адрозьненьні ў іх грамадзка-палітычных мэтах і ідэалах. Аўтар слушна, на наш погляд, прыводзіць прычыны, якія прыцягнулі буйных фэўдалаў ВКЛ да Рэфармацыі: імкненьне набілітэту да сэпаратызму, адмоўнае стаўленьне многіх магнатаў да дзяржаўнай вуніі з Польшчай.
- На думку С. Падокшына, адна з галоўных прычынаў распаўсюджаньня Рэфармацыі сярод месьцічаў Беларусі - барацьба мяшчанства супраць духовай юрысдыкцыі. Можна пагадзіцца з тым, што патрабаваньні сэкулярызацыі царкоўных уладаньняў і абмежаваньня саслоўных прывілеяў духавенства былі распаўсюджаны сярод некаторай часткі сьвецкіх фэўдалаў. Аднак тэзіс аб тым, што Рэфармацыю выкарыстоўвала дробная і сярэдняя шляхта ў змаганьні з магнатамі, несумненна, патрабуе больш пераканальнага абгрунтаваньня. У Беларусі і Літве як раз магнаты (у першую чаргу Радзівілы) нямала спрыялі ўцягваньню ў Рэфармацыю сярэдняй і дробнай шляхты, у тым ліку і магнацкай "кліентэлы".
- Асноўная частка манаграфіі С. Падокшына прысьвечана дасьледаваньню антытрынітарызму. Яго цікавяць галоўным чынам ідэйна-філязофскія аспэкты гэтага руху. Гісторыя самога антытрынітарызму (арганізацыйныя формы, дачыненьні зь іншымі цэрквамі і вярхоўнай уладай) асьветлена ў самым агульным пляне.
- На думку С. Падокшына, антытрынітарскі накірунак у кальвінскай Рэфармацыі вылучыўся ў 1560-1565 гг. Аўтар падрабязна аналізуе зьмест зьмест рэлігійна-філязофскіх і сацыяльных поглядаў левага крыла, прадстаўнікамі якога былі пётар з Ганёндза, Марцін Чаховіц, Гжэгаш Павал, Якуб з Калінаўкі ды інш.
- У характарыстыцы "памяркоўнага" накірунку ў беларуска-літоўскім антытрынітарызме аўтара цікавіць перш за ўсё рэлігійна-філязофская дактрына, крытыка царкоўнай традыцыі, рацыяналістычныя і гуманістычныя ідэі, што найбольш поўна і яскрава праявіліся ў дзейнасьці С. Буднага і ягоных пасьлядоўнікаў.
- Зараджэньне "новай кампраміснай тэндэнцыі ў радыкальна-рэфармацыйным руху", паступовую падмену яго сацыяльнай скіраванасьці, аўтар зьвязвае з фармаваньнем сацыніянства ў Беларусі і Літве напрыканцы XVI ст. - пач. XVII ст.
- У манаграфіі разглядаюцца таксама іншыя тэмы, якія часткова выходзяць па-за межы традыцыйна-гістарыяграфічных уяўленьняў пра Рэфармацыю. У гэтай сувязі пэўную цікавасьць уяўляе тэзіс, згодна зь якім унутры праваслаўнай царквы Беларусі напрыканцы XVI ст. утварыўся грамадзкі рух, роднасны рэфармацыйнаму. Сацыяльная ідэалёгія яго "у шэрагу выпадкаў насіла антыфэўдальны характар, а рэлігійна-філязофскае вучэньне было прасякнутае крытычным стаўленьнем да афіцыйнага праваслаўя".
- Некаторыя пастуляты і высновы працы ўяўляюцца нам дыскусійнымі (напрыклад, аб шырокім удзеле месьцічаў у Рэфармацыі). Патрабуе ўдакладненьняў характарыстыка герытычных рухаў у праваслаўі, іх сувязяў з Рэфармацыяй, уплыву на ідэалёгію дзеячоў беларускіх і ўкраінскіх брацтваў. Прыведзеныя ў манаграфіі аргумэнты вуніяцкай публіцыстыкі, якія абвінавачвалі "брацкіх" публіцыстаў у ерасях, не заўсёды пераканальныя. Некаторыя творы С. Зізанія, якога вуніяцкі мітрапаліт Іпат Пацей прылічаў да галоўных правадыроў ерасяў напрыканцы XVI ст., выдаваліся пазьней у Маскве з санкцыі найвышэйшага праваслаўнага духавенства.
- У распрацоўку канцэпцыі аб Рэфармацыі як грамадзкага руху, які разьвіваўся ня толькі ў краінах з даўняй каталіцкай традыцыяй, але і ў спэцыфічных формах праяўляўся таксама ва ўсходнеславянскім рэгіёне, найбольш адчувальны ўнёсак зрабіў расейскі гісторык-мэдыявіст А. Клібанаў. А. Клібанаў адносіць да рэфармацыйных тыя ерасі, "… якія выступаюць супраць фэўдальнай царквы і грамадзкага ладу, які асьвячаўся ёю, … няхай іх высілкі і не прывялі да барацьбы нацынальнага маштабу і не пашырыліся ў Рэфармацыю, падобна да той, якая на пачатку XVI ст. мела месца ў Нямеччыне". Дасьледаваньню рэфармацыйнай ідэалёгіі ўнутры праваслаўнай царквы ў ВКЛ прысьвечана цікавая манаграфія М. Дзьмітрыева. На багатым фактычным матэрыяле, выкарыстоўваючы помнікі праваслаўнага рэлігійна-палемічнага пісьменства, аўтар абгрунтоўвае тэзіс пра пастаяннае існаваньне і разьвіцьцё ва ўкраінска-беларускай грамадзкай думцы першай паловы XVI ст. рэфармацыйных плыняў. Ён адзначае "наяўнасьць антыфэўдальных сацыяльных матываў і ў найвышэйшай ступені радыкальных рэлігійна-філязофскіх ідэяў у духовым арсэнале і наўпроставай прапагандзе усходнеславянскіх вальнадумцаў", падкрэсьлівае іх ідэйную сувязь з расейскімі герытычнымі рухамі.
- Трохі выходзячы па-за межы тэмы, патрэбна адзначыць таксама плёныя дасьледаваньні сучасных летувіскіх мэдыявістаў, якія вывучаюць галоўным чынам сацыяльныя, гісторыка-культурныя аспэкты і крыніцы да гісторыі Рэфармацыі. У працы Інгі Лукшайтэ "Летувіская мова й рэфармацыйны рух у XVIІ ст." дасьледуюцца помнікі рэфармацыйнай пісьмовасьці як крыніцы да гісторыі культуры і мовы летувіскага народу. У кнізе "Сялянскае пытаньне ў летувіскай публіцыстыцы канца XVI - п.п. XVIІ стст." І. Лукшайтэ апублікавала рукапісы твораў А. Воляна, аднаго зь вядучых ідэолягаў Рэфармацыі ў ВКЛ, і прафэсара Віленскай езуіцкай Акадэміі - Я. Хандзінскага. Аналізуючы погляды прадстаўнікоў двух розных веравызнаньняў, аўтар сьцьвярджае, што яны, тым ня менш, прызнавалі права сялянаў на асабістую свабоду. У манаграфіі І. Лукштайтэ "Радыкальныя накірункі Рэфармацыі ў Літве" асьвятляюцца сацыяльныя аспэкты дзейнасьці летувіскіх і беларускіх арыянаў, прыводзяцца цікавыя зьвескі аб удзеле дзеячоў рэфармацыйнага руху ў разьвіцьці культуры ў ВКЛ, фармаваньні рацыяналістычных тэндэнцыяў, змаганьні за ўмацаваньне прынцыпаў верацярпімасьці ў ВКЛ. У дасьледаваньні А. Бумблаўскаса "Гэнэзіс Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім" (да заключэньня Люблінскай вуніі) прадпрынятая спроба вызначэньня сацыяльнай асновы разнастайных ідэйных плыняў у рэфармацыйным руху. Аўтар выказвае цікавае, на наш погляд, слушнае меркаваньне, што посьпеху кальвінства ў ВКЛ садзейнічаў яго "рэспубліканскі характар, садзейнічаньне яму структуры панскага землеўладаньня і патранату над касьцёламі".
- Агульныя вынікі дасьледаваньня Рэфармацыі ў ВКЛ нельга назваць ні вычарпальнымі, ні бясспрэчнымі па многіх вылучаных пастулятах. Аднак сучасная манаграфія (С.А. Падокшына), непасрэдна прысьвечаная асобным праблемам тэмы, галоўным чынам ідэйна-філязофскім, і некалькі іншых буйных працаў (І. Лукшайтэ, М. Дзьмітрыеў) закранаюць некаторыя пытаньні, якія цікавяць нас. Гэтыя працы, разам з больш дробнымі публікацыямі мелі вялікае значэньне ў дасьледаваньні розных бакоў рэфармацыйнага руху ў Беларусі. Больш шырока, чым іншыя праблемы, вывучаны асобныя аспэкты грамадзка-палітычнай дзейнасьці беларускіх арыянаў, іх ідэалёгія, сувязі з малапольскімі дзеячамі, рэфармацыйная літаратура, палемічная публіцыстыка. Апошнім часам выйшла некалькі манаграфічных працаў, прысьвечаных знакамітаму дзеячу Рэфармацыі Сымону Буднаму. [32] Значныя фактычныя й канцэптуальныя ўдакладненьні ў вывучэньне дзейнасьці Сымона Буднага, расейскіх ерытыкоў у ВКЛ у другой палове XVI ст. зрабілі працы Г.Я. Галенчанкі. [33]
- Тым ня менш шматлікія важныя праблемы рэфармацыйнага руху даследаваныя слаба альбо ўвогуле абмінуты ўвагаю ў гістарыяграфіі. Не вывучаная гісторыя асноўнай, панавальнай ў рэфармацыйным руху Беларусі плыні - кальвінства, не напісана палітычная і царкоўная гісторыя Рэфармацыі, няма статыстыкі і гісторыі пратэстанцкіх грамадаў (збораў), якія існавалі ў Беларусі ў XVI - перш. пал. XVIІ стст. Ня высьветлена эвалюцыя расейскай плябейска-сялянскай ерасі (Фэадосі Касой і яго пасьлядоўнікі), якія ўступілі ў непасрэдны кантакт з рэфармацыйным рухам Беларусі, Летувы, Украіны ў 50-70-я гг. XVI ст. Дэталёвага аналізу патрабуе ўдакладненьне сацыяльнай асновы ўсіх накірункаў Рэфармацыі, іхнюю ролю ў грамадзка-палітычным і культурна-гістарычным працэсе, высьвятленьне тыпалягічных рысаў Рэфармацыі ў Беларусі.
- СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
- 1. Юхо Я. Гісторыя караі назвы беларусь./ Я.Юхо. // беларускі гістарычны часопіс 2004 г. №6 с. 39.
- 2. Ширяев Е. Белорусы: история и территория // Нёман - 1991. - №7 - с. 152-164.
- 3. Крышталович Л. От Руси и Беларуси / Крышталович Л // Неман - 2003. - №10 - с. 152-158.
- 4. Павловский С. Саганович Т. Древняя Литва и современная Летува [Белоруссия и белорусы XV-XVII]. // Неман - 1991 №1 с. 162-165.
- 5. Рогалев А. Кто же мы беларусы? У истоков Белорусской государственности. Ещё одна версия. // Политический собеседник 1991 г. - №2 -с. 28-31. №3 -с.24-27 №4 с. 22-24.
- 6. Сташкевич Ч. Исторический путь белорусского народа / Сташкевич Ч.// Белорусская думка -2003 №9 -с. 3-11. №10 - с. 3-13.
- 7. Коробушкина Т.М. Насельніцтва Беларускага Пабужжа X-XIII cт. /НАН Беларусі; Інстытут гісторыі. -Мн.: Беларуская навука, 1999. -126 c.
- 8. Бандарчык В. Адкуль мы? Да пытаня аб этнагінезе Беларусі // Белорусская думка -1994 №3 -с. 43-53.
- 9. Крышталовч Л. Общеруские корни белоруские народности / Крышталовч Л. // Неман -2004. №1. - с. 162-170.
- 10. Грыцкевіч В. Беларуска - рускія перасяленні у XIV - XVIII ст. // Спадчына 1993 г. №3.
- Размещено на Allbest.ru
Подобные документы
Калыска беларускай дзяржаўнасці і месца, дзе фарміравалася беларуская народнасць. Назва Вялікага Княства. Утварэння Вялікага княства Літоўскага, адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел беларускіх зямель у ХVI ст.
реферат [35,9 K], добавлен 08.04.2012Асноўныя напрамкі знешняй палітыкі Вялікага княства Літоўскага ў у XIV – першай палове XV ст. Прычыні варожых адносін Вялікага княства Літоўскага з Масквой. Ваенныя няўдачы 1500 г. та унія з Польшчай. Ваенная кампанія 1507 г., звязана з паўстаннем у ВКЛ.
реферат [16,2 K], добавлен 28.11.2009Першае збліжэнне Вялікага княства Літоўскага і Польскай дзяржавы. Пачатак Лівонскай вайны. Пытанне заключэння уніі з Польшчай, особеності вылучаных патрабаванняў. Вялікае княства Літоўскае ў складзе Рэчы Паспалітай, характарыстыка палажэнняў Статута 1588.
реферат [17,8 K], добавлен 28.08.2011Перамога войск Вялікага княства Літоўскага на чале з Альгердам над татара-манголамі на рэках Сінія Воды і Ворскла. Гістарычнае значэнне разгрома крыжакоў пад Грунвальдам. Войны паміж Вялікім княствам Літоўскім і Рускай дзяржавай у канцы XV-XVI ст.
контрольная работа [34,9 K], добавлен 24.11.2010Тры розныя падыходы да разгляду гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Канцэпцыя ўтварэння ВКЛ М. Ермаловіча. Барацьба Полацкага княства з ордэнам мечаносцаў, адпор полчышчам татара-манголаў. Аб'яднальны працэс заходнерускіх зямель пры князі Гедыміне.
реферат [30,3 K], добавлен 28.11.2009Фарміраванне адносін феадальнай уласнасці, катэгорый феадалаў і залежнага насельніцтва, форм іх землеўладання і землекарыстання у ВКЛ у XIV – першай палове XVI ст. Рост велікакняжацкай улады. Палітычны лад Вялікага княства Літоўскага, мясцовае кіраванне.
реферат [16,7 K], добавлен 28.11.2009Аналіз нормаў Статута 1588 г., што вызначылі структуру, кампетэнцыю, характар дзейнасці цэнтральных устаноў і службовых асоб. Агляд найбольш важных норм цывільнага, дзяржаўнага, ваеннага права, асаблiвасцей крымінальнага права Вялікага княства Літоўскага.
контрольная работа [33,2 K], добавлен 29.06.2011Вывучэнне сутнасці, перадумовы прыняцця, станоўчых і адмоўных бакоў Люблінскай уніі. Вызначэнне ўмоў станаўлення Вялікага княства Літоўскага на палітычнай арэне XV-XVI ст. Высвятленне асноўных момантаў і вынікаў аб'яднання дзяржавы ў Рэч Паспалітую.
контрольная работа [272,9 K], добавлен 08.08.2010Утварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Палітычнае становішча ВКЛ да сярэдзіны XVI ст. Асноўныя накірункі развіцця ВКЛ у XV ст. Палітычнае становішча Беларусі. Дзяржаўны лад і органы кіравання. Гаспадарчае развіцце беларускіх зямель.
курсовая работа [99,9 K], добавлен 21.01.2011Прычыны, якія прывялі да вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. Стан Расіі напярэдадні вайны, яе дыпламатычная палітыка, палітыка царызму на акупаванай тэрыторыі. Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага ў 1654-1655 та 1656-1667 гг.
курсовая работа [32,4 K], добавлен 03.07.2010