Першая сусветная вайна на Беларусі

Пачатак і прычыны Першай сусветнай вайны. Эканамічнае і палітычнае становішча беларускіх зямель. Беларусь як арэна для ваенных дзеянняў. Асноўныя напрамкі дзейнасці беларускага нацыянальнага руху. Прычыны ваенных паражэнняў царскай арміі ў 1915 годзе.

Рубрика История и исторические личности
Вид реферат
Язык белорусский
Дата добавления 04.02.2012
Размер файла 39,3 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Змест

Уводзіны

1. Пачатак і прычыны першай сусветнай вайны

2. Эканамічнае і палітычнае становішча беларускіх зямель

3. Беларускі нацыянальны рух

Заключэнне

Спіс літаратуры

Уводзіны

Колькі год чалавецтва марыла аб тым, каб у грамадстве не стала эксплуататараў і эксплуатуемых! На працягу ўсёй сваёй шматвяковай гісторыі масы людзей вялі барацьбу за ажыццяўленне гэтай запаветнай мэты. Колькі разоў браліся яны за зброю, каб пазбавіцца ўлады эксплуататараў і стаць сапраўднымі гаспадарамі свайго жыцця! Аднак ланцугі рабства разарваць не ўдавалася. Часамі яны замяняліся новымі, не менш цяжкімі.

Так і здарылася… Першая сусветная вайна… Смяротнай хадой яна прайшлася па тэрыторыі Беларусі.

Вайна вялася арміямі, якія выкарыстоўвалі разбуральную зброю, створаную індустрыяльным грамадствам. Вайна, пачатая для пашырэння і ўмацавання імперый, праз чатыры гады іх жа і разбурыла. Яна так і не змагла вырашыць супярэчнасцей паміж буйнейшымі імперыялістычнымі краінамі, а толькі прычыніла нябачаныя разбурэнні народнай гаспадарцы, выклікала незлічоныя людскія ахвяры, прынесла галечу і голад народу. Аднак разам з усімі народамі краіны гераічную барацьбу за сваё вызваленне вёў і беларускі народ. Гісторыя ў чарговы раз паставіла народ Беларусі перад жорсткімі выпрабаваннямі.

Менавіта лёс Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны і будзе вызначаны ў рабоце. Каб выканаць пастаўленную мэту трэба адзначыць і рад задач:

1. Асвяціць пачатак і указаць прычыны Першай сусветнай вайны;

2. Апісаць эканамічнае і палітычнае становішча беларускіх зямель;

3. Паказаць асноўныя кірункі дзейнасці беларускага нацыянальнага руху.

Пры напісанні работы была выкарыстана наступная літаратура: падручнікі па гісторыі Беларусі ад старажытных часоў - па люты 1917, Беларусь у кантэксце сусветнай гісторыі, аўтара Саракавіка І.А., у якіх гісторыя разглядаецца як састаўная частка еўрапейскай і сусветнай гісторыі; шматтомныя энцыклапедыі, у якіх аўтары разглядаюць мінулае нашай Бацькаўшчыны ў перыяд знаходжання беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі, а таксама адлюстроўваюць шматвяковы шлях беларускага народа ад сівой даўніны да нашых дзён; артыкулы перыядычных выданняў.

1. Пачатак і прычыны першай сусветнай вайны

Першая сусветная вайна пачалася 1 жніўня 1914 г. па новаму стылю. Галоўнай яе прычынай з'явіліся супярэчнасці паміж буйнейшымі імперыялістычнымі краінамі. Прага да сусветнага панавання была важнейшым каталізатарам палітыкі гэтых краін. Англія, напрыклад, жадала стварыць яшчэ больш “Вялікую Брытанію”, каб падпарадкаваць сабе ўвесь свет, намервалася разграміць Германію захапіць яе калоніі і арабскія тэрыторыі ў Турцыі. Германія імкнулася: дамагчыся панавання ў Еўропе, для гэтага разграміць свайго галоўнага эканамічнага канкурэнта -- Англію, пазбавіць яе калоній i ваенна-марскога флоту; разбіць Францыю, Бельгію, Галандыю i захапіць ix калоніі; аслабіць Расію, забраць у яе Польшчу, Украіну, Прыбалтыку, замацавацца на Балканах. Акрамя таго, Германія прагнула мець вялізную германскую калонію ў Афрыцы. Францыя спадзявалася не толью вярнуць Эльзас i Латарынгію, але i завалодаць сумежным Саарскім вугальным басейнам, абараніць свае калоніі (найперш Марока) ад дамаганняў Германіі. У царскай Pacii былі свае інтарэсы ў Турцыі, Персіі, Галіцыі. Яна імкнулася авалодаць пралівамі Басфор i Дарданелы. Аўстра-Венгрыя хацела замацаваць свой уплыў у Балгарыі i Румыніі, падпарадкаваць Сербію. Італьянскія iмпeрыялісты імкнуліся вярнуць славу Старажытнага Рыма, падпарадкаваць сабе Албанію, перадзяліць каланіяльныя ўладанні ў Афрыцы. Злучаныя Штаты Амерыкі марылі ўзмацніць свой уплыў у Заходнім паўшар'i, а таксама ў Kітаi. Японія мела на мэце захапіць усю Усходнюю Азію i значную частку Ціхага акіяна.

Падрыхтоўка да здзяйснення гэтых планаў абвастрала існуючыя i нараджала новыя супярэчнасці. Галоўнай была супярэчнасць паміж старой каланіяльнай Англіяй i хутка набіраючай моц Германіяй, саперніцтва паміж Германіяй i Расіяй з-за ўплыву на Балканах, а таксама спрэчкі з-за таго, што Германія хацела адарваць ад Pacii i захапіць Польшчу, Фiнляндыю, Беларусь i Украіну. Сутыкаліся інтарэсы i іншых краін: Францыі i Германіі, Iтaлii i Аўстра-Венгрыі. У сувязі з гэтым у канцы XIX - пачатку XX ст. утварыліся два саюзы iмпepыялicтычныx краін: Германія - Італія - Аўстра-Венгрыя (Tpaicты саюз) i Англія - Францыя - Расія (Антанта). Гэтыя саюзы пачалі ўзмоцнена рыхтавацца да вайны.

Былі створаны шматмільённыя арміі. Узброеныя сілы германа-аўстрыйскага блока налічвалі больш за 3,5 млн. чалавек, а Антанты - больш за 6 млн. Панаванне ў краінах гэтых блокаў буйных мaнaпoлiй i барацьба паміж iмi пpывялi да рэзкага ўзмацнення нераўнамернасці развіцця капіталістычных краін. У выніку на сусветнай арэне змяніліся cyaднociны эканамічных i ваенных сіл. Kpaiны, якія aбaгнaлi ў развіцці cвaix канкурэнтаў, дaбiвaлicя новых рынкаў збыту, новых сфер выкарыстання капіталу. Але ў cyвязi з тым, што да пачатку XX ст. свет быў падзелены паміж буйнейшымі iмпepыялicтычнымi краінамі, новы яго перадзел мог скончыцца тoлькi вайной. сусветная вайна беларусь армія

Акрамя эканамічных сур'ёзнай палітычнай прычынай вайны было імкненне падавіць узросшы за апошняе дзесяцігоддзе рэвалюцыйны рух. Расійская рэвалюцыя 1905 -- 1907 гг. садзейнічала ўзмацненню барацьбы працоўных Еўропы i Aмерыкi, абуджэнню нацыянальна-вызваленчага руху народаў Усходу. Імперыялісты нaцкoўвaлi адны народы на другія, каб адцягнуць працоўных ад рэвалюцыйнай барацьбы [2, с. 364-365].

Падставай для развязвання вайны з'явіліся супярэчнасці паміж Аўстра-Венгрыяй і Сербіяй, што ўзніклі ў выніку забойства 28 чэрвеня 1914 г. у Сараеве, сталіцы Босніі-Герцагавіны, якая належала тады Аўстрыі, сербскім нацыяналістам Г. Прынціпам аўстрыйскага наследніка прастола Франца Фердынанда. 23 ліпеня Аўстра-Венгрыя пры падтрымцы Германіі накіравала Сербіі ўльтыматум з патрабаваннем правесці на яе тэрыторыі сваімі сіламі расследаванне. Атрымаўшы невыразны адказ, Аўстрыя 28 ліпеня правяла мабілізацыю i аб'явіла вайну Ceрбii. 29-30 ліпеня Pacія ў адказ на гэта правяла сваю мабілізацыю супрацъ Аўстрыі, а затым i Германіі. Апошняя патрабавала ад Pacii гэта спыніць i, не атрымаўшы адказу, 1 жніўня аб'явіла вайну Pacii, а 3 жніўня - Францыі, як саюзніцы Pacii. Еўропа стала тэатрам самай крывавай вайны ў сваёй гісторыі. Hixто не ведаў, чым гэта ўсё завершыцца [8, с. 473].

Брытанскі мiнicтp замежных спраў, як быццам, зазначыў тады: “У Еўропе патухлі агні. I пры нашым жыцці мы ўжо не ўбачым, як яны загарацца зноў” [цыт. па: 6, с. 213].

Пачалася сусветная вайна, якая працягвалася 4 гады i 4 месяцы i дорага абышлася чалавецтву. Паводле няпоўных звестак, было зaбiтa, паранена i скалечана 30 млн. чалавек. Ваенныя расходы дзяржаў cклaлi 416 млрд. рублёў. У вайне удзельнічала 33 краіны з насельніцтвам звыш 1,5 млрд. чалавек, гэта значыць 75 % усяго насельніцтва зямнога шара.

Вайна, распачатая манапалістычнай буржуазіяй, не вырашала задач нацыянальнага развіцця ніводнай дзяржавы (сваю незалежнасць адстойвала толькі Сербія), не адпавядала інтарэсам працоўных, была з ycix бакоў захопніцкай. Урады кpaiн - удзельніц вайны стараліся пераканаць свае народы ў тым, што яна вядзецца ў мэтах абароны радзімы.

Трэбы закрануць і пытанне аб тым, якімі былі адносіны да пачатку вайны насельніцтва і палітычных партый?

Пануючыя класы і вярхі гандлёва-прамысловай буржуазіі Расіі падтрымалі вайну, таму што чакалі для сябе вялікіх выгод ад будучага падзелу турэцкай і аўстрыйскай маёмасці.

Шырокія пласты гарадской сярэдняй буржуазіі і буржуазнай інтэлігенцыі пад уплывам друку, пропаведзяў духавенства таксама лічылі вайну справядлівай з боку Расіі.

У самым пачатку вайны ў Мінску, Магілёве, Віцебску і іншых гарадах мясцовымі органамі ўлады былі праведзены патрыятычныя сходы. У Мінску 18 жніўня 1914 г. вялікая група вучнёўскай моладзі прайшла па вуліцы да дома губернатара і падала адрас на імя цара, у якім гаварылася аб поўнай падтрымцы палітыкі ўрада ў вайне супраць Германіі і Аўстра-Венгрыі. Амаль 5 тыс. чалавек прынялі ўдзел у патрыятычнай маніфестацыі, якая адбылася 30 жніўня 1914 г. у г. Пінску. Асаблівы патрыятычны ўздым назіраўся ў г. Магілёве. У ліпені 1914 г. тут адбыліся сходы прадвадзіцеляў дваранства, членаў земства, ганаровых грамадзян, духавенства і настаўнікаў, удзельнікі якіх запэўнівалі, што насельніцтва Магілёўскай губерні адзінадушна адабрае ўрадавую палітыку, гатова на любыя ахвяры дзеля Айчыны.

Сялянства ўспрымала вайну больш стрымана. Яна была для селяніна цяжкім бедствам, якое несла гора i пакуты. Усведамленне гэтага з'яўлялася адной з прычын гвалтоўных эксцэсаў у ходзе мабілізацыі, часам жа выяўлялася ў форме антываенных i нават антыцарскіх выказванняў. Разам з тым i частка сялян, асабліва маладзейшага ўзросту, у пачатку вайны трапіла пад уздзеянне афіцыйнай прапагандысцкай кампаніі [3, с. 434-438].

Партыі акцябрыстаў і кадэтаў заявілі аб сваёй поўнай падтрымцы знешняй палітыкі ўрада Расіі. Лідэр кадэтаў П. Мілюкоў выказаў думку аб далучэнні Галіцыі, Угорскай Русі, Букавіны да Расіі з той мэтай, каб дапамагчы нацыянальнаму ўз'яднанню ўкраінскага народа. Ён жа прапанаваў далучыць да Расіі і землі, якія да славян ніякіх адносін не мелі: Басфор і Дарданелы, прыбярэжную тэрыторыю Турцыі з г. Стамбулам. Справа была не толькі ў абароне славян. Будаўніцтва Германіяй Багдадскай чыгункі праз Балканы і Турцыю закранала эканамічныя інтарэсы Расіі, якая вывозіла праз пралівы Басфор і Дарданелы 37 % сваіх тавараў, прызначанага на экспарт. 3 будаўніцтвам дарогі Германія ўстанавіла кантроль над пралівамі і стала галоўнай перашкодай пранікненню Расіі ў Турцыю. Пад германскі ўплыў трапіла і Балгарыя, што таксама супярэчыла пазіцыі Расіі, якая лічыла сябе абаронцай усіх славянскіх народаў.

Сярод дробнабуржуазных партый панавалі абаронніцкія погляды. Большасць эсэраў і меншавікоў прытрымліваліся лозунга “абароны радзімы ад прускіх варвараў”. Невялікая група меншавікоў-інтэрнацыяналістаў на чале з Ю. Мартавым выступіла з асуджэннем урадаў ваюючых краін. Сярод меншавікоў меў месца і правасацыялістычны напрамак. Яго ўзначальваў Г.В. Пляханаў. Ён лічыў, што Расія вядзе праўдзівую вайну, што адказнасць за яе павінен несці той, хто яе распачаў.

У партыі эсэраў таксама вызначылася тры напрамкі ў адносінах да вайны: сацыял-шавіністычны, які падтрымліваў ўрад, цэнтрысцкі, які прапагандаваў лозунг “без пераможцаў і без паражэнцаў”, і левы, які выступаў супраць вайны, за мір, зямлю і волю.

Найбольш радыкальнае стаўленне да вайны заняла партыя бальшавікоў, якая распрацавала сваю праграму. Сутнасць яе заключалася ў трох лозунгах. Першым і галоўным з іх быў лозунг “ператварыць імперыялістычную вайну ў вайну грамадзянскую”. Другім лозунгам бальшавікоў стаў лозунг “паражэння “сваіх” урадаў у імперыялістычнай вайне”. Трэцім - заклік да “поўнага разрыву з II Інтэрнацыяналам, стварэння III, Камуністычнага Інтэрнацыянала”. Трэба адзначыць, што апошні лозунг не падтрымала ніводная з еўрапейскіх сацыял-дэмакратычных партый [2, с. 366-369].

2. Эканамічнае і палітычнае становішча беларускіх зямель

З 18 ліпеня 1914 г. беларускія губерні былі аб'яўлены на ваенным становішчы. На іх тэрыторыі ўстанаўліваўся жорсткі ваеннапаліцэйскі рэжым. Забараняліся сходы, шэсці, маніфестацыі, уводзілася ваенная цэнзура. Працоўныя Беларусі выказвалі глыбокую незадаволенасць такім становішчам. Гэта незадаволенасць асабліва праявілася ў перыяд мабілізацыі насельніцтва ў войска ў чэрвені --ліпені 1914 г. У многіх паветах Беларусі адбыліся стыхійныя выступленні прызыўнікоў. У Мінскай губерні антываеннымі выступленнямі былі ахоплены пяць паветаў. Разгромы памешчыцкіх маёнткаў адбыліся ў Навагрудскім, Сенненскім, Ігуменскім, Мазырскім і іншых паветах. Усяго ў Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губернях у дні ліпеньскай мабілізацыі адбылося больш за 20 выпадкаў разгрому памешчыцкіх маёнткаў. Урад люта распраўляўся з удзельнікамі гэтых выступленняў. Па прыгаворах ваеннапалявых судоў многія з іх былі пакараны смерцю. Жорсткімі рэпрэсіямі і масавымі мабілізацыямі рабочых і сялян царскія ўлады імкнуліся ачысціць прыфрантавую паласу ад рэвалюцыйных элементаў.

Асабліва шалёнымі былі ганенні на сацыял-дэмакратычныя арганізацыі. Царскія ўлады разганялі прафсаюзы, асветныя таварыствы і іншыя масавыя арганізацыі працоўных. У час усеагульнай мабілізацыі ўсе сілы жандармерыі і паліцыі былі прыведзены ў баявую гатоўнасць.

3 лета 1915 г. значная частка тэрыторыі Беларусі стала арэнай ваенных дзеянняў. Як гэта адбылося?

Расія, згодна з распрацаваным планам ваенных дзеянняў, меркавала нанесці галоўны ўдар па Аўстра-Венгрыі ў напрамку Галіцыі, што давала магчымасць пранікнуць на Балканы і да праліваў Басфор і Дарданелы. Здзяйсненню плана магло паспрыяць тое, што на пачатку вайны галоўныя сілы Германіі былі кінуты супраць Францыі і рухаліся ў напрамку да Парыжа. Францыя запатрабавала ад царскага ўрада выканаць абязацельствы франка-рускай канвенцыі 1907 г. і накіраваць галоўныя сілы супраць Германіі. Не спыняючы дзеянняў супраць Аўстра-Венгрыі, рускае камандаванне, падпарадкоўваючыся патрабаванням Антанты, 17 жніўня 1914 г. рушыла свае 1-ю і 2-ю арміі ў наступленне на Усходнюю Прусію. Нямецкае камандаванне вымушана было перакінуць частку сваіх войск з Заходняга фронту на Усходні. У выніку баявых дзеянняў расійскія арміі пацярпелі некалькі паражэнняў і былі выцеснены з Усходняй Прусіі.

На Паўднёва-Заходнім фронце 3-я і 7-я расійскія арміі пасля часовых поспехаў таксама пацярпелі паражэнне, пакінулі Галіцыю, страціўшы каля 600 тыс. чалавек палоннымі, забітымі, параненымі. Захапіўшы Галіцыю, Германія сканцэнтравала галоўныя сілы на польскім тэатры ваенных дзеянняў, каб акружыць і знішчыць сем расійскіх армій. Камандуючы Паўночна-Заходнім фронтам генерал М. Аляксееў быў вымушаны вывесці свае арміі з польскага “мяшка”, церпячы паражэнне за паражэннем. Саюзнікі Расіі -- Англія і Францыя нічога не зрабілі, каб аблегчыць становішча расійскіх войск. Пры наступленні на Варшаву германскае камандаванне ўпершыню выкарыстала газавую атаку, у выніку якой загінула 9 тыс. расійскіх салдат. Пазбягаючы акружэння ў Польшчы, у ліпені 1915 г. рускія здалі немцам Варшаву.

Фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленне ў накірунку Коўна - Вільня - Мінск. У пачатку верасня 1915 г. расійская армія пакінула Вільню, Гродна, Брэст і іншыя гарады Заходняй Беларусі. Стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск - Паставы - Баранавічы - Пінск. Каля паловы тэрыторыі Беларусі апынулася пад нямецкай акупацыяй, у тым ліку населеныя пункты Гродна, Ашмяны, Смаргонь, Ліда, Слонім, Навагрудак, Баранавічы, Ваўкавыск, Пружаны, Брэст, Кобрын, Пінск.

Паражэнне расійскай арміі на франтах было вынікам тэхніка-эканамічнай адсталасці Расіі. Эканоміка краіны, слаба развіты транспарт не маглі забяспечыць патрэбы арміі і тылу. Слабы быў і ваенна-эканамічны патэнцыял краіны.

3 першых дзён вайны адчуваўся востры недахоп узбраення і боепрыпасаў. Расійская армія была дрэнна забяспечана артылерыяй і снарадамі. Не хапала нават вінтовак і патронаў да іх. Нягледзячы на велізарныя страты і адсутнасць узбраення, царскі ўрад без перапынку гнаў на фронт няўзброеных салдат.

Вайна прынесла незлічоныя бедствы беларускаму народу. Гінула мірнае насельніцтва, руйнаваліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці [2, с. 369-371].

Цяжкае сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча склалася на тэрыторыі Беларусі.

У сувязі з наступленнем нямецкіх полчышчаў на ўсход рынуўся каласальны паток бежанцаў. Масавыя ўцёкі мірнага нaceльнiцтвa, галоўным чынам жанчын, старых i дзяцей, з прыфрантавых раёнаў набылі катастрафічныя памеры. Многія тысячы людзей, асабліва старыя i дзеці, знясіленыя ад cпёкі, cмагi і голаду, гінулі ў дарозе. Шлях бежанцаў быў усеяны магільнымі крыжамi і ўзгоркамі.

К восені 1915 г. бясконцы паток бежанцаў запоўніў усходнюю частку Беларусі. Яны ператварыліся ў масу жабракоў, галодных i бяздомных, пазбаўленых сродкаў існавання. Вось што расказваў пра становішча бежанцаў памешчык Бабруйскага павета Станкевіч у пісьмe на імя старшыні савета міністpaў 8 верасня 1915 г.: “У маім двары, у садах месціцца 30-40 тысяч няшчаснага народу, халоднага, галоднага, халера зaбipae штодзённа масу ахвяр, ляжыць мярцвячына, якую нixто не прыбірае, у флігелі месцяцца дзесяткі хворых на халеру, санітарнай дапамогі ніякай, паветра страшэннае, народ ад'язджае, а тыя, хто прыязджаюць, займаюць ix месцы ў адным брудзе i тут жа памраюць” [цыт. па: 4, с. 601].

Hi царскі ўрад, нi грамадскія арганізацыі буржуазіі (саюз земстваў i саюз гарадоў) уладкаваннем бежанцаў па-сапраўднаму не займаліся.

Ваенныя дзеянні на фронце ўсё болей выяўлялі правал ваеннай палітыкі царызму, ілжывасць i прадажнасць яго апарату, прагнае імкненне царскіх чыноўнікаў, памешчыкаў i буржуазіі выкарыстаць вайну ў свaix мэтах, нажыцца на крыві i няшчасці народу.

На акупаванай тэрыторыі паводле загаду нямецкага галоўна-камандуючага Гіндэнбурга быў уведзены жорсткі рэжым дэспатызму, рабаўніцтва i гвалту.

Нямецкія захопнікі распрацавалі шырокую сістэму падаткаў i штрафаў. Падатак браўся з плакатаў, забаўных відовішчаў, бальніц, бойняў, рынкаў i г. д. Акрамя гэтага, усё насельніцтва ва ўзросце ад 15 да 60 гадоў павінна было плаціць падушны падатак. Начальнікi ваенных упраўленняў мелі права паводле свaix меркаванняў вызначаць памер падатку i аб'екта абкладання iм.

Першая сусветная вайна падарвала i без таго слаба развітыя прадукцыйныя сілы кpaiны i прывяла да ўпадку i paзpyxi яе гаспадарку, узмацніла бядоту, голад i нястачы народа.

Ужо з лета 1915 г. рэзка скарацілася здабыча вугалю, жалезнай руды, вытворчасць чыгуну, сталі, прамысловага абсталявання i тавараў народнага ўжытку. Спыняліся фабрыкі i заводы, расла дарагавізна. Асабліва ў цяжкім становішчы апынуўся чыгуначны транспарт, які дайшоў да стану дэзарганізацыі i развалу. Наспяваў фінансавы крызіс. Заняпала сельская гаспадарка.

Асабліва цяжка адбівалася вайна на гаспадарцы Беларусі. Былі разбураны многія прамысловыя прадпрыемствы. Царскі ўрад не здолеў эвакуіраваць абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў. Усяго з Беларусі было вывезена ці дэманціравана 432 прамысловыя прадпрыемствы, прычым большая частка абсталявання, пагубілася ў дарозе.

У неакупаваных раёнах Беларусі многія галіны прамысловасці з-за адсутнасці сыравіны, паліва, кваліфікаваных рабочых рук скарацілі або зусім спынілі сваю вытворчасць. Ужо пад канец 1915 г. на Беларусі працавала ўсяго толькі 139 фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. Спынілася больш як 600 прадпрыемстваў дрожджава-вінаробчай i харчовай прамысловасці, амаль усе дрэваапрацоўчыя заводы. Закрыліся або рэзка скарацілі вытворчасць прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў -- гуты, цагелыны, чарапічна-кафляныя прадпрыемствы, што выпускалі прадметы народнага ўжытку.

Разам з рэзкім скарачэннем прамысловай вытворчасці ў цэлым паасобныя галіны (швейная, абутковая, металаапрацоўчая, хлебапякарна-сухарная i некаторыя іншыя), што выконвалі ваенныя заказы, значна павялічылі выпуск прадукцыі. Адбыліся значныя змены галіновай структуры прамысловасці Беларусі ў гады вайны. Разам з перабудовай многix фабрык i заводаў, што асталіся тут, было створана нямала часовых буйных прадпрыемстваў i майстэрань, што абслугоўвалі армію. Шырокае развіццё атрымала тут хлебапякарна-сухарная вытворчасць. Прадпрыемствы па выпуску гэтай прадукцыі былі адкрыты ў Віцебску, Мінску, Магілёве, Нова-Барысаве, Гомеле, Оршы. У выніку колькасць рабочых у гэтай галіне павялічылася амаль у 5 разоў.

Вялікія заказы ваеннага ведамства выконвала беларуская прамысловасць па забеспячэнні apмii вопраткай, абуткам i рыштункам. У 1915 г. адкрылася 10 буйных швальняў, дзе працавала 1670 чалавек. Акрамя таго, усе дробныя майстэрні ва ўcix губернях і павятовых гарадах павінны былі выконваць заказы на шыццё вайсковага адзення, абутку, выраб прадметаў вайсковага рыштунку. Павялічыўся аб'ём вытворчасці на тэкстыльных прадпрыемствах Беларусі.

На вытворчасць боепрыпасаў, транспартных сродкаў i іншага вайсковага рыштунку былі пераключаны ўсе прадпрыемствы металаапрацоўчай прамысловасці. У Мінску снарады i гранаты рабілі 5 заводаў. Гранаты i чыгунныя снарады выпускалі 3 гомельскія заводы. Гранаты i бомбы выраблялі Рэчыцкі i Аршанскі (Барань) драцяна-цвіковыя заводы. У Гомелі, Оршы, Віцебску, Miнскy былі створаны майстэрні для вырабу i рамонту збpoi i транспартных сродкаў.

На ўcix прадпрыемствах, што абслугоўвалі фронт, разам з мясцовымі была занята вялікая колькасць рабочых, мабілізаваных з прамысловых цэнтраў Раійскай iмперыii.

Амаль усе рабочыя, што працавалі на прадпрыемствах, якія выпускалі прадукцыю для арміі, былі пастаўлены пад кантроль ваенных ведамстваў. На ix пашыраліся спецыяльныя “Правілы”, згодна з якімі ўстанаўліваліся строгі рэжым i дысцыпліна. Работа на гэтых прадпрыемствах вызначалася “Правіламі” як “спецыфічны від вайсковай службы, неабходнай дзяржаве на час вайны”. За удзел у забастоўках або спыненне работы без дазволу адміністрацыі прадпрыемства i вайсковых улад рабочых адпраўлялі ў штрафныя роты.

У гады вайны рабочы дзень па сутнасці не рэгламентаваўся. У прыфрантавой паласе былі адменены выхадныя i святочныя дні, шырока практыкаваліся звышурочныя работы i нізкааплатная праца жанчын, падлеткаў i дзяцей [4, с. 602-606].

У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш як палова ўсіх працаздольных мужчын беларускай вёскі былі мабілізаваны і адпраўлены на фронт. Толькі з Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў у армію прызвалі 634 400 чалавек. Акрамя гэтага, на абаронныя работы: капанне акопаў, будаўніцтва мастоў, рамонт дарог, ахову вайсковых аб'ектаў і г. д. прымусова пасылалася ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы. Цяжкім ярмом для сялян Беларусі з'яўляліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, прадуктаў харчавання і фуражу. За гады вайны значна скараціліся пасяўныя плошчы Беларусі.

3-за моцнага заняпаду сельскай гаспадаркі амаль перасталі паступаць на рынак прадметы першай неабходнасці, што выклікала рост дарагоўлі, хуткае зніжэнне жыццёвага ўзроўню народа. Цэны на прадукты харчавання і адзенне на Беларусі да 1917 г. павялічыліся ў 5-8 разоў.

Цяжкае становішча, у якім апынуліся працоўныя Беларусі, вымушала іх весці барацьбу за сваё існаванне. Рабочыя і сяляне ўжо ў пачатку вайны пазбавіліся патрыятычнага ладу, якім царскія ўлады прыкрывалі захопніцкія мэты вайны. Адбыўся якасны зрух у грамадскай свядомасці. Пачынаючы з 1915 г. назіралася нарастанне рабочага руху. У красавіку 1915 г. адбылося выступленне рабочых і служачых Гомельскага чыгуначнага вузла. Летам таго ж года баставалі рабочыя дэпо Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі, а ў 1916 г. дэпо станцый Маладзечна і Віцебска. Арганізатараў стачак арыштоўвалі і адпраўлялі на фронт. Асноўным патрабаваннем стачачнікаў з'яўлялася павышэнне заработнай платы.

Аднак трэба адзначыць, што стачкі на Беларусі ў гэты час адбываліся разрознена і, як правіла, у іх удзельнічала толькі частка пралетарыяў. Масавасці рабочы рух не набыў. Дзейнасці якіх-небудзь палітычных арганізацый і плыняў ва Усходняй Беларусі таксама не назіралася. Тлумачылася гэта прыфрантавым становішчам Беларусі, перанасычанасцю яе тэрыторыі войскамі, паліцыяй, жандармерыяй.

Больш шырокі размах на Беларусі ў гады вайны атрымаў сялянскі рух. Ён выліваўся ў масавыя пагромы памешчыцкіх маёнткаў, разрабаванне харчовых магазінаў і лавак. Гэты рух сведчыў аб адвечнай нянавісці сялян да прыгнятальнікаў. Аднак гэты рух нельга лічыць рэвалюцыйным. Па сутнасці мелі месца стыхійныя пагромы, якія суправаджаліся рабаваннем маёмасці памешчыкаў і гандляроў-яўрэяў. Найбольш масавым сялянскі рух быў у Сенненскім, Мазырскім, Ігуменскім, Рэчыцкім, Мінскім, Лепельскім паветах. Парадак наводзілі карныя атрады і ваеннапалявыя суды. Па іх прыгаворах у Сенненскім, Мазырскім і Ігуменскім паветах былі павешаны 16 чалавек, многія трапілі на катаргу і ў арыштанцкія роты.

Значна актывізаваўся сялянскі рух у 1915 г. у сувязі з перанясеннем баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі, ростам рэквізіцый і ваенных павіннасцей. Сярод сялян узмацніліся антыпамешчыцкія, антываенныя і антыўрадавыя настроі. На працягу 1915 г. адбылося 99 сялянскіх выступленняў. Аднак у 1916 - 1917 гг. колькасць сялянскіх выступленняў значна зменшылася. Адной з прычын спаду сялянскага руху было тое, што ў лістападзе 1915 г. урад прыняў закон аб спыненні на час вайны землеўпарадкавальных работ, звязаных з хутарызацыяй, якія выклікалі раней супраціўленне з боку большасці сялян. Новыя даследаванні сялянскага руху на Беларусі ў час вайны сведчаць і аб тым, што тут амаль не было выступленняў беднякоў і сераднякоў супраць кулакоў[2, с. 371-374].

Ваенныя паражэнні царскай арміі ў кампаніі 1915 г., няўдачы баявых дзеянняў у 1916 г., велізарныя людскія і матэрыяльныя страты выклікалі незадаволенасць салдат. У войсках успыхвалі хваляванні, звязаныя з дрэнным забеспячэннем прадуктамі і абмундзіраваннем, недахопам зброі і боепрыпасаў. Усяго на Беларусі ў перыяд вайны адбыліся 62 значныя хваляванні салдат. Цэлыя вайсковыя часці і злучэнні адмаўляліся ісці ў наступленне. Узмацнілася антыўрадавая агітацыя сярод салдат.

У выніку больш частымі сталі выпадкі добраахвотнай здачы ў палон, сярод салдат пашыралася дэзерцірства. Паводле даных Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага, з Заходняга фронту да 1 сакавіка 1917 г. дэзерціравала 13,6 тыс. салдат. Усё часцей назіраліся адмовы выходзіць на пазіцыі, пачало распаўсюджвацца братанне з немцамі. 3-за недахопу прадуктаў у войску салдаты ўчынялі пагромы крамаў, напады на памешчыцкія маёнткі, рабаванні.

Яскравым сведчаннем пачатку разлажэння царскай apмii з'явілася буйное выступленне ў кастрычніку 1916 г. на размеркавальным пункце каля Гомеля. Сюды адначасова былі прысланы данскія казакі, якія не вызначаліся дысцыплінаванасцю, i матросы Балтыйскага флоту, за рэвалюцыйныя выступленні спісаныя ў пяхоту. Такім чынам утварылася лёгкая на загаранне “грымучая сумесь”. Паўстанне ўспыхнула 22 кастрычніка, калі 4 тыс. салдат i матросаў не дапусцілі арышту казака, які не ўстаў у прысутнасці палкоўніка. Паўстанцы абяззброілі каравул гаўптвахты i вызвалілі з-пад арышту каля 800 чалавек. Выкліканыя камандаваннем іншыя войскі былі сустрэты ружэйным агнём, але, маючы перавагу ва ўзбраенні, рассеялі паўстанцаў. Праз некалькі дзён каля 200 вайскоўцаў разагналі ў Гомелі паліцэйскі атрад, абяззброілі на перасыльным пункце каравул i зноў вызвалілі арыштаваных. I гэта ўспышка была задушана ўзброенай сілай. За гэта арыштоўвалі і саджалі ў турму, каралі смерцю, адпраўлялі на катаргу і ў арыштанцкія роты.

Аднак рэпрэсіямі жо нельга было перапыніць працэс разлажэння арміі, якая з апоры царызму ператваралася ў крыніцу грознай небяспекі для пануючага рэжыму [3, с. 460-461].

Першая сусветная вайна абвастрыла ўсе супярэчнасці ў краіне, прывяла да вострага эканамічнага і палітычнага крызісу. У той час як рабочыя i сяляне знемагалі пад цяжарам эксплуатацыі i ваенна-паліцэйскага рэжыму, памешчыкі, буржуазія, царскія чыноўнікі набівалі сабе кішэні на ваенных пастаўках, раскрадалі дзяржаўныя сродкі.

3. Беларускі нацыянальны рух

Па меры паглыблення грамадскага крызісу ў шматнацыянальнай Расійскай імперыі абвастраліся не толькі сацыяльна-класавыя, але i нацыянальныя праблемы. Сярод інтэлектуальных i палітычных эліт нярускіх народаў краіны нарастала заклапочанасць будучым лёсам cвaix суродзічаў, актывізаваліся пошукі магчымых варыянтаў дзеянняў на выпадак змянення геапалітычнай сітуацыі ў Pacii i ў свеце.

Беларускі нацыянальны рух на падкантрольнай царызму тэрыторыі перажываў складаныя працэсы. Сыход з краю значнай часткі тытульнага этнасу (у асобе беларускіх бежанцаў i мабілізаваных у войска беларусаў) i наплыў сюды “прышлых элементаў” павялічылі этнічную стракатасць насельніцтва. Тым самым сацыяльная глеба для беларускага руху стала больш хісткай. Мабілізацыя, эвакуацыя i бежанства параскідалі яго актывістаў Я. Купалу, В. Іваноўскага, Я. Коласа, I. Краскоўскага, М. Гарэцкага, Я. Станкевіча i многіх іншых па розных кутках iмперыі. У той жа час падзел Белаpyci расійска-германскім фронтам, нягоды, якія прынесла краю вайна, узмацнялі трывогу за яго будучыню, паскаралі абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці. У першую чаргу такія настроі пашыраліся сярод бежанцаў, вайскоўцаў, работнікаў эвакуіраваных устаноў. Знаходзячыся ўдалечыні ад радзімы ў іншаэтнічным асяроддзі, у цяжкіх i нязвыклых умовах, яны выразней усведамлялі сваю этнічную прыналежнасць, былі больш успрымальнымі да ідэй нацыянальнага вызвалення.

У гады вайны царызм па-ранейшаму імкнуўся не дапусціць выкрышталізацыі беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, дзеля чаго максімальна стрымліваў разгортванне беларускага руху. У выніку з прычыны рэальных або штучна створаных цяжкасцей ваеннага часу прыходзілі ў заняпад беларускія нацыянальна-культурныя асяродкі. Выдавецкая суполка “Загляне сонца i ў наша аконца”, знаходзячыся ў стане рэарганізацыі, з-за зніжэння попыту на кнігi i фінансавых праблем згарнула дзейнасць. Спыніліся беларускія перыядычныя выданні. Ужо восенню 1914 г. у Мінску перастаў выходзіць чacoпic “Лучынка”, у студзені 1915 г. перапынілася друкаванне сельскагаспадарчага часопіса “Саха”. Летам 1915 г. закрылася віленская газета “BieIarus”. Узмацніліся цэнзурныя ганенні на “Нашу Hiвy”, яе выданне таксама перапынілася. Праекты стварэння новых беларускіх перыядычных выданняў ва ўмовах царскага рэжыму рэалізаваць, як правіла, не удавалася [3, с. 461-462].

У самім беларускім нацыянальным руху адбыўся раскол. Група яго дзеячаў на чале з В. Ластоўскім заснавала арганізацыю “Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі”, якая ставіла мэту ўтварэння незалежнай Беларусі ў яе этнаграфічных межах. Аднак гэта мэта не атрымала афіцыйнага прызнання з боку нямецкага ўрада. У 1915 г. рэлігійныя дзеячы ўтварылі на Беларусі палітычную арганізацыю “Хрысціянская злучнасць”, у якую ўваходзілі прадстаўнікі вышэйшых колаў каталіцкага духавенства, буйной буржуазіі і памешчыкаў, буржуазнай інтэлігенцыі, а таксама сяляне, рабочыя і дробная буржуазія. Галоўная мэта гэтай арганізацыі -- прыстасавацца да палітычных і сацыяльна-эканамічных умоў нямецкай акупацыі.

Германія, імкнучыся ўмацаваць сваю ўладу на захопленай тэрыторыі, ажыццявіла адпаведныя захады, каб, папершае, не даць магчымасці стварыць самастойную дзяржаву, а падругое -- прадухіліць поўнае засілле Польшчы на гэтых землях. У пачатку 1916 г. германскі фельдмаршал Гіндэнбург у загадзе аб школах у акупіраваным краі абвясціў беларускую мову раўнапраўнай з польскай, літоўскай і яўрэйскай мовамі. Нягледзячы на супрацьдзеянне польскіх памешчыкаў і ксяндзоў, беларускі нацыянальны рух значна ажывіўся. На акупіраванай тэрыторыі былі адчынены беларускія школы, створаны выдавецтвы. Пачалося выданне на беларускай мове газет, часопісаў. Стала выходзіць газета “Гоман”.

Як на акупаванай немцамі тэрыторыі, так i на усход ад лініі фронту легальнымі беларускімі арганізацыямі з'яўляліся дабрачынныя бежанскія камітэты. Заснаванае вясной 1915 г. у Вільні Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны (старшыня В. Іваноўскі, намеснікі А. Луцкевіч і В. Ластоўскі) паспела да акупацыі заходняй часткі краю адкрыць свае аддзелы ў Мінску, Вілейцы, Дзісне, Полацку i іншых месцах. Дзейнічалі таксама такія таварыствы, як “Беларускі клуб”, згуртаванне “Золак”, “Навуковае таварыства”, “Беларускі вучыцельскі саюз” .

Кіраваў усёй гэтай работай створаны ў 1915 г. у Вільні Беларускі народны камітэт (БНК), які ўзначальваў А. Луцкевіч. Спачатку камітэт прытрымліваўся ідэі стварэння канфедэратыўнай дзяржавы ў форме ВКЛ, але пазней выказаўся за ўтварэнне Беларуска-Літоўскай дзяржавы.

БНК прыняў удзел у рабоце канферэнцыі народаў Расіі, якая адбылася ў Стакгольме ў красавіку 1916 г. На гэтай канферэнцыі камітэт абвясціў сваю дэкларацыю, у якой гаварылася, што беларускі народ чакае вызвалення з-пад няволі. У чэрвені 1916 г. камітэт выступіў з мемарандумам на міжнароднай канферэнцыі ў г. Лазане. Дэлегацыя БНК на чале з В. Ластоўскім звярнулася да ўсіх цывілізаваных народаў свету з заклікам прымусіць царызм паважаць нацыянальныя і культурныя правы беларускага народа, якія дазволяць яму свабодна развіваць свае інтэлектуальныя, маральныя і эканамічныя сілы, стаць гаспадаром на ўласнай зямлі.

У беларускай гістарычнай літаратуры даецца ў асноўным адмоўная ацэнка дзейнасці БНК. Ён абвінавачваецца ў нацыяналізме, у поўным адыходзе ад палітычнай праграмы беларускага нацыянальнага руху, распрацаванай і прынятай на II з'ездзе Беларускай сацыялістычнай грамады ў студзені 1906 г.

У гэтых абвінавачваннях не ўлічваецца тое, што Беларускі народны камітэт ва ўмовах акупацыі прыкладаў вялікія намаганні, каб звярнуць увагу сусветнай грамадскасці на лёс Беларускага краю, яго культуру, каб абудзіць нацыянальную свядомасць беларускага народа.

А ў прадстаўнікоў левай плыні ў беларускім нацыянальным руху, якія пасля акупацыі Заходняй Беларусі Германіяй працягвалі сваю дзейнасць у Маскве, былі зусім іншыя погляды на пытанне аб будучым Беларусі. Адзін з кіраўнікоў гэтай плыні А. Бурбіс сцвярджаў, што ва ўмовах акупацыі Беларусі не было ніякіх надзей на магчымае нацыянальнае адраджэнне. Як і іншыя прадстаўнікі левай плыні нацыянальнага руху, ён стаяў на пазіцыі паражэння царызму ў вайне, лічыў, што перамога царскай Расіі канчаткова паставіць “крыж на вызваленні Беларусі”.

3 другой паловы 1915 г. галоўнымі цэнтрамі беларускага нацыянальнага руху сталі Петраград, Масква, Мінск, Калуга і іншыя гарады, дзе бежанцы-беларусы ўтварылі свае суполкі, апорныя пункты па вывучэнні становішча ў Беларусі, згуртаванні беларускага нацыянальнага руху, прапагандзе беларускай літаратуры. У кастрычніку 1916 г. Міністэрства ўнутраных спраў Расіі дазволіла выданне ў Петраградзе і Мінску беларускіх газет “Дзянніца” і “Светач” [2, с. 376-378].

Нягоды, прынесеныя імперыялістычнай вайной, выклікалі глухое незадавальненне, пашырэнне апазіцыйных настрояў, якія ўсё часцей выліваліся ў адкрытае супраціўленне ўладам. Поруч з класава-палітычнай абуджалася нацыянальная самасвядомасць беларусаў. Усё гэта ў спалучэнні з aнaлaгiчнымi працэсамі ў іншых рэгіёнах Расійскай дзяржавы паглыбляла крызіс арганізаванага па імперскаму тыпу расійскага грамадства, які ўрэшце рэшт выліўся ў грандыёзны рэвалюцыйны катаклізм 1917 года і ўжо далейшае развіццё беларускага нацыянальнага руху стала магчымым толькі ў выніку перамогі Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі.

Заключэнне

93 гады назад скончылася Першая сусветная вайна…

«Страшно подсчитывать миллионы убитых. Горько видеть слом государства. Ещё страшнее и горше, и обиднее глухая бесследность трагедии в нашей истории. Ни одна война не оказалась так затёрта в сознании потомков, как эта. Она «переросла в гражданскую» и как бы перестала существовать. Европа вся покрыта памятниками бойцам 1914-1918 годов. Миллионы жертв первой мировой войны были покрыты десятками миллионов жертв второй, Отечественной. Герои той, первой, скрывали свои награды от новой власти. Поколения, угробленные в 1914-1918 годах, взывают к нам из безвестности», - Л. Анінскі [цыт. па: 7, с. 74-75].

Помнікі - сведкі старадаўніх і не зусім аддалёных падзей часта сустракаюцца на беларускай зямлі. Спачатку гэта былі звычайныя камяні з выбітымі на іх словамі “ў гонар...” ці “ў памяць...”, затым з'явіліся крыжы, каплічкі, помнікі і мемарыялы... Іх шмат, таму што жахлівых і разам з тым велічных падзей за стагоддзі адбылося нямала. І адна з іх Першая сусветная вайна.

З друку вядома, што зараз надаецца вялікая ўвага ўшанаванню памяці загінуўшых у першай сусветнай. Так, у в. Заброддзе Вілейскага раёна, на беразе р. Нарачанка, па ініцыятыве мастака Барыса Цітовіча створаны музей Першай сусветнай вайны.

Смаргонскі раённы выканаўчы камітэт Гродзенскай вобласці правёў адкрыты конкурс на распрацоўку эскізнага праекта мемарыяльнага ансамбля ў памяць абаронцаў Айчыны. І гэта невыпадкова... Ушанаванне подзвігу яе ўдзельнікаў падпарадкоўвалася ідэалогіі, якая раней нічога агульнага не мела з гісторыяй. Сёння, калі старая ідэалогія саступае месца новай, надыходзіць час хоць часткова выправіць несправядлівасць у дачыненні да вядомых і невядомых герояў і ўдзельнікаў ваенных бітваў.

Урачыстая цырымонія перапахавання астанкаў воінаў Першай сусветнай вайны прайшла 14 жніўня 2011 г. на Мінскіх брацкіх ваенных могілках. На гэтых могілках пахаваны 5 тыс. воінаў, якія аддалі свае жыцці за Айчыну. На месцы пахавання ахвяр вайны створаны велічны мемарыял [1, c. 2].

Да Дня перамір'я - 11 лістапада 2011 г. была прымеркавана памятная акцыя. Яе ўдзельнікі ўшанавалі памяць ахвяр першага ў гісторыі глабальнага ваеннага супрацьстаяння. Начальнік кіравання па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Ўзброеных Сіл Беларусі палкоўнік Віктар Шумскі расказаў, што ў іх базе дадзеных маюцца звесткі аб 923 пахаваннях ахвяр гэтай вайны на тэрыторыі нашай краіны. На дзяржаўным уліку лічыцца 147 вайсковых пахаванняў перыяду Першай сусветнай вайны, дзе 18317 ваяроў. Аднак праца па пошуку пахаванняў працягваецца.

У народзе лічаць, што вайна не скончана, пакуль не пахаваны апошні яе салдат!

Начальнік цыклу гісторыі войн і ваеннага мастацтва Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Сяргей Лютко, у сваю чаргу, адзначыў адзін дадатны момант у падзеях 1914-1918 гг., аб тым што, упершыню на палітычнай карце Еўропы і свету з'явілася самастойная беларуская дзяржава. Наша краіна - "стварэнне" вайны. Як ні дзіўна, упершыню пра Беларусь як пра дзяржаву загаварылі менавіта ў гады Першай сусветнай.

Не было б шчасці, ды няшчасце дапамагло-чатырохгадовая бітва, якое панесла жыцці тысяч беларусаў, дало нараджэнне нашай краіне. Гэта наш боль і наша быль. Але не варта забываць, пра тое, што “любая вайна вядзе толькі да магіл”... [5, с. 2].

Таксама трэба адзначыць правядзенне 14 лістапада на тэлеканале ОНТ грамадска-палітычнага ток-шоў “Адкрыты фармат” на тэму “Першая сусветная вайна ў лёсе Беларусі”. Кожны тэлеглядач мог паўдзельнічаць у інтэрактыўным галасаванні і аддаць свой голас, за тое як павінна фінансавацца ўвекавечанне памяці герояў Першай сусветнай з дзяржаўнага бюджэту ці энтузіястамі?

Жадаецца сказаць, што створаныя помнікі, мемарыялы, правядзенне тэлеперадач ў гонар герояў і ахвяр гэтай вайны сімвалізуе аднаўленне гістарычнай справядлівасці. Гэта з'яўляецца сведчаннем таго, што мы, сучасныя беларусы, - народ, які з павагай ставіцца да свайго мінулага і яго герояў, па-хрысціянску шануем памяць тых, хто загінуў пры выкананні воінскага абавязку.

Спіс літаратуры

1. Астанкі воінаў першай сусветнай вайны ўрачыста перапахаваны ў Мінску.- Звязда. - 2011. - 16 жн. - С. 2.

2. Гісторыя Беларусі : падруч. у 2 ч. Ч. 1. Ад старажытных часоў -- па люты 1917 г. / Я.К. Новік, Г.С. Марцуль, І.Л. Качалаў [i інш.]; пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. - Мінск : Выш. шк., 2003. - 416 с.

3. Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т.4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі. (канец XVIII - пачатак XX ст.) / М. Біч, В. Яноўская, С. Рудовіч [і інш.]; рэдкал.: М. Касцюк і інш. - Мінск : Экаперспектыва, 2007. - 519 с.: іл.

4. Гісторыя Беларускай ССР : у 5 т. Т. 2. Беларусь у перыяд капіталізму (1861 --1917 гг.). Мінск : «Навука i тэхніка», 1972. - 688 с.: іл. і карт.

5. Да Дня перамір'я - акцыя памяці. - Белорусская нива.- 2011.- 11 ліст.- С.2.

6. Саракавік, I.A. Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гicтoрыі / I.A. Саракавік. - Мінск : «Современная школа», 2006. - 456 с.

7. Станіславовіч, М. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны / М. Станіславовіч // Беларус. гіст. часоп. - 2007. - № 10. - С. 74.

8. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Т. 5. М -- Пуд / Беларус. Энцыкл.; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) [i інш.]; Маст. Э.Э. Жакевіч. -- Мінск : БелЭн, 1999. -- 592 с.: іл.

Размещено на Allbest.ru


Подобные документы

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.