Асаблівасці індывідуальнага стылю публіцыстычных тэкстаў І.П. Шамякіна

Рода-відавыя і жанравыя характарыстыкі публіцыстыкі: віды, асаблівасці, адрозненні. Лінгвістычныя характарыстыкі асаблівасцяў публіцыстычнага дыскурсу І.П. Шамякіна на прыкладзе кнігі "Роздум на апошнім перагоне". Сродкі ўздзеяння на адрасата дыскурсу.

Рубрика Журналистика, издательское дело и СМИ
Вид курсовая работа
Язык белорусский
Дата добавления 17.02.2015
Размер файла 209,6 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Размещено на http://www.allbest.ru/

Агульная характарыстыка працы

Цікавасць да пісьменніцкай публіцыстыкі выклікаецца перш-наперш магчымасцю для даследчыка выявіць сувязі з мастацкімі творамі і абгрунтаваць спецыфічныя рысы мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, якія дазваляюць характарызаваць моўную асобу пісьменніка і даследваць ступень прысутнасці аўтара ў тэксце. Эмацыянальна-экспрэсіўная напоўненасць публіцыстыкі, трапеічная сістэма канкрэтнага твора даюць магчымасць выявіць аўтарскія інтэнцыі, іх рэалізацыю ў тэксце і верагоднае ўздзеянне на адрасата, што прымушае звярнуцца да дыскурснага аналізу.

Кнігі выдатных беларускіх пісьменнікаў яшчэ стаяць на паліцах у кнігарнях, але ўжо не карыстаюцца былым попытам. Шматлікія тэксты даводзіцца адкрываць чытачам нанава. Вядома, адны тэксты губляюць актуальнасць, але іншыя становяцца сведкамі эпохі, дапаўняюць карыснымі фактамі і меркаваннямі ўяўленне пра мінулае. Праз эмацыянальнасць тэкстаў бачна постаць аўтара, яго характар, мысленне, адносіны да навакольнай рэчаіснасці. Калі чытач можа ўявіць аўтара, тэкст будзе ўспрымацца з павышанай увагай і цікавасцю.

Трэба звярнуць увагу на прыёмы, якія выкарыстоўвае аўтар у тэкстах, на сутнасць выказванняў. Іван Шамякін - адзін з самых вядомых беларускіх празаікаў, творчасць якога даследуюць літаратуразнаўцы, але яна амаль не раскрыта з лінгвістычнага і, у прыватнасці, стылістычнага пунктаў гледжання.

Мэта курсавой працы - выявіць сутнасць публіцыстычнага дыскурса ў індывідуальным стылі І. П. Шамякіна з дапамогай дыскурснага аналізу. У адных выпадках выкарыстоўваўся метад канстатацыі, у іншых - інтэрпрэтацыі, радзей - метад развагі.

Для дасягнення мэты ставіліся наступныя задачы:

пазнаёміцца з навуковай літаратурай па тэме даследвання;

выявіць асаблівасці індывідуальнага стылю публіцыстычных тэкстаў І. П. Шамякіна (на прыкладзе кнігі “Роздум на апошнім перагоне”).

Аб'єм курсавой працы складае 24 старонкі (з улікам тытульнага ліста, зместа і спіса выкарыстанай літаратуры).

Курсавая праца складаецца з дзвюх частак. У першай частцы даюцца агульныя звесткі, неабходныя для правядзення дыскурснага аналізу твораў І. Шамякіна, у другой - падаецца сам аналіз тэкстаў. Кожная частка складаецца з некалькіх раздзелаў, што абумоўлена логікай правядзення навуковага даследавання.

Ва ўводзінах да працы акрэсліваецца ступень вывучанасці навуковай праблемы, аналізуюцца працы айчынных вучоных, якія даследавалі публіцыстычны дыскурс беларускіх пісьменнікаў. У высновах падводзяцца вынікі курсавой працы.

Уводзіны

Беларуская пісьменніцкая публіцыстыка, пачынальнікам якой можна лічыць Францыска Скарыну, сёння налічвае ў сваёй скарбонцы шэраг яркіх твораў Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Максіма Гарэцкага, Васіля Быкава, Янкі Сіпакова, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна і інш. Р. В Булацкі падкрэслівае: “Традыцыю «пісьменнік і газета» плённа развівалі многія беларускія паэты і празаікі” [3, с. 21].

Публіцыстычная творчасць беларускіх пісьменнікаў актыўна вывучалася ў другой палове ХХ ст. У манаграфіях Міхася Цікоцкага, Рыгора Булацкага, Івана Сачанкі, Барыса Стральцова грунтоўна даследавана публіцыстыка Якуба Коласа, Янкі Купалы, Кузьмы Чорнага, Платона Галавача, прааналізавана дзейнасць беларускіх пісьменнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, удакладнена жанравая дыферэнцыяцыя публіцыстыкі.

На жаль, на пачатку нашага стагоддзя з'явілася толькі адна значная праца па публіцыстыцы асобных беларускіх пісьменнікаў. Гэта манаграфія П. Жаўняровіча “Публіцыстычны дыскурс Уладзіміра Караткевіча”, выдадзеная ў 2011 годзе. Апрача іншага, П. Жаўняровіч даводзіць, што пэўныя моўныя структуры ў тэкстах У. Караткевіча глыбока звязаны з выключна беларускай ментальнасцю. Мы не будзем сцвярджаць, што тое самае характэрна і для І. Шамякіна, але паспрабуем вызначыць індівідуальнае ў яго стылі.

Частка 1. Рода-відавыя і жанравыя характарыстыкі публіцыстыкі

1.1 Праблема вызначэння зместу паняцця публіцыстыка

Публіцыстыка - шматпланавае паняцце, хоць часта яе азначаюць праз гіперпростыя дэфініцыі “газетны тэкст”, “тэкст СМІ” і г.д. С. Карканосенка заўважае: “аб яе змесце спецыялісты вядуць бясконцыя спрэчкі” [9, с. 5]. Беларускія вучоныя дэфінуюць гэтае паняцце як “спецыфічную форму творчасці, своеасаблівы від літаратуры” [18, с. 6]; “від твораў, прысвечаных актуальным праблемам і з'явам грамадскага жыцця” [17, с. 413]; “творы, якія спалучамюць у сабе адзнакі мастацкай і публіцыстычнай (грамадска-палітычнай) літаратуры” [9, с. 121]. Расійскія і ўкраінскія вучоныя лічаць яе “разнавіднасцю літаратуры” [14, с. 203], “асобным родам літаратуры” [21, с. 20], “спецыфічным відам літаратурнай творчасці” [7, с. 59]. На наш погляд, трапнае азначэнне публіцыстыкі прапанаваў Б. Стральцоў: “вышэйшы від грамадска-палітычнай літаратуры, галоўным прызначэннем якой з'яўляецца палітычнае асэнсаванне рэчаіснасці шляхам спалучэння рацыянальна-аналітычнага і эмацыянальна-вобразнага спосабаў літаратурнай распрацоўкі жыццёвых сітуацый з мэтай аператыўнага дасягнення канкрэтнага выніку” [16, с. 28].

Публіцыстычнымі дарэчы лічыць такія тэксты, якія з'яўляюцца рэакцыяй на сацыяльна значныя падзеі, і якія ў сваю чаргу чакаюць рэакцыі шырокага чытача. Тэксты навуковыя разлічаны на вузкіх спецыялістаў, мастацкая літаратура таксама задавальняе не ўсіх, а публіцыстыка павінна закранаць інтарэсы кожнага. Вядома, каб закрануць па-сапраўднаму, адных фактаў не хопіць. Стыль выкладання павінен быць эмацыянальным, жывым, суб'ектыўным.

З дапамогай дыскурснага аналізу паспрабуем раскрыць публіцыстычнасць твораў І. Шамякіна.

1.2 Віды публіцыстыкі: іх асаблівасці і адрозненні

У сучаснай навуцы вылучаецца некалькі відаў публіцыстыкі: журналісцкая, пісьменніцкая, мастацкая. Пры гэтым П. Жаўняровіч даводзіць, што апошнія два паняцці з'яўляюцца семантычнымі дублетамі [6, с. 14-20].

Украінская навукоўка В. Галіч прапанавала найбольш трапнае азначэнне паняцця пісьменніцкая публіцыстыка - “спецыфічная разнавіднасць публіцыстыкі ў цэлым, якая адрозніваецца ўзмоцненай увагай да выкарыстання разнастайных мастацкіх сродкаў, багаццем стылёвых падыходаў і жанравых формаў, эмацыянальным адлюстраваннем рэчаіснасці і мастацкасцю тыпізацыі яе сутнастных з'яў, асаблівым перапляценнем публіцыстычных пафасаў, філігранным механізмам прагматыкі, актыўнай інтэграцыяй з эстэтычнай сістэмай мастацкай творчасці аўтара, аўтабіяграфічным сінергенам, паглыбленай інтэртэкстуальнасцю, высокім філасофскім гучаннем, аналітычным падыходам да пазнання рэчаіснасці і ўменнем прадбачыць блізкія і далёкія перспектывы яе развіцця” [5, с. 69-70]. Аналізуючы кожны складнік гэтага азначэння можна ўпэўніцца ў магчымасці выкарыстання яго ў дачыненні да некаторых твораў І. Шамякіна.

На думку М. Бахціна, адрозненне мастацкай ад публіцыстычнай творчасці наступнае: “Аўтар не толькі бачыць і ведае ўсё тое, што бачыць і ведае кожны герой паасобку і ўсе героі разам, але і больш за іх, прычым ён бачыць і ведае нешта такое, што ім прынцыпова недаступна” [1, с. 14].

Калі пісьменнік стварае публіцыстычны твор, ён пазбаўлены “ўсёведання”, бо ведае толькі тое, што ўжо змог выявіць, узнавіць, акрэсліць, тыпізаваць пры апісанні канкрэтнага факта. Індывід, у рэальнасці і ў літаратуры, сам не ведае пра сябе ўсяго. Такая суб'ектыўная форма падкрэсліваецца самой формай тэкстаў, якія мы разглядаем - дзённікавыя запісы. У такой форме аўтар найбольш здольны раскрыць і сябе, і герояў.

Апублікаваныя дзённікавыя запісы І. Шамякіна маюць публіцыстычны характар - у першую чаргу гэта неабходнасць расказаць пра сучаснікаў і сучаснае. Сам аўтар адзначае: “Расказ пра гэтых самабытных людзей, дружбу з якімі падарыў мне лёс, - таксама своеасаблівы дзённік, хіба толькі ў дзённіку пра людзей пішаш больш лаканічна, а ў спецыяльных нарысах - шырока” [22, с. 6]. Кніга “Роздум на апошнім перагоне” складаецца з запісаў рэфлексій пра сучасныя падзеі і з мемуарнай часткі, якая раскрывае аўтара і час яго дзяцінства, маладосці, тагачасных праблем грамадства. Бясспрэчна, дзесяцігоддзі пасля гэтыя праблемы калі не актуальны, то заслугоўваюць ўвагі і даследвання як з'явы папярэдняй эпохі.

1.3 Публіцыстычныя жанры

Сёння па мэтах і метадах публіцыстыка разгаліноўваецца на тры группы жанраў. Жанры інфармацыйныя (нататка, інтэрвію, рэпартаж) толькі канстатуюць факт, не даследуючы прычын падзеі. Аналітычныя жанры (карэспандэнцыя, артыкул, рэцэнзія, агляд) абавязкова змяшчаюць аналіз фактаў, сітуацый, жыццёвых назіранняў, уласна-аўтарскі роздум, высновы і абагульненні. Крыху асобна знаходзяцца мастацка-пуліцыстычныя жанры (нарыс, фельетон, эсэ).

У аснове і нарыса, і фэльетона ляжыць аналіз, пры гэтым абодва жанры спалучаюць эмоцыю, вобраз, сістэму моўных адзінак, якія могуць ператвараюць добры публіцыстычны твор у белетрыстыку. Эсэ -- у вольнай форме зроблены твор навукова-гістарычнага, філасофскага, публіцыстычнага характару. Да эсэ не выстаўляецца патрабаванняў формы, а таму сістэмнасць і аргумэнтаванасць тут не абавязковыя. Наадварот, эсэістыцы ўласцівы вобразнасць, афарыстычнасць, суб'ектыўнасць, індывідуальная інтанацыя, імкненне да самааналізу, да самавыяўлення. Згадаем «Загадку Багдановіча» М. Стральцова, «Зямлю пад белымі крыламі» У. Караткевіча, «Як агонь, як вада» А. Лойкі.

Жанры нарысу і эсэ, а таксама ў некаторым сэнсе рэцэнзіі таму і адносяцца да мастацкай публіцыстыкі, што не падпарадкоўваюцца законам стылю, акрамя, хіба, агульнага акрэслення твораў гэтага кірунку як журналісцкіх альбо літаратурных. Бо і нарыс, і эсэ могуць быць як здабыткам журналістыкі, гэтак і літаратуры.

Менавіта з гэтай прычыны немагчыма дакладна вызначыць, якія вобразна-выяўленчыя сродкі павінны быць у нарысе альбо эсэ [20].

В. Рагойша у “Паэтычным слоўніку” тлумачыць эсэ як “літаратурны твор, у якім пісьменнік у адвольнай форме разважае над нейкімі сацыяльна-палітычнымі, маральна-філасофскімі ці літаратурна-эстэтычнымі праблемамі” [13, с. 387]. П. Жаўняровіч адзначае, што ў англамоўнай традыцыі пад найменнем эсэ можа хавацца і трактат, і навуковы артыкул, і нарыс [6, с. 39]. Прымем да ўвагі думку А. Мальдзіса: “Прыватнае эсэ пішацца ў нязмушаным, гутарковым стылі” [18, с. 234].

Апублікаваныя дзённікавыя запісы І. Шамякіна маюць публіцыстычны характар. Як адзначае сам аўтар, “Расказ пра гэтых самабытных людзей, дружбу з якімі падарыў мне лёс, -- таксама своеасаблівы дзённік, хіба толькі ў дзённіку пра людзей пішаш больш лаканічна, а ў спецыяльных нарысах -- шырока” [22, с. 6]. Кніга “Роздум на апошнім перагоне” складаецца з запісаў рэфлексій на сучасныя падзеі і з мемуарнай часткі, якая раскрывае аўтара і час яго дзяцінства, маладосці, тагачасных праблем грамадства. Бясспрэчна, што гэтыя праблемы калі не актуальныя, то заслугоўваюць ўвагі і даследвання як з'явы папярэдняй эпохі. Лексічныя здабыткі, мастацкія вобразныя прыёмы раскрываюць асобу пісьменніка.

Частка 2. Асноўныя характарыстыкі асаблівасцяў публіцыстычнага дыскурсу І.П. Шамякіна

2.1 Паняцце дыскурс у сучаснай лінгвістычнай навуцы

Выразнага і агульнапрызнанага азначэння паняцця дыскурс, якое ахоплівае ўсе яго характарыстыкі, не існуе. Мы будзем прытлімлівацца думкі В. Іўчанкава, які прапануе разглядаць тэкст як “выразнік экстралінгвістычнай інфармацыі, што адкрываецца носьбіту мовы не адразу, а пасля аператыўнай апрацоўкі, спасціжэння працэсаў спараджэння, разгортвання праектаваня і сацыяльнай карэляцыі яго зместу” [8, с. 36]. Пра мэты і асаблівасці напісання тэкстаў піша І. Шамякін ў звороце да чытача: “Да дзённіка я вярнуўся, калі пастарэў: калі пераваліла за шэсцьдзесят, пацягнула на запісы і падзей дня сённяшняга, і ўспамінаў аб часе мінулым - аб сабе, сям'і, настаўніках, калегах, аб жыцці, палітыцы. Гадоў восем назад я апублікаваў запісы 1982 - 1984 гадоў, назваўшы іх “Карэнні і галіны” <...> Дзённік склаў палову аднайменнай кнігі, дапоўненай успамінамі пра Якуба Коласа, Пятра Глебку, Івана Мележа, Петруся Броўку, Андрэя Макаёнка <…> Гадоў пяць (1985-1989) зноў дзённікавыя запісы я веў эпізадычна - акунуўся ў мастацкія творы. Але ў апошнія гады амаль увесь час прысвяціў успамінам, напісаў не адну сотню старонак. Розняцца яны ад “Карэнняў і галін” тым, што падзеі бурнага часу, як кажуць, дзень сённяшні вымушае прысвячаць яму непараўнаўча большае месца” [22, с. 5-6]. І. Шамякін - сталы ўжо чалавек, пражыў сумленна, на яго думку, адведзеныя яму гады, адчувае сябе слабым і самотным, нават пакінутым грамадскасцю. Яму неабходна выказацца і па пісьменніцкай звычцы ён занатоўвае - ўражанні ад новых падзей разам з успамінамі.

У навуковай літаратуры сёння функцыянуюць вельмі разнастайныя інтэрпрэтацыі паняцця дыскурс, агульнае ў іх - наяўнасць сувязі паміж адрасантам (прадуцэнтам тэксту) і адрасатам (рэцыпіентам). На думку Ю. Лотмана, “тэкст як генератар сэнсу, мысленчае ўладкаванне, для таго каб быць прыведзеным у работу, мае патрэбу ў суразмоўцы” [12, с. 67]. Менавіта для таго, каб шырокі чытач азнаёміўся з усімі перажываннямі, якія хвалявалі І. Шамякіна, і была апублікавана кніга “Роздум на апошнім перагоне”: “Няхай чытача не здзіўляюць некаторыя парушэнні храналогіі: асобныя запісы 1982-1983 гадоў ідуць раней запісаў 1981 года. Я гэта зрабіў знарок. Прычыну, бадай, растлумачу: гэтая частка дзённікаў - успаміны пра маіх бацькоў, сваякоў, пра маленства і юнацтва. І я хацеў, каб іх прачыталі раней: ведаючы біяграфію маю, вытокі творчасці, чытачам будзе больш зразумелы мой роздум на апошнім перагоне” [22, с. 5-6].

Э. Бенвеніст азначыў дыскурс як “усякае выказванне, якое прадугледжвае прысутнасць адрасанта і адрасата і намеры першага пэўным чынам уздзейнічаць на другога” [2, с. 276]. Гэта значыць, што ў выказванні (тэксце) будзе прысутнічаць экстралінвістычная інфармацыя, будуць праяўляюцца паказчыкі аўтарскіх намераў. Лексема публіцыстычны звужае шырокасць разумення паняцця дыскурсу канкрэтнай разнавіднасцю з максімальнай прысутнасцю адрасанта, яго поглядаў і перакананняў, з праяўленнем іх праз моўныя адметныя рысы (у той меры, у якой яны могуць быць выразна ідэнтыфікаваны) і стылістычную спецыфіку (якая ў многім вызначаецца колькаснымі тэндэнцыямі ва ўжыванні моўных сродкаў) [10]. Беларускі даследчык П. Жаўняровіч сведчыць: “Калі даследваць дэйктычныя сродкі (пры якіх рэферэнт можа быць вызначаны толькі ва ўмовах канкрэтнага моўнага акту) маркіроўкі суб'екта і адрасата дыскурсу, рытарычных фігур, тропаў, прэцэндэнтных феноменаў і інш., выявіцца накіраванасць на інфармаванне, асвету і выхаванне рэцыпіента, імкненне ўздзейнічаць на яго” [6, с. 48].

Дыскурс не адрозніваецца ад іншых камунікатыўных з'яў ў тым сэнсе, што для яго абавязкова наяўнасць аўтара-адрасанта і рэцыпіента-адрасата, і, вядома, дыялогу паміж імі. Для публіцыстыкі ўвогуле і публіцыстыкі І. Шамякіна ў прыватнасці характэрна маналагічнасць. Але па сваёй сутнасці маналог у публіцыстыцы - гэта “проста прыватны выпадак дыялогу, хаця традыцыйна дыялог і маналог супрацьпастаўляліся” [6, с. 49].

лінгвістычны жанравы публіцыстычны шамякін

2.2 Выражэнне суб'екта дыскурсу ў творчасці І. Шамякіна

Аўтарскае “я” ў публіцыстычным творы даследчыкі размяжоўваюць: “я” - удзельнік і “я” - разважальнік [15, с. 19-20]. Такая дуалістычнасць бярэ пачатак у размоўным стылі. Калі людзі гавораць пра сябе, то “я” мінулага часу бывае як пасіўным, так і актыўным.

У публіцыстыцы І. Шамякіна выразна выяўляюцца абодва “я”. Аўтар выступае сведкам, ўдзельнікам, назіральнікам. “Перапісаў я невялічкі зборнік і вывучыў вершы яго (Ясеніна) на памяць толькі ў тэхнікуме. Адзін студэнт, нехта Кузьміч, “стары”, гадоў на восем старэйшы за нас, армію адслужыў, меў зборнічак і - во хапуга, спекулянт! - за рубель мог даць яго на адну ноч: хочаш, чытай, хочаш перапісвай. Я перапісваў да раніцы. У знак пратэсту хлопцы змовіліся ўкрасці ў Кузьміча гэты зборнік. Я быў супраць...” [22, с. 50] - успамін юнацкіх год апісвае цяжкае становішча з кнігамі, якіх не хапала; “Учора я паехаў да Андрэя і мы доўга абмяркоўвалі: ісці ці не ісці?” [22, с. 136] - насычаны дзейнікамі сказ-звязка; “Чаму я, пісьменнік сучаснай тэмы - нельга адмаўляць гэтага, - узяўся за тэму рэвалюцыі, за тэму Леніна?” [22, с. 9] - акрэсленне верагоднай актуальнасці выбранай аўтарам тэмы; “І вось мінула чвэрць стагоддзя, як я не заглядваў на тую вуліцу, хоць часта праязджаў побач, паралельна ў трохстах метрах… Туды, гуляючы, мы рэдка заходзілі” [22, с. 20] - пра ролю месцаў дзяцінства, маякоў памяці; “Загадкавае пісьмо. Шкада, што я не захаваў яго” [22, с. 21] - пра дакументы, праз якія атрымліваюць асалоду ці выкарыстоўваюць гістарычным сведкам; “Пра сябе, пра сваё сталенне, пра перажыванні на розных этапах (якія помняцца, а помню я нямала) хочацца напісаць асобна, толькі зраблю я гэта пазней, калі будуць сілы і будзе час. Але наўрад ці стану пісаць пра маленства, таму што нямала расказаў тут, пішучы пра бацьку, пра сям'ю і таму, што пра жыццё лесніка лепш не напішаш, як зрабіў гэта Колас” [22, с. 45] - Я. Колас “Новай зямлёй” адназначна вельмі паўплываў на маленькага І. Шамякіна, бо дасканала апісваў жыццё падобнай на ягоную сям'і, і апошні наўрад ці будзе пісаць шмат пра сваё маленства, бо не бачыць сэнсу пісаць пасля пра тое ж пасля такога таленавітага твора; “Калі Мележ апублікаваў свой ваенны дзённік, я неяк выказаўся, што гэта цікавая літаратурная з'ява” [22, с. 109] - інтэрэс да апублікаваных дзённікавых запісаў іншых пісьменнікаў; “Між іншым, аб мове дзённікаў. Вёў я іх бадай што з першага курсу тэхнікума, зрэдку, асцярожна, баючыся, што прачытаюць, запісваў што-нішто са свайго армейскага даваеннага жыцця, смялей, глыбей пачаў пісаць ў вайну, інтымныя пачуцці, перажыванні запісваў нават пасля таго, калі быў зачытаны загад, які забараняў у франтавых умовах весці дзённікі. Колькі страчана ад таго загаду! І заўсёды я пісаў па-беларуску. Думаю, што на той час усе мае сябры, вяскоўцы, апрача хіба гамяльчан, яўрэйскіх хлопцаў, пісалі свае дзённікі і пісьмы родным на беларускай мове. Гэта было нормай, натуральнай з'явай. Як многа змянілася з таго часу!

Як мала набыта ў гэтым сэнсе! Ці больш правільна: як многа страчана, размыта” [22, с. 108] - боль асэнсавання таго, што беларуская мова знікае сярод яе былых носьбітаў;“Выдатна помню і першы пленум СП у 1945 годзе і ўсе наступныя прыезды ў Мінск. І першыя гады жыцця ў Мінску, пра што я падрабязна напісаў. Але зноў жа - ці не таму, што пісаў пра гэта раней?” [22, с. 227] - вядома, у сталым узросце памятаешь тое, што ўжо было апісана, сфармулявана, структурыравана і г.д.; “І парадавала мяне гэтая моладзь: уважлівая, карэктная, чыталі мае творы - паказала віктарына. Выступілі Дайнека, Мікола Мятліцкі. Проста, па-сяброўску. Мяне ад стомы ажно хістала, як на палубе ў шторм, гаварыў седзячы. Але, здаецца, сказаў шчыра - пра сябе і пра час. Слухалі вельмі ўважліва. Пацяплела на сэрцы. Ехаў дадому бадзёры, хоць змораны смяртэльна” [22, с. 235] - задаволенасць новым пакаленнем; “Цікавы фінал прабывання Брэжнева ў Мінску. Увечары быў прыём у рэстаране “Журавінка”. На двух паверхах сабралася чалавек васемсот. Я сядзеў недалёка ад “прэзідыўма” і пільна сачыў за госцем: спатрэбяцца дэталі, як-ніяк я летапісец свайго часу” [22, с. 315] - усведамленне свайго грамадскага абавязка.

Аўтар арыентуе чытача на сумеснае вырашэнне праблем: “Можа, не трэба так хутка пісаць іх, успаміны пра сваіх сучаснікаў - пра тых, хто яшчэ ўчора жыў з намі?” [22, с. 110] - пра ступень аб'ектыўнасці ва ўспамінах пра пайшоўшых з жыцця; “Па прэсе і тэлеперадачах я не бачу тае напружанасці ў нарыхтоўцы кармоў, якая была ў апошнія гады… А можа, і добра, што менш шуму” [22, с. 25] - разважанні наконт асвятлення збору ўраджаю ў краіне; “Усё часцей зайздрошчу людзям простым, як тая ж Вольга Філатаўна, якая пражыла свае 68 гадоў без усялякіх прэтэнзій, у працы, у клопаце пра іншых - сваіх і чужых” [22, с. 86] - думкі пра шчаслівую долю і ролю ў грамадстве; “Наконт таго, чаму моладзь уцякае нават з лепшых калгасаў. Думаю, што гэта, можа, адзіны ў гісторыі чалавецтва выпадак, калі псіхалогія людзей, іх культурныя запатрабаванні аказаліся наперадзе і вышэй маральных умоў жыцця. У вёсцы. Тут грунтоўна папрацавалі літаратура і асабліва кіно і тэлебачанне... За імкненне людзей да прыгожага жыцця, да цывілізацыі плацім спадам сельскагаспадарчай вытворчасці.” [22, с. 86] - спецыфіка праблемы ўрбанізацыі і заняпада вёскі на Беларусі ў тым, што зашмат прапагандавалася такое жыццё, на якое аграрная краіна не была разлічана;

“Учора адзначылі 100-годдзе Максіма Багдановіча. Унікальная з'ява наш Максім! Жыць ў Ніжнім, у Яраслаўлі і пачаць пісаць па-беларуску… Геній? Прарок? Не ўпільнавалі хлапчыну. А хто мог упільнаваць, калі не было маці?! Наш сын меў і маці, і жонку… Чэхава не вылечылі, у якога была калі не сусветная, то усерасейская слава. А што было ў Багдановіча? Дзіўна, што ніхто з нашых не напісаў сур'ёзнай кнігі пра гэтую зорку нацыянальнай паэзіі. Во дзе выяўляецца слабасць нашай літаратуры” [22, с. 353] - фаталістычныя разважанні пра лёс і занепакоенасць недастатковасцю ўвагі да значнай асобы ў літаратуры; “Крычалі “Жыве Беларусь!” на паведамленне аб перайменаванні праспекта Леніна ў праспект Францыска Скарыны. А мне было горка і крыўдна за асляпленне людзей, за іх новую зашоранасць. Знішчалі храмы сіяністы, троцкія, зіноў'евы, кагановічы. Што ж мы паўтараем іх? Гісторыя нічому не навучыла. Не проста здзіўляе - палохае злосць некаторых людзей” [22, 353-354] - пра памяркоўнасць у зменах, бо нават назва вуліцы ў некаторым сэнсе з'яўляецца помнікам эпохі; “Хіба БНФ, БСДГ партыі? Кучкі інтэлігентаў-самалюбцаў, палітыканаў. А вялікая партыя (600 тысяч у Беларусі!) растала, як лёгкі дым, як тонкая пара. Дрэнь мы, а не камуністы!” [22, с. 358] - новы век заняпада партый; “Але дзіўна адрэагавалі дэмакраты нашы - апазіцыя БНФ і ВС. Патрабавалі на сесіі зняць з пасады старшыню Камітэта па тэлебачанні А. Сталярова - за выступленне Жырыноўскага. Вось і ўвесь плюралізм!” [22, с. 360] - пра крывадушнасць новых партый.

Як бачна, пры выкарыстанні метада суб'ектыўнага назірання навакольнай рэчаіснасці і ўласнай свядомасці творца забяспечвае далучэнне аўдыторыі да руху думкі, стварае эмацыянальнае, а тым самым і комплекснае ідэйна-псіхалагічнае ўздзеянне на чытача.

2.3 Адрасат у публіцыстычным дыскурсе І.П. Шамякіна

Уключэнне чытача ў дыялог з аўтарам праявілася ўжо пры разглядзе выражэння суб'екта публіцыстычнага дыскурсу І. Шамякіна. Але і пры суб'екце я “побач з меркаваннем аўтара існуе велізарная разнастайнасць іншых меркаванняў” [23, с. 353].

Назоўнікі школьнікі, акадэмікі, чытачы, будучыя чытачы, мы можна лічыць у канкрэтным тэксце назвай адрасата замест зворотку:

“Дзённікі, напэўна, самы масавы жанр літаратуры. Іх пішуць усе - школьнікі, якія яшчэ не зусім авалодалі арфаграфіяй, і старыя акадэмікі, якія ўжо забываюць яе. Сярод мноства гэтых чалавечых дакументаў пісьменніцкія дзённікі займаюць асаблівае месца: да іх павышаная ўвага чытача… Я пісаў дзённік у юнацтве, пра што чытачы даведаюцца, пісаў у арміі [22, с. 5].

І. Шамякін уключае ў круг чытачоў кнігі “Роздум на пошнім перагоне” як аматараў яго асабістага пісьменства, так і наогул чытачоў паэзіі і прозы. “Дзіўна, чым бліжэй ва ўспамінах я падыходжу да апошняга дзесцігоддзя - да старасці, тым менш успамінаю падзей, фактаў і… людзей, якія маглі б зацікавіць і мяне, і будучага чытача, калі запісы гэтыя, спадзяюся, убачаць свет, рана ці позна” [22, с. 321]; “Няхай будучы чытач ведае літаратурныя норавы таго, цяпер вельмі далёкага часу, часу. Але ўсё тое лічу драбязой у параўнанні з тым, што робіцца зараз” [22, с. 321]; “І што - вось так з дня ў дзень запісваць, што прыйдзе ў галаву, што сцякае з пяра? Не, трэба ўмець і ўспаміны арганізаваць у пэўны сюжэт. Хаця б па ўзоры таго, як я напісаў пра Машэрава. А можа, і прадоўжыць пісаць пра людзей? Баюся самого сябе - суб'ектыўных ацэнак некаторых “дырыжораў”. А ўрэшце, у суб'ектыўным - увесь цымус” [22, с. 323] - бачна інстынкт самазахоўвання ад літкрытыкаў і шэрых кардыналаў; “Зноў палітыка! Цьфу - брыдота! Як мы, аднак, палітызаваны! Як толькі за дзённік - “высокая” палітыка. А дзе ж жыццё народа, таварыш творца? Урэшце, жыццё уласнай сям'і? Менавіта праз гэта будучы чытач, бадай, мог бы больш уявіць і атмасферу часу” [22, с. 322]; “Дурні журналісты і не меншыя ідіёты парламентарыі, рускія, беларускія, армянскія: спакойна гавораць аб пагаршэнні становішча, аб голадзе, маўляў, інакш і не можа быць. Схамяніцеся, людзі! Да чаго нас прывучаюць! Да якой думкі! Крычаць трэба! Біць у званы!” [22, с. 336]; “Спустошанае супакаенне. Думаеш: з-за чаго хвалявацца? Нічога не зменіш за кароткі астатак жыцця. Пачынаць раман? А навошта? Каму ён патрэбны? Народу цяпер не да нашага сачыніцельства. У лепшым выпадку ён чытае “Анжэліку”, у самым лепшым - “Унесенные ветром”, моладзь - сэксуальную муру… Божа мой! Як імкнуцца закрэсліць усю савецкую гісторыю!” [22, с. 337]; “Тэлебачанне, прэса ўздзейнічае на звычайных хуліганаў - усё дазволена! - і яны ўчыняюць акты дзікага вандалізму” [22, с. 345] - канстатаваннем факту аўтар усё ж мае намер паўплываць на вінаватых; “Серп, молат, калоссі - гэта дрэнна, гэта бальшавіцкія сімвалы, а вось коннік з захопніцкім мячом, які імкнецца дагнаць (каго?) і забіць, - гэта той сімвал, што патрэбны народу. І смех і грэх!” [22, с. 343] - з пункту гледжання сталага камуніста аўтар даводзіць, што кожную сімволіку можна тлумачыць па-рознаму; “Учора цэлы дзень ішоў дожд. Не было як выйсці пагуляць. Змрочна, сумна. На свята пазваніў адзін Антонаў. Я пазваніў Вольскім і Танку. Прыслалі паштоўкі І. Я. Палякаў і Іван Мяла. Увечары 7-га званіў Дзяльцу, ён спаў: прыехаў з палявання. Учора пазваніў, пагутарылі. Дзяды - малайцы: у іх добрая кампанія - Майсеенка, Шаціла, Раманоўскі… Упалявалі дзіка, выпілі ў лесе па чарцы. Зайздросна. А я - адзінокі. Каму пазваніць, каб разам пагуляць? Чаму ніхто не пазвоніць мне? Навуменка, Скобелеў, Савіцкі - у адным доме. Сумна” [22, 343] - адзінота і адчай дыктуюць адрасаваць радкі і тым, хто забыўся на аўтара, і тым, на якога забыліся акрамя яго, хто можа яго зразумець, і тым, хто забыў сваіх блізкіх, родных, таварышаў і г.д.; “Работа ў СП мяне захапляла. Быць ва ўзросце 30-40 гадоў у гушчы не толькі літаратурнага, культурнага жыцця сваёй рэспублікі, але і ў пэўным сэнсе саюзнага - каго б гэта не захапіла, не ўзняло, не падагравала б гонар!” [22, с. 239] - успамін пра лепшыя гады даводзіць нам, што праца, каб было пачуццё задавальнення і шчасця, павінна захапляць.

2.4 Сродкі ўздзеяння на адрасата дыскурсу ў кнізе І.П. Шамякіна “Роздумна апошнім перагоне”

Самы часты прыём, які выкарыстоўвае І. Шамякін для сувязі з чытачом, што працуе на дыялагічнасць твора, гэта рытарычныя пытанні. Такая канструкцыя “ператварае маналагічнае маўленне ў дыялог, робіць слухачоў суразмоўцамі аратара, актывізуе іх увагу, далучае да навуковага пошуку ісціны” [4, с. 153]. Некалькі прыкладаў: “Мяне заўсёды цікавіла мая радаслоўная. Хто былі мае прадзеды, дзяды? Сяляне, безумоўна. Але якія яны былі? Працавітыя, дзелавыя, разумныя ці непаваротлівыя, безыніцыятыўныя?” [22, с. 21] - разважанне пра два антанімічныя стэрэатыпы пра характар беларусаў; “Вельмі разумею смутак Кулакоўскага і яго прагу пісаць. Пісаць і мне хочацца. Але што? У мяне вышэй пачуццё адказнасці за тэму, сюжэт” [22, с. 131] - знаходжанне ва ўласных рамках, немагчымасць пісаць наогул пра ўсё, што хочацца (вядома, спрэчнае пытанне, што мусіць пісаць аўтар, але менавіта такая пазіцыя ў І. Шамякіна); “З сыходу Гарбачова злараднічаў і абураўся: туды табе і дарога, рэфарматар, але за што такія даброты? Са слоў Ельцына - во хто злараднічае! - выходзіць, што Міхасёк прасіў 200 чалавек аховы. Во персона! Каму ён трэба?” [22, с. 360] - вельмі эмацыйная характарыстыка расійскай улады, у пытаннях чуецца радасць, але і няўпэўненасць, недасведчанасць; “Ці можна вінаваціць прафесійнага літаратара, што, аддаючы свае запісы, любога часу, на суд чытачу, ён рэдагуе іх? Я схільны думаць, што гэта натуральны працэс” [22, с. 109] - асабліва цікавае меркаванне пісьменніка для рэдактараў і стылістаў; “Гродзенскі абком выключыў Аляксея Карпюка з партыі. Знайшлі “чорную пляму” ў ваеннай біяграфіі: знаходзячыся ў нямецкім лагеры, ён меў ашчадную кніжку, дзве сотні марак. Як? Завошта плацілі яму фашысты?” [22, с. 310] - абурэнне і двухсэнсоўнасць, жаданне ведаць матывацыю; “Так, дзень памяці… Хочацца ўспамінаць. Праваяваў я сумленна і пражыў пасля Перамогі 45 гадоў, можна лічыць, шчасліва. Радавала творчасць, радавала сям'я, сябры. Што радуе цяпер? Усе радасці - у мінулым” [22, с. 316] - незадавальненне сучаснасцю, стан пустэчы, які часта бывае ў людзей сталых, стан, у якім працуе аўтар; “Драматычным, цяжкім, творча напружаным было стварэнне “Петраграда - Брэста”. Але ці перавыдадуць калі-небудзь гэтую кнігу?” [22, с. 345] - сумніў у актуальнасці твора, якому шмат было аддадзена увагі і сілаў і ў чытачах новага пакалення; “У рускай літаратуры першы прыклад павагі да гістарычных падзей даў Пушкін - у “Барысе Гадунове”. Як разумею яго радасць: “Ай да Пушкін! Ай да сукін сын!” Хацелася мне калі-небудзь так выгукнуць? Асобныя старонкі “Трывожнага шчасця”, “Атлантаў…”, “Гандляркі…” я перачытваю з цікавасцю і сёння, хоць увогуле чытаць сваё не люблю, карэктуры не люблю, узваліў яе на Машу” [22, с. 324] - аценка (і адносіны да карэктуры) ўласных твораў, актуальнасць іх для аўтара; “Аднак я зноў у дзень сённяшні. А куды дзенешся? ” [22, с. 345] - разуменне значнасці сучаснага.

Так, падобныя пытанні ў тэксце вельмі дапамагаюць заінтрыгаваць, пры тым што гэты прыём аднолькава эфектыўна працуе падчас і чытання, і слухання. Адрасант паведамлення рэфлекторна шукае адказ на пытанне, нават калі яно рытарычнае, ці калі аўтар сам дае адказ на яго. Такая актывізацыя ўвагі добра працуе на інтэлектуальную падрыхтоўку чытача і на карысць разумення тэксту. Прычым гэтыя дзве функцыі выцякаюць адна з адной і наадварот.

Асабліва эмацыйна і эфектыўна атрымліваюцца сказы, калі рытарычныя пытанні ідуць разам, удакладняючы адзін аднаго. Чытач яшчэ больш уключаны ў гульню ўяўлення вобразаў, якія спараджае тэкст: “Што ж, не так радасна, як раней, але прыемна, таіць няма чаго, - няхай будзе ордэн і ад прэзідэнта… Аднак ніхто з калег не пазваніў. Не павіншаваў. І мае добрыя намеснікі з БелСЭ. Што гэта? Няўвага? Ці непавага? Сумна” [22, с. 293] - пасля невялікай радасці ад атрымання ордэна ідзе крыўда на калег, якія недастаткова ўважліва на думку аўтара адносяцца да яго; “Што застаецца ад чалавека пасля яго смерці? Мы, матэрыялісты, адказваем: справы яго. Усяго? І больш нічога?” [22, 339] - зацікаўленасць пасмяротным жыццём асобы ў калектыўнай свядомасці; “Але дзе гарантыя, што не залезуць і сюды? Ці думаў хоць адзін аўтар дзесяці раманаў, выдадзеных на 30 мовах, над такімі праблемамі? Паміралі ад сухотаў, як Чэхаў, але пра бульбу і хлеб не думалі” [22, с. 415] - абурэнне станам голаду і разрухі не столькі нацыі, колькі знакамітага і шаноўнага (прынамсі, калісьці) пісьменніка; “Што мяне хвалявала пры напісанні гэтай незвычайнай рэчы з гістарычнымі персанажамі, з цытатамі з ленінскіх работ, з пратаколаў, газет таго часу? Чытабельнасць. Ці будуць чытаць?” [22, с. 16] - занепакоенасць чытацкай аўдыторыяй; “Чытаю “Исповедь на заданную тему” Ельцына. Хітра напісана. Заслуга журналіста? Не, ён сам не дурань - умее падаць сябе нібыта і аб'ектыўна, але ўзвышаючы. Прыёмы, вядомыя для стварэння характару. Бацька лупіў яго, як сідараву казу. Не піша, што было за што караць. Але даводзіць: за бітага двух нябітых даюць. Пры ўсіх літаратурных прыёмах адчуваецца характар, асоба. Пачаў больш паважаць яго, але і баяцца: з пароды дыктатараў, усе дыктатары ішлі да ўлады праз дэмакратыю. Хіба не такой дэмагогіяй займаліся Сталін, Гітлер? А можа, і трэба цвёрдая рука пры такім развале дзяржавы?

Аднак выступленне яго, Ельцына, пазаўчарашняе на сесіі ВС РСФСР, мяне спалохала. Ультыматум Гарбачову, Рыжкову. Не проста ультыматум: ці ўлада мне, ці я вас пакіну без Расіі. А які Саюз без Расіі? Гэта быў бы поўны развал. Выхад Расіі - выхад Украіны. Хто застанецца? Беларусь? Не разумеюць, што нас разорвуць на часткі - Польша, Літва, Украіна. А насельніцтва ўсходніх абласцей пацягнецца пад крыло Расіі. Такая ў нас перспектыва. Сумная” [22, с. 183] - занепакоенасць асобай Ельцына і сумныя развагі пра будучыню Беларусі; “Дарога ад Петразаводска да Познані напісана з дакументальнай дакладнасцю. Дзіўна, чаму яна гэтак запомнілася? Незвычайнасцю адносін паміж людзьмі? У незвычайных абставінах людзі дзіўна раскрываюцца” [22, с. 227] - разважанне аб асаблівасцях памяці, у прыватнасці пісьменніцкай; “…чаму дэструктыўным сілам удалося так хутка вытурыць з душ моладзі гуманныя і высокія ідэі еднасці і дружбы людзей? Якія сродкі могуць быць вынайдзены ў будучым, калі прапагандай гэтых ідэй не будуць займацца літаратура, кіно, тэатр?” [22, с. 239] - аб ролі культурнага асветніцтва сярод моладзі; “Многа добрага зрабіў гэты чалавек і для эканомікі, і для культуры. Але… Якое цяжкае, але нялёгка пісаць пра яго, бо асабіста я дагэтуль не магу вытлумачыць палітычна, філасофскі, псіхалагічна гэтую вопиющую супярэчнасць. Адкуль яна ў даволі разумнага чалавека? Ад ідэалагічнай зацыкленасці? Зацыклены мы былі бадай усе, але не ў такой жа меры. Разумелі ўсё ж ненармальнасць палітыкі, якая праводзілася… Разумеў жа Машэраў, што без культуры не будзе нацыі, стараўся дапамагчы ёй. А ў імя чаго? Дзеля чаго? Дзеля справаздачы? Знікала ж мова народа - аснова нацыянальнай культуры… Такая была ўпэўненасць, што ў хуткім часе пры блізкім камунізме, нацыі сальюцца і мовы аджывуць?

Няўжо была? Ці быў моцны націск з Крамля: “Ніякіх уступак нацыяналізму!”?” [22, с. 311] - спроба зразумець ганебную палітыку русіфікацыі П. Машэрава, якога аўтар дужа шанаваў; “Кашлатыя бровы Генсека натапырыліся, здалося мне, што ён нечым незадаволе. Чым? Мала пашаны пры сустрэчы? Але што яшчэ можна было прыдумаць? Усё было, што адпрацавана за многія гады” [22, с. 314]; “Няўжо так лёгка вытравяць з свядомасці ледзве не двух мільярдаў людзей вобраз рэвалюцыянера, тэарэтыка сацыялізму, філосафа, эканаміста? Хто вышэй за Леніна ў ХХ стагоддзі? І балюча, калі даходдзяць да здзеку, да глумлення” [22, с. 333] - занепакоенасць лёсам асобы Леніна ў свядомасці новых пакаленняў; “Быкаў публічна заявіў, што палавіна беларускіх пісьменнікаў сексоты (секретные сотрудники, КГБ, конечно). Ашаламіла гэта мяне. Божа мой! Як жа трэба ненавідзець сваіх калег, каб такое сказаць! І нашы прамаўчаць? 90 працэнтаў - гэта людзі, якія ўступілі у СП пасля смерці Сталіна. Каму трэба было вербаваць пісьменнікаў у хрушчоўскі і ў брэжнеўскі перыяд? Якія ў іх сакрэты? Яны выказвалі іх у сваіх кнігах, а ўсё, што за цэнзурай, - у п'яных дыспутах у рэстаранах, кафэ” [22, с. 335] - спроба растлумачыць становішча ў СП насуперак меркаванню В. Быкава, з якім І. Шамякін ніколі не сябраваў і, дарэчы, не падтрымліваў супрацьпартыйныя плыні ў літаратуры.

Заключэнне

Публіцыстычны дыскурс І. Шамякіна яскравы, эмацыянальны, індывідуальна-персаніфікаваны. Вядома, у першую чаргу індывідуальнасць нараджаецца ў суб'ектыўнасці твораў. Больш за астатнія прыёмы кантактавання з чытачом ў “Роздуме на апошнім перагоне” вылучаеца рытарычнае пытанне, якое і разглядалася ў гэтай працы.

Індывідуальнасць І. Шамякіна ў “Роздуме на апошнім перагоне” выяўляецца ў імкненні давесці свае перажыванні, перакананні, думкі і пачуцці да шырокай аўдыторыі. Творца занепакоены тым, што нацыя забываецца на вялікіх людзей мінулага (Я. Коласа, М. Багдановіча) і падсвядома баіцца, што з ім адбудзецца тое самае. Уяўляе абавязак перад грамадскасцю прапускаць праз сабе і занатоўваць сацыяльна значныя падзеі, даваць ацэнку ім і меркаванням іншых дзеячаў. Заклапочаны цікавасцямі і характарам будучага пакалення, станам беларускай мовы і культуры наогул.

Даследванне творчасці дазваляе шырэй ацэньваць дасягненні аўтара, больш разумець яго і эпоху, сведкам якой ён быў. Калі аўтар раскрываецца як асоба, чытанне яго тэкстаў набывае непадробную зацікаўленасць. Гэта вельмі важна і ў культурным выхаванні нацыі, і ў даследванні твораў спецыялістамі.

Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Бахтин, М.М. Эстетика словесного творчества / М.М. Бахтин. - М.: Искусство, 1986. - 444 с.

2. Бенвенист, Э. Общая лингвистика / Э. Бенвенист. - М.: Прогресс, 1974. - 447 с.

3. Булацкі, Р.В. Кузьма Чорны - публіцыст / Р.В. Булацкі, І.І. Сачанка. - Мінск: БДУ, 1972. - 176 с.

4. Введенская, Л.А. Культура и искусство речи: современная риторика / Л.А. Введенская, Л.Г. Павлова. - Ростов н/Д: Феникс, 1995. - 576 с.

5. Галич, В. Дефиниция понятия «писательская публицистика» / В. Галич // Журналістыка-2008: стан, праблемы і перспектывы: матэрыялы 10-й Міжнар. навук.-практ. канф. / Белар. дзярж. ун-т; рэдкал.: С.В. Дубовік (адк. рэд.) [і інш.]. - Мінск: БДУ, 2008. - Вып. 10. - С. 69-71.

6. Жаўняровіч, П.П. Публіцыстычны дыскурс У. Караткевіча / П.П. Жаўняровіч. - Мінск: РІВШ, 2011. - 243 с.

7. Здоровега, В. Слово тоже есть дело: некоторые вопросы теории публицистики / В. Здоровега. - М.: Мысль, 1979. - 174 с.

8. Іўчанкаў, В.І. Дыскурс беларускіх СМІ. Арганізацыя публіцыстычнага тэксту / В.І. Іўчанкаў. - Мінск: БДУ, 2003. - 257 с.

9. Корконосенко, С.Г. Основы журналистики / С.Г. Корконосенко. - М.: Аспект Пресс, 2001. - 284 с.

10. Кругосвет: электронная энциклопедия [Электронный ресурс]. - 2000

11. Лазарчук, М.А. Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў / М.А. Лазарчук, А.Я. Ленсу. - Мінск: Народная асвета, 1996. - 176 с.

12. Лотман, Ю.М. Статьи по семиотике культуры и искусства / Ю.М. Лотман. - СПб.: Академический проект, 2002. - 544 с.

13. Рагойша, В.П. Паэтычны слоўнік / В.П. Рагойша. - 2-е выд., дапрац. і дапоўн. - Мінск: Вышэйшая Школа, 1987. - 414 с.

14. Солганик, Г.Я. Стилистика текста / Г.Я. Солганик. - М.: Флинта: Наука, 2002. - 256 с.

15. Старуш, М. И. Авторское “я” в публицистическом произведении: автореф. … дис. канд. филол. наук: 10.01.10 / М.И. Старуш; МГУ им. М.В. Ломоносова. - М., 1985. - 21 с.

16. Стральцоў, Б.В. Асноўныя творчыя метады ў журналістыцы / Б.В. Стральцоў. - Мінск: БДУ, 2000. - 71 с.

17. Стральцоў, Б.В. Публіцыстыка / Б.В. Стральцоў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. - Мінск: БелСэ, 1987. - Т. 4: Накцюрн - Скальскі. - С. 413-414.

18. Стральцоў, Б.В. Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства / Б.В. Стральцоў. - Мінск: БДУ, 1977. - 335 с.

19. Уладзімір Караткевіч і яго творчасць у еўрапейскім культурным кантэксце: навук. зборнік / рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд) [і інш.]. - Мінск: Буларускі кнігазбор, 2000. - 272 с.

20. Хатэнка, А. Стылістыка журналісцкіх жанраў [Электронны рэсурс]. - 2004-2010

21. Черепахов, М.С. Проблемы теории публицистики / М.С. Черепахов. - М.: Мысль, 1973. - 269 с.

22. Шамякін, І.П. Роздум на апошнім перагоне / І.П. Шамякін. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1998. - 526 с.

23. Эпштейн, М. Парадоксы новизны: о литературном развитии ХIХ - ХХ веков / М. Эпштейн. - М.: Советский писатель, 1988. - 414 с.

Размещено на Allbest.ru

Асаблівасці індывідуальнага стылю публіцыстычных тэкстаў І.П. Шамякіна


Подобные документы

  • Паняцце "рэклама", асаблівасці рэкламных тэкстаў. Загаловак, асноўны тэкст і дэвіз. Тыпы моўнай гульні: наўмыснае ўжыванне нарматыўных сродкаў, свядомае парушэнне нормы, выкарыстанне прэцэдэнтных тэкстаў (тэкставых рэмінісцэнцый) для стварэння алюзіі.

    курсовая работа [44,1 K], добавлен 19.12.2010

  • Функцыянальныя адметнасці выданняў. Узроставыя асаблівасці аўдыторыі. Часопісы для дашкольнікаў: тэматычная накіраванасць і асаблівасці ўзаемаадносін з аўдыторыяй. Часопісы для школьнікаў: тэматычная накіраванасць і асаблівасці ўзаемаадносін з аўдыторыяй.

    курсовая работа [44,0 K], добавлен 22.06.2010

  • Рынак камерцыйных газет Беларусі, яго становішча на сучасным этапе і тэндэнцыі развіцця. Феномен сучаснай беларускай камерцыйнай прэсы, яе сутнасныя характарыстыкі і гісторыя ўзнікнення. Характарыстыка асноўных тыпаў беларускіх камерцыйных газет.

    курсовая работа [51,2 K], добавлен 20.06.2009

  • Інтэлектуалізацыя мовы як адна з тэндэнцый развіцця сучаснай прэсы. Лексічныя, сінтаксічныя і жанрава-стылёвыя прыкметы інтэлектуалізацыі тэкстаў. Актыўнае ўжыванне тэрміналогіі і інтэрнацыяналізацыі лексічных адзінак. Успрымання перыфразаў вядомых асоб.

    дипломная работа [102,2 K], добавлен 24.09.2013

  • Стылістычны аналіз падачы аператыўных навін на аснове рэпартажаў беларускіх тэлеканалаў ОНТ, СТВ і БТ. Тыпы рэпартажаў і пазіцыя ў іх журналіста. Вылучэнне тыповых асаблівасцей у выкарыстанні моўных адзінак. Даследаванне моўнай энергаблокактуры рэпартажу.

    курсовая работа [54,9 K], добавлен 08.04.2011

  • Росквіт такіх арганізацый, як Саюз дэмакратычных сіл у Балгарыі, Дэмакратычны форум у Венгрыі, «Салідарнасць» у Польшчы, Грамадзянскі форум у Чэхаславакіі і інш., якія ўтварыліся з дысідэнцкіх плыняў 1960–1970-х гг. Друкаваныя органы гэтых суполак.

    реферат [32,0 K], добавлен 28.11.2008

  • Агляд як адзін з найстарэйшых газетначасопісных жанраў. Галоўная функцыя публіцыстыкі. Эфектыўнасць і дзейнасць: шляхі іх павышэння. Адзінства нагляднага асвятлення грамадскіх падзей і глыбокая пранікальнасць ў сутнасць працэсу, думкі аглядальніка.

    реферат [31,9 K], добавлен 18.12.2015

  • Адбудова Беларусі. Незалежнасць. Незалежная дзяржава і яе народы. Моладзь ідзе! Пасіўнасць беларуса: талерантнасць беларуса, усясветная вайна Захаду, торжышча. Больш самачыннасці (артыкулы 1919 года). Стыль публіцыстыкі Янкі Купалы, аўтар у творах.

    эссе [14,8 K], добавлен 05.06.2008

  • Гiсторыя узнікнення перыядычных выданняў на Беларусі. Фармаванне беларускай народнасці. Беларуская журналістыка на сучасным этапе. Беларуская журналістыка пачатку пераходнага перыяду (1985-1991 гг.). Сродкі масавай інфармацыі Беларусі на сучасным этапе.

    реферат [29,9 K], добавлен 25.03.2011

  • Выяўлення штодзённых абмыл у арганізацыі тэксту ў дзяржаўных версіях газет. Пошук фактараў, якія тармозяць развіццё газет у інтэрнэце, адзнака стану інтэрнэт-версіі газеты Зорка на дадзены момант. Моўныя сродкі лінгвістычнай арганізацыі медыятэксту.

    курсовая работа [35,8 K], добавлен 23.12.2014

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.