Сродкі стварэння экспрэсіўнасці ў мове твораў Леаніда Дранько-Майсюка

Даследавання феномена экспрэсіі, з’явы экспрэсіўнасці моўных адзінак. Аналіз сродкаў стварэння экспрэсіўнасці паэтычных твораў Л. Дранько-Майсюка на розных узроўнях мовы. Лексічныя, лексіка-семантычныя, сінтаксічныя сродкі стварэння экспрэсіўнасці тэксту.

Рубрика Литература
Вид дипломная работа
Язык белорусский
Дата добавления 24.04.2013
Размер файла 112,1 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Рэферат

Дыпломная работа складаецца з __ старонак, 21 крыніцы.

Ключавыя словы: экспрэсіўнасць, выразнасць мовы.

Аб'ект даследавання: сродкі стварэння экспрэсіўнасці ў мове твораў Леаніда Дранько-Майсюка.

Прадмет даследавання: сродкі стварэння экспрэсіўнасці тэксту на розных моўных узроўнях.

Метады даследавання: апісальны, параўнальны, аналітычны.

Мэта работы: выяўленне і правядзенне аналізу сродкаў стварэння экспрэсіўнасці паэтычных твораў Леаніда Дранько-Майсюка на розных узроўнях мовы.

Задачы работы:

· прааналізаваць лексічныя сродкі стварэння экспрэсіўнасці тэксту;

· апісаць лексіка-семантычных сродкі стварэння экспрэсіўнасці тэксту;

· выявіць словаўтваральныя сродкі стварэння экспрэсіўнасці тэксту;

· вызначыць сінтаксічныя сродкі стварэння экспрэсіўнасці тэксту

Выснова:

Вынікі дыпломнай работы могуць быць выкарыстаны пры вывучэнні экспрэсіўнасці тэксту, а таксама пры напісанні курсавых і дыпломных работ.

Змест

  • 1. Паняцце экспрэсіўнасці тэксту
  • 2. Мэты, задачы, крыніцы работы
  • 2.1 Лексіка-семантычныя сродкі стварэння экспрэсіўнасці тэксту
  • 2.2 Эпітэт
  • 2.3 Метафара
  • 2.4 Перыфраза
  • 2.5 Гіпербала
  • 2.6 Літота
  • 2.7 Параўнанне
  • 3. Лексічныя сродкі стварэння экспрэсіўнасці тэксту
  • 3.1 Семантычныя сінонімы
  • 3.2 Стылістычныя сінонімы
  • 3.3 Семантыка-стылістычныя сінонімы
  • 3.4 Аўтарскія сінонімы
  • 3.5 Абсалютныя сінонімы
  • 3.6 Антонімы
  • 3.7 Аўтарскія антонімы
  • 4. Сінтаксічныя сродкі стварэння экспрэсіўнасці тэксту
  • 4.1 Лексічныя паўторы
  • 4.2 Лексіка-семантычны паўтор
  • 4.3 Анафарычны паўтор
  • 5. Словаўтваральныя сродкі стварэння экспрэсіўнасці
  • Заключэнне
  • Спіс выкарыстанай літататуры

1. Паняцце экспрэсіўнасці тэксту

Пытанні даследавання феномена экспрэсіі і з'явы экспрэсіўнасці моўных адзінак трывала занялі значнае месца сярод найбольш актуальных праблем, што стаяць перад сучаснай лінгвістычнай навукай. Такая цікавасць да фармальных сродкаў успрымаецца аўтарамі як дадатковая, другародная. Цікавасць да фармальных сродкаў выражэння прагматычнага зместу звязана з тым, што экспрэсіўныя лексемы валодаюць надзвычай арыгінальнай, яркай знешняй або ўнутранай формай, і не звярнуць на яе ўвагу немагчыма. Творы пісьменнікаў ілюструюць стыхію жывога размоўнага маўлення, сферу, дзе найбольш поўна праяўляюць прагматычныя магчымасці лексічных адзінак.

Пад экспрэсіўнасцю тэксту звычайна разумеецца "такая ўласцівасць тэксту або часткі тэксту, якая перадае сэнс з узмоцненай інтэнсіўнасцю, выражаючы ўнутраны стан гаворачага, і мае сваім вынікам эмацыянальнае або лагічнае узмацненне” [6, с.12]

Усе даследчыкі пагаджаюцца з думкай, што "выразнасць - гэта уласцівасць маўлення прыцягваць увагу слухачоў і чытачоў" [7, с.48]. "Экспрэсіўнасць нацэлена на прыцягненне ўвагі да того ці іншага паняцця, думкі, а праз іх - да прадмета, з'явы, прыметы прадмета, яго стану і г. д." [8, с.133].

Каб выклікаць і падтрымліваць увагу адрасата, аўтару тэксту "неабходна ўмець надаць выказванню незвычайную, нестандартную форму, сутнасць моўнай экспрэсіі - у пераадоленні ўсемагчымых шаблонаў, стандартаў” [9, с.70]. У сувязі з гэтым выразнасць называюць асаблівай структурнай арганізацыяй, якая ўспрымаецца як навізна, незвычайнасць, адхіленне ад "нормы" [9, с.106] і служыць сродкам выражэння аўтарскага пункту гледжання, яго пачуццяў [9, с.113]. "Экспрэсіўнае ў мове выступае як нерэгулярнае, нетыповае, і таму незвычайнае, свежае, выразнае” [8, с.113], паколькі экспрэсіўнасць - паняцце камунікатыўна-функцыянальнае, маўленчае, яна вызначаецца сваёй прагматычнасцю, накіраванасцю на адрасата, валодае функцыяй уздзеяння.

У кантэксце мастацкага твора паэтычная функцыя "рэалізуецца ў розных спосабах мастацкага пераўтварэння, у выніку якога моўныя адзінкі ўзбагачаюцца абертонамі сэнсу" [10, с.36]. Гэтыя дадатковыя мастацка-выяўленчыя прырашчэнні сэнсу, якія развіваюцца ў працэсе эстэтычнага пераўтварэння слова, разглядаюцца як "асаблівая катэгорыя мастацкага маўлення” [11, с.125]. Адзінкі мовы, у якіх рэалізуюцца такія пераўтварэнні, даследчыкі называюць моўнымі мастацкімі вобразамі, якія служаць для паэтычнага адлюстравання аб'ектыўнай рэчаіснасці [12, с.7].

Тыпалогія моўных вобразаў, распрацаваная ў сучасным мовазнаўстве, выводзіцца з праекцыі на агульнамоўную, літаратурную норму і суадносіцца з рознымі ўзроўнямі моўнай сістэмы. Як вядома, у агульнай сістэме мовы вызначаюцца так званыя "нулявы” і "маркіраваны" ўзроўні [13, с.162]. Нулявы ўзровень моўнай сістэмы адпавядае нарматыўнаму функцыянаванню моўных адзінак, маркіраваны - звязаны з адхіленнем ад агульнапрынятага выкарыстання моўных адзінак і датычыцца ў асноўным спецыяльных сродкаў стварэння выяўленчай выразнасці. Як і іншыя камунікатыўныя якасці, выразнасць мастацкага тэксту ствараецца адзінкамі ўсіх ўзроўняў моўнай сістэмы-гукавога, лексічнага, лексіка-семантычнага, словаўтваральнага, сінтаксічнага і іх узаемадзеяння. Найбольш актыўна ў працэсе экспрэсівізацыі мастацкага тэксту ўдзельнічаюць адзінкі лексічнага ўзроўню і ў першую чаргу - тропы. Тропы выконваюць функцыю мастацкай канкрэтызацыі маўлення, індывідуалізацыі аб'екта, яго вобразнай характарыстыкі. Менавіта вобразнасць, мастацкая канкрэтнасць і разам з тым цэласнасць успрыняцця і выражэння свету з'яўляюцца спецыфічнымі адзнакамі мастацкага твора і важнейшым сродкам ўздзеяння на чытача. Вобразнасць мовы, заснаваная на выкарыстанні слоў у пераносным значэнні, - галоўны стылеўтваральны фактар паэтыкі.

2. Мэты, задачы, крыніцы работы

Экспрэсіўнасць у шырокім сэнсе разумеецца як выяўленчая якасць мовы, як тое, што робіць выказванне больш яркім, выразным і вобразным. Экспрэсіўнасць узуальна або аказіянальна ўваходзіць у семантыку моўных адзінак і выражае эмацыянальна-ацэначныя і стылістычна маркіраваныя адносіны суб'екта маўлення да рэчаіснасці

Экспрэсіўнасць - выяўленча-выразная якасць маўлення, якая ствараецца экспрэсіўнымі лексічнымі словаўтваральнымі і граматычнымі сродкамі і надае вобразны характар выказванню. Паколькі экспрэсіўнасць прадстаўлена на ўсіх ўзроўнях мовы, тэксту і маўлення, яна ствараецца мноствам сродкаў і спосабаў. Функцыянальны падыход да экспрэсіўнасці як камунікатыўнай з'явы абумоўлівае ў сваю чаргу разуменне яе сістэмнасці. Мастацкі тэкст вызначаецца разнастайнымі моўнымі сродкамі стварэння экспрэсіўнасці, якія ахопліваюць усе ўзроўні. На лексіка-семантычным узроўні найбольш актыўнымі, адметнымі для паэтычнай мовы сродкамі стварэння выразнасці тэксту з'яўляюцца эпітэт і метафара, на лексічным - сінонімы і антонімы, на словаўтваральным - формы з суфіксамі суб'ектыўнай ацэнкі, на сінтаксічным - разнастайныя паўторы. Аналіз экспрэсіўнасці мовы паэтычных твораў патрабуе сістэмнага падыходу, уважлівага прачытання кожнага радка, бо разгляд нават адзінкавых выяўленча-выразных моўных сродкаў вершаваных твораў паэзіі паказвае, якія нязмерна вялікія экспрэсіўныя магчымасці мае паэтычнае слова сапраўднага Мастака і Творцы.

Мэта дыпломнай работы: апісанне моўных сродкаў стварэння экспрэсіўнасці паэтычнага тэксту Леаніда Дранько - Майсюка.

Аб'ектам дыпломнага даследавання з'яўляюцца паэтычныя творы Леаніда Дранько - Майсюка.

Прадмет дыпломнага даследавання - выяўленне і размежаванне моўных сродкаў стварэння экспрэсіўнасці тэксту.

У адпаведнасці з мэтай нашага даследавання былі пастаўлены і вырашаны наступныя задачы:

· аналіз лексічных сродкаў стварэння экспрэсіўнасці тэксту;

· апісанне лексіка-семантычных сродкаў стварэння экспрэсіўнасці тэксту;

· выяўленне словаўтваральных сродкаў стварэння экспрэсіўнасці тэксту;

· вызначэнне сінтаксічных сродкаў стварэння звязнасці тэксту.

2.1 Лексіка-семантычныя сродкі стварэння экспрэсіўнасці тэксту

У складзе адзінага цэлага, якім з'яўляецца мастацкі твор, словы і выразы атрымліваюць новыя экспрэсіўныя адценні, мяняецца іх сэнсавая структура. "Майстэрства пісьменніка заключаецца ў тым, каб адчуць і выявіць кантэкстуальныя магчымасці слова, накіраваць іх у пэўным стылявым кірунку. У мастацкім творы слова са звычайнай простой назвай можа пераўтварыцца ў слова - вобраз і пачынае выражаць новы, непаўторны мастацкі вобраз” [14 с. 191].

Аспект вобразнасці - яе непаўторную сувязь з думкай, мысленнем пісьменніка - падкрэслівае А. Вярцінскі: "Калі мы гаворым, што паэт павінен мысліць вобразаммі, што верш павінен несці пэўную думку, то мы мусім ісці далей і прызнаць, што вобразнасць непарыўна звязана з мысленнем паэта, з пафасам і ідэйным зместам верша і што зусім няправільна патрабаваць квяцістасці метафар там, дзе ёсць нешта большае, скажам, смелы асацыятыўны вобраз” [15 с.109 - 110].

Выкарыстанне лексіка-семантычных сродкаў у мове мастацкай літаратуры падпарадкавана галоўнай задачы - стварыць мастацкі вобраз. У маўленчай тканіне твора элементы мовы, выступаючы сродкам фарміравання мастацкіх вобразоў, набываюць дадатковае эстэтычнае значэнне, эмацыяльна ўздзейнічаюць на чытача і далучаюць яго да сумеснай (разам з паэтам) творчасці. Мастацкія значэнні слова выяўляюцца ў кантэксце найперш праз тропы.

Тропы - моўныя звароты, якія грунтуюцца на пераносе найменняў, што традыцыйна называюць прадметы, з'явы, прыметы, дзеянні. Традыцыйныя і сітуацыйныя прадметныя значэнні такіх найменняў сумяшчаюцца, і такім чынам узнікае вобраз. Да тропаў належаць такія вобразныя сродкі мовы, як эпітэт, параўнанне, метафара, метанімія, сінекдаха, перыфраза, увасабленне, сімвал і інш. Разуменне спецыфікі тропаў у творчасці кожнага пісьменніка вельмі важна для таго, каб выявіць характар яго вобразнага мыслення, індывідуальныя асаблівасці яго стылю.

На лексіка - семантычным узроўні найбольш актыўнымі, адметнымі для паэтычнай мовы сродкамі стварэння выразнасці тэксту з'яўляюцца эпітэт, метафара і параўнанне, таксама не менш важную ролю выконваюць тропы метафарычнага тыпу: перыфраза, гіпербала і літота.

2.2 Эпітэт

Адзін з самых пашыраных тропаў у аналізуемых творах Леаніда Дранько-Майсюка - эпітэт. Эпітэт - вобразнае азначэнне прадмета або з'явы, якое адрозніваецца ад звычайнага азначэння пераносным сэнсам і экспрэсіўнай функцыяй.

Эпітэт дапамагае дакладна і ўсебакова ахарактарызаваць пэўны прадмет, з'яву ці чалавека, вылучыць і апісаць іх найбольш істотныя індывідуальныя рысы, узбагачае выяўленча-выразныя магчымасці апісання, надае мове адметнасць і эмацыянальную насычанасць.

З генетычнага пункту погляду эпітэты падзяляюцца на: агульнамоўныя, індывідуальна-аўтарскія, народнапаэтычныя (пастаянныя, сталыя) - словазлучэнні з імі набылі сталы характар У творах выкарыстоўваюцца, як правіла, індывідуальна-аўтарскія эпітэты, выражаныя прыметнікамі, якія часцей за ўсё называюць фізічныя ўласцівасці пэўных з'яў прыроды або жывых істот.

А страх заўсёды - зблізку ці здалёк -

Прыходзіць уладарны і таемны,

Ды ўсё ж ён - звычайны матылёк. [3, с.64].

Мой сон пусты, і я прашу: " Прысніся" -

І стаўлю вазу чыстую на стол.

Твой жоўты колер пазалоціць высі,

Мой сіні колер абцяжарыць дол. [1, с.40].

А ў самотнейшыя хвіліны

Уначы, пад газніцы бліск,

Не ў Вільню - пісаў у Афіны

Да Вацлава нясмелы ліст. [1, с.50].

Пэўна, яны пасмяюцца з мяне.

Я ж на людзей не крыўдую.

Смешкі патопяць у сумным віне -

Глечык віна прапануе [4, с.8].

Таксама сустракаюцца агульнамоўныя эпітэты.

Гэта хворае дрэва, дзеці,

І таму да яго прылятае

У шэрані ранішняй дзяцел,

Жыхар суседняга гаю. [4, с.16].

Срэбны яблык вазьму -

Да столі падкіну высокай.

І пройдзецца велічны гром па ўсяму

Палессю - жанчыны да вокан! [4, с.30].

На змярканні да свойго жытла

Ён вяртаўся стомлены, шчаслівы -

І ў сваім трывожным уяўленні

бачыў нас і сумна усміхаўся. [4, с.37]

Па - над ракой неразгаданы змрок.

Бераг. Самотная лодка.

Болей нічога не ўзрадуе змрок

З гэтай карціны самотнай. [4, с.38].

Каб, яна забываючы страх

І атруту падманне страсці,

У глыбокіх тваіх валасах

Завушніцы губляла на шчасце? [1, с.24].

У майстэрні, дзе ружам не цесна,

Алкагольным суцішаны дном,

Я пішу на паперы нябеснай,

На паперы, што пахне віном. [1, с.48].

Агульнамоўныя эпітэты вылучаюць характэрную рысу ці прымету прадмета, з'явы, ацэньваюць, выклікаюць эмацыянальнае ўспрыняцце, дапамагаюць зразумець аўтарскае бачанне рэчаіснасці.

А мне ж усё сур'ёзна - пакута,

Тугая канапляная пятля.

Яна ашчэрваецца пашчай лютай,

Пагойдваецца зблізку і здаля. [1, с.51].

І гэты ж страх (балючая страшынка) -

Цяжар найбольш для маіх плячэй.

Усё аддаў бы і на усё рашыўся,

Каб толькі знік ён з дарагіх вачэй. [1, с.53].

Махну рукой. Ды за адчай - узмахам

Адразу ж папрашу твайго цяпла:

Цалуй мяне сваім высокім страхам,

Частуй мяне з нябеснага стала. [1, с.53].

Традыцыйныя эпітэты выкарыстоўваюцца аўтарам даволі рэдка:

Ты хочаш плакаць, але ты жанчына,

Якую Бог пазбавіў горкіх слёз,

І не для слёз прыдумана ангіна,

А на ўспамін пра снег і пра мароз. [1, с.45].

Маці спявала:

Сынку Іванку,

Ты па моры плаваў

Залаценькім ранкам. [4, с. 19].

Я маленькі, мне тры гады,

Я сціскаю ў гармонік фіранку.

Бачу буйныя кроплі вады,

Што сівеюць на вымытым ганку. [4, с.6].

У паэтычнай мове Леаніда Дранько - Майсюка эпітэты неаднародныя па свойму экспрэсіўнаму прызначэнню. Паводле сваёй ролі ў паэтычнай мове яны падзяляюцца на паясняльныя і метафарычныя. Паясняльныя эпітэты - такія мастацкія азначэнні, якія падкрэсліваюць ў прадмеце або з'яве, характэрнае, тое, што вылучае гэты прадмет або з'яву сярод іншых.

Што за пытанне? Таннай цаной

Пазнанне - не манетай звонкай.

Яна спынілася перада мной,

І усё забылася - і сын, і жонка. [1, с.25].

Я маленькі, мне тры гады,

Я сціскаю ў гармонік фіранку.

Бачу буйныя кроплі вады,

Што сівеюць на вымытым ганку. [4, с.6].

Ты мне што - небудзь раскажы.

І я расказваю што-небудзь,

І так спакойна на мяжы

Зямлі і ранішняга неба. [4, с.6].

І я паверыў мастаку,

У лес ягоны самагубны,

Што звон магільнага пяску

Дадаў з турмы, глядзела неба. [1, с.76].

Табе разгортваючы Верлена,

Заўважыў: у жоўтым тваім агні

Зялёны блакіт успыхваў імгненна,

На страху настоены і чысціні. [1, с.41].

Паводле граматычнага выражэння паясняльныя эпітэты разнастайныя. Часцей за усё яны выражаюцца прыметнікамі з паясняльным словам - назоўнікам:

Асінавае слова " развітаньне”

У канапляны ўплецена вянок, -

Я заслужыў такое пакаранне,

Як чорны ліст - мне дадзена яно. [1, с.51].

Твая рука жарынкі цыній

Не астуджала, берагла

І перунам трамвайных ліній

Сцябліны светлыя дала. [1, с.59].

І лінію трымала лёсу

Майго. І ад яе цяпла

Цвіла мядовая меліса

І сальвія ў Гарынь цякла. [1, с.59].

І вось не ўпала, - чым далей, тым болей.

Узрошчаная на глухім пяску,

Егіпецкая ружа пальцы коле

І пакідае кроў на языку. [1, с.51].

Найбольнай экспрэсіўнасцю вылучаюцца эпітэты, якія выступаюць ў пераносным значэнні, яны маюць назву - метафарычныя. Метафарычны эпітэт - гэта своеасаблівая форма выражэння метафары. Як і метафара, ён мае наступныя заканамернасці: адцягненасць, падабенства і канкрэтызацыя. Аднак, як падкрэслівае В.І. Яроміна, "калі асноўная заканамернасць метафары - падабенства і адцягненасць, то ў метафарычным эпітэце галоўным становіцца прынцып канкрэтызацыі. Раздзяленне яго як дамінанты звязана з асноўнай функцыяй эпітэта - быць азначэннем” [17, с.144]

Сон залаты не менее ў цане -

Трывалая, на ўсе часы валюта!

І ты мяне выртаеш да мяне

Той сонна - тэлефоннаю пакутай. [1, с.43].

Ты хочаш плакаць, але ты жанчына,

Якую Бог пазбавіў горкіх слёз,

І не для слёз прыдумана ангіна,

А на ўспамін пра снег і пра мароз. [1, с.45].

Паіць віном паўлінавыя астры,

На пчол глядзець і цешыцца любоў!

І ластаўку, якую сочыць ястраб,

Забраць адсюль у Грэцыю з сабой. [1, с.33].

Мы дажылі да першае зімы,

Да першай радасці марознай, -

Пакуль яшчэ крывёй сагрэты мы

Артэрыяльнай і венознай. [1, с.70].

У просьбе той блакітна - італьянскай,

У элегічным tremolo -

Плыве трымэра даўніны раманскай,

Вясло кладзецца на вясло. [1, с.31].

Ці зловіць кацяня клубок?

Масніцы лоскату баяцца,

І пылу залаты слупок

Паспеў ужо да столі ўзняцца. [4, с.42].

Пакуль з рукі спяшаўся на руку

Мой пацалунак легкаважны, -

Ты расказаць паспела пра дачку

І сівізну маю заўважыць [1, с.38].

Я тое прадчуваў каханне,

Ягоны вінаградны воск,

Калі гарынскае змярканне

Святлу афінскаму прынёс [1, с.39].

На пятніцу, суботу і нядзелю

Мы развіталіся, як і заўжды,

Каб зноў у тэлефонны панядзелак

Здабыць святло з гарынскае вады. [1, с.54].

Да сімвалічнага спакою

Плыла, не чуючы званка,

Па - над трамвайнаю ракою

твая трывожная рука. [1, с.59].

Дзяцінства ранак местачковы

Я ўспомніў праз тваю руку,

І зноў я - Лёнік васілёвы

У бестрамвайным гарадку. [1, с.59].

Дык адыдзі, журба старая,

І, смутак юны, прападзі -

Пад колы мінскага трамвая

мая нярадасць упадзі. [1, с.60].

Паэты любыя, вы ўсё перамаглі,

Агнём ласкавым налівалі шклянкі,

Якія прыгажуні ў вас былі

І вечары, яснейшыя за ранкі! [1, с.61].

Хацеў бы я па вечарах

З удумлівасцю лістападнай

Па снах тваіх і валасах

Жыццё далейшае разгадваць. [1, с.63].

Хачу ўводзіць над магу

У хвілю самую бязбожную.

Я ў сэрцы кволасць берагу -

Сваю саломінку апошнюю. [1, с.65].

Няхай пачуцці вінаватыя,

Сваёй збаяўшыся віны,

Папросяць радасці эладнае

У вечна юнай даўніны. [1, с.68].

Ты ў горадзе, і мой раўнівы змрок

Эпохі блытае, няйначай -

Я не хачу, каб у трамваі Блок

Цябе, прыгожую, убачыў. [1, с.71].

Я духаю арганнай шчырасцю -

Яе дыханнем каталіцкім,

Ды на аптэчную нішчымніцу

Усё ж я змушаны маліцца. [1, с.72].

Як бачна з прыведзеных прыкладаў, метафарычныя эпітэты семантычна двухпланавыя, яны спалучаюць у сабе два моўныя вобразныя сродкі - метафару і эпітэт.

Пераважная большасць такіх эпітэтаў з'яўляюцца індывідуальна - аўтарскімі (аказіянальнымі). Яны здзіўляюць сваёй вобразнасцю, паэтычнасцю, маюць функцыю вобразнага ўздзеяння на чытача, з'яўляюцца аўтарскімі мастацкімі знаходкамі.

Вось тэлефон. Дзяўчынцы пазвані, -

І з'явіцца настрой эліністычны,

І менскія запаляцца агні,

Адчуўшы неба агарод сферычны. [1, с.82].

Прабач, я дрэнны служка твой,

А лепшым стаць не выпадкова -

З маёй пачварнаю душой,

З маёй душой недасканалай. [3, с. 20].

Хай палеская, хай вандроўная

(І ці яшчэ можа быць!) -

Там душа мая, смеццем поўная,

Што не вымесці, не спаліць. [3, с.23].

У гэтае імгненне прыгажосць

Пакінула мяне і азарэнне,

І толькі злосць, адна пустая злосць

Аблытала цяжкім сваім карэннем. [3, с.53].

Саступі, дзяржава, чалавеку,

У спакой жыць дапамажы,

Праз тваю жалезную апеку

Пляма страху на яго душы. [3, с.112].

Мне зразумела ўсё не ясна -

Ці варты музыкі такой?!

Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай,

Калі гучаць арфічна вашы астры

Па - над пустой канцэртнай асакой! [5, с. 19].

І я сачыў за тым палётам,

Удыхаючы евангельскі пыл,

І ехаў да бацькоў. Мой клопат

Для іх зусім незразумелы быў. [5, с. 20].

Мы там сустрэнемся абавязкова,

Узяўшы Прыпяць і Гарынь,

І нашая вясёлкавая мова

Разбудзіць медную латынь. [5, с.21].

Я зведаў найкароткае спатканне

На строме еўрапейскага крыла,

Калі раса мядовага змяркання

На гіяцынты белага лягла. [5, с.33].

О, Vita!. На сардэчныя скрыжалі

Запішацца і гэты покліч мой, -

Так некалі паэты называлі

Наіўны свой далагерны настрой. [5, с.35].

Ад граматычнага азначэння эпітэт адрозніваецца здольнасцю тонка перадаваць эмацыянальна - экспрэсіўную характарыстыку вобраза. Але размежаваць іх не проста і не заўсёды магчыма. Пры гэтым неабходна ўлічваць семантычную характарыстыку эпітэта, яго камунікатыўную якасць

Адрозніць звычайнае азначэнне ад мастацкага, вобразнага дапамагае кантэкст. Эпітэт звычайна ацэньвае прадмет, паняцце ці з'яву, выклікае пэўныя эмацыянальныя адносіны да іх.

2.3 Метафара

Прадуктыўным спосабам стварэння экспрэсіўнай афарбоўкі слоў з'яўляецца асацыятыўна-вобразнае, найчасцей метафарычнае пераасэнсаванне іх значэння. Метафарычнае ўжыванне прыводзіць да полісемантызацыі слова і павелічэння яго асацыятыўнага патэнцыялу, што ў сваю чаргу ўзмацняе глыбіню зместу тэксту, павялічвае сілу псіхалагічнага ўздзеяння яго вобразаў на чытача.

Метафара - троп, заснаваны на выкарыстанні слоў і выразаў у пераносным сэнсе на аснове падабенства або аналогіі называемых імі прадметаў і з'яў. Метафара з'яўляецца актыўнай формай вобразнага адлюстравання аб'ектыўнай рэчаіснасці, важнейшым сродкам мастацкага пазнання свету. Гэта - адзін з самых старажытных сродкаў слоўнай вобразнасці, вытокі якога - у міфалагічным мышленні першабытнага чалавека. Па тыпу пераносу - гэта часцей увасабленне або адухаўленне, выражанае дзеяслоўнымі формамі.

Ігруша бегла па мяжы,

Лічыла крушні і аблокі.

У ручаіне ці ў дажджы

Вясельныя ўсчыняла скокі. [4, c.5]

Навальніца, чуецца, за гаем

У хвартух каменне награбае,

А пасля, цяжкая, пакрысе

Над маёй страхою растрасе. [4, с.7]

А пра сабе ці варта казаць?

Думку ўздыме трывога.

Сыдуцца людзі, і будуць чакаць,

І не пачуюць нічога. [4, с.8]

Як дотык да поўсці воўчай,

Ля ганка вада плюскоча,

Суседняя хата плыве,

А ў хаце суседка жыве. [4, с.8]

Добраму сэрцу вядома

Неба і сушы душа.

Кожнаму сэрцу вядома,

Як апускаецца стома

На хмельнае дно гладыша. [4, с.11]

Коршак шкляны, табе ўдача пяе,

Воля ў каменным паглядзе.

Зноў прыляціш ты пад вокны мае

Ранкам, на комін сядзеш. [4, с.15]

Я дом будаваў на вякі,

Узводзіў падмурак высока,

Выскочвалася да ракі

З - за лесу далёкага сонца. [4, с.17]

Стварыць новыя вобразы, выклікаць нечаканыя асацыяцыі дае магчымасць найперш індывідуальна-аўтарская метафара. Яркім вобразна-экспрэсіўным сродкам у паэзіі Л. Дранько - Майсюка з'яўляецца дзеяслоўная метафара, у аснове якой ляжаць самыя старажытныя віды пераноснага словаўжывання - увасабленне, адухаўленне і параўнанне.

Гэта цень мой вярнуўся дамоў,

Выпіў кварту халоднай выды,

Узышоў на вяршыні дубоў,

Абтрасаючы жалуды. [4, с.5]

Голас мой кацянём прыстае,

Мякка скача на блузку.

Як урок, паўтараеш мае

Словы па - беларуску. [1, с.22]

У горадзе самотная тычка

Дакарала гаспадара,

У пакоі чарвоная лічба

Пазірала з календара. [4, с.13]

Ён бег за вадою,

Завеі скакалі вакол і шамрэлі -

Ў суботу, што проці нядзелі,

Дзве белыя хмаркі ляцелі. [4, с.14]

Мой дом вырастаў, я старэў.

Аблокі пад рукі скакалі,

Дарогі і грубачкі дрэў

У сподзе глухім пазнікалі. [4, с.18]

Індывідуальна-аўтарскія метафары ствараюцца мастакамі слова для канкрэтнай маўленчай сітуацыі. Яны вельмі выразныя. Магчымасці іх стварэння невычарпальныя.

Пакуль хаваў я галаву сваю

У жоўты куст тваёй сукенкі,

Ты развязала горла салаўю,

Туман паклала на каленкі. [1, с.40]

Расказваць пацалункамі гатовы

Табе да раніцы пра хараство,

Бо пацалункі - гэта тыя словы,

Дзе літары складаюцца ў святло. [1, с.45]

Я хваляй задушуся небяспечнай,

Глыну блакіт з вярбовае кары

І раскажу пра ціхае мястэчка

З царквою, што згарэла на гары. [1, с.45]

Такой метафарай аўтар не проста паэтызуе навакольны свет, ён перадае складаны ўнутраны псіхалагічны стан лірычнага героя, захопленага велічнай прыгажосцю прыроды, узрушанага ўрачыстай гармоніяй сусвету. У поле гэтага захаплення, узрушанасці ўцягваецца і чытач, які вачыма аўтара і героя назірае за нязменна прыцягальнай і вечна таямнічай сілай прыгажосці прыроды. Гэта прыгажосць, адбітая свядомасцю і пачуццямі аўтара ў яскравых вобразах, абуджае фантазію і эмоцыі чытача.

Метафара, заснаваная на анімізацыі і персаніфікацыі, даволі часта з'яўляецца разгорнутай. У такім выпадку метафарызуецца ўвесь паэтычны кантэкст.

Бычыў, як дуб на світанні

Долу скідаў жалуды.

Бачыў, як сонца ў тумане

Выйшла да соннай сады. [4, с.10]

Выплісне з калодзежа вада

І парве на зрубе павуцінне,

Вострая, нібы драбок ільда,

Цішыня ў пакінутай хаціне. [4, с.29]

Але ці мала што хацець

Душа надумае ў змярканні,

Калі праніклівая смерць

Глядзіць спакойна на каханне; [1, с.63]

Я ўсцешаны, бо гэта зразумець

Паспеў усё ж на трыццаць пятым годзе,

Калі душа стамілася старэць

І пачала паэзію знаходзіць. [1, с.66]

З апоўначы мне ўспамінаць да дня,

П'янеючы ад акварэльнай скрухі,

Як да мяне прыходзіць чысціня

І як яна мае цалуе рукі. [1, с.66]

Сярод іншых тропаў метафара займае галоўнае месца, яна дазваляе ў кароткай форме стварыць ёмісты вобраз, заснаваны на вобразных асацыяцыях. У аснову метафарызацыі можа быць пакладзены падабенства самых розных прымет прадметаў: колеру, формы, аб'ёму, прызначэння.

Даволі часта ў метафарызацыі паэтычнага кантэксту ўдзельнічае цэлая сістэма выяўленча-выразных трапеічных сродкаў - метафара, эпітэт, параўнанне, адухаўленне.

Званіца, што пабоч была,

Тужлівым азвалася стогнам -

Трывога у стогне жыла:

" Няўжо ён мяне перастоіць? ” [4, с.18]

Людзей не чутно і ракі,

І толькт адзіны ўжо вецер

Прыходзіў: " Ты што - на вякі?"

І зноў ён знікаў на Сусвеце. [4, с.18]

А бераг адкажа: " Таму,

Што ў месячным акіяне

Прымроілася яму

За вашым - сваё вандраванне”. [4, с. 20]

Што гром услед ёй дыхаў,

Рака, як бор, гула,

І ў кветку майго слыху

Залётвала пчала. [4, с.31]

Па - над пашаю хмара плыла,

У лагчыне каровы сышліся.

Плёхат Ноевага вясла

Скаланаў сенажацці і высі. [4, с.33]

Метафара - семантычная з'ява, абумоўленая наслойваннем на прамое значэнне слова пад уплывам вузкага ці шырокага кантэксту дадатковага сэнсу, які ў гэтага слова ў складзе мастацкага твора становіцца дамінуючым. Пры гэтым прамое значэнне слова выступае толькі асновай для асацыяцыі аўтара. Некаторыя разглядаюць метафару як семантычны неалагізм.

Вандруе святло па сцяне,

І сон абыходзіць мяне,

Спыніўся цягнік на хвіліну,

Падобны на дамавіну. [4, с.34]

Я слова шукаў і не здолеў знайсці,

І знік ён, мяне не пачуўшы.

Я прагну яго ў паблажэнным жыцці,

Гартаючы воды і сушы. [4, с.35]

"Вуды закінуў ў глыбокі туман,

Іншыя справы забуду.

Воля твая, рыбалоўны падман,

Выхапі першую вуду. [4, с.38]

Я разважыў: Яна душу згубіла,

Аднак жа не згубіла хараства,

Яна мужчын не любячы любіла -

Не жонка нічыя і не ўдава. [1, с.27]

У кожнай кветцы дух жыве ахвярны.

І ў алкагольны падаючы след,

На століку афінскае кавярні

Яна ніяк не стоўпяцца ў букет. [1, с.33]

І я настроем гэтым жа сагрэты.

Яшчэ сваёй не чуючы бяды,

У поклічы, у родным слове гэтым

Я чую вас, паўночныя ільды. [1, с.46]

Метафару нярэдка называюць "схаваным" параўнаннем, якое патрабуе пэўнай разгадкі. Сакрэт моцнага эстэтычнага ўздзеяння метафары, эфекту мастацкага "прыцягнення" - у неабходнасці яе дэкадзіравання, расшыфроўкі чытачом, пэўнага суперажывання для ўсведамлення зместу, асэнсавання ідэі твора. Чытач нібы далучаецца да творчага працэсу стварэння вобраза, становіцца яго саўдзельнікам. Як адзначаецца ў літаратуры, істотнае адрозненне мастацкага маўлення - у яго метафарызме, у сістэмнай спаянасці метафары з усёй структурай мастацкага цэлага [6, с.71].

Над сломкаю буры хадзілі

І віхор успамінаў такі,

Што самохаць ляціць мой гадзіннік,

Нібы чорная птушка, з рукі. [1, с.48]

Я запомню сірочасць букета -

Залацістую золь на траве!

Ён шаптаў нам: у радасці гэтай

Алкагольнае шчасце жыве. [1, с.48]

Ты ўжо чуеш, як свечка плача

На блакітным летнім акне,

Пройдзе восень над Белай дачай

І патоне ў нашым віне. [1, с.50]

Каб сэрца залацела ў сэрцы.

У слёз высвечваючы дно,

Каб нашых акуляраў шкельцы

Пазвоньвалі адно ў адно. [1, с.56]

Мяне палюбіла была адзінота.

Гітарнае лісце на вочы лягло.

Мяне палюбіла была адзінота,

І вы памятаеце, пані Дарота,

Гітарнае лісце сухое святло. ” [1, с.57]

Калі яна свой адчаджала час

І хваляй паўставала немагчымай;

Калі яна расказвала пра вас

Не музыкай, не словам - а вачыма." [1, с.62]

Калі дыханне ў каўняры

Спыняецца і мне даводзіць.

" Смерць і каханне - дзве сястры

Твае. і ты іх брат, выходзіць." [1, с.63]

І ты ім блізкая сястра.

І нам пакінута надзея

Ісці да Паўла і Пятра,

Шлях пачынаючы з Мацвея. ” [1, с.64]

Паэт сказаў: " Стамляецца метал.

Святло стамляецца, і Апалон стамляецца,

Арлы стамляюцца, вартуючы амфал,

А хараство ніколі не стамляецца. [1, с.66]

Яшчэ адной разнавіднасцю метафары з'яўляецца персаніфікацыя - гэта наданне неадушаўлёным прадметам і з'явам дзеянняў і ўласцівасцей чалавека. Персаніфікацыя заснавана на метафарычным тыпе пераносу нежывому - жывое, калі з'явам прыроды, прадметам прыпісваюцца фізічнае дзеянне чалавека, яго фізіялагічны стан, псіхічная, разумовая, маўленчая дзейнасць. Напрыклад, такую метафару мы заўважаем у вершы Л. Дранько-Майсюка:

І толькі гэтак жыць мне хочацца,

З вясёлым страхам цераз край!

Няхай душа мая заходзіцца

І задыхаецца няхай; [1, с.68]

Хвіліны лепшыя мае

Цвітуць адна перад адною,

Калі глыбокае пяе

Тваё дыханне нада мною. [1, с.78]

У рэўнасці маёй жыве сакрэт,

З якім - не трэба славы большай.

Я не хачу, каб любы мой паэт

Табою павялічыў боль свой. [1, с.71]

Персаніфікаваная метафара жыве сакрэт з'яўляецца простай.

Здагадка забірае мой спакой,

Бо ў той здагадцы навіна благая:

Каханая парой такой

З маёй паэзіі знікае. [1, с.75]

Здагадка забірае мой спакой - гэта складаная метафара, бо Дранько-Майсюк ужывае не словазлучэнне, як у папярэдняй страфе, а цэлы сказ. Ядром такой складанай метафары з'яўляецца дзеяслоў, які паказвае на дзеянне, што павінна адбыцца ў будучым.

Метафарычнае бачанне свету - адна з адзнак таленту сапраўднага паэта. Самае галоўнае для ўтварэння метафары - новае, нечаканае бачанне і асэнсаванне ўжо вядомых з'яў і прадметаў, іх прымет і дзеянняў. Метафары ўносяць у паэзію навізну поглядаў на навакольны свет, элемент нечаканасці і першаадкрыцця рэчаіснасці.

У сувязі з гэтым у сучасным мовазнаўстве метафара кваліфікуецца як мадэль новых ведаў, атрыманых у выніку супастаўлення двух рознапрыродных сутнасцей [18, с.70].

Я прачытаў: адзін мастак,

Што золатам пісаў дыханне,

Тлумачыў жоўтае, як знак

Найпранікнённага кахання. [1, с.76]

Мастак той ведаў, што лягчэй

Магчыма жыць, але не трэба?

І з пастарскіх яго вачэй,

Нібы з турмы, глядзела неба. [1, с.76]

Не ты, а я табой прыручаны!

Не мудраю віной -

Мая паэзія засмучана

Бемольнай сівізной. [1, с.85]

Калі шуміць туга сасновая,

Не бачны край стала,

Тады маўчыць папера новая -

Піладава смала. [1, с.85]

Тады і лес твой парадніўся толькі

Не з пустатою - з лесамі двума,

І зоркі ўсе да Васіля і Вольгі

Ляцяць, ляцяць, і ліку ім няма. [3, с.48]

Застаньцеся, дом і сям'я,

Для кожнага будзьце надзеяй.

Яшчэ не абтрэсла зямля

Пракляцце за грэхападзенне,” [3, с.49]

Яшчэ не прачнуліся, спяць

Апошнія нашыя стрэсы,

І ў кожным імгненні рыпяць

На райскіх варотах завесы. [3, с.49]

Вядома ж, не. Мне гэта ўсё здалося!

Яшчэ ніякі гэта не разрыў!

Яшчэ шуміць эгейскае калоссе,

І кіфарыёскі спеліцца матыў." [5, с.22]

Для ўтварэння метафар самае галоўнае - новае, нечаканае ў бачанні, асэнсаванні ўжо вядомых з'яў, прымет, прадметаў. Менавіта гэта дае пісьменнікам магчымасць ствараць новыя вобразы, выклікаць нечаканыя асацыяцыі.

экспрэсіўнасць дранько майсюк

2.4 Перыфраза

Адзінкавымі ў творах з'яўляюцца такія тропы метафарычнага тыпу, як перыфраза, у якой назва прадмета або з'явы падаецца праз апісанне яе адметных уласцівасцей. Перыфраза замяняе асобнае слова апісальным выразам, які чытач півінен адгадаць, і такім чынам садзейнічае займальнасці і выяўленчай выразнасці маўлення.

Прыкладам такой загадкі могуль служыць першыя радкі верша Л. Дранько-Майсюка:

Калі саву той жаўранак прынёс -

Яшчэ анёлы ў комін заляталі,

Яшчэ світанак зоры не абтрос,

А вёска бегла, крычучы: " Прынёс! ”

І ў лаўкі гучна пляскала платамі [3, с.93].

Паколькі перыфраза - найчасцей вынік індывідуальна-мастацкага бачання свету, то пісьменнік гэтым сказам ахарактарызаваў прамежак часу " вельмі рана”, у якім адбываецца дзеянне.

Некаторыя перыфразы лаканічна і дакладна раскрываюць сутнасць з'явы і тым самым даюць ёй грамадскую або эстэтычную ацэнку. У людзей з багатым жыццёвым вопытам, арыгінальным і глыбокім мысленнем яна адлюстроўвае складанасць узаемаадносін паміж рознымі з'явамі рэчаіснасці. Перыфразы структурна арганізуюцца на сінтаксічнай аснове, звычайна гэта словазлучэнні. Свабодныя словазлучэнні абазначаюць прадметы і іх прыметы, дзеянні і іх аб'екты раздзельна, а перыфразы, маючы тую самую структуру, семантычна непадзельныя і называюць з'явы жыцця ўсім слоўным комплексам.

Гэта добра відаць, калі параўнаць свабодныя і генетычна звязаныя з імі перыфрастычныя словазлучэнні, адрозніць якія можна толькі ў кантэксце. Такім чынам, перыфраза ўзнікае ў працэсе моўных адносін і характарызуецца паасобнасцю афармлення - мае мадэль свабоднага словазлучэння. Перыфраза не толькі называе з'яву жыцця, яна адначасова і характарызуе яе.

Даруйце за даўні ўспамін -

Быў дзень веснавы, незабыўны.

Я ў хаце - адзіны сын,

І ўзрост у мяне прызыўны. [2, с.34]

Гэта перыфраза указвае на ўзрост героя верша - васемнаццаць год.

Перыфраза паводле сваёй структуры менш эканомная, чым асобнае слова. І калі б у яе значэнні не было нічога новага ў параўннні са значэннем і адценнем значэнняў аднаслоўнай назвы, утварэнне і ўжыванне перыфразы было б мала апраўданае: няма патрэбы ўжываць цэлае словазлучэнне, калі тое самае можна выказаць адным словам. Перавага перыфразы над звычайным словам у тым, што яна не толькі называе пэўную з'яву, але і адразу характарызуе яе праз апісанне прымет, уласцівасцей.

Не можа нацыя сысці,

Нібы вада ў пясок, -

Павінна след пакінуць ці

Ці там які слядок. [3, с.27]

Нацыя не можа памерці таму, што на змену стараму пакаленню заўсёды прыходзіць новае, маладое. У перыфразах аўтар не проста занатоўвае тое, што назірае ў жыцці, а, скарыстаўшы зрокавае падабенства, сходнасць, набліжанасць слыхавых адчуванняў, спецыяльна паварочвае прадмет, з'яву да слухача той гранню, якая дапамагае надаць малюнку адчувальную відавочнасць і дазваляе падтрымаць пэўны настрой апісання.

Сям'я сям'ёю. Вольга і Васіль

Заняты прасодыяй французскай.

Ты вернешся з Еўропы назусім,

калі пакліча сон дамоўкі вузкай. [5, с.71]

Такой перыфразай аўтар ахарактарызаваў смерць лірычнага героя.

Амерычкі, еўропкі.

Вайна так неўспадзеў.

На згубленыя клёпкі

Цень атаму асеў. [2, с.13].

Другімі словамі аўтар гаворыць, пра тое, што і без вайны чалавецтва спасцігла вялікая бяда - радыяцыя.

Яна не набліжаецца, далей шчэ

За Вольгу, Васіля.

Ля ног яе жывая хваля плешча

Твайго, Верлен, святла. [1, с.36].

Гэтай перыфразай аўтар перадае вялікі натоўп людзей.

Перыфразы ў творах Леаніда Дранько-Майсюка не меюць сталага характару, яны не вядомы шырокаму колу людзей, а з'яўляюцца вынікам індывідуальна-аўтарскага бачання свету.

2.5 Гіпербала

Гіпербала - наўмыснае перабольшванне пэўных уласцівасцей чалавека, прадмета ці з'явы з мэтай уздзеяння выразнасці выказвання.

Пагрукаў нечаканы воз,

І пуга ляснула і сціхла,

Так моцна ляснула: з бяроз

Зляцела лісцяў яркіх сціжма." [4, с.17]

Ты нічога не пабачыш,

Хоць і сонца будзе мора,

Хоць і вочы твае будуць

Пазіраць вакол няхвора. [4, с.23]

Рука вышэй за музыку і вершы,

Калі яна - твая рука!

І позірк твой, за матылька лягчэйшы,

Ляціць на просьбу спевака. [1, с.32]

Да кветак не хінуўся я ў маленстве.

Было ў горадзе кветак - цераз плот!

З любой грады, бы ў нейкім наблажэнстве, [3, с.15]

Табе пярэчу, прыгажосць.

Наканавана мне пярэчыць

І з галавы да ног - наскрозь

Працятым быць нязгодай вечнай. [3, с. 20]

Зайздрошчу (напэўна я хворы?)

Ўсяму.

І сэрцу ні ўцехі, ні хмары -

майму. [3, с.81]

Пры выкарыстанні ў творы гіпербылы, аўтар наўмысна перабольшвае маштабы і тым самым стварае яскравы паэтычны вобраз.

2.6 Літота

Літота - наўмыснае змяншэнне ступені або ўласцівасці чаго-небудзь з мэтай узмацнення экспрэсіі выказвання.

Хто раскажа пра гаспадара,

Хто паведаміць аб гаспадыні

Хатачкі з далонькаю двара,

З комінам, што нудзіцца па дыму. [4, с.41]

Ручай на ўзлеску замшэлым -

Дзве жмені вады,

Жвір пад нагою шэры,

А пад вадою руды. [4, с.11]

Дранько - Майсюк не проста гаворыць, што ручай малы, а параўноўвае яго з двума жменямі вады, тым самым надае дадатковую характарыстыку, паэтызуе вобраз.

Уласны страх - сапраўдны ён ці ўмоўны, -

Як верабей, што ціўкае ў галлі.

Ёсць большы страх, і ён цяпер галоўны -

Страх неба роднага і роднае зямлі. [3, с.65]

На калені стань ты без вагання

Перад ім, ніжэйшым ад блыхі,

І прасі да скону дараванне

За свае нялёгкія грахі. [3, с.112]

Літота, наадварот, робіць мастацкі вобраз больш сціслым, наўмысна зменшае яго.

2.7 Параўнанне

Сустракаецца ў аналізуемых творах параўнанне - прыпадабненне аднаго прадмета да другога на аснове іх агульнай прыметы з мэтай ўзмацнення выразнасці яго характарыстыкі.

Параўнанне выступае ў якасці сродку вобразнай характарыстыкі, яно падпарадкоўваецца ідэйнай задуме, дапамагае зрабіць паэтычны малюнак па-мастацку дакладным. У граматычных адносінах параўнанне можа выражацца па-рознаму. Самымі распаўсюджанымі з'яўляюцца канструкцыі, якія ўтвараюцца пры дапамозе злучнікаў, так званыя злучнікавыя параўнанні.

Сярод твораў Леаніда Дранько - Майсюка найбольш распаўсюджаны канструкцыі са злучнікам " як + назоўнік”.

Там кожнай дадзены струне

Спалох непрадказальнай цноты,

І на прасцінным цёмным дне,

Як матылькі, заснулі ноты; [1, с.90]

Яна ж на бальшак не выводзіць,

А так - па дрыгве, па куп'і,

Па жвіры і зноў па балоце -

Вядзе, і падманліва ў слоце,

Як жабы, пяюць салаўі. [3, с.10]

І нашым ластаўкам прасцей

Цяпло шукаць у снах чужых.

Калі афінская пасцель,

Як сад, не выпускае іх. [1, с.79]

Злучнік як, ужыты ў параўнальных канструкцыях пры назоўніку, указвае на гіпатэтычнасць, гэта значыць умоўнасць, на метафарычнасць вобраза без пабудовы сінтаксічнай канструкцыі, якая была б заснавана на супрацьлегласці двух прадметаў, вобразаў. Канструкцыя " як + назоўнік” ужываецца найчасцей з назоўнікам у форме назоўнага склону, бо параўнанне двух прадметных паняццяў набывае паўнату пры адэкватнасці іх фармальнага выражэння.

Сон мой пусты - як ваза, у якой

Доўно няма ні кветак, ні сцяблінак,

Няма вады і сонечных іскрынак,

Тых самых - з аксамітнаю луской. [1, с.40]

Каб мы шапталі, як маленне.

У першую сваю зіму:

" Калі навучымся цярпенню,

Тады навучымся ўсяму. ” [1, с.56]

Не праведнік, але яшчэ й не злодзей,

Я - той, каму пашчасціла спазнаць:

Жанчына адыходзіць, як стагоддзе,

І я хачу стагоддзе затрымаць. [1, с.81]

Як хрызантэма, мокне галава.

Халодны дзень у кожную хвіліну

Цалуе і не кіне цалаваць

Твае пялёсткі, лісце і сцябліну. [1, с.69]

Зямля як попел, зямля як сажа.

Мёртвая глеба труну абляжа. [3, с.34]

Што гром услед ёй дыхаў,

Рака, як бор, гула,

І ў кветку майго слыху

Залётвала пчала. [4, с.31]

Уласны страх - сапраўдны ён ці ўмоўны,

Як верабей, што ціўкае ў галлі.

Ёсць большы страх, і ён цяпер галоўны -

Страх неба роднага і роднае зямлі. [3, с.65]

З падпольных, невядомых нам планід -

Ён існуе і разам з тым няісны.

Навушнікаў казённы эбаніт,

Як абцугі, душу яму заціснуў. [5, с.32]

У разглядаемых канструкцыях назоўнік можа мець пры сабе і іншыя лексічныя адзінкі, што выступаюць у ролі дапасаваных ці недапасаваных азначэнняў або прамых ці ускосных дапаўненняў ў адносінах да апошняга. Яны ўдакладняюць параўнальную канструкцыю, робяць яе больш яркай і вобразнай.

Гранітная качка ляцела

За хвілю да трапнага стрэлу.

У сподзе рака захацела,

Як пляшкі парожняе цела. [4, с.40]

Ён зялёны, як мора ўскалых

На дзіцячых малюнках;

Ён паспее ў абдымках маіх

І ў маіх пацалунках. [1, с.23]

У вершах, у былых маіх радках,

Дзе страх вучнёўства горы пераважаць,

Сабе самую, свой вялікі страх

Знаходзіш ты, як даўнюю прападжу. [1, с.42]

Але ці бачылі вы туманок,

Той самы, што пад позіркам панурым

Пазвоньвае, як сонечны пясок,

У звонікі іконнай кампанулы, - [1, с.61]

Баюся слоў, як здраднікаў жывых,

І на трасцінку сэрца спадзяецца,

Што ноч яе і ранішні ўскалых

Паможа мне з табой паразумецца. [1, с.89]

Каханая, жыццё ў жыцці, -

Як местачковая краса.

І нашым коўрыкам цвісці,

І нашай мальве не згасаць; [1, с.79]

Я памятаю - настаўніцы голас

Быў, як біблейскае адкрыццё:

" Зямля сырая - фальклорны вобраз,

Зямля сырая - само жыццё." [3, с.34]

Агорне ноч. Не бойся ночы!

І страх, што месціцца ў душы,

Як ворага свойго, па - воўчы

Зубамі люта задушы. [3, с.63]

Ты, як малітва да Бога,

Недашаптаная мной, -

Чыстага снегу знямога

Над быларускай зімой! [5, с.93]

І не марнее, жывіцца мастацтва

Глінянай прахалодаю быцця.

Яшчэ магу кахаць, і падабацца,

І чыстым быць, як зорка і дзіця; [5, с.22]

Таксама сустракаюцца ў канструкцыях " як + назоўнік” назоўнікі, якія выступаюць у форме ўскосных склонаў з прыназоўнікам.

Твае эмалевыя рамонкі,

Балетны ўскідваючы падол,

З вазы ольштынскай, як з палонкі,

На ледзяны выскоквалі стол. [5, с.30]

І Свіслач, як Венецыя ў тумане,

І гандль на Нямізе - паляванне

Нязвыклай ветлівасці на мяне:

" Что вам угодно? ” " Бульбы ў чыгуне. ” [5, с.89]

І можна суцяшаць сябе давеку,

І збіцца з лёсу, нібы збіцца з тропу,

Заходзячы ў расу, як у аптэку,

Пацвельваючы кожную хваробу; [1, с.88]

Гэта горад чужы паміж гор -

І па - воўчы зырчыць светафор,

І ў спакойнай чарзе неспакойна,

Як на ранішняй строме глухой," [4, с.41]

Да старасці, як да князёўства нам,

Далёкі шлях - дай, Божа, ногі;

На золата і срэбра нашым снам

Яшчэ хапае добрай змогі. [5, с.59]

Гэта, як правіла, агульнамоўныя параўнанні, якія выдзяляюць, падкрэсліваюць як пастаянныя, устойлівыя, істотныя прыкметы прадметаў, так і іх часовыя, неістотныя адзінкі, па структуры як злучнікавыя.

Таксама распаўсюджана канструкцыя " нібы, нібыта + назоўнік”, " быццам, бы + назоўнік

Вясло не цяжкае ў руцэ,

Святло бязважкае ў руцэ,

І лодкі рух такі павольны

І мяккі, нібы кот ідзе,

І камячкамі снежнай воўны

Аблокі мокнуць у вадзе. [4, с.13]

І ластаўка сядзела на плячы,

На кожным крылцы - залатое ззянне,

Над галавой віліся крумкачы,

І кожны дзюбу, нібы меч, трымаў: " Маўчы!" [1, с.25]

Гады маладыя, а таленту брак -

І поркаюся ў драбязе.

Сляза, нібы зайздрасць, прыходзіць няўзнак -

Якая карысць у слязе? [3, с.22]

Як боскую светлую ласку,

Прымаю жыцця кожны міг,

Пражыў ці не большую частку

І трапіў у боль, нібы ў пастку,

Шапчу…А мой шэпт, быццам крык. [3, с.10]

Было жыццё, нібы турма.

Было ярмо прыгону.

І вось таго ярма - няма.

Анафема - дракону! [3, с.123]

Канструкцыі " нібы, нібыта+ назоўнік” могуць мець пры сабе і іншыя лексічныя адзінкі, што выступаюць у ролі дапасаваных ці недапасаваных азначэнняў або прамых ці ўскосных дапаўненняў ў адносінах да апошняга.


Подобные документы

  • Эпіграф як сродак стварэння цэласнасці тэксту. Лексічныя сродкі стварэння звязнасці паэтычнага тэксту: поўны тоесны, частковы лексічны, тэматычны, сінанімічны, антанімічны паўторы. Метафара, эпітэт і параўнанне. Фігуры дабаўлення, пропуску і рытарычныя.

    дипломная работа [111,8 K], добавлен 25.09.2013

  • Асаблівасці сінтаксісу у паэзіі Леаніда Дранько-Майсюка. Няпоўныя сказы у паэзіі і іх стылістычная роля. Аднасастаўныя сказы, іх вобразна-выяўленчыя адметнасці. Фігуры паэтычнага сінтаксісу: анадыплозіс, анафара, ампліфікацыя, дыяфара, эпіфара, падваенне.

    курсовая работа [41,1 K], добавлен 22.08.2013

  • Сродкі суб’ектыўнай ацэнкі, якія ўжываюцца ў літаратуры. Аўтарскі стыль прозы Якуба Коласа ў аспекце ўжывання ім моўных сродкаў для стварэння суб’ектыўнай ацэнкі; аналіз ягоных твораў: трылогіі "На ростанях", аповесцяў "Дрыгва" і "На прасторах жыцця".

    дипломная работа [118,8 K], добавлен 18.06.2012

  • Ужыванне фразеалагічных і свабодных словазлучэнняў у мове твораў аднаго з самых цікавых класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа. Культурна-бытавая дэталь у паэме "Новая зямля". Віды фразеалагізмаў, сродкі стварэння гумару ў коласаўскай паэме.

    курсовая работа [77,2 K], добавлен 22.01.2016

  • Моўныя сродкі выяўленчай выразнасці ў зборніку А. Грачанікава "Грыбная пара". Параўнанне як сродак стварэння вобразнасці. Функцыі параўнанняў у сістэме моўна – выразных сродкаў вершаванай мовы. Аналіз выкарыстання параўнанняў у моўнай сістэме аўтара.

    курсовая работа [38,1 K], добавлен 01.01.2014

  • Творчы шлях П. Панчанкі. Асаблівасць прымянення вобразна-выяўленчых сродкаў мастацкай выразнасці ў творах паэта. Метафара у паэтычнай мове. Эпітэт як адзін з самых распаўсюджаных вобразна-выяўленчых сродкаў. Параўнанне ў кантэксце паэтычных радкоў аўтара.

    курсовая работа [35,4 K], добавлен 16.10.2013

  • Семантычныя, семантыка-стылістычныя, кантэкстуальныя сінонімы. Часцінамоўная прыналежнасць сінонімаў у паэтычнай мове Гілевіча. Антанімы, рознакаранёвыя лексемы. Дыялектная лексіка як крыніцай узбагачэння агульнаўжывальнай лексікі беларускай мовы.

    курсовая работа [24,9 K], добавлен 19.11.2013

  • Кароткія біяграфічныя звесткі. Асноўныя напрамкі і матывы творчасці. Аналіз некаторых твораў пісьменніка. Стварэння рамана новага кшталту. Пераход сінкрэтызму ў сінтэтызм, аналітыкі і дыдактыкі ў канцэптуальнасць і філасафічнасць.

    реферат [37,2 K], добавлен 05.11.2006

  • Творчасць Якуба Коласа як класіка беларускай літаратуры. Разумення самой беларускай літаратуры як з’явы сусветнай культуры. Фанетычныя, лексіка-семантычныя, фразеалагічныя, словаўтваральныя сродкі выражэння суб’ектыўнай ацэнкі ў прозе Якуба Коласа.

    дипломная работа [96,7 K], добавлен 17.06.2012

  • Гісторыя стварэння аповесці. Асаблівасці сюжэту і вобразаў галоўных герояў. Стылістычныя асаблівасці аповесці. Тэма палону ў яе разнастайных паваротах хвалявала пісьменніка ў твораў пра вайну. Твор як гераічная балада пра цану чалавечай мужнасці.

    реферат [27,4 K], добавлен 07.10.2009

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.