Праблематыка і сістэма вобразаў камедыяграфіі В. Дуніна-Марцінкевіча
Драматургія В. Дуніна-Марцінкевіча ў ацэнках беларускіх даследчыкаў. Жанрава-стылёвыя асаблівасці і характарыстыка персанажаў камічнай оперы "Ідылія". прыёмы і спосабы дасягнення камічнага эфекту ў "пінскай шляхце". Адметнасць сатыры ў камедыі "Залёты".
Рубрика | Литература |
Вид | дипломная работа |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 16.05.2015 |
Размер файла | 116,4 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://www. allbest. ru/
МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ
Філалагічны факультэт
Кафедра гісторыі беларускай літаратуры
ПРАБЛЕМАТЫКА І СІСТЭМА ВОБРАЗАЎ КАМЕДЫЯГРАФІІ В. ДУНІНА-МАРЦІНКЕВІЧА
Дыпломная работа
студэнткі VI курса
завочнай формы навучання
спецыяльнасці “Беларуская філалогія”
Лаппо Наталлі Сяргееўны
Мінск, 2011
ЗМЕСТ
Уводзіны
1. Драматургія Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў ацэнках беларускіх даследчыкаў
2. Жанрава-Стылёвыя асаблівасці і характарыстыка персанажаў камічнай оперы “Ідылія”
3. Прыёмы і спосабы дасягнення камічнага эфекту ў “Пінскай шляхце”
4. Адметнасць сатыры ў камедыі “Залёты”
Заключэнне
Бібліяграфічны спіс
Уводзіны
Як стораж стаяў ты на варце
Радзімых запушчаных гоняў,
Стаў сеяць па-свойму ўсё тое,
Што сеем мы далей сягоння.
Янка Купала
Вытокі развіцця нацыянальнай драматургіі і нацыянальнага тэатра на Беларусі закладзены ў вуснай народнай творчасці, у народных гульнях і абрадах. Каляндарныя і сямейныя абрады суправаджаліся песнямі і нагадвалі своеасаблівыя тэатралізаваныя паказы (ваджэнне “казы” на каляды, купальскія карагоды, вясельныя сцэнкі і інш. ). Сярод удзельнікаў гэтых народных абрадаў вылучаліся найбольш таленавітыя выканаўцы, якія і станавіліся народнымі акцёрамі, скамарохамі.
На тэрыторыі Беларусі з XVI і да пачатку XX ст. шырока бытаваў лялечны тэатр батлейка. З батлейкай хадзілі бедныя студэнты духоўных семінарый і школ, зарабляючы гэтым сабе на хлеб. Пазней батлеечнікамі станавіліся рамеснікі і сяляне. “Паступова рэлігійныя п'есы саступаюць месца ў батлейках жанравым сцэнам. Папулярнымі былі паказы "Мацей і доктар”, “Антон з казой і Антоніха”, “Ванька малы”, “Барын” і інш” [Янушкевіч, 1984. -с. 19]. Яшчэ была жывая памяць пра славутыя на ўсю Еўропу маёнткавыя тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку, Агінскага ў Слоніме, Тызенгаўза ў Гродне, Зорыча ў Шклове. Тое самае можна сказаць і пра школьны тэатр (“Камедыя” К. Марашэўскага з Забельскага школьнага тэатра лічыцца першай ластаўкай новай беларускай драматургіі).
На народных драматургічных традыцыях узрасла дзейнасць Вінцэта Дуніна-Марцінкевіча - пачынальніка новай беларускай літаратуры, нашай нацыянальнай драматургіі.
Яго постаць і творчасць з цягам часу становяцца ўсё больш значнымі для беларускай культуры. Аднак важкасць зробленага В. Дуніным-Марцінкевічам усебакова можна ацаніць толькі сабраўшы ў адно праробленае ім як першым прафесійным беларускім літаратарам ХІХ ст. , акцёрам, драматургам, перакладчыкам, паэтам, публіцыстам і асветнікам.
Пакінутая ім творчая спадчына захавалася далёка не ў поўным аб'ёме. Але і тое, над чым злітаваўся час, у агульным памеры складае больш, чым створанае па-беларуску яго папярэднікамі і сучаснікамі.
Дзейнасць В. Дуніна-Марцінкевіча для свайго часу мае шмат станоўчага, прагрэсіўнага. Усім сваім сэрцам ён шчыра жадаў дабра беларускаму народу, шукаў шляхі паляпшэння яго становішча, аддаваў яму свой талент мастака.
Вялікая заслуга В. Дуніна-Марцінкевіча ў распрацоўцы і ўзбагачэнні новых жанравых форм - вершаваных апавяданняў, аповесцей, балад, драм, у якіх спалучаліся рысы сентыменталізму, рамантызму і рэалізму. Творы яго характарызуюцца пільнай увагай да жыцця прыгоннага селяніна, яго звычаяў, абрадаў. Многія вобразы і сюжэты пісьменнік чэрпаў з народных казак і песень, легенд, паданняў, шырока выкарыстоўваючы пры гэтым народныя прыказкі, прымаўкі і фразеалагізмы.
Першыя яго творы былі напісаны на польскай мове. Ім былі створаны тэксты да аперэт "Спаборніцтва музыкаў", "Чарадзейная вада", а таксама "Рэкруцкі яўрэйскі набор" (у 1841 г. пастаўлена ў Мінску аматарскім гуртком), дзе была ўзнята тэма рэкрутчыны, як перашкоды ў шчаслівым уладкаванні жыцця яўрэйскай сям'і. Тэксты і партытуры гэтых твораў да нашага часу не захаваліся (за выключэннем адной арыі з аперэты "Рэкруцкі яўрэйскі набор"). Музыку да іх напісаў кампазітар Станіслаў Манюшка. Удзел у стварэнні музыкі прымаў і сам пісьменнік, часам пры пастаноўцы п'ес выступаў як акцёр (напрыклад, выканаў ролю старога яўрэя ў аперэце "Рэкруцкі яўрэйскі набор").
Першым творам В. Дуніна-Марцінкевіча, які дайшоў на нашых дзён, было лібрэта камічнай оперы - “Ідылія” (другая назва - “Сялянка”), напісанае на польскай мове і надрукаванае асобным выданнем у 1846г. у Вільні.
Лібрэта камічных опер В. Дуніна-Марцінкевіча працягвалі і развівалі традыцыі народнай драмы, народнага тэатра (інтэрмедыі, батлейка). “Народныя відовішчы, дзе разыгрываліся інтэрмедыі і народныя камедыі, якія вызначаліся вясёлым гумарам, сатырай і каларытнай мовай персанажаў, звычайна суправаджаліся музыкай, песнямі, скокамі” [Семяновіч 1985, с. 26], - адзначае А. Семяновіч.
Беларускія даследчыкі літаратуры мяркуюць, што, ствараючы “Ідылію” (“Сялянку”), В. Дунін-Марцінкевіч знаходзіўся і пад уплывам шырока распаўсюджаных у польскай літаратуры XVII-XVIII ст. так званых “ідылій” - твораў сентыментальных, у цэнтры якіх знаходзіліся вясковыя жыхары з іх пачуццямі і перажываннямі. Цікавасць беларускага пісьменніка да польскіх “ідылій” магла тлумачыцца тым, што многія з іх ствараліся на фальклорнай аснове, а В. Дунін-Марцінкевіч, як вядома, надзвычай высока цаніў народную паэзію і імкнуўся выкарыстоўваць яе ў сваёй творчай практыцы.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч шмат увагі надаваў стварэнню беларускага нацыянальнага тэатра. У 1852 г. у фальварку Люцынка (каля Івянца) ён арганізаваў тэатральны калектыў, у складзе якога было звыш 20 чалавек, у тым ліку сам пісьменнік, яго дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў, яго таварышы, вучні школы ў Люцынцы, сяляне. 9 лютага 1852 г. калектыў паставіў у Мінску на сцэне прыватнага клуба пана Поляка першую беларускую оперу “Ідылія” (“Сялянка”), музыку да якой напісаў вядомы мінскі кампазітар Станіслаў Манюшка. З тэатральнай сцэны гучала сакавітая беларуская гаворка, ліліся народныя мелодыі. Публіка была ў захапленні ад спектакля. Дзень пастаноўкі “Ідыліі” (“Сялянкі”) - дзень нараджэння беларускага тэатра.
Усім жыццёвым шляхам, з гонарам пройдзеным па роднай зямлі да апошняга імгнення, няўрымслівай творчай дзейнасцю Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч увасабляў абуджэнне нацыянальнай свядомасці беларускага народа, сваімі творамі здолеў выявіць творчы патэнцыял “забранага” краю, раскрыць мастацкія здольнасці народа з-пад Дняпра, Віліі, Прыпяці, Нёмана і тым самым заклаў генетычны код для далейшага паспяховага развіцця нацыянальнай літаратуры.
Па календары знамянальных дат і падзей гісторыя беларускай літаратуры ў лютым 2008 года святкавала двухсотгадовы юбілей са дня нараджэння выдатнага пісьменніка, драматурга і таленавітага акцёра - Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Да юбілею рыхтаваўся і быў выдадзены новы збор яго твораў, яму былі прысвечаны многія артыкулы ў газетах і часопісах.
Мне таксама падабаецца творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Чытаючы яго п'есы, трапляеш ў тую мясцовасць, дзе праходзяць дзеянні, адчуваеш сябе адным з герояў (які табе больш да душы), з вуснаў тваіх гучыць мова сапраўднага беларуса-ліцьвіна. І ты смяешся, а смех твой не здзеклівы, наадварот, - добры, гучны, апраўданы.
Даследаванню творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча былі прысвечаны дзве мае курсавыя работы, таму было вырашана працягнуць гэтую працу.
Для дыпломнай работы выбрана актуальная на сённяшні дзень тэма: “Праблематыка і сістэма вобразаў камедыяграфіі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча”.
Мэта : раскрыць майстэрства Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча як камедыёграфа, прааналізаваўшы праблематыку і сістэму вобразаў яго драматычных твораў. .
Для дасягнення пастаўленай мэты неабходна вырашыць наступныя задачы:
- зрабіць агляд літаратуры па тэме даследавання;
- даследаваць праблематыку п'ес В. Дуніна-Марцінкевіча;
- вызначыць жанрава-стылёвыя асаблівасці твораў;
- ахарактарызаваць дзейных асоб;
- паказаць драматургічнае майстэрства аўтара.
Аб'ектам даследавання з'яўляюцца п'есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Ідылія” (“Сялянка”), “Пінская шляхта”, “Залёты”.
опера сатыра камедыя
1. Драматургія вінцэнта дуніна-марцінкевіча ў ацэнках беларускіх даследчыкаў
Доўгі час, пакуль не сталі вядомы архіўныя дакументы, якія больш глыбока раскрылі В. Дуніна-Марцінкевіча як асобу, літаратары лічылі яго дваранскім рэвалюцыянерам, лібералам і сентыменталістам, слабым і непаслядоўным пісьменнікам з імкненнем да ідэалізацыі рэчаіснасці. Але за апошнія дзесяцігоддзі літаратуразнаўцы змаглі па-новаму ўбачыць яго як творцу і грамадзяніна.
Літаратуразнавец і археограф Г. Кісялёў адзначае: "Мы прывыклі на падставе творчасці лічыць беларускага паэта слабым і саладжавым. . . Але ёсць і другі Дунін-Марцінкевіч - моцны духам змагар за беларускую нацыянальную культуру, дэмакрат, які патрабаваў павагі да селяніна і ўзнімаўся да ўзроўню перадавых людзей свайго часу " [Кісялёў 1988, с. 52].
Усё сваё жыццё В. Дунін-Марцінкевіч фактычна знаходзіўся ў супярэчнасці з царскімі ўладамі, хоць і імкнуўся не даводзіць да адкрытага канфлікту. Складаныя варункі эпохі, клопат пра сваю шматлікую сям'ю часам вымагалі ад пісьменніка не выказваць свае памкненні адкрыта, спрабаваць знайсці пэўны кампраміс, асабліва пасля задушэння паўстання 1863-1864 гг.
Роля В. Дуніна-Марцінкевіча як аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры (у тым ліку драматургіі) і нацыянальнага тэатра надзвычай вялікая. Г. Кісялёў называе яго першым беларускім прафесійным пісьменнікам. В. Дунін-Марцінкевіч "прафесійны не ў тым сэнсе, што гэта давала яму сродкі для жыцця (хутчэй ён меў ад гэтага страты), а ў тым, што ён лічыў гэта галоўным у сваім жыцці" [Кісялёў 1988, с. 52]. Першым класікам новай беларускай літаратуры называе пісьменніка даследчык яго творчасці Я. Янушкевіч. Апрача таго, В. Дунін-Марцінкевіч фактычна стаяў ля вытокаў новага нацыянальнага тэатра - ён выступаў у якасці не толькі драматурга, але і арганізатара тэатра, рэжысёра, акцёра.
Спробу сістэматызаваць крытычны матэрыял па творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча зрабіў Генадзь Васільевіч Кісялёў ў кнізе “Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча” [Кісялёў Г. В. , 1988].
Г. Кісялёў сцвяржаў, што першымі водгукамі на творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча былі тэатральныя рэцэнзіі: ананімны водзыў аб спектаклі “Рэкруцкі яўрэйскі набор” у газеце “Минские губернские ведомости” (№ 41, 1841), у якім пераказваўся змест аперэты, станоўча ацэньвалася музыка і ігра самадзейных артыстаў.
У 1852 годзе ў “Дзённіку варшавскім” (№ 71) з'яўляецца водгук на “Ідылію” (“Сялянку”) нейкага Ц. Л. з Мінска, які высока ацэньваў драматургічны талент і акцёрскія здольнасці Дуніна-Марцінкевіча:
“Гэтымі днямі на карысць бедных было дадзена аматарамі некалькі прадстаўленняў… Два разы ставілася опера “Сялянка”, напісаная Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, музыку якой часткова напісаў Станіслаў Манюшка, шкада толькі, што не меў часу напісаць яе поўнасцю, таму дараблялі яе іншыя, шмат страціла “Сялянка” ў сваёй прыгажосці, якую геніяльны кампазітар мог бы ўзняць вышэй. “Сялянка” - гэта малюнкі беларускага і літоўскага народа з іх песнямі і прымаўкамі. Вельмі добра выглядаў сам аўтар у ролі Навума Прыгаворкі і ў танцы “мяцеліца”, які ўсе ўдзельнікі і ўдзельніцы выконвалі вельмі ўмела. Ніхто не стане адмаўляць здольнасцей Дуніна-Марцінкевіча як у галіне драматургіі, так і паэтыка, і калі б яго творы былі пастаўлены на вялікай сцэне, ад гэтага, бясспрэчна, была карысць як для тэатра, так і для аўтара” [Ц. Л. 1978, с. 58].
Польскі літаратар Юльян Гарайн, які жыў тады ў Мінску, прыгадаў “Ідылію” (“Сялянку”) ў артыкуле “Фізіялогія прыказак”, змешчаным у “Дзённіку варшавскім” (1852, №№ 99-100). Яго цікавілі прыказкі, прымаўкі, іх структура, паходжанне і вымаўленне. Творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча давала надзвычай багаты матэрыял у гэтых адносінах.
У 1855 годзе у “Дзённіку варшавскім” (№188) П. М. (як устаноўлена У. Мархелем - Павел Малышэвіч) вітаў з'яўленне п'ес “Гапон” і “Вечарніцы”:
“У гэтым годзе выйшлі з друку даволі вялікія дзве кніжкі пад назвай 1)“Гапон”, аповесць на беларускай мове, 2) “Вечарніцы”, на той жа мове, абедзве напісаны Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам Творы Марцінкевічам зусім задавальняюць. Гібкі верш, вельмі дасціпны, прастата і наіўнасць - ўсё гэта трапна характарызуе наш народ. Найвялікшая заслуга аўтара ў тым, што ён сабраў і выкарыстаў шмат народных звычаяў, абрадаў і прымавак” [П. М. 1978, с. 59].
У 1855 - 1861 гадах з чатырма вялікімі артыкуламі пра творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча выступіў У. Сыракомля. У першым артыкуле “Карэспандэнцыя”, надрукаваным у “Газэце варшавскай” (1855, №184), робіцца кароткі экскурс у гісторыю беларускай мовы, характарызуецца дзейнасць Я. Чачота ў галіне беларускай філалогіі, даецца аналіз папярэдней творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча “Ідылія” (“Сялянка”). Асноўны змест артыкула - аналіз беларускай аповесці Дуніна-Марцінкевіча “Вечарніцы”.
“Марцінкевіч, выдатна знаёмы са складам і найтанчэйшымі адценнямі крывіцкай мовы, першы адважыўся ствараць вялікія творы на нашай народнай гаворцы. Першы вядомы яго твор - “Сялянка”, які выйшаў некалькі гадоў назад і з поспехам ставіўся на мінскай сцэне, апрача іншых, мае яшчэ тую вартасць, што аўтар надзяліў войта Навума Прыгаворку многімі арыгінальнымі і жыццёвымі народнымі прымаўкамі - матэрыялам вялікай выртасці для разнастайнага вывучэння народных звычаяў
Зразумець усе элементы паданняў, казак, прыказак, забабонаў, умець падслухаць біццё народнага сэрца, умець ключом уласнай шчаслівай інтуіцыі расшыфраваць іерогліф паданняў, умець аднавіць на карціне мінуўшчыны фарбы і контуры, якія выцвілі - вось задача паэта, вось яго поле дзейнасці Наша палінялая шляхецкая літаратура мае многа прадстаўнікоў, у народнай - ён адзін” [Сыракомля 1978, с. 62].
Другі артыкул “Карэспандэнцыя” (“Газэта варшавская” 1855, № 244) прысвечаны “Гапону”:
“Гапон” (такая назва кніжкі, Мінск, выданне Бейлінаў, 125 стар. ). Побач з паказам народных звычаяў аўтар яшчэ меў утылітарную мэту - звярнуць увагу паноў на выбар аканомаў, хоча даць у рукі народу кнігу, напісаную на яго мове і пра яго жыццё, каб прывучыць народ да чытання Пан Марцінкевіч мае цудоўны дар вобразна маляваць народ - ручаюся напэўна, бо добра ведаю гэты шчыры народ беларускага племені. Па-майстэрску паказаны яго звычкі, прымаўкі, склад думак, калі паэт заглядае ў сэрца герояў, ёсць у яго малюнках і жыццё і праўда” [Сыракомля 1978, с. 64-65].
У трэцім артыкуле - “Гэбдамадалія” (“Тыднёвы агляд”), надрукаваным у “Газэце варшавскай” (1857, №16). У гэтым артыкуле ў пытаннях і адказах сфармуляваны погляды польскага паэта на беларускую мову, яе гісторыю, лексічнае багацце і перспектывы далейшага развіцця. У. Сыракомля наперакор польскім нацыяналістычным колам выступае як добры знаўца і шчыры прыхільнік жывога беларускага слова, ён верыць у будучае гэтай мовы, таму з такой прыхільнасцю вітае беларускія творы В. Дуніна-Марцінкевіча:
“Мэтай гэтага артыкула з'яўляецца разгляд аповесці на беларускай мове “Купала”. У гэтым творы п. Марцінкевіча (бедным па зместу. Але багатым на вобразы, што сведчыць пра паэтычны талент аўтара) мы знаходзім яшчэ адзін доказ таго, што беларуская мова мае ў сабе магчымасці для самастойнага развіцця Паэзія народная, беларуская, з'яўляецца арэнай п. Марцінкевіча - няхай ён трымаецца на ёй як праўдзівы гладыятар” [Сыракомля 1978, с. 68].
Чацвёрты артыкул “Працы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча”, надрукаваны ў “Кур'еры віленскім” (1861, №№ 19 - 20), мае падагульняючы характар. У артыкуле зноў - толькі ў больш сціслай форме - аналізуюцца “Вечарніцы” і “Гапон”. У канцы агляднага артыкула У. Сыракомля знаёміць чытача з аповесцю В. Дуніна-Марцінкевіча “Шчаўроўскія дажынкі”, змешчанай у кнізе “Беларускі дудар”.
“Першую частку кніжкі складаюць “Літаратурныя клопаты”, у якіх аўтар польскімі вершамі паказвае свае аўтарскія беды, калі з гатовым рукапісам ён шукае для яго пакупніка. Аўтар пагрэбаваў ахвярай і, здабыўшы дзесьці ў іншым месцы марны метал, убачыў, нарэшце, сваё тварэнне надрукаваным… але, на жаль, без пакупнікоў у перспектыве. “Шчаўроўскія дажынкі” - гэта паэма на народнай мове. Трэба іх (“Дажынкі”) чытаць у энергічных і пачуццёвых беларускіх вершах Марцінкевіча, і ўспаміны маладосці святой слязой акропяць нашы павекі” [Сыракомля 1978, с. 69-70].
“У цэлым крытычныя выступленні У. Сыракомлі пра творчасць Беларускага Дудара - выдатная з'ява ў гісторыі беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. Яны звяртаюць увагу не толькі сваёй здзіўляючай паслядоўнасцю, гранічнай добразычлівасцю ў адносінах да пісьменніка, але і шырокай, праблемнай пастаноўкай пытання. Не дзіўна, што яны мелі прыкметны грамадскі рэзананс, - сцвярджаў Г. Кісялёў. - Цікава, што У. Сыракомля збіраўся асобна зрабіць разгляд польскіх паэтычных твораў В. Дуніна-Марцінкевіча, але гэты намер, на жаль, не здзейсніўся” [Кісялёў 1988, с. 72].
Звяртаючыся да творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча, на аўтарытэт У. Сыракомлі спасылаецца вядомы паэт таго часу Эдвард Жалігоўскі (Антон Сава) у празаічным творы “Сёння і ўчора” (1858), герой якога запісвае ў сваім дзённіку, што народ “зразумее “Сялянку” Марцінкевіча, вельмі трапны разбор якой зрабіў Сыракомля і якая даводзіць, што кожная гаворка, калі б на тое пайшло, можа мець сваю драму” [Кісялёў 1988, с. 72].
Услед за У. Сыракомлем і адначасова з Э. Жалігоўскім, творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча папулярызаваў і Адам Плуг. Цікавыя радкі ён прысвяціў драматургу ў сваім артыкуле “Некалькі ўражанняў з падарожжа па Літве”, змешчаным у 1858 годзе ў варшаўскай газеце “Кроніка вядомосьці краёвых і загранічных”:
“Урачыстымі апладысментамі спаткалі яго (Станіслава Манюшку) разам з Концкім у доме Вінцэнта Марцінкевіча, імя якога, напэўна, табе вядома, бо ён займаецца літаратурай, а раней праславіўся як здольны артыст, выступаў ён у публічных канцэртах з малымі тады сынам і дачкою, якія здзіўлялі слухачоў сваім незвычайным талентам. Марцінкевіч цяпер жыве ў Мінску, дачка Каміла выступае як самая здольная фартэпіяністка і найлепшая настаўніца музыкі. Сам ён шчыра працуе ў літаратуры і выдаў некалькі беларускіх твораў (“Сялянка”, “Вечарніцы”, “Гапон”, “Цікавішся? - Прачытай!”, “Дудар”), пра якія, мабыць ты чытаў хвалебныя водгукі Сыракомлі” [Плуг 1978, с. 71-72].
Заслугоўвае таксама ўвагі рэцэнзія літоўскага пісьменніка і грамадскага дзеяча М. Акялайціса на зроблены В. Дуніным-Марцінкевічам пераклад паэмы “Пан Тадэвуш”. Напісаная ў 1861 годзе на польскай мове рэцэнзія прызначалася хутчэй за ўсё для “Газэты польскай”. Яна не была надрукавана і захавалася ў рукапісе сярод папер пісьменніка Ю. Крашэўскага (рэдактара “Газэты польскай”) у Ягелонскай бібліятэцы.
У 1874 годзе высокую ацэнку творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча даў Адам Кіркор у сваіх лекцыях па гісторыі літаратур славянскіх народаў.
Водзываў пра літаратурную дзейнасць Беларускага Дудара ў рускім друку было менш. Першым, хто далучыўся да папулярызацыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Расіі, быў беларускі этнограф Павел Шпілеўскі. П'еса “Ідылія” (“Сялянка”) і сам пісьменнік прыгадваюцца ў працы П. Шпілеўскага “Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных павер'ях”. Цытатай з “Ідыліі” (“Сялянкі”) пачынаюцца “Заходнерускія нарысы” Шпілеўскага. Больш таго, на думку навукоўцаў, п'еса “Ідылія” (“Сялянка”) падахвоціла П. Шпілеўскага напісаць “сцэнічнае прадстаўленне ў 2-х дзеях” “Дажынкі”, дзе ўзноўлена жыццё беларускай прыгоннай вёскі, дзейнічаюць падобныя героі (малады памешчык Драўлянскі, войт і інш. ). “Аднак “Дажынкі” зусім не пераклад твора на рускую мову, як сцвярджаў А. Луцкевіч, а самастойны твор. Сацыяльныя матывы ў ім цалкам адсутнічаюць” [Янушкевіч 2007, с. 204], - лічыць даследчык В. Дуніна-Марцінкевіча Я. Янушкевіч.
У пецярбургскім часопісе “Сын отечества” за 1856 год (№ 32) быў выяўлены вялікі аглядны артыкул пра творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча пад назвай “Беларуская літаратура”, аўтар невядомы. Аўтар артыкула прызнаваў і адстойваў самабытнасць і самастойнасць беларускай мовы. У артыкуле прыводзілася поўная бібліяграфія кніг В. Дуніна-Марцінкевіча, давалася добразычлівая іх ацэнка.
На думку Г. Кісялёва, “ананімны артыкул “Беларуская літаратура” ў часопісе “Сын отечества” - новы важны і цікавы факт руска-беларускіх літаратурна-культурных сувязей сярэдзіны ХІХ стагоддзя” [Кісялёў, 1988. - С. 76].
Важным этапам папулярызацыі творчасці і самога імя В. Дуніна-Марцінкевіча ў рускім грамадстве быў выхад у 1882 годзе 3-га тома “Живописной России” з напісаным Адамам Кіркорам кароткім нарысам гісторыі духоўнага жыцця і літаратуры Беларусі. Кіркор падаў сціслыя звесткі пра В. Дуніна-Марцінкевіча, асабліва адзначыўшы яго пераклад “Пана Тадэвуша”.
У тым жа годзе імя пісьменніка трапляе ў нелегальныя выданні беларускіх студэнтаў-народнікаў, якія ставяць пытанне пра культурную і гістарычную самабытнасць Беларусі і яе права на самастонае нацыянальнае развіццё.
У польскай газеце “Краю” (№10) за 1885 год быў размешчаны некралог “Беларускі пясняр” пра В. Дуніна-Марцінкевіча, падпісаны псеўданімам А. Ельскага (eli), але на самай справе аўтарам быў не А. Ельскі. Хтосьці з супрацоўнікаў “Краю”, маючы падрабязную біяграфію беларускага паэта і драматурга, дасланую ў рэдакцыю А. Ельскім, на яе аснове напісаў гэты артыкул-некралог.
“Чалавека, які пару месяцаў назад пісаў нам пра сябе, “што адной нагой ужо стаіць у магіле (№5 “Краю”), аматара народных рэчаў, перакладчыка на беларускую мову “Пана Тадэвуша”, няма ў жывых. З падрабязнай яго біяграфіі, напісанай п. Аляксандрам Ельскім, бяром для нашага часопіса змястоўнае апісанне перыпетый гэнага жыцця…” [Александровіч 1978, с. 78-80].
Зрабіўшы сістэматызацыю крыніц, Г. Кісялёву ўдалося высветліць значную ролю А. Ельскага, Б. Эпімах-Шыпілы, І. Замоціна і некаторых іншых дзеячаў культуры ў збіранні і захаванні марцінкевічаўскіх матэрыялаў, а таксама выдатны ўклад Я. Купалы ў засваенне і папулярызацыю яго творчай спадчыны [Кісялёў, 1988. - С. 145].
Ад пачатку ХХ ст. даследаванне творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча паднялося на новую прыступку. Адзначаючы 25-годдзе з дня яго смерці, рэдакцыя “Нашай нівы” прысвяціла творчасці Беларускага Дудара цэлы нумар (“Наша ніва. 1910. №48). З апублікаваных матэрыялаў вылучаліся артыкулы Р. Зямкевіча “Вінцук Дунін-Марцінкевіч, яго жыццё і літаратурнае значэнне”, А. Бульбы “Грамадзянскае становішча В. Дуніна-Марцінкевіча”, Ядвігіна Ш. “В. Марцінкевіч у практычным жыцці”, а таксама верш Я. Купалы “Памяці Вінцука Марцінкевіча”.
У 1925 годзе ў Вільні была выдадзена абшырная манаграфія “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, паэт польска-беларускі”, аўтарам якой быў вядомы ўжо ў нас аўтар Юзеф Галомбак. Хоць і выйшла яна па-польску, і пісаў яе сапраўдны паляк, для беларусаў яна з'яўляецца важнай часткай крытычнай літаратуры.
Аўтар падыйшоў да працы вельмі сур'ёзна. Ён выкарыстаў, здаецца, усе крыніцы, з якіх можна было нешта ўзяць для характарыстыкі В. Дуніна-Марцінкевіча і яго творчасці. Галомбак першы шырэй разгледзеў даволі шматлікую групу краёвых паэтаў, пісаўшых па-польску і назваў іх іменем: “школа беларуская ў польскім рамантызме”. Адказаў на пытанне аб прыналежнасці да нацыянальнасці В. Дуніна-Марцінкевіча, якому прысвяціў сваю працу. Так Галомбак фармулюе свій погляд:
“Марцінкевіч быў беларус, прасякнуты польскай культурай, як і ўся тагачасная беларуская шляхта; Польшчу ў значэньні даўняе Рэчы Паспалітае, значыць - злучаную зь Літвой і Беларусяй, ён лічыў супольнай бацькаўшчынай у роўнай меры для польскага шляхціца і для беларускага селяніна” [Луцкевіч 2006, с. 276].
Потым беларуская літаратура затаілася і прабыла ў зацішку аж да самых 50-х гадоў. Ужо толькі ў другой палове ХІХ стагоддзя літаратура пачынае ажываць і набываць ранейшыя тэмпы развіцця.
У пасляваенныя гады найбольш поўны агляд творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча зрабіў С. Майхровіч. Яго манаграфія - першая спроба накіраваць падыход да творчай спадчыны ў новы кірунак. Значным крокам у вывучэнні творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча стаў выхад Збору твораў пісьменніка (1958), які быў падрыхтаваны Інстытутам літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, які з'яўляецца найбольш поўным з усіх выданняў твораў пісьменніка, што выходзілі да гэтага часу. У аднатомнік уключаны амаль ўсе яго вядомыя творы на беларускай і польскай мовах. Апошнія даюцца ў перакладах беларускіх паэтаў.
Другая палавіна 1950 - пачатак 1960-х гадоў вызначаліся разважлівым падыходам да асабівасцей стаўлення новай беларускай літарутуры. Адным з даследаванняў, дзе падсумоўваліся вынікі шматлікіх архіўных здабыткаў, стаў раздзел “Шлях Дуніна-Марцінкевіча” у манаграфіі І. Навуменкі “Пісьменнікі-дэмакраты”. Драматургія В. Дуніна-Марцінкевіча дастаткова поўна разглядалася Я. Усікавым у кнізе “Беларуская камедыя” (1979), а фальклорныя і літаратурныя традыцыі ў творчасці пісьменніка даследаваліся М. Грынчыкам.
Здабыткі вывучэння спадчыны пачынальніка новай беларускай літаратуры падсумаваў А. Лойка ў вучэбным дапаможніку па гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры, а таксама Г. Кісялёў у падрабязным крыніцазнаўчым нарысе “Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча” (1988). У кнізе расказваецца аб дакументах і матэрыялах, якія дапамагаюць узнавіць жыццёвы і творчы шлях выдатнага беларускага пісьменніка ХІХ ст. , аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры новага часу, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, паказваецца методыка работы над гісторыка-літаратурнымі крыніцамі.
Творы пісьменніка сталі аб'ектам даследавання дысертацыйных прац С. Грабчыкава і Н. Тарэлкінай. Шмат зрабілі для крыніцазнаўства В. Дуніна-Марцінкевіча С. Александровіч, А. Мальдзіс. Цікавымі былі знаходкі і назіранні журналіста У. Содаля, настаўніка Г. Равінскага і інш. Адныя беларускія літаратуразнаўцы прысвяцілі Дуніну-Марцінкевічу асобныя выданні: І. Навуменка “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч” (1992), Я. Янушкевіч “Беларускі Дудар”(1991); другія разглядалі развіццё драматургіі і камедыі з асобай . ВДуніна-Марцінкевіча як адно цэлае: А. Семяновіч “Гісторыя беларускай драматургіі ХІХ - пачатак ХХ ст” (1985), М. Шаўлоўская “Беларуская драматургія” (1981).
А. Семяновіч у сваёй прадмове да зборніка крытычных артыкулаў “Іменем чалавечнасці” (1986) пісаў: “Вялікай заслугай Дуніна-Марцінкевіча з'яўляецца тое, што ён, нягледзячы на ўласцівыя яму ліберальна-дваранскія погляды, паказаў у сваіх творах народ, вывеў на сцэну простага чалавека, мужыка, якога не дапускалі ў літаратуру рэакцыйныя дваранскія пісьменнікі. Гуманізм пісьменніка ў адносінах да народных “нізоў” адчуваецца ў кожным яго творы. Ствараючы вобраз беларускага селяніна, Дунін-Марцінкевіч паказаў некаторыя нацыянальныя рысы яго характару, падкрэсліў высокія маральныя якасці чалавека з народа, яго перавагу ў гэтых адносінах над прадстаўнікамі пануючых класаў” [Семяновіч 1986, с. 17].
Даследчык творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча Я. Янушкевіч у сваёй кнізе “Беларускі Дудар” (1992) разглядае творчую спадчыну драматурга ў шчыльнай сувязі з эпохай на фоне агульнаславянскага літаратурнага працэсу ў перыяд адраджэння, які быў характэрны для большасці славянскіх краін у ХІХ ст. У навуковы ўжытак уводзіцца новы фактычны матэрыял, адшуканы ў архівах і рукапісных схоўнях бібліятэк краіны на той час.
Я. Янушкевіч пісаў: “ Усёй жыццёвай пуцявінай, з гонарам пройдзенай па зямлі да апошняга імгнення, і няўрымслівай творчай дзейнасцю паэт увасабляў абуджэнне нацыянальнай свядомасці беларускага народа і здолеў адлюстраваць меру яго мастацкіх вартасцей, заклаў генетычны код для далейшага паспяховога развіцця нацыянальнага прыгожага пісьменства”[Янушкевіч 1991, с. 119].
Адзін з пачынальнікаў, тэарэтыкаў і арганізатараў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, Старшыня Рады Народных Міністраў і міністр замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі Антон Луцкевіч ўвайшоў у гісторыю беларускай культуры як сузаснавальнік літаратурна-мастацкай крытыкі. У 2006 годзе была выдадзена кніга А. Луцкевіча “Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры і мастацтва”, у якой ўпершыню пад адной вокладкай былі сабраны ўсе яго працы, прысвечаныя праблемам гісторыі беларускай культуры, літаратуры, мастацтва і журналістыкі. Значную частку таму складаюць літаратурна-крытычныя артыкулы (водгукі, рэцэнзіі, артыкулы). Нямала артыкулаў прысвечана і В. Дуніну-Марцінкевічу.
Да вобраза Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і яго творчасці не раз звярталіся дзеячы беларускай культуры.
Помнік пісьменніку ўсталяваны ў вёсцы Малая Люцінка Валожынскага раёна Мінскай вобласці, памятным знакам адзначана месца, дзе знаходзіўся яго дом. У Бабруйску перад будынкам тэатра стаіць бюст В. Дуніна-Марцінкевіча, на касцёле ўсталявана мемарыяльная дошка. На яго магіле ўжо ў наш час замест колішняга крыжа пастаўлены помнік-бюст (скульптар - Ю. Платонаў). На радзіме пісьменніка ў вёсцы Сычкава Бабруйскага раёна ўсталявана мемарыяльная дошка. Выява В. Дуніна-Марцінкевіча адлюстравана на медальёне, памятных медалях, марках і паштоўках. Выпушчана юбілейная манета.
Да 175-годдзя В. Дуніна-Марцінкевіча была прымеркавана выстава ў Мінскім палацы мастацтва, у якой удзельнічалі больш за 100 мастакоў і прадстаўлены каля 160 твораў графікі, жывапісу, дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, а таксама скульптуры, плакаты, прысвечаныя асобе і творчасці пісьменніка.
Яго імем названы Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ў Бабруйску, вуліцы ў Мінску і Маладзечне, гарадскім пасёлку Івянец і вёсцы Пяршаі Валожынскага раёна. Створаны школьны літаратурны музей В. Дуніна-Марцінкевіча ў Пяршаях. Плануецца адкрыццё помніка пісьменніку ў Мінску і стварэнне музея ў Люцынцы.
Многае з напісанага В. Дуніным-Марцінкевічам узноўлена па рукапісных спісах іншых асоб і потым было апублікавана. Творы В. Дуніна-Марцінкевіча ўключаны ў школьныя праграмы.
У 2004 г. у вёсцы Пяршаі Валожынскага раёна, недалёка ад Марцінкевічавай Люцынкі, прайшлі V Міжнародныя Ракаўскія чытанні, прысвечаныя тэме "Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і працэс міжславянскіх літаратурных узаемасувязяў".
5 і 6 лютага 2008 года была праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 200-годдзю В. Дуніна-Марцінкевіча, на якой закраналіся самыя розныя праблемы і ўздымаліся важныя пытанні, якія характарызавалі жыццёвую і творчую дзейнасць беларускага драматурга. З дакладамі пра творчасць Беларускага дудара выступалі настаўнікі, выкладчыкі, навукоўцы і не толькі з Беларусі: В. Максімовіч, М. Мішчанчук, Г. Адамовіч, Т. Ганчарова-Цынкевіч, І. Шаладонаў, А. Раманчук, Г. Тычко, І. Бурдзялёва, С. Лаўшук, В. Рыч і інш.
200-годдзе пісьменніка адзначалася ў Беларусі на дзяржаўным узроўні. Удзел у мерапрыемствах з нагоды юбілею прымала Арганізацыя Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).
Асоба В. Дуніна-Марцінкевіча і яго творчасць заўсёды прыцягвалі да сябе навукоўцаў-літаратуразнаўцаў, асаблівай ўвагай ён карыстаўся напярэдадні святкавання 200-гадовага юбілею са дня нараджэння. Да знамянальнай дата быў прыўрочаны выхад 1-га тома “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Збор твораў. У 2-х тамах” (2007), у які ўвайшлі два раздзелы: “Драматычныя творы”, “Вершаваныя аповесці і апавяданні”, куды ўвайшлі славутыя камедыі: “Ідылія” (“Сялянка”), “Залёты”, несмяротная “Пінская шляхта”, а таксама паэмы “Гапон”, “Вечарніцы” і інш. У гэтым Зборы твораў творчыя спадчына пададзена ў арыгінале: на беларускай, польскай, “пінчуцкай” мове. Другі том Збора твораў выйшаў у 2008 годзе, яго склалі насткпныя раздзелы: “Вершаваныя аповесці і апавяданні”, “Вершы”, “Публіцыстыка”, “Лісты і пасланні”, “Пераклады”, а таксама жыццяпіс Беларускага Дудара. Апрача таго, выйшла кніга, у якой на пяці еўрапейскіх мовах надрукавана камедыя "Пінская шляхта".
Яго п'есы "Ідылія" (“Сялянка”), "Пінская шляхта", "Залёты" шмат разоў ставіліся на сцэнах тэатраў, як прафесійных, так і самадзейных. Паводле "Пінскай шляхты" быў створаны тэлеспектакль.
Творы В. Дуніна-Марцінкевіча знайшлі ўвасабленне і ў музыцы беларускіх кампазітараў. Паводле камедыі "Пінская шляхта" Г. Вагнер стварыў оперу, а Р. Пукст напісаў музыку да драматычнай пастаноўкі. У. Кур'янам зроблена музычнае афармленне спектакля "Ідылія" ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Песні на словы пісьменніка пісалі І. Лучанок, З. Яўтуховіч.
С. Палуян пісаў: “Трэба было заімпанаваць грамадству хаця б прыблізнай саліднасцю прадукцыі, трэба было даць шмат загалоўкаў, багата друкаваных старонак, і, нарэшце, трэба было да канца працягваць справу, непахісна стаяць на сваім месцы. Гэтага не магло зрабіць першае пакаленне, дык гэта зрабіў Марцінкевіч, якога і лічаць сапраўдным першым беларускім пісьменнікам, першым літаратурным імем на безлітаратурнай Беларусі. У гэтым яго вялікая заслуга і гэтым ён набыў сабе бяссмерце сярод свядомых беларусаў” [Палуян 1986, с. 103-104].
Увага да асобы і творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча праяўлялася як у Беларусі, так і за яе межамі. Пераклады твораў В. Дуніна-Марцінкевіча існуюць на нямецкай, рускай, украінскай, польскай, латышскай мовах. Яго творчасць аналізавалі польскія, украінскія, расійскія, англійскія, нямецкія, літоўскія, славацкія, югаслаўскія даследчыкі.
Падкрэсліваючы найвялікшую сілу ўздзеяння на людзей драматычнага мастацтва, тэарэтыкі розных эстэтычных кірункаў заўсёды звярталі ўвагу пісьменнікаў на незвычайную цяжкасць стварэння драматычных твораў як вышэйшай ступені развіцця мастацкай літаратуры.
Як жа з гэтымі цяжкасцямі драматычнага, у прыватнасці камедыйнага, жанру справіўся першы беларускі драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, наколькі жыццёвымі і праўдзівымі былі яго п'есы?
2. Жанрава-Стылёвыя асаблівасці і характарыстыка персанажаў камічнай оперы “Ідылія” (“Сялянка”)
З сярэдзіны 1840-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч пачынае супрацоўніцтва з выдаўцамі. У 1846 г. у Вільні асобным выданнем выйшла лібрэта музычна-драматычнага твора - оперы "Сялянка" (пазней з'явілася іншая назва - "Ідылія"). Музыку да яе напісалі С. Манюшка і К. Кжыжаноўскі з удзелам самога В. Дуніна-Марцінкевіча. У гэтым творы побач з драматычнымі дыялогамі і маналогамі шырока прадстаўлены арыі і дуэты, харавыя нумары, а таксама танцы. "Ідылія" лічыцца прынцыповай з'явай у станаўленні новай беларускай літаратуры. Калі паны тут гавораць па-польску, то персанажы-сяляне - упершыню ў літаратурным творы - па-беларуску. Польскі вершаваны тэкст у свой час пераклаў на беларускую мову Янка Купала, празаічны - Язэп Лёсік.
У лібрэта камічнай оперы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Ідылія” (“Сялянка”) ставіцца надзвычай актуальная для таго часу праблема народа, у прыватнасці - праблема ўзаемаадносін паміж прыгонным сялянствам і памешчыкам. Гэта праблема, як вядома, знаходзілася ў цэнтры ўвагі грамадскай думкі Расіі і, натуральна, не магла не адбіцца ў мастацкай літаратуры.
У пачатку сваёй творчай дзейнасці В. Дунін-Марцінкевіч аддаў значную даніну сентыменталізму, што асабліва заўважаецца на лібрэта камічнай оперы “Ідылія” (“Сялянка”). Яна была прадыктавана клопатамі пра долю чалавека-працаўніка, імкненнем прыцягнуць увагу грамадскасці да бязрадаснага лёсу сялянства, якое паводле сваіх маральных якасцей стаіць значна вышэй дваранскага саслоўя.
Асноўным аб'ектам мастацкага ўвасаблення ў “Ідыліі” (“Сялянка”) з'яўляюцца прыгонныя сяляне, памешчыкі і іх слугі; дзеянне адбываецца ў маёнтку памешчыка Лятальскага. Як пісьменнік-патрыёт В. Дунін-Марцінкевіч асудзіў тут нізкапаклонства пэўнай часткі беларускай шляхты перад усім іншаземным, асабліва французкім, і пагарду да роднага, нацыянальнага.
А. Усікаў сцвярджаў: “Няпраўда, што В. Дунін-Марцінкевіч нібыта ўтойваў класавыя супярэчнасці паміж сялянамі і панам. Калі б ён не заўважаў альбо знарок ігнараваў сацыяльную няроўнасць, ён не здолеў бы напісаць такое: “Кажуць, як мужык хіцёр, ураг сваім панам і іх абмануе. Як жа нам быць шчырымі, калі яны з-пад ногця кроў нам высысаюць і, як з гадам, з мужыком абходзяцца. А мы ж такі апошніх сіл дабываем, каб на іх прыхаці зарабіць”[Усікаў, 1979. - с. 117].
Гэтыя словы, укладзеныя ў вусны селяніна Ціта з “Ідыліі” (“Сялянкі”), сведчаць пра тое, што працоўны беларус ужо не мог цярпліва зносіць бесчалавечныя здзекі паноў. І хоць ён яшчэ не ўступаў ў адкрытую барацьбу, з яго грудзей, з глыбіні набалелай душы час ад часу вырываўся пратэст супраць прыгнечанага, паднявольнага становішча.
Зусім не ў прывабным святле тут паўстаюць паны: яны - дэспаты, што паглынаюць плён чужой працы ды яшчэ і здзекуюцца з тых, хто іх корміць і апранае, хто выбіваецца з апошніх сіл, каб зарабіць на іх прыхаці. “Думка аб эксплуататарскай, дэспатычнай ролі паноў, іх пагардлівым стаўленні да сялян не гучыць абстрактна - яна знаходзіць увасабленне ў канкрэтных вобразах камедыі, найперш - у вобразе Лятальскага” [Семяновіч, 1985. - с. 118], - лічыць А. Семяновіч.
“На вобразе Лятальскага драматург хацеў вырашыць надуманую і нежыццёвую праблему маральнага самаўдасканалення памешчыка, які з прыгонніка мог бы ператварыцца ў сябра і бацьку сваім запрыгоненым сялянам і служыць прыкладам іншым памешчыкам для пераймання” [Семяновіч, 1985. - с. 29], далей развівае думку даследчык.
Такім чынам, ставіцца асноўная для творчасці пісьменніка праблема - праблема народа, якая вырашалася В. Дуніным-Марцінкевічам з ліберальных пазіцый, з пазіцый той часткі шляхецтва (дваранства), якая імкнулася палепшыць жыццё прыгоннага селяніна шляхам класавай салідарызацыі памешчыкаў і мужыкоў.
“Носьбітам касмапалітычных ідэй у “Сялянцы” выступае малады памешчык Лятальскі. У пачатку п'есы ён паказаны як тыповы прадстаўнік той часткі арыстакратыі, якая па сутнасці адраклася ад радзімы, ад свайго народа. Жывучы ўвесь час за граніцай, у Парыжы, Лятальскі пераўтварыўся ў заўзятага паклонніка і абаронцу французкага ладу жыцця і стаў ненавідзець ўсё роднае. Кіраванне маёнткам на радзіме ён перадаверыў камісару Банавантуру Выкрутачу” [Усікаў, 1979. - с. 28], канстатуе даследчык беларускай камедыі Я. Усікаў.
Лятальскі - зусім не ідэальны пан. Ён, што называецца, прыгнятальнік, тып прыгонніка, тырана і самадура. Для яго сялянства - толькі быдла, толькі рабочая скаціна. Гэта вядома ўсім жыхарам вёскі. Ды і сам Лятальскі не ўтойвае гэтага.
Пагардлівыя адносіны Лятальскага да роднай краіны, да беларускага народа, да звычаяў і традыцый бацькаўшчыны вельмі ярка падаюцца пісьменнікам ў дыялогу паміж Лятальскім і яго слугой Янам, калі яны вяртаюцца ў Беларусь:
Кароль. Вось мы і ў канцы нашай падарожы. Запраўды, калі ўспомню, што гэта тое месца, дзе трэба будзе пражыць канец свайго жыцця, то аж сэрца сціскаецца. О, чаму край наш дагэтуль яшчэ не можа набраць тае цывілізацыі, якоюадзначаецца Францыя? Тут усё так панура! Так глуха!. .
Ян. І мы тут пане, пане, прыгожыя дні нашай маладосці змарнаваць маем? От лепей прадай, пан, сваю фартуну, а далей уцякайма да нашага неба, да ўлюбёнага нашага Парыжа!
Кароль. О, калі б можна было гэта зрабіць! Калі б мне акалічнасці дазволілі! А тым часам буду старацца: бо гэта праўда, паміж нашых мядзведзяў не выжыву! І што за прыемнасць, проша пана, з мужыкамі? Гэта ж быдла, і нічога болей.
Ян. А дзяўчаты, пане, чыстыя каты: падсядзь да якой, то табе зараз без цырымоніі вочы гатова выдрапаць.
Кароль. Праўду кажаш. Няма нідзе, як у Францыі!. . Там кожная, хоць бы найпрасцейшая сялянка далёка асвячнейшая за тутэйшую паненку. О Францыя! Францыя! [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 109-110].
Прадстаўніку дваранства Лятальскаму супрацьпастаўляецца дзяўчына Юлія, дачка былога апекуна Лятальскага - Дабровіча, якая з'яўляецца ў п'есе галоўнай гераіняй. Іменна дзякуючы яе намаганням Лятальскі становіцца зусім іншым чалавекам - дабрадзейным і гуманным у адносінах да сваіх прыгонных сялян.
Ідэал В. Дуніна-Марцінкевіча ўвасоблены ў вобразе Юліі. Пісьменнік малюе сваю гераіню як вельмі прыгожую знешне і надзвычай прывабную характарам дзяўчыну, яна вызначаецца прыродным розумам, ветлівасцю, прастатой і непасрэднасцю. Нездарма Кароль зачароўваецца яе прыгажосцю:
Ці то чары, ці з'яўленне!
Вельмі ж мілае стварэнне!
Вочы, тварык - глянуць міла!
Мне душу ўсю захапіла
[Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 112].
Юлія павінна сваімі бездакорнымі паводзінамі, высокімі маральнымі якасцямі, характарам сваіх думак зрабіць рашаючы ўплыў на паніча-франкамана з мэтаю - дабіцца, каб ён адмовіўся ад ранейшага жыцця, ад заганных звычак, ад несправядлівага погляду на прыгоннага беларускага мужыка.
Ствараючы вобраз Юліі, пісьменнік імкнуўся ўвасобіць у ім лепшыя маральныя якасці дзяўчыны, якая вырасла сярод сялян, на ўлонні прыроды. Перш за ўсё Юлія вызначаецца маральнай чысцінёй, сціпласцю, непасрэднасцю сваіх пачуццяў, душэўным высакародствам і праўдзівасцю. Ёй не ўласцівыя крывадушнасць свецкіх паненак, іх эгаізм і фанабэрыстасць.
Юлія выступае у п'есе сапраўднай патрыёткай сваёй радзімы - Беларусі, і ў гэтым сэнсе яна супрацьпастаўляецца аўтарам каралю Лятальскаму. Вуснамі Юліі пісьменнік выказвае свае патрыятычныя пачуцці, сваю гарачую любоў да беларускай зямлі:
О край мой любы, мой родны!
Ты знаеш думак прычыны.
Тут, як у раі, аздобна,
Ціснуцца дзецтва ўспаміны.
Сваймі вось гэта рукамі
Кусточак ружы саджала,
А тут павяўшы з слязамі
Тульпаны я палівала…
[Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 103].
Мастацкая пераканаўчасць у раскрыцці вобраза Юліі зніжаецца тым, што Юлія толькі “іграе” вобраз сялянскай дзяўчыны Югасі, на самай жа справе яна дваранка. Таму, безумоўна, такі вобраз нельга лічыць тыповым вобразам сялянскай дзяўчыны.
“Дабрадзейнай Юліі і маральна “удасканаленаму” Лятальскаму праціпастаўляецца камісар маёнтка Банавантура Выкрутач, у вобразе якога ўвасоблена ўсё злое, антычалавечае. На гэтым вобразе пісьменнік упершыню ў сваёй творчасці ставіць і вырашае праблему, якая яго вельмі хвалюе, - узаемаадносіны паміж памешчыкам і яго слугамі з аднаго боку, і прыгоннымі сялянамі і слугамі памешчыка (аканомамі, кіраўнікамі маёнткаў) - з другога” [Семяновіч, 1985. - с. 32], - лічыць А. Семяновіч.
У адрозненне ад вобразаў Лятальскага і Юліі вобраз камісара малюецца рэалістычнымі фарбамі. Выкрутач паказваецца як злы, хітры, крывадушны чалавек. Ён з пагардай адносіцца да прыгонных, няшчадна эксплуатуе і абірае іх, маючы на мэце свае інтарэсы, а не пана:
Камісар быў нам тыран;
Можа ж горшы будзе пан?
Той хоць часта нас браніў,
Але не ўсякі раз біў:
Бо калі прымецца біць,
Можна скуру адкупіць;
А пан платы не бярэ,
Не раз добра абдзярэ
[Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 102].
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч упершыню ў беларускай літаратуры падае разгорнуты, вобраз жорсткага, дэспатычнага падпанка Баравантуры Выкрутача, нахабнага, цынічнага драпежніка прыгонніцкай пары.
Аўтарскае стаўленне да камісара пэўна акрэсленае: яно цалкам адмоўнае. Адсюль гэтыя гнеўныя рэплікі адкрытага асуджэння, якія здаюцца часам нават празмерна просталінейнымі. Але калі пільней прыгледзецца да Выкрутача, дык ён не такі ўжо прымітыўны, аднафарбны. Камісар па-свойму рознабаковы: дэспатычны і нахабны, карыслівы і крывадушны, дагодлівы і ліслівы, грубы і помслівы, нездагадлівы і палахлівы.
Як хамеліён мяняецца ён залежна ад абставін, асяроддзя. То ён жорстка распраўляецца з “сялянскім быдлам”, то пагражае бязлітасна пакараць сялян, то ладзіць гулянку па загаду пана. Тут ён ужо выглядае добрым, лагодным, вясёлым, зычлівым. Ведучы рэй ў танцах ён проста абаяльны.
Ствараючы вобраз камісара, Дунін-Марцінкевіч карыстаецца прыёмам ускоснай характарыстыкі героя, якую даюць Выкрутачу іншыя героі - сяляне Ціт і Навум.
У канцы п'есы Выкрутач поўнасцю выкрываецца, і Лятальскі выганяе яго. Зло караецца, а дабро перамагае.
“Камісар - гэта вобраз-тып, вобраз-характар, цалкам вытрыманы ў рэалістычным стылі” [Усікаў, 1979. - с. 123], - да такой высновы прыйшоў даследчык беларускай камедыі Я. Усікаў.
Тое ж самае можна сказаць і пра яго жонку Аршулю. Хоць вобраз яе эпізадычны і пададзены аўтарам у выключна сямейна-бытавым аспекце, намаляваны ён жывымі, выразнымі фарбамі. Пісьменнік звярнуў увагу на дзве дэталі ў псіхалагічным партрэце Аршулі. Найперш гэта зласлівая радасць адкрыцця тайны, пераможны трыумф жонкі, якая нарэшце пераканалася ў тым, аб чым раней толькі здагадвалася, толькі падазравала мужа ў яго нявернасці.
На думку Я. Усікава, пачуццё перамогі і маральнай перавагі жанчыны, якой надарыўся выпадак пераканацца ў сваёй праваце і выкрыць хлусню мужа, рашучая гатоўнасць адпомсціць яму за ўсе грахі перададзены з псіхалагічнай тонкасцю, сапраўды па-майстэрску [Усікаў, 1979. - с. 123].
Другі штрых, акрэслены аўтарам у вобразе Аршулі - гэта яе страсная схільнасць да чытання любоўных кніг, імкненне звязаць іх змест са сваім асабістым жыццём, шукаць у іх адказу, як трымацца самой у пэўнай сітуацыі. Так яна і робіць, шукае кнігу з падобнай інтрыгай, каб паглядзець, як паступае жонка з мужам у такім здарэнні.
В. Дунін-Марцінкевіч высмейвае гэтае імкненне жыць па-кніжнаму, бо жыццё куды багацейшае і болей разнастайнае, чым тое, што ў кнігах. Да падобнага вываду прыходзіць і Аршуля, грунтуючыся на сваім вопыце, што такой авантуры, яна у ніякай кніжцы не вычытала.
Ян Губач - слуга Лятальскага - не вылучаецца арыгінальным характарам. Ён капіруе, як гэта часта бывае ў камедыйнай літаратуры, рысы свайго гаспадара. Лятальскі захапляецца чужаземшчынай - і Ян паўтарае яго. Лятальскі пагарджае бацькаўшчынай, зняважліва ставіцца да беларускага сялянства - і Ян дубліруе свайго гаспадара. Пан ухваляе парыжанак - і слуга падтаквае яму. Пан перайначваецца пад уплывам раптоўнага пачуцця да дзяўчыны, апранутай па-сялянску, - і слуга гатовы назаўсёды адмовіцца ад паездак за мяжу, ад жыцця ў Парыжы.
Найбольш рэалістычнымі ў “Ідыліі” (“Сялянцы”) атрымаліся вобразы сялян Навума і Ціта. Асабліва каларытнай фігурай з'яўляецца войт Навум. Ён - тыповы прадстаўнік беларускага прыгоннага сялянства першай плавіны XIX ст. У яго вялікі жыццёвы вопыт, таму ён не верыць у панскую дабрадзейнасць, у тое, што памешчык можа быць абаронцам мужыка.
Свае адносіны да паноў і іх слуг Навум падмацоўвае мудрай народнай прымаўкай: “Воран ворану вачэй не выклюе” [Дунін-Марцінкевіч, 2007. - с. 102]. Навум разумны, мудры чалавек, які добра ведае сабе цану і выразна ўсведамляе сваё паднявольнае становішча, аднак трымаецца з пачуццём уласнай годнасці. Разумее ён і тое, як адносіцца да мужыка гаспадар. Аб гэтым сведчыць яго выраз: “Мужык дурань, як умее, так і пее” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 118].
Звяртаючыся да паніча, Навум называе яго “ясным сонейкам”, “дарагім госцем”, які прыляцеў, “як чайка з-за мара”, каб “пацешыць” сваіх “сірот бедных” - мужыкоў. За гэтымі словамі хаваецца злая іронія ў адрас памешчыка, як і за прымаўкай: “Да Бога высока, да Пана далёка” [Дунін-Марцінкевіч 2007, с. 118].
У асобе Навума Прыгаворкі пісьменнік паказвае народны характар, чалавека дасціпнага, кемлівага, разумнага, натуру шырокую, рознабаковую, таленавітую. Увесь вобраз Навума сабраны з узораў народнай мудрасці - прымавак, прыказак, крылатых запамінальных выразаў. Дзе толькі паявіцца Навум, там трапнае, дасціпнае слова, жарт, рух, жыццё ў разнастайных праявах… Навум - весялун, жартаўнік, і ў той жа час ён схільны да роздуму, развагі, адчувае складанасць жыцця, яго няспынную, супярэчлівую плынь.
Ёсць у Навума Прыгаворкі і другі бок характару: любіць ён усіх павучаць, і гэтая рыса зусім натуральная, бо яна ўласціва мудрым сялянам.
“Дзе-нідзе і сам аўтар пасмейваецца са свайго героя, нягледзячы на закладзеныя ў Навума Прыгаворку аўтабіяграфічныя рысы. Узяць хаця б гэтую празмерную схільнасць, страсць бясконца сыпаць прыказкі і прымаўкі - з прычыны і без прычыны, калі дарэчны, а калі і недарэчны. Бывае, што імі і надакучае людзям. Нездарма ж Ціт не вытрымлівае і просіць Навума адчапіцца, бо ён ўжо сваімі прымаўкамі ды прыгаворкамі ўсім абрыд” [Усікаў 1979, с. 125] - сцвярджае Я. Усікаў.
Смешны Навум са сваімі прэтэнзіямі, са сваёй самаўпэўненасцю. Але пры ўсіх сваіх чалавечых слабасцях, дзікаватасцях, зусім не ўвасабляе шэрай, пасіўнай масы. Усё ёсць у Навума: пагарда, непрыхільнасць да паноў і ў той жа час цвярозае разуменне парадку рэчаў - сілы няроўныя, селяніну трэба хітрыць, выкручвацца, каб пражыць. Навум верыць, што надыдуць лепшыя часы.
Усё гэта гаворыць аб рознабаковасці характару вясковага войта.
“В. Дунін-Марцінкевіч добра засвоіў форму “сялянкі”, шырока распаўсюджаную ў польскай літаратуры, ахвотна карыстаўся вершаваным апавяданнем і наогул любіў лёгкую вадэвільную форму са шчаслівым канцом, дзе абавязкова прысутнічае любоўны трохкутнік і на любоўнай інтрызе завязваецца дзеянне” [Навуменка 1992, с. 68], - пісаў І. Навуменка.
У “Ідыліі” (“Сялянцы”) ўсе праблемы вырашаюцца на плошчы любоўнай інтрыгі. У гераіню, шляхцянку Юлію, пераапранутую ў сялянскую вопратку, закаханы амаль што ўсе персанажы мужчынскага полу: Кароль Лятальскі, яго слуга Ян Губач, камісар Банавантура Выкрутач і войт Навум Прыгаворка. Атрымліваецца не трохкутнік, а пяцікутнік. У рэшце рэшт усе пяць кавалераў аказваюцца ў начным садзе разам і менавіта з гэтага вынікае камічны эфект.
У пабудове асноўнай сюжэтнай лініі п'есы Лятальскі - Юлія, у раскрыцці характараў дзеючых асоб, іх учынкаў і паводзін В. Дунін-Марцінкевіч выкарыстаў не новы ўжо ў мастацкай літаратуры прыём пераапранання і пераўвасаблення герояў.
Камісар маёнтка Банавантура Выкрутач, несусветны абдзірала, шэльма, ашуканец і злодзей, заўважыўшы Юлію, вокаімгненна ператвараецца ў “гжэчнага кавалера” [Навуменка 1992, с. 70]. Яго жонка Аршуля пераўвасабляецца ў гераінь любоўных раманаў, якія яна любіць чытаць. Навум Прыгаворка пераапранаецца ў жаночую вопратку і ідзе на спатканне з Юліяй. Сама Юлія пераапранаецца ў сялянскую дзяўчыну Югасю, каб “перавыхаваць” Кароля Лятальскага.
Дабратворны ўплыў чароўнай Юліі, пераапранутай у вясковую дзяўчыну, на Лятальскага быў настолькі вялікі, што ён дае слова канчаткова пазбавіцца ад усяго дрэннага, назаўсёды застацца ў сваім маёнтку і стаць бацькам для сваіх падданых.
У фінальнай сцэне п'есы Лятальскі пазнае ў Югасі сяброўку свайго дзяцінства Юлію. П'еса заканчваецца заручынамі маладых людзей і поўным перавыхаваннем Лятальскага.
“Такім чынам, асноўная сюжэтная лінія “Ідыліі” (“Сялянкі”) Лятальскі - Юлія вытрымана ў ідылічным, сентыментальным плане, што тлумачыцца галоўным чынам шляхецкім лібералізмам пісьменніка, які як бы пабаяўся злучыць лёс двараніна Лятальскага з лёсам сялянскай дзяўчыны”[Семяновіч 1992, с. 32], - падсумоўвае А. Семяновіч.
Адной з праяў стылёвай адметнасці “Ідыліі” з'яўляецца яе моўная дваістасць, якая была адбіткам рэальнай моўнай сітуацыі і разумелася як характэрная адзнака шляхецкага і сялянскага асяроддзя. Гэты моўны падзел у п'есе вытрыманы вельмі паслядоўна. Беларуская мова ўкладзена ў вусны выключна вяскоўцаў. У сцэне вітання Лятальскага ў спадчынным фальварку толькі хор сялян звяртаецца да маладога гаспадара па-беларуску. Хор дворных, гэта значыць тых жа сялян, але ўжо далучаных да панскага маёнтка, прамаўляе сваё вітанне на “панскай” мове. Юлія размаўляе “па-вясковаму” толькі з Навумам.
Подобные документы
Асаблівасці жанру твора У. Караткевіча. Агульныя заўвагі да праблемы вызначэння жанру літаратурнага твора. Жанрава-кампазіцыйная характарыстыка. Стылёвая адметнасць рамана "Хрыстос прызямліўся ў гародні". Характарыстыка вобразаў рамана, адметнасці мовы.
курсовая работа [42,9 K], добавлен 05.03.2010Жанрава-стылёвыя асаблівасці беларускай прозы ІІ паловы 60-х – сярэдзіны 80-х гг. Характарыстыка літаратурнага працэсу згаданага перыяду. Тэматычная разнастайнасць твораў разглядаемага перыяду. Лепшыя мастацкія дасягненні сучаснай беларускай літаратуры.
реферат [22,2 K], добавлен 01.03.2010Нацыянальная драматургія ў Беларусі у XIX-XX ст. Перыяд легалізацыі беларускай адраджэнскай справы. Прапагандысцкая нацыянальная тэндэнцыйнасць у п'есах беларускіх драматургаў пачатку XX ст. Светапоглядныя та грамадзянскія пазіцыі Ф. Аляхновіча.
реферат [33,1 K], добавлен 10.12.2011Дэфініцыя і спецыфіка паняцця "лірычная проза". Традыцыі лірычнай прозы ў беларускай літаратуры. Вызначыня моўна-стылёвыя асаблівасці лірычнай прозы Ул. Караткевіча. Асноўныя вобразныя сродкі. Даследаванне эсэ, лістоў, крытычных артыкулаў і нарысаў.
курсовая работа [45,4 K], добавлен 20.06.2009Развіццё прозы на сучасным этапе другой паловы 90-х гадоў - да пачатку ХХІ стагоддзя. Здабыткі сучаснай прозы. Жанрава-стылёвыя і ідэйна-мастацкія асаблівасці творчасці Г. Бураўкіна. Грамадзянскасць таленту паэта, трыбуннасць і актыўнасць паэтава слова.
контрольная работа [20,4 K], добавлен 16.03.2010Раман у вершах як жанр. Кампазіцыйная структура твора. Тэматыка і праблематыка рамана Нiла Гiлевiча "Родныя дзецi". Характарыстыка вобразаў рамана "Родныя дзецi". Вобраз галоўнага героя. Другарадныя вобразы і іх роля ў творы. Вобраз аўтара ў рамане.
курсовая работа [55,7 K], добавлен 22.02.2016Біяграфія і асаблівасці станаўлення творчай індывідуальнасці А.С. Грачанікава (1938-1991), а таксама аналіз палескіх матываў і пейзажных вобразаў у яго лірыкі. Апісанне і значэнне "малой радзімы" ў творчасці беларускіх спявае, у тым ліку і А. Грачанікава.
курсовая работа [35,2 K], добавлен 16.03.2010Асаблівасці паэзіі пра Чарнобыль, яго характарыстыка як канцэпта сучаснай мастацкай свядомасці. Чарнобыльская тэматыка ў сучаснай прозе. Сімволіка і стылёва-функцыянальная адметнасць твораў на чарнобыльскую тэму. Чарнобыльская міфатворчасць, яе рысы.
курсовая работа [68,4 K], добавлен 10.12.2013Казкі пра жывёл як творы, у якіх асноўнымі суб'ектамі або аб'ектамі дзеяння выступаюць жывёлы і птушкі. Сістэма вобразаў казок про жывёл. Этапы эвалюцыі, вытокі беларускіх казок. Сатырычнае гучанне в ніх сацыяльной няроўнасці, адносін народа да рэлігіі.
реферат [32,1 K], добавлен 13.01.2010Сацыяльны цыкл раманаў О. Бальзака "Чалавечая камедыя": структура, асаблівасці. Адлюстраванне тэмы падзенне нораваў у галоўных вобразах раманаў О. Бальзака "Бацька Горио" і "Гобсека". Раманы О. Бальзака "Бацька Горио" і "Гобсека" і іх праблематыка.
курсовая работа [51,3 K], добавлен 11.06.2012