Этыкетныя сітуацыі прабачэння і падзякі ў беларускай і англійскай мовах

Маўленчы этыкет, яго роля ў грамадскім жыцці. Нацыянальна-культурная спецыфіка і функцыі маўленчага этыкету. Семантыка этыкетных адзінак са значэннем прабачэння і падзякі ў беларускай і англійскай мовах. Ўжывання этыкетных формул са значэннем падзякі.

Рубрика Иностранные языки и языкознание
Вид дипломная работа
Язык белорусский
Дата добавления 19.09.2015
Размер файла 98,9 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

УСТАНОВА АДУКАЦЫІ "МІНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЛІНГВІСТЫЧНЫ УНІВЕРСІТЭТ”

Факультэт англійскай мовы

Кафедра беларускай мовы і літаратуры

ЭТЫКЕТНЫЯ СІТУАЦЫІ ПРАБАЧЭННЯ І ПАДЗЯКІ Ў БЕЛАРУСКАЙ І АНГЛІЙСКАЙ МОВАХ

Дыпломная работа

Якавіцкая Настасся Алегаўна

Кіраўнік:

Паўлоўская Наталля Юр'еўна, прафесар кафедры беларускай мовы і літаратуры, доктар філалагічных навук, прафесар

Мінск, 2015

Змест

  • Уводзіны
  • Глава 1. Маўленчы этыкет і яго роля ў грамадскім жыцці
  • 1.1 Паняцце этыкету. Маўленчы этыкет і культура
  • 1.2 Патрабаванні да маўленчай дзейнасці. Нацыянальна-культурная спецыфіка і функцыі маўленчага этыкету
  • Глава 2. Семантыка этыкетных адзінак са значэннем прабачэння ў беларускай і англійскай мовах
  • 2.1 Этыкетныя канструкцыі са значэннем прабачэння
  • 2.2 Асаблівасці ўжывання этыкетных формул са значэннем прабачэння ў беларускай і англійскай мовах
  • Глава 3. Семантыка этыкетных адзінак са значэннем падзякі ў беларускай і англійскай мовах
  • 3.1 Этыкетныя канструкцыі са значэннем падзякі
  • 3.2 Асаблівасці ўжывання этыкетных формул са значэннем падзякі ў беларускай і англійскай мовах
  • Заключэнне
  • Спіс выкарыстаных крыніц

Уводзіны

Праца прысвечана даследаванню этыкетных формул прабачэння і падзякі ў беларускай мове у параўнанні з англійскай.

Этыкет уяўляе сабой сістэму правіл паводзінаў у стандартных сітуацыях зносін, накіраваную на падтрыманне прынятых у грамадстве статусна-ролевых прадпісанняў і забеспячэнне бесканфліктнага кантакту ўдзельнікаў зносін. Пад маўленчым этыкетам маецца на ўвазе сукупнасць тыпавых выказванняў, замацаваных моўнымі і нацыянальна-культурнымі традыцыямі ў даным моўным калектыве для выкарыстання ў канкрэтных сацыяльна-камунікатыўных сітуацыях.

Маўленчы этыкет увайшоў у поле зроку навукоўцаў ў другой палове XX стагоддзя і застаецца актуальным для навуковых даследаванняў ў сілу яго неабходнасці ў любым выглядзе чалавечага зносін - ад афіцыйна-дзелавых да штодзённа-бытавых, тым больш у міжкультурных зносінах.

Маўленчы этыкет - важны элемент любой нацыянальнай культуры. У мове, маўленчых паводзінах, устойлівых формулах зносін адлюстроўваецца багаты народны вопыт, непаўторнасць звычаяў, ладу жыцця, умоў побыту кожнага народа.

Наша праца выканана ў рэчышчы параўнальнай лінгвістыкі. Асаблівую значнасць сярод падобных даследаванняў набывае супастаўляльнае вывучэнне лінгвістычных сродкаў розных моў, дзе ідэнтыфікуюцца і маніфестуюцца нацыянальная самасвядомасць, культарна-гістарычныя традыціі, эмпірычны і духоўны досвед розных этнасаў.

Падзяка і прабачэнне - частотныя як у беларускай, так і ў англійскай мовах маўленчыя акты, пажаданыя для адрасата, таму што ў дзвюх сітуацыях уяўляюцца добразычлівыя адносіны адрасанта да адрасата.

Актуальнасць працы вызначаецца малай даследаванасцю маўленчых этыкетных формул падзякі і прабачэння ў сапастаўленні беларускай і англійскай моў.

Мэтай працы з'яўляецца выяўленне нацыянальнай спецыфікі сродкаў у структуры формул прабачэння і падзякі у беларускай і англійскай мовах.

Зыходзячы з пастаўленай мэты прапануецца рашэнне наступных задач:

1. Прааналізваць тэарэтычныя працы па тэорыі маўленчага этыкету.

2. Выявіць і класіфікаваць корпус этыкетных адзінак у беларускім і англійскім маўленчых этыкетах.

3. Правесці кантрастыўна-супастаўляльны аналіз ужывання этыкетных маўленчых стандартаў у беларускай і англійскай мовах.

4. Выявіць агульнанацыянальныя рысы беларускага менталітэту на фоне супастаўлення з менталітэтам носьбітаў англійскай мовы.

Аб'ект даследавання - семантыка этыкетных маўленчых формул у аспекце нацыянальнай ментальнасці.

Прадмет даследавання - камунікатыўныя формулы прабачэння і падзякі ў беларускай і англійскай мовах.

Пры напісанні працы выкарыстоўваліся апісальны метад і метад кантрастыўна-супастаўляльнага аналізу.

Тэарэтыка-метадалагічную аснову даследавання складаюць працы, прысвечаныя вывучэнню маўленчага этыкету.

Фактычным матэрыялам паслужылі формулы этыкетных выказванняў, выбраныя з беларускіх і англійскіх тлумачальных слоўнікаў і твораў мастацкай літаратуры, агульнай колькасцю 32 кантэкста.

Практычная значнасць даследавання заключаецца ў тым, што яго вынікі могуць выкарыстоўвацца ў практыцы міжкультурных зносін паміж носьбітамі беларускай і англійскай моў і культур на розных узроўнях.

этыкетны формула беларускі англійская

Глава 1. Маўленчы этыкет і яго роля ў грамадскім жыцці

1.1 Паняцце этыкету. Маўленчы этыкет і культура

Слова "этыкет” запазычана з французскай мовы (etiguette) і мае значэнні `ярлык', `этыкетка', `надпіс', `цырыманіял', `этыкет'. Уладзімір Даль у сваім тлумачальным слоўніку тэрмін "этыкет” трактуе як "чын, парадак свецкіх знешніх абрадаў і прыстойнасцей, прынятая, умоўная ветлівасць; цырыманіял, знешняя абраднасць” [18, с. 198].

Аднак яшчэ да пачатку XX ст. у рускай мове пад этыкетам многія разумелі ярлык, які наклейваўся на бутэлькі і абгорткі тавараў з указаннем фірмы, гандляра ці вытворцы. Пазней з гэтым значэннем засталося слова "этыкетка”, а этыкет стаў успрымацца ў сучасным значэнні. У "Слоўніку па этыцы" прыводзіцца такое азначэнне: "Сукупнасць правілаў паводзін, якія датычацца нашага праяўлення адносін да людзей (абыходжанне з людзьмі, якія цябе акружаюць, формы зваротаў, прывітанняў і паводзін у грамадскіх месцах, манеры і адзенне) ” [33, с.431]. Такая дэфініцыя істотна звужае значэнне і змест паняцця "этыкет” і не ўлічвае адрозненні паміж бытавымі, этыкетнымі, рытуальнымі і цырыманіяльнымі сітуацыямі. Т.У. Ціўян прапаноўвае больш дакладнае разуменне этыкету: "Гэта такія правілы рытуальных паводзін чалавека ў грамадстве, якія адлюстроўваюць істотныя для данага грамадства сацыяльныя і біялагічныя крытэрыі і пры гэтым патрабуюць ужывання сацыяльных прыёмаў. ” [39, с.144]. Але і гэтае азначэнне мае дачыненне пераважна да зносін камунікацыі ўвогуле.А. Байбурын і А. Тапаркоў трактуюць этыкет як "сукупнасць спецыяльных прыёмаў і рысаў паводзін, з дапамогай якіх адбываецца выяўленне, падтрыманне і абыгрыванне камунікатыўных статусаў партнёраў па зносінах” [7, с.5]. Разуменне этыкету як феномена са спецыфічнай формай рэгуляцыі чалавечых зносін акцэнтуе камунікатыўны аспект.

У "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” этыкет тлумачыцца наступным чынам: "сукупнасць правілаў і форм паводзін, вызначаны парадак зносін у пэўным сацыяльным асяроддзі; частка знешняй культуры грамадства. Этыкет уключае паводзіны ў грамадскіх месцах, формы звароту і прывітання, адзенне, манеры, уменне паводзіць сябе за сталом, сустракаць і праводзіць гасцей і г. д." [36, с.608].

У кожным грамадстве распрацаваны стандартызаваныя нормы сацыяльных паводзін, якія чакаюцца ад чалавека ў пэўнай сітуацыі. Сацыяльна і нацыянальна спецыфічныя правілы як маўленчых, так і немаўленчых паводзін, якія звязаны з паняццем этыкету, адыгрываюць вялікую ролю ў камунікатыўных сістэмах. Веданне гэтых нацыянальна спецыфічных і сацыяльна замацаваных правілаў мовы штодзённых паводзін адыгрываюць такую ж вялікую ролю ў авалоданні зносінамі, як і ўласна моўныя правілы для будавання маўлення.

Натуральна, што этыкет і маўленне звязаны вельмі цесна. Манера маўлення, стыль, дазвол ці забарона гаварыць адно і не казаць іншае, выбар моўных сродкаў як паметы сваёй прыналежнасці да асяроддзя - усё гэта прыкметна ў нашых штодзённых маўленчых праявах.

Такім чынам, варта вызначыць паняцце маўленчага этыкету. Л.А. Увядзенская дае такое вызначэнне маўленчаму этыкету: "Пад маўленчым этыкетам маюцца на ўвазе распрацаваныя правілы маўленчых паводзін, сістэма маўленчых формул зносін” [13, с.23]. Вядомы лінгвіст, даследчык маўленчага этыкету Н.І. Фарманоўская вызначае маўленчы этыкет як "рэгулюючую правілы маўленчых паводзін сістэму нацыянальна спецыфічных стэрэатыпных, устойлівых формул зносін, прынятых і прадпісаных грамадствам для ўстанаўлення кантакту суразмоўцаў, падтрымання і перапынення кантакту ў абранай танальнасці. ” [37, с.9].

А.Г. Балакай у сваім тлумачальным слоўніку рускага маўленчага этыкету дае наступнае тлумачэнне: "Маўленчы этыкет - гэта сістэма спецыфічных моўных знакаў (слоў, устойлівых словазлучэнняў) і правілаў іх ужывання, прынятых у даным грамадстве з мэтай наладжвання моўнага кантакту паміж суразмоўцамі і падтрымання ветлівых, добразычлівых, сяброўскіх або афіцыйных адносін у залежнасці ад моўнай сітуацыі. У пэўным сэнсе маўленчы этыкет можна разглядаць як умоўную мову ветлівасці, субардынацыі, якая мае свой слоўнік (сістэму знакаў) і граматыку (правілы маўленчых паводзін у грамадстве) ” [8, с.6].

Правілы ўсіх маўленчых паводзін рэгулююцца маўленчым этыкетам. Гэта сітуацыі звароту, прывітання, развітання, прабачэння, падзякі, віншавання, пажадання, спагады і спачування, адабрэння і кампліменту, запрашэння, прапановы, просьбы, савета і многія іншыя. Маўленчы этыкет ахоплівае усё, што выказвае добразычлівае стаўленне да суразмоўцы, што можа стварыць спрыяльны клімат зносін. Багаты набор моўных сродкаў дае магчымасць выбраць дарэчную для маўленчай сітуацыі і спрыяльную для адрасата форму зносін, усталяваць сяброўскую, нязмушаную або, наадварот, афіцыйную танальнасць размовы.

Культура - складаная шматгранная з'ява, якая мае камунікатыўна - дзейнасную, каштоўнасную і сімвалічную прыроду. З пункту гледжання сацыялогіі, культура - гэта "агульная сістэма ўстойлівых, спадчынных пераваг і прыярытэтаў у чалавечым стаўленні і паводзінах, гэтак жа, як у думках і пачуццях” [35, c.6]. Культуры адрозніваюцца ў светапоглядзе, вераваннях, каштоўнасцях, нормах і мадэлях камунікацыі. Асабліва ярка культуры адрозніваюцца ў мове і невербальных паводзінах, у манерах, у спосабах звароту з часам, прасторай і матэрыяльнымі рэчамі. Мова - спосаб захавання і трансляцыі культуры, традыцый і грамадскай свядомасці канкрэтнага маўленчага калектыву. Як унікальная гісторыка-культурная з'ява мова адначасова адлюстроўвае і выказвае агульначалавечыя, універсальныя і нацыянальна-спецыфічныя рысы культуры пэўнага народа. Менавіта ў мове ўвасоблены весь пазнавальны вопыт народа, яго філасофска-рэлігійныя, сацыяльна-выхаваўчыя, маральна-этычныя, мастацка-эстэтычныя ўяўленні і прынцыпы. Мова займае першае месца сярод нацыянальна-спецыфічных кампанентаў культуры [38].

У чалавечай культуры самае старажытнае мастацтва - гэта мастацтва зносін. Маўленчы этыкет разумеецца як нацыянальна спецыфічныя правілы маўленчых паводзін, якія прымяняюцца пры ўступленні суразмоўцаў у кантакт і для падтрымання зносін у абранай танальнасці. На думку Н.І. Фарманоўскай, "маўленчы этыкет - гэта шырокая зона адзінак мовы і гаворкі, якая славесна выказвае этыкет паводзін, дае нам тыя моўныя багацці, якія назапасіліся ў кожным грамадстве для выражэння неканфліктных, "нармальных", гэта значыць, добразычлівых адносін да людзей” [37]. З іншага боку, этыкет рэгулюе складаны выбар найбольш дарэчных маўленчых сродкаў для канкрэтнага адрасата, канкрэтнага выпадку, канкрэтнай сітуацыі і становішча зносін.

Слова як асноўная адзінка мовы адлюстроўвае сувязь мовы, мыслення і пазамоўнай рэчаіснасці, валодае лінгвістычнай значнасцю, з'яўляецца адначасова маніфестацыяй адпаведнай культуры. Мова захоўвае адзінства народу ў гістарычнай змене пакаленняў і грамадскіх фармацый, якая аб'ядноўвае людзей у часе, геаграфічнай і сацыяльнай прасторы. Мова як адна з прыкмет нацыі адлюстроўвае культуру народа, які на ёй гаворыць, г. зн. нацыянальная культура. Дзве нацыянальныя культуры ніколі не супадуць поўнасцю, нацыянальная культура складаецца з нацыянальных і інтэрнацыянальных адзінак. Пры гэтым мову разглядаюць у моцнай сувязі з фактамі грамадскага жыцця яе стваральнікаў і носьбітаў, з іх гістарычным, геаграфічным побытам, культурай і літаратурай. Семантычная сістэмы розных моў і асобньія элементы гэтых сістэм змяшчаюць пэўную нацыянальна-спецыфічную інфармацыю, вядомую толью гэтай нацыянальна-культурнай супольнасі людзей.

Культура фарміруе чалавека. Чалавек - суб'ект які пазнае, заусёды знаходзіцца пад уплывам сваей нацыянальнай культуры. Моўны калектыў, які жыве у нейкім асяроддзі асвойвае яго у зменлівых, але характэрных менавіта дзеля яго сацыяльных i культурных умоў, якія навязваюць носьбітам данай мовы спецыфічны погляд на той ці іншы фрагмент рэчаінасці ці з'яуляецца прызмай, скрозь якую ажыццяўляецца ўспрыманне навакольнага асяроддзя.

1.2 Патрабаванні да маўленчай дзейнасці. Нацыянальна-культурная спецыфіка і функцыі маўленчага этыкету

Практычнае значэнне маўленчага этыкету заключаецца ў тым, што ён дае магчымасць людзям без асаблівых намаганняў скарыстоўваць ужо гатовыя формы агульнапрынятай ветлівасці для зносін з рознымі групамі людзей і на розных узроўнях.

Спецыфікай маўленчага этыкету з'яўляецца тое, што ён характаразуе як штодзённую моўную практыку, так і моўную норму. Сапраўды, элементы маўленчага этыкету прысутнічаюць у штодзённай практыцы любога носьбіта мовы (у тым ліку і таго, хто слаба валодае нормай), які лёгка апазнае гэтыя формулы ў патоку маўлення і чакае ад суразмоўцы іх ужывання ў пэўных сітуацыях. Элементы маўленчага этыкету засвойваюцца настолькі глыбока, што яны ўспрымаюцца "наіўнай" моўнай свядомасцю як частка штодзённых, натуральных і заканамерных паводзін людзей. Няведанне патрабаванняў маўленчага этыкету і, як следства, іх невыкананне успрымаецца як жаданне абразіць ці як нявыхаванасць [30].

З іншага боку, маўленчай этыкет можа разглядацца з пункту гледжання моўнай нормы. Так, ўяўленне аб правільным, культурным, нармаваным маўленні ўключае ў сябе і пэўныя ўяўленні аб норме ў галіне маўленчага этыкету. Само ўжыванне або неўжыванне адзінак маўленчага этыкету таксама можа быць прадметам нармалізацыі, напрыклад: формулы прабачэння дарэчныя ў выпадку, калі той, хто просіць прабачэння, прычыняе неспакой свайму суразмоўцу, аднак занадта часта прасіць прабачэння не варта, бо як гэтым суразмоўца ставіцца ў няёмкае становішча і інш. Акрамя таго, парушэнне нормаў і правілаў літаратурнай мовы, асабліва, калі яно выглядае як нядбайнасць, само па сабе можа разглядацца як парушэнне маўленчага этыкету.

Адным з найбольш стабільных паказчыкаў паспяховасці маўленчага акта з'яўляецца ступень выхаванасці i адукаванасці камунікантаў. Па гэтай прыкмеце людзі падзяляюцца на носьбітаў літаратурнай мовы i прастамоўя. У маўленчых паводзінах чалавека пастаянна адбываецца выкананне сацыяльных i сітуацыйных роляў, арыентацыя ў агульнасацыяльным становішчы i ў ролях адрасата, ацэнка афіцыйнасці i неафіцыйнасці камунікацыйнай сітуацыі [26].

Такім чынам, патрабаванні маўленчага этыкету ўтвараюць свайго роду іерархію. У пэўнай ступені яны з'яўляюцца неад'емнай часткай актыўнай і пасіўнай моўнай практыкі кожнага носьбіта мовы; з другога боку, гэтыя патрабаванні звязваюцца з пэўным узроўнем культуры мовы, больш ці менш высокім. Напрыклад, кожнаму носьбіту мовы з ранняга ўзросту вядома, што пры сустрэчы неабходна вітацца. Далей дзіцяці тлумачаць, што трэба вітацца ў адпаведнасці з пэўнымі правіламі (малодшы вітае старэйшага першы, выкарыстоўваючы для гэтага цалкам пэўныя формулы - не Прывітанне або Здароў, а Добры дзень, або лепш: Добры дзень, Іван Іванавіч). Нарэшце, у далейшым носьбіт мовы пазнае і аб іншых тонкасцях маўленчага этыкету і вучыцца іх выкарыстоўваць у сваёй штодзённай практыцы.

Мяжа паміж штодзённай маўленчай практыкай і нормай у маўленчым этыкеце непазбежна з'яўляецца рухомай. Практычнае прымяненне маўленчага этыкету заўсёды некалькі адрозніваецца ад нарматыўных мадэляў, і не толькі з-за недастатковага ведання ўдзельнікамі яго правілаў. Адхіленне ад нормы або залішне скрупулёзнае прытрымліванне яе можа быць звязана з жаданнем таго, хто гаворыць, прадэманстраваць сваё стаўленне да суразмоўцы або падкрэсліць сваё бачанне сітуацыі. Такім чынам, маўленчы этыкет не з'яўляецца жорсткай сістэмай правілаў [30].

Маўленчы этыкет так ці інакш прывязваецца да сітуацыі маўленчых зносін і яе параметраў: асобаў суразмоўцаў, тэмы, месца, часу, матыву і мэты зносін. Перш за ўсё ён уяўляе сабой комплекс моўных з'яў, арыентаваных на адрасата, хоць асоба моўцы (або пішучага) таксама ўлічваецца. Гэта можа быць найлепшым чынам прадэманстравана на ўжыванні Ты і Вы - формаў у зносінах у беларускай мове. Агульны прынцып складаецца ў тым, што Вы-формы ўжываюцца як знак павагі і большай фармальнасці зносін; Ты - формы, насупраць, адпавядаюць нефармальным зносінам паміж роўнымі. Аднак рэалізацыя гэтага прынцыпу можа паўставаць у розных варыянтах у залежнасці ад таго, як удзельнікі маўленчых зносін суадносяцца па ўзроставай і/або службовай іерархіі, ці знаходзяцца яны ў роднасных ці сяброўскіх адносінах; ад узросту і сацыяльнага становішча кожнага з іх і г. д.

Такім жа чынам, правілы маўленчых зносін могуць адрознівацца ў залежнасці ад таго, з'яўляюцца тэмай зносін сумныя ці радасныя для ўдзельнікаў зносін падзеі; існуюць спецыфічныя этыкетныя правілы, звязаныя з месцам зносін і г. д.

Даследчыкамі апісваецца цэлы спектр камунікатыўных функцый маўленчага этыкету. Вось некаторыя з іх. Маўленчы этыкет:

- спрыяе ўсталяванню кантакту паміж суразмоўцамі;

- прыцягвае ўвагу слухача (чытача), вылучае яго сярод іншых патэнцыйных суразмоўцаў;

- дазваляе засведчыць павагу;

- дапамагае вызначыць статус зносін (сяброўскія, дзелавыя, афіцыйныя і інш);

- фарміруе спрыяльную эмацыянальную абстаноўку для зносін і аказвае станоўчае ўздзеянне на слухача (чытача) [30].

Веданне правілаў маўленчага этыкету, іх захаванне дазваляе чалавеку адчуваць сябе ўпэўнена і нязмушана, не адчуваць няёмкасці з-за прамашак і няправільных дзеянняў, пазбегнуць насмешак з боку навакольных.

У маўленчым этыкеце перадаецца сацыяльная інфармацыя пра моўцу і яго адрасата аб тым, знаёмыя яны ці не, аб адносінах роўнасці/няроўнасці па ўзросту, службоваму становішчу, аб іх асабістых адносінах (калі яны знаёмыя), пра тое, у якой абстаноўцы (афіцыйнай або неафіцыйнай) адбываюцца зносіны, і г. д. Выбар найбольш дарэчнага выраза маўленчага этыкету і складае правілы ўступлення ў камунікацыю.

Такім чынам, у маўленчых паводзінах кожны чалавек застаецца непаўторнай індывідуальнасцю, але ў той час знаходзіцца ў межах сацыяльных узаемадачыненняў з іншымі людзьмі. Веданне этыкетных норм з'яўляецца неабходным элементам у маўленні свядомага, адукаванага чалавека, бо ў гэтым адлюстроўваецца культура i выхаванне чалавека.

Не існуе народа без маўленчага этыкету, кожная мова валодае сваім запасам слоў і выразаў, якія адлюстроўваюць нацыянальную спецыфіку моўнай ветлівасці.

Устойлівыя формулы зносін складаюцца ў сілу ўстойлівай замацаваннасці сродкаў выказвання за сітуацыяй, тыпам тэксту, відам маўлення (вуснае/пісьмовае, маналог/дыялог) і гэтак далей. Нацыянальна-культурная спецыфіка маўленчага этыкету знаходзіць сваё адлюстраванне ў асаблівасцях мыслення народа, а мысленне - у лексічным складзе мовы, ва ўстойлівых моўных словазлучэннях і моўных асацыяцыях. Мова, мысленне і культура натуральным і непарыўным чынам узаемазвязаны. Усе разам яны суадносяцца з навакольнай прыроднай і сацыяльнай рэчаіснасцю, адлюстроўваюць і адначасова фарміруюць яе [35].

Кожны народ стварыў сваю сістэму правілаў маўленчых паводзін. У маўленчым этыкеце народаў можна вылучыць агульныя рысы: устойлівыя формулы прывітання і развітання, формы паважлівага звароту да старэйшых і г. д. Аднак рэалізуюцца гэтыя рысы ў кожнай культуры па-свойму. Пры гэтым з вядомай доляй умоўнасці можна сказаць, што асэнсаванне маўленчага этыкету яго носьбітамі праходзіць як бы некалькі стадый. Для замкнёнай традыцыйнай культуры характэрна абсалютызацыя этыкетных патрабаванняў да паводзін наогул і да маўленчых паводзін у прыватнасці. Носьбіт іншага маўленчага этыкету ўспрымаецца тут як дрэнна выхаваны або амаральны чалавек альбо як абражальнік. У больш адкрытых знешнім кантактам соцыумах звычайна больш развіта ўяўленне аб адрозненні маўленчага этыкету ў розных народаў, а навыкі пераймання чужых моўных паводзін могуць быць нават прадметам гонару членаў соцыума. Нацыянальна-культурная спецыфіка маўленчых зносін складаецца з наступных узаемазвязаных фактараў:

- фактары, звязаныя з культурнай традыцыяй, суадносныя з дазволенымі і забароненымі ў грамадстве тыпамі і разнавіднасцямі зносін, этыкетнымі характарыстыкамі ўніверсальных актаў зносін, са стэрэатыпнымi сітуацыямі зносін;

- фактары, звязаныя з сацыяльнай сітуацыяй і сацыяльнымі функцыямі зносін;

- фактары, звязаныя з этнапсіхалогіяй у вузкім сэнсе (асаблівасці псіхічных працэсаў суадносяцца з псіхалінгвістычныя арганізацыяй маўленчай дзейнасці);

- фактары, звязаныя з наяўнасцю ў тэзаўрусаў супольнасці спецыфічных рэакцый, паняццяў, якія адлюстроўваюцца ў сістэме традыцыйных вобразаў, параўнанняў;

- фактары, якія вызначаюцца спецыфікай мовы дадзенай супольнасці, якія адлюстроўваюцца ў сістэме стэрэатыпаў, сістэме вобразаў, параўнанняў, структуры тэкстаў, этыкетных формах, функцыянальнай стылістыцы [30].

Маўленчы этыкет застаецца важнай часткай нацыянальнай мовы і культуры. Немагчыма казаць пра высокі ўзровень валодання замежнай мовай, калі гэта валоданне не ўключае ў сябе веданне правілаў маўленчых зносін і ўменне прымяняць гэтыя правілы на практыцы. Асабліва важна мець уяўленне аб разыходжаннях ў нацыянальных маўленчых этыкетах. Напрыклад, у кожнай мове існуе свая, якая фармавалася стагоддзямі, сістэма зваротаў. Пры літаральным перакладзе сэнс гэтых зваротаў часам скажаецца; так, англійскае Dear выкарыстоўваецца ў афіцыйных зваротах, тады як адпаведнае яму беларускае Дарагі ўжываецца, як правіла, у менш фармальных сітуацыях. Або іншы прыклад - у многіх культурах Захаду на пытанне Як справы? варта адказваць: Добра. Адказ Дрэнна або Не вельмі лічыцца непрыстойным: суразмоўцу не варта навязваць свае праблемы. У Беларусі на тое ж пытанне прынята адказваць нейтральна, хутчэй з негатыўным адценнем: Нічога; Памаленьку.

Немагчымасць паспяховай камунікацыі без ведання асаблівасцей культуры прызнана ў цяперашні час відавочным фактам. Даследчыкі розных абласцей ведаў пра чалавека прыйшлі да высновы, што культура адлюстроўваецца ў свядомасці людзей, фармуе іх светапогляд, вызначае спецыфіку паводзін. Камунікатыўныя паводзіны людзей з'яўляюцца кампанентам іх нацыянальнай культуры, рэгулюецца нацыянальнымі нормамі і традыцыямі, якія маюць глыбокія гістарычныя карані.

Глава 2. Семантыка этыкетных адзінак са значэннем прабачэння ў беларускай і англійскай мовах

2.1 Этыкетныя канструкцыі са значэннем прабачэння

Прабачэнне - гэта дзейнасць, якая накіравана на паляпшэнне, выпраўленне, функцыя якой складаецца ў змене значэння, якое інакш магло б прыпісаць дзеянню. Мэта такой дзейнасці заключаецца ў ператварэнні таго, што магло б разглядацца агрэсіўна, у тое, што можа быць прызнана.

А. Вежбіцкая вызначае сэнс маўленчага акта прабачэння наступным чынам: "Ведаючы, што я быў прычынай таго, што з табой адбылося нешта дрэннае, жадаючы зрабіць так, каб ты дараваў мяне, я кажу: я шкадую, што зрабіў гэта” [12, с.270].

Маўленчы акт выбачэння з'яўляецца экспрэсіўным маўленчым актам, асноўная функцыя якога - аднавіць сацыяльны баланс або гармонію паміж суразмоўцамі. Хоць ён непасрэдна звязаны з захаваннем дыстанцыі, яго варта разглядаць таксама ў сувязі са стратэгіямі ветлівасці збліжэння, паколькі яго асноўнае прагматычнае значэнне - запэўніць адрасата у тым, што яго заўважылі, яго паважаюць і хочуць падтрымліваць з ім бесканфліктныя адносіны, гэта - знак увагі і добразычлівасці.

У беларускай мове існуе вялікая колькасць этыкетных формул, якія выражаюць прабачэнне. У асноўным яны будуюцца з выкарыстаннем дзеясловаў прабачаць, выбачаць і дараваць у загадным ладзе. Напрыклад: Прабач (це), калі ласка; Выбачай (це) за.; Даруй (це) мне, калі ласка. У англійскай мове прадстаўлены тры асноўныя канструкцыі для выражэння прабачэння:

1) I'm sorry - спантаны выраз шкадавання або спагады ў адрас суразмоўцы па падставе непрыемнай выпадковасці, якая адбылася не па віне чалавека ці па незалежных ад чалавека абставінаў: вас штурхнулі, вам наступілі на нагу і т.п.;

2) Excuse me або сінонімы: Pardon (me); I beg your pardon - формулы прабачэння за прычынены свайму суразмоўцу неспакой: закранулі, прабіраючыся міма яго ў натоўпе, адрываеце ад справы і г. д.

3) Forgive me - зварот з прабачэннем за больш сур'ёзныя правіннасці ў адносінах да суразмоўцы: за дапушчаную грубасць, за нявольную абразу, за неаплачаны доўг і т.п. [34].

У сітуацыйным аспекце як у беларускай, так і ў англійскай мовах прабачэнне само па сабе можа быць прадстаўлена:

1) апраўданнем - зыходнай (самаасуджальнай) рэплікай, матываванай абставінамі:

Pardon me for not coming to see you last night `Прабачце мяне, што не прыйшоў да вас учора ўвечары' [34].

Прабачце за візіт, прабачце, што прымусіў вас зноў успомніць пра гора… (Анатоль Бароўскі. Ахутавана).

2) просьбай - прабачэннем як маўленчай рэакцыяй у адказ:

Be more careful! `Будзь (це) уважлівым (і) '

I'm sorry ` Прабач (це) ' [34].

Ого, распусцілі язык. Усё ж жанчына перад вамі.

Прабачце (Уладзімір Караткевіч. Чорны замак Альшанскі).

У якасці зыходнай рэплікі, параўнальна з міжвольнай зваротнай рэакцыяй, форма прабачэння рэзка вылучаецца: канкрэтнасцю абгрунтавання, грунтоўнасцю зместу, каларытнасцю стылістычнай афарбоўкі. У сувязі з гэтым зыходная рэпліка служыць па сутнасці хутчэй апраўданнем, чым прабачэннем:

I'm sorry I can't stay any longer `Шкада, што я не магу застацца даўжэй' [34].

Прабачце, я павінен адысці (Уладзімір Караткевіч. Чорны замак Альшанскі).

Excuse my coming so late ` Выбачай (це), што я так позна' [34].

Прабачце, што так позна (Анатоль Бароўскі. Ахутавана).

Pardon me for troubling you `Прабач (це) за турботы' [34].

Прабачце, што так атрымалася (Алег Рукаль. На службе князя Радзівіла).

Forgive me for being so rude ` Прабач (це) мяне за тое, што так груба' [34].

Прабачце, што перабіла вас. Кажыце далей (Вітаўт Чаропка. Перамога ценю).

I must apologize to you for my long silence `Я павінен папрасіць прабачэння перад вамі за маё доўгае маўчанне' [34].

У першую чаргу я хачу схіліць галаву перад гэтымі забітымі юнакамі і дзяўчатамі, перад усімі забітымі на гэтай ганебнай вайне і ад імя сумленных амерыканцаў папрасіць прабачэння ў вашага народа. (Сяргей Давідовіч. Вайна забірае нявінных).

Апраўданне, якое выяўляецца ў зыходнай рэпліцы, не трэба блытаць з просьбай-прабачэннем у выглядзе маўленчай рэакцыі ў адказ. У англійскай мове незалежна ад сітуацыі і асяроддзія гэтая спантанная рэакцыя выяўляецца па сутнасці адзіным маўленчым штампам I'm sorry, які змяняе толькі сваю экспрэсіўнасць. У беларускай мове у гэтым выпадку могуць выкарыстоўвацца ўсе вядомыя мадэлі выражэння прабачэння. Напрыклад:

Выбачэнне за тое, што моўца нешта не памятае:

Do you remember I told you about my sister 'Вы памятаеце, я расказваў вам пра сваю сястру'?

I'm so sorry, but not really `Мне жаль, але не зусім' [34].

Добры дзень! Не пазнаяцё?

Выбачайце. не прыпамiнаю, - адказаў Попутчiк (Францішак Аляхновіч. У кіпцюрох ГПУ).

Выбачэнні ў сувязі з немагчымасцю выканаць просьбу:

Could you lend me a pound ` Ці не маглі б Вы пазычыць мне фунт'?

Sorry, but I can't `Выбачайце, але я не магу' [34].

Ужо позна. Заставайцеся ў мяне на ноч.

Даруйце, ня можам (Алег Рукаль. На службе князя Радзівіла).

Просьба выбачыць за неразуменне:

So, do you support us `Так вы падтрымліваеце нас'?

I'm sorry, I don't understand what you mean `Прабачце, але я не разумею, што вы маеце на ўвазе' [34].

Гэта зусім проста й ясна. Згаджаешся?

Здаецца, - адказаў нясьмела Янук. - Але як, якімі сіламі? Вы прабачце, спадар Падгайскі, я ня вельмі гэта ўсё разумею (Кастусь Акула. Гарватка).

Найбольш распаўсюджанымі рэплікамі ў адказ на прабачэнне лічацца стылістычна нейтральныя клішэ, такія як Няма за што, Нічога ў беларускай мове і іх эквіваленты Not at all; That's all right; Never mind у англійскай мове:

Калі просьба прабачыць здаецца суразмоўцу залішняй ці перабольшанай, то ён можа выкарыстоўваць выказванні:

No harm done // No need to be sorry // Forget it - `Не варта прасіць прабачэння' [34].

Так што вы мне прабачце за адмову - не магу я прыняць яе. Таму застануся тут.

Не трэба прасіць прабачэння, мяне не крыўдзяць вашы пытанні (Святлана Алексіевіч. Зачараваныя смерцю).

Існуе цэлы шэраг формул прабачэння, якія ўжываюцца як у беларускай, так і ў англійскай мовах. Калі правесці паралелі паміж выяўленнем гэтых формул у розных мовах, то можна ўбачыць, што галоўным патрабаваннем з'яўляецца шчодрасць на ветлівыя словы.

2.2 Асаблівасці ўжывання этыкетных формул са значэннем прабачэння ў беларускай і англійскай мовах

Прыносячы прабачэнне, прадстаўнікі розных культур далёка не заўсёды вядуць сябе аднолькава, і гэты маўленчы акт мае шэраг культурна-спецыфічных асаблівасцяў. Пры супастаўленні англійскіх і беларускіх выбачэнняў выяўляюцца адрозненні, якія тычацца маўленчых мадэляў, іх семантыкі, ступені экспрэсіўнасці, частотнасці і сітуацый ужывання.

Як ужо было адзначана, у адрозненне ад беларускай мовы ў англійскай мове няма размежавання Ты - і Вы-формаў, што мае вялікі уплыў і на фарміраванне адзінак моўнага этыкету. Найбольш часта ўжывальная форма выражэння прабачэння ў беларускай мове - гэта выкарыстанне дзеясловаў выбачаць, прабачаць і дараваць у загадным ладзе. Наяўнасць Ты - і Вы-формаў звароту выклікае неабходнасць выкарыстоўваць і розныя формы гэтых дзеясловаў, маюцца на ўвазе Прабач, Выбачай і Даруй для Ты-формаў і Прабачце, Выбачайце і Даруйце для Вы-формаў. Выбар формы залежыць ад зносін паміж суразмоўцамі і самой сітуацыі маўлення:

Размова паміж сваякамі:

Даруй, дзеду, здаюся (Міхась Лынькоў. Міколка-паравоз).

Размова паміж людзьмі рознага сацыяльнага статусу:

Прабачайце, панічок: я прыйшла запытацца - ці баліць яшчэ ў вас галава, ці перастала (Якуб Колас. На ростанях)?

Размова з падкрэсліваннем павагі да суразмоўцы:

Ах, Ядвіська! Што ж гэта мы: і не падзякавалі пану настаўніку за кнігі.

Выбачайце, я і забылася. Вельмі дзякую вам, - прамовіла Ядвіся (Якуб Колас. На ростанях).

У англійскай мове на падставе адсутнасці дзялення Ты - і Вы-формаў усе тры асноўныя формулы прабачэння (I'm sorry /Excuse me/Forgive me) могуць выкарыстоўвацца незалежна ад фармальнасці размовы. Аднак яны таксама маюць асаблівасці ўжывання.

Найбольш ужывальнай маўленчай формулай прабачэння ў англійскай камунікацыі з'яўляецца (I'm) sorry. Яна мае некалькі варыянтаў: I am sorry/I'm sorry/Sorry. Першы адрозніваецца тым, што дазваляе падкрэсліць шчырасць пачуццяў таго, хто гаворыць. Sorry - найбольш фармалізаваная рытуальная формула прабачэнні, у якой семантычнае значэнне ў большай ступені згублена, яна часта ўжываецца аўтаматычна як сігнал аб увазе:

Настаўнік зазірае ў настаўніцкую ў пошуках калегі:

Kate `Кэйт'?

She is not here at the moment. I have not seen her. Sorry `Яе тут зараз няма. Я не бачыў яе. Прабачце'.

Вучань і настаўнік падчас кансультацыі:

Is it plural `Гэта множны лік'?

No, it's singular `Не, гэта адзіночны'.

Oh, sorry `А, прабачце' [23].

Важнай асаблівасцю англійскага выраза I'm sorry з'яўляецца яго выкарыстанне са значэннем шкадавання і для выразаў спачування. У беларускай мове яму ў той жа сітуацыі адпавядае Мне шкада. Варта адзначыць, што ў англійскай мове гэта канструкцыя найчасцей ужываецца менавіта з гэтым значэннем.

I'm sorry you don't like him `Мне шкада, што ён вам не спадабаўся' (Jack London. Martin Eden).

I am sorry we cannot see your sister, Miss Dashwood, - said Miss Steele. - I am sorry she is not well `Мне шкада, што мы не можам пабачыць вашу сястру, міс Дэшвуд, - сказала міс Сціл. - Спачуваю, што яна дрэнна сябе адчувае' (Jane Austin. Sense and Sensibility).

Аднак выраз I'm sorry можа выкарыстоўвацца таксама і ў якасці выразу прабачэння за некія правіннасці:

"Well, that certainly is too bad. I'm sorry `Так, гэта сапраўды занадта дрэнна. Прабачце' (Theodore Dreiser. The Financier).

Факт семантычнай спустошанасці формул прабачэння адзначаюць і англійскія даследчыкі. Яны прапануюць адрозніваць сярод іх шчырыя прабачэнні ('heartfelt apologies') і 'руцінныя' ('routine apologies').Б. Фрэйзер называе іх "рытуальнымі" (ritual). Апошнія з'яўляюцца не столькі выбачэннямі, колькі ветлівымі знакамі ўвагі да людзей [23].

Па гэтай прычыне ў англійскай мове існуюць разнастайныя сродкі ўзмацнення выбачэнняў, якія служаць мэтай пераканаць слухача ў праўдзівасці і інтэнсіўнасці пачуццяў таго, хто гаворыць, надаць ім шчырасць гучання, гэта значыць, супрацьпаставіць іх пустым, рытуальным формулах. У ролі такіх інтэнсіфікатараў выступаюць very, so, awfully, terribly:

I'm sorry, very, but I can't do anything for you `Прабачце, але я не магу нічога для вас зрабіць' (Theodore Dreiser. The Financier).

I'm terribly sorry; but I just can't do what you want `Прабачце, але я проста не магу зрабіць то, што вы хаціце' (Theodore Dreiser. The Financier).

У пісьмовых выбачэннях сустракаецца інтэнсіфікатар extremely.

З ліста да знаёмага:

I was extremely sorry that I was unable to get to your father's funeral. `Я надзвычай шкадую, што не мог трапіць на пахаванне твайго бацькі'.

Узмацненне прабачэння магчыма пры дапамозе паўтораў або ўжывання некалькіх маўленчых формул:

Сябру за спазненне:

I'm sorry. I'm terribly sorry.

У краме, неспадзявана закрануўшы іншага пакупніка:

I'm sorry. Excuse me.

У якасці формулы прабачэння называецца таксама I'm afraid, што яшчэ раз паказвае, што англійскае прабачэнне з'яўляецца выразам шкадавання. Даная формула звычайна ўжываецца пры перадачы неспрыяльнай інфармацыі ў адказ на папярэдняе пытанне.

З тэлефоннай размовы:

Is Tom there, please `А Том ёсць'?

No, I'm afraid he's gone to London for the weekend `Не, прабачце, ён уехаў на выхадныя у Лондан'.

Трэба адзначыць, што само слова Sorry настолькі распаўсюджана і шырако ўжывальна, што яго калька выкарыстоўваецца і ў беларускім маўленні ў якасці слэнга:

З размовы двух падлеткаў:

- Можаш пазычыць мне грошы на тыдзень?

- Не, соры, у мяне зусім няма.

Этыкетная формула Excuse me у англійскай мове актыўна ўжываецца ў якасці формы звароту да незнаёмага суразмоўцы. Тое ж назіраецца ў беларускай мове з формай Прабачце. У некаторых абставінах да незнаёмага чалавека звяртаюцца не з ветлівай просьбай, пытаннем, а толькі с просьбай прабачыць. Напрыклад:

Excuse me, could you tell me the time, please `Прабачце, калі ласка, ці не падкажаце вы час'?

Прабачце, не падкажаце: ці далёка да школы (Маргарыта Прохар. Чужы чалавек)?

Часам з'яўляецца неабходнасць звярнуцца да незнаёмага чалавека з просьбай, выкананне якой патрабуе намагання або дзеяння. Напрыклад, адкрыць ці закрыць акно, нешта перадаць, пасунуцца і г. д. У гэтым выпадку ў англійскай мове зварот пачынаецца так:

Sorry to trouble you, but…'Прабачце, мушу Вас патурбаваць, але…'.

Напрыклад:

I'm sorry to trouble you, but could you move up a bit? ' Прабачце, мушу Вас патурбаваць, але не маглі б Вы трохі пасунуцца' [34]?

Выраз sorry to trouble you можа быць выкарастаны ў просьбах любога тыпу. Выкарыстанне гэтага выразу надае просьбе дадатковую ветлівасць.

У падобнай сітуацыі, калі мы папярэджваем людзей словамі "Саступіце з дарогі, калі ласка" англічане гавораць "Pardon me! . Аднак выразы "Excuse me ці "Pardon me не ўжываюцца як формы зварота да паліцэйскага, насільшчыка і афіцыянта. Прынятыя звароты: да паліцэйскага - Officer!, да насільшчыка - Porter!, да афіцыянта - Waiter!

Трэба звярнуць увагу, што формы звароту сведчаць аб узроўні культуры і, часткова, аб намерах незнаёмага чалавека ў дачыненні да адрасанта. Веданне найбольш ужывальных форм звароту і ўменне адрозніваць іх на слых дапамагаюць вызначыць маральнае аблічча чалавека, які звяртаецца да іншага і прадбачыць яго намер.

Формула I beg your pardon ці проста Pardon у англійскай мове з'яўляецца канвенцыянальнай формулай, якая ўжываецца пры перапытах.

I beg your pardon?, - said Alice `Прашу прабачэння? - сказала Аліса'.

It is not respectable to beg - said the King `Гэта не паважліва прасіць, - сказаў кароль'.

I only meant that I did not understand', - said Alice `Я толькі мала на ўвазе, што не зразумела, - сказала Аліса' (Lewis Carroll. Alice's Adventures in Wonderland).

Разгледжаныя формулы з'яўляюцца стылістычна нейтральнымі і могуць выкарыстоўвацца ў розных жыццёвых маўленчых сітуацыях. Інакш абстаіць справа з фармальнымі формамі выражэння прабачэння. Перш за ўсё трэба адзначыць, што фармальныя формулы прабачэння больш характэрны для англійскай мовы, чым для беларускай. У англамоўнай культуры факт напісання ліста з выражэннем прабачэння з'яўляецца абсалютна натуральным, што, ў сваю чаргу, не тыпова для беларускага этыкету. А так як фармальны маўленчы этыкет найбольш часта сустракаецца менавіта ў пісьмовым маўленні, то і маўленчыя этыкетныя формулы с фармальнай афарбоўкай сустракаюцца там найчасцей.

У беларускай мове большую афіцыйнасць і фармальнасць формулам прабачэння надае змена мадальнасці ўсяго высказвання. Замест імператыўных формул дзеяловаў са значэннем выражэння прабачэння, дзе моўца адразу дае устаноўку суразмоўцу на перфаматыўнасць, выкарыстоўваюцца сказы з мадальным значэннем просьбы, што надае цэламу маўленчаму акту большую ветлівасць. Замест дзеяслова прабачыць ужываецца назоўнік прабачэнне з дзеясловамі, напрыклад:

Я прашу прабачэння;

Я прыношу свае прабачэнні;

Прыміце мае прабачэнні;

Дазвольце мне прынесці прабачэнні.

Перш-наперш прашу прабачэння, што не перадаў вам паклонаў ад Сухаварава і Турсевіча (Якуб Колас. На ростанях).

У англійскай мове у дадзеным выпадку найбольш распаўсюджанымі выступаюць формулы c apology / apologies, якія ў вусным маўленні ўжываюцца вельмі рэдка. Самая шырока ўжывальная канструкцыя Please, accept my apologies.

Please accept our apologies for not being able to participate at the conference `Прыміце нашы прабачэнні за тое, што не здолелі прыняць удзел у канферэнцыі'.

Большую пераканаўчасць, наколькі яна магчыма ў фармальным маўленні, у беларускай мове можна перадаць канструкцыямі з "хацець” і "павінен”:

Я хачу папрасіць прабачэння.

Я павінен папрасіць прабачэння.

Тое ж самае і ў англійскай мове з дапамогай "want” і "must:

I want to apologize to you.

I must apologize to you.

У нефармальным маўленні большая экспрэсіўнасць выказванням з просьбай прабачэння можа дадавацца рознымі сродкамі. Акрамя выкарыстання інтэнсіфікатараў, як было адзначана раней, у англійскай мове сустракаюцца канструкцыі, дзе ў сказах з дзеясловамі ў загадным ладзе ўжываецца дапаможны дзеяслоў do, што нехарактэрна для англійскага маўлення: Please do forgive me, I do apologize.

У беларускай мове падобную функцыю выконвае даданне займенніка: Прабачце мне, Даруйце мне.

Як у беларускай, так і ў англійскай мовах, сустракаюцца ўскосныя формы выражэння прабачэння, дзе моўца выражае сваё разуменне і прыняцце сваёй віны, але не просіць яго прабачыць, што, аднак, маецца на ўвазе:

Я вельмі вінаваты.

It's my fault that…

I owe you an apology.

Яшчэ адной асаблівасцю беларускай мовы выступае выкарыстанне моўных адзінак са значэннем прабачэння ў мауленчых сітуацыях, калі моўца разумее, што тое, што ён гаворыць, не зусім умесна, груба, або можа пакрыўдзіць суразмоўцаў:

Вот каб ляснулі вам па шчацэ добра, каб пайшлі тыя валдыры па душы, каб задзела вас, выбачайце, за самыя печані - пачалі б вы тады сапраўдную праўду шукаць (Міхась Лынькоў. На чырвоных лядах).

Тут у нас такая яма, такая, выбачайце, памыйніца, што другой такой на свеце няма (Якуб Колас. На ростанях).

Бацькаўшчына - матка Беларусь? Ха-ха! Выбачайце, паночку, але мая бацькаўшчына - уся Расія (Максім Гарэцкі. Дзве душы).

Супастаўленне маўленчых формул, якія ўжываюцца пры выбачэнні ў англійскай і беларускай камунікацыі, выяўляе істотныя адрозненні.

У англійскай формуле Sorry моўца выказвае сваё шкадаванне з нагоды таго, што адбываецца (таго, што адбылося), яна не мае накіраванасці на адрасата, не ўтрымоўвае ніякага падахвочвання ў адносінах да яго.

Англійскія формулы прабачэння з'яўляюцца ў большай ступені дэсемантызаванымі. Часта яны з'яўляюцца не выразам шкадавання, а фармальным знакам увагі.


Подобные документы

  • Навукова-тэарэтычныя асновы вывучэння фразеалогіі беларускай мовы. Паходжанне фразеалагізмаў ў рускай, беларускай і польскай мовах. Аналіз этымалогія фразеалагізмаў з кампанентам "зямля", іх класіфікацыя па лексічных значэнняў і сінтаксічныя асаблівасцяў.

    курсовая работа [31,1 K], добавлен 16.03.2010

  • Метадалагічны аспект навучання. Германiзмы ў старабеларускай мове, тыпалогія. Лінгваметадычныя аспекты выкладання лексікі: вымаўленчыя навыкі, навучанне асваенню новай лексікі, фразеалагічны аспект. Пераклад фразеалагічных адзінак, маўленчы этыкет.

    курсовая работа [44,0 K], добавлен 10.04.2012

  • Этнамоўная самасвядомасць і развіцце беларускай мовы. Аналіз перапісаў насельніцтва. Закон аб мовах, ягоны ўплыў на цяперашні стан беларускай мовы, параўнанне з адпаведнымі законамі іншых постсавецкіх краінаў. Сучасная этнамоўная сітуацыя ў Беларусі.

    курсовая работа [70,3 K], добавлен 10.01.2011

  • Слова і яго значэнне. Спосабы ўзнікнення пераносных значэнняў слова. Лексіка беларускай мовы паводле находжання, сферы ўжывання. Актыўная і пастўная лексіка. Стылістычныя разрады лексікі беларускай мовы. Лексіка сучаснай мовы. Мастацка-паэтычная лексіка.

    реферат [23,5 K], добавлен 24.01.2009

  • Сутнасць універсальных і спецыфічных фанетычных, граматычных і іншых з’яў беларускай мовы ў сістэме славянскіх моў. Пытання спецыяльнай лексікі, у прыватнасці, тэрміналогіі беларускай мовы ў аспектах яе гістарычнага развіцця, генетычных асаблівасцяў.

    курс лекций [1,1 M], добавлен 10.02.2010

  • Беларускія прыказкі з алегарычным сэнсам, з няпоўным пераасэнсаваннем кампанентаў, а таксама прыказкі з прамым значэннем. Вывучэнне прыказак, прымавак і загадак як спецыфічных жанраў вусна-паэтычнай творчасці. Словаўтваральныя і марфалагічныя варыянты.

    дипломная работа [106,7 K], добавлен 14.05.2013

  • Паняцце "блізкароднасны білінгвізм". Асаблівасці навучання рускамоўных дзяцей беларускай мове. Навучанне дзяцей беларускаму маўленню на занятках. Аналіз праграммы "Пралеска", вопыта работы дзіцячага сада па развіцці ў дашкольнікаў беларускага маўлення.

    курсовая работа [34,4 K], добавлен 23.08.2013

  • Вызначэнне фармальнай і сэмантычны падабенстве ўстойлівасці фразэалёгічныя складу славянскіх моў. Вывучэнне паходжання, марфалагічныя і сінтаксічныя характарыстыкі фразеалагізмамі з метерологическими кампанентамі ў беларускай, польскай і рускай мовах.

    курсовая работа [33,5 K], добавлен 05.03.2010

  • Фразеологізм як об'єкт дослідження лінгвістики. Поняття фразеологізму та його характерні риси в англійській та українській мовах. Класифікація фразеологічних одиниць. Особливості анімізмів в українській та англійській мовах. Поняття та опис концепту.

    курсовая работа [42,3 K], добавлен 06.12.2008

  • Гістарычныя вытокі фарміравання беларускай тэрміналогіі, асноўныя сацыялінгвістычныя фактары развіцця. Развіццё мовы беларускай народнасці адбывалася ў межах Вялікага княства Літоўскага. Грамадска-палітычная, юрыдычная, гандлёвая, сельская тэрміналогія.

    реферат [34,7 K], добавлен 25.01.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.