Гісторыя Глыбоччыны
Гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці Беларусі. Прамысловы патэнцыял, аграпрамысловы комплекс, гандлёвы дзейнасць; населеныя пункты. Глыбоччына з пачатку гісторыі і до сучаснаго стану; знамянальныя даты; культура і таланты.
Рубрика | История и исторические личности |
Вид | дипломная работа |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 18.06.2014 |
Размер файла | 350,8 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Пасля гэтых уступных словаў пераходзім да разгляду ў храналагічным парадку скупых і нешматлікіх дадзеных аб мінулым Глыбокага.
Глыбокае Зяновічаў
Найстарэйшую ўзгадку аб Глыбокім знаходзім у Літоўскай Метрыцы пад 1514 годам з нагоды судовага працэсу, які распачаў уладальнік суседняга Верхняга, віленскі ваявода Мікалай Радзівіл супраць Юрыя Зяновіча, уладальніка Паставаў, Дзісны, Мосара і “Глубокага”.
Заможная сям'я Дэспатаў з Братошына Зяновічаў прыбыла ў Літву ў ХІV стагоддзі (верагодна, з Сербіі ці Малдавіі), атрымаўшы ад Ягайлы вялізныя зямельныя абшары паміж Прыпяццю і Дзісной. У ХV стагоддзі Зяновічы, як род вельмі заслужаны, прымалі ўдзел у кожнай палітычнай падзеі значнай вагі. Ежы (Юрый) Зяновіч, першы вядомы нам уладар Глыбокага, быў чалавекам уплывовым і багатым, таксама быў намеснікам браслаўскім, суправаджаў у 1494 годзе пасольства ў Маскву ў справе каралеўны Алены ды інш. Узгаданы працэс з віленскім ваяводам Радзівілам Юрый Зяновіч прайграў і мусіў заплаціць значныя штрафы за розныя гвалты, учыненыя яго “старцамі”, намеснікамі і падданымі. Цікава, што ўжо тады (у 1514 годзе!) у Глыбокім адбываліся кірмашы: узгаданы дакумент піша пра вярхнянскага падданага, які вяртаўся “з торгу з іменія пана Юр'ева з Глубокага”.
З надзвычай скупых архіўных сведчанняў першай паловы ХVІ стагоддзя мы аднак даведваемся, што Глыбокае ўвесь час застаецца ва ўладаннях Зяновічаў. Ва ўласнасці той самай сям'і знаходзіцца Глыбокае ў 1555 годзе, аб чым ведаем з судовай справы з-за межаў, якая адбывалася паміж уладальнікам “двару Глыбоцкага”, старастам чачэрскім і прапойскім Юрыем Мікалаевічам Зяновічам (унукам папярэдняга) і ўладальнікамі Ваўкалаты князямі слуцкімі. У тым вялізным дакуменце таксама нічога няма, акрамя пары ўзгадак аб намесніках, баярах і падданых двару “Глыбоцкага”; сцвярджаем яшчэ, штосама назва двара ўзнікла ад возера Глыбокага, “по которым озере и Двор Его Милости Пан Старостин Глыбоким зовут”.
Лівонская вайна
Крыху большымі звесткамі аб Глыбокім мы абавязаныя так званай Лівонскай вайне, якая ў 1562 годзе выбухнула паміж Рэччу Паспалітай і Іванам Грозным. Як вядома, Іван Грозны 15 лютага 1563 года здабыў Полацк, і царскія войскі запаланілі вялізную прастору краю на захад ад здабытай сталіцы ваяводства. Ужо 25 жніўня Жыгімонт Аўгуст піша да Івана: “…нам даходзілі скаргі, што з Полацка маскоўскія людзі, пераходзячы праз Дзвіну, …шмат сёл баяраў і дваран нашых забралі, у …Глыбокае, Беразвечча, Ластавічы, Залессе, Задарожжа і ў іншыя маёнткі і сёлы ўступаюць, …людзей вымушаюць прысягаць, а іншых забіраюць у палон з іх маёмасцю, …вайной нішчаць нашых людзей… і т.п.”.
Акрамя той знішчальнай акцыі, царскі ўрад пачаў ліхаманкава асвойвацца ў здабытым краі, выганяць законных гаспадароў і раздаваць іх землі сваім “служылым людзям”. У тым жа 1563 годзе пачалі перапісваць новаздабытыя воласці, якія ўваходзілі ў склад Полацкага павета - у іх спісе таксама фігуруе Глыбоцкая воласць. Гэтая праца была замацаваная ў так званых “Пісцовых кнігах”, якія былі кадастрамі насельніцтва і зямельных уладанняў. Адна з такіх кніг, так званая “Книга рубежей”, праводзіць лінію мяжы маскоўскай акупацыі ад Улы, Лукомля праз Глыбокае (“Слободу Глубоцкую”), Беразвечча, уздоўж ракі Бярэзвіцы да ракі Дзісны і той ракой да Дзвіны. Жыгімонт Аўгуст не пагаджаўся з гэтай мяжой, праводзячы іншую, якая ішла далей на ўсход ад Глыбокага. Мірныя перамовы цягнуліся марудна - абодва бакі прад'яўлялі адзін аднаму розныя абвінавачванні. Таксама і з боку Рэчы Паспалітай былі адпраўленыя (ў 1565 годзе) з Пятркова паслы для перапісу шкоды, якая ўзнікла ў ходзе вайны. Пры гэтай акалічнасці даведваемся, што праз Глыбокае на той час праходзіў тракт паміж Мядзелам і Дзісной.
Уся гэтая папяровая вайна, пераплеценая з ваеннымі дзеяннямі ў меншым маштабе, працягвалася больш за дзесяць гадоў, пакуль Баторый не правёў грунтоўную карэкціроўку мяжы, рушыўшы супраць Івана ў другой Лівонскай вайне. Успамінае пра гэта наш храніст Стрыйкоўскі гэткімі словамі: “…у 1579 годзе з-за Свіра кароль рушыў праз Глыбокае і Паставы да Дзісны, а потым да Полацка падцягнуўся”. Полацк быў адабраны ў маскалёў, і з таго часу аж да другога падзелу (1793 г.) Глыбокае знаходзілася ў межах земляў Вялікага Княства Літоўскага, на памежжы Полаччыны і Ашмянскага павета.
Тэстамэнты Юрыя і Кшыштафа Зяновічаў
Апошнія гады ХVІ стагоддзя пакідаюць яшчэ жменьку звестак аб Глыбокім. 27 лістапада 1582 года вышэйзгаданы Юрый Зяновічпадпісвае вялікі і вельмі цікавы тэстамэнт, у якім загадвае пахаваць сябе “…у смаргонскім касцёле… па звычаі евангеліцкага збору, не чынячы ніякіх цырымоній, як у папскіх касцёлах пры дварах бывае”, запісвае жонцы ў пажыццёвае карыстанне вялізную маёмасць, дачцэ - грошы, сыну ж Кшыштафу даручае апекавацца над смаргонскім кальвінскім зборам і загадвае выпусціць на волю шматлікіх вязняў, татараў і маскалёў, адарыць іх грашыма і коньмі; пакідае яму “бацькоўскі маёнтак Глыбокае ў Ашмянскім павеце, двор, збожжа, глыбоцкіх мяшчан, баяраў, людзей асадных, цяглых, пушчы, млыны, ловы і г.д.”
Гэты тэстамэнт мае для нас першараднае значэнне, бо даказвае, што Глыбокае ўжо ў ХVІ стагоддзі было вылучана сярод Зяновічавых уладанняў як гарадскі асяродак з мяшчанамі. Апрача таго, даведваемся, што Кшыштаф, які быў шчырым евангелістам, пабудаваў у Глыбокім у апошнія гады ХVІ стагоддзя кальвінскі збор. Ці існавалі ўжо ў той час касцёл альбо царква, звестак няма. Трэба адзначыць, што Кшыштаф, брэсцкі ваявода, быў чалавекам выключнай культуры, з замілаваннем збіраў бібліятэку, якую дараваў сыну, як “кляйнот”, найвялікшы скарб, нават папярэджваючы, каб той нікому не пазычаў кніг. Клапаціўся аб школах, загадаў утрымліваць у Глыбокім і Смаргонях бакалаўраў “in artibus liberalibus добра дасведчаных… для вучобы дзетак”, у “доме малітвы” загадаў пастаянна ўтрымліваць “добрага, мудрага і прыкладнага ксяндза”; таксама вельмі прыгожа пісаў аб любові “да Рэчы Паспалітай, сваёй маці ”.
Пераход Глыбокага да Радзівілаў
Пасля смерці Кшыштафа (у 1614 г.) Глыбокае атрымаў у спадчыну яго сын Мікалай-Багуслаў, кашталян полацкі, які быў ужо католікам і пабудаваў тут касцёл святога Міхала; у 1621 годзе ён загінуў у бітве пад Хоцімам. Дачка Мікалая, Ганна-Зоф'я, у 1628 годзе выйшла замуж за князя Альбрэхта-Уладзіслава Радзівіла (памёр у 1636 г.), уносячы ў якасці пасагу ў радзівілаўскі дом разлеглыя ўладанні, у іх ліку і Глыбокае.
Яшчэ адну ўзгадку з ХVІ стагоддзя пра Глыбокае, а дакладней пра глыбоцкія уладанні, знаходзім пад 1591 годам. З яе відаць, што нейкай часткай Глыбокага валодалі полацкія езуіты, якія зрабілі ў той год замену на іншую, бліжэйшую да Полацка маёмасць.
Глыбокае Корсакаў
Дагэтуль мы гаварылі пра зяновічаўскія глыбоцкія ўладанні і мястэчкa, якія знаходзіліся ў Ашмянскім павеце. Але несумненна таксама, што ўжо ў ХVІ стагоддзі існавала прылеглае да яго корсакаўскае Глыбокае ў Полацкім ваяводстве. З 1582 года паміж Іллём Корсакам і Міхалам Сулістроўскім вёўся судовы працэс, перыпетыі якога ў дадзеным выпадку нас не датычаць. Нам дастаткова, што той дакумент шмат разоў узгадвае “мястэчка Глыбокае” разам з уладаннямі такой самай назвы. Прэтэнзіі Сулістроўскага былі адхіленыя судом, і на пачатку ХVІІ стагоддзя Глыбокае разам з прылеглымі землямі зноў вярнулася да Корсакаў - валодаў імі Юзаф Львовіч Корсак, ваявода мсціслаўскі і стараста дзісненскі.
Тэстамэнт Юзафа Корсака
Юзаф Корсак увекавечыў сябе ў гісторыі Глыбокага выбітным тэстамэнтам, паводле якога былі заснаваныя касцёл і кляштар кармелітаў босых і парафіяльны касцёл.
Існавалі не менш за тры рэдакцыі тэстамэнта. Першая, з 1639 года, якая да нас не дайшла, была “мельяраваная” ў 1640 годзе і пашыраная ў 1643 годзе. Паводле апошняй рэдакцыі, паўсталі чатыры фундацыі: 1) ксяндзоў-канонікаў рэгулярных у Вільні, 2) базыльянаў у Беразвеччы, 3) ксяндзоў кармелітаў у Глыбокім, 4) фундацыя на свецкага святара ў Глыбокім.
Ксяндзы кармеліты босыя, акрамя “мястэчка Глыбокага з усімі мяшчанамі, іх землямі і павіннасцямі”, сталі ўладальнікамі маёнткаў Ластавічы, Свіла, Перадолы, а таксама дакупленых тым жа Корсакам за 140 000 злотых значных маёнткаў Гняздзілава і Ольбаравічы. Фундатар абавязаў босых ксяндзоў утрымліваць канвікт для моладзі, шпіталь для ўбогіх, будаваць капліцы па фальварках і да т.п.
Міжволі заўважым, што аналіз корсакаўскіх фундацый надзвычай цікавы, таму што ледзь не адным росчыркам пяра быў створаны велічэзны абшар духоўных маёнткаў: разам з фундаваннем тут кармелітаў, Юзаф Корсак дараваў значную маёмасць беразвецкім базыльянам (у 1638 г.), іншыя ж два Корсакі амаль што ў той самы час запісалі Залессе базыльянам віленскім (1625 г.), а таксама запрасілі францішканаў у Удзела (1642 г.). Калі ж дадаць да таго, што ў ХVІІ стагоддзі паўсталі з іншых фундацый духоўныя маёнткі Докшыцы (капутула жамойцкая), Параф'янава (сталовы маёнтак віленскіх біскупаў), Тумілавічы (дамініканцаў папорскіх), а таксама ксяндзоў-францішканаў у Празароках і Дзісне, не ўлічваючы ўжо наданняў пазнейшых і драбнейшых, то ў выніку ўсяго гэтага вялізная частка сучаснага Дзісненскага павета, цэнтрам якой сталася Глыбокае - перайшла ў рукі свецкага і манаскага духавенства, якое тут на працягу свайго двухсотгадовага побыту аказала на мясцовае грамадства моцны духоўны і эканамічны ўплыў.
Далей мы распавядзём гісторыю заснавання і развіцця ўсіх дамоў Божых, якія паўсталі ў Глыбокім з корсакаўскіх, а таксама і іншых фундацый.
2.4 Жамчужыны култавага дойлідства Глыбокага. Касцёл і кляштар кармелітаў босых
Калі і ў якім першапачатковым выглядзе паўстаў фундаваны Юзафам Корсакам у 1639 годзе касцёл і кляштар кармелітаў босых, невядома.[Гл. дадатак ІІ, малюнак 1 - 6] Ва ўсялякім разе, будоўля павінна была весціся не менш за некалькі гадоў: у тэстамэнце 1643 года ёсць узгадка, што Корсак падараваў кармелітам “сем гнядых коней-жмудзінаў для перавозкі матэрыялу на касцельны будынак”.
Так ці інакш, калі касцёл увогуле быў закончаны перад расійскай акупацыяй (1654 г.) і не падзяліў лёсу спаленага захопнікамі драўлянага парафіяльнага касцёла, то, безумоўна, пазней ён быў шмат разоў перабудаваны і дабудаваны, несучы на сабе адбітак архітэктурных рашэнняў розных часоў. Маўчаць аб гэтым архіўныя акты, але за іх прамаўляе стыль асобных частак касцёла. А менавіта: манументальны барокавы інтэр'ер, а таксама арнаментацыя скляпення ў алтарнай частцы былі закончаныя, безумоўна, у ХVІІІ стагоддзі, мяркуецца, што ў 1735 годзе, калі гэты касцёл (пасля перабудовы) быў кансэкраваны суфраганам віленскім Ежы Анцутам; аб гэтым сведчыць мармуровая пліта, якая была знятая пры закрыцці касцёла ў 1865 годзе і знаходзіцца зараз у капліцы на могілках.
Яшчэ пазнейшым архітэктурным дапаўненнем ёсць бакавая фурта ў стылі ракако пры фасадзе, а таксама выкананая ў тым стылі брама і каплічка ў муры, якую належыць аднесці да другой паловы, магчыма, да канца ХVІІІ стагоддзя. Цікавая таксама жалезная галерэя, якая атачае ўвесь касцёл пад самым скляпеннем, а таксама вялізны балкон над вонкавымі дзвярыма - на ім ігралі падчас набажэнстваў да 40 музыкаў.
На жаль, нічога немагчыма распавесці аб характары малюнкаў, якія пакрывалі сцены і скляпенні касцёла. Узгадвае толькі ў 1878 годзе “благачынны” глыбоцкі айцец А. Катлінскі, што былі яны “цудоўнай прыгажосці” (прелестной красоты) і пакрыццё тых фрэсак бела-шэрай фарбай пры пераробцы касцёла пад царкву было задумай “няўдалай, прыніжаючай годнасць гэтага гмаха”.
У такім вось выглядзе пратрымаўся касцёл да моманту адабрання яго на царкву. Адзіны інвентар, які дайшоў да нас (1862 г.), апісвае яго як: “Касцёл і кляштар, …фундаваны Юзафам Корсакам, …закладзены ў форме крыжа. Закончаны ў 1735 годзе, 3 ліпеня, кансэкраваны Ежы Анцутам, суфраганам віленскім… Зараз касцёл і кляштар вельмі запушчаны, патрэбны вялікі рамонт, даўжыня яго 72 аршыны, шырыня 32 аршыны, мае чатыры вежы - дзве спераду мураваныя, у адной з іх сапсаваны гадзіннік і тры званы вагою 196 пудоў, з тыльнага боку дзве драўляныя вежы… Вакон - 32, алтароў - 7, арган на 12 галасоў.., касцёл накрыты дахоўкай”.
Пазней, праз тры гады (у 1865 г.), касцёл і кляштар былі адабраныя расійскім урадам нібыта за ўдзел глыбоцкіх кармелітаў у студзеньскім паўстанні. Абодва гмахі неўзабаве захапіла праваслаўнае духавенства і пачало прыстасоўваць касцёл да патрэбаў праваслаўнага абраду, зрэшты, абмяжоўваючыся ўнутранымі пераробкамі - знішчаючы фрэскі, ліквідуючы арганы, бакавыя алтары, канфесіяналы і ўсталёўваючы царскія вароты, панікадзіла і інш. Кошт тых пераробак склаў 27 000 рублёў. Толькі пасля 13 гадоў - 3 верасня 1878 года - адбыўся акт асвячэння паслякармеліцкай царквы і аддання яе да ўжытку праваслаўным.
Далейшую, асноўную змену архітэктура касцёла спазнала каля 1895 года, калі паміж чатырма вежамі быў надбудаваны драўляны візантыйскі купал; дзеля гэтага вымушаныя былі панізіць вельмі высокую канструкцыю даху, дэфармуючы тым усю верхнюю частку касцёла.
Але, нягледзячы на ўсе пераўтварэнні, гэты касцёл застаецца цудоўным помнікам архітэктуры Рэчы Паспалітай ХVІІ - ХVІІІ стагоддзяў.
Інакш уяўляецца цяперашні стан прылеглага да касцёла кляштарнага гмаху, які, паводле інвентара 1862 года, выглядаў наступным чынам: “Кляштар двухпавярховы, мураваны квадратам, мае даўжыню ў кожнай лініі 72 аршыны, 4 калідоры ўнізе і ўверсе. На першым паверсе 18 келляў, трапезная, hospitorjum, кладоўка, кухня, пякарня, аптэка, лабараторыя і склад. На другім - 10 келляў, астатняя частка без печаў пустуе. Над аптэкай - склады зёлак і аптэчных рэчываў. Пад усім касцёлам і кляштарам - мураваныя склепы. Касцёл пакрыты дахоўкай, кляштар жа абгароджаны мураванай сцяной і часткова частаколам”.
Комплекс будынкаў ствараў замкнёны блок у форме квадрата з падворкам пасярэдзіне. Адзін бок блоку ствараў касцёл, астатнія тры - кляштарныя муры. З тых апошніх ацалела толькі адно крыло (цяперашняя адміністрацыя староства і фінансавы аддзел), іншыя ж два былі ў 1892 годзе разабраныя, як гаварылася, з-за немагчымасці падтрымаць панішчаныя часам будынкі. Было разбурана 2/3 дыхтоўных муроў, у якіх на працягу больш чым 200 гадоў стала жылі да 50 манахаў, існаваў канвікт, багатая бібліятэка, калекцыі, майстэрні. Праз тыя муры прайшла процьма людзей, якія шукалі святла, здароўя і рэлігійнага суцяшэння. Каб маглі тыя муры пра ўсё гэта распавесці!
Сутарэнні
Вельмі абшырныя, імпануючыя магутнасцю муроў і скляпенняў, сутарэнні распасціраюцца пад касцёлам, староствам і ўсім неіснучым ужо блокам разам з дзядзінцам. Верагодна, скляпенні павінны былі быць гатовыя ўжо перад узвядзеннем касцёла, якія абапіраецца на іх, а значыць - яны пабудаваныя таксама ў ХVІІ стагоддзі. Магчыма, яны злучаліся не толькі з адлеглымі на некалькі сотняў метраў падзямеллямі парафіяльнага касцёла, але цягнуліся аж да Беразвечча (3 км). Гэта цяжка праверыць, яшчэ цяжэй паверыць - ва ўсім Наддзвінні поўна размоваў пра падземныя калідоры, якія нібыта цягнуцца на тысячы метраў і нават пад дном вялікіх азёраў.
На адной з крыптаў пад цяперашняй царквой бачны надпіс: “Hic ossa, anima in coelo inguiescunt illustrissimi fundatoris”, (г.зн. тут спачываюць у спакоі косці слаўнага фундатара, а душа яго ў небе). Тут больш за два стагоддзі спачываў ваявода. Але крыпта пустая, шанаваныя парэшткі не захаваліся з-за людской брутальнасці. Румбальд Полацкі паведамляе, што, калі перараблялі касцёл на царкву, гэты нямы сведка рабавання найпрыгажэйшай справы свайго зямнога жыцця быў проста выкінуты з катакомбы, яго ж парэшткі, абкручаныя добра захаванай ярка-чырвонай апанчай, дзве ночы моклі пад голым небам на могілках, пакуль над збэшчанымі парэшткамі польскага сенатара незлітаваўся ўладальнік бліжэйшага маёнтка Літоўшчына і не пахаваў іх у зямлі. Дзе, невядома! Гэта былі страшныя часы, калі лютавалі бяздушныя пераможцы; нават найбліжэйшыя крэўныя былі вымушаныя глуха маўчаць. Цяпер гэта ўсё забыта, тэстамэнт Корсака парушаны, падобна, дзесьці хтосьці штосьці прадпрымае дзеля віндыкацыі, падобна, што касцёл ужо не патрэбны з-за даўнасці…
Трэба пару словаў сказаць аб магільнай пліце перад галоўным уваходам у кармеліцкі касцёл. Няма на ёй надпісу “Тут ляжыць грэшнік” і, відавочна, яна не з'яўляецца месцам спачыну Корсака, як гэта памылкова падае Баліньскі. Зараз першы радок амаль што сцёрты, але яго прачытаў Сапуноў, а менавіта: “1782 год”; далей напісана: “Грэшнік просіць адно: [малітву] “Вітай, Марыя”. Як з самога надпісу, так і з таго, што мы вышэй распавялі, вынікае, што тут не мог быць пахаваны Корсак: не супадае дата, дый не для таго ён выкінуты з падзямелля, каб камусьці пры дзённым святле калоў вочы.
Змешчаны здымак выяўляе фрагмент Глыбокага ў 1869 годзе. З правага боку - кармеліцкі касцёл з кляштарам. На першым плане відаць крыло кляштара, якое зараз не існуе, як і круты касцельны дах, паніжаны пры ўстаноўцы праваслаўнага купала. Налева ад кляштара - парафіяльны касцёл, вежы якога таксама былі цалкам змененыя ў 1908 годзе. Пры касцёле - плябанія. У левым куце над Кагальным возерам - неіснуючая зараз уніяцкая царква. На гарызонце ледзь бачныя контуры беразвецкага кляштара, аддаленага на 3 км.
За кляштарам знаходзіўся мураваны шпіталь, цягнуўся вялізны сад, які таксама быў абнесены тоўстым мурам, а таксама зарыбленыя сажалкі (дакладней, ставы), якія існуюць да гэтага часу. Нарэшце кляштару належаў увесь комплекс розных гаспадарчых будынкаў, аб якіх узгадвае інвентар 1862 года - “ склады, свірны, …вялізныя мураваныя будынкі…”.
Парафіяльны касцёл
Другой фундацыяй Корсака быў парафіяльны касцёл.[Гл. дадатак ІІ, малюнкі 7 - 18] Зрабіўшы ў 1639 годзе запіс на кляштар айцоў-кармелітаў, Корсак іх абавязаў, каб “свецкага святара ўтрымоўвалі для адміністравання [парафіі], а ён мае быць ва ўсім айцам subjectus (падпарадкаваным) і не можа сабе ўзурпаваць nomen parochi, і прызначаю яму забеспячэнне: 200 коп (грошаў) літоўскіх, а таксама харчавання (жыта - 12 бочак, соладу - 7, ячменю - 1, пшаніцы - 1 Ѕ і аўса - 7), што павінны кармеліты босыя яму даваць”. Такую самую ўмову фундатар паўтарае ў 1642 годзе, што павінны кармеліты свецкага святара “…грашыма, збожжам і іншымі прадуктамі забяспечваць… А каб не здавалася, што глыбоцкі плябан корміцца з рук кармелітаў, каб пазбегнуць спрэчак, плябанію фундую, …касцёл і жытло для ксяндза абавязаны прадставіць не пазней, чым праз паўтара гады. Для касцёла і плябана завяшчаю Залессе (інакш званае Дзмітраўшчына), г.зн. двор з сядзібнымі пабудовамі і гумнамі, адмераўшы справядліва 21 валоку з усімі падданымі, іх зямлёй, павіннасцямі, …азёрамі, рэкамі ў тым іменічу (маёнтачку) Залессе. За гэта, за маю душу perpetuis temporibus у кожны тыдзень штодзённа павінна адпраўляцца Імша святая”. Аднак неўзабаве з-за “praevalente interpositionе” (вельмі моцнага ўмяшальніцтва) тагачаснага віленскага біскупа Абрагама Войны, якому “не здалося гэта за слушнае, каб айцы плябаны, якія пражывалі пры глыбоцкім касцёле, пад уладай кармелітаў мелі быць і з іх рук victum et amictum (ежу і адзенне) атрымліваць”, - Корсак у той самы год вызваляе кармелітаў, “in puncto konserwowania przez nich plebana”, г.зн. ад забеспячэння яго правізіяй, і зноў бярэ на сябе абавязак за тэрмін паўтара года пабудаваць касцёл. 16 красавіка 1643 года Корсак кажа, каб яго “мізэрнае і плюгавае цела без усялякіх цырымоній пахаваць у тым драўляным Глыбоцкім касцёле, які пабудаваў”. Гэтае распараджэнне, як ужо ведаем, было зменена; Корсак памёр у ліпені таго ж года і быў пахаваны ў кармелітаў.
Захаваўся падрабязны акт інспекцыі касцёла ад 17 чэрвеня 1654 года, усяго за некалькі тыдняў перад захопам Глыбокага маскалямі. З таго акту вынікае, што гэты касцёл паставілі “de nova radice” (г.зн. нанова, з падмуркаў) надзеленыя маёмасцю ад Корсака кармеліты ў 1652 годзе. Касцёл быў драўляным, у форме крыжа, з двума вежамі, абшырным хорам, з цаглянай падлогай, з 19 лавамі і 8 вокнамі; пры ім знаходзілася званіца з двума невялікімі званамі. Касцёл стаяў “на пагорку, які ўзносіўся каля глыбоцкага рынка і дома пана Тышкевіча, полацкага суддзі”. Інспекцыйны акт таксама падае нам важныя дадзеныя аб парафіянах: “Сем'яў шляхты, якія пражываюць па суседству і de jure належаць да таго касцёла, налічваецца каля трыццаці, якія, аднак, рэдка альбо і зусім не маюць звычаю браць удзел у набажэнствах, таму што з'яўляюцца магнатамі і па большай частцы маюць уласных святароў. Плябейскіх (каталіцкіх) сем'яў у горадзе Глыбокім сорак, усе астатнія русіны грэцкага абраду”.
З акта відаць, што мяшчан-католікаў было ў той час у Глыбокім яшчэ няшмат. Зрэшты, гэта, відавочна, датычыла толькі кармеліцкай часткі, бо, як убачым ніжэй, зяновіцкая частка мела ў той самы час свой касцёл і ўласных парафіян.
Далей гісторыя касцёла хаваецца ў цемры зніклых дакументаў. Коратка ўзгадвае ксёндз Курчэўскі, што глыбоцкі парафіяльны касцёл быў спалены ў час нашэсця Масквы (1654 г.) і потым зноў быў адбудаваны драўляным. Несумненна, што тых пераробак і адбудоваў (падобна, як і ў кляштары кармелітаў) было некалькі.
Толькі з інвентара другой паловы XVІІІ стагоддзя даведваемся, што перад 1764 годам ксёндз Антоні Яшчолт пачаў будаваць ужо мураваны касцёл, але дарабіў яго толькі “да вакон” і памёр. Будоўлю ж закончыў у 1782 годзе яго наступнік, ксёндз Міхал Федаровіч. “De nova radice” пад тытулам святой Тройцы ўзведзены, касцёл меў дзве вежы з мансардай, галоўны алтар і два бакавыя алтары, падлогу мураваную і склеп з 12 катакомбамі, які цягнуўся пад усім касцёлам. Таксама меўся “вялікі звон, вагой як 8 камянёў ці больш, сярэдні камянёў - 2, меншы - 1 камень. Сігнатурка - фунтаў 17”. Касцёл быў асвечаны 11 ліпеня 1783 года віленскім суфраганам Пётрам Тачылоўскім. Пры плябаніі стала знаходзіўся так званы “шпіталь”- прытулак для некалькіх “дзядоў і баб”, а таксама пляц з садам і агародам для ўжытку плябана і арганіста ў памеры 2 моргі і 25 прэнтаў.
Некалькі падрабязнасцяў дадае хроніка касцёла ў 1851 годзе. З яе відаць, што касцёлу належаў фальварак Дзмітраўшчына, які налічваў 149 душаў падданых, што касцёл меў дзве філіі (у Мамаях і Дзмітраўшчыне), і што ўжо “больш за 200 гадоў прастаяў і зараз вельмі патрабуе рамонту…Цяперашні выгляд: дзве вежы спераду, крытыя бляхай, з ганку відаць кляштар, і касцёл кармелітаў, і мястэчка, далей могілкі, на якіх касцёльчык”.
Але толькі ў 1902 годзе распачалася і ў 1908 годзе была скончаная грунтоўная перабудова касцёла, падчас якой у цэлым добра быў вырашаны шэраг архітэктурных задач. Касцёл павялічылі шляхам дадання бакавых нефаў і алтарнай часткі, таксама змянілі тып вежаў, якія значна падвысілі. Гэта добра бачна, калі параўнаць выяву касцёла ў 1869 годзе састанам цяперашняй фары. Асвяціў касцёл у 1908 годзе ксёндз Ян Курчэўскі, прэлат віленскай капітулы, вядомы гісторык.
На адной з калон касцёла знаходзіўся партрэт фундатара. Вельмі шкада, што гэты шанаваны напамін быў каля 1905 года прададзены ў прыватныя рукі і вывезены з Глыбокага.
Партрэт ваяводы мсціслаўскага і старасты дзісненскага Юзафа Корсака, якому Глыбокае безумоўна павінна быць абавязана за тое, чым ёсць зараз, павінен вярнуцца - калі не ў арыгінале, то ў копіі; павінен знаходзіцца ў фундаваным ім касцёле, у магістраце і мясцовых культурна-грамадскіх установах. Гэтага патрабуе статус горада і павага да традыцый.
Толькі што апісаныя касцёлы кармеліцкі і парафіяльны, якія знаходзіліся і знаходзяцца ў корсакаўскай частцы, дайшлі да нашых часоў, хаця і ў змененым выглядзе.
Зусім жа іначай уяўляецца праблема Божых дамоў ва ўладаннях зяновічаўска-радзівілаўскіх, якіх, за выключэннем габрэйскай сінагогі, да нашых дзён не засталося.
Касцёл святога Міхала
Акрамя акту інспекцыі ў 1654 годзе парафіяльнага касцёла, таксама маем кароткі акт рэвізіі касцёла св. Міхала, узведзенага Мікалаем Зяновічам, кашталянам полацкім (памёр у 1621 г.). Стаяў жа ён у Глыбокім на пачатку ХVІІ стагоддзя - пасля таго, як прагналі адтуль кальвіністаў (“pulsi illac haeretici”), якіх запрасілі Ежы і Кшыштаф Зяновічы. Аднак калі Мікалай Зяновіч загінуў у бітве пад Хоцімам (in expeditione Valachia gloriose pro Partia occubuit), той касцёл стаў хіліцца да заняпаду; у такім стане яго застае інспекцыя 1654 года, не даючы падрабязных звестак аб яго структуры, пералічваючы толькі тры алтары, а таксама літургічныя рэчы. Далейшы лёс таго касцёла нам невядомы - пасля маскоўскай акупацыі мы яго не сустракаем.
Уніяцкая царква
Таксама ў радзівілаўскіх уладаннях знаходзілася глыбоцкая ўніяцкая царква. Не маем ніякіх звестак пра дату яе заснавання, толькі Сапуноў згадвае пад 1658 годам пра “папа Нікіфара, які быў у Глыбокім”.
Таксама ёсць акт 1711 года адмежавання зямель глыбоцкай уніяцкай царквы, у якім, насуперак правілам, прапушчана прозвішча фундатара (відавочна, кагосьці з Радзівілаў). Гэты акт надае тагачаснаму святару “засценак пад назвай Кішкялёва (за 2 км ад Глыбокага), на царкву Глыбоцкую святой Тройцы… ад Яснавяльможных Паноўфундатараў на вечныя часы, пакуль існуе свет і людзі на свеце, каб святар не меў ніякіх клопатаў, …папоўская валока, …дзесяціна з усіх глыбоцкіх уладанняў, …з садоў садавіна - вішні, яблыкі, ігрушы, дуляў восьмую частку, …такая Яснавяльможных фундатараў для святара фундацыя, за гэта святар будзе прасіць у малітвах… Гэта табе да ведама, Вялебны Ойча Яне Сінько, падаю…”.
Пад 1747 годам знаходзім згадку аб святары глыбоцкай царквы Якубе Пацалуеўскім, у акце яго тытулуюць: “Мансіньёр (!) айцец Пацалуеўскі, Святар Глыбоцкі”. У падымным тарыфе Ашмянскага павета за 1775 год сустракаем той самы, які належаў глыбоцкаму святару, фальварак Кішкялёва з вёскай Шунеўцы, які складаўся з 3 дымоў. Іншы, пазнейшы дакумент узгадвае, што глыбоцкая ўніяцкая царква валодае метрычнымі кнігамі з 1749 года.
Нарэшце ўжо ў ХІХ стагоддзі знаходзім шэраг узгадак - з нагоды ліквідацыі уніі. У той час уніяцкай плябаніі належалі 8 падданых мужчынскіх душ. У 1837 годзе сам Сямашка, інспектуючы глыбоцкую царкву, быў вельмі незадаволены ейным пробашчам, святаром Абухом, якога пастанавіў панізіць да вікарыя, з пераводам яго ў аддаленую парафію “за непаслушэнства і зласлівае невыкананне распараджэнняў улады”. У наступным годзе (1838), напярэдадні ліквідацыі ўніі, гэтая старажытная царква згарэла, дык ужо праваслаўныя ўлады заклапаціліся пра яе адбудову, але ўжо як праваслаўнай, з набыццём іканастасу і да т.п. Адбудова была выкананая коштам Вітгенштэйна, які завалодаў Глыбокім пасля Радзівілаў. 25 верасня 1880 года царква ізноў згарэла, а паколькі праваслаўныя ўжо два гады як мелі перароблены і асвечаны на праваслаўную царкву цудоўны кармеліцкі касцёл, дык старая ўніяцкая царква ўвогуле была ўжо непатрэбная, і яе больш не адбудоўвалі. Зараз на царкоўным пляцы знаходзіцца праваслаўны крыж. Такім чынам, не ажыццявілася воля фундатараў, што царква павінна стаяць “на вечныя часы, пакуль свет стаіць і людзі на свеце”.
Могілкавая капліца
На прадмесці Копцеўцы, непасрэдна за вялікім, выцягнутым кармеліцкім садам, знаходзяцца парафіяльныя могілкі з капліцай. Аб ёй ёсць кароткія ўзгадкі ў хроніцы 1851 года, а таксама інвентары 1862 года; яна была мураваная, меліся тры алтары і таксама “фігура Пана Езуса, прывязанага да слупа, слынная цудамі”; яе ўзвялі коштам кармелітаў, набажэнствы тут адпраўляліся кожную пятніцу.
З архітэктурнага гледзішча капліца не ўяўляе нічога цікавага. Не ўдалося таксама ўстанавіць дату яе заснавання. Знаходзім у ёй з левага боку ўмураваную невялікую табліцу з надпісам (па-лацінску): “Братам у Хрысце кармелітам босым, якія тут чакалі адраджэння з 1642 года, гэты манумент брат Барталамей ад св. Уладзіслава паставіў у 1861 годзе”. Аднак размова тут можа ісці толькі пра “адраджэнне”, абнаўленне, паколькі капліца фігуруе ў двух інвентарах з пачатку ХІХ стагоддзя (найстарэйшая згадка ў 1817 годзе), калі яна пэўна была пабудаваная. У ранейшых інвентарах пра яе няма звестак. Капліца падзяліла лёс кляштара кармелітаў, таксама ў 1866 годзе была канфіскаваная царскім урадам. У 1919 годзе была вернутая ў паўзруйнаваным стане.
Калі можна верыць фотаздымку і ўласным вачам, інтэр'ер капліцы быў незвычайна прыгожым. На жаль, малюнкі і арнаменты ў апошнія гады дайшлі да стану такога знішчэння, што пры аднаўленні капліцы ў 1930 годзе абмежаваліся пакрыццём яе новым дахам, малюнкі ж на сценах зацягнулі белай фарбай. Як жа шкада!
Як ужо заўважана вышэй, у той капліцы зараз знаходзіцца мармуровая пліта, прысвечаная асвячэнню касцёла айцоў-кармелітаў у 1735 годзе.
Тэрыторыя могілак складаецца з двух пагоркаў, падзеленых сухім ровам; на іх правай частцы, дзе няма дрэваў, узвышаецца магутная старажытная калона. Аб ёй распавядзём ніжэй.
Сінагога
Габрэі, якія насялялі радзівілаўскія ўладанні Глыбокага і працэнт якіх паступова ўзрастаў, таксама павінны былі мець свой дом для малітваў, на будоўлю якога, згодна з тагачасным парадкам, мусілі атрымаць спецыяльны дазвол духоўных каталіцкіх уладаў. Такія дазволы занатаваныя ў 1742 годзе ў Ашмянскіх актах.
Піша Міхал Зянковіч, з Божай і апостальскай ласкі біскуп віленскі, што “пасля знішчэння з-за пажару сінагогі мы схіліліся і рашылі даць на просьбу габрэяў, асабліва на заможных, наш дазвол на пабудову і ўзвядзенне новай. Гэтым лістом дазваляем глыбоцкім габрэям у асобным месцы і прынцыпова ад касцёла аддаленым, там, дзе здаўна стаяла, адну бажніцу ці сінагогу ўзвесці, аднак непадобную да касцёла, г.зн. без вежаў, з невысокім дахам і высока не ўзнесеную, каб ніадкуль не падавалася падобнай да касцёла, у якой свае малітвы маюць адпраўляць. Пры гэтым дазваляем хаваць нябожчыкаў у звычайным месцы за горадам, не пасля заходу сонца і без абразы хрысціян, … на што аўтарытэтам нашым … Ледзь толькі паспелі падняцца фундаваныя Корсакам касцёлы, а іх фундатар адправіўся на вечны супакой, як на край абрынуўся маскоўскі “Патоп”.
У 1654 годзе цар Аляксей на чале 200.000 арміі ўступіў у Літву. Пасля кароткай аблогі паў Полацк, і маскоўскія войскі без цяжкасці фарсіравалі Дзвіну. 25 ліпеня царскія ваяводы “з войскам падышлі да крэпасці Дзісны, мяшчане і іншыя людзі гэтай крэпасці білі цару чалом”. Пасля Дзісны прыйшла чарга Друі, у якой маскалі “літоўскіх людзей пазабівалі, двары і касцёлы папалілі”, і нарэшце Глыбокае, якое было здабытае, здаецца, у два этапы: тагачаснае маскоўскае паведамленне прыводзіць, што “30 ліпеня 1654 года ваявода Ждан Васільевіч Кондыраў пад Глыбокім пабіў літоўскіх людзей, языкоў, штандары, барабаны і мушкеты захапіў”. Паводле больш падрабязнага польскага паведамлення, каля 2.000 маскалёў 2 жніўня падцягнуліся да Глыбокага, у якім стаяў конны атрад шляхты (некалькі соцень), у тым ліку кашталян полацкі Рудаміна з паўсотняй. Баявая гатоўнасць атраду не была на вышыні, не арганізавана ніякай разведкі, дык толькі калі маскалі выбраліся з лесу і з'явіліся пад самым горадам, шляхецкае войска кінулася на бязладныя ўцёкі, у час якіх нямала шляхты палягло ці трапіла ў палон. Аб здабыцці Глыбокага Васіль Шарамецеў даў ведаць цару 9 жніўня.
Далей, хаця польскія крыніцы падаюць, што хутка пасля здабыцця Глыбокага маскалі адступілі ў перапалоху да Полацка, але з далейшага развіцця падзеяў належыць рабіць выснову, што горад мусіў пакарыцца і знаходзіцца некалькі гадоў пад маскоўскай акупацыяй. Толькі калі агульная ваенная сітуацыя схілілася на карысць Рэчы Паспалітай, Глыбокае было вызвалена. Калі гэта сталася, невядома, але ўжо ў студзені 1659 г. з Полацка пісаў цару яго ваявода, што 7 студзеня з'явіўся ў Полацкім павеце конны атрад з Глыбокага ў колькасці 60 чалавек, у горадзе ж камандуе палкоўнік Валовіч, які “спаліў астрожык у Глыбокім” і зараз сам выехаў да гетмана Сапегі, пакінуўшы ў Глыбокім 10 харугваў свайго палка.
Узгадка аб астрожку, ці крэпасці, у Глыбокім дазваляе казаць аб тым, што маскалі ўтрымлівалі тут у час акупацыі пастаянны гарнізон, які выгнаў Валовіч. Наступную згадку пра Глыбокае маем пад датай 19 верасня 1661 года: паколькі Полацк тады яшчэ знаходзіўся ў руках цара Аляксея, справаздачны соймік адбываўся ў Глыбокім пад прэзідэнцыяй кашталяна Яна Корсака, абмеркаваў справы, звязаныя з адабраннем у маскалёў Дзісны (23 сакавіка).
Так званая бітва пад Глыбокім у 1661 годзе
У лістападзе таго ж 1661 года дайшло да баявой расправы з маскалямі. Тут належыць абвергнуць прыведзенае Баліньскім, “Слоўнікам Геаграфічным”, а таксама шэрагам сучасных гісторыкаў паведамленне аб так званай бітве пад Глыбокім 6 лістапада 1661 года, у якой Чарнецкі і Павел Сапега атрымалі перамогу над Хаванскім. На жаль, мусім адмовіцца ад вызначэння месца той бітвы ў Глыбокім, таму што на падставе шэрагу супастаўленняў крыніц Карзон вызначыў памылковасць як даты, так і мясцовасці, даказаўшы, што гэтай памылкай мы абавязаныя мемуарысту Кахоўскаму, які пакінуў нашчадкам памылковае апісанне той бітвы. Насамрэч жа бітва адбылася 4 лістапада пад Кушлікамі, мясцовасцю, якая знаходзіцца за дзве мілі на ўсход ад Дзісны. Праўда, у тыя вырашальныя дні Глыбокае сапраўды знаходзілася ў самай сярэдзіне ваеннай буры. А ўжо 1 лістапада Ян Казімір з Даўгінава загадвае пэўнаму ротмістру “паспяшыць да нашага боку… пад Глыбокае”. 3 лістапада праходзяць гэтай дарогай каралеўскія палкі, спяшаючыся на поўнач; 5-га Ян Казімір падпісвае ў Глыбокім адозву да войскаў пасля перамогі пад Кушлікамі; 8-га вялікі гетман Павел Сапега выдае з лагера ў Глыбокім універсал, у якім смуткуе з нагоды страшнага разбурэння гэтага краю і загадвае лавіць і неадкладна караць бунтаўшчыкоў і згуртаванні ўсялякіх рабаўнікоў, якія не будуць прад'яўляць дакументаў. Кароль праводзіць у Глыбокім амаль увесь тыдзень і толькі 11 лістапада накіроўваецца да Дзісны і Кушлікаў, каб агледзець месца бітвы і адтуль зноў праз Глыбокае рухацца на поўдзень да Вільні, якую здабывае 2 снежня. З-за такога, а не іншага ходу падзеяў адпадае таксама пададзеная ў “Слоўніку Геаграфічным” версія, што сляды бітвы пад Глыбокім у выглядзе акопаў, касцей, алебардаў адносяцца да 1661 года. Яны маглі быць звязаныя з падзеннем Глыбокага ў 1654 годзе або са здабыццём “астрожка” каля 1658 года.
Відавочна,у ходзе той працяглай вайны горад мусіў пацярпець: ксёндз Курчэўскі згадвае, што парафіяльны касцёл у Глыбокім быў спалены маскалямі; зрэшты, гэта ўваходзіла ў праграму дзеянняў маскоўскіх войскаў, якія выконвалі царскі загад: “Касцёлам не быць, габрэям побыту на Белай Русі не мець”. Як дзе, але на прылеглых да Глыбокага тэрыторыях сумнеўна, ці ацалеў хаця б адзін касцёл (ведаем аб спаленні касцёлаў у Друі, Новым Пагосце, Задарожжы і Празароках.
Маскоўскі патоп скончыўся. У нейкай незразумелай з ім сувязі застаецца нібы гратэскавая “бітва”, якая ў 1667 годзе разыгралася ў Глыбокім. Адзін з паручнікаў венгерскай харугвы рапартуе, што калі прыбыў са сваёй харугвай і спакойна раскватараваўся “паводле звычаю і парадку жаўнерскага” на начлег у Глыбокім - мястэчку кармелітаў, то ўзброены натоўп глыбоцкіх мяшчан, які налічваў некалькі соцень чалавек, зусім неспадзявана напаў на спячых. Паручнік ускочыў на каня і ледзь утаймаваў натоўп мяшчан. Пералічвае ён збітых, пакалечаных, а таксама трох загінулых пахолкаў, якіх, як мяркуецца, забілі і кінулі ў возера; захапілі пры гэтым мяшчане многа шабляў, мушкетаў, грошай і г.д. Адбыўся той напад, як сцвярджаецца, “з ведама і згоды айцоў босых”, таму паручнік дапытаў ксяндза прыёра, аднак без аніякага выніку, і быў вымушаны са сваёй харугвай ні з чым пакінуць горад, запісаўшы пратэст у полацкія гродскія кнігі. Крыху ў дзіўным святле выстаўляецца тут баявая гатоўнасць харугвы, роля манахаў, а ўсё разам сведчыць аб колькасці і смеласці мяшчан. Належыць меркаваць, што жаўнеры паручніка былі непаслухмяным атрадам кміціцаўскага тыпу, якіх шмат бадзялася і турбавала насельніцтва ў тыя часы.
Пажар 1700 года
Далей у актах наступае зусім поўны прабел, аж да 7 ліпеня 1700 года, калі мінулае горада зноў асвятліла зарыва… яго ўласнага пажару. У тым дакуменце пад назвай “Канатацыя пажару горада Глыбокага Князя Ягамосці Пана Канцлера (Караля Станіслава Радзівіла)” чытаем:
“Дамоў выгарала - 80
Гумнаў - 50
Крамаў з усялякімі таварамі згарэла - 40
Свірнаў з рознымі таварамі, вазкамі, тлушчамі і розным збожжам згарэла - 60
Таксама клецяў з гаспадарскімі рэчамі згарэла - 30”.
Гэты дакумент, з-за адсутнасці іншых, варты больш працяглага разгляду, бо ён падае некаторыя канкрэтныя звесткі.
Перадусім дакумент датычыць радзівілаўскай часткі горада, якая знаходзілася ў Ашмянскім павеце. Ці была кранутая бедствам кармеліцкая частка, якая знаходзілася ў Полацкім ваяводстве, невядома. Магчыма, пажару перашкодзіла рэчка Бярэзвіца, якая падзяляла абедзве часткі.
Пэўныя высновы можна зрабіць з колькасці знішчаных агнём пабудоваў. З упэўненасцю можна сказаць, што без даху над галавой засталося каля паўтысячы глыбачанаў. Звесткі пра пяцьдзясят спаленых гумнаў падказваюць, што не менш як 2/3 мяшчанаў займалася земляробствам, што ўвогуле характэрна для большасці прыватных мястэчак, жыццё якіх было, як правіла, забяспечана ўладальнікам праз наданне мяшчанам дастатковай колькасці ворнай зямлі. Не менш цікавыя пазіцыі - трэцяя і чацвёртая. 40 “крамаў” з таварамі складалі, бадай цэнтральную гандлёвую частку радзівілаўскай паловы горада, яе рынак, колькасць жа крамаў у цэлым сведчыць аб квітнеючым гандлі, асабліва калі дадамо да гэтага розныя тавары, тлушчы, воскі і збожжа, складзеныя ў 60 свірнах. Лічым за лепшае не вылучаць далейшых дапушчэнняў: што гандаль мог знаходзіцца ў руках габрэяў, пазбаўленых ворыўнай зямлі (параўнаем - 80 дамоў і ўсяго 50 гумнаў), што, як і на ўсім сярэднім Наддзвінні, галоўнымі таварамі глыбоцкага гандлю былі збожжа, воск, прадукты жывёлагадоўлі і да т.п.
2.5 Гандаль: яго характар і кірунак
Калі ўжо закранулі мы тэму гандлю, то паспрабуем у адным раздзеле з гэтым пытаннем cкончыць. Тут найбольш адчуваецца недахоп уласных гарадскіх кніг Глыбокага, бо ў такога тыпу кнігах звычайна часта закранаюцца пытанні гандлю. З агульных жа актаў ашмянскіх і полацкіх не ўдалося выпісаць нават дзясятка такога роду сведчанняў. Аднак даём тое, што маем, каб адважыцца зрабіць нейкае абагульненне. Дык вось, у 1605 годзе знаходзім лаканічную ўзгадку аб тым, што “Стэфан Карпячонак, глыбачанін, павёз з Віцебска ў Вільню на двух вазах: скур каровіных 71, [скур] падцёлкаў 36, скур конскіх 5, апойкаў цялячых 18, скур казіных 3”. Вось і ўсё, што маем пра гандаль ХVІІ стагоддзя!
Не больш шчодрым на звесткі выдаецца і ХVІІІ стагоддзе.
У 1733 годзе нейкі Шмігельскі арыштаваў каля Калтынянаў двух купцоў, глыбоцкіх габрэяў, якія везлі на вазах катлы, сукно, прыправы і іншыя тавары вартасцю 400 талераў (г.зн. 3.200 злотых).
У 1779 годзе паміж чатырма габрэямі, глыбоцкімі купцамі, і двума немцамі, крулявецкімі (кёнігсбергскімі) купцамі, была заключаная наступная дамова: паколькі на габрэях доўгі час лічыўся доўг немцам за тавары ў суме 10.633 злотых, немцы згадзіліся растэрмінаваць аплату на 14 гадоў, пры тым гарантуючы сваім даўжнікам, што “калі б тыя памянёныя габрэі гандаль свой да Круляўца (Кёнігсберга)… пашырылі, а таксама з іншымі краямі і гарадамі рознымі таварамі гандлявалі, то… не будзем забараняць і перашкаджаць, але могуць каму хочуць збываць усялякія тавары”, - абы толькі своечасова свае даўгі выплочвалі. Аднак у той жа год глыбачане абскардзілі сваіх крэдытораў, што “з даўніх часоў распачаўшы гандаль, у Крулявец розныя тавары з Польшчы дастаўлялі, …і былі прымушаныя браць бракаваныя тавары з Круляўца, а менавіта: куфы віна - замест добрага - кіслае альбо да палавіны няпоўныя”, свае ж тавары мусілі ўступіць за меншую цану ў параўнанні з іншымі. Скардзяцца далей, што даставілі ў Крулявец 400 лаштoвак ільнасемя і ўвогуле, калі зноў распачалі гандаль і папрасілі крэдыту, “шукаючы для сябе матэрыяльную падтрымку, праз той гандаль Крулявецкі былі даведзеныя да галечы”, - крулявецкія купцы далі ім некалькі дзясяткаў куфаў кепскага віна па вельмі высокай цане, з-за гэтага глыбачане панеслі значныя страты. Сэнс тых махінацый выявім ніжэй.
Нарэшце ў 1794 годзе суперыёр базыльянаў беразвецкіх паскардзіўся на Радзівіла, што той “сваёй пратэкцыяй абараняе” шасцёх глыбоцкіх габрэяў, якія пазычылі ў кляштара па пад распіску каля 3.000 злотых і злачынна збанкрутавалі.
Калі ўвогуле дапушчальнае абагульненне прыведзеных прыкладаў, то з іх вынікае, што ў ХVІІІ стагоддзі гандаль у Глыбокім канцэнтраваўся ў руках габрэяў (у адрозненне, напрыклад, ад Дзісны, дзе была моцная грамада купцоў-хрысціянаў). Не менш цікава тое, што Глыбокае, якое тэрытарыяльна належыць да басейна Дзвіны, у гандлёвай сферы цягнулася больш да Нёмана і Круляўца, чым да Дзвіны і Рыгі. Апрача ўзгадкі ў нашым акце за 1779 год аб існуючым “з даўніх часоў” крулявецкім гандлі, пра тое самае, здаецца, кажа і прыгода, якая напаткала глыбачан у Калтынянах, якія знаходзяцца проста на захад ад Глыбокага, на простай лініі з Круляўцом, адкуль таксама, несумненна, везлі яны на вазах сваё сукно, катлы і прыправы. А значыць, гэта быў не рачны гандаль, а сухапутны, роднасны гандлю Друі, якая, хоць і ляжыць на Дзвіне, накіроўвала некаторыя гатункі свайго тавару не ракой у Рыгу, а сухапутнымі шляхамі да Круляўца. За імпартаваныя адтуль тавары - прыправы, а таксама віны, сукно і галантарэю - Глыбокае высылала са сваіх складоў (як і ўсё Вялікае Княства Літоўскае) сухапутным шляхам каштоўныя тавары - прадукты перапрацоўкі льну і канопляў, жывёльную прадукцыю (тлушч і скуры), мёд і воск. Збожжа ж і лясныя тавары, як цяжэйшыя, мусілі відавочна перапраўляцца воднымі шляхамі.
Нарэшце жадаем звярнуць увагу на т.зв. “прымусовасць” гандлю, якая бачная са справы з двума крулявецкімі немцамі. Гэтую вельмі цікавую, заблытаную і насычаную падзеямі эканамічную з'яву я падрабязна абмеркаваў у сваёй кнізе “Дзісна і Друя”, тут жа сцвярджаю, што Глыбокае мусіла мець традыцыйныя і здаўна завязаныя стасункі з Круляўцом (Кёнігсбергам), якія абапіраліся на гандлёвыя сувязі. Менавіта калі па прычыне элементарных і палітычных няшчасцяў глыбачане (як таксама ў роўнай ступені мяшчане кожнага іншага горада ў ВКЛ) не маглі аплаціць задаткаў, наданых ім у лік тавараў, тыя кароткатэрміновыя крэдыты “замарожваліся” ў выглядзе неспагнаных капіталаў, якія былі акрэсленыя адмысловым правам: для крэдытораў гарантыя сталага і надзейнага атрымання тавараў за штогадова выдзяляныя задаткі, для даўжнікоў жа - абавязак сталай дастаўкі тавараў толькі тым партнёрам, з якімі знаходзіліся ў гандлёвай сувязі. Аб яе існаванні найбольш красамоўна сведчыць прыведзены дакумент за 1779 год.
Адзначым, што гэтыя разважанні адносна накірунку, аб'ектаў і характару глыбоцкага гандлю могуць падацца чытачам недастаткова абгрунтаванымі на вельмі скупым мясцовым матэрыяле. Аднак у супастаўленні з дзісненскімі і друйскімі актамі (дзе існавалі падобныя з Глыбокім ўмовы і адносіны), яны набіраюць пераканаўчую сілу.
Яшчэ належыць адзначыць, што гаворка тут ішла аб так званым імпартна-экспартным гандлі, аб шырокім аб'ёме, які неаднойчы выходзіў за дзяржаўныя межы. Зразумела, што такі тып гандлю зараз напаткалі вялізарныя змены з-за зусім іншых камунікацыйных умоваў. Цяжка ўявіць сабе далёкія падарожжы асобных купцоў з таварамі на вазах або рачных суднах, вяртанне іх дадому пры дапамозе тых жа транспартных сродкаў з набытымі, як эквівалент экспарту, імпартаванымі таварамі. Гэтым зараз няблага займаюцца гіганцкія гандлёвыя ўстановы і сама дзяржава.
Кірмашы
Без вялікіх зменаў, у той час, заставаўся гандаль абмежаванага, ці лакальна сціслага маштабу, які задавальняе патрэбы найбліжэйшага рэгіёну. Гэта “таргі” і кірмашы (ярмаркі). Прытым, калі штогадовыя кірмашы (ярмаркі) і цяпер часам уцягваюць у сваю арбіту досыць вялікія тэрыторыі, збліжаючыся з тым тыпам кірмашоў, якія адбываліся і пару стагоддзяў таму, то кірмашы-таргі дайшлі да нас у зусім нязменнай форме: як пастаўкі ў горад драўніны, масла, збожжа, птушкі, бульбы, драўлянага посуду - і неадкладнага іх абмену на паркаль, махорку, лемяшы, соль, газу і да т.п.
Аб гэтым гандлі абмежаванага маштабу ў Глыбокім амаль што не існуе пісьмовых крыніц. Аднак, звыш усялякага сумневу, кірмашы паходзяць недзе з часоў узнікнення двара, калі прыгадаем ўзгадку з 1514 года аб “торгу у іменію пана Юр'ева у Глубоком“. Збіралі яны ў Глыбокае купецкае насельніцтва, і гэта мела вырашальнае значэнне ў працэсе пераўтварэння двара ў гарадское паселішча.
Вялікія ж кірмашы (ярмаркі) ў Глыбокім не развіваліся: інвентар парафіяльнага касцёла ад 1782 года ўзгадвае, што “ў гэтым горадзе не адбываюцца значныя кірмашы (ярмаркі), аднак таргі-кірмашы штонядзелі збіраюцца аграмадныя”.
Тое, што кірмашы-таргі ў Глыбокім адбываліся ў святочныя дні, вельмі яскрава адлюстроўвае характар горада - перадусім як рэлігійнага цэнтра. У нядзелю насельніцтва наведвала кармеліцкі і парафіяльны касцёлы, уніяцкую царкву, а пасля набажэнства ўладжвала свае справы, збываючы сельскагаспадарчую прадукцыю ўзамен на тавары з “крамаў”.
Мяркую, што галоўным асяродкам нядзельных кірмашоў быў людная гандлёвая частка радзівілаўскай паловы Глыбокага з яе шэрагамі крамаў і гандлёвых навесаў, з якімі было цяжка канкураваць кармеліцкай частцы. Пра гэта знаходзім узгадку ў 1720 годзе, што кармеліты, “згасіўшы рынак” (у сваёй частцы), насялілі яго тэрыторыю мяшчанамі. Аднак у канцы таго ж стагоддзя рынак у кармелітаў ізноў існаваў, аб чым з выразным незадавальненнем узгадвае глыбоцкі плябан, пішучы, што “конкурс” (то бок наведванне) парафіяльнага касцёла “бывае малым, з прычыны блізкага касцёла кармелітаў босых, ад касцёла каторых і рынку ўезд і агляд вялікай мураванай аўстэрыяй праз кармелітаў заслонены”.
Пра гэтую аўстэрыю, якая існуе да гэтага часу, належыць сказаць пару словаў. Гэта была ўстанова ў пэўнай ступені ўніверсальная, будучы “карчмой”, “заезным домам” ці гатэлем, і нават свайго роду клубам і забаўляльнай установай, у якой канцэнтравалася таварыскае жыццё - тут затрымліваліся прыязджаючыя ў нядзелю і на ўрачыстыя святы арыстакраты, напаўнялі яе ў дні кірмашоў мяшчане і падданыя, тут адбываліся вяселлі і танцы, часам занадта шчодра гарэлка лілася, што нярэдка канстатуюць дакументы.
Вернемся да далейшага аповеду
Крыніцы з так званых часоў саксонскіх нічога нам не даюць для вывучэння мінулага Глыбокага. Праўда, ёсць шмат разнастайных справаў, якія датычацца кляштару кармелітаў - гэтага асяродку, вакол якога канцэнтравалася жыццё цэлага горада - але змяшчаюць яны выключна пагадненні, звязаныя з адміністраваннем і павелічэннем іх вялізных зямельных уладанняў. Толькі ў 1768 годзе, калі барская канфедэрацыя намагалася выцягнуць Рэч Паспалітую з бяздоння, у якое пагрузілі яе два папярэднія пакаленні, ¬- даходзіць паведамленне, што ў месяцы кастрычніку нейкі расійскі атрад у пагоні за канфедэратамі рушыў з Полацка і праз Псую, Празарокі, Глыбокае выправіўся пад Нясвіж.
Усё тое, што мы вышэй распавялі, звязанае з горадам, не дае бліжэйшага ўяўлення аб колькасным стане, нацыянальным ці рэлігійным складзе яго насельнікаў, карацей кажучы, статыстычнай карціны, таму што дагэтуль мы не натрапілі ні на адзін інвентар ці люстрацыю горада. Гэты прагал нейкім чынам запаўняе “Тарыф падымнага падатку”, складзены ў 1775 годзе.
2.6 Глыбокае ў люстрацыях канца ХVІІІ стагоддзя
Як ужо ведаем, частка горада належала да Полацкага ваяводства, частка ж да Ашмянскага павета, як кармеліцкая і радзівілаўская часткі. На шчасце, да нас дайшлі абодва тарыфы, ашмянскі і полацкі, вельмі нешматслоўныя, але дастатковыя для таго, каб зрабіць цалкам канкрэтныя высновы.
“Мястэчка.., якое належыць да вялебных ксяндзоў кармелітаў, у якім дамоў зямельных - 43, дамоў пляцовых - 50, больш за дзясятак (kilkanaњce) бедных халупаў без надзелаў”. Апрача таго, падаецца “плябанія ritus latini, пры якой зафундаваныя парафіяльныя школы”.
“Горад Глыбокае Немагдэбургскі, Князя Караля Радзівіла, Віленскага ваяводы… дымоў - 123, там жа жыхароў без зямлі - 76, …айцец Святар Глыбоцкі - 1”.
Такім чынам, разам колькасць дымоў у абедзвюх частках складала для кармеліцкай часткі каля - 110, для радзівілаўскай жа - 200, разам - 310. Якая колькасць жыхароў тут пражывала?
Папярэдне праведзеныя на тэрыторыі Браслаўскага і Дзісненскага паветаў падлікі дазваляюць нам устанавіць сярэднюю колькасць насельнікаў дыму ў ХVІІІ стагоддзі (праўда, дыму вясковага, а не гарадскога), у колькасці 7 душ. Тут таксама будзем ужываць тую самую лічбу, што дае нам 310 х 7 = 2.170. Варта таксама улічыць, што, напрыклад, адзін кляштарны дым канцэнтраваў у сабе значна больш, чым 7 жыхароў: ксёндз Ю. Курчэўскі падае склад грамады айцоў босых - 38 братоў і 15 навіцыянтаў (паводле Сапунова, нават да 80). Паводле гэтага выраўняем нашу лічбу да 2.200 чалавек.
Гэта асобы хрысціянскія, бо габрэйскіх у падымныя спісы не ўключалі. Аднак існуюць так званыя пагалоўныя габрэйскія спісы. Калі размова ідзе аб кармеліцкай частцы, то габрэі, без сумневу, там не жылі. У той самы час у радзівілаўскай частцы пагалоўны спіс 1766 года паказвае 755 душ. Неахвотна верым той лічбе, ведаючы тэндэнцыю габрэяў да хавання праўдзівай лічбы. Можна было б у гэтым выпадку не ствараць падставаў для недаверу, калі б у Глыбокім значна пазней не адбываліся такія наглядна даказаныя тэндэнцыі. Так, у 1835 годзе шэф жандармаў Бенкендорф атрымаў данос, што пры апошняй рэвізіі ўтоена ў Глыбокім 100 габрэяў мужчынскага полу. Калі выслаў для праверкі ўрадніка, той выкрыў замест 491 мужчынскіх душ - 949, ці на 100% больш.
Пакідаем, аднак, нашу лічбу 755 габрэяў, атрымоўваем цалкам насельніцтва Глыбокага 2200 + 755 = 2955 душ. Відавочна, не бяром пад увагу выпадковага элементу, якім было войска, якое магло хутка павялічваць насельніцтва горада на больш чым 1000 асобаў (аб гэтым ніжэй).
Яшчэ адзін, на 15 гадоў пазнейшы за нашы два падымныя тарыфы, дакумент - “Колькасць гарадскіх дымоў” за 1790 год - дае нам далейшыя статыстычныя звесткі, якія датычацца Глыбокага айцоў-кармелітаў. Дакумент падае наступную колькасць дымоў:
Дворны - 1
Кляштарны - 1
Каталіцкай плябаніі - 1
Дамоў заезных - 1
Дваркоў прыватных - 2
Хрысціянскіх зямельных - 77
Хрысціянскіх агароднікаў - 46
Хрысціянскіх халупнікаў - 9
Габрэйскіх прыватных і халупнікаў - 0
Усяго: 138.
Гэта складала на 28 дымоў (196 чалавек) больш у параўнанні з “Тарыфам” 1775 года. Розніца гэта магла скласціся як з-за недакладнасці люстрацыі 1755 года, так і з-за натуральнага прыросту насельніцтва. Насельніцтва Глыбокага ў апошнія гады ХVІІІ стагоддзя відавочна перавысіла 3000 асобаў. Належыць падкрэсліць, што такая колькасць насельніцтва горада для тых часоў была выключэннем: на тэрыторыях цяперашніх Браслаўскага і Дзісненскага паветаў большай колькасцю насельніцтва вылучалася толькі Друя - 3400 жыхароў, астатнія ж гарады і мястэчкі (за выключэннем Дзісны) заставаліся далёка ззаду.
Подобные документы
Канфесіянальная гісторыя Беларусі - складаная і шматгранная. Канфессiйная сiтуацыя на Беларусi у другой палове XIX - пачатку XX ст. Канфесiйнае заканадауства у дачыненнi да культавага будаунiцтва. Становiшча у будаунiцтве розных культавых будынкау.
дипломная работа [141,4 K], добавлен 12.05.2013Даіндаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі (40 тыс. гадоў да н.э. - 3-2 тыс. гадоў да н.э.). Індаеўрапейцы – першае несельніцтва Паўднёвай і Заходняй Еўропы (3-2 тыс. гг. да н.э. - да нашага часу). Балты і з’яўленне славян на тэрыторыі Беларусі.
реферат [25,0 K], добавлен 16.03.2010Звесткі аб насельніцтве Беларусі ў працах антычных і арабскіх аўтараў. Польская храністы яб гісторыі беларускіх зямель. Гістарычныя веды ў творах царкоўна-рэлігійнай палемікі XVI-XVII стст. Лівонскія хронікі і скандынаўскія сагі пра падзеі в Беларусі.
реферат [75,3 K], добавлен 04.03.2009Агульная характарыстыка сельскай гаспадаркі ў Беларусі XIX ст. Перадумовы, значэнне і наступствы прамысловага перавароту і гаспадарчых рэформаў у Беларусі ў першай палове XIX ст. Гісторыя станаўлення і далейшага развіцця фабрычна-завадской прамысловасці.
реферат [25,1 K], добавлен 22.12.2010Сітуацыя напярэдадні вайны 1812 г. Поспехі Напалеона ў пачатку рускай кампаніі, хроніка падзей вайны в Беларусі. Стаўленне насельніцтва Беларусі да захопнікам. Рабаўніцкія стаўленне акупантаў да мясцовага насельніцтва. Развіццё партызанскага руху.
реферат [25,3 K], добавлен 19.12.2010Армія Краёва - падпольная ваенная арганізацыя 1942-1945 гг. - на Мядзельшчыне. Разрыў адносін паміж СССР і польскім эмігранцкім урадам. Вызваленне жыхароў Мядзеля от нямецка-фашысцкімі захопнікаў. Населеныя пункты Мядзельскага раёна, якія былі знішчаны.
реферат [16,2 K], добавлен 03.06.2011Сялянскі рух, яго прычыны і асаблівасці. Дзейнасць народніцкіх арганізацый на тэрыторыі Беларусі. Першыя марксісцкія гурткі на Беларусі. Стварэнне першых сацыял-дэмакратычных арганізацый. Дзейнасць польскіх і яўрэйскіх нацыянальна-палітычных арганізацый.
контрольная работа [25,2 K], добавлен 24.11.2010Прычыны глыбокага эканамічнага заняпаду Беларусі ў XVII-XVIII ст. Рэзкае скарачэнне колькасці насельніцтва. Развіццё сельскай гаспадаркі, гарадоў. Эканамічны ўздым у Беларусі ў другой палове XVIII ст., сацыяльна-эканамічнае значэнне яе далучэння да Расіі.
реферат [20,0 K], добавлен 21.01.2011Сярэдзіна XVII ст. як пачаток разбуральнага веку ў гісторыі Беларусі. Гістарычныя ўмовы развіцця культуры. Барока на беларускiх землях. Развіццё асветы і навукі. Прыгонны тэатр. Мастацкія вырабы мануфактур і іх значэнне, асартымент і разнавіднасці.
презентация [4,1 M], добавлен 24.09.2013Агульная характарыстыка гісторыі Беларусі: перыяд дзейнасцi у Беларусi кароткачасовых дзяржаўных i адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак, сецыфiка наступнага этапу развiцця заканадаўства БССР. Асноўныя вiды заканадаўчых дакументаў навейшага часу.
реферат [25,5 K], добавлен 03.12.2008