Статыстычныя крыніцы навейшага часу

Арганізацыя статыстычнага ўліку. Дэмаграфічная статыстыка. Статыстыка сельскай гаспадаркі. Два віды выбарачных абследаванняў: дынамічныя перапісы і асенне-вясеннія апытанні. Статыстыка прамысловасці, ўлік прафесійна-кваліфікацыйнага складу рабочых.

Рубрика История и исторические личности
Вид реферат
Язык белорусский
Дата добавления 14.12.2008
Размер файла 29,3 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНИВЕРСIТЭТ

кафедра гісторыі Беларусі

РЭФЕРАТ

на тэму:

«Статыстычныя крыніцы навейшага часу»

МИНСК, 2008

1. Арганізацыя статыстычнага ўліку

Бальшавікі, у прыватнасці У. І. Ленін, надавалі вялікае значэнне статыстыцы. Ужо ў 1918 г. было арганізавана Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне РСФСР. ЦСУ РСФСР на той час арганізавала збор звестак па Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай губернях. Пад непасрэдным кантролем ЦСУ РСФСР у снежні 1918 г. пры Мінскім губернскім рэўкаме было арганізавана Мінскае статыстычнае бюро. У лютым 1919 г. быў створаны Цэнтральны статыстычны аддзел БССР (з утварэннем Літоўска-Беларускай ССР скасаваны). Пасля вызвалення Мінска ад польскіх захопнікаў у ліпені 1920 г. была адноўлена дзейнасць Мінскага губернскага статыстычнага бюро (ЦСБ) БССР. У лістападзе 1924 г. ЦСБ пераўтворана ў Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне (ЦСУ) БССР.

Хутка і аператыўна развівалася статыстыка Усерасійскага (з 1922 г. - Усесаюзнага) Савета Народнай Гаспадаркі (УСНГ) і адпаведна СНГ Беларускай ССР. Статыстычныя органы УСНГ адказвалі за арганізацыю бягучай статыстыкі і ахоплівалі большасць прадпрыемстваў.

У студзені 1930 г. ЦСУ БССР было ліквідавана, а яго функцыі перададзены сектару народнагаспадарчага ўліку Дзяржплана БССР. Зліццё планавых і статыстычных органаў прывяло да значнага звужэння дзейнасці апошніх і скарачэння праводзімых работ. З'явіліся ідэі аб адміранні статыстыкі ва ўмовах сацыялізму і замене яго бухгалтарскім улікам. Была ліквідавана большасць статыстычных устаноў, а іх функцыі перададзены бухгалтэрыям, што нанесла безумоўныя страты развіццю статыстычнай справы. Між іншым, развал статыстыкі негатыўна паўплываў на эканоміку. На зыходзе 1931 г. кіраўніцтва СССР паспешліва ідзе на стварэнне Цэнтральнага ўпраўлення народнагаспадарчага ўліку (ЦУНГУ СССР). Яно па-ранейшаму ўваходзіла ў склад Дзяржплана, але з пэўнай аўтаноміяй. Кіраўнік ЦУНГУ М. Асінскі аб'явіў вайну скажэнням інфармацыі.

Адпаведныя змены адбыліся і ў рэспубліцы. У 1932 г. на аснове сектара народнагаспадарчага ўліку Дзяржплана БССР было створана Упраўленне народнагаспадарчага ўліку БССР. Рэспубліканскае ўпраўленне атрымала інструкцыі ЦУНГУ аб правядзенні прамысловых і сельскагаспадарчых перапісаў і кантрольнага ўліку устаноў аховы здароўя. Паляпшэнню справы павінна было садзейнічаць рашэнне аб крымінальнай адказнасці за прадстаўленне недакладных звестак аб выкананні планаў. Працэс паляпшэння спраў у галіне статыстыкі быў перарваны рэпрэсіямі сярэдзіны 1930-х гг.

Пачатак вайны акрэсліў неабходнасць змен. У 1941 г. ЦУНГУ пры Дзяржплане СССР было пераўтворана ў ЦСУ, а ў 1948 г. вылучылася са складу Дзяржплана ў ЦСУ пры Савеце Міністраў СССР. Адпаведна была адноўлена дзейнасць ЦСУ БССР. Статыстычныя ўстановы БССР па-ранейшаму функцыяніравалі як састаўное звяно статыстычнай службы СССР.

З 1990 г. дзейнічае Дзяржаўны камітэт Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь па статыстыцы і аналізу. Камітэту падпарадкаваны раённыя і гарадскія аддзелы, абласныя і Мінскае гарадское ўпраўленні.

2. Дэмаграфічная статыстыка

Савецкi ўрад амаль з першых дзён вызначыў мерапрыемствы па паляпшэннi ўлiку насельнiцтва. Ужо 18 снежня 1917 г. быў выдадзены дэкрэт аб увядзеннi спецыяльных кнiг для запiсаў актаў грамадзянскага стану - нараджэнняў, смярцей, шлюбаў, а на пачатку наступнага 1918 г. функцыi рэгістрацыi гэтых актаў ад царквы былi перададзены грамадзянскiм органам. Безумоўна, шэраг цяжкасцей напачатку перашкаджаў дакладнаму ўлiку. Аднак па меры ўмацавання Савецкай улады, яе органаў на месцах да сярэдзiны 1920-х гг. справы з улiкам насельнiцтва iстотна палепшылiся. Звесткi аб натуральным (нараджэнні і смерці, колькасныя паказчыкі) руху насельнiцтва публiкавалiся да 1929 г. i пасля пэўнага перапынку - з сярэдзiны 1950 г. Пры гэтым з 1973 г. са старонак статыстычных выданняў паступова знiкаюць звесткi аб дзiцячай смяротнасцi. У 1972 г. былi апублiкаваныя апошнiя таблiцы сярэдняй працягласцi жыцця i ў 1976 г. у апошнi раз з'явiлiся ў друку паўзроставыя каэфiцыенты смяротнасцi. Натуральны рух насельніцтва, такiм чынам, быў зведзены да нараджальнасцi.

Асаблiвае месца ў дэмаграфiчнай статыстыцы навейшага часу належыць перапiсам. Усяго за гады Савецкай улады было праведзена дзевяць перапiсаў насельнiцтва: у 1920, 1923, 1926, 1937, 1939, 1959, 1970, 1979, 1989 гг.

У 1920 г. Беларусь была вызвалена ад палякаў, але да моманту перапісу (28.08.1920) перагаворы з Польшчай не закончыліся і пагранічная лінія яшчэ не была вызначана. Сярод насельніцтва хадзілі чуткі аб магчымасці перадачы Беларусі пад пратэктарат Польшчы і многія беларусы лічылі за лепшае назвацца рускімі. Многiя раёны не былi ахоплены перапiсам - панаваў бандытызм. Таму матэрыялы перапiсу 1920 г. нельга лiчыць дакладнымi.

Больш насычаныя канкрэтнымі фактамі па гісторыі Беларусі матэрыялы перапісу 1923 г. апублікаваныя ў перыядычным выданні ЦСУ («Труды ЦСУ», т. ХХ). Акрамя дадзеных выключна эканамічнага зместу, у іх ёсць звесткі аб узроставай дынаміцы, нацыянальным складзе. У пэўнай ступені зніжае каштоўнасць азначаных матэрыялаў тое, што перапіс датычыўся толькі гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама праведзенае ў 1924 г. размежаванне павялічанай тэрыторыі БССР на акругі і раёны. Менавіта апошняе прывяло да несупастаўнасці большасці звестак з паказчыкамі наступных перапісаў. У гэтым сэнсе больш карыснымі бачацца апублікаваныя ў 1925 г. «Вынікі адміністрацыйнага сьпісу паселішчаў і гаспадарак БССР на 1 студзеня 1925 г.». Такая распрацоўка якраз і была выклікана істотнымі цяжкасцямі, якія ўзніклі з-за немагчымасці карыстацца ранейшымі статыстычнымі матэрыяламі. Адсюль - спроба высветліць дэмаграфічныя, эканамічныя і іншыя народнагаспадарчыя паказчыкі не толькі па 10 акругах БССР, але і па кожным сельскім Савеце.

Каштоўнасць «Вынікаў...» павялічваецца праведзеным у 1926 г. усесаюзным перапісам (па стану на 17 снежня). Да таго ж перапіс, якi ахапіў 12 акруг БССР, захаваў пэўную пераемнасць з папярэднімі. Праграма перапісу 1926 г. вызначалася зместам чатырох апытальных фармуляраў: асабістага лістка, дададзеных да яго ў гарадах і паселішчах сямейнай карты і ўладальніцкай ведамасці, а таксама пасяленнага спісу гаспадароў дома (у сельскай мясцовасці). Выклікаюць цікавасць і асаблівасці апытання па азначанай праграме. Так, пры адказе на пытанне аб мове рэгістратар не павінен быў пытацца: «Ваша родная мова?», а прыкладна ў такой форме: «Якою мовай вы найлепш валодаеце?» або «На якой мове вы звычайна гаворыце?» Зразумела, пры гэтым трэба прымаць пад увагу кампанію па беларусізацыі, што праводзілася ў БССР з 1924 г.

Ніводны з папярэдніх і наступных перапісаў насельніцтва не быў апублікаваны ў такім аб'ёме, як перапіс 1926 г. (56 тамоў). Ад распрацоўкі папярэдніх перапісаў ён адрозніваецца і арганізацыйнай цэласнасцю сістэмы абагульнення матэрыялаў. Спачатку выступае праблема этнічная, насельніцтва як сукупнасці народнасцей. І ў спалучэнні з гэтым разглядаюцца іншыя характарыстыкі: адносіны да працы, сацыяльнай групы, полу, узросту і г. д. Так, том Х (народнасць, родная мова, узрост, пісьменнасць) змяшчае звесткі аб тым, што на тэрыторыі Беларусі пражывалі таксама грэкі, фіны, зыране, чувашы, інгушы, асеціны, шведы, французы; аб іх узроставай структуры, месцапражыванні і г. д. Том XVII (заняткі) асвятляе этнічную структуру розных прафесійных груп па галінах народнай гаспадаркі ў розных акругах БССР. Тут таксама ёсць каштоўны матэрыял для характарыстыкі галоўных і дадатковых заняткаў самадзейнага насельніцтва з вызначэннем яго этнічнай прыналежнасці.

Безумоўна, вельмі цікава было б (асабліва для вывучэння маштабаў рэпрэсій) параўнаць паказчыкі народанасельніцтва БССР у 1926 г. і ў канцы 1930-х гг. Аднак публікацыя вынікаў перапісу 1939 г. была праведзена толькі часткова («Вестник статистики». 1956. № 6). Што ж датычыцца перапісу 1937 г., то да нядаўняга часу ўвогуле лічылася, што яго матэрыялы загінулі. У 1991 г. апублікаваны знойдзеныя ў архівах звесткі (Всесоюзная перепись населения 1937 г. Краткие итоги). Аднак выкарыстоўваць іх трэба з пэўнымі ўдакладненнямі. Як сведчыць апублікаваная ў Менску ў 1936 г. брашура ў дапамогу садзейнічання брыгадам перапісу, апошні разглядаўся як «масавая палітычная работа» і павінен быў канстатаваць велізарныя поспехі СССР (у дачыненні да росту насельніцтва таксама). Адначасова, параўноўваючы звесткі па гарадах і абагульненыя па БССР, трэба ўлічваць, што ў адрозненне ад перапісу 1926 г., які ахапіў у гарадах пастаянных жыхароў, перапіс 1937 г. закранаў толькі наяўнае насельніцтва.

Асноўнымі дакументамі наступнага перапісу, праведзенага ў 1939 г., з'яўляліся перапісны ліст, інструкцыя па яго запаўненні, кантрольны бланк, даведка аб ходзе перапісу. Праграма перапісу 1939 г. мела шэраг істотных адрозненняў ад папярэдніх пералікаў. У гэтым перапісе было пастаўлена пытанне аб нацыянальнасці, у той час як у перапісе 1926 г. ставілася пытанне аб народнасці. Акрамя пытання аб пісьменнасці наогул, вызначалася пытанне аб яго ўзроўні. Асобныя з папярэдніх вынікаў перапісу 1939 г. былі апублікаваны ў друку 2 чэрвеня 1939 г. і 29 красавіка 1940 г. Больш поўная распрацоўка з'явілася ў часопісе «Вестник статистики» толькі ў 1956 г. (№ 6).

Некалькі перапісаў насельніцтва было праведзена за перыяд знаходжання беларускіх зямель пад уладай Польшчы. Па-першае, гэта перапіс насельніцтва 1919 г. на тэрыторыі, якая кіравалася польскім Грамадзянскім упраўленнем усходніх зямель. Яго звесткі вызначаліся як недакладныя самімі польскімі статыстыкамі. Больш поўным па ахопу і ўліку насельніцтва быў усеагульны перапіс насельніцтва Польскай Рэспублікі 1921 г. Адна з галоўных праблем, якая дыскутуецца да сённяшняга дня, - колькасць беларусаў на тэрыторыі, уключанай у склад Польшчы паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. Ва ўсякім разе, можна згадзіцца з тымі даследчыкамі, якія падкрэсліваюць, што падчас перапісу праводзілася падмена паняццяў: значная колькасць беларусаў-католікаў была залічана палякамі. Яшчэ ў большай ступені такія скажэнні характэрныя для перапісу насельніцтва 1931 г., калі выразна акрэслілася палітыка паланізацыі.

У перыяд вайны правядзенне перапісаў стала немагчымым. Умовы вайны вымушалі праводзіць разлікі насельніцтва часцей і ў пэўных тэрытарыяльных межах. Статыстычныя органы вызначалі колькасць эвакуіраванага насельніцтва, збіралі і распрацоўвалі дадзеныя аб насельніцтве, што знаходзілася на картачным забеспячэнні.

У пасляваенны час задача правядзення перапісу стала больш актуальнай, аднак ажыццяўленне такіх планаў стала рэальным толькі ў канцы 1950-х гг. У 1959 г. быў праведзены чарговы Усесаюзны перапіс насельніцтва. У перапісны ліст быў унесены цэлы шэраг змен у параўнанні з 1939 г. Найперш гэта датычылася адукацыі (лічылася, што непісьменных не засталося, і гэтае пытанне было знята), пытанне аб узроўні адукацыі было пашырана: неабходна было вызначыць вышэйшую, незакончаную вышэйшую, сярэднюю, сярэднюю спецыяльную, сярэднюю агульна-адукацыйную, сямігадовую або пачатковую адукацыю. Вынікі перапісу 1959 г. былі апублікаваны ў 16 зборніках - зводны том па СССР і зборнікі па кожнай з 15 саюзных рэспублік. Значэнне азначанай публікацыі павялічваецца таму, што звесткі прыводзяцца ў параўнанні з аналагічнымі дадзенымі папярэдніх перапісаў насельніцтва (найперш, з перапісам 1939 г.).

Перапіс 1959 г. дазваляе ахарактарызаваць насельніцтва СССР у цэлым і ў тэрытарыяльным аспекце па розных сацыяльна-вытворчых і дэмаграфічных прыкметах. Аднак неабходна адзначыць і пэўную абмежаванасць распрацоўкі яе матэрыялаў у параўнанні з перапісамі 1920 і 1926 гг., калi вывучаліся сямейнае становшча, міграцыі насельніцтва і працягласць яго пражывання.

Пэўныя недахопы папярэдняй работы статыстыкі імкнуліся выправіць падчас чарговага перапісу 1970 г. У прыватнасці, тры новыя пытанні датычыліся міграцыі насельніцтва. Пытанне аб працягласці жыцця ў пэўным населеным пункце давала магчымасць атрымаць звесткі аб падзеле жыхароў на старажылаў і навасёлаў, параўнаць іх сацыяльна-эканамічныя характарыстыкі. Ім былі зададзены пытанні аб папярэднім месцы жыхарства і аб матывах яго перамены. Гэта, у сваю чаргу, дазволіла вызначыць напрамкі міграцыйных плыняў, іх iнтэнсіўнасць. Адпаведна шырэй і праграма распрацоўкі перапісу 1970 г. (56 табліц замест 36 у папярэднім). Больш таго, перапіс 1970 г. быў першым, у якім, побач з пытаннямі абавязковага характару, астатнія сем пытанняў (заняткі, месца работы, грамадская група, працягласць работы і тры пытанні аб міграцыі) задаваліся толькі пастаянным жыхарам кожнага чацвёртага жылога памяшкання. Вынікі перапісу 1970 г. апублікаваныя ЦСУ ў сямі тамах і, у адрозненне ад папярэдняй публікацыі, аб'яднаныя не тэрытарыяльна (па рэспубліках), а тэматычна. Прытым дадзеныя перапісу супастаўляюцца з адпаведнымі дадзенымі перапісу 1959 г. (па асобных паказчыках - 1920 і 1926 гг.).

Перапіс 1979 г. не меў істотных змен, аднак распрацоўка яго праводзілася па пашыранай праграме. Што ж датычыцца публікацыі яго вынікаў, то яны толькі крыху пераўзышлі па аб'ёме перапіс 1920 г. Адзіны том выйшаў у свет толькі праз пяць з паловай гадоў. Вынікі перапісу 1989 г. увогуле амаль не публікаваліся. Выйшла ў свет толькі некалькі брашурак па яго матэрыялах, а таксама публікаваліся асобныя звесткі ў перыядычных выданнях (напрыклад, дадзеныя па г. Мінску ў газ. «Вячэрні Мінск». 1990. 28 сак.).

3. Статыстыка сельскай гаспадаркі

Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў 1917 - 1920 гг., безумоўна, не з'яўляліся спрыяльнымі ўмовамі для статыстычнай працы. Да таго ж палітыка харчразвёрсткі яшчэ магла грунтавацца на прыблiзных, агульных уяўленнях аб велічыні ўраджаю і запасаў асобных сельскагаспадарчых прадуктаў. Аднак асэнсаванне неабходнасці змен у эканамічнай палітыцы патрабавала дакладнага вывучэння праблемы. І ўрэшце, у 1920 г. ЦСУ РСФСР праводзіць першы ў савецкай краіне сельскагаспадарчы перапіс.

Увогуле ў гісторыі савецкай сельскагаспадарчай статыстыкі акрэсліваюцца два асноўныя перыяды: першы - да 1930 г., другі - з пачатку суцэльнай калектывізацыі вёскі. На працягу першага перыяду вывучэнне спраў у сельскай гаспадарцы праводзілася ЦСУ. У цэнтры ўвагі статыстыкі 1920-х гг. знаходзілася індывідуальная гаспадарка. Склаліся наступныя формы абследаванняў: дынамічныя ці «гнездавыя» перапісы, вясеннія (асеннія) апытанні і бюджэтныя абследаванні. З пачаткам жа масавай калектывізацыі статыстычнае вывучэнне базіруецца на гадавых справаздачах калгасаў і саўгасаў, да таго ж гэтае вывучэнне праводзілася пад кантролем тых, хто распрацоўваў планавыя паказчыкі.

Такім чынам, пачатак статыстычнага вывучэння сельскай гаспадаркі можна звязваць з перапісам 1920 г. Перапіс ахапіў пераважную большасць сельскагаспадарчых рэгіёнаў краіны. Аднак праграма вывучэння была абмежаванай, надзейнасць паказчыкаў, сабраных ва ўмовах ваеннага
часу, - невысокай, а сам матэрыял у пасляваенны час хутка састарэў.

Большае значэнне мела апытанне насельніцтва аб формах землекарыстання, праведзенае ў тым ліку і ва Усходняй Беларусі ў апошнія месяцы 1920 г. Анкеты запаўняліся не кожным селянінам паасобку, а адказнымі работнікамі сельскіх Саветаў. Аднак не магчымыя хібы азначанага апытання сталі перашкодай для публікацыі яго вынікаў. Галоўнае: яны не адпавядалі канцэпцыі аб росце цікавасці вяскоўцаў да калектыўных гаспадарак і ідэалагічнай схеме аб «прышчэпаўшчыне». Бо на пытанне: «пры якой з формаў землекарыстання дасягаецца лепшая апрацоўка глебы» - каля 88% апытаных адказалі: «пры хутарской» і 78% рэспандэнтаў вызначылі: насельніцтва іх сельсаветаў імкнецца пераважна да хутарской формы.

У 1920-х гг. найбольш распаўсюджанымі былі два віды выбарачных абследаванняў: дынамічныя (ці гнездавыя) перапісы і асенне-вясеннія апытанні. Дынамічныя перапісы праводзіліся штогод з 1921 па 1929 г. (выключаючы 1928 г.) пераважна ў адных і тых жа тыповых для пэўнай прыродна-гаспадарчай зоны групах паселішчаў («гнёздах»). Сістэматычнае назіранне за адной групай гаспадарак праводзілася па шырокай праграме (рабочая сіла, пасяўная плошча, пагалоўе жывёлы, наяўнасць машын і абсталявання, а таксама арэнда зямлі, жывёлы, інвентару, наём рабочай сілы). У развіцці дынамічных перапісаў вызначаюць два перыяды. Першы (1920 - 1926), калі ўся ўвага была сканцэнтравана на вывучэнні «сацыяльна-арганічнай эвалюцыі», і другі (1927 - 1929), калі асноўным стала вывучэнне сацыяльна-вытворчых адносін у вёсцы. Сапраўды, спроба вызначэння груп у 1920 - 1924 гг. на аснове непасрэдных класавых прыкмет не ўдалася. Пераход да нэпа на вёсцы прадвызначыў неабходнасць змен, якія акрэсліліся ў развіцці дынамічных перапісаў да 1927 г. Быў зменены сам прынцып закладкі «гнёздаў» шляхам іх звязкі з вытворчым напрамкам пэўнай мясцовасці. Тыповасць раёна вызначалася ў залежнасці ад таго, якая з галін сельскай гаспадаркі давала найбольшы прыбытак. Прытым асаблівая ўвага ў праграме 1927 г. звярталася на вызначэнне сацыяльнага складу насельніцтва, якое абслугоўвалася крэдытнай кааперацыяй, і на сацыяльна-класавыя аспекты ўвогуле.

Пэўным мінусам азначаных абследаванняў можна лічыць усё ж нераспрацаванасць і неабгрунтаванасць асобных крытэрыяў для вызначэння сацыяльна-класавай структуры насельніцтва з улікам спецыфікі сельска-гаспадарчай вытворчасці асобных рэгіёнаў СССР (напрыклад, мяса-малочнай жывёлагадоўлі на Беларусі). Істотным недахопам дынамічных абследаванняў з'яўляецца недастатковасць долі вывучаемых гаспадарак і цяжкасці распаўсюджвання дадзеных на больш шырокую тэрыторыю.

Непасрэднае выкарыстанне лічбавага матэрыялу дынамічных перапісаў немагчыма без папярэдняга выяўлення формаў існавання крыніцы, іх месцазнаходжання, колькасных і якасных асаблівасцей. Акрамя матэрыялаў, якія адклаліся ў цэнтральных архівах СССР (зараз РФ), значная іх частка знаходзіцца ў фондзе ЦСУ Нацыянальнага архіва РБ і адпаведных абласных фондах. Што датычыцца публікацый, то найбольш раннія вынікі перапісаў змяшчаліся ў «Працах ЦСУ» (1921 - 1922 гг.). Асноўная ж маса публікацый адносіцца па часу выхаду ў свет да другой паловы 1920-х гг. У гэты час выйшлі і некаторыя рэспубліканскія зборнікі.

Правядзенне вясеннiх апытанняў мела асноўнай мэтай атрыманне статыстычных звестак аб важнейшых паказчыках гаспадаркі на момант заканчэння вясенняга севу, найперш аб стане ўсяго земляробства і жывёлагадоўлі. Гэтыя дадзеныя былі неабходны для вызначэння памераў сельскагаспадарчай вытворчасці ў бягучым годзе і ў першую чаргу валавога збору збожжавых. Перапіс улічваў як насельніцтва, так і пэўныя гаспадарчыя аспекты: жывёлу, інвентар, асабліва падрабязна пасевы розных культур. Акрамя вытворчых, картачка-фармуляр вясенняга апытання ўключала звесткі аб сацыяльных адносінах па найму-здачы інвентару і жывёлы і найму-продажы рабочай сілы.

Абследаванні праводзіліся сіламі валасных статыстыкаў з прыцягнен-нем работнікаў валвыканкамаў, настаўнікаў, добраахвотных карэспандэнтаў і іншых асоб. Але ў сувязi з тым, што вясенняе апытанне праводзілася часцей адначасова з падатковым улікам у даволі сціслыя тэрміны. Таму галоўнай акалічнасцю, якая асабліва істотна зніжала дакладнасць, з'яўляўся спосаб абследавання (вуснае апытанне галавы гаспадаркі аб памерах пасеву па кожнай паасобнай культуры). Зразумела, сяляне заніжалі велічыню засеяных плошчаў, колькасць жывёлы, ураджайнасць. Ацэнка памераў гэтага зані-жэння як у цэлым па краіне, так і па асобных тэрыторыях была ў 1920-я гг. прадметам заўсёдных дыскусій між ЦСУ і Дзяржпланам. У вынiку прымалі-ся адпаведныя папраўкі на недаўлік. У канцы 1920-х гг. для дадатковага ўдакладнення азначаных матэрыялаў выкарыстоўвалі кантроль-ныя абмеры і нават аэрафотаздымкі. Зводкі першапачатковых дадзеных вясенніх 10%-х пе-рапісаў шырока друкаваліся ў статыстычных зборніках ЦСУ СССР, а такса-ма змяшчаліся ў спецыяльных публікацыях мясцовых статыстычных бюро.

Абследаваннем, блізкім да суцэльнага, з'яўляўся падатковы ўлік, які праводзіўся штогод фінансавымі ўстановамі краіны. З 1923 г. пачалося выданне зборніка «Сельское хозяйство Союза ССР в ... году по данным налоговых сводок по единому сельхозналогу» (да 1930 г.). У гэтых зводных выданнях прыводзiліся галоўныя паказчыкі сельскагаспадарчай вытворчасці па тэрыторыях. Аднак фіскальныя інтарэсы, безумоўна, уплывалі на дакладнасць дадзеных. Да таго ж змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле Беларускай ССР (6 паветаў, 10 акруг, 12 акруг, 8 акруг і г. д.) і ў падатка-абкладанні не даюць магчымасці параўнаць большасць звестак, прасачыць дынаміку развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці на працягу 1920-х гг.

Бюджэтныя абследаваннi сялянскіх гаспадарак, якiя праводзіліся ў 1920-х гг., заслугоўваюць асаблiвай увагi. Прыкладнае супадзенне ва ўмовах дробнатаварнай вытворчасці як аб'ектаў статыстычнага назірання сялянскай сям'і і сялянскай гаспадаркі дазволіла злучыць у межах адзінага абследавання аналіз сялянскай вытворчасці і спажывання. Побач з тым вывучаліся такія аспекты, як склад сям'і, землекарыстанне, фондаўзброенасць, адносіны найму, арэндныя, крэдытныя і рынкавыя адносіны. Дэтальнасць і сістэматычнасць дазваляюць акрэсліць гэтыя абследаванні як адну з асноўных крыніц аб дакалгаснай вёсцы. Iх матэрыялы шырока публікаваліся. Дадзеныя па пасеву (па кошту асноўных сродкаў вытворчасці) публікаваліся па найбольш поўнай, а індывідуальныя бюджэты - звычайна па скарочанай праграме. Аднак неабходнасць уліку ўсёй інфармацыі, якая змяшчае стужкі распрацоўкі і бюджэтны бланк, вымушае даследчыкаў звяртацца ў архівы.

У другой палове 1920-х гг. пачынаецца статыстычнае вывучэнне і калектыўных гаспадарак. Звесткі аб калектывах друкаваліся ў згаданым вышэй выданні «Сельское хозяйство Союза СССР в ... году по данным налоговых сводок по единому сельхозналогу», а таксама ў асобных зборніках. Пры вывучэнні звестак азначаных публікацый трэба мець на ўвазе, што колькасны рост калектываў не заўсёды адлюстроўваў рэальныя змены ў настроях сялян. Так, напрыклад, з 1924 г. колькасць калектываў, арганізаваных сялянамі, хутка скарачалася, а агульныя лічбы ўзрасталі за кошт стварэння яўрэйскіх арцелей і г. д.

І ўсё ж публікацыі аб калгасах 1920-х гг. істотна адрозніваліся ад адпаведных выданняў 1930-х гг. З 1930-х гг. у аснову статыстычных звестак кладуцца гадавыя справаздачы калгасаў і саўгасаў. Гэта паступова зніжае якасць інфармацыі. У найбольшай ступенi вызначаецца істотная фальсіфікацыя вытворчасці збожжа. З пачатку 1930-х гг. узнікае ідэя ўліку біялагічнай ураджайнасці (на практыцы яна пачала ажыццяўляцца з
1934 г.). Пры гэтым улічваўся ўраджай «на карню». Магчымыя страты пры транспарціроўцы, сушцы, ачыстцы збожжа прымаліся над увагу не заўсёды, а з 1939 г. пра іх забыліся зусім.

Прыкладна такая методыка праіснавала да сярэдзіны 1950-х гг., калі ўпершыню апублікаваны дадзеныя па валавым зборы як свірнавым («амбарным» - руск.) ураджаі. Але ўжо з сярэдзіны 1960-х гг. фарміруюцца іншыя напрамкі скажэнняў, пачынае фігураваць так званая «бункерная» вага (а між іншым, розніца паміж бункернай вагой і фактычнай - пасля ачысткі і сушкі - можа дасягаць чвэрці ўраджаю). Растуць прыпіскі, калі ўраджайнасць «павялічвалі» за кошт няўлічаных плошчаў, а надоі - за кошт няўлічаных кароў. Прытым здадзеную на мяса з прыватнай гаспадаркі жывёлу асобна не пазначалі. Так складвалася статыстычная дэзінфармацыя.

4. Статыстыка прамысловасці

Адным з першых мерапрыемстваў створанага ў 1918 г. ЦСУ РСФСР (аддзелы асноўнай прамысловай статыстыкі і бягучай прамысловай статыстыкі) было правядзенне першага прамысловага і прафесійнага перапісу (крытычны дзень - 31 жніўня 1918 г.). Асноўная публікацыя дадзеных перапісу ўключае 32 табліцы. Апошнія змяшчаюць галоўным чынам абсалютныя паказчыкі (у натуры і кошце). Але трэба ўлічваць, што ў тыя гады катастрафічнае абясцэньванне валюты зводзіла да нуля значэнне коштавых паказчыкаў. На заводах папяровыя грошы выдавалі рулонамі. Прытым у розных раёнах ступень інфляцыі была неаднолькавай.

Для выкарыстання асноўных табліц неабходна перагрупоўка матэрыялу, перавод абсалютных паказчыкаў у адносныя. Перапіс ахапіў 31 губерню, на якую ўвосень 1918 г. распаўсюджвалася Савецкая ўлада (у тым ліку Смаленскую, Віцебскую і Магілёўскую). На жаль, шмат якія істотныя пытанні прамысловага перапісу не былі абагульнены (у прыватнасці, бланк «Б» - «Арганізацыя кіравання») і гісторыкам неабходна звяртацца да першапачатковых матэрыялаў. Што ж датычыцца перапісаў 1920 і 1923 гг., то пры іх правядзенні не было вызначана дакладнае размежаванне буйной і дробнай прамысловасці; публікацыі дадзеных несупастаўныя, бо перапіс 1923 г. праводзіўся толькі ў гарадах.

Бягучая прамысловая статыстыка ЦСУ ў першай палове 1920-х гг. знаходзілася ў нездавальняючым стане. З пачаткам індустрыялізацыі становішча пачынае мяняцца. Перапісы прамысловасці з 1925 - 1926 гг. былі заменены штогадовымі абследаваннямі фабрык і заводаў (звесткі аб руху сыравіны, зменах у абсталяванні, стане энергетычнай базы і г. д.). Пры публікацыі статыстычных дадзеных упершыню была ўведзена новая класіфікацыя галіновай структуры прамысловасці. Падзел па вытворчасцях (занадта складаны і заблытаны) быў заменены дзвюма асноўнымі эканамічнымі групамі: вытворчасць сродкаў вытворчасці і вытворчасць сродкаў спажывання. Абследаванні былі праведзены ў 1925/26, 1926/27, 1927/28, 1928/29 гг. (з 1921 па 1930 г. гаспадарчы год не супадаў з каляндарным, бо пачынаўся і заканчваўся 1 кастрычнiка. Іх дадзеныя маюць вялікае значэнне для вывучэння працэсу індустрыялізацыі. Дарэчы, з 1 кастрычніка 1926 г. былі ўведзены новыя формы гадавых справаздач, якiя ў асобных прадпрыемствах да гэтага часу дасягалі 7,5 тысяч старонак. Былі зроблены першыя спробы машыннай апрацоўкі дакументаў. З 1927 г. СССР пачаў выпускаць уласныя лічыльныя машыны.

Разам з тым нельга не адзначыць і шэраг недахопаў. Улік зараз ішоў не ў натуральных адзінках, як раней, а па кошту вырабленай прадукцыі. Між іншым аптовыя цэны рэзка ўзрасталі - ішло рэзкае абнаўленне наменклатуры (асартыменту) прадукцыі. З 1930-х гг. з непаладкамі ў статыстыцы не было каму змагацца. ЦСУ ліквідуецца. Статыстыка прамысловасці пачынае грунтавацца на распрацоўцы гадавых справаздач прадпрыемстваў. Дробная прамысловасць, аднак, працягвала ўлічвацца (што асабліва істотна для БССР) на падставе спецыяльных перапісаў, правядзенне якіх з пачатку 1930-х гг. становіцца рэгулярным. Толькі ў 1964 г. яны былі заменены бягучым улікам і справаздачнасцю. Гэты факт неабходна ўлічваць пры аналізе публікацый статыстычных дадзеных.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў паступова аднаўляецца і дзейнасць статыстычных органаў. Ва ўмовах дэфіцыту рабочых рук найбольшае значэнне набывае ўлік прафесійна-кваліфікацыйнага складу рабочых прамысловасці (1945, 1947, 1953, 1954 і г. д.). Аднак і ў пасляваенны час існавала шмат нявырашаных праблем. Зборам статыстычных звестак на прадпрыемствах займаліся больш як 20 аддзелаў і служб. Адсутнічалі каардынацыя iх дзеянняў і падрабязны эканоміка-статыстычны аналіз дадзеных. Пры вывучэнні статыстычных матэрыялаў неабходна ўлічваць і асобныя мерапрыемствы савецкага ўрада, рэформы ў прамысловасці і на транспарце. Так, у штогодніках «Народное хозяйство...» з 1965 - 1966 гг. улік прадукцыі вызначаецца пераважна ў рублях, а не ў фізічных велічынях, і гэтыя паказчыкі на працягу 1970-х гг. па-ранейшаму хутка растуць, што стварае ілюзію дабрабыту. Між іншым прадпрыемствы выкарыстоўвалі ўсе сродкі, каб павялічыць цану вырабленай прадукцыі (абнаўленне асартыменту, выпуск прадукцыі са знакам «Н» - «навінка» і г. д.). У выніку пры перавыкананні планаў прадпрыемствамі фактычнае спажыванне тавараў насельніцтвам не толькі не ўзрастала, але часам і скарачалася. Акрамя таго, неабходна мець на ўвазе і такую рэч, як двайны ўлік (улік кошту тканіны, а пасля пашытай з яе вопраткі, абнаўлення яе асартыменту і г. д.).

ЛИТЕРАТУРА

1. Гл.: Машихин Е. А., Симчера В. М. Статистические публикации в СССР. Библиографический указатель. М., 1975.

2. Итоги Всесоюзной переписи населения 1959 г. СССР (сводный том). М., 1962; Итоги Всесоюзной переписи населения 1959 года: Белорусская ССР. М., 1963.

3. Итоги Всесоюзной переписи населения 1970 г. Т. I - VII. М., 1972 - 1974: т. І. Численность населения СССР, союзных и автономных республик краев и областей. М., 1972; т. ІІ. Пол, возраст и состояние в браке населения СССР, союзных и автономных республик, краев и областей. М., 1972 і г. д.

4. Население СССР. М., 1990; Возраст и состояние в браке населения СССР. М., 1990; Семья в СССР. М., 1990 i г. д.

5. Гл.: «Инструкции для разработки материалов гнезд динамического обследования 1927 г.» і адпаведныя інструкцыі (М., 1929).

6. Статистический ежегодник за 1924 - 25 гг. Вып. ІІ. Ч.І. Минск, 1926; Статистический ежегодник за 1925 - 1926 гг. Минск, 1926, Белорусская ССР в цифрах. К 10-летию существования БССР. 1919 - 1929. Минск, 1929 i iнш.

7. Гл.публікацыі: Население, посев, скот, птица и сельскохозяйственный инвентарь в 1923/24 гг. М., 1926; Основные элементы сельскохозяйственного производства СССР за 1916 и 1923 - 27 гг. по частному сектору сельского хозяйства. М., 1930. У практычных адносінах для гісторыка больш цікавы выйшаўшы раней зборнік: Основные элементы и продукция сельского хозяйства СССР за 1925/26 - 1928/29 гг. с приложением хлебофуражного баланса за 1928/29 г. М., 1928.

8. Агляд фондаў цэнтральных архіўных устаноў. Гл.: Бокарев Ю.П. Бюджетные обследования крестьянских хозяйств 20-х годов // Вопросы истории. 1974. № 6. С. 37 - 48 (акрамя таго, гл. Фонды Наркамфіна і ЦСУ БССР).

9. Колхозы СССР: Статистический справочник. М.: ЦСУ СССР, 1929; Калгасы БССР (папярэднія вынікі абследаванняў у 1928 і 1929 гг.). Мінск, ЦСУ, 1929 і г. д.

10. Труды ЦСУ, т. XXXVI, вып. 1 - 2, 3.

11. У якасці дадатку да публікацыі часта выкарыстоўваюць работу М. Я. Вараб'ёва «Фабрично-заводская промышленность 1913 - 1918 гг.» (Труды ЦСУ, т. XXVI, вып.1 - 2), якая, аднак, мае шэраг недахопаў.

12. Яны захоўваюцца ў ЦДАНГ РФ, ф.1562, воп. 5.

13. Публікацыя гэтых дадзеных знаходзіць адлюстраванне ў часопісе «Веснік статыстыкі».


Подобные документы

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.