Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый)
Спадчына старажытнага свету, сяредніх вякоў і Беларусь. Эканамічнае і політичнае становішча Беларуссі ў складзе Рэчы Паспалітай. Нараджэнне індустыальнай цывілізацыі в Беларусі. Перыяд рэвалюцыі 1917 г. Станаўленне суверэннай Рэспублікі Беларусь.
Рубрика | История и исторические личности |
Вид | курс лекций |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 19.12.2011 |
Размер файла | 318,3 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
1564г. - выданне ў Маскве І. Фёдаравым і П. Мсціслаўцам кнігі “Апостал”.
1568 г. - арыянскі сінод у Іўі, на якім выказана патрабаванне скасавання прыгоннага права.
1574-1624 гг. - дзейнасць у Вільні “друкарскага дому” магілёў-скіх купцоў Мамонічаў.
24 жніўня 1578г. - «Варфаламееўская ноч», масавая разня католікамі пратэстантаў-кальвіністаў, якіх у Францыіі называлі «гугенотамі».
Пытанні для самаправеркі
1. Хто з'яўляецца аўтарам найбольш вядомых хронік XVI ст.?
2. Калі пачалося і як развівалася беларускае кнігадрукаванне?
3. Згадайце асноўных нашых кнігадрукароў і выдаўцоў.
4. Як развівалася абарончае і культавае дойлідства Беларусі?
5. Калі адбыўся падзел паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі?
6. Як нараджаліся новыя плыні ў нетрах каталіцкай царквы?
Пытанне 8. Фарміраванне беларускай народнасці
Народнасць - гэта моўная, тэрытарыяльная, эканамічная і культурная супольнасць людзей, якая склалася гістарычна і наступае пасля родава-племянной супольнасці; папярэднічае нацыі.
Працэсы фарміравання кожнай народнасці цесна звязаны з тэрытарыяльнымі, геаграфічна-кліматычнымі, сацыяльнымі і не-паcрэдна этнічнымі фактарамі. Прыродныя Беларусі дастаткова спрыяльныя для жыцця і дзейнасці насельніцтва. Сярод славянскіх плямённых супольнасцяў першымі насельнікамі былі крывічы, дрыгавічы, радзімічы. Працэсы засялення імі гэтых земель пача-ліся ў І тысячагоддзі н.э. На гэтай тэрыторыі пражывалі балцкія і фіна-ўгорскія плямёны.
У другой палове I тысячагоддзя праходзілі працэсы ўзае-мапранікнення славян і неславянскіх этнічных супольнасцей. Ад-носіны паміж імі не заўсёды мелі мірны характар. Археалагічныя раскопкі некаторых старажытных умацаваных гарадзішчаў выяўляюць сляды ваенных сутычак, пажарышчаў. Абагульненне апошніх дадзе-ных прывяло навукоўцаў да стварэння тэорыі субстратнага паходжання беларусаў. Сутнасць яе заключаецца ў тым, што на беларускай тэрыторыі славяне асіміліравалі балтаў, але і самі адчувалі моцны ўплыў балцкага субстрату. Найбольш інтэнсіўна гэтая “дыфузія” праходзіла ад пачатку VІІ - VІІІ ст. да канца ХІІІ ст.
Усходнеславянскія плямёны - крывічы, дрыгавічы, радзімічы і некаторыя балцкія аб'яднанні кансалідаваліся ў адзіны феадальны этнас. Асноўны перыяд інтэнсіўнай кансалідацыі прыпаў на XIV-XVI ст. і стымуляваўся сацыяльна-палітычнымі і эканамічнымі працэсамі ў межах ВКЛ. Першасныя сляды гэтага працэсу некаторыя навукоўцы адзначаюць у Полацкім княстве IX-XIII ст. (Старажытны перыяд). Пачатак перыяду ВКЛ (другая палова XIII-XIV і XV-XVI ст. быў часам умацавання, панавання і пашырэння гэтага этнічнага комплексу на тэрыторыі Падняпроўя, Панямоння, Пабужжа і г.д.
У помніках пісьменства, якія звязаны непасрэдна са старажыт-ным Полацкам, выразна праступаюць рысы сучаснай беларускай мовы, якія генетычна звязаны з крывіцкімі дыялектамі. Гэтыя моманты адыгралі цэментуючую ролю ў складанні беларскага этнаса, а рост га-радоў, узмацненне сацыяльна-эканамічных сувязяў, развіццё матэры-яльяльнай і духоўнай культуры стваралі перадумовы для фарміравання беларускай народнасці.
Асноўныя тэрміны і паняцці
Народнасць - гэта моўная, тэрытарыяльная, эканамічная і культурная супольнасць людзей, якая склалася гістарычна і наступае пасля родава-племянной супольнасці; папярэднічае нацыі.
Пытанні для самаправеркі
1. Як адбываўся працэс складвання беларускага этнаса?
2. У чым тоеснасць канцэптуальных поглядаў прадстаўнікоў навукі суседніх краін на працэсы станаўлення беларускага этнасу?
Спіс літаратуры
Крыніцы
Беларускія летапісы і хронікі. - Мн., 1997.
Белоруссия в эпоху феодализма; В 4 кн. - Мн., 1969-1972.
Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. - Мн., 1998.
Полное собрание русских летописей. - М., 1975. Т. 32.
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г.: Тэкст. Даведнік. Каментарьіі. - Мн., 1989.
Асноўная
Айчынная і сусветная гісторыя. Курс лекцый: У 2 ч. - Мн., 1995.
Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Нав. рэд. А.М. Алпееў. - Мн., 2002.
Гісторыя Беларусі: У 2 ч. - Мн., 2000.
Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі. - Мн., 1994.
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь. Полацкі і Навагародскі перыяды: Гістарычны нарыс. - Мн., 1990.
Ігнатоўскі І.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. - Мн., 1991.
Ластоўскі В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. - Мн., 1992.
Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. - Мн., 1994-1995.
Цітоў А.К. Гарадская геральдыка Беларусі. - Мн., 1989.
Чигринов П.Г. Очерки истории Беларуси. - Мн., 1997.
Эканамічная гісторыя Беларусі: Курс лекцый. - Мн., 1996.
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. - Мн., 1992.
Юхо Я.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. - Мн., 1992.
Дадатковая
Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына - беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. - Мн., 1993.
Гісторыя Беларускай ССР: У 5 т. - Мн., 1971-1975.
Лыч Л.М., Навіцкі У.Л. Гісторыя культуры Беларусі. - Мн., 1996.
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага: Падзеі і асобы. - Мн., 1993.
Пашута В.Т. Образование литовского государства. - М., 1989.
Праз смуту стагоддзяў. - Мн., 1993.
Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Белоруссии (XV-XVI вв.). - Мн.,1993.
Францыск Скарына і яго час. - Мн., 1988.
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. - Мн., 1991-2003. Т. 1-6.
РАЗДЗЕЛ ІІ. БЕЛАРУСЬ АД ЛЮБЛІНСКАЙ УНІІ (1569 г.) ДА ПАДЗЕЛАЎ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ
ТЭМА 1. ПАЧАТАК НОВАГА ЧАСУ. ЭКАНАМІЧНАЕ І ПАЛІТЫЧНАЕ СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСІ Ў СКЛАДЗЕ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ (КАНЕЦ XVІ - XVII ст.)
Пытанне 9. Утварэнне Рэчы Паспалітай і становішча ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай
Перадумовы аб'яднання ВКЛ і Кароны Польскай былі звязаны, па-першае, з унутрыпалітычным развіццём ВКЛ, з імкненнем шы-рокага кола сярэдняй і дробнай шляхты ВКЛ да набыцця польскіх “залатых шляхецкіх вольнасцей”; па-другое, з палітычнымі намаган-нямі польскай шляхты, якая жадала далучыць да Кароны багатыя землі заходняга суседа; па-трэцяе, з дынастычнымі цяжкасцямі, бо агульны гаспадар Польшчы і ВКЛ Жыгімонт ІІ Аўгуст, апошні з дынастыі Ягелонаў, не меў нашчадкаў, і з яго смерцю канчаткова спынялася дзейнасць Крэўскай уніі паміж дзвюма краінамі. Вызначальнай пры-чынай Люблінскай уніі сталі знешнепалітычныя абставіны - менавіта цяжкае становішча ВКЛ у Лівонскай вайне, захоп войскамі Івана IV шэрагу гарадоў на Беларусі. Пагроза страты незалежнасці прымусіла Вялікае Княства аб'яднацца з Польшчай у адзіную дзяржаву.
Люблінскі сейм пачаўся 10 студзеня 1569 г. і працягваўся 6 месяцаў. Кожны з бакоў ставіў свае ўмовы, якія не прымаліся супрацьлеглым. Дэлегаты ад Вялікага Княства падтрымлівалі унію на ўмовах раўнапраўя: 1) адзіны гаспадар і адзіны сейм з роўнай колькасцю прадстаўнікоў ад Княства і Кароны; 2) абранне караля сеймам і каранацыя яго спачатку ў Кракаве, потым у Вільні; 3) за-хаванне дзяржавамі тэрытарыяльнай цэласці, недатыкальнасці, асо-бных органаў улады і кіравання; 4) збіранне агульнага сейма пачаргова ў Польшчы і ВКЛ і г.д. Умовы дэлегатаў з Польшчы былі зусім іншыя: 1) інкарпарацыя ВКЛ; 2) утварэнне адзінай цэлай дзяржавы, адзінай супольнасці; 3) адзіны кароль польскі, які будзе выбірацца ў Польшчы і г.д.
Калі паслы Вялікага Княства ўбачылі пагрозу гвалтоўнага заключэння уніі на непрымальных для іх умовах, яны 1 сакавіка пакінулі Люблін. Тады польскі бок пайшоў на дэманстрацыю сілы. Польская шляхта дабілася ад Жыгімонта ІІ Аўгуста выдання ўказаў аб далучэнні да каралеўства Польскага Падляшша, Валыні, Падолля і Кіеўшчыны. Гэта аслабіла і без таго падарваную Лівонскай вайной магутнасць ВКЛ, якое не мела моцы ваяваць на два франты. Цяжкія перагаворы былі адноўлены. У выніку акт Люблінскай уніі быў афор-млены ў выглядзе дагавора, зацверджанага пастановай Люблінскага сейма 1 ліпеня 1569 г.
Заключэнне дзяржаўнай уніі паміж дзвюма суседнімі краінамі - Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім, Жамойцкім і Каронай Польскай - было падзеяй, якая прадвызначала далейшы лёс народаў, што насялялі гэтыя краіны. Унія мела значны ўплыў і на стан спраў ва ўсёй Еўропе, бо на яе карце з'явілася новая дзяржава - Рэч Паспалітая - адна з самых вялікіх і шматэтнічных.
Умовы аб'яднання былі наступныя: адзіны манарх, які пры каранацыі абвяшчаўся каралём Польскім, вялікім князем Літоўскім, Рускім, Прускім, Мазавецкім, Жмудскім, Кіеўскім, Валынскім, Падляшскім, Інфлянцкім і інш.; збіраліся агульныя сеймы, якія склікаліся толькі ў Польшчы, адна Рада; агульная знешняя палітыка; манета аднолькавая і раўнацэнная; скасаванне ўсіх законаў і дагавораў, якія супярэчылі акту уніі; ліквідаваліся мытні паміж краінамі; кароль абвяшчаў захаванне ўсіх правоў, прывілеяў, пасад, тытулаў падданых абедзвюх дзяржаў; абвяшчаўся дазвол на набыццё маёнткаў, зямлі ў любой частцы Рэчы Паспалітай і г.д.
Такім чынам, дзве краіны павінны былі зліцца ў адно цэлае, адзіны дзяржаўны арганізм. Аднак магнаты ВКЛ, незадаволеныя уніяй, палітычныя намаганні накіравалі на ўмацаванне самастойнасці княства ў межах Рэчы Паспалітай. Вялікае Княства Літоўскае захавала свой урад і адміністрацыйны апарат, судовую сістэму, казну, войска, заканадаўства, дзяржаўную пячатку; да 1696 г. афіцыйнай дзяржаўнай мовай у Княстве заставалася беларуская. Насуперак акту Люблінскай уніі на працягу 70-80-х гг. XVI ст. у Вялікім Княстве рэгулярна збіраліся агульнадзяржаўныя сеймы.
Найбольш поўна адасобленасць Вялікага Княства Літоўскага была юрыдычна замацавана ў ІІІ Статуце ВКЛ 1588 г. У ім ніводнага разу не ўпамінаецца акт уніі. Згодна з нормамі дзяржаўнага права, Статутам 1588 г. абвяшчалася самастойнасць і тэрытарыяльная цэласнасць Вялікага Княства Літоўскага, недатыкальнасць яго межаў. Статут забараняў іншаземцам - у першую чаргу палякам - набываць у княстве землі, маёнткі і дзяржаўныя пасады. Галоўнае значэнне Статута 1588 г. у тым, што ён заканадаўча аформіў захаванне ВКЛ як дзяржавы насуперак акту Люблінскай уніі.
Даволі супярэчлівым застаецца пытанне адносна формы дзяр-жаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Згодна з палажэннямі Люблінскай уніі мэтай было заснаванне унітарнай дзяржавы. Узаемаадносіны паміж Каронай і княствам, імкненне ВКЛ захаваць самастойнасць не спрыялі ўтварэнню унітарнай дзяржавы. Гэта дае падставу некаторым даследчыкам лічыць Рэч Паспалітую канфедэратыўнай дзяржавай. Іншыя навукоўцы сцвярджаюць, што была ўтворана федэратыўная дзяржава, у якой ВКЛ і Польшча мелі адносную самастойнасць, абмежаваную дзейнасцю адзінага караля і адзінага сейма.
Органы дзяржаўнай улады і кіравання. Рэч Паспалітая была канстытуцыйнай саслоўнай манархіяй на чале з выбарным каралём. Заканадаўчым органам быў двухпалатны вальны сейм (парламент), які складаўся з сената і пасольскай ізбы. Сенат быў вышэйшай палатай сейма, у якую ўваходзілі духоўная і свецкая знаць, службовыя асобы. Лік членаў сената даходзіў да 150 чалавек. Ніжэйшай палатай сейма была пасольская ізба, у якую ўваходзілі дэпутаты ад шляхты асобных паветаў, абраныя на павятовых сейміках. У сярэдзіне XVIII ст. у скла-дзе пасольскай ізбы было 236 дэпутатаў. Вальныя сеймы дзяржавы засядалі ў Варшаве, а з 1673 г. кожны трэці сейм збіраўся ў Гродна.
Да кампетэнцыі агульных сеймаў Рэчы Паспалітай, акрамя пытанняў дзяржаўнага кіравання і заканадаўства, адносіліся выбранне караля; скліканне паспалітага рушэння (апалчэння); аб'яўленне вайны і заключэнне міру; устанаўленне падаткаў з шляхты для вядзення вайны. Усе пастановы на вальным сейме прымаліся аднагалосна, але з цягам часу прынцып аднагалоснасці ўсё больш і больш перашкаджаў нармальнай працы сейма. Даволі было аднаму дэпутату не згадзіцца з пастановай большасці і вынесці сваё “liberum veto” - “не дазваляю”, - як гэта пастанова не прымалася.
На чале выканаўчай улады стаяў кароль, які ўзначальваў сенат, склікаў сеймы, вызначаў тэрмін іх пасяджэнняў, назначаў на вышэйшыя ўрадавыя пасады, назначаў і прымаў паслоў, вёў знешнюю палітыку, за якую адказваў перад вальным сеймам. Улада караля абмяжоўвалася не толькі правам “liberum veto”, але і пагадненнямі, падпісанымі ў час яго ўступлення на прастол. Шляхта заключала “Пакта канвента” - дагавор, згодна з якім кароль ускладаў на сябе шэраг абавязкаў па вырашэнні некаторых унутраных і знешнепалітычных праблем. У 1573 г. пры абранні каралём Рэчы Паспалітай Генрыка Валежыча (Валуа) былі распрацаваны “Генрыхавы артыкулы”, якія насілі нязменны характар, і кожны нанава абраны кароль абавязаны быў іх пацвердзіць. У іх вызначаліся паўнамоцтвы каралеўскай улады і сейма: свабода абрання караля, свабода хрысціянскага веравызначэння, абавязак склікаць сеймы, не склікаць агульнае апалчэнне і не ўстанаўліваць новыя падаткі і пошліны без згоды сейма, мець пры сабе пастаянны савет з 16 сенатараў-рэзідэнтаў. Акрамя таго, шляхта мела права не падпарадкоўвацца каралю і выступіць супраць яго, калі кароль дзейнічаў насуперак правоў шляхты і сваіх абавязкаў.
Вага шляхты была вялікай. Большасць шляхцічаў былі землеўладальнікамі, але было шмат і такіх, якія не мелі зямлі і неслі службу ў заможных паноў і магнатаў, складаючы іх світу. Юрыдычна як паны, магнаты, так і сярэдняя і дробная шляхта былі роўнымі паміж сабой. Аднак рашаючай палітычнай сілай у дзяржаве з'яўляліся паны і магнаты, якія складалі сенацкае саслоўе. Толькі шляхта мела права валодаць зямлёй. Шляхціч не мог быць арыштаваны, а яго маёмасць канфіскавана без дазволу суда. Судзіць шляхціча мог толькі шляхецкі суд. Адзінай павіннасцю яе з'яўлялася вайсковая служба. Шляхта Вялікага Княства Літоўскага паступова апалячвалася, далучаючыся да “залатых польскіх шляхецкіх вольнасцей” і пераймаючы мову і рэлігію (каталіцызм).
Такім чынам, Рэч Паспалітая, нягледзячы на існаванне каралеў-скай улады, не была ў поўнай меры манархіяй, бо ўлада фактычна належыла сейму і шляхце.
Асноўныя тэрміны і паняцці
Люблінская унія 1569 г. - пагадненне аб дзяржаўна-палітычным саюзе Вялікага Княства Літоўскага з Каронай Польскай, паводле якога была ўтворана новая дзяржава - Рэч Паспалітая.
Рэч Паспалітая (res publica) - (рэспубліка з лацінскай мовы) - афіцыйная назва польскай дзяржавы, якая аб'яднала землі Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага. Існавала ў 1569-1795 гг.
Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. - ІІІ Статут ВКЛ. Звод законаў дзяржаўнага, адміністрацыйнага, ваеннага, судовага, кры-мінальнага і г.д. права. Выдадзены на беларускай мове. Дзейнічаў на тэрыторыі Літвы і Беларусі да 1840 г.
Храналогія падзей
1558-1583гг. - Лівонская вайна.
1 ліпеня 1569 г. - падпісанне Люблінскай уніі. Утварэнне Рэчы Паспалітай.
1581 г. - утварэнне галоўнага трыбунала (вышэйшага суда) Вя-лікага Княства Літоўскага.
1588 г. - прыняцце ІІІ Статута ВКЛ.
Пытанні для самаправеркі
1. Якія галоўныя прычыны і перадумовы заключэння дзяржаў-нага саюзу паміж ВКЛ і Польшчай?
2. На якіх умовах Вялікае Княства Літоўскае ўвайшло ў склад Рэчы Паспалітай?
3. У чым гістарычнае значэнне Статута 1588 г.?
ТЭМА 2. РЭЧ ПАСПАЛІТАЯ Ў ЕЎРАПЕЙСКІХ КАНФЛІКТАХ XVII ст. ЭПОХА АДРАДЖЭННЯ: АСВЕТНІКІ І ІДЭІ СВАБОДЫ
Пытанне 10. Войны і сацыяльна-палітычныя канфлікты другой паловы XVI - XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі
Другая палова XVI-XVIII ст. для гісторыі Беларусі характэрна шматлікімі разбуральнымі войнамі. Першай вайной Рэчы Паспалітай, атрыманай ёй у спадчыну ад Вялікага Княства Літоўскага, была Лівонская. Абраны ў 1576 г. польскі кароль Стэфан Баторый фарміруе наёмнае войска і пачынае контрнаступленне супраць расійскай арміі ў Лівоніі і на Беларусі. Ваенныя дзеянні пераносяцца і на ўласна рускую тэрыторыю. Баторый распачынае аблогу Пскова ў 1581-1582 гг., якая канчаткова вызначыла вынік вайны і прымусіла знясіленыя 25-гадавой барацьбой дзяржавы пачаць мірныя перамовы. Яны праходзілі паблізу Запольскага Яма. Згодна з перамір'ем (на 10 гадоў), Рэч Паспалітая вяртала Расіі гарады - Вялікія Лукі, Холм, Завалочча, Ізборск, Апочку, Гдоў, Себеж і інш. Расія, у сваю чаргу, адмаўлялася ад усіх зямель, захопленых у Лівоніі і на Беларусі. У выніку Лівонскай вайны аказала-ся спустошанай і зруйнаванай паўночна-ўсходняя частка Беларусі, за-гінула шмат насельніцтва, знішчаны культурныя каштоўнасці.
У 1598 г. памёр апошні з дынастыі Рурыкавічаў, цар Федар Іванавіч, і ў Расіі пачалася смута, якая падштурхнула феадалаў Рэчы Паспалітай да актыўнай “рускай палітыкі”. У 1604-1605 гг. шляхта пад-трымала самазванца Грыгорыя Атрэп'ева, які заявіў аб сваіх прэтэнзі-ях на маскоўскі прастол у якасці царэвіча Дзмітрыя. Арганізатарам паходу Лжэдзмітрыя ў Расію становіцца чыноўнік Рэчы Паспалітай се-натар Юрый Мнішак. Прыход “сапраўднага і законнага” цара выклікаў народныя паўстанні ў Чарнігаве, Пуціўлі, Курску і іншых гарадах, а таксама на Арлоўшчыне і Браншчыне. На бок самазванца пачалі пера-ходзіць не толькі просты люд, але і дваране, што адкрыла Лжэдзмі-трыю шлях на Маскву. У ліпені 1605 г. ён вянчаўся ва Успенскім са-боры на прастол як цар і вялікі князь усёй Русі. Аднак праз год самазванца зверглі.
Замест звергнутага з'яўляецца другі самазванец - Міхаіл Малча-наў, які ўвайшоў у гісторыю як Лжэдзмітрый ІІ. Магнаты Рэчы Паспа-літай імкнуліся выкарыстаць у сваіх інтарэсах Лжэдзмітрыя ІІ і тое, што дзесяткі гарадоў прысягнулі яму на вернасць. У верасні 1609 г. армія Рэчы Паспалітай на чале з каралём Жыгімонтам ІІІ уступіла ў межы Расіі. У ліпені 1610 г. у Маскве пачаўся мяцеж супраць цара В. Шуй-скага. Група баяр, што прыйшла да ўлады, прапанавала народу запрасіць на рускі прастол сына Жыгімонта ІІІ каралевіча Уладзіслава. У верасні 1610 г. у Маскву ўвайшлі войскі Рэчы Паспалітай, і Уладзіслаў IV абвясціў сябе рускім царом. У 1612 г. у барацьбу з новым царом уступае апалчэнне на чале з К. Мініным і Дз. Пажарскім, у выніку якой гарнізон Рэчы Паспалітай вымушаны быў пакінуць Маскву.
У снежні 1618 г. было заключана пагадненне аб перамір'і на 14 з паловай гадоў. Да Рэчы Паспалітай адышлі Ноўгарад-Северская, Чарнігаўская і Смаленская землі.
У 1632-1634 гг. Расія зрабіла спробу захапіць Смаленск. Гэта вайна ўвайшла ў гісторыю пад назвай Смаленскай. Рэч Паспалітая захавала за сабой усе землі. Дыпламатычным поспехам Расіі была адмова польскага караля ад прэтэнзіі на маскоўскі прастол.
З пераходам большасці ўкраінскай і беларускай шляхты ў каталіцтва, з пашырэннем уплыву уніяцтва Масква выкарыстоўвае рэлігійны аргумент у палітыцы да заходняга суседа - абараніць адна-верцаў-праваслаўных у Рэчы Паспалітай. 1 кастрычніка 1653 г. Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала фактычнае аб'яўленне вайны Рэчы Паспалітай.
У маі 1654 г. пачалася вайна Рэчы Паспалітай з Рускай дзяржавай, у якой прыняла ўдзел большасць насельніцтва Беларусі. Цэнтральным быў смаленскі напрамак. З боку Украіны планавалася аказваць падтрымку рускім войскам на Беларусі. На поўдні Беларусі пачалі наступленне казакі на чале з Іванам Залатарэнкам. Тэрыторыя Беларусі стала галоўным тэатрам ваенных дзеянняў.
Кампанія 1654 г. для рускай арміі праходзіла паспяхова: былі заняты і разбураны 33 гарады. Летам 1655 г. руская армія атрымала шэраг перамог на Украіне. У той жа час у вайну з Рэччу Паспалітай уступіла Швецыя. Хутка шведы занялі Варшаву. У маі 1656 г. цар абвяшчае вайну Швецыі яшчэ да заключэння пагаднення з Рэччу Паспалітай. Спыненне ваенных дзеянняў арміі супраць Рэчы Паспалі-тай выратавала апошнюю ад поўнага разгрому яе Швецыяй.
У 1657 г. памёр Б. Хмяльніцкі, на змену яму прыйшлі адзін за адным гетманы Іван Выгоўскі, Юрый Хмяльніцкі, Пятро Дарашэнка і інш., якія адмаўляюць у падтрымцы Расіі. У выніку гэтага становішча рускіх войскаў на Беларусі і Украіне значна пагоршылася, а вайна прыняла зацяжны характар. Знясіленыя дзяржавы ў 1667 г. у в. Андру-сава паблізу Смаленска падпісалі перамір'е на трынаццаць з паловай гадоў. Рэч Паспалітая страціла Смаленскае ваяводства, Старадубскі павет і Чарнігаўскае ваяводства, Левабярэжную Украіну. Кіеў з акру-гай у адну мілю быў перададзены Расіі на два гады. Дагавор прадуг-леджваў сумесныя дзеянні Расіі і Рэчы Паспалітай у сувязі з узмацнен-нем пагрозы татара-турэцкага нашэсця.
У 1683 г. пачалася вайна Рэчы Паспалітай з Асманскай імперыяй. Рэч Паспалітая разгарнула актыўную дыпламатычную дзейнасць з мэтай прыцягнення Расіі да антытурэцкага саюзу. У выніку ў 1686 г. у Маскве быў падпісаны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай “вечны мір”, у якім замацоўваліся тэрытарыяльныя змены. Рэч Паспалітая канчаткова адмовілася ад Кіева, атрымаўшы грашовую кампенсацыю.
Не абмінула Беларусь і Паўночная вайна 1700-1721 гг., у якой шмат гадоў удзельнічала Рэч Паспалітая. Расія ў жніўні 1700 г. аб'явіла вайну Швецыі. Разбіўшы летам наступнага года саксонскія войскі, шведскі кароль Карл ХІІ заняў у маі 1702 г. Варшаву і прымусіў Аўгуста ІІ падпісаць Альтранштацкі мірны дагавор у верасні 1706 г. Аўгуст ІІ адмовіўся ад польскай кароны на карысць Станіслава Ляшчынскага, ад саюзу з Расіяй. Галоўныя шведскія войскі з Саксоніі накіраваліся на Беларусь, маючы намер праз Смаленск ісці на Маскву. Пераправіўшыся праз Бярэзіну, 3 ліпеня 1708 г. Карл ХІІ нечакана напаў на рускіх і вымусіў іх адступіць. Гэта была апошняя перамога шведаў у Паўночнай вайне. Руская армія заняла важныя стратэгічныя рубяжы. Усё гэта падштурхнула Карла ХІІ павярнуць на Украіну, дзе яго чакаў гетман Мазепа. На дапамогу Карлу ХІІ з Прыбалтыкі ішоў атрад на чале з Левенгаўптам з абозам зброі і харчу. Каб не дапусціць яго злучэння з галоўнымі сіламі шведаў, быў выдзелены атрад, які ўзначаліў Петр І.
Бітва адбылася 28 верасня (10 кастрычніка) 1708 г. ля в. Лясной на паўднёвы ўсход ад Магілёва. Шведы пацярпелі паражэнне.
Шэраг перамог рускай арміі дазволіў Аўгусту ІІ 8 жніўня 1709 г. абвясціць Альтранштацкі мірны дагавор несапраўдным, аднавіць саюз з Расіяй. Паводле міру, заключанаму ў г. Ніштаце, Эстляндыя, Ліфляндыя, Інгрыя і частка Карэліі адышлі да Расіі. Беларусь у выніку вайны страціла каля 700 тыс. жыхароў, многія паветы былі спустошаны.
Такім чынам, войны Рэчы Паспалітай другой паловы XVI - XVIII ст., якія ў той ці іншай ступені закраналі Беларусь, не прынеслі ёй якіх-небудзь здабыткаў. Руйнаваліся гарады і вёскі, скарачалася насельніцтва.
Асноўныя тэрміны і паняцці
Багдан Хмяльніцкі - гетман Украіны, у 1648 г. узначаліў казац-кі рух супраць Польшчы, пайшоў на падпісанне пагаднення з Маскоў-скай дзяржавай, зацверджанае Пераяслаўскай Радай 8 лютага 1654 г.
Вайна 1654 - 1667 гг. - паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Вык-лікана ў значнай ступені імкненнем цара далучыць да сваіх уладанняў Беларусь і Украіну. Пачалася ў сувязі з уваходжаннем Украіны ў склад Рускай дзяржавы паводле Пераяслаўскай Рады.
“Вечны мір” - дагавор 1686 г. Расіі з Рэччу Паспалітай, які пацвердзіў умовы Андрусаўскага перамір'я 1667 г., чым скончылася вайна 1654-1667 гг.
Храналогія падзей
1558-1583 гг. - Лівонская вайна.
1604-1605 гг. - паход Лжэдзмітрыя І на Маскву пры падтрымцы магнатаў Рэчы Паспалітай.
1610-1612 гг. - войскі Рэчы Паспалітай захапілі Маскву.
1632-1634 гг. - вайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай (“Сма-ленская”).
1648-1651 гг. - казацка-сялянская вайна на Беларусі ў сувязі з пачаткам паўстання пад кіраўніцтвам Б. Хмяльніцкага на Украіне.
1654-1667 гг. - вайна Расіі з Рэччу Паспалітай.
1700-1721 гг. - Паўночная вайна.
1704 г. - уступленне рускай арміі на тэрыторыю Беларусі пад час Паўночнай вайны. Пачатак ваенных дзеянняў са шведамі на беларускіх землях.
28 верасня 1708 г. - разгром рускімі войскамі шведскага корпу-са генерала Левенгаўпта каля в. Лясной.
Пытанні для самаправеркі
1. Што характэрна для знешняй палітыкі Рэчы Паспалітай у XVII ст.?
2. Якія прычыны абумовілі вайну 1654-1667 гг.?
3. Якія мэты імкнулася дасягнуць Рэч Паспалітая ў Паўночнай вайне?
Пытанне 11. Эканамічны заняпад Беларусі
ў другой палове XVII - першай палове XVIII ст.
Другая палова XVII - першая палова XVIII ст. характарызуецца глыбокім эканамічным заняпадам і марудным узнаўленнем сельскай і гарадской гаспадарак Беларусі. Важнейшымі прычынамі гаспадарчага заняпаду беларускіх зямель былі наступныя:
1. Шматлікія войны сярэдзіны XVII-XVIII ст. (1648-1651, 1654-1667, 1655-1660, 1700-1721 гг.), якія з велізарнай разбуральнай сілай пракаціліся па беларускіх землях. У выніку ваенных дзеянняў многія вёскі і гарады Беларусі былі разрабаваны і спалены, насельніцтва гінула ад голаду і эпідэмій або ўводзілася ў палон.
2. Рэзкае скарачэнне колькасці насельніцтва. Калі ў 1650 г. на Беларусі жыло 2,9 млн. чалавек, то ў 1667-1673 гг. не больш чым 1,4 млн. Да 1700 г. колькасць насельніцтва вырасла да 2,2 млн., але пасля Паўноч-най вайны зноў зменшылася да 1,5 млн. чалавек.
3. Вялікае змяншэнне колькасці зямель з-за таго, што мноства людзей загінула ў гады ваеннага ліхалецця і не было каму апрацоўваць палі. Увогуле, пасяўныя плошчы Беларусі скараціліся больш чым на палову.
4. Павелічэнне павіннасцей сялянства, якое на карысць памеш-чыкаў выконвала адпрацовачную, грашовую, натуральную, фурманка-вую павіннасці, гвалты, талокі і інш.
5. Няўстойлівыя палітычныя абставіны, барацьба магнатаў паміж сабой за ўладу, якая прыняла характар грамадзянскай вайны, што на-несла вялікія страты эканоміцы Беларусі.
У такіх вельмі цяжкіх і складаных умовах пачалося аднаўленне эканомікі Беларусі і ў першую чаргу - сельскай гаспадаркі. Буйнымі землеўладальнікамі былі магнаты, уласнікі вялікіх зямельных латы-фундый. У канцы XVIII ст. 16 магнацкім сем'ям (Радзівілам, Сапегам, Агінскім, Чартарыйскім і інш.) належала на Беларусі 30% усіх сялян. Буйнейшым феадальным уласнікам быў кароль Рэчы Паспалітай. Маёнткі, якімі ён распараджаўся, называліся каралеўскімі эканоміямі. Самым вялікім каралеўскім уладаннем на ўсходзе Беларусі была Магі-лёўская каралеўская эканомія. Вялікія зямельныя ўладанні належылі каталіцкай і уніяцкай цэрквам.
У ходзе аднаўлення сельскай гаспадаркі феадальная знаць выкарыстоўвала ў асноўным два метады: перавод сялян на грашовы аброк - чынш і пашырэнне фальваркаў. Грашовая рэнта ўжывалася часцей там, дзе разбурэнне было асабліва вялікім і востра не хапала рабочых рук. Развіццё фальварачных запашак практыкавалася звы-чайна там, дзе насельніцтва, якое хоць і рэзка паменшылася, але ў масе сваёй засталося на месцы, і дзе памешчык меў сродкі для вядзення сваёй гаспадаркі ў фальварку.
У 30-40-я гг. XVIII ст. фальварачныя гаспадаркі прыкметна ўзмацніліся галоўным чынам на захадзе і ў цэнтральнай частцы Белару-сі. Дзяржаўная ўлада ўводзіла розныя льготы для сялян, якія бралі для апрацоўкі дадатковыя надзелы.
У сувязі з эканамічным заняпадам гарадоў і скарачэннем унут-ранага рынку было падарвана развіццё гарадскога рамяства. Колькасць рамеснікаў у гарадах Беларусі рэзка зменшылася.
Такім чынам, агульнае эканамічнае разарэнне беларускіх зямель было настолькі страшэнным, што ў цэлым гаспадарка нават да сярэдзіны XVIII ст. не была адноўлена і не дасягнула ўзроўню сярэдзіны XVII ст.
Асноўныя тэрміны і паняцці
Згоны - феадальная павіннасць сялян і часткова мяшчан для выканання тэрміновых сельскагаспадарчых работ звыш цягла. Асаблі-ва пашырыліся ў XVII ст.
Крычаўскае паўстанне 1743-1744 гг. - буйнейшае антыфеада-льнае выступленне сялян на Беларусі ў XVIII ст. на чале з В. Вашчылам.
Чынш - грашовыя плацяжы феадальназалежных сялян земле-ўласніку, памеры якіх з канца XVII да пачатку XVIII ст. павялічыліся ў некалькі разоў.
Храналогія падзей
1743-1744 гг. - паўстанне сялян у Крычаўскім старастве пад кіраўніцтвам В. Вашчылы супраць феадальнага гнёту.
Пытанні для самаправеркі
1. Якія страты панеслі беларускія землі пасля разбуральных войн другой паловы XVII - пачатку XVIII ст.?
2. Якім чынам ішло аднаўленне гаспадаркі Беларусі ў першай палове XVIII ст.?
3. У чым прычыны паўстанняў гэтага часу?
Пытанне 12. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове XVIII ст.
У другой палове XVIII ст. адбылося значнае ажыўленне ва ўсіх сферах эканомікі Беларусі. Гэтаму садзейнічалі наступныя фактары: па-першае, хуткі рост насельніцтва ў XVIII ст. у два разы; па-другое, узрастанне попыту на сельскагаспадарчыя прадукты як у самой Беларусі, так і за яе межамі. Знешні гандаль значна ажывіўся з прычыны рэзкага павышэння цэн на збожжа на замежным рынку; па-трэцяе, гаспадарчай дзейнасці Беларусі садзейнічалі меры па развіццю гандлю і сродкаў зносін. Былі праложаны пінска-слонімскі і пінска-валынскі тракты, праведзены работы па збудаванню рачных партоў, дарог і мастоў. У 1784 г. закончана будаўніцтва канала, які злучыў Шчару, Ясельду і Прыпяць. У 1766 г. уводзяцца адзіныя для Вялікага Княства Літоўскага меры вагі, аб'ёму і даўжыні.
У другой палове XVIII ст. аднаўлялася сельская гаспадарка. У гэты час пачаўся працэс сацыяльнага расслаення ў вёсцы. Каля 10% сялян не мелі сваёй гаспадаркі. Склалася невялікая група багацеяў, якая часам арандавала ў памешчыка цагельныя заводы, млыны, дзе эксплуатавалася праца наёмнай беднаты.
Прыкметныя зрухі ў другой палове XVIII ст. адбыліся ў эканамічным становішчы гарадоў і мястэчак. Узрасла таварнасць рамяства. Колькасць цэхаў прыкметна зменшылася да канца XVIII ст. Рамеснікаў, якія не ўваходзілі ў цэхавую арганізацыю, значна паболь-шала. Такое становішча павялічвала канкурэнцыю і садзейнічала раз-бурэнню сярэдневяковай арганізацыі вытворчасці - цэхаў.
Новай з'явай у эканамічным развіцці Беларусі было зараджэнне ў XVIII ст. мануфактурнай вытворчасці, заснаванай на ручной працы і тэхніцы.
Пачатак стварэння на Беларусі мануфактурнай прамысловасці паклалі буйныя феадалы. Першым прадпрыемствам мануфактурнага тыпу на тэрыторыі Беларусі была шкляная гута ў Налібоках (зараз Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці). Завод быў пабудаваны ў пачатку 20-х гг. XVIII ст. жонкай канцлера Вялікага княства Літоўскага Ганнай Радзівіл. У 1751 г. князь Міхаіл-Казімір Радзівіл заснаваў у Слуцку фабрыку паясоў.
Прадпрыемствамі мануфактурнага тыпу меншых памераў з'яў-ляліся суконныя і палатняныя фабрыкі князя Сапегі ў Ружанах, шкля-ныя заводы графа Салагуба ў мястэчку Ілля (Мінскі павет) і гетмана Масальскага ў маёнтку Мыш (Навагрудскі павет), фаянсавы завод Радзівілаў у мястэчку Свержань і інш.
У другой палове XVIII ст. актыўны ўдзел у развіцці мануфак-турнай вытворчасці прымаў кароль Польшчы Станіслаў Аўгуст. Па яго загаду Антоній Тызенгаўз у 60-70-я гг. XVIII ст. стварыў больш за 20 буйных прамысловых прадпрыемстваў у каралеўскіх эканоміях, у тым ліку больш за 15 мануфактур, фабрыкі залатой і сарэбранай ніці, сталярных вырабаў, зброевы, свечкавы, гарбарны, металаапрацоўчы, бронзавы заводы і інш.
Мануфактуры Беларусі ў XVIII ст. у сваёй аснове былі феадальнымі прадпрыемствамі. Большасць іх працаўнікоў складалі прыгонныя сяляне.
Такім чынам, у другой палове XVIII ст. Беларусь зрабіла значны крок наперад у сваім эканамічным развіцці. Завяршылася аднаўленне сельскай гаспадаркі. Шырокае развіццё набываў працэс стварэння пра-мысловых прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу. У канцы XVIII ст. усё выразней адчуваўся працэс разлажэння феадальных адносін.
Асноўныя тэрміны і паняцці
Вотчынныя мануфактуры - прадпрыемствы мануфактурнага тыпу, якія абслугоўваліся прымусовай працай прыгонных сялян, выкарыстоўвалі рамесную тэхніку і былі заснаваны на кааперацыі і тэхнічным падзеле працы. На тэрыторыі Беларусі з'явіліся ў пачатку XVIII ст.
Мануфактура - (ад лац. мanus - рука і factura - выраб) - прадпрыемства, заснаванае на ручной працы і яе шырокім падзеле. З'яўляецца пераходнай формай ад рамеснай вытворчасці да капіталістычнай фабрыкі. Першыя мануфактуры на Беларусі з'явіліся ў 20-30-х гг. XVIII ст.
Эканоміі - феадальныя зямельныя ўладанні ў Рэчы Паспалітай, выдзеленыя ў канцы XVI ст. з дзяржаўных земляў для задавальнення патрэб караля і прыдворнай казны. Мелі ўласнае адміністрацыйна-гаспадарчае кіраванне. На Беларусі існавалі Брэсцкая, Гродзенская, Кобрынская, Магілёўская, Лідская, Пінская і Слонімская эканоміі.
Храналогія падзей
1720 г. - заснаванне Налібокскай мануфактуры.
1751 г. - заснаванне Слуцкай фабрыкі паясоў.
1767-1783 гг. - будаўніцтва Агінскага канала, які злучыў басейн Нёмана і Дняпра.
Пытанні для самаправеркі
1. Чым вызначалася развіццё эканомікі Беларусі ў сярэдзіне - другой палове XVIII ст.?
2. Што сведчыла аб пачатку разлажэння феадальных адносін?
Пытанне 13. Падзелы Рэчы Паспалітай. Далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі
У XVIII ст. заняпад Рэчы Паспалітай - адной з буйнейшых дзяржаў Еўропы - быў выкліканы шэрагам прычын, галоўныя з якіх - унутрыпалітычныя. У дзяржаве пераважалі працэсы дэцэнтралізацыі і нават анархіі, адсутнічала моцная цэнтральная ўлада. Прынцып выбарнасці, залежнасць ад магнатаў і шляхты рабілі ўладу каралёў фармальнай і абмежаванай. Шляхецкія вольнасці сталі адной з галоўных прычын падрыву ўстояў дзяржаўнасці. Права “ліберум вета” фактычна зрывала працу сеймаў з сярэдзіны XVII ст. Шляхта валодала правам мець свае войскі і замкі, тады як у караля моцнае войска адсутнічала. Усё гэта паслабляла грамадскі і палітычны лад Рэчы Паспалітай, што імкнуліся скарыстаць на сваю карысць суседнія дзяржавы.
З пачатку XVIII ст. Расія, Аўстрыя і Прусія даволі часта ўмешваліся ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. У 1764 г. Расія і Прусія заключылі дагавор, сакрэтны артыкул якога прадугледжваў захоўваць у Рэчы Паспалітай шляхецкія вольнасці, выбарнасць караля. На элекцыйным сейме 1764 г. на трон пры падтрымцы Расіі ўзышоў прадстаўнік групоўкі Чартарыйскіх - Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Новы кароль спрабаваў правесці рэформы ў дзяржаве, накіраваныя на ўзмацненне ўлады, і патрабаваў, каб Расія вывела свае войскі. Незадаволеныя Расія і Прусія зрабілі стаўку на канфесійныя праблемы Рэчы Паспалітай, патрабавалі ўраўноўвання ў правах католікаў і некатолікаў і падтрымалі канфедэрацыі. Прусія ў 1770 г. захапіла паўночна-заходнюю частку Польшчы і прапанавала Расіі заключыць дагавор аб сумесным падзеле Рэчы Паспалітай. Канвенцыя аб першым падзеле Рэчы Паспалітай была падпісана ў Санкт-Пецярбургу паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй у жніўні 1772 г. Расія атрымала Інфлянцкае ваяводства, значную частку Полацкага, амаль усё Віцебскае, усё Мсціслаўскае ваяводствы і ўсходнюю частку Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай урад зрабіў спробу правесці некаторыя рэформы. З мая 1791 г. сейм прыняў Канстытуцыю Рэчы Паспалітай. Згодна з Канстытуцыяй пацвярджаліся ўсе правы і прывілеі, дадзеныя шляхце Польшчы і Вялікага княства Літоўскага; уся шляхта прызнавалася роўнай паміж сабой. Сейм складаўся з дзвюх палат: палаты дэпутатаў і палаты сенатараў. Рашэнне на сейме прымалася простай большасцю галасоў, адмянялася “ліберум вета”, забараняліся канфедэрацыі. Вышэйшым выканаўчым органам - урадам - абвяшчалася “Ахова законаў”, які быў адзіным для ўсёй Рэчы Паспалітай. Ва ўрад уваходзілі кароль, каталіцкі прымас, пяць міністраў. Да найбольш важных змяненняў адносілася адмена выбарнасці каралёў і ўстанаўленне спадчыннасці трона. Кароль надзяляўся шырокімі паўнамоцтвамі і прызнаваўся вышэйшым распараджальнікам усіх узброеных сіл у дзяржаве, прызначаў і здымаў службовых асоб, генералаў, епіскапаў, сенатараў. Канстытуцыя ўмацоўвала дзяржаўную ўладу і абмяжоўвала свавольствы магнатаў.
Для свайго часу Канстытуцыя мела прагрэсіўнае значэнне, але кансерватыўныя слаі шляхты, пазбаўленыя вольнасцей, абвясцілі ў 1792 г. у г. Таргавіцы канфедэрацыю. Таргавіцкая канфедэрацыя звярнулася за падтрымкай да Расіі, якая накіравала 100-тысячную армію ёй на дапамогу, што прывяло да хуткай перамогі канфедэрантаў. Выклікаўшы ваенны разгром Рэчы Паспалітай, Расія садзейнічала яе другому падзелу, які адбыўся ў студзені 1793 г. Пагадненне аб другім падзеле было падпісана паміж Расіяй і Прусіяй. Да Расіі адышла цэнтральная частка Беларусі з гарадамі Мінск, Слуцк, Барысаў, Мазыр, Пінск.
Захопніцкая палітыка замежных дзяржаў выклікала вострае незадавальненне значнай часткі гараджан і прагрэсіўна настроенай шляхты. Прыклад Французскай рэвалюцыі ўказваў на адзіны шлях вызвалення краіны. У сакавіку 1794 г. у Кракаве ўспыхнула паўстанне, у якім прынялі ўдзел шляхта, мяшчане і некаторая частка сялян. На чале паўстання стаў ураджэнец Беларусі Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Паўстанцкія сілы Вялікага Княства ўзначаліў Якуб Ясінскі. Мэта паўстання - адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Быў абвешчаны Акт паўстання, згодна з якім утваралася Вышэйшая народная рада - вышэйшы орган улады паўстання на чале з Касцюшка. 7 мая 1794 г. Касцюшка выдаў “Паланецкі універсал”, якім сяляне аб'яўляліся вольнымі, але без зямлі. Нягледзячы на гэта, шырокай падтрымкі сярод сялян паўстанне не атрымала, бо “Універсал” не адмяняў поўнасцю прыгоннага права. Супраць паўстанцаў выступілі Расія, Прусія і Аўстрыя. У кастрычніку - лістападзе 1794 г. войскі паўстанцаў пацярпелі шэраг паражэнняў, цяжка паранены Касцюшка быў узяты А.В. Суворавым у палон.
У Варшаву былі ўведзены рускія, прускія і аўстрыйскія войскі. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Панятоўскі адрокся ад прастола. Паражэнне паўстання дало магчымасць Аўстрыі, Прусіі і Расіі захапіць усю тэрыторыю Рэчы Паспалітай.
У 1795 г. адбыўся трэці, апошні падзел. Па гэтаму падзелу да Расіі адышлі Заходняя Беларусь, Літва, Курляндыя, частка Заходняй Украіны. Прусія і Аўстрыя падзялілі паміж сабой Польшчу.
Такім чынам, Рэч Паспалітая скончыла свае існаванне.
Асноўныя тэрміны і паняцці
Дэсідэнты - асобы, якія не падзяляюць пануючага ў краіне веравызнання. У Рэчы Паспалітай - у XVII-XVIII ст. - хрысціяне - не-католікі (праваслаўныя і пратэстанты).
Канстытуцыя 3 мая 1791 г. - асноўны закон Рэчы Паспалітай, адна з найбольш дэмакратычных канстытуцый у свой час. Захоўваючы феадальны лад у краіне, яна разам з тым адчыняла шлях буржуазным рэформам.
Храналогія падзей
1764-1795 гг. - гады праўлення Станіслава Аўгуста Панятоўс-кага, апошняга караля Рэчы Паспалітай.
1767 г. - утварэнне канфедэрацый: праваслаўнай у Слуцку, пра-тэстанцкай - у Торуне.
1768 г. - утварэнне Барскай канфедэрацыі.
1772 г. - падпісанне канвенцыі аб першым падзеле Рэчы Паспа-літай.
3 мая 1791 г. - прыняцце Канстытуцыі Рэчы Паспалітай.
1793 г. - другі падзел Рэчы Паспалітай.
1794 г. - паўстанне на чале з Т. Касцюшка.
1795 г. - трэці падзел Рэчы Паспалітай.
Пытанні для самаправеркі
1. Назавіце прычыны падзення Рэчы Паспалітай.
2. Калі і як адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай?
3. Якое значэнне мела Канстытуцыя 1791 г.?
4. Назавіце прычыны і мэты паўстання 1794 г.
Пытанне 14. Культура Беларусі ў другой палове XVI - XVIII ст.
Развіццё культуры беларускай народнасці адбывалася ў цесных узаемакантактах з культурамі іншых краін. На ёй ляжаў моцны адбітак агульнаеўрапейскага Адраджэння, Гуманізму і Рэфармацыі. Хаця і са спазненнем у параўнанні з большасцю еўрапейскіх краін, але і на Беларусі ў другой палове XVIII ст. пачалі распаўсюджвацца прагрэ-сіўныя ідэі Асветніцтва. Усталяванню Асветніцтва спрыялі адкрыцці ў прыродазнаўстве і дасягненні гуманітарных навук. Вялікі ўплыў на светапогляд дзеячоў беларускай культуры другой паловы XVIII ст. аказвалі ідэі французскіх энцыклапедыстаў: Ф. Вальтэра, Д. Дзідро, Ж.-Ж. Русо, а таксама Дж. Лока, Ф. Бэкана, Д. Дэкарта. З 70-х гадоў XVIII ст. французскі вучоны Ж.Э. Жылібер нават быў кіраўніком медыцынскай школы ў Гродна. Ідэі Асветніцтва, з характэрным для яго прыярытэтам асветы, навукі і розуму ў жыцці як кожнага чалавека, так і ўсяго грамадства, знайшлі адлюстраванне ў беларускай філасоф-скай думцы, літаратуры і мастацтве.
Асветніцтва дало нам нямала сапраўды таленавітых дзеячоў. Гэта філосаф і матэматык Б. Дабшэвіч, паэт і эканаміст І. Храптовіч, паэт і астраном М. Пачобут-Адляніцкі. Апошні доўгі час вывучаў планету Меркурый, адкрыў невядомае сузор'е і стаў адным з заснава-льнікаў Віленскай абсерваторыі, а таксама быў рэктарам Галоўнай школы Літоўскай. І. Храптовіч быў прыхільнікам ідэй фізіякратаў, яго пяру належыць шэраг трактатаў на беларускай, польскай, лацінскай мовах па філасофіі, эканоміцы, эстэтыцы. Асаблівую вядомасць набы-ла яго бібліятэка ў Шчорсах. У сваіх творах прапаведваў асветніцтва і Г. Каніскі, царкоўна-палітычны і культурны дзеяч, які заснаваў Магі-лёўскую духоўную семінарыю, а з 1783 г. стаў беларускім праваслаў-ным архіепіскапам.
У другой палове XVIII ст. на беларускіх землях пашыраецца свецкая адукацыя. Гэтаму садзейнічала рэформа школы, якая право-дзілася пад кіраўніцтвам С. Канарскага. У 1773 г. ствараецца Адука-цыйная камісія, за 20 гадоў дзейнасці якой на Беларусі было адкрыта 20 школ (Гродна, Мазыр, Бабруйск, Пінск, Паставы і інш.). Яны з'яў-ляліся сярэдняй ступенню навучання. Ад рэлігійных навук прыярытэт у адукацыі пераходзіў да прыродазнаўчых і грамадскіх.
Пашыраецца кнігадрукаванне. Калі на Беларусі ў першай палове XVIII ст. налічвалася 2 друкарні, то ў другой палове - 11. Шматтысяч-ныя бібліятэкі, кнігазборы, архівы гістарычных дакументаў мелі ў сваіх маёнтках Радзівілы, Сапегі, Агінскія, Тышкевічы.
Літаратурнае жыццё Беларусі другой паловы XVIII ст. вызнача-лася полілінгвізмам, больш адметным, чым панаванне польскай мовы. Поўнага заняпаду беларускай літаратуры не адбылося. Сведчанне таму - творы песеннай інтымнай лірыкі таго часу, якіх налічваецца каля двухсот. Большая частка з іх уваходзіць у “Аршанскі зборнік”, які захоўваецца ў Кракаве ў бібліятэцы Чартарыйскіх. Песенная інтымная лірыка, як і літаратурныя творы іншых жанраў, пісалася на тагачаснай гутарковай беларускай мове.
У XVIII ст. магнацкія рэзідэнцыі становяцца цэнтрамі культур-нага жыцця Беларусі. Многія беларускія магнаты запрашалі да сябе на службу лепшых архітэктараў, мастакоў, музыкантаў. Важнай з'явай жыцця другой паловы XVIII ст. стаў прыгонны тэатр. Найбольш вядо-мымі на Беларусі былі прыгонныя тэатры Радзівілаў у Слуцку і Нясвіжы, Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Ружанскі - Сапегаў, тэатр Тышкевічаў у Свіслачы, Слонімскі тэатр Агінскіх. У тэатрах ставілі п'есы Мальера, камедыі Вальтэра, але найбольш папулярныя былі творы гаспадыні Нясвіжа Францішкі Уршулі Радзівіл.
Свецкі характар у другой палове XVIII ст. набывае і музыка. Магнаты стваралі ў маёнтках прыватныя капэлы і аркестры. Самыя вялікія капэлы былі пры тэатрах Радзівілаў у Нясвіжы, Тыгенгаўза ў Гродна, Сямёна Зорыча ў Шклове. Але асаблівую еўрапейскую славу меў Слонімскі тэатр Міхайла Казіміра Агінскага. Рэпертуар тэатра складаўся з опер і балетаў італьянскіх кампазітараў, а таксама твораў М.К. Агінскага: “Елісейскія палі”, “Зменены філосаф” і інш.
На другую палову XVIII ст. прыходзіцца апошні этап развіцця барока на Беларусі. Позняму беларускаму барока ўласціва маляўні-часць, пластычнасць у спалучэнні з лёгкасцю, стромкасцю і хвалістымі абрысамі вежаў і франтонаў. Найбольш выразна гэтыя рысы выявіліся ў культавых пабудовах другой паловы XVIII ст.: перабудаваны Сафій-скі сабор у Полацку, Васкрасенская царква ў Віцебску, і Крыжаўздві-жанская ў Жыткавічах, касцёлы ў Слоніме, каля Шаркаўшчыны, каля Оршы ў Смалянах.
З 80-х гадоў XVIII ст. стыль барока ў архітэктуры саступае месца класіцызму. У гэты час уводзяцца выдатныя палаца-паркавыя ансамблі, якія спалучалі розныя стылявыя напрамкі - барока, ракако, класіцызм. Галерэю палацаў складаюць рэзідэнцыі буйных магнатаў: Агінскіх у Слоніме, Радзівілаў у Нясвіжы і Дзятлаве, Тызенгаўзаў у Гродна і інш.
У выяўленчым мастацтве Беларусі ў другой палове XVIII ст. назіраліся дзве тэндэнцыі - паступовая страта адметнасці беларускага іканапісу і развіццё свецкага жывапісу. Папулярным відам станковага жывапісу з'яўляўся партрэт. Ствараліся своеасаблівыя родавыя галерэі Тышкевічаў, Радзівілаў і інш. У канцы XVIII ст. барока саступіла месца новаму стылю ў выяўленчым мастацтве - класіцызму.
Другая палова XVIII ст. у гісторыі беларускай культуры не стала перыядам заняпаду, нягледзячы на паступовае акаталічванне, пагрозу паланізацыі. Адносна высокі ўзровень культуры з'явіўся адным з найважнейшых фактараў захавання этнічнай самасвядомасці беларускай народнасці.
Асноўныя тэрміны і паняцці
Адукацыйная камісія - установа, якая кіравала асветай у Рэчы Паспалітай, заснавана ў 1773 г. Галоўны орган, які ў 70-я гг. XVIII ст. праводзіў агульную рэформу школ і вышэйшых навучальных устаноў у Рэчы Паспалітай.
Барока - вядучы накірунак у мастацтве Беларусі XVII-XVIII ст. Характарызуецца кантраснасцю, рухавасцю форм, параднасцю.
Класіцызм - накірунак у еўрапейскай мастацкай культуры другой паловы XVII-XIX ст. На Беларусі з'явіўся з 80-х гг. XVIII ст. Вызначаецца манументальнасцю, урачыстасцю. Шырокае развіццё атрымаў у асноўным у архітэктуры.
Прыгонны тэатр - від прыватнага тэатра ў XVIII - першай палове ХІХ ст. Акцёрамі былі пераважна прыгонныя сяляне.
Храналогія падзей
1696 г. - пастанова сейма Рэчы Паспалітай аб забароне ўжыван-ня беларускай мовы ў дзяржаўным справаводстве.
1773 г. - утварэнне Адукацыйнай камісіі ў Рэчы Паспалітай.
1778-1800 гг. - існаванне Шклоўскага тэатра графа Зорыча.
Пытанні для самаправеркі
1. У якіх умовах развівалася беларуская культура ў XVII-XVIII ст.?
2. Што спрыяла ўсталяванню асветніцтва?
3. Ці можна лічыць другую палову XVII-XVIII ст. часам заняпаду беларускай культуры?
Спіс літаратуры
Крыніцы
Белоруссия в эпоху феодализма; В 4 кн. - Мн., 1969-1972.
Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. - Мн., 1998.
Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.: Тэкст. Даведнік. Каментарьіі. - Мн., 1989.
Уния в документах / Сост. В.А. Теплова. - Мн., 1997.
Асноўная
Айчынная і сусветная гісторыя. Курс лекцый: У 2 ч. - Мн., 1995.
Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Нав. рэд. А.М. Алпееў. - Мн., 2002.
Гісторыя Беларусі: У 2 ч. - Мн., 2000.
Гуревич Ф.Д. Древние города Белорусского Понемонья. - Мн., 1982.
Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі. - Мн., 1994.
Ігнатоўскі І.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. - Мн., 1991.
Ластоўскі В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. - Мн., 1992.
Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. - Мн., 1994-1995.
Цітоў А.К. Гарадская геральдыка Беларусі. - Мн., 1989.
Шчакаціхін М.М. Нарысы гісторыі беларускага мастацтва.- Мн., 1993.
Эканамічная гісторыя Беларусі: Курс лекцый. - Мн., 1996.
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. - Мн., 1992.
Дадатковая
Адраджэнне: Гістарычны альманах. - Мн., 1995. Вып. 1.
Гісторыя Беларускай ССР: У 5 т. - Мн., 1971-1975.
Голенченко Г.Я. Идейные и культурные связи восточнославянских народов в XVI - середине XVII в. - Мн., 1989.
История Европы / А. Жак, Й. Бендер, Г. Иржи и др. - М., 1996.
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. - Мн., 1991-2003. Т. 1-6.
РАЗДЗЕЛ ІІІ. ІНДУСТРЫЯЛЬНАЯ ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ (КАНЕЦ XVIII - ПАЧАТАК XX ст.) І БЕЛАРУСЬ
ТЭМА 1. НАРАДЖЭННЕ ІНДУСТРЫЯЛЬНАЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ І ЯЕ ЎПЛЫЎ
Пытанне 15. Палітыка царызму на тэрыторыі Беларусі ў канцы XVIII - пачатку ХІХ ст.
У пачатку ХІХ ст. тэрыторыя Расійскай імперыі, у склад якой былі ўключаны беларускія землі, складала 16 млн. кв. км., дзе жыло каля 40 млн. чалавек. Расія была феадальнай аграрнай дзяржавай. Больш за 95% насельніцтва жыло ў вёсцы і толькі 4% - у гарадах. Дваране-памешчыкі, якія складалі каля 1% насельніцтва, валодалі зямлёй і 55% сялян. 45% сялян лічыліся ўласнасцю дзяржавы - дзяржаўнымі. У Расійскай імперыі было 634 гарады, з якіх толькі Пецярбург і Масква мелі больш чым па 200 тысяч жыхароў.
На далучаных беларускіх землях праводзілася палітыка, якая зыходзіла з таго, што гэтыя землі з іх насельніцтвам з'яўляюцца спрад-вечна рускай уласнасцю і вяртаюцца ў выніку падзелаў у склад Расіі. На далучаных тэрыторыях уводзілася новае адміністрацыйнае дзяленне: замест ваяводстваў утвараліся губерніі. У 1796-1801 гг. уся тэрыторыя Беларусі ўваходзіла ў склад трох губерняў - Беларускай, Мінскай і Літоўскай з насельніцтвам амаль 4 млн. чалавек. У верасні 1801 г. Беларусь была падзелена на два генерал-губернатарствы: Літоўскае (Віленская, Гродзенская і Мінская губерні) і Беларускае (Віцебская і Магілёўская губерні).
Усё насельніцтва, за выключэннем сялянства, прыводзілася да прысягі. Тыя, хто не жадаў прысягаць, павінны былі ў трохмесячны тэрмін выехаць за мяжу. Большасць шляхты і магнатаў Беларусі далі прысягу на вернасць расійскай імператрыцы, захавалі свае маёнткі і атрымалі ўсе саслоўныя правы і прывілеі, якімі карысталася расійскае дваранства.
На беларускія губерні распаўсюджвалася “Грамата на правы і выгады гарадам Расійскай імперыі” ад 21 красавіка 1785 г. Законам прадугледжвалася стварэнне выбарных органаў кіравання ў гарадах: распарадчага - гарадской думы і выканаўчага - шасцігласнай думы. Скасоўвалася магдэбургскае права.
У сістэме судовых органаў па расійскаму ўзору былі ўтвораны палаты грамадзянскага і крымінальнага судоў, земскія суды. Да паўстання 1830-1831 гг. ІІІ Статут ВКЛ захоўваўся ў якасці асноўнага кодэкса законаў на далучаных землях Беларусі.
У беларускіх губернях уводзілася расійская падатковая сістэма. Для сялян падымны падатак быў заменены больш цяжкім падушным. Грашовая рэнта і дзяржаўныя падаткі збіраліся на Беларусі да 1811 г. не асігнацыямі, як гэта было ў рускіх губернях, а залатой і срэбнай манетамі, рэальны курс якой быў шмат вышэйшы. Уводзілася невядо-мая раней беларускаму насельніцтву рэкруцкая павіннасць.
23 чэрвеня 1794 г. была ўстаноўлена “мяжа яўрэйскай аселасці”, куды ўваходзілі беларускія землі. Указ пазбаўляў яўрэяў права на пастаяннае пражыванне за мяжой аселасці, г.зн. у расійскіх губернях і гарадах. Ім забаранялася жыць за межамі гарадоў і мястэчак. З яўрэйскіх мяшчан, рамеснікаў і купцоў спаганяліся ў два разы большыя дзяржаўныя падаткі, чым з хрысціянскіх. Праваслаўная царква на беларускіх землях заняла пануючае становішча і ка-рысталася дзяржаўнай падтрымкай.
Памяркоўная палітыка праводзілася расійскімі ўладамі ў адно-сінах да каталіцкага касцёла. У лютым 1774 г. была ўтворана Беларус-кая каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве.
22 красавіка 1794 г. выдадзены ўказ, паводле якога гвалтам пераведзены ў праваслаўе каля паўтара мільёна уніятаў.
Такім чынам, далучэнне беларускіх зямель да Расійскай імперыі канчаткова спыняла тут традыцыі ўласнай дзяржаўнасці, пашырала і ўмацоўвала прыгонніцтва, паклала пачатак пераарыентацыі эканаміч-нага, палітычнага і культурнага жыцця Беларусі на ўсход, на Расію.
Асноўныя тэрміны і паняцці
“Разбор шляхты” - выключэнне з дваранскага саслоўя пры непрадстаўленні дакументаў на дваранскае званне.
Губерня - з 1703 г. асноўная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Расіі. Падзялялася на паветы.
Мяжа аселасці - мяжа тэрыторыі, у якую былі ўключаны беларускія, украінскія і прыбалтыйскія губерні, на якой дазвалялася пастаяннае пражыванне яўрэям.
Подобные документы
Беларусь у гады першай сусветнай вайны, у перыяд Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. Эканамічная палітыка Часовага ўрада. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі. Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Аграрнае пытанне.
реферат [26,4 K], добавлен 25.01.2011Зараджэнне, развіццё старажытнага грамадства. Пачатак фарміравання сучаснага беларускага этнасу. Крызіс феадальных адносін. Беларусь у перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. і грамадзянскай вайны. Беларусь пад час крызісу і распаду СССР (1985–1991 гг.).
шпаргалка [211,6 K], добавлен 28.03.2012Феадальнае землеуладанне і сялянская гаспадарка Беларусі у XVII-XVIII стагоддзях. Становішча сялянства. Развіцце гарадоу Беларусі. Арганізація рамяства і гандлю. Саціяльная барацьба у XVII-XVIII стагоддзях. Узмацненне феадальнай эксплуатацыі сялянства.
контрольная работа [43,0 K], добавлен 23.11.2008Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай. Лівонская вайна Рэчы Паспалітай. Паход Лжэдзмітрыя ў Расію. Бітва пад Ноўгарад-Северскім. Герой барацьбы з інтэрвентамі Скопін-Шуйскі. Мяцеж у Маскве 17 ліпеня 1610 г. Пагроза пазбаўлення незалежнасці Расіяй 1611 г.
реферат [30,9 K], добавлен 29.11.2009Тэрыторыя Беларусі у пачатку ХІХ ст. Уваход беларускіх земляу у склад Рэчы Паспалітай згодна адміністрацыйна-тэрытарыяльнаму падзелу 1802 года. Саслоўная структура насельніцтва Беларусі. Прымітыўная тэхніка земляробства - прычына нізкай ураджайнасці.
реферат [62,9 K], добавлен 03.01.2011Адзнака эканамічнага становішча Рэспублікі Беларусь ў 80-я—90-я гг. Прычыны нарастання перадкрызісных з’яў у грамадстве. Фактары перабудовы гаспадарчага механізма і пераходу да новага стратэгічнага курсу сацыяльна-эканамічнага развіцця ў эканоміцы.
реферат [16,6 K], добавлен 29.08.2014Заканадаўча-прававое афармленне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ўвядзенне прэзідэнцкай формы кіравання. Шляхі і асаблівасці фарміравання прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці на Беларусі.
реферат [34,4 K], добавлен 22.12.2010Агульная характарыстыка сельскай гаспадаркі ў Беларусі XIX ст. Перадумовы, значэнне і наступствы прамысловага перавароту і гаспадарчых рэформаў у Беларусі ў першай палове XIX ст. Гісторыя станаўлення і далейшага развіцця фабрычна-завадской прамысловасці.
реферат [25,1 K], добавлен 22.12.2010Акт падзелу Рэчы Паспалітай. Дзялення Беларуская губерня на Магілёўскую і Віцебскую у 1801 г. Беларусь, Літва і Украіна ў складзе Рэчы Паспалітай. Капіталізм ў Еўропе у XVII ст. Расійская падатковая сістэма. Сітуацыя напярэдадні Айчыннай вайны 1812 г.
реферат [31,7 K], добавлен 29.11.2009Прычыны падзелу 1772 г. і міжнародна-прававыя дакументы. Падзелы 1793 і 1795 гг. Унутраная палітыка расійскага урада на Беларусі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі апынуліся ў складзе Расіі. Падзелы Рэчы Паспалітай.
контрольная работа [27,2 K], добавлен 16.11.2007