Нацыянальныя рысы ў творчасці Яна Баршчэўскага

Ян Баршчэўскі - вялікая і знакавая постаць беларускай літаратуры, адметная фігура ў літаратурнай спадчыне славян. "Нарыс Паўночнае Беларусі" як этнаграфічны помнік. Нацыянальныя рысы ў аповесцях "Драўляны дзядок і кабета Інсекта" і "Душа не ў сваім целе".

Рубрика Литература
Вид курсовая работа
Язык белорусский
Дата добавления 26.03.2013
Размер файла 41,8 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://allbest.ru/

Нацыянальныя рысы ў творчасці Яна Баршчэўскага

Змест

Уводзіны

1. Нацыянальныя рысы ў лірыцы

1.1 Верш “Гарэліца”.

1.2 Паэма “Бунт сялянаў”

2. “Нарыс Паўночнае Беларусі” як этнаграфічны помнік

3. “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” і ўвасабленне ў ім Беларусі

4. Нацыянальныя рысы ў аповесцях

4.1 Аповесць “Драўляны дзядок і кабета Інсекта”

4.2 Аповесць ”Душа не ў сваім целе”

Заключэнне

Спіс выкарыстаных крыніц

Уводзіны

Яна Баршчэўскага нездарма называюць адным з самых першых сярод пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Ужо ў 1809 годзе вершамі на беларускай мове распачаў ён свой творчы шлях. На жаль, друкаваць гэтыя вершы не было дзе, бо ў яго часы не выходзіла ў нас ніводнага беларускамоўнага перыядычнага выдання, наогул не існавала яшчэ беларускага друку. Таму Ян Баршчэўскі вымушаны быў перайсці на польскую мову - тагачасную літаратурную мову Беларусі. Але і на гэтай мове ён праявіў сябе як шчыры патрыёт сваёй Бацькаўшчыны. Ян Баршчэўскі жыў і пісаў у гістарычных умовах, калі светапоглядны феномен, які завецца зараз “беларуская нацыянальная ідэя”, яшчэ толькі пачынаў фарміравацца. Нягледзячы на тое, што большасць твораў пісьменніка напісаныя на польскай мове, прысвечаныя яны мілай сэрцу зямлі, што завецца Беларусь. Гэтае пачуццё замілавання накіравала і яго творчыя імкненні да пошукаў асаблівых формаў, характэрных толькі для беларускага народа, для яго існаснай прыроды, каб абаперціся на іх у мастацкай творчасці.

Творчасць Яна Баршчэўскага з'яўляецца сапраўдным культурным і нацыянальным феноменам.

XIX стагоддзе ў беларускай літаратуры вядома арыгінальнымі па сваіх жанравых і тэматычных асаблівасцях творамі Яна Баршчэўскага, паэта і празаіка, аўтара публіцыстычных артыкулаў, падаўца, рамантыка і наіўнага рэаліста.

Праз свае творы пісьменнік даносіць да чытача важнасць народнасці, шчырую любоў да народнасці, да простага люду, да фальклору.

Вобразы, створаныя Баршчэўскім, прасякнуты пафасам ухвалення чалавека-патрыёта, чалавека-працаўніка, вернага хрысціянскім запавежзям. Неад'емныя рысы станоўчых герояў пісьменніка - любоў да роднай зямлі, дабрыня і спагадлівасць, гаспадарлівасць. Аўтарскі ідэал - гэта земляроб, які жыве з працы рук сваіх. Я.Баршчэўскі ў гісторыі нашае літаратуры ўсё яшчэ не лічыцца значным пісьменнікам. Аніколі ягонае прозвішча не спалучалася з азначэннем “класік”. І гэта нягледзячы на тое, што зробленае гэтым літаратарам класічнае па сваёй сутнасці: менавіта ён заклаў падмурак беларускай літаратуры. Да яго аніколі прыгожае пісьменства нашага краю не называлася беларускім. Менавіта ён у сваёй творчасці(перадусім у прозе, а таксама ў драматычнай паэме “Жыццё сіраты”) здзейсніў удалую спробу сакралізаціі Беларусі, а не Літвы, як Адам Міцкевіч, філаматы і шэраг іншых польскамоўных творцаў нашага краю першае паловы XIX ст. У іншых умовах Я.Баршчэўскі, верагодна, стаўся б адным з шматлікіх народных казачнікаў, стваральнікам беларускага фальклору. Вось гэтае ўменне “ствараць фальклор” у дасведчанага Я.Баршчэўскага ўвасобілася ва ўменне тварыць у фальклорным духу. Але дадзеная “фальклорнасць” не раўназначная народнай фальклорнасці [6, с.26].

Ян Баршчэўскі жыў і пісаў у гістарычных умовах, калі светапоглядны феномен, які завецца зараз “беларуская нацыянальная ідэя”, яшчэ толькі пачынаў фарміравацца. Нягледзячы на тое, што большасць твораў пісьменніка напісаныя на польскай мове, прысвечаныя яны мілай сэрцу зямлі, што завецца Беларусь. Гэтае пачуццё замілавання накіравала і яго творчыя імкненні да пошукаў асаблівых формаў, характэрных толькі для беларускага народа, для яго існаснай прыроды, каб абаперціся на іх у мастацкай творчасці.

Першым на беларускі характар твораў Яна Баршчэўскага звярнуў увагу Рамуальд Падбярэскі:

Тое, што піша пан Баршчэўскі прозай, не датычыць непасрэдна ні гісторыі, ні літаратуры, ні мовы Беларусі, але мае сувязь з рэччу больш важнай, а менавіта з духам і паэзіяй народа, адкуль выйшлі і гісторыя, і літаратура, і мова. Ухапіўся ён за самую жыццёвую аснову і вырашыў паказаць у мастацтве вялікі народны вобраз. Ён мае перад сабою народ, часта з усёй прывабнасцю яго яшчэ паганскіх фантазій, якія апраменьвае сваім, так бы мовіць, беларускім гафманізмам. Як у баладах ён імкнуўся паказаць пачуццёвы бок паэзіі народа, так у апавяданнях - яго творчасць і нібыта нейкую філасафічнасць паняццяў пра быт, авеяных ягонай фантазіяй. У гэтых апавяданнях, якія памылкова называюць аповесцямі (але метафізічнасць выразу не мае значэння), толькі адно ядро належыць простаму народу, увесь малюнак - фантазія аўтара, сатканая на аснове нацыянальных колераў [1, с.5].

І сапраўды, як ніхто раней, Я. Баршчэўскі здолеў паказаць беларуса, беларускі характар, Беларусь; заклікаў суайчынніка не адракацца ад свае Плачкі-Беларусі. Няхай сабе яна ў бедным сялянскім строі, няхай яна сёння без аздобаў, але гэта з-за выпадкаў лёсу, з-за здрады, збегу акалічнасцяў. Ды будзе і на нашай вуліцы свята. Пісьменнік шчыра верыў у гэта і як мог набліжаў гэтае свята.

Ю. Барташэвіч пры напісанні некралога пра Я.Баршчэўскага шырока выкарыстоўваў, пераказваў артыкул Р.Падбярэскага, але часта дапаўняў яго сваімі ўспамінамі:

Не толькі ў школе, але і на вёсцы ў бацькоў ці ў засценках у суседзяў, у свята або на ўрачыстасць, на вакацыях выхваляўся сваімі паэтычнымі здольнасцямі. А часам, калі пакідаў засценкі, цягаўся Баршчэўскі па беларускіх кірмашах: Арцейкавічы, Галубова, Межава і Галоўчыцы. То шляхціц Урвойскі зловіць паэта і як дарагі скарб возіць па кірмашах, то Латышэвіч падарожнічае з ім ад мястэчка да мястэчка. Смяяліся, спявалі песенькі, якія складаў для іх малады паэт. Гэтыя песенькі вывучвалі на памяць засцянкоўцы браты Заленскія, Праленскія, Юрагі, Урвойскія і Сівохі. Ідучы такім шляхам, Баршчэўскі мог зрабіцца паэтам простага люду ці ўласна народным, калі б адчуў у грудзях сапраўднае натхненне вестуна. Сярод вёсак забыў бы ён пра класічныя формы і спяваў бы не дзеля літаратуры, а дзеля Беларусі на мове яе народа.

Як вядома, Я. Баршчэўскі не застаўся ў родных ваколіцах і не “спяваў” усё жыццё па-беларуску. Але тры яго творы, што ўзніклі ў маладыя гады, дзякуючы пэўным акалічнасцям, захаваліся і былі надрукаваны ў 40-я гг. ХІХ ст. Верш “Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята?” напісаны ў адпаведнасці з паэтыкай класіцызму. Бясспрэчна тое, што малады паэт ведаў сатырычныя творы польскамоўнай літаратуры ХVIII ст. (Адама Нарушэвіча ды яго наступнікаў) і паспрабаваў у сваіх вершах адлюстраваць мясцовыя полацкія праблемы ды з'явы, перадусім тыя, якія ён ведаў, якія пераказваліся з вуснаў у вусны. Удала “адлітыя” ў паэтычную форму, полацкія здарэнні трывала і надоўга зафіксаваліся ў свядомасці народа.

1. Нацыянальныя рысы ў лірыцы

1.1 “Гарэліца”

У вершы “Гарэліца” мужыку ўсю ноч сніцца парожняя бочка; ён з прагнасцю чакае “шчаслівай” хвіліны, калі загуляе, г.зн. пачне піць гарэлку. У гэты час ён забываецца на ўсё - і хатку, і на дзетак, і на жонку…Ён добра разумее ў цвярозым стане, што дрэнна робіць: і жонкі гора, і гаспадарцы гора, і пасля яшчэ “з панам разбірацца…” Але даўняя “праклятая” звычка бярэ верх на усім. Цікава, што пан, суд якога страшыць мужыка, урэшце зусім не жорстка карае яго:

А я ж пану пакланюся; панок, маё гора,

Жыта касіў, сена грабіў цэлы дзень учора;

Вось тут пан прасціць і міласціць пакажыць.

Ішчэ хлопцу чарку водкі мне прынесць прыкажыць.

На гэты заканчываецца верш [1, с.32].

А вось персанаж “Гарэліцы” паказваецца “знутры”. Прычым, у адрозненне ад “анакрэонтыкаў” ХVІІІ ст., якія апявалі віно ды п'яныя ўцехі, увага засяроджваецца на негатыўных, непрывабных момантах з гледзішча чалавечае маралі (“жонцы - вяроўка”, спроба ашукаць пана). “Грубаваты досціп, характэрны для краю” (Р. Падбярэскі) як нельга лепш падыходзіў дзеля такіх мэтаў.

1.2 “Бунт сялянаў”

Паэма “Бунт сялянаў” (Р. Падбярэскі, пэўна, улічваючы цэнзурныя патрабаванні, называў яе “Рабункі мужыкоў”, але ў аўтарскай назве, відаць, усё ж мелася слова “Бунт”: так было ў Паўлюка Багрыма ды Аляксандра Рыпінскага) напісана “з нагоды вядомага ў ваколіцы выпадку, у маёнтку пана Маліноўскага, у Шнітаўках, за 50 вёрст ад Полацка, у 1812 годзе” [3, с.30]. Сучаснікі лічылі гэты твор народнай паэмай, пра якую апрача шляхты ніхто дагэтуль не ведаў, што гэта твор Баршчэўскага. Гэтая паэма, калі хочаце, - помнік беларускай гаворкі - ставіць яго нароўні з Манькоўскім на чале сапраўды народных беларускіх пісьменнікаў. Відавочна, Я. Баршчэўскі не ставіў перад сабою мэты апаэтызаваць сялянскі бунт, хоць і імкнуўся выказаць незадавальненне новымі панамі, а “старых”, якія “нас у некруты не бралі” і пры якіх немагчымым быў такі бунт, ухваліць. У першую чаргу паэт выказвае патрыятычныя думкі, погляды, якімі жыла тагачасная шляхта:

Стала і нас карціць,

Як бы то Польшчу звраціць[2, с.72].

Прычым, падобныя думкі аўтар укладвае не толькі ў вусны апавядальніка, але надзяляе імі і кіраўніка сялянскага бунту:

Трэба нам за калы брацца,

Старой Польшчы дабівацца[2, с.72].

Пэўна, рэчыпаспалітаўскія парадкі былі больш прымальнымі і для сялянаў. А ў выніку бунт супраць “цяперашняга” пана (ці аканома) перарастае ў выступленне супраць прыгону ўвогуле:

Хоць мне паб'юць штаны,

Ды ужо не будуць паны[2, с.72].

Відаць, Я. Баршчэўскі ўжо пакінуў невыносную для яго выкладчыцкую працу ды цалкам прысвячае сябе літаратуры ды знаёміць сяброў са сваімі творамі. Невыпадкова ксёндз Ігнат Галавінскі, што добра ведаў свайго парафіяніна, у лісце да М. Грабоўскага напіша: Пан Баршчэўскі паўстае перад намі самым дасканалым выразнікам простанароднае фантастычнасці ды звычаяў беларускага народа. Я ўпэўнены, што ён у сваім родзе не саступіць Сапліцы (апавядальнік у гістарычным рамане Г. Равускага “Успаміны Сапліцы” - М. Х.). Пачаў ён прозай пісаць аповесці: не магу табе перадаць сваё вялікае ўражанне. Усё там выканана па-майстэрску пад выглядам найвялікшае прастаты. Гэта не збіральнік народных паданняў; у яго ёсць усе патрэбныя ды незвычайныя для гэтага ўмовы. Шчыры беларус, не цяпер, а з самага дзяцінства, правёў усё жыццё з народам. Яго твар, загарэлы, не кабінетны, выказвае ў ім чалавека дзеяння, не спекуляцыі; выхоўваўся ён у езуітаў, але гэта не пазбавіла яго пачуцця і прастаты; поўны сапраўднае веры ў тое, пра што піша, а гэта немалая ўмова, бо з верай кожнае апісанне непараўнальна жывейшае ды праўдзівейшае; Беларусь ён ведае дасканала, бо разоў трыццаць абышоў усю яе пешшу і штогод і цяпер наведваецца на Радзіму з Пецярбурга, і усюды ён там жаданы, усюды яго міла прымаюць, бо як бард таго краю апавядае няспынна - показкі, аповесці сыпле як з рукава. Дзівосны ў яго інстынкт у апрацоўцы паданняў, амаль нічога свайго не дадае, а ўсё - яго ўласнасць: голая казка не мела б аніякае вартасці, але ён аздабляе яе іншымі паданнямі, дасканала драматызуе, і раптам вырастае нешта суладнае, поўнае простанароднае праўды і самага сапраўднага жыцця. Я ведаю адно апавяданне “Пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем”. А будзе гэта збор апавяданняў на якія чатыры томікі, накшталт “Тысячы і аднае ночы”, але з далёка лепшаю завязкаю, бо яна ўзята з рэчаіснасці. На вялікім возеры Некарысцень (пазней яно стане Нешчардаю. - М. Х.) ёсць маленькі астравок; там жыў досыць заможны шляхціц; калі зімою замерзне возера, дык едуць па ім людзі, каб скараціць шлях; а з прычыны частых завірухаў сяляне ды падарожныя блудзяць, дык ён вывешвае на жэрдцы ліхтар, абы толькі людзі маглі знайсці ягоную хату; усіх ён прымае бясплатна, але хоча, каб яму баялі казкі, бо толькі так прызвычаіўся засынаць. Гэта завязка, згодна з якою падарожныя адзін за адным апавядаюць рознымі вечарамі казкі. Выдатна там і сябе паказаў аўтар: ён нябог шляхціца і прыехаў на Каляды з езуіцкіх школаў ды таксама мусіць апавядаць байкі, але іх не ведае, дык мусіць пераказваць “Адысею”. І, ведаеш, меркаванні шляхціца пра тыя паганскія казкі слаўныя ды пададзены з адпаведнага боку. Уся байка пра “Цмока” - гэта сапраўдная паэма, заснаваная на глыбіннай практычнай філасофіі. Я мог бы пераказаць табе змест, але не хачу пазбаўляць цікавасці. Кранула мяне перш-наперш сцэна сялянскага вяселля, поўная дзівосаў ды праўдападабенства, а таксама жахі, вытрыманыя ў найдраматычнейшы спосаб, што нечувана цяжка. Мова зусім простая, не польская, а беларуская, - у кожным слове быццам чуеш беларуса. Малюнкі краявідаў простыя, але чароўныя, маляўнічыя ды праўдзівыя. Словам, вялікі скарб атрымае наша літаратура, калі выйдзе колькі томікаў такіх выдатных апавяданняў, як я чуў адно. Друкавацца яны будуць з малюнкамі ў Пецярбурзе.

2. “Нарыс Паўночнае Беларусі” як этнаграфічны помнік

баршчэўскі літаратура этнаграфічны спадчына

“Нарыс Паўночнае Беларусі” беларускія літаратуразнаўцы і фалькларысты звычайна называюць этнаграфічнаю працай Я.Баршчэўскага. Але думаецца, што “Нарыс...” з'яўляецца паўнавартаснай структурнай часткай “Шляхціца Завальні”. У “Нарысе Паўночнае Беларусі”, дзе прынамсі, малюнак краю, здаўся нам, выкананы выключна таленавіта і з пачуццём, бачым мы ўступ да тых фантастычных апавяданняў, заснаваных на паданнях ці, хутчэй, на забабонах беларускага люду, якія, паводле прыватных паведамленняў (пра новы твор Я. Баршчэўскага пісаў М. Грабоўскаму ксёндз Ігнат Галавінскі. Яго ліст М. Грабоўскі ўключыў у свой артыкул, надрукаваны ў часопісе “Pielgrzym”. Т. ІІ. 1843 г. - М. Х.), маюць абудзіць цікавасць. Яшчэ ў мінулым годзе, мовячы пра “Niezabudke”, я раіў п. Баршчэўскаму, каб даў нам адно змест сваіх баладаў, і цяпер паўтараю, каб паданні, нават апрацаваныя вершам, перадаў прозаю. Спадзяюся, што ў творы, пра які нам паведамлена і які, здаецца, будзе называцца “Апавяданні беларуса Янкі”, убачым у дзеянні тыя малюнкі народнай беларускай фантазіі, якія гэтым разам у агульны толькі абраз звёў аўтар “Нарыса”.

У першую чаргу Ян Баршчэўскі, як і большасць пісьменнікаў і даследчыкаў таго часу, звярнуў увагу на выключна распрацаваную фантастыку і міфалогію беларуса. Ён лічыць, што апавяданні старых людзей пра розныя здарэнні, якія перайшлі ад чалавека са старадаўніх часоў , былі сапраўднай гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў. Ян Баршчэўскі сцвярджае, што сярод беларускага люду захоўваюцца яшчэ і цяпер асобныя паданні даўніх часоў, якія, пераходзячы ад чалавека да чалавека, зрабіліся такія ж цьмяныя, як і міфалогія старажытных народаў. Жыхары гэтага краю, спрадвеку пакутуючы, зусім змяніліся характарам; на іх тварах заўсёды адбіты нейкі смутак і змрочная задумлівасць.

3. “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” і ўвасабленне ў ім Беларусі

Літаратурная грамадскасць чакала шырока разрэкламаванага твора, а Я.Баршчэўскі не спяшаўся пускаць яго ў людзі, хоць Р.Падбярэскі яшчэ ў 1843 годзе меў намер выдаць”Шляхціца Завальню”. Аднак да студзеня 1844 г. (да чарговых кантрактаў кіеўскіх) выдаць кнігу не ўдалося, бо толькі вясною 1844 г. быў завершаны першы томік.

Галоўны твор пісьменніка “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” ствараўся на беларускіх народных казках і легендах. Асновай для яго сталі артыкулы “Нарыс паўночнае Беларусі” і “Шляхціц Завальня”, якімі і адкрываецца згаданая кніга. Матэрыял для кнігі быў узяты ў мясцінах, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка - на Расоншчыне. “Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў народных іх аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў”, - пісаў Ян Баршчэўскі ў “Нарысе паўночнае Беларусі” [4, с.43].

Непасрэднае знаёмства з людзьмі, гутаркі ў зімовыя доўгія вечары натхнілі Баршчэўскага на стварэнне своеасаблівай казачна-рамантычнай нізкі “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”.Аўтар планаваў напісаць шэсць кніжак апавяданняў, але паспеў падрыхтаваць толькі чатыры, якія складаюцца з чатырнаццаці частак:

1.” Пра чарнакніжніка і цмока, што вылупіліся з петушынага яйка”.

2.“Зухаватыя ўчынкі”.

3.“Змяіная карона”.

4.“Ваўкалак”.

5.“Радзімы знак на вуснах”.

6.“Плачка”.

7.“Агністые духі”.

8.“Белая сарока”.

9.“Пакутлівы дух”.

10.“Валасы, што крычать на галаве”.

11.“Зябер- трава”.

12.“ Стогадавы дзед і чорны госць”.

13.“Чараўнік ад натуры і кот Варгін”.

14.“Дзіўны кій”.

Актыўная творчая праца Я. Баршчэўскага знаходзілася ў полі зроку Р. Падбярэскага: для другое кніжкі “Rocznika Literackiego” (1844) ён атрымлівае ад пісьменніка “Успаміны пра наведванне роднага краю”, прыпісы да публікацыі якіх сведчыць пра ягоную абазнанасць у справе падрыхтоўкі “Шляхціца Завальні”:

Гэта вынятка з вялікага твора, у якім малюецца Беларусь, пад тытулам “Шляхціц Завальня, або Аповесці беларускага люду, пададзеныя ў яго фантастычных уяўленнях”. Гэтая вынятка складае ўступ да 2-га томіка, а 1-шы ўжо падрыхтаваны да друку. Уступ да першага томіка друкаваўся ў 1-ым сшытку “Athenaeum” на 1844 год.

Яшчэ да выхаду “Шляхціца Завальні” з друку крытыка горача вітала новы твор Я. Баршчэўскага. Але толькі Р. Падбярэскі здолеў даць (наколькі гэта было мажліва ў падцэнзурным артыкуле) грунтоўную ды аб'ектыўную характарыстыку кнігі пісьменніка. Іншыя рэцэнзенты звычайна звярталі ўвагу толькі на асобныя аспекты творчасці Я. Баршчэўскага. Так, вядомая тагачасная пісьменніца рэлігійна-кансерватыўнага кірунку Элеанора Зяменцкая адзначыла:

Малюнкі ўсіх гэтых апавяданняў - дакладна народныя, маркотныя, чуллівыя ў сваёй прастаце. Табе здаецца, што ты з гэтым людам, што ты дзеліш перасцярогі, радасць і гора, якія па чарзе праходзяць у тым наіўным апавяданні. Так, паўторым, Ян Баршчэўскі - гэта з'ява, вартая найвялікшае ўвагі. У час, калі цэніцца выключна навуковасць, тлуміцца самародная сіла, якіх жа шчаслівых акалічнасцяў, якога інстынкту трэба было ў паэта, каб выключыць, пазбыцца ўсякага штучнага дзеяння, каб карыстаць з жыцця, захоўваючы ўласны характар, словам, сярод замяці бурнае абазнанасці выхаваць так рупліва ў сабе тып пісьменніка люду.

Стары шляхціц Завальня спачувае свайго пляменніка Яна: “...Там толькі шчасце, дзе чалавек жыве так, як Бог загадаў: працуе рупліва і без хцівасці, не забывае бліжніх, спадзяецца сам на лепшае. У нашым краі доўгая і зменлтвая зіма, часам мокрая, часам марозная і завейная, у лагчынах вада, на пагорках паўночны вецер нішчыць пшаніцу і жыта. Аднак жа праца і дбайнасць могуць перамагчы ўсё. Калі я набыў гэты фальварак, зямля тут нагадвала дзікую пустэчу, аднак я не паддаваўся роспачы, імкнуўся ўсё палепшыць, засыпаў ямы, асушыў балацявіны, і на тым месцы вырас у мяне прыгожы бярозавы гай, маю добрыя сенажаці, завёў жывёлу , цяпер, дзякуй Богу, і палеткі родзяць... Хто працуе і спадзяецца на Бога - можа і тут быць спакойны і шчаслівы” [1, с.253].

Ідэйная канцэпцыя кнігі Я. Баршчэўскага ўжо тады выклікала пэўнае непрыняцце асобнымі публіцыстамі. Напрыклад, Вінцэнт Пракаповіч рашуча запярэчыў аўтару:

Я.Баршчэўскі, злоўжываючы сваім становішчам між намі і людам, частуе нас сяды-тады апавяданнямі, якія маюць выразна іншы характар, чым народны. Гэта яго ўласныя творы, што з'яўляецца перш-наперш святатацтвам, калі народныя паданні нешта святое, пакінутае нам мінуўшчынаю, а яны, паўтару, - непрыемная неспадзяванка чытачу, якога адштурхоўвае адсутнасць мастацкасці, намёкі эгатычныя або іншыя, ужо паўсядзённыя. Гэта такія, як “Сын Буры”, “Пакутны Дух”, “Белая Сарока” ды іншыя [9, с.19].

Літаратуразнаўцы, што жадалі бачыць у творы беларускія фальклорныя матэрыялы, былі расчараваны: беларускі рэгіянальны патрыятызм Я. Баршчэўскага, беларускасць “Шляхціца Завальні”, ідэалізацыя мінулага не заўсёды з разуменнем успрымаліся тагачаснай моладдзю, якая выхоўвалася на прагрэсіўнай еўрапейскай філасофіі. “Шляхціца Завальню, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” справядліва называюць галоўнаю кнігаю Я. Баршчэўскага. Гэта паўнавартасны мастацкі (а не фальклорны або напаўфальклорны зборнік - як часта без усялякае аргументацыі сцвярджаецца ў нашым літаратуразнаўстве) твор, вобразна-выяўленчыя сродкі якога накіраваны на выяўленне беларускай нацыянальнай ідэі. Кампазіцыйна “Шляхціц Завальня” складаецца з трыццаці васьмі частак: апавяданняў-прытчаў, устаўных навелаў, лірычных адступленняў ды ўспамінаў. Звязваюцца яны пры дапамозе шырокавядомага са старажытнасці прыёму: асобаю слухача да каментатара апавяданняў шляхціца Завальні. Пэўнае значэнне ў кампазіцыйнай структуры твора адыгрывае і вобраз пляменніка пана Завальні - Янкі. А вось даручыўшы ролю асноўнага апавядальніка розным асобам - сялянам, падарожным, шляхціцам і нават цыгану, - пісьменнік мае мажлівасць пазнаёміць чытача з рознымі сацыяльнымі пластамі насельнікаў Беларусі, з іх уяўленнямі, настроямі, і ў той жа час паказаць, што асноўная ідэя твора выводзіцца з усяе сукупнасці апавяданняў, г. зн., любоў да роднага краю, да спрадвечных звычаяў ды традыцый уласціва прадстаўнікам усіх гэтых пластоў.

Асобае месца ў кнізе “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” Яна Баршчэўскага займаюць прыказкі, прымаўкі, афарызмы і крылатыя выслоўі, што дае магчымасць казаць аб нацыянальнасці галоўнай кнігі аўтара. Актыўнае ўжыванне Баршчэўскім прыказак, прымавак і афарызмаў назіраецца практычна на многіх старонках кнігі. Сюды можна аднесці такія творы, як “Вогненныя духі”, “Рыбак Родзька”, “Пакутны дух”, “Валасы, якія крычаць на галаве”, “Гаспадарчыя клопаты”, “Зухаватыя ўчынкі”, “Жабер-трава”, “Вечар перад Новым годам” і іншыя, дзе найбольш ярка праявілася творчая індывідуальнасць аўтара. Праз іх, па словах М.Хаўстовіча, Ян Баршчэўскі хацеў “разглядзець светапоглядную сістэму свайго народа”. Для нагляднасці прывядзём прыказкі і прымаўкі, якія сустракаюцца на старонках кнігі “Шляхціц Завальня”: “Хто працуе, таму Бог дапамагае”[1, с.145], “Век звекаваць-не пальцам паківаць”[1, с.215],“Як пасцелеш-так і выспішся”[1, с.180], “Сабакі брэшуць, а вецер носіць”[1, с.115], “Пра пана памоўка, а пан на парог”[1, с.144]. Імі аўтар падкрэсліваў думку аб тым, што праз разглядаемы жанрможна заўважыць адметнасці тагачаснага народнага мыслення, убачыць карціны сялянскага жыцця, са сваімі падрабязнасцямі і ідэямі. У творах Баршчэўскага фальклор і жыццё ідуць не паралельна, а зліваюцца, ствараючы высокі ідэйны пафас.

Выкарыстаныя ў кнізе “Шляхціц Завальня” Я.Баршчэўскім прыказкі, прымаўкі дазволілі аўтару паглыбіць змест сваіх твораў, падкрэсліць імі народны дух, зрабіць іх больш блізкімі і зразумелымі шырокаму колу чытачоў.

Выкарыстоўваючы творчы вопыт А. Міцкевіча, гнасеалагічную ды эстэтычную сістэмы рамантыкаў, Я. Баршчэўскі развівае “фальклорна-міфалагічную лінію” (В.А. Каваленка) вялікага ліцвінскага песняра. Як і А. Міцкевіч, Я. Баршчэўскі дзеля свае творчасці ўзяў не збор асобных тэкстаў - паданняў, легендаў, песняў, а ўсю вуснапаэтычную культуру народа - фальклор. Я. Баршчэўскі зразумеў, што менавіта там, у фальклоры, у першапачатковай чысціні захаваліся спрадвечныя ісціны, тое разуменне дабра і зла, якое характэрна для беларускага народа. У фальклоры Я. Баршчэўскі здолеў разгледзець светапоглядную сістэму свайго народа ды імкнуўся стварыць яе паэтычны эквівалент у “Шляхціцы Завальні”. Яго зварот да мінуўшчыны - гэта не імкненне ідэалізаваць яе. Гэта, у першую чаргу, разуменне таго, што менавіта там, у патрыярхальным ладзе жыцця знаходзяцца карані тых асноў, якія абумоўліваюць, прадвызначаюць экзістэнцыю народа. Для Я. Баршчэўскага і яго асяроддзя, што ўжо прайшло этап нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, гэты аспект быў надзвычай важны. Іхняя думка не згаджалася з тым, што народ, прадстаўнікамі якога яны з'яўляюцца, мусіць растварыцца ў масе суседняга народа. У разлік яшчэ не бралася мова: у той час здавалася неверагодным, што мова народа можа знікнуць. Істотнай лічылася страта нацыянальных звычаяў ды традыцый. Вось чаму ў “Шляхціцы Завальні” адзін з асноўных аб'ектаў крытыкі - гэта Чарнакніжнік ды асташы. Тыя, хто спустошыў амаль усе азёры, навучыў моладзь бязбожным учынкам, чарам, бессаромным песням. Тыя, хто знішчае і кпіць са звычаяў ды традыцый беларусаў.

Я. Баршчэўскі ішоў тым жа шляхам, што і А. Міцкевіч: адлюстраваць у мастацтве космас беларуса, сцвердзіць ягоную годнасць, абудзіць гістарычную памяць. Але калі А. Міцкевіч праз космас беларуса імкнуўся да агульначалавечых вышыняў духу, дык Я. Баршчэўскі, наадварот, канцэнтраваў сваю думку на рэгіянальным, не ўзнімаўся вышэй нацыянальнага. У адпаведнасці з гэтымі задачамі выкарыстоўваў пісьменнік і патэнцыял фальклорна-рэлігійнае міфалогіі беларусаў.

Характэрна, што ўжо ў той час усведамлялася ўся складанасць такое з'явы, як беларуская міфалогія: “Дзяды нашыя маюць тую асаблівасць, што паганскі абрад змешаны з уяўленнямі хрысціянскае рэлігіі” (А. Міцкевіч). Уся беларуская міфалогія ёсць сімбіёз двух сістэм - свае, спрадвечнае і хрысціянскае. Прычым, дамінуе свая; хрысціянская ж толькі дастасавалася, нязначна змяніўшы яе.

Пры дапамозе вобразаў-сімвалаў выказваецца асноўная думка кнігі: Беларусь - гэта край, які мае сваю гісторыю; гэта край, мінулае якога было куды шчаслівейшае, чым сённяшні дзень; гэта край насельніцтва якога - асобны народ, які можа і павінен жыць без дыктату з боку суседзяў, жыць паводле законаў і традыцый сваіх продкаў. Беларусам трэба адно толькі ўспомніць сваё слаўнае мінулае, тых, хто загінуў за волю ды незалежнасць Бацькаўшчыны.

Як вынік - у “Шляхціцы Завальні” з'яўляецца самы паэтычны, узнёслы і адначасова трагічны вобраз Плачкі, якая становыцца ўвасабленнем і сімвалам роднай Беларусі [7, с.133]. Як ні дзіўна, ці можа нават вельмі заканамерна, пра Плачку апавядае аўтару сляпы Францішак, яшчэ адзін сімвал беларусаў, якіх і аплаквае іх маці. Мала хто бачыў гэтую чароўную мрою, здань,узнёслую і разам з тым моцную, развітую жанчыну: “Кабета тая незвычайна прыгожая. Вопратка яе - белая, як снег, на галаве - чорны убор і чорная хустка накінутая на плечы. Твар хоць і смуглы ад сонца і ветру, але гожы і паглядны, вочы жывыя, і заўсёды блішчаць на іх слёзы. Яна з'яуляецца найчасцей у пакінутых дамах, у пустых касцёлах і на руінах. Бачылі яе таксама пад дрэвамі або пасярод поля. Пасля заходу сонца яна сядае на камні, наракае на лёс жаласным голасам і заліваецца слязьмі. Кажуць, тыя, хто набліжаўся да яе, чулі такія словы: ”Няма каму даверыць таямніцу сэрца майго”.

Адной з асноўных тэмаў “Шляхціца Завальні” з'яўляецца і тэма сацыяльнага пратэсту. Часцей у алегарычнай, аднак часам і ў адкрытай публіцыстычнай форме пісьменнік асуджае прыгнятальнікаў люду, “новых паноў”, што дзеля ўласнага дабрабыту шматкроць павялічваюць прыгон, забываюць пра міласэрнасць ды спагаду, зневажаюць ды кпяць з традыцый народа, які з'яўляецца асноўным захавальнікам нацыянальнага менталітэту. Рамантык Я. Баршчэўскі з уласцівай усім рамантыкам энергіяй адмаўляе новы грамадскі лад, які нясе яго народу не толькі пагаршэнне ўмоў жыцця, але і разбурэнне спрадвечных ісцін, нацыянальнага светапогляду, а, урэшце, і “знікненне” самога народа.

Я. Баршчэўскі пісаў, што “не пераймае формаў, якія любілі пісьменнікі англійскія, нямецкія або французскія”, бо сапраўды не мог ісці іх шляхам: тыя тэмы і праблемы, якія стаялі перад еўрапейскімі літаратурамі, не былі актуальнымі для Беларусі. Зусім верагодна, што ён мог напісаць мастацкі твор (ці шэраг твораў), дзе б расказаў бы пра жыццё беларускага грамадства. Перадусім, ён добра ведаў гэтае жыццё: як у асяроддзі пецярбурскіх беларусаў, так і на Бацькаўшчыне. Але проста расказаць пра тое, што ён ведаў, Я. Баршчэўскаму было мала. Стварэнне літаратурных тэкстаў накшталт заходнееўрапейскага прыгожага пісьменства было неактуальным для Беларусі, для краю, які не меў дзяржаўнасці, над якім вісела пагроза поўнае асіміляцыі. Зусім відавочна, што патрыёт роднага краю Я. Баршчэўскі мусіў шукаць пэўныя шляхі дзеля звароту да розуму ды сэрцаў сваіх суайчыннікаў. Мы не ведаем дакладна, хто (ці што) паўплывала на пісьменніка, што прымусіла яго змяніць свае адносіны да літаратуры. Бо ж уся яго вершаваная прадукцыя - гэта прадукцыя зусім іншага гатунку. Яна амаль не адрозніваецца ад прадукцыі паэтаў трэцяга ўзроўню, паэтаў, якія на літаратурны ўзор “апявалі чужыя пачуцці”, выдаючы іх за свае. Калі чым і вылучаўся Я. Баршчэўскі з гэтага кола, дык толькі сваімі баладамі. Але, думаецца, якраз зварот Я. Баршчэўскага да баладнай творчасці, выкарыстанне ім самабытных паданняў, якія не ўжываліся ў літаратуры, якраз і сталася тою акалічнасцю, на якую звярнуў увагу нехта са знаёмых пісьменніка. Верагодна, быў гэта Людвік Штырмер, чалавек якога добра ведаў Я. Баршчэўскі, якога часам называлі “Пецярбурскаю бомбаю” (такім псеўданімам ён падпісваў свае літаратурна-крытычныя артыкулы, друкаваныя ў “Tygodniku Peterburskim”). І хоць Р. Падбярэскі і прыпісваў знаходку таленту сабе, але хутчэй за ўсё асноўная роля належала тут Л. Штырмеру. Якраз яго літаратурны талент, яго літаратурная праца і з'явіліся тымі акалічнасцямі, якія падштурхнулі Я. Баршчэўскага звярнуцца ў сваёй творчасці да жанру прытчы [6, с. 30].

Вядома, асобныя раздзелы “Шляхціца Завальні” цалкам падыходзяць пад вызначэнне “прытча”, але калі прыгледзяцца больш уважліва, дык ледзь не ўсе апавяданні адпавядаюць патрабаванням гэтага жанру. І сапраўды, як і належыць прытчы, у Я. Баршчэўскага яна ўзнікае толькі ў пэўным кантэксце і звычайна не мае развітага сюжэта, аднак нясе пэўны сімвалічны змест. Прытча Я. Баршчэўскага напоўнена рэлігійнаю маралістыкай. Паэтыка прытчы Я. Баршчэўскага падпарадкоўваецца законам сярэднявечнае хрысціянскае прытчы; звычайна адсутнічае апісальнасць мастацкае прозы заходнееўрапейскага тыпу: прырода і рэчы выкарыстоўваюцца надзвычай рэдка, дзеянне характарызуецца амаль поўнаю адсутнасцю дэкарацый. У пераважнай большасці выпадкаў героі прытчаў Я. Баршчэўскага не маюць “характара”. Не маюць героі (за рэдкім выключэннем) і партрэтнае характарыстыкі. Двух-трох штрышкоў пісьменніку звычайна дастаткова, каб вылучыць свайго героя з кола дзеючых асобаў. Часам гэтыя штрышкі замяняюць герою ўласнае імя. Напрыклад:

З'явіўся ў нашым маёнтку - невядома адкуль - нейкі дзіўны чалавек. І цяпер яшчэ памятаю аблічча, твар ды адзенне яго: нізкі, худы, заўсёды бледны, вялізны нос, як дзюба драпежнае птушкі, густыя бровы, пагляд яго - як у чалавека ў роспачы ці вар'ята, апранахі яго - чорныя і нейкія дзіўныя, зусім не такія, як у нас носіць пан ці ксёндз; ніхто не ведаў, ці быў ён свецкі, ці манах які, з панам размаўляў не нейкай незразумелай мове. Пасля адкрылася, што быў гэта чарнакніжнік…

Калі аўтару ў іншай прытчы патрэбны зноў гэты герой, дык ужо можна даць і карацейшую ягоную партрэтную характарыстыку:

...чалавек на танюсенькіх нагах, худы, вочы круглыя, дробным і вострым тварам падобны да птушкі[1, с.141].

Або:

...нейкі згорблены старац у чорнай вопратцы; твар бледны, ясныя вочы свяціліся з-пад густых броваў[1, с.138].

Ці яшчэ:

...нізкі, худы, заўсёды бледны, нос велізарны, бровы густыя, пагляд як ў вар'ята, вопратку меў чорную, доўгую і нейкую дзіўную[1, с.95].

Большасць іншых герояў Я. Баршчэўскага маюць уласныя імёны. Але зноў жа - пры амаль поўнай адсутнасці партрэта і характара.

Паспрабуем прааналізаваць схему пабудовы прытчаў Я. Баршчэўскага. Яна ўяўляецца нам наступным чынам. З пэўнага краю (аднекуль звонку) з'яўляецца на Беларусь “госць”. Ён непадобны на тутэйшых людзей (гл. ягонае апісанне вышэй); ён прыйшоў уплываць на насельніцтва гэтага краю, згуртоўваць сабе прыхільнікаў. Звычайна ён звяртаецца да пэўнае катэгорыі людзей, асобаў з пэўнымі асаблівасцямі характару (хоць і тут ёсць выключэнні). Аўтар называе яго чарнакніжнікам, чорным госцем, падкрэслівае гэтым самым яго пэўныя мажлівасці ўплываць на акружаючых. Праз нейкі час чарнакніжнік знікае (часцей за ўсё яго выганяюць ці ён, адчуўшы небяспеку, уцякае сам), але пасля сябе пакідае плады свае працы: яго падвопытныя становяцца зусім іншымі: да сваіх ранейшых заганаў яны атрымліваюць яшчэ заганы (з гледзішча здаровай беларускай маралі) і ад навукі “чорнага госця”. Гэта прыамбула ўсіх апавяданняў-прытчаў у “Шляхціцы Завальні”. У саміх жа прытчах пісьменнік даследуе лёс сваіх суайчыннікаў - прыхільнікаў чарнакніжніка; тых, каго чарнакніжнік спакусіў або яны былі змушаны звярнуцца да яго, пайсці да яго на службу. Лёс гэтых прыхільнікаў чарнакніжніка зазвычай трагічны: апынуўшыся па-за грамадствам, грамадою, яны або гінуць (як Карпа з апавядання “Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем” ці Васіль з апавядання “Зухаватыя ўчынкі”), або мусяць перабірацца ў “краіну чарнакніжніка” (як пан Скамароха з апавядання “Белая Сарока”), або ім наканавана пакутаваць за здраду, учыненую ці то дабраахвотна (як Альберт з апавядання “Вогненныя духі”), ці то несвядома (як Марка з апавядання “Ваўкалак”). Пры дапамозе гэтае трагічнасці Я. Баршчэўскі папярэджвае сваіх суайчыннікаў: не будзе шчасця тым, хто здрадзіў свайму краю; не прынясуць карысці тыя трыццаць срэбраннікаў, хто згодны часам за дробязь служыць акупантам; што хлеб калабаранта - горкі.

Выкарыстанне Я. Баршчэўскім народнае фантастыкі - гэта мастацкі прыём пісьменніка, неабходны яму дзеля ўвасаблення пэўнай ідэйна-эстэтычнай канцэпцыі. Тое ж, праўда, менш таленавіта ажыццяўляў і П. Шпілеўскі. Адно што ідэйная канцэпцыя Я. Баршчэўскага і П. Шпілеўскага прынцыпова адрозныя. У разнастайных перыядычных выданнях П. Шпілеўскі выкладае “сваё” разуменне беларускасці і Беларусі. Спачатку ў сваім “Даследаванні пра ваўкалакаў” ён супрацьпастаўляе вобразу ваўкалака-здрадніка, створанага Я. Баршчэўскім, вобраз забабоннага беларуса. Пра схаваную палеміку сведчыць пераказ (можна казаць нават пра пераклад) апавядання з “Шляхціца Завальні” “Ваўкалак”, у якім П. Шпілеўскі змяняе імёны герояў Я. Баршчэўскага ды пазначае, што запісаў дадзенае паданне “ў Аршанскім павеце Магілёўскае губерні”. У тым жа 1853 г. П. Шпілеўскі дае сваю версію “фантастычнае Беларусі”. Яго праца “Белоруссия в характеристических описаниях и фантастических ее сказках” узнікла, бясспрэчна, пад уплывам “Шляхціца Завальні”, пра што сведчыць і назва, і спасылкі на асобныя вобразы твора Я. Баршчэўскага (перадусім, князя Боя і яго сабак Стаўры і Гаўры). П. Шпілеўскі запазычвае мастацкую схему свайго папярэдніка: ён стварае фантастычныя казкі на аснове беларускага фальклору і падае іх уперамежку з абрадавымі нарысамі і бытавымі замалёўкамі.

Усе іншыя ключы мы мусім шукаць непасрэдна ў саміх тэкстах. Надзвычай істотнаю падказкаю з'яўляецца, на нашу думку, вынясенне аўтарам у тытул твора наймення “Беларусь”. Гэтая назва, замацаваная царскай адміністрацыяй за пэўнай тэрыторыяй Вялікага княства Літоўскага, успрымаецца пісьменнікам як найменне яго роднага краю і становіцца аб'ектам даследавання, аб'ектам ягонае любові і натхнення. Беларусь і беларусы для Я. Баршчэўскага - гэта адметныя, самадастатковыя з'явы ў Сусвеце, у цывілізацыі. Пісьменнік бярэ на сябе адказнасць пазнаёміць чытача з гэтым краем, з “фантастычнай” Беларуссю, расказаць пра Беларусь пры дапамозе фантастыкі - алегорый і сімволікі. Відавочна, што аповяд пра Беларусь не мог быць без адлюстравання ейнага мінулага. Адсутнасць гістарычных даследаванняў пра край не магла быць тут перашкодаю: з аднаго боку існавала гістарычная памяць народа (асабліва пра падзеі апошніх дзесяцігоддзяў), а з другога - існавалі навуковыя працы пра гісторыю Рэчы Паспалітай (А. Нарушэвіча, Ё. Лялевеля), часткаю якое з'яўлялася Беларусь. Паказальна, што менавіта гісторыя Беларусі, мясцовыя гісторыя ў першую чаргу цікавіць Я. Баршчэўскага:

Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў народных іх аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтае зямлі, характару і пачуццяў беларусаў.

Тэксты пісьменніка ўжо першапачаткова мелі адмыслова-вобразнае адлюстраванне рэчаіснасці. Сутнасць гістарычнае падзеі, яе прычыны і вынікі падаюцца ў сімволіка-алегарычнай форме. І гэтым проза Я. Баршчэўскага адрозніваецца ад народнае казкі, легенды, падання, якія ўзнікалі звычайна як дастаткова рэалістычнае адлюстраванне канкрэтнага факта і былі зразумелыя слухачам як у пэўнай ступені саўдзельнікам ці назіральнікам тае ці іншае падзеі. Фантастыка Я. Баршчэўскага хоць і нараджалася на аснове рэальнасці, але большасць чытацкае аўдыторыі, адарванае ад падзеяў некалькімі дзесяткамі гадоў, не заўважала аніякае сувязі між імі. Фантастыка Я. Баршчэўскага была для іх ці то наследаваннем рамантычнае фантастыкі Гофмана, ці то перакладам на польскую мову беларускай народнай творчасці. Відавочна, аўтарам рабілася стаўка на дасведчанага чытача; бо толькі ён мог спасцігнуць сэнс сакральнага пласта твора. Менш абазнаная публіка трапляла пад поле ўздзеяння незвычайнае любасці да роднага краю, Беларусі; таго поля, якое актуалізоўвала ў свядомасці заснаваныя на хрысціянскіх традыцыях пачаткі дабра і зла, характэрныя беларусам традыцыі і філасофію. І ўжо зусім не знаёмы з беларускім краем і народам чытач атрымліваў першапачатковыя звесткі пра Беларусь, яе амаль незакранутую цывілізацыяй культуру, дзіўны і шмат у чым дзікі (адносна адукаванага чалавека сярэдзіны XVIII ст.) лад жыцця (або космас) беларуса. Вучоны - фалькларыст ці этнограф - бачыў у апавяданнях Я. Баршчэўскага свет беларускіх прымхаў і забабонаў.

Мы не ведаем, наколькі чытацкае ўспрыняцце твора задавальняла аўтара: ён не пакінуў, здаецца, аніякіх допісаў на гэты конт, як, зрэшты, і не даў тлумачэння (каментару, высноў і г. д.) сваім апавяданням-прытчам, не пастараўся данесці іх нашчадкам. У падцэнзурным выданні ён не мог ісці шляхам байкапісца, які ў апошняй страфе свайго твора звычайна акрэсліваў кола закранутых праблемаў; не мог ён ісці шляхам Гофмана, які напрыканцы сваіх аповесцяў расшыфроўваў сваю алегорыю; не мог выкарыстаць дзеля гэтага паэтыку прытчаў Новага запавету: апошні кампанент прытчы - тлумачэнне - у Я. Баршчэўскага адсутнічае.

Пісьменнік зводзіць усё да асабістых якасцяў героя: “пан Скамароха быў надзвычай неспакойнага нораву, фанабэрлiвы i хцiвы, да суседзяў ездзiў толькi з прэтэнзiямi, меў грошы i заўсёды судзiўся, крыўдзiў бедных, удоў i сiрот. Яго падданыя мелi пекла на гэтым свеце”. Пасланец Белае Сарокі напачатку выклікае ў яго непрыязнь: “відаць, перада мною злы дух”. Нават сцверджанне госця, што “я падобны да цябе” не пераконвае пана Скамароху. Звернем увагу на гэтае выказванне пасланца Белае Сарокі. Я. Баршчэўскі адным штрышком пазначае: пан Скамароха гатовы служыць злу, бо ён усё тое ж зло. Думкі, мары і намеры пана Скамарохі, хоць пра іх нічога і не гаворыцца, з'яўляюцца для Белае Сарокі “памыснымі” і “прывабнымі”. Белай Сароцы надзвычай патрэбны ў краі, у Беларусі вось такія прыхільнікі, тыя, з дапамогаю каго яна за “велізарныя мяхі золата” зможа без вялікіх намаганняў і “законна” апанаваць край. Пра гэта яна двойчы просіць-папярэджвае пана Скамароху: “Я даўно мелася пабываць тут, спазнаць гэты край i яго жыхароў. Спадзяюся, што знайду тут сабе зычлiвых прыяцеляў” і “Я яшчэ наведаю гэты край. I ты пазнаёмiш мяне са сваiмi добрымi суседзямi”.

“Добрыя суседзі” неадназначна ўспрынялі звесткі пра намеры Белае Сарокі. З'явіліся як прыхільнікі, што “радавалiся i прасiлi пана Скамароху, каб пахвалiў iх перад Белай Сарокаю, калi яна другi раз наведаецца ў яго палац, i з нецярплiвасцю чакалi дня, калi змогуць яе ўбачыць”, так і недабразычліўцы чароўнае пані з Поўначы: “Некаторыя даводзiлi: тут схавана нейкая здрада i што заплацяць за яе вялiкiм няшчасцем”. Цікава, што характарыстыка Белае Сарокі просталюдзінамі сугучна негатыўная: для першага лёкая з'яўленне Белае Сарокі - гэта жыццё поўнае небяспекі сярод страшных гадзюкаў і пачвараў, гэта цёмная, доўгая і страшная ноч з невялікаю надзеяй дачакацца ранішняе малітвы і ўзыходу сонца. Другі лёкай прадбачыць жорсткія рэпрэсіі супраць усяго, што неадпавядае ўстаноўленаму парадку. Як вынік гэтага - аняменне (акамяненне) усяго жывога, якое цяпер паслухмянае волі Гаспадара і здзекліва смяецца з таго, што яшчэ спрабуе супраціўляцца: “Я крычаў, просячы дапамогi, ды на мой крык толькi камянi адказвалi дзiкiм смехам, i гул ад iх здзекаў лунаў над берагамi”. Вобраз закамянелае пустыні, скалы якое нагадваюць людзей, пазней пісьменнік здолее развіць у апавяданні “Дзіўны кій”, але ўжо ў гэтым апавяданні заўважаецца сур'ёзная праца пісьменніка над вобразамі свайго твора, прадуманасць малюнкаў.

Прылёт пасланца Белае Сарокі ў край у народным уяўленні - гэта прылёт цмока, які “нёс золата для нейкае душы, што пабраталася з д'яблам”. І адначасна ўяўленне больш асвечанага класа (“аканом казаў”) нараджае зусім іншыя малюнкі: “бачылi кабету, якая плакала на цвiнтары, ды так, што яе голас наводзiў на ўсiх трывогу i смутак”. З'яўленне Белае Сарокі, пачатак ажыццяўлення ейных намераў выклікае адпаведную рэакцыю Плачкі-Беларусі, яе “голас” трэба разглядаць як заклік-папярэджанне да ўсіх сумленных суайчыннікаў.

Я. Баршчэўскі яшчэ раз падкрэслівае: Белая Сарока - гэта зло для краю і зло ў першую чаргу для простых людзей: яны гэтае зло прадчувалі, але з-за здрады вышэйшага грамадства не змаглі перамагчы гэтае зло і зараз адчуваюць яго наступствы ва ўласным жыцці: “Тая страшная чараўніца патаемна разаслала ва ўсе бакі шкоднікаў, каб яны крыўдзілі бедных сялан”. Я. Баршчэўскі не ставіць перад сабою задачу распавесці пра тое, што здарылася, калі Белая Сарока апанавала ўвесь край. Пісьменніку дастаткова аднае невялічкае гісторыі, якую ён падае з дапамогаю народна-фантастычных сродкаў абагульнення. Беларускімі прымхамі пра чараўніцу, якая адбірае ў кароў малако, Я. Баршчэўскі, відавочна, тлумачыць тое рабаўніцтва, тыя захады гаспадыні з Поўначы, каб прыўлашчыць багацці гэтага краю (бо ж яна і раней цікавілася імі). Пры дапамозе прыёму градацыі пісьменнік яшчэ і яшчэ раз акцэнтуе на гэтым увагу: чараўніца забірае малако, з'яўляюцца такія “порсткія звяркі, што забіць іх было немагчыма, і яны па аборах стрыглі авечак, а мядзведзі, нападаючы ўсюды на пчальнікі, забіралі мёд”. І як зусім заканамерны працяг справы Белае Сарокі - з'яўленне зграяў ваўкалакаў, пярэваратняў, такіх як Марка з чацвёртага апавядання, тых, хто дабраахвотна ці па прымусе служыць Белай Сароцы.

На нашу думку, апавяданне “Белая Сарока” можна разглядаць як спецыфічнае мастацкае ўвасабленне падзей на Беларусі ў 70-я гг. XVIII ст., як шырокае панарамнае палатно падрыхтоўкі падзелу Рэчы Паспалітай, а таксама першых мерапрыемстваў царызму на забраных тэрыторыях. Прычым, асноўным персанажам з'яўляецца адзін з ініцыятараў падзелаў - Кацярына ІІ, а таксама ўплывовыя беларускія магнаты, што спрыялі расійскай царыцы ў ажыццяўленні ейных планаў.

У большасці іншых апавяданняў Я. Баршчэўскі аналізуе іншыя - дробныя ці то прыватныя - выпадкі, якія мелі месца ў час вызначальнай для лёсу краю падзеі. Пісьменнік спрабуе даць адказ: чаму так здарылася, чаму і селянін, і шляхціц, і пан адракаюцца ад свайго, ідуць на службу да чужынцаў. Ён імкнецца паказаць усе тыя шляхі, якія вядуць да здрады, скіроўвае сваю ўвагу на лёс суайчыннікаў-пярэваратняў.

Напачатку Я. Баршчэўскі ў якасці асноўнага (адмоўнага - падкрэслім) героя выкарыстоўвае прадстаўніка сялянства. У першых пяці апавяданнях толькі ён, прыгонны селянін-беларус, становіцца аб'ектам яго даследавання. Прадстаўнікі іншых класаў з'яўляюцца ў гэтых раздзелах эпізадычна, хоць іхняя роля часам больш чым вызначальная. Але, відаць, пісьменнік яшчэ не адважваецца перакласці адказнасць і віну за перамены ў грамадстве на паноў і шляхту. І таму выключнае (бо сялянству не было характэрна адмаўленне ад свайго - і гэта пазней падкрэсліць аўтар) становіцца прадметам адлюстравання пісьменніка. Дадзены літаратурны прыём быў проста неабходны ў пачатку кнігі, змест якое - паводле заявы самога аўтара - складаюць народныя аповеды.

Такім чынам, “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, галоўны твор Яна Баршчэўскага, сапраўды з'яўляецца велічайшай крыніцай “беларускасці”, фальклорнасці, народнасці ў глыбокім яе праяўленні. “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” - гэта геніяльнейшая вынаходка для вывучэння Беларусі, яе народа, традыцый, светаадчування, быта. Гэта своеасаблівая інцыклапедыя назва якой “Беларус”.

4. Нацыянальныя рысы ў аповесцях

4.1 “Драўляны дзядок і кабета Інсекта”

З'яваю ў літаратурным жыцці краю 40-х гг. ХІХ ст. стала аповесць “Драўляны Дзядок і кабета Інсекта”. Папулярныя ў той час успаміны (перадусім, “Домік майго дзядулі” Ігната Ходзькі) падштурхнулі паэта паспрабаваць свае сілы ў гэтым жанры. А праца над “Завальняю” напоўніла гэтыя ўспаміны дзівоснаю народнаю фантастыкаю. Гэтыя празаічныя творы Я. Баршчэўскага ўзніклі прыкладана ў адзін час, іх аб'ядноўвае тэматычная ды ідэйная еднасць, шэраг сімвалічных ды алегарычных вобразаў, а таксама асоба самога аўтара. Дзеянне ў іх абодвух адбываецца на Беларусі. Вось толькі калі ў “Шляхціцы Завальні” гэта 1816-1817 гг. - час развітання апавядальніка з родным краем перад далёкім падарожжам “на поўнач”, дык у “Драўляным Дзядку” - сярэдзіна 30-х гг., як герой пасля семнаццацігадовае адсутнасці вяртаецца на Бацькаўшчыну.

У аповесці “Драўляны дзядок і кабета Інсекта” аўтарскім ідэалам чалавека выступае пан Зямельскі, шчыры працаўнік, які сваё жыццё звязаў з роднай зямлёй, які заяў: “Сапраўды, шчаслівы той, хто жыве з працы рук сваіх”[1, с.316].

Ян Баршчэўскі спалучаў у трактоўцы вобраза станоўчага героя (абавязкова патрыёта) рамантычны ідэал з кодэксам хрысціянскай і народнай маралі. Пісьменнік акцэнтаваў увагу і на праблеме гераічнага. Сапраўды гераізм, у трактоўцы пісьменніка, заключаецца ў маральнай стойкасці перад спакусамі і вернасці роднаму краю.

У “Драўляным дзядку і кабеце Інсекце” пераважаў так званы пейзаж руін, які выклікаў проціпастаўленне мінулага і сучаснага, быў абумоўлены рамантычным успрыняццем гісторыі, драматычнымадчуваннем часу.

4.2 ”Душа не ў сваім целе

Аповесць ”Душа не ў сваім целе” цалкам прысвечана пошуку “ідэальнага” героя ў беларускім грамацтве, стварэнне іерархічнай піраміды служэння Айчыне. Усе тры персанажа - гэта сімвалічнае ўвасабленне тых шляхоў, якімі могуць і павінны ісці сапраўдныя сыны Беларусі дзеля яе будучыні. Напачатку аўтар стварае вобраз “пераўтваральніка прыроды” Гайнара, заснавальніка незвычайнага саду. Характэрна, што Я.Баршчэўскі апавядае пра Гайнараўскі сад пасля таго, як ягоны герой наведаў славутую Сафіеўку, апетую паэтамі XVIII - XIX ст. Жывое супраць пастаўляецца мёртваму. Пісьменнік сцвярджае: мастацтва павінна служыць роднаму краю. Яно можа быць простым, без упрыгожванняў, але мусіць мець практычную карысць.

Гайнараўскі сад, ягоная праца, ягонае наследаванне прыродзе - гэта першая прыступка ў іерархічнай пірамідзе служэння Бацькаўшчыне. Гэта той мінімум, які можа выканаць кожны.

У тым, што аповесць “Душа не ў сваім целе” нешта большае, чым апісанне незвычайных дзівосаў ды фантазій, пераконвае надзвычай паважнае стаўленне Я. Баршчэўскага да літаратурнае працы, разуменне ролі літаратуры ў грамадскім жыцці. Ва ўсіх яго празаічных творах змест пераважае над формаю, а алегарычнасць і сімвалізм фактычна ператвараюць асобныя іх часткі ў навелы-прытчы.

Заключэнне

Ян Баршчэўскі - вялікая і знакавая постаць беларускай літаратуры, адметная фігура ў літаратурнай спадчыне славян. Яна вартая прызнання і ўвядзення ў сусветную літаратурную плынь. Творы Яна Баршчэўскага з вялікай прыцягальнай сілай: яны зразумелыя сучаснаму чытачу, стала жывуць у нашым асяродзі. Пісьменнік у сваіх творах адлюстроўвае жыццё простага люду, сваю блізкасць да яго. Ён быў сапраўдным сынам беларускага народа, творы якога назаўсёды ўвайшлі ў скарбонку нашай духоўнай спадчыны.

Думаецца, што ўсіх сваіх герояў Я. Баршчэўскі “заўважыў” у рэальным жыцці. Ідэя служэння Бацькаўшчыне была даволі папулярнаю ў тагачасным грамадстве. І пісьменнік па-мастацку абагуліў пошукі лепшымі людзьмі краю шляхоў служэння Беларусі.

Чытаючы Я. Баршчэўскага, мы спасцігаем сваю гісторыю, спасцігаем светапогляд беларуса першае паловы ХІХ стагоддзя, спасцігаем саміх сябе, бо пісьменнік дастаткова поўна адлюстраваў у сваёй мастацкай творчасці космас беларуса, філасофію ды светапоглядную сістэму народа.

У той час, калі расійскі цар Мікалай І сваім загадам забараніў ужываць у афіцыйных дакументах тэрмін “Беларусь” (1840), г. зн. “аб'явіў” пра пачатак працэсу поўнае русіфікацыі беларусаў, Я. Баршчэўскі змяшчае гэты тэрмін на тытульным аркушы свае кнігі. Беларусь для яго адно толькі ў марах, уяўленнях, “фантастычных апавяданнях”, але яна ўжо ёсць, яна ўжо існуе. Выказаная аднойчы ідэя не знікае; тым больш, што гэтая ідэя матэрыялізавалася ў мастацкім творы. Дзякуючы Я. Баршчэўскаму, вобраз Беларусі становіццца сакральным, а беларуская ідэя - набыткам літаратурнае грамадскасці. Але пройдуць дзесяцігоддзі, перш чым знойдуцца ў Я. Баршчэўскага наступнікі, якія ўвасобяць ў жыццё мары і надзеі пісьменніка. Героі Яна Баршчэўскага паўстаюць перад намі ў першую чаргу не як распазнавальныя тыпы беларускага нацыянальнага характару, а як яркія індывідуальнасці, ва ўсёй паўнаце свайго быцця: ад поглядаў на жыццё да звычак.

Такім чынам, “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, галоўны твор Яна Баршчэўскага, сапраўды з'яўляецца велічайшай крыніцай “беларускасці”, фальклорнасці, народнасці ў глыбокім яе праяўленні. “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” - гэта геніяльнейшая вынаходка для вывучэння Беларусі, яе народа, традыцый, светаадчування, быта. Гэта своеасаблівая інцыклапедыя назва якой “Беларус”.

Спіс выкарыстаных крыніц

1 Баршчэўскі Я. Выбраныя творы [тэкст] /Укладанне, прадмова і каментарыі М.Хаўстовіча - Мн.: "Беларускі кнігазбор", 1998. 480 с., [4] л. Іл.

2 Пачынальнікі: З гістарычна-літаратурных матэрыялаў XIX ст. [тэкст] /Уклад. Г.В Кісялёў; Рэд. В.В Барысенка, А.І. Мальдзіс. - 2-е выд. Мн.: Бел. Навука, 2003. - 549 с.

3 Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX ст. З гісторыі бел. Літаратуры, мастацтва і культуры. Навукова-папулярныя нарысы. [тэкст] Мн.: “Народная асвета”, 1980. - 440 с.


Подобные документы

  • Аналіз літаратурнай пародыі як віду мастацтва. Месца сатыры і гумару ў сістэме родаў, відаў і жанраў літаратуры. Аналіз літаратуразнаўчых крыніц, прысвечаных пародыям і эпіграмы ў беларускай літаратуры. Эвалюцыя іх у творчасці сучасных пісьменнікаў.

    дипломная работа [101,3 K], добавлен 26.06.2013

  • Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Жаночы характар у творчасці І. Мележа. Вобраз беларускай жанчыны ў апавяданнях і аповесцях І. Мележа. Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў раманах "Палескай хронікі" І. Мележа.

    дипломная работа [109,9 K], добавлен 16.05.2015

  • Асаблівасці нацыянальнага характару беларусаў. Творчасць І. Мележа і галоўны стрыжань пісьменніцкага светаўспрымання беларускай духоўнасці. Шматграннасць духоўнага свету беларусаў. Учынкі, дзеянні, літаратурных герояў і іх рысы нацыянальнага характару.

    курсовая работа [93,8 K], добавлен 08.12.2011

  • Змітрок Бядуля як прадстаўніккагорты беларускіх пісьменнікаў, якія закладвалі падмурак беларускай літаратуры XX ст. Кароткі нарыс яго жыцця і творчасці, агульная характреистимка і аналіз твораў, іх праблематыка. Імпрэсіянізм як галоўная якасць лірыкі.

    курсовая работа [56,9 K], добавлен 25.03.2013

  • Вывучэнне біяграфіі Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч (Цёткі) - пачынальнікаў навейшай беларускай літаратуры. Псеўданімы, якімі яна карысталася ў сваёй творчасці. Літаратурная спадчына Цёткі (паэзія, проза, публіцыстыка), яе значэнне ў беларускай літаратуры.

    реферат [39,3 K], добавлен 26.03.2013

  • Парабалічная плынь у сучаснай беларускай літаратуры. Пашырэнне прытчавасці ў сучаснай літаратуры. Размежаванне парабалы і прытчы. Талент, паэзія і творчасць Алеся Разанава ў кантэксце сучасных мастацкіх канцэпцый. Сусветная місія беларускай літаратуры.

    реферат [33,4 K], добавлен 23.03.2011

  • Характарыстыка творчасці Я. Коласа, разгляд спецыфічных асаблівасцяў навэл. Навела як малы празаічны жанр, супаставімы па аб’ёме з апавяданнем, спецыфічныя рысы: лаканічнасць і строгая кампазіцыя, непрадказальная развязка, дынамічнае развіццё падзей.

    курсовая работа [103,4 K], добавлен 02.01.2013

  • Аналіз літаратурнай спадчыні Віктара Шніпа з вышыні дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Тэматычнае напоўненне паэзіі. Нацыянальныя матывы ў лірыцы. Мастацкія і жанравыя асаблівасці вершаў і творчай манеры аўтара. Інтымная лірыка паэта.

    дипломная работа [132,2 K], добавлен 11.12.2013

  • Кузьма Чорны - знакавая постаць для беларускага прыгожага пісьменства. Наватарскi характар творчасцi К. Чорнага. Маштабнасць мастацкай задумы пісьменніка. К. Чорны і літаратура "плыні свядомасці". Творы К. Гамсуна і К. Чорнага: падабенства творчасці.

    реферат [37,8 K], добавлен 23.03.2011

  • Развіццё літаратуры і драматургіі Заходняй Беларусі. Пачатак, першыя старонкі паэзіі Заходняй Беларусі. Першыя публікацыі паэта Алеся Салагуба. Зборнік паэзіі Францішка Грышкевіча "Веснавыя мелодыі". Індыферэнтнасць Н. Арсенневай у яе творчасці.

    реферат [44,9 K], добавлен 24.02.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.