Асаблівасці мастацкай рэпрэзентацыі жаночых вобразаў у беларускай прозе другой паловы XX ст. (на прыкладзе творчасці І. Мележа, В. Быкава)
Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Жаночы характар у творчасці І. Мележа. Вобраз беларускай жанчыны ў апавяданнях і аповесцях І. Мележа. Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў раманах "Палескай хронікі" І. Мележа.
Рубрика | Литература |
Вид | дипломная работа |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 16.05.2015 |
Размер файла | 109,9 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://www.allbest.ru/
РЭФЕРАТ
Асаблівасці мастацкай рэпрэзентацыі жаночых вобразаў у беларускай прозе другой паловы ХХ ст. (на прыкладзе творчасці І. Мележа, В. Быкава)
Ключавыя словы: жаночы вобраз, мастацкая рэпрэзентацыя, мастацкая проза, хрысціянскае светабачанне, тыпалогія вобразаў.
Мэта даследавання - вывучэнне мастацкай рэпрэзентацыі жаночых вобразаў у беларускай ў нацыянальнай прозе другой паловы ХХ ст.
Змест працы адлюстроўвае вырашэнне пастаўленых задач:
– даследаваць агульнасацыяльныя і ўласна літаратурныя фактары, што ўплывалі на фарміраванне вобраза жанчыны ў другой палове ХХ ст.;
– прасачыць этапы станаўлення і развіцця жаночага вобраза ў прозе класікаў нацыянальнай літаратуры - І. Мележа, В. Быкава, раскрыць значэнне іх творчай дзейнасці ў мастацкім выяўленні вобраза беларускай жанчыны;
– акрэсліць спецыфіку мастацкай інтэрпрэтацыі жаночых вобразаў у творчай спадчыне І. Мележа, В. Быкава;
– вылучыць сістэму каштоўнасцей, якую маніфестуюць жаночыя характары;
– распрацаваць тыпалогію жаночых вобразаў паводле іх сацыяльна-родавай функцыі ў літаратурным празаічным тэксце.
У дыпломным даследаванні акрэсліваюцца вытокі фемінісцкіх ідэй у беларускай літаратуры, на аснове аналізу творчасці пісьменнікаў ваеннага і пасляваеннага пакалення разглядаецца інтэрпрэтацыя жаночага вобраза ў літаратуры другой паловы ХХ ст., даецца аналіз рэпрэзентацыі жаночай суб'ектыўнасці ў прозе класікаў нацыянальнай літаратуры (І. Мележа, В. Быкава), робіцца спроба тыпалагічнай класіфікацыі жаночых вобразаў.
Адзначаецца, што вызначальнымі ў выяўленні характару беларускай жанчыны адпаведнага перыяду сталі творы І. Мележа, В. Быкава. І. Мележу ўдалося выявіць народны тып беларускай жанчыны, узнавіць яго адпаведна нацыянальным уяўленням беларусаў, псіхалагічна праўдзіва раскрыць у разнастайных індывідуальных праяўленнях. Дзякуючы В. Быкаву ў гісторыю літаратуры ўвайшлі не толькі жанчына-каханая і жанчына-маці, але жанчына-чалавек, жанчына-асоба. Пісьменніку ўласціва тэндэнцыя да трансфармацыі феміннага вобраза ад пасіўнага вобраза-ахвяры да актыўнага вобраза-суб'екта (гераіні, змагаркі).
ЗМЕСТ
РЭФЕРАТ
ЗМЕСТ
УВОДЗІНЫ
Глава І. Семантыка жаночых вобразаў у беларускай прозе 1940- - 1990-х гадоў
1.1 Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя
1.2 Жаночы характар у творчасці І. Мележа
1.2.1 Вобраз беларускай жанчыны ў апавяданнях і аповесцях І. Мележа
1.2.2 Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў раманах “Палескай хронікі” І. Мележа
1.3 Маральны выбар: жанчына-гераіня і жанчына-ахвяра ў прозе В. Быкава
1.3.1 Вобраз жанчыны-гераіні ў прозе В. Быкава як носьбіткі лепшых нацыянальных духоўных якасцяў
1.3.2 Вобразы жанчын-ахвяр, жанчын-здрадніц у прозе В. Быкава як заложніц войнаў і таталітарных сістэм
ЗАКЛЮЧЭННЕ
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
УВОДЗІНЫ
Беларуская літаратура на працягу ХХ ст. перажыла істотныя змены. У гэты час, як адзначае А. Лойка ў артыкуле “Перыядызацыя - гэта сур'ёзна”, “карэнным чынам мянялася сацыяльна-гістарычная база беларускай літаратуры - змянялася паэтапна, і ад гэтых змен узалежніваліся этапы развіцця самой літаратуры” [44, с. 45]. За гады фарміравання беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, станаўлення нацыянальнай самасвядомасці наша прыгожае пісьменства здолела прайсці шляхамі развітых еўрапейскіх літаратур ад фалькларызаваных форм да рамана і ўзняцца на якасна новы ўзровень.
Як на пачатку, так і напрыканцы ХХ ст. беларускае грамадства перажывала перыяд разняволення пасля доўгага нацыянальнага і сацыяльнага ўціску. Часы сацыяльна-эканамічных зрухаў робяцца часамі псіхалагічна-грамадскіх змен. Яны прадстаўляюць магчымасць “выйсці на свет”, “людзьмі звацца” не толькі занядбаным раней нацыянальным меншасцям, але і адсунутым на перыферыю ў сацыяльнай структуры жанчынам. Гэта спрыяе пашырэнню кола інтэрпрэтацый вобраза жанчыны ў т.зв. “культурных тэкстах” - творах розных відаў мастацтва.
На Беларусі фемінісцкія ідэі выспявалі пад уплывам агульнаеўрапейскіх жаночых рухаў. Асабліва актывізаваліся гэтыя працэсы ў 1900-я і 1990-я гг. Пасля польскіх шляхецкіх хваляванняў 1830 - 1831, 1846 - 1848 гг., рэвалюцыйных падзей 1848 г. у Чэхіі, Красавіцкага паўстання ў Балгарыі (1876), Цімокскага (1883) - у Сербіі, паўстання 1863 - 1864 гг., якое на Беларусі і Літве ўзначальваў Кастусь Каліноўскі, - змагарны дух запанаваў над Еўропай. Рэвалюцыйныя змены закранулі ўсе слаі грамадства - і такім чынам жанчыны таксама выйшлі на гістарычную арэну.
Прага разняволення чалавечай асобы выклікала да жыцця актыўны жаночы рух у Польшчы 40 - 50-х гг. ХІХ ст. (гурткі і саюзы т.зв. “эмансіпатак”, ці “энтузіястак”). Зараджэнне польскага фемінізму звязваюць з імёнамі фалькларысткі Ю. Вайкоўскай, пісьменніцы Н. Жміхоўскай, пазней - Э. Ажэшкі, М. Канапніцкай. У Чэхіі ў другой палове ХІХ ст. дзейнічаюць пісьменніцы-феміністкі Караліна Светлая, Э. Краснагорская, Т. Навакава. Гэтыя аўтаркі ўвялі ў славянскую літаратуру вобраз сацыяльна актыўнай, нацыянальна свядомай жанчыны - носьбіткі культурных традыцый.
Жаночы вобраз усё больш актыўна пачынае заяўляць пра сябе і ў творах усходнеславянскіх літаратур. Ва ўкраінскай яго распрацоўваюць аўтарка апавяданняў “Тры долі”, “Адарка”, “Казачка”, “Сястра” Марко Ваўчок, а таксама славутая Леся Украінка, В. Кабылянская, у рускай - папулярныя пісьменніцы М. Жукава (“Дзве сястры”), К. Тур (“Маша”). У беларускай прозе фемінны вобраз з'яўляецца на пачатку ХХ ст. у творах З. Тшашчкоўскай, М. Косіч, Ванды Левай, Цёткі.
Напрыканцы ХХ ст. пасля распаду СССР, уваходжання некаторых краін сацыялістычнага лагера ў Еўрапейскі Саюз, зняцця таталітарнага цэнзу распачался другая хваля фемінісцкага руху і, натуральна, развіццё жаночай літаратуры. У постмадэрнісцкім кантэксце з'яўляюцца творы славянскай жаночай прозы: А. Забужко - ва ўкраінскай літаратуры, В. Такарчук, М. Кунцэвіч - у польскай, Л. Петрушэўскай, Т. Талстой - у рускай. На Беларусі жаночая літаратура прадстаўлена творамі С. Алексіевіч, В. Іпатавай, В. Коўтун, Г. Багданавай і інш.
Дарэвалюцыйная проза прадстаўляла жанчыну найперш у розных іпастасях: гаротнай маці, добрай альбо дрэннай нявесткі і жонкі, сіраты, гараджанкі ці сялянкі-бяднячкі, каханай дзяўчыны. Як у жыцці, так і ў літаратуры жанчына адыгрывала пасіўную ролю, выступаючы перадусім як аб'ект, а не як суб'ект гісторыі. Вялікую ролю ў стварэнні гэтых жаночых вобразаў адыгралі празаікі-мужчыны: Ядвігін Ш., Якуб Колас, Змітрок Бядуля, М. Багдановіч, М. Гарэцкі, і безумоўна, Цётка. Менавіта яна, А. Пашкевіч, і сваім асабістым лёсам, і сваімі апавяданнямі (“Зялёнка”, 1910 - 1912; “Лішняя”, 1912) выводзіць на беларускую літаратурную ніву сацыяльна-актыўных, удумлівых гераінь, здольных да рэфлексіі і філасофскіх абагульненняў.
Літаратура 1920 - 1930-х гг. пад уплывам грамадскіх змен стварыла абагульнены станоўчы вобраз савецкай - “новай” - жанчыны, “які не з'яўляецца лагічным працягам заяўленага раней каларытнага і адметнага вобраза беларускі ў літаратуры 1905 - першай паловы 1920х гг.,” - слушна адзначыла І. Воюш [32, с. 153]. Гэта адбываецца з прычыны “стандартызацыі” жаночага вобраза ў савецкі перыяд і сацыялагізатарства ў крытэрыяльным падыходзе да яго. Спробы Кузьмы Чорнага, Міхася Зарэцкага і інш. пранікнуць у глыбіні жаночай псіхалогіі былі годна ацэнены, на жаль, толькі праз многія дзесяцігоддзі.
Нацыянальныя рысы характару беларускай жанчыны паступова вяртаюцца ў прозе ваеннай пары і ў пазнейшых пасляваенных творах М. Лынькова, Я. Брыля, І. Мележа, В. Быкава. Тэорыя бесканфліктнасці ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе затрымала вяртанне ў нашу літаратуру паўнакроўнага вобраза беларускі. Толькі ў творчасці “шасцідзесятнікаў” У. Караткевіча, А. Кулакоўскага, М. Лобана, І. Навуменкі, І. Шамякіна жанчына заняла сваё пачэснае месца. Гэтыя пісьменнікі адлюстроўвалі жанчыну ў розных іпастасях: як маці, як гераіню, як грамадскую дзеячку, і, вядома, як проста каханую жанчыну.
Сучасная літаратура мае тэндэнцыю, з аднаго боку, да высокага філасофскага асэнсавання вобраза жанчыны, а з другога - да вяртання жанчыне яе спрадвечнага месца ў маленькім, утульным хатнім свеце. Проза “апошніх дзесяцігоддзяў А. Адамовіча, В. Быкава, В. Адамчыка, І. Шамякіна, І. Чыгрынава, В. Казько, В. Карамазава, А. Кудраўца, А. Федарэнкі, Ю. Станкевіча не толькі пераасэнсоўвае літаратурныя набыткі ў сферы інтэрпрэтацыі жаночага вобраза, а нібы падхоплівае перарваную традыцыю, закладзеную Міхасём Зарэцкім, Кузьмой Чорным, а пазней адноўленую І. Мележам” [29, с. 23].
Так, у творчасці В. Быкава пераасэнсоўваецца вобраз жанчыны 1930 - 1940-х гг. Адначасова, мажліва, пад уплывам быкаўскіх твораў, а таксама ў залежнасці ад павеваў часу ў літаратуры 1980 - 1990-х гг. рыхтуецца глеба для з'яўлення жаночага характару, які народжаны новымі сацыяльнымі абставінамі. На гэтай ніве творча пераасэнсоўваецца не толькі гісторыя (напрыклад, “Сны імператара” У. Арлова альбо “Літоўскі воўк” Алеся Наварыча), але і сучаснасць (да прыкладу, традыцыйна беларуская аповесць “Сны пра маму” А. Жука ці постмадэрнісцкія цыклы “Мама і я”, “Толькі не гавары маёй маме” Адама Глобуса).
Дыпломнае даследаванне прысвечана аналізу некаторых твораў класікаў беларускай прозы, дзе адбіліся найбольш характэрныя тэндэнцыі эвалюцыі вобраза беларускай жанчыны ў сацыяльна-гістарычным разрэзе.
Актуальнасць тэмы даследавання.
Занепакоенасць правамі чалавека прыцягнула ўвагу сусветнай супольнасці да становішча жанчын. Гэтыя праблемы паступова сталі ўсведамляцца сучасным беларускім грамадствам і, адпаведна, успрымацца ў дзяржаўным маштабе. У Рэспубліцы Беларусь распрацаваны Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендэрнай роўнасці [61], у якім перад навуковымі і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі краіны пастаўлены наступныя задачы:
· правядзенне навуковых даследаванняў па праблемах жанчын;
· распрацоўка і апрабацыя курса па праблемах жанчын для ВНУ і інш. навучальных устаноў.
У сувязі з тым, што літаратура - гэта культурны тэкст, то заканамернасці глабальнага працэсу фемінізацыі, адпаведна, распаўсюдзіліся і на яе. Такім чынам, акрэсліўся новы аспект літаратуразнаўчых даследаванняў - выяўленне жаночага пачатку ў мастацкім тэксце.
Зварот да асэнсавання сацыяльна-полавай функцыі жанчыны ў нацыянальным прыгожым пісьменстве ў значнай ступені звязаны і з імклівым пранікненнем ва ўсходнеславянскія школы ідэй французскага і амерыканскага літаратуразнаўства.
Ступень распрацаванасці тэмы. Інтэрпрэтацыя жаночай суб'ектыўнасці ў вуснай народнай творчасці і мастацкай літаратуры стала спецыяльна вывучацца беларускімі крытыкамі параўнальна нядаўна, у сярэдзіне 1990-х гг. Манаграфічных работ па гэтай праблеме пакуль няшмат, але цікавасць да яе нязменна расце. Пра гэта сведчаць работы даследчыкаў І. Багдановіч, І. Bоюш, А. Гапавай, А. Мельнікавай, Т. Камароўскай, Л. Рублеўскай, Т. Фіцнер, Т. Шамякінай і інш., якія пераважна аддаюць увагу выяўленню вобраза жанчыны ў міфалогіі, беларускай і замежнай жаночай літаратуры.
Эвалюцыя, рэпрэзентацыя і заканамернасці функцыянавання жаночага вобраза ў празаічных тэкстах, створаных класікамі беларускай літаратуры, цэласна яшчэ не даследаваліся. Паколькі аб'ём назапашанага беларускай прозай мастацкага матэрыялу велікі, то зараз маецца магчымасць прасачыць эвалюцыю жаночага вобраза на працягу апошняга стагоддзя, класіфікаваць шматлікія жаночыя характары, асэнсаваць іх ролю і значэнне і ў літаратурным працэсе, і ў канкрэтных мастацкіх тэкстах.
Мэтай дыпломнага даследавання з'яўляецца вывучэнне мастацкай рэпрэзентацыі жаночых вобразаў у беларускай ў нацыянальнай прозе другой паловы ХХ ст.
У сувязі з гэтым пастаўлены наступныя задачы:
– даследаваць агульнасацыяльныя і ўласна літаратурныя фактары, што ўплывалі на фарміраванне вобраза жанчыны ў другой палове ХХ ст.;
– прасачыць этапы станаўлення і развіцця жаночага вобраза ў прозе класікаў нацыянальнай літаратуры - І. Мележа, В. Быкава, раскрыць значэнне іх творчай дзейнасці ў мастацкім выяўленні вобраза беларускай жанчыны;
– акрэсліць спецыфіку мастацкай інтэрпрэтацыі жаночых вобразаў у творчай спадчыне І. Мележа, В. Быкава;
– вылучыць сістэму каштоўнасцей, якую маніфестуюць жаночыя характары;
– распрацаваць тыпалогію жаночых вобразаў паводле іх сацыяльна-родавай функцыі ў літаратурным празаічным тэксце.
Аб'ект і прадмет даследавання. Беларуская літаратура другой паловы ХХ ст. багатая на жаночыя вобразы, і гэта акалічнасць вымушае звузіць колькасць твораў для даследавання, акрэсліўшы крытэрыі іх адбору: 1) прыналежнасць да празаічных жанраў; 2) наяўнасць адметных рэалістычных жаночых персанажаў; 3) канцэптуальная значнасць выяўленых жаночых вобразаў. У выніку, аб'ектам даследавання сталі празаічныя творы І. Мележа і В. Быкава.
Прадметам даследавання з'яўляюцца асаблівасці мастацкай рэпрэзентацыі літаратурнага вобраза беларускай жанчыны ў нацыянальнай прозе другой паловы ХХ ст.
Метадалогія і метады даследавання.
У дыпломным даследаванні выкарыстаны канкрэтна-аналітычны, параўнальна-гістарычны і метад сістэмна-тыпалагічнага аналізу.
Тэарэтыка-гістрычным падмуркам даследавання сталі працы аўтарытэтных айчынных і замежных вучоных у галіне літаратуразнаўства, культуралогіі А. Бачарова [7], Ю. Лотмана [45], а таксама на работы беларускіх літаратуразнаўцаў А. Адамовіча [1], С. Андраюка [2, 3], Дз. Бугаёва [8 - 14], І. Воюш [29 - 32], П. Дзюбайлы [38, 39], В. Каваленкі [40], Л.Корань [43], А. Матрунёнка [48], А. Пяткевіча [62, 63], М. Тычыны [67] і інш.
Практычная значнасць атрыманых вынікаў. Матэрыялы і вывады дыпломнага даследавання могуць быць выкарыстаны настаўнікамі беларускай літаратуры, вучнямі сярэдніх і сярэднеспецыяльных устаноў на факультатыўных занятках па творчасці І. Мележа, В. Быкава, пры напісанні рэфератаў і дакладаў, падрыхтоўцы паведамленняў.
Структура і аб'ём працы. Дыпломнае даследаванне складаецца з уводзін, адной главы, заключэння, спіса выкарыстаных крыніц (68 пазіцый). Асноўны матэрыял працы займае 56 старонак, са спісам літаратуры - 60.
Глава І. Семантыка жаночых вобразаў у беларускай прозе 1940- - 1990-х гадоў
1.1 Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя
Літаратура перыяду вайны і пасляваеннага дзесяцігоддзя існавала ва ўмовах жорсткай цэнзуры і таталітарызму, але народная трагедыя - вайна - была настолькі вялікай, што, нягледзячы на неспрыяльныя абставіны, пісьменнікі заканамерна прыйшлі да больш глыбокага асэнсавання рэчаіснасці. У гады Вялікай Айчыннай асабліва папулярнымі сталі жанры навелы, фельетона, памфлета, і толькі ў другой палове 1940х гг., пасля прытоку новых сіл, літаратары звярнуліся да буйных празаічных твораў. Перыядычныя выданні былі напоўнены апавяданнямі, аповесцямі, раманамі, у якіх па свежых слядах узнаўлялася ваенная рэчаіснасць, паказвалася аднаўленне разбуранай гаспадаркі. Кузьма Чорны, І. Мележ, І. Шамякін, Я. Брыль плённа працавалі на ніве адраджэння нацыянальнай прозы - рыхтавалі глебу для ўсплёску творчай актыўнасці пасля падзей 1956 г.
Адпаведна, беларуская жанчына паўстала перад чытачом у новай для сябе ролі - жанчыны на вайне і жанчыны, якая аднаўляе разбураную вайной гаспадарку і нармальнае чалавечае жыццё.
У літаратуры гэтага часу трансфармуецца вобраз маці. Глабальная роля мацярынства, якая заключаецца ў ратаванні сваіх дзяцей і ўсяго свету ад катастрофы, асабліва ярка праяўляецца ў прозе гэтага перыяду.
Маці ў апавяданні М. Лынькова “Ірына” (1942) аказваецца здольнай узарваць мост, каб адпомсціць за забойства дзіцяці. Ахвярай гвалтоўнага пасляваеннага бюракратызму становіцца Хвядосіха - маці трох сыноў, якія загінулі на вайне, з твора А. Кулакоўскага “Сад” (1947). У аповесці Я. Брыля “На Быстранцы” (1955) маці ахвяруе жыццём, каб уратаваць чатырнаццацігадовага сына, і хлопец пакутуе ад адчування віны.
Варта прыгадаць і славутае брылёўскае апавяданне “Маці” (1957). У творы паўстае вобраз жанчыны, якая ўвасабляе найлепшыя рысы мацярынства - дабрыні, ахвярнасці, спачування, адданасці сваім дзецям. Яна рашаецца накарміць палонных - уцекачоў з фашысцкага канцлагера - і прымае пакаранне разам з імі. Успрыняцце чужых дзяцей як сваіх паядноўвае вобразы маці і бабы Зось з аповесці Я. Брыля “Зялёная школа” (1957). Знешне непрывабная бабуля Зось, якую баяцца дзеці, аказваецца чалавекам вялікай душы: ратуе ад карнікаў малую яўрэйскую дзяўчынку.
Трывала ўваходзіць у мастацкую прозу вобраз савецкай жанчыны. Значная роля ў яго распрацоўцы належыць І. Шамякіну. Тэма аднаўлення разбуранай вайной краіны, памяці пра ахвяры вайны нарадзіла ў яго творчасці шматлікія станоўчыя жаночыя вобразы. Гэта маці салдата Раманенкі з аповесці “Помста” (1945). “Сумленная камсамолка, інтэлігентка”, якая “прагне барацьбы” [33, с. 598], - паводле В. Локун, Таццяна Маеўская (“Глыбокая плынь”, 1946 - 1949). Маша Кацуба з рамана “У добры час” (1949 - 1952) - каханая галоўнага героя Максіма Лескаўца - аддае ўсе сілы адбудове калгаса. Праўда, росквіт творчасці пісьменніка прыйшоўся на першую палову 1950-х - 1970-я гг., калі з'явіліся пенталогія “Трывожнае шчасце” (1957 - 1965), раманы “Крыніцы” (1957), “Сэрца на далоні” (1963) і інш.
Засяроджваецца на душэўных перажываннях жанчыны Я. Брыль у апавяданнях “Марыля” (1937 - 1943) і “Галя” (1953). Пранікнёны лірызм аўтара тут спалучаны з глыбокім псіхалагізмам, абсалютна па-новаму выяўлены багаты ўнутраны свет беларускай жанчыны.
Дзякуючы з'яўленню твораў Я. Скрыгана развіваецца жанр меладрамы, абсягі даследавання якога - думкі і пачуцці герояў, пошукі ў галіне псіхааналізу. А гэта адкрывае перспектыву для далейшага развіцця жаночага характару. У апавяданні “Наталя” (1957) канфлікт разгортваецца паміж Наталяй і яе мужам Казімірам. Сустрэўшыся пасля вайны, яны разам перажываюць страту сваіх блізкіх. Але нечакана з'яўляецца дачка Наталі, пра існаванне якой Казімір не ведае. У ім спеюць падазрэнні да жонкі. І ўсё ж чалавечнасць перамагае, і муж адпраўляе Наталю па дзяўчынку.
Такім чынам, у ваенны час і ў перыяд першага пасляваеннага дзесяцігоддзя ў літаратуры адбывалася далейшая распрацоўка жаночага характару, якая пазней дала свой плён у творах Я. Брыля, І. Мележа, В. Быкава, І. Шамякіна, У. Караткевіча, І. Навуменкі, А. Кулакоўскага, М. Лобана, А. Адамовіча, І. Чыгрынава, В. Адамчыка і інш.
Другая палова ХХ ст. прынесла нашаму грамадству хрушчоўскую адлігу і масавыя рэабілітацыі незаконна асуджаных падчас сталінскіх рэпрэсій, перыяд дысідэнцтва і застою, часы перабудовы і ўтварэнне нацыянальна і палітычна незалежнай суверэннай дзяржавы.
Літаратура зноў апынулася ў віры імклівага развіцця падзей і была заклікана ацаніць і пераасэнсаваць многае са створанага раней, у час панавання сацыялістычнага рэалізму. Яна павінна была знайсці ў сабе сілы і, пераадолеўшы творчы застой, адрадзіцца ў новай якасці напрыканцы ХХ ст., у 90-я гг., як бы вярнуўшыся да маральных, гуманістычных набыткаў яго пачатку.
Агульная тэндэнцыя развіцця нацыянальнай літаратуры пасля адлігі - аднаўленне ўжо знойдзеных у перыяд беларусізацыі каштоўнасцей, агульначалавечых ідэалаў. Да жаночага вобраза паступова вяртаецца яго духоўны пачатак, а сама жанчына з сацыяльнага элемента, “шрубчыка” пераўтвараецца ў паўназначную асобу. Вобразу жанчыны за перыяд з канца 50-х да 90-х гг. ХХ ст. было нададзена першапачатковае значэнне аб'екта і стваральніцы кахання, ахоўніцы хатняга ачага, яна з вытворчасці была зноў вернута ў сям'ю, да мужа і дзяцей.
Духоўнае, а не класавае прызначэнне жанчыны на Зямлі было адлюстравана ўжо ў аповесці А. Кулакоўскага “Нявестка” (1956). Заглыбленне аўтара ў нематэрыяльныя сферы чалавечага жыцця заканамерна вывела на першы план паўзабыты жаночы вобраз пачатку стагоддзя - вобраз добрай нявесткі.
Шматаспектна пачаў інтэрпрэтавацца вобраз маці: яго значэнне стала пашырацца за кошт разнастайнасці характараў і абставін.
У рамане А. Адамовіча “Вайна пад стрэхамі” (1960) Ганна Міхайлаўна Корзун знаходзіцца ў дастаткова супярэчлівых абставінах: з аднаго боку, яна мае дваіх сыноў і адказвае за іх жыццё, а з другога - яна аптэкарка, якая заклікана дапамагаць хворым. Прыкметы часу адбіліся ў яе характары: жанчына абірае сацыяльна значымы шлях - дапамагае медыкаментамі падпольшчыкам, падвяргаючы пры гэтым небяспецы сваіх дзяцей. Значнае месца ў духоўнай канве твора займае таксама вобраз маці ў пазнейшай аўтабіяграфічнай аповесці А. Адамовіча “Vixi” (1993).
Тэме драматычнага лёсу беларускай жанчыны-маці ў неспакойным свеце прысвечана апавяданне С. Грахоўскага “А маці не спіць” (1987).
Вобразы маці, дзяцінства і роднага кута спалучаны ў “вясковай прозе” - аповесцях М. Стральцова “Адзін лапаць, адзін чунь” (1970), А. Кудраўца “Раданіца” (1988), Б. Сачанкі “Родны кут” (1989), апавяданні В. Карамазава “Дзяльба кабанчыка” (1988) і інш.
Вобраз сучаснай жанчыны-маці і праблема адносін да яе паўстаюць у творы Алеся Наварыча “Сузіранне начной поўні” (1988), дзе сын дазнаецца аб алкагалізме маці, А. Кудраўца “Пахахуцікі” (1988), у якім маці з-за нявесткі падкараціла сабе жыццё, І. Сяргейчыка “Горкая пяшчота” (2000), дзе паказана маці “афганца”.
З прозы перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў літаратуру 1960 - 1980-х гг. прыйшла жанчына-гераіня, якая, аднак, істотна змянілася. Вялікая роля ў развіцці жаночага гераічнага персанажа належыць М. Лынькову (“Векапомныя дні”, 1958), І. Мележу (“Мінскі напрамак”, 1952 - 1974), В. Быкаву (“Кар'ер”, 1987; “Знак бяды”, 1982; “Велікоднае яйка”, 2001, і інш.), І. Шамякіну (“Гандлярка і паэт”, 1975; “Трывожнае шчасце”, 1957 - 1965), І. Пташнікаву (“Алімпіяда”, 1984).
Стварэнню вобразаў савецкіх жанчын прысвяціў сваю творчасць 1950 - 1970-х гг. І. Шамякін. Гэта вобразы Марыі Сяргееўны і Сашы Траянавай з пенталогіі “Трывожнае шчасце”, доктара Таісы Міхайлаўны з рамана “Вазьму твой боль” (1978). Трагедыю душы жанчыны-функцыянера пісьменнік раскрыў у аповесці “Драма” (1988).
На працягу другой паловы стагоддзя ў літаратуру быў вернуты занядбаны ў савецкія часы вобраз жанчыны ў гісторыі. Асабліва плённа працаваў у гэтай галіне У. Караткевіч, пяру якога належаць арыгінальныя рамантычныя жаночыя вобразы з гістарычных аповесцяў “Сівая легенда” (1961), “Цыганскі кароль” (1961), “Дзікае паляванне караля Стаха” (1964), “Ладдзя Роспачы” (1968), рамана “Каласы пад сярпом тваім” (1964 - 1966). Жанчыне пісьменнікам адводзіцца асаблівае месца ў гісторыі. Яна самой сваёй прысутнасцю матывуе не толькі ўнутраны рух сюжэта, але і гістарычна значныя калізіі. Традыцыі пісьменніка творча працягваюць І. Шамякін, Т. Бондар, В. Іпатава, В. Коўтун, В. Чаропка, Алесь Наварыч.
Тэма кахання і, адпаведна, вобраз каханай таксама трансфармаваўся. Адкрытыя юначыя пачуцці Сашы Траянавай і Пятра Шапятовіча з вядомай пенталогіі істотна адрозніваюцца ад сузіральна-заглыбленага кахання Вялічкі да суседкі (І. Пташнікаў “Мсціжы”, 1972), сталага пачуцця герояў А. Жука з аповесці “Праклятая любоў” (1990).
Перыяд духоўнага разняволення ў грамадстве канца 1980-х гг. (часоў перабудовы) даў штуршок для стварэння праблемнага, часам трагічнага жаночага вобраза. Раней завуаляваныя праблемы аказаліся на паверхні. Дзяўчаты, для якіх у выніку жорсткіх абставін каштоўнасць кахання і любові застаецца непазнанай або дыскрэдытаванай, - гераіні твораў 1990-х гг. У. Рубанава “Распусная” (1991), І. Жарнасек “Мона Літа” (1991), Я. Хвалея «Прынцэса “Жалезная дзева”» (1991), Г. Багданавай “Супер-8” (1990), “Народжаныя поўзаць” (1991), “Салодкія арэшкі” (1991), “Мамін вальс, або Як мы развітваліся з рамантыкай” (1991), “Тармазнутая” (1996) і інш.
Асаблівае гучанне набывае вобраз адзінокай, пакінутай сам-насам з доляю жанчыны ў неспакойным свеце. Праблема жаночай адзіноты адлюстравана ў прозе У. Рубанава (“Буслы на снезе”, 1981), Алеся Наварыча (“Гепардава лета”, 1992), І. Шамякіна (“Адна на падмостках”, 1994; “Палеская мадонна”, 1996), Г. Багданавай (“Смерць настаўніцы”, 1997) і інш.
Пачуццёвыя, эмацыянальныя, эстэтычныя ацэнкі знешняму хараству жанчыны дае т.зв. эратычная проза. Да гэтай плыні В. Старычонак і А. Бельскі адносяць творы Г. Далідовіча са зборніка апавяданняў пра жанчын “Жар кахання” (1994), прозу Адама Глобуса - “Дамавікамерон” (1996), “Эратычная проза” (1998), “Інтымнае” (1999), “Тэксты” (2000), А. Казлова - “Графіня з ружай” (1993).
Нечаканым для літаратуры канца стагоддзя, але вядомым па прозе 1900-х, стаў вобраз жанчыны-жабрачкі, або бамжа, зэка. Так, у аповесці В. Быкава “Ваўчыная яма” (1999) мы сустракаем выкрасленую з грамадскага жыцця жанчыну, былую прастытутку Жаржэту, да якой поўнасцю можна аднесці словы самога аўтара пра адрэзаную лусту, сказаныя ў дачыненні да іншага героя (Хведара Роўбы): як не ссохне, то з'ядуць. Такая ж бяздольная адпушчаная з турмы Нінка ў апавяданні А. Асташонка “Супер” (1989).
Такім чынам, нягледзячы на пэўную навізну інтэрпрэтацый, у літаратуры другой паловы ХХ ст. прадстаўлены традыцыйныя іпастасі жанчыны, якія былі створаны папярэднімі пакаленнямі творцаў. Проза канца мінулага і пачатку нашага стагоддзя мае падабенства ў тым, што цяпер літаратуры вернуты традыцыйны вобраз жанчыны, які быў заяўлены дакастрычніцкімі аўтарамі, Якубам Коласам, Змітраком Бядулем, М. Гарэцкім.
Істотная роля ў яго аднаўленні і развіцці належыць І. Мележу і В. Быкаву - празаікам, творчасць якіх стала вяршыняй літаратурнага працэсу другой паловы ХХ ст. З гэтай прычыны жаночыя характары і тыпы ў творах гэтых аўтараў мы разгледзім больш падрабязна ў асобных раздзелах.
1.2 Жаночы характар у творчасці І.Мележа
1.2.1 Вобраз беларускай жанчыны ў апавяданнях і аповесцях І. Мележа
Творчая індывідуальнасць Івана Паўлавіча Мележа адметная не толькі для айчыннай, але і для сусветнай літаратуры. Унікальнасць таленту пісьменніка адзначаюць шматлікія даследчыкі яго творчасці - Ф. Куляшоў (“Іван Мележ: Літаратурная біяграфія”, 1968), В. Смыкоўская (“Творчая канцэпцыя пісьменніка: Задума і яе мастацкае ўвасабленне ў “Палескай хроніцы” І. Мележа”, 1976), Дз. Бугаёў (“Вернасць прызванню: Творчая індывідуальнасць І.Мележа”, 1977), У. Гніламёдаў (“Іван Мележ: Нарыс жыцця і творчасці”, 1984). Аналітычныя артыкулы, прысвечаныя мележаўскай прозе, належаць А. Адамовічу, С. Андраюку, П. Дзюбайлу, В. Каваленку, В. Жураўлёву, У. Юрэвічу і інш.
У сучасным літаратуразнаўстве за мастаком трывала замацавалася званне майстра псіхалагічнай прозы, і згаданая якасць яго твораў найбольш ярка выявілася ў раманнай трылогіі “Палеская хроніка”. Пісьменнік ішоў да вялікай прозы праз пошукі свайго героя, праз адточванне пяра ў малых жанрах. Раннія апавяданні і аповесці І. Мележа - гэта той пласт творчасці пісьменніка, што выяўляе найперш асаблівасці творчага сталення аўтара, пошукі ім уласнай сюжэтнай прасторы, падзей, герояў, сярод якіх значнае месца аддадзена жаночым вобразам.
У гэтым сэнсе заўважым, што ў дараманнай прозе аўтара асаблівае месца займаюць творы, дзе жанчыны з'яўляюцца галоўнымі гераінямі. Варта, напрыклад, прыгадаць апавяданні “Ноччу” (1945), “Адна” (1946), “На рацэ” (1953), “На скрыжаванні” (1954), “Спатканне за горадам” (1955). У цыкле “Гарачы жнівень” (“Перад навальніцай”, 1947; “Павел прыехаў”, 1947; “Гарачы жнівень”, 1946) адной з галоўных гераінь з'яўляецца брыгадзір Алена Гаркуша.
Жаночыя персанажы другога плана - памочніца машыніста Валя (“Канец размовы”, 1943), медсястра Оля (“Сустрэча”, 1944), Ліда (“Такі кароткі водпуск”, 1945), маці (“Незнаёмы”, 1947), жонка пагранічніка Галіна Сасноўская (“Што ён за чалавек”, 1955), Жэня Крушынская (аповесць “Блізкае і няблізкае”, 1954) - пераважна нясуць моцную сэнсавую нагрузку, яны цікавыя змястоўнасцю і неадрыўнай повяззю з ідэяй твора.
Не менш цікава створаны і многія эпізадычныя, але запамінальныя вобразы - такія, як старая Таквіля і гаспадыня з ранніх апавяданняў “Апошняя аперацыя” (1943) і “У завіруху” (1944). Дарэчы, падзел мележаўскіх герояў на галоўных і негалоўных у дадзеным выпадку дастаткова ўмоўны. Як згадвае А. Адамовіч у прадмове да 10-томнага Збору твораў пісьменніка, “кожны з персанажаў у ходзе падзей можа аказацца “ў фокусе” і нават павесці за сабой сюжэт” [51, с. 14].
Карыстаючыся жанрава-храналагічным прынцыпам, зробім спробу прасачыць шляхі развіцця і адзначыць асаблівасці мастацкай рэпрэзентацыі ў творчасці І. Мележа жаночых вобразаў.
Пачнем са значэння жаночага персанажа ў апавяданнях І. Мележа. У першым апавяданні “Апошняя аперацыя”, што ўбачыла свет у газеце “Бугурусланская праўда” (1943), жаночыя вобразы гаспадыні, Таквілі і юнай пацыенткі доктара Бацюні яшчэ традыцыйна выконваюць “службовую” функцыю, падкрэсліваючы якасці галоўнага героя - мужчыны.
Па сюжэце галоўны герой доктар Бацюня напачатку імкнецца абараніць сваю пацыентку, семнаццацігадовую дзяўчыну, ад сепсісу, аднак бяссільны перад цяжкай хваробай. Потым з-за наступлення ворагаў доктар вымушаны пакінуць хату, дзе кватараваў. Урэшце, зноў жа ён, Бацюня, не мае магчымасці прааперыраваць параненую старую Тэклю.
Калі выяўляць значэнне назыўнога прозвішча галоўнага героя апавядання, можна заўважыць, што Васіль Дзянісавіч Бацюня - абагульнены вобраз бацькі, з аднаго боку, і сына, калі мець на ўвазе ягоныя адносіны да Тэклі, з другога. Адным словам, мужчыны, які павінен быў стаць абаронцам. У той жа час семнаццацігадовая дзяўчына, якую ўрач ратаваў да вайны, і вясковая гаспадыня доктара, і цётка Тэкля - гэта ўвасабленне абараняемых дачкі, маці, пацвярджэннем чаму можа служыць фінал апавядання. Тэклю, у якой немец бачыць параненую бальшавічку, Бацюня называе маткай, спрабуючы паўплываць на чалавечыя пачуцці фашыста. Высокая адказнасць, віна рухае гэтага героя да апошняга, здавалася б, безнадзейнага ўчынку - спробы ўратаваць Тэклю.
У эпізодзе развітання гаспадыня паказана найперш як ахвяра, аб'ект адказнасці ваеннага мужчынскага свету перад мірным, жаночым пачаткам, які разбураецца. Не маючы сілы выканаць сваё прызначэнне на зямлі - абараніць, - Бацюня гіне. У гэтым, магчыма, і заключаны трагічны пафас твора.
У датуемым 1944 г. апавяданні “Сустрэча” ўсяго адзін жаночы персанаж - медсястра Оля. У кампазіцыйным плане вобраз даволі перыферыйны, але значны. Праз эмацыянальную рэакцыю гераіні, яе спробу затуліць ад хваляванняў хворага на сэрца доктара Цулукідзе апасродкавана становіцца зразумелым боль усёй ягонай сям'і. У фінале апавядання відавочна, што з жаночым вобразам звязана галоўная думка твора. Пра гэта сведчаць апошнія радкі: “Оля выбегла з пакоя, адчуваючы, што праз хвіліну расплачацца, як стары... Яна была рада за ўрача, за Георгія, за гэту сустрэчу, якой яна так баялася. “Хто б мог падумаць, што так будзе?..” - са здзіўленнем падумала яна, узбягаючы па лесвіцы. Яна была занадта ўзрушана, каб шукаць прычыны” [51, с. 33].
Вынесены ў апошні радок аўтарскі імператыў па-новаму раскрывае сэнс папярэдняга аповеду: прычына шчаслівага ўздыму ў сэрцы хірурга якраз у тым самым галоўным, што хацеў данесці аўтар. Сыну ваенурача Богам захавана самае каштоўнае - жыццё. Стары Цулукідзе ўспрымае навакольнае ўжо на іншым, ваенным, узроўні, а не па-мірнаму, па-жаночаму, як Оля. Спачувальны падыход да любога, нават звыклага, болю, нават у самых экстрэмальных абставінах, уласцівы і яшчэ адной гераіні І. Мележа - доктарцы Марыі Андрэеўне, якая ў адным з эпізодаў рамана “Мінскі напрамак” мякка ўгаворвае партызана пацярпець. Вобраз гэтай гераіні, як і вобраз Олі, паказвае недалучанасць жаночага свету да жорсткасці і антычалавечнасці вайны, чужароднасць у ім.
У творы “Канец размовы” сустракаемся з памочніцай машыніста Валяй. Стары чыгуначнік Антонік і Валя вымушаны весці на наступную станцыю ваенны эшалон з ворагамі. Немец, які пільнуе машыніста, назаляе ўсім сваімі развагамі пра фашысцкую мараль. У свядомасці Валі і Антоніка спеюць планы адносна таго, як сарваць прыбыццё цягніка на станцыю. І раптам налёт савецкай авіяцыі выратоўвае сітуацыю. Валі ўдаецца ўцячы, Антонік гіне.
Неспакойным характарам і нязломнаю воляй гэты жаночы вобраз нагадвае Сцепаніду з аповесці В. Быкава “Знак бяды”, Дусю Валяр'янаву з ягонага ж апавядання “Жоўты пясочак”. У пэўным сэнсе вобраз Валі мог бы стаць працягам вобраза Ганны Чарнушкі ў “Праўдзе вясны” і ”За асакою бераг”. Але І. Мележ не быў бы сабою, каб патрыятызм гераіні-чыгуначніцы не пашырыў далей ідэалагічнай думкі - а менавіта да разумення жыцця наогул. Згадаем, да прыкладу, як стары машыніст Антонік успрымае выпакутаваны, акрэслены на індывідуальным узроўні патрыятызм спадарожніцы: «“Трэба быць героем, каб не быць здраднікам... Сярэдзіны няма...” - успомніліся яму словы Валі, і ён падумаў, што ў іх была суровая праўда» [51, с. 47].
Па словах І. Мележа, Валя “здольна цярпліва маўчаць, спакойна пакутаваць, можна часам нават здзівіцца яе цярплівасці. Але ці не было і так, што вытрымкі не хапала: калі ўсё, што паліла душу, горача прарывалася, нядобрае, неразумнае”, і тады яе “нішто не магло ні спыніць, ні спалохаць” [51, с. 45]. Гэтая ацэнка, дарэчы, магла б быць даслоўна прыменена і да Ганны Чарнушкі, пра якую пісьменнік напіша потым: “Ганну не дай бог увесці ў гнеў: тады яна ў момант страціць роўнасць сваю, забудзецца на ўсё, загарыцца адным. Гарачая, нястрымная, небяспечная яна, ганарліўка Ганна!” [54, с. 29].
Пры выяўленым падабенстве, аднак, варта адзначыць, што паміж згаданымі вобразамі ёсць прынцыповае адрозненне - вобраз Валі праяўлены сацыяльна, вобраз Ганны, хутчэй, інтымна-пачуццёва.
Ужо адно з першых апавяданняў - “У завіруху” - засведчыла, што ў літаратуру прыйшоў аўтар-псіхолаг. Зусім маладзенькі салдат Засмужац - галоўны герой твора - прыносіць у штаб важны пакет. Змораны, напаўжывы ад стомы, прыходзіць у хату да сваёй гаспадыні, збіраючыся нарэшце адпачыць. Але нечакана вайскоўцу выпадае выканаць яшчэ адно даручэнне, і хлопец моцным намаганнем волі прымушае сябе ісці. Пра псіхалагічны партрэт Засмужца напісана многа, таму звернемся да іншага сюжэтнага плана: спынімся на эпізадычным жаночым вобразе.
Як часта бывае ў І. Мележа, знешняя другараднасць жаночага персанажа кампенсуецца сэнсавай нагрузкай. Так, трапна ўжываючы антанімію (прыемна, весела, смешна - сумна, нявесела; цёплы, напалены - замерзлы) аўтар апавядання “У завіруху” дабіваецца псіхалагічнай апраўданасці жаночага вобраза і падсвядома рыхтуе да драматычнага фіналу твора, хаця на папярэдніх старонках яшчэ нічога не сведчыць пра магчымую бяду: “У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Салдат весела прывітаўся з маладзіцай і доўга расшпільваў шынель. Замерзлыя пальцы не слухаліся. Жанчына, сумна сочачы за ім, паківала галавой. “Дай дапамагу...” Ад нечаканага наплыву вясёласці Засмужац моцна абхапіў жанчыну за стан і прыцягнуў да сябе. Маладзіца нявесела паглядзела на яго стрыжаную галаву, на якой спераду смешна, па-дзіцячаму, тырчалі вожыкам серабрыстыя валаскі, паспрабавала вызваліцца” [51, с. 57].
Гераіня твора з сумам бачыць няшчасце маладога байца, добра ўяўляючы маштабы ўсеагульнай бяды. Па-жаночы, інтуітыўна маладзіца разумее, што такое хвіліннае, настраёвае адчуванне шчасця, як у маладога Засмужца, недаўгавечнае, бо яно не можа быць працяглым на вайне, і спачувае хлопцу. Канцэпт “хатняе” як увасабленне поўнага і неабходнага шчасця таксама звязваецца ў тэксце з вобразам гаспадыні і ўсяго таго, што вакол яе. Паводле І. Мележа, шч асце вельмі простае: застацца жыць - шчасце; быць у напаленай хаце - шчасце; цяпло і пах свежаспечанага хлеба, малака, бульбы - шчасце; чалавечы клопат - шчасце.
Аўтар пакрысе малюе, мадэлюе гэтую ўладкавана хатнюю, асаблівую ўтульнасць: “Маладзіца выняла з печкі чыгунок і паставіла на стол. Запахла бульбай. Засмужцу было радасна сачыць, як над чыгунком падымаецца пара... Жанчына паставіла кубак з малаком, Засмужац сеў за стол і пачаў вячэраць” [51, с. 58]. У “Подыху навальніцы” нешта падобнае чытаем пра Апейкаву жонку, якую муж заўсёды ўспамінае з замілаваннем. “Цяпло любага чалавека, цяпло роднага дома” для гэтага героя, асабліва “пасля холаду, беспрытульнасці дарогі, пасля чужых канап і ўслонаў, пасля навалачы турбот” [55, с. 186] заўсёды былі шчаслівым адхланнем. Шмат агульнага ў Апейкавай Веры і Засмужцавай гаспадыні-маладзіцы з Жэняй Крушынскай (аповесць “Блізкае і няблізкае”).
Тэма любай жанчыны і яе дома як духоўнага прыстанішча праменіць і ў апавяданні “Такі кароткі водпуск”. У цэнтры ўвагі - адпушчаны ў кароткі водпуск салдат Васіль, які прыязджае ў родны горад. І скарыстоўвае ён гэты каштоўны час для таго, каб пабачыцца з каханай. Васіля перапаўняе радасць ад магчымасці бачыць знаёмыя вуліцы, дамы, і звязана яна з прысутнасцю тут, у горадзе, каханай дзяўчыны. Шчасце вяртання ў адабраную вайной маладосць поўніць душу героя твора, які прызнаецца каханай: “Мне ўсё роўна як шчасце - бачыць цябе, твае вочы, твае рукі” [51, с. 74].
Мадэль прыватнага дамашняга свету як духоўнага прыстанішча, апірышча ў неспакойным жыцці, як гэта назіраецца і ў Кузьмы Чорнага, а потым у І. Мележа і В. Быкава, цесна паяднана з фемінным вобразам і яго варыяцыямі - літаратурнымі вобразамі маці, жонкі, каханай. У апавяданні І. Мележа “Ноччу” (“Салдаткіна ноч”) галоўная гераіня Маша чакае весткі ад мужа Сямёна з фронту. Адчуванне душэўнага разладу, тонкага ўнутранага канфлікту - вельмі ўласцівая празаіку рыса. Гатоўнасць бязмерна трываць, цярпець, рыхтавацца да горшага, як кажуць, трымацца прымушаюць Машу паводзіць сябе годна, хаваючы ад навакольных ды і ад самой сябе гнятлівыя пачуцці, якія поўняць яе душу. На сэрцы галоўнай гераіні - ноч, яно стыне, замірае ў цемрыве дум і сумненняў без роднага чалавека: “У акно пазірае белая месячная ноч. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Праз шыбы бачны кавалачак сіняга неба ў халодным раўнадушным бляску шматлікіх зорак. Нерухомая бясконцая ноч” [51, с. 66].
Ноч - гэта асацыяцыя са свядомасцю гераіні, “раўнадушны бляск... зорак” за шыбамі ўвасабляе непрытульны свет адзінокай жанчыны, калі людзі ад яе перажыванняў на такой жа касмічнай адлегласці, як халодныя зоркі. Выбух нечаканых слёз у Машы - вынік напружанага ўнутранага жыцця, чакання, калі растануць застылыя, замарожаныя горам пачуцці. Нечаканыя жаночыя слёзы часта ілюструюць выключна моцныя, хаця і схаваныя, перажыванні гераіні.
Своеасаблівым працягам апавядання “Ноччу” з'явіўся твор “Незнаёмы”, дзе шчаслівы момант вяртання салдата-каханага (Сяргея) таксама звязаны з жаночымі слязьмі: “Пасля маці нечакана адразу засмяялася і заплакала, але Сяргей не супакойваў, а толькі пазіраў на яе і радасна ўсміхаўся” [51, с. 100].
Праявы жаночай псіхалогіі, нечаканыя змены настрояў гераінь паглыбляюць уяўленне чытача пра невядомы, але рэальны жаночы свет, пра яго паралельнае, побач з мужчынскім, існаванне. І. Мележ стаіць на парозе наватарскай для беларускага патрыярхальнага менталітэту думкі: жанчына здольна быць не толькі аб'ектам кахання, сацыяльных змен, але і іх суб'ектам.
Апавяданне “Адна” ўзбагаціла палітру жаночых вобразаў, сярод якіх і галоўная гераіня твора Аня, яе сястра Арына, Арыніна дачка Лорка і маці. Пакуль Ані не было дома, у вёску ўварваліся карнікі і на вачах у яе жыхароў расстралялі маці за сувязь з партызанамі. Праз некалькі дзён Аня вяртаецца ў родную хату, дзе яе чакае страшная вестка. Дзяўчына з болем і любоўю ўспамінае маці. Але дачку непакоіць не характэрная для вялікага гора віна, што не змагла быць з маці да апошніх хвілін, не змагла пахаваць, а перапаўняе прага помсты.
Факт непрымання жорсткіх абставін ў пэўным сэнсе родніць яе са Сцепанідай В. Быкава. Але ў творы І. Мележа асобасная матывацыя (пісьменнік разгортвае дзіцячыя ўспаміны Ані пра маці) паступова саступае месца сацыяльна-ідэалагічнай, бо ідэя твора галоўным чынам скіроўваецца ў плынь адлюстравання ўсенароднай барацьбы. Думаецца, што ўхіл у сацыяльную сферу дае пабочны эфект спрашчэння псіхалагічнага партрэта гераінь.
Не пазбаўлена ідэалагізацыі і апавяданне І. Мележа “На рацэ”. У творы раскрываецца праблема адабранай маладосці цэлага пакалення, якое перажыло фінскую вайну, падзел Беларусі, фашысцкую навалу. Заўважым, што тэма раскрыта найперш праз вобраз брыгадзіра-ўдарніцы Васіліны Карпаўны Крэнь. З яе маналогу відаць, што ў сваім сталым узросце яна перажывае духоўную маладосць. Вобраз Васіліны пэўным чынам пераклікаецца з вобразам галоўнай гераіні аповесці “Гарачы жнівень”, таму што Алену таксама можна назваць жанчынай, якая не зведала сапраўднай маладосці.
Аднак варта адзначыць, што абодвум вобразам бракуе той жыццёвай сілы і аб'ектыўнасці, якія так выразна акрэсляцца пазней у жаночых характарах “Палескай хронікі”. Са згаданых вышэй твораў выпалі падзеі калектывізацыі, эпоха “вялікага пералому”, і гэта, відавочна, надае створанай пісьменнікам рэальнасці адчуванне штучнасці, хаця развіццё дзеяння застаецца эмацыянальна апраўданым, падзейна матываваным.
Што тычыцца апавядання “На скрыжаванні”, то яно цікавае ў першую чаргу тым, што аўтарам пададзены надзвычай лірычны жаночы вобраз, які дазваляе ўявіць разуменне пісьменнікам сапраўднага мацярынства. Старэнькая Андрэіха прыязджае ў горад, каб адшукаць свайго “непуцёвага” сына Трахіма, які ў свой час з'ехаў з роднай вёскі. Папрацаваўшы на розных работах, ён нідзе стала не асеў. Сэрца маці неспакойнае, і яна адпраўляецца паглядзець, як жыве яе Трахім. Не застаўшы хлопца дома, жанчына вырашае пайсці да яго на працу - на тое скрыжаванне, дзе сын стаіць за рэгуліроўшчыка. Калі яна нарэшце ўбачыла яго ў справе, сэрца маці напоўнілася гонарам, бо ”старая... глядзела на гэта інакш. Яе сэрца перапаўняла адчуванне велічы бачанага - за ўсё сваё жыццё Андрэіха, можа, ніколі не была такой усцешанай, як тут. Ёй здавалася, што і пешаходы, і пасажыры ў тралейбусах, і ліпы, і вокны дамоў, і сіняе, высачэзнае неба без хмурынкі - усё глядзіць на яго, на яе Трахіма” [51, с. 148]. У вобразе Андрэіхі ўжо праглядваюцца рысы будучага вобраза Алены - маці Васіля Дзятла, асабліва калі ўлічыць, што першапачаткова Васіля аўтар называў Трахімам.
У лірыка-інтымным апавяданні “Спатканне за горадам” на першы план вылучаецца праблема адказнасці ў каханні. Адзін з галоўных герояў твора, Леанід Андрэевіч, свядома завязвае блізкае знаёмства з юнай Алечкай, хоць бачыць, што ў дзяўчыны ўжо ёсць сябар. У выніку Алечка, нават баючыся грознага бацькі, закахалася ў старэйшага за сябе мужчыну, у якога расце дзіця. Калі Алечка зацяжарыла, Леанід, прыкрываючыся сынам, фактычна адмовіўся дзяліць адказнасць за ўчыненае. Дзяўчына застаецца адна са сваімі праблемамі, гатовая да ўсяго. Глыбіня дзявочага разумення абставін, калі спадзявацца можна толькі на сябе, сталенне Алечкі праз пакуты выклікаюць не толькі агіду да ўчынку Леаніда, але і нараджаюць захапленне душэўнымі якасцямі галоўнай гераіні.
Для прозы І. Мележа вельмі натуральна, што ён надае вялікую ўвагу інтымным пачуццям: праяўленне чалавека ў каханні - найбольш яркая характарыстычная рыса ў партрэце героя. Уменне бачыць сутнасць міжасобаснага канфлікту і рэалізаваць яго з усёй сілай у мастацкім слове - істотная адметнасць мележаўскага стылю. Гэты ж канфлікт па-новаму выявіцца потым у шчымлівым вобразе Канапляначкі.
Наогул, матыў пошукаў шчасця альбо праблема здрады ці неразборлівасці ў каханні ўласцівы многім творам празаіка. Так, у рамане “Мінскі напрамак” урач Марыя Андрэеўна, у якой не ўдалося асабістае жыццё, знаходзіць шчасце з партызанам Тураўцом. Удаву Аксінню, што адна засталася ў напаўразбуранай вёсцы з сынам, сватае падрыўнік Шашура. Аляксей Лагуновіч пасля смерці жонкі Ніны бярэ шлюб з яе сяброўкай Клавай. У аповесці І. Мележа “Блізкае і няблізкае” сардэчная дылема ўзнікае і ў Зыбіна. У Ніжнім Тагіле засталася ягоная нявеста Надзя, а на Беларусі ў партызанскім атрадзе яго выратавала ад смерці будучая жонка Жэня.
Думкі пра шчасце і маральную адказнасць перад тым, каго кахаеш, непакояць і Марціна - аднаго з герояў мележаўскага цыкла “Гарачы жнівень”. На яго вачах пры прарыве партызанскай блакады загінула жонка Гануля. Але мінуў час, і пасля вайны Марцін, ужо старшыня калгаса, адчувае ў сабе пяшчоту да Алены Гаркушы, нечакана апынуўшыся на душэўным раздарожжы. Зноў-такі, Ганна Чарнушка, хоць і найбліжэй да азначэння адналюбкі, на працягу ўсяго твора не раз спрабуе ўладкаваць асабістае жыццё: з Васілём, потым з Яўхімам, з Башлыковым, з Міканорам.
Адным словам, І. Мележ дае права сваім героям шукаць сваё шчасце, памыляцца, выпраўляць памылкі, знаходзіць новае каханне, загойваць душэўныя раны. Паказваючы балючыя працэсы ў сферы чалавечых пачуццяў, аўтар не апускаецца да пустога маралізатарства, а хутчэй спачувае сваім героям. Наяўнасць моцнай інтымнай плыні дазваляе І. Мележу значна пашырыць арсенал выяўленчых сродкаў для паказу разнастайных характараў, што выразна праяўляецца ў момант, калі ў фокусе аповеду аказваецца паўнакроўны, выразна акрэслены жаночы персанаж.
Новы паварот у адлюстраванні жаночага характару звязаны з ваеннай тэматыкай. Характэрны для ваеннай прозы сюжэт ратавання жанчынай параненага салдата ў тыле ворага (І. Мележ “Блізкае і няблізкае”, І. Шамякін “Начныя зарніцы”, В. Быкаў “Кар'ер”, “Сцюжа”, “Вочная стаўка”, І. Пташнікаў “Алімпіяда” і інш.) у нечаканым варыянце ўвасобіўся ў апавяданні “Што ён за чалавек”. Брат Галіны Сасноўскай быў паранены, калі збіў амерыканскі самалёт, што перасек савецкую мяжу. Сястра прыязджае да ягонай жонкі дзеля падтрымкі братавай. Вобраз Галіны ўвабраў спрадвечныя рысы беларускай жанчыны, якая стрымана перажывае сваё гора, умее браць на свае плечы чужы клопат. І. Мележ, як ён гэта часта робіць, не расказвае падрабязнасці з жыцця Галіны ў лагеры смерці, не націскае на шкадаванне, а дазваляе здагадацца пра тое, што іменна прыйшлося перажыць жанчыне, вывезенай у Германію. Галіна хавае на ферме амерыканскага лётчыка Давіда - і па даносе свайго баўэра трапляе ў канцэнтрацыйны лагер. Пачуццё ў яе спецыфічнае, дваістае. Гэта, з аднаго боку, неспакой пра параненага амерыканцамі ў мірны час брата, а з другога - ціхая сімпатыя да амерыканскага народа, які звязаны ў яе свядомасці не з імперыялістычнымі памкненнямі заатлантычнай краіны, а з выратаваным Давідам.
З'яўленне ў творы вобраза амерыканца не толькі наватарства, але і свядомы выбар аўтара, які надзяляе лётчыка рысамі звычайнага чалавека, што трапіў у бяду. Нягледзячы на тое, што твор увогуле адпавядае ідэалагічным канонам прозы перыяду хрушчоўскай адлігі, заўважаецца, што агульначалавечае хвалюе празаіка ў большай ступені, чым вузкапалітычнае. Творчы імператыў аўтара гучыць так: ты - чалавек, і я - чалавек, і няважна, у якой краіне мы народжаны.
Заўсёдная ўнутраная гатоўнасць да спачування і дапамогі, няздольнасць пакінуць чалавека ў бядзе, богабоязнасць - яшчэ некаторыя з характэрных рыс нацыянальнага жаночага характару.
Такім чынам, ужо ў апавяданнях І.Мележ засведчыў, што ў яго творах ёсць месца сэнсава напоўненаму жаночаму вобразу, глыбока нацыянальнаму жаночаму характару.
Цыкл аповесцяў “Гарачы жнівень” па духу найбольш набліжаны да галоўнай кнігі І. Мележа - “Палескай хронікі”. У ім часткова ўвасобілася першасная задума пра аповесць аб меліярацыі (як у апавяданнях “Здарэнне”, “Дадому”), і да яе далучыліся ўспаміны пра любімае аўтарам Палессе. Пасля перамогі аднаўляецца народная гаспадарка. Жанчыны-калгасніцы паказаны ў час жніва. Усе яны штодзённа здзяйсняюць своеасаблівы подзвіг, працуючы ў полі без мужчын ад цямна да цямна. “Аповесць гэтая ўвабрала ў сябе штосьці вельмі важнае з душэўнага набытку пісьменніка, звязанае найперш з душэўна-паэтычнымі адносінамі да жыцця” [3, с. 72], - піша пра гэты твор вядомы даследчык прозы І. Мележа С. Андраюк.
Менавіта ў гэтым цыкле разгарнулася і набыло глыбокае дыханне яго, мележаўскае, Палессе. Маючы вопыт стварэння запамінальных вобразаў палескіх жанчын такімі майстрамі слова, як Якуб Колас (“На ростанях”), І. Купрын (“Алеся”) і інш., пісьменнік, сапраўдны знаўца людзей свайго краю, звярнуўся да іх яшчэ раз, толькі раскрыў гэтыя вобразы знутры. Алена, Насця, Малання - палескія жанчыны, убачаныя не этнографам, не шукальнікам экзотыкі, не прыезджым, а палешуком па нараджэнні. Аўтарскае бачанне падзей - гэта бачанне былога партызана, а цяпер калгаснага старшыні Марціна. Ён па-апейкаўску глядзіць на пасляваенную рэчаіснасць і з болем бачыць, якая доля выпала ўчарашнім салдаткам у калгасе, спачувае ім.
Аповесць “Гарачы жнівень” - гэта жыццёвыя гісторыі Насці і Паўла, Марціна і Ганны, Алены і Андрэя. Асабістае і вытворчае настолькі сплаўлены ў І. Мележа, што цяжка аддзяліць гэтыя два ўзроўні. Вобразы Насці, Лізаветы пэўным чынам перагукаюцца з вобразам Сарокі (“Палеская хроніка”). Насця “без прымаўкі і з лаўкі не зваліцца”. Спрыт, “гарачасць” Насці перальюцца пазней ў вобраз Ганны Чарнушкі, а пакуль Гануля - жонка Марціна, якая загінула на вачах старшыні ў час прарыву блакады.
Калі ўважліва прааналізаваць аповесць “Гарачы жнівень” і чарнавыя накіды рамана “Завеі, снежань”, то можна заўважыць некаторае падабенства і ў іншым плане. Марцін і Міканор - абодва старшыні калгасаў, да таго ж абодва закаханы ў жанчын па імені Ганна, а, як вядома, лёс Ганны Чарнушкі ў апошніх раманах “Палескай хронікі” аўтар звязвае з Міканорам. У чацвёртай і пятай кнігах пісьменнік планаваў паказаць ваенны і пасляваенны час, і таму натуральна, што Міканор - патэнцыяльна Марцін, а Ганна - Гануля. Відавочна і тое, што ў абодвух тэкстах дачку Ганны Чарнушкі і Марцінавай Ганны зваць аднолькава - Галька. Праўда, напрыканцы накідаў “Палескай хронікі” аўтар ужо піша, што ў Ганны не дачка, а трое сыноў.
Трэба аддаць належнае ўменню пісьменніка захапляцца негалоўнымі персанажамі, выкарыстоўваць дэталь, эпізод для раскрыцця ўнутранага свету другараднага персанажа. Асаблівае захапленне, думаецца, выклікала ў аўтара гераіня згаданай аповесці Малання, як яе называе пісьменнік, строгая, вострая, нават крыху сярдзітая, “фельдфебель у андараку”, а па сутнасці - проста нешчаслівая ў асабістым жыцці жанчына. Стойкасць і строгасць, у першую чаргу, да сябе, уменне гэтай гераіні змагацца са стомаю і абставінамі ўласцівы і Аўдоцці Шабунісе (“Мінскі напрамак”), якая выводзіць дзяцей з блакады, і маці Зыбіна (“Блізкае і няблізкае”). Думаецца, аднак, што не сама строгасць, а духоўная нязломнасць, загартаванасць у цяжкіх жыццёвых абставінах імпануюць аўтару ў духоўным вобліку гэтых жанчын.
У зборніку “Гарачы жнівень” аповесць невыпадкова мела назву “У адной сям'і”. Для І. Мележа праблема сямейнасці, агульнага калгаснага клопату застаецца актуальнай і пры напісані ”Хронікі”. Ён неаднаразова зазначае, што першыя куранёўскія калгаснікі рабілі, дапамагалі адно аднаму, як тыя сямейнікі. І вялікая роля ў гэтай сям'і надавалася бацьку - старшыні. Ідэал бацькі-працаўніка І. Мележ якраз бачыць не ў Міканоры, а ў селяніне-заможніку. “Былі і такія заможнікі, - думае Апейка, - дзе дастатак увесь набываўся тым, што сям'я ўся - з падрослых, працавітых дзяўчат ды хлопцаў, якімі правіць суровы, бязлітасны камандзір-бацька. Бацька-манарх, бацька-катаржнік; камандзір катаржнай каманды” [55, с. 175]. І ў пэўнай ступені жаночыя вобразы закліканы падкрэсліць гэтую сямейнасць, далучанасць да агульнай справы.
Подобные документы
Асаблівасці нацыянальнага характару беларусаў. Творчасць І. Мележа і галоўны стрыжань пісьменніцкага светаўспрымання беларускай духоўнасці. Шматграннасць духоўнага свету беларусаў. Учынкі, дзеянні, літаратурных герояў і іх рысы нацыянальнага характару.
курсовая работа [93,8 K], добавлен 08.12.2011Семантыка-граматычныя і стылістычныя асаблівасці парэмій мовы трылогіі "Палеская хроніка" I. Мележа. Структурна-марфалагічныя асаблівасці, сэнсавая характарыстыка парэмій. Прыказка як моўная адзінка. Картатэка парэмій мовы "Палескай хронікі" Мележа.
дипломная работа [122,9 K], добавлен 27.04.2013Рэгіянальныя асаблівасці прозы І. Мележа (на падставе палескіх раманаў). Ахарактарызаваць творчасць пісьменнікаў з вышыні дасягненняў літаратуразнаўства і крытыкі. Паказаць звычаі і абрады, тыповасць абставін на Палессі. Адзначыць асаблівасці характараў.
курсовая работа [57,0 K], добавлен 20.01.2014Творческий путь белорусского писателя И. Мележа. Социально-психологическое исследование жизни белорусских крестьян в эпоху перехода к коллективному хозяйству в трилогии "Полесская хроника". Особенности изображения человеческих характеров в романе.
реферат [32,5 K], добавлен 06.06.2015Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры ў эпоху Асветніцтва. Лепшыя паэтычныя і драматычныя творы другой паловы XVIII ст. Тэматычна бурлескная паэзія эпохі Асветніцтва. Развіццё школьнай драматургіі.
реферат [36,9 K], добавлен 24.02.2011Агульная характарыстыка вобраза апавядальніка ў творах мастацкай літаратуры. Васіль Быкаў – майстар ваеннай аповесці. Моўны вобраз апавядальніка ў аповесці "Трэцяя ракета", "Знак бяды". Частае выкарыстанне мадальных словаў як ў суб’ектыўнай манеры пісьма.
курсовая работа [41,7 K], добавлен 30.04.2013Жанрава-стылёвыя асаблівасці беларускай прозы ІІ паловы 60-х – сярэдзіны 80-х гг. Характарыстыка літаратурнага працэсу згаданага перыяду. Тэматычная разнастайнасць твораў разглядаемага перыяду. Лепшыя мастацкія дасягненні сучаснай беларускай літаратуры.
реферат [22,2 K], добавлен 01.03.2010Іван Мележ як майстар раману ў беларускай прозе. Тэарэтычны аспект даследвання з’явы сінаніміі, месца і роля у мове мастацкага твора. Тыпы сінонімаў паводле семантычнай і стылістычнай характарыстыкі: семантычныя, стылістычныя, семантыка-стылістычныя.
курсовая работа [59,4 K], добавлен 08.04.2013Агульная характарыстыка літаратуры другой паловы XVI ст. Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Жыццёвы шлях славутага асветніка, чалавека універсальных ведаў і унікальнага філосафа і прапаведніка, таленавітага пісьменніка і перакладчыка Сымона Будны.
реферат [35,1 K], добавлен 22.02.2011Развіццё прозы на сучасным этапе другой паловы 90-х гадоў - да пачатку ХХІ стагоддзя. Здабыткі сучаснай прозы. Жанрава-стылёвыя і ідэйна-мастацкія асаблівасці творчасці Г. Бураўкіна. Грамадзянскасць таленту паэта, трыбуннасць і актыўнасць паэтава слова.
контрольная работа [20,4 K], добавлен 16.03.2010