Асаблівасці мастацкай рэпрэзентацыі жаночых вобразаў у беларускай прозе другой паловы XX ст. (на прыкладзе творчасці І. Мележа, В. Быкава)

Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Жаночы характар у творчасці І. Мележа. Вобраз беларускай жанчыны ў апавяданнях і аповесцях І. Мележа. Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў раманах "Палескай хронікі" І. Мележа.

Рубрика Литература
Вид дипломная работа
Язык белорусский
Дата добавления 16.05.2015
Размер файла 109,9 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Востра пастаўлена праблема пошукаў героем сваёй Радзімы - месца, дзе жыве яго сэрца і застаецца яго каханне, у аповесці “Блізкае і няблізкае”, што адлюстравана ў назве. Галоўны герой творы - тагіляк Зыбін. Аднак эмацыянальны канфлікт твора звязаны з вобразам ягонай жонкі Жэні Крушынскай. Жэня дорыць яму ўвесь нерастрачаны пыл кахання, маючы вельмі кволыя спадзяванні на ўзаемнасць: “От паедзеш ты дамоў, пабачыш там Надзю сваю. А я... а пра мяне і ўспомніць, можа, забудзешся. “С глаз долой, из сердца - вон...” Вы, мужчыны, гэта ўмееце...” - скардзіцца яна Васілю, і атрымлівае нечаканы па шчырасці адказ: “Умеем, вядома... А чаго тут - навука няхітрая” [51, с. 337]. Урэшце Жэня з горыччу ўсведамляе сваё становішча: “Палюбоўніца я, от хто!” [51, с. 337].

Духоўная спустошанасць Зыбіна паступова аддаляе яго ад жонкі, працягваючы ніць недаверу, якая была завязана на самым пачатку ўзаемаадносін герояў. Паранены Васіль спачатку бянтэжыцца ад таго, што ляжыць “бездапаможны, як інвалід... як маленькі” [51, с. 333]. У гэтым ён нагадвае Паўла Агеева з рамана В.Быкава “Кар'ер”. Затым, упэўніўшыся ў адданасці любай дзяўчыны, Васіль Зыбін пачынае рэзка мяняцца і пачуваць сябе сапраўдным гаспадаром.

Паступова ролі герояў твора акрэсліваюцца і трансфармуюцца: Зыбін перарастае ў грамадска значную асобу будаўніка вытворчасці, а Жэня спыняецца на ролі хатняй гаспадыні. У фінале апавядання чытач нечакана адкрывае, што мілая, адданая Жэня з адкрытай, шчырай дзяўчыны-партызанкі, якая рада была цёпламу кутку, раптоўна, нематывавана ператвараецца пад уплывам высокага становішча мужа ў гаспадыню зыбінскіх харомаў, у мяшчанку. Прыметы “мяшчанства” госць Зыбіна бачыць у жоўтай гасцінай з распіснымі сценамі, у разгалістым фікусе, падушачках на канапах, вышыўках.

Думаецца, такая інтэрпрэтацыя характару Жэні выклікана тагачаснымі ўяўленнямі пра сутнасць мяшчанства. Гэта паняцце ўключала не толькі фетышызм у адносінах да грошай і рэчаў, а і жаданне жанчыны зрабіць камфортным свой дом, стварыць у ім утульнасць, індывідуалізаваць стыль кватэры. Спроба аўтара выйсці на сацыяльна праяўленую асобу Жэні-мяшчанкі, фарсіруючы пераход ад прыватна-пачуццёвай сферы, калі яна маладая маці, адданая жонка, да грамадскай, прывяла у фінале да слаба матываванага жаночага характару.

Такім чынам, нягледзячы на пэўныя выдаткі ў выяўленні жаночага характару ў ранніх аповесцях пісьменніка, быў набыты вопыт стварэння дынамічных жаночых вобразаў. І. Мележу ўдалося найбольш ярка выявіць народны тып жанчыны, падаць яго адпаведна нацыянальным уяўленням беларусаў, раскрываючы ў разнастайных індывідуальных праяўленнях.

мележ творчасць літаратура беларускі

1.2.2 Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў раманах “Палескай хронікі” І. Мележа

Ствараючы жаночыя характары трылогіі “Палеская хроніка”, пісьменнік яшчэ бліжэй падыходзіць да разумення важнасці прыватнага (жаночага) свету, аб'яўляючы адзінкавае, асабістае, індывідуальнае такім жа самакаштоўным, як і грамадскае, вялікае, агульнае: “Час потым прасеяў усё, паставіў усё на сваё месца. За грандыёзнымі падзеямі, якія гісторыя ўвекавечыла для нашчадкаў, прыціхла, а часам і прапала з увагі тое, што было немаштабным, абыдзённым, хвалявала аднаго чалавека. Як бы само сабой забылася, што людзям у той час - як і ва ўсе часы - даводзілася штодня жыць абыдзённасцю; што тое дробнае, можа нікчэмнае, на нашу думку, было для іх у аснове сваёй і важным, і вялікім, - бо без яго не было як жыць. Свет у куранёўцаў - гэта праўда - найбольш быў нешырокі, невялікі: гумно, хата, вуліца, але ў гэтым невялікім свеце было сваё вялікае: урэшце, чалавек мерыць усё мерай свайго розуму і свайго сэрца” [55, с. 27].

Мастацкі свет галоўнага твора населены па-сапраўднаму народнымі характарамі. І кожны з іх тоіць у сабе патэнцыяльныя магчымасці далейшага мастацкага развіцця. Нават калі персанаж не вядзе за сабою дзеянне, яго прысутнасць адкрывае прасторы творчай фантазіі, вабіць у зманлівыя лабірынты чалавечай душы. Менавіта такімі, як бы асцярожна прыадчыненымі для нас аўтарам, з'яўляюцца думкі і памкненні паляшучак. У непаўторных вобразах дзяўчат і жанок з самай глыбі страчанага намі цяпер Прыпяцкага Палесся ўвасобіўся плён шматгадовых пошукаў. Гэта - маладыя Хадоська, Ганна; прадстаўніцы старэйшага пакалення - Дзятліха, Дамеціха, Глушачыха, Ганніна мачыха; яркія эпізадычныя персанажы - швачка Годля і гаспадыня Цыля, цётка Сарока, настаўніца Параска і Ганніна маці-нябожчыца.

Паводле значэння жаночых персанажаў у развіцці сюжэта і стварэнні псіхалагічнага мікраклімату, вобразная палітра “Палескай хронікі” шматслойная. Каларытныя жаночыя вобразы адметныя сваёй цеснай далучанасцю да ўсіх перыпетый. У гэтым плане вылучым гераінь, што адносяцца да інтымнай (прыватна-сямейнай) і сацыяльнай лініі трылогіі.

У абсягах інтымнай плыні хронікі даволі выразна вызначаюцца такія постаці, як Ганна Чарнушка, Хадоська-Канапляначка і Пракопава Маня.

Ганна ўвасабляе тую скразную духоўную жаночую плынь, інтымную лінію, якая звязвае ў адзін сюжэтны вузел аддаленыя па месцы і часе падзеі эпапеі. Ганна ў Куранях - дзеянне развіваецца ў вёсцы, Ганна ў Юравічах - пераносіцца ў мястэчка. З'яўленне гераіні заўсёды звязана з раскрыццём яшчэ аднаго характару. Так, каханне з Васілём раскрывае духоўны воблік Васіля, жыццё з Яўхімам - характар Яўхіма. Безадмоўная Сцяпанава прыхільнасць характарызуе Сцяпана, стоенае Апейкава пачуццё - Апейку, які “таксама тайна закаханы”, “любуецца”, думае: “Паспяшаўся нарадзіцца!” [57, с. 447]. Брудныя заляцанні Дубадзела звязаны з выяўленнем характару ўпаўнаважанага, сакратарская ўвага да гераіні выяўляе характар Башлыкова, шлюб з Міканорам - Міканораў.

У другім і трэцім раманах вобраз Ганны і элемент прыватнага жыцця персанажаў страчвае цэнтральныя пазіцыі ў сувязі з разгортваннем сацыяльна значнага дзеяння, гістарычна-грамадскага фону. Цікава, што Ганна Чарнушка, нягледзячы на вядучую пазіцыю гэтага персанажа ў архітэктоніцы твора, амаль не прычыняецца да галоўнай - калгаснай - тэмы, а вядзе за сабой як бы паралельную раманную лінію асабістых перажыванняў герояў, што падаецца не меней важным пры стварэнні агульнай падзейнасці хронікі.

Сярод мележаўскіх жаночых вобразаў Ганна стаіць асобна. Яна не проста ўвасабленне спрыту ў працы і маладосці, прадмет увагі куранёўскіх хлопцаў. Дзяўчына - натура супярэчлівая, з жывым розумам і пачуццямі. Яна - “небяспечная, гарачая, несамавітая”, у яе жылах цячэ бунтарская кроў. Многія з учынкаў Ганны Чарнушкі хутчэй звяртаюць на сябе ўвагу рашучасцю і непакорлівасцю, чым разважлівасцю і паслухмянасцю. Згадаем, колькі крокаў зрабіла дзяўчына насустрач Васілю ў каханні, прычым насуперак куранёўскім звычаям: выклікала яго на прызнанне ля шапаткіх груш, абараняла перад міліцыянерам Шабетам, кінулася да хлопца, калі таго вялі ў Юравіцкую турму, здолела пайсці ад Глушакоў, адмовіць Башлыкову, паставіць на месца Дубадзела і, нарэшце, затуліла сабой Дзятла, калі ў таго стрэліў Яўхім (паводле чарнавых накідаў).

Лінія кахання Ганны і Васіля не перарываецца ва ўсіх трох раманах. Сваёй адкрытасцю і спагадлівасцю Ганна ўзрушвае нязвыклае да дабрыні і шчырай увагі сэрца суседскага хлопца. Іх спатканні на сенажаці і ля гумна, пад грушамі, паўтараюцца з рамана ў раман, вяртаючы на кругі сапраўднага пачуцця. Пры першай сустрэчы яны радзьмухваюць вогнішча - агеньчык-сімвал свайго кахання, які ўрэшце гасне і разгараецца толькі ад вугольчыка, пазычанага ў Яўхіма. Так аўтар сімвалічна прадказвае гісторыю іх узаемаадносін. Наогул, І. Мележ часта згадвае, што каханне - гэта гарэнне, вогнішча, цяпло, вугольчык, агонь, яно грэе, пячэ, томіць, паліць сэрца. Сімвалічна і тое, што патаемныя сустрэчы з камуністам Башлыковым, які не здольны кахаць па-сапраўднаму, адбываюцца ўзімку, калі Ганна мерзне ў начной дарозе.

Пры апісанні спаткання герояў на сенажаці ў другім рамане “Подых навальніцы” празаік выкарыстоўвае псіхалагічны прыём - сугучныя думкі Ганны і Васіля, ужывае сінтаксічны паралелізм: “Калі Глушаковы калёсы выкаціліся з цёмнай, залітай вадою дарогі на зялёнае разлеглае балота, Ганна раптам няцямна павяла вачыма: вунь тое месца, дзе яны начавалі ў тую ноч. Глянула - і адразу адвярнулася, не глядзела больш туды, адно сачыла за дачушкай” [55, с. 12]. “Калі спыніліся наводдаль, блізка ад падрослага куста, у Васіля ўсярэдзіне зацеплілася салодкае, добрае і нібы зайздрослівае: “Там!.. Там було!..” Адразу, нібы зусім нядаўняе, не перажытае яшчэ, ажыў, захваляваў незвычайны настрой той незабыўнай ночы, з якой тады пачалося самае лепшае ў яго жыцці” [55, с. 13].

Ціхае няспраўджанае каханне хлопца, загнанае на самае дно душы, выяўляецца ў аўтарскім каментарыі, калі Васіль спаткаўся з ужо замужняй Ганнай каля памятных груш у “Подыху навальніцы”: “Яна ціха, як бы не верачы сабе, сказала: - Ты... ты не забуў саўсім, Вася?.. - Ён не адказаў. Дзіўныя пытанні часам у гэтых жанчын бываюць. Абы запытацца” [55, с. 240].

Ганна і Васіль разумеюць шчасце па-рознаму. Для Ганны дэвізам з'яўляюцца словы: “Любоў будзе - усё нажывецца! І не на гора - на радасць!” [55, с. 266]. Але гэтую мару дзяўчына разбурае ўласнымі рукамі, шукаючы зманлівага шчасця з Яўхімам, з Башлыковым, з Міканорам... Што развяло Ганну з Васілём? Ці зразумела яна да канца свайго каханага? Страціўшы дачку, кінуўшы Карчоў, Ганна апынаецца з развязанымі рукамі, а ён, хоць згодны расціць Яўхімава з Ганнай дзіця, не можа кінуць сына і сваё дзецішча - зямлю. Зямля для яго - не багацце, а нешта большае: сэнс жыцця, родная маўклівая душа. Васіль не можа выбраць шчасце паміж “або-або”. І зямля - яго душа, і Ганна - яго душа.

Востры і дапытлівы розум Ганны сугучны перадавым і вельмі чалавечным думкам Сцяпана, малодшага з Глушакоў. Яўхімаў брат кахае Ганну непрыкметна, ахвярна, безадказна. Аўтар перадае яму сваё захапленне гераіняй: “Не адзін раз хацелася Сцяпану дакрануцца да яе рукі, пагладзіць супакойліва, сказаць ласкавае, добрае слова!” [55, с. 43]. Ён “шкадаваў, любіў яе”, “якое хараство, радасць якая, надзея таміліся, гарэлі ў ім, чакалі, спадзяваліся, імкнуліся” [55, с. 45], калі сустракаўся вачамі з Ганнаю. Толькі жанчына ніяк не паказана ў дачыненні да яго - падабаецца ёй Сцяпан ці не, злуе на яго, а можа, адчувае ўдзячнасць альбо асцерагаецца нечаканых пачуццяў? Магчыма, яе “адыдзі” было сказана таму, што не магла абнадзеіць хлопца, не магла сказаць праўду.

Бачыць у Чарнушкавай дзяўчыне годнага саперніка, непрыступную вяршыню, якую трэба скарыць, і Яўхім. Плётка пра Ганніну сутычку з ім толькі Чубу на карысць. “Гавораць - дак штось е... Дыму без агню не бувае” [58, с. 233], - сумняваецца ў Ганне нават Васіль. У сваім змаганні з чуткамі, нагаворамі ды, зрэшты, і з самой сабою дзяўчына не адважваецца зрабіць адкрыты выклік звычаю. Яна вырашае пайсці за Яўхіма. Быццам бы не ў яе характары скарацца абставінам, але справа ў тым, што на карту пастаўлена не толькі яе добрае імя, але і спакойная старасць бацькі, дабрабыт і гонар сям'і (мачыха ведала, якія струны закрануць, калі ўгаворвала падчарку на шлюб). Да таго ж паміж Ганнай і Яўхімам яшчэ ў малінах было як бы заключана бязмоўнае пагадненне: дзяўчына выставіла яму ультыматум - “па-добраму кеб” з ёй, а інакш - не бачыць яму “зрэбнай каралевы”. Яўхім з падкрэсленым форсам “выконвае ўмовы дагавора” і на кірмашы, калі дапамагае Чарнушкам прадаць авечак, і ў час вяселля, калі воз з нявестай засеў у гразкай лужыне, і нават сам-насам з Ганнай, але ўсё гэта - да вянчання, а потым нагадвае ёй, што ўжо “забываць трэба, што нічыя була” [58, с. 383] .

Нельга сказаць, што паступацца сваім гонарам было лёгка для Чуба, але ён атрымаў дастойную кампенсацыю - завалодаў аб'ектам свайго нястрымнага кахання. У гэтым каханні ёсць нешта ад пачуццяў чорнаўскага Лявона Бушмара, і лёс мужчын агульны - абодва застаюцца самотнымі, затраўленымі жыццём. У сямейным жыцці Яўхім “як бы помсціў за тое, што не любіла, што ўпарцілася некалі. Помсціў за Васіля, за вольныя гады” [55, с. 233]. Віной жа ўсяму было Яўхімава пачуццё, моцнае, спапяляючае, бязладнае, неадступнае, злітае ў цвёрды сплаў з нянавісцю, якое ўрэшце змушае хлопца на адчайны учынак: ён (у накідах да апошняга рамана), нямецкі паслугач, коштам свайго загубленага здрадай жыцця выпускае Ганну з фашысцкага палону.

Праўду, мабыць, казаў калісьці раз'юшаны і закаханы Яўхім пра ўласную жонку: “Як бы бог знае, дзе расла!” [58, с. 383]. Ягоныя думкі як бы пераходзяць у наступны раман “Завеі, снежань”, толькі там іх выяўляе такі ж самы прагны да ўлады Башлыкоў. Калі той упершыню глядзіць на Чарнушкаву дачку, ён думае, што раней “нічога такога не бачыў! Як яна тут вырасла такая!.. Цуд нейкі, і толькі!” [58, с. 172]. І ўсё ж вонкавая станоўчасць Башлыкова розніць яго з Яўхімам, які не здраджвае свайму каханню. У той жа час партыйны сакратар нават дакарае сябе: “Калі табе ўжо так захацелася жаночай ласкі, хіба мала тут дзяўчат, прыгожых і надзейных. Адданых справе, з ясным жыццём... Колькі дзяўчат - камсамолак - з радасцю пайшлі б насустрач, каб ты зажадаў гэтага” [58, с. 208]. Памылковая падатлівасць на дасведчанасць і ласку штурхае Ганну да Башлыкова, хоць і цепліцца ў ёй разуменне гэтай памылковасці: “Ні на што мне ўсё ето... Да і не пара мы. Што дуб і лаза...” [58, с. 180]. Надзвычай дакладна ацэньвае былога калегу Апейка: “Агню ў цябе няма на жанчын. Марны ты чалавек. Без карысці. Што за чалавек, які не ўмее любіць. Не чалавек. Ва ўсякім разе - не мужчына” [58, с. 447].

Цягай да новага і перадавога спачатку захапляе Ганну Міканор, але яна зноў трапляе ў пастку выхаванай гадамі звычкі быць не самой, а пры кімсьці. Міканор на працы, у турме, на вайне, на курсах, яна - дома, з дзецьмі. Гэта вельмі характарыстычна ў адносінах да Міканора. Калі Ганна побач з Міканорам, то адчувае, што “не любіць яго. Спакойная. Халодны ён. Чагосьці не хапае ў яго. Увесь у справах. Дзеці - адна радасць” [58, с. 432]. Адзінаю ўцехаю для Ганны сталі яе малыя, падобна да Ганкі з быкаўскага апавядання “Велікоднае яйка” ці брылёўскай Галі з аднайменнага твора.

У другім рамане трылогіі мацярынства Ганны прапісана не дэталёва, але яскрава. Ганну доўга трывожыць віна за смерць Верачкі: “Заныла, запякла думка: а можна было б дачушку ўратаваць! Магла б Верачка не ў труне ляжаць, пад важкай зямлёй, а жыць, жыць!.. Калі б не свая віна: што слухалася іх, сядзела - тады, калі трэба было хутчэй бегчы па ратунак! Не ўратавала, дала загубіць маленькую! Загубіла, можна сказаць, сама!..” [55, с. 46].

Падводзячы вынік, трэба адзначыць, што Ганна, хоць і моцная гераіня, але не стваральніца абставін, яна аб'ект мужчынскай гульні і раўнапраўная ў каханні толькі з Васілём. Астатнія вышэй за яе ці па становішчы, ці па заможнасці, ці па адукаванасці. Цяжкі лёс жанчыны, немагчымасць выбрацца на грэбень жыцця абумоўлены лёсам тагачаснай беларускай жанчыны, у якой ёсць прыродныя здольнасці, працавітасць, высокія духоўныя якасці. Але побач з гэтым суседзіць адсутнасць адукацыі, падначаленае становішча, моцная повязь са звычаямі і стандартамі паводзін. Зробім спробу паглядзець на праблему і з другога боку: ці магла б стаць Ганна шчасліваю дзе-небудзь далёка ад бацькі, ад Васіля, ад сваіх Куранёў? Нават тое, што І.Мележ перасяляе яе ў Глінішчы, да Параскі - ужо нацяжка, бо і там яна жыве спатканнямі з мінулым - Васілём, бацькамі, Яўхімам, носіць ягонае дзіця.

Характар Ганны развіваецца па законах жанру, адлюстроўваючы змены рэальнага жыцця. Ганну змяняюць замужжа, смерць дачкі - “пакута назаўсёды пакінула ў ёй знак”. Новыя штрыхі да яе вобліку дадае потым пераезд у Глінішчы і сустрэча з Башлыковым. Дзейсная жыццёвая сіла Ганны аціхае з кожным раманам “Палескай хронікі”, падаючы толькі знак былой “гарачасці”, няўрымслівасці. Яе пачынае вабіць спакой, лес, цішыня і адзінота. Па запале, па здольнасцях той Ганны, у якую закахаўся Васіль, ніяк нельга было прадбачыць, што яна некалі стане маладой удавой пры жывым мужу, з трыма дзецьмі, на парозе вайны.

Дзіўная жанчына Ганна. Па-сапраўднаму кахае яна аднаго Васіля. Астатняе - толькі паслухмянае выкананне аўтарскай волі. Не ў характары Ганны мілавацца з Башлыковым і жыць з нялюбым Міканорам па суседстве з адзінокім Васілём, але аўтар не пакідае яе і са Сцяпанам. Многія “белыя плямы” Ганнінай душы застаюцца неразгаданымі, і аўтар нам ужо іх не адкрые.

Вобраз Пракопавай Мані ў творы - антыпод Ганны і па знешняй прываблівасці, і па працавітасці, і па асобасных якасцях. У той жа ступені, у якой празаік захапляецца Ганнай, ён асуджае Маню. Маня, “тоўстая, санлівая”, спіць, робячы, а ў Ганны ў руках работа гарыць. Васіль гаруе: “Другім, канешне, можна і не паказваць гэтага, а сам жа ад сябе не ўтоіш, не ашукаеш самога сябе: ці ж такую трэба жонку!.. Няўдача, а не жонка!..” [55, с. 262]. Калі ў Ганны пераважаюць вызначаныя маральныя арыенціры, то Маня не лепшым чынам праяўляе сябе ў час наведвання хворай Хадоські ў бальніцы. Не скупіцца яна і на моцнае слова. Канчатковы аўтарскі прысуд гераіні вынесены І.Мележам у накідах да чацвёртага рамана, дзе пісьменнік зазначае, што Маня радуецца прыходу немцаў, якія, можа, вернуць ёй багацце. Тым самым ён паказвае першаснасць для жанчыны матэрыяльных каштоўнасцей, супрацьпастаўляючы яе Ганне, прагнай да пошукаў душэўнага ладу і шчасця.

Вобраз Хадоські - адзін з самых лірычных, цёплых у творы - таксама пададзены ў рамках інтымнай плыні. Яе чыста жаноцкі, пачуццёва-эмацыянальны, шчымліва наіўны і даверлівы погляд на свет, мяккае, лагоднае і прамяністае аблічча асабліва востра кантрастуюць з воблікам Яўхіма, які прадстаўляе ў творы неўтаймоўную мужчынскую сілу, а ў дадзеным выпадку - безадказнасць, якой у народзе заўжды знойдзецца апраўданне: хіба мужчынская гэта справа - за дзеўку думаць? Нарэшце, у Канапляначкі з'яўляецца прага справядлівай адплаты за Яўхімаў учынак, за завейную ноч у Юравіцкай бальніцы, знядоленай жанчыне здаецца, што праз смерць Верачкі на малодшага Глушака сышла божая кара: “Хоць бы на міг паявілася спачуванне ў яе зеленаватых, халодных, як ільдзінкі, вачах... Быў спакой, хоць там сядзела Ганна, хоць побач груганом горбіўся той, хто даў ёй, Хадосьцы, столькі гора, хто, можна сказаць, скалечыў ёй усё жыццё. Хадоська глядзела спакойна, можа ўпершыню за гэтыя гады так спакойна: бог пакараў іх! Заступіўся за яе, пакараў за ўсё!” [55, с. 50]. Для Хадоські ўсё, што людзям уласціва ўспрымаць як шчасце - каханне, нараджэнне дзяцей, - абярнулася непапраўнай бядой. Пісьменнік апасродкавана, праз згадкі куранёўцаў, адлюстроўвае, як змяніла бяда Канапляначку: “Яшчэ заўважылі ў Куранях, што пры такой непрыхільнасці да дарослых Хадоська аж дзіва гарнулася да дзяцей... А яшчэ злыя языкі казалі, што за ўсе гэтыя гады не было такога, каб Хадоська падышла к якой маладзіцы, у каторай было грудное на руках...” [55, с. 66].

Апісваючы яе замілаванасць кветкамі, аўтар мякка падкрэслівае, што дзяўчына перастала верыць людзям, пазбягае шумлівай кампаніі, вячорак, засяродзілася на сваім горы і адзіноце, шукае спакою ў размовах з раслінамі. Нельга не заўважыць і своеасаблівых узаемадачыненняў двух персанажаў, Хадоські і Ганны, пэўнай кантрастнасці іх характараў. На пачатку твора мы захапляемся іх шчырым сяброўствам, але з развіццём дзеяння дзяўчаты становяцца ўсё больш непадобныя адна на адну. Першая па натуры - пяшчотная, пакорлівая, ласкавая, другая - незалежная і ганарлівая, першая - пакутліва плыве па цячэнні, другая ўступае ў змаганне за права распараджацца сваім жыццём у неспрыяльных абставінах. Лёс Канапляначкі нялёгкі, але пісьменнік больш літасцівы да яе, чым да Ганны. У рамане “Подых навальніцы” відаць, як красуня-канапляначка акрыяла пасля свайго цяжкага дзявочага гора, “харошая сабою стала” [55, с. 51].

Яна доўга пакутуе ад таго, што адчувае віну перад Хонем, перад сабой, і пісьменнік у рэшце рэшт дорыць ёй каханне і адданасць хлопца-веселуна, якія лечаць душэўныя раны Канапляначкі. Некаторыя пытанні ў дачыненні да вобраза дзяўчыны застаюцца без адказу: чаму яна так упарта рухаецца па дарозе свайго лёсу? ці не спрадвечная вера ў прадвызначанасць Богам кожнага дня, у нядобрую долю, у адчайную бездапаможнасць перад злымі языкамі пацягнула Хадоську ў глінішчанскую багну? Так, можна абвінавачваць Канапляначку ў сляпым падпарадкаванні наканаванаму, але цячэнне жыцця, па якім яна плыве, выносіць Хадоську, у адрозненне ад упэўненай Ганны, да асабістага шчасця.

Прыватна-сямейная плынь таксама дастаткова выяўлена: і Алена Дзятлікава, і Ганніна маці-нябожчыца, і Глушакова Куліна - надзвычай каларытныя, адметныя постаці.

Вобраз цёткі Алены ўяўляе сабой яркі прыклад жаночага светапогляду і ладу жыцця, якія сфарміраваліся ва ўмовах патрыярхальнай беларускай вёскі. Сэнс яе існавання - служэнне бацьку, потым мужу, затым сыну - а дакладней, сям'і і яе гаспадару, мужчыну. Прынцып жыцця Дзятліхі - саступаць, улагоджваць, супакойваць, мірыць, дагаджаць, спачуваць - г.зн. забяспечваць станоўчы, спрыяльны і стваральны мікраклімат у сям'і і, наогул, вакол сябе.

Асабліва выразна гэта праяўляецца ў азначэннях, якія выкарыстоўвае І. Мележ для абмалёўкі вобраза Алены: сама яна “маўклівая, паслухмяная”, “худая, высушаная надмернай працай і рознымі турботамі” [55, с. 178], “у складцы яе... губ выраз шкадавання і вінаватасці” [58, с. 24]. Найбольш увагі аўтар надае вачам маці. Яе вочы “добрыя і сумныя”, позірк - “спасцярожлівы”, часам і “востры”, то яна пазірае на сына, “нібы на малога”, то “болесна глядзіць услед вачыма, поўнымі жалю і трывогі”. У эпізодзе, калі Алена наведвае сына ў турме, аўтарскае пачуццё да гераіні прарываецца ў цэлым феерверку псіхалагічных эпітэтаў: “Маці, якая сядзела ўскрай услончыка, не зводзячы добрых вачэй з яго (Васіля), хапаючыся, узнялася, стала ў замяшанні. Так і стаяла, маўклівая, і толькі вочы, насцярожаныя, чулыя, павільгатнелыя, поўныя вялікага шкадавання, казалі, што робіцца ў яе душы” [58, с. 105].

Нягледзячы на нібыта прыніжанае становішча, у якім знаходзіцца цётка Алена сярод сямейнікаў, пісьменнік паказвае яе з ціхім замілаваннем, нават узвышана, апяваючы спагадлівасць і ахвярнасць Васілёвай маці. Гэта асабліва відаць, калі яна дзеліць з сынам душэўныя пакуты ў час яго зняволення ў турме, бароніць яго ад раз'юшанага Яўхіма ў памятнай бойцы за зямлю ля цагельні. І. Мележ часта падкрэслівае, што нямарныя былі яе ахвяры і клопаты, паказвае, як мацярынскае шчасце перарастае ў гордасць за свайго ўзмужнелага, дарослага, працавітага, ёю выхаванага Васіля. Калі сын косіць, яна “пазірае яму ўслед, ласкавая і гордая, і ад гэтага ў руках і нагах сілы быццам большае” [58, с. 24].

Вобраз Алены Дзятлікавай для І. Мележа - увасабленне ахвярнага пачуцця мацярынства, непрыкметнага, ціхага і ўсеабдымнага. Тут на першы план “выступае культурна-хрысціянскі ідэал маці і мацярынства”, - слушна заўважае І. Воюш [30, с. 204].

Вобраз жа Ганнінай маці-нябожчыцы мае ў творы, на наш погляд, іншую, але не менш значную сэнсавую нагрузку. Празаік згадвае яе, калі апісвае найважнейшыя моманты Ганнінага жыцця. Упершыню ўспамін пра маці-нябожчыцу ўзнікае ў лірычным аўтарскім маналогу, калі Ганна пасталела і выбіваецца на дзяўчо, там, дзе яна параўноўваецца з рабінай: “Часам успаміналі Ганніну маці-нябожчыцу, казалі, што дочка ва ўсім выйшла ў матку. З аблічча - дык як вылітая...” [58, с. 34]. Гэты напамін звязаны з момантам росквіту дзявочай прыгажосці, з самым шчаслівым часам у жыцці Ганны. Прыгадаем, што ў другім рамане аўтар ужо стане параўноўваць яе душу, як гэта было калісьці ў Ядвігіна Ш., з бярозай: “Бяроза ўжо дажывала век. Вецце яе было ўжо найбольш пасохлае, там і тут вятры абламалі галіны, ствол чарнеў старэчай карою... Ад гэтай бярозы Ганне стала яшчэ страшней. “Ето ж - я сама!” - пранізала яе думка” [55, с. 234].

Яшчэ раз згадка пра памерлую маці, якая, відаць, не дапусціла б такога здзеку з дачкі, прымеркавана да драматычнай падзеі ў жыцці Ганны - вяселля. У гэтым кантэксце значным выглядае маналог Чарнушкі, які збег ад “етай гадзюкі” Куліны і ад гасцей, каб не бачыць Ганніных пакут, расплакаўся: “Ты помніш, дочачко, маці-нябожчыцу?.. Не даждалася, не паплача...” [58, с. 374]. Роспач ад бездапаможнасці ў такіх складаных жыццёвых варунках, калі так неабходна падтрымка, а яе няма, перадаецца і Ганне. Але дзяўчына прывыкла прымаць удары лёсу і не дазваляе сабе самашкадавання. Светлы вобраз роднай маці, відаць па ўсім, захоўваецца ў адным з тых нямногіх куточкаў Ганнінай памяці, дзе яна можа адпачыць душой.

Калі ж стары бацька непакоіцца за лёс дачкі ў час калектывізацыі, ён, успамінаючы яе нядобрае замужжа, зноў згадвае пра нябожчыцу-жонку: “Не ўтрымаў перад бядою дзіця, пусціў Ганулю на пакуту!.. Пахадзіла, пабачыла “добрага”, забыла “нішчымніцу”!.. Даў шчасця дачцэ сваёй! Устала б, пабачыла б нябожчыца-матка! А цяпер - з Карчамі разам - і яна кулачка, лішэнка!..” [58, с. 89].

Семантычна вобраз Ганнінай маці вельмі набліжаны да вобраза Алены Дзятлікавай, але ён заключае ў сабе яшчэ большую ступень абагульнення ў выяўленні духоўнай сутнасці мацярынства.

Вобраз жанчыны традыцыйна ўспрымаецца як увасабленне аб'екта кахання, альбо як прыклад самаадданага мацярынства, альбо як узор вернасці народным ідэалам дабра і справядлівасці. Фальклорны вобраз жанчыны прадугледжвае яшчэ адну - цёмную - іпастась: вядзьмаркі, русалкі, мачыхі. Апазіцыя “маці - мачыха” выразна праяўляецца не толькі ў народнай творчасці, але і ў мастацкіх творах: у адных як пацверджанне, у другіх - як абвяржэнне вуснапаэтычнай традыцыі. І.Мележ не ідзе насуперак народнаму ўяўленню пра няродную маці і паказвае другую Чарнушкаву жонку Куліну няшчырай, крывадушнай, з прыхаванай думкай пра свой уласны інтарэс.

У Чарнушкавай сям'і, як кажуць, “спявае курыца”, і падобна на тое, што Ганнін бацька махнуў рукою на такое становішча. Магчыма, ён стаміўся ад дробных сварак, вечнай незадаволенасці жонкі. Ганна таксама не ўступае ў спрэчкі з мачыхай - гэта бессэнсоўна, бо бацька з дачкою жывуць у іншым вымярэнні, дзе сквапнасць да грошай, імкненне схітрыць не знаходзяць месца.

У час сватання Яўхіма мачыха фактычна прадае Ганну, патрабуючы ад яе вялікай ахвяры быццам бы дзеля сям'і: “Пра нас, пра бацьку падумала б!.. Як яму дажываць век у нішчымніцы?.. І пра браціка, пра Хведзьку не грэх падумаць!” [58, с. 243]. Хаця гэта і натуральна - хвалявацца за свайго сына, але ж не за чужы кошт. Мачышына ліслівасць да “залатога зяцька”, яе імкненне паддобрыцца да Карча выклікае ў Ганны гідлівасць і сорам.

Падобна таму, як Васілёва жонка Маня супрацьстаіць у творы яго каханай Ганне, так і Ганніна маці-нябожчыца выступае антыподам мачыхі - Чарнушкавай Куліны. Нешта нядобрае адчувае нават Башлыкоў, калі ўпершыню яе бачыць: “Колькі зацятасці і непрыязнасці ў твары маці! Як бы загадзя папярэджвае: нічога добрага не чакайце!” [56, с. 135].

Агульныя рысы назіраюцца таксама ў лёсах Васілёвай Мані і Глушаковай Куліны. У раманах “Палескай хронікі” шляхі Глушачыхі і Мані не перасякаюцца, але іх падабенства заўважаецца адразу. Па-першае, у Васіля Дзятла і старога Карча супадаюць погляды на стварэнне сям'і: гаспадарчы разлік пераважае над сардэчнымі парываннямі. Глушак узяў за сябе няўдаліцу Куліну з-за бацькаўшчыны - палоскі зямлі, прадаўшы якую, ён прыдбаў лапік ля цагельні. Васіль таксама выбраў сабе ў жонкі дачку багатыра Пракопа не ад вялікага кахання - яго прывабліваў багаты пасаг. Зрэшты, гэта вынік псіхалогіі неабходнасці, якая панавала ў небагатых і нават у заможных сем'ях і давала магчымасць выжыць і пракарміцца. Цікава, што яўна негатыўна маркіраваны Яўхім не спакушаецца такім утылітарна-разліковым падыходам - і бярэ сабе жонку паводле сардэчнай прывязанасці.

Выпісаная пісьменнікам яркімі штрыхамі, Глушачыха моцная сваёй фанатычнай прывязанасцю да сям'і; жанчына без памяці любіць сыноў. Асабліва пераканаўча І. Мележ паказвае гэта ў эпізодзе арышту Яўхіма: “Больш Міканору не ўдалося стрэліць. Раз'ятраная Глушачыха, затульваючы сына, раскінуўшы рукі, рушыла на яго” [56, с. 311]. Паказальны і такі момант: калі малодшы сын Сцяпан угаворвае маці ўступіць у камуну, жанчына бачыць у гэтым здраду мужу, сям'і і годна адказвае: “Разам звекавалі. Разам дажываць будзем” [56, с. 318]. Яе вобраз з'яўляецца выразнікам спрадвечных культурных канонаў патрыярхальнай вёскі, яе маральна-этычных норм.

Сацыяльную плынь у трылогіі прадстаўляюць пераважна другарадныя, а часам і эпізадычныя вобразы: Адар'я Дамеціха, удава Сарока, настаўніца Параска, швачка Годля, гаспадыня Цыля.

Да прыкладу, Адар'ю Дамеціху напаткаў цяжкі лёс: пяцярых дзяцей яна перавезла на могілкі. Бедавала ў халоднай хаце з гнілымі падвалінамі, расцягваючы чорную муку да першай травы. Жыццё навучыла яе трываць, цярпець, чакаць горшага і радавацца, калі яно не наступіць. Дапамогі асабліва чакаць не было адкуль - і яна, як і ўсе ў Куранях, чакала яе з неба. Вера ў Бога дапамагала людзям выжыць, у горы - акрыяць душой, не паддацца адчаю, з ёю ў цёмныя хаты палешукоў штогод завітвала надзея на “новае лета, на добрае жыта”. Бог, мабыць, адзін, хто заставаўся з імі на балоце, калі яно адразала вёску ад свету. Багоў не мяняюць хутка, тым больш жанчыны - найбольш кансерватыўная палова чалавецтва, якая заклікана захоўваць і перадаваць наступным пакаленням нацыянальную памяць, а значыць, і рэлігію.

Малады Міканор яшчэ не мае такога вопыту ў перакананні людзей, як, скажам, Апейка, і намагаецца пераадолець бар'ер з наскоку. І ён пачынае перастаўляць жыццё на новыя рэйкі са сваёй хаты. Мудры аўтар не палемізуе з Дамецікам у адкрытую, але ён выбірае і апісвае такія моманты куранёўскага жыцця, якія б адлюстроўвалі не столькі цемнату і фанатычную веру палешукоў, колькі народную мараль, увасобленую ў па-свойму зразуметых імі законах Божых, традыцыйную абраднасць, нацыянальны лад жыцця. Таму, думаецца, І.Мележ усё ж аддае перавагу пазіцыі старой Дамеціхі. Невыпадкова менавіта яна часта ўключаецца ў абмеркаванне самых надзённых, палітычных, “нежаночых” пытанняў.

Дамеціха і Апейка - натуры падобныя. Вуснамі Дамеціхі гаворыць аўтар, калі Апейкі няма. У яе словах, як у клятве Гіпакрата, лейтматывам гучыць - не нашкодзіць. “Жаночы падыход” Адар'і да стварэння калгаса і да раскулачвання, да брата Глушака і да любога суседа - “па-добраму кеб”, “па-людску” - характэрны і для Апейкі. Нездарма Харчаў кажа яму: “Мяккацелы ты, Іван. Бабскае ў табе нешта” [56, с. 321]. Гэта “бабскае”, якое можна называць “жаночым падыходам”, “жаночай логікай” (лепш “недапакараць”, чым перагнуць, любы чалавек мае права жыць, у кожнага павінен быць шанц і г.д.), на наш погляд, і з'яўляецца сапраўднай праявай гуманізму, чалавекалюбства.

У спрэчцы з маці фактычна выкрываецца і Міканорава просталінейнасць, і яго ачмуранасць новымі жорсткімі павевамі. Яна, маці, намагаецца вярнуць яго да адчування рэальнасці: “Міканорко, што ето ты кажаш: галоў шкадаваць не будзем! Ето так можно з людзьмі!” [56, с. 283]. Сынаў адказ выкрывае сутнасць таго “псіхозу”, як яго называе Апейка, пад уплывам якога знаходзіцца Міканор: “Мамо, людзей цяпер няма: е - трудавыя, і е кулакі. Такая наша паліціка” [56, с. 283].

Вобраз Дамеціхі ў раманах “Палескай хронікі” - не столькі ўвасабленне сляпой, інстынктыўнай мацярынскай любові, як, скажам, у Глушачыхі, а хутчэй праваднік гуманістычнага, хрысціянскага светапогляду аўтара. Таму і статус мележаўскай гераіні ў творы не прыватна-лакальны, як, напрыклад, маці Васіля, а канцэптуальны, філасофскі.

Удава Сарока, як і Дамеціха, прадстаўляе свой сацыяльны пласт і найчасцей прыгадваецца падчас калектыўнай будоўлі грэблі і выбараў старшыні ў сувязі з разважаннямі вяскоўцаў пра стварэнне калгаса, пра спосабы і мэты ўваходжання ў новае жыццё. Характэрна, што гуманістычныя ідэалы для яе такія ж першаступенныя, як і для Дамеціхі. Нягледзячы на свае даволі прагрэсіўныя погляды, яна не бачыць сацыяльныя змены падставаю для знішчэння чалавека і прымае да сябе ў хату раскулачаных Глушакоў (накіды да рам. “Завеі, снежань”). І. Мележ згадвае, што яе сыну, як і Міканору, незразумелая яўна палітычна “недальнабачная” пазіцыя жанчыны.

Да сацыяльна значымых таксама можна аднесці вобразы яўрэйскіх жанчын. В. Ляшук, цытуючы ўспаміны І. Мележа ў кнізе “Іван Мележ у школе”, паказвае, што вобраз швачкі Годлі, як і Зайчыка, і Нохіма, у рамане рэальны [47, с. 25], нават імёны не зменены. Вобраз жанчыны настолькі натуральна ўпісаўся ў мастацкую тканіну твора, што не ўзнікае ніякіх сумненняў у мэтазгоднасці яго ўключэння ў сюжэтную канву. Менавіта дзякуючы такім персанажам, як Годля, пісьменнік разважае над лёсам збяднелага беларускага яўрэйства.

Швачка, якая жыве з выпадковага заказу, часта не знаходзіць прымянення свайму, відаць, не абы-якому ўмельству, але бярэцца за любую работу. Злая доля пазбавіла яе сям'ю кармільца, узняла з наседжанага месца і занесла ў палескае балота разам з малымі і старэйшымі дзецьмі, якіх трэба пракарміць, выгадаваць, вывесці ў людзі. Толькі пазней, у рамане “Завеі, снежань”, мы бачым Годлінага чалавека, які вярнуўся здалёку, - ціхага, “далікатнага” Элю.

Асаблівую ўвагу звяртае аўтар на праніклівасць яўрэйскіх жанчын, якія маюць рэдкую ўласцівасць бачыць людзей навылёт. Для Карча Годля - “яхідная”, вострая, праніклівая, цікаўная, “хітрая жыдоўка”, якая “кальнула” яго пільным позіркам, “нацэліла”, “стрэльнула” вокам. Хоць і была яна “слепавокая”, а як “зіркне - бы ў нутро, паганка, улазіць!..” [55, с. 103]. У апошнім рамане трылогіі мы сустрэнем яўрэйку Цылю - гаспадыню кватэры, дзе жыве Башлыкоў. І зноў жа падзівімся з яе праніклівасці. “Зіркастая” Цыля адразу бачыла, калі ў Башлыкова здаралася нешта непрыемнае.

Звернем увагу і на вобраз студэнткі Параскі, з якою мы сустракаемся ў першым рамане “Палескай хронікі”. У будучай настаўніцы ёсць выразная грамадзянская пазіцыя - яна цвёрда для сябе вырашыла прыехаць на працу ў глухую вёску. Яна, як і коласаўскі Андрэй Лабановіч, не грэбуе неадукаванымі палешукамі, а імкнецца несці ім праменьчык асветы. Параска ў творы, як Апейка і Міканор, - прадстаўніца новага, будучага жыцця, таму невыпадкова па працягу трылогіі мы яшчэ ўбачым, што менавіта да яе звернецца Ганна па дапамогу, калі назаўсёды пакіне Глушакову хату.

Настаўніца ў творы І. Мележа надзелена прывабнымі чалавечымі рысамі, але яе вобраз рафіна вана сацыяльны, народжаны савецкім часам, спрошчаны і ў нечым нагадвае Веру Засуліч з рамана Міхася Зарэцкага “Вязьмо” - вясёлая, жвавая, аптымістычная мясцовая актывістка, закаханая ў свайго начальніка, ставіць па вечарах агітп'есы, выступае на сходах. Напачатку яе характар мае выдатныя перспектывы для развіцця, але ў наступных раманах выяўляецца пераважна знешне і нематывавана.

Такім чынам, выяўляючы нацыянальны тып беларускай жанчыны ў раманах “Палескай хронікі”, І. Мележ найперш абмалёўвае яе ў традыцыйных праявах, а менавіта ў прыватна-сямейных адносінах. Каханая дзяўчына (Ганна, Хадоська) і маці (Васілёва, Хонева, Ганніна маці) разглядаюцца аўтарам як выразніцы лепшых рысаў характару беларускі. Вобразы ж мачыхі (Чарнушкавай Куліны), дрэннай жонкі (Мані), злой свекрыві (Глушачыхі), адпаведна фальклорнай традыцыі, стылістычна зніжаны. Па-другое, празаік імкнецца ўвесці ў абыход таксама вобраз сацыяльна актыўнай жанчыны - настаўніцы, удавы, проста неабыякавай да несправядлівасці сялянкі.

Пісьменніку ўдалося выявіць народны тып жанчыны, падаць яго адпаведна уяўленням беларусаў, раскрываючы ў разнастайных індывідуальных праяўленнях. Фемінныя вобразы, створаныя І. Мележам, пазбаўлены схематызму і просталінейнасці, аднатыпнасці альбо шаблоннасці, але яны прывабныя ў сваёй тыповасці, у глыбокай роднасці з рэальным характарам беларускай жанчыны.

Паставіўшы жанчыну ў кантэкст грамадска-гістарычных змен, выявіўшы яе гуманістычны падыход да чалавека ў рэчышчы любых сацыяльных калізій, пісьменнік змог паказаць такія яе істотныя рысы, як справядлівасць, дабрачыннасць, хрысціянскае чалавекалюбства і ахвярнасць.

Чарнобыльская катастрофа адабрала ў беларускага народа Прыпяцкае Палессе, і яго жанчыны - носьбіткі унікальных мясцовых традыцый - аказаліся расселенымі па ўсёй краіне. Таму проза пісьменніка-палешука І. Мележа дагэтуль застаецца адной з найгалоўнейшых літаратурных крыніц, дзе ў вышэйшай ступені таленавіта занатавана ментальнасць палескага рэгіёна, выяўленая ў вобразах беларускіх жанчын.

1.3 Маральны выбар: жанчына-гераіня і жанчына-ахвяра ў прозе В. Быкава

1.3.1 Вобраз жанчыны-гераіні ў прозе В. Быкава як носьбіткі лепшых нацыянальных духоўных якасцяў

Мастацкая проза Васіля Уладзіміравіча Быкава заканамерна ўзрасла на тым падмурку, які быў закладзены класікамі беларускай літаратуры - М. Гарэцкім, Якубам Коласам, Кузьмой Чорным і інш. Крок да вялікай літаратуры пра вайну пісьменнік рабіў поруч з выдатнымі рускімі пісьменнікамі - аўтарамі “прозы суровых лейтэнантаў” - Р. Бакланавым, Ю. Бондаравым. Рэалістычнае мастацкае мысленне В. Быкава, моцны сацыяльны імператыў, скандэнсаваны ў тэкстах, яго ўнутраная повязь з нацыянальным менталітэтам, а ў выніку - высокі ўзровень мастацкага абагульнення - усё гэта дае падставы разглядаць творы празаіка ў кантэксце нацыянальнай сацыяльна-філасофскай прозы.

Арыгінальныя праблемныя аповесці аўтара перакладзены больш чым на 50 моў свету і шырока даследаваліся ў літаратуразнаўстве. Усебаковаму аналізу быкаўскай прозы прысвечаны манаграфіі Дз. Бугаёва “Васіль Быкаў: Нарыс жыцця і творчасці” (1987), І. Афанасьева “Хто ўзыходзіць на Галгофу?” (на руск. мове, 1993), грунтоўныя даследаванні А. Адамовіча, С. Андраюка, П. Дзюбайлы, В. Жураўлёва, В. Каваленкі, М. Тычыны і інш. Рускія даследчыкі І. Дзядкоў і Л. Лазараў у нарысах творчасці В.Быкава паставілі прозу аўтара ў кантэкст савецкай літаратуры пра вайну. А. Макмілін, вядомы англійскі даследчык беларускай літаратуры, стваральнік англамоўнай “Гісторыі беларускай літаратуры”, прысвяціў быкаўскім ваенным аповесцям крытычныя артыкулы “Васіль Быкаў і беларуская савецкая аповесць” (1976, на англ. мове), “Вайна і мір у прозе Васіля Быкава” (1983, на англ. мове). Балгарскія, кітайскія, нямецкія, польскія, украінскія, французскія, чэшскія і эстонскія крытыкі звярталіся да асэнсавання быкаўскай прозы.

Творы пісьменнікаў узроўню В.Быкава маюць велізарнае значэнне для развіцця нацыянальнай культуры. І гэта звязана найперш з тымі каштоўнасцямі, якія яны ў гэтую культуру нясуць. Каштоўнасці, якія абараняе аўтар, сапраўды можна назваць агульначалавечымі, гендэрна не заангажаванымі. Яны ўяўляюць сабой тое адрознае і агульнае, чым мужчынскі і жаночы свет узаемадапаўняюць адзін аднаго, а ў экстрэмальных абставінах і ўзаемазамяняюць.

Нацыянальны свет сканцэнтраваны не столькі вакол быкаўскіх герояў, колькі ў іх душах. Характэрна, што нефальшывыя, хрысціянскія прынцыпы існавання ў прозе пісьменніка фармулююць персанажы-жанчыны. У большасці твораў В. Быкава не яны выступаюць галоўнымі гераінямі, але найчасцей менавіта іх вуснамі гаворыць быкаўская праўда жыцця.

Быкаўская рэпрэзентацыя феміннага вобраза прадугледжвае наступнае. Вядучую ролю ў яго стварэнні адыгрывае не апісальны кампанент, не канкрэтныя ацэначныя меркаванні апавядальніка і нават не партрэтная характарыстыка. Ядро вобраза канцэнтруецца вакол учынкаў і абставін, звязваецца з праяўленнем асабістых якасцяў гераіні, раскрываецца ў яе дзеяннях і ўзаемадачыненнях з іншымі вобразамі. Як вынік судакранання з жаночымі персанажамі, на іх фоне звычайна раскрываецца і развіваецца характар галоўнага героя - мужчыны. Іншымі словамі, жанчына і стаўленне да яе - своеасаблівы крытэрый ацэнкі аўтарам духоўнай сутнасці яго героя. Тыя ж творы, дзе жанчыны выступаюць у ролі галоўных гераінь, - апавяданне “Сваякі” (1966), аповесць “Знак бяды” і апавяданне “Велікоднае яйка” - можна ўмоўна назваць дыягнастычнымі ў плане ацэнкі аўтарам стану здароўя нашага грамадства на пэўным этапе.

У вобразе кожнай з гераінь па-асабліваму раскрываецца сутнасць жанчыны і жаночага змагання. Зробім спробу ў праблемна-тэматычным накірунку прасачыць, як і калі адбываецца маральны выбар быкаўскай гераіні.

Праблемы агульначалавечага зла і расплаты за яго хвалююць пісьменніка на працягу ўсёй яго творчасці. Але ён асабліва засяроджвае ўвагу на тым факце, што стваральнік зла і той, хто расплачваецца за яго, - у абагульненым сэнсе не адна і тая ж асоба. Ён бачыць мужчынскае сумленне адказным за ваенныя страты (“Трэцяя ракета”, 1961; “Кар'ер”, 1985; “Пакахай мяне, салдацік”, 1995; “Балота”, 2001), за знявечаныя людскія лёсы (“Зенітчыца”, 1995; “Вочная стаўка”, 1999; “Дваццаць марак”, 2000), за агалцелую прымусовую калектывізацыю, рэпрэсіі і гвалтоўнае высяленне вяскоўцаў (“Знак бяды”; “Аблава”, 1989; “Сцюжа”, 1969, 1991; “Велікоднае яйка”). Разам з тым пісьменнік сцвярджае наступную думку: жанчына з яе спрадвечнымі, гістарычна наканаванымі гуманістычнымі ідэаламі не зможа, не здолее перажыць такое зло. Аўтар неаднойчы паўтарае словы, якія маглі б стаць эпіграфам да яго творчасці. “За ўсё трэба плаціць - за добрае і за кепскае, якія так моцна звязаны ў гэтым жыцці. Але ўся справа ў тым: хто плоціць? - усклікае ён у фінале рамана “Кар'ер”. - Плоціць, канешне ж, той, хто менш за ўсіх вінаваты, хто не разлічвае на выгаду, хто ад нараджэння больш схільны даваць, у адрозненне ад тых, хто навучыўся прыстойна браць ды патрабаваць з іншых. У свой час ён заплаціў ЁЮ і быў бязлітасна пакараны. Таму што яна была паслана яму для шчасця, а не для збавення” [24, с. 276].

Да падобнай высновы прыходзіць аўтар і ў апавяданні “На чорных лядах” (1994): “Як заўжды на вайне, галоўная плата - кроў, і плоціць той, хто найменш вінаваты” [25, с. 273]. Той, “хто найменш вінаваты”, паводле В. Быкава, - гэта дзяўчына, жанчына-маці альбо безабароннае дзіця.

У адплату за вынікі “прамужчынскага” развіцця цывілізацыі і грамадства на алтар калектывізацыі, вайны, Чарнобыля (“Ваўчыная яма”, 1999) паклалі свой лёс гераіні В. Быкава. Умоўна іх можна падзяліць на дзве групы.

Першая - змагаркі, гераіні, якія робяць свядомы выбар: не збаяцца памерці, пазбыцца існавання, калі яно бачыцца ім бессэнсоўным. Гэта такі тып жанчын, як, напрыклад, санінструктары Люся-Сінявочка (“Трэцяя ракета”) і Каця (“Мёртвым не баліць”), Сцепаніда Багацька (“Знак бяды”), пападдзя Бараноўская, фельчарка Яўсееўна (“Кар'ер”), Дуся Валяр'янава (“Жоўты пясочак”, 1992), Ганка (“Велікоднае яйка”).

Другая - ахвяры абставін, якія не ўсведамляюць прычын свайго няшчасця ці гібелі, адказнасць за пакуты якіх назаўжды застанецца на мужчынскім сумленні. Гэта Джулія Навэллі (“Альпійская балада”, 1963), маці (“Сваякі”), Зося Нарэйка (“Пайсці і не вярнуцца”), Марыя (“Кар'ер”), жонка і дачка Хведара Роўбы (“Аблава”), “остаўка” Франя (“Пакахай мяне, салдацік”), салдатка Аўгіння (“Дваццаць марак”). У вышэйадзначаных творах, дзе вобраз жанчыны застаецца ў ценю, на другім плане, яна з'яўляецца ахвярай абставін. Там жа, дзе ён - галоўны, яна пераважна выступае барацьбіткай.

Асобна стаяць нешматлікія вобразы жанчын, якія здрадзілі свайму сумленню. Гэта Паліна Пташкіна (“Сцюжа”), Ніна Башмакова (“Зенітчыца”), Ніна (“Вочная стаўка”), Анечка (“Балота”). Такія персанажы ўведзены ў тканіну твораў з мэтаю падкрэсліць, да якой ступені таталітарная сістэма можа знявечыць чалавечую душу.

В. Быкаў паказвае жанчыну-гераіню, змагарку, не стэрэатыпна, не традыцыйна (як жанчыну-маці, каханую або падпольшчыцу) - гэта значыць, у выяўленні яе сацыяльна-родавых функцый. Ён адлюстроўвае жанчыну як “значымую “першачарговую” асобу, ад якой у вялікай ступені залежыць тое галоўнае, без чаго жыццё немагчыма”, - заўважае І Воюш [31, с. 10]. Так, калі ў знішчальна скажоных страхам і невядомасцю ваенных умовах не здолее ацалець яе вера ў праўду, яе душа, то будуць разбураны маральныя чалавечыя зносіны. Падчас акупацыі, калі жыхары Беларусі былі аддадзены пад уладу чужынцам і на ганьбу “сваякам” з паліцыі, цэнтр цяжару грамадскіх адносін перамясціўся ў духоўную сферу - у традыцыйны жаночы свет. Невыпадкова менавіта жаночы вобраз вядзе за сабою дзеянне ў апавяданнях “Сваякі” і “Велікоднае яйка”, аповесці “Знак бяды”.

Выяўляючы жаночыя вобразы, В. Быкаў імкнуўся дасягнуць як мага большай ступені абагульнення, не стамляючыся падкрэсліваць значнасць мацярынства і звязаных з ім праяў “жаночай логікі”. Так, у апавяданні “Сваякі” пісьменнік не дае імені галоўнай гераіні - маці. Мацярынства тут выступае як спецыфічна жаночая катэгорыя, якой уласцівы ўсе праявы “жаночай логікі”, “жаночага выбару” - вера ў тое, што заўсёды ёсць магчымасць паразумецца чалавеку з чалавекам, што калі не парушаць парадку, то не будзе пакарання, што дзеці не павіннны адказваць за свае ўчынкі ў такой меры, як дарослыя.

Вобраз маці з апавядання “Сваякі” пераклікаецца з вобразам настаўніцы-салдаткі Аўгінні з твора “Дваццаць марак” (2000). Гэтая гераіня, кіруючыся менавіта “жаночай логікай”, мацярынскім пачуццём, а не ідэалагічнымі канонамі, палічыла магчымым па-чалавечы дамовіцца з нямецкім камендантам, каб ён даў ёй каня “заараць гародчык”: трэба было ратаваць ад голаду малога сына. Хіба магла яна даўмецца, што гэта будзе расцэнена “сваімі” як “супрацоўніцтва з нямецка-фашысцкімі акупантамі” [19, с. 23]. Потым за ўяўнае “супрацоўніцтва” яе з дзіцем партызаны забяруць у лес “разбірацца”, а тады вернуць на расправу фашыстам назад у вёску, і яна ў рэшце рэшт загіне.

Партызан Тумаш, які шмат чаго зведаў на вяку, разважаючы, тлумачыць яе ўчынак менавіта тым, што яна дзейнічае з пункту гледжання жаночай логікі, не як мужчына: “Ну што было Аўгінні рабіць? Можа, і не трэба было ісці да таго каменданта, яшчэ як-небудзь ратавацца ад голаду. Але ж у яе быў свой, жаночы розум” [19, с. 27].

У апавяданні “Сваякі” непадкупны і палітычна непадкаваны “жаночы розум” прыводзіць маці ў пошуках ратунку, таксама, як і настаўніцу Аўгінню, да парога камендатуры, а потым, пасля забойства яе сыноў паліцаямі, да душэўнага разладу. Ідучы па дапамогу да сваяка-паліцая, каб той адгаварыў яе хлопцаў ад рызыкоўных уцёкаў у партызаны, яна не магла прадугледзець расправы над дзецьмі. (Духоўны надлом натуральны ўсюды, дзе месца справядлівасці занята абсурднай, банальнай жорсткасцю.) “Яна дабрыла да калодзежа, упала жыватом на край яго прысадзістага аслізлага зруба і, убачыўшы ў ягонай глыбі далёкі пробліск святла, нібы за няздзейсненай справядлівасцю таропка рынулася ў змрочную зыбкую пройму” [15, с. 184]. Такім чынам, гэтая жанчына знайшла ў смерці збавенне ад незразумелага ёй агрэсіўнага свету і ад бездапаможнасці, таксама як і гераіня ўжо згаданага апавядання “Дваццаць марак”, напісанага аўтарам праз трыццаць з лішнім год.

Звернем увагу, што “жаночы розум” выступае як сапраўдны, натуральны, адпаведны каштоўнасным арыенцірам самога аўтара. Пацверджаннем гэтаму выказванню могуць служыць словы салдата Лук'янава, героя аповесці “Трэцяя ракета”: “Наогул, шмат нашых уяўных бед ад таго, што мы не верым жанчыне. Мала паважаем яе. А ў ёй жа святасць мацярынства і мудрасць вякоў. Яна антаганіст злачынства” [20, с. 149]. У яго вусны В.Быкаў уклаў сваю думку пра ролю і значэнне жаночага ўспрыняцця свету для ўсяго чалавецтва.

Менавіта гэтая думка тлумачыць заканамернасць з'яўлення ў творы жаночага персанажа Люсі, якая ўсімі ўчынкамі дзейнічае насуперак ваеннай логіцы і адпаведна жаночай. Яна прыбягае да пакінутых адзін на адзін з ворагам артылерыстаў, шкадуе і мірыць іх, спачувае людзям, кінутым у самае жэрала бітвы, хоць у пару пашкадаваць яе саму.

Найбольш ярка жаночыя вобразы раскрыты пісьменнікам у аповесцях, дзе жанчына з'яўляецца адной з галоўных дзеючых асоб. Так, вобраз Сцепаніды Багацькі, галоўнай гераіні аповесці “Знак бяды”, пашырае абсягі існуючых ўяўленняў пра беларускую жанчыну як абяздоленую, але цярплівую, трывушчую, бязмоўную вясковую кабету. Ён дэманструе, што ў сэрцы сялянкі побач са спагадай, ахвярнасцю, дабрынёй, гаспадарлівасцю і клапатлівасцю могуць ужывацца рашучасць, гнеў, актыўная прага справядлівасці, абвостранае пачуццё ўласнай годнасці: Сцепаніда топіць варожую вінтоўку, выкупляе ў Карнілы бомбу, выдойвае на зямлю малако ў Бабоўкі, дзеля таго каб яно не дасталося ворагам. Паводле В. Быкава, напярэдадні і ў час акупацыі жанчыны засталіся, у традыцыйным разуменні, “за мужчын”, узялі на сябе іх функцыі прыняцця рашэнняў. Менавіта так, па-мужчынску, паводзіць сябе Сцепаніда, нягледзячы на тое, што побач з ёй муж, Пятрок.

Характэрна, што менавіта Пятрок, а не яго жонка, больш выразна праяўляе традыцыйныя рысы жаночага характару. Дарэчы, у свядомым перанясенні элементаў жаночага менталітэту (імкненне дамовіцца, упарадкаваць адносіны з іншымі людзьмі пры любых акалічнасцях) на герояў-мужчын і выяўляецца замена гендэрных роляў. У гэтым бачыцца істотнае наватарства празаіка, які, падобна заходнееўрапейскім літаратарам, прыйшоў да ідэі замены гендэрных функцый.

Характэрная, адметная для Сцепаніды рыса - неабыякавасць, спагада да чужога гора. У тканіне твора побач з ёй, адцяняючы гэтую актыўную дабрыню, знаходзяцца “нямоцныя” героі (зноў заўважым: большасць з якіх - мужчынскага полу) - тыя, хто патрабуе апекі і дапамогі: нямоглы муж, нямко Янка, вясковы міліцыянер Вася Ганчарык, старшыня Лявон.

Празаік паступова даследуе, як злавеснае прадчуванне вайны пранікае ў вёску, на хутар, у сэрца гаспадыні Яхімоўшчыны разам са “знакамі бяды”, якія выразна маркіруюць прыналежнасць вобраза ці факта да станоўчых ці адмоўных каштоўнасцей. Разуменне жанчынай дабра і зла набліжаецца ў творы, па вялікім рахунку, да разумення дабра і зла наогул. Аповесць напоўнена характарыстычнымі для дадзенага вобраза “знакамі”.

Найперш гэта знакі-гукі, што з'яўляюцца ўмоўнымі папярэджаннямі блізкай бяды. Гэта гул далёкіх і блізкіх бамбёжак, якія чула Сцепаніда, калі наступала зацішша; спалоханы крык нямога Янкі, які напаткаў Багацьку ў полі.

Потым гэта знакі-сімвалы. Значэнне сімвалу бомбы, якую гераіня выкупляе ў Карнілы, інтэрпрэтавалася Дз. Бугаёвым. Ён зазначаў, што бомба ў аповесці - гэта “спрасаваная народная нянавісць, якая, не зважаючы на жахлівую смерць Сцепаніды, з часам грымне магутным выбухам усеагульнага супраціўлення акупантам, усенародным размахам партызанскай вайны” [11, с. 169]. На нашу думку, можа быць і іншае прачытанне гэтага сімвалу. Бомба - гэта месцішча зла, гневу, смерці, страху. У выніку, вобраз Сцепаніды ўзвышаецца да вобраза жанчыны наогул, якая апрыёрна няздольная ўчыніць забойства, развязаць кровапраліцце, даць выбухнуць снараду. (Зразумела, што ў руках аўтара было “дазволіць” Сцепанідзе ўзарваць мост.) Сцепаніда дзейнічае паводле сваёй, немужчынскай, логікі - для яе важней завалодаць гэтым злом і схаваць яго, каб ніхто і ніколі не адшукаў. Заключны быкаўскі сказ пра бомбу, якая на ўзроўку чакала сваёй пары, - глыбока сімвалічны. Гэтая бомба - маўклівы і грозны напамін, што ахвяры жанчыны і яе мужа, і нямога Янкі, і наогул, ахвяры фашызму і сталінізму могуць быць дарэмнымі, калі яна (бомба), будзе адшукана і дачакаецца “сваёй пары”, здзяйснення свайго прызначэння - выбухне новай бядой.


Подобные документы

  • Асаблівасці нацыянальнага характару беларусаў. Творчасць І. Мележа і галоўны стрыжань пісьменніцкага светаўспрымання беларускай духоўнасці. Шматграннасць духоўнага свету беларусаў. Учынкі, дзеянні, літаратурных герояў і іх рысы нацыянальнага характару.

    курсовая работа [93,8 K], добавлен 08.12.2011

  • Семантыка-граматычныя і стылістычныя асаблівасці парэмій мовы трылогіі "Палеская хроніка" I. Мележа. Структурна-марфалагічныя асаблівасці, сэнсавая характарыстыка парэмій. Прыказка як моўная адзінка. Картатэка парэмій мовы "Палескай хронікі" Мележа.

    дипломная работа [122,9 K], добавлен 27.04.2013

  • Рэгіянальныя асаблівасці прозы І. Мележа (на падставе палескіх раманаў). Ахарактарызаваць творчасць пісьменнікаў з вышыні дасягненняў літаратуразнаўства і крытыкі. Паказаць звычаі і абрады, тыповасць абставін на Палессі. Адзначыць асаблівасці характараў.

    курсовая работа [57,0 K], добавлен 20.01.2014

  • Творческий путь белорусского писателя И. Мележа. Социально-психологическое исследование жизни белорусских крестьян в эпоху перехода к коллективному хозяйству в трилогии "Полесская хроника". Особенности изображения человеческих характеров в романе.

    реферат [32,5 K], добавлен 06.06.2015

  • Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры ў эпоху Асветніцтва. Лепшыя паэтычныя і драматычныя творы другой паловы XVIII ст. Тэматычна бурлескная паэзія эпохі Асветніцтва. Развіццё школьнай драматургіі.

    реферат [36,9 K], добавлен 24.02.2011

  • Агульная характарыстыка вобраза апавядальніка ў творах мастацкай літаратуры. Васіль Быкаў – майстар ваеннай аповесці. Моўны вобраз апавядальніка ў аповесці "Трэцяя ракета", "Знак бяды". Частае выкарыстанне мадальных словаў як ў суб’ектыўнай манеры пісьма.

    курсовая работа [41,7 K], добавлен 30.04.2013

  • Жанрава-стылёвыя асаблівасці беларускай прозы ІІ паловы 60-х – сярэдзіны 80-х гг. Характарыстыка літаратурнага працэсу згаданага перыяду. Тэматычная разнастайнасць твораў разглядаемага перыяду. Лепшыя мастацкія дасягненні сучаснай беларускай літаратуры.

    реферат [22,2 K], добавлен 01.03.2010

  • Іван Мележ як майстар раману ў беларускай прозе. Тэарэтычны аспект даследвання з’явы сінаніміі, месца і роля у мове мастацкага твора. Тыпы сінонімаў паводле семантычнай і стылістычнай характарыстыкі: семантычныя, стылістычныя, семантыка-стылістычныя.

    курсовая работа [59,4 K], добавлен 08.04.2013

  • Агульная характарыстыка літаратуры другой паловы XVI ст. Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Жыццёвы шлях славутага асветніка, чалавека універсальных ведаў і унікальнага філосафа і прапаведніка, таленавітага пісьменніка і перакладчыка Сымона Будны.

    реферат [35,1 K], добавлен 22.02.2011

  • Развіццё прозы на сучасным этапе другой паловы 90-х гадоў - да пачатку ХХІ стагоддзя. Здабыткі сучаснай прозы. Жанрава-стылёвыя і ідэйна-мастацкія асаблівасці творчасці Г. Бураўкіна. Грамадзянскасць таленту паэта, трыбуннасць і актыўнасць паэтава слова.

    контрольная работа [20,4 K], добавлен 16.03.2010

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.