Рэгіянальныя асаблівасці у "Палескай хроніцы" І. Мележа
Рэгіянальныя асаблівасці прозы І. Мележа (на падставе палескіх раманаў). Ахарактарызаваць творчасць пісьменнікаў з вышыні дасягненняў літаратуразнаўства і крытыкі. Паказаць звычаі і абрады, тыповасць абставін на Палессі. Адзначыць асаблівасці характараў.
Рубрика | Литература |
Вид | курсовая работа |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 20.01.2014 |
Размер файла | 57,0 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://www.allbest.ru/
Размещено на http://www.allbest.ru/
Уводзіны
І. Мележ прыйшоў у беларускую літаратуру, маючы за плячамі немалы жыццёвы вопыт. “І.У. Паўлавічу, Ї гаварыў М. Танк у яго пяцідзесяцігадовы юбілей, -- не было патрэбы прабівацца ў літаратуру. Яна сама яго клікала, калі ён яшчэ са скарынкай хлеба ў кайстры пасвіў статак, калі знаёміўся з кніжнай мудрасцю, а потым з вінтоўкай у руках ішоў па цяжкіх і горкіх дарогах вайны, калі, паранены, вырываўся з кіпцюроў смерці” [1, с. 54]. Яго жыццёвы вопыт як чалавека і пісьменніка і яркі талент дазволілі стварыць, па ацэнцы А. Адамовіча, “нацыянальную сучасную эпапею” [2, с. 35], аўтар “Палескай хронікі” прыўзняў “столь” нашай літаратуры.
Ёсць у беларускай літаратуры творы, якія сталі яе сапраўдным скарбам, гонарам, якая трывала і надзейна ўвайшлі ў яе залаты фонд. Адзін з іх -- «Палеская хроніка» І. Мележа. Менавіта беларус, паляшук, Палессе знаходзяцца ў цэнтры аўтарскай увагі, гэта галоўныя мастацкія аб'екты ў палескіх раманах I. Мележа. У яго быў свой, асабісты, добразычлівы і паважлівы, погляд на беларусаў, іх мову. А. Адамовіч слушна гаварыў: «І. Мележ палемічна абвяргаў у сваіх раманах абразлівы, хоць і ўзаконены традыцыяй, погляд на палешука, на беларуса як на істоту з нейкага гістарычнага запаведніка... Шчыра паважаючы ўсё лепшае, што народ вынес з мінуўшчыны, -- найбагацейшую мову, працавітасць, душэўную мяккасць селяніна-палешука -- І. Мележ сцвярджаў сілай свайго таленту; гэтыя людзі не на паказ вам жывуць, не дзеля экзатычнай забавы» [2, с. 7]. Творчасць I. Мележа надзвычай арганічна спалучае нацыянальнае і агульначалавечае, асабістае і агульнае, праўду факта і вымысел, эпічнае і лірычнае.
Многія творы, асабліва «Палеская хроніка», -- асабіста перажытае, выпакутаванае ім. «Маладому Мележу пісалася неймаверна цяжка, але і сталаму і болей вопытнаму -- не лягчэй. Такой натуры быў гэты творца. Калі цяпер прыгадваеш яго нават у самыя, здавалася б, шчаслівыя хвіліны ўсеагульнага прызнання, поспеху, славы, перад вачыма ўзнікае прысутуленая, мажная, праставатая ў сваіх абрысах пастава чалавека з пакутлівым абліччам і з нейкай заўсёды вінаватай усмешкаю. Як быццам ён паціху, даверліва прасіў нас, сваіх чытачоў: прабачце, што, можа, я не ўсё і не так зрабіў, але я аддаў вам, што мог», -- пісаў В. Вітка [3, с. 49]. Гэту ж думку ў адносінах да «Палескай хронікі» працягвае ў сваіх успамінах А. Адамовіч: «Дый ці мала магло ўзнікнуць новых задум, рашэнняў і складанасцей у такога чалавека і таленту! Але ўсё ж, думаецца, Палеская Кніга заставалася б галоўнай -- як неаплатны доўг, абавязак перад зямлёй «бацькі і маткі» і як найвялікшае творчае шчасце, але і пакута таксама...» [2, с. 10]. «Палеская хроніка» -- вяршыня творчай спадчыны I. Мележа.
У сваёй трылогіі Мележ стварыў цэлы шэраг цікавых, запамінальных, яркіх характараў. Яны, сучаснікі 20--30-х гадоў XX стагоддзя, часта вырашаюць праблемы, мучаюцца над пытаннямі, якія гэтак жа хвалююць нас, людзей XXI стагоддзя. I гэта вельмі добра заўважыла В. Палтаран: «Са сваім вялікім клопатам пра маральную дасканаласць чалавека, пра чалавечае ўзаемаразуменне, пра чалавечае шчасце на зямлі Мележ-мастак стаіць на самым скрыжаванні маральных пошукаў сучаснасці: ён значыць чалавеку шлях да людзей, да чалавечай еднасці, засцерагае ад эгаізму, самападману, вучыць разумна, думаючы ладзіць жыццё на зямлі. А няхай хто скажа, што чалавек, людзі, чалавецтва не адчуваюць сёння патрэбы ў такой навуцы» [3, с. 49]. Нельга не пагадзіцца з В.Я. Ляшук у тым, што «асаблівую патрэбу адчуваюць сёння юнакі і дзяўчаты, вучні, якія не маюць жыццёвага вопыту, у «такой навуцы» [4, с. 3]. Бо наш час складаны і супярэчлівы, час бездухоўнасці, страты пэўных маральных нормаў, пераацэнкі каштоўнасцей. Мележ клапаціўся пра духоўнае ўзбагачэнне моладзі, выхаванне нацыянальнай самасвядомасці, пачуцця гонару за свой народ, родны край, зямлю бацькоў. У шматлікіх сваіх прамовах ён гаварыў пра выключную важнасць далучэння маладых людзей да народнага, спрадвечна беларускага: да народных ідэалаў, маралі, этыкі, эстэтыкі, традыцый. «У тым, што вярнуўся ў старую вёску, была не толькі ахвота сустрэцца з Мінулым, -- расказвае I.П. Мележ пра задуму «Палескай хронікі», -- было разуменне расказаць пра яго. Я разумеў сябе як бы летапісцам Мінулага, якое я павінен перадаць маладым. Я лічу: літаратура павінна захаваць гісторыю нашчадкам -- каб ведалі вытокі, пачатак, памяталі, адкуль ідзём, каб разумелі рух жыцця» [5, с. 510--511].
У “Палескай хроніцы” І. Мележ найбольш ярка праявіў сябе як майстар псіхалагічнага аналізу. “Мележ-псіхолаг ідзе ад факта, ад канкрэтнай рэаліі, падзеі, якая адыгрывае ролю штуршка для далейшага паглыблення ў сферу чалавечых перажыванняў. Прычым, перажыванні гэтыя раскрываюцца шмангранна, з дапамогай самааналізу, апісання адносін герояў да прадметаў, з'яў” [2, с. 35].
Каб зразумець паэта, трэба прыйсці ў яго краіну. Гэта словы нямецкага паэта Гётэ.
Краіна І. Мележа - надпрыпяцкае Палессе, праўдзівей, тая яго частка, якая сёння ляжыць непадалёк ад ракі ў межах Калінкавіцкага і Хойніцкага раёнаў.
У “палескіх” раманах І. Мележа даволі дакладна захавана геаграфія родных мясцін пісьменніка, прычым, назвы некаторых паселішчаў пададзены без змен - Глінішчы, Ламачы, Тульгавічы, Юравічы, другія крыху перайначаны - Курані, Алешнікі.
“Напісаў І. Мележ раманы “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” ў добрай манеры сацыяльна-бытавой беларускай прозы, і яны загучалі па-сучаснаму”, -- слушна заўважае даследчык І. Навуменка [6, с. 585]. Не было сярод маладзейшых пісьменнікаў аўтара, які б, як Мележ, ведаў палескую вёску сярэдзіны і канца 20-х гадоў, як цэльны, яшчэ не разарваны, эпічны асяродак жыцця з яго векавымі традыцыямі, запаветамі, нават забабонамі і паняверкамі. Ён яскрава паказаў тыя абставіны, у якіх жылі і дзейнічалі палешукі.
Мэта курсавой работы - раскрыць рэгіянальныя асаблівасці прозы І. Мележа /на падставе палескіх раманаў/.
Мэта прадвызначае вырашэнне наступных задач:
Ї ахарактарызаваць творчасць І. Мележа з вышыні дасягненняў літаратуразнаўства і крытыкі;
Ї паказаць звычаі і абрады;
Ї раскрыць тыповасць абставін на Палессі;
Ї адзначыць асаблівасці характараў;
Ї ацаніць наватарства І. Мележа.
Аб'ект даследавання Ї “Палеская хроніка” І. Мележа.
Прадмет даследавання Ї рэгіянальныя асаблівасці.
1. Праўда часу, тыповасць абставін жыцця на Палессі
Жыццё, праца, побыт, будні і святы куранёўцаў у “Палескай хроніцы” паказаны аўтарам так аб'ёмна, усебакова, з такім глыбокім веданнем усіх дэталей і падрабязнасцей, што вёска для нас робіцца рэальным геаграфічным пунктам, населеным людзьмі са сваімі лёсамі, характарамі, сваімі складанымі дарогамі. «Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў -- аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навакол адно была купчастая дрыгва ды моклі панурыя лясы.
Вёска тулілася ля берага вострава -- платы агародаў дзе-нідзе забягалі на куп'ё ўзболатка, з другога боку, на поўнач, балоты крыху адступалі, дорачы людзям пясчанае поле. Адступалі балоты і на заходнім баку, дзе рунелі ці жаўцелі да краю лесу палі, таксама скупыя, няўдзячныя, хоць у іх глебе і было менш пяску. 3 поўдня балоты зноў падбіраліся да саламяных, замшэлых радоў стрэх, але ў гэты бок ішла найбольшая сувязь са светам, і тут па дрыгве была намошчана дарожка. Што гэта за дарожка, можна меркаваць хоць бы з таго, што ездзілі па ёй смела толькі ў маразы, калі непралазная твань навокал рабілася цвёрдая, як ток, ці ўлетку, калі дарожка перасыхала» [5, с. 7].
Раман пачынаецца малюнкам працоўнай чэрвеньскай раніцы. Звычайны для куранёўцаў па-летняму клопатны і нялёгкі час. 3 усіх бакоў нас апаноўваюць гукі, фарбы, галасы палескай вёскі. Яны перададзены пісьменнікам так дакладна, такімі пластычнымі «мазкамі», што чужое ўяўнае жыццё робіцца для нас, здаецца, больш рэальным, чым тое, сапраўднае, што нас акружае.
Ціхія ранішнія дымочкі, што плывуць з каміноў, цырканне малака ў даёнкі, пошчак малаткоў, якімі мужчыны адбіваюць косы, след, пакінуты на роснай траве пастухом з торбаю цераз плячо і пугай у руках, рохканне свіней у хлявах, плач саплівага дзіцяці, якое абудзілі ў такую рань, -- звычайны для куранёўцаў побыт. Але для нас гэты малюнак, з прычыны таго, што руку да яго прыклаў сапраўдны мастак, робіцца цэлым адкрыццём. Мы трапляем у новы, невядомы свет, але адчуваем сябе ў ім арганічна, прасторна і радасна, нібы ўспомнілі нешта прыемнае, хоць і забытае даўно. Мы захапляемся і самім жыццём, нявыдуманым і хвалюючым, і ўменнем пісьменніка перадаць яго пры дапамозе мастацкага слова.
Чытаючы раман, мы даведаемся пра многае: як куранёўцы косяць і жнуць, як малоцяць і сеюць, як святкуюць каляды і ловяць рыбу, як гуляюць вяселле і вянчаюцца ў царкве. Здаецца, аўтар ведае пра сваіх герояў усё.
У творы вельмі дакладна вымаляваны час. Як і раней, бедныя насельнікі вёскі Курані душацца на палосках неўрадлівай зямлі. Поле скупа плаціць за нялёгкую працу. Хлеба не хапае на ўвесь год, добра, калі бульба памагае дацягнуць да новага ўраджаю. Куранёўцы, як усе сяляне, жывуць па закону: летні дзень год корміць. Ледзь выпадае хвіліна ў гарачы час жніва, людзі кідаюцца ў лес і на раку. Ягады, грыбы, уюны -- добрая падтрымка хлебу. Дый на рынку за іх можна ўтаргаваць грошай на абыходак.
Усё больш настойліва куранёўцы вядуць гаворкі пра перадзел зямлі. Пагаворваюць, праўда, ціха, крадком, бо банда Маслака пагражае накарміць зямлёй тых, хто за перадзел, хто жыве думкай завалодаць карчоўскім надзелам.
Важнай падзеяй для Куранёў аказалася і пабудова грэблі цераз балота. «Мы жывём, як звяры, -- гаворыць старшыня валвыканкома Апейка на сходзе ў Куранях. -- Але і звяры ходзяць з лесу ў лес. А чалавек не звер, чалавек не можа жыць без людзей. Чалавеку патрэбен цэлы свет. I таму нам трэба змагацца з бядой нашаю! Трэба прарваць балотнае акружэнне. Звязацца з другімі сёламі» [5, с. 110-111]. Так прыходзіць у Курані новае; нязвыклыя перамены абуджаюць у людзей надзею на лепшае жыццё.
“Шырока, усебакова ўзнаўляючы рэчаіснасць, пісіменнік усё суадносіць з чалавекам, усё прымярае да яго. Для Мележа ў «Палескай хроніцы» мера і каштоўнасць усяго -- чалавек. У раманах -- шматгранны паказ чалавека, ягоных сувязяў з грамадствам, гістарычнымі падзеямі, іншымі людзьмі” [8, с. 266], Ї удакладняе даследчык С. Андраюк.
Васіль, Ганна, Яўхім і Халімон Глушакі, Чарнушка, Хадоська, Грыбок, Андрэй Руды, Міканор... За кожным з іх стаіць вёска. Яе сацыяльны, класавы характар, час, побыт, праца, псіхалогія -- у яе непаўторным індывідуальным увасабленні. Аўтару важна было не проста паказаць падзеі тых гадоў, цяжкі, драматычна-пакутны шлях селяніна ў новае жыццё, але і паглядзець на іх шырэй, у агульным руху краіны, улічваючы гістарычны вопыт, паспрабаваць убачыць перспектыву тых падзей. Гэта ўдалося. I менавіта з гэтага вынікае выключнай сілы драматычная насычанасць і самога твора, і кожнага персанажа. Розныя характары, мінулае і сучаснае, але час аднолькава няўмольна, аднолькава жорстка іх ломіць, выпрабоўвае на трываласць.
Рост герояў натхняе сюжэтнае раманнае развіццё, хаця і маюць за крыніцу ўнутраную энергію характараў, падаюцца ў самаразвіцці, усё ж сацыяльна глыбока абумоўленыя. Сама ідэя твора -- сцвярджэнне ва ўзаемаадносінах чалавека і грамадства глыбокай чуласці і павагі да яго асобы, -- ідэя, увасобленая ва ўзаемаадносінах галоўных герояў, вынікае менавіта з сацыяльных падзей хронікі. У гэтым сэнсе асноўныя, вузлавыя сутыкненні паміж героямі, глыбінны канфлікт разгортваецца не так у сферы асабістых узаемаадносін, як у адносінах да зямлі, у адносінах да чалавека.
“Зямля -- нібы магнітнае поле, вакол якога групуюцца, да якога цягнуцца ўсе героі. Мележ выключна глыбока, моцна, ніколькі не ўступаючы ў гэтым плане ні Я. Коласу, ні К. Чорнаму, развіваючы іхнюю традыцыю, паказаў арганічную, як бы нават стыхійную, неаддзельную ад самой сутнасці чалавека, сувязь селяніна з зямлёю” [6, с. 585], Ї сцвярджае І. Навуменка [6, с. 585]. Зямля -- аснова ягонага жыцця, ягонае жыццё, радасць і гора, светлыя мары і горкія расчараванні.
Фокусам усіх асабістых і грамадскіх канфліктаў, якія разгортваюцца на старонках раманаў «Палескай хронікі», з'яўляецца адвечная тяга селяніна да ўласнай зямлі. Традыцыйна ў беларускай літаратуры з ёй як асновай жыцця звязваецца праблема быцця чалавека як асобы і прадстаўніка свайго народа. Пры гэтым зямля разглядаецца не проста як матэрыяльная каштоўнасць, а як падмурак і аснова духоўных каштоўнасцей, самасці, чалавечай годнасці і незалежнасці, як сэнс жыцця.
“У сваёй хроніцы І. Мележ паказвае, як усё, што закранае праблему зямлі, непазбежна адбіваецца і на душы чалавека” [9, с. 27], -- абагульняе Н. Комар. Спрадвечная цяжкая праца на скупой, малаўрадлівай ніве, суровыя ўмовы пражывання куранёўцаў паўплывалі на іх характар, звычаі, погляды на свет. Часам ахвярай вечнай барацьбы за выжыванне, клопатаў пра хлеб надзённы станавіліся лепшыя памкненні чалавечай душы, асабістае шчасце. 3 другога боку, у гармонію ўзаемаадносін «чалавек і зямля» ўмешваліся грамадска-палітычныя і гістарычныя працэсы.
3 даўніх часоў беларус-паляшук захаваў моцнае пачуццё родавай еднасці і сваяцтва, выпрацаваў свае законы і маральныя прынцыпы. Пасля рэвалюцыі ў самыя аддаленыя куткі Беларусі прыйшлі змены. Новы час патрабаваў карэннай ломкі спрадвечных традыцый і ўяўленняў. Вялікі свет, да якога селянін-працаўнік ставіўся з падазронасцю і асцярогай, зацягваў у вір сваіх праблем і падобныя да Куранёў палескія вёсачкі.
Мастацкаму твору можна выносіць прысуд, мяркуючы па тым, што ў ім напісана. Тым не меней, мусім сказаць, што ў творах такога размаху, маштабу, як мележаўскія раманы, сацыяльнае, філасофскае дно магло быць глыбейшае. Рушэнне старога сялянскага свету пачалося задоўга да Кастрычніцкай рэвалюцыі. У часы калектывізацыі прыйшлося развязваць вузлы, якія за два-тры стагоддзі да яе завязала гісторыя.
Калектывізацыя праводзілася паспешліва, без элементарнай падрыхтоўкі, уліку сялянскай псіхалогіі.
І таму адыход усеагульнай, прымусовай калектывізацыі на сялянскай Беларусі, дзе чалавек “прырос” да сваёй зямлі, разгарнуў высокую вяскова-гаспадарчую культуру, але не меў навыкаў і задаткаў сумеснай працы, з'яўляўся ломкай прывычнага ўкладу жыцця вёскі. Імкненне ўсю краіну пабудаваць па прынцыпу «інкубатара» было наступам і на менталітэт беларуса. Не адвучаны і за некалькі вякоў нацыянальнага прыгнёту быць гаспадаром на сваёй зямлі, зберагаць душу ад нівеліравання і спусташэння, беларус за кароткі час быў ператвораны ў маленькі вінцік у магутным механізме дзяржаўна-палітычнай таталітарнай сістэме. Вясковы працаўнік стаў ахвярай вялікага сацыяльнага «эксперыменту».
Пісьменнік паказвае, што сяляне ў абагульненні прыватных гаспадарак і падпарадкаванні іх дзяржаве ўбачылі пагрозу. Калектывізацыя наносіла знішчальны ўдар па найбольш гаспадарлівай частцы вясковага насельніцтва. Такія працэсы маглі прывесці і да страты любові да зямлі. Гэтым пачуццём пранізваўся ўвесь духоўны свет селяніна, прасвятліліся ўсе змрочныя моманты нялёгкага жыцця. Страта любові да зямлі пагражала сялянству апатыяй, знікненнем радасці, жыццёвай сілы. Вось словы роспачы Халімона Глушака, што лічыўся першым гаспадаром на ўсе Курані: «За што, за якія грахі, усемагутны Божа, пусціў на гэтую зямлю страшную кару, навалу, пошасць Ї рэвалюцыю, якая ўсё перакруціла, пераблытала, дала волю рознай галадранай ненажэры! Як і не было, прапаў цвёрды грунт з-пад ног, знікла трываласць у жыцці» [7, 5, с. 107]. Не аднойчы яшчэ сустракаецца ў творы і перадаецца гэтае адчуванне страты грунту героямі.
Пачуццё безнадзейнасці і бяссілля авалодвае Васілём пад арыштам у Юравічах. Яно перадае самаадчуванне чалавека зямлі, што апынуўся ў складаных абставінах пераломнага часу пад пагрозай несправядлівага асуджэння ва ўласніцтве, у кулацкіх ухілах. За словам Васіля адчуваецца сам аўтар: «Справядлівасць! Дзе і калі яна была беднаму, цёмнаму чалавеку! Дзе яе шукаць яму, адзінокаму, безабароннаму, які, можна сказаць, і свету не бачыў далей куранёўскіх балот, які і ў Алешніках нясмела азіраецца» [7, 5, с. 107]. Просты чалавек у штодзённых жыццёвых цяжкасцях прывык цярпець і спадзявацца толькі на сябе. Недавер да ўсякага начальства і ўлады падцвярджаўся асабістым вопытам.
Абяцаныя мір, зямля, радасць і шчасце абяздоленым абярнуліся для іх грабежніцкімі налогамі, раскулачваннем, апаганьваннем лепшых пачуццяў і традыцый. Спрадвечны працаўнік на зямлі, які ці не ад яе самой пераняў прыклад самаахвярнасці і вынослівасці, вымушаны быў аддаць усё нажытае ўласным мазалём. Ды і сам ён становіцца ахвярай новай ідэалогіі.
Драматызм і напружанасць падзей у «Палескай хроніцы» нарастае з твора ў твор. У першым рамане мы назіраем усталяванае жыццё невялікай вёскі. Усе клопаты куранёўцаў неаддзельныя ад зямлі і гаспадаркі. I хоць для чужога чалавека такое жыццё ў сціснутай у балаты вёсачкі і яе жыхароў, што неяк умудраліся выжываць на сваіх бедных надзелах, здалося б немагчымым, самі ж куранёўцы іншага жыцця для сябе не ўяўлялі.
Спачатку праз чуткі, а затым уладна і напорыста ўваходзіла ў эпічнае апавяданне трагічная падзея часу -- калектывізацыя. А з ёй і непакой, трывога, невядомасць, страх перад будучым.
У «Подыху навальніцы» ужо першыя старонкі ствараюць жывапісны вобраз грознай з'явы прыроды -- навальніцы. Яна прыпыніла зладжаны, прывычны ход жыцця, недарэчна ўмяшалася і перакрэсліла ўсе планы куранёўцаў, нарабіла шкоды. У Куранях спаліла маланкай тры гумны, быў разбіты стары дуб, і нават крыж, што спрадвеку стаяў на развілцы дарог, абвугліўся, абгарэў. Подых навальніцы адаб'ецца на лёсах Ганны, Васіля, Апейкі, усіх персанажаў твора. Можна сказаць, што кожны з герояў І. Мележа, у сілу акалічнасцей, уступіць у сваю паласу навальніцы, у сваю жыццёвую буру.
У накідах да рамана «Завеі, снежань» Мележ пісаў: «Драматызаваць падзеі як мага. Драматычны час. Поўнае драматызму жыццё» [7, 5, с. 245]. Пісьменнік імкнецца выкрыць зло як з'яву шматбаковую, намагаецца аб'ектыўна разабрацца ў «псіхозе часу», калі нейкая сіла падпарадкоўвае сабе людзей, штурхае іх наперакор свядомасці і здаровага сэнсу да пагібельных рашэнняў і абавязацельстваў, да ўпартага, фанатычнага змагання за гістарычна бесперспектыўную, утапічную антыгуманную ідэю.
Паспрабум разгледзець уплыў такіх абставін у “Палескай хроніцы” І. Мележа на лёсы палешукоў.
2. Асаблівасці характару палешукоў
Паставіўшы задачу вытлумачыць нейкае складанае пытанне, мы звычайна спадзяемся на гісторыю, разлічваем, што сам час ў яго няспынным руху можа ўцягнуць ў сваю арбіту нашы інтарэсы, трывогі, балючыя праблемы і дапаможа іх вырашыць і вытлумачыць. Такія мары і спадзяванні, вядома, не беспадстаўныя, як і надзея шукаць і знаходзіць ісціну ў больш поўным і гуманістычным яе выяўленні, абапіраючыся на вопыт гістарычнай памяці.
Аднак само паняцце «гісторыя» часта ўспрымаецца намі як нейкая абстрактна-абагульненая і незалежная ад чалавечай існасці сіла. Не заўсёды ўлічваецца тое, што эканамічную, палітычную, духоўную сітуацыю часу фармуюць як эвалюцыйныя працэсы жыцця, так і ўдзел у стварэнні гэтай мадэлі літаральна кожнага чалавека.
Тое, пра што ідзе гаворка, з'яўляецца нібыта агульнавядомай ісцінай. Але, на жаль, аксіяматычныя ісціны ў канкрэтна-практычным суаднясенні з рэальнасцю ў шэрагу выпадкаў выступаюць у праявах шматграннай складанасці. Пашыраць права на першасную ролю ў будаўніцтве, калі можна так сказаць, гістарычнай мадэлі часу «дапамагаюць» розныя тэорыі. Так, марксісцка-ленінская тэорыя занадта ўжо шырока і падкрэслена адназначна генералізавала і ўніверсалізавала ў рэвалюцыйна-перабудовачным працэсе жыцця ролю рабочага класа, адцясняючы мужыка, беднага селяніна, на задні план ці ў лепшым выпадку падаючы яму дапаможную функцыю «ў прыпрэжцы». Што ж датычыцца селяніна багатага, заможнага, ці, як яго афіцыйна прынята называць, кулака, то яму адводзілася роля персоны нон грата.
Моцны ўплыў такіх уяўленняў пра селяніна на пэўных этапах гісторыі выявіўся ў літаратурнай тэорыі і мастацкай практыцы. Зазначым, што літаратура, якая па прыродзе сваёй з'яўляецца чалавеказнаўствам і чалавекалюбствам, іншы раз выяўляла негатыўныя адносіны да селяніна і вёскі нават больш рэзка і жорстка, чым кан'юнктурнае ўльтрарэвалюцыйнае слова палітыкі.
Кожны з нас, відаць, без цяжкасці прыгадае хрэстаматыйнае апавяданне М. Горкага «Чалкаш» (1895), дзе селянін Гаўрыла паказваецца як чалавек недалёкі, духоўна абмежаваны, скнарлівы і азлоблены, гатовы без дай прычыны забіць «высакароднага» і «далікатнага», з шырокім размахам душы чалавека -- прафесійнага злодзея Чалкаша. Нешта падобнае М. Горкі неаднойчы паўтараў і пазней, заўважаючы, што вёска «па прыродзе сваёй -- антыдзяржаўная» і што «яна не прымае і не прызнае ніякай дзяржаўнай улады і асабліва жорстка брыкаецца, калі робіцца самы нязначны замах на яе ўласнасць» [8, с. 124]. На думку творцы, новае жыццё па-сапраўднаму можна будаваць толькі з тым пісьменным, разумным і бадзёрым пакаленнем людзей, якія прыйдуць на змену несімпатычнаму і нецікаваму пакаленню старой вёскі.
У беларускай літаратуры мы, здаецца, не знойдзем такой абагульненай, падкрэслена негатыўнай характарыстый старой вёскі і яе жыхара-земляроба. Нават у вельмі складаныя для нашага вяскоўца гады калектывізацыі беларуская літаратура ў асобах яе найлепшых прадстаўнікоў (Я. Коласа, К. Чорнага, М. Зарэцкага і іншых) імкнулася ўтрымаць мастацкую думку ў межах аб'ектыўнага і гуманістычнага паказу селяніна. Такія творы 30-х гг., як «Адшчапенец» Я. Коласа, «Лявон Бушмар» К. Чорнага, «Вязьмо» М. Зарэцкага, па глыбіні і моцы чалавекалюбнага пафасу ніколькі не саступяць выдатнаму твору рускай літаратуры пра селяніна і вёску часоў калектывізацыі «Краіна Муравія» А. Твардоўскага.
Аднак тэма вёскі і гэтага драматычнага часу мела шмат белых плямаў. Тут заставалася багата пытанняў і праблемаў, якія трэба было даасэнсаваць ці пераасэнсаваць нанова.
60-я гг. ХХ ст. з'явіліся даволі спрыяльным перыядам, каб з вышыняў часу пазней і глыбей разгледзець і паказаць сацыяльныя, духоўна-псіхалагічныя працэсы, што закраналі фундаментальныя асновы жыцця ранейшай вёскі. “Палеская хроніка” І. Мележа якраз і нясе тую высокую этычную якасць і грамадзянскую смеласць мастацкасці і праніклівасці аналітычнай думкі, якая, абапіраючыся на лепшыя эстэтычныя здабыткі нацыянальнай традыцыі (і, безумоўна, не толькі нацыянальнай), у многім выйшла на наватарскі шлях пазнання жыцця, чалавека і выяўлення найважнейшых нервовых цэнтраў той эпохі, калі на іншы, калектывісцкі лад стаў перарабляцца, перабудоўвацца векавечны будынак старой вёскі” [9, с. 27], -- слушна заўважае В. Жураўлёў.
Нас, безумоўна, і да сённяшняга дня не перастае хваляваць пытанне: а што ж усё-такі адбылося ў тыя часы, пра што думалі і разважалі людзі, вяскоўцы і невяскоўцы, на гэтых надзвычай складаных, крутых, адказных перавалах гісторыі? Бо далёка не ўсе галасы данесла да нас тая трывожная і драматычная эпоха. Многія сведкі тых гадоў заставаліся ў цені літаратурнай гісторыі, у лепшым выпадку іх словы даходзілі да наступных пакаленняў сцішаным і прыглушаным рэхам, а іншы раз і ў скажона-фальсіфікаваных інтэрпрэтацыях. I. Мележ добра адчуваў гэта і разумеў, распачынаючы працу над цыклам раманаў «Палескай хронікі».
Вядома, дыстанцыя часу абвастрае пісьменніцкі зрок, але пры той бясспрэчнай умове, калі сам творца ўнутрана падрыхтаваны, бачыць сацыяльна-псіхалагічную панараму гісторыі. У шматмернай поліфаніі яе звіваў, паваротаў, адценняў, колераў і галасоў. І. Мележ валодаў і такімі магчымасцямі эпічнага мыслення.
А. Адамовіч неяк заўважыў, што ў эпітэтах накшталт «Палескай хронікі» ««кожны не галоўны» характар «можа стаць галоўным», як толькі гэтага запатрабуе сам рух падзей альбо аўтарскай думкі. Плынь можа раптам пайсці па новым рэчышчы -- па «рэчышчы», так сказаць, другарадных персанажаў, якія апынуліся ў пункце найбольшага напору» [10, с. 394].
Тое, пра што сказаў А. Адамовіч, можна было б назваць, разгортваючы яго думку, эпічным дэмакратызмам. У «Палескай хроніцы» ў кожнага без выключэння героя ёсць магчымасць узяць на сябе ролю галоўнай асобы і на поўную моц выявіць сваё «я» ў адносінах да тых або іншых момантаў жыцця. А калі чалавека нехта ці нешта абмяжоўвае, не дае ці перашкаджае яму выказацца і выявіцца адкрыта, Пісьменнік шырока расчыняе «дзверы» ўнутранага маналога і няўласна-простай мовы.
Сапраўдны талент, апрача ўсяго, выяўляецца ў нечаканых паваротах мастацкай думкі. У пэўным сэнсе гэтак з'яўляецца ў трэцім рамане «Палескай хронікі» «Завеі, снежань» сакратар райкама Башлыкоў -- герой, які прэтэндуе на вядучую ролю ў грамадскім жыцці. Іншы раз здавалася, што і старшыні сельсавета Дубадзелу аўтарам адведзена сціплая роля, аднак у планах, нататках, матэрыялах да раманаў «За асакою бераг» і «Праўда вясны», якія павінны былі стаць працягам «Палескай хронікі», чытаем Мележаў саманаказ: «Даць Дубадзела буйным планам...», «Разгарнуць шырока Дубадзела тут. Характэрная фігура... Паказаць, як разгортваецца погань у такія моманты, як спрыяе погані такі момант... Даць Дубадзела пры раскулачванні шырока» [7, с. 327, 448].
Такім чынам, і сапраўды мяжа паміж галоўнымі і негалоўнымі героямі ў «Палескай хроніцы» амаль што сціраецца. У пэўным сэнсе такі падзел паміж героямі як будаўнікамі побытавай, сацыяльнай, палітычнай, гістарычнай рэальнасці знікае. Кожны з іх кладзе ў падмурак гісторыі сваю цагліну. Аўтар нікога не адсоўвае і не адцясняе. Той прынцып, які даследчыкі назвалі эпічным дэмакратызмам, на нашу думку, дзейнічае ў «Палескай хроніцы» на поўную моц.
У межах шматмернай праблемы «чалавек і зямля», абапіраючыся на плённыя здабыткі нацыянальнай і сусветнай мастацкіх традыцый, I. Мележ паспрабаваў шукаць адказы і на гэтыя адвечныя пытанні і сказаў сваё індывідуальна-адметнае, важкае і пераканальнае слова. Галоўным «утварыцелем» калейдаскапічна зменлівага гістарычнага працэсу з'яўляецца, як вынікае з «Палескай хронікі», найперш той, у каго думка і дзеянне прасякнуты глыбокім, натуральным, непахісным пачуццём любасці і замілавання -- да канкрэтнай справы, да свайго краю, Бацькаўшчыны і, урэшце, да той уласнай палоскі зямлі, на якой чалавеку, селяніну, даводзілася з веку ў век цяжка і адначасова з асалодай працаваць.
Так, глыбокую цягу, любоў і замілаванасць да зямлі, да роднага кутка і ўласнага зямельнага надзелу тонка, праўдзіва, аб'ёмна раскрылі ў шэрагу сваіх твораў Я. Колас, М. Гарэцкі, К. Чорны, М. Зарэцкі і іншыя. Пагроза паўтарэння для I. Мележа, вядома, была, але ён не збіўся на чужы голас і само паняцце прывязанасці і любасці селяніна да зямлі напоўніў свежым і, не пабаімся сказаць, праблемным наватарскім зместам.
Выключна важную мастацкую ролю ў гэтым сэнсе выконваюць у «Палескай хроніцы» тыя сюжэтныя лініі, якія звязаны з каханнем. Менавіта на гэтых лініях, а дакладней, на перасячэнні ўнутранага, глыбіннага інтарэсу-замілавання чалавека да ўласнай палоскі зямлі і інтымнага інтарэсу-любасці да каханай жанчыны ў індывідуальна-адметных праявах раскрываецца стрыжнёвая сацыяльна-псіхалагічная аснова характару селяніна.
Аўтар «Палескай хронікі», напрыклад, некалькі разоў дае аднаму з галоўных герояў твора Васілю Дзятлу магчымасць пайсці насустрач сваім пачуццям і злучыць лёс з той, якую ён не перастае кахаць, хоць і ажаніўся з іншай. Аднак кожны раз у яго разважанні і перажыванні ўрываюцца балючыя, пакутныя, трывожныя думкі пра ўласны кавалак зямлі, «што каля цагельні», «Уся сіла чалавека, -- разважае ён, -- у зямлі. -- І сіла ўся, і радасць. Няма зямлі, няма, лічы, і чалавека «[11, 6, с. 357]. І ў такія хвіліны перашкоды на шляху да той адзінай жанчыны ўяўляюцца яму амаль што непераадольнымі. Хоць і з вялікім болем, але каханне ўсё ж адступае перад незвычайна глыбокай любасцю героя да ўласнага поля.
Зыходзячы са старых схематычных крытэрыяў, вельмі проста было б асудзіць і абвінаваціць Васіля Дзятла як закаранелага і непапраўнага ўласніка. Аднак I. Мележ якраз адхіляе магчымасць такіх спрошчаных падыходаў, хоць і не імкнецца абмінаць, камуфляваць, апраўдваць, абараняць крайнасці эгацэнтрызму ў псіхалогіі селяніна.
Даследчык В. Жураўлёў сцвярджае: “Аўтару важна было вылучыць думку пра тое, што чалавек, у якога любоў да зямлі становіцца вышэй за каханне і «даражэй за сябе самога», выходзіць на вельмі прынцыповыя і непахісныя асновы праўды. Васіль Дзяцел (ды і кулак Халімон Глушак) больш, можа, інтуітыўна, чым рацыяналістычна, нутром адчувае, што ў яго глыбокай, у пэўным сэнсе невытлумачальнай арганічнай звязанасці і злітнасці з зямлёй выяўляе сябе нейкая вялікая жыццёвая ісціна, «здаровы сэнс»” [9, с. 31].
Усялякая навуковая тэорыя або сістэма развіваюцца і існуюць толькі да таго часу, пакуль у іх жывуць рэалізм здаровага сэнсу. Вядомыя філосафы лічылі, што з найбольшай паўнатой праўда і справядлівасць існуюць і ракрываюцца там, дзе пошукавы інтарэс абапіраецца на здаровы сэнс і на шчырую, глыбокую любоў чалавека да некага ці нечага.
Паводле слушнай заўвагі А. Шапенгаўэра, імкненні закаханых уяўляюцца «больш важнымі, узвышанымі і таму больш справядлівымі, чым усялякія іншыя памкненні, якія ім супрацьдзейнічаюць» [12, с. 397].
Гэтая цікавая, на наш погляд, думка мае агульнатэарэтычнае і агульнаметадалагічнае значэнне, галоўным сваім пафасам далучаецца як да інтымнай, так і да сацыяльнай сферы жыцця чалавека.
Аднак паўстае вельмі сур'ёзнае, яшчэ не вытлумачанае пытанне: калі Васіль Дзяцел або Халімон Глушак гэтак апантана, ледзь не да самазабыцця і нават болей, чым каханую жанчыну, чым саміх сябе, любяць свой надзел, сваё поле, дык, можа, у такім разе не трэба было і кранаць сацыяльна-побытавы ўклад іх жыцця? Можа, варта было цалкам даверыцца законам эвалюцыі?
Не, такой пазіцыі І. Мележ не прытрымліваўся. Ён выступіў у «Палескай хроніцы» як прыхільнік перагляду зямельнай праблемы і лічыў такую задачу наспелай. Ён разумеў, што яна несла ў сабе незлічоную безліч складанасцяў і патрабавала вырашэння на гуманнай аснове. Пісьменнік нібыта не супраць калектывізацыі і абагулення аднаасобніцкіх гаспадарак, і ў той жа час яго мастацкая думка бунтуе і пратэстуе супраць аднамерна-схематычнага, сілавога падыходу да гэтай тонкай, складанай палітычнай, эканамічнай і сацыяльна-псіхалагічнай з'явы.
У той драматычны момант, калі вясковы актывіст Міканор аддае распараджэнне сілай адабраць ад Васіля Дзятла зямлю і адвесці яе пад агульнае карыстанне, Васіль, упяўшыся «лапцямі ў разору», голасна, каб чула ўсё наваколле, крычыць: «Не пайду! Не аддам! Не дам!!. Не Пушчу!!!» [11, 6, с. 357]. I у гэты час пісьменнік больш усё-такі на баку Васіля, чым Міканора, хоць пэўную праўду ў імкненні да новага прызнае і за апошнім. Пасля гэтага гучнага і роспачнага Васілёвага «не пушчу!!!» I. Мележ паставіў аж тры клічнікі, падкрэсліваючы тым самым, што зямля і сапраўды для героя «даражэй за ўсё, за самога сябе». Вось у такія моманты, як вынікае з тэксту і падтэксту твора, якраз і не перашкодзіла б таму ж Міканору і некаторым іншым, больш важным і ўплывовым асобам, прыпыніцца, сур'ёзна задумацца і ўважліва, цярпліва выслухаць таго, каго нібыта трэба было толькі вучыць, павучаць ды перавыхоўваць.
І. Мележ застаўся верным мастацкай і гістарычнай праўдзе, паказваючы ў сваіх раманах «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань» надзеленых уладай людзей, якія ўмелі выслухаць чалавека і дапамагчы яму. Гэтую важную і адказную чалавекалюбную місію аўтар усклаў на такіх герояў, як старшыня валвыканкама, а потым гарвыканкама І. Анісімавіч Апейка і рэальная гістарычная асоба -- старшыня ЦВК і СНК БССР Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў, хоць часам пісьменнік у некаторых сваіх ацэнках відавочна завышаў іх чалавечую і грамадзянскую сутнасць.
Характары і гэтых герояў пісьменнік таксама раскрывае ў розных сацыяльна-псіхалагічных аспектах, хоць зноў-такі галоўным ацэначным крытэрыем у выяўленні і вызначэнні іх духоўнай і палітычнай сутнасці з'яўляецца сама мера глыбіні, унутранай падрыхтаванасці да свайго партыйнага абавязку і якасная мера іх любові да тых, каго яны ўпаўнаважаны далучыць да новых, нязвыклых формаў жыцця.
І. Мележ, як мы ўжо гаварылі, малюе і раскрывае знешні і ўнутраны партрэт сялянскага хлопца Васіля Дзятла з вялікай сімпатыяй і павагай у першую чаргу таму, што той да самазабыцця любіць сваю палоску зямлі, працуе з радасцю, з акрыленай і нязмушанай ахвотай, без ніякай прынукі. У гэтага героя як чалавека ёсць шэраг даволі сур'ёзных недахопаў, але галоўная псіхалагічная дамінанта яго характару -- любоў да зямлі. I выяўляецца яна ў Васіля на вельмі высокім эмацыйным узроўні любові-страсці, якая грунтуецца на жыватворнай жыццёвай энергіі, праўдзе, здаровым маральным сэнсе.
Такім чынам, на думку I. Мележа, менавіта такія палешукі, як Васіль Дзяцел, Апейка, Чарвякоў, і з'яўляюцца сапраўднымі «ўтварыцелямі самога прагрэсу» [11, 6, с. 359] і, паводле законаў логікі жыцця, павінны стаяць у цэнтры вызначальных сілаў грамадства, быць галоўнымі дзейнымі фігурамі на гістарычнай авансцэне.
Аднак так не атрымалася. Гэтых людзей не прыняў, а ў многіх выпадках жорстка выцесніў з жыццёвага творчага актыву просталінейны і схематычны ў сваіх развагах і дзеяннях спрашчэнец цяжкіх і складаных задач, так званы вонкавы чалавек. І. Мележ глыбока і па-грамадзянску смела раскрыў ў «Палескай хроніцы» вялікую драму жыцця, звязаную з паспешлівымі і дагматычнымі дзеяннямі гэтага «вонкавага чалавека». Аднак тут адкрываюцца ўжо новыя далягляды сур'ёзнай і праблемнай размовы.
3. Звычаі і абрады
У аснову «Палескай хронікі» лёг багаты фактычны матэрыял. 3 уражанняў маленства і юнацтва І. Мележа ўвайшлі ў творы мастацкія апісанні Калядаў, вяселля ў палескай вёсцы, выезду куранёўцаў на сенакос. У раманах з цыкла «Палескай хронікі» (асабліва ў творы «Людзі на балоце») шырока адлюстраваны народныя абрады, якія пісьменнік увёў для паказу багацця гістарычных, маральных, этычных, эстэтычных звычаяў і традыцый беларусаў-падлеткаў. Падрабязна абмаляваныя, яны ўяўляюць з сябе маляўнічыя масавыя відовішчы, своеасаблівыя «спектаклі», як разважаў мележаўскі герой Міканор. У якасці ілюстрацыі паспрабуем супаставіць абрад Калядаў, што бытаваў і бытуе на Палессі, і яго адлюстраванне на старонках рамана І. Мележа.
3.1 Каляды на Палессі
«Ва ўсходнеславянскіх народаў назва «каляды» (рус. святки) замацавалася за перыядам з 24 снежня па 6 студзеня (па ст. ст.). На працягу гэтых двух тыдняў забараняліся некаторыя работы (гнуць, віць і іншыя). Дазвалялася рабіць самае неабходнае па гаспадарцы. Вечары ж усе называліся святымі.
На Беларусі вячэра ў першы дзень Калядаў мела агульную назву -- «куцця», таму што ў гэты дзень абавязкова варылася «куцця» (каша з ячных круп)» [13, с. 10]. «Аб гэтым ёсць звесткі, зафіксаваныя ў літаратуры яшчэ ў канцы XVIII ст.» «На працягу ўсіх Каляд спраўляліся тры куцці. Паколькі першая, посная куцця, служыла пачаткам каляд і спраўлялася з вялікай урачыстасцю, то і атрымала назву “вялікай куцці”. Яна называлася «поснай», таму што стравы гатаваліся без жывёльнага тлушчу.
Кожная гаспадыня ў гэты дзень з самай раніцы вымывала ўсё ў хаце, а пасля пачынала рыхтаваць вячэру, якая павінна была складацца прыкладна з такіх страў: селядзец з алеем ці рыба, квас з грыбамі, бліны з макам, аўсяны кісель і, нарэшце, куцця. Звараная куцця перад заходам сонца ставілася на покуць. Каштаваць яе забаранялася не толькі да вячэры, але і ў час гатавання. Як толькі пачынала цямнець і зоркі з'яўляліся на небе, на стол клалі сена і засцілалі абрусам. Уся сям'я к гэтаму часу павінна была быць дома. Быў такі звычай, што маладыя жанчыны ў першы год свайго замужжа прыходзілі на куццю дамоў, каб павячэраць у роднай сям'і. Гаспадар, месца якога было на покуці, садзіўся за стол першым, пасля па старшынству садзіліся каля яго сыны. Па другі бок сядзела гаспадыня з астатнімі дзецьмі. Кожны павінен быў каштаваць ад усіх страў. Апошняй стравай абрадавай вячэры была куцця.
У гэты ж дзень варажылі аб будучым ураджаі льну: выцягвалі з-пад абруса сяніну. Калі выцягвалася доўгая, то лён будзе высокі. Добра звараная куцця служыла прыкметай багатага ўраджаю ячменю; калі ноччу на небе многа зорак -- летам будзе многа грыбоў або калі з поўдня пасыплецца град, то будзе ўмалотны гарох, калі снег -- будуць раіцца пчолы (відаць, гэта звязана з тым, што град нагадвае гарох, а густы снег -- пчаліны рой». [13, с. 11]. Раніцай «сена, якое было пад абрусам і на покуці пад куццёй, аддаюць свойскай жывёле» [14, 59].
Такім чынам, з усяго вышэйсказанага можна заключыць, што «ў час Каляд усе клопаты селяніна былі скіраваны на тое, каб з дапамогай розных магічных дзеянняў, традыцыйных для каляднага абраду, забяспечыць ураджай у новым годзе, ад якога цалкам залежаў дабрабыт сялянскай сям'і» [13, с. 12]. Каляды -- увогуле адзін з самых старажытных абрадаў (прыкладна XIV - XVI стст.).
Пасля поснай куцці адзначаецца шчодрая (або тоўстая). Першая назва, хутчэй за ўсё, паходзіць ад дзеяслова шчадраваць -- хадзіць па хатах, жадаць гаспадарам шчасця, дабра, ураджаю, спяваючы песні з прыпевам «Шчодры вечар». «Шчадраваць ходзяць звычайна невялікімі групамі: ад двух да пяці чалавек» [14, с. 61]. Шчодрымі мусяць быць адпаведна і гаспадары. За песню звычайна давалі «па аднаму або па два бліны на кожнага або па паляніцы (маленькая булачка з жытняй ці грэцкай мукі ці з простай пшаніцы), а хто багацей, то і сала кусок, а іншыя -- і грошы» [14, с. 61]. Аднак назва можа быць звязана і са складам ежы, пададзенай да святочнага стала. У адрозненне ад першай куцці на яе гатавалі пераважна мясныя стравы.
3 другога дня святаў моладзь распачывала калядаванне: юнакі хадзілі са звяздою, вадзілі «казу», «кабылу», «жорава» і іншых. ««Казу» рабілі наступным чынам: кажух, вывернуты поўсцю наверх, надзявалі адным рукавом на канец дугі, якая ставілася выпукласцю ўніз. Рукаў завязвалі, ён служыў шыяй і галавой, да якой прымацоўвалі рогі з саломы. Да другога канца дугі прывязвалі хвост, таксама з саломы. Хлопца звычайна падбіралі невысокага росту і здатнага да танцаў. Ён залазіў пад кажух і выконваў ролю казы. Другі хлопец высокага росту, які ўмеў складна гаварыць, ішоў за павадыра (дзеда). Яго апраналі ў вывернуты кажух, рабілі горб на спіне, надзявалі маску, прывешвалі ільняную бараду, у адну руку давалі табакерку, у другую -- доўгі кій. Павінна была быць і «маладзіца». Для гэтай ролі падбіралі шчуплага хлопца, апраналі яго ў дзявочае адзенне і падмазвалі сажай бровы. У кампаніі каляднікаў павінны былі быць яшчэ «цыган», механоша і музыка» [13, с. 12]. У такім складзе яны, «пераходзячы з хаты ў хату, распяваюць песні, выказваюць сваю добразычлівасць і віншаванні кожнаму гаспадару -- багаты ён ці бедны. Падышоўшы да вядомай хаты, калядоўшчыкі прыпыняюцца каля акна і хто-небудзь з іх пытаецца ў гаспадара: «Дзядзька, ці кажаш спяваці, ці так каляду даці?» Калі гаспадар дазваляе, то і пачынаюць спяваць свае простанародныя песні. <...> Пасля выканання песень калядоўшчыкі звяртаюцца да гаспадароў з прыпевамі і куплетамі:
Пахадзі, дзядзька, каля кваскі,
Пашукай, дзядзька, нам каўбаскі,
Пахадзі, дзядзька, каля печкі,
Пашукай, дзядзька, нам панечкі» [14, с. 65].
У кожнай сям'і для калядоўшчыкаў рыхтавалі пачастунак: хлеб, пірагі, сала, смажанае мяса, каўбасу. «Адпусціць іх без шчога не адважваюцца, і кожны гаспадар павінен што-небудзь даць, інакш калядоўшчыкі нагавораць яму вострых жартаў і стануць пець з'едлівыя песні» [14, с. 65]. Адмова частаваць калядоўшчыкаў лічылася вялікім грахом. «Абышоўшы такім чынам спачатку сваю вёску, калядоўшчыкі адпраўляюцца ў суседнія, іншы раз вёрст за 10 - 15 і болей» [14, с. 65].
Зразумела, у святочныя калядныя вечары моладзь не абыходзілася без песняў і танцаў, што наладжваліся ў чыёйсьці хаце альбо карчме.
Вось прыкладна так адбываецца святкаванне абрадаў зімовага цыкла на Гомельшчыне.
А цяпер звернемся да Калядаў у Мележавых Куранях і паназіраем, як разгортваецца дзеянне там. Пачнем з наведвання сям'і Дамецікаў падчас вялікай куцці: «Увесь дзень перад «святым вечарам» маці шкрабла нажом стол, лавы, мыла ўсё. Адранку ледзь не да самага вечара не тух у печы агонь, варыла, варыла, пякла. Вячэра мусіць быць посная, але трэба было згатаваць нямнога-нямала: дванаццаць страў!
Маці не ела ўвесь дзень і другім не давала.
Толькі як добра сцямнела ў хаце, унесла рэшата з сенам, паклала на покуце; паставіла наверх гаршчок з куццёю.
-- Выперлася еты год цераз край! - сказала пра куццю, што распарылася ў печы. -- Добры. Ураджай на збожжа павінен буць!
-- Дай бог! - сказаў бацька» [7, 5, с. 181 - 182]. За сталом, акрамя маці, сядзеў стары Дамецік (на покуці), побач з ім -- Міканор. Сыноў у сям'і больш не было, а сястра адсутнічала, таму што была замужам ужо не першы год і сустракала свята з мужам і дзецьмі. Згодна з традыцыяй яна мусіла прыехаць да бацькоў пасля, на шчодрую куццю.
“3 пашанай і ўрачыстасцю сачыў бацька, як слала на вымытым стале сена, як накрывала яго чыстым настольнікам, як клала бохан хлеба, нож, лыжкі, ставіла конаўку з соллю. Памыўшы ў кутку над цэбарам рукі, ён, белы, у лапцях, у зрэбных штанах, у доўгай да кален сарочцы, падпярэзанай святочным паяском, пачакаў, калі падыдзе маці, і, не глянуўшы на Міканора, першы момант няёмка, стаў маліцца. Міканор слухаў яго малітву спачатку як усякую малітву, толькі болей шкадаваў тых, хто верыў у цуд і моц малення, бо цёмнымі людзьмі гэтымі былі яго матка і бацька; але калі бацька раптам з журбою памянуў дзеда Амяляна, калі ў голасе яго нешта напялася, задрыжала, Міканор неспадзеўкі пачуў, што і ў ім затлела туга. Дзед Амялян, які памёр перад самай Міканоравай службай, ідучы з гумна! Дзед, які ведаў столькі казак, з якім столькі вечароў грэліся, калі Міканор малы быў, на чаране. Дзед, які зрабіў яму калісьці санкі, пра якога столькі помнілася!.. А бацька называў ужо імёны нябожчыкаў -- дзяцей сваіх, Міканоравых братоў і сясцёр -- памінаў Ілюшу, Маню, Матруну, Петрыка, Мотрыка.
У гэты момант Міканор пачуў сябе нібы вінаватым перад маткаю, не зазлаваў за тое, што ўткнула ў гаршчок з куццёй, запаліла свечачку. Як было, калі разабрацца, зазлаваць на яе, цёмную, сагнутую такімі бядотамі, поўную такой любові да тых, каго адабралі ад яе хваробы ды неспадзяваныя няшчасці.
За сталом матка і бацька сядзелі, вячэралі як ніколі маўкліва, нібы чулі за сабой цені тых, хто даўно ўжо не прасіў яды. Абое, было відаць, думалі, успамінам: бацька, перш, чым браць якой стравы самому, адліваў лыжку яе ў місу, пастаўленую на стале, дзядам, нябожчыкам. Маці сядзела за сталом, перастаўляла міскі, нічога не прыбірала. Вячэра здалася Міканору вельмі доўгаю і сумнаю; ён ледзь дачакаў, калі бацька, нарэшце, паставіць на стол гаршчок з куццёю, налье салодкай вадзіцы-сыты з маку і мёду, паспытаўшы якуя можна, не крыўдзячы старых, устаць...
Калі адзяваўся, каб пахадзіць па марознаму вячэрняму двару, заўважыў: непустыя міскі пасля вячэры так і асталіся на стале -- каб дзядам было чаго пад'есці!” [7, 5, с. 182-183].
Прыведзены ўрывак -- яркае сведчанне таго, як шмат значыла для палешукоў ушанаванне памяці продкаў. Нават камсамолец Міканор, які часам палохаў маці сваім адмоўным стаўленнем да рэлігіі, расчуліўся і да глыбіні душы быў уражаны бацькавай самотай і тугой па нябожчыках. Наступны этап Калядаў -- шчодры вечар, таксама апісаны ў рамане «Людзі на балоце». У адрозненне ад вялікай Куцці, ён насычаны радасцю, весялосцю. Вельмі дарэчы тут жарты, спевы, танцы, гульні.
«К канцу тыдня Курані зноў заварушыліся. 3 самага ранку перад шчодрым вечарам пацягнуліся ў неба дружныя дымы, пацягнуліся і не ападалі ўжо увесь дзень. Не ўціхаў агонь і ў печы ў Міканоравай хаце: кіпела варыва ў чыгунах і чыгунках, цяпер ужо не поснае! -- скварчэла сала і каўбасы на скаварадзе. Недарэмна мёрз у каморцы разрэзаны, разабраны, дачасна загублены кабанчык!
Недарэмна загублена было і жыта на брагу: чуў Міканор, бацька толькі і чакае, каб ён сышоў куды-небудзь, -- каб разліць гарэлку з барыла, што ў склепе, па пляшках. Пляшкі, вымытыя маткаю, стаялі напагатове пад услонам.
Яшчэ добра і не ўцямнела пад акном, як непадалёк пачулася песня-шчадроўка. Неузабаве танклявыя дзіцячыя галасы пішчалі ўжо каля вокан:
На новае лето
Нехай родзіцца жыто!..
Святы вечар!
Пажадаўшы Міканораваму бацьку-гаспадару, каб радзіла не толькі жыта, але і пшаніца, I «ўсякая пашніца», галасы пад вокнамі, на момант перапынулі спеў, аб нечым паспрачаўшыся, нядружна запішчалі:
Піво варыць,
Міканора жаніць!..
Святы вечар!
Бацька на гэтае пажаданне ахвотна засмяяўся, весела зірнуў на Міканора, маці, усцешаная, прытулілася тварам да незамерзлага ражка, угледзелася:
-- Зайчыкавы! От малайцы! Як дарослыя -- разумныя!
-- Сам Зайчык, не сакрэт, навучыў розуму, пасылаючы!
-- А хоць і Зайчык, дак што! Усё адно -- малайцы!
Дзеці з-за акна ўжо раілі Міканораваму бацьку ці матцы:
Залезь на баляску,
Дастань каўбаску!
Святы вечар!
Залезь на драбінку,
Дастань саланінку!
Святы вечар!
Расчуленая маці, не апранаючыся, вынесла раннім спевакам добры кавалак каўбасы, акраец свежага хлеба. Але не ўправілася яна вярнуцца, не паспелі Зайчыкавы, мабыць, выйсці на вуліцу, як пад вокнамі зноў запішчалі: на гэты раз ужо суседскі малы Валодзька з Чарнушкавым Хведзькам, -- запішчалі няцвёрда, баязліва, з няпэўнай надзеяй, мусіць, першы раз у жыцці. Яны хутка збіліся, збянтэжыліся і змоўклі дачасна. За імі, таксама амаль без перапынку, нібы толькі і чакалі, калі гэтыя скончаць, азвалася пад вокнамі новая чародка.
-- Ето ж Хоневы! -- аб'явіла радасна матка, вярнуўшыся з двара.
Песні пад вокнамі цяпер амаль не змаркалі, за дзецьмі неўзабаве пацягнуліся купка за купкай падлеткі, нават дарослыя, гэтыя ўжо часта не з пустымі рукамі, а са звяздою, што чырвона, варухліва адбівалася на марозных узорах, выглядвалася ў ражок чыстай шыбы. Потым некалькі хлопцаў гаманліва ўваліліся ў хату разам з клубамі халоднай пары і «казою». «Каза» -- нехта ў перавернутым кажусе -- сагнулася, закруцілася, затупала, так смешна падкідвала нагамі, так пацешна мэкнула, тоненька, жаласна, што бацька зачухаўся ад уцехі.
-- Чысто - юравіцкія козы! Што па гарэ лазяць!..
3 уцехай глядзела і маці, якая адно пахвальна ківала галавой - от жа майстар! Міканор, які таксама не мог не прызнаць таленту «казы», падумаў пра бацькоў: уліплі вачыма, як бы ім спектакль, кіно прывезлі! Тут жа сам з сабою разважыў: а ці ж не спектакль для іх гэта, не кіно, калі пра тое кіно да яго, Міканора, гаворак яны і чуць не чулі нічога!
Якая ні ўдалая была «каза», але без прыхільнасці слухаў Міканор святую песню, што заспявалі хлопцы над ёю. Не ўтрываў, каб не пакпіць:
-- Нічого ваш баран! Толькі штоб на базар завезці, дак падкарміць трэба було б!..
-- Міканорко! -- перапыніла яго маці.
Яна больш як каго шчодра надзяліла хлопцаў, укінула ў торбу і большы кавалак каўбас, і падсмажанага мяса, і хлеба; як ні з кім была ласкавая, як магла, старалася, каб хлопцы, не дай бог, не панеслі ад Міканоравай хаты якой крыўды...» [7, 5, с. 186-188].
Весела і цікава бавіла час куранёўская моладзь перад Новым годам -- такое заключэнне непазбежна вынікае з прыведзенага ўрыўка. Урэшце, шчодрая куцця належыць да ліку вялікіх святаў, якія адзначаліся вернікамі найбольш шырока і багата (наколькі дазваляў бюджэт сям'і). Дакладны паказ І. Мележам каляднага сцэнару, падрабязнае, амаль дэталёвае апісанне ключавых момантаў свята -- сведчанне таго, што пісьменнік і сам у юнацтве, відаць, неаднаразова прымаў удзел у такіх абрадах.
Абагульняючы сказанае вышэй, прыходзім да высновы: першая куцця, шчодры вечар у «Палескай хроніцы» ўключаюць амаль усе тыя самыя элементы, што традыцыйна існавалі ў калядных святах палешукоў на працягу стагоддзяў. Адмысловае значэнне надавалася звычаю ўшанавання продкаў, што захаваўся з сівой даўніны, і прыкметам, абрадавым дзеянням, якія мелі непасрэднае дачыненне да галоўнай сялянскай турботы -- лёсу будучага ўраджаю. Асобныя ж несупадзенні, разыходжанні аўтарскай інтэрпрэтацыі навагодніх святаў з рэальнасцю можна растлумачыць рэгіянальнымі асаблівасцямі: так спакон вякоў адзначалі Каляды на малой радзіме І. Паўлавіча Мележа ў Глінішчах.
Апісанне палескіх абрадаў -- добры напамін усім нам, як важна захоўваць іх, каб перадаць нашчадкам, бо народныя традыцыі і звычаі выступаюць як своеасаблівае злучальнае звяно паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй, паміж тымі, хто жыў і ствараў духоўнае багацце нацыі ў папярэднія эпохі, і тымі, каму яго належыць берагчы і памнажаць.
3.2 Вясельны абрад на Палессі
Бадай не знойдзеш на Беларусі больш запамінальнага, відовішчнага абраду, як вяселле. У адрозненне ад мноства іншых урачыстасцяў беларусы яго не спраўлялі, а гулялі, ператваралі, дзякуючы намаганням шматлікіх самадзейных мясцовых талентаў у асобах свацці, свата, дружкаў, родных і блізкіх, у сапраўдную тэатралізаваную дзею. Вяселле разгортваецца па законах сцэны -- у ім ёсць і завязка (агледзіны, сватанне, запоіны), і кульмінацыя (вянчанне, святочны стол), і развязка (першая шлюбная ноч).
Гэта абрад, у якім асабліва яскрава выяўляюцца рэгіянальныя асаблівасці. Палескае вяселле -- надзвычай цікавае відовішча, своеасаблівы мініспектакль, у якім задзейнічана вялікая колькасць асобаў.
Яно сустракаецца ў творах многіх майстроў слова. Што датычыць палескага вяселля, то, бясспрэчна, яно найбольш глыбока, дасканала адлюстраванае на старонках самага знакамітага твора І. Мележа -- рамана «Людзі на балоце». I гэта не дзіўна: пісьменнік з дзяцінства добра ведаў, як ладзяць падобнае ў вёсцы. «У рамане ёсць элементы аўтабіяграфічнасці Аўтабіяграфічны і эпізод малацьбы і нават сцэна вяселля. Мне даводзілася пабыць на многіх вяселлях» [11, 6, с. 165], -- чытаем у «Жыццёвых клопатах». Каб асабіста пераканацца ў гэтым, зазірнем у раман «Людзі на балоце» і параўнаем апісанне вясельнага абраду, пададзенае таленавітым пісьменнікам на старонках твора, з тым, як звычайна спраўляюць вяселле ў палескіх вёсках. Супаставім 2 этапы палескага свята -- сватанне і першы дзень вяселля.
Сватанне -- пачатковы этап дзеі (завязка). Выбар сватоў, сяброў жаніха -- вельмі адказная справа, і звычайна яна вырашаецца на савеце, які трымаюць жаніх, яго бацькі і таварышы. Мэта адна -- дамовіцца пра шлюб. Сват Ї хтосьці з бліжэйшых сваякоў жаніха або добрых знаёмых, надзеленых у час сватанняі вяселля асобымі функцыямі кіраўніка абраду. Абавязкова, каб сватамі былі жанатыя мужчыны -- да такіх заўсёды ставіліся з большай павагай. У сваты звычайна ідуць у суботу.
Галоўнае патрабаванне да свата -- быць вясёлым, гаваркім, знаходлівым, каб, як кажуць, за словам у кішэню не лез, бо менавіта ад яго майстэрства ў многім залежыць поспех.
Подобные документы
Семантыка-граматычныя і стылістычныя асаблівасці парэмій мовы трылогіі "Палеская хроніка" I. Мележа. Структурна-марфалагічныя асаблівасці, сэнсавая характарыстыка парэмій. Прыказка як моўная адзінка. Картатэка парэмій мовы "Палескай хронікі" Мележа.
дипломная работа [122,9 K], добавлен 27.04.2013Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Жаночы характар у творчасці І. Мележа. Вобраз беларускай жанчыны ў апавяданнях і аповесцях І. Мележа. Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў раманах "Палескай хронікі" І. Мележа.
дипломная работа [109,9 K], добавлен 16.05.2015Аналіз літаратурнай спадчыні Віктара Шніпа з вышыні дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Тэматычнае напоўненне паэзіі. Нацыянальныя матывы ў лірыцы. Мастацкія і жанравыя асаблівасці вершаў і творчай манеры аўтара. Інтымная лірыка паэта.
дипломная работа [132,2 K], добавлен 11.12.2013Асаблівасці нацыянальнага характару беларусаў. Творчасць І. Мележа і галоўны стрыжань пісьменніцкага светаўспрымання беларускай духоўнасці. Шматграннасць духоўнага свету беларусаў. Учынкі, дзеянні, літаратурных герояў і іх рысы нацыянальнага характару.
курсовая работа [93,8 K], добавлен 08.12.2011Літаратурная спадчына Адама Міцкевіча з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Асаблівасці вобразнага разнастайнасці твораў. Маральна-этычны свет ладу русалкі ў баладах Адама Міцкевіча. Беларусь у паэме "Пан Тадэвуш".
курсовая работа [41,7 K], добавлен 29.07.2016"Дараманная" творчасць Ядвігіна Ш. Жыццёвы, творчы шлях пісьменніка. Станаўленне творчай індывідуальнасці. Жанрава-стылявыя асаблівасці прозы. Мастацкія асаблівасці першага беларускага рамана. Раман "Золата" як адна са спроб стварэння псіхалагічнай прозы.
курсовая работа [43,4 K], добавлен 28.06.2010Публіцыстычная спадчана В. Быкава з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства. Праблемы, якія ён закранаў у публіцыстычных нататках. Асаблівасці разумення вайны В. Быкавым. Наватарскія здабыткі В. Быкава ў мастацкім увасабленні задумы.
курсовая работа [46,4 K], добавлен 29.07.2016Дэфініцыя і спецыфіка паняцця "лірычная проза". Традыцыі лірычнай прозы ў беларускай літаратуры. Вызначыня моўна-стылёвыя асаблівасці лірычнай прозы Ул. Караткевіча. Асноўныя вобразныя сродкі. Даследаванне эсэ, лістоў, крытычных артыкулаў і нарысаў.
курсовая работа [45,4 K], добавлен 20.06.2009Характарыстыка творчасці Эдуарда Акуліна з вышыні дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Суаднесенасць вобраза зямлі з "вечнымі" вобразамі. Наватарскія здабыткі Э. Акуліна ў мастацкім увасабленні задумы, у раскрыцці "вечных" вобразаў.
курсовая работа [50,7 K], добавлен 01.01.2014Развіццё прозы на сучасным этапе другой паловы 90-х гадоў - да пачатку ХХІ стагоддзя. Здабыткі сучаснай прозы. Жанрава-стылёвыя і ідэйна-мастацкія асаблівасці творчасці Г. Бураўкіна. Грамадзянскасць таленту паэта, трыбуннасць і актыўнасць паэтава слова.
контрольная работа [20,4 K], добавлен 16.03.2010