Асаблівасці мастацкай рэпрэзентацыі жаночых вобразаў у беларускай прозе другой паловы XX ст. (на прыкладзе творчасці І. Мележа, В. Быкава)

Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Жаночы характар у творчасці І. Мележа. Вобраз беларускай жанчыны ў апавяданнях і аповесцях І. Мележа. Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў раманах "Палескай хронікі" І. Мележа.

Рубрика Литература
Вид дипломная работа
Язык белорусский
Дата добавления 16.05.2015
Размер файла 109,9 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Гэты сімвал стаў працягам іншых “знакаў бяды” (у першую чаргу, духоўнай): і мёртвага жаваранка на Багацькавым полі, і спілаванага камсамольцамі крыжа на Галгофе, і нежывога пана Адолі ва ўласнай і адначасова чужой хаце, і тонкай душы Петрака - прададзенай скрыпкі. Адметна, што “бядой”, паводле В.Быкава, для жыхароў Яхімоўшчыны сталі абедзве таталітарныя сістэмы - сталінізм і гітлерызм. Пісьменнік адзін з першых паставіў гэтыя паняцці ў адзін шэраг.

Да знакаў-міфалагем можна аднесці алегарычны вобраз дрэннай навіны - вароны, што ў Багацькавым двары “на ліпе пачала драць горла” і “ўжо чацвёрты ці пяты ранак - уссеўшыся на верхавіне і звесіўшы на падворак тоўстую чорную дзюбу, прарэзліва каркала” [26, с. 39]. Народнае ўяўленне пра гэтую птушку і звязаныя з ім нядобрыя прадчуванні Сцепаніды апраўдваюць сябе на працягу твора.

Істотнае значэнне маюць і знакі-колеры, якія існуюць побач з жаночым вобразам. Белы, як колер малака - сялянскага, хатняга, шчымліва роднага, надоенага ад сваёй Бабоўкі, - рэзка дысфанічны ва ўмовах гнятлівай мастацкай рэальнасці твора. Так, можна прыгадаць шматлікія эпізоды аповесці, дзе неаднаразова згадваецца малако. Напрыклад, тую абразу, калі гаспадары вымушаны падаць “цывілізаваным” заезджым фашыстам на пробу Бабоўчына малако. Вось як падае гэту сцэну В.Быкаў: “Чацвёрты (немец), высокі, як жардзіна, апрануты ў нейкі балахоністы камбінезон, толькі паспытаў з кварты і тут жа пляснуў малако на траву; зялёная мурава на пяць крокаў забялелася, нібы ўзялася цвіллю” [26, с. 68]. Альбо той выпадак, калі ўпартая Сцепаніда, не могучы вынесці здзеку, доіць карову на зямлю, і “белыя струмені малака з-пад яе рук б'юць у дробную, перасыпаную апалым лісцем траву” [26, с. 41].

Паводле тэксту, для фашыстаў учынак Сцепаніды ўяўляе сабой “дэманстратыўную правакацыю, але для самой жанчыны мэта зусім іншая - не паддацца раз'юшанай гвалтоўнай сіле, не даць ворагу апаганіць кварту ці гарлач сваім нячыстым дотыкам” [31, с. 11]. Лепш гэтую вадкасць выліць парсючку альбо проста нікому не аддаць, чым паіць ёю нелюдзяў.

І. Афанасьеў у даследаванні “Хто ўзыходзіць на Галгофу?” звязвае неаднаразовае з'яўленне зрокавага вобраза малака ў “Знаку бяды” са “свядомасцю земляроба”, у якой “шчодры жыватворчы дождж” асацыіруецца з “нябесным млекам”, што праліваецца “статкамі дажджаносных хмар” [4, с. 116]. Даследчык тлумачыць, што ў сітуацыі, калі фашыст сваёй рукой вылівае на траву Бабоўчына малако, яно, наадварот, замест жыватворчага пачатку, становіцца нежывым у вуснах ката, і менавіта таму “мурава ўзялася цвіллю (“тленностью”)” [4, с. 116]. А ў гібелі каровы І. Афанасьеў бачыць знішчэнне цэнтру міфалагічнага сялянскага сусвету. Логіка ў гэтым меркаванні, безумоўна, ёсць, але сам аўтар зазначае, што Сцепаніда, як ні дзіўна, “не дужа ўбівалася” па карове - яна чакала горшага.

В. Быкаў дакладна ўлавіў псіхалагічнае стаўленне гаспадыні да звыклых у гаспадарцы вадкасцей, сярод якіх малаку належыць асаблівае месца. Вобразы малака, вады, самагону, па-першае, паяднаны ў архітэктоніцы твора з жаночым персанажам, а па-другое, набываюць падтэкставае, калі не сказаць сімвалічнае, гучанне. Так, у экстрэмальных абставінах вадзе са сваёй студні надаецца значэнне нечага святога, дотык да чаго без дазволу гаспадыні падворка расцэньваецца як абраза. Сцепаніду перасмыкнула ад балючай крыўды, калі нямецкі начальнік стаў правяраць на смак і на якасць ваду з іх калодзежа. Антыпод чыстай вады - ненавісны самагон, з-за якога, па жаночай логіцы, усе напасці: з-за яго мяняе скрыпку на змеявік і з-за яго фактычна гіне Пятрок, на яго купляюцца прадажныя душы паліцаяў-“сваякоў“ Гужа і Каландзёнка. Калі вада і малако ў жаночым разуменні - дар божы, то самагон - нечалавечая, прыдумка нячыстага, якая можа быць выкарыстана толькі для нелюдзяў.

Калі гаварыць пра фінал аповесці, то самагубства Сцепаніды, як і пана Адолі, былога гаспадара Яхімоўшчыны (як смерць Васі Ганчарыка (“Знак бяды”) ці Хведара Роўбы з аповесці “Аблава”, 1989), абумоўлена немагчымасцю жыць далей, не парушаючы ўласных жыццёвых перакананняў. І. Афанасьеў у названай вышэй рабоце выказвае іншую думку пра прычыну жыццёвага фіналу Багацькі. Ён бачыць “сувязь ахвяравання Сцепаніды з пакланеннем агню” [4, с. 121] усходнеславянскіх народаў. Нам здаецца, што ў агні гераіня хутчэй ачышчаецца ад даўняга граху, які ціснуў ёй душу - ад несумленна набытай хаты.

Ганка, галоўная гераіня апавядання “Велікоднае яйка”, як і Сцепаніда, трывае да апошняй мяжы. Мэта яе жыцця - вырасціць дзяцей, яе “адзіны набытак у жыцці, адзінае шчасце” [17, с. 17]. Увогуле, твор прысвечаны сумнавядомым 1930-м гг. Яго гераіні - удава Пятруха, веруючыя сёстры Барашкавы, баба Наста - маці паліцая, якую па гэтай прычыне выгналі з уласнай хаты, калгасніца Паланея, сялянкі Касачова Галя і Каржовы нявесткі, Хадоска, сяброўка Ганкі. Дзяржаўную моц, уладу і сілу прадстаўляе ў творы былы асабіст партызанскага атрада падрыўнікоў, а затым парторг калгаса, муж Ганкі з гаваркім прозвішчам Выпаўзкоў.

Канфлікт, які прывёў да трагічнай развязкі, разгарэўся тады, калі ён, пыхліва імкнучыся сцвердзіць сваю ўладу, прымушае жанок на Вялікдзень вывозіць у поле гной. Ганка - не толькі актыўная ўдзельніца “бабскага бунту”, выразніца абурэння вяскоўцаў з-за пазбаўлення іх апошняга - духоўнага свята, яе вобраз яшчэ - увасабленне народнага гневу, які, як і ў “Знаку бяды”, ледзьве не зрокава “згушчаецца” ад пачатку да фіналу твора. Таму нават замах жонкі на жыццё Выпаўзкова ў стане афекту выглядае не як амаральны, антыгуманны ўчынак, а наадварот, як заканамерны выхад справядлівага народнага гневу.

У вобразе Ганкі ўвасоблена не толькі цяжкая доля жанчыны ваеннай і пасляваеннай пары, але і лёс тых, хто, нягледзячы на смяртэльную небяспеку, асмельваўся быць нязгодным з недарэчнай і жорсткай палітыкай “выпаўзкаў”. Жыццё гераіні скончылася ў Галоўпячорлагу. Вобраз жанчыны можна паставіць у адзін шэраг не толькі з характарам Сцепаніды, але і з вобразам жонкі аднаго са зняволеных у апавяданні “Жоўты пясочак”.

Валяр'янава Дуся, так звалі гэтую гераіню, “на зло кідаецца, нібы тыгрыца, не паглядзіць, хто перад ёй - следчы, канваір ці нават начальнік турмы, яна не зважыць ні на чын, ні на сілу. З уласнага досведу Валяр'янаў ведаў, што такія характары ў турме доўга не вытрымліваюць. Або іх забіваюць, або яны - самі забіваюць сябе” [25, с. 535]. Нязвыклая характарыстыка для жанчыны, і тым не менш, яна прынцыпова выяўляе, які выбар прапаноўвае ёй аўтар.

Калі гаварыць аб праблеме выбару ў творчасці В. Быкава, якая ўвогуле вельмі грунтоўна даследавана ў нашым літаратуразнаўстве, не ў абстрактна-абагульненым плане, а канкрэтна - скажам, у дачыненні да яго жаночых вобразаў, то, як бачна з разгледжаных твораў, выбар у яго гераінь трагічны. Кожная з іх павінна вырашыць: ці застацца сабою ў любых абставінах, ці расстацца з жыццём. Для актыўна настроенай жанчыны фіналам становіцца свядомы выхад з даўкага кола жыцця, а для жанчыны-ахвяры выбар ажыццяўляюць абставіны і галоўны герой.

Такім чынам, адным з самых моцных у пісьменніка з'яўляецца вобраз жанчыны-гераіні (змагаркі) - носьбіткі найлепшых нацыянальных духоўных якасцяў, пераможцы, узброенай супраць зла актыўнай дабрынёй.

1.3.2 Вобразы жанчын-ахвяр, жанчын-здрадніц у прозе В.Быкава як заложніц войнаў і таталітарных сістэм

Вобраз жанчыны-ахвяры мужчынскага выбару ў ваеннай прозе В. Быкава пераважна стаіць на другім плане. Так, шмат агульнага паміж вобразамі юнай італьянскай патрыёткі Джуліі Навэллі з ранняй аповесці “Альпійская балада” (1963) і каханай Агеева Марыі (“Кар'ер”). Іх паядноўвае ўсё тая ж думка аб ахвярах і кошце ахвярнасці, аб мужчынскай вінаватасці і жаночай плаце, аб расстраляным наступным пакаленні. Абедзвюм гэтым гераіням было суджана ўпершыню спазнаць каханне і шчасце будучага мацярынства ў пагранічным стане паміж жыццём і смерцю, калі сапраўднае (высокае або нізкае) выяўляецца асабліва выразна і акрэслена, ачышчаючыся ад будзённага, наноснага і дробязнага. Персанажы-мужчыны Іван Цярэшка і Павел Агееў - галоўныя героі - адчуваюць сябе адказнымі за той вычарпаны крэдыт даверу да жыцця і людзей, які быў адабраны ў іх каханых, у іх ненароджаных і народжаных вайной дзяцей.

Таксама не зведалі кахання да вайны цнатлівыя, чыстыя душой Зося Нарэйка з аповесці “Пайсці і не вярнуцца” (1978) і Франя з аповесці “Пакахай мяне, салдацік”. Іх першае жаночае пачуццё было зганьбавана, падманута, няспраўджана, знявечана горкім напластаваннем гвалту і забойства. Віна за не ім учыненае, а ім дапушчанае забойства “остаўкі” Франі падштурхоўвае вяртанне Змітрака Барэйкі да ўласнай чалавечнасці. Усведамленне бясцэннасці жыцця, кошту бязвіннай ахвяры прыйшло да яго праз страту кароткай, але ўзвышанай любові, праз адкрыццё новага, глыбокага і поўнага хрысціянскай дабрыні дзявочага светабачання, праз разуменне таго, што забойства дзяўчыны - гэта ёсць двайное забойства: яе і яе будучых малых.

Разбуральнікам Зосінага (“Пайсці і не вярнуцца”) уяўлення пра сапраўднае пачуццё стаў яе спадарожнік - здраднік Антон Галубін, які, паводле А.Рагулі, “сабе запраграміраваў некалькі роляў. Галоўнай... застаецца гандляра ці ката. Збіраючыся стаць мужам, ён хоча выгадна падзяліць Зоську з гестапаўцамі: сабе пакінуць Зосьчына цела, а ім прадаць яе сумленне” [64, с. 138].

І, як аказваецца, той, хто здольны пагарджаць каханнем, здольны здрадзіць сяброўству, сумленню, сабе, замахнуцца на чужое жыццё. Высакародства Зосі, тонкая душа Франі не засцерагаюць іх ад расплаты за мужчынскія ўзброеныя гульні. Галубін страляе ў сваю выратавальніцу Зосю. Змітрок вяртаецца да каханай і застае там разрабаваны савецкімі тылавікамі дом і нежывую дзяўчыну.

Наогул, сіла - мужчынская (моц і зброя) і жаночая (душа і дабрыня) - у творах В. Быкава выразна пазначаны і размежаваны. Узброены мужчына аказваецца часта па волі абставін слабейшым, чым моцная духам жанчына, залежным ад яе, што само па сабе нямала бянтэжыць самастойных, незалежных персанажаў пісьменніка. Гэтая сітуацыя, паводле аўтарскай устаноўкі, выяўляе таксама сапраўднасць духоўнай сілы і часовасць, ілюзорнасць сілы фізічнай.

Выяўленне многіх жаночых вобразаў у творах пісьменніка звязана з хрысціянскай мараллю, у якой для аўтара заключаецца канцэпцыя чалавечага існавання.

Так, для Паўла Агеева (“Кар'ер”) невырашальным робіцца ўнутраны канфлікт - хто ён: абаронца ці абараняемы ў эпізодзе з гаспадыняй Бараноўскай. Ён, паранены салдат, раней закліканы ратаваць мірных жыхароў ад фашыстаў, становіцца падапечным адрынутай навакольнымі з прычыны стойкіх хрысціянскіх перакананняў, “палітычна ненадзейнай” пападдзі Бараноўскай. Яна, забыўшыся пра асабістую крыўду на савецкую ўладу, бясстрашна выконвае свой абавязак у адносінах да бліжняга, паступае адпаведна сваім ідэалам.

Падобнае пытанне непакоіць і Ягора Азевіча (“Сцюжа”). Ён выказвае сваю трывогу ў размове з велікадушнай вясковай жанчынай, у адрыне якой вылежваў неадступную хваробу. Безыменная цётка, вобраз якой увабраў усю Беларусь і самаахвярных у сваёй дабрыні яе жанок, выхаджвае, лечыць параненага Азевіча, нягледзячы на тое, што пазнала ў ім чалавека, які ў памятныя сялянам 1930-я гг. біў у хатах па недалёкіх вёсках жорны, заганяў у калгасы, абагульваў маёмасць, мітынгаваў, аднаго з такіх, якія вінаваты ў беспадстаўным арышце яе мужа-брыгадзіра.

Шматзначна выглядае адказ на пытанне: абаронца ці забойца Булаўскі, герой апавядання “Вочная стаўка” (1999), у сітуацыі з настаўніцай Станіславай Вікенцьеўнай і яе старой свякроўю, сына і мужа якіх, польскага афіцэра, знішчылі ў 1939 г. саветы. Станіслава Вікенцьеўна і старая дапамагаюць залячыць раны бальшавіку Булаўскаму, хоць ведаюць, што такія, як ён, мелі дачыненне да расстрэлу іх Юрака. Булаўскі і ёсць прадстаўнік тых савецкіх войскаў, чые салдаты расстрэльвалі мужа Станіславы, і ў той жа час ён - той, каму патрэбна дапамога. І Булаўскі гэтую дапамогу атрымлівае.

Усе згаданыя жанчыны пад пагрозай расстрэлу ратавалі кінутых на волю абставін акружэнцаў, раней моцных і ўпэўненых, а цяпер прыгнечаных сваім становішчам і хворых. Яны змаглі падняцца вышэй за ўласную крыўду са сваёй чалавечнай жаночай праўдай - дабрынёй.

Веліч простай беларускай сялянкі В. Быкаў бачыць у тым, што яна здольная да даравання нават насуперак звычайнай логіцы. Зрэшты, гэта, мабыць, і ёсць праяўленне той “жаночай логікі”, якую часта згадвае празаік у сваіх творах. У апісаных эпізодах жанчыны праяўляюць непадробнае высакародства. З пункту гледжання мужчыны, іх учынкі добрыя, але нелагічныя, ды “жаночая логіка” для В. Быкава якраз і заключаецца ў непахісным служэнні дабру, міру, ладу, блізкім і кожнаму бліжняму, у разуменні або інтуітыўным імкненні да гарманізацыі супярэчлівага, несправядлівага, часам страшнага і ненавіснага свету.

“Людзі дзеляцца не па саслоўнай ці класавай прыналежнасці, не па прафесіях і пасадах, а на добрых і злых і... на аднаго добрага ў жыцці трапляе дзесяць злосных... Дабрата немагчымая без Бога, а са злом у чалавеку абавязкова пасяляецца д'ябал” [24, с. 86], - так па-філасофску разважае ў сваім маналогу - “рэквіеме па жыцці” - гаспадыня Агеева Варвара Бараноўская, і з ёю згаджаецца аўтар.

Такім чынам, паводле В. Быкава, сіла мужчыны - воля, моц і зброя, сіла жанчыны - Бог, душа і дабрыня. Страціць першае і стаць слабым і бездапаможным лёгка, страціць другое - можна толькі разам з самім жыццём.

Праблема сэнсу і спосабу выжывання на вайне ўвесь час хвалюе аўтара, прымушаючы чытача шукаць яе вырашэнне ў тэксце і падтэксце. Таму невыпадкова пісьменнік уклаў у вусны Варвары Бараноўскай словы пра веру і яе прызначэнне на зямлі. Менавіта вера - непарушная агульначалавечая каштоўнасць - у крызісных абставінах дазваляе выжыць і пры гэтым застацца самім сабой: “Калі нічога немагчыма зрабіць, трэба сабраць сілы, каб застацца сабой. Не мітусіцца душой, як некаторыя - з разліку ці ад страху” [24, с. 113].

Праўда, Дз. Бугаёў схіляецца да думкі, што “рэлігійнасць, вера ў Бога ў яе (Варвары Бараноўскай.) адносныя, ва ўсякім разе, своеасаблівыя”, бо яна лічыць, што для верніка галоўнае не старанна выконваць абрады, а “хутчэй - мець Бога ў душы” [11, с. 198]. У сувязі з гэтым хочацца зазначыць, што “мець Бога ў душы” - гэта, паводле В. Быкава, і ёсць сапраўдная вера, правераная часам ды і вопытам самой Варвары. Думаецца, што В. Быкаў меў на ўвазе непадробную хрысціянскую перакананасць былой пападдзі, а не “адносную рэлігійнасць”, што і засведчыў пазней у творах “Пакахай мяне, салдацік” і “Велікоднае яйка”.

Вобразы Варвары Бараноўскай і веруючых сясцёр Барашкавых з апавядання “Велікоднае яйка”, якія асмеліліся падарыць дзіцяці асвечанае яйка, наводзяць на думку аб біблейскім сюжэце пра ахвярнае ягня на алтары вайны і дэспатызму. Гэта вынікае і з падабенства іх прозвішчаў да малітоўнага выкліку, якім велічаецца Хрыстос - “баранку Божы”.

У аповесці “Пакахай мяне, салдацік” заложніцай дзвюх таталітарных сістэм становіцца Франя, якая, як і згаданыя вышэй гераіні, транслюе гуманістычную думку аўтара, што лейтматывам гучыць з твора ў твор: “А ўвогуле розум - не самае галоўнае ў чалавеку. Разумны можа быць і злачынца. Разумны для сябе. - А што ж галоўнае? - Чалавечнасць, во што. Тое, што ідзе ад Бога, а не ад д'ябла... Ніводзін народ, нават самы адсталы, не жыве без Бога. Мабыць, гэта немагчыма. Без Бога ён проста сам сябе з'есць. Асабліва прымітыўны народ” [27, с. 89].

Менавіта пранікнёныя словы Франі, а не толькі знешняя прывабнасць зацікавілі Змітрака Барэйку. Ён знайшоў чыстую душу ў такі неспакойны час і ў такім нечаканым месцы, што гэта проста не магло не ўскалыхнуць яго лепшыя пачуцці.

Калісьці яшчэ ў адной са сваіх ранніх аповесцяў “Трэцяя ракета” пісьменнік таксама ўклаў у вусны адной з гераінь, Люсі, самыя галоўныя словы - пра чалавечую душу. Дз. Бугаёў адзначае “яе вялікі чалавечы патэнцыял, гуманістычную вышыню, яе арганічнае міралюбства, скіраванасць на ўсё добрае, высакароднае, справядлівае, увогуле на стваральныя пачаткі ў чалавеку і самім жыцці” [11, с. 56], якія праяўляюцца ў Люсіных маналогах.

“Важна душа ў чалавеку: каб ён быў сумленны, адданы, таварыскі, праўдзівы. Гэта ж найпершае ў чалавеку!” [20, с. 206] - сцвярджае гераіня. Важнасць ролі Сінявочкі ў раскрыцці ідэі аповесці адстойвае Дз. Бугаёў у кнізе “Арганічнасць таленту”. Ён з жалем канстатуе, што “некаторыя даследчыкі скептычна паставіліся да Люсі, не паверылі ў жыццёвыя вытокі гэтага вобраза” [13, с. 116]. (Маецца на ўвазе даследчык А. Кандратовіч, які сцвярджаў, што Люся прыйшла ў аповесць В. Быкава з твораў Ю. Бондарава і Р. Бакланава і што “фігура жанчыны” аказалася ў творы самай няўдалай.) Беларускі крытык пагаджаецца з І. Навуменкам, які бачыць у вобразе гэтай дзяўчыны неад'емную частку аповесці, выдатны мастацкі штрых.

Вынікае, што хрысціянскі светапогляд, непахісная вера гераінь у свае ідэалы імпануюць В. Быкаву. Думаецца, невыпадкова спосаб існавання, духоўна блізкія пісьменніку правілы быцця ўвасоблены менавіта ў вобразах жанчын - тых, хто захоўвае і працягвае ніць духоўнага жыцця свайго народа, тых, каму, у адрозненне ад мужчын, дазволена ўголас гаварыць пра нематэрыяльны, духоўны свет.

Эпізадычныя жаночыя вобразы таксама пакідаюць цэласнае ўражанне, нясуць значную сэнсавую нагрузку.

З шэрагу жаночых персанажаў другога плана, на першы погляд, знешне быццам бы выбіваецца грубаватая, з папяроскай у зубах, доктарка Яўсееўна (“Кар'ер”). Тым не менш, яе вобраз, як і ўсе быкаўскія, важкі і ёмісты. Акушэрка па спецыяльнасці, яна існуе дзеля таго, каб дапамагаць прыйсці ў свет новаму чалавеку, але ў час акупацыі штодзённа бачыць смерць і змагаецца з ёй. Такая падкрэслена анамальная сітуацыя надзвычай абвастрае, робіць выпуклай ідэю твора: вайна - гэта бессэнсоўная, неўтаймоўная жорсткасць, прысутнасць жанчыны на вайне - гэта падстава выжыць і адпомсціць.

У сувязі з Яўсееўнай прыгадваецца вобраз санінструктара Каці са славутай аповесці “Мёртвым не баліць”. Дзяўчына да апошняга ўздыху застаецца з хворымі. Яна таксама “непрыгожая, рэзкая, а ўвогуле такая надзейная. Мабыць, на вайне гэта галоўнае”, і параненыя “ўжо прывыклі за... суткі да яе грубаватага клопату” [23, с. 413].

У эсэ “Вайна і перамога”, што адкрывае зборнік “Сьцяна” (1997), В. Быкаў выказаў свае адносіны да мабілізацыі жанчын, такіх, як санінструктар Каця ці Люся-Сінявочка альбо Зося Нарэйка, Ніна Башмакова (“Зенітчыца”, 1995). Пісьменнік з іроніяй і болем піша: “Дагэтуль дакладна невядома, каму належыць “геніяльная” ідэя мабілізаваць на вайну жанчын. Здаецца, гэта чыста савецкае наватарства, у нямецкай арміі нічога падобнага не назіралася... На чыста мужчынскай працы, якой з'яўляецца вайна, сярод мужчынскіх масаў яны адразу выяўлялі ўсю сваю бездапаможнасць” [27, с. 16]. Хто яны, бездапаможныя перад варожай куляй? Дзеці, маладыя і сталыя жанчыны, маці.

Калі ўважліва прааналізаваць жаночыя вобразы ў творах В. Быкава, то можна заўважыць, што жанчына ў творчасці пісьменніка выступае ў наступных іпастасях.

Вобраз жанчыны-гераіні (змагаркі) - носьбіткі найлепшых нацыянальных духоўных якасцяў, пераможцы, узброенай супраць любога зла актыўнай дабрынёй, - адзін з самых моцных у В. Быкава. Лёс тых, хто выбраў актыўнае змаганне з абставінамі, трагічны: іх напаткала смерць, але подзвіг іх напоўніў сэнсам існаванне наступных пакаленняў. Люся-Сінявочка назаўжды застаецца на полі бою. Санінструктар Каця падрываецца на міне, калі пракладае шлях праз міннае поле параненым. Сцепаніда развітваецца з жыццём у агні ўласнай хаты, акружанай ворагамі. Гаспадыня Агеева Бараноўская трапляе ў лапы гестапа. Дусю Валяр'янаву чакаюць “кіпцюры ГПУ”. Ганка з прабітымі штыком вартавога грудзьмі застаецца ляжаць у снезе далёкай Поўначы.

Вось вынік жаночага змагання, жаночага выбару. Сэнс яго ў тым, што, каб пазбавіць жанчыну духу, недастаткова пазбавіць яе жыцця. Пакуль не скорана яна, не скораны народ, не знішчана нацыянальная душа, не высахла крыніца, з якой наталялі смагу героі твораў В. Быкава.

Значнае месца ў творчасці пісьменніка займае вобраз жанчыны - ахвяры заганнай сацыяльнай практыкі, заложніцы развязанай мужчынамі вайны са сваім ці чужым народам.

Так, жанчына-маці прадстаўлена як ахвяра нечалавечай жорсткасці сталінскай і фашысцкай таталітарных сістэм, а таксама як носьбітка гарманічнай, міласэрнай “жаночай логікі”. Напрыклад, галоўная гераіня апавядання “Сваякі” не ў стане перанесці пакуты віны за смерць сыноў - няўдалых партызанаў.

Вобраз дзяўчынкі-дзіцяці ўвасабляе асірацелае новае пакаленне, якое ўступае ў жыццё без надзей і перспектыў. Гэта Волечка - дачка раскулачанага Хведара Роўбы, якой суджана было загінуць (“Аблава”). Як Волечка з апавядання “Вочная стаўка” (дачка Булаўскага) вырасла, не ведаючы роднага бацькі, так Волечка і яе меншая сястрычка - дочкі Ганкі, раслі бязбацькавічамі (“Велікоднае яйка”). Гэтыя вобразы паводле зместу і напаўнення набліжаюцца да вобразаў дзяўчынак “трэцяга пакалення” Кузьмы Чорнага, але з тою розніцай, што В.Быкаў не бачыць для іх шчаслівай будучыні.

Як увасабленне духоўнай чысціні, дабрыні, спагады, кахання выступае дзяўчына-спадарожніца, паплечніца - маладая жанчына, жонка. Такая Джулія Навэллі, што не расстаецца з Іванам Цярэшкам, Зося Нарэйка, якая расплацілася страшнай цаной за сваю даверлівасць да Антона. Паплечніцай каханага ў бядзе бачыцца і Марыя, што дапамагае ў падпольнай барацьбе Агееву, і Гануля Роўба (жонка Хведара, “Аблава”), пахаваная ў котласаўскім балоце, і “остаўка” Франя, якая адкрыла Змітраку Барэйку свет высокіх пачуццяў.

Як было адзначана, асаблівае месца сярод вобразаў ахвяр таталітарызму належыць нешматлікім персанажам жанчын-здрадніц. Іх здрада - у першую чаргу духоўная, яна вымушаная і не вынікае з заганнасці характару гераінь. Гэта здрада - таксама выбар, толькі не фізічнай, а, замест яе, духоўнай смерці. Яго ажыццяўляюць Паліна Пташкіна (“Сцюжа”), Ніна Башмакова (“Зенітчыца”), Ніна (“Вочная стаўка”), Анечка (“Балота”).

Думаецца, што вобраз Паліны Пташкінай службовы: наяўнасць такога персанажа - апасродкаваная характарыстыка часу і ладу, пры якім для дасягнення пастаўленай мэты ўсе сродкі прыдатныя. Дзяўчына, спакусіўшы Ягора Азевіча, выкарыстоўвае яго ў якасці інфарматара органаў НКУС. Вобраз Паліны выкрывае ганебны промысел “дзяржаўна неабходнай” легальнай прастытуцыі. Трагедыю камсамольскай актывісткі дакладна выразіў Дз.Бугаёў у артыкуле «Ахвяры “вялікага пералому”», ахарактарызаваўшы яе як асобу “зламаную і, відаць, за непатрэбнасцю неўзабаве адпрэчаную тымі, хто штурхаў яе на правакацыі” [11, с. 221].

Ніна з апавядання “Вочная стаўка” (жонка “вялікага чалавека, заслужонага”, “адказнага начальніка з нашых органаў” [18, с. 19], а да вайны - галоўнага героя Булаўскага) адмаўляецца ад мужа-палоннага, здраджвае свайму каханню. У ёй ёсць падабенства з эпізадычным вобразам генеральскай пакаёўкі Анечкі з аповесці “Балота”, якая рашыла, стаўшы каханкай генерала, выбавіць свайго мужа-лётчыка з лап “асабістаў”. Але ёсць і прынцыповая розніца паміж гэтымі персанажамі: Анечка, хай па-свойму, але спрабуе ўратаваць мужа, а Ніна - толькі сябе.

Былая сувязістка, а потым пражэктарыстка зенітнай роты Ніна Башмакова (яна пасмела падаць скаргу на заляцанні свайго начальніка Беражнога, за што і была пераведзена ім на небяспечны зенітны плацдарм) апынаецца ў пастцы сваіх ідэалагічных забабонаў. Трагедыя яе душы - прывітыя вычварныя формы вернасці “Радзіме наогул”, за што і паплаціўся жыццём каханы чалавек. Ніна ўдваіх з камбатам выжываюць у баі і разам выбіраюцца з акружэння. Калі яны падыходзяць да “сваіх”, дзяўчына вырашае, што ўцёкамі з поля бою яны здраджваюць Радзіме, і забівае спадарожніка. Стрэліўшы ў камбата Калашніка, яна зрабіла крок да ўласнай гібелі - да страты жыцця і сумлення.

Агульнае ў гэтых персанажаў тое, што ў гістарычнай калатнечы жанчыны страцілі каштоўнасныя арыенціры, але В. Быкаў не столькі канстатуе іх віну, колькі робіць акцэнт на абставіны, якія, фармальна захоўваючы жанчыне жыццё, прыводзяць да яе духоўнай смерці.

Такім чынам, на падставе аналізу жаночых вобразаў у творах В. Быкава можна зрабіць наступныя высновы.

1.Жаночы вобраз у пісьменніка поліфункцыянальны. Ён удзельнічае ў сюжэтным дзеянні, з'яўляецца рупарам аўтарскай ідэі, уздымаецца да значэння сімвала хрысціянскай духоўнасці.

2. Пісьменніку ўласціва тэндэнцыя да эвалюцыі феміннага вобраза ад пасіўнага вобраза ахвяры да актыўнага вобраза суб'екта (гераіні). Гэта бачна па тым, як празаік уводзіць жанчыну ў сюжэт. Ад эпізадычных згадак у сувязі з галоўным характарам (напрыклад, Люся-Сінявочка, Яўсееўна, Волечка і Гануля Роўбы) ён паступова імкнецца да канцэптуалізацыі нацыянальнага характару жанчыны (у вобразах маці, Сцепаніды Багацькі, Варвары Бараноўскай, Франі, Ганкі і інш.).

3. Беспамылковым крытэрыем ацэнкі В. Быкавым жанчыны, як і мужчыны, з'яўляецца яе маральны выбар у экстрэмальнай сітуацыі.

Такім чынам, у творчасці пісьменнікаў другой паловы ХХ ст., перш за ўсё ў творах І. Мележа і В. Быкава, плённа працягвалася і развівалася традыцыя стварэння жаночых вобразаў, закладзеная папярэднікамі - прадстаўнікамі даваеннай пары. Беларуская проза 1940 - 1990-х гг. узбагацілася высокамастацкімі тыпамі жанчын мележаўскага Палесся, быкаўскімі канцэптуальнымі характарамі жанчын-гераінь і жанчын-ахвяр. Дзякуючы ім літаратура ўзнялася да вяршынь асэнсавання нацыянальнага характару і менталітэту беларускай нацыі.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Вынікі праведзенага даследавання можна сфармуляваць наступным чынам:

1. Развіццё празаічнага вобраза жанчыны дэтэрмінавана сацыяльна-палітычнымі зменамі ў грамадстве і аб'ектыўнымі ўмовамі літаратурнага працэсу другой паловы ХХ ст. Беларуская проза акрэсленага перыяду чуйна рэагавала на палітычныя і сацыяльна-эканамічныя змены ў грамадстве, імкнулася спазнаць і асэнсаваць кожны этап быцця народа.

Нацыянальныя рысы жаночага характару сталі паступова аднаўляцца толькі ў прозе ваеннай пары, найперш у творах Кузьмы Чорнага, М. Лынькова, а потым - В.Быкава. Тэорыя бесканфліктнасці і чарговае ўстанаўленне жорсткай цэнзуры ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе затрымала вяртанне ў нашу літаратуру паўнакроўнага жаночага вобраза. Тым не менш, у прозе 1960-х гг. (творы І. Мележа, І. Шамякіна, У. Караткевіча, А. Кулакоўскага, М. Лобана) жанчына заняла сваё пачэснае месца.

У другой палове ХХ стагоддзя жаночы вобраз, адпаведна развіццю жанраў, паступова трансфармаваўся ад эпічнага да канцэптуальнага, раманнага.

У найноўшай літаратуры распрацоўваюцца пераважна невялікія па аб'ёму эпічныя жанры, якія абяцаюць нарадзіць, калі ісці за логікай развіцця мінулага стагоддзя, новую нацыянальную прозу. У нейкай ступені такія творы ўжо з'явіліся. Гэта раман Ю. Станкевіча “Любіць ноч - права пацукоў”, а таксама аповесць А. Федарэнкі “Нічые”, якая па свайму аб'ёму і шырыні ахопу падзей набліжаецца да рамана. Праўда, жаночыя вобразы ў гэтых творах адыгрываюць другарадную ролю. Затое ў гістарычным рамане Алеся Наварыча “Літоўскі воўк” вобраз Аксаны - актыўнай удзельніцы паўстання 1863 г. - займае адно з цэнтральных месц.

2. Вызначальнымі ў выяўленні характару беларускай жанчыны адпаведнага перыяду сталі творы І. Мележа, В. Быкава.

Для прозы І. Мележа характэрны выразны падзел на сацыяльна арыентаваныя і лакальна, прыватна, арыентаваныя вобразы. Так, “Палескую хроніку” насяляюць персанажы, якія выяўляюць сябе ў сацыяльнай і інтымнай сферах, апошнія падаюцца паралельна, амаль не перасякаючыся. Пры гэтым роля маці, каханай дзяўчыны - прадстаўніц прыватнага хатняга свету - у параўнанні з іншымі ніколькі не зніжана, а наадварот. Пісьменніку ўдалося выявіць народны тып беларускай жанчыны, узнавіць яго адпаведна нацыянальным уяўленням беларусаў, псіхалагічна праўдзіва раскрыць яго ў разнастайных індывідуальных праяўленнях.

Дзякуючы В.Быкаву ў гісторыю літаратуры ўвайшлі не толькі жанчына-каханая і жанчына-маці, але жанчына-чалавек, жанчына-асоба. Пісьменніку ўласціва тэндэнцыя да трансфармацыі феміннага вобраза ад пасіўнага вобраза-ахвяры да актыўнага вобраза-суб'екта (гераіні, змагаркі).

Сітуацыі выбару з'яўляюцца своеасаблівым крытэрыем пры ацэнцы жаночага вобраза як у творчасці В. Быкава. Афарбоўка жаночага вобраза ў творах празаіка пераважна трагічная, і свядомы справядлівы выбар у неспрыяльных абставінах вымушае гераінь расстацца з жыццём альбо “паламаць” яго. У творах жа І. Мележа крытэрыяльнымі пераважна з'яўляюцца чалавечыя вартасці, а таксама значнасць гераіні для іншых персанажаў.

3. Нацыянальнай літаратуры ўласціва інтэрпрэтацыя жаночага вобраза ў кантэксце хрысціянскіх традыцый. Узрастанне хрысціянскага пачатку, выяўленага ў вобразе беларускі, неабходна адзначыць як адну з нацыянальных асаблівасцяў беларускай прозы другой паловы ХХ ст.. Культ Божай Маці і, адпаведна, праявы духоўнай цнатлівасці, мацярынскай любові, пакорлівасці, уседаравання далі моцныя парасткі ў нашай літаратуры.

Моцны хрысціянскі імператыў назіраецца ў творчасці В. Быкава. Жанчына маніфестуецца празаікам як увасабленне божай любові, як прадаўжальніца чалавечага роду, вялікая ахвяравальніца. У гэтым кантэксце шматзначна выглядае імя адной з гераінь рамана “Кар'ер”, цяжарнай жанчыны, якая гіне, - Марыі. Наогул, заўсёды і ва ўсім па-божаму, па-хрысціянску паводзяць сябе глыбока веруючыя Варвара Бараноўская, сёстры Барашкавы, “остаўка” Франя і Зося Нарэйка, а таксама Сцепаніда Багацька.

У тым жа ключы раскрываюцца І.Мележам вобразы Дамеціхі, Сарокі, Хадоські, пры дапамозе якіх пісьменнік апасродкавана выявіў уласнае разуменне справядлівасці і стаўленне да веры.

4. Жаночы вобраз можа існаваць на мяжы прыватна-сямейнай і сацыяльнай плыняў, але часцей за ўсё ён належыць якой-небудзь адной з іх. Такім чынам, жанчына ў беларускай прозе першай паловы ХХ ст. прадстаўлена ў наступных іпастасях:

І. Жанчына як прадстаўніца прыватна-сямейнай плыні.

Да гэтай групы можна аднесці вобразы, якія традыцыйна характарызуюць жанчыну праз адносіны ў сям'і і ў сферы інтымных пачуццяў. Вобразы-антыподы злой/добрай жонкі, злой/добрай нявесткі, свекрыві, маці і мачыхі, дачкі маюць карані ў народнай творчасці. Так, вобраз маці ў розных інтэрпрэтацыях - ад лакальнага да сімвалічнага - прасочваецца ў прозе І. Мележа, В. Быкава. Вобраз каханай жанчыны прадугледжвае паказ жанчыны як аб'екта кахання. Ён адзін з самых распрацаваных у нашай літаратуры. Жанчына-каханая амаль паўсюдна прысутнічае ў творах І .Мележа, нярэдка - у В.Быкава.

ІІ. Жанчына як прадстаўніца сацыяльнай плыні.

У дадзенай групе можна выдзеліць характары сацыяльна актыўных і сацыяльна пасіўных жанчын, а іменна, ахвяр заганнай сацыяльнай практыкі. Вобразы актыўных у сацыяльным плане жанчын пераважна рэпрэзентуюцца як гераічныя, вобразы ахвяр - як трагічныя. Актыўнымі можна назваць вобразы жанчын сацыяльнай плыні І. Мележа (Сарока, Дамеціха), жанчын-гераінь В. Быкава (Сцепаніда Багацька, Ганка). Ахвярамі заганнай сацыяльнай практыкі выступаюць вобразы жанчын жанчын-ахвяр у прозе В.Быкава (Зося Нарэйка, Франя).

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

1. Адамовіч, А. Літаратура, мы і час: Літ.-крытыч. артыкулы / А. Адамовіч. - Мінск: Маст. літ., 1979. - 384 с.

2. Андраюк, С. Жыць чалавекам: Літ.-крытыч. артыкулы / С. Андраюк. - Мінск: Маст. літ., 1983. - 271 с.

3. Андраюк, С. Пісьменнікі. Кнігі: Літ.-крытыч. артыкулы / С. Андраюк. - Мінск: Маст. літ., 1997. - 319 с.

4. Афанасьев, И. Кто восходит на Голгофу?: Антивоенная идея в творчестве В. Быкова / И. Афанасьев. - Минск: Маст. літ., 1993. - 160 с.

5. Афанасьев, И. Мелодия оборванной струны / И. Афанасьев // Неман. - 1994.- № 2. - С. 169 - 173.

6. Бельскі, А. Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцей (80-90-я гг.). А.Бельскі. - Мінск: Нар. асвета, 1997. - 254 с.

7. Бочаров, А. Литература и время: Из творч. опыта прозы 60-80-х гг. / А. Бочаров. - М.: Худож. лит., 1988. - 383 с.

8. Бугаёў, Дз. Аповесць “Пайсці і не вярнуцца” ў кантэксце быкаўскай эстэтычнай сістэмы / Дз. Бугаёў. // Беларус. літ. - 1987. - Вып. 15. - С. 143 160.

9. Бугаёў, Дз. Васіль Быкаў: Нарыс жыцця і творчасці / Дз. Бугаёў. - Мінск: Нар. асвета, 1987. - 207 с.

10. Бугаёў, Дз. Вернасць прызванню: Творч. індывідуальнасць І.Мележа / Дз. Бугаёў. - Мінск: Маст. літ., 1977. - 239 с.

11. Бугаёў, Дз. Праўда і мужнасць таленту: Выбранае: Кн. пра Васіля Быкава. Артыкулы. Дыялог. / Дз. Бугаёў. - Мінск: Маст. літ., 1995. - 414 с.

12. Бугаёў, Дз. Трагедыя на зыходзе вайны: Аповесць В.Быкава “Пакахай мяне, салдацік” / Дз. Бугаёў. / / Родн. слова. - 1997. - № 2.- С. 10 - 22.

13. Бугаёў, Дз. Арганічнасць таленту: Літ.-крытыч. артыкулы / Дз. Бугаёў. - Мінск: Маст. літ., 1989. - 351 с.

14. Бугаёў, Дз. Вобраз маці і ўвогуле жанчыны ў творах В.Быкава / Дз. Бугаёў. // Роднае слова.- 2006.- № 1. - С. 17 - 20.

15. Быкаў, В. Аповесці і апавяданні / В. Быкаў. - Мінск: Нар. асвета, 1978. - 208 с.

16. Быкаў, В. Ваўчыная яма: Аповесць / В. Быкаў. // Полымя. - 1999. - № 1. - С. 3 - 66.

17. Быкаў, В. Велікоднае яйка: Апавяданне / В. Быкаў. // Полымя.- 2001.- № 1. - С. 3 - 23.

18. Быкаў, В. Вочная стаўка: Апавяданне / В. Быкаў. // Полымя.- 1999. - № 5. - С. 3 - 22.

19. Быкаў, В. Дваццаць марак: Апавяданне / В. Быкаў. // Полымя. - 2000. - № 1. - С. 3 - 31.

20. Быкаў, В. Збор твораў: У 6 т. - Мінск: Маст. літ., 1991 - 1994. - Т. 1: Жураўліны крык. Трэцяя ракета. Альпійская балада. Дажыць да світання: Аповесці; Сваякі: Апавяданне / В. Быкаў. - 1991. - 477 с.

21. Быкаў, В. Збор твораў: У 6 т. - Мінск: Маст. літ., 1991 - 1994.- Т. 2: Сотнікаў. Здрада. Яго батальён. Праклятая вышыня: Аповесці. / В. Быкаў. - 1992. - 463 с.

22. Быкаў, В. Збор твораў: У 6 т.- Мінск: Маст. літ., 1991-1994.- Т. 3: Круглянскі мост. Абеліск. Воўчая зграя. Пайсці і не вярнуцца: Аповесці / В. Быкаў. - 1993.- 415 с.

23. Быкаў, В. Збор твораў: У 6 т.- Мінск: Маст. літ., 1991 - 1994. - Т. 4: Знак бяды. Пастка. Мёртвым не баліць: Аповесці / В. Быкаў. - 1993. - 495 с.

24. Быкаў, В. Збор твораў: У 6 т. - Мінск: Маст. літ., 1991 - 1994. - Т. 5: Кар'ер: Раман; У тумане. Аблава: Аповесці / В. Быкаў. - 1994. - 432 с.

25. Быкаў, В. Збор твораў: У 6 т. - Мінск: Маст. літ., 1991 - 1994. - Т. 6: Сцюжа: Аповесць; Апавяданні; Апошні шанц: Драма; Публіцыстыка / В. Быкаў. - 1994. - 543 с.

26. Быкаў, В. Знак бяды: Раман / В. Быкаў. - Мінск: Юнацтва, 1991. - 254 с.

27. Быкаў, В. Сьцяна: Кн. прозы апошніх гадоў / В. Быкаў. - Мінск: Наша Ніва, 1997. - 382 с.

28. Васючэнка, П. Трагедыя пісьменніцкага лёсу / П. Васючэнка. // Полымя. - 2000.- № 5. - С. 256 - 274.

29. Воюш, І. Вобраз беларускай жанчыны ў кантэксце мележаўскай “малой” прозы / І. Воюш. // Гендер и проблемы коммуникативного поведения: Сб. материалов І междунар. науч. конф., Новополоцк, 28-29 нояб., 2002 г. / Полоцк. гос. ун-т. - Новополоцк, 2002. - С. 103 - 106.

30. Воюш, І. Жаночы характар у творчасці І. Мележа / І. Воюш. // Полымя. - 2003.- № 3. - С. 191 - 209.

31. Воюш, І. Зварот да гераіні: Воблакі васьмідзесятых: Жаночы вобраз у творах В.Быкава і І.Пташнікава / І. Воюш. // Родн. слова. - 2002. - № 10. - С.10 - 11.

32. Воюш, І. Жаночыя вобразы і іх мастацкая функцыя / І. Воюш. // Рэсп. Купалаўскія чытанні: Матэрыялы міжнар. навук. канф., Гродна, 24 кастр., 2001 г. / Гродзен. дзярж. ун-т. - Гродна, 2002. - С. 152 - 156.

33. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст.: У 4 т.- Мінск: Беларус. навука, 1999 - 2001. - Т. 3.: 1941-1965. - 2001. - 950 с.

34. Гісторыя беларускай савецкай літаратуры: У 2 ч. / Пад рэд. І.Навуменкі і інш.- Мінск: Выш. школа, 1981 - 1982. - Ч 2. - 1982. - 399 с.

35. Гісторыя беларускай савецкай літаратуры: У 2 ч. / Пад. рэд. І.Навуменкі і інш.- Мінск: Выш. школа, 1981 - 1982. - Ч 1. - 1981. - 382 с.

36. Гніламёдаў, У. І.Мележ: Нарыс жыцця і творчасці / У. Гніламёдаў. - Мінск: Нар. асвета, 1984. - 128 с.

37. Дедков, И. В.Быков: Очерк творчества / Ю. Дедков. - М.: Сов. писатель, 1980. - 288 с.

38. Дзюбайла, П. Вобраз нашага сучасніка ў беларус. прозе / П. Дзюбайла. - Мінск: Навука і тэхніка, 1978. - 192 с.

39. Дзюбайла, П. У пошуках духоўных каштоўнасцей: Беларус. проза сёння / П.Дзюбайла. / Акад. навук БССР. Ін-т літ. / П. Дзюбайла. - Мінск: Навука і тэхніка, 1987. - 176 с.

40. Каваленка, В. Веліч праўды: Выбранае / В. Каваленка. - Мінск: Маст. літ., 1989. - 557 с.

41. Кавалюк, А. Святло душы мележаўскай Канапляначкі: Вобраз Хадоські ў “Палескай хроніцы” І.Мележа / А. Кавалюк./ / Родн. слова.- 1999.- № 11. - С. 34 - 40.

42. Кайдаш, С. О “женской культуре” / С. Кайдаш. // Феминизм: Восток, Запад, Россия.- М.: Наука, 1993. - С. 183-205.

43. Корань, Л. Цукровы пеўнік: Літ.-крытыч. артыкулы / Л. Корань. - Мінск: Маст. літ., 1996. - 286 с.

44. Лойка, А. Галгофа: Кн. Лёсаў / А. Лойка. - Слонім: Слонім. друк, 2001. - 288 с.

45. Лотман, Ю. Внутри мыслящих миров: Человек - текст - семиосфера - история / Ю. Лотман. - М.: Язык рус. культуры, 1999. - 447 с.

46. Лявонава, Е. Плыні і постаці: З гісторыі сусветнай літаратуры другой паловы ХІХ-ХХ ст. / Е.Лявонава. - Мінск: Рэд. час. “Крыніца”, 1998.- 336 с.

47. Ляшук, В. І. Мележ у школе / В. Ляшук.- Мінск: Нар. асвета, 1981. - 152 с.

48. Матрунёнак, А. Псіхалагічная проза: Тадыцыі і час / Акад. навук БССР. Ін-т літ. / А. Матрунёнак. - Мінск: Навука і тэхніка, 1988. - 205 с.

49. Мележ, І. // Беларус. пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т.- Мінск: БелЭн, 1992-1995. - Т. 4: Лазарук - Перкін.- 1994.- С. 281 293.

50. Мележ, І. Адна: Апавяданне / І. Мележ. // Беларусь. - 1954.- № 11. - С. 8 11.

51. Мележ, І. Збор твораў: У 10 т. - Мінск: Маст. літ., 1979 - 1985. - Т. 1: Апавяданні. Аповесці / І. Мележ. - 1979. - 448 с.

52. Мележ, І. Збор твораў: У 10 т.- Мінск: Маст. літ., 1979 - 1985. - Т. 3: Мінскі напрамак: Раман у трох кнігах. Кн. 1: Хмары на світанні / І. Мележ. - 1980. - 416 с.

53. Мележ, І. Збор твораў: У 10 т.- Мінск: Маст. літ., 1979-1985.- Т. 4: Мінскі напрамак: Раман у трох кнігах. Кн. 2: Мінск за небакраем. Кн. 3: Будучыня з намі / І. Мележ. - 1981. - 559 с.

54. Мележ, І. Збор твораў: У 10 т. - Мінск: Маст. літ., 1979-1985. - Т. 5: Людзі на балоце: Раман з “Палескай хронікі” / І. Мележ. - 1981. - 415 с.

55. Мележ, І. Збор твораў: У 10 т. - Мінск: Маст. літ., 1979-1985. -Т. 6: Подых навальніцы: Раман з “Палескай хронікі” / І. Мележ. - 1982. - 573 с.

56. Мележ, І. Збор твораў: У 10 т.- Мінск: Маст. літ., 1979-1985. - Т. 7: Завеі, снежань...: Раман з “Палескай хронікі” / І. Мележ. - 1983. - 558 с.

57. Мележ, І. Клава: Урывак з рамана “Мінскі напрамак” / І. Мележ. // Большэвік Палесся. - 1952. - 1, 6, 8 чэрв.

58. Мележ, І. Людзі на балоце: Раман “Палескай хронікі” / І. Мележ. - Мінск: Маст літ., 1987. - 388 с.

59. Мележ, І. Салдаткіна ноч: Эцюд/ І. Мележ. // Полымя. - 1945. - № 4. - С. 37 41.

60. Мішчанчук, М. Беларуская літаратура ХХ ст.: Вучэб. дапам. / М. Мішчанчук, І. Шпакоўскі. - Мінск: Выш. школа, 2001.- 352 с.

61. Национальный план действий по обеспечению гендерного равенства в РБ на 20011 - 2015 гг. // Постановл. Сов. Министров Респ. Беларусь № 10101 от 16.08.2011.- С. 1 - 9.

62. Пяткевіч, А. Партрэт у літаратурным творы: Партрэтная характарыстыка герояў рамана І.Мележа “Людзі на балоце” / А. Пяткевіч. // Беларус. мова і літ. у школе. - 1988. - № 10.- С. 32 - 28.

63. Пяткевіч, А. Сюжэт. Кампазіцыя. Характар: Аб прозе Кузьмы Чорнага / А. Пяткевіч. - Мінск: Маст. літ., 1981. - 159 с.

64. Рагуля, А. Пафас станаўлення: Літ.-крытыч. артыкулы / А. Рагуля. - Мінск: Маст. літ, 1991. - 286 с.

65. Рагойша, В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах / В.Рагойша. - Мінск: Беларус. энцыкл., 2001. - 383 с.

66. Смыкоўская. В. Творчая канцэпцыя пісьменніка: Задума і яе мастацкае ўвасабленне ў “Палескай хроніцы” І.Мележа / В. Смыкоўская. - Мінск: Выд-ва БДУ, 1976. - 112 с.

67. Тычына, М. Час працы: Літ.-крытыч. артыкулы / М. Тычына. - Мінск: Маст. літ., 1988. - 205 с.

68. Храпченко, М. Горизонты художественного образа / М. Храпченко. - М.: Худ. лит., 1982. - 439 с.

Размещено на Allbest.ru


Подобные документы

  • Асаблівасці нацыянальнага характару беларусаў. Творчасць І. Мележа і галоўны стрыжань пісьменніцкага светаўспрымання беларускай духоўнасці. Шматграннасць духоўнага свету беларусаў. Учынкі, дзеянні, літаратурных герояў і іх рысы нацыянальнага характару.

    курсовая работа [93,8 K], добавлен 08.12.2011

  • Семантыка-граматычныя і стылістычныя асаблівасці парэмій мовы трылогіі "Палеская хроніка" I. Мележа. Структурна-марфалагічныя асаблівасці, сэнсавая характарыстыка парэмій. Прыказка як моўная адзінка. Картатэка парэмій мовы "Палескай хронікі" Мележа.

    дипломная работа [122,9 K], добавлен 27.04.2013

  • Рэгіянальныя асаблівасці прозы І. Мележа (на падставе палескіх раманаў). Ахарактарызаваць творчасць пісьменнікаў з вышыні дасягненняў літаратуразнаўства і крытыкі. Паказаць звычаі і абрады, тыповасць абставін на Палессі. Адзначыць асаблівасці характараў.

    курсовая работа [57,0 K], добавлен 20.01.2014

  • Творческий путь белорусского писателя И. Мележа. Социально-психологическое исследование жизни белорусских крестьян в эпоху перехода к коллективному хозяйству в трилогии "Полесская хроника". Особенности изображения человеческих характеров в романе.

    реферат [32,5 K], добавлен 06.06.2015

  • Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры ў эпоху Асветніцтва. Лепшыя паэтычныя і драматычныя творы другой паловы XVIII ст. Тэматычна бурлескная паэзія эпохі Асветніцтва. Развіццё школьнай драматургіі.

    реферат [36,9 K], добавлен 24.02.2011

  • Агульная характарыстыка вобраза апавядальніка ў творах мастацкай літаратуры. Васіль Быкаў – майстар ваеннай аповесці. Моўны вобраз апавядальніка ў аповесці "Трэцяя ракета", "Знак бяды". Частае выкарыстанне мадальных словаў як ў суб’ектыўнай манеры пісьма.

    курсовая работа [41,7 K], добавлен 30.04.2013

  • Жанрава-стылёвыя асаблівасці беларускай прозы ІІ паловы 60-х – сярэдзіны 80-х гг. Характарыстыка літаратурнага працэсу згаданага перыяду. Тэматычная разнастайнасць твораў разглядаемага перыяду. Лепшыя мастацкія дасягненні сучаснай беларускай літаратуры.

    реферат [22,2 K], добавлен 01.03.2010

  • Іван Мележ як майстар раману ў беларускай прозе. Тэарэтычны аспект даследвання з’явы сінаніміі, месца і роля у мове мастацкага твора. Тыпы сінонімаў паводле семантычнай і стылістычнай характарыстыкі: семантычныя, стылістычныя, семантыка-стылістычныя.

    курсовая работа [59,4 K], добавлен 08.04.2013

  • Агульная характарыстыка літаратуры другой паловы XVI ст. Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Жыццёвы шлях славутага асветніка, чалавека універсальных ведаў і унікальнага філосафа і прапаведніка, таленавітага пісьменніка і перакладчыка Сымона Будны.

    реферат [35,1 K], добавлен 22.02.2011

  • Развіццё прозы на сучасным этапе другой паловы 90-х гадоў - да пачатку ХХІ стагоддзя. Здабыткі сучаснай прозы. Жанрава-стылёвыя і ідэйна-мастацкія асаблівасці творчасці Г. Бураўкіна. Грамадзянскасць таленту паэта, трыбуннасць і актыўнасць паэтава слова.

    контрольная работа [20,4 K], добавлен 16.03.2010

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.