Найбольш яскравыя прадстаўнiкi газеты "Наша Ніва"
"Наша Ніва" — беларуская газэта, найстарэйшая газэта на беларускай мове. Вобразна-выяўленчая, стылёвая і жанравая палітра паэзіі Я. Купалы. Аўтабіяграфічная аповесць "У дрымучых лясах" — апошні значны твор З. Бядулі. Аповесць-казка "Сярэбраная табакерка".
Рубрика | Литература |
Вид | курсовая работа |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 23.02.2011 |
Размер файла | 122,8 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
У скарбонку беларускай паэзіі ўвайшлі акрамя названых вышэй і такія вершы А. Гаруна, як "Ты мой брат, каго зваць беларусам...", "Песня-звон", "Жыццё", "Дзяўчаці", "Мілая, родная старонака-маці", "Завіруха", "Мая люба" і інш.
Алесь Гарун быў і моцным празаікам. На працягу 1912--1915 гг. у «Нашай Ніве» з'явіліся чатыры яго празаічныя творы: кароценькая алегарычная легенда «Першы снег» і апавяданні «Пан Шабуневіч», «Маладое», «Чалавек без крыві». Пасля вяртання з Сібіры ў «Вольнай Беларусі» пісьменнік апублікаваў яшчэ тры апавяданні: «Свята», «П'ера і Каламбіна», «У Панасавым сяле». Празаічныя творы, як правіла, падпісваў псеўданімам I. Жывіца (Жывіца -- дзявочае прозвішча маці Гаруна). Проза пісьменніка надзейна абапіралася на нацыянальныя традыцыі літаратурнага і бытавога апавядання. Разам з тым яна незвычайна ўзбагачала традыцыйныя формы вобразнасці, мастацкага стылю, кампазіцыі. Найбольш адметная асаблівасць прозы Апеся Гаруна -- яе ідэйна-тэматычнае багацце, смелы выхад за рамкі традыцыйнай тэматыкі, звязанай у творчасці пераважнай большасці беларускіх пісьменнікаў з жыццём вёскі, яе паўсядзённым побытам, трывогамі і спадзяваннямі на лепшую будучыню.
Трывожная праблема нацыянальнага бяспраўя беларусаў пры самадзяржаўным ладзе натхніла пісьменніка на стварэнне апавядання «Пан Шабуневіч». Герой яго, звычайны шавец, нястомна, штодзённа змагаецца за права карыстацца роднай мовай за межамі дома, за права звацца беларусам. Вывад з апавядання напрошваецца адзін: ідэі беларускага адраджэння дайшлі ўжо да простых людзей, да іх свядомасці і пачуццяў. Ад іх у канчатковым выніку і будзе залежаць лёс беларушчыны.
Блізкай Алесю Гаруну была астрожная тэматыка. Са зместу апавядання «Чалавек без крыві» відаць, як астрожнае жыццё калечыць лёс чалавека, разбуральна ўздзейнічае на яго псіхалогію. Не знайшоўшы сэнсу жыцця на волі, былы астрожнік накладвае на сябе рукі.
Жыццёва праўдзівым у кожнай драбніцы з'яўляецца апавяданне «Свята», прысвечанае апісанню жыцця і побыту палітычнага пасяленца ў Сібіры -- маладога Грыневіча родам з Беларусі. Начуючы ў незнаёмых людзей, ён выпадкова даведаўся, што цяжкая хворая старая жанчына ў гэтай сям'і -- сястра яго роднае бабулі. Ён чуў пра яе дома, але ніхто там не ведаў пра яе лёс. У апавяданні рэалістычна абмалёўваецца жыццё пасяленцаў -- і тут, бясспрэчна, нямала аўтабіяграфічнага, -- а таксама побыт сібіракоў, іх норавы і звычаі. А яшчэ ў творы -- выпадкова ці невыпадкова -- нейкім незвычайным матывам усплывае пераклічка рэвалюцыйных падзей розных гістарычных эпох. Малады пасяленец Грыневіч трапіў у Сібір за палітычную дзейнасць -- трэба меркаваць, што за ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905-1907 гг. А галоўным і па сутнасці адзіным арыенцірам у часе для старэнькае жанчыны служылі колішнія паўстанні, з якімі перапляліся лёсы блізкіх ёй людзей. Так храналагічная лінія падзей ідзе ў глыбіню мінулага стагоддзя -- да 1863 і нават да 1830 г.
У шэрагу апавяданняў пісьменніка асобна стаіць «П'ера і Каламбіна». Гэта -- своеасаблівы празаічны трыпціх, паасобныя часткі якога сюжэтна паміж сабою не звязаны. Яны аб'ядноўваюцца толькі агульнай тэмай кахання, мастацкім роздумам аб загадкавай сіле гэтага пачуцця і аб тых тайнах, якія то аб'ядноўваюць двух чужых людзей, то зноў утвараюць паміж імі непераадольную бездань.
Арыгінальным празаічным творам з'яўляецца і фантастычнае апавяданне «У Панасавым сяле». Паводле зместу -- гэта своеасаблівы працяг апавядання Змітрака Бядулі «Панас на небе». У творы Гаруна супярэчлівыя і шматпланавыя падзеі падаюцца ў інтэрпрэтацыі незвычайнага назіральніка -- чорта з «нялюдскім розумам». Яны разгортваюцца на беларускай зямлі, прытым нават Панасава сяло, што па волі абодвух аўтараў апынулася на небе, бачыцца нейкім закуткам Палесся, бо там пасяляюцца радавітыя палешукі са сваімі рэальнымі зямнымі норавамі, звычкамі, уяўленнямі, якія надзейна ўкараніліся ў іх псіхіку і побыт. I ў той жа час палешукі -- нездарма ж яны на небе -- вызваляюцца ад найболып істотных і трывожных зямных праблем -- ад думак і клопатаў пра свой хлеб надзённы, пра зямлю, працу, пра ўсё тое, што складае аснову існавання кожнага селяніна. Для герояў ствараюцца спецыяльныя ўмовы, над імі не вісіць кашмар паўсядзённага змагання за месца пад сонцам. Людзі трапляюць у рай, але з усімі зямнымі звычкамі, норавамі, традыцыямі. А ці становяцца яны адразу святымі? Ні ў якім разе. Кожны з іх застаецца самім сабою. Адсюль чытач можа зрабіць вывад, што ў якія б умовы чалавек ні трапіў, у яго заўсёды захаваецца нешта сваё, атрыманае ў спадчыну ад стагоддзяў, выпрацаванае ўласным лёсам, побытам, асяроддзем. У сувязі з гэтым напрошваецца пытанне: ці Панасава сяло на небе не ўяўляе сабою алегарычнай формы паказу будучага грамадства, у якім людзі атрымаюць зусім новыя магчымасці ўладкаваць свой лёс? Пісьменнік на прыкладзе нябеснага пасялення змадэліраваў некаторыя працэсы, якія адбываліся на зямлі, ахопленай рэвалюцыйньші катаклізмамі. У Панасавым сяле ўсталяваны лад жыцця пачаў нечакана разбурацца -- прытым дашчэнту, да тла: «Не тыя пайшлі парадкі, не даўнейшыя. Хто ў пашане быў, той цяпер тамака ў запечку сядзіць, а той, чыйго духу там даўней не было, -- найбольшую пашану мае».
Празаічныя творы Алеся Гаруна маюць наватарскі характар. Пра гэта сведчыць і спалучэнне рознамаштабных падзей у рамках аднаго і таго ж твора, і нечаканае, зусім нетрадыцыйнае выкарыстанне фантастыкі ў чыста, здавалася б, рэалістычным, бытавым апавяданні, і смелае ўвядзенне ў мастацкую літаратуру народных гутарковых лексічных, сінтаксічных, стылявых форм.
Настойлівыя ідэйна-творчыя пошукі вызначыліся і ў драматургіі Алеся Гаруна. Яшчэ ў 1912 г. ён паведамляў з Сібіры Вацлаву Ластоўскаму, што піша п'есу ў вершах «Дэпутат». На вялікі жаль, яна не захавалася. А перад самай смерцю, у 1920 г., пісьменнік выдаў зборнік п'ес для дзіцячага тэатра «Жывыя казкі», куды ўвайшлі такія арыгінальныя творы, як «Хлопчык у лесе», «Шчаслівы чырвонец» і «Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць». У іх вельмі арганічна спалучаецца народная казачная фантастыка і багацце фантазіі самога аўтара, раскрываецца свет дзіцячых уяўленняў. Усе канфлікты, увесь ход падзей падпарадкаваны ў іх задачы ўслаўлення так патрэбных людзям маральных прынцыпаў справядлівасці, непрымірымасці да падману, фальшу, а таксама выпрацоўкі пачуцця спагадлівасці людзям -- тых якасцей, якія павінны выпрацоўвацца яшчэ ў дзіцячым узросце, каб назаўсёды стаць нормамі паводзін кожнага чалавека.
«Хлопчык у лесе» -- паэтычная гісторыя прыгод малога вясковага Хлопчыка, які, заблудзіўшыся і заснуўшы ў цёмным, страшным лесе, трапіў у царства магутнага чараўніка і выратаваў запалоненых ім дзяўчат. Гаспадарамі самога лесу былі добрыя духі, увасобленыя ў вобразах кветак -- Незапамінайкі, Званочкаў, Ружы. Гэта яны заапекаваліся Хлопчыкам. Дзякуючы ім, ён, заснуўшы, трапіў у казачную краіну. А там, не пабаяўшыся пакалечыць свае рукі, дабыў заклятую жалейку, якая дазволіла яму перамагчы і выгнаць гаспадара зачараванага царства. I -- што самае арыгінальнае -- з таго сну Хлопчык вярнуўся ў рэальны свет з усім тым, што ён атрымаў там ад вызваленых палонніц. А гэта былі не абы-якія падарункі: боты-скараходы, шапка-цемязень, незвычайнае адзенне, залаты клубочак. А разам яшчэ і зачараваная жалейка. У лесе існавалі -- незалежна адзін ад аднаго -- два зачараваныя светы: адзін -- заселены добрымі духамі-кветкамі, і другі -- той, што знаходзіўся пад уладаю чараўніка. У казцы атрымалася, што той свет, дзе панаваў чараўнік, перастаў існаваць: гаспадар яго ўцёк назусім, вызваленыя дзяўчаты вярталіся дамоў. Хлопчык прачнуўся і знайшоў сваю маці. А ў тым цёмным царстве не засталося нікога. Затое ж добрыя духі-кветкі на сваіх месцах, напэўна, і надалей будуць спагадваць усім тым, хто трапіць у бяду. У казцы «Хлопчык у лесе», напісанай вершам, шмат песень з нотамі. Гэта -- яшчэ адно сведчанне шматграннасці таленту аўтара.
Алесь Гарун у драматургіі ішоў таксама нетрадыцыйным шляхам. У казцы «Шчаслівы чырвонец» старая, хворая, зусім слабая Жабрачка ходзіць па свеце не для таго, каб прасіць хлеба, а каб памагаць людзям. Яна сама раскідае па дарозе чырвонцы, якія, аднак, прыносяць шчасце толькі сумленным людзям. I ў гэтай казцы перамагае дабро, справядлівасць, праслаўляецца спагадлівасць. Мы бачым, што праўда і крыўда, дабро і зло ўвесь час супрацьстаяць.
Малы вясковы пастушок -- герой казкі «Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць» -- перажывае нечаканыя прыгоды, знаходзіць незвычайны лапаць-атопак, што ўмее гаварыць і дае магчымасць пастушку разумець чужыя думкі. Сама па сабе сцэнка з жыцця пастушка, яго канфлікт з местачковымі зладзеямі падаюцца на фоне рэвалюцыйных перамен у вёсцы, калі з суседняга маёнтка ўцёк пан, а рэальнымі гаспадарамі там сталі парабкі, якія ўтварылі свой камітэт.
Казкі Алеся Гаруна ўсім сваім зместам выхоўваюць у малых чытачоў і гледачоў найлепшыя чалавечыя якасці. А яшчэ ў іх вельмі каларытна раскрываюцца дзіцячыя характары, паказваюцца іх гульні і ўяўленні.
Францішак Аляхновіч -- драматург, даследчык тэатра, рэжысёр, артыст, празаік, паэт, публіцыст, перакладчык, рэдактар беларускіх і польскіх газет -- усё гэта ўмяшчалася ў рамках яго багатай творчасці. Мастак рэдкага таленту, ён упісаў у драматургію і ўсю беларускую літаратуру пачатку XX ст. адну з самых яскравых, непаўторных, своеасаблівых старонак. Яго плённую працу на ніве нацыянальнага тэатра і драматургіі (Ф. Аляхновіч з'яўляецца аўтарам больш 20 п'ес: тэксты 18 з іх захаваліся і дайшлі да нас; аб астатніх вядома толькі па назвах) яшчэ сучаснікі ацанілі па заслугах і прысвоілі пісьменніку званне «бацькі навейшай беларускай драматургіі» (Дварчанін I. Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры. Вільня, 1927. С. 462.).
Ф. Аляхновіч нарадзіўся 9 сакавіка 1883 г. у сям'і нашчадкаў дробнай беларускай шляхты. Сям'я жыла ў Вільні, якая і стала тэмай творчасці пісьменніка, той галоўнай сцэнай, на падмостках якой разыгралася складанае і трагічнае жыццё Ф. Аляхновіча. Ужо ў юнацтве Ф. Аляхновіч быў адданым паклоннікам Мельпамены. Ён паступае ў Варшаўскую тэатральную школу, якую заканчвае ў 1907 г. З адною з польскіх труп будучы беларускі драматург вандраваў па правінцыі і толькі ў 1910 г. апынуўся зноў на радзіме. Пачынаецца журналісцкая кар'ера Аляхновіча: спачатку ён працуе рэпарцёрам у віленскіх газетах, а потым выдае гумарыстычны часопіс на польскай мове «Перкунас». Тады і адбываецца збліжэнне пісьменніка з многімі дзеячамі беларускага руху, і ён распачынае сваю дзейнасць на ніве беларушчыны.
У канцы студзеня 1910 г. невялічкі гурток моладзі вырашыў паставіць беларускі спектакль на вечарыне, якая ладзілася ў зале Чыгуначнага клуба. Для спектакля выбралі перакладзеную з украінскай мовы на беларускую аднаактовую п'есу М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі». Рэжысіраваў яе Ф. Аляхновіч, ён жа быў выканаўца адной з роляў. Так адбыўся першы легальны спектакль на беларускай мове, а дзень 12 лютага з той пары стаў успрымацца беларускімі адраджэнцамі як дзень стварэння прафесійнага нацыянальнага тэатра. Сапраўды, пасля гэтай вечарыны арганізаваўся тэатр Ігната Буйніцкага. Разам з тым у жыцці Ф. Аляхновіча ўзнікаюць ускладненні: за адзін з артыкулаў у «Перкунасе» ён быў прыцягнуты да судовай адказнасці ў «зневажанні сіл нябесных» і ў «імкненні скінуць існуючую ўладу» (Грыгор'евы Г. і В. Сем гадоў і ўсё жыццё // Літ. і мастацтва. 1991. № 17.). Атрымаўшы позву ў суд, Ф. Аляхновіч туды не з'яўляецца, а ўцякае ў Галіччыну, дзе ў Львове і Кракаве пад псеўданімам Юрый Монвід, якім будзе пазней падпісваць свае творы, іграе ў розных польскіх трупах. Разлічваючы на абвешчаную ў сувязі з трохсотгоддзем дома Раманавых амністыю, ён вяртаецца ў 1913 г. на радзіму, але пазбегнуць судовай адказнасці не ўдаецца. У астрозе Аляхновіч і пачынае пісаць свой першы сцэнічны твор -- камедыю «На Антокалі», спачатку па-польску, а пасля турмы, у 1915 г., перарабляе яе і перакладае на беларускую мову.
«На Антокалі» належыць да жанру бытавой камедыі з вадэвільна-аперэтачным ухілам. Сюжэтная аснова твора, падзеі якога адбываюцца ў віленскім прадмесці на Антокалі, не складаная. Уладальнік шавецкай майстэрні Вінцэнт Сліжык і яго балбатлівая на язык кабета Міхаліна маюць прыгожую дачку Зоську, такую ж, як і яны самі, даволі легкадумную і сквапную на грошы дзяўчыну. У Зоські ёсць каханак -- чаляднік бацькавай майстэрні Юзюк Жалейка. Але, даведаўшыся, што паштовы службовец Ігнат Радзівіловіч, чалавек паважны і ўжо немаладога веку, маецца атрымаць з Амерыкі багатую спадчыну і імкнецца займець сваю сям'ю, Зоська гатова аддаць яму сваю руку і сэрца. Са спадчынай выйшла непаразуменне, і Сліжыкі бесцырымонна адпрэчваюць Радзівіловіча. Зоська застаецца з Юзюком. Але і Ігнат не ў крыўдзе, ён тут жа знаходзіць сабе спадарожніцу жыцця -- малодшую сястру Міхаліны Барбару.
Віленскі перыяд дзейнасці 1916--1918 гг. быў для Ф. Аляхновіча вельмі плённым. Ужо як рэжысёр ён набірае артыстаў-аматараў у драматычны гурток і 15 кастрычніка 1916 г. ставіць першы, пасля доўгага ваеннага перапынку, спектакль на беларускай мове. Ігралі «Хама» -- пераробку аповесці Э. Ажэшка. З гэтага часу спектаклі драматычнага гуртка становяцца рэгулярнымі, і аб ім пачынаюць гаварыць як аб тэатры Ф. Аляхновіча.
Адкрываючы тэатральны сезон 1917 г., Ф. Аляхновіч бярэцца за напісанне п'ес, якія б адпавядалі запатрабаванням часу -- уздыму нацыянальнай самасвядомасці. Яшчэ ў 1916 г. з-пад яго пяра выйшла п'еса «На вёсцы» -- сцэнічны абразок у двух актах аб каханні вясковага хлопца да дзяўчыны, якая пераняла на службе ў паноў іх звычкі і таму ганьбіла ўсё «мужыцкае». Са сцэнічнага боку гэты твор быў напісаны добра, але ў ім яўна адчувалася дакучлівае маралізатарства, ідэалізацыя вясковага жыцця -- асаблівасці і матывы, якія не атрымалі працягу і развіцця ў пазнейшай творчасці драматурга, тонка псіхалагічнай і інтэлектуальнай.
У 1917 г. Ф. Аляхновіч стварае пяць п'ес: «Бутрым Няміра», «Базылішк», «У лясным гушчары», «Кветка-папараць» і «Калісь», піша шматлікія празаічныя творы, сярод якіх вылучаецца аповесць спавядальнага характару «Пісьмы да яе».
Баярын Бутрым Няміра -- галоўны герой аднайменнай п'есы, напісанай паводле легенды Вацлава Ластоўскага «Каменная труна»,-- з'яўляецца ўвасабленнем жорсткасці, бесчалавечнасці. З легенды драматург выбірае найбольш драматычныя і сцэнічна выйгрышныя, эфектныя моманты, калі ўжо састарэлага, але па-ранейшаму ўсясільнага і жорстакага ўладара раздзіраюць пакуты раскаяння. Да Няміры, акрамя падначаленых слуг, якія выконваюць загады баярына, наведваюцца з праклёнамі і духі ахвяр, якіх ён некалі загубіў. Змушаны каяцца, прасіць у іх даравання, Бутрым Няміра ўсё ж не здолеў да канца выкарыстаць свой апошні зямны шанц і скарыцца перад сваімі ахвярамі. I «бліск маланкі, пярун, цемень» давершаюць свой справядлівы прысуд.
Аднаактоўка Ф. Аляхновіча «У лясным гушчары» заснавана на фальклорным матэрыяле. Сюжэтна-фабульную канву гэтай п'есы складаюць прыгоды Дзіцяці, якое, збіраючы ягады, заблудзілася ў лесе. Спрабуючы выбрацца з гушчару, малое сустракаецца з такімі казачнымі персанажамі, як Баба Яга, Ліха, Страхі, Ведзьмы і інш. Апошнія, згодна з ускладзенай на іх функцыяй, палохаюць Дзіця, перашкаджаюць яму выбрацца з лесу. І толькі добры Бай дапамагае малому патрапіць дамоў.
Сцэнічны абразок у двух актах «Калісь», які па жанру адносіцца да меладрамы, напісаны на рэвалюцыйную тэматыку. Падзеі адбываюцца, як і ў творах Янкі Купалы -- абразку «На папасе» і драме «Раскіданае гняздо», у 1905--1906 гадах, у перыяд першай рускай рэвалюцыі. Купала напісаў іх раней за п'есу Аляхновіча, і ў абодвух творах вывеў вобраз Незнаёмага -- чалавека, звязанага з рэвалюцыйнымі арганізацыямі. Але персанаж гэты вельмі рамантызаваны і не мае канкрэтнай біяграфіі, нават пэўнага свайго аблічча. У Аляхновіча ж малады рабочы Юрка Івашка, які ўдзельнічае ў рэвалюцыйных падзеях пачатку XX ст., пададзены ва ўсёй жыццёвай канкрэтыцы. Даволі грунтоўна адлюстраваны ў творы і самі рэвалюцыйныя падзеі. Параўнальна невялікі па памеры і напісаны з абвостраным драматызмам, з дынамічным, імклівым разгортваннем дзеяння абразок «Калісь», па сутнасці, з'яўляецца першай у беларускай драматургіі п'есай на рэвалюцыйную тэматыку. Але ў творчасці Ф. Аляхновіча яна адзіная, больш да гэтай тэматыкі пісьменнік не звяртаўся.
Няма сумнення, што нямецкі акупацыйны рэжым стрымліваў творчы патэнцыял Ф. Аляхновіча. Свае надзеі на будучыню драматург і рэжысёр звязвае з Мінскам, дзе ў гэты час ужо працаваў Беларускі дзяржаўны тэатр, рэарганізаваны з закладзенага ў маі 1917 г. Таварыства беларускай драмы і камедыі. Туды, праз лінію фронту, і накіроўваецца ў чэрвені 1918 г. Ф. Аляхновіч. Яго з'яўленне ў складзе Беларускага дзяржаўнага тэатра значна ажывіла сцэнічную дзейнасць гэтага калектыву. Для сваёй першай пастаноўкі ў Мінску Аляхновіч абраў гістарычную драму «Бутрым Няміра», якая ўжо ішла ў Вільні і атрымала самыя лепшыя водгукі. У Мінску поспех быў таксама поўным. Што новы артыст, рэжысёр і драматург адразу заявіў аб сваім таленце, сведчыць і факт падзелу тэатра на дзве трупы. Частка артыстаў на чале з Ф. Ждановічам захавала за сабой былую назву -- Беларускага дзяржаўнага, астатнія пачалі працаваць пад кіраўніцтвам Аляхновіча і сталі называцца Беларускім нацыянальным тэатрам. З гэтым тэатрам ён ставіць у 1918 г. дзве прэм'еры па новых сваіх п'есах: малафарматнай камедыі «Чорт і баба» (1918) і трохактавай драме «Страхі жыцця» (1918), якая сведчыла аб звароце драматурга да новай для яго тэмы -- тэмы інтэлігенцыі.
Аднаактовы жарт Ф. Аляхновіча «Чорт і Баба» з'яўляецца адной з самых вядомых і запатрабаваных сцэнай п'ес Ф. Аляхновіча. За аснову драматург узяў шырока вядомы «вандроўны» сюжэт. З айчынных пісьменнікаў да гэтага сюжэта адным з першых звярнуўся Ф. Багушэвіч (верш-балада «Гдзе чорт не можа, там бабу пашле»); пяру Я. Коласа належыць празаічная апрацоўка дадзенага сюжэта (казка «Чорт і Баба»); у драматычнай творчасці некаторыя элементы гэтага сюжэта выкарыстаў (але ўжо пазней за Ф. Аляхновіча) заходнебеларускі літаратар М. Машара. Зразумела, што Ф. Аляхновіч унёс у сюжэтную канву ўласныя карэктывы. Твор у цэлым атрымаўся даволі арыгінальным, з добра распрацаванымі дыялогамі, цікавымі характарамі. Асабліва ўдаўся драматургу вобраз Бабы. Нават Чорт, які ў Ф. Аляхновіча таксама пададзены «на вышыні», блякне перад хітрай і прадпрымальнай старой. Крыху ўступаюць Бабе і Чорту вобразы маладых, Мікіты і Марыські; аднак і гэтыя персанажы ў п'есе Ф. Аляхновіча абмаляваны на даволі высокім мастацкім узроўні. Аднаактоўка «Чорт і баба» карысталася ў свой час значнай папулярнасцю. Асабліва яе ўпадабалі заходнебеларускія тэатралы-аматары. Увасаблялі твор на сцэне і прафесійныя артысты, у прыватнасці, акцёры БДТ-2 і БДТ-3, а таксама беларускія студыйцы ў Маскве. На хвалі вяртання творчасці Ф. Аляхновіча пра камедыю «Чорт і баба» ўспомнілі некаторыя сучасныя рэжысёры-пастаноўшчыкі. У якасці прыкладаў можна прывесці пастаноўкі гэтага жарта Мінскім муніцыпальным тэатрам драмы «Дзе-Я?» у 1994 г., а таксама студэнцкім тэатрам-студыяй Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны ў 1999 г.
На працягу 1918--1920 гг. Ф. Аляхновіч стварае тры драмы, аб'ектам паказу ў якіх стала гарадская інтэлігенцыя: «Страхі жыцця», «Цені», «Няскончаная драма». Гэты цыкл п'ес -- самая каштоўная частка драматургічнай спадчыны пісьменніка. У той жа час варта адзначыць, што як мастацкія рэчы гэтыя творы складаныя і шмат у чым супярэчлівыя. У іх сінтэзаваліся многія літаратурныя традыцыі і тэндэнцыі эпохі, праявілася тая неардынарнасць мастацкай думкі, якая не дазваляе падвесці пад п'есы якую-небудзь адназначную, лапідарную характарыстыку. Адно можна сказаць пэўна, што (а гэта адзначаюць многія сучасныя даследчыкі) дадзеныя творы вельмі блізкія да так званай "новай" еўрапейскай драмы, якую прадстаўляюць п'есы Ібсена, Гаўптмана, Чэхава, Андрэева, Пшыбышэўскага і некат. інш. аўтараў. Сваімі п'есамі аб гарадской інтэлігенцыі Ф. Аляхновіч закранаў матэрыял, практычна не распрацаваны ў тагачаснай беларускай літаратуры, хоць вобраз інтэлігента, асабліва ў драматургіі, ужо быў у ёй выразна вымаляваны (Якім Сарока ў «Паўлінцы» Я. Купалы, Кастусь Дораш у «Не розумам сцяміў, а сэрцам» К. Вясёлага, Раман у «Сягонняшніх і даўнейшых» К. Буйло, Студэнтка ў «Бязвіннай крыві» У. Галубка і інш.). Але гэтыя вобразы інтэлігентаў істотна адрозніваліся ад вобразаў Ф. Аляхновіча. Па-першае, вобразы інтэлігентаў у папярэднікаў Ф. Аляхновіча з'яўляліся выхадцамі з сяла і, нягледзячы на рознае паходжанне і выхаванне, былі прасякнугы яго трывогамі і клопатамі. Па-другое, галоўны і, мабыць, для ўсіх іх аб'яднальны пачатак -- грамадская актыўнасць з адпаведным для гэтай актыўнасці светапоглядам. Лепшай намінацыяй такога літаратурнага тыпа магла б паслужыць дэфініцыя «інтэлігент-ідэолаг». У Ф. Аляхновіча зусім іншы тып -- тып чалавека з тонкай псіхалагічнай арганізацыяй, схільнага да філасофствання, здольнага аналізаваць свае пачуцці, нават у моманты параксізму. Нельга сказаць, што ў такіх людзей адсутнічалі высокія імкненні, але іх парыванні да ідэалу тым і трагічныя, што ні ў які ідэал, ні ў які шлях уласнага ўзвышэння яны, па сутнасці, не вераць. Гэта людзі нязбытных мрояў, учынкаў на словах. Калі ж ахарактарызаваць падобны тып тэрміналагічна, то без паняцця «рэфлексіі» тут не абысціся. Вобраз рэфлексаванага інтэлігента і стаў здабыткам беларускай літаратуры дзякуючы драматургіі Ф. Аляхновіча.
Падзеі ў п'есе «Няскончаная драма» -- самай лепшай з адраджэнскага цыклу -- адбываюцца ў Вільні падчас яе акупацыі кайзераўскай Германіяй. Твор шчодра насычаны падрабязнымі дэталямі побыту, з вялікай скрупулёзнасцю і дакладнасцю абмаляваны ўмовы існавання персанажаў, абставіны драматычных сітуацый. Пісьменнік малюе кожны аб'ект, варты глядацкай увагі, усё адно як скіроўвае камеру, якая фіксуе, не прапускаючы ніводнага больш-менш значнага штрыха. Драма заснавана не на знешніх падзеях, а на ўнутраным драматызме, на глыбокай псіхалагічнай напоўненасці. Адраджэнскія ідэі ўкладваюцца ў вусны дзейных асоб. Асабліва паказальная сцэна галоўнага героя Васіля са сваім былым таварышам Костусем -- стрыжнявая ва ўсім драматычным творы, -- калі сутыкнуліся два погляды на беларускую ідэю, супрацьлеглыя да яе падыходы і стаўленні. Адзначым таксама, што дадзены твор у многім аўтабіяграфічны.
Вярнуўшыся ў пачатку 1921 г. на пастаяннае жыхарства ў Вільню (да гэтага моманту пісьменнік, знаходзячыся на працягу больш двух гадоў у Мінску, час-ад-часу наведваў родны горад), Ф. Аляхновіч актыўна ўключаецца ў яго грамадска-культурнае жыццё: спрабуе стварыць раз'язны тэатр, падвізаецца на журналісцкай ніве, стварае першую на Беларусі навуковую манаграфію аб шляхах развіцця нацыянальнага тэатра ("Беларускі тэатр", 1924). І, вядома, піша п'есы. Гэта "Заручыны Паўлінкі", "Шчаслівы муж", "Пан міністар" і "Дрыгва".
Іскрыста яркая сваім камедыйным бляскам «Паўлінка», як вядома, завяршаецца псіхалагічна слаба падрыхтаваным драматычным фіналам -- паведамленнем аб арышце Якіма Сарокі, ад чаго Паўлінка падае ў непрытомнасць. Аляхновіч, ужыўшыся ў вобразы купалаўскай камедыі, далей разгортвае падзеі ў сваім творы па ўласнай версіі. I, трэба адзначыць, удалося зрабіць яму гэта даволі годна. У спісе дзейных асоб п'есы «Заручыны Паўлінкі» сустракаем амаль усе персанажы з Купалавай «Паўлінкі» -- з тымі ж рысамі характараў, звычкамі, вядомымі выслоўямі, толькі існуюць яны ўжо ў новых абставінах. Адно няма тут толькі Адольфа Быкоўскага, які атрымаў вычарпальную характарыстыку ў камедыі Я. Купалы. Яго за падроблены ў векселі подпіс арыштавалі. А вось Якім Сарока, які дзейнічае ў «Паўлінцы» толькі ў адным эпізодзе, атрымлівае ў п'есе Аляхновіча разгорнутую характарыстыку. Яго, вясковага настаўніка, трэслі царскія ўлады, шукаючы крамольныя рэчы, а не знайшоўшы іх, арыштавалі -- «для устрашения». Праўда, потым выпусцілі. У «Паўлінцы» Якім Сарока, не маючы згоды Сцяпана Крыніцкага на жаніцьбу з яго дачкой, намерваўся выкрасці Паўлінку, употай узяць з ёю шлюб і ўжо тады паставіць бацьку перад фактам. У «Заручынах Паўлінкі» герой дзейнічае інакш: вельмі прыстойна, у адпаведнасці з народнай мараллю, згодна з даўнімі добрымі традыцыямі становіцца перад гаспадаром на калені і гаворыць прачулыя словы пра каханне да дзяўчыны і пра сваю пашаноту да яе бацькоў, у выніку чаго ў раней душэўна чэрствага і непадступнага Сцяпана Крыніцкага нават з'явіліся на вачах слёзы. Расчулены, ён дае блаславенне на шлюб. Твор насычаны песнямі і танцамі для стварэння гульнёва-тэатральнага відовішча.
У цэнтры камедыі «Пан міністар» -- беларускі "інтэлігент" Філімон Пупкін, накрэслены аўтарам сатырычнымі штрыхамі. У яго дзеяннях ёсць штосьці агульнае з Мікітам Зносакам з «Тутэйшых» Я. Купалы. Але тут не падражанні ці ўплывы. Абедзве камедыі ствараліся адначасова, у 1922 г. Немаладога ўжо веку Філімон Пупкін («тоже» беларус), як і значна маладзейшы Мікіта Зносак, хапаецца за беларускасць, каб мець з гэтага выгаду. Маладзейшы імкнецца займець пасаду асэсара, старэйшы -- куды большую: міністра фінансаў. А не дамогшыся ні таго, ні другога, увогуле пацярпеўшы крах, абодва героі адразу ж адракаюцца ад сваёй беларускасці. У камедыі «Пан міністар» грунтоўна распрацаваны побытавы пласт, добра арганізавана, з пэўным сцэнічным эфектам, дзеянне, і твор атрымаўся адным з лепшых у камедыяграфіі Ф. Аляхновіча.
У 1925 г. выдадзена драма «Дрыгва» -- новая рэдакцыя п'есы «Манька». У першым варыянце гэтага твора апавядаецца пра тое, як прыгожая васемнаццацігадовая сірата Манька, патрапіўшы з вёскі ў горад і ўладкаваўшыся прыслугай у трэцеразрадным рэстаране, спаткала там заштатнага наведвальніка -- студэнта-ідэаліста Міхалку. Той закахаўся ў дзяўчыну, якая адказала яму ўзаемнасцю. Але шчасце было нядоўгім: панаваты і заможны («белая костка») Міхалка, спакусіўшы Маньку, кінуў яе. Манька, не перажыўшы ганьбы, атруцілася. Другі варыянт твора, не толькі пашыраны (замест чатырох актаў стала шэсць), а і ўдакладнены па характарыстыках дзеючых асоб, набыў большую сацыяльную завостранасць. Манька застаецца жыць, але вырвацца з таго асяроддзя, у якое патрапіла, не здолела, стала такой, як і «ўсе». Драматург рэзка ўзвысіў голас супраць п'янства -- той багны, якая засмоктвае людзей, а таксама супраць багемна-бессэнсоўнага чалавечага існавання.
Да віленскіх беларусаў даходзілі весткі аб шырокай нацыянальнай рабоце, якая праводзілася ва Усходняй, савецкай Беларусі. Самыя лепшыя ўражанні ад яе наведвання вынеслі і многія знаёмыя Аляхновіча (Мятла, Рак-Міхайлоўскі і інш.). Драматург пачынае марыць аб Мінску, аб сапраўдным скарыстанні сваіх творчых магчымасцей. Нарэшце ў сярэдзіне лістапада 1926 г. Ф. Аляхновіч выехаў у сталіцу Беларусі. Артыстычнае асяроддзе горача вітала драматурга, бо добра памятала аб ягоных заслугах. У хуткім часе Ф. Аляхновіча прызначаюць на пасаду літаратурнага кіраўніка Другога дзяржаўнага тэатра ў Віцебску. Пасада гэта не была штатная, меліся плаціць толькі за п'есы. У Цэнтральным дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь знаходзіцца ліст М. Гарэцкага да расійскага даследчыка беларускай літаратуры Л. Клейнбарта. У ім паведамляецца аб новай п'есе Аляхновіча «На крэсах», якую драматург здаў Другому дзяржаўнаму тэатру. Хутчэй за ўсё час не захаваў яе, але здагадацца аб ідэйнай накіраванасці гэтага твора не цяжка. Праз тыдзень пасля прыняцця савецкага грамадзянства Ф. Аляхновіч апынуўся ў ізалятары мінскай турмы. Яму інкрымінавалі звычайныя для ДПУ тых гадоў грахі -- шпіянаж на карысць буржуазнай Польшчы. Праўда, многія мінскія літаратары і вучоныя падтрымлівалі ў вязня ўпэўненасць у хуткім вызваленні, паведамляючы ў пісьмах аб плануемай да 10-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі шырокай амністыі. У следчай справе Ф. Аляхновіча захаваўся напісаны да Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта зварот, пад якім падпісаліся Я. Купала, Я. Колас, М. Гарэцкі, З. Бядуля, А. Гурло і інш. Аднак пісьменнік атрымаў 10 гадоў катаргі і быў адпраўлены на Салаўкі.
Наўрад ці Ф. Аляхновіч спадзяваўся, што праз 7 гадоў будзе адчуваць подых свабоды: улады Масквы пагадзіліся з Варшавай абмяняць яго на арыштаванага ў Польшчы Б. Тарашкевіча -- лідэра камуністаў Заходняй Беларусі. Аднак бязлітасны лёс учэпіста трымаў Аляхновіча ў сваіх кіпцюрах. Вярнуўшыся з салавецкай катаргі ў Вільню, ён перажывае новы маральны ўдар -- сям'я аказалася разбітай і чужой для яго. Каб перамагчы і гэта, пісьменнік звяртаецца да сваёй жыццёвай аддушыны -- творчасці. Ён зноў стварае трупу, але яна праіснавала нядоўга. Асноўны час прысвячае ўспамінам аб прабыванні на Салаўках, розныя фрагменты якіх друкуе ў польскай прэсе, парыжскім «Адраджэнні», харбінскім «Новым шляху». Так нараджалася кніга Аляхновіча, выдадзеная ў 1935--1939 гг. на сямі мовах, у тым ліку і па-беларуску, пад назвай «У кіпцюрох ГПУ». Большая частка ўспамінаў Ф. Аляхновіча прысвечана падзеям на Салаўках -- святых для рускага народа мясцінах. На месцы Салавецкага манастыра, быццам бы ў насмешку, быў створаны яшчэ ў пачатку 1920-х гадоў канцэнтрацыйны лагер. Нарысы Ф. Аляхновіча, падобна кадрам кінахронікі, разгортваюць адзін за адным малюнкі лагернага жыцця. Паказ падаецца ўсебакова, панарамна і ў той жа час глыбокааналітычна і высокамаральна. Задоўга да Б. Шыраева Аляхновіч распаведаў свету аб першым савецкім (яшчэ ленінскім) канцэнтрацыйным лагеры, раней, чым М. Нарокаў прасачыў за псіхалогіяй гэпэушнікаў, яшчэ да з'яўлення твораў У. Юрасава, С. Максімава, А. Салжаніцына, Ю. Аляшкоўскага, А. Амальрыка, Ю. Дамброўскага, В. Шаламава прыўзняў заслону над рэальнасцю сталінскага рэжыму: масавы тэрор, арышты невінаватых, панаванне цэнзуры, расчараванне інтэлігенцыі ў савецкім ладзе жыцця.
Пасля «Кіпцюроў ГПУ» пісьменніка хвалююць ужо новыя тэмы і вобразы. Ён зноў робіць намаганні арганізаваць беларускі тэатр, але пачынаецца вайна і перакрэслівае ўсе яго намеры. Акупацыя бальшавікамі Літвы прымусіла Аляхновіча хавацца ад рэпрэсій. Аб гэтым перыядзе свайго жыцця ён таксама напіша ўспаміны, якія выйдуць вясной 1944 г. у часопісе «Новы шлях» (Аляхновіч Ф. Страшны год // Новы шлях. Мн., 1944.).
З пачаткам вайны адкрываецца самы неадназначны момант у біяграфіі Ф. Аляхновіча -- яго супрацоўніцтва з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Ён становіцца рэдактарам прафашысцкай газеты «Беларускі голас». Аднак трэба адзначыць і такі факт: на яе старонках нельга знайсці ніводнага палітычнага артыкула, які б належаў пяру пісьменніка. Яго публіцыстычныя творы распавядаюць аб культурным жыцці беларусаў: гарадскім тэатры ў Мінску, які ставіў і п'есы Ф. Аляхновіча, канцэртах М. Забэйды-Суміцкага, дзейнасці Віленскага навуковага таварыства і г. д. У гэты час пісьменнік меў вялікія творчыя планы: збіраўся напісаць кнігу ўспамінаў аб беларускім адраджэнскім руху 1910--1920 гг., п'есу з жыцця беларускай моладзі. Але задуманае засталося ў чарнавіках, а з'явілася шасціактавая п'еса з пралогам «Круці не круці -- трэба памярці» (1943), напісаная вершаванай прозай, дзе перапляталіся фальклорна-фантастычныя матывы з рэалістычнымі. Месца дзеяння «Круці не круці...» -- Вільня і яе наваколле, час дзеяння -- сярэднявечча, але фактычна маецца на ўвазе сучаснасць, а месцам дзеяння становіцца ўвесь свет. Такі ж умоўны характар мае дзяленне твора на акты ці так званыя абразкі. Яны звязаны адзін з адным агульнай ідэяй, а не псіхалагічным развіццём дзеяння. Па сутнаасці, у «Круці не круці...» з'яўляецца зусім іншы Ф. Аляхновіч, з новай драматургічнай тэхнікай і адносінамі да жыцця. Ужо няма майстра псіхалагічных характарыстык, рэфлексаваных вобразаў, псіхапатычных сітуацый, але ёсць строгі геаметр, які спрабуе надаць адлюстраванню падабенства схематычнага малюнка. Драматург «адбірае» характэрную індывідуалізуючую прыкмету ад сваіх персанажаў -- імя. Для большасці герояў п'есы пакінуты толькі абагульненыя абазначэнні: мужык, алхімік, старая ведзьма, маладая ведзьма, першы чорт, другі чорт, першы шляхціц, другі шляхціц, яўрэй, татарын і г. д. Прастора «Круці не круці...» і рэалістычная, і казачна-ўмоўная.
Змест апошняй п'есы Ф. Аляхновіча змушае думаць, што драматург быццам прадчуваў хуткую гадзіну сваёй смерці. На жаль, гэтае прадчуванне збылося: 3 сакавіка 1944 г. ён быў застрэлены ў Вільні ва ўласнай кватэры (напэўна, падасланым агентам НКУС; ёсць таксама версія аб забойстве пісьменніка прадстаўнікамі падпольна-партызанскай польскай Арміі Краёвай за антыпольскія выступленні ў друку; паводле трэцяй, найменш верагоднай версіі, Ф. Аляхновіча застрэлілі самі фашысты, з якімі ён хоць і супрацоўнічаў, аднак у цэлым, асабліва пасля іх зверстваў у дачыненні да беларускага насельніцтва на другім этапе вайны, стаў адносіцца надзвычай холадна). Пахавалі Францішка Аляхновіча ў Вільні на Евангелічных могілках. У 1989 г. гэтыя могілкі знеслі. Намаганнямі віленскіх беларусаў адбылося перазахаванне праху пісьменніка на могілкі Росы, на так званую літаратурную горку. Там паўстаў і помнік Францішку Аляхновічу.
Цішка Гартны (Зміцер Хведаравіч Жылуновіч) увайшоў у літаратуру «песняром працы і змагання», «першым пралетарскім паэтам Беларусі», аўтарам першага закончанага беларускага рамана. Як мастак ён склаўся на перакрыжаванні дзвюх гістарычных эпох. Складанасць гэтага моманту адбілася ў яго літаратурнай дзейнасці, паўплывала на характар яго творчых пошукаў. Плённа працуючы амаль ва ўсіх літаратурных жанрах, пісьменнік пакінуў значную спадчыну. Не ўсё створанае ім вытрымала выпрабаванне часам, тым не менш услед за Я. Купалам і Я. Коласам Ц. Гартны заняў сталае месца ў гісторыі беларускай літаратуры.
Цішка Гартны нарадзіўся 4 лістапада 1887 г. у мястэчку Капыль у сям'і бедных сялян-чорнарабочых. На адзінаццатым годзе жыцця Зм. Жылуновіч пайшоў у пастухі-найміты, пасабляючы грашыма сваім бацькам. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, потым была вучоба ў «дарэктараў», хатніх настаўнікаў. Летам хлапчук пасвіў жывёлу, а зімой вучыўся. У 1902 г. Зм. Жылуновіч паступіў у двухкласнае Капыльскае народнае вучылішча, якое закончыў у 1905 г. У лютым 1906 г. пайшоў на працу ў гарбарную майстэрню ў родным мястэчку. Зм. Жылуновіч рана далучыўся да рэвалюцыйнай дзейнасці, захапіўшыся «работніцкім рухам». Гэта паслужыла галоўнай перашкодай пры паступленні ў 1906 г. у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, куды Зм. Жылуновіча не прынялі з-за адсутнасці даведкі пра добранадзейнасць. У 1909--1912 гг. у пошуках працы ён аб'ездзіў многія гарады Беларусі, Украіны, Літвы і Латвіі. У 1910 г. пры актыўным садзейнічанні Зм. Жылуновіча ў Капылі быў створаны літаратурна-грамадскі гурток «Самаадукацыя і развіццё», які наладзіў выпуск рукапіснага часопіса «Заря» на рускай мове. У другой палове 1910 г. часопіс спыніў сваю дзейнасць. У 1911 г. выпуск рукапіснага часопіса быў адноўлены, але ўжо пад назвай «Голос низа» і з дадаткам на беларускай мове «Вольная думка». У 1912 г. Зм. Жылуновіч працаваў гарбаром у г. Вількамір Ковенскай губерні, вёў прапагандысцкую работу. У 1913 г. пераехаў у Пецярбург. Тут ён становіцца карэспандэнтам бальшавіцкай газеты «Правда». Пяць месяцаў працаваў на заводзе «Вулкан», затым тры месяцы быў беспрацоўным. У хуткім часе ўладкаваўся на працу ў выдавецтва «Новый человек». У 1915 г. быў мабілізаваны ў войска, але праз месяц адпушчаны. У 1916 г. працаваў у Беларускім бежанскім камітэце, выдаваў газету «Дзянніца». У сакавіку 1917 г. бежанскі камітэт беларусаў паслаў Зм. Жылуновіча сваім дэпутатам у Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Увесь перыяд з лютага да кастрычніка ён быў блізкім да бальшавіцкай партыі, наведваў яе мітынгі, чытаў партыйную літаратуру. Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі прынесла шмат перамен. У лютым 1918 г. Ц. Гартнага прызначаюць сакратаром Беларускага камісарыята пры ўрадзе РСФСР. З сакавіка гэтага ж года ён рэдактар першай беларускай савецкай газеты «Дзянніца». Пасля абвяшчэння Беларусі савецкай рэспублікай 1 студзеня 1919 г. Ц. Гартны -- старшыня Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада. Пазней у розныя гады быў рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь» і часопіса «Полымя», дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, намеснікам міністра асветы БССР. Працаваў у Інстытуце беларускай культуры. З 1929 г. з'яўляўся правадзейным членам Акадэміі навук Беларусі.
Ц. Гартны стаў ахвярай рэпрэсій. Яго арыштавалі 15 кастрычніка 1936 г. па сфабрыкаванай справе «як актыўнага ўдзельніка контррэвалюцыйнай фашысцкай арганізацыі, выкрытай у Мінску». А перад гэтым была знішчальная крытыка ў кнізе А. Канакоціна «Літаратура -- зброя класавай барацьбы» (1931), дзе закрэслівалася лепшае з таго, што было зроблена пісьменнікам. «Мы далёкія нават ад таго, -- сцвярджаў А. Канакоцін, -- каб лічыць прабацькам пралетарскай літаратуры і такіх пісьменнікаў, як Ц. Гартны... У сваёй дарэвалюцыйнай творчасці ён не падняўся да вышыні свядомасці волі пралетарыята. Там няма разумення задач пралетарскай рэвалюцыі» (Цыт. па арт.: Сачанка Б. Ахвяры і каты // Літ. і мастацтва. 1991. 24 мая.). У 1931 г. Ц. Гартнага выключылі з камуністычнай партыі. У газеце «Савецкая Беларусь» ад 21 студзеня 1931 г. была надрукавана Пастанова Прэзідыума і парткалегіі ЦК КП(б)Б ад 16 студзеня 1931 г. па справе У.М. Ігнатоўскага і З.Ф. Жылуновіча, у якой былі наступныя словы: «Нацыянал-апартуністаў -- агентаў нацдэмаўскай контррэвалюцыі, рупараў класавага ворага, здраднікаў партыі -- Ігнатоўскага і Жылуновіча -- вон з кадраў КП(б)Б». 11 кастрычніка 1937 г., знаходзячыся ў зняволенні, не вытрымаўшы фізічных і маральных здзекаў, Зм. Жылуновіч (Ц. Гартны) памёр у Магілёўскай псіхалякарні.
Ен быў рэабілітаваны ў кастрычніку 1955 г. «за недаказанасцю злачынстваў» і толькі ў верасні 1987 г. -- «за адсутнасцю саставу злачынства».
Першыя вершы на беларускай мове Зм. Жылуновіч напісаў у 1904 г. У 1905 г. у рукі Зм. Жылуновіча трапілі нелегальныя брашуры і лістоўкі на беларускай мове. «Яснасць сэнсу дзякуючы даступнасці і зразумеласці мовы вельмі кранула мяне» (Гартны Ц. Дваццаць гадоў назад. Успаміны з мінулага // Успаміны пра Цішку Гартнага. С. 129.), -- успамінаў ён. У 1908 г. адбылося знаёмства з першай штотыднёвай беларускай газетай «Наша Ніва». У студзені 1908 г. у «Нашай Ніве» быў надрукаваны першы верш Ц. Гартнага «Бяздольны», прысвечаны Я. Купалу. У 1910 г. з'явіўся верш «Не хіліся, дуб зялёны», прысвечаны Я. Коласу. Творчасць выдатных беларускіх паэтаў аказала моцны ўплыў на Ц. Гартнага. Першы паэтычны зборнік Ц. Гартнага «Песні» выйшаў у 1913 г. у Пецярбурзе. Ён складаўся з трох раздзелаў: «Песні працы», «Песні кахання» і «Жальбы і жаданні». Адметнасцю зборніка з'яўлялася тое, што Ц. Гартны выступіў як «пралетарскі паэт». Упершыню ў беларускай літаратуры побач з вобразам селяніна з'явіўся вобраз рабочага. Цэнтральнае месца ў зборніку занялі «Песні гарбара». У вершах гэтага цыкла адлюстраваны невыносна цяжкія ўмовы працы рабочых у капіталістычным грамадстве. Разам з тым паэт паказвае, як рабочы пачынае ўсведамляць сваю годнасць і сілу, як абуджаецца ў ім сацыяльная актыўнасць, гатоўнасць рэвалюцыйным шляхам змяніць сацыяльныя абставіны, у якіх яму даводзіцца працаваць і жыць. Зборнік «Песні» вызначаецца народным поглядам паэта на працу, якую ён лічыў не толькі асновай матэрыяльнага існавання, але і першай умовай духоўнага жыцця. У вершах «Красуй, збожжа!», «Песні жняі», «Касьба», напісаных у рэчышчы нацыянальнай традыцыі, Ц. Гартны паэтызуе сялянскую працу. Лейтматывам цыкла «Песень працы» з'яўляецца думка паэта аб тым, што людзі працы (сяляне і рабочыя) -- творцы жыцця, стваральнікі ўсяго каштоўнага на зямлі:
Праца увесь свет ускарміла,
Праца нам шчасце дала. («Касьба»)
Высока ацаніў «Песні» Я. Купала. Ён пісаў: «Цішка не «майструе вершаў», а пяе, пяе ўсёй сваёй набалелай душой, усім сваім сэрцам, гарачым, кіпучым. Нойдзеце тут і галубіныя песні кахання, і сумныя жальбы, і смелыя жаданні, і ва ўсім чуваць песняра праўдзівага, вынасіўшага кожнае слова ў сваіх набалелых грудзях» (Купала Я. Зб. тв.: У 7 т. Т. 7. Мн., 1976. С. 202.)
У паэме «Паэт, маці і муза» (1915) Ц. Гартны вызначыў сваё паэтычнае крэда, назваў сваю музу «музай змагання», падкрэсліўшы тым самым сілу паэзіі, яе непарыўную сувязь з жыццём і барацьбой народа.
Паэтычны зборнік Ц. Гартнага, які выйшаў у Берліне ў 1922 г., меў назву «Песні працы і змагання». Ён тэматычна працягваў матывы першага зборніка «Песні» (раздзел «Песні працы»). Змест двух другіх раздзелаў «Чырвоны золак» і «Змаганне» складаюць вершы, у якіх паэт вітае заваёвы рэвалюцыі («Работніцкая і сялянская рэвалюцыя»), («Гадавіна 25 кастрычніка»), пагражае яе ворагам («Далакопам рэвалюцыі»), пяе гімны яе абаронцам («Чырвонаармейцы»), аплаквае яе ахвяры («Сцешся»), заклікае да стваральнай працы («К працы»).
Зборнік «Урачыстасць» (1925) успрымаецца як лагічны працяг дзвюх папярэдніх паэтычных кніг Ц. Гартнага. Лепшыя вершы гэтай кнігі -- «Мая душа», «Я жыць хачу», «Я жыву», «Сімфонія», «Белым матылёчкам». I калі асобныя вершы цыкла «Урачыстасць рэвалюцыі» не пазбаўлены плакатнасці і схематызму, то ў вершах, аб'яднаных у цыкле «Урачыстасць жыцця», Ц. Гартны раскрываецца як тонкі лірык з багатым светаўспрыманнем, здольнасцю адчуваць прыгажосць навакольнага свету. Цікава нагадаць у сувязі з гэтым, што, выступаючы ў ролі літаратурнага крытыка, Ц. Гартны будзе адмаўляць «эстэтычную» сутнасць паэзіі, выступаць супраць «чыстага мастацтва». У артыкуле «Этапы развіцця беларускае літаратуры», напрыклад, разглядаючы творчасць М. Багдановіча, ён палічыць вялікай заганай ухіл паэта ад «грамадскіх напеваў», яго захапленне «лёгкімі матывамі аб лесавікох ды русалках, аб гнедых жывёлах, што плывуць па небу» (Жылуновіч Зм. Узгоркі і нізіны. Мн., 1928. С. 28.). Але гэта будзе крыху пазней. Пакуль жа сам Ц. Гартны ў захапленні ад «зачараванага царства прыроды», населенага чарадзеямі, лесунамі, духамі, німфамі, ведзьмамі, вадзянікамі.
Гартны выступаў і ў жанры сатырычнага верша, байкі, фельетона. У гэтай сферы яго літаратурная дзейнасць, паводле вызначэння М. Гарэцкага, была багата «аўтарскай арыгінальнасці і творчай жывасці» (Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1926. С. 227.). Пад псеўданімам «Авадзён» у перыядычным друку з'явіліся вершы Ц. Гартнага «Пан, якіх многа», «Папоўскія гадкі», «Сымон-пан», «Бог памагае» і інш. Такім чынам, у паэтычнай творчасці Ц. Гартнага знайшлі ўвасабленне самыя розныя матывы і тэмы.
Ях ідэолаг пралетарыяту, бальшавік Гартны-пісьменнік цесна знітаваны са сваімі палітычнымі поглядамі. Яго творчасці ўласцівы класавы падыход да падзей і з'яў рэчаіснасці, але адначасова ў ёй выразна акрэслена і гуманістычная тэндэнцыя. Кірунак гэтай тэндэнцыі быў вызначаны яшчэ ў нашаніўскі перыяд, калі пісьменнік знаходзіўся пад жыватворным уплывам паэзіі Я. Купалы і Я. Коласа, разам з якімі, паводле слоў Л. Клейнбарта, Ц. Гартны паднімаў на свае плечы «цяжкі цяжар «беларускага адраджанізму» (Клейнбарт Л. Творчасць Ц. Гартнага // Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы. Мн., 1928. С. 41.)
Як празаік Ц. Гартны спрабаваў свае сілы ў розных формах эпічнага жанру: пісаў нататкі, нарысы, абразкі, апавяданні, аповесці, раманы.
Апавяданні Ц. Гартнага 1920-х гг. аб'яднаны ў зборнікі «Трэскі на хвалях» (1923) і «Прысады» (1927).
У творах зборніка «Трэскі на хвалях», прысвечаных адлюстраванню дарэвалюцыйнай рэчаіснасці, празаік паказвае абумоўленасць учынкаў сваіх герояў сацыяльна-эканамічнымі абставінамі, жорсткую залежнасць ад іх. Каб пракарміць сям'ю, рабочы Анупрэй («Штрэйкбрэхер») насуперак свайму сумленню, рабочай годнасці парушае працоўную салідарнасць, становіцца штрэйкбрэхерам, бо не можа дапусціць, каб яго дзеці галадалі. Цяжкае матэрыяльнае становішча вясковай жанчыны Палуты («Лайдак») прыглушае ў ёй святое мацярынскае пачуццё жалю і спагады да свайго сына, які, не вытрымаўшы маральных і фізічных здзекаў, што чыніў над ім пан, у якога ён служыў, вярнуўся дахаты. Грабар Антось («Велікодная каробка») дзеля сваіх дзяцей, праз ваганні і пакуты сумлення, становіцца злодзеем. Не можа ён растлумачыць сыну і дачцэ, што гаспадар не выплаціў яму грошай, а таму на святы яны застануцца без падарункаў. Маладая жанчына Аўдоцця («Распусніца») -- маці траіх дзяцей. Пакінутая мужам, яна без сродкаў для існавання вымушана прадаваць сябе. Рэвалюцыя, грамадзянская вайна, выпрабаванні і пакуты людзей у час акупацыі -- такія тэмы знаходзяць асвятленне ў большасці апавяданняў зборніка «Трэскі на хвалях». Хісткае становішча чалавека ў грамадстве пад час грозных сацыяльных катаклізмаў адпавядае сімвалічнай назве кнігі. Пісьменнік спрабуе асэнсаваць драматычныя з'явы рэчаіснасці, выяўляе заклапочанасць лёсам сваіх герояў. У апавяданнях «Дойдзем, сынок» (1920), «На руінах» (1923) праўдзіва паказаны жудасныя рэаліі разбурэння, тыя маральныя і фізічныя пакуты, якія давялося перажыць людзям у час грамадзянскай вайны і акупацыі Беларусі белапалякамі. Нягледзячы на выпрабаванні, героі гартнаўскіх апавяданняў захавалі ў сабе лепшыя чалавечыя якасці, вялікую прагу да жыцця і стваральнай працы. Пэўнай мастацкай арыгінальнасцю пазначаны таксама апавяданні «Спатканне» (1920), «Чырвонаармеец Панкел Ліпа» (1920), «Больш за ўсіх» (1923) і некаторыя іншыя.
У зборніку «Прысады» адлюстраваны пераважна падзеі мірнага жыцця, народжаныя новай рэчаіснасцю: выхаванне ў людзей творчых адносін да працы, беражлівага стаўлення да дзяржаўнай маёмасці, фарміравання актыўнай жыццёвай пазіцыі («Свае блінцы»), раскрыццё багатага духоўнага свету будаўнікоў новага жыцця («Прысады»), паказ складаных узаемаадносін у сям'і («Дыягназ»), самаахвярнасці кахання («Ядзя-Жучок»). Героямі апавяданняў з'яўляюцца чырвонаармейцы, сяляне, адказныя работнікі савецкай улады, сельскія актывісты, працаўнікі народнай асветы.
У адзначаных творах пісьменніка выразна праглядваецца класавы падыход да з'яў рэчаіснасці, які панаваў у тагачасным грамадстве, што, безумоўна, зрабіла адмоўны ўплыў на іх эстэтычную значнасць. Аднак, заўважым, гэта яшчэ не тая заідэалагізаваная і надзвычай схематычная проза, якой яна стане (і не толькі ў Ц. Гартнага!) у 1930-я гг.
Найбольш значным творам Ц. Гартнага з'яўляецца раман «Сокі цаліны», над якім пісьменнік працаваў з 1914 па 1929 гг. Твор складаецца з чатырох частак (квадраў): «Бацькава воля», «На перагібе», «Крыжовыя дарогі», «Чырвоныя зарніцы». Па сутнасці -- гэта першы закончаны беларускі раман. Пісьменнік паставіў перад сабой мэту стварыць вобраз станоўчага героя свайго часу. У беларускай літаратуры праблема новага героя -- актыўнай у духоўных і грамадскіх адносін асобы -- непазбежна была звязана з асваеннем тэмы рабочага класа. Менавіта ў рабочым-рэвалюцыянеры пісьменнікі перш за ўсё бачылі новага героя часу. Ц. Гартны выявіў сябе наватарам, калі ўзяўся за напісанне рамана, прысвечанага рабочаму класу. Зварот пісьменніка да жанру рамана адпавядаў унутранай патрэбе развіцця беларускай літаратуры, якая яшчэ ў дарэвалюцыйны час шукала подступы да эпічнага асэнсавання нацыянальнай рэчаіснасці. Ствараючы вобраз рабочага-рэвалюцыянера Рыгора Нязвычнага, Ц. Гартны ў нейкай ступені апераджаў час, пракладваў дарогу новаму сацыяльна-псіхалагічнаму тыпу. Задума пісьменніка з улікам таго, што ён прадстаўляў літаратуру, якая не мела традыцый эпічнай прозы і паказу рабочага-рэвалюцыянера, была глабальнай. У «Соках цаліны» прасочваецца шлях мастацкага асэнсавання чалавека рэвалюцыі пісьменнікам-наватарам. Аўтар узняў надзвычай важныя грамадска-палітычныя, сацыяльна-бытавыя, маральна-этычныя праблемы тагачаснага жыцця, прасачыў працэс фарміравання рэвалюцыйнай свядомасці ў рабочым і сялянскім асяроддзі, калі «багатая сокамі цаліна агромнай краіны расціла маладыя пасынкі» (Гартны Ц. Сокі цаліны: У 4 т. Т. 1. Мн., 1957. С. 257.). Агульнапрызнана, што найбольш удалай у мастацкіх адносінах з'яўляецца першая частка рамана «Бацькава воля», пабудаваная на сацыяльна-побытавым матэрыяле. У ёй аўтар намаляваў аб'ектыўную панараму жыцця мястэчка Сілцы, раскрыў сацыяльную дыферэнцыяцыю яго жыхароў, паказаў іх норавы, звычаі, побыт, выявіў псіхалагічнае майстэрства ў стварэнні яркіх запамінальных характараў, апаэтызаваў сялянскую працу, даў цудоўныя пейзажныя замалёўкі. Адчуваецца, што аўтар пісаў аб тым, што добра ведаў і любіў, акрамя таго, ён абапіраўся на традыцыі нацыянальнай прозы ў адлюстраванні вясковага жыцця. У такім жа рэчышчы напісаны лепшыя старонкі другой часткі твора «На перагібе» (аб гэтым сведчаць сцэны касавіцы, жніва, каларытныя малюнкі ўладзін і вяселля Зосі Прыдатнай і Васіля Берага), хоць тут ужо пісьменнік аддае перавагу паказу горада, рабочага асяроддзя -- сферы мала асвоенай тагачаснай беларускай прозай. У «Соках цаліны» адбіўся супярэчлівы погляд пісьменніка на ролю сялянства і пралетарыяту ў грамадскім працэсе. Дз. Бугаёў адзначыў, што Ц. Гартны падзяляў такую «догму марксісцкай ідэалогіі, як недаацэнка сялянства, -- сцверджанні пра яго непаўнацэннасць у параўнанні з рабочымі» (Бугаёў Дз. Дасягнутае і страчанае // Полымя. 1992. № 3. С. 225.). Аб гэтым сведчаць выказванні Рыгора Нязвычнага і іншых герояў твора. Разам з тым, як ужо адзначалася вышэй, у ім прысутнічае паэтызацыя сялянскай працы, паказваецца любоў селяніна да зямлі, яго моцнае жаданне быць на ёй гаспадаром (лейтматыў большасці твораў беларускай літаратуры таго перыяду). Асабліва яскрава раскрываецца гэта ў вобразе Сёмкі, сябра Рыгора Нязвычнага, які, нягледзячы на вялікую павагу да Рыгора, захапленне яго разумовымі і арганізатарскімі здольнасцямі, адхіляе прапанову ехаць у горад, бо бачыць сваё прызначэнне ў працы на зямлі. У працэсе работы над раманам «Сокі цаліны» (з 1914 па 1929 г.) мяняўся погляд пісьменніка на героя, таму што змяняўся і ўзбагачаўся пісьменніцкі вопыт Ц. Гартнага, змяняўся сам час. У заключных раздзелах рамана ён спрабуе ўбачыць і адлюстраваць складанасці жыцця, больш тонка падысці да раскрыцця ўнутранага свету персанажа, пазбегнуць адналінейнасці ў раскрыцці характару. Асабліва гэта адчуваецца ў паказе сферы інтымнага жыцця Рыгора Нязвычнага. У першых частках рамана Нязвычны катэгарычна адмаўляе асабістае жыццё, каханне, лічачы, што гэта перашкаджае рэвалюцыйнай барацьбе. Пазней погляды яго на гэтае пытанне мяняюцца. У заключных раздзелах рамана пісьменнік адкрывае ў сваім героі новую грань характару: Рыгор прыходзіць да думкі, што без кахання, сямейнага жыцця нельга абысціся і рэвалюцыянеру. Такія прызнанні героя робяць яго характар больш жывым, праўдзівым і чалавечным. У дадзеным выпадку эвалюцыя героя была і эвалюцыяй самога пісьменніка, які зрабіў прыкметны крок уперад на шляху пераадолення схематычнага погляду на праблемы суаднесенасці асабістага і грамадскага.
Подобные документы
Паняцце канцэпту ў лінгвістычнай літаратуры з пункту погляду розных навуковых пазіцый. Адзінка шчасце ў лексікаграфічных працах, шчасце з пункту погляду этыкі, філасофіі, псіхалогіі. Вобразна-выяўленчы, патэнцыял канцэпту шчасце ў мове сучаснай паэзіі.
дипломная работа [100,1 K], добавлен 04.03.2010Сімвалічная функцыя міфалагічных персанажаў у паэзіі Янкі Купалы. Асаблівасці стварэння Купалам міфа пра гаротную Беларусь. Адметнасці мадэлявання савецкага міфа пра Беларусь. Сюжэты беларускай міфалогіі і легендарнай гісторыі беларускага народа.
дипломная работа [116,4 K], добавлен 13.06.2016Я. Колас - пісьменнік-настаўнік. Коласавы творы: герой, які вучыцца і вучыць. Мастацкая творчасць Коласа. Сцёпка Барута - тыповы прадстаўнік новага пакалення (аповесць "На прасторах жыцця"). На пакручастых пуцявінах перабудовы жыцця (аповесць "Дрыгва").
реферат [18,4 K], добавлен 27.11.2009Літаратура адзін з асноўных відаў мастацтва, її главні роды і жанры. Сучасная беларуская паэзія: її асноўныя тэндэнцыі развіцця. Мастацкія асаблівасці вершаў А. Хадановіча ў кантэксце існавання сучаснай беларускай паэзіі. Лімерыкі А. Хадановіча.
курсовая работа [57,8 K], добавлен 21.11.2013Даследаванне развiцця беларускай паэзіі з 50-х гадоў XX стагоддзя да сучаснага часу. Уплыў постмадэрнізму на змену скіраванасці і афарбоўкі мастацкага мыслення. Асаблівасці раскрыцця тэм кахання, часу і смерці ў вершах сучасных беларускіх аўтараў.
курсовая работа [26,2 K], добавлен 15.05.2012Апавяданні З. Бядулі як адны з першых у малой прозе 1920-х гг. Вобраз новага героя, рабочага-рэвалюцыянера, актывіста, камуніста малюецца ў апавяданнях. Сюжэтныя рамкі беларускага "сярэдняга" эпасу. Арганічнае зліццё мастацкасці і дакументальнасці.
реферат [34,3 K], добавлен 23.02.2011Творчы шлях П. Панчанкі. Асаблівасць прымянення вобразна-выяўленчых сродкаў мастацкай выразнасці ў творах паэта. Метафара у паэтычнай мове. Эпітэт як адзін з самых распаўсюджаных вобразна-выяўленчых сродкаў. Параўнанне ў кантэксце паэтычных радкоў аўтара.
курсовая работа [35,4 K], добавлен 16.10.2013Гісторыя стварэння аповесці. Асаблівасці сюжэту і вобразаў галоўных герояў. Стылістычныя асаблівасці аповесці. Тэма палону ў яе разнастайных паваротах хвалявала пісьменніка ў твораў пра вайну. Твор як гераічная балада пра цану чалавечай мужнасці.
реферат [27,4 K], добавлен 07.10.2009Агульная характарыстыка царкоўна-палемічнай публіцыстыкі як своеасаблівый від пісьменства. Два этапы у развіцці і працяканні царкоўна-палемічнай публіцыстыкі. Творчасць Мялеція Сматрыцкага, яго першы друкаваны твор, найбольш значны творы автора.
реферат [37,1 K], добавлен 25.02.2011Асаблівасці сінтаксісу у паэзіі Леаніда Дранько-Майсюка. Няпоўныя сказы у паэзіі і іх стылістычная роля. Аднасастаўныя сказы, іх вобразна-выяўленчыя адметнасці. Фігуры паэтычнага сінтаксісу: анадыплозіс, анафара, ампліфікацыя, дыяфара, эпіфара, падваенне.
курсовая работа [41,1 K], добавлен 22.08.2013