Гісторыя Беларусі

Зараджэнне, развіццё старажытнага грамадства. Пачатак фарміравання сучаснага беларускага этнасу. Крызіс феадальных адносін. Беларусь у перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. і грамадзянскай вайны. Беларусь пад час крызісу і распаду СССР (1985–1991 гг.).

Рубрика История и исторические личности
Вид шпаргалка
Язык белорусский
Дата добавления 28.03.2012
Размер файла 211,6 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

З прадстаўнікоў кніжнай асветы старажытнага перыяду беларускай гісторыі трэба адзначыць: у Смаленску - Клімента Смаляціча, у Тураве - Кірылу Тураўскага, у Полацку - князёўну Прадславу-Ефрасінню.

Шырокае развіццё на беларускіх землях атрымала прыкладное мастацтва. Нават звычайныя прадметы з дрэва, косці, гліны, металу ўпрыгожваліся разьбой, інкрустацыяй. Прыкладамі тонкай разьбы па каменю і косці з'яўляюцца шахматныя фігуркі, знойдзеныя ў Гродне і Ваўкавыску.

Для стварэння прадметаў хатняга побыту, зброі, прылад працы і ўпрыгажэнняў выкарыстоўваліся розныя металы: жалеза, бронза, медзь, срэбра, золата. Тэхніка іх апрацоўкі ў XI - XIII стст. дасягнула высокага ўзроўню. У беларускіх гарадах былі распаўсюджаны амаль усе вядомыя ў Еўропе тэхнічныя спосабы апрацоўкі металаў: плаўка, ліццё, коўка, залачэнне дроту, гравіраванне, упрыгожванне металічных вырабаў эмаллю, чарненнем.

Пытанне 9

У ІХ - ХІ стагоддзях пад эгідай каталіцкай царквы ў краінах Заходняй Еўропы ўтварыліся шматлікія воінскія арганізацыі, якія афіцыйна мусілі змагацца з мусульманамі за «вызваленне Труны Божай». Але часта яны дзейнічалі паводле ўласных эканамічных інтарэсаў, адбываўся захоп чужых тэрыторый ва Усходняй Еўропе.

У 1201 годзе каталіцкія манахі пабудавалі ў вусці Дзвіны на полацкіх землях і з дазволу полацкага князя хрысціянскую місію і гандлёвую факторыю, якая атрымала назву Рыга. Аднак ужо ў 1202 годзе рыцары ператварылі Рыгу ў вайсковую крэпасць і арганізавалі тут ордэн мечаносцаў.

У 1203 годзе палачане паспрабавалі ліквідаваць іншыя крыжацкія крэпасці у Прыбалтыцы -- Ікскюльм і Гольм. Але немцы адкупіліся ад палачан золатам. У 1205-1207 годзе гераічную барацьбу з крыжакамі вёў кукенойскі князь Вячка, васал Полацку. Але ён не атрымаў падтрымкі ад палачан і пацярпеў паражэнне, крыжакі захапілі яго княства.

У 1216 годзе плямёны эстаў прапанавалі палачанам аб'яднацца ў барацьбе супраць крыжакоў. Полацкі князь Уладзімір падрыхтаваў моцнае войска, але перад самым паходам князя напаткала нечаканая смерць. Паход не адбыўся і агрэсія немцаў працягвалася.

У 1240 і 1242 гадах шведы і немцы паспрабавалі захапіць Ноўгарад. Момант быў зручны, таму што ўсходнеславянскія княствы змагаліся з мангола-татарамі і не маглі нічым дапамагчы Ноўгараду. На дапамогу суседзям прыйшлі толькі палачане. Аб'яднаныя сілы Ноўгарада і Полацка разграмілі шведаў у 1240 годзе на рацэ Няве. У 1242 годзе крыжакі былі разгромлены на Чудскім возеры. Такім чынам, барацьба ўсходніх славян супраць крыжацкай агрэсіі ў першай палове XІІІ стагоддзя праходзіла з пераменным поспехам. Аднак Полацк страціў Прыбалтыку і выхад да Балтыйскага мора.

Вялікая пагроза для славян сыходзіла таксама ад мангола-татар. У 1223 годзе перадавыя атрады манголаў напалі на славянскія княствы на Поўдні. У бітве на рацэ Калка аб'яднанае войска ўсходнеславянскіх князёў было знішчана манголамі, а самі князі загінулі. У 1237 годзе стотысячная армія хана Батыя разграміла рускія княствы, якія не здолелі аб'яднацца для сумеснай барацьбы. У 1240 годзе мангола-татары разграмілі Кіеў. З гэтага моманту ўсе землі былой Кіеўскай дзяржавы, акрамя Полацка, трапілі над мангольскае панаванне.

Адзіным фарпостам незалежнасці ўсходніх славян з'яўлялася тэрыторыя Беларусі. Татара-манголы паспрабавалі захапіць і гэтыя землі, спалілі Гомель, Мазыр і Тураў, знішчылі Брэст, але былі разгромлены ў 40-50-х гадах XІІІ стагоддзя.

Пытанне 10

У першай палове XIII ст. ствараецца цэнтралізаваная раннефеадальная Літоўская дзяржава з моцнай велікакняжацкай уладай. Яе ўзнікненне звязана з імем вядомага князя Міндоўга. Шляхам крывавай барацьбы яму ўдалося аб'яднаць большасць літоўскіх княстваў.

Адносіны заходнерускіх княстваў са сваімі літоўскімі суседзямі былі складанымі. У XII - XIII стст. землі літоўскіх плямён былі аб'ектам заваявання славянскіх князёў. У сваю чаргу літоўцы і самі хадзілі на землі ўсходніх славян. Гэта было адной з крыніц накаплення багаццяў новага класа літоўскіх феадалаў. Літоўцы за перыяд з 1200 па 1268 г. нападалі на Русь 35 разоў.

З'яўленне ў Прыбалтыцы крыжакоў падштурхнула літоўцаў і старажытнабеларускія княствы да аб'яднання. Крыніцы сведчаць аб многіх іх сумесных паходах супраць нямецкіх ордэнаў, што ўмацавала сувязі двух народаў.

Працэс фарміравання ВКЛ працягваўся больш за стагоддзе -- з другой чвэрці XIII па трэцюю чвэрць XIV ст. Аб'яднанне праходзіла рознымі шляхамі. У адных выпадках тэрыторыі далучаліся пры дапамозе ваеннай сілы, у другіх -- шляхам дынастычных шлюбаў, у трэціх -- на аснове пагадненняў паміж літоўскімі і ўсходнеславянскімі князямі. У аб'яднанні літоўскага і старажытнабеларускага народаў у адзіную дзяржаву адыграў ролю ўзаемны палітычны інтарэс. Поспеху спрыяла і тое, што літоўскія князі давалі абяцанне "не рухаць старыны" і не "ўводзіць навіны" на ўсходнеславянскіх землях. Больш таго, яны актыўна запазычвалі эканамічныя, палітычныя, прававыя, рэлігійныя традыцыі славянскага насельніцтва.

Першымі ў Вялікае княства Літоўскае трапляюць землі Верхняга Панямоння, Чорная Русь, ці Наваградчына, што ўваходзіла ў склад Галіцка-Валынскага княства. Міндоўг даволі лёгка пранік на тэрыторыю Панямоння і далей на поўдзень да самага Кіева. У 1219 г. быў заключэны ваенны саюз Літвы і Наваградчыны, які быў абумоўлены пагрозай з боку крыжакоў. У 1237 г. літоўскія войскі таксама выступілі разам з дружынамі Чорнай Русі супраць крыжакоў. У 1245 г. Літва Міндоўга дапамагае валынскім князям па іх просьбе ў час бітвы пад Яраславам.

У хуткім часе Міндоўг пачаў наступленне на правы і ўласнасць буйных літоўскіх феадалаў. Гэта абвастрыла палітычную барацьбу на літоўскіх землях. Пасля захопу маёмасці і зямель сваіх пляменнікаў Таўцівіла, Едзівіла і іх дзядзькі князя Вікінта Міндоўг зрабіўся поўным гаспадаром у Літве.

Галіцка-валынскія князі, баючыся ўзмацнення Міндоўга, уступаюць у кааліцыю з Таўцівілам, Едзівілам і Вікінтам. Акрамя іх у кааліцыю ўваходзяць Яцвягі, частка Жэмайціі, а таксама Рыга. У 1249 г. пачалася феадальная вайна, у час якой землі Чорнай Русі сталі арэнай баявых дзеянняў. У выніку працяглай вайны Міндоўг умацаваўся на Навагрудчыне. Наваградак стаў сталіцай яго дзяржавы.

Згодна з паведамленнем Густынскага летапісу, у 1246 г. Міндоўг прыняў праваслаўную веру. Але неўзабаве ён завязаў кантакты з Рымам у надзеі спыніць ціск крыжакоў і прыняў каталіцтва. Папы рымскі дараваў яму за гэта каралеўскую карону. Каранацыя Міндоўга адбылася ў Навагрудку каля 1252 ці 1253 г. Аднак, калі саюз з Рымам не апраўдаў разліку літоўскага караля, ён у 1261 г. адмовіўся ад хрысціянства, пасля чаго яго ўладу прызнала язычніцкая Жмуддзь.

Пасля смерці Міндоўга ў 1263 г. у час паходу на Бранск у княстве пачалася дынастычная смута. Аднак сын Міндоўга Войшалк з падтрымкай новагародцаў і пінянаў стабілізаваў сітуацыю ў краіне. У 1267 г. Войшалк быў забіты.

На пачатку 50-х гадоў XIII стагоддзя ў гарадах Полацкай зямлі княжылі родныя Міндоўга: у Полацку -- Таўцівіл, у Друцку -- Едзівіл, у Віцебску --Вікінт. Пасля смерці Таўцівіла ў Полацку апынуліся таксама стаўленікі літоўскіх князёў: спачатку князь Канстанцін, пасаджаны сапернікам Таўцівіла Транятам, потым Ізяслаў. У канцы 1263 г. у Полацку з'яўляецца літоўскі князь Гердэнь. Гердэнь трымаўся ў Полацку да 1267 г. Потым пэўны час на полацкім і віцебскім прастолах сядзелі славянскія князі. Аднак у канцы XIII ст. у Полацку зноў з'явіўся літоўскі князь, імя якога невядома. Ён прыняў каталіцтва і, не маючы нашчадкаў, завяшчаў княства Рыжскаму архіепіскапу.

Палачане звярнуліся ў Літву за дапамогай. Вялікі князь літоўскі Віцень у 1307 годзе заняў горад. Паміж 1307 і 1309 гадамі ён, каб легалізаваць свае правы на Полацкае княства, выкупіў яго землі ў ордэна, аб чым сведчыць дакумент, падпісаны 19 чэрвеня 1310 г. у Авіньёне. Полацкая зямля канчаткова апынулася ў складзе ВКЛ.

Мінскае княства было часткай Полацкай зямлі. Абставіны і дакладны час яго падпарадкавання літоўскім князям невядомы. Гэта адбылося паміж другой паловай XIII ст. і першай чвэрцю XIV ст.

Гісторыя Віцебскай зямлі цесна звязана з Полацкім княствам. У 50-х гадах XIII ст. на віцебскім прастоле сядзеў князь Ізяслаў, які залежаў ад Войшалка. З 1263 г. Віцебск, як і Полацк, быў падпарадкаваны літоўскаму князю Гердэню. Пасля забойства Гердэня ў 80-х гадах ХШ ст. Віцебск залежаў ад Смаленска. На пачатку XIV ст. у Віцебску княжыў Яраслаў Васільевіч з роду смаленскіх князёў. У 1318 г. ён выдаў сваю дачку Марыю за літоўскага князя Альгерда Гедымінавіча, які праз два гады пасля смерці Яраслава стаў віцебскім князем. 3 гэтага часу Віцебскае княства засталося ў складзе ВКЛ.

На Смаленскай зямлі літоўцы эпізадычна з'яўляліся крыху раней, чым у Полацкай і Віцебскай землях. У Смаленску, паводле звестак Васкрасенскага летапісу, ужо ў 1239 г. на прастоле сядзеў літоўскі князь. Аднак у хуткім часе ён быў выгнаны ўладзіміра-суздальскім князем Яраславам Усеваладавічам. Канчаткова Смаленская зямля была далучана да Вялікага княства ўжо пры Вітаўце.

У пачатку XIV ст. да Вялікага княства Літоўскага было далучана і Турава-Пінскае Палессе. Паводле летапісных звестак, Гедымін (час княжання 1316 -- 1341) пасадзіў у Пінску, сталіцы Турава-Пінскай зямлі, свайго сына Нарымунта-Глеба. У іншых гарадах яшчэ нейкі час сустракаліся славянскія князі, але вядома, што яны ўжо знаходзіліся пад вярхоўнай уладай вялікага князя літоўскага. З умацаваннем у Пінску Нарымунта паступова амаль усё Палессе перайшло пад уладу Літвы.

Асаблівых поспехаў аб'яднальны працэс дасягнуў пры вялікім князі Гедыміне, які, як сцвярджаюць крыніцы, здолеў заваяваць давер далучаных зямель "разумным кіраваннем". Ён абяцаў "не рухаць старыны" і не "ўводзіць навіны" на славянскіх землях. Шмат хто з літоўскіх князёў прыняў праваслаўе. Гедымін, хоць сам і заставаўся язычнікам, меў праваслаўных жонак Вольгу і Еву, а таксама не пярэчыў прымаць хрышчэнне сваім дзецям. Аднаго з сыноў, Альгерда, Гедымін ажаніў на Марыі Яраслаўне, дачцэ віцебскага князя, у якога не было нашчадкаў. Пасля яго смерці, у 1320 г., Альгерд атрымаў у спадчыну Віцебскі надзел. Другога сына, Любарта, ён ажаніў на дачцэ апошняга валынскага князя Льва Юр'евіча, пасля смерці якога Валынь дасталася Любарту (1325). Дачку Аўгусту ён выдаў за сына маскоўскага князя Івана Каліты; Марыю -- за яго саперніка, цвярскога князя Дзмітрыя Міхайлавіча; Альдону -- за Казіміра, сына польскага караля Уладзіслава Лакеткі; чацвёртую дачку -- за мазавецкага князя Баляслава Трайдэнавіча. Пры Гедыміне сталіца ВКЛ была перанесена з Навагрудка ў Вільню.

Поспеху аб'яднання спрыяла і тое, што ў першыя часы розныя пласты насельніцтва далучаных зямель практычна не прыніжаліся ў правах. 3 імі заключаліся дагаворы, ахоўваліся іх правы і прывілеі. Напачатку літоўскія князі не праводзілі ломкі форм уласнасці, не рабілі значнага пераразмеркавання маёмасці на карысць літоўскіх князёў, не змянялі спосабаў прыгнёту сялян.

Гедымінам была запазычана ўсходнеславянская мадэль дзяржаўнага кіравання. У літоўскіх Віленскім і Трокскім княствах з'явіліся гараднічыя, цівуны, ключнікі, баяры, смерды, як на славянскіх землях. Славянскі ўплыў адлюстраваўся і на характары вайсковай справы. Неўпарадкаваныя літоўскія апалчэнні змяняліся палкамі (шыхтамі), якія маглі пераносіць працяглыя паходы і былі добра ўзброены, у тым ліку і сценабітнымі машынамі. Старабеларуская мова стала мовай дзяржаўнай. Літоўцы не мелі сваёй уласнай пісьменнасці. Некаторыя літоўскія князі размаўлялі толькі на старабеларускай мове.

Распаўсюджанне ўлады літоўскіх князёў на землі Заходняй Русі не знаходзіла энергічнага адпору і не ўспрымалася як агрэсія. Імкненне літоўскіх князёў пашыраць свае ўладанні адпавядала неабходнасці цэнтралізацыі ўсходнеславянскіх зямель. Вялікае княства Літоўскае было поліэтнічнай дзяржавай. Паводле дадзеных Г. Лаўмянскага, у 1528 г. колькасць насельніцтва Літвы і Беларусі складала больш за 2 млн. чалавек, насельніцтва ўсяго ВКЛ -- болып за 2,5 млн, у 1569 г. -- адпаведна 2,5 і 3,5 млн чалавек. Літоўскае насельніцтва складала толькі каля 20%, славянскае -- амаль 80% усяго насельніцтва Вялікага княства Літоўскага. Можна зрабіць вывад аб тым, што ВКЛ з'яўлялася літоўска-беларускай дзяржавай.

Гедымін завяшчаў велікакняжацкую ўладу сярэдняму сыну Еўнуту. Але браты адмовіліся падпарадкавацца яго ўладзе, што адразу скарысталі суседзі: польскі кароль заявіў прэтэнзіі на Валынь, а на паўночным захадзе два нямецкія ордэны рыхтаваліся да паходу на Літву. Еўнут быў звергнуты Альгердам і Кейстутам. На велікакняжацкі прастол быў узведзены Альгерд, які паабяцаў дзяліць з Кейстутам пароўну ўладу. Тэрыторыя дзяржавы была падзелена на дзве вялікія часткі: уся ўсходняя была пад уладай Альгерда, заходняя належала Кейстуту.

Саюз двух князёў аказаўся моцным дзякуючы іх асабістым якасцям і сяброўству. Альгерд (1345-1377) і Кейстут (?-1382) добра дапаўнялі адзін аднаго. Альгерд вызначаўся палітычнай прадбачлівасцю і дзейсным характарам. Ён быў жанаты на славянскай князёўне, засвоіў старабеларускую мову і спавядаў праваслаўе. Праваслаўе прынялі і многія літоўскія баяры.

Кейстут заставаўся язычнікам і быў вельмі папулярны сярод літоўцаў. Ён вылучаўся добразычлівым характарам і вялікай адвагай. Браты шмат зрабілі для ўмацавання дзяржавы. Яны атрымалі дзве перамогі над Тэўтонскім ордэнам у 1348 і 1370 гадах. У 1363 годзе ля Сініх Вод былі разбіты татары.

З другой паловы XIV ст. узрастае роля буйных зямельных уласнікаў літоўскага паходжання ў палітычным жыцці дзяржавы. Гэта супярэчыла інтарэсам і імкненням беларускіх, украінскіх і рускіх феадалаў і закладвала асновы новага палітычнага канфлікту. Пачалася барацьба за эканамічныя прывілеі і палітычныя правы, а галоўнае -- барацьба супраць палітычнай цэнтралізацыі ВКЛ.

Пытанне 11

Палітычны крызіс узнік у 1377 г. пасля смерці Альгерда. У 1377 г. Ягайла спрабуе пазбавіць Андрэя Полацкага ўдзелу. Андрэй уцякае ў Пскоў, дзе яго абіраюць князем. Андрэй Полацкі ўступае ў саюз з вялікім князем маскоўскім Дзмітрыем Данскім. Яго саюзнікамі сталі таксама смаленскі князь, Вялікі Ноўгарад і Лівонскі ордэн. Андрэй Альгердавіч пагражаў Літве вайной. Да таго ж у Ягайлы сапсаваліся адносіны з дзядзькам Кейстутам. У 1381 г., выкарыстаўшы барацьбу Ягайлы за Полацк, Кейстут захапіў вярхоўную ўладу ў дзяржаве.

Праз год узяты ў палон Ягайлам у Крэўскім замку Кейстут быў задушаны. Ягайла, каб утрымацца на велікакняжацкім прастоле, паспрабаваў абаперціся на свайго брата -- Скіргайлу. Апошняму былі падараваны Полацкая і Трокская землі. Але палачане не пагадзіліся з такім рашэннем. У 1381 г. яны паднялі паўстанне, якое доўжылася некалькі месяцаў. Як сведчаць крыніцы, жыхары Полацкай зямлі выганяюць Скіргайлу, заяўляючы, што не хочуць мець сваім князем язычніка.

У 1381 г. у Полацк вярнуўся князь Андрэй Альгердавіч. Пасля разгрому Дзмітрыем Данскім татар у 1380 г. на Куліковым полі, у якім браў удзел Андрэй Альгердавіч Полацкі, узрастае уплыў Масквы. Пачаліся перамовы аб шлюбе Ягайлы з дачкой Дзмітрыя Данскога. Праект пагаднення прадугледжваў прыняцце Літвой праваслаўнай веры. Але Ягайлу прапаноўвалі правы васала Дзмітрыя. Літоўскія князі і баяры палічылі такі саюз небяспечным для сябе і адхілілі яго.

Ягайла не змог адолець палітычны крызіс сваімі сіламі. Саюз з Масквой не адбыўся. Тады ён робіць стаўку на Польшчу. Літоўска-польскаму збліжэнню спрыяла агульная знешняя небяспека -- агрэсія Тэўтонскага ордэна. Польскія феадалы пры дапамозе саюзу з ВКЛ хацелі атрымаць Валынь, Падолію і Галіцкую Русь.

У 1382 г. польскі кароль, які не меў нашчадка, памёр. Пасля двухгадовых спрэчак польскія феадалы абвясцілі каралевай яго малодшую дачку Ядвігу. Яны спадзяваліся, што яе мужам будзе вялікі князь літоўскі Ягайла, які пасля шлюбу стане і каралём польскім. У 1385 г. у Крэве былі выпрацаваны ўмовы дзяржаўна-прававога аб'яднання Літвы і Польшчы. На іх падставе 14 жніўня 1385 г. было падпісана пагадненне з Полыпчай, вядомае пад назвай Крэўскай уніі. 3 боку Літвы унію падпісалі Ягайла і яго браты Скіргайла, Карыбут, Лінгвен, Вітаўт. Яны паабяцалі назаўсёды далучыць свае землі, літоўскія і славянскія, да Кароны Польскай. Ягайла абавязаўся прыняць каталіцтва разам з братамі і ўсімі сваімі падданымі.

У 1386 г. на Люблінскім сейме Ягайла быў абраны польскім каралём. У тым жа годзе ў Кракаве ён прыняў каталіцтва і атрымаў імя Уладзіслаў, быў павенчаны з польскай каралевай Ядвігай, затым каранаваны.

Умовы уніі 1385 г. не задавальнялі ні літоўскіх, ні беларускіх феадалаў. Самастойнае існаванне княства перапынялася, яно злівалася з Польшчай у адзіны палітычны арганізм.

20 лютага 1387 г. Ягайла выдаў грамату, у адпаведнасці з якой літоўскім феадалам дараваліся вялікія маёмасныя прывілеі і асабістыя правы пры ўмове прыняцця каталіцтва. На праваслаўных гэтыя прывілеі не распаўсюджваліся. Другой граматай ад 22 лютага 1387 г. была абумоўлена магчымасць заключэння шлюбаў паміж католікамі і праваслаўнымі толькі ў выпадку пераходу апошніх у каталіцтва. Уладанні каталіцкай царквы вызваляліся гэтай граматай ад усіх падаткаў і павіннасцей. Гэта спрыяла ўмацаванню становішча літоўскіх феадалаў-католікаў у палітычным жыцці дзяржавы.

Супраць каталіцкай экспансіі і польска-літоўскай уніі ўзнік палітычны рух. Яго цэнтрам стаў Полацк. Полацкі князь Андрэй Альгердавіч адмовіўся ад прынясення прысягі на вернасць каралю Ягайлу разам са смаленскім князем Святаславам Іванавічам. У лютым 1386 г. Андрэй заключыў саюз з лівонскімі рыцарамі і пачаў ваенныя дзеянні. Ім былі заняты гарады і замкі Дрыса, Друя, Лукомль. Святаслаў Смаленскі аблажыў Мсціслаў, Віцебск і Оршу. У той жа час у межы ВКЛ уварваліся лівонскія крыжакі і дайшлі да Вільні і Ашмян. Каралеўскае войска на чале з князем Скіргайлам рушыла пад Мсціслаў, дзе 29 красавіка 1386 г. адбылася бітва з войскам Святаслава Іванавіча, у якой пацярпелі паражэнне смаляне. Князь Святаслаў і яго брат Іван загінулі. У Смаленску быў пасаджаны князем сын Святаслава Юрый, якога прымусілі прынесці прысягу на вернасць каралю Ягайлу і яго брату Скіргайлу.

У сакавіку 1387 г. пачаўся вялікі паход Скіргайлы на Полацк. Горад быў узяты. Полацкі князь Андрэй Альгердавіч трапіў у палон. Граматай ад 28 красавіка 1387 г. Ягайла перадаў Полацкую і іншыя беларускія зямлі Скіргайлу. Так скончыўся першы этап супраціўлення беларускіх феадалаў уніі з Польшчай.

На другім этапе рух узначаліў князь Вітаўт, сын Кейстута Гедымінавіча. Барацьба Вітаўта з Ягайлам працягвалася з 1389 па 1392 г. і была накіравана на адстойванне дзяржаўнага суверэнітэту ВКЛ.

Вітаўт абапіраўся на літоўска-беларускае баярства. Галоўнай сілай Ягайлы было польскае войска. Барацьба вялася з пераменным поспехам і скончылася заключэннем пагаднення 5 жніўня 1392 г. у маёнтку Вострава каля г. Ліды. Востраўскае пагадненне аб падзеле ўлады паміж Ягайлам і Вітаўтам карэкціравала Крэўскую унію. ВКЛ было гарантавана суверэнітэт, але ў саюзе з Польшчай і пад верхаўладзем польскага караля. Вітаўт быў прызнаны вялікім князем літоўскім.

Каб умацаваць ВКЛ, Вітаўт вырашыў сілай зброі ліквідаваць сістэму спадчыннага надзельнага княжання. Інстытут княжання быў заменены інстытутам намесніцтва. Намеснікамі ў беларускія княствы прызначаліся прадстаўнікі цэнтральнай улады, пераважна літоўскага паходжання. Але ж поўнай цэнтралізацыі Вітаўту дасягнуць не ўдалося. Некаторыя надзельныя княствы атрымалі абласныя прывілеі.

Перамога ў Грунвальдскай бітве 1410 г., дзе войскі ВКЛ адыгралі вызначальную ролю, узняла палітычны прэстыж дзяржавы. Выкарыстоўваючы гэтыя поспехі, Вітаўт робіць спробы перапыніць васальныя адносіны з Каронай Польскай.

Паміж Ягайлам і Вітаўтам пачаліся новыя перамовы, якія скончыліся падпісаннем у 1413 г. Гарадзельскай уніі. Гарадзельская унія ў адрозненне ад Востраўскага пагаднення юрыдычна аформіла палітычную самастойнасць ВКЛ, але ўсё роўна пад уладай польскага караля. Гарадзельскай граматай, выдадзенай Ягайлам і Вітаўтам, былі дараваны правы той частцы феадалаў, што прыняла каталіцтва і польскія гербы. У выніку польскія гербы прынялі 47 родаў літоўскага баярства. Так утварылася ядро шляхецкага саслоўя, на якое Вітаў збіраўся абапірацца для скасавання сістэмы спадчыннага надзельнага княжання. Было дэкларавана выключнае права літоўскіх феадалаў-католікаў займаць вышэйшыя пасады.

Імкненне літоўскіх феадалаў да далейшага ўзмацнення сваіх пазіцый вылілася ў ідэю стварэння літоўскага каралеўства. Але яна не здзейснілася: гэтаму перашкодзіла супрацьдзеянне кіруючых колаў Польшчы і смерць Вітаўта.

Пасля смерці Вітаўта ў 1430 годзе вялікім князем літоўскім стаў малодшы брат Ягайлы -- северскі князь Свідрыгайла Альгердавіч. Яго палітыка была скіравана на замацаванне лініі на дзяржаўную самастойнасць ВКЛ. Свідрыгайла спрабаваў схіліць на свой бок праваслаўных феадалаў. Застаючыся католікам, ён пачаў дапускаць да дзяржаўнага кіравання буйных праваслаўных землеўладальнікаў.

Узрастанне пры Свідрыгайле палітычнай ролі беларускіх феадалаў выклікала незадаволенасць літоўскай арыстакратыі. Пры дапамозе Польшчы была арганізавана змова супраць вялікага князя. Свідрыгайлу ўдалося збегчы ў Полацк, дзе ён знайшоў падтрымку з боку мясцовых князёў і баяр. А вялікім князем літоўскім быў абвешчаны брат Вітаўта -- Жыгімонт Кейстутавіч (1432).

Жыгімонт граматай ад 15 кастрычніка 1432 г. ухваліў унію з Польшчай, раней скасаваную Свідрыгайлам. У ВКЛ склалася сітуацыя, калі дзяржава аказалася падзеленай на дзве часткі, кожная з якіх мела свайго вялікага князя. На баку Жыгімонта былі ўсе літоўскія землі (Вільня, Коўна, Трокі, Жэмайція, а таксама Гародня). На баку Свідрыгайлы -- Полацкая, Віцебская, Смаленская, Северская, Кіеўская зямлі, частка Валыні і Усходняй Падоліі.

Супрацьстаянне бакоў прывяло да грамадзянскай вайны (1432 -- 1436). Вялася яна з пераменным поспехам. У 1432 г., каб аслабіць рух на чале са Свідрыгайлам, ад імя Ягайлы быў выдадзены прывілей, што пацвярджаў папярэднія і дараваў новыя правы феадалам-католікам. Але разам з тым ён пашыраў на рускіх князёў і шляхту рускую ўсе "наданні, свабоды, прывілеі і выгады". 6 мая 1434 г. аналагічны прывілей быў падараваны і Жыгімонтам Кейстутавічам. Разам з маёмаснымі правамі праваслаўныя князі і баяры атрымалі правы карыстання гербамі і знакамі шляхецтва. У 1447 г. былі практычна ўраўнаваны іх эканамічныя і асабістыя правы з феадаламі-католікамі, хаця дыскрымінацыя пры назначэнні на дзяржаўныя пасады і палітычная няроўнасць працягвала існаваць.

Значная частка праваслаўных феадалаў усё адышла ад Свідрыгайлы. Аднак феадальная вайна не вырашыла, а толькі часткова аслабіла існаваўшыя ў ВКЛ палітычныя супярэчнасці. Свідрыгайла ў выніку гэтай барацьбы пацярпеў паражэнне. Жыгімонт, каб умацаваць свае пазіцыі, меў намер увесці каталіцтва ва ўсёй дзяржаве. 3 гэтым былі не згодны патрыёты ВКЛ. Яны падрыхтавалі тайную змову, галоўнымі дзеючымі асобамі ў якой былі князі Іван і Аляксандр Чартарыйскія, віленскі ваявода Доўгірд і трокскі ваявода Лялуша. Жыгімонт быў забіты ў 1440 г. у яго замку ў Вільні.

Пасля смерці Жыгімонта палякі імкнуліся мацней падпарадкаваць ВКЛ. Замест пасады вялікага князя літоўскага яны хацелі ўвесці каралеўскае намесніцтва на чале з 13-гадйвым Казімірам Ягайлавічам, малодшым братам польскага караля Уладзіслава IV. Але калі Казімір прыехаў у Вільню ў суправаджэнні вялікай світы палякаў, літоўскія патрыёты напаілі і ноччу ў кафедральным саборы ўсклалі на каралевіча Казіміра шапку Гедыміна і абвясцілі яго вялікім князем літоўскім. Палякі былі пастаўлены перад учыненым фактам.

Пытанне 12

Вялікае княства Літоўскае ў XIV ст. уяўляла сабой кангламерат паасобных уладанняў. Нашчадкі ўсходнеславянскіх князёў дынастыі Рурыкавічаў прадаўжалі кіраваць Лукомскім, Друцкім, Вяземскім, Адаеўскім, Варатынскім княствамі. Аднак паступова усходнеславянская знаць губляла ўладу. Гэта было выклікана шэрагам прычын: палітычнай барацьбой у ВКЛ пасля смерці Гедыміна, тэндэнцыямі цэнтралізацыі дзяржавы, спробамі ўмацаваць пануючае становішча літоўскіх феадалаў. Гедымін раздаваў сынам далучаныя землі на правах удзельнага княжання. Пасля яго смерці ВКЛ было падзелена на 8 удзелаў. Сем з іх кіравалі сыны Гедыміна: Манівід, Нарымунт, Карыят, Альгерд, Кейстут, Любарт і Еўнут. Восьмы, полацкі надзел, быў аддадзены пляменніку Гедыміна -- Любку.

Унукі і праўнукі Гедыміна таксама працягвалі валадарыць на ўсходнеславянскіх землях. Сыны Альгерда атрымалі: Андрэй -- Полацкае княства, Дзмітрый -- Бранскае, Канстанцін -- Чарнігаўскае, Уладзімір -- Кіеўскае. На Валыні працягваў правіць брат Кейстута Любарт-Дзмітрый Гедымінавіч. У княствах Пінскім і Свіслацкім правілі Нарымунтавічы, а ў Заслаўі -- сыны і ўнукі Еўнута. Свідрыгайла, сын Альгерда, атрымаў дараванай граматай 1387 г. ад свайго брата Ягайлы: Менск, Полацк з усімі валасцямі, воласці Свіслач, Бабруйск, Рэчыцу, Прапойск, Любашаны, Ігумен, Лагойск. Вялікія ўладанні атрымаў у 1384 г. у Гародненскай і Берасцейскай землях сын Кейстута Гедымінавіча Вітаўт яшчэ да таго, як стаў вялікім князем.

Некаторыя літоўскія князі і баяры зрабіліся з цягам часу буйнымі беларускімі землеўладальнікамі (напрыклад, Радзівілы, Кежгайлы, Гаштольды, Насуты, Сангушкі). Значныя ўладанні ў канцы XIV -- XV стст. атрымала каталіцкая царква. Пашыраліся і ўладанні усходнеславянскіх феадалаў, якія праявілі вернасць уладарнай літоўскай дынастыі (Сапегі, Ільінічы, Валовічы, Тышкевічы, Астрожскія, Хадкевічы.

Насаджэнне літоўскага землеўладання мела на мэце пашырыць сацыяльную базу велікакняжацкай улады. Але павелічэнне прыватных уладанняў мела для цэнтральнай улады і пабочныя вынікі. Узвышэнне эканамічнай ролі буйнога літоўскага баярства вяло да росту яго палітычнай ролі, што, у сваю чаргу, замацоўвала федэратыўныя тэндэнцыі ў структуры дзяржавы.

Барацьба цэнтралісцкіх і федэратыўных пачаткаў праходзіла праз усё ўнутрыпалітычнае жыццё ВКЛ у XIV -- XVI стст. Вынікам гэтай барацьбы былі палітычныя крызісы, што пагражалі распадам ВКЛ.

Пытанне 13

У феадальную эпоху галоўным сродкам вытворчасці і галоўным багаццем краіны была зямля. Манапольнае права ўласнасці на зямлю належала класу феадалаў. Асноўным прадукцыйным класам, які працаваў на зямлі і выдаваў прадукцыю, было сялянства. Першапачаткова вялікі князь літоўскі лічыўся вярхоўным уласнікам усёй зямлі. З канца XIV ст. побач з велікакняжацкай стала прызнавацца і прыватная ўласнасць на зямлю: княжацкая, баярская, царкоўная. Прыватныя ўладанні раслі на вольных землях, а таксама за кошт княжацкага дамена, які адпаведна скарачаўся. Паколькі вялікі князь літоўскі не зрабіўся спадчынным манархам, таму і гаспадарскія маёнткі набылі характар дзяржаўных, яны абслугоўвалі патрэбы не толькі велікакняжацкага двара, але і ўсёй дзяржавы. Паступова ўся зямля ў ВКЛ падзялілася на катэгорыі ў залежнасці ад таго ці іншага ўладальніка: дзяржаўную (гаспадарскую), прыватнаўласніцкую і царкоўную. Сяляне, якія жылі на гэтых землях, адпаведна называліся дзяржаўнымі, прыватнымі, царкоўнымі. Разам з тым сяляне падзяляліся на катэгорыі ў адпаведнасці са сваім маёмасным і падатным становішчам, а таксама ў залежнасці ад той ступені асабістай свабоды, якой яны карысталіся. На ўсіх прыватнаўласніцкіх землях катэгорыі сялянскага насельніцтва былі прыблізна аднолькавыя.

Поўнай уласнасцю феадалаў была чэлядзь нявольная. Асноўную частку сялянскага насельніцтва складалі цяглыя сяляне ўсіх найменняў.

У сувязі з ростам гарадоў у канцы XV -- першай палове XVI ст. значна вырас попыт на збожжа і іншыя сельскагаспадарчыя прадукты як у самой краіне, так і ў Заходняй Еўропе, дзе ў той час пачаў развівацца капіталізм. Феадалы імкнуліся атрымаць прыбыткі і таму пашыралі пашні, павялічвалі пасевы ў фальварках (гаспадарскіх запашках) з мэтай паставак сельскагаспадарчай прадукцыі на ўнут-раны і знешні рынак.

Велікакняжацкі двор таксама стаяў перад праблемай павелічэння прыбытковасці. Частыя войны паставілі вялікага князя літоўскага ў залежнасць ад феадалаў, якім ён вымушаны быў раздаваць землі, каб захаваць у іх асобе сацыяльную апору. Гэта прывяло да моцнага скарачэння велікакняжацкага дамена. Таму, каб павысіць прыбытковасць маёнткаў, Жыгімонт II Аўгуст у 1557 г. абвясціў аб правядзенні ў дзяржаўных землях рэформы, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай "валочная памера". Уся зямля падзялялася на роўныя надзелы, валокі, памерам 21,3 га кожны. Лепшыя ўрадлівыя землі забіраліся пад княжацкія фальваркі, у якіх сяляне адбывалі паншчыну. Кожная сялянская гаспадарка замацоўвалася за часткай валокі. Селянін губляў права пераходу да іншага гаспадара і станавіўся прыгонным. 3 валокі вызначалася і кола розных павіннасцей. Яны былі розныя для цяглых і асадных сялян. Так, цяглыя сяляне павінны былі за кожную валоку працаваць па два дні на тыдзень у фальварку, а таксама плаціць натуральны аброк аўсом, сенам, свойскай птушкай, уносіць невялікі грашовы чынш і выконваць працоўную павіннасць у княжацкіх замках. Асадныя (чыншавыя) сяляне павінны былі плаціць чынш ад 66 да 106 грошаў у год. Пасля дзяржаўных маёнткаў валочная памера была праведзена і ў маёнтках феадалаў. К канцу XVI ст. яна ўжо скончылася ў заходніх і цэнтральных абласцях Беларусі, некалькі пазней -- ва ўсходніх і паўднёвых.

Рэформа была першым буйным умяшаннем дзяржаўнай улады ў працэс землеўладкавання ў Вялікім княстве Літоўскім. Яна азначала новую ступень у развіцці феадальных адносін, паколькі спрыяла ма-аваму запрыгоньванню сялян. Валочная памера уніфікавала павіннасны прыгнёт. Цяпер па ўсёй краіне, ва ўсіх відах маёнткаў у сялян адной катэгорыі павіннасці былі аднолькавыя і вызначаліся колькасцю валок, якія знаходзіліся ў іх карыстанні. Уніфікацыя павіннаснага прыгнёту падарвала эканамічную аснову ўцёкаў сялян ад сваіх гаспадароў у пошуках лепшага жыцця. Цяпер уся зямля, маёмасць сялян і самі сяляне сталі ўласнасцю феадала ці дзяржавы ў залежнасці ад таго, на чыёй зямлі яны сядзелі. Прынятыя ў хуткім часе статуты 1566 і 1588 гг. устанавілі спачатку 10-, а потым 20-гадовы тэрмін вышуку беглых сялян і вяртання іх гаспадарам. Гэта азначала канчатковае юрыдычнае афармленне прыгоннага права на Беларусі і ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім. Сялян стала можна прадаваць, мяняць, аддаваць у якасці закладу як усю сям'ю, так і асобных яе членаў. Гэта была найболып жорсткая форма прыгоннага права, якая праіснавала амаль трыста гадоў.

У выніку валочнай памеры прыбыткі феадалаў ад маёнткаў значна выраслі. Шчодрыя княжацкія дараванні; а таксама захоп феадаламі часткі сялянскай зямлі паскорылі яе канцэнтрацыю ў адных руках, прывялі да стварэння буйнейшых магнацкіх уладанняў -- латыфун-дый, што мелі па тысячы і больш сялянскіх двароў. Звыш 40 % усяго зямельнага фонду аказалася ў выніку рэформы ў руках феада-лаў. Сярод іх болыпасць склалі католікі літоўскага паходжання.

У заходняй і цэнтральнай Беларусі ажыццяўленне рэформы прывяло да замены абшчыннага землекарыстання падворным.

У XIV - XVI стст. адбываецца значны рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Гарады былі цэнтрамі рамяства і гандлю. Найбольш буйнымі гарадамі на тэрыторыі Беларусі ў гэты час з'яўляліся Полацк, Магілёў, Віцебск, Мінск, Брэст, Гародня, Слуцк, Новагародак. Раслі і паселішчы гарадскога тыпу -- мястэчкі. Гарады і мястэчкі ўзнікалі як на дзяржаўных, так і на прыватнаўласніцкіх землях. Мястэчкі ў асноўным належалі феадалам. Каля 40 % усіх гарадоў таксама былі прыватнаўласнымі. Гарады, што належалі феадалам, былі адміністрацыйнымі, гаспадарчымі і культурнымі цэнтрамі іх зямель. Жыхары гэтых гарадоў неслі феадальныя павіннасці на карысць свайго гаспадара.

З ростам гарадоў гараджане імкнуліся пазбавіцца ад феадальнай залежнасці і атрымаць свабоду, а таксама права на самакіраванне. Феадальная залежнасць перашкаджала развіваць гарадскія промыслы і гандаль. Таму з канца XIV ст. літоўскія князі сталі дараваць гарадам права на самакіраванне, названае магдэбургскім на прыкладзе таго права, якім валодаў г. Магдэбург. Паводле магдэбургскага права, насельніцтва вызвалялася ад выканання адработачных (паншчынных) павіннасцей на карысць феадала. Яны замяняліся адзіным грашовым падаткам. Да другой паловы XVI ст. магдэбургскае права атрымалі амаль усе буйнейшыя гарады Беларусі. Мінску яно было даравана ў 1499 г. . Што ж сабой уяўляла гарадское самакіраванне? Галоўным органам адміністрацыйнага кіравання горада быў магістрат. Ён складаўся з рады (выбарнага органа кіравання) і лавы (суда). На чале рады стаяў войт, як правіла прызначаны літоўскімі князямі . Сябры рады (райцы) выбіраліся з гарадскіх багацеяў. Радзе належалі функцыі кіравання не толькі жыццём горада, але і суда. Аднак судовыя функцыі яна выконвала толькі па маёмасных і грамадзянскіх справах. Крымінальныя справы разбіраліся лавай. Лаўнікі (сябры лавы) выбіраліся гараджанамі. Месцам знаходжання рады ў гарадах былі спецыяльна пабудаваныя для гэтай мэты будынкі-ратушы.

Пытанне 14

У 1409 г. пачалася "вялікая вайна" паміж Польшчай і ВКЛ, з аднаго боку, і Тэўтонскім ордэнам -- з другога. Вырашальны ўдар быў нанесены Тэўтонскаму ордэну ў бітве пад Грунвальдам (Польшча) 15 ліпеня 1410 г. Крыжакі былі разбіты, пасля чаго ўжо не змаглі аднавіць сваю магутнасць. У гэтым баі быў забіты і вялікі магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген. Пасля паражэння пад Грунвальдам нямецкая агрэсія была спынена. У складзе войска вялікага князя літоўскага на чале з Вітаўтам былі полацкая, віцебская, мсціслаўская, гарадзенская, берасцейская, пінская і іншыя беларускія харугвы.

Казімір, пераемнік Жыгімонта, давёў да канца справу Ягайлы і Вітаўта. Таруньскі мір 1466 г., які абумовіў далучэнне вусця Віслы да Польшчы і васальнае падпарадкаванне ёй Прывіслення.

У сярэдзіне XV ст. працягваліся набегі татар на тэрыторыю ВКЛ. Да гэтага часу Залатая Арда ўжо канчаткова распалася. У нізоўях Волгі ў другой чвэрці XV ст. сфарміравалася новая дзяржава -- Вялікая Арда, якая працягнулася ад Волгі да Дняпра. У 1455 г. у час аднаго з паходаў хана Арды Саід-Ахмеда на ўкраінскія землі ВКЛ яго атрады былі разбіты войскамі кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча. Набегі Вялікай Арды на тэрыторыю ВКЛ на гэтым практычна спыніліся.

З другой паловы XV ст. у знешняй палітыцы ВКЛ паўстае пытанне ўзаемаадносін з Крымскім ханствам. Родапачынальнік дынастыі крымскіх ханаў Хаджы-Гірэй знаходзіўся першапачаткова ў сяброўскіх адносінах з Літоўскай дзяржавай. Пасля яго смерці ў Крыме пачалася дынастычная смута. У 1468 г. на ханскі прастол узышоў Менглі-Гірэй, які паступова скіраваў сваю палітыку да Рускай дзяржавы. У 1480 г. у выніку перамоў паміж Іванам III і Менглі-Гірэем быў заключаны абарончы саюз.

У жніўні 1482 г. па дамоўленасці з Масквой Менглі-Гірэй пайшоў вайной на Кіеўскія землі, узяў Кіеў. Амаль штогод крымскія татары наведвалі Кіеўшчыну, Падолію, Валынь, беларускае Палессі. На беларускія землі толькі за перыяд з 1500 па 1569 г. татары зрабілі 45 набегаў. У 1505 г. татары дайшлі да Мінска і Новагародка. У 1521 г. татары спустошылі землі паміж Слуцкам і Пінскам. Цэнтральная ўлада ВКЛ для ўмацавання бяспекі на паўднёвых межах вымушана была стварыць казацкія заслоны. У 1527 г. крымскім татарам было нанесена паражэнне пад Каневам на Украіне. З гэтага часу апошнія ўжо не маглі рушыць далёка на поўнач. Пазней татарскія ханствы выкарыстоўваліся ВКЛ як інструмент усходняй палітыкі.

З канца XV ст. абвастрыліся адносіны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Да канца XV ст. амаль скончылася палітычнае аб'яднанне Паўночна-Усходняй Русі пад уладай вялікага князя маскоўскага. Ён лічыў сябе гаспадаром усіх усходніх славян. Так побач з ВКЛ узнік другі цэнтр, вакол якіх сталі аб'ядноўвацца землі былой Кіеўскай Русі. Ва ўмовах пашырэння цэнтралізатарскіх тэндэнцый у Маскоўскай дзяржаве дыпламатыя ВКЛ імкнулася падтрымаць тыя княствы Русі, якія засталіся яшчэ самастойнымі. У 1483 г. быў заключаны дагавор аб палітычным саюзе і ўзаемадапамозе паміж Цвярскім княствам і ВКЛ. У адказ Маскоўскае княства пачало ваенныя дзеянні супраць Цверы. Цвер запрасіла мір, які і быў заключаны з Масквой 25 сакавіка 1485 г. Цвярское княства, паводле гэтага міру, захоўвала пэўную самастойнасць за выключэннем знешняй палітыкі. Міхаіл Барысавіч хацеў захаваць рэшткі самастойнасці і адразу ж узнавіў перамовы з ВКЛ. Вынікам быў другі паход маскоўскага князя на чале з Іванам III на Цвер, пасля якога Цвярское княства было канчаткова далучана да Маскоўскай дзяржавы. ВКЛ не хацела далейшага ўзмацнення Масквы і ў барацьбу ўцягвала ардынскага хана Ахмеда. Маскоўскія князі ў сваю чаргу заключалі саюзы супраць ВКЛ з крымскімі ханамі.

Канфрантацыя паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ прывяла спачатку да памежнай вайны 1487 - 1494 гг. Памежныя ваенныя сутычкі перараслі ў сур'ёзны канфлікт 1492 г., калі войскі Івана III зрабілі паспяховыя набегі на землі ВКЛ. Перамовы аб спыненні ваенных дзеянняў скончыліся 12 лютага 1494 г. заключэннем міру і шлюбнай дамоўленасцей. Іван III выдаў сваю дачку Алену за Аляксандра Казіміравіча. Паводле мірнай дамоўленасці, ВКЛ адмаўлялася на карысць Маскоўскага ад Вяземскага княства і часткі іншых княстваў. За Іванам III было прызнана права на Ноўгарад, Пскоў, Цвер і Разань. За маскоўскім гасударом замацоўваўся тытул "вялікага князя ўсяе Русі". Аднак супярэчнасці паміж дзвюма дзяржавамі зняты не былі. Іван III рыхтаваўся да вайны. З гэтай мэтай ён наладжваў адносіны са Швецыяй і Турцыяй, разлічваў на дапамогу Менглі-Гірэя.

У 1500 г. канчаткова былі разарваны адносіны паміж Маскоўскай і Літоўскай дзяржавамі. У маі маскоўскімі войскамі былі заняты Бранск і землі мажайскага князя, летам Пуціўль, Мцэнск, Гомель, Любеч, Ноўгарад-Северскі. Масква захапіла таксама паўднёвую частку Смаленскай зямлі і тэрыторыі Чарнігава-Старадубскага і Ноўгарад-Северскага княстваў. 14 жніўня 1500 г. адбыўся разгром літоўскага войска каля Смаленска. Пасля гэтага вайна працягвалася яшчэ два гады.

Ваенныя няўдачы 1500 г. прымусілі кіруючыя колы ВКЛ умацоўваць адносіны з Польшчай. 23 кастрычніка 1501 г. у Мельніку (Украіна) быў падпісаны новы дакумент аб уніі. На польскі прастол быў абраны вялікі князь літоўскі з дынастыі Ягелонаў Аляксандр Казіміравіч. Абедзве дзяржавы абавязаліся праводзіць адзіную палітыку, мець агульную раду, сеймы і адзіную манету. Аднак магнаты Вялікага княства Літоўскага адмовіліся ратыфікаваць унію, паколькі, на іх погляд, яна азначала ліквідацыю літоўскай дзяржаўнасці. Таму мельніцкі акт здзейснены не быў, хаця палітыка дзвюх дзяржаў стала лепш каардынавацца.

У лістападзе 1501 г. ВКЛ церпіць паражэнне пад Мсціславам. У чэрвені 1502 г. саюзнік Івана III, крымскі хан Менглі-Гірэй, канчаткова разбіў Вялікую Арду, саюзніцу ВКЛ. 2 красавіка 1503 г. было заключана перамір'е тэрмінам на 6 гадоў. ВКЛ вымушана было адмовіцца на карысць Масквы ад ад Чарнігава-Северскай зямлі, у тым ліку і ад Гомеля, ад значнай часткі Смаленскай і Віцебскай зямель. ВКЛ губляла важныя ў стратэгічным сэнсе тэрыторыі, што складалі каля 1/4 плошчы ўсёй дзяржавы.

Палітыку Івана III (ён памёр 27 кастрычніка 1505 г.) прадоўжыў яго сын Васілій III. 19 жніўня 1506 г. у Вільні памёр Аляксандр Казіміравіч. Васілій III спрабуе выкарыстаць гэта і праз сваю сястру, Алену Іванаўну, удаву Аляксандра, радыкальна вырашыць адносіны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ. Абапіраючыся на беларускіх, украінскіх магнатаў і шляхту, ён вырашыў завалодаць літоўскім прастолам. Але план не здзейсніўся. На прастол быў абраны малодшы брат Аляксандра -- Жыгімонт. 8 снежня 1506 г. Жыгімонт абіраецца польскім каралём. Абедзве дзяржавы адразу пачалі рыхтавацца да новай вайны. Жыгімонт пайшоў на саюз з рускімі ўдзельнымі князямі: з братам Васілія III, Юрыем Іванавічам, удзельным князем дзмітраўскім, звянігарадскім, сярпейскім і бранскім, абяцаючы дапамагчы яму ў заваёве рускага прастола. У сваю чаргу Васілій III уступае ў блок з М.Л. Глінскім, фаварытам Аляксандра, што патрапіў у няміласць пры яго пераемніку Жыгімонту.

Ваенная кампанія пачалася ўвесну 1507 г. Яна была цесна звязана з феадальным паўстаннем у Вялікім княстве Літоўскім 1508 г., якім кіраваў князь Міхал Львовіч Глінскі. Разам са сваімі братамі і прыхільнікамі ён прысягнуў Васілію III. Паўстанцы замацаваліся ў Тураве, Мазыры, занялі Клецк, аблажылі Жытомір і Оўруч. Глінскі спрабаваў авалодаць Слуцкам і Мінскам, але гэта яму не ўдалося. Рускія войскі разам з атрадам Глінскага дзейнічалі на Беларусі, даходзілі да Вільні. Але ж вырашальнай бітвы так і не адбылося. Вайна 1507 - 1508 гг. скончылася "адвечным мірам", што быў заключаны ў Маскве 8 кастрычніка 1508 г. ВКЛ прызнала пераход да Расіі зямель, далучаных да яе ў выніку войнаў канца XV - пачатку XVI ст. ВКЛ атрымала тэрыторыю пяці смаленскіх валасцей.

Аднак Васілій III меў на мэце захоп Смаленска, і рыхтаваўся да новай вайны. 19 снежня 1512 г. руская армія на чале з вялікім князем рушыла да Смаленска. Але першая спроба штурму не ўдалася. Новая кампанія пачалася ўлетку 1513 г. і таксама была безвыніковая. Трэцяя кампанія па захопу Смаленска пачалася 16 мая 1514 г., 30 чэрвеня 1514 г. Смаленск капітуляваў. Васілій III рушыў на захад да Оршы і Друцка. Каля Оршы адбылася вялікая бітва, дзе маскоўскія войскі пацярпелі поўнае паражэнне. Але, нягледзячы на гэта, усе спробы ВКЛ вярнуць заваяваныя Масквой землі былі дарэмныя. У 1522 г. было заключана пяцігадовае перамір'е, якое потым было прадоўжана да 1533 г. Смерць Васілія III і смуты ў Маскоўскай дзяржаве пры яго малалетнім пераемніку штурхнулі ВКЛ да яшчэ адной спробы вяртання заваяванага Масквой. Ваенныя дзеянні працягваліся 4 гады. Літоўскае княства вярнула толькі Гомель і некаторыя нязначныя воласці на ўсходзе. У 1537 г. зноў было заключана перамір'е на 5 гадоў да 25 сакавіка 1542 г. Яно працягвалася да самай Лівонскай вайны.

Пытанне 15

У канцы XV - пачатку XVI ст. склаліся эканамічныя, сацыяльныя і палітычныя перадумовы Рэнесансу на Беларусі. Гэтаму спрыялі рост гарадоў, ажыўленне грамадска-палітычнай дзейнасці, секулярызацыя духоўнага жыцця і пашырэнне міжнародных узаемасувязей.

Рэнесанс -- тэрмін, першапачаткова азначаўшы тэндэнцыю адраджэння антычнай спадчыны ў заходнееўрапейскіх краінах. Аднак гэта была не рэстаўрацыя старога, а спосаб фарміравання новай культуры, буржуазнай паводле сваёй сутнасці. Характэрнай рысай эпохі Адраджэння быў працэс фарміравання нацыянальных літаратурных моў на падставе народных гаворак і станаўлення нацыянальных культур.

Эпоха Адраджэння на тэрыторыі Беларусі мела свае спецыфічныя рысы. Хаця ідэі Адраджэння праніклі ў літаратуру, мастацтва, філасофскую і грамадска-палітычную думку, на Беларусі развіццё рэнесансавай культуры засталося незавершаным, і не да канца аддзеленым ад рэлігійнай ідэалогіі.

Прадстаўніком рэнесансавай культуры на Беларусі быў першадрукар, гуманіст і асветнік Францыск Скарына (каля 1490 -- каля 1551). Ён нарадзіўся ў купецкай сям'і ў Полацку. У 1504 г. ён паступіў у Кракаўскі універсітэт, праз два гады атрымаў вучоную ступень бакалаўра філасофіі, а пазней -- доктара свабодных навук. У 1512 г. у італьянскім г. Падуя Ф.Скарына вытрымаў экзамен на атрыманне вучонай ступені доктара лекарскіх навук.

Апынуўшыся ў Празе, Ф.Скарына пры дапамозе віленскіх і полацкіх мяшчан заснаваў друкарню. За няпоўныя тры гады ён пераклаў, пракаменціраваў і падрыхтаваў да друку 23 кнігі Бібліі. 6 жніўня 1517 г. выйшла з друку першая кніга -- "Псалтыр". Ф. Скарына меў намер выдаць усю Біблію. Аднак гэтая задума засталася незавершанай.

У 1520 г. Ф.Скарына пераехаў у Вільню, дзе адкрыў першую на беларуска-літоўскіх землях друкарню. У 1522 г. выйшла ў свет "Малая падарожная кніжка" -- зборнік рэлігійных і свецкіх твораў.

Ф.Скарына выступіў у якасці стваральніка новага літаратурнага жанру прадмоў, дзе адлюстроўваліся яго грамадска-палітычныя, філасофскія, прававыя, эстэтычныя, мовазнаўчыя і педагагічныя погляды.

Ф.Скарына ўнёс значны ўклад у распрацоўку беларускай літаратурнай мовы. Сам аўтар мову выдадзеных біблейскіх кніг называў руськай.

З пачатку трэцяга дзесяцігоддзя XVI ст. Ф.Скарына працаваў сакратаром віленскага біскупа Іаана, як дыпламаваны медык практыкаваў у Польшчы, Прускім герцагстве, наведаў Маскоўскую Русь, у канцы жыцця быў адным з заснавальнікаў батанічнага саду ў Празе. Дзейнасць Ф.Скарыны аказала дабратворны ўплыў на кнігадрукаванне і асвету ў пазнейшыя эпохі, садзейнічала развіццю філалогіі, батанікі, медыцыны.

Выдатным дзеячам беларускай культуры быў паэт-гуманіст эпохі Адраджэння, прадстаўнік новалацінскай літаратурнай школы Мікола Гусоўскі (1470(?) -- 1533(?). Нарадзіўся будучы славуты паэт у сям'і велікакняжацкага лоўчага. З дзіцячых гадоў бацька прывучаў сына да паляўнічай прафесіі. М. Гусоўскі атрымліваў адукацыю ў Вільні, Польшчы, Італіі.

У 1518 г. М. Гусоўскі трапіў у Рым у складзе польскай дыпламатычнай місіі. Па замове папы рымскага Льва Х у 1522 г. М. Гусоўскі стварыў свой твор "Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго". Праз усе часткі паэмы праходзіць тэма радзімы. У паэме аўтар апісваў і жыццё простых беларусаў, іх побыту, звычаі і заняткі.

На працэс развіцця беларускай архітэктуры і выяўленчага мастацтва значна паўплывалі старажытнарускія традыцыі, а таксама лепшыя дасягненні архітэктуры і мастацтва заходнееўрапейскіх краін. Шырокае распаўсюджанне на Беларусі набыла готыка. Готыка з сярэдзіны XII ст. прыйшла на змену раманскаму стылю.

Готыка на Беларусі была прадстаўлена абарончымі збудаваннямі - замкамі, якія адначасова з'яўляліся адміністрацыйнымі, палітычнымі, эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі. Мураваныя замкі пачалі будавацца ў першай палове XIV ст. Старыя драўляныя ўмацаванні не маглі стрымліваць моцнага націску ворагаў. Узнікла абарончая сістэма з замкаў у Лідзе, Новагародку, Крэве, Вільні і Троках.

З'явіўся новы тып замкаў, т. зв. кастэлі, запазычаныя з Захаду. У Заходняй Еўропе кастэлем называлі невялікі мураваны замак у нізіне, які выконваў абарончую функцыю. Да тыпу кастэляў належаў Лідскі замак,. пабудаваны ў 30-я гады XIV ст. Па загаду Вітаўта Лідскі замак быў перабудаваны і ператвораны ў адзін з наймацнейшых ва ўсім ВКЛ.

Замак-кастэль існаваў таксама ў Крэве. Крэўскі замак -- сведка шматлікіх гістарычных падзей. Збудаваны ў часы Гедыміна, пазней ён стаў рэзідэнцыяй Альгерда. Тут быў забіты Кейстут, знаходзіўся ў палоне Вітаўт, а ў 1385 г. адбылося заключэнне уніі паміж Полыпчай і ВКЛ. Замак быў моцна пашкоджаны ў час руска-польскай вайны сярэдзіны XVII ст. і страціў свае абарончыя функцыі. Крэўскі замак займае асаблівае месца ў шэрагу помнікаў беларускага дойлідства. Ён спалучыў рысы абарончага збудавання і велікакняжацкай рэзідэнцыі.

У першай палове XVI ст. зноў назіраецца росквіт замкавай архітэктуры, што ў значнай ступені было звязана з набегамі татар, войнамі з суседнімі дзяржавамі, магнацкімі спрэчкамі, сялянскімі паўстаннямі. У пачатку XVI ст. з'явіўся Мірскі замак, пабудаваны магнацкім родам Ільінічаў па тыпу замкаў-кастэляў. У першых гаспадароў замка не халіла грошай на яго дабудову, і ў 1568 г. ён перайшоў да Радзівілаў, тады замак быў завершаны ў стылі рэнесансу. У мастацкім афармленні Мірскага замка выкарыстаны такія прыёмы, як гатычная муроўка, падзел сцен разнастайнымі па форме атынкаванымі нішамі.

Пытанне 16

да сярэдзіны XVI ст. ВКЛ па свайму дзяржаўнаму і грамадска-палітычнаму ладу набліжалася да Польшчы. Аднак палякі мусілі прыспешваць інкарпарацыю. Польскія палітычныя колы апасаліся, што са смерцю апошняга з дынастыі Ягелонаў Жыгімонта II Аўгуста асабістая унія, якая злучала дзве краіны, спыніцца канчаткова, таму што Жыгімонт II, хаця і быў яшчэ не стары (крыху больш за 40 гадоў), але не меў нашчадкаў.

У ВКЛ за дзвесце гадоў саюзных адносін склаўся пэўны пласт з дробнай шляхты, які падтрымліваў міждзяржаўную унію. Аб гатоўнасці гэтай часткі насельніцтва падтрымаць унію сведчыла канфедэрацыя пад Віцебскам, скліканая ў 1562 г.

Склаліся і спрыяльныя знешнія ўмовы. У 1558 г. Расія пачала вайну з Лівонскім ордэнам за выхад да Балтыйскага мора. У 1559 г. магістр ордэна Кетлер звярнуўся за дапамогай да ВКЛ. Паміж ордэнам і ВКЛ быў заключаны саюз, ордэн перайшоў пад патранат княства. Але захаваць у час вайны сваю тэрыторыю ордэн не здолеў. Частку зямель захапіла Данія, частку -- Швецыя, а Курляндыя і Земгалія, стаўшы наследным герцагствам, з 1561 г. аказаліся ў залежнасці ад княства. ВКЛ не менш, чым Расія, было зацікаўлена ў выхадзе да Балтыйскага мора. Пасля далучэння Курляндыі і Земгаліі да ВКЛ Іван Грозны перанёс ваенныя дзеянні на землі Беларусі. У 1562 г. рускія войскі ўжо стаялі ля сцен Віцебска, Дуброўны, Оршы, Копысі, Шклова.

У лютым 1563 г. Іванам Грозным была ўзятая самая магутная крэпасць Беларусі -- Полацк, пасля захопу якой навісла пагроза над Вільняй. Польскія феадалы выкарысталі гэтыя абставіны, каб пад сцягам уніі канчаткова падпарадкаваць сабе ВКЛ.

У 1563 г. на Варшаўскім сейме палякі склалі дэкларацыю аб з'яднанні ВКЛ з Польшчай. Але прадстаўнікі ВКЛ адмовіліся падпісаць акт. На наступным сейме ў 1564 г. палякі дамагліся ад Жыгімонта II Аўгуста, каб ён адмовіўся ад сваіх спадчынных правоў на княства на карысць Польшчы. Але магнаты ВКЛ выступілі супраць падобнага пагаднення, і Жыгімонт II Аўгуст вымушаны быў адступіць. Урад ВКЛ зрабіў спробу дамовіцца з Іванам Грозным: заключыць мір ці нават унію. Але перамовы ў Маскве закончыліся безвынікова. Княства апынулася перад перспектывай вайны на два франты. Княства бесперапынна вяло войны яшчэ і на паўднёвых межах. 3 1500 па 1569 г. на землі ВКЛ 45 разоў урываліся войскі крымскага хана.

Магнаты Польшчы, абапіраючыся на дапамогу касцёла, пачалі больш актыўна дзейнічаць, каб павялічыць колькасць прыхільнікаў уніі ў ВКЛ. Каб пашырыць падтрымку ідэі аб'яднання ВКЛ і Польшчы, атрымалі аднолькавыя правы праваслаўная і каталіцкая шляхта (1563). Польшча абяцала ВКЛ таксама дапамогу ў Лівонскай вайне.

Чарговая спроба заключыць ўнію прызначалася на снежань 1568 г. у Любліне. Але паслы ВКЛ не спяшаліся на сейм. Каб рассеяць падазрэнне, Жыгімонт II у снежні выдаў грамату, у якой абяцаў абараняць інтарэсы княства і не прымушаць паслоў падпісваць унію і не выдаваць ніякіх грамат без згоды паны-рады ВКЛ. Значны ўклад у справу далучэння ВКЛ да Польшчы зрабіў Ватыкан. У выніку ў Люблін прыехалі паслы ад ВКЛ. Люблінскі сейм пачаў сваю работу 10 студзеня 1569 г. Перамовы ішлі цяжка. Палякі імкнуліся шляхам уніі інкарпаваць княства ў Карону, а паслы ад ВКЛ жадалі захаваць саюз з Польшчай, але пры гэтым не страціць незалежнасць ВКЛ.

Умовы уніі дэлегаты ВКЛ зводзілі да наступных патрабаванняў: 1) кіраўнік саюзнай дзяржавы павінен абірацца на агульным сейме з роўнай колькасцю прадстаўнікоў ад княства і Кароны; 2) выбраны такім чынам кароль будзе каранавацца спачатку ў Кракаве, а потым у Вільні, пацвярджаючы правы і прывілеі кожнага народа асобна; 3) агульны сейм будзе збірацца пачаргова: адзін раз на тэрыторыі Літвы, а другі - на тэрыторыі Польшчы; 4) княства і Карона будуць мець свае асобныя органы дзяржаўнай улады і кіравання: сеймы, сенаты, "уряды", дзяржаўныя пячаткі; 5) дзяржавы будуць захоўваць сваю тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць; 6) дазваляецца неабмежаванае пасяленне жыхароў дзяржавы як у Польшчы, так і ў ВКЛ, але пасады ў кожнай дзяржаве будуць займацца толькі "мясцовыя".


Подобные документы

  • Этапы развіцця першабытнай гаспадаркі на тэрыторыі Беларусі. Зараджэнне і развіццё прысвайвальнай гаспадаркі. Развіццё сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлёвых адносін у перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і станаўлення феадальных адносін.

    реферат [28,0 K], добавлен 19.01.2011

  • Беларусь у гады першай сусветнай вайны, у перыяд Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. Эканамічная палітыка Часовага ўрада. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі. Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Аграрнае пытанне.

    реферат [26,4 K], добавлен 25.01.2011

  • Спадчына старажытнага свету, сяредніх вякоў і Беларусь. Эканамічнае і політичнае становішча Беларуссі ў складзе Рэчы Паспалітай. Нараджэнне індустыальнай цывілізацыі в Беларусі. Перыяд рэвалюцыі 1917 г. Станаўленне суверэннай Рэспублікі Беларусь.

    курс лекций [318,3 K], добавлен 19.12.2011

  • Прычына вайны 1812 г.: канфлікты паміж Францыяй і Расіяй з-за кантынентальнай блакады Англіі, сутыкненне прэтэнзій Напалеона на сусветнае панаванне. Пачатак вайны. Адносіна да яе беларускага грамадства. Партызанскі рух у Беларусі. Разгром арміі Напалеона.

    контрольная работа [31,6 K], добавлен 14.12.2011

  • Абвастрэнне сацыяльна-эканамічнага, палітычнага крызісу ў Расіі і расстаноўка палітычных сіл на Заходнім фронце. Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі і усталяванне Савецкай улады на Беларусі. Фарміраванне беларускай дзяржаўнасці на рэвалюцыйнай аснове.

    реферат [47,1 K], добавлен 22.12.2010

  • Сацыяльна-эканамічны стан Рэспублікі Беларусі ў 1991-2001 гг. Праграмы развіцця эканомікі рэспублікі. Прыкметы крызісу пачатку 90-х гг. Радыкальная эканамічная рэформа. Асноўныя накірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 1996–2000 гг.

    реферат [26,4 K], добавлен 21.01.2011

  • Уплыў татальнага крызісу 1920-1921 гадоў на пераход Беларусі ад вайны да мірнага становішчу. Аднаўленне сельскай гаспадаркі. Гісторыя развіцця кааперацыі і прамысловасці. Вывучэнне ролі дробных вытворчасцяў і прыватнага капіталу ў эканоміцы рэспублікі.

    контрольная работа [93,4 K], добавлен 06.09.2010

  • Гістарычнае даследаванне пазіцый і адносін беларускіх нацыянальных партый да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Дваісты характар дзеянняў нацыянальнага руху. Ацэнка значэння Першага Ўсебеларускага партыйнага сходу. Мяцеж польскага корпуса Мусніцкага.

    контрольная работа [20,6 K], добавлен 26.09.2012

  • Заканадаўча-прававое афармленне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ўвядзенне прэзідэнцкай формы кіравання. Шляхі і асаблівасці фарміравання прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці на Беларусі.

    реферат [34,4 K], добавлен 22.12.2010

  • Вывучэнне тэндэнцый развіцця, сацыяльнага статусу і ролі нацыянальнай журналістыкі Беларусі як фактару фарміравання беларускай нацыі і дзяржаўнасці ў гады інтэрвенцыі і грамадзянскай вайны, у перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі, ў гады першых пяцігодак.

    реферат [30,4 K], добавлен 29.03.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.