Фразеалагічныя адзінкі беларускай мовы з кампанентам "язык"
Марфалагічная характарыстыка фразеалагізмаў. Тыпы фразеалагізмаў па іх суадноснасці з часцінамі мовы. Фразеалагізмы, несуадносныя з часцінамі мовы. Фразеалагізмы, суадносныя са структурай словазлучэння, спалучэння слоў. Структурныя тыпы фразеалагізмаў.
Рубрика | Иностранные языки и языкознание |
Вид | курсовая работа |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 27.10.2013 |
Размер файла | 68,5 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://www.allbest.ru/
МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Установа адукацыі
“Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”
Філалагічны факультэт
Кафедра беларускай мовы
Фразеалагічныя адзінкі беларускай мовы з кампанентам язык
Курсавая работа
Выканаўца:
студэнтка групы БФ-32 Богдан Таццяна Анатольеўна
Навуковы кіраўнік:
к.ф.н., дацэнт Шведава Зоя Уладзіміраўна
Гомель 2013
Змест
Уводзіны
1. Марфалагічная характарыстыка фразеалагізмаў
1 Тыпы фразеалагізмаў па іх суадноснасці з часцінамі мовы
1.1 Назоўнікавыя фразеалагізмы
1.2 Прыметнікавыя фразеалагізмы
1.3 Дзеяслоўныя фразеалагізмы
1.4 Прыслоўныя фразеалагізмы
1.5 Выклічнікавыя фразеалагізмы
2 Фразеалагізмы, несуадносныя з часцінамі мовы
2 Сінтаксічная характарыстыка фразеалагізмаў
1 Структурныя тыпы фразеалагізмаў
1.1 Фразеалагізмы, суадносныя са структурай словазлучэння
2.1.2 Фразеалагізмы, суадносныя са структурай спалучэння слоў
2.1.3 Фразеалагізмы, суадносныя са структурай сказа
Заключэнне
Спіс літаратуры
Дадатак А. Слоўнік фразеалагізмаў беларускай мовы з кампанентам язык
Рэферат
Курсавая работа складае 25 старонак, 18 крыніц, 1 дадатак.
Ключавыя словы: фразеалагізм, кампанент, язык, марфалагічная характарыстыка, сінтаксічная характарыстыка.
Прадмет даследавання: фразеалагізмы беларускай літаратурнай мовы.
Аб'ект даследавання: фразеалагічныя адзінкі беларускай літаратурнай мовы з кампанентам язык.
Метады даследавання: сістэмны, апісальны.
Мэта курсавой работы - ахарактарызаваць фразеалагічныя адзінкі беларускай мовы з кампанентам язык у двух аспектах: марфалагічным і сінтаксічным.
Задачы курсавой работы:
1) выявіць фразеалагізмы з кампанентам язык;
2) зрабіць марфалагічны аналіз фразеалагізмаў з кампанентам язык;
3) устанавіць структурныя тыпы выяўленых фразеалагізмаў;
4) скласці слоўнік фразеалагізмаў беларускай мовы з кампанентам язык.
Вынікі даследавання - аналіз фразеалагізмаў беларускай мовы з кампанентам язык у двух моўных аспектах, марфалагічным і сінтаксічным, паказаў, што з марфалагічнага боку большасць фразеалагізмаў беларускай мовы з кампанентам язык несуадносныя з часцінамі мовы. Паводле сінтаксічнай характарыстыкі пераважаюць фразеалагізмы са структурай словазлучэння. Фразеалагічныя адзінкі з кампанентам язык узбагачаюць мову і выступаюць як сродкі яе выразнасці і эмацыянальнасці.
Уводзіны
Фразеалогія - адна з адносна маладых галін лінгвістыкі. У беларускім мовазнаўстве фразеалогія як асобны раздзел навукі аб мове быў выдзелены параўнальна нядаўна. Пра фразеалогію ў пачатку яе зараджэння як навуку вядомы беларускі фразеолаг І. Я. Лепешаў піша: “Яшчэ ў 60-я гады лічылася, што яна знаходзіцца ў стадыі “скрытага развіцця” [1, с. 4].
Сёння фразеалогія - самастойны раздзел навукі аб мове, які вызначаецца сваімі адзінкамі, метадамі і спосабамі іх вывучэння, сваімі задачамі, якія яна вырашае. Разам з тым з'яўляюцца новыя меркаванні пра паходжанне і ўтварэнне фразеалагізмаў, новыя метады іх даследавання, аналізу, апісання ў лексікаграфічнай літаратуры, якія пераконваюць у тым, што фразеалагізмы - гэта ўнікальныя адзінкі мовы, што фразеалогія як навука паскоранымі тэмпамі развіваецца, удасканальваецца.
Вынікі даследавання фразеалогіі канца ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя, якое ідзе па самых розных напрамках, вядомых і новых, ілюструюць, з аднаго боку, сотні артыкулаў і дзесяткі манаграфій і навуковых дапаможнікаў, у якіх асвятляюцца самыя розныя пытанні і праблемы фразеалогіі, з другога - паказваюць, колькі новага, своеасаблівага прыадкрываюць фразеалагізмы пры ўважлівым і рознабаковым іх прачытанні [2, с. 6].
У беларускім мовазнаўстве найперш разглядаюцца агульныя пытанні фразеалогіі ў розных яе аспектах: аб'ём фразеалогіі, семантычная і структурна-граматычная характарыстыка фразеалагічных адзінак, іх паходжанне і інш., а таксама прыватныя аспекты гэтай маладой навукі аб мове: выкарыстанне і стылістычная роля фразеалагізмаў у мове мастацкай літаратуры, марфалагічныя і сінтаксічныя тыпы фразеалагізмаў і іх асаблівасці, варыянтнасць, сінанімія і інш.
Нямала за апошні час падрыхтавана і самых розных фразеалагічных слоўнікаў паводле матэрыялу - фразеалагізмы літаратурнай і дыялектнай мовы, мовы аднаго аўтара ці яго твора, паводле тыпу апісання і апрацоўкі фразеалагізмаў - тлумачальныя [3; 4; 5; 6], перакладныя [7], этымалагічныя [8].
Асабліва вызначаюцца сваёй навізной працы, прысвечаныя вывучэнню фразеалагічных адзінак як унікальных сродкаў кадзіравання інфармацыі чалавека пра свет і аб адносінах чалавека да гэтага свету, паколькі менавіта фразеалагізмы ўтрымліваюць звесткі аб наіўнай карціне свету чалавека, аб культуры кожнага народа-носьбіта іх.
Выдзяляецца даследаванне фразеалагізмаў праз вызначэнне таго агульнага ў розных мовах, што ляжыць у аснове іх вобразаўтварэння, і адметнага для кожнага народа і яго мовы, ці найбольш поўнае і ўсебаковае ўстанаўленне нацыянальнай спецыфікі фразеалагічнага складу мовы пры параўнанні і супастаўленні з фразеалагічнымі адзінкамі іншых моў.
Развіццё кагнітывістыкі як новага аспекту даследавання мовы ўвогуле і фразеалагізмаў у прыватнасці істотна паўплывала на далейшае і адметнае асвятленне пытанняў аб узнікненні фразеалагізмаў, метадах яе вывучэння, новых і найбольш істотных прыкметах гэтых адзінак, аб стэрэатыпах і эталонах светабачання народа-носьбіта мовы, якія выяўляюцца і ляжаць у аснове вобразаматывацыі многіх і многіх фразеалагізмаў.
Сёння ў славянскай фразеалогіі, у тым ліку і беларускай, распрацавана тэорыя фразеалагічнай семантыкі, даследуюцца яе краіназнаўчыя і культуралагічныя аспекты, вывучаюцца гісторыка-культурныя, этымалагічныя, фальклорныя і этналінгвістычныя вытокі ідыяматыкі як у апісальным, так і ў супастаўляльным ракурсах. Назапашваецца вопыт у святле кагнітыўна-дыскурсійнай метадалогіі, які стане новым стымулам для эфектыўнага развіцця фразеалогіі ў будучым.
У аснове фразеалогіі, як і ў аснове іншых лінгвістычных дысцыплін, знаходзяцца назіранні над спалучальнасцю моўных адзінак, якую можна разглядаць як аснову асноў моўных з'яў [9, с. 3].
Устойлівыя фразеалагічныя словазлучэнні з'яўляюцца адным з жывых спосабаў узбагачэння мовы і ў пераважнай большасці выступаюць як агульнамоўныя сродкі яе выразнасці і эмацыянальнасці. Фразеалагізмамі шырока карыстаюцца асабліва ў мастацкай літаратуры, дзе яны побач з аўтарскімі метафарамі, параўнаннямі і іншымі тропамі з'яўляюцца маляўнічай формай выказвання, выступаюць ужо як адзінкі маўлення і нярэдка падпадаюць пад самыя разнастайныя змяненні.
Фразеалагізмы як моўныя адзінкі характарызуюцца ўстойлівасцю, узнаўляльнасцю, семантычнай цэласнасцю, спалучальнасцю са словамі свабоднага ўжывання.
У фразеалогіі як асобным раздзеле мовазнаўства фразеалагізмы разглядаюцца як пэўная сістэма суадносных і ўзаемазвязаных моўных адзінак. Нягледзячы на фармальную, сэнсавую, функцыянальную і іншую разнастайнасць, паміж фразеалагізмамі выяўляюцца трывалыя сістэмныя сувязі і самі гэтыя моўныя адзінкі паддаюцца сістэматызацыі, падзелу на групы, тыпы, разрады.
Існуюць і вывучаюцца такія класіфікацыі фразеалагічнага матэрыялу: этымалагічная, семантычная, стылістычная, структурная, а таксама класіфікацыя паводле спалучальнасці з кантэкстам. Фразеалагізмы, як бачым, аналізуюцца з розных бакоў.
Вывучэннем і даследаваннем фразеалагізмаў у розных аспектах займаліся А. С. Аксамітаў [10], М. А. Даніловіч [11], В. В. Маршэўская [12], А. С. Садоўская [13], Ф. М. Янкоўскі [14; 15] і інш.
Мэта курсавой работы - ахарактарызаваць фразеалагічныя адзінкі беларускай мовы з кампанентам язык у марфалагічным і сінтаксічным аспектах.
У сувязі з пастаўленай мэтай неабходна вырашыць наступныя задачы:
1) выявіць фразеалагізмы з кампанентам язык;
2) зрабіць марфалагічны аналіз фразеалагізмаў з кампанентам язык;
3) устанавіць структурныя тыпы выяўленых фразеалагізмаў;
4) скласці слоўнік фразеалагізмаў беларускай мовы з кампанентам язык.
Крыніцай даследавання з'яўляецца слоўнік фразеалагізмаў І. Я. Лепешава ў 2-х тамах [3; 4].
1. Марфалагічная характарыстыка фразеалагізмаў
1. Тыпы фразеалагізмаў па іх суадноснасці з часцінамі мовы
Фразеалагізмы маюць не толькі канкрэтнае, прыватнае значэнне, але і катэгарыяльнае, ці граматычнае, абагульненае значэнне. Паводле свайго катэгарыяльнага значэння большасць фразеалагізмаў суадносіцца з рознымі часцінамі мовы.
Так, фразеалагізм языковае мліва [4, с. 45] мае значэнне прадметнасці, валодае катэгорыямі неадушаўлёнасці, роду, ліку i склону. Гэта назоўнікавы фразеалагізм.
У адпаведнасці з гэтым фразеалагізмы аб'ядноўваюцца ў некалькі семантыка-граматычных разрадаў або тыпаў. Суадносячы фразеалагізм з пэўнай часцінай мовы, патрэбна карыстацца трыма паказчыкамі: семантычным, марфалагічным i сінтаксічным.
Семантычны паказчык звычайна найбольш эфектыўны ў параўнанні з іншымі. Ён грунтуецца на выніках супастаўлення фразеалагізма з яго тлумачэннем. Напрыклад, выраз мыць языком [4, с. 56] тлумачыцца дзеясловамі `абгаворваць, бэсціць', а выраз бойкі на язык [3, с. 128] -- прыметнікавым словазлучэннем `знаходлівы ў размове, красамоўны'. Значыць, першы фразеалагізм -- дзеяслоўны, другі -- прыметнікавы.
Аднак апора толькі на семантычны паказчык не заўсёды дае станоўчы эфект. Перашкоды ўзнікаюць, па-першае, у сувязі з тым, што сэнс некаторых фразеалагізмаў цяжка перадаць адназначна, бо ў ix суіснуюць катэгарыяльныя значэнні не адной часціны мовы. Па-другое, іншы раз у слоўніках тыя самыя фразеалагізмы атрымліваюць неаднолькавую семантычную характарыстыку.
Марфалагічным паказчыкам з'яўляецца граматычна галоўны (стрыжнёвы) кампанент, калі толькі ён ёсць у фразеалагізме. Так, у фразеалагізме востры на язык [3, с. 210] `знаходлівы ў размове, дасціпны' такім стрыжнёвым кампанентам выступае прыметнікавы кампанент востры. Фразеалагізм абазначае прымету прадмета i, як i прыметнік востры, дапасуецца да назоўніка ў родзе, ліку i склоне.
Значная частка фразеалагізмаў, аднак, не можа вызначацца з дапамогай марфалагічнага паказчыка, бо ў ix няма граматычна галоўнага кампанента: пад язык [4, с. 684], на языку [4, с. 690] і інш.
Больш эфектыўным, чым марфалагічны, выступае сінтаксічны паказчык -- сінтаксічная функцыя фразеалагізма ў сказе. Пераважная большасць фразеалагізмаў мае ўласцівую iм асноўную, тыповую сінтаксічную функцыю, абумоўленую ix семантыкай. Напрыклад, дзеяслоўныя фразеалагізмы часцей за ўсё бываюць выказнікам (высалапіць язык [3, с. 258], зрывацца з языка [3, с. 513], тачыць язык [4, с. 512]), прыслоўныя -- акалічнасцю (высалапіўшы язык [3, с. 258]), назоўнікавыя -- дзейнікам i дапаўненнем (злыя языкі [3, с. 502]).
Аднак не заўсёды лёгка вызначыць семантыка-граматычны разрад фразеалагізма па яго сінтаксічнай функцыі. Так, з аднолькавай сінтаксічнай функцыяй выказніка ўжываецца і дзеяслоўны фразеалагізм вастрыць язык [3, с. 179] і прыметнікавы бойкі на язык [3, с. 128].
Таму найлепшы вынік пры выяўленні катэгарыяльнага значэння фразеалагічнай адзінкі дае комплексны падыход, улік ycix трох паказчыкаў, цэласны аналіз семантыкі, марфалагічных асаблівасцей i сінтаксічнай функцыі ў сказе.
Карыстаючыся класіфікацыяй І. Я. Лепешава паводле суадноснасці фразеалагізмаў з той ці іншай часцінай мовы [1, с. 102], ахарактарызуем наступныя семантыка-граматычныя тыпы фразеалагізмаў з кампанентам язык: назоўнікавыя, прыметнікавыя, дзеяслоўныя, прыслоўныя, выклічнікавыя і фразеалагізмы, несуадносныя з часцінамі мовы.
фразеалагізм мова словазлучэння
1.1.1 Назоўнікавыя фразеалагізмы
Сярод фразеалагічных адзінак з кампанентам язык намі было выяўлена толькі 5 назоўнікавых. Як асобны семантыка-граматычны тып яны маюць катэгарыяльнае значэнне прадметнасці i выражаюць яго ў катэгорыях адушаўлёнасці ці неадушаўлёнасці, роду, ліку i склону. Так, у сказе Языковае мліва негадзівае (Янкоўскі) фразеалагізм языковае мліва [4, с. 45] `пустаслоўе, пустая размова'-- неадушаўлёны, ніякага роду, ужыты ў форме назоўнага склону адзіночнага ліку.
Прыналежнасць фразеалагізмаў да назоўнікавага тыпу вызначаецца найперш семантычным паказчыкам -- стрыжнёвым словам-назоўнікам дэфініцыі: часанне языка - `пустаслоўе, балбатня' [4, с. 641], злыя языкі - `плеткары, паклёпнікі' [3, с. 502], доўгі (даўгі) язык - `балбатлівасць, схільнасць гаварыць лішняе, няўменне захоўваць тайну' [3, с. 364], цешчын язык - `круты і небяспечны паварот на дарозе' [4, с. 625].
Пры вызначэнні назоўнікавых фразеалагізмаў з кампанентам язык эфектыўным з'яўляецца і марфалагічны крытэрый - назоўнікавы кампанент фразеалагізма як граматычна галоўнае слова. Гэта адносіцца ў першую чаргу да фразеалагізмаў, структурна арганізаваных як назоўнікавае словазлучэнне мадэлі “прыметнік + назоўнік”: языковае мліва [4, с. 45], злыя языкі [3, с. 502], доўгі (даўгі) язык [3, с. 364], цешчын язык [4, с. 625]; мадэлі “назоўнік у назоўным склоне + назоўнік у родным склоне без прыназоўніка”: часанне языка [3, с. 502].
Сінтаксічны паказчык не заўсёды эфектыўны, бо многія назоўнікавыя фразеалагізмы з кампанентам язык выступаюць у ролі розных членаў сказа.
Большасць фразеалагічных адзінак з кампанентам язык адносяцца да неадушаўлёных. Яны абазначаюць абстрактныя паняцці: языковае мліва `пустаслоўе, пустая размова' [4, с. 45], часанне языка `пустаслоўе, балбатня' [3, с. 502], цешчын язык `круты і небяспечны паварот на дарозе' [4, с. 625], доўгі (даўгі) язык `балбатлівасць, схільнасць гаварыць лішняе, няўменне захоўваць тайну' [3, с. 364]. І толькі адзін назоўнікавы фразеалагізм з'яўляецца адушаўлёным і абазначае асобу: злыя языкі `плеткары, паклёпнікі' [3, с. 502].
Кожны фразеалагізм, за выключэннем тых, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку, належаць да пэўнага роду, г. зн. маюць катэгорыю роду:
мужчынскага: цешчын язык [4, с. 625], доўгі (даўгі) язык [3, с. 364];
ніякага: языковае мліва [4, с. 45], часанне языка [3, с. 502].
Назоўнікавых фразеалагічных адзінак з кампанентам язык жаночага роду намі не выяўлена.
Калі большасць назоўнікаў змяняецца па ліках, то сярод назоўнікавых фразеалагізмаў з кампанентам язык толькі адзін ужываецца ў адзіночным і множным ліку (доўгі (даўгі) язык [3, с. 364]), адзін толькі ў множным (злыя языкі [3, с. 502]), а астатнія - адзіночналікавыя (языковае мліва [4, с. 45], часанне языка [3, с. 502], цешчын язык [4, с. 625]).
Адносіны назоўнікавага фразеалагізма да іншых слоў у сказе або ў словазлучэнні паказваюцца з дапамогай катэгорыі склону. Скланенне фразеалагізма праяўляецца праз фармальны паказчык пэўнага склону - канчатак стрыжнёвага кампанента. Калі фразеалагізм мае структуру атрыбутыўна-іменнага словазлучэння (языковае мліва [4, с. 45], цешчын язык [4, с. 625], злыя языкі [3, с. 502], доўгі (даўгі) язык [3, с. 364]), то пры змяненні па склонах змяняюцца канчаткі абодвух кампанентаў(цешчын язык, цешчынага языка, цешчынаму языку і г. д.). У фразеалагізме ж з іншай структурнай арганізацыя (часанне языка [3, с. 502]) парадыгматычныя формы мае толькі стрыжнёвы кампанент (часання языка, часанню языка і г. д.).
Наяўнасць або адсутнасць у тых ці іншых фразеалагізмах з кампанентам язык пэўных граматычных катэгорый, а таксама парадыгмы скланення залежыць ад семантыкі фразеалагізма і яго сінтаксічнай функцыі, якая ў сваю чаргу нярэдка звязана з наяўнасцю або адсутнасцю ацэначнага значэння ў сэнсавай структуры фразеалагізма. Аднак фразеалагізмы не заўсёды здольныя рэалізаваць усе формы той ці іншай катэгорыі. У сувязі з гэтым выдзяляюцца фразеалагізмы з поўнай, абмежаванай і нулявой парадыгмай.
Так, усе назоўнікавыя фразеалагічныя адзінкі з кампанентам язык маюць поўную парадыгму, г. зн. у іх няма значэння ацэначнасці, або яно нязначнае, аслабленае.
Такім чынам, назоўнікавыя фразеалагізмы з кампанентам язык прадстаўлены 5 адзінкамі, якія выражаюць агульную катэгорыю прадметнасці, якая дапаўняецца і канкрэтызуецца прыватнымі катэгорыямі роду, ліку і склона.
1.1.2 Прыметнікавыя фразеалагізмы
Прыметнікавыя фразеалагізмы з кампанентам язык прадстаўлены 6 адзінкамі, якія абазначаюць прымету асобы ці прадмета. Большасць з гэтых фразеалагізмаў выступаюць як якасная характарыстыка асобы (востры на язык `знаходлівы ў размове, дасціпны' [3, с. 210], бойкі на язык `знаходлівы ў размове, красамоўны' [3, с. 128], лёгкі на язык `схільны да балбатлівасці, залішне гаваркі' [3, с. 648] і слабы (слабаваты) на язык `балбатлівы' [4, с. 409]) і толькі два характарызуюць не асобу, а прадмет (язык праглынеш `вельмі смачны, прыемны, апетытны' [4, с. 241], на канцы языка `пытаючыся, знойдзецца, будзе вядомая (пра дарогу, вуліцу, хату і пад.)' [3, с. 552]).
Катэгарыяльнае значэнне прыметнікавых фразеалагізмаў часцей за ўсё вызначаецца семантычным i сінтаксічным паказчыкам. Напрыклад, язык праглынеш [4, с. 241] абазначае `вельмі смачны, прыемны, апетытны' i ўжываецца ў функцыі азначэння або выказніка. Што тычыцца марфалагічнага паказчыка, то ён дае станоўчы эфект у дачыненні да астатніх фразеалагізмаў, катэгарыяльнае значэнне якіх сігналізуецца атрыбутыўным кампанентам (прыметнікам): востры на язык [3, с. 210], бойкі на язык [3, с. 128], лёгкі на язык [3, с. 648] і слабы (слабаваты) на язык [4, с. 409].
Амаль усе прыметнікавыя фразеалагізмы з кампанентам язык з'яўляюцца зменнымі. У залежнасці ад таго, які кампанент у іх змяняецца, намі было выдзелена дзве групы.
У першую групу ўваходзяць выразы, стрыжнёвы кампанент якіх мае генетычна атрыбутыўнае значэнне. Гэта фразеалагізмы, у якіх стрыжнёвы кампанент-прыметнік кipye залежным назоўнікам у вінавальным склоне з прыназоўнікам на: востры на язык [3, с. 210], бойкі на язык [3, с. 128], лёгкі на язык [3, с. 648] і слабы (слабаваты) на язык [4, с. 409].
Фразеалагізмы гэтай групы рэалізуюць формы роду, ліку і склону, напрыклад: лёгкі на язык (-ая, - ае, -ія) - лёгкага на язык, лёгкаму на язык і г. д.
У другую групу ўваходзіць фразеалагізм, стрыжнёвым кампанентам якога з'яўляецца дзеяслоў: язык праглынеш `вельмі смачны, прыемны, апетытны' [4, с. 241]. Гэты фразеалагізм па форме дзеяслоўны, а па семантыцы - прыметнікавы. Дадзенаму выразу ўласціва абмежаваная парадыгма. Яго дзеяслоўны кампанент выступае ў форме 2-й асобы.
Толькі адзін прыметнікавы фразеалагізм з'яўляецца нязменным: на канцы языка [3, с. 552] .
Такім чынам, аналіз прыметнікавых фразеалагічных адзінак з кампанентам язык дазваляе зрабіць вывад аб вельмі важным месцы дадзенага семантыка-граматычнага тыпу сярод іншых тыпаў фразеалагізмаў. У большасці прыметнікавых фразеалагізмаў стрыжнёвы кампанент-прыметнік кipye залежным назоўнікам у вінавальным склоне з прыназоўнікам на.
1.1.3 Дзеяслоўныя фразеалагізмы
Дзеяслоўныя фразеалагізмы з'яўляюцца адным са шматлікіх семантыка-граматычных тыпаў фразеалагізмаў з кампанентам язык (33 адзінкі). Яны абазначаюць дзеянне і выражаюць яго ў катэгорыях трывання, часу і ладу.
Катэгарыяльнае значэнне амаль усіх дзеяслоўных фразеалагізмаў выяўляецца семантычным, марфалагічным і сінтаксічным крытэрыямі. Так, фразеалагізм даваць волю языку [3, с. 341] належыць да дзеяслоўных таму, што, па-першае, ён абазначае дзеянне, якое перадаецца дзеяслоўным словазлучэннем `дазваляць сабе гаварыць лішняе; лаяцца', па-другое, граматычным цэнтрам фразеалагізма з'яўляецца дзеяслоўны кампанент, які выступае носьбітам формаў трывання (даваць волю языку - даць волю языку), часу (даю, даваў, дам і інш.), асобы (даю, даеш, дае i г. д.), ладу (дай, дaў бы і інш.), ліку (дам, дадзім і г. д.), роду (дaў, дала і інш.), па-трэцяе, гэты выраз выконвае сінтаксічную функцыю выказніка.
Катэгорыя трывання ўласціва ўсім дзеяслоўным фразеалагізмам з кампанентам язык. Пераважная большасць з іх мае суадносныя пары незакончанага і закончанага трывання: абмываць языком / абмыць языком `абгаворваць, бэсціць' [3, с. 45], вастрыць язык / павастрыць язык `дазваляць сабе гаварыць лішняе' [4, с. 125], даваць волю языку / даць волю языку `дазваляць сабе гаварыць лішняе; лаяцца' [3, с. 341], зрывацца з языка / сарвацца з языка `міжвольна, нечакана вымаўляцца' [4, с. 366], малоць языком [4, с. 18] / памалоць языком [4, с. 172] `гаварыць упустую, пустасловіць; распаўсюджваць плёткі, абгаворваць каго-н.', мянціць языком [4, с. 60] / памянціць языком [4, с. 172] `гаварыць упустую, пустасловіць; распаўсюджваць плёткі, абгаворваць каго-н.', мыць языком / абмыць языком `абгаворваць, бэсціць' [4, с. 56], перамываць языком / перамыць языком `абгаворваць, бэсціць' [4, с. 212], тачыць язык / патачыць язык `дазваляць сабе гаварыць лішняе' [4, с. 512], злятаць з языка / зляцець з языка `міжвольна, нечакана вымаўляцца' [3, с. 502], мазоліць язык / намазоліць язык `гаварыць упустую, пустасловіць' [4, с. 10], мянташыць языком / памянташыць языком `гаварыць упустую, пустасловіць; распаўсюджваць плёткі, абгаворваць каго-н' [4, с. 60], трапаць языком / патрапаць языком `займацца пустымі размовамі, пустасловіць' [4, с. 520], трымаць язык за зубамі / патрымаць язык за зубамі `нічога не гаварыць лішняга, быць асцярожным у выказваннях; маўчасць, калі трэба' [4, с. 531], прытрымліваць язык за зубамі / стрымаць язык за зубамі `менш гаварыць, разважаць, быць асцярожным у выказваннях' [4, с. 263], пляскаць языком / пляснуць языком `гаварыць упустую, пустасловіць' [4, с. 228], прыкусваць язык / прыкусіць язык `раптоўна змаўкаць, устрымлівацца ад размовы' [4, с. 260], прытрымліваць язык / прытрымаць язык `менш гаварыць, разважаць, быць асцярожным у выказваннях' [4, с. 263], развязваць язык / развязаць язык `многа гаварыць, станавіцца балбатлівым' [4, с. 301], распускаць язык / распусціць язык `не стрымлівацца ў сваіх выказваннях, дазваляць сабе гаварыць многа лішняга' [4, с. 311], утыкацца са сваім языком / уткнуцца са сваім языком `умешвацца ў чужую размову' [4, с. 583], часаць языком / пачасаць языком `гаварыць упустую, пустасловіць' [4, с. 641]. Фразеалагізмы суадноснай трывальнай пары адрозніваюцца адзін ад аднаго тым, што ў незакончаным трыванні яны абазначаюць дзеянне без паказу на яго мяжу, а ў закончаным - паказваюць на яго ўнутраную мяжу, на завершанасць дзеяння.
Сярод фразеалагічных адзінак з кампанентам язык, якія маюць толькі адно трыванне, пераважаюць фразеалагізмы незакончанага трывання (7 адзінак): варочаць языком `вымаўляць словы, гаварыць' [3, с. 176], лезці на язык `міжвольна вымаўляцца' [3, с. 642], біць язык аб зубы `дарэмна, безвынікова гаварыць з кім-н.; гаварыць пустое, пустасловіць' [3, с. 110], просіцца з языка `вельмі хочацца сказаць' [4, с. 253], просіцца на язык `вельмі хочацца сказаць' [4, с. 253], не сходзіць з языка `пастаянна вымаўляцца' [4, с. 475], не сыходзіць з языка `пастаянна вымаўляцца' [4, с. 482].
Да фразеалагізмаў закончанага трывання адносяцца наступныя 4 адзінкі: высалапіць язык `вельмі стаміцца, знясіліцца ад якога-н. напружання' [3, с. 258], параспускаць языкі `не стрымліваючыся ў выказваннях, дазволіць гаварыць лішняе' [4, с. 186], праглынуць язык `перастаць гаварыць, змоўкнуць' [4, с. 242], узбрысці на язык `міжвольна сказацца' [4, с. 555].
У цеснай сувязі з катэгорыяй трывання знаходзіцца катыгорыя часу. Фразеалагізмы незакончанага трывання маюць формы цяперашняга часу напрыклад: мыць языком [4, с. 56], зрывацца з языка [3, с. 513], вастрыць язык [3, с. 179], тачыць язык [4, с. 512], малоць языком [4, с. 18], мянціць языком [4, с. 60], развязваць язык [4, с. 301], прыкусваць язык [4, с. 260] і інш. А фразеалагізмы закончанага трывання - толькі формы будучага простага, напрыклад: пляснуць языком [4, с. 228], намазоліць язык [4, с. 82], распусціць язык [4, с. 312], павастрыць язык [4, с. 125], зляцець з языка [3, с. 502] і інш.
Катэгорыя асобы паказвае на вытворцу дзеяння і з'яўляецца, паводле В. У. Вінаградава, “фундаментам выказнікавасці” [16, с. 452]. Яна ўласціва ўсім дзеяслоўным фразеалагізмам, здольным рэалізоўвацца ў цяперашнім і будучым часе.
Большасць такіх фразеалагізмаў з кампанентам язык ўжываюцца ва ўсіх трох асобах адзіночнага і множнага ліку: тачу язык, точыш язык, точыць язык, точым язык і г. д., мыю языком, мыеш языком, мые языком, мыем языком і г. д., даю волю языку, даеш волю языку, дае волю языку, даем волю языку і г. д.
Невялікую групу складаюць фразеалагізмы з кампанентам язык, якія ўжываюцца толькі у форме 3-й асобы. Пры гэтым яны адносяцца не да чалавека, а да прадмета: зрывацца з языка [3, с. 513], злятаць з языка [3, с. 502], лезці на язык [3, с. 642], не сходзіць з языка [4, с. 475], не сыходзіць з языка [4, с. 482], узбрысці на язык [4, с. 555], просіцца з языка [4, с. 253], просіцца на язык [4, с. 253].
Катэгорыя ладу абазначае адносіны дзеяння да рэчаіснасці. Выдзяляюцца тры лады: абвесны, загадны і ўмоўны [1, с. 125]. Абвесны лад выступае як нулявая граматычная катэгорыя без спецыфічных марфалагічных паказчыкў.
У форме абвеснага ладу, які рэалізуецца ў формах цяперашняга, прошлага і будучага часу, ужываюцца ўсе фразеалагізмы з кампанентам язык, напрыклад: б'ю (-еш, -е, -ём, -яце, -юць, біў, -ла, -лі і г. д.) язык аб зубы, варочаю (-еш, -е, -ем, -яце, -юць, варочаў, -ла, -лі і г. д.) языком, развязваю (-еш, -е, -ем, -яце, -юць, развязваў, -ла, -лі і г. д.) язык і інш.
Ужыванне фразеалагізмаў з кампанентам язык у форме загаднага ладу вельмі абмежаванае, і гэта вытлумачваецца перш за ўсё тым, што большасць дзеяслоўных фразеалагізмаў якасна характарызуе ў часавых формах асобу ці прадмет, а загадны лад не мае формаў часу і несумяшчальны з якаснай характарыстыкай: дай волю языку, развяжы язык і інш.
Дзеяслоўныя фразеалагізмы з кампанентам язык у форме ўмоўнага ладу выкарыстоўваюцца не вельмі часта. Пры рэалізацыі ўмоўнага ладу дзеяслоўны кампанент фразеалагізма выражаецца ў форме прошлага часу з часціцай бы (б). умоўны лад не мае іншых часавых, а таксама асабовых формаў, але змяняецца па родах і ліках, захоўвае граматычнае значэнне трывання: патрапаў бы языком, пачасаў бы языком, праглынуў бы язык, высалапіў бы язык, павастрыў бы язык і г. д.
Катэгорыя роду ўласцівая толькі асобным формам дзеяслоўных фразеалагізмаў з кампанентам язык , а менавіта: прошламу часу абвеснага ладу і ўмоўнаму ладу, напрыклад: прыкусіў (-ла) язык, развязаў бы язык (-ла б).
Катэгорыю ліку маюць усе спрагальныя формы дзеяслоўных фразеалагізмаў з кампанентам язык, напрыклад: вастру язык (-аць), варочаю языком (-юць), развязваю язык (-юць) і г. д.
Такім чынам, дзеяслоўныя фразеалагізмы з кампанентам язык складаюць шматлікую групу (33 адзінкі). Яны характарызуюцца праз катэгорыі трывання, часу, асобы, ладу, роду і ліку.
1.1.4 Прыслоўныя фразеалагізмы
Прыслоўныя фразеалагізмы з кампанентам язык прадстаўлены толькі 4 адзінкамі.
Паводле семантыкі прыслоўныя фразеалагізмы, як і прыслоўі, дзеляцца на дзве групы: азначальныя і акалічнасныя. Аднак усе фразеалагічныя адзінкі з кампанентам язык абазначаюць спосаб дзеяння, таму адносяцца да групы азначальных: высалапіўшы язык `вельмі хутка, спяшаючыся (бегчы, бегаць і пад.); у бясконцых турботах, да знямогі (бегаць); не шкадуючы сіл, стараючыся (рабіць што-н.)' [3, с. 258], што сліна на язык (да губу) прынясе (нанясе) `зусім не думаючы і абы-што (гаварыць, плесці, балабоніць і пад.)' [4, с. 413], пад язык `без музыкі, падпяваючы голасам' [4, с. 684], язык на плячо `не праяўляючы актыўнасці' [4, с. 230].
Прыслоўныя фразеалагізмы з кампанентам язык рэалізуюць уласцівае iм значэнне толькі ў спалучэнні са словамі-суправаджальнікамі, а менавіта дзеясловамі. Так, напрыклад, фразеалагізм язык на плячо `не праяўляючы актыўнасці' [4, с. 230] рэалізуе сваё значэнне ў спалучэнні з дзеясловамі хадзіць, ісці, а фразеалагізм пад язык `без музыкі, падпяваючы голасам' [4, с. 684] - у спалучэнні з дзеясловамі танцаваць, скакаць, гуляць.
Такім чынам, прыслоўныя фразеалагізмы з кампанентам язык складаюць найменшую групу ў параўнанні з назоўнікавымі, прыметнікавымі і дзеяслоўнымі фразеалагізмамі.
1.1.5 Выклічнікавыя фразеалагізмы
Выклічнікавыя фразеалагізмы з кампанентам язык самы найменшы клас. Яны прадстаўлены 3 адзінкамі, якія выражаюць розныя пачуцці і волевыяўленні, але не абазначаюць і не называюць іх: адсохні мне язык `клятвеннае запэўненне ў справядлівасці сказанага' [3, с. 77], каб язык адсох `вокліч абурэння, асуджэння таго, хто сказаў што-н. непрымальнае' [3, с. 534], ціпун на язык `рэзкае асуджэнне чыйго-н. недарэчнага выказвання, нядобрае пажаданне таму, хто гаворыць не тое, што трэба' [4, с. 625].
Выражаючы разнастайныя эмоцыі, выклічнікавыя фразеалагізмы хоць і не валодаюць намінатыўнай функцыяй, але, як і словы-выклічнікі, “маюць усвядомлены калектывам сэнсавы змест” [16, с. 745].
Усе выклічнікавыя фразеалагізмы паводле семантыкі падзяляюцца на шэсць груп: эмацыянальныя, эмацыянальна-валявыя, пабуджальныя, фразеалагізмы-пажаданні, фразеалагізмы моўнага этыкету і фразеалагізмы-клятвы [1, с. 137]. Фразеалагізмы ж з кампанентам язык прадстаўлены дзвюма групамі:
фразеалагізмы-пажаданні: каб язык адсох [3, с. 534] `вокліч абурэння, асуджэння таго, хто сказаў што-н. непрымальнае', ціпун на язык `рэзкае асуджэнне чыйго-н. недарэчнага выказвання, нядобрае пажаданне таму, хто гаворыць не тое, што трэба' [4, с. 625];
фразеалагізмы-клятвы: адсохні мне язык `клятвеннае запэўненне ў справядлівасці сказанага' [3, с. 77].
Выклічнікавыя фразеалагізмы не маюць граматычных значэнняў роду, ліку, склону, часу, асобы і г. д. Яны нязменныя, сінтаксічна не звязваюцца са структурай сказа і не з'яўляюцца членамі сказа.
Такім чынам, выклічнікавыя фразеалагізмы з кампанентам язык выконваюць не менш важную ролю, чым іншыя фразеалагічныя адзінкі, выражаючы розныя пачуцці і волевыяўленні, але не абазначаючы і не называючы іх. З сінтаксічнага боку яны не звязаны з іншымі словамі, не з'яўляюцца членамі сказа і займаюць у ім ізаляваную пазіцыю.
1.2 Фразеалагізмы, несуадносныя з часцінамі мовы
Апрача фразеалагізмаў, суадносных з пэўнымі часцінамі мовы, шматлікую групу складаюць фразеалагічныя адзінкі з кампанентам язык, якія нельга супаставіць з тым ці іншым словам (59 адзінак). Звычайна такія выразы маюць адкрытую, незамкнёную структуру сказа і “патрабуюць інфарматыўнай падтрымкі” з боку залежных слоў найчасцей “са значэннем асобы, якая выступае ў ролі лагічнага суб'екта” [17, с. 208].
Гэтыя фразеалагізмы характарызуюць дзеянне або стан асобы ці прадмета, і іх рэалізацыя ў маўленні, за рэдкім выключэннем, немагчымая без дапаўнення іх назвай суб'екта ва ўскосных склонах, напрыклад: язык меле (у каго) `хто-н. гаворыць пустое, пустасловіць' [4, с. 28]; падрэзаць язык (каму) `прымусіць каго-н. замоўкнуць, менш гаварыць лішняе' [4, с. 144]; пацягнула за язык (каго) `знянацку захацелася каму-н. выказацца, запытаць пра што-н.' [4, с. 200]; язык без касцей (у каго) `хто-н. вельмі балбатлівы, гаворыць лішняе' [3, с. 564] і інш.
Разглядаючы несуадносныя фразеалагізмы з кампанентам язык паводле іх семантычнай накіраванасці, можна адзначыць, што адны з іх характарызуюць чалавека, другія - прадметы. Адпаведна з гэтым дадзеныя фразеалагізмы можна падзяліць на дзве групы: суб'ектныя і аб'ектныя.
Сярод фразеалагізмаў з кампанентам язык пераважаюць суб'ектныя. Яны, ў сваю чаргу, у залежнасці ад таго, што абазначаюць, падзяляюцца на дзве падгрупы.
У першую падгрупу ўваходзяць выразы з агульным значэннем дзеяння, якое зведвае ці адчувае асоба, напрыклад: язык не паварочваецца `хто-н. баіцца, не адважваецца, саромеецца ці не мае ахвоты (сказаць, запытаць і пад.)' [4, с. 124], язык прысох <да зубоў> `хто-н. раптоўна страціў здольнасць гаварыць (ад страху, здхіўлення і пад.)' [4, с. 263], язык адняўся `хто-н. раптоўна змоўк, страціў здольнасць гаварыць (ад страху, здзіўлення і пад.)' [3, с. 72], язык гладка ходзіць `хто-н. умее свабодна, лёгка і прыгожа гаварыць' [3, с. 304] і інш.
Другая падгрупа аб'ядноўвае фразеалагізмы з агульным значэннем стану, у якім знаходзіцца асоба, напрыклад: востры язык `хто-н. дасціпны, з'едлівы ў размове' [3, с. 210], жаба на языку не спячэцца `хто-н. вельмі балбатлівы, не ўмее трымаць сакрэты' [3, с. 420], язык каля (ля) вушэй матляецца `хто-н. празмерна балбатлівы, гаворыць многа лішняга' [4, с. 25], язык без касцей `хто-н. вельмі балбатлівы, гаворыць лішняе' [3, с. 564], язык доўгі `хто-н. занадта балбатлівы, не ўмее стрымліваць сябе ў размове ці захоўваць тайну' [4, с. 686] і інш.
Аб'ектныя фразеалагізмы семантычна накіраваныя на неадушаўлёныя прадметы, хоць у асобных выпадках ускосна могуць звязвацца і з асобай, напрыклад: як карова языком злізала `хто-н. бясследна знік, перастаў існаваць ці што-н. раптоўна знікла' [3, с. 501], можна язык зламаць `цяжка вымавіць што-н. (слова, фразу і пад.)' [3, с. 501], трымаць язык на прывязі `захоўваць што-н. у тайне, быць асцярожным у выказваннях; маўчаць, калі трэба' [4, с. 532], цягнуць за язык `прымушаць сказаць, выказаць, расказаць што-н.' [4, с. 632], язык зломіш `цяжка вымавіць што-н. (слова, фразу і пад.)' [3, с. 502] і інш.
Як бачым, фразеалагізмы з кампанентам язык, несуадносныя з часцінамі мовы, не менш пашыраны, чым іншыя семантыка-граматычныя тыпы. Сэнсавы змест несуадносных фразеалагізмаў раскрываецца з дапамогай прэдыкатыўнага словазлучэння, у складзе якога ролю граматычнага ці лагічнага дзейніка выконвае няпэўны займеннік. Разам з тым, паводле семантычнай накіраванасці адны несуадносныя фразеалагізмы могуць характарызаваць чалавека, іншыя ж - прадметы.
Такім чынам, сярод фразеалагізмаў з кампанентам язык паводле часцінамоўнай прыналежнасці пераважаюць дзеяслоўныя фразеалагізмы, астатнія групы прадстаўлены нязначнай колькасцю. Граматычнае даследаванне фразеалагічных адзінак з кампанентам язык дазваляе зрабіць наступныя вывады.
Па-першае, фразеалагізмы маюць не толькі прыватнае, але і абагульненае значэнне, дзякуючы чаму паводле свайго катэгарыяльнага значэння большасць фразеалагізмаў суадносіцца з рознымі часцінамі мовы, а меншая частка з'яўляецца несуадноснай з часцінамі мовы.
Па-другое, найлепшы вынік пры выяўленні катэгарыяльнага значэння фразеалагічнай адзінкі мае комплексны падыход, улік усіх трох паказчыкаў, цэласны аналіз семантыкі, марфалагічных асаблівасцей і сінтаксічнай функцыі ў сказе.
2. Сінтаксічная характарыстыка фразеалагізмаў
2.1 Структурныя тыпы фразеалагізмаў
Фразеалагізмы як складаныя моўныя адзінкі вызначаюцца разнастайнасцю сваёй структуры, у адпаведнасці з чым выдзяляюцца тры разнавіднасці: фразеалагізмы, структурна арганізаваныя як словазлучэнні, спалучэнні і сказы. Такі падзел фразеалагізмаў стаў магчымым дзякуючы вывучэнню фразеалагізмаў беларускай мовы ў іх аб'яднаннях паводле структурных адзінстваў. Бо яшчэ нават у 90-я гг. ХХ ст. выдзяляліся толькі дзве разнавіднасці фразеалагізмаў паводле структуры: фразеалагізмы, якія “граматычна адпавядаюць сказу”, і “фразеалагізмы, граматычна адпаведныя словазлучэнню” [18, с. 128].
Выдзеленыя на сённяшні дзень тры разнавіднасці фразеалагізмаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы паводле структуры істотна адрозніваюцца адна ад другой. Кожная разнавіднасць характарызуецца некалькімі структурнымі тыпамі, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на шэраг структурных мадэляў. За кожным фразеалагізмам замацавалася свая структура. Яна на ўзроўні нормы такая ж устойлівая і нязменная, як, скажам, і семантыка фразеалагізма. Разгледзім найбольш падрабязна структурныя разнавіднасці фразеалагічных адзінак з кампанентам язык.
2.1.1 Фразеалагізмы, суадносныя са структурай словазлучэння
Фразеалагізмы, суадносныя са структурай словазлучэння, - гэта самая шматлікая структурна-граматычная разнавіднасць фразеалагізмаў з кампанентам язык (68 адзінак). Выразы гэтай разнавіднасці ўтварыліся па структурных схемах трох тыпаў словазлучэння, вядомых у сінтаксісе, аднак адны з гэтых тыпаў і асабліва мадэляў сярод таго ці іншага тыпу, як будзе паказана ніжэй, вельмі пашыраныя, другія - менш прадуктыўныя, трэція - зусім рэдкія.
Паміж кампанентамі ў фразеалагізмах-словазлучэннях назіраюцца толькі два віды сувязі:
- дапасаванне: языковае мліва [4, с. 45], цешчын язык [4, с. 625], востры язык [3, с. 210], доўгі (даўгі) язык [3, с. 364], злыя языкі [3, с. 502] і інш.;
- кіраванне: вастрыць язык [3, с. 179], варочаць языком [3, с. 176], высалапіць язык [3, с. 258], браць на язык [3, с. 143] і інш.
Самы пашыраны тып (51 адзінка) - гэта фразеалагізмы, структурна арганізаваныя як дзеяслоўныя словазлучэнні, напрыклад: мыць языком [4, с. 56], тачыць язык [4, с. 512], варочаць языком [3, с. 176], мазоліць язык [4, с. 10], мянціць языком [4, с. 60] і інш. Амаль усе яны паводле катэгарыяльнага значэння належаць да дзеяслоўных фразеалагізмаў, адзін да прыслоўнага семантыка-граматычнага тыпа (высалапіўшы язык [3, с. 258]) і частка фразеалагізмаў да не суадносных з часцінамі мовы (укараціць язык [4, с. 562], падкараціць язык [4, с. 137], падрэзаць язык [4, с. 144], утыкаць язык [4, с. 583] і пад.).
Пераважаюць двух- і трохкампанентныя выразы. Сярод двухкампанентных выразаў самую прадуктыўную мадэль складаюць фразеалагізмы, утвораныя па структурнай схеме “дзеяслоў + назоўнік у вінавальным склоне” (16 адзінак): вастрыць язык [3, с. 179], тачыць язык [4, с. 512], высалапіць язык [3, с. 258], мазоліць язык [4, с. 10], параспускаць языкі [4, с. 186], праглынуць язык [4, с. 242], прыкусваць язык [4, с. 260], прытрымліваць язык [4, с. 263], развязваць язык [4, с. 301], распускаць язык [4, с. 311], часаць язык [4, с. 641], укараціць язык [4, с. 562], падкараціць язык [4, с. 137], падрэзаць язык [4, с. 144], язык завязаць [3, с. 435], утыкаць язык [4, с. 583].
Менш пашырана мадэль, пры якой залежны кампанент-назоўнік стаіць у творным склоне (10 адзінак): абмываць языком [3, с. 45], мыць языком [4, с. 56], перамываць языком [4, с. 212], варочаць языком [3, с. 176], часаць языком [4, с. 641], малоць языком [4, с. 18], мянціць языком [4, с. 60], мянташыць языком [4, с. 60], трапаць языком [4, с. 520], пляскаць языком [4, с. 228].
Трохкампанентныя фразеалагізмы са структурай дзеяслоўнага словазлучэння ўтвараюць мадэль “дзеяслоў + прыназоўнік ( за, на,з) + назоўнік у пэўным склоне” (14 адзінак): зрывацца з языка [3, с. 513], злятаць з языка [3, с. 502], лезці на язык [3, с. 642], узбрысці на язык [4, с. 555], трымаць за язык [4, с. 529], цягнуць за язык [4, с. 632], сарваць з языка [4, с. 366], браць на язык [3, с. 143], наступаць на язык [4, с. 90], падхопліваць на языкі [4, с. 147], падымаць на язык [4, с. 149], пападаць на язык [4, с. 179], трапляць на язык [4, с. 521], прыходзіць на язык [4, с. 265]. Найбольш частотнымі з'яўляюцца канструкцыі з назоўнікам у вінавальным склоне і прыназоўнікам на. Чатыры фразеалагізмы ўтвараюць мадэль, усе тры кампаненты якой генетычна паўназначныя словы: даваць волю языку [3, с. 341], можна язык зламаць [3, с. 501], можна язык паламаць [4, с. 166].
Чатырохкампанентныя фразеалагізмы з'яўляюцца непрадуктыўнымі і маюць самую разнастайную структуру, напрыклад: трымаць язык за зубамі [4, с. 531], прытрымліваць язык за зубамі [4, с. 263], утыкацца са сваім языком [4, с. 583], не сыходзіць з языка [4, с. 482], не сходзіць з языка [4, с. 475], трымаць язык на прывязі [4, с. 532], трымаць язык на замку [4, с. 533], наступаць сабе на язык [4, с. 91], біць язык аб зубы [3, с. 110].
Другі тып (11 адзінак) - гэта фразеалагізмы са структурай назоўнікавага словазлучэння: языковае мліва [4, с. 45], часанне языка [4, с. 641], цешчын язык [4, с. 625], злыя языкі [3, с. 502], доўгі (даўгі) язык [3, с. 364], язык на плячо [4, с. 230], востры язык [3, с. 210], язык без касцей [3, с. 564], язык на шарнірах [4, с. 666], на канцы языка [3, с. 552], ціпун на язык [4, с. 625]. Пяць з іх па суадноснасці з часцінамі мовы належаць да назоўнікавых: языковае мліва [4, с. 45], часанне языка [4, с. 641], цешчын язык [4, с. 625], злыя языкі [3, с. 502], доўгі (даўгі) язык [3, с. 364].
У гэтым структурным тыпе, як і ў папярэднім, найчасцей сустакаюцца двух- і трохкампанентныя фразеалагізмы.
Пераважная большасць двухкампанентных фразеалагізмаў утварылася па мадэлі “назоўнік у назоўным склоне + атрыбутыўнае слова”, напрыклад: языковае мліва [4, с. 45], цешчын язык [4, с. 625], злыя языкі [3, с. 502], доўгі (даўгі) язык [3, с. 364], востры язык [3, с. 210]. Прыведзеныя прыклады паказваюць, што звычайна ў выразах гэтай мадэлі, як і ў некаторых іншых падобных мадэлях, атрыбутыўнае слова, залежнае ад граматычна галоўнага кампанента-назоўніка, знаходзіцца ў прэпазіцыйным становішчы.
Сярод двухкампанентных фразеалагізмаў сустракаецца адна мадэль “назоўнік у назоўным склоне + назоўнік у родным склоне”: часанне языка [4, с. 641].
Трохкампанентныя фразеалагізмы аб'ядноўваюцца ў мадэль “назоўнік + прыназоўнік + назоўнік у пэўным склоне”: язык на плячо [4, с. 230], язык без касцей [3, с. 564], язык на шарнірах [4, с. 666], ціпун на язык [4, с. 625], на канцы языка [3, с. 552].
Трэці тып - фразеалагізмы са структурай прыметнікавага словазлучэння (4 адзінкі). У гэты тып увайшлі выразы, у якіх граматычна галоўным выступае прыметнікавы кампанент. Фразеалагізмы гэтага тыпу маюць трохкампанентную структуру і пабудаваны па мадэлі “прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у вінавальным склоне”: востры на язык [3, с. 210], бойкі на язык [3, с. 128], лёгкі на язык [3, с. 648], слабы на язык [4, с. 409].
Чацвёрты тып - фразеалагізмы са структурай прыслоўнага словазлучэння (1 адзінка). Сюды ўваходзіць выраз з дзеепрыслоўным кампанентам як граматычна апорным словам: высалапіўшы язык [3, с. 258].
Такім чынам, фразеалагізмы з кампанентам язык тоесныя ў структурных адносінах з адпаведнымі свабоднымі словазлучэннямі і як бы паўтараюць шмат якія сінтаксічныя мадэлі. Сярод фразеалагізмаў са структурай словазлучэння (68 адзінак) самы пашыраны тып - гэта фразеалагізмы, структурна арганізаваныя як дзеяслоўныя словазлучэнні.
2.1.2 Фразеалагізмы, суадносныя са структурай спалучэння слоў
На долю фразеалагізмаў, суадносных са структурай спалучэння слоў, прыпадае толькі 2 адзінкі. Гэта прыслоўны фразеалагізм (пад язык [4, с. 684]) і фразеалагізм, які не суадносіцца з пэўнай часцінай мовы (на языку [4, с. 690]).
Дадзеныя фразеалагізмы ўтвораны па структурнай схеме прыназоўнікава-склонавай формы назоўніка.
Выразы гэтага тыпу называюць мінімальнымі адзінкамі фразеалогіі. Яны ўтвараюць наступныя структурныя мадэлі:
1) “прыназоўнік пад + назоўнік у вінавальным склоне”: пад язык [4, с. 684];
2) “прыназоўнік на + назоўнік у месным склоне”: на языку [4, с. 690].
Такім чынам, фразеалагізмы-спалучэнні з кампанентам язык прадстаўлены адзінкавымі прыкладамі і ўтвораны па структурнай схеме прыназоўнікава-склонавай формы назоўніка.
2.1.3 Фразеалагізмы, суадносныя са структурай сказа
Сярод фразеалагізмаў з кампанентам язык намі выяўлена 40 адзінак, суадносных са структурай сказа. Калі фразеалагізмы-сказы разглядаць паводле іх суадноснасці з часцінамі мовы, то выяўляецца, што амаль усе яны належаць да несуадносных: жаба на языку не спячэцца `хто-н. вельмі балбатлівы, не ўмее трымаць сакрэты' [3, с. 420], як карова языком злізала `хто-н. бясследна знік, перастаў існаваць ці што-н. раптоўна знікла' [3, с. 501], язык каля вушэй матляецца `хто-н. празмерна балбатлівы, гаворыць многа лішняга' [4, с. 25], язык меле `хто-н. гаворыць пустое, пустасловіць' [4, с. 28], язык у роце не месціцца `хто-н. не можа стрымацца, каб не загаварыць, не расказаць пра што-н.' [4, с. 35], язык не паварочваецца `хто-н. баіцца, не адважваецца, саромеецца ці не мае ахвоты (сказаць, запытаць і пад.)' [4, с. 124], язык паварочваецца `(як, ці, няўжо) хапае рашучасці, смеласці, сумлення (сказаць, гаварыць, пытацца і пад.)' [4, с. 124], язык прысох да зубоў `хто-н. раптоўна страціў здольнасць гаварыць(ад страху, здхіўлення і пад.)' [4, с. 263], язык прыліп да зубоў `хто-н. раптоўна страціў здольнасць гаварыць(ад страху, здхіўлення і пад.)' [4, с. 260], язык прысох да паднябення `хто-н. раптоўна страціў здольнасць гаварыць(ад страху, здхіўлення і пад.)' [4, с. 141],пацягнула за язык `знянацку захацелася каму-н. выказацца, запытаць пра што-н.' [4, с. 200], як язык пракаўтнуў `упарта, зацята маўчаў ці раптоўна замоўк' [4, с. 244], цяля язык аджавала `хто-н. недарэчы маўчыць, не хоча сказаць што-н.' [4, с. 634], чорт цягнуў за язык `знянацку і недарэчы хацелася каму-н. сказаць што-н.; выказванне шкадавання з прычыны сказанага' [4, с. 650], язык як брытва `здольнасць востра і дасціпна гаварыць; хто-н. дасціпны, з'едлівы ў размове' [4, с. 689], язык адняўся `хто-н. раптоўна змоўк, страціў здольнасць гаварыць (ад страху, здзіўлення і пад.)' [3, с. 72], язык блытаецца `хто-н. не можа выразна гаварыць, сказаць што-н.' [3, с. 112], язык гладка ходзіць `хто-н. умее свабодна, лёгка і прыгожа гаварыць' [3, с. 304], язык да зубоў прымёрз `хто-н. раптоўна страціў здольнасць гаварыць' [4, с. 261], язык добра падвешаны `хто-н. умее свабодна, лёгка і прыгожа гаварыць' [3, с. 385], язык доўгі `хто-н. занадта балбатлівы, не ўмее стрымліваць сябе ў размове ці захоўваць тайну' [4, с. 686], язык дрэнна падвешаны `хто-н. не ўмее свабодна, лёгка і прыгожа гаварыць' [3, с. 390], язык кепска падвешаны `хто-н. не ўмее свабодна, лёгка і прыгожа гаварыць' [3, с. 571], язык заплятаецца `хто-н. не можа выразна гаварыць, сказаць што-н.' [3, с. 463], язык не адваліцца `нічога не зробіцца з кім-н., калі скажа што-н., папросіць, запытае і пад.' [3, с. 56], язык не слухае `хто-н. не мае рашучасці, ахвоты, саромеецца (сказаць, запытаць і пад.)' [4, с. 420], язык па-за вушамі ходзіць `хто-н. празмерна балбатлівы, гаворыць многа лішняга' [3, с. 225], язык развязваецца `хто-н. становіцца залішне балбатлівым' [4, с. 300], язык свярбіць `хто-н. не можа стрымацца, каб не загаварыць, не сказаць што-н.' [4, с. 381], як быццам язык праглынуў `упарта, зацята маўчаў ці раптоўна замоўк' [4, с. 241], круціцца на канцы языка `каму-н. вельмі хочацца сказаць, спытаць пра што-н. важнае' [3, с. 552], круціцца на языку `каму-н. вельмі хочацца сказаць,спытаць пра што-н.; ніяк не ўспамінаецца ў момант гутаркі што-н. вядомае' [3, с. 610], верціцца на языку `каму-н. вельмі хочацца сказаць,спытаць пра што-н.; ніяк не ўспамінаецца ў момант гутаркі што-н. вядомае' [3, с. 188], язык зломіш `цяжка вымавіць што-н. (слова, фразу і пад.)' [3, с. 502].
Толькі адзінкавыя фразеалагізмы-сказы размяркоўваюцца сярод іншых семантыка-граматычных тыпаў:
- прыслоўны: што сліна на язык (да губы) прынясе (нанясе) `зусім не думаючы і абы-што (гаварыць, плесці, балабоніць і пад.)' [4, с. 413];
- дзеяслоўныя: просіцца з языка `вельмі хочацца сказаць' [4, с. 253], просіцца на язык `вельмі хочацца сказаць' [4, с. 253];
- выклічнікавыя: адсохні мне язык `клятвеннае запэўненне ў справядлівасці сказанага' [3, с. 77], каб язык адсох `вокліч абурэння, асуджэння таго, хто сказаў што-н. непрымальнае' [3, с. 534];
- прыметнікавы: язык праглынеш `вельмі смачны, прыемны, апетытны. Пра яду, пітво' [4, с. 241].
У большасці фразеалагізмы з кампанентам язык структурна арганізаваныя як сказы розных тыпаў.
Самы багаты і прадуктыўны тып - фразеалагізмы са структурай двухсастаўнага неразвітага сказа. Найбольш пашыраная мадэль сярод выразаў гэтага тыпу - “назоўнік у назоўным склоне + дзеяслоў”, напрыклад: язык меле [4, с. 28], язык паварочваецца [4, с. 124], язык адняўся [3, с. 72], язык блытаецца [3, с. 112], язык заплятаецца [3, с. 463], язык развязваецца [4, с. 300], язык свярбіць [4, с. 381]. Сустракаецца адзін фразеалагізм, у якім граматычна залежны кампанент выражаны не дзеясловам, а прыметнікам: язык доўгі [4, с. 686]. А фразеалагізмы язык не паварочваецца [4, с. 124], язык не адваліцца [3, с. 56], язык не слухае [4, с. 420] з'яўляюцца трохкампанентнымі і выкарыстоўваецца з часціцай не перад дзеяслоўным кампанентам. Чатыры фразеалагізмы са структурай двухсастаўнага неразвітага сказа ўтварыліся па непрадуктыўнай мадэлі: язык як брытва [4, с. 689], язык добра падвешаны [3, с. 385], язык дрэнна падвешаны [3, с. 390], язык кепска падвешаны [3, с. 571].
Другі тып - фразеалагізмы са структурай двухсастаўнага развітага сказа. Так, фразеалагізм цяля язык аджавала [4, с. 634] мае мадэль, у якой, апрача дзеяслова, ёсць два назоўнікі, адзін з іх - незалежны, суадносны з дзейнікам, а другі - залежны, ва ўскосным склоне. Фразеалагізм язык гладка ходзіць [3, с. 304] пабудаваны па мадэлі, у якой, апрача галоўных членаў, ёсць даданы, выражаны прыслоўем.
У чатырохкампанентных выразах, апрача тых кампанентаў, якія складаюць граматычную аснову сказа і суадносяцца з дзейнікам і выказнікам, ёсць яшчэ два кампаненты: залежны ад дзеяслова назоўнік ва ўскосным склоне з прыназоўнікам: язык каля вушэй матляецца [4, с. 25], язык прысох да зубоў [4, с. 263], язык прыліп да зубоў [4, с. 260], язык прысох да паднябення [4, с. 141], чорт цягнуў за язык [4, с. 650], язык да зубоў прымёрз [4, с. 261], язык па-за вушамі ходзіць [3, с. 225].
Пяцікампанентныя выразы малапрадуктыўныя і прадстаўлены адзінкавымі прыкладамі: жаба на языку не спячэцца [3, с. 420], язык у роце не месціцца [4, с. 35].
Трэці тып складаюць фразеалагізмы са структурай безасабовага сказа. Прывядзём прыклады рознамадэльных выразаў, якія з'яўляюцца малапрадуктыўнымі: пацягнула за язык [4, с. 200], просіцца з языка [4, с. 253], просіцца на язык [4, с. 253], круціцца на языку [3, с. 610], верціцца на языку [3, с. 188], круціцца на канцы языка [3, с. 552].
Чацвёрты тып утвараюць фразеалагізмы са структурай абагульнена-асабовага сказа, які таксама з'яўляецца малапрадуктыўным і прадстаўлены дзвюма адзінкамі: язык зломіш [3, с. 502], язык праглынеш [4, с. 241].
Пяты тып складаюць фразеалагізмы са структурай нерасчлянёнага сказа. Як вядома, нерасчлянёныя сказы ў якасці асобнага структурнага тыпу супрацьпастаўляюцца двухсастаўным і аднасастаўным. Ім уласціва інтанацыя паведамлення, але яны не выконваюць намінатыўнай функцыі, не могуць уваходзіць у словазлучэнне і пашырацца іншымі словамі. Пры дапамозе гэтых сказаў выражаюць згоду ці нязгоду з чыім-небудзь выказваннем, мадальна- эмацыянальную рэакцыю на яго, а таксама пабуджэнне да чаго-небудзь. Да гэтага тыпу адносяцца наступныя выклічнікавыя фразеалагізмы: адсохні мне язык [3, с. 77], каб язык адсох [3, с. 534].
Шосты тып - фразеалагізмы са структурай даданага параўнальнага сказа. Іх знешнімі паказчыкамі выступаюць злучнікі як, як быццам. Да гэтага тыпу адносяцца наступныя фразеалагічныя адзінкі з кампанентам язык: як карова языком злізала [3, с. 501], як язык пракаўтнуў [4, с. 244], як быццам язык праглынуў [4, с. 244].
Сёмы тып фразеалагізмаў са структурай даданага дапаўняльнага прадстаўлены адзінкавым прыкладам, які пачынаецца злучальным словам што: што сліна на язык (да губы) прынясе (нанясе) [4, с. 413].
Як бачым, фразеалагізмы-сказы з кампанентам язык прадстаўлены значнай колькасцю (40 адзінак). Яны паўтараюць многія тыпы і мадэлі, вядомыя ў сінтаксісе простага сказа. Адны з іх больш прадуктыўныя, другія - менш. Самы багаты і прадуктыўны тып - фразеалагізмы са структурай двухсастаўнага неразвітага сказа (15 адзінак). Другія менш прадуктыўныя і прадстаўлены адзінкавымі прыкладамі.
Подобные документы
Марфалагічная характарыстыка фразеалагізмаў, іх функцыянальная нагрузка, значэнне і тыпы. Выяўленне фразеалагізмаў ў мове драматычных твораў А. Макаёнка, іх стылістычныя функцыі. Фразеалагізмы са структурай спалучэння слоў, сказа, словазлучэння.
дипломная работа [101,7 K], добавлен 26.05.2013Фразеалагізмы як частка лексікі любой мовы, разуменне іх сэнсу. Фразеалагізмы беларускай мовы: крыніцы паходжання і тлумачэнне паняцця. Біблія - універсальная аснова сусветнай культуры. Асаблівасць функцыяніравання біблейскіх фразеалагізмаў у мове.
курсовая работа [86,1 K], добавлен 24.05.2015Суадноснасць з: назоўнікам, прыметнікам, дзеясловам, прыслоўем, выклічнікам. Сінтаксічная характарыстыка фразеалагізмаў з кампанентам-найменнем атмасферных з’яў. Фразеалагізмы-словазлучэнні, сказы. Класіфікацыя фразеалагізмаў паводле кампанента-наймення.
курсовая работа [53,2 K], добавлен 12.01.2016Фразеалогія як асобны раздзел навукі аб мове. Групаванне фразеалагізмаў на аснове тэматычнай аднастайнасці кампанентнага складу. Фразеалагізмы, суадносныя са структурай простага сказа. Марфалагічная та сінтаксічная характарыстыкі фразеалагізмаў.
курсовая работа [69,4 K], добавлен 26.07.2013Кампаратыўныя фразеалагізмы ў мове твораў Я. Коласа. Адносіны ўстойлівых параўнанняў да фразеалагічных адзінак. Семантычная класіфікацыя ўстойлівых параўнанняў мовы твораў Я. Коласа. Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуць чалавека і яго якасці.
курсовая работа [86,3 K], добавлен 11.07.2014Навукова-тэарэтычныя асновы вывучэння фразеалогіі беларускай мовы. Паходжанне фразеалагізмаў ў рускай, беларускай і польскай мовах. Аналіз этымалогія фразеалагізмаў з кампанентам "зямля", іх класіфікацыя па лексічных значэнняў і сінтаксічныя асаблівасцяў.
курсовая работа [31,1 K], добавлен 16.03.2010Ўсвядоміць месца беларускай мовы ў развіцці культуры і ў духоўным адраджэнні наці. Лексікалогія і прадмет яе вывучэння. Вусная і пісьмовая формы мовы. Білінгвізм, яго тыпы, аспекты і разнавіднасці. Акцэнтная, фанетычная, арфаэпічная інтэрферэнцыя.
учебное пособие [1,1 M], добавлен 23.04.2014Феномен мовы і паняцце соцыуму. Гісторыя двухмоўя на Беларусі. Этапы фарміравання беларускай мовы. Лексікалогія і лексікаграфія беларускай мовы. Стылістыка і функцыянальныя стылі. Навуковы стыль і яго разнавіднасці. Групы афіцыйна-справавой дакументацыі.
курс лекций [208,8 K], добавлен 30.03.2015Слова і яго значэнне. Спосабы ўзнікнення пераносных значэнняў слова. Лексіка беларускай мовы паводле находжання, сферы ўжывання. Актыўная і пастўная лексіка. Стылістычныя разрады лексікі беларускай мовы. Лексіка сучаснай мовы. Мастацка-паэтычная лексіка.
реферат [23,5 K], добавлен 24.01.2009Сутнасць універсальных і спецыфічных фанетычных, граматычных і іншых з’яў беларускай мовы ў сістэме славянскіх моў. Пытання спецыяльнай лексікі, у прыватнасці, тэрміналогіі беларускай мовы ў аспектах яе гістарычнага развіцця, генетычных асаблівасцяў.
курс лекций [1,1 M], добавлен 10.02.2010