Сучасная беларуская мова: фразеалогія

Фразеалогія як асобны раздзел навукі аб мове. Групаванне фразеалагізмаў на аснове тэматычнай аднастайнасці кампанентнага складу. Фразеалагізмы, суадносныя са структурай простага сказа. Марфалагічная та сінтаксічная характарыстыкі фразеалагізмаў.

Рубрика Иностранные языки и языкознание
Вид курсовая работа
Язык белорусский
Дата добавления 26.07.2013
Размер файла 69,4 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Каля паловы фразеалагізмаў з кампанентам галава гэтага тыпу чатырох- і больш як чатырохкампанентныя. У чатырохкампанентных выразах, апрача тых кампанентаў, якія складаюць, умоўна кажучы, граматычную аснову сказа і суадносяцца з дзейнікам і выказнікам, ёсць яшчэ два кампаненты: залежны ад дзеяслова назоўнік ва ўскосным склоне з прыназоўнікам. Пры гэтым адна і тая ж склонавая форма залежнага назоўніка найчасцей рэалізуецца ў спалучэнні з неаднолькавымі прыназоўнікамі. Адпаведна і структурныя мадэлі такіх фразеалагізмаў будуць ужо розныя. Так, залежны назоўнік у родным склоне ўжываецца з прыназоўнікамі з: хмель выляцеў з галавы.

Іншыя мадэлі ўтвараюцца пры ўжыванні залежнага назоўніка ў вінавальным склоне з прыназоўнікам у: хмель ударыў у галаву; у творным склоне з прыназоўнікамі над: хмары згушчаюцца над галавой. Ёсць і шэраг іншых мадэляў, малапрадуктыўных і адначастотных, напрыклад: яечка з галавы не скоціцца, волас з галавы не спадзе.

Каля сотні фразеалагізмаў маюць структуру аднасастаўнага сказа -- безасабовага ці абагульнена-асабовага.

Трэці тып - фразеалагізмы са структурай даданага ўступальнага сказа (злучнік хоць + дзеяслоў загаднага ладу). Неабавязковым, факультатыўным кампанентам у складзе такіх фразеалагізмаў нярэдка выступае займеннік ты: хоць <ты> галавой аб сцяну біся, хоць <ты > галавой налажы.

Як бачым, фразеалагізмы-сказы з кампанентам галава паўтараюць многія тыпы і мадэлі, вядомыя ў сінтакеісе простага сказа. Адны з іх больш прадуктыўныя, другія -- менш. Няма, аднак, сярод фразеалагізмаў гэтай разнавіднасці некаторых тыпаў аднасастаўнага сказа (пэўна-асабовых, няпэўна-асабовых, інфінітыўных, намінатыўных, генітыўных), сказаў з аднароднымі членамі і інш.

Заключэнне

У выніку даследавання фразеалагізмаў з кампанентам галава, якіх зафіксавана 166 адзінак, быў праведзены іх аналіз марфалагічных асаблівасцей і сінтаксічнай функцыі ў сказе

Паводле марфалагічнай характарыстыкі фразеалагізмаў з кампанентам галава былі выдзелены наступныя тыпы: фразеалагізмы, суадносныя з часцінамі мовы (прыслоўныя - 10 адзінак, дзеяслоўныя - 86, назоўнікавыя - 14, выклічнікавыя - 2, прыметнікавыя - 6) і фразеалагізмы, несуадносныя з часцінамі мовы - 48 адзінак.

Такім чынам, паводле суадноснасці з часцінамі мовы шматлікую групу складаюць дзеяслоўныя фразеалагізмы, астатнія прадстаўлены найменшай колькасцю.

Назоўнікавыя фразеалагізмы з кампанентам галава (пустая галава, гарачая галава і інш.) выражаюць агульную катэгорыю прадметнасці, якая дапаўняецца і канкрэтызуецца прыватнымі катэгорыямі роду, ліку і склону. Граматычны род праяўляецца ў дыялектычным адзінстве зместу і фармальных сродкаў яго выражэння і не залежыць ад семантыкі фразеалагізма. Катэгорыя ліку выражаецца амаль у адной і той жа форме - у форме адіночнага ліку. Значныя абмежаванні, абумоўленыя семантычнымі, сінтаксічнымі ці структурнымі асаблівасцямі фразеалагізмаў, назіраюцца ў рэалізацыі склонавых форм.

Усе дзеяслоўныя фразеалагізмы (азяліць галаву, адарваць галаву і інш.) ужываюцца толькі ў неазначальнай форме, бо рэалізуюць сваё значэнне пры строга акрэсленых словах-суправаджальніках. Характарызуюцца праз катэгорыі трывання, часу і ладу.

Прыслоўныя фразеалагізмы належаць да азначальнай і якаснай семантычных груп (у галавах, яечка з галавы не скоціцца і інш.). Рэалізуюць уласцівае iм значэнне толькі ў спалучэнні са словамі-суправаджальнікамі, а менавіта дзеясловамі.

Прыметнікавыя фразеалагізмы (усяму галава, са свае галавы і інш.) выступаюць як якасная характарыстыка асобы, так і якасная характарыстыка прадмета, з'яўляючыся не толькі зменнымі выразамі, але і нязменнымі.

Выклічнікавыя фразеалагізмы (чэмер на яго галаву і інш.) выконваюць не менш важную ролю, чым іншыя фразеалагізмы, выражаючы розныя пачуцці і волевыяўленні, але не абазначаючы і не называючы іх. З сінтаксічнага боку яны не звязаны з іншымі словамі, не з'яўляюцца членамі сказа і займаюць у ім ізаляваную пазіцыю.

Фразеалагізмы, несуадносныя з часцінамі мовы (хмары згушчаюцца над галавой, клёпкі не хапае ў галаве, салома ў галаве і інш.), не менш пашыраны, чым іншыя семантыка-граматычныя тыпы. Сэнсавы змест несуадносных фразеалагізмаў раскрываецца з дапамогай прэдыкатыўнага словазлучэння, у складзе якога ролю граматычнага ці лагічнага дзейніка выконвае няпэўны займеннік. Разам з тым, паводле семантычнай накіраванасці адны несуадносныя фразеалагізмы могуць характарызаваць чалавека, іншыя ж - прадметы.

Улічваючы тое, што знешне, па сваёй будове фразеалагізмы падобныя або на разнастайнага характару злучэнні слоў, або на сказы, мы правялі яшчэ і сінтаксічную характарыстыку фразеалагізмаў.

Паводле структуры сярод фразеалагізмаў з кампанентам галава выкарыстоўваюцца 3 разнавіднасці фразеалагічных адзінак: фразеалагізмы, суадносныя са структурай словазлучэння, - 126 адзінак; фразеалагізмы, суадносныя са структурай спалучэння слоў, - 12 адзінак; фразеалагізмы, суадносныя са структурай сказа, - 29 адзінак.

Аналізуемыя намі фразеалагізмы-словазлучэнні ўтварыліся па структурных схемах чатырох вядомых у сінтаксісе тыпах словазлучэння (дзеяслоўны: адкруціць галаву, азяліць галаву, выкідаць дур з галавы і інш.; назоўнікавы: курыная галава, дубовая галава, дзіравая галава, ламанне галавы і інш.; прыслоўны: вышэй галавы, вышэй галаву). Найбольш пашыраны з іх дзеяслоўны тып. Асобны тып утварае фразеалагізм з кампанентам галава са структурай параўнальнага звароту, напрыклад: як снег на галаву.

Фразеалагізмы, суадносныя са структурай спалучэння слоў прадстаўлены 12 адзінкамі. Фразеалагізмы-спалучэнні з'яўляюцца мінімальнымі адзінкамі фразеалогіі і ўтвараюць больш-менш тыповыя структурныя мадэлі.

Фразеалагізмы-сказы з кампанентам галава паўтараюць многія тыпы і мадэлі, вядомыя ў сінтаксісе простага сказа. Адны з іх больш прадуктыўныя, другія - менш. Калі фразеалагізмы-сказы разглядаць паводле іх суадноснасці з часцінамі мовы, то выяўляецца, што амаль усе яны належаць да несуадносных. Толькі адзінкавыя фразеалагізмы-сказы адносяцца да іншых семантыка-граматычных тыпаў.

Такім чынам, фразеалагізмы з кампанентам галава складаюць шматлікую групу фразеалагічных адзінак і з'яўляюцца адным са спосабаў узбагачэння мовы і выступаюць як агульнамоўныя сродкі яе выразнасці і эмацыянальнасці.

Спіс літаратуры

1 Ляшчынская, В. А. Сучасная беларуская мова: фразеалогія: вучэб. дапам. / В. А. Ляшчынская. - Мінск: РІВШ, 2010. - 230 с.

2 Аксамітаў, А. С. Беларуская фразеалогія / А. С. Аксамітаў. - Мінск: Вышэйшая школа, 1978. - 244 с.

3 Аксамітаў, А. С. Беларуская фразеалогія ў граматычным, семантычным і функцыянальным аспектах /А. С. Аксамітаў // Слова беларускае. З гісторыі лексікалогіі і лексікаграфіі / пад рэд. А. Я. Міхневіча. - Мінск: Народная асвета, 1994. - С. 142-157.

4 Даніловіч, М. А. Граматычная характарыстыка фразеалагізмаў / М. А. Даніловіч. - Мінск: Навука і тэхніка, 1991. - 110 с.

5 Маршэўская, В. В. Фразеалагізмы са структурай сказа / В. В. Маршэўская. - Гродна: ГрДУ, 2003. - 116 с.

6 Садоўская, А. С. Фразеалагізмы-спалучэнні ў сучаснай беларускай мове / А. С. Садоўская. - Гродна: ГрДУ, 2003. - 118 с.

7 Якшук, Л. А. Назоўнікавыя фразеалагізмы ў сучаснай беларускай мове: аўтарэф. дыс. канд. філал. навук: 10.02.01; НАН РБ, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа / Л. М. Якшук. - Мінск, 2006. - 22с.

8 Янкоўскі, Ф. М. Беларуская фразеалогія / Ф. М. Янкоўскі. - Мінск: Народная асвета, 1981. - 79 с.

9 Янкоўскі, Ф. М. Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне / Ф. М. Янкоўскі. - Мінск: Вышэйшая школа, 1968. - 451 с.

10 Лепешаў, І. Я. Фразеалогія сучаснай беларускай мовы / І. Я. Лепешаў. - Мінск: Выш. школа, 1998. - 271 с.

11 Лепешаў, І. Я. Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы / І. Я. Лепешаў. - Мінск: Навука і тэхніка, 1984. - 264 с.

12 Лепешаў, І. Я. Слоўнік фразеалагізмаў: у 2 т. Т. 1 / І. Я. Лепешаў. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008. - 672 с.

13 Лепешаў, І. Я. Слоўнік фразеалагізмаў: у 2 т. Т. 2 / І. Я. Лепешаў. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008. - 704 с.

14 Виноградов, В. В. Русский язык: грамматическое учение о слове: учеб. пособ. / В. В. Виноградов. - М.: Высш. школа, 1972. - 614 с.

15 Жуков, В. П. Русская фразеология: учеб. пособие для филол. спец. вузов / В. П. Жуков. - М.: Высш. школа, 1986. - 310 с.

Дадатак А

Слоўнік фразеалагізмаў сучаснай беларускай мовы з кампанентам галава

1. Адарваць (сарваць) галаву каму. Зак.Праст.Незадав. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. 1. `Забіць, знішчыць каго-небудзь'. 2. `Строга пакараць' [Т. І, 54]

2. Галаву ў заклад аддаваць. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `З поўнай упэўненасцю' [Т. І, 60]

3. Адкруціць галаву каму. Зак. Праст. Незадав. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. 1. `Забіць, знішчыць' 2. `Строга пакараць. Звычайна ўжываееца як пагроза' [Т. І, 65]

4. Азяліць галаву каму, чыю. Зак. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Страшэнна надакучыць чым-н. (гаворкай, просьбай і інш.)' [Т. І, 84]

5. Акунуцца з галавой у што. Зак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Поўнасцю прысвяціць сябе чаму-н.' [Т. І, 85]

6. Астудзіць гарачую галаву. Зак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы ці абстр. прадмета. `Угаманіць, суняць, суцішыць каго-н. залішне нястрыманага, запальчывага, неразважлівага' [Т. І, 94]

7. Хоць галавой аб сцяну біся. Толькі ў гэтай форме. У безас. ужыв. Разм. `Выказванне безнадзейнасці, немагчымасці зрабіць што-н., каб выйсці з крайне цяжкага становішча' [Т. І, 105]

8. Біць па галаве. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн., выраж. словамі гарэлка, тытунь і пад. `Ап'яняць, адурманьваць' [Т. І, 108]

9. Брацца за галаву. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. 1. `Рабіцца разважлівым, станавіцца разумнейшым; спахапляцца, разумнець' 2. `Разгубіўшыся, не ведаць, што рабіць, даходзіць да адчаю' [Т. І, 135]

10. Браць да галавы. <што>. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Многа думаць пра што-н., непакоячыся і хвалюючыся' [Т. І, 138]

11. Браць <сабе> у галаву. <што>. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Многа думаць пра што-н., непакоячыся і хвалюючыся' [Т. І, 144]

12. Варушыць галавой. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Сур'ёзна думаць, меркаваць, разважаць' [Т. І, 177]

13. Вешаць (апускаць) галаву (галовы). Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Даходзіць да моцнага адчаю, адчуваць душэўнае хваляванне, маркоціцца' [Т. І, 192]

14. Хоць <ты> у вір (у пельку) галавой. У безас. ужыв. Разм. `Выказванне безнадзейнасці, немагчымасці што-н. зрабіць, каб выйсці з крайне цяжкага становішча' [Т. І, 197]

15. Вісець над галавой (над галовамі). <каго>. Незак. Функц. не зам. Ужыв. пры дзейн. са знач. абстр. прадмета. `Пастаянна пагражаць. Пра небяспеку, смерць і пад.' [Т. І, 198]

16. Волас з галавы не ўпадзе ( не ўпаў, не спадзе, не спаў) каго, з чыёй. У безас. ужыв. Разм. `Ніхто не кране каго-н., не зробіць яму ніякай шкоды' [Т І, 208]

17. Выбіваць (выганяць) з галавы чыёй, каму, што. Незак. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Прымушаць каго-н. адмовіцца ад чаго-н. (думак, намераў і пад.)' [Т І, 229]

18. Выбіваць (выганяць) з галавы што. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Пазбаўляцца чаго-н. назойлівага, неадступнага. Пра думкі, уражанні і пад.' [Т І, 230]

19. Выбіваць з галаву дур (дурасць, дурату) у каго, чыёй. Незак. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы ці абстр. прадмета. `Строга ўздейнічаючы, адвучаць каго-н. ад дрэнных звычак, схільнасцей і пад.' [Т І, 230]

20. Выдаваць сябе з галавой. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. 1. `Поўнасцю выяўляць сваю прысутнасць' 2. `Поўнасцю выяўляць свой стан, настрой, пачуцці перад кім-н.' 3. `Поўнасцю выяўляць свае дачыненне да якога-н. учынку, правіннасці і пад.' [Т І, 237]

21. Выкідаць дур (дурасць, дурату) з галавы <якую>. Незак. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Абразумлівацца, пазбаўляцца ад якой-н.дрэннай звычкі, схільнасці' [Т І, 240]

22. Выкідаць з галавы (з памяці) каго, што. Незак, Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Пераставаць думаць пра каго-, што-н., старацца забыць каго-, што-н.' [Т І, 240]

23. Вылятаць (выскакваць) з галавы (з памяці). <у каго>. Незак. Разм.Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы ці абстр. прадмета. `Зусім забывацца' [Т І, 246]

24. Выпадаць з галавы (з памяці) <у каго>. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы, адуш. ці абстр. прадмета. `Зусім забывацца' [Т І, 251]

25. Выходзіць з галавы. <у каго>. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы, адуш. ці абстр. прадмета. `Зусім забывацца' [Т І, 263]

26. Вышэй галаву (галовы). Разм. З адценнем спачування ці натхнення. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы (звычайна перад звароткам). `Не ачайвайся, не сумуй, будзь упэўнены ў сабе' [Т І, 268]

27. Вышэй галавы чаго. У безас. ужыв. Разм. `Надзвычай многа' Часцей пра работу, клопаты і пад. [Т І, 268]

28. На галаву вышэй за каго. Разм. Адабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Намнога разумнейшы, значна больш вопытны (у параўнанні з кім-н.)' [Т І, 268]

29. Галава астыла (астыне) у каго. У безас. ужыв. Разм. `Хто-н. супакоіўся, перастаў гарачыцца' [Т І, 279]

30. Галава баліць (балела) чыя, у каго, каму пра што, аб чым, па кім, па чым. У безас. ужыв. Разм. `Хто-н. моцна турбуецца аб кім-, чым-н., перажывае, непакоіцца' [Т І, 279]

31. Галава варыць у каго. У безас. ужыв. Разм. Адабр. `Хто-н. разумны, кемлівы, знаходлівы' [Т І, 280]

32. Галава варыць (варыла) у каго, чыя; Галава зварыць (зварыла) у каго, чыя. У безас. ужыв. Разм. Адабр. і неадабр. `Хто-н. дадумваецца да чаго-н., прыходзіць да якога-н. вываду' [Т І, 280]

33. Галава гарыць (гарэла) у каго. У безас. ужыв. Разм. `Хто-н. моцна хвалюецца, перажывае' [Т І, 280]

34. Галава забіта ў каго, чыя чым. У безас.ужыв. Разм.1. `Хто-н. увесь клопат, думках пра каго-, што-н.' 2. `Хто-н. абцяжараны якімі-н. непатрэбнымі ведамі, звесткамі, звычкамі і пад.' [Т І, 280]

35. Галава закружылася (закруцілася) у каго. Зак. У безас. ужыв. Разм.1. `Хто-н. пачаў адчуваць галавакружэнне (ад стомленасці, перажыванняў і пад.)' 2. `Хто-н. пачаў траціць здольнасць цвяроза разважаць (ад мноства спраў, перажыванняў і інш)'. 3. `Хто-н. стаў зазнавацца, пераацэньваць свае магчымасці' [Т І, 281]

36. Галава занята ў каго, чыя чым. У безас. ужыв. Разм. `Хто-н. увесь у клопатах, думках пра каго-, што-н.' [Т І, 281]

37. Галава звязана ў каго, чыя. У безас. ужыв. Разм. `Хто-н. абцяжараны якім-н. абавязкам, доўгам і пад., не мае магчымасці свабодна дзейнічаць' [Т І, 281]

38. Галава <і> два вухі. Мн. не ўжыв. У знач. вык. ці зваротка. Праст. Неадабр. Ужыв. пры дзей. са знач. асобы. `Нездагадлівы чалавек' [Т І, 281]

39. Галава ідзе (ходзіць, пайшла) кругам у каго, чыя. У безас. ужыв. Разм.1. `Хто-н. адчувае галавакружэнне (ад стомленасці, паўнаты перажыванняў і пад)' 2. `Хто-н. траціць здольнасць цвяроза разважаць (ад мноства спраў, перажыванняў і пад.)' [Т І, 281]

40. Галава кружыцца (круціцца) у каго, чыя. Незак. У безас. ужыв. Разм.1. `Хто-н. адчувае галавакружэнне (ад стомленасці, паўнаты перажыванняў і пад)' 2. `Хто-н. траціць здольнасць цвяроза разважаць (ад мноства спраў, перажыванняў і пад.)' 3. `Хто-н. зазнаецца, пераацэньвае свае магчымасці' [Т І, 282]

41. Галава (лоб) гуза шукае (-ла) чыя, у каго. У безас. ужыв. Разм. Неадабр. `Хто-н. сваімі паводзінамі напрошваецца на непрыемнасці' [Т І, 282]

42. Галава (лоб) трашчыць (расколваецца) у каго. У безас. ужыв. Разм. `Хто-н. траціць здольнасць цвяроза разважаць (ад мноства спраў, перажыванняў і пад.)' [Т І, 282]

43. Галава не на вошы ў каго. У безас. ужыв. Разм. Адабр. `Хто-н. разумны, кемлівы, знаходлівы' [Т І, 282]

44. Галава пухне (распухла) у каго <ад чаго>. У безас. ужыв. Разм. `Хто-н. траціць здольнасць цвяроза разважаць ад мноства клопатаў думак, шуму і пад.' [Т І, 283]

45. Галава садовая. Мн. Не ўжыв. У знач. вык. ці зваротка. Праст. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Нездагадлівы, неўважлівы, рассеяны чалавек' [Т.І, 283]

46. Галава тлуміцца чыя, каго чым, кім. У безас. ужыв. Разм. `Хто-н. уводзіцца ў зман, заблытваецца кім- ці чым-н.' [Т І, 283]

47. Галава ходырам (ходам) ходзіць у каго. У безас. ужыв. Разм.1. `Хто-н. адчувае галавакружэнне (ад стомленасці, паўнаты перажыванняў і пад)' 2. `Хто-н. траціць здольнасць цвяроза разважаць (ад мноства спраў, перажыванняў і пад.)' [Т І, 283]

48. Галава яловая. Мн. не ўжыв. У знач. зваротка. Праст. Неадабр. `Бесталковы, дурны чалавек' [Т. І, 283]

49. Гарачая галава. Адз. і мн. У ролі розных чл. ск. Разм. Неадабр. `Нястрымны, неразважлівы чалавек, які захапляецца, дзейнічае паспешна' [Т І, 283]

50. Гарачая галава ў каго. Адз. і мн. У безас. ужыв. Разм. Неадабр. `Хто-н. залішне паспешны, неразважлівы, нястрымны' [Т І, 284]

51. Дзіравая галава ў каго, чыя. У безас. ужыв. Разм. Неадабр. `Хто-н. забыўчывы, рассеяны, мае кепскую памяць' [Т І, 284]

52. Дубовая галава. Часцей адз. У знач. зваротка. Праст. Неадабр. `Тупы, неразумны чалавек; тупіца' [Т І, 284]

53. <Ёсць><свая> галава на плячах у каго. У безас. ужыв. Разм. Адабр. `Хто-н. дастаткова разумны, кемлівы' [Т І, 284]

54. Курыная галава. Мн. не ўжыв. У знач. вык. ці зваротка. Праст. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Незгадлівы, прастакаваты чалавек' [Т І, 284]

55. Не галава, а дом саветаў у каго. У безас. ужыв. Разм. Адабр. `Хто-н. вельмі разумны, ясна і лагічна мысліць, разважае' [Т І, 284]

56. Пустая галава. Часцей у адз. У знач. зваротка ці вык. Праст. Неадабр. `Нездагадлівы, парстакаваты чалавек' [Т І, 285]

57. Светлая галава. Адз. і мн. У ролі розных чл. ск. Функц. не зам. Адабр. `Вельмі разумны чалавек' [Т І, 285]

58. Светлая галава ў каго. У безас. ужыв. Функц. не зам. Адабр. `Хто-н. ясна і лагічна мысліць, разважае' [Т І, 285]

59. Усяму галава. Вык. Разм. Адабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы, канкр. ці абстр. прадмета. `Самае галоўнае, найбольш важнае сярод іншага' [Т І, 285]

60. У галавах. Акал. Разм. `У тым месцы на пасцелі, куды кладуцца галавой; ва ўзгалоўі (сядзець, стаяць, знаходзіцца і пад.)' [Т І, 285]

61. Не ў галаве каму. Вык. Разм.1. Ужыв пры дзейн. са знач. асобы, канкр. ці абстр. прадмета. `Не цікавіць каго-н.' 2. Ужыв. пры дзейн. са знач. абстракт.прадмета. `Не прыпамінаецца што-н.' [Т І, 286]

62. У галаве. Разм.1. `Мысленна (называць, прыкідваць, праходзіць і пад.)' 2. Каму. Вык. Ужыв. пры дзен. са знач. асобы, канкр. ці абстр. прадмета. `Цікавіць каго-н., зяўляцца прадметам чыіх-н. клопатаў, думак і пад.' [Т І, 286]

63. За галавой чыёй. Акал. Разм. `На ўтрыманні каго-н. ці пад чыёй-н. аховай, апекай (жыць, быць і пад.)' [Т І, 287]

64. З галавой. Разм. 1. Азн. і вык. Ужыв. пры наз. са знач. асобы. `Вельмі разумны, здольны, здатны' 2. Акал. `Абдумана, свядома (рабіць што-н.)' 3. Акал. `Цалкам, поўнасцю (улягаць, углыбляцца і пад.)' [Т І, 287]

65. Хоць галавой у пятлю. Толькі ў гэтай форме. У безас. ужыв. Разм. `Выказванне безнадзейнасці, немагчымасці зрабіць што-н., каб выйсці з крайне цяжкага становішча' [Т І, 288]

66. На галаву чыю, каго. Дап. Разм. Неадабр.1. `На каго-н.' 2. `На бяду, на клопаты каму-н.' [Т І, 288]

67. На сваю галаву (шыю). Акал. Разм. `Сабе на шкоду, на турботы (рабіць што-н.)' [Т І, 289]

68. На свежую галаву. Акал. Функц. не зам. `Пакуль яшчэ не стомлены ці пасля адпачынку' [Т І, 289]

69. Не ў галаву каму. Вык. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. абстр. прадмета. `Не цікавіць каго-н., не зяўляецца прадметам чыіх-н. клопатаў, думак і пад.' [Т І, 289]

70. Праз (цераз) галаву каго, чыю. Акал. Разм. `Не папярэдзіўшы каго-н., мінуўшы таго, да каго непасрэдна трэба звяртацца [рабіць, зрабіць што-н.]' [Т І, 289]

71. У першую галаву Акал. Разм. `Першапачаткова, раней за што-н. іншае' [Т І, 290]

72. Ад маёй (мае) галавы. Дап. Разм. Ужыв. пры дзеясл. адкасацца, ісці, пайсці, забраць і пад., калі гаворыцца пра што-н. непрыемнае, клапатлівае. `Ад мяне' [Т І, 290]

73. Без галавы. Вык. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Неразумны, тупаваты ці няўважлівы, рассеяны' [Т І, 290]

74. З (ад) галавы да ног ( да пят); з ног да галавы. Разм. 1. Акал. `З усіх бакоў; поўнасцю, цалкам' 2. Азн. Часцей ўжыв. пасля наз., да якога адносіцца. `Самы сапраўдны, цвёрда перакананы ў чым-н.' [Т І, 291]

75. З хворай галавы на здаровую .Акал. Разм. Неадабр. `З вінаватага на невінаватага' [Т І, 291]

76. Са свае галавы. Дап. Разм. `Складзенае, прыдуманае кім-н. самім (дыктаваць, расказваць і пад.)' [Т І, 291]

77. Гладзіць па галоўцы (па галаве) каго. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. 1. `Хваліць, адабраць; патураць каму-н.' 2. Каго за што. З адмоўем - у антанімічным знач. Неадабр. `Караць, прыцягваць да адказнасці.' [Т І, 303]

78. Губляць (траціць, страчваць) галаву (галовы). Незак. Разм. 1. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы ці сукупнасці асоб. `Бянтэжыцца, пазбаўляцца развагі, не ведаць ад хвалявання, як паступіць, што рабіць' 2. Часцей у зак. тр. Ужыв. прыдзейн. са знач. асобы. `Безразважна, моцна ўлюбляцца ў каго-н.' [Т І, 332]

79. Даваць галаву на адрэз (на адсячэнне) <каму>. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы; часцей у галоўн. ск. `Браць на сябе поўную адказнасць за што-н.' [Т І, 341]

80. Шастом (крукам) галавы не дастаць у каго, каму. У безас. ужыв. Разм. Неадабр. `Хто-н. вельмі ганарыцца, фанабэрыцца, зазнаецца; да каго-н. не падступішся' [Т І, 364]

81. Дах (страха) над галавой. Мн. Не ўжыв. У ролі розных чл.ск. Разм. `Дом ці кватэра, пакой' [Т І, 365]

82. Дурыць (тлуміць, марочыць, чмурыць, чмуціць) галаву (галовы) каму. Незак. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. 1. `Знарок падманваць каго-н.' 2. `Надакучваць глупствам, чапляцца да каго-н. з дробязямі' [Т І, 396]

83. Дурыць (тлуміць) сабе галаву. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы ці сукупнасці асоб. `Думаць, разважаць пра каго- ці што-н., турбуючыся і непакоячыся.' [Т І, 396]

84. Забіваць галаву каму чым. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. 1. `Абцяжарваць сябе ці каго-н. абавязкамі, клопатамі, думкамі аб кім-, чым-н.' 2. `Перагружаць памяць мноствам непатрэбных вебаў, звестак і пад.' [Т І, 429]

85. Задурванне галавы каму. Мн. не ўжыв. У ролі розных чл.ск. Разм. Неадабр. `Заблытванне каго-н. глупствам, непатрэбнасцю' [Т І, 445]

86. Закруціла ў галаве чыёй, каму у каго. У безас. ужыв. Разм. Часцей неадабр. `Хто-н. надумаўся зрабіць нечаканы ход' [Т І, 451]

87. Замарочанне галавы. Мн. не ўжыв. У ролі розных чл. ск. Разм. `Стан, пры якім хто-н. не можа разумна разважаць' [Т І, 457]

88. Звальвацца (валіцца) на галаву чыю. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. абстр. прадмета. `Выпадаць на чыю-н. долю, абцяжарваючы каго-н.' [Т І, 482]

89. Звярнуць галаву (шыю) каму. Зак. Праст. Ужыв пры дзейн. са знач. асобы. `Знішчыць каго-н.' [Т І, 491]

90. Зламіць <сабе> галаву (шыю). Зак. Праст. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. 1. `Скалечыцца, загінуць' 2. <на чым>. `Пацярпець поўную няўдачу ў чым-н.' [Т І, 500]

91. На злом галавы. Акал. Разм.1. `Не думаючы, безразважна, неабачліва (рабіць што-н.)' 2. `Вельмі хутка, імгненна, стрымгалоў (імчацца, учякаць і пад.)' [Т І, 501]

92. Знасіць галаву. Зак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Застацца жывым, уцалець, мінуць пакаранне' [Т І, 506]

93. Не знасіць галавы каму. Зак. У безас. ужыв. Разм. `Не мінуць пакарання, не ўцалець; загінуць' [Т І, 507]

94. Знімаць (здымаць) галаву каму. Незак. Разм. Незадав. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. 1. `Забіваць, знішчаць каго-н.' 2. `Сурова караць. Звычайна як пагроза' [Т І, 508]

95. Не ідзе (не ішло) у галаву каму. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. абстр. прадмета. `Не становіцца прадметам асаблівай увагі, цікавасці, інтарэсу; не даецца каму-н. (з-за нежадання ці па якой-н. іншай прычыне)' [Т І, 525]

96. Карона з галавы не спадзе (не зваліцца) у каго, каму. У безас. ужыв. Разм. `Нічога асаблівага не здарыцца з кім-н., чый-н. гонар не будзе закрануты, аўтарытэт не паменшае' [Т І, 561]

97. Класці галаву на калодку. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Браць на сябе поўную адказнасць за што-н.' [Т І, 581]

98. Класці (складаць) галаву (галовы) за каго, за што, дзе. Незак. Функц. Не зам. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Гінуць у баі, ахвяроўваць сабой' [Т І, 582]

99. Кружыць галаву каму.Незак. Разм.1. Ужыв. пры дзейн. са знач.канкр. ці абстр. прадмета. `Выклікаць галавакружэнне; туманіць, пяніць' 2. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы, канкр. ці абстр. прадмета. `Пазбаўляць магчымасці правільна разважаць, абектыўна ацэньваць абставіны' [Т І, 609]

100.Круціцца (верціцца) у галаве ў кагоў каго. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач.абстр. прадмета. `Пастаянна знаходзіцца ў свядомасці, у думках' [Т І, 610]

101. Круціцца (кружыцца) у галаве ў каго. Незак. У безас. ужыв. Разм. `Хто-н.адчувае галавакружэнне (ад стомленасці, перажыванняў і пад)' [Т І, 610]

102. Круціць галаву (галовы) каму. Незак. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. 1. `Выклікаць у каго-н. пачуццё кахання, сімпатыі; прывабліваць каго-н.' 2. `Уздзейнічаючы якім-н. чынам, схіляць да адыходу ад ранейшага, штурхаць на што-н. нядобрае' [Т І, 611]

103. Ламанне галавы. Мн. не ўжыв. У ролі розных чл. ск. Функц. не зам. `Напружаная спроба вырашыць, зразумець, разгадаць што-н.' [Т І, 633]

104. Не лезе (не лезла) у галаву каму. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. абстр. прадмета. 1. `Не становіцца прадметам асаблівай увагі, цікавасці, інтарэсу; не даецца' 2. `Не засвойваецца, не запамінаецца, не ўспрымаецца' [Т І, 641]

105. Лезці ў галаву каму. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. абстр. прадмета ці (рэдка) асобы. `Неадчэпна і міжвольна ўзнікаць у свядомасці' [Т І, 644]

106. Мець сваю галаву на плячах. Незак. Разм. Адабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Быць дастаткова разумным, кемлівым' [Т ІІ, 39]

107. Муціць (каламуціць) галаву (галовы) каму. Незак. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Знарок уводзіць у зман, падманваць каго-н.' [Т ІІ, 55]

108. Мыліць галаву каму. Незак. Праст. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Моцна прабіраць каго-н., выгаворваць з дакорам' [Т ІІ, 55]

109. Мякіна ў галаве ў каго. У безас. ужыв. Праст. Неадабр. `Хто-н. бесталковы, някемлівы' [Т ІІ, 59]

110. Набіваць галаву каму, каго чым. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Перагружаць чыю-н. памяць мноствам непатрэбных ведаў, звестак і пад.' [Т ІІ, 64]

111. Навярнуць галавой. Зак. Праст. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Загінуць' [Т ІІ, 70]

112. Надурыць галаву каму. Зак. Праст. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. 1. `Заблытаць каго-н., пазбавіць здольнасці разумна разважаць' 2. `Страшэнна надакучыць чым-н. (гаворкай, просьбай і інш.)' [Т ІІ, 77]

113. Накладаць галавой. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Гінуць, прападаць' [Т ІІ, 79]

114. Хоць <ты> галавой налажы. Толькі ў гэтай форме. У безас. ужыв. Разм. `Выказванне безнадзейнасці, немагчымасці зрабіць што-н., каб выйсці з крайне цяжкага становішча' [Т ІІ, 81]

115. Падстаўляць <сваю>галаву (лоб). Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Разыкаваць жыццём; нарывацца на небяспеку' [Т ІІ, 145]

116. Падстаўляць<сваю>галаву пад абух. Незак. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Ставіць сябе пад нябяспеку, нарывацца на непрыемнасц' [Т ІІ, 145]

117. Падымаць (узнімаць) галаву (галовы). Незак. Функц. не зам. Ужыв. пры дзейн. са знач.асобы ці зборн. прадмета. `Адчуўшы ўпэўненасць, станавіцца смелым, пачынаць актыўна дзейнічаць' [Т ІІ, 150]

118. Пайсці (схадзіць) у галаву (да галавы) па розум. Зак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач.асобы. `Прыдумаць што-н., дадумацца да чаго-н.' [Т ІІ, 156]

119. Паламаць галаву над чым. Зак. Мнагакр. да ламаць галаву над чым. Функц. не зам. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Моцна прызадумацца, стараючыся зразумець, разгадаць штосьці, знайсці выйсце з пэўнага становішча' [Т ІІ, 166]

120. Палезці ў галаву каму. Зак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. абстр. прадмета. `Пачаць неадчэпна і міжвольна ўзнікаць у свядомасці' [Т ІІ, 168]

121. Паскручваць галовы каму. Зак. Праст. Ужыв. пры дзейн. са знач. сукупнасці асоб. `Знішчыць, забіць каго-н.(пра многіх, усіх)' [Т ІІ, 191]

122. Пасыпаць галаву попелам. Незак. Функц. не зам. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Глыбока смуткаваць, бедаваць з якой-н. прычыны' [Т ІІ, 194]

123. Перабіраць у галаве ( у памяці у думках) каго, што. Незак. Функц. не зам. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Успамінаючы, абдумваць, уяўляць паслядоўна адно за адным' [Т ІІ, 204]

124. Галаву не прыкладу. Зак. Толькі ў гэтай форме. Вык. Разм. `Не магу зразумець, уцяміць што-н.' [Т ІІ, 259]

125. Прытуліць (прыхіліць, прыхінуць) галаву дзе, да каго. Зак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Знасці прыстанішча, жыць,знаходзіцца дзе-н. ці ў каго-н.' [Т ІІ, 263]

126. Прыходзіць ў галаву каму. Незак. Разм. 1. Часцей у безас. ужыв. `Раптоўна, выпадкова зяўляцца ў свядомасці. Пра думку, ідэю і пад.' 2. Часцей у безас. ужыв. `Даходзіць да свядомасці каго-н.' 3. У безас. ужыв. Часцей ужыв у спалуч. з інф. `Адчуваць патрэбу ў чым-н.; хацець, наважвацца' [Т ІІ, 265]

127. Ручацца галавой за каго, за што. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Браць на сябе поўную адказнасць за каго-, што-н.; быць гатовым паплаціцца жыццём' [Т ІІ, 343]

128. Садзіцца на галаву каму. Незак. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Поўнасцю падпарадкаваць сабе, саёй волі каго-н.' [Т ІІ, 355]

129. Салома ў галаве ў каго, чыёй. У безас. ужыв. Праст. Неадабр. `Хто-н. дурнаваты, бесталковы, някемлівы' [Т ІІ, 359]

130. На скрут галавы. Акал. Разм. 1. `Не думаючы, безразважна, неабачліва (рабіць што-н.)' 2. `Вельмі хутка, імкліва, стрымгалоў (кінкуцца, імчацца, уцякаць і пад.)' [Т ІІ, 403]

131. Скруціць <сабе> галаву (шыю). Зак. Праст. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Скалечыцца, загінуць' [Т ІІ, 404]

132. Скручваць шыю (галаву) каму. Незак. Праст. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Знішчаць, забіваць каго-н.' [Т ІІ, 404]

133. Як (нібы) снег на галаву. Разм. 1. Акал. `Зусім нечакана для каго-н. (зяўляцца, прыходзіць, прыязджаць і пад.). Пра раптоўнае зяўленне каго-н.' 2. Акал. `Зусім нечакана, раптоўна (наступіць, адбыцца і пад.). Пра якую-н. падзею, вестку і пад.'3. Вык. Ужыв. пры дзейн. са знач. абстр. прадмета. `Зусім нечакана, раптоўна (прыход, візіт, навіна і пад.)' [Т ІІ, 415]

134. Ставіцца (станавіцца) з ног на галаву. Незак. Функц.не зам. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. абстр. прадмета. `Змяняцца карэнным чынам, ператвараючыс ў сваю прцілегласць' [Т ІІ, 441]

135. Ставіць з галавы на ногі што. Незак. Функц. не зам. Адабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы ці абстр. прадмета. `Вяртаць чаму-н. належны парадак, стан і пад' [Т ІІ, 442]

136. Ставіць з ног на галаву што. Незак. Функц. не зам. Часцей неадабр. 1. Ужыв. пры дзейн. са знач.асобы ці абстр. прадмета. `Змяняць што-н. канкрэтным чынам' 2. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Даводзіць што-н. да поўнага беспарадку, хаатычнага стану; ператрасаць што-н.' [Т ІІ, 443]

137. Стаяць у галаве каму, чыёй. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. адуш. ці неадуш. прадмета. `Помніцца, не забывацца, пастаянна прысутнічаць у свядомасці каго-н.' [Т ІІ, 460]

138. Стрэліць у галаву каму. Зак. Разм. Часцей у безас. ужыв. Разм. `Раптоўна, выпадкова зявіцца ў свядомасці. Пра думку, ідэю і пад.' [Т ІІ, 467]

139. Схадзіць да галавы, назад па розум. Зак. Разм. Ужыв пры дзейн. са знач. асобы. `Адмовіцца ад ранейшых намераў, адумацца' [Т ІІ, 474]

140. Схіляць галаву. Незак. Функц. не зам. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы ці сукупнасці асоб. 1. Перад кім. `Прызнаваць сябе пераможным, пакарацца, паддавацца каму-н.' 2. перад кім, перад чым. `Пакланяцца каму-, чаму-н., адносіцца з глыбокай пашанай да каго-, чаго-н.' [Т ІІ, 475]

141. Сядзець на галаве ў каго, чыёй. Незак. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач.асобы. `Трымаць каго-н. у сваім падпарадкаванні' [Т ІІ, 494]

142. Сядзець <цвіком, гваздом> у галаве ў каго, чыёй. Незак. Разм. Часцей ужыв пры дзейн. са знач. абстр. прадмета. `Неадчэпна прысутнічаць у свядомасці. Пра думку, ідэю і пад.' [Т ІІ, 495]

143. Трасца яго (яе, іх, тваёй, вашай) галаве. Выкл. Праст. `Выказванне прыкрасці, абурэння і пад. кім-, чым-н.' [Т ІІ, 523]

144. Трымаць у галаве каго, што. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач.асобы. 1. `Пастаянна помніць, думаць пра каго-, што-н.' 2. `Меркаваць, мець намер' [Т ІІ, 532]

145. Туманіць галаву каму. Незак. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Уводзіць у зман, падманваць каго-н.' [Т ІІ, 537]

146. Убівацца ў галаву каму, чыю. Незак. Разм. Ужыв. праы дзейн. са знач. абстр. прадмета. 1. `Моцна засвойвацца, запамінацца кім-н.' 2. `Настойліва насаджвацца кім-н.' [Т ІІ, 543]

147. Убіваць сабе ў галаву што. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Умацоўвацца ў якой- думцы, намеры, цвёрда трымацца чаго-н.' [Т ІІ, 544]

148. Убіваць у галаву каму што. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. 1. `Частым паўтарэннем прымушаць каго-н. засвоіць, запоміць што-н.' 2. `Настойліва ўнушаць што-н., пераконваць у чым-н.' [Т ІІ, 544]

149. Ударыць у галаву <каму>. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн., які абазначае пітво. `Ап'яніць' [Т ІІ, 552]

150. Узбрысці ў галаву каму. Зак. Разм. 1. Часцей у безас. ужыв. `Раптоўна, выпадкова зявіцца ў свядомасці. Пра думку, ідэю і пад.' 2. У безас. ужыв. Часцей у спалучэнні з інф. `Адчуць патрэбнасць у чым-н., захацець, наважыцца' [Т ІІ, 555]

151. Не ўкладваецца (не месціцца, не тоўпіца) у галаве чыёй, у каго. Незак. Цяп. і пр. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. абстр. прадмета. `Успрымаецца як тое, з чым нельга згадзіцца, чаго нельга зразумець, усвядоміць' [Т ІІ, 563]

152. Ускружыць галаву каму. Зак. Разм. Неадабр. 1. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Выклікаць у каго-н. пачуццё кахання, сімпатыі; прывабіць каго-н.' 2. Ужыв. пры дзейн. са знач. абстр. прадмета. `Пазбавіць магчымасці правільна разважаць, абектыўна ацэньваць абставіны' [Т ІІ, 576]

153. Хаваць галаву ў пясок. Незак. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Палохаючыся, ухіляцца ад чаго-н.' [Т ІІ, 590]

154. Хаджэнне на галаве (галовах). Мн. не ўжыв. Дзейн. і дап. Разм. Неадабр. `Бурнае свавольства, гарэзлівасць (звычайна з боку дзяцей)' [Т ІІ, 590]

155. Хадзіць на галаве (на галовах). Незак. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Вельмі сваволіць, дурэць; рабіць, што захочацца. Звычайна пра дзяцей' [Т ІІ, 591]

156. Клёпкі (клёпак) не хапае (не стае) <у галаве> у каго. У безас. ужыв. Праст. `Хто-н. дурнаваты, з дзівацтвамі' [Т ІІ, 597]

157. Хапацца за галаву. Незак. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Разгубіўшыся, не ведаць, што рабіць, прыходзіць у адчай' [Т ІІ, 598]

158. Хмары згушчаюцца (згушчаліся, згусціліся) над галавой чыёй, каго. У безас. ужыв. Функц. не зам. `Каму-н. пагражае небяспека, бяда і пад' [Т ІІ, 611]

159. Хмары рассейваюцца (рассеяліся) над галавой чыёй, каго. У безас. ужыв. Функц. не зам. `Знікае пагроза небяспекі, бяды і пад.' [Т ІІ, 611]

160. Хмель вылецеў з галавы ў каго. У безас. ужыв. Разм. `Хто-н. хутка працверазіўся' [Т ІІ, 611]

161. Хмель ударыў у галаву каму. У безас. ужыв. Разм. `Хто-н. ап'янеў' [Т ІІ, 611]

162.Без цара ў галаве. Вык. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Недалёкага, абмежаванага розуму' [Т ІІ, 611]

163. З царом у галаве. Разм. Адабр. 1. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. `Вельмі разумны, кемлівы' 2. Акал. `Вельмі разумна' [Т ІІ, 622]

164. Цюкнуць у галаву каму. Зак. Часцей у безас. Ужыв. Разм. `Раптоўна з'явіцца ў свядомасці. Пра думку, ідэю і пад.' [Т ІІ, 629]

165.Чэмер на яго (яе, тваю, іх) галаву. Выкл. Праст. `Выказванне прыкрасці, абурэння і пад. кім-н.' [Т ІІ, 663]

166. Яечка з галавы не скоціцца. Акал. Разм. Адабр. інеадабр. Часцей ужыв. пры дзеясл. ісці, хадзіць. `Вельмі стройна, роўна' [Т ІІ, 683]

Размещено на Allbest.ru


Подобные документы

  • Марфалагічная характарыстыка фразеалагізмаў, іх функцыянальная нагрузка, значэнне і тыпы. Выяўленне фразеалагізмаў ў мове драматычных твораў А. Макаёнка, іх стылістычныя функцыі. Фразеалагізмы са структурай спалучэння слоў, сказа, словазлучэння.

    дипломная работа [101,7 K], добавлен 26.05.2013

  • Марфалагічная характарыстыка фразеалагізмаў. Тыпы фразеалагізмаў па іх суадноснасці з часцінамі мовы. Фразеалагізмы, несуадносныя з часцінамі мовы. Фразеалагізмы, суадносныя са структурай словазлучэння, спалучэння слоў. Структурныя тыпы фразеалагізмаў.

    курсовая работа [68,5 K], добавлен 27.10.2013

  • Суадноснасць з: назоўнікам, прыметнікам, дзеясловам, прыслоўем, выклічнікам. Сінтаксічная характарыстыка фразеалагізмаў з кампанентам-найменнем атмасферных з’яў. Фразеалагізмы-словазлучэнні, сказы. Класіфікацыя фразеалагізмаў паводле кампанента-наймення.

    курсовая работа [53,2 K], добавлен 12.01.2016

  • Навукова-тэарэтычныя асновы вывучэння фразеалогіі беларускай мовы. Паходжанне фразеалагізмаў ў рускай, беларускай і польскай мовах. Аналіз этымалогія фразеалагізмаў з кампанентам "зямля", іх класіфікацыя па лексічных значэнняў і сінтаксічныя асаблівасцяў.

    курсовая работа [31,1 K], добавлен 16.03.2010

  • Фразеалагізмы як частка лексікі любой мовы, разуменне іх сэнсу. Фразеалагізмы беларускай мовы: крыніцы паходжання і тлумачэнне паняцця. Біблія - універсальная аснова сусветнай культуры. Асаблівасць функцыяніравання біблейскіх фразеалагізмаў у мове.

    курсовая работа [86,1 K], добавлен 24.05.2015

  • Кампаратыўныя фразеалагізмы ў мове твораў Я. Коласа. Адносіны ўстойлівых параўнанняў да фразеалагічных адзінак. Семантычная класіфікацыя ўстойлівых параўнанняў мовы твораў Я. Коласа. Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуць чалавека і яго якасці.

    курсовая работа [86,3 K], добавлен 11.07.2014

  • Вызначэнне фармальнай і сэмантычны падабенстве ўстойлівасці фразэалёгічныя складу славянскіх моў. Вывучэнне паходжання, марфалагічныя і сінтаксічныя характарыстыкі фразеалагізмамі з метерологическими кампанентамі ў беларускай, польскай і рускай мовах.

    курсовая работа [33,5 K], добавлен 05.03.2010

  • Суаднесенасць знакаў прыпынку з сінтаксічнай структурай простага сказа. Коска, кропка з коскай, двукроп'е і працяжнік. Пунктуацыйныя памылкі, іх прычыны і папярэджанне. Вусныя, пісьмовыя, інтанацыйна-сэнсавыя, графічныя практыкаванні. Пунктуацыйны разбор.

    дипломная работа [73,3 K], добавлен 11.07.2014

  • Сацыяльная прырода мовы, гіпотэзы яе паходжання. Мова і культура. У кожнай мове адбіваецца жыццевы і духоўны вопыт народа. Беларуская мова: яе паходжанне і развіцце. Формы беларускай нацыянальнай мовы. Асноўныя нормы беларускага літаратурнага вымаўлення.

    реферат [72,3 K], добавлен 26.02.2011

  • Вылучэнне выдатных лексічных адзінак, ўстойлівых спалучэнняў у нарысе "Зямля пад белымі крыламі". Ўпарадкаванне па лексіка-семантычным групамі дадзеных адзінак і выразаў. Марфалагічная і сінтаксічная характарыстыкі, этымалогія зафіксаваных лексем.

    курсовая работа [75,1 K], добавлен 02.01.2015

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.