Уласныя імёны ў творчасці Янкі Брыля

Літаратурнае імя як крыніца звестак пра героя. Імянаслоў прозы Янкі Брыля. Народна-гутарковыя формы імені. Прозвішчы літаратурных персанажаў Янкі Брыля. Мянушка як трапны індэнтыфікатар героя. Роля прозвішчаў, марфемнае ўтварэнне літаратурных прозвішчаў.

Рубрика Литература
Вид реферат
Язык белорусский
Дата добавления 29.08.2014
Размер файла 84,9 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Інстытут мовы і літатуры імя Янкі Купалы і Якуба Коласа

Нацыянальнай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь

Рэферат

Уласныя імёны ў творчасці Янкі Брыля

Мінск 2013

Змест

  • Уводзіны
  • 1. Літаратурнае імя як крыніца звестак пра героя
  • 1.1 Імянаслоў прозы Янкі Брыля
  • 1.2 Народна-гутарковыя формы імені
  • 1.3 Асаблівасці звароту да чалавека
  • 1.4 Імя як спосаб стварэння літаратурнага вобраза
  • 2. Прозвішчы літаратурных персанажаў Янкі Брыля
  • 2.1 Семантычная характарыстыка прозвішчаў
  • 2.2 Марфемнае ўтварэнне літаратурных прозвішчаў
  • 2.3 Роля прозвішчаў у літаратурным творы
  • 3. Мянушка як трапны індэнтыфікатар героя
  • Заключэнне

Уводзіны

Анамастыка - навука аб уласных імёнах - адна з маладзейшых філалагічных дысцыплін, якая ўзнікла на стыку некалькіх навук: лінгвістыкі, этнаграфіі, гісторыі, сацыялогіі, псіхалогіі. Яна развівалася даволі павольна, толькі ў канцы 50-х - пачатку 60-х гг. ХХ ст. наступіў пералом. В. Івашка адзначае, што калі з 1918 па 1962 г. у СССР было надрукавана крыху больш за 800 прац па анамастыцы на ўсіх мовах, то з 1962 па 1980 гг. выйшла ў свет каля 7000 прац. Даследаванне ж анамастычнай лексікі беларускай мовы пачалося каля сарака гадоў таму. Агульны рагляд антрапанімікі і тапанімікі Беларусі ад 30 - 40 х гг. ХІХ ст. да нашых дзён зроблены М. Бірылам і В. Лемцюговай, а таксама Г. Мезенкай у навучальным дапаможніку "Беларуская анамастыка” і артыкуле "Сучасная беларуская анамастыка”. М. Бірыла таксама сабраў унікальную калекцыю беларускіх прозвішчаў (паводле апошніх звестак - 54 тыс.), яму ўдалося растлумачыць каля 70% старых народных імён.

Анамастыкон жа беларускай мастацкай літаратуры амаль не даследаваўся, ён, як заўважае Г. Мезенка, знайшоў адлюстраванне толькі ў асобных тэзісах дакладаў, невялікіх нататках (працы В. Вярэніча, Г. Цыхуна, Т. Бугай, Ю. Гурскай, Т. Ратнікавай і інш.). Даследчыкамі анамастычнай лексікі мастацкай літаратуры выступілі А. Усціновіч і Н. Чабатар, якія паназіралі за выкарыстаннем уласных імёнаў і прозвішчаў у творах Якуба Коласа.Н. Лобань правяла ацэначна-характарыстаны аналіз антрапонімаў (у асноўным прозвішчаў) у мастацкім тэксце.

Што ж такое літаратурны онім? На думку навукоўцаў, гэта адзінка, больш складаная, чым звычайнае імя: яна служыць сродкам спасціжэння аўтарскай задумы, хаця часта семантыка такога апелятыва дапаўняецца пісьменнікам падсвядомымі, інтуітыўнымі фактарамі.

Літаратурныя антрапонімы, паводле В. Шура, можна падзяліць на дзве групы:

· імёны, якія нясуць значную сэнсавую нагрузку, якая рэалізуецца непасрэдна ў тэксце;

· онімы, што ствараюць пэўныя асацыяцыі, якія працуюць на раскрыццё вобразу персанажа.

Уплыў на імёны аказваюць і дадатковыя канатацыі - сацыяльны, гісторыка-культурны і іншыя падтэксты, якія выконваюць шэраг функцый:

· ацэначна-характарыстачную - персанаж або месца дзеяння характарызуюцца шляхам прамога або метафарычнага называння;

· функцыю лакалізацыі ў часе і прасторы, або культурна-гістарычную - служыць для суаднясення фабулы твора з пэўнымі прасторава-часавымі каардынатамі (рэалізуецца праз увядзенне імёнаў рэальных гістарычных асоб);

· сімвалічную і алюзіўную - больш ці менш зашыфраваныя намёкі, звязаныя з канкрэтнымі асобамі, месцамі і падзеямі;

· сацыялагічную - паказвае на грамадскую прыналежнасць, асяроддзе жыцця і дзейнасці, выяўляе сацыяльнае і нацыянальнае паходжанне носьбіта імені;

· эмацыянальна-экспрэсіўную - выражаецца ў магчымасці ўласных імёнаў уздзейнічаць на эмацыяльнуюсферу чытача, выклікаць тыя ці іншыя пачуцці, перажыванні.

Адна з самых важных функцый літаратурнага імені - характарыстыка аб'екта намінацыі па рысах характару, паводзінах, маральных якасцях.

Мастацкі патэнцыял літаратурнага оніма - выразны сродак, які істотна ўплывае на стыль пісьменніка і дае магчымасць прасачыць вытокі творчасці, станаўленне індывідуальнага метаду мастака.А. Супяранская лічыць, што онімы займаюць прамежкавае становішча паміж рэальнымі імёнамі і створанымі фантазіяй мастака ў сувязі з тым, што онімы мадэлююцца на аснове вопыту пісьменніка. Такія адзінкі, з'яўляючыся кампанентам любога твора, утвараюць своеасаблівую анамастычную прастору, якая вызначаецца агульным кантэкстам, законамі жанру і стылю пісьменніка, нацыянальнай спецыфікай, часам напісання твора і інш.

Аналіз літаратурных антрапонімаў як элементаў анамастычнай прасторы твора на беларускім матэрыяле зрабіла Г. Басава, якая прасачыла асаблівасці і функцыі ўласных імёнаў як носьбітаў нацыянальна-культурнага кампанента значэння слова і як сродка "індывідуалізацыі і ідэнтыфікацыі асобы ў соцыуме" [39, C.6].З. Драздова, разглядаючы стылёвыя асаблівасці творчасці А. Мрыя і Л. Калюгі, звярнула ўвагу на "гаваркія” (Ю. Тынянаў) антрапонімы і тапонімы. Ролю антрапонімаў як сродка камічнай характарыстыкі персанажаў у творах беларускай драматургіі прасачыў В. Рагаўцоў.

Ю. Карпенка адзначае інфармацыйна-стылістычную і эмацыйна-стылістычную функцыі онімаў. Задачы першай - утрымліваць звесткі пра нацыянальнасць, сацыяльны статус, асаблівасці характару, звычкі, вызначаць асобу як станоўчы або адмоўны персанаж, другой - выяўленне этымалогіі ўласнага імені, дапамога ў разуменні ўнутранай формы, асацыятыўнасці і інш. "Для мастака слова вельмі важна, каб уласныя імёны ў кантэксце самі гаварылі пра іх носьбітаў, а ў сапраўдным мастацкім творы няма негаваркіх імёнаў”, - піша В. Шур [39, C.17].Я. Верашчагін і В. Кастамараў падкрэсліваюць, што анамастычнай лексіцы ўласціва і кумуляцыйная функцыя, якая выражаецца ў "нацыянальна-культуралагічным” кампаненце значэння оніма. Мастацкія тэксты, насычаныя рэгіянальнымі анамастычнымі адзінкамі, садзейнічаюць фарміраванню ў чытача этнакультурнай і культуралагічнай кампетэнцыі, "дазваляюць глыбока і натуральна спасцігнуць аўтарскую задуму” [39, C.12].

Творы Янкі Брыля (раман "Птушкі і гнёзды”, аповесці "Золак, убачаны здалёк”, "Ніжнія байдуны”, "У сям'і”, "Сірочы хлеб”, апавяданні "Марыля”, "Галя”, "Сцежка-дарожка”, "Глядзіце на траву”, "Трэба паехаць”, "Гуртавое”, "Кроў на сцяне" і інш.) ў для даследавання спецыфікі літаратурнага оніма былі абраныя невыпадкова. Пісьменнік ужывае вялікую колькасць разнастайных онімаў, якія служаць трапнай характарыстыкай героя, дапамагаюць чытачу зразумець ідэю твора, адчуць нацыянальную, рэгіянальную спецыфіку, асаблівасці аўтарскага стылю.

Такім чынам, мэта даследавання - на прыкладзе творчасці Янкі Брыля прасачыць важнасць оніма ў літаратуры, вызначыць прынцыпы падбору пісьменнікам імёнаў для герояў сваіх твораў.

Задачы:

· з дапамогай антапанімікі Янкі Брыля прасачыць асаблівасці аўтарскага імянаслова, асноўныя прынцыпы ў выбары імёнаў.

· прасачыць функцыю імені ў сацыяльнай ідэнтыфікацыі героя, у адлюстраванні яго ўзаемаадносін з іншымі персанажамі твора.

· прааналізаваць ролю этымалагічнага, фонасімвалічнага значэнняў імені для сварэння вобраза героя мастацкага твора.

· вызначыць спецыфіку мянушкі як сродка трапнага раскрыцця вобраза героя, у стварэнні яркай карціны народнага побыту.

· адзначыць функцыю літаратурнага прозвішча ў характарыстыцы героя, раскрыцці ідэі твора.

· прасачыць важнасць падбору Янкам Брылём семантыкі і структуры прозвішча ў мастацкім тэксце.

1. Літаратурнае імя як крыніца звестак пра героя

У разгледзеных творах Янкі Брыля было выяўлена 364 беларускія (243 мужчынскіх і 121 жаночае) і 94 замежныя (65 мужчынскіх і 29 жаночых) імені, якія характэрныя для анамастычнага лексікону сваёй тэрыторыі і часу.

Як вядома, проза Брыля мае аўтабіяграфічны характар і напісаная на аснове рэальных падзей, пераважна з дзяцінства і маладосці пісьменніка (20 - 40-я гг. ХХ ст). Шмат асабістага, напрыклад, ў рамане "Птушкі і гнёзды”. Так, у баварскім лагеры палонны салдат Янка сустрэў Міхася Васілька, вядомага заходнебеларускага паэта, які працаваў у лагерным паштова-пасылачным пункце. Імя паэта ў творы "трансфамавалася" ў не менш "фальклорнае" - Сяргей Крушына. Імя героя Андрэя Мазалька было "пазычана” ў скідальскага вальнадумца Аляксандра Мазалеўскага. Прыязнасць Янкі Брыля да імя Міхаіл можна растлумачыць тым, што так звалі любімага брата пісьменніка, якому і прысвечаны раман "Птушкі і гнёзды”. Прататыпам чулай пані Мар'і з аповесці "Сірочы хлеб” і пані Ванды, "разумнай і добрай” пакравіцелькі юнага Алеся Руневіча стала любімая настаўніца літаратуры будучага пісьменніка - Мар'я Пранеўская.

1.1 Імянаслоў прозы Янкі Брыля

У прааналізаваных творах ўжыта 67 адзінак мужчынскіх імён у розных варыянтах, носьбітамі якіх выступаюць 243 персанажы. Самымі папулярнымі ў Янкі Брыля з'яўляюцца наступныя імёны: Іван (з варыянтамі Янка, Яначка, Ванька, Веня, Іванко), якое сустракаецца 25 разоў, Аляксандр (Алесь, Шура, Сашка, Санька) - 15, Мікалай (Мікола, Коля, Колік) - 14 разоў, Міхаіл (Міхась, Міхаль, Міша, Мішка, Мішачка) - 12, Уладзімір (Валодзя, Валодзька, Уладзік, Вова) - 11, Васілій (Васіль, Васька) - 10. Распаўсюджанымі з'яўляюцца і імёны Сяргей (Сярожа, Сярожка), Канстанцін (Кастусь, Косцік, Косця) - яны ўжыты 8 разоў, Сцяпан (Сцёпка, Сцёпа), Раман - па 7, Павел (Паўлюк) - 6 разоў, Анатолій (Толік, Толічак), Пётр (Петрык, Пятрусь), Антон (Антось), Цімафей (Цімох, Цімоша) - 5.

Сустракаюцца і наступныя мужчынскі імёны: Андрэй, Генадзій (Гена, Генік), Грыгорый (Грышка, Грыша), Даніла (Данік, Данька), Дзмітрый (Міцька, Мітрук, Змітрук, Зміцер), Елісей (Алісей), Самуіл (Самусь), Мікіта, Юрый (Юрка, Юрычак), Фёдар (Федзя, Тодар, Хведар); а таксама Адам, Аляксей (Алёшачка), Аркадзь (Аркадзік), Арсеній (Арсень), Арцём, Астап, Багуслаў (Богуш), Барыс, Варфаламей (Баўтрук), Вікенцій (Вінцучок), Валерый, Габрыель (Габрусь), Герасім (Гарасім), Захар (Захара), Ігар, Ігнат, Іосіф (Ёсіп), Казімір (Казік), Кандрат, Купрыян (Цупрон), Лазар, Лёўкій (Лёкім), Лука (Лукаш), Лявон, Макар (Макарац), Максім, Марцін, Марк, Мітрафан (Мітроша, Мітрошка), Рафаіл (Рафалак), Радзівон, Рычард (Рысь, Рысек), Сава (Савачка), Сідар, Піліп, Ціхан, Якаў (Якуб), Яфім (Яўхім), Яўген (Жэня, Жэнік).

Персанажаў-жанчын у творах Брыля дзейнічае амаль удвая менш (121), жаночых онімаў ужыта 45 адзінак. Найбольш папулярнымі з'яўляюцца імёны Ганна (Ганначка, Гануся, Гануля, Ганно, Аня) - яно ўжыта 16 разоў, Соф'я (Зося, Сонечка) - 10, Лідзія (Ліда, Лідачка), Марыя (Марыля, Марылька, Маня, Манька) - па 8 разоў, Алена (Аленка, Гэля, Леначка) - 7, Яўгенія (Жэня, Жэнька) - 6, Кацярына (Каця, Кацярынка (о), Катрына), Вера (Верачка), Людміла (Люда), Любоў (Люба, Любачка), Праскоўя (Параска), Антаніна (Тоня), Надзея (Надзя) - па 3 разы. Сустракаюцца ў творах Брыля і наступныя жаночыя імёны: Агата, Аксіння (Аксення), Акуліна, Алімпіяда (Ліпа), Анастасія (Наста, Настулля), Барбара, Вольга (Волечка), Галіна (Галя), Ірына (Іра, Ярына), Крысціна (Крыстына), Злата, Зіновія, Зінаіда (Зіна), Лукер'я (Луцэя), Мая (Маечка), Мальвіна (Мальвінка), Марта, Мар'яна, Матруна (Матрона), Наталля (Ната, Натачка, Наташа), Ніна, Паліна, Сцепаніда (Стэпка), Тамара (Тома), Улляна, Фёкла (Тэкля), Фядора (Тадорка), Юлія (Юля), Юстына (Юста), Яніна (Яня).

янкі брыль ўласнае імя

Як можна заўважыць, некаторыя імёны, ужытыя ў імянаслове Брыля - папулярныя і па сённяшні час: Аляксандр, Міхаіл, Іван, Уладзімір, Антон, Павел, Кацярына, Ганна. Аднак амаль зніклі рэдкія і на той час Купрыян, Сава, Мітрафан, Сідар, Акуліна, Фёкла, Юстына. Не часта ўжывальнымі на сённяшні час з'яўляецца імёны Васіль, Лідзія, папулярныя ў пісьменніка. Наогул, Янка Брыль ужывае 67 мужчынскіх антрапонімаў, а папулярныя імёны ахопліваюць 22,3% ад іх колькасці - 15 імён. Калі ж падлічыць колькасць ужыванняў мужчынскіх імёнаў, атрымліваем адваротныя лічбы: папулярныя імёны сустракаюцца ў тэксце 145 разоў (59,6 %). Удзельная вага рэдкіх складае 40,4%, і гэта гаворыць аб тым, што празаік у большасці выпадкаў выкарыстоўвае звыклыя імёны. Сярод папулярных жаночых імён - 13 онімаў, якія маюць 78 персанажаў (64,4 %); аднак імя Ганна мае 16 гераінь (13,2%), а многія онімы толькі адзін-два паўтараюцца ў творах пісьменніка. Можна заўважыць, што імёны Іван, Аляксандр, Міхаіл, Ганна сустракаюцца амаль у кожным творы, а ў буйных творах - па некалькі разоў. Аднак такая сітуацыя характэрная і для звычайнага жыцця: навукоўцы адзначаюць, што найбольшую вагу ў анамастычнай карціне пэўнага рэгіёна складаюць у асноўным папулярныя імёны, што тлумачыцца традыцыйнасцю беларусаў у выбары імёнаў. Можна гаварыць і пра індывідуальныя схільнасці пісьменніка, а таксама пра яго жаданне стварыць нейтральны персанаж, не абцяжараны пэўнай семантычнай нагрузкай (што, адзначае В. Струкаў, было характэрнай з'явай для прозы 60-х).

У творах Янкі Брыля часта сустракаюцца персанажы-іншаземцы з характэрнымі для сваёй нацыянальнасці імёнамі: Зыгмусь, Збых, Чэсь, Кася (палякі), Хільда, Оскар, Кэт, Ота, Ганс, Ірма, Марыхен (немцы), Янкель, Шэйна, Гірш, Абрам (яўрэі), Іван Кузьміч, Ілья Аркадзьевіч, Раечка (рускія), Чэда Младзіч (серб), Іржынка (чэшка), Франц Бікша (латыш), Рома (цыган). Найбольшы працэнт сярод замежных імёнаў - у нямецкіх імён (42,5%, або 40 онімаў). Амаль усе яны ўзяты з рамана "Птушкі і гнёзды”, дзеянні якога адбываюцца ў ваеннай Германіі. Вялікая колькасць яўрэйскіх імён (23 оніма) сведчыць пра тагачасную (даваенную) сітуацыю, калі доля яўрэйскага насельніцтва ў гарадах і вялікіх вёсках, дзе яны працавалі карчмарамі, настаўнікамі, краўцамі, была значная.17 польскіх онімаў сведчаць пра актыўнае пражыванне палякаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы. Янка Брыль у сваіх творах падкрэслівае, што палякі былі заможнымі людзьмі, займалі ўплывовыя пасады. Для імён рускіх выкарыстоўваюцца тыпова рускія онімы і іх формы, рэдкія для нашага анамастыкону: Кузьма, Пётр Філімонавіч.

Адметна, што пісьменнік у сваіх творах ужывае і беларускія каталіцкія імёны: Багуслаў, Рычард, Казімір, Барбара, Мальвіна, што звязана з уплывам польскай культуры і наяўнасцю вялікай колькасці прадстаўнікоў каталіцкага веравызнання ў Заходняй Беларусі.

Такім чынам, анамастыкон Янкі Брыля стварае рэалістычную карціну жыцця заходнебеларускай вёскі 20 - 40-х гг. Дзякуючы імёнам у творах празаіка можна атрымаць уяўленне пра нацыянальны, канфесійны склад беларускага паселішча, звесткі пра тагачасны імянаслоў, пра прыярытэты ў выбары імені.

1.2 Народна-гутарковыя формы імені

Як можна было заўважыць, разам з афіцыйнымі кананічнымі імёнамі Янка Брыль ужывае разнастайныя іх варыянты, якія ўзніклі ў народна-дыялектнай мове (іх Я. Скрыган лічыць паўнацэннымі спецыфічна беларускімі імёнамі). Напрыклад, Баўтрук - форма ад праваслаўнага імені Варфоломей, Якуб - ад Яков, Вінцусь - ад Викентий, Тэкля - ад Фёкла, Тадорка - ад Федора. Найбольш прадуктыўнымі з'яўляюцца дыялектныя формы імені на - ук (-юк) і - усь (-юсь) (Паўлюк, Змітрук, Пятрусь), што звязана з украінскім і польскім уплывамі адпаведна; відавочна замена гукаў у пачатку імені на больш прывычныя для беларускага маўлення: Фёдор - Хведар, Тодар, Елисей - Алісей, Куприян - Цупрон, Софья - Зося, Ирина - Ярына, узнікненне прыстаўных гукаў: Гэля - Елена, устаўных - Прасковья - Параска, канцавых - Пятро, Марка, сцяжэнне пачатковых гукаў: Иосиф - Ёсіп, усячэнне канцавых - Цімох, Васіль, характэрнае для гродзенска-баранавіцкіх гаворак оканне: Кацярыно, Іванко, Ганно, недысіміляцыйнае аканне: Гарасім.

Янка Брыль у сваёй прозе часта выкарыстоўвае народна-гутарковыя формы імені, што дазваляе чытачу прасачыць адметнасць мясцовых гаворак і беларускага маўлення наогул; сведчыць пра любоў пісьменніка да малой радзімы, яго імкненне стварыць трапны вобраз роднага краю.

1.3 Асаблівасці звароту да чалавека

Пэўнай формай оніма Янка Брыль падкрэслівае прыналежнасць герояў да той ці іншай групы людзей. Напрыклад, імёны дзяцей заўсёды ўжыты ў памяншальна-ласкальнай форме з уласцівымі ёй суфіксамі - к-, - ік-, - ечк-, - ачк-: Шурка, Юрка, Марылька, Уладзік, Генік, Маечка, Волечка, Ганначка. Імёны маладых або блізкіх людзей таксама ўжываюцца ў ветлівай або памяншальна-ласкальнай форме з канчаткам - а: Жэня, Валодзя, Ліда, Галя. Сярожа - так звяртаюцца да мужа, брата, Надзя - да дачкі, Цімоша - да лепшага сябра. Такая форма часам гаворыць і пра добрае стаўленне аўтара да свайго персанажа.

Цікава, але ў рускай мове такія формы імён, як Маня, Ніна, маюць ласкальнае значэнне (як і формы імён з суфіксамі - чк-, - ш-, - ушк - (-юшк), а вось формы з суфіксам - к - (Мішка, Лёнька, Мальвінка) носяць адмоўнае адценне адносін (прыніжальнае ці зневажальнае) да аб'екта выказвання, субяседніка. Есць такія прыклады і ў Брыля. Ванька Пуп - так звалі вясковага задаваку, "абармота і дурня", Мішка-Шаптун - пляткара і "злыбеду”. У гэтых выпадках памяншальна-ласкальныя формы імён маюць, як і ў рускай мове, адмоўнае значэнне. Цікавы і такі эпізод: былы паліцай, а цяпер вясковы п'яніца, Міцька Смятана, да аднавяскоўца-журналіста звяртаецца таксама па-панібрацку - Васька Андрэевіч.В. Івашка тлумачыць гэта тым, што да спецыяльнага ўказа Пятра І, які тычыўся этыкетнага звароту, "Міцька, Ванька - так звярталіся да бедных, сялян, халопаў" [17, C.140]. З другога боку, такая форма выкарыстоўвалася ў зносінах паміж блізкімі людзьмі. Рускі лінгвіст В. Чэрнышэў, збіраючы напачатку ХХ ст. дыялектны матэрыял у пскоўскіх вёсках, адзначаў, што асабістыя імёны на - к-а (цёця Анютка, дзядзя Ванька) - звыклая форма, якая не мае прыніжальнага адцення.

Часам Брыль выкарыстоўвае памяншальную форму імені, каб падкрэсліць некаторыя асаблівасці характару, знешнасці. Аркадзік - так называлі ціхага, хваравітага і кволага шаўца, Данька - "заўсёды зажмуранага”, заціснутага ў сабе старога. Тут памяншальная форма выступае прыкметай неадпаведнасці сталасці, мажнасці ў дарослага чалавека.

У поўнай форме і з імем па бацьку ўжываюцца імёны паважаных людзей: Лідзія Пятроўна (настаўніца), Іван Сымонавіч (майстар), Лазар Міронавіч (тэхнічны рэдактар), Васіль Раманавіч (акадэмік), Паліна Іванаўна (медсястра). Такі зварот выкарыстоўваецца і ў дачыненні да знаёмых дарослых людзей, чыя прафесія не ўказваецца: Астап Іванавіч, Мікола Сцяпанавіч, Лукер'я Цімафееўна. Як адзначае В. Івашка, імя па бацьку як кампанент імені ўзнікла ў выніку барацьбы царквы з язычніцкімі імёнамі і ўжывалася напачатку пры найменні князёў, баяр, ваеннаначальнікаў, а ўжо пазней вольных людзей: воінаў, купцоў. Яно дапамагала ў афармленні афіцыйных дакументаў, у праве на наследаванне.Г. Мезенка гаворыць аб тым, што імя па бацьку, або патронім, узыходзіць дастаражытнага наймення, якім называлі чалавека, каб падкрэсліць сваю павагу. У Янкі Брыля ўжыванне патроніма можа паказваць на пераход чалавека да новага статусу. Так, дзяўчынка Анечка праз гады ператвараецца ў Ганну Андрэеўну, тэхніка на заводзе. Няўдалы ў маладосці танцор Сідар-гоп ("Ніжнія Байдуны”) пасля гераічных сражэнняў на фронце атрымлівае ваенны білет на імя "майора Исидора Алексеевича Осмоловского”. Часам патронім ужываецца без імені: Антонавіч, Міхайлавіч, што гаворыць пра блізкія, даверлівыя адносіны паміж субяседнікамі.

Каб падкрэсліць пэўныя роднасныя адносіны чалавека, пісьменнік выкарыстоўвае найменні, утвораныя ад імені родзіча, з дапамогай прыналежных суфіксаў - іх-, - ін-, - ав-, - еў-. Яроміха - жонка Яромы, Іваніха - удава Івана, Ганнін Мечыслаў - прымак Ганны, Галін Антось, Марылін Грышка, Сцяпанавы хлопцы, Толеў Сашка - дзеці Галі, Марылі, Сцяпана, Толі. Прыналежныя формы ўтвараюцца і ад прозвішчаў і мянушак: Рагачыха, Секачыха, Ганчарыха, Валодзя Качкавы, Цімох Прочымаў (ад мянушкі бацькі Прочым).

Падзеі твораў Янкі Брыля найчасцей адбываюцца ў вясковым асяроддзі. Мы заўважаем, што звычайна ў дачыненні да знаёмых дарослых тут выкарыстоўваецца зварот дзядзька (дзядзя), цётка (цёця) плюс поўнае або ў ветлівай форме імя, што тыпова для беларускай народна-дыялектнай мовы: дзядзька Антось, дзядзька Сцяпан, дзядзя Толя, цётка Надзя, цётка Алена, цёця Паліна, а таксама дзед, баба плюс поўнае або ў ветлівай форме імя: дзед Богуш, баба Роха. Калі размова ідзе не ў прысутнасці яе аб'екта, формы дзядзька/цётка, дзед/баба могуць ужывацца з прозвішчамі і мянушкамі: дзядзька Жук, дзядзька Ляман, баба Ліска. На асобу, якая займае пэўную пасаду, паказвае савецкі зварот таварыш - таварыш Зяблікаў (сакратар), таварыш Зянько (карэспандэнт). У якасці звароту выкарыстоўваецца і старажытная форма клічнага склону: браце Васіль, Іване. Часам онімы ўжываюцца з ўказаннем на прафесію: Сашка-лейтэнант, каваль Пучок, кравец Лапінка.

У параўнанні - імёны і прозвішчы палякаў і немцаў ужываюцца з ветлівымі зваротамі, суадноснымі беларускім спадарыня, спадар: пані Ванда, пан Бадоўскі, гер Адольф Грубэр, фрау Хаземан. Зварот дзядзька/ цётка тут толькі ў дачыненні да родзічаў - дзядзька Ёган, цётка Хільда. Імёны яўрэяў часам ужываюцца з прыдаткам, які указвае на род іх дзейнасці: Шлёма-цялятнік, крамнік Моталэ. У творах, якія адлюстроўваюць ваенныя падзеі, сустракаюцца онімы з указаннем воінскага звання: унтэр Хэльмут, палкоўнік Домбрэк, радавы Порвал, лейтэнант Горст, яфрэйтар Глянцпапір, камбрыг Грозны. У дачыненні да савецкіх ваенных ўжываецца звыклае для таго часу "таварыш камандзір”, "таварыш сувязны”, "таварыш разведчык”.

Імёны ў Янкі Брыля ствараюць каларытную карціну звароту да чалавека ў сувязі з яго ўзростам, родам дзейнасці, сямейным статусам, падкрэсліваючы пэўныя моўныя законы. Пэўная форма імені можа служыць дадатковай крыніцай да ракрыцця вобраза, сведчыць пра адносіны да героя іншых персанажаў і нават пісьменніка.

1.4 Імя як спосаб стварэння літаратурнага вобраза

Называючы іменем той ці іншы персанаж, Янка Брыль улічвае многія фактары, бо такі онім не проста найменне, а крыніца да раскрыцця вобраза героя. Прынамсі, прасочваецца той факт, што часта пісьменнік бярэ пад увагу этымалагічнае або фонасімвалічнае (гукавыя асацыяцыі, якія выклікае тое ці іншае імя) значэнні.

Прасочым за падборам літаратурнага імені згодна яго этымалогіі.

Значэнне імені Яўгеній (грэч.) - "абаронца”. Смелым і гатовым заўсёды прыйсці на дапамогу з'яўляецца малады партызан Жэня Саковіч з апавядання "Адзін дзень”. Аляксандр (грэч.) - значыць "мужны”. Успомнім Алеся Руневіча з рамана "Птушкі і гнёзды”, які з'яўляецца сапраўдным узорам мужнасці. Яму давялося прайсці праз палон, бясконцыя ўцёкі з яго, працу ў немцаў і вытрымаць іх пагардлівае да сябе стаўленне, мець зносіны са здраднікамі-суайчыннікамі, і бясконца чакаць вестачак з дому і вяртання на Радзіму. Перажыць гэта, дайсці да жаданай Навагрудчыны, выстаяць пад напорам няўдач было сапраўды нялёгка для героя, але ён змог гэта зрабіць.

Гераіня апавядання "Галя”, Сонечка, яшчэ зусім маленькая дзяўчынка, але яна ўжо шмат што разумее і разважае, як сталы чалавек. Яна лёгка заўважае ману дарослых, ацэньвае іх паводзіны, прыслухоўваецца да іх размоў, і часам "адказвае на свае пытанні сама” [8, С.86], прычым вельмі дакладна. Соф'я (грэч.) - значыць "мудрая”.

Пры выбары оніма Янка Брыль улічвае і фонасімвалічнае значэнне імені, значнасць якога падкрэсліваў яшчэ М. Ламаносаў, "які ўпершыню [ў рускай лінгвістыцы] паспрабаваў напоўніць сэнсам гукі мовы” [27, C.60].

Напрыклад, героя апавядання "Галя” завуць Раман Кругляк. Ён "стары ўжо, сівы чалавек [8, C.84], але нягледзячы на свой узрост, застаецца моцным і рухавым і любіць паскакаць пад гармонік. Пры ўзгадванні такога імені ў нас адразу ўзнікае вобраз дужага, моцнага, чалавека. У фонасімвалічным слоўніку чытаем: "Раман - нешта вялікае, мужнае, актыўнае, велічнае, рухавае" [17, C.231]. Вобраз імені дапаўняе і адпаведнае прозвішча Кругляк. Пры вымаўленні імені Стэпка ўзнікае вобраз сухой старэнькай жанчыны. Менавіта такой з'яўляецца гераіня апавядання "Марыля”. Другую гераіню гэтага твора завуць Катрына. Тут спалучэнне цвёрдых гукаў [тры] дапамагаюць стварыць вобраз дужай мужападобнай жанчыны.

Імя Марыля з-за наяўнасці ў ім апошняга складу [ля] выклікае асацыяцыі плачу, таму так Брыль назваў так дзвюх сваіх гераінь - сірату Марылю (апавяданне "Марыля”) і Марылю Парабчанку ("Галя”) - жанчын, у жыцці якіх не было нічога, акрамя нядолі, слёз і пакут. У апошняй Марылі яшчэ і прозвішча Парабчанка падкрэслівае яе незайздроснае сацыяльнае становішча - дачка парабка - і такі ж горкі лёс. Пра двух герояў апавядання "Галя”, братоў-блізнят Цімоха і Ціхана, краўцоў-кажушнікаў, аўтар піша: "Мала ведаючы іх, не пазнаеш, каторы Ціхан, а каторы Цімох" [8, C.81]. Падобныя па гучанню імёны - падобныя адзін да аднаго людзі.

Часам Янка Брыль сам тлумачыць прычыну называння персанажа пэўным антрапонімам (калі яно нетыповае для асяроддзя, у якім яго "пасяліў" пісьменнік). У аповесці "Золак, убачаны здалёк” ёсць персанаж з дзіўным імем Сатурнін. Аднак прозвішча ў польскага мужчыны "амаль наскае” - Комар, ды і паводзіць сябе "пан навучыцель” вельмі проста: сам вітаецца з людзьмі, і нават выкладае беларускую мову, што робіць яго "пацешна зразумелым, ледзь не блізкім для вёскі" [7, C.383].

Часта ў імёны персанажаў укладваецца сэнс, які падкрэслівае усю тэму твора. Напрыклад, у апавяданні "Ліпа і клёнік” Ліпа - не назва дрэва, а імя дзяўчынкі, якая вельмі любіць прыроду. Школьнікі бяруць яе на пасадку дрэўцаў, і так ў Ліпы з'яўляецца "сябар" - клёнік, які яна пасадзіла разам з дзецьмі. "Драўлянае" імя дзяўчынкі падкрэслівае яе вялікую любоў да ўсяго жывога і ўключае дрэўцы, за якімі даглядаюць дзеці, ў шэраг дзеючых асоб апавядання. Лейтматывам твора "Галя” з'яўляецца песня пра "чорную галку”. Галя, Галка - імя галоўнай гераіні твора. Гэтая жанчына з няпростым лёсам сапраўды падобная на галку: "чорнавалосая, мае вялікія карыя вочы, маленькія спрытныя рукі і лёгкія ножкі" [8, C.90], яна зграбная і кемлівая.

Верачка - так завуць дзевяцімесячную дачушку маладой жанчыны Ліды Свірыд ("Адзін дзень”). Напачатку Вялікай Айчыннай вайны Лідзія страціла ўсё: мужа, блізкіх, дом. Наперадзе - уцёкі ад фашысцкай навалы і чаканне спакою. Вера ў лепшае ў жанчыны ёсць - гэта яе "маленькая партызанка” Верачка, якая дапамагае маці не зламацца і пераадолець усе цяжкасці.

У прозе Брыля сустракаем і так званае "вторичное имянаречение" (У. Коваль). Іван Непарэцкі ("Птушкі і гнёзды”) ўжо два гады ў нямецкім палоне "звыш агульнай нядолі” носіць "яшчэ і свой патаемны цяжар" [7, С.249]", бо сапраўднае імя "высокага бялявага маўчуна" - Янкель Довід-Ічэ. Іван, або Яська, як яго называюць сябры-беларусы, разумее, што буде, калі яго выкрыюць. Змененае імя - яго адзінае ўратаванне ад нацызму.

Масье Жана Папёлка раней звалі Ясь. Ён вымушаны быў з'ехаць з Польшчы ад беспрацоўя і знайшоў "больш ласкавейшую радзіму" - Францыю [7, С. 201]. Масье Жан пабываў яшчэ і сархенто (сяржантам) Хуанам, ваяваўшы ў Іспаніі ў пачатку 1937-га. Змена імені тут - не драма, а іронія, выкрыванне прыстасавальніцтва.

У Янкі Брыля назіраецца і тыпізацыя імені, калі пэўны онім служыць сімвалам цэлага народу або класа. Напрыклад, настаўнік польскай школы так знаёміцца з сустрэтым хлопчыкам Данікам: "А гэта чый такі Іванка? ” [6, С.11]. Для яго Іванка - любы беларускі хлопчык. У рамане "Птушкі і гнёзды” маладыя немкі прыносяць ласункі палонным "Адамам” (г. зн. палякам), якім у сваю чаргу забараняюць заляцаццца да нямецкіх "Марушак”. Часам беларускія імёны пры вымаўленні іх іншаземцам, змяняюцца на характэрныя для яго мовы: немцы называюць палонных Алеся, Максіма, Івана Алексам, Максам і Гансам адпаведна, польскі настаўнік кліча Івана і Уладзіміра Янам і Влодзімежам.

Як бачым, імя, дзякуючы сваім фанетычным і лексічным характарыстыкам, дапамагае пісьменніку увасобіць мастацкую задуму, пакрэсліць пэўныя рысы ў характары героя, настроіць чытача на ўспрыняцце таго ці іншага вобраза.

Такім чынам, Янка Брыль у сваіх творах выкарыстоўвае імёны, характэрныя для пэўнага рэгіёну і часу. На прыкладзе онімаў у творчасці празаіка можна ўдала прасачыць асаблівасці звароту да чалавека з улікам яго ўзросту, роднасных адносін, занятку, а таксама прааналізваць спецыфіку народна-дыялектных форм імені. Пры выбары імені для героя твора пісьменнік улічвае рэальны анамастыкон сваёй мясцовасці, а таксама пэўную семантычную нагрузку імені, яго этымалагічнае і фонасівалічнае значэнне. Янка Брыль часта выкарыстоўвае замацаваныя ўяўленні пра тое ці іншае імя, каб лягчэй раскрыць вобраз героя, падкрэсліць пэўную ідэю твора.

2. Прозвішчы літаратурных персанажаў Янкі Брыля

В. Ляшчынская піша, што "ў літаратурных прозвішчах замацаваны не толькі ўказанне на паходжанне, нацыянальнасць, сацыяльнае становішча”, а і на характарыстыку героя паводле паводзін, учынкаў, характару, якая раскрываецца праз семантыку апелятываў, праз апісанне канкрэтнай сітуацыі ў мастацкім тэксце [23, C.128].

У працы было разгледзены 153 беларускія і 58 замежных прозвішчаў літаратурных перасанажаў Янкі Брыля, якія былі прааналізаваны згодна семантыкі, структуры ўтварэння і іх ролі ў тэксце.

2.1 Семантычная характарыстыка прозвішчаў

Трэба адзначыць, што наогул паходжанне многіх беларускіх прозвішчаў матываванае. Гэта значыць, што яны ўтварыліся семантычным шляхам праз пераасэнсаванне былых назваў-характарыстык асобы ці ад гутарковых формаў імёнаў, а таксама ад назоўнікаў-апелятываў.

Найбольш ужывальнымі ў творах Янкі Брыля з'яўляюцца прозвішчы персанажаў, утвораныя ад уласных імён: Адамовіч, Богуш, Свірыд, Мірончык, Ляўко, Хамёнак, Макарэц. Такіх прозвішчаў 30 (19,6%).

Папулярныя і прозвішчы, семантыка якіх узыходзіць да апелятыва, звязанага з назвамі раслін і іх частак: Грыб, Вярбіцкі, Быліна, Сучок, Чамірка (ад "чэмер”), Шышка. Усяго такіх прозвішчаў - 22 (14,4%). Столькі ж прозвішчаў, якія паходзяць ад назваў прадметаў побыту, начыння: Брычка, Венік, Торба, Кужалевіч, Цярэнь (ад "чарэнь” - "гарызантальная паверня на рускай печы”) [34, С.303]. Значную групу прадстаўляюць прозвішчы персанажаў, утвораныя ад назваў жывых істот, частак іх цела: Заяц, Салавей, Жук, Рагач, Сівалап, Чарнагрэбень, Шулейка (шуляк, шулёнак - "невялікая драпежная птушка сямейства сакаліных" [34, С.410]). Іх 18.

Дваццаць онімаў (13,4%) этымалагічна звязаныя з родам заняткаў людзей, а таксама іх паходжаннем - Баярын, Ганчарык, Рымар, Нішчымная, Цівунок. Шырока распаўсюджаны і онімы, этымалогія якіх звязана са знешнасцю чалавека (Белабародзька, Кругляк, Шчэрба, Гарбуновіч, Кучура ("г. зн. "кучаравы”), а таксама яго характарам, звычкамі, недахопамі (Нячуй, Гаварэнь, Ціханаў, Бойка). Такіх адзінак 15 і 14 адпаведна. Такія прозвішчы, на думку навукоўцаў, - былыя дахрысціянскія імёны-мянушкі.

Наступная група прозвішчаў звязана з назвамі ежы і страў: Бурак, Саладуха, Коржык (Такіх прозвішчаў 5). Частка онімаў - ад найменняў часу: Вечар, Субота (Іх 4). Частка - з невызначанай этымалогіяй - Кэнць, Кныш, Кеда.

Так, ў прозе Янкі Брыля прысутнічаюць характэрныя семантычныя групоўкі беларускіх прозвішчаў. Апелятывамі да онімаў выступаюць не толькі кананічныя імёны, іх формы, і шырокаўжывальныя назоўнікі, але і спецыфічныя беларускія найменні, што гаворыць і пра рэалістычнасць твораў, і пра іх нацыянальны каларыт.

2.2 Марфемнае ўтварэнне літаратурных прозвішчаў

Найбольшая колькасць прозвішчаў (25 адзінак, або 16,3%), уяўляе сабой назоўнікі, якія этымалагічна ўзыходзяць да старажытных імён-мянушак, кананічных імён, назоўнікаў-апелятываў і маюць форму адзіночнага ліку назоўнага склону мужчынскага роду: Вечар, Грыб, Мазоль, Заяц, Нячуй. Вялікая група прадстаўлена і прозвішчамі з формай жаночага роду і канчаткам - а: Серада, Дуля, Сарока, Жывіца (іх 20, або 13%).

Дваццаць прозвішчаў заканчваецца на - іч: Адамовіч, Клімовіч, Саковіч, Кужалевіч, Харкевіч. Такая структура прозвішчаў вельмі пашыраная на Беларусі і займае другое месца пасля прозвішчаў на - цкі, - скі. Пры дапамозе суфікса - іч (які часта выступае і ва ўскладненнай форме - овіч-/-евіч-), адзначае А. Усціновіч, звычайна ўтвараліся прозвішчы ад поўных і скарочаных форм уласных імён, імён-мянушак (у творах Брыля такіх прозвішаў 9 з 20).

Чацвёртую групу ўтвараюць прозвішчы на - ко/-ка: Зянько, Ляўко, Цярэшка, Любка, Ёдка (15, або 9,8%). Такія ўтварэнні, на думку А. Мейе, В. Дарашэўскага, А. Сялішчава ў старажытнасці былі вядомыя ўсім славянскім мовам і ўжываліся як памяншальна-ласкальныя формы кананічных імён. Аднак тут мы бачым прозвішчы на - ко/-ка, утвораныя і ад назоўнікаў-апелятываў: Белабародзька, Халупка, Бойка, Лапінка. Часам гэты суфікс выступае у спалучэнні з іншымі суфіксамі: Юрачка.

Распаўсюджаны ў творах Брыля і прозвішчы на - аў: Заморкава, Маркаў Гаршэчнікаў (іх 9), якія, як і онімы на - іч, - ін, маюць прыналежнае значэнне. Часта аўтар выкарыстоўвае такі тып для стварэння прозвішчаў рускіх - Кручкоў, Хвастоў, у сувязі з тым, што такі тып максімальна распаўсюджаны ў сістэме рускіх прозвішчаў.

Наступная група - прозвішчы на - скі (-цкі): Буглацкі, Вярбіцкі, Пукальскі, Асмалоўскі, якіх 9. Такія прозвішчы належаць да агульнаславянскага тыпу і на Беларусі складаюць каля 10% (другое месца), на другім месцы па распаўсюджанасці яны і ў рускай мове (пасля прозвішчаў на - ов/-ев, - ин), характэрныя і для ўкраінскай і польскай моў. Прозвішчы на - скі звычайна ўжываюцца ў беларускай і рускай мастацкай літаратуры для ідэнтыфікацыі прадстаўнікоў дваранства, шляхецтва (бо такі антрапонім належаў уладальнікам маёнткаў у пэўным месцы і ўтвараўся ад назвы мясцовасці). Сапраўды, ў Брыля такія прозвішчы носяць уплывовыя асобы: пан Бадоўскі, прафесар Жджарскі, генерал-губернатар Крэставаздзвіжанскі (аднак гэта датычыцца ў асноўным прозвішч палякаў і рускіх).

Шэсць прозвішчаў у творах празаіка - з формай - ук/-юк: Бунчук, Іванюк, Царук. Такія онімы, указвае Г. Мезенка, найбольш прадуктыўныя на тэрыторыі паўночна-заходняй Украіны і паўднёва-заходняй Беларусі. У Брыля прозвішчы на - ук (-юк) маюць персанажы-палешукі. Шэсць онімаў - з найбольш прадуктыўнай на поўдні Гродзенскай вобласці формай на - ык (-чык): Цівунчык, Ганчарык.

Пяць прозвішчаў мае суфікс - ок: Снапок, Пучок. Чатыры прозвішчы з формай на - ач: Сякач, Карнач. Тры оніма маюць спецыфічна беларускую, на думку вучоных, форму - онак (-ёнак): Касёнак, Дайлідзёнак. Такія прозвішчы па сваім значэнні блізкія да мадэляў - еня/-эня і назоўнікаў, якія абазначаюць маладых істот (качаня, гусёнок).

Групамі па два прозвішчы выступаюць онімы на - ута/-юта (Санюта, Харута), якія прадуктыўныя на Гродзеншчыне.А. Шахматаў адзначаў, што такі суфікс характэрны для форм, утвораных ад першай часткі імён. Па два онімы на - як (Кругляк, Бяляк), - ун (Чыркун, Чыкун).

Ёсць прозвішчы з рэдкімі суфіксамі: Штокала, Сурага, Гавака, Лясота, Бучаль, прозвішчы, якія маюць форму прыметніка - Нішчымная, Навамодны.

Ужыта таксама і двайное прозвішча: Бохан-Калоша, мадэль якога В. Шур акрэслівае як спецыфічную беларуска-польскую-літоўскую форму складаных шляхецкіх прозвішчаў. Янка Брыль знарок падбірае такі онім для свайго персанажа, характарызуючы былога лётчыка Івана Сцяпанавіча так: "Не гаспадар быў Бохан-Калоша… Дарма што прозвішча, як у шляхціца, дубальтовае" [4, С.98]. Іван адрозніваўся ад звычайных сялян: марыў пра ваенную справу і нават малацьбу выходзіў з падпярэзанай шабляй.

Пры падборы замежных прозвішчаў Янка Брыль улічвае законы іншых моў: Анжэеўскі (імя Анжэй+ - скі), Бендзінскі (гучыць насавы [к]), у нямецкіх прозвішчах выразныя мадэлі - ер/-ар (Трайбэр, Гамар), - ман (Шнеэман), адчуваецца характэрны для нямецкай мовы збег зычных: Арндт, Вайцэнброт. Пісьменнік звяртаецца і да тыпізацыі: чытачу зразумела, што "нейкі Швілі ці Швіляў” - грузін, Цукерман, Цымес - яўрэі.

Як бачым, Янка Брыль удала выкарыстоўвае марфемныя асаблівасці ўтварэння прозвішчаў у сваіх творах. Пэўная форма служыць сродкам сацыяльнай характарыстыкі героя, раскрывае перад чытачом багацце беларускага і замежнага анамастыкону.

2.3 Роля прозвішчаў у літаратурным творы

Значная частка прозвішчаў, ужытых Янкам Брылём, з'яўляецца "гаваркімі”, дапамагае раскрыць вобраз героя, задуму твора. Эфект выкарыстання гэтых прозвішчаў грунтуецца на наўмысным ажыўленні значэння яго апелятыўнай асновы, таму, лічаць Г. Малажай і Л. Арочка, "такія онімы можа растлумачыць любы носьбіт мовы” [39, С.73].

Пры падборы празаікам прозвішчаў улічваліся многія фактары, адзін з іх - фонасімвалізм, стварэнне пэўнага вобраза дзякуючы слыхавым асацыяцыям. Напрыклад, прозвішча Гавака гучыць як "вужака”, "змяюка”. Яго носьбітам быў "пародзісты падлюга”, пра якога думалі, "як пра гадзіну, на якую лепш не наступаць" [8, С.12]. Нашора гучыць як "навала” і адначасова як "нешта, што шуршыць, крадзецца”. У "Дыялектным слоўніку” Н. Гілевіч знаходзім прыслоўе нашару - "перад тым, як стала цёмна, шарай гадзінай, прыцемкам" [14, С.76]. Прозвішча Нашора меў паліцай з апавядання "Глядзіце на траву”. Былы шафёр старшыні райсавета сваю здраду апраўдваў уласным прынцыпам: "Раней ты панаваў, цяпер я папаную" [9, С.277]. Такім чынам, з чалавека, якому давяралі, нечакана атрымаўся бязлітасны карнік.

Многія прозвішчы былі падабраныя Брылём з улікам лексічнага значэння апелятыва, ад якога яны былі ўтвораны. Галоўны герой рамана "Птушкі і гнёзды” - Алесь Руневіч. Рунь - усходы збожжа, што высяваецца на зіму [2, С.306]. Трава рунее - значыць зелянее, выбіваецца з-пад зямлі. Алесь не толькі малады ("зялёны”), але і стойкі, высока маральны. Ён - тая новая сіла, што прабіваецца, узвышаецца над сцюжай ваеннай жорсткасці. Гэта сімвал знішчэння смерці, фашызму (зімы) і перамогі свайго народа і жыцця (вясны). Лепшы сябра Алеся - сялянскі паэт Сяргей Крушына - выступае сімвалам сталасці, мудрасці "народнай паэзіі”. Яго сялянскія жарты гаючыя, як лекавая настойка з крушыны.

Галоўным героем апавядання "Надпіс на зрубе" з'яўляецца дзед Вячэра, дасціпны, рухавы чалавек, якому "і на пенсіі не сядзіцца ў хаце” [9, С.174], рыбак, "кароль вугроў”, як яго называюць у вёсцы. Вячэра - галава вялікай сям'і, якую ён вельмі любіць. Такое прозвішча сімвалізуе не толькі лад і еднасць сям'і (як падчас сумеснай вячэры), але і гаворыць, што дзед яднае ў гармоніі і любові ўсіх сваіх блізкіх.

Зміцер Несын з апавядання "Сцежка-дарожка” - паліцай, "новы пан”, здраднік, люты ў адносінах да сваіх жа аднавяскоўцаў. Ён не сын, падкрэслівае Брыль, не родны свайму краю. Жук - заможны селянін з апавядання "Марыля”. Гэты чалавек увесь час працаваў на зямлі, як сапраўдны жук. Але аўтар пра яго піша: "Свёкар быў звер і скупеча, зямля ненаежная" [9, С. 19], - тут ужо ідзе параўнанне з навозным жуком.

Лустач - прозвішча прымака Піліпа, подлага чалавека, які хутка захапіў уладу ў хаце, які дапамагчы каму-небудзь мог толькі за чарку, бо "на сваю часам не хапала…" [9, С.28]. Прозвішча гэтага персанажа можна матывіраваць выразам "адрэзаная луста”, якім характарызуецца "аткінены ўжэ чалавек" [14, С.142]. Венік - такое прозвішча меў "блазнюкаваты і няўрымслівы дзяцюк” Мішка з рамана "Птушкі і гнёзды”. Хлопец увесь час кагосьці парадыраваў, выдумляў жарты, быў, як кажуць, "шустры, як венік" [15, С.215].

Сустракаюцца ў творах Янкі Брыля прозвішчы і імёны вядомых людзей: палітыкаў - Мікалай ІІ, Сталін, Гітлер, Чэрчыль, Пілсудскі, Молатаў, пісьменнікаў - Пушкін, Гогаль, Крылоў, Жукоўскі, Канапніцкая, Сенкевіч, Цётка, мастакоў - Васняцоў, Мясаедаў, астранома Фламарыёна і інш. Такія онімы, адзначае В. Шур, выступаюць сродкам сацыяльнай тыпізацыі, дазваляючы прыдаць падзеям і фактам, якія адлюстраваны ў творы, рысы праўдападобнасці і рэалізму, а таксама сведчаць пра асабістыя прыхільнасці пісьменніка. Часам славутае імя або онім персанажа рэлігійнай, мастацкай літаратуры можа ўтвараць алюзіі: "У цяньку на траве часта сядзіць, як той патрыярх Аўрам пад маврыйскім дубам, <…> мой хросны Рафалак" [4, С.175].

Такім чынам, каб з дапамогай літаратурнага прозвішча ахарактарызаваць героя, ракрыць ідэю твора, Янка Брыль падбірае ў якасці іх асноў яркія, трапныя апелятывы, разлічаныя на сфарміраванае ў чытацкай свядомасці разуменне таго ці іншага слова.

Пісьменнік выкарыстоўвае характэрныя для рэальнага анамастыкону семантычныя і структураўтваральныя формы прозвішчаў, улічваючы нацыянальную спецыфіку. Прозвішчы ў Янкі Брыля найбольш поўна і ўсебакова раскрываюць вобраз героя, мастацкую задуму, сведчаць пра час дзеяння твора.

3. Мянушка як трапны індэнтыфікатар героя

В. Івашка адзначае, што звычайна на вёсках, дзе было па 600-900 двароў, а пераважала 3 - 4 прозвішчы, часта выкарыстоўваліся вулічныя мянушкі, якія тлумачылі, пра каго ідзе гутарка, дзе жыве чалавек, і вылучалі яго з ліку суродзічаў, землякоў. У аповесці "Ніжнія Байдуны" Янка Брыль піша: "Мянушкамі здавён была пацярушана наша вёска, хапіла на кожную хату і па адной, і па дзве, і па тры" [4, С.136], прычынай чаго была таксама і дасціпнасць вяскоўцаў, жаданне падсмяяцца з чужых заган.

Мянушкі звычайна ўтвараюцца ў выніку разнастайных метафар і ўжываюцца як "другое” імя, якое паказвае на знешні выгляд чалавека, паводзіны, прывычкі, фізічныя недахопы, дэфекты мовы, а часам сведчыць і пра прыналежнасць да крымінальнага свету. "Другія імёны" з'яўляюцца ў чалавека часцей ў перыяд дзяцінства і юнацтва, калі ён найбольш ярка і непасрэдна праяўляе сябе.

Усе мянушкі ў творах Брыля (іх было разгледзена 87) можна падзяліць на некалькі груп:

· Найменні, звязныя з асаблівасцямі знешнасці, фізічнымі недахопамі чалавека: Маня Варона, Каця Курыца, Кульгач, Цукерка, Рэзаны жывот, Сівы, Касавокі, Двухжыльны - такіх онімаў 21 (24,1%);

· Мянушкі, атрыманыя за звычку часта паўтараць пэўнае слова або выраз, манеру гаварыць, мянушка як вынік бязглуздай агаворкі: Акудыты, Прочым, Пшэпюрка, Сідар-гоп, "Дай я гахну! ” "Не на таво наскачыла!" (іх 18, або 20,6%);

· Самая яркая катэгорыя - мянушкі, звязаныя з характарам персанажа: Дзічка, Храпун, Ліска, Каза - іх 15.

· Онімы, звязаныя з родам дзейнасці: Лётчык, Свісток, Свіцязянка, Гусак (усяго 10);

· Мянушкі, утвораныя ад уласных імён: Уван, Мазалёк, Аляксандр Сяргеевіч, Хмель - 10;

· Найменні, якія ўказваюць на паходжанне чалавека: Жабрак, Казак, Латышка - 7;

· Онімы, звязаныя са звычкамі чалавека: Балалэй, Ляпножка (іх 2);

· Мянушкі, паходжанне якіх аўтар не тлумачыць: Рыўка, Ведзьма, Сячкарня, Маркітантка (усяго 4).

Прывядзём прыклады.

Высокі чарнявы хлопец Толя Касёнак ("Лазунок”) атрымаў мянушку Цыган; прыгожанькую блакітнавокую дзяўчынку Ліпу, якая носіць "белую і пушыстую, як снег”, шубку [8, C.66], бацькі называюць Снягурачкай. Ляснік Сцяпан - худы і недагледжаны, "адзін толькі сіняваты носік тырчыць" [9, C.169], таму і вядомы ён як Сцёпа Свярдзёлак, па асацыяцыі са знешнім выглядам.

Паручніка Слядзінскага з рамана "Птушкі і гнёзды”, "маладога ды выпінастага" палонныя салдаты клічуць Пінгвінам з-за яго залішне фанабэрыстай паставы і хады. Хлопчык Шурка ("Золак, убачаны здалёк”) атрымаў мянушку Сцягач, бо аднойчы яго, занадта цікаўнага, знявечыла бомба, і замест пяці пальцаў на руцэ ў хлопца атрымалася тры. "Камусьці першаму такая рука нагадала сцягач, сагнуты трохзубы сахор, якім на полі сцягаюць з воза гной, і параўнанне стала мянушкай” [7, C.373].

Мянушка часта з'яўляецца як рэакцыя на нейкую маўленчую звычку чалавека. У аснове такіх онімаў, адзначае В. Шур, "ляжыць мімезіс, а дакладней антымімезіс, як вынік імітацыі чужога маўлення, яго манеры, асаблівасцей, найбольш паўтаральных слоў-паразітаў і цэлых фраз” [39, C.63]. Так, дзядзьку Рамана ўсе ў вёсцы называюць Ляманам, бо ён не вымаўляе гук [р], а сваю жонку называе не Параска, а Палятка, і нават у лістах ёй піша: "Далягая Палятка! ” [7, C.137]. Мясцовага дурня аднавяскоўцы называюць Салавей, бо ён мала гаварыў, "а калі і мармытаў сабе пад нос”, то песеньку "Соловей, соловей, пташечка // Канареюшка жалобно поёт…" [7, C.393].

Часта мянушкі "прыліпаюць” да вяскоўцаў у сувязі з камічнымі сітуацыямі, у якіх іх носьбіты апыналіся. Дзядзька Тодар Клімовіч стаў Грамуздай, калі ў школе не вывучыў байку Крылова "Ворона и лисица”. З апошняй парты яму шапнулі падказку: "На ель ворона взгромоздясь”, якую ён, не зразумеўшы, паўтарыў па-свойму: "Варона ела грамузду” [4, С.136]. Каваль Пучок у дзяцінстве атрымаў больш доўгае "другое імя" - "Не хачу хлеба, хачу сала”. Хлопчык прасіў у маці скварку, а тая адправіла яго да суседзяў. "Суседзі смяюцца, даюць яму хлеб, а ён шмогае носам з марозу: "Не хачу хлеба, дай сала…" [4, С.136].

Шмат "другіх імён” звязана з дзеяннямі, учынкамі, характарам персанажаў твораў. Распуціным празвалі папа-гуляку, грубіяна і аматара выпіць і пазаляцацца да жанчын. Дарэчы, В. Шур адзначае, што ўтварэнне мянушак ад пераасэнсаваных амонімаў (пераважна прозвішчаў вядомых у соцыуме асоб, дзяржаўных дзеячаў і інш.) - "адзін з прадуктыўных у пісьменніцкай моватворчасці" [37, C.69].

Адзін з цікавых персанажаў рамана "Птушкі і гнёзды” - пан Самацэвіч па мянушцы Бязмен. "Бязмен - ручная рычажная або спружынная вага” [31, C.439], якая часта выкарыстоўвалася пры гандлі на кірмашах. Аднак з-за сваёй недакладнасці такія вагі маглі падмануць пакупнікоў. Ілжывым і прадажным быў і пан Самацэвіч, эмігрант з Заходняй Беларусі. Працуючы адначасова на фашыстаў і нібыта дапамагаючы сваім суайчыннікам, пан Самацэвіч атрымаў "не менш з'едлівую мянушку" - Бацька.

Дырэктара школы пана Дылембу ("Сірочы хлеб”), дзеці празвалі Павуком за тое, што ён пляце інтрыгі за спіной настаўніцы пані Мар'і. Найбольш ярка выяўляе чалавечую сутнасць Мітрошы Рагача ("Ніжнія Байдуны”) яго мянушка Важнае ліцо. Хлопец імітаваў з сябе інтэлігента, хаця ім не з'яўляўся: не дапамагаў сям'і у працы на полі, а займаўся "пісарствам”: перамяраў надзел і майстраваў шыльдачкі з імёнамі кароў у хлеўніку. Перад вячоркамі ў суседняй вёсцы Мітроша папрасіў мясцовых дзяўчат папярэдзіць хлопцаў, што да іх прыйдзе "важнае ліцо”. Ён быў сустрэты належным чынам, затое за падман быў выправедзены бізунамі.

Мянушкі ўзнікаюць і ў сувязі з пэўнымі заняткамі чалавека. Юнага паліграфіста Міхася Лазунка у вучнёўскай групе называюць Бабашкам (бабашка - металічны брусочак, ніжэйшы за наборную літару, які ўстаўляўся ў набор, каб зрабіць прабел). Такую "прафесійную" мянушку хлопец атрымаў і таму, што быў ніжэй за ўсіх ростам. Рамана Чачотку ("Марыля”) празвалі Свістком, бо ён у мінулым служыў царскім гарадавым і не змог звыкнуцца да сялянскай працы, аднак негатыўная якасць - цяга да выслужвання - у яго захавалася.

Алесь Руневіч і яго сяброўка Ліда Чамірка называлі адзін аднаго Светлячком і Свіцязянкай, імёнамі, якія нагадвалі ім пра іх ролі ў школьным тэатры. Здольнага да малявання вучня Шурку ("Сірочы хлеб”) настаўніца пані Мар'я назвала "будучым Янам Матэйкам” (вядомы польскі мастак); хутка хлопчык стаў Матэйкам для ўсяго класа.

Часта мянушкі ўтвараюцца на базе ўласнага імені чалавека. Напрыклад, персанажа з рамана "Птушкі і гнёзды” назвалі Трайным Марцінам па той простай прычыне, што называўся ён Марцін Марцінавіч Марціновіч” [37, C.178]. Мазалёк - гэта Андрэй Мазоль, "не па-сялянску элегантны і гнуткі, <…> з шырокай, перасалоджанай усмешкай”, таму і Мазалёк, бо такі прыемны і мілы [7, C.168]. Шуру з аповесці "Золак, убачаны здалёк” быў не толькі Сцягачом, але і Аляксандрам Сяргеевічам, бо яго бацька, Сяргей, назваў свайго сына ў гонар любімага паэта Пушкіна.

Мянушка можа ўтварыцца ў выніку няўдалага вымаўлення імені. Так, хлопчык Юрка пры нараджэнні быў названы ў гонар святога Ігара, аднак кумам гэтае імя не спадабалася: "Іга-га” нейкае! ” [7, C.382].

"Другое імя" можа ўказваць і на паходжанне чалавека. Напрыклад, Казак, Немец, Латышка - так клікалі пазашлюбных дзяцей ад "арэнбурскага казака”, нямецкага салдата і латыша. Басалаем называўся - "Алены Конашавай байстручок”, "галадранец і злайдзючок на ўсё мястэчка” [7, C.272].

Невялікая колькасць мянушак звязана і са звычкамі чалавека: Балалэй - так называўся вельмі гаварлівы селянін Ігнат Сякач, які "любіў падсеч”, прыдумаць жарт, а таксама залішне пагаварыць; удавец Ляпножка атрымаў сваё імя за звычку стукаць нагой падчас танцаў.

У аснове мянушкі можа прысутнічаць адразу некалькі якасцяў. Так, скрыпач Петрык ("Ніжнія Байдуны”) стаў Страдыварусам не толькі таму, што быў музыкам, а і таму, што меў трафейную скрыпку, прывезеную з вайны, якую горда называў "мой страдыварус”. Пані Рузя, злая настаўніца, за вочы стала "Дзеўкай у розуме”; гэта мянушка адначасова абыгрывала яе імя і залішнюю патрабавальнасць, прычыну чаго вучні бачылі, магчыма, у незамужнясці настаўніцы.

Такім чынам, мянушка з'яўляецца адметным онімам, які дапамагае трапна раскрыць пэўны вобраз, вучаць чытача арыгінальна падыходзіць да прачытання твора. Мянушкі ў творах Янкі Брыля ствараюць яркую карціну народнага побыту, сведчаць пра дасціпнасць і знаходлівасць пісьменніка.

Заключэнне

У працы быў разгледжаны шырокі пласт літаратурнай антрапанімікі Янкі Брыля, якая адыгрывае ў яго творчасці значную ролю, выступаючы пэўным літаратурным метадам. Анамастыкон пісьменніка сведчыць пра рэалістычнасць яго прозы, раскрывае багацце беларускіх і замежных імён, стварае асаблівы нацыянальны каларыт, паказвае непаўторнасць мовы.

· Янка Брыль у сваіх творах выкарыстоўвае імёны, характэрныя для свайго рэгіёну і часу. Анамастыкон Янкі Брыля стварае рэалістычную карціну жыцця заходнебеларускай вёскі 20 - 40-х гг., дае звесткі пра тагачасны імянаслоў, нацыянальны, канфесійны склад беларускага паселішча, пра традыцыі ў выбары імёнаў.

· Літаратурны онім служыць сродкам сацыяльнай ідэнтыфікацыі героя ў творы, паказвае на адносіны да яго іншых персанажаў. Формы імені дазваляюць прасачыць адметнасці народна-гутарковага маўлення, спецыфіку звароту да чалавека.

· Пры выбары імені для героя пісьменнік улічвае пэўную семантычную нагрузку оніма, яго этымалагічнае і фонасімвалічнае значэнне, замацаваныя ўяўленні пра тое ці іншае імя. Гэта дапамагае Янку Брылю ўвасобіць мастацкую задуму, пакрэсліць пэўныя рысы ў характары героя, настроіць чытача на ўспрыняцце таго ці іншага вобраза.

· Прозвішчы ў прозе Янкі Брыля найбольш поўна і ўсебакова раскрываюць вобраз героя, ідэю твора. Зразумела, таму пісьменнік падбірае ў якасці іх асноў яркія, трапныя апелятывы.

· Прозвішча служыць сродкам сацыяльнай тыпізацыі, сведчаць пра час дзеяння твора, таму Янка Брыль выкарыстоўвае характэрныя для рэальнага анамастыкону семантычныя і структураўтваральныя формы прозвішчаў, улічваючы нацыянальную спецыфіку.


Подобные документы

  • Польскамоўная творчасць Янкі Купалы ў нацыянальным кантэксце. Своеасаблівае спалучэнне метафізікі і аповеду ў верші "Kobiecie". Асаблівасці перакладаў твораў на беларускую мову. Тэма паэта-прарока ў творчасці Купалы і яе повязь з польскамоўнай традыцыяй.

    курсовая работа [53,4 K], добавлен 06.01.2014

  • Даследаванне праблем ў драматургічных творах. Мастацкія асаблівасці п’есы "Прымакі". Праблематыка, вобразы п’есы "Паўлінка", "Тутэйшыя". Трагедыя беларускага сялянства ў драме "Раскіданае гняздо". Слоўнік параўнанняў у мове мастацкіх твораў Янкі Купалы.

    курсовая работа [65,0 K], добавлен 08.12.2016

  • Сімвалічная функцыя міфалагічных персанажаў у паэзіі Янкі Купалы. Асаблівасці стварэння Купалам міфа пра гаротную Беларусь. Адметнасці мадэлявання савецкага міфа пра Беларусь. Сюжэты беларускай міфалогіі і легендарнай гісторыі беларускага народа.

    дипломная работа [116,4 K], добавлен 13.06.2016

  • Янка Купала - імя, як сама Беларусь, мяккае, яго жыццёвы i творчы шлях. Kнігi i гyтapкi з Чаховiчам: ўплыў на фармiраванне светапогляду паэта, яго нацыянальнай самасвядомасцi. Паэтычны талент Купалы на аснове дзвюх стыхiй: лiтаратурнай i народна-песеннай.

    реферат [17,7 K], добавлен 12.11.2011

  • Агульная характарыстыка літаратурнага працэсу ХХ стагоддзя праблемна-тэматычны аспект твораў малой прозы (на прыкладзе творчасці Якуба Коласа, Дзмітрака Бядулі, Цёткі). Філасофскія матывы ў творах. Іх выхаваўчая роля і адраджэнская скіраванасць твораў.

    курсовая работа [104,7 K], добавлен 13.12.2013

  • Узнаваемое пространство в строках "Поэмы без героя". Историко-культурные реминисценции и аллюзии как составляющие хронотопа в поэме. Широкая, предельно многогранная и многоаспектная пространственная структура «Поэмы без героя» подчеркивает это.

    реферат [21,0 K], добавлен 31.07.2007

  • Этапы и особенности эволюции лирического героя в поэзии А. Блока. Своеобразие мира и лирического героя цикла "Стихи о Прекрасной Даме". Тема "страшного мира" в творчестве великого поэта, поведение лирического героя в одноименном цикле произведений.

    курсовая работа [38,9 K], добавлен 04.01.2014

  • Асаблівасці нацыянальнага характару беларусаў. Творчасць І. Мележа і галоўны стрыжань пісьменніцкага светаўспрымання беларускай духоўнасці. Шматграннасць духоўнага свету беларусаў. Учынкі, дзеянні, літаратурных герояў і іх рысы нацыянальнага характару.

    курсовая работа [93,8 K], добавлен 08.12.2011

  • История формирования романа как жанра, возникновение романного героя, личности, осознавшей свои права и возможности, в художественной литературе. Отображение героя, соединившего в себе романтическое и реалистическое начало, в прозе М.Ю. Лермонтова.

    курсовая работа [49,8 K], добавлен 05.09.2015

  • Сущность и история развития понятия "герой" от древнегреческих мифов до современной литературы. Персонаж как социальный облик человека, отличия данного понятия от героя, порядок и условия превращения персонажа в героя. Структура литературного героя.

    реферат [18,0 K], добавлен 09.09.2009

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.