Любоўная лірыка як асноўны пласт інтымнай лірыкі Яўгеніі Янішчыц

Пачуццё кахання як універсальная з’ява асабістага жыцця кожнага чалавека. Тэма кахання ў першай кнізе Яўгеніі Янішчыц. Метафізіка кахання жанчыны. Лірычная гераіня ў кнігі "На беразе пляча". Інтымная лірыка паэтэсы як малая энцыклапедыя кахання.

Рубрика Литература
Вид курсовая работа
Язык белорусский
Дата добавления 12.01.2016
Размер файла 58,9 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

РЭФЕРАТ

Курсаваяая работа 33 старонкі, выкарыстана 20 крыніц.

Ключавыя словы: паэзія, тэма, ідэя, наватарства, мастацкія вартасці, праблемы, лірычны герой, метафізіка кахання.

Аб'ект даследавання: лірыка Я. Янішчыц.

Прадмет даследавання: любоўная лірыка.

Мэта курсавой работы: раскрыць любоўную лірыку як асноўны пласт інтымнай лірыкі Я. Янішчыц.

Задачамі курсавой работы з'яўляюцца:

1 Ахарактарызаваць творчасць Я. Янішчыц з вышыні дасягненняў

сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі.

2 Па-новаму перачытаць лірыку Я. Янішчыц, паказаць якія важныя і

актуальныя праблемы ставіла і вырашала паэтка у вершах.

3 Выявіць асаблівасці любоўнай лірыкі.

4 Раскрыць метафізіку кахання.

5 Вызначыць адценні кахання, абапіраючыся на канкрэтныя творы

Я. Янішчыц.

6 Ацаніць наватарскія здабыткі Я. Янішчыц ў мастацкім увасабленні задумы, у раскрыцці тэмы кахання.

Вынікі: У паэтычнай творчасці паэткі каханне не толькі лірычнае, інтымнае пачуццё, якое існуе як нейкая аб'ектыўная дадзенасць, раз і назаўсёды адрасавалася людзям. У розных абставінах яно напаўняецца адметнымі, своеасаблівымі адценнямі, нюансамі, характарыстыкамі. Яно лірычнае і драматычнае, узнёслае і трагічнае, звычайнае, зямное і рамантызаванае. Каханне для паэткі -- гэта не толькі шчасце і радасць надзей, якія, на жаль, не збываюцца.

Якім бы складаным для лірычнай гераіні Я. Янішчыц ні быў шлях у каханні, галоўным для яе застаецца духоўнасць кахання, яго чалавечнасць, маральны сэнс.

Інтымная лірыка Я. Янішчыц -- гэта малая энцыклапедыя кахання. Чытач зможа знайсці адказы на многія пытанні на тэму: “Каханне”: Які душэўны стан у чалавека, якога пакінула каханне? Што ў яго ў сэрцы, што ў думках? Якія пачуцці адольваюць яго? Як паспрабаваць зберагчы сваё каханне? Ці патрэбна гэта каханне? І многія іншыя.

Вынікі курсавой работы могуць быць выкарыстаны ў працэсе выкладання курса “Беларуская літаратура дваццатага стагоддзя” на факультатыўных і краязнаўчых занятках у сярэдняй школе.

УВОДЗІНЫ

Лірыка як адзін з найбольш суб'ектыўных, душэўна апасродкаваных відаў паэтычнай творчасці вельмі своеасабліва вымярае і вывярае каардынаты таго рэальнага свету, у якім мы жывем.

Для паэта-лірыка свет адначасова і дастатковы ў сваёй быццёвай невычарпальнасці, і недастатковы, таму што душа паэта імкнецца заўсёды да няздзейсненага, пазамежнага, нетутэйшага.

Мара, ідэал вядуць лірыка за сабой, не толькі напаўпяюць рамантычнымі павевамі яго паэтычныя адкрыцці, але ў многім і прадвызначаюць яго жыццёвы шлях, спосабы ўзаемаадносін са светам.

Можна сказаць яшчэ такім чынам: лірык найбольш абвострана з усіх майстроў мастацкага слова адносіцца да разгорнутасці свайго душэўнага свету ў свет свайго існавання, ва ўзаемадзеянні якіх і рэалізуецца (няхай сабе частнова) яго мара пра ідэал. Таму ў лірычным родзе слоўнай творчасці найбольш поўна ўвасабляюцца складаныя ўзаемадачыненні духоўнага і матэрыяльнага, суб'ектыўнага і аб'ектыўнага, імгненнага і вечнага, канечнага і бясконцага.

Беларуская паэзія... Яна мае і жаночае аблічча. Алаіза Пашкевіч (Цётка), Канстанцыя Буйло, Вера Вярба ды іншыя паэткі поруч з мужчынамі-паэтамі рабілі свой творчы уклад у ідэйна-эстэтычнае развіццё беларускага мастацкага слова, спрыялі паглыбленню яго лірычнага зместу і духоўнасці.

3 глыбокай старажытнасці і да нашых дзён працягваецца несупыннае саперніцтва паміж жанчынай і мужчынам. Кітайская прымаўка сцвярджае: “Палова неба трымаецца на жанчынах”. У наш час любоў і павага да жанчыны Ї ці не адзіная і самая вялікая творчая сіла.

Старажытныя філосафы сцвярджалі, што каханне і голад кіруюць светам. Калі няма ежы, узнікае пагроза біялагічнаму існаванню чалавека. А калі няма кахання, тады жыццё біялагічным існаваннем і абмяжоўваецца. У наш час кожны чалавек марыць пра шчасце для сябе і для тых, каго ён кахае, каму робіць дабро. Як вядома, шчасце Ї гэта стан душы. Жанчына Ї душа народа. Якая жанчына Ї такі народ. I калі жанчыны-паэткі вечнымі спадарожнікамі сваёй творчасці абралі любоў, дабрыню і каханне, значыць, яны змогуць жыць у нашых сэрцах многія гады.

Неаднойчы адзначалася, што жанчыны-паэткі найболыы чулыя да найтанчэйшых праяў людской душы, да фізічных, маральных пакут чалавека.

Паэтычным талентам Бог пазначае тых мужчын і жанчын, якія ахвяруюць сабой дзеля вялікай мэты Ї гартаваць трапяткія душы нашы. Няхай цяплеюць сёння яны, няхай дабрынёю поўняцца нашы сэрцы ад тых шчырых і простых вершаў, якія дораць нам беларускія паэткі.

Пішучы пра прыналежнасць творчасці Я. Янішчыц да жаночай плыні ў беларускай паэзіі другой паловы XX стагоддзя, У. Гніламёдаў адзначае, што жаноцкасць у ёй “звязана якраз з музычнасцю верша, некаторай ідэалізацыяй рэчаіснасці, інтымнымі інтанацыямі, унутранай даверлівасцю, схільнасцю да эмацыянальнага абжывання свету” [1, с. 241]. Таму пры вызначэнні спецыфікі менавіта жаночай лірыкі неабходна ўлічваць як мага шырэйшую сукупнасць фактараў.

“Палеская ластаўка”, “Палесся мілае дзіця”, “палеская летуценніца” -- так назвалі ў нашай літаратуры Я. Янішчыц, якой, на вялікі жаль, было суджана пражыць усяго сорак гадоў. Яна, “непрыручаная птушка”, заўчасна паляцела ў вечны вырай: яе зямное жыццё трагічна абарвалася 25 лістапада 1988 года.

У беларускай літаратуры Я. Янішчыц працавала крыху больш за 20 гадоў. Друкавацца яна начала яшчэ вучаніцай Парэцкай сярэдняй школы: першыя вершы былі змешчаны ў пінскай раённай газеце і часопісе “Бярозка”. Я. Янішчыц пашчасціла, бо яна выходзіла на прасцягі роднай літаратуры ў спрыяльную пару -- на хвалі хрушчоўскай “адлігі”, якая прынесла змены ў грамадскае жыццё і літаратурную творчасць. У гады студэнцтва яна шмат пісала і актыўна выступала ў беларускім друку. Нізка вершаў Я. Янішчыц адкрывае калектыўны зборнік студэнтаў БДУ “Натхненне” (1967). За год да заканчэння універсітэта, у 1970 г., яна выдала першую ўласную кніжку “Снежныя грамніцы”, якая адразу ж трапіла ў зону павышанай увагі тагачаснай крытыкі. Паэтычны дэбют маладой аўтаркі ўхвалілі Н. Гілевіч, Д. Бугаёў, Р. Бярозкін, А. Грачанікаў і інш. “Кніга атрымалася -- кніга паэтычная, светлая, цэласная па настроі і змесце”, -- пісаў Н. Гілевіч у рэцэнзіі “Радаснае абяцанне” і зазначаў: “Яўгеніі Янішчыц, па маім перакананні, шмат дадзена” [2, с. 231]. Натуральна, пасля такой прыхільнай і шырокай падтрымкі паэтка адчула новае дыханне, не збавіла творчага імпэту і працавала з вялікай апантанасцю. Адна за адной выходзілі яе паэтычныя кнігі -- “Дзень вечаровы” (1974), “Ясельда” (1978), “На беразе пляча” (1980), “Пара любові і жалю” (1983), “Каліна зімы” (1987). Да Я. Янішчыц прыйшлі прызнанне і вядомасць, яна была заслужана ўганаравана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (1986). Лепшае з творчай спадчыны паэткі сабрана ў кнігах “У шуме жытняга святла” (1988) і “Выбранае” (2000).

Яўгенія Янішчыц з'яўляецца яркай і таленавітай прадаўжальніцай традыцый нацыянальнай паэзіі -- найперш традыцый духоўнасці і лірызму, якія звязаны з выяўленнем любові да роднага краю, філасофіі народнага побыту, еднасці чалавека і прыроды. Беларуская паэтка -- “краю блаславёнага дачка”, якая ў адным з вершаў усклікае:

О мілы край! За даллю небакраю

Не зменіцца ўдзячны мой пагляд... [3, с. 54].

Яўгенія Янішчыц была і ёсць для нас паэтэсай з боскай іскрай, той, каму было дадзена ствараць, што дыхаць, і чые творы Ї не проста набытак гісторыі літаратуры, але і культурная спадчына ўсёй нацыі.

Для многіх чытачоў Я. Янішчыц засталася шчымлівай лірычнай паэтэсай, якой дадзена было словам кранаць сэрцы, узвышаць перажыванні і ачышчаць душы. Яе лірыка грунтуецца на адкрытай, шчырай, даверлівай споведзі, на ранімай, безабароннай і абвостранай пачуццёвасці, на жывым, сардэчным водгуку на падзеі часу. I гэта не можа пакінуць чытача абыякавым. Сёння ў кожнага на слыху такія цудоўныя па мастацкіх якасцях і паводле ідэйна-тэматычнага вырашэння вершы Яўгеніі Янішчыц, як “Ты пакліч мяне. Пазаві...”, “Ля ложка хворай маці”, “Верш, напісаны ў цырульні”, “У бабулі Паланеі”, “У шуме жытняга святла” і многія іншыя, што ўвайшлі ў скарбніцу беларускай літаратуры. Гэта тыя творы, у якіх набыў выяўленне нізкі “болевы парог”, што пачуццёва адлюстроўвае падзеі ў душы і свеце.

Паэзія Я. Янішчыц прасякнута болем, журбою, марамі і спадзяваннямі свайго народа. I яшчэ адна важная асаблівасць ёсць у яе творчасці Ї свая, натуральная, з уласцівымі толькі ёй адметнасцямі Ї мова. У паэтычных радках Я. Янішчыц выдатна спалучаецца асабістае святло з каларытам беларускай зямлі.

Паэтка Я. Янішчыц з самага пачатку творчасці, эмацыйнай, імпульсіўнай, звярнула на сябе пільную ўвагу крытыкі. Пра паэтку з цікавасцю і захапленнем пісалі Р. Бярозкін, Дз. Бугаёў, У. Гніламёдаў, П. Дзюбайла, С. Лаўшук, М. Мішчанчук, С. Калядка і іншыя.

Даследчыкі паэтычнай творчасці Я. Янішчыц часцей за ўсё засяроджваюць сваю ўвагу на такіх тэматычных кірунках, як асэнсаванне паэткай яе роднага краю, яго прыроды, жыхароў, праблем сучаснага жыцця беларусаў. I менш увагі ўдзяляецца адной са скразных на наш погляд, усеабдымнай тэме, якой з'яўляецца каханне.

На наш погляд, найбольшую падтрымку чалавеку дае светлае, чыстае каханне. Але пра каханне ўжо сказана шмат. Гэтая з'ява разгледжана з усіх бакоў.

Тэма курсавой работы -- раскрыць любоўную лірыку як аднаго з асноўных пластоў інтымнай лірыкі паэзіі Я. Янішчыц.

Тэма прадвызначае вырашэнне наступных задач:

1 Ахарактарызаваць творчасць Я. Янішчыц з вышыні дасягненняў

сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі.

2 Па-новаму перачытаць лірыку Я. Янішчыц, паказаць якія важныя і

актуальныя праблемы ставіла і вырашала паэтка у вершах.

3 Выявіць асаблівасці любоўнай лірыкі.

4 Раскрыць метафізіку кахання.

5 Вызначыць адценні кахання, абапіраючыся на канкрэтныя творы Я. Янішчыц.

6 Ацаніць наватарскія здабыткі Я. Янішчыц ў мастацкім увасабленні задумы, у раскрыцці тэмы кахання.

Аб'ект даследавання -- лірыка Я. Янішчыц.

Прадмет даследавання -- любоўная лірыка.

1. КАХАННЕ -- АСАБІСТАЯ З'ЯВА ЖЫЦЦЯ КОЖНАГА ЧАЛАВЕКА

Пачуццё кахання як універсальная з'ява асабістага жыцця кожнага чалавека, асабліва свежае і непаўторнае, хвалюючае і драматычнае ў самым пачатку свайго ўзнікнення, цікавіла і натхняла такіх пісьменнікаў, як Лонг (“Дафніс і Хлоя”), Уільям Шэкспір (“Рамэо і Джульета”), Ёган Вольфганг Гётэ (“Пакуты маладога Вертэра”), Аляксандр Пушкін (“Яўген Анегін”), Фёдар Дастаеўскі (“Белыя ночы”), Іван Тургенеў (“Першае каханне”), Іван Бунін (``Міцева каханне”), Янка Купала (“Яна і я”), Якуб Колас (“На ростанях”), Максім Гарэцкі (“У чым яго крыўда?”), Іван Мележ (“Людзі на балоце”) і іншыя. Сусветная літаратура на працягу стагоддзяў сцвярджала відавочную ісціну, што толькі ў каханні і з яго дапамогай чалавек становіцца чалавекам. Вобразную і дакладную характарыстыку ўспрымання свету закаханымі даў паэт Гейнрых Гейнэ: гэта “страшэнны землятрус душы”, у выніку якога чалавек па-новаму бачыць сябе і навакольны свет. Літаратура мінулага стагоддзя шмат увагі аддала і думцы пра тое, што ў эпоху войнаў і рэвалюцый, багатых на праявы бесчалавечнасці і агрэсіўнасці, занадта шырока распаўсюдзіліся такія адмоўныя з'явы, як жорсткасць, зласлівасць, зайздрасць, абыякавасць, апатыя. У сучасным свеце прыкметна збяднела і звузілася сфера любові да бліжняга, у тым ліку і інтымнага пачуцця кахання. Усё гэта выразна засведчыла востры дэфіцыт любоўнага пачуцця ў жыцці.

Мастацкая літаратура, поруч з рэлігяй, філасофіяй, псіхалогіяй, з дапамогай уласных сродкаў вобразнага асэнсавання рэчаіснасці робіць усё магчымае, каб абудзіць у сучастку здольнасць любіць жыццё, перш за ўсё другога чалавека, кахаць і быць каханым. Каханню паэты прысвячалі свае вершы, празаікі Ї раманы, мастакі - карціны, а кампазітары пісалі рамансы. У творах паэтаў і празаікаў, драматургаў і эсэістаў адлюстраваны шматлікія канкрэтныя праявы гэтага вялікага пачуцця, яго відаў і формаў, вымярэнняў і аспектаў. Тэма кахання Ї адна з асноўных у беларускай мастацкай літаратуры.

Каханне - гэта шчасце і радасць, моцнае пачуццё, якое робіць чалавека прыгожым, духоўна багатым.

Пошуку падыходаў да спасціжэння сутнасці, праяў гэтага пачуцця Я. Янішчыц прысвяціла шмат радкоў у сваіх паэтычных творах. У вершах каханне прадстае перад намі як шматпланавая духоўная якасць, у якой, як у фокусе, перасякаюцца процілегласці біялагічнага і духоўнага, асабістага і грамадскага, інтымнага і агульназначнага. На наш погляд, майстэрства паэткі, неардынарнасць і глыбіня яе выхадаў на, здавалася б, звычайныя жыццёвыя і маральныя сітуацыі -- а менавіта ў іх і выснова, і сэнс, і вырашэнне самых звычайных і самых вострых любоўных калізій -- даюць поўнае права на выдзяленне любоўнай тэматыкі ў якасці аднаго з важных тэматычных кірункаў паэтыкі Я. Янішчыц.

Шматпланавай прадстае перад намі любоўная лірыка Я. Янішчыц. На наш погляд, з аднаго боку, яна неадемная ад усіх іншых тэм, што знайшлі адлюстраванне ў творчасці паэткі. 3 другога, каханне само, па сутнасці, з'яўляецца найменнем жыцця. У цэнтры ўвагі паэта, яго разумення кахання як самага свабоднага, незалежнага і непрадбачанага выражэння глыбіні чалавечай асобы з'яўляецца чалавек, яго душа, яго сэрца, якія азараюцца і саграваюцца ў імя шчасця іншых людзей. Каханне ў паэтыцы Я. Янішчыц -- гэта не вузкаэгаістычнае пачуццё, скіраванае на самаўдасканаленне асобы, вырашэнне яе асабістых інтарэсаў. Яно выражае сацыяльна-маральную актыўнасць асобы і ідэалізацыю любімага чалавека, адноснае самазабыццё і бескарыслівасць чалавека, валодае ўсёачышчальнай сілай, фарміруе чалавечнае ў чалавеку, робіць яго саўдзельным самаму ўзвышанаму ў свеце.

У творах Я. Янішчыц вітае любоў да жыцця, да роднага краю, да маці, да каханага і каханай. Каханне выступае як адмаўленне зла і станаўленне гарманічных адносін паміж людзьмі. Каханне ў вачах закаханых выступае ў якасці самай вялікай жыццёвай каштоўнасці, дзеля сцвярджэння і захавання якой можна пераносіць любыя нягоды і выпрабаванні, цярпліва вытрымліваць не толькі неразуменне іншых людзей.

Тэма кахання як складанага, драматычнага пачуцця, у якім выяўляецца супярэчлівасць паміж наканаваннем і марай, пазначаецца ўжо ў першым зборніку Я. Янішчыц “Снежныя грамніцы” (1970), які ў цэлым мае мажорную танальнасць, прасякнуты юначай верай у шчаслівую будучыню. Верш “Хвіліны пройдуць дарагія...” -- гэта пакуль што як бы толькі прадчуванне будучых болю і тугі:

І зменяць дні зусім другія

Той дзень, што шчасце абяцаў[4, с. 79].

Для паэткі наогул, мабыць, у вялікай ступені характэрна, у адрозненне ад “звычайнага” чалавека, асаблівая чуйнасць у адгадванні (прадугадванні) свайго лёсу. А, з другого боку, і слова паэта можа ўздзейнічаць пэўным чынам на ягоны лес, “матэрыялізуючы” закладзеныя ў ім энергетычныя жыццёвыя патэнцыі.

Меў, вядома, рацыю Д. Бугаёў, калі пісаў пра тое, што “драматычнае напружанне, успрыманне жыцця не толькі ў адных ружовых танах, характерна і для першага зборніка Янішчыц” [5, с. 325]. У вершы “Хвіліны пройдуць дарагія...” паўстае вобраз паэтэсы (лірычнай гераіні), які вызначаецца прыкметамі амбівалентнасці, гэта значыць скіраваны адначасова і да ўнёслых пачуццяў, выкліканых прыманнем жыцця ў яго першаснай красе і чысціні. У далейшым гэтая амбівалентнасць унутранага свету паэтэсы будзе толькі нашырацца, набываючы з часам драматычны характар.

У светаўспрыманні Янішчыц выразна выявіліся рысы рамантычнага стаўлення да жыцця.

“Пачынаецца ўсё з любві” [6, с. 9] -- у гэтых словах з аднаго з лепшых, па меркаванні крытыкі, вершаў Я. Янішчыц у сканцэнтраваным выглядзе выявілася разуменне паэтэсай сутнасці гэтага ўсеабдымнага пачуцця. Аўтар будуе сваю канцэпцыю не з дапамогай дэкларацый. У гэтым вершы, як і ў многіх іншых, вядучую ролю адыгрывае інтанацыя лірычнага выказвання, яго дыялагічная форма, якая прадугледжвае зварот да адрасата, “нябачнага” чытачу.

Тэма кахання, пазначаная ў першай кнізе лёгкімі штрыхамі, у далейшым зойме ў творчасці Я. Янішчыц, па сутнасці, цэнтральнае месца. У гэтай тэме ў поўнай меры выявіўся яе лірычны талент, набыўшы драматычныя рысы светапогляднага характару. Так, каханне, любоў для паэтэсы не проста ўзаемаадносіны людзей, неабыякавых адзін да аднаго. Гэта спосаб духоўнага існавання, якім вызначаецца характар адносін да людзей, свету, жыцця. У каханні выпрабоўваюцца маральныя каштоўнасці чалавека, яго здольнасць да самаахвярнасці, шчырасць і бескампраміснасць.

Крытыка даволі адзінадушна прызнавала, што ў першай кнізе Я. Янішчыц у найбольш выразнай форме выявілася непасрэднасць і шчырасць пачуцця, прага юнацкіх парыванняў. Паводле слоў Р. Бярозкіна, гэга было “прыгожае прадвесне, і словы выляталі з душы, “як ластаўкі з гнёздаў вясны” [7, с. 29]. Разам з тым у некаторых ацэнках падспудна ўтрымлівалася меркаванне пра пэўную аблегчанасць светаўспрымання і настраёвасці першай кнігі Я. Янішчыц, суцэльную незахмаранасць душэўнага гарызонту лірычнай гераіні, адсутнасць у яе полі зроку якіх-небудзь больш-менш важкіх жыццёвых клопатаў і праблем. Гэта была памылковая думка. Яе аспрэчваў у палеміцы з Л. Грачанікавым крытык Дз. Бугаёў. Ён заўважаў: “Жыццё пры ўсім яго харастве і непаўторнасці не ўяўляецца паэтэсе зусім ужо бясхмарным і пазбаўленым супярэчлівасці” [6, с. 10]. Крытык прыводзіў доказныя сведчанні таго, што і ў “Снежных грамніцах” прысутнічае ўнутраны драматызм светаадчування, перажывання аўтарам няпростых жыццёвых калізій.

Сапраўды, для Я. Янішчыц ад самага пачатку яе творчага шляху было ўласціва ўспрыманне жыцця як складанай, дыялектычпай з'явы, у якой даволі часта з радасцю мяжуе боль, са шчырасцю і дабрынёй -- падступнасць і нянавісць. Проста гэтыя матывы жыццёвых супярэчнасцей не агаляліся гэтак выразна, як у наступных кнігах паэтэсы. Яны большай часткай прысутнічалі ў падтэксце лірычнага выказвання, затушоўваліся агульнай карцінай радаснага спазнання і прымання жыцця як бясцэннага дару.

Калі звярнуцца да верша, дзе маніфестуецца значымасць у жыцці чалавека любові як з'явы духоўнага парадку (“***Ты пакліч мяне. Пазаві...”), то можна пераканацца, што тут у агульны мажорны настрой уплятаюцца і пэўныя мінорныя ноты. 3 любові пачынаецца ўсё -- ужо сама гэтая формула прадугледжвае шырокі погляд на з'яву. У жыцці, разумее юная паэтэса, цяжка адлучыці, яго светлыя бакі ад цёмных, часам змрочных. На дарозе кахання могуць сустрэцца “адчужэнне і боль, і нянавісць”. У пэўнай ступені тут праяўляецца здольнасць паэтэсы да інтуітыўнага спасціжэння свайго жыццёвага і творчага шляху, здольнасць прадугадвання будучых яго праяў.

Заканчваецца верш такімі афарыстычна сфармуляванымі, быццам утрымліваючымі ў сабе канчатковы і неабвержны прысуд, радкамі:

Пачынаецца ўсё з любві,

А інакш і жыць немагчыма [4, с. 95].

У гэтым завяршальным акордзе верша прачытваецца бескампраміснасць жыццёвай пазіцыі паэтэсы, нязрушнасць яе поглядаў у адносінах да выбраных ёй духоўных і маральных прыярытэтаў. Да апошняга жыццёвага кроку (самага трагічнага) яна будзе захоўваць вернасць аднойчы і назаўсёды абранаму шляху.

У вершы “***Ты пакліч мяне. Пазаві...” яго дыялагічная форма (увогуле вельмі характэрная для паэтыкі гэтага аўтара, асабліва калі гаворка ідзе пра любоўную лірыку) звязвае суб'екта лірычнага выказвання не толькі з яго адрасатам, але і з таямніцаю светаўладкавання, яго маральным імператывам. Лірычнае пачуццё ўздымаецца да філасофскага асэнсавання заканамернасцей быцця.

Адзначаючы, што ўвогуле паэтэса выказваецца “з дзіўнай лёгкасцю і непасрэднасцю”, У. Гніламёдаў звяртае ўвагу чытача на тое, што “прастата яе верша не мае нічога агульнага са спрошчанасцю” [1, с. 243]. І сапраўды, эмацыянальнасць і суб'ектыўнасць, асабовае ўспрыманне жыццёвых з'яў у дадзеным выпадку зусім не адмаўляюць адказнага стаўлення да мастацкай формы, паэтыкі верша.

Верш Я. Янішчыц, які пры чытанні сапраўды робіць уражанне, што ён вельмі лёгка даецца яго аўтару, выплываючы з глыбіняў душы як спавяданне ў самым запаветным, насамрэч спазнае на сабе дакладнасць апрацоўкі, вывяраецца пачуццём гармоніі, у якім змест і форма неадрыўныя адно ад аднаго. Пацвярджэннем таму з'яўляецца і разглядаемы намі верш “***Ты пакліч мяне. Пазаві...” У ім ідэйна-мастацкае адзінства змацоўваецца не толькі гэтым загалоўным рэфрэнам-клічам, але і разгорнутым вобразам жыццёвай дарогі, дынамізмам выявы, якая дае адчуванне таго, што “краявіды” змяняюцца сапраўды ледзь не на вачах.

ІІроцілеглыя пачуцці нібыта зліваюцца ў адно ўсеахопнае пачуццё далучанасці да таямніц жыцця. Аўтар імкнецца разабрацца ў сутнасці гэтага складанага пачуцця, самавызначыцца ў адносінах да яго. Супярэчлівасць свету вымагае пошуку і ў самой сабе падобных якасцей. Паэтэсу цікавіць няпростае пытанне: “Паміж няшчасных і шчаслівых -- / Якая я, якая я?” [4, с. 131]. Адказаць на гэта пытанне сапраўды няпроста, паколькі на самой справе не толькі пра сябе пытаецца аўтар, клапоціць яе якраз узаемазвязанасць усіх з'яў на свеце. Уласнае шчасце залежыць, нейкім чынам звязанае менавіта з гэтымі “няшчаснымі і шчаслівымі”, і без такой сувязі не можа быць поўным.

Калі смяюся я плачу

Вячэрняй ціхаю парой,--

Скажы,

Скажы мне:

Што я значу

У душы разгубленай тваёй?.. [4, с. 132].

Размова з каханым набывае прыкметы метафізічнага дыялога, падчас якога не губляецца з поля зроку ўся сукупнасць уражанняў і ўяўленняў, атрымоўваемых ад судакранання з насычанай супярэчнасцямі рэчаіснасцю. У інтымнай лірыцы Я. Янішчыц не толькі выяўляецца непасрэднасць і моц пачуцця, у ей вызначаюцца таксама духоўныя межы асобы, яе ўстойлівасць. Прысутнасць у адсутнасці -- гэта той пераход ад фізічных рэалій свету да яго духоўных каштоўнасцей, які ўспрымаецца паэтэсай як праява загадкавасці і ўскладненасці быцця.

Ты той, каго няма са мной.

I хто са мной -- заўсёды! [4, с. 169] -- у гэтым прызнанні прачытваецца не толькі адчайны крык адзінокай душы, але і вера ў надзвычайныя магчымасці духу. Адсутнасць і прысутнасць, фізічная наяўнасць і духоўная сутнасць, іх узаемнае пераадоленне дзеля авалодання сусветнай гармоніяй (урэщце так і недасягальнай -- паэтэса разумее гэта) заўседы хвалююць Я. Янішчыц як самыя надзённыя пытанні ў асэнсаванні быцця чалавека ў свеце.

Інтымная лірыка Я. Янішчыц -- выдатная з'ява ў беларускай літаратуры. Каханне і любоў складаюць галоўны эмацыянальна-сэнсавы цэнтр яе паэтычнага свету. Гэта і зразумела: жанчына заўсёды застаецца жанчынай, яна не можа жыць без кахання. Пра сябе паэтка сказала:

Ды ў кожнай смяшынцы і ў слёзцы любой

Перш-наперш, я толькі жанчына [4, с. 241].

У рамантычна ўзвышаным арэоле паўстае ў паэзіі Янішчыц вобраз саду:

I блаславіць нашчадак акрылёна

Кахання сад і ластаўку вясны [4, с. 214].

“Кахання сад” -- сімвал чалавечага шчасця, духоўнай красы і вясновай радасці жыцця. 3 просьбай-мальбой звяртаецца лірычная гераіня паэткі да каханага:

Такой прысні, як яблыневы сад.

Там не ачахла сонечная сцежка.

Хвалюецца высокі снегапад,

А на губах -- іскрыстая ўсмешка [4, с. 214].

Маладая гераіня Я. Янішчыц была запалонена мроямі, усёй існасцю свайго жаночага сэрца яна прагнула пяшчоты, цеплыні, святла. Як падаецца, паэтка стварала лірычны дзённік інтымнага зместу, камернага гучання. Тым не менш яна даверліва, усхвалявана выказвала словы любові і кахання, ёй жадалася, каб чалавечае жыццё было акрылена гэтымі цудоўнымі пачуццямі. Паэтка, ахопленая па-маладому ўзнёслым аптымізмам, сцвярджала:

Пачынаецца ўсё з любві --

Нават самая простая ява [4, с. 21].

Пазней, ужо несучы нялёгкі жыццёвы вопыт, у паэме “Прызнанне вачамі” яна, нібы апраўдваючыся, сказала: “Кахаю я -- і ў тым мая віна” [8, с. 135].

У творах Я. Янішчыц адбіліся розныя душэўныя станы -- ад пачуцця закаханасці, калі быў “голас... ад шчасця звонкі” [8, с. 75] да драмы адзінокага чалавека, якому было “так вусцішна, і горасна…” [8, с. 93]. На змену маладой летуценнасці і радасці, прадчуванням трывогі прыйшло дачаснае расстанне і спароджаны ім шчымлівы боль, самота і душэўныя пакуты. Вось элегічны пейзаж:

I залатой разлукаю кахання

Апрануты асеннія сады [8, с. 64].

З'явілася адчуванне расколатасці свету кахання, раз'яднанасці чалавечых сэрцаў:

Так свет расшчэплены на дзве

Балючых палавіны [8, с. 109].

У артыкуле “Выпрабаванне любоўю” Р. Семашкевіч пісаў пра любоўную лірыку Я. Янішчыц наступнае: “Гэта паэзія менш за ўсё “дамская”, чытаць яе так, між іншым, нельга. Галоўная яе вартасць -- у драматызме... Характар лірычнай гераіні, створаны на гэтай аснове, пераканальны шматграннасцю пачуццяў, перажыванняў -- ці то гаворка ідзе пра нераздзеленае каханне, ці то пра ўрачыстасць яго. Адчай і трывога, радасць і смутак з'яднаны высокім напалам пачуццяў” [9, с. 58]. Паэтка напісала нямала любоўных споведзяў, элегій, вершаў-роздумаў з якіх перад намі паўстае маркотная і зажураная жанчына, якая глыбока перажывае страту кахання, сямейную неўладкаванасць. Чаму “белы цвет асыпаўся дачасна” і раніць “балючае дасвецце” ў садзе кахання? За што пасланы пакуты? На гэтыя і іншыя пытанні паэтка зноў і зноў шукае адказ:

Свет для шчасця не заслонены,

Ды скупы, як і здавён.

Чую сэрцам: забаронены

Мне твой радасны палон [8, с. 91].

Пісьменніца А. Васілевіч так разважае пра асабістую драму Янішчыц: “Жанчыне адной цяжка. А калі жанчына яшчэ і зусім маладая, цяжэй непараўнальна! I адзінае выратаванне ў яе (калі распятая яна лесам на крыжы Паэзіі) -- вершы. Вершы! Яны рэжуць душу па-жывому. Але ж і нясуць ёй лекі” [10, с. 13]. Разышліся шляхі-дарогі Яўгеніі Янішчыц і Сяргея Панізніка, таксама паэта, неардынарнага чалавека. Горкі сум, адзіноцтва, непрыхаваны боль і туга прадвызначаюць танальнасць шматлікіх вершаваных строф паэткі. Цяжка было пазбыцца гэтага ўнутранага разладу і няўтульнага пачування ў жыцці:

За тое, што разбурана душа

Сягоння ў ноч нягаданаю весткай,

Каторы раз! -- і зноўку, як спярша,

Пішу табе сваёй балеснай песняй [8, с. 217].

Творы Я. Янішчыц пра нешчаслівае каханне -- спавядальныя песні-жальбы, лірычныя вершы-драмы. Для паэткі ўласцівы тонкі самааналіз душэўных пачуццяў і перажыванняў, які раскрывае псіхалагічна складаны, драматычны свет жанчыны. Паэтка робіць ёмістыя штрыхі да аўтапартрэта:

...Засталіся на абліччы толькі

Вочы мае, поўныя табой;

Склею разам горачка і гора.

Бачыўты калі такі партрэт? [8, с. 215].

Аднак не толькі бязрадасныя любоўныя рэфлексіі і элегічныя песні складае аўтарка, але і паэтычныя фантазіі, “пейзажы душы”, поўныя лірызму, адухоўленасці і рамантычнай прагі неба, крыла, вясны, сонца:

Жыву няўтульна і няўмела

3 нязменнай прагаю крыла [8, с. 217];

Што ж за вогненнае шчасце:

Скошан лёс, як сенакос.

Да цябе мне не прыпасці --

Прыпадаю да нябёс [8, с. 164] і іншыя.

Наогул, многія вобразы ў паэзіі Я. Янішчыц -- дарогі, вясны, зімы, яблыні, бярозы, вішні, каліны, цішыні, травы, зорак і іншыя -- набываюць інтымна-псіхалагічную напоўненасць. Сімвалічная семантыка гэтых вобразаў звязана з пэўным характарам унутранага пачуцця. Напрыклад, у паэзіі Я. Янішчыц выразна кантрастуюць вясна і зіма. 3 кожнай парой года звязаны адпаведны настраёвы модус. “А я люблю вясну”, “Я не люблю слаты”, -- кажа паэтка [8, с. 79]. Вясна -- гэта час, калі ў белым вэлюме сад, цвітуць пралескі, пяшчотна свеціць сонейка, калі нараджаецца ўсё самае радаснае, светлае, чыстае. Зіма ўвасабляе холад, спустошанасць, выстыласць свету, таму яна палохае сэрца лірычнай гераіні паэткі:

Мінае лета. Коціцца зіма [8, с. 152];

Чакае шлях... Чакае золак дальні [8, с. 153].

Зімовы холад-- сімвал ростані і адчужанасці:

Каторы год між нас -- зіма,

Ляцяць гады, як завірухі [8, с. 199].

Ці возьмем вобраз каліны, які асацыіруецца з доляй і лёсам паэткі:

Я так цябе чакала, што ў каліне

Адбілася уся мая душа! [3, с. 75].

Ён мае традыцыйнае сэнсавае напаўненне (такое ж, як і ў вуснай народнай паэзіі), з ім звязаны матывы гаркоты, смутку, тугі. Разам з тым каліна і яе зыркае полымя для паэткі -- “як надзея жыцця” (“Каліна зімы”). Гераіня паэткі, нягледзячы на расчараванні, крыўды і нараканні на лёс, імкнецца знайсці ўнутраную падтрымку і моц у дрэў, кветак, “цвету белага” (“Над арабінамі і вязамі...”). У паэтычных радках часта гучыць горка-аптымістычная, сумна-радасная інтанацыя:

3 жаўталістым ветрам заручоная,

Цеплячы гаючы успамін,

Да-га-рай, мая зара вячэрняя, --

Хай пасвеціць полымя калін! [3, с. 79]

Жыццё паэткі ўскладнялася, набывала новыя драматычныя адценні. Яе балюча раніла “пазёрства, двухсэнсоўнасць, каламуць”, недружалюбнасць, зайздрасць, абыякавасць, зласлівасць, адсутнасць чалавечага разумення і спагады:

Не-не, ды вострым слоўкам упякуць! [3, с. 127].

Яна нагадвала чымсьці параненую і безабаронную птушку. Пра драматызм свайго існавання паэтка ў алегарычнай форме выказалася ў вершы “Маналог вавёркі”:

Вось і мяне, як іншых, прыручылі... [3, с. 35];

...Бо нехта ж ладзіў кола

Не для зязюлі, мілае суседкі,

Не для савы, прыяцелькі маўклівай,

А для мяне -- і толькі для мяне!!! [3, с. 94].

Як прагнула яна вырвацца з гэтага зачараванага кола балючых перажыванняў і пакутаў! А. Лойка, думаючы пра трагічны лёс паэткі, піша пра сваю былую студэнтку: “...Былі ва ўцёках Жэні Янішчыц ад жыцця і лермантаўскія ўцёкі. Былі і ўцёкі ад адзіноцтва, ад непрымання таго, што ейная эпоха ёй навязвала, а душа яе з тым не мірылася, свядома і падсвядома, напэўна, не зміралася, паглыбляла душэўны разлад, душэўны крызіс. ...А што забрала Жэню Янішчыц і Яўгенію Янішчыц ад беларускай паэзіі, ад Беларусі, тое -- монстравае, звыроднае, нялюдскае, няхай бы яно хутчэй сыходзіла на ніцыя лозы, на сухія долы!..” [11, с. 28]. “У самы смутны час, у час трывожны // Ўзыдзі, любоў!” [3, с. 235] -- на пранізлівай лірычнай ноце прасіла паэтка

Перачытваю асобныя вершы паэткі, і нам падаецца, што “палеская ластаўка” прадчувала свой заўчасны вырай:

Я ўжо сама, як госць,

На шлях гляджу сурова [3, с. 135];

...Як птушку у блакіце

Мяне застане гром;

А будзе што не так -- малю:

Скруціце стомленае крылле

І кіньце ў родную раллю [3, с. 186];

А будзе сын і сонца

I між іх -- зямлёю буду я [3, с. 93].

Незадоўга да сваёй трагічнай смерці паэтка паехала на радзіму, абышла ўсю радню і любыя сэрцу мясціны. Яўгенія Янішчыц знайшла вечны прытулак на Усходніх могілках у Мінску, што па Маскоўскай шашы. Яна, тонкая паэтычная натура, не вытрымала жыццёвых нягод, не змірылася з жорсткай рэальнасцю чалавечага свету. Усім нам Яўгенія Янішчыц пакінула шчырыя запаветы:

Жывіце і любіце,

Свой беражыце дом [3, с. 157];

...Пачынаецца ўсё з любві,

А інакш і жыць немагчыма [3, с. 241].

Інтымная лірыка Я. Янішчыц -- гэта споведзь паэткі аб пражытым і перажытым, гэта размова з чытачом аб высакароднай галіне паэзіі, якая дае магчымасць успрымаць еднасць чалавека і акаляючай рэчаіснасці як адзіную цэласнасць з усім. Нягледзячы на тое, што ў вершах даволі часта прасочваюцца асабістыя матывы, а жыццё лірычнага героя пераплятаецца з біяграфічнымі даведкамі паэта, творы ўсё ж не пясуць у сабе эгаістычнай замкнутасці. Вершы Я. Янішчыц аб каханні -- антыэгаістычныя. Яго лірычнае “я” нібы зліваецца з унутраным светам чытача, яго пачуцці перадаюцца чытачу і ўспрымаюцца апошнім, як свае асабістыя. Індывідуальны вопыт паэткі, такім чынам, становіцца вопытам чытача, нават калі любоўныя пачуцці яго ў жыцці яшчэ не захоплівалі ў свой палон. Чытачу раскрываецца ўся шматграннасць кахання -- ад першых парасткаў дзявочага пачуцця да драматычна-узвышанага стану душы і сэрца на зыходзе чалавечага жыцця. Праўда, уся гэта гама пачуццяў не навязваецца чытачу, яна падаецца стрымана, у асобных выпадках нават аскетычна.

Такім чынам, у вершах пра каханне мы не знаходзім эротыкі, цынічных адносін да жанчыны, ухваленне лёгкіх мімалётных сувязяў. Яна не прызнае кахання па разліку. Для любоўнай лірыкі Я. Янішчыц характэрны пяшчота, цеплыня, загадкавасць, пранікненне ў тайну сэрца закаханага, шчаслівага ці таго, хто яшчэ жыве надзеяй на спасціжэнне радасці кахання. Яна напоўнена паэтычнасцю, што пранізвае ўсе іншыя адценні чалавечых адносін: любоў да маці, родных мясцін, дружбу, таварыства. Лірычнае самавыяўленне паэткі, на нашу думку, паядноўваецца з яркім адлюстраваннем, рамантычны пафас -- з рэалістычным адлюстраваннем рэчаіснасці.

Творы Я. Янішчыц аб каханні, кажучы словамі В. Бялінскага, “гэта мелодыя сэрца, музыка душы, якая не перакладаецца на чалавечую мову і тым не меней заключае ў сабе цэлую аповесць...”. Яе паэтычная філасофія быцця заснавана на спавяданні выратавальнай моцы любові і чалавечнасці.

2. МЕТАФІЗІКА КАХАННЯ ЖАНЧЫНЫ

янішчыц інтымная лірыка кахання

Увогуле, вершы, прысвечаныя каханню, у Я. Янішчыц вельмі пранікнёныя, светлыя і змрочныя. Гэта каханне зямное, часам радаснае, часам пякельнае, горкае.

Вялікае месца ў сваей творчасці Я. Янішчыц адводзіць вобразу жанчыны. Яе гераіня праходзіць шляхам выпрабавання каханнем. Як птушка, то сягае ў вышыні, то кружыць і кружыць над сваім гняздоўем, што даўно парушылі людзі, час, прырода. У прыродзе яна знаходзіць падтрымку. Прырода становіцца сведкай і памочніцай. Як шчаслівая запеўка ў цыкле вершаў пра каханне ўспамінаецца верш паэткі “Ты пакліч мяне. Пазаві”. Яго з задавальненнем завучваюць на памяць, чытаюць са сцэны і па радыё. Вядомы гэты верш і як песня.

У вобразе лірычнага героя выяўляецца ідэал самога творцы, і таму праз разгляд духоўнага свету лірычнай гераіні паспрабуем наблізіцца да спасціжэння загадкавасці лёсу Я. Янішчыц, спазнаць яе таямніцу.

Як ужо было заўважана раней, лірычная гераіня ранняга зборніка “Снежныя грамніцы” (1970) Ї сціплая вясковая дзяўчына, якая жыве прадчуваннем блізкага шчасця. Яна рамантычная і адначасова рэальна ўспрымае жыццё, імкнецца да таго, адзінага, якога яшчэ не сустрэла:

Прыплыву да цябе аднойчы

Праз свае летуценні дзявочыя... [4, с. 46].

Паступова акрэсліваецца вобраз каханага, далёкага, невядомага, але такога жаданага. Яна нецярпліва імкнецца яму насустрач, перажывае, хвалюецца, спрабуе зразумець, хто “забраўяе светлы сон” [4, с. 46]. Мы бачым лірычную гераіню вершаў Я. Янішчыц яшчэ шчаслівай дзяўчынкай, быццам назіраем, як яна ходзіць ля любімай Ясельды “сінім днём” і дыхае ёй у твар “белы вецер”. Яна жыве прадчуваннем кахання:

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Там заблудзімся ў хмельных травах,

Пачынаецца ўсё з любві,

Нават самая простая ява [12, с. 31 ].

Аднак было б памылкаю думаць, што толькі радасна і светла на душы ў дзяўчыны. “Напэўна, шчасце ў мяне не па ўзросту”, Ї услухоўваецца яна ў сябе і адчувае “балючую адзіноту / І давер дзіцячы, / І сталую цноту, / Навальніцу ўдач, крыгалом бяды” [12, с. 22]. Лірычная гераіня прадвызначае свой шлях Ї шлях адзіноты і вернасці свайму каханню: “Пакуль жывеш Ї і я жыву / Святлом і адзінотаю” [12, с. 31]. Дзіўная, непрадказальная, яна спявае разам з прыродаю, і прырода чуе яе звонкае “Люблю!”, на якое адгукаюцца палі, лясы, дубровы. Непрыручанаю птушкаю ўвайшла Я. Янішчыц у беларускую паэзію.

Дні гераіні зарастаюць (але толькі яшчэ напалову!) багуном і цёрнам. I гэта насцярожвае. Душа больш настойліва “шукае словы”, а “агонь невыпадкова” апальвае “вольнае крыло”. I пытаецца лірычная гераіня:

...Скажы,

Скажы мне:

Што я значу

Ў душы разгубленай тваёй?.. [12, с. 45].

Гэты самы матыў развіваецца ў трэцім зборніку “Ясельда” (1978). Застаўся вобраз непрыручанай птушкі, адчуваецца любасць да жыцця, да светлыні, але ўжо няма той безагляднай радасці, якой былі напоўненыя вершы першай кнігі. Пераважаюць больш сумныя інтанацыі, роздум над сэнсам жыцця, сваім месцам у свеце.

Каханы цалкам увайшоў у жыццё лірычнай гераіні: “я - гэта ты”. Адносіны з ім уплываюць на яе паводзіны, учынкі. Вярэдзяць душу ўспаміны. Зноў і зноў гераіня разважае пра жаночы лёс, прыгадвае рукі каханага, яго далонь Ї гарлачык, які мог “студзіць лоб гарачы” [13, с. 42].

Лірычная гераіня Я. Янішчыц Ї адналюбка, якая жыве і імкнецца да рэалізацыі ўнікальнага сэнсу свайго жыцця, чым стаў для яе каханы. Былое каханне ўплывае на яе паводзіны і ўчынкі. Яна просіць у Бога сілы “да самае магілы / Любіць і слухаць” [13, с. 43] таго, адзінага. Жанчына разумее, што яго няма побач, і прыкладае вялікія намаганні, каб забыць яго. Не ўдаецца. Знікаюць, “растаюць” толькі вочы, якімі некалі так закахана ён глядзеў на яе.

Праходзіць час. Нараджаюцца новыя спадзяванні, чаканні:

Абяцаю ў лепшым сне

Мы яшчэ сустрэнемся з табою [13, с. 49]. Лірычная гераіня пераадольвае прыкрае пачуццё рэўнасці і знаходзіць у сабе сілы жыць далей, знаходзіць сэнс жыцця ў творчасці.

Верш пачынаецца са шматкроп'я, быццам толькі што вялася размова з любым чалавекам:

...І тая, што даўно завецца Вашай

I з Вамі да балючага грудка,

Навек не адхісне майго бясстрашша

I не закрэсліць роўнага радка

Рукі маёй... [13, с. 113].

“Вось і лета мае на схіле...” Ї прыходзіць да высновы жанчына:

Колькі ж тога гаркавага мёду

Засталося цяпер на дваіх? [13, с. 71].

Аднак шчаслівае каханне прынесла столькі святла і шчасця, што яна дазваляе сабе сказаць:

Я сёння настолькі багата,

Што ўжо не баюся збяднець! [13, с. 117].

Як адзначае крытык Марыя Панкова, “глыбокі лірык, яна ўсё і ўсіх прапускала праз сэрца. Інакш не ўмела. Не магла. Інакш Ї не было б гэтай пранізліва-тонкай, нябеснай паэзіі. Проста не было б тады Я. Янішчыц! Яркай, як узыход сонца, самотна-одумнай, як само змярканне, на трагічным схіле свайго жыцця” [14, с. 11].

Лірычная гераіня наступнай кнігі “На беразе пляча” (1980) Ї жанчына, сэрца і душа якой таксама поўняцца то пранізлівым каханнем, чыстым, як ранішні роены луг, то горыччу ад стратаў.

Асабліва балюча чытаць лісты маці ў паэме “Ягадны Xутар”: “Дзень добры, мае дзіцятка. <...> Прашу болей глядзі за сабою. Ведаю, адзінота Ї яна гняце. Назбірала табе дзівасілу і зверабою, а то свецішся ўся, як абраз у куце. Думай усе ж за сабою найперша, глядзі на свет гэты больш весялей” [15, с. 22-23].

Зноў гераіня ў перажываннях і супярэчлівым настрой Свайму былому, перажытаму яна дае назву “сенакосная глуш”:

Сенакосная глуш.

Сенакосная ціш паміж намі.

Сенакоснае слова

Яшчэ засталося пры мне [15, с. 38].

Эпітэт “сенакосны” дапамагае ўявіць, як адмірае каханне. 3 гэтым словам асацыююцца словы “ціш”, “глуш” Ї як адчуванне безвыходнасці. Набыць душэўны спакой дапамагае памяць:

3 табой і без цябе

Я прывыкаю жыць”.

“3 табой” Ї гэта памяць,

“без цябе” Ї дзень сённяшні.

Але дагэтуль “тчэцца сцежка праз “было!”... [15, с. 46].

Як ні парадаксальна, гераіня можа адчуваць свайго каханага нават на адлегласці:

Тваю журынку на шчацэ

Адчуць за тры кварталы [15, с. 99].

Ёй яшчэ верыцца, што ўзаемнасцю, шчырасцю можна ўсё паправіць:

І ўсё, што знікла, быццам дым,

Што ў цішыні наспела, --

Цяплом тваім, святлом тваім

Перапісаць набела! [15, с. 100].

Праз успаміны, аналіз колішніх адносінаў лірычная гераіня прыходзіць да асэнсавання ўласнага “я”:

А ён маўчыць, далёкі той мужчына,

Яму на скроні снегу намяло.

Яго кахала дзіўная жанчына,

Яму дарыла дзіўнае святло... [15, с. 86].

Вочы, напоўненыя слязамі, як “два азерцы”, разуменне таго, што “суцяшаць не трэба”, адчуванне таго, што “позна шкадаваць” Ї такая яна цяпер (верш “3 якой вясны...”). Многае давялося перажыць, але шчасця так і не знайшла.

А што ж было з маленькім сэрцам

І нёс куды вясновы шал? Ї пытаецца гераіня ў вершы “Вольная жанчына” і гаворыць, што ў расстанні дарогі “няўтульныя” і нібыта свабода не патрэбная: яна не цешыць, калі няма суладдзя душы са светам:

Навошта ж воля для жанчыны,

Калі ёй цэлы свет чужы! [15, с. 54].

Каханне лірычнай гераіні прасякнутае найвялікшым болем, але яна не хоча змірыцца з гэтым. Праз яскравыя эпітэты перадаецца стан яе душы: цвет Ї белы, лёстачка Ї хісткая, квет Ї мройны, каліна Ї горкая, лета Ї шчаслівае, гронка Ї агнявая, агромленая. Боль і горыч перадае метафара “агнявою агромленай гронкай / Паўстаю на ўспамінак душы” [15, с. 119]. Радок, здаецца, не прамаўляецца Ї крычыць: “Мой, да кропелькі мой, і Ї чужы”.

Вядома, што час Ї найлепшы лекар. Паступова гераіня спраўляецца з самотаю. Ласкава, сцішана называе яна свайго каханага жураўлём, а сябе Ї журавінкаю і запрашае ў “журавіны вырай”. Слова “журавелю”, ужытае ў клічным склоне, перадае цеплыню і шчырасць у адносінах да каханага.

Жанчына разумее, што застаецца адна. Гаркота, самота сціскаюць сэрца, але душа лечыцца еднасцю з роднай зямлёй, успамінамі пра аднавяскоўцаў.

У вершы “Любіце не вясну...” гераіня сцвярджае, што надзея яшчэ жыве. Як загад, гучаць радкі:

Ты яшчэ выжывеш, беднае сэрца,

Толькі спагады сабе не прасі! [15, с. 90].

Прадбачаннем свайго лёсу, болем, адчаем прасякнута наступная кніга Ї “Пара любові і жалю” (1983). Лірычную гераіню ахапіў адчай:

Ні гукам, ні званком не адгукнешся.

Атуліць колкай памяці сувей.

Праз лес мой

ты, як бура, пранясешся,

I дождж размые родны воблік твой [8, с. 54].

Яна, як птушка, то сягае ў вышыню, то кружыць і кружыць над гняздоўем. Сэрца яе напоўненае пакутамі:

Скажы, што ты Ї на міг,

А не навечна.

І да пакут мяне

Прыгавары [8, с. 27].

Здаецца, што такое трывожнае каханне прыносіць ёй асалоду.

Гераіня не жадае збавення ад сваіх пакутаў, не жадае “позняй лепшай любові”. Здавалася б, здзекі лёсу маглі б выклікаць у яе самашкадаванне, але яна гэтага не хоча.

Жанчына імкнецца выдаць жаданае за рэальнае, марыць пра простае жаночае шчасце. Так узнікае вобраз жытняй жанчыны, у якім Ї уяўленне паэткі пра гармонію чалавечага духу і прыроднага хараства: “Клічаш ты не цень мой горкі, / А з жыта -- жытнюю!-- мяне” [8, с. 153].

Імпульсіўнасць характару паэткі адбілася ў паводзінах яе гераіні. Ад кветкавага берага маладосці яна прыходзіць да апошняй мяжы Ї мяжы безвыходнасці. Немагчыма стрымаць у сэрцы расчараванні, трывогі. Лірычная гераіня лічыць, што адзінота Ї расплата за тое найвялікшае шчасце, якое адчувала са сваім каханым. Яна прымае адзіноту як наканаванне лёсу. І ўсё ж часта пачуццё адчаю ахоплівае яе. Ёй не стае той адзінай рукі, у якой “радасць і сіла”. Жанчына імкнецца да кахання і адчувае сябе пакінутай, забытай, непатрэбнай:

Страшна ўвечары жыць

3 незагойнаю ранай.

Ты сказаў: “Адбаліць,

Заставайся каханай” [8, с. 185].

У апошніх радках верша паказваецца той шлях, які, здавалася б, павінен вывесці жанчыну з тупіковай сітуацыі. I ў адказ на просьбу заставацца каханай гучыць сцвярджэнне: “Застаюся каханай!”.

Вобраз каханага асацыюецца з вялікім болем, прынесеным гэтым каханнем. Яўгенія Янішчыц пісала ў апошняй кнізе таму, каго абрала сэрцам навекі:

Табе, мой боль, табе Ї і больш нікому!

Я й перад смерцю вымаўлю: люблю [8, с. 185].

Свайго каханага лірычная гераіня параўноўвае з жоравам, а сябе Ї з сініцай. Яна прыходзіць да высновы, што разам ім не жыць, разам ім не пасяліцца. Прымаецца, як выйсце ў дадзенай сітуацыі, рашэнне: “Прыпадаю да нябёс” [8, с. 95].

Яна жыве “высока і далека / Ад мітусні, хлусні і звад” [8, с. 99]. Ды скрозь ціхі вечар чуецца сухое, як стрэл, “Жыві адна!”:

Што ж, і сама я ўразумела:

На вуснах з горыччу святла

Жыву няўтульна і няўмела

3 нязменнай прагаю крыла.

Набытак шчасця мой бясспрэчны... [8, с. 125]

І зноў успаміны вярэдзяць душу. Хочацца пачуць у тэлефоннай трубцы тое пытанне, якое прымушала радасна біцца сэрца: “Дзе ты прапала?” Разам з пачуццём горычы з'яўляецца пачуццё лёгкай іроніі:

Іду па левой старане,

А ўсё гляджу Ї на правую...

………..

Ідзеш па правой старане,

А ўсё глядзіш Ї на левую [8, с. 157].

Да лірычнай гераіні прыходзіць разумение таго, што “чужы агонь вяртаць, / Як над сабой смяяцца” [8, с. 178]. Яна не хоча, каб ён, заручаны з другою, нават набліжаўся да яе. А сэрца, поўнае любові, не вытрымлівае разлукі:

...Хачу цябе здаля

Трымаць навідавоку [8, с. 178].

Адчуваецца, што жанчына стамілася, але не скарылася лесу. 3 пачуццём годнасці, самапавагі, яна не ўмее прасіць, вымольваць пяшчоты. 1 цяжка ёй “гордую голаў насіць / У горкім сутонні салюты” [8, с. 180]. Ратуюць вершы. Творчасць становіцца сэнсам жыцця.

Вобраз лірычнай гераіні супадае з вобразам самой паэткі:

Адкуль ты ўзяў, што я цяпер сумую?

Мне ў самы раз

Над песняй шчыраваць [8, с. 181].

Гераіня помніць словы, ласку каханага. Дзе б ні знаходзілася, яна “між усіх” шукае яго. Вобраз каханага сатканы з “белага туману і зары”. Ніколі яе жаночае сэрца не знала такой самоты і тугі, каб яна “да беглай сцежкі прыпадала, / што бяжыць няведама куды” [ 8, с. 182]. Гэта кульмінацыйны момант жыццёвага шляху лірычнай гераіні, яе існавання ў адзіноце, без спадарожніка жыцця, без узаемнага кахання.

Усё часцей у вершах сустракаецца вобраз сэрца, з якім жанчына вядзе размову, як з жывой істотай. Нават прырода, якая раней была ахоўніцай і крыніцай натхнення, ужо не ратуе ад пачуцця найвялікшай самоты:

Мне зялёнай журбы не займаць.

Дакаціліся, сэрца, з табою:

Цішыня. I азёрная гладзь [8, с. 183].

Паціху западае ў душу жоўтае лісце, залятаюць сняжынкі ў сэрца, а ў твар усё ж дыхае “пралеска пяшчоты”. Зноў і зноў лірычная гераіня задумваецца над сэнсам свайго жыцця. Лёс яе апавіты і святлом, і скрухаю. Першымі маршчынкамі кладуцца на твар “горкія песні”. Уражвае параўнанне, ужытае паэткай, каб перадаць усю моц пачуцця:

Лягчэй пушынкі і мацней малітвы

Была мая пяшчота да цябе [8, с. 184].

Здаецца, больш няма сіл трываць разлуку. Жанчына здольная на ўсё, “нібы на плаху”, схіляе галаву перад любым. І няхай ён скажа “бязглуздзіцу”, няхай прыгаворыць да пакутаў, яна будзе “нават гэтым словам рада”. Ёй хочацца сустрэць каханага, яго “кожную рыску разгладзіць на твары”.

Шмат за гэты час перадумала, пераасэнсавала яна:

Спрабую ўласны боль забіць

Спакойнымі вачыма.

Прасцей жыву, чым можна жыць.

Складаней -- чым магчыма [8, с. 78].

Няроўнай дарогай ідзе гераіня. Яна разумев, што цяпер у адносінах з каханым пануе “і лёд рукі і вымушаны смех”, але ўсё ж адчувае сябе шчасліваю: “было ж!”. Зноў (у які раз!) апявае пакутніцкае шчасце, зноў чакае цуду:

О мне хапіла б

Ласкавага слова,

Калі б Яго

Сказаў

Аднойчы

Ты! [4, 170].

Мы дзесьці размінуліся...[8, с. 93].

Пік і болю, і мудрасці Ї апошні зборнік вершаў Яўгеніі Янішчыц “Каліна зімы”. Кніга быццам аберагае ад душэўнай слепаты і глухаты, робіць нас чысцейшымі.

Лірычная гераіня ніяк не можа змірыцца са стратаю каханага:

...Прымераю адзін пярсцёнак даўні --

І, нібы варам, палец апячэ [3, с. 39].

Ратуе паэзія, рашэнне сцвердзіць, рэалізаваць сябе ў слове:

...Пісаць, нібы ісці пад лёд,

Каб потым зноў узняцца ў слове! [ 3, с. 65].

I ўсё ж каханы Ї насуперак усяму! Ї блізкі і жаданы. Любага можна пазнаць па вачах, шукаць па вачах, адчуваць па вачах. Сэнс жыцця жанчына-адналюбка бачыць у каханні. Ён адзіны, і няма падобных да яго, хоць шмат у прыродзе падабенства.

Жанчына то адкрыта гаворыць пра свае нявер'е, безвыходнасць, то з аптымізмам глядзіць у будучыню:

Як вероломна Ї спрэс! Ї цвітуць сады,

Што і гаркоты больш не заўважаю...

Чакаю -- скрозь!

Чакаю Ї назаўжды

Таго, каго пазбыла.

І кахаю [3, с. 98].

Душа “смуткуе, як загнаны звер”, залізваючы “нясцерпныя раны”. Жанчына прымушае сябе адкінуць тугу і паверыць у новы шлях, дзе пахне чабор і “дол палае суніцамі”, дзе нішто не можа застрашыць, “нават сто грымотных навальніц” [ 3, с. 136].

Тая сцежка, па якой хадзілі разам, зарастае жытам, ідуць дажджы, мятуць снегапады, але ў гераіні яшчэ стае сілы чакаць: “Я не люблю слаты. Я пачакаю” [3, с. 153].

Невыпадкова ў вершы “Кантрасты” выкарыстаны вобразы-сімвалы Ї чорны воран і белая ружа:

...Кружыць,

Сну разарваўшы кілім,

Чорны воран над белаю ружай Ї

Як над выстылым сэрцам маім [3, с. 118].

Ведаючы, што нічога не паўтараецца двойчы, лірычная гераіня вырашае ўсё ж застацца з каханым, хоць і без яго. Ад гэтага балючага кахання яе душа ўвасобілася ў каліне. Жанчына стаіць над безданню, у яе толькі адно жаданне -- каб яе каханы не абмінуў каліну, бо каліна Ї гэта яна сама.

Нясуджаны, я так скажу аднойчы,

Заглядваючы ў бездань, нібы ў дні:

Міні мой дом, і голас мой, і вочы.

Забудзь мяне.

Яе Ї не абміні!

…………

...Калі святло ад недаверу згіне,

Няспешна прывітай яе спярша:

Я так цябе чакала, што ў каліне

Адбілася уся мая душа! [3, с. 123].

Каліна ў фальклоры Ї сімвал няшчаснай жанчыны. Невыпадкова выкарыстала гэты вобраз Яўгенія Янішчыц. Ён ёсць і ў вершы “Яшчэ не збыты успамін...”. Святлом каліны маўчыць гераіня. Ужо не просіць, не спадзяецца. Яна прадчувае блізкі свой адыход. Больш не стае сілы ісці адной па жыццёвай дарозе. Калі ж ён вернецца, то будзе ўсё па-ранейшаму. Толькі не будзе яе:

Ты зноў вяртаешся,

але

Няма мяне, каханы! [3, с. 147].

Свой боль лірычная гераіня параўноўвае з боем. Усё завяршаецца. Нібы з бою, вяртаецца яна са свайго болю, і ўсё ж галубіць успамін:

...Нязбыўны мой, заручымся журбою

Зялёнаю, як раска і палын! [ 3, с. 152].

Балотная раска перадае адчуванне безвыходнай адчайнасці, балотнага пастаянства.

У апошніх вершах Я. Янішчыц лірычная гераіня нібы прадказвае хуткі фінал. Яна яшчэ змагаецца з сабою:

Парваліся, рассыпаліся струны?

Як Паганіні Ї на адной сыграй! [ 3, с. 172].

Але “дзіўны гном” ужо рыхтуе “ў пекле рай”. I пішацца верш “На ўсякі выпадак...”, у якім даюцца парады сыну:

Бо можа так здарыццца,

Што заўтра --

Не выйду табе насустрэчу [3, с. 179].

Стомленай ад жыццёвай дарогі паўстае перад намі лірычная гераіня ў вершы “Наша поле”:

Вось і нажата наша поле,

Аціхлі спеву каласы [3, с. 183].

Яна азіраецца на свой няроўны шлях і просіць каханага, каб не паддаваўся чорнай скрусе. Нават цяпер, на мяжы расстання, яна застаецца такой самай шчырай, вернай свайму адзінаму каханню. Яшчэ пяе “душы струна”.

На голас ліры ідзе гераіня. Адзін з апошніх вершаў Яўгеніі Янішчыц так і называецца: “На голас ліры”. Кожны дзень Ї гэта гарачы вырай. Творчая асоба, яна не перастае здзіўляцца, радавацца, пра нешта клапаціцца і лічыць свет паэта зайздросным, бо яму дадзена звыш “з нябесных промняў вобраз ткаць”, бачыць сэнс свайго жыцця ў творчасці:

...I -- заміраць на схіле лета,

I ў вольным слове ўваскрасаць [3, с. 189].

Чалавек можа бачыць сэнс жыцця ў каштоўнасці творчасці, у каштоўнасці перажывання, у каштоўнасці адносінаў, г. зн. праз тую жыццёвую пазіцыю, якую ён займае ў адносінах да лёсу. Каханне Ї тая каштоўнасць перажывання, якая валодае найбольшым патэнцыялам. Страціўшы каханне, чалавек усё роўна можа напоўніць вялікім сэнсам сваё жыццё. Калі да каштоўнасцяў творчасці і перажывання дадаць каштоўнасці адносінаў, то чалавечая экзістэнцыя ніколі не будзе бессэнсоўнай па сваёй унутранай сутнасці.

Лірычная гераіня Я. Янішчыц імкнецца зразумець каштоўнасць адносінаў тады, калі трапляе ва ўладу абставінаў, якія не можа змяніць. Яна спрабуе асэнсаваць іх, прыстасавацца да іх, надаць нават пакутам багаты жыццёвы змест: “3 табой і без цябе я прывыкаю жыць”. Яна магла б знайсці сэнс свайго існавання ў сітуацыі, на першы погляд безвыходнай, калі б усвядоміла да канца каштоўнасць адносінаў, калі б навучылася жыць у суладдзі са сваім лёсам. Яна ж толькі набліжалася да гэтага.

Прымірэння з сітуацыяй не адбылося. На першы план найвышэйшай мэтай заўсёды выходзіць каханне як найвялікшая каштоўнасць перажывання. Але каханне прынесла і радасць, і горыч расчаравання, і таму спачатку гераіня стараецца выпрацаваць стаўленне да жыццёвай сітуацыі, а потым адбываецца поўнае яе непрыманне. Ідзе барацьба. 3 самой сабою. Гэтая барацьба асабліва відавочная ў вершах зборнікаў “Пара любові і жалю” і “Каліна зімы”.


Подобные документы

  • Старонкі біяграфіі Яўгеніі Янішчыц. Праблематыка ранніх твораў паэтэси на аснове зборнікаў "Снежныя грамніцы" і "Дзень вечаровы". Тэматыка зборнікаў паэзіі "Ясельда" і "На беразе пляча". Паэтычнае майстэрства Я. Янішчыц і асаблівасці інтымнай лірыкі.

    курсовая работа [48,5 K], добавлен 17.12.2013

  • Тэматычная напоўненасць лірыкі А. Пісьмянкова - вядомага беларускага паэта, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола. Тэма Радзімы ў лірыцы А. Пісьмянкова. Тэма кахання ў паэзіі Алеся Пісьмянкова. Суадносіны сучаснага і мінулага ў часавай прасторы твораў.

    курсовая работа [43,6 K], добавлен 17.02.2016

  • Характарыстыка паэзіі на сучасным этапе: другая палова 90-х гг. XX ст. - пачатак XXІ ст. Форматворчасць і жанраўтваральныя працэсы. Развіццё пейзажнай і інтымнай лірыкі. Сучасная лірыка кахання. Праблематыка аповесці В. Быкава "Мёртвым не баліць".

    контрольная работа [39,1 K], добавлен 01.03.2010

  • Сучасная беларуская паэзiя. Даследаванне інтымнай лірыкі знакамітага песняра Максіма Багдановіча. Раскрыцця вобраза кахання і любові на старонках яго зборніка: "У зачарованым царстве", "Каханне і смерць", "На ціхім Дунаі", цыклы "Мадонны" і "Эрас".

    курсовая работа [49,1 K], добавлен 06.02.2014

  • Жыццёвы, творчы шлях В. Зуёнка. Савецкі перыяд творчасці, паэзія для дзяцей, тэма сяброўства, любоўная лірыка. Паэзія 60-80-х гг.: агульначалавечыя тэмы. Праблемы нацыянальнай культуры, філасофская лірыка ў творчасці Зуёнка. Постсавецкі перыяд творчасці.

    курсовая работа [48,3 K], добавлен 26.02.2010

  • Асвятленне творчасці Ясеніна ў сувязі з яго жыццёвымі перажываннямі, лёсам. Матывы любоўнай лірыкі розных гадоў жыцця пісьменніка і стылістычныя асаблівасці паэзіі. Уплыў жанчын, з якімі Ясенін спрабаваў звязаць свой лёс, на яго паэтычны творчасць.

    дипломная работа [76,9 K], добавлен 27.04.2012

  • Пачуццё абавязку у рамане Талстога "Ганна Карэніна" і "Вайна і мір". Разуменне любові Ганне Карэнінай. Элен Курагина і яе брат Анатоль - людзі, якія выклікаюць страсць, а не каханне. П'ер Бязухаў ў рамане "Вайна і мір". Трагічная рэальнасць А. Вронского.

    курсовая работа [33,2 K], добавлен 11.06.2012

  • Беларусь і беларусы ў вершах Алеся Пісьмянкова. Метафізіка кахання. Лірычны герой Алеся Пісьмянкова. Асаблівасць мастакоўскага почырку. Эцюдная манера запісу некаторых споведзяў. Гармонія колераў і фарбаў. Эстэтыка пахаў ў паэзіі А. Пісьмянкова.

    дипломная работа [108,2 K], добавлен 24.12.2014

  • У. Караткевіч – асоба рознабаковага таленту: паэт, празаік, драматург, перакладчык, публіцыст, крытык. Сацыяльна–філасофская і маральна–эстэтычная накіраванасть паэзіі. Паэзія У. Караткевіча і вусная народная творчасць. Любоўная лірыка У. Караткевіча.

    контрольная работа [27,6 K], добавлен 01.12.2010

  • Аналіз літаратурнай спадчыні Віктара Шніпа з вышыні дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Тэматычнае напоўненне паэзіі. Нацыянальныя матывы ў лірыцы. Мастацкія і жанравыя асаблівасці вершаў і творчай манеры аўтара. Інтымная лірыка паэта.

    дипломная работа [132,2 K], добавлен 11.12.2013

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.