Лiтаратурны працэс

Праблема пераемнасці і абнаўлення, традыцый і наватарства ў літаратурным працэсе, яго рэгіянальная і нацыянальная спецыфіка. Стадыяльнасць літаратурнага развіцця. Асноўныя этапы ў гісторыі сусветнага прыгожага пісьменства, асаблівасці яго працякання.

Рубрика Литература
Вид реферат
Язык белорусский
Дата добавления 28.08.2011
Размер файла 24,7 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

1

Размещено на http://www.allbest.ru/

ЗМЕСТ

  • 1. ЛІТАРАТУРНЫ ПРАЦЭС
  • 1.1 Азначэнне літаратурнага працэсу
  • 1.2 Праблема пераемнасці і абнаўлення, традыцый і наватарства ў літаратурным працэсе
  • 1.3 Літаратурныя сувязі і ўплывы
  • 1.4 Рэгіянальная і нацыянальная спецыфіка літаратуры
  • 1.5 Стадыяльнасць літаратурнага развіцця. Асноўныя стадыі-этапы ў гісторыі сусветнага прыгожага пісьменства
  • 1.6 Асноўныя этапы літаратурнага працэсу на Беларусі, найбольш характэрныя асаблівасці яго працякання
  • СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
  • 1. ЛІТАРАТУРНЫ ПРАЦЭС
  • 1.1 Азначэнне літаратурнага працэсу
  • Літаратурным працэсам называецца складанае, гістарычна і сацыяльна абумоўленае функцыянаванне і эвалюцыя літаратуры і з'яў, што ёй спадарожнічаюць, у пэўны часавы адрэзак у пэўнай краіне, рэгіёне альбо наогул у свеце.
  • «Літаратурны працэс цесна звязаны з грамадска-палітычнымі абставінамі, пануючай ідэалогіяй у краіне, з філасофскай думкай, этычнымі прынцыпамі і эстэтычнымі ідэаламі пэўнага часу, з распрацаванасцю літаратурнай мовы і развіццём розных відаў мастацтва. ... Для літаратурнага працэсу характэрны такія прыкметы, як масавасць і бесперапыннасць літаратурных з'яў і фактаў, пісьменніцкія ўзаемасувязі і ўзаемаўплывы, пераемнасць і развіццё літаратурна-мастацкіх традыцый».
  • У кожны гістарычны момант літаратурны працэс уключае ў сябе як самі мастацкія творы, сацыяльна, ідэалагічна і эстэтычна неаднародныя і рознаякасныя -- ад высокіх узораў да эпігонскай, бульварнай ці масавай літаратуры, так і формы іх грамадскага бытавання: публікацыі, выданні, літаратурную крытыку, водгукі вядомых дзеячаў культуры, мастацтва, палітыкаў, а таксама звычайных чытачоў, выказаныя з пэўнай нагоды і апублікаваныя ў друку альбо занатаваныя ў мемуарах ці эпісталярнай літаратуры. «Неад'емнымі кампанентамі літаратурнага працэсу апошніх стагоддзяў сталі як факты літаратурнага «самапазнання» эпохі (праграмы літаратурнай творчасці, літаратурныя маніфесты), так і барацьба розных ідэйна-мастацкіх напрамкаў і плыней».
  • Тэорыя літаратурнага працэсу асэнсоўваецца з дапамогай цэлагу шэрагу паняццяў-тэрмінаў, наконт змястоўнага напаўнення якіх няма поўнага адзінства ў асяроддзі літаратуразнаўцаў. Таму мы, наколькі нам гэта ўдасца, паспрабуем даць дадзеным паняццям-тэрмінам найбольш шырокаўжывальную трактоўку.
  • Характарыстыку паняццяў-тэрмінаў тэорыі літаратурнага працэсу неабходна, на нашую думку, пачаць з літаратурна-мастацкага альбо творчага метаду. Пад ім, піша В. Рагойша, падразумяваецца «сістэма гістарычна абумоўленых творчых прынцыпаў, якімі мастакі, блізкія па сваіх ідэйна-мастацкіх пазіцыях, кіруюцца пры адборы, абагульненні і ацэнцы жыццёвых з'яў». Паводле М. Мешчараковай, мастацкім метадам называецца «асаблівы тып вобразнага бачання свету (канцэпцыя свету і чалавека); гістарычна сфарміраваны спосаб адлюстравання (узнаўлення і перастварэння, тыпізацыі) рэчаіснасці; агульны прынцып адбору, абагульнення і ацэнкі жыццёвага матэрыялу, выяўлення ў ім галоўнага і яго мастацка-вобразнага адлюстравання; агульны тып падыходу пісьменніка да рэчаіснасці. Паняцце метаду мастацкага ўключае ў сябе:
  • 1) прынцыпы мастацкага адбору;
  • 2) спосабы мастацкага абагульнення;
  • 3) прынцыпы эстэтычнай ацэнкі рэчаіснасці з пазіцый ідэалу;
  • 4) прынцыпы мастацкага ўвасаблення рэчаіснасці ў творах мастацтва».
  • Мастацкі метад «бывае рэалістычны і нерэалістычны, прадуктыўны (фарміруючы мастацкую сістэму) і непрадуктыўны (утвараючы адзін літаратурны напрамак)». Гісторыя развіцця сусветнага прыгожага пісьменства ведае такія мастацкія (творчыя) метады, як барока, класіцызм, сентыменталізм, рамантызм, рэалізм, натуралізм, мадэрнізм (магчыма, ужо можна весці гаворку і аб постмадэрнізме). На аснове ледзь ці не ўсіх з іх утварыліся адпаведныя літаратурныя напрамкі ў сваім канкрэтным стылявым выяўленні (г. зв. «вялікія» стылі, паводле Дз. Ліхачова). Унутры літаратурных напрамкаў (альбо як адгалінаванні ад іх) часам узнікаюць літаратурныя плыні (грамадзянская плынь у рускім рамантызме; імпрэсіянізм, футурызм і інш. у мадэрнізме), групоўкі («Бура і націск», «Гёцінгенскі гай» у Германіі, «Арзамас» у Рассіі, «Маладняк», «Полымя», «Узвышша» на Беларусі) і школы («азёрная школа» ў англійскім рамантызме, кубафутурызм у рускім футурызме і інш.). Самым буйным утварэннем, у якім (ці ў межах якога) развіваецца пераважная большасць літаратуры цэлага кантынента альбо наогул усяго свету ў пэўны эпахальны адрэзак часу (перыяд), лічыцца мастацкая сістэма -- «спецыфічна мастацкая разнавіднасць гістарычна ўтворанага тыпа грамадскай свядомасці і дзейнасці, якая валодае сваімі змястоўнымі кампанентамі і сваім тыпам сувязей паміж імі, а значыць, і сваімі самымі агульнымі асаблівасцямі мастацкай формы». І. Волкаў вылучае ў гісторыі сусветнага мастацтва і літаратуры такія мастацкія сістэмы, як антычная класіка, гуманістычная літаратура Адраджэння, класіцызм, літаратура Асветніцтва ХVІІІ ст., рамантызм, рэалізм, мадэрнізм.
  • Літаратурны працэс у глабальным (сусветна-гістарычным) маштабе даследуе параўнальна-гістарычнае літаратуразнаўства. Апошняе пры гэтым цесна судакранаецца з гістарычнай паэтыкай, у цэнтры ўвагі якой, як ужо адзначалася вышэй, -- вывучэнне шляхоў эвалюцыі асобных мастацкіх прыёмаў і іх сістэм, і ў першую чаргу відаў і жанраў прыгожага пісьменства.
  • 1.2 Праблема пераемнасці і абнаўлення, традыцый і наватарства ў літаратурным працэсе
  • лiтаратурны працэс традыцыя славеснасць
  • Вынесеныя ў загаловак бінарныя паняцці-тэрміны асэнсоўваюць складаныя суадносіны ў літаратурным працэсе паміж узнікаючым новым і тым, што, будучы ў свой час здабытым, выпрацаваным, наследуецца, працягваецца ад эпохі да эпохі.
  • Традыцыя (ад лац. traditio -- перадача, паданне) -- гэта культурна-мастацкі вопыт мінулых эпох, успрыняты і засвоены пісьменнікамі як актуальны і ўвесь час каштоўны, выступаючы для іх у якасці творчага арыенціру. «Ажыццяўляючы сувязь часоў, традыцыя знамянуе выбіральнае ініцыятыўна-стваральнае авалодванне спадчынай папярэдніх пакаленняў у імя вырашэння сучасных мастацкіх задач». Традыцыі заканамерна «спадарожнічае абнаўленне літаратуры, г. зн. наватарства», якое «выступае як творчая перакампаноўка і дабудоўванне ўзятага ў папярэднікаў, а ў найбольш яркіх і маштабных праявах -- як узнікненне ў літаратурным працэсе беспрэцэдэнтна новага, якое мае сусветна-гістарычную значнасць». Такім новым, для прыкладу, з'яўляецца: асваенне прыватнага жыцця чалавека сентыменталістамі; адкрыццё бясконцасці суб'ектыўнага свету і ірацыянальнага пачатку псіхікі рамантыкамі; узнаўленне «дыялектыкі душы» рэалістамі, і ў першую чаргу Ф. Дастаеўскім і Л. Талстым; радыкальная трансфармацыя драматургічных форм А. Чэхавым; і інш.
  • Традыцыя рэалізуе сябе з дапамогай уплываў, запазычанняў, а таксама наследавання канонам (пераважна ў літаратурах старажытнасці і сярэднявечча). Выступаючы часта як свядомая, «праграмная» арыентацыя пісьменнікаў на папярэдні вопыт, традыцыя разам з тым можа ўваходзіць у літаратурную творчасць стыхійна, незалежна ад намераў аўтараў. У якасці традыцыйнага пісьменнікамі засвойваецца вельмі многае -- ад тэматычных пластоў да складаных стылістычных фігур і прыёмаў. Сусветнае прыгожае пісьменства за час свайго развіцця стварыла цэлы фонд пераемнасці. Самае запатрабаванае з таго, што знаходзіцца ў дадзеным фондзе, даволі часта ў апошнія часы імянуецца топікай. Як канстатуе В. Халізеў, «топіка разнародная. Нязменна прысутнічаюць у літаратурнай творчасці тыпы эмацыянальнай настраёвасці (узвышанае, трагічнае, смех і г. д.), маральна-філасофскія праблемы (дабро і зло, ісціна і прыгажосць), «вечныя тэмы», спалучаныя з міфапаэтычнымі сэнсамі, і, нарэшце, арсенал мастацкіх форм, якія знаходзяць сабе прымяненне заўсёды і ўсюды».
  • Гармонія традыцый і наватарства як пачаткаў узаемадапаўняльных -- важнейшая ўмова плённай і маштабнай літаратурнай творчасці. Для літаратуры і мастацтва з'яўляецца малапрадуктыўным (калі не згубным), з аднаго боку, культ самадастатковага наватарства, «творчасці з нічога», разумовага эксперыментавання, а з другога, кансервацыя традыцый, звужэнне іх да традыцыйнасці, недавер да новага, што ў канчатковым выпадку вядзе да эпігонства.
  • 1.3 Літаратурныя сувязі і ўплывы
  • Літаратурныя сувязі і ўплывы з'яўляюцца неад'емным кампанентам і надзвычай істотным фактарам літаратурнага працэсу, адыгрываючы ў ім вельмі важную ролю.
  • У агульнай сістэме літаратурных сувязей В. Рагойша вылучае тры іх асноўныя разнавіднасці: кантактныя, генетычныя і тыпалагічныя.
  • Пад кантактнымі літаратурнымі сувязямі «маюцца на ўвазе ўсе формы непасрэдных сувязей: пераклад мастацкі, асабістыя сувязі пісьменнікаў, крытычныя водгукі аднаго аўтара на другога і г. д.». Генетычныя сувязі ўтвараюць наследаванні, уплывы, запазычанні. Пісьменнікамі-папярэднікамі ствараюцца пэўныя ідэйна-мастацкія традыцыі, якія потым могуць выяўляцца ў творчасці пісьменнікаў наступных пакаленняў у выглядзе ўплыву, а то і прамога запазычання, «пры якім захоўваюцца асноўныя, дамінантныя рысы першакрыніцы, хоць твор мае самастойнае значэнне». Тут варта нагадаць паняцце «рэмінісцэнцыя», аб якім у нас ішла гаворка пры разглядзе моўна-стылёвых асаблівасцей твора. Пад тыпалагічнымі літаратурнымі сувязямі падразумяваюцца «ідэйна-мастацкія супадзенні ў літаратуры розных народаў, абумоўленыя не ўплывам аднаго народа на другі, а блізкасцю іх жыццёвых абставін, цыклічнасцю развіцця мастацкай культуры».
  • Працэс ажыццяўлення літаратурных сувязей, іх непасрэднага выяўлення даволі складаны і своеасаблівы. Звычайна літаратура, якая дасягнула больш высокага ўзроўню ў сваім развіцці, аказвае пэўны ўплыў на другія, як правіла, суседнія літаратуры. Такім можна лічыць уплыў італьянскага Адраджэння ХV-ХVІ стст., французскага класіцызму ХVІІ ст., англійскага і французскага Асветніцтва ХVІІІ ст., нямецкага, а затым англійскага і французскага рамантызму пач. ХІХ ст., англійскага і французскага, а затым рускага рэалізму ХІХ ст. на літаратуры розных краін. Калі звярнуцца да гісторыі беларускага прыгожага пісьменства, і асабліва ў ХІХ -- пачатку ХХ стст., то на яго развіццё аказвалі даволі істотны ўплыў больш высокаразвітыя руская і польская літаратуры. Адваротных выпадкаў практычна не назіраецца. Разам з тым могуць мець месца моманты, калі больш раннія формы і стылі праз даволі працяглы час пасля свайго сыходжання з літаратурна-мастацкай авансцэны пачынаюць аказваць істотны ўплыў на навейшую літаратуру. У якасці прыкладу можна прывесці незвычайную цікавасць рамантыкаў да фальклору; іх жа, рамантыкаў, а таксама рэалістаў да У. Шэкспіра, і г. д. Самым жа яркім прыкладам пацвярджэння дадзенага тэзіса будзе ўказанне на творчае пераасэнсаванне антычных традыцый на працягу ўсёй гісторыі развіцця еўрапейскай культуры.
  • У сітуацыі ўплываў, а то і прамых літаратурных запазычанняў роля «ўспрымальніка» далёка не пасіўная: як правіла, успрыманне дыктуецца ўнутранымі патрэбамі дадзенай літаратуры, яе, як трапна выразіўся ў свой час А-р Весялоўскі, «сустрэчнымі тэндэнцыямі» і асаблівасцямі эвалюцыі. «Узаемадзеянне ўплыву з «сустрэчнымі тэндэнцыямі» прыводзіць да творчай перапрацоўкі вопыту другіх літаратур і разам з тым -- да барацьбы са знешнім перайманнем, да прабуджэння творчых сіл нацыі, абвастрэння цікавасці да народных асноў мастацтва».
  • У цэлым літаратурныя сувязі і ўплывы адыгрываюць у гісторыі культуры прадуктыўную ролю, бо прыводзяць, як правіла, да істотнага паскарэння літаратурнага працэсу ў тых краінах, якія па нейкіх прычынах адсталі ў сваім развіцці, дапамагаюць перадачы і засваенню перадавога мастацкага вопыту, робяць літаратурнае жыццё больш разнастайным і цікавым. Яны складаюць «важнейшы фактар станаўлення і ўмацавання сімфанічнага адзінства рэгіянальных і нацыянальных літаратур».
  • 1.4 Рэгіянальная і нацыянальная спецыфіка літаратуры
  • Несумненна (а на гэта ўжо пэўным чынам указала прыведзеная намі ў папярэднім пытанні цытата з падручніка В. Халізева), што літаратура валодае рэгіянальнай спецыфікай. Так, існуюць надзвычай істотныя адрозненні паміж культурамі (і, у прыватнасці, літаратурамі) двух вялізных рэгіёнаў -- Захаду (Еўропы) і Усходу (Індыі, Кітая і інш. краін Паўднёва-Усходняй Азіі). Арыгінальныя і самабытныя рысы прысутнічаюць таксама ў літаратурах Лацінскай Амерыкі, Блізкага Усходу, Далёкага Усходу, Заходняй і Усходняй Еўропы (пераважна славянскай яе часткі).
  • Не падвяргаецца таксама сумненню і той факт, што ёсць свая спецыфіка і ў кожнай нацыянальнай літаратуры. Больш-менш спрактыкаваны чытач, не кажучы ўжо пра даследчыкаў і крытыкаў, можа ўказаць на адрозненні па цэламу шэрагу параметраў паміж творамі такіх блізкіх і прыналежных да аднаго рэгіёна літаратур, як, напрыклад, нямецкая і англійская, французская і італьянская, польская і чэшская, руская і ўкраінская (заўважым, што ўсе параўноўваемыя пары літаратур ствараюцца на мовах, што належаць да адной сям'і). Кожная з нацыянальных літаратур у складзе сусветнага прыгожага пісьменства валодае пэўнай унікальнасцю і яскрава выражанымі індывідуальнымі рысамі. Нават у сітуацыях агульных вытокаў, адзінага генетычнага кораня, як, напрыклад, ва ўсходніх славян. Наяўнасць нацыянальнай спецыфікі ў кожнай з літаратур свету -- свайго роду аксіёма, якая не патрабуе доказу.
  • 1.5 Стадыяльнасць літаратурнага развіцця. Асноўныя стадыі-этапы ў гісторыі сусветнага прыгожага пісьменства
  • У літаратуразнаўстве ўжо даволі даўно стала своеасаблівай аксіёмай сцверджанне, што сусветная літаратура валодае стадыяльнасцю ў сваім развіцці. Стадыі сусветнага літаратурнага працэсу звычайна суадносяцца з асноўнымі этапамі сацыяльна-гістарычнага і культурнага развіцця чалавецтва. У сувязі з гэтым вылучаюцца літаратуры старажытныя, сярэдневяковыя і -- літаратуры Новага часу з іх уласнымі этапамі (услед за Адраджэннем -- барока, класіцызм, Асветніцтва з яго сентыменталісцкім адгалінаваннем, рамантызм і, урэшце, рэалізм, з якім з канца ХІХ ст. суіснуе і даволі паспяхова канкурыруе мадэрнізм.
  • Прыведзеная намі вышэй традыцыйная схема сусветнага літаратурнага працэсу з'яўляецца, на думку В. Халізева, недасканалай, бо «з'арыентавана ў асноўным на заходнееўрапейскі культурна-гістарычны вопыт», хварэе на «еўропацэнтрызм». Па гэтай прычыне ён прапаноўвае ўзяць на ўзбраенне новую канцэпцыю расійскіх вучоных, выкладзеную ў калектыўным артыкуле 1994 г. «Катэгорыі паэтыкі ў змене літаратурных эпох». Дадзеная канцэпцыя дапаўняе, а месцамі і пераглядае звыклыя ўяўленні аб стадыях літаратурнага развіцця. «У ёй у большай меры, чым раней, улічваюцца, па-першае, спецыфіка славеснага мастацтва і, па-другое, вопыт нееўрапейскіх рэгіёнаў і краін».
  • Згодна з калектыўнай канцэпцыяй расійскіх вучоных, у сусветным літаратурным працэсе вылучаюцца тры стадыі.
  • Першая стадыя -- гэта архаічны перыяд, на працягу якога панавала фальклорная традыцыя. На дадзеным этапе міфапаэтычная мастацкая свядомасць пераважае над усім. Акрамя таго, ён характарызуецца адсутнасцю рэфлексіі (разважанняў) над слоўным мастацтвам, а па гэтай прычыне ў ім няма ні літаратурнай крытыкі, ні тэарэтычных штудый, ні мастацка-творчых праграм. Усё гэта якраз і з'яўляецца на другой стадыі, пачатак якой паклала літаратурнае жыццё Старажытнай Грэцыі сярэдзіны І тысячагоддзя да н. э. Дадзены этап у сусветнай літаратуры працягваўся аж да сярэдзіны ХVІІІ cт. Ён адзначаны ў першую чаргу перавагай традыцыяналізму мастацкай свядомасці і «паэтыкі стылю і жанру»: пісьменнікі арыентаваліся, як правіла, на зараней выпрацаваныя, гатовыя формы мовы ў адпаведнасці з нормамі рыторыкі і былі практычна поўнасцю залежнымі ад жанравых канонаў. У рамках другой стадыі, у сваю чаргу, вылучаюцца два этапы, мяжой паміж якімі з'яўляецца Адраджэнне (зазначым, што гаворка тут ідзе пераважна аб еўрапейскай мастацкай культуры). На другім з гэтых этапаў, які прыйшоў на змену сярэднявеччу, літаратурная свядомасць робіць крок ад безасабовага пачатку да асабовага (хоць яшчэ і ў рамках традыцыяналізму); літаратура ў большай сваёй масе становіцца свецкай.
  • І, нарэшце, на трэцяй стадыі, якая пачалася з эпохі Асветніцтва, на авансцэну выходзіць «індывідуальна-творчая свядомасць». З гэтага часу ў літаратуры дамінуе «паэтыка аўтара», а не жанру і стылю. На дадзеным этапе літаратура, як ніколі раней, збліжаецца з непасрэдным і канкрэтным быццём чалавека, пранікаецца яго турботамі, думкамі, пачуццямі. Наступае эпоха індывідуальна-аўтарскіх стыляў; літаратурны працэс у сваім развіцці абумоўліваецца ў першую чаргу пісьменнікамі, а таксама акаляючай іх рэчаіснасцю.
  • 1.6 Асноўныя этапы літаратурнага працэсу на Беларусі, найбольш характэрныя асаблівасці яго працякання
  • Як адзначае П. Дзюбайла, «літаратурны працэс на Беларусі складваўся спецыфічна .... Ужо ў ХVІ-ХVІІ стст. беларуская літаратура дасягнула значнага ўзроўню, хоць да сярэдзіны ХІХ ст. гаварыць пра літаратурны працэс можна толькі ўмоўна, бо ён быў вельмі разрэджаны, перарывісты ў сувязі з невялікай колькасцю літаратурных фактаў і з'яў». І толькі ў 2-й палове ХІХ ст. нацыянальны літаратурны працэс набыў выразныя рысы ў сувязі з прыходам у літаратуру В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча і некат. інш. пісьменнікаў. З гэтага часу, а яшчэ больш заўважальна -- з пачатку ХХ ст. -- пачалося паскоранае развіццё беларускай літаратуры. «Сцяжэнне, накладванне з'яў аднаго літаратурнага плана, аднаго метаду на іншыя, перамешванне розных тэндэнцый характэрны для гэтага перыяду». Даволі своеасабліва, напрыклад, спалучаліся рысы рэалізму, рамантызму (неарамантызму), сімвалізму ў творчасці Я. Купалы, Цёткі, М. Багдановіча, М. Гарэцкага, Л. Родзевіча, З. Бядулі і інш. аўтараў. Цікава і ў многім паказальна, што набраны тэмп у развіцці беларускага прыгожага пісьменства крыху сцішылі, але не перапынілі зусім Першая сусветная і Грамадзянская войны. У 1920-я гг. літаратурны рух на Беларусі (і ў першую чаргу ў Савецкай яе частцы) наогул набыў незвычайны размах. Актыўную (хоць і не заўсёды адназначна станоўчую) ролю адыгралі ў літаратурным жыцці 1920-х гг. літаратурныя аб'яднанні «Маладняк», «Узвышша», «Полымя». У канцы 1920-х гг. пачаўся спад у літаратурным развіцці на Беларусі, вызваны станаўленнем культу асобы і пачаткам барацьбы з «нацдэмамі». Наступнае дзесяцігоддзе ў літаратурным жыцці Савецкай Беларусі можна ўмоўна назваць «глухім». Хоць, зазначым, развіццё літаратуры поўнасцю не прыпынілася. Проста яна стала іншага гатунку. Вядомы айчынны тэкстолаг і гісторык літаратуразнаўства М. Мушынскі на падставе цэлага шэрагу фактаў указвае на ледзь-ледзь заўважальнае ажыўленне ў нацыянальным літаратурным працэсе, і ў першую чаргу ў літаратурна-крытычным яго складніку, у самым канцы 1930-х -- пачатку 1940-х гг. (дарэчы, штосьці падобнае, зноў жа згодна з М. Мушынскім, адбылося ў першыя пасляваенныя гады). Адной з цікавых асаблівасцей развіцця прыгожага пісьменства на Беларусі ў 1920-1930-х гг. з'яўлялася паралельнае існаванне не тое, каб надта ўжо і адрозных, аднак усё-такі і не зусім падобных адна на другую літаратур -- беларускай савецкай і заходнебеларускай. Вядома, шляхі іх вельмі часта перакрыжоўваліся, аднак развіваліся яны ўсё-такі адносна самастойна.
  • У другой палове 1950-х гг. у сувязі з «хрушчоўскай адлігай» літаратурны працэс пачаў набіраць хуткасць, становячыся пры гэтым больш шмагранным, глыбокім і ўсеабдымным. Дзякуючы творчым намаганням лепшых айчынных майстроў слова (В. Быкава, І. Мележа, І. Шамякіна, І. Навуменкі, У. Караткевіча, М. Танка, А. Куляшова, А. Макаёнка, П. Панчанкі і інш.), беларуская літаратура выйшла на ўсесаюзны, еўрапейскі, а месцамі і на сусветны ўзровень. Істотна пашырыліся яе тэматычныя гарызонты, непараўнальна выраслі і ўзбагаціліся жанравая і стылёвая палітры.
  • Адназначна можна сцвярджаць, што ў канцы 1980-х гг. у сувязі з вядомымі падзеямі ў нашай былой агульнай краіне, СССР, пакрысе пачалі адбывацца даволі істотныя змены і ў асаблівасцях працякання нацыянальнага літаратурнага працэсу.
  • СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
  • 1. Арочка М.М., Дзюбайла П.К., Лаўшук С.С. На парозе 90-х. Літаратурны агляд.--Мн., 1993.
  • 2. Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры: У 2 т.-- Мн., 19681969.-- Т. 12.
  • 3. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст.: У 4 т.-- Мн., 19992003.-- Т. 14.
  • 4. Гніламёдаў У.В. Ад даўніны да сучаснасці.-- Мн., 2001.
  • 5. Дзюбайла П.К. Літаратурны працэс // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.-- Мн., 1986.-- Т. 3.
  • 6. Ідэйна-тэарэтычныя пытанні сучаснага літаратурнага працэсу.-- Мн., 1987.
  • 7. Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасць.-- Мн., 1975.
  • 8. Каваленка В.А. З пазіцый сучаснасці (агульны працэс літаратурнага развіцця).-- Мн., 1982.
  • 9. Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы: Агульны рух і галоўныя тэндэнцыі.-- Мн., 1972.
  • 10. Лаўшук С.С. Сучасная беларуская драматургія.-- Мн., 1977.
  • 11. Лаўшук С.С. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я пач. 30-х гг.).-- Мн., 1984.
  • 12. Лаўшук С.С. Кандрат Крапіва і беларуская драматургія.-- Мн., 1986.
  • 13. Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства (2030-я гады).-- Мн., 1975.
  • 14. Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства (40-я першая палова 60-х гадоў).-- Мн., 1985.
  • 15. Рагойша В. Літаратурны працэс // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапаможнік.-- Мн., 2001.
  • 16. Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд).-- Мн., 1961.
  • 17. Хромчанка К. Беларуская мастацкая проза (канец ХІХ пачатак ХХ ст.).-- Мн., 1979.
  • 18. Ярош М.В., Бечык В.Л. Беларуская савецкая лірыка.-- Мн., 1979.
  • Размещено на Allbest.ru

Подобные документы

  • Асаблівасці станаўлення і асноўныя прыкметы ўласнабеларускай старажытнай літаратуры на пачатковым этапе яе развіцця. Летапіс як найбольш значный жанр беларускай літаратуры XV — пачатку XVI ст. Арыгінапьны твори жанра царкоўна-рэлігійнага пісьменства.

    курсовая работа [44,0 K], добавлен 24.02.2011

  • Асаблівасці развіцця і галоўныя тэмы беларускай паэзіі 20-х гадоў, яркія прадстаўнікі дадзенага перыяду і аналіз іх твораў. Значэнне жаночай паэзіі ў дадзеным літаратурным перыядзе, яе лірызм. Характэрныя асаблівасці чаротаўскай авангардысцкай паэтыкі.

    реферат [51,0 K], добавлен 25.03.2011

  • Дзіцячыя гады Міхася Лынькова. Арганізацыя ліпініцкага партызанскага атрада у 1918. Апісанне жыццёвых даляглядаў прадстаўнікоў моладзі. Праблема калектывізацыі у творах пісьменніка. Станаўленне творчай індывідуальнасці Пятрусь Броўка і яго творы.

    контрольная работа [40,6 K], добавлен 06.03.2011

  • Дэфініцыя і спецыфіка паняцця "лірычная проза". Традыцыі лірычнай прозы ў беларускай літаратуры. Вызначыня моўна-стылёвыя асаблівасці лірычнай прозы Ул. Караткевіча. Асноўныя вобразныя сродкі. Даследаванне эсэ, лістоў, крытычных артыкулаў і нарысаў.

    курсовая работа [45,4 K], добавлен 20.06.2009

  • Літаратурны твор – прадукт своеасаблівай, немеханічнай дзейнасці чалавека, створаны з дапамогай творчых высілкаў. Агульнае паняцце аб мастацкім творы і асаблівасцях яго складу. Кампаненты-складнікі ўласна змястоўнага пласту твора. Тэма, праблема, ідэя.

    реферат [28,2 K], добавлен 06.03.2011

  • Літаратура адзін з асноўных відаў мастацтва, її главні роды і жанры. Сучасная беларуская паэзія: її асноўныя тэндэнцыі развіцця. Мастацкія асаблівасці вершаў А. Хадановіча ў кантэксце існавання сучаснай беларускай паэзіі. Лімерыкі А. Хадановіча.

    курсовая работа [57,8 K], добавлен 21.11.2013

  • Асаблівасці адлюстравання падзей Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай драматургіі 40 -50-х гадоў ХХ ст. Асаблівасці сэнсаўтварэння і ідэйная пазіцыя аўтараў. Спецыфіка адлюстравання падзей Вялікай Айчыннай вайны ў творах І. Чыгрынава, М. Матукоўскага.

    дипломная работа [94,8 K], добавлен 16.05.2015

  • Сімвалічная функцыя міфалагічных персанажаў у паэзіі Янкі Купалы. Асаблівасці стварэння Купалам міфа пра гаротную Беларусь. Адметнасці мадэлявання савецкага міфа пра Беларусь. Сюжэты беларускай міфалогіі і легендарнай гісторыі беларускага народа.

    дипломная работа [116,4 K], добавлен 13.06.2016

  • Асаблівасці і прынцыпы развіцця філасофска-сімвалічнай паэмы. Сінтэз і сімвал - асноўныя сродкі мастацкага ўспрымання і прайграванні рэальнасці. Тыпалогія філасофска-сімвалічнай паэмы на прыкладзе супастаўлення тэкстаў "Страчанага Рая" і "Каіна".

    дипломная работа [77,2 K], добавлен 28.05.2012

  • Нацыянальная драматургія ў Беларусі у XIX-XX ст. Перыяд легалізацыі беларускай адраджэнскай справы. Прапагандысцкая нацыянальная тэндэнцыйнасць у п'есах беларускіх драматургаў пачатку XX ст. Светапоглядныя та грамадзянскія пазіцыі Ф. Аляхновіча.

    реферат [33,1 K], добавлен 10.12.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.