Месца і роля фразеалагізмаў у мове драматычных твораў А. Макаёнка

Марфалагічная характарыстыка фразеалагізмаў, іх функцыянальная нагрузка, значэнне і тыпы. Выяўленне фразеалагізмаў ў мове драматычных твораў А. Макаёнка, іх стылістычныя функцыі. Фразеалагізмы са структурай спалучэння слоў, сказа, словазлучэння.

Рубрика Иностранные языки и языкознание
Вид дипломная работа
Язык белорусский
Дата добавления 26.05.2013
Размер файла 101,7 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Выклічнікавыя фразеалагізмы не маюць граматычных значэнняў роду, ліку, склону, часу, асобы і г. д. Яны нязменныя, сінтаксічна не звязваюцца са структурай сказа і не з'яўляюцца членамі сказа.

Выклічнікавыя фразеалагізмы складаюць невялікую, толькі 15 адзінак, але вельмі разнастайную групу, якая прадстаўлена фразеалагізмамі эмацыянальнымі, эмацыянальна-валявымі, пабуджальнымі, фразеалагізмамі-пажаданнямі, фразеалагізмамі моўнага этыкету і фразеалагізмамі-клятвамі.

Выклічнікавыя фразеалагізмы вельмі экспрэсіўныя, яны надаюць мове герояў свежасць, сакавітасць, яркасць і выразнасць.

1.1.7 Фразеалагізмы, несуадносныя з часцінамі мовы

Як ужо гаварылася, апрача фразеалагізмаў, суадносных з пэўнымі часцінамі мовы, у тэкстах драматычных твораў А. Макаёнка сустракаецца нямала выразаў (41 адзінка), якія нельга супаставіць з тым ці іншым словам. Напрыклад, фразеалагізм танцаваць пад дудку чыю, каго абазначае `ва ўсім падпарадкоўвацца каму-небудзь, выконваць чыю-небудзь волю' і не можа быць суаднесены з якой-небудзь часцінай мовы. Можна было б сказаць, што гэты фразеалагізм дзеяслоўны па стрыжнёваму слову `падпарадкоўвацца', але гэты дзеяслоў не ў поўнай меры адлюстроўвае сэнс фразеалагізма: танцаваць пад дудку - не проста падпарадкоўвацца, а падпарадкоўвацца поўнасцю, безагаворачна выконваць чыю-небудь волю.

Толькі ў параўнальна рэдкіх выпадках такія фразеалагізмы структурна арганізаваныя як словазлучэнні (дулю пад нос каму - `зусім нічога не даць, не атрымаць', светлая галава ў каго - `хто-небудзь ясна і лагічна мысліць, разважае', каша ў галаве ў каго - `хто-небудзь блытана разважае, не мае яснасці ў разуменні чаго-небудзь') або як спалучэнне слоў (не гарыць у каго - `няма ніякіх прычын спяшацца'). Звычайна ж несуадносныя выразы маюць адкрытую, незамкнёную структуру сказа і “патрабуюць інфарматыўнай падтрымкі” з боку залежных слоў найчасцей “са значэннем асобы, якая выступае ў ролі лагічнага суб'екта” [4, с. 208]. Гэтыя фразеалагізмы характарызуюць дзеянне або стан асобы ці прадмета, і іх рэалізацыя ў маўленні, за рэдкім выключэннем, немагчымая без дапаўнення іх назвай суб'екта ва ўскосных склонах: паказаць дзе ракі зімуюць каму, на лбе напісана ў каго, лавіць на слове каго і інш.

Сэнсавы змест несуадноснага фразеалагізма раскрываецца з дапамогай прэдыкатыўнага словазлучэння, у складзе якога ролю граматычнага ці лагічнага дзейніка выконвае няпэўны займеннік: падвесці пад манастыр каго - `хітрасцю, падманам ставіць каго-небудзь у цяжкае, непрыемнае становішча', нібы ветрам здзьмула каго - `хто-небудзь бясследна, імгненна знік, схаваўся', чорт прынёс каго - `хто-небудзь недарэчы, не ў пару прыходзіць, з'яўляецца'.

Часам фразеалагізмы гэтага тыпу называюць дзеяслоўна-іменнымі або дзеяслоўна-прапазіцыянальнымі [5, с. 143], дзеяслоўна-прэпазітыўнымі [6, с. 90]. Разглядаючы несуадносныя фразеалагізмы паводле іх семантычнай накіраванасці, можна бачыць, што адны з іх характарызуюць толькі чалавека, другія - толькі прадметы, трэція - чалавека і прадметы. Адпаведна з гэтым фразеалагізмы можна падзяліць на тры групы: суб'ектныя, аб'ектныя і суб'ектна-аб'ектныя [1, с. 142].

Пераважаюць суб'ектныя фразеалагізмы. Так, выраз прышчаміць хвост (каму) абазначае `прымушаць каго-небудзь падпарадкоўвацца; ствараць цяжкае, бязвыхаднае становішча' і заўсёды дастасоўваецца толькі да асобы. Суб'ектныя фразеалагізмы ў сваю чаргу ў залежнасці ад таго, што яны абазначаюць, падзяляюцца на дзве падгрупы.

У першую падгрупу ўваходзяць выразы з агульным значэннем дзеяння, якое зведвае ці адчувае асоба: лавіць на слове каго - `скарыстаўшы пачутае, прымушаць каго-небудзь выканаць абяцанае, казанае': Э-э, не-не-не, Містэр Хартлі, вы мяне не лавіце на слове [3, с. 294]; паказаць дзе ракі зімуюць каму - `жорстка пакараць, правучыць каго-небудзь так, каб не захацелася паўтарыць што-небудзь яшчэ раз': Вот і яна зараз пакажа яму дзе ракі зімуюць[3, с. 216]; чорт прынёс каго - `хто-небудзь недарэчы, не ў пару прыходзіць, з'яўляецца': Які чорт яго прынёс? [3, с. 109]; нібы (быццам) ветрам здзьмула (вымела) каго - `хто-небудзь бясследна, імгненна знік, схаваўся': Іх нібы ветрам здзьмухнула [3, с. 90], Бусько і Сілана быццам ветрам вымела [2, с. 149]; падвесці пад манастыр каго - `хітрасцю, падманам ставіць каго-небудзь у цяжкае, непрыемнае становішча': Тут могуць падвесці пад манастыр [3, с. 89]; жыўцом з'есці каго - `замучыць, загубіць нападкамі, ганеннем': Жыўцом яго з'есці хочаш? [3, с. 69]; з'есці не адзін пуд солі з кім - `пражыць доўгі час разам, сябраваць': Колькі год поруч з табой, не адзін пуд солі разам з'елі, а не знаў, што ты жывеш з гэткім размахам! [3, с. 61]; даваць прыкурыць каму - `сурова распраўляцца з кім-небудзь, біць, караць каго-небудзь': Вот я хутка асілю яго “Капітал”, тады я вам сам буду даваць прыкурыць. Тэарэтычна прыкурыць [3, с. 58]; перабягаць дарогу каму - `перашкаджаць каму-небудзь, апярэджваючы ў чым-небудзь': Перабег ён, гад, дарогу [3, с. 37]; вазіць ваду на кім - `абцяжарваць каго-небудзь непасільнай, зневажальнай работай': Будзе яна ваду вазіць на ім [3, с. 30]; вяроўкі віць з каго - `паступаць з кім-небудзь так, як хочацца, поўнасцю падпарадкоўваць сабе каго-небудзь': Каторая тут хоча вяровачкі віць [3, с. 11], Не ўсё кату масленіца. Папакруціў ён з мяне вяроўкі [3, с. 158]; лавіць за руку каго - `выкрываць з доказамі злачынства': Як заўважыць каторага, тут жа ловіць яго за руку ды сюды, у калгас, ды на пасаду кладаўшчыка ці касіра… [2, с. 179]; збіваць з панталыку каго - `выклікаць замяшанне, разгубленасць; заблытваць': Пачакай, Максім! Не збівай з панталыку… [2, с. 239]; насыпаць солі на хвост каму - `моцна дапячы, зрабіць непрыемнасць': А што я яму? На хвост солі насыпала? [2, с. 236]; задаць перцу каму - `сурова распраўляцца з кім-небудзь, бязлітасна біць каго-небудзь, караць': Вы яму задайце перцу [2, с. 171]; падкласці свінню каму - `цішком падстройваць непрыемнасць, подласць каму-небудзь': Якую ж ты мне свінню падлажыў! [2, с. 140]; Арабы такую свінню падклалі [3, с. 104]; прышчаміць хвост (хвасты) каму - `прымушаць каго-небудзь падпарадкоўвацца; ствараць цяжкае, бязвыхаднае становішча': Пакажыце, што выкрылі іх махінацыі, прышчаміце хвасты і … будзьце ўпэўнены… [2, с. 132]; сцерці ў парашок каго - `жорстка расправіцца з кім-небудзь, знішчыць каго-небудзь': Ды я цябе ў парашок сатру! [2, с.132], вылазіць бокам каму - `кепска канчацца для каго-небудзь, не праходзіць бясследна': Ты заўсёды так: табе нехта насоліць, а мне гэта бокам вылазіць [2, с. 95], Бокам бы ім вылезла мая вымова [2, с. 95], Бокам вылезе вам гэты дэпутат [2, с. 268]; гладзіць (пагладзіць) супраць шэрсці каго - `ні ў чым не дагаджаць, рабіць наперакор каму-небудзь': Значыць, у абкоме ўчора супраць шэрсці пагладзілі [2, с. 94], не даваць (не даць) спуску каму - `не патураць, не пакідаць без пакарання якія-небудзь дзеянні, учынкі': Ну, ён цяпер спуску не дасць [2, с. 93].

Другая падгрупа аб'ядноўвае фразеалагізмы з агульным значэннем стану, у якім знаходзіцца асоба: на лбе напісана ў каго - `адразу па знешнім выглядзе разбярэш, што гэта за чалавек': Верачка. У яго на лбе напісана. Не бачыла? Метка такая - на самым лбе! Высечана, як на дубе! [3, с. 222], зубы з'еў на чым - `мае вялікі вопыт, навыкі ў чым-небудзь': А я ўжо зубы з'еў на такіх арэхах [3, с. 212], залатыя рукі ў каго - `хто-небудзь вельмі ўмелы і спрытны ў сваёй справе чалавек': У яго залатыя рукі [3, с. 196], хоць у лоб страляй каму - `немагчыма пераканаць каго-небудзь, растлумачыць каму-небудзь і пад.': А далей - хоць у лоб страляй - не выб'еш, не ўсё такое там, ён гарматы, мінамёты, армады падводных лодак, самалёты, базы будуе… [3, с. 114], сядзець у пячонках у каго, каму - `моцна раздражняць каго-небудзь, перашкаджаць, дакучаць каго-небудзь': У пячонках яны ў мяне сядзяць [3, с. 104], светлая галава ў каго - `хто-небудзь ясна і лагічна мысліць, разважае': Ты ведаеш, якая ў яго галава? Якая светлая! [3, с. 56]; Ёй светлая галоўка трэба [3, с. 190], пальцы ў рот не кладзі каму - `хто-небудзь такі, што можа пастаяць за сябе, з кім трэба быць асцярожным': Яму таксама пальцы ў рот не кладзі [3, с. 30], душа баліць у каго - `хто-небудзь моцна хвалюецца , адчувае трывогу, перажывае з-за чаго-небудзь': Душа баліць, таварыш Калібераў. Таму і да вас прыйшла. Дабро на полі гіне, дабро[, с. 145]; Душа баліць, а ты… [3, с. 17]; Не балела душа? Не крыўдна? Во як крыўдна! І цяпер баліць… [3, с. 19]; займае дух у каго - `каму-небудзь становіцца цяжка дыхаць (ад хвалявання, перажывання і пад.)': Каб ні ранкам, ні вечарам спакою не было, каб дух займала, каб дня не хапала, каб папрасіў суткі прадоўжыць! [3, с. 9], душа кіпіць у каго - `хто-небудзь ахоплены парывам пачуццяў, адчувае моцнае хваляванне': Васіль. І ўсё? І толькі? Не-е, Уладзімір Андрэевіч! Не! Работу мне па душы. Каб душа гарэла. Каб душа кіпела! [3, с. 9], Валодзя маўчыць, але відаць, што душа ў яго кіпіць” [2, с. 359]; вочы загарацца ў каго на што - `каму-небудзь моцна захацелася чаго-небудзь': А потым загарацца ў яго вочы на агуркі - стаў ад яго пугала і ў агародзе [2, с. 233], мароз па скуры (шкрабае) у каго - `у каго-небудзь узнікае непрыемнае пачуццё раптоўнага страху, хвалявання і пад.': Я слухаю, а мяне па спіне мароз шкрабае [2, с. 131], каша ў галаве ў каго - `хто-небудзь блытана разважае, не мае яснасці ў разуменні чаго-небудзь': У яго каша ў галаве [2, с. 334].

Аб'ектныя фразеалагізмы семантычна накіраваныя толькі на неадушаўлёныя прадметы, хоць у асобных выпадках ускосна могуць звязвацца і з асобай. У драматычных творах А. Макаёнка аб'ектныя фразеалагізмы амаль не сустракаюцца. З невялікай нацяжкай да гэтай групы можна аднесці фразеаалгізм камар носа не падточыць - `нельга прычапіцца да чаго-небудзь': Нам трэба вынесці гэтае пытанне на выканком так, каб і камар носа не падтачыў [3, с. 211].

Суб'ектна-аб'ектныя фразеалагізмы могуць адносіцца як да асобы, так і да неадушаўлёных прадметаў. Гэтыя фразеалагізмы даволі рэдка сустракаюцца ў драматычных творах А. Макаёнка: махнуць рукой на каго, на што - `перастаць звяртаць увагу на каго-небудзь, што-небудзь, перастаць цікавіцца кім-небудзь, чым-небудзь': Але ж не махнулі рукой, не сказалі - “прапашчы чалавек” [2, с. 96], браць (узяць) за жабры каго, што - `прымушаць паступаць пэўным чынам': На тваім бы месцы, я тваіх работнічкаў так узяла б за жабры, так бы іх прымусіла круціцца, што… [2, с. 95].

Прыкладна трэцяя частка несуадносных фразеалагізмаў належыць да зменных. Ім уласціва абмежаваная парадыгма. Носьбітам парадыгматычных формаў выступае дзеяслоўны кампанент. Зменнасць пашыраецца на пераважную большасць фразеалагізмаў са структурай двухсастаўнага сказа (неразвітага і развітага), а таксама на нешматлікія выразы некаторых іншых структурных мадэляў з дзеяслоўным кампанентам. Граматычная парадыгма абмяжоўваецца толькі катэгорыямі трывання і часу.

Катэгорыя трывання ахоплівае ўсе зменныя фразеалагізмы, але ўтварэнне трывальных пар у іх рэалізуецца неаднолькава.

Адны фразеалагізмы маюць суадносныя пары незакончанага і закончанага трывання. Да гэтых фразеалагізмаў належаць наступныя: лавіць (злавіць) на слове каго, загнаць (заганяць) у тупік каго, падвесці (падвадзіць) пад манастыр каго, жыўцом з'есці (есці) каго, даваць (даць) прыкурыць каму, намазоліць (мазоліць) вочы каму, перабягаць (перабегчы) дарогу каму, пальцы ў рот не кладзі (не пакладзі) каму, займае (заняло) дух у каго, душа кіпіць (закіпела) у каго, лавіць (злавіць) за руку каго, закручваць (закруціць) гайкі каму, збіваць (збіць) з панталыку каго, вывесці (вывадзіць) на чыстую ваду каго, падкласці (падкладваць) свінню каму, сцерці (сціраць) у парашок каго, браць (узяць) за жабры каго, што; вылазіць (вылезці) бокам каму, гладзіць (пагладзіць) супраць шэрсці каго, не даваць (даць) спуску каму, танцаваць (затанцаваць) пад дудку чыю, каго.

Другія фразеалагізмы належаць да няпарных, аднатрывальных. Толькі незакончанае трыванне маюць выразы вяроўкі віць з каго, душа баліць у каго, вазіць ваду на кім, сядзець у пячонках у каго, хоць у лоб страляй каму. Не маюць парных адпаведнікаў і ўжываюцца толькі ў закончаным трыванні фразеалагізмы зубы з'еў на чым, камар носу не падточыць, чорт прынёс каго, нібы ветрам здзьмула, з'есці не адзін пуд солі з кім, насыпаць на хвост солі каму, вочы загарацца ў каго, на што, прышчаміць хвост каму, махнуць рукой на каго.

Фразеалагізмы, якія могуць утвараць трывальныя пары, рэалізуюцца ў тэкстах драматычных твораў А. Макаёнка ў розных часавых формах. У форме цяперашняга часу рэалізуюцца фразеалагізмы ў наступных кантэкстах: Ты і танцуеш пад яго дудку [2, с. 320]; Ты заўсёды так: табе нехта насоліць, а мне гэта бокам вылазіць [2, с. 95]; Як заўважыць каторага, тут жа ловіць яго за руку ды сюды, у калгас, ды на пасаду кладаўшчыка ці касіра…Ну, а там рука руку мые… [2, с. 179]. Таксама гэтыя фразеалагізмы могуць рэалізоўвацца ў прошлым часе: Вот загналі народ у тупік [3, с. 115]; Гудзіш над вухам, як камар. І вочы намазоліў [3, с. 38]; Перабег ён, гад, дарогу [3, с. 37]; Якую ж ты мне свінню падлажыў! [2, с. 140]; Значыць, у абкоме ўчора супраць шэрсці пагладзілі [2, с. 94]. Некаторыя фразеалагізмы рэалізаваліся ў тэкстах у будучым часе: Ну, ён цяпер спуску не дасць [2, с. 93]; Ды я цябе ў парашок сатру!” [2, с. 132]; Я вас выведу на чыстую ваду… [2, с.144]; Жыўцом яго з'есці хочаш? [3, с. 69]; Тут могуць падвесці пад манастыр [3, с. 89]. Таксама будучы час можа раэлізоўвацца з дапамогай складанай формы: Вот я хутка асілю яго “Капітал”, тады я вам сам буду даваць прыкурыць. Тэарэтычна прыкурыць [3, с. 58]. У значэнні будучага часу могуць выступаць фразеалагізмы са стрыжнёвым кампанентам-дзеясловам, які мае фармальны паказчык прошлага часу (суфікс -л-): Каб душа гарэла. Каб душа кіпела! Не службу за рубель, а дзела! І такое дзела, каб разгон быў, каб прастор быў марам маім! Каб ні ранкам, ні вечарам спакою не было, каб дух займала, каб дня не хапала, каб папрасіў суткі прадоўжыць! [3, с. 9].

Няпарныя фразеалагізмы закончанага трывання ўжываюцца ў прошлым і будучым простым часе: Але ж не махнулі рукой, не сказалі - “прапашчы чалавек” [2, с. 96]; Пакажыце, што выкрылі іх махінацыі, прышчаміце хвасты і … будзьце ўпэўнены… [2, с. 132]; А потым загарацца ў яго вочы на агуркі - стаў ад яго пугала і ў агародзе [2, с. 233]; А што я яму? На хвост солі насыпала? [2, с. 236]; Колькі год поруч з табой, не адзін пуд солі разам з'елі, а не знаў, што ты жывеш з гэткім размахам! [3, с. 61]; Які чорт яго прынёс? [3, с. 109]; Нам трэба вынесці гэтае пытанне на выканком так, каб і камар носа не падтачыў [3, с. 211]; А я ўжо зубы з'еў на такіх арэхах [3, с. 212].

Аднатрывальныя фразеалагізмы незакончанага трывання могуць ужывацца ва ўсіх трох часах (цяперашнім, прошлым і будучым складаным): Каторая тут хоча вяровачкі віць [3, с. 11]; Душа баліць, таварыш Калібераў. Таму і да вас прыйшла. Дабро на полі гіне, дабро[, с. 145]; Душа баліць, а ты… [3, с. 17]; Не балела душа? Не крыўдна? Во як крыўдна! І цяпер баліць… [3, с. 19]; Будзе яна ваду вазіць на ім [3, с. 30]; У пячонках яны ў мяне сядзяць [3, с. 104].

Зрэдку зменныя фразеалагізмы рэалізуюцца і ў форме ўмоўнага ладу: На тваім бы месцы, я тваіх работнічкаў так узяла б за жабры, так бы іх прымусіла круціцца, што… [2, с. 95]; Бокам бы ім вылезла мая вымова [2, с. 95].

Некаторыя зменныя фразеалагізмы рэалізуюцца ў тэксце ў форме загаднага ладу: Э-э, не-не-не, Містэр Хартлі, вы мяне не лавіце на слове [3, с. 294]; Пачакай, Максім! Не збівай з панталыку… [2, с. 239]; фразеалагізм хоць у лоб страляй ужываецца толькі ў форме загаднага ладу: А далей - хоць у лоб страляй - не выб'еш, не ўсё такое там, ён гарматы, мінамёты, армады падводных лодак, самалёты, базы будуе… [3, с. 114].

Фразеалагізмы, несуадносныя з часцінамі мовы займаюць значнае месца сярод усіх даследаваных намі фразеалагізмаў мовы драматычных тораў А. Макаёнка. Яны вельмі экспрэсіўныя, яркія. Аўтар часта звяртаецца да іх, бо яны дапамагаюць трымаць увагу чытача (а ў перспектыве і гледача), арганічна ўплятаюцца ў мову герояў.

1.2 Структурная характарыстыка фразеалагізмаў

Знешне, па сваёй будове фразеалагізмы падобныя або на разнастайнага характару злучэнні слоў, або на сказы. Напрыклад, як і ў адпаведным свабодным словазлучэнні, у фразеалагізме махнуць рукой (на каго, на што) граматычна галоўным структурным элементам выступае дзеяслоўны кампанент махнуць, які звязваецца з залежным ад яго кампанентам рукой сувяззю беспрыназоўнікавага кіравання (праўда, гэта сувязь толькі фармальная, а не сэнсавая). Гэта фразеалагізм са структурай словазлучэння.

Калі ж разглядаць фразеалагізм кот наплакаў, то можна бачыць, што ён структурна арганізаваны як сказ, у якім першы кампанент адпавядае дзейніку, другі - выказніку. Гэта фразеалагізм са структурай сказа.

У некаторых жа фразеалагізмах няма ні граматычна галоўнага, ні граматычна залежнага кампанента, напрыклад: ні жывы ні мёртвы, з галавы да ног, пад бокам, на вачах, як на пажар i пад. Гэта фразеалагізмы са структурай спалучэння слоў.

Значыць, фразеалагізмы паводле структуры суадносяцца: а) са словазлучэннямі (светлая галава, правая рука), б) са сказамі (паджылкі трасуцца, вочы загарацца і інш.), в) са спалучэннямі слоў (не ў галаве, і жук і жаба). Інакш кажучы, фразеалагізмы падзяляюцца на тры структурна-граматычныя разнавіднасці: фразеалагізмы-словазлучэнні, фразеалагізмы-сказы, фразеалагізмы-спалучэнні. Кожная разнавіднасць характарызуецца некалькімі структурнымі тыпамі, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на шэраг структурных мадэляў. За кожным фразеалагізмам замацавалася свая структура. Яна на ўзроўні нормы такая ж устойлівая і нязменная, як і семантыка фразеалагізма.

фразеалагізм марфалагічны стылістычны макаёнка

1.2.1 Фразеалагізмы са структурай словазлучэння

Гэта самая шматлікая структурна-граматычная разнавіднасць фразеалагізмаў. Выразы гэтай разнавіднасці ўтварыліся па структурных схемах усіх шасці тыпаў словазлучэння, вядомых у сінтаксісе, аднак адны з гэтых тыпаў і асабліва мадэляў сярод таго ці іншага тыпу, як будзе паказана ніжэй, вельмі пашыраныя, другія - менш прадуктыўныя, трэція - зусім рэдкія.

Паміж кампанентамі ў фразеалагізмах-словазлучэннях можа быць сувязь дапасавання (правая рука, светлая галава), кіравання (ламаць галаву, намыліць шыю, задаць перцу), прымыкання (жыўцом з'есці, пайсці ўгору). І праўда, такая сувязь носіць чыста фармальны характар і гэтым адрозніваецца ад сінтаксічнай сувязі ў свабодных словазлучэннях.

Самы пашыраны тып -- гэта фазеалагізмы, структурна арганізаваныя як дзеяслоўныя словазлучэнні.

Вельмі распаўсюджанымі ў драматычных творах А. Макаёнка з'яўляюцца двухкампанентныя фразеалагізмы, якія пераважна складаюцца з дзеяслова і назоўніка ва ўскосным склоне: глытаць жаб, скаліць зубы, праглынуць язык, прыкусіць язык, абліваць граззю, залівацца слязамі, вылазіць бокам, махнуць рукой, пускаць бурбалкі, адкруціць галаву, разводзіць сырасць, лавіць варон, прышчаміць хвост, падкласці свінню, малоць языком, разводзіць сырасць, вешаць галаву, задаць перцу, праглынуць язык, біць лынды, абламаць рогі, скаліць зубы, наламаць дроў, тачыць лясы, закручваць гайкі, вяроўкі віць, замятаць сляды, перамываць костачкі, вазіць ваду, пераводзіць дух, перабягаць дарогу, развесіць вушы, ламаць галаву, намазоліць вочы, драць скуру, зматваць вудачкі, круціць мазгамі, калоць вочы, даваць слова, круціць хвастом, зубы з'еў, часаць языком, біць адбой, дабраць розуму. Некаторыя двухкампанентныя фразеалагізмы арганізаваны як словазлучэнне з галоўным словам-дзеясловам і залежным словам іншай часцінай мовы (займеннік, прыслоўе, дзеепрыметнік): паказаць сябе, знайсці сябе, дыхаць лёгка, ісці (пайсці) угору, жыўцом з'есці, пахне смаленым.

Сярод трохкампанентных фразеалагізмаў пераважаюць словазлучэнні, арганізаваныя па схеме “дзеяслоў + прыназоўнік + назоўнік”: падняць на ногі, браць (узяць) за жабры, гладзіць па галоўцы, сцерці ў парашок, абуваць у лапці, вылазіць са скуры, з'ехаць з глузду, збіваць з панталыку, лавіць за руку, выцягнуцца ў нітку, прымаць да сэрца, адбіцца ад рук, падвесці пад манастыр, пускаць на вецер, лажыцца ў магілу, сядзець у пячонках, загнаць у тупік, матаць на вус, уводзіць у вушы, брацца за жываты, убіць у галаву, лавіць на слове, танцаваць пад дудку, брацца (узяцца) за розум, гладзіць (пагладзіць) супраць шэрсці, стаць поперак дарогі, абвесці вакол пальца.

Па схеме “дзеяслоў + назоўнік + назоўнік” арганізаваны наступныя фразеалагізмы: языком лапці падплятаць, сабакам сена касіць, прышый кабыле хвост, трымаць хвост трубой.

Па схеме “адмоўе не + дзеяслоў + назоўнік” арганізаваны фразеалагізмы: не спускаць вачэй, не даваць (не даць) спуску, кашы не зварыш.

Трохкампанентныя фразеалагізмы могуць быць арганізаваны і па схеме “дзеяслоў + займеннік + назоўнік”: скруціць сабе шыю (галаву), зламаць сабе шыю, валіць усе шышкі, здаваць свае пазіцыі.

Сярод фразеалагізмаў са структурай словазлучэння вылучаюцца і чатырох- і больш кампанентныя фразеалагізмы: не знаходзіць сабе месца, і пальцам не варухнуць, вывесці на чыстую ваду, трымаць язык за зубамі, як у ваду глядзеў, насыпаць солі на хвост, мяняць быка на індыка, трымаць камень за пазухай, на нагах ледзь трымацца, хоць у вуха кладзі, не на таго напалі, хоць у лоб страляй, да Масквы ракам не пераставіш, пальцы ў рот не кладзі, з'есці не адзін пуд солі, браць грэх на сваю душу, не бачыць белага свету.

Другі тып, таксама даволі пашыраны, -- гэта фразеалагізмы са структурай н а зоўнікавага словазлучэння. У гэтым структурным тыпе, як і ў папярэднім, найчасцей сустракаюцца двух- і трохкампанентныя фразеалагізмы.

Пераважная большасць двухкампанентных фразеалагізмаў утварылася па мадэлі “назоўнік у назоўным склоне + атрыбутыўнае слова”: вядомая рэч, чэснае слова, залатыя рукі, кара егіпецкая, востры язык, светлая галава, доўгі рубель, правая рука, рукі доўгія, непачаты край.

Прыведзеныя прыклады паказваюць, што звычайна ў выразах гэтай мадэлі, як і ў некаторых іншых падобных мадэлях, атрыбутыўнае слова, залежнае ад граматычна галоўнага кампанента-назоўніка, знаходзіцца ў прэпазіцыйным становішчы (“прыметнік + назоўнік”).

Па мадэлі “назоўнік ва ўскосным склоне + назоўнік ва ўскосным склоне” пабудаваны фразеалагізмы: скацеркай дарога, ход канём.

Трохкампанентныя фразеалагізмы прадстаўлены мадэлямі:

“назоўнік + назоўнік з прыназоўнікам”: кату пад хвост, кроў з носа, дулю пад нос, курам на смех, каша ў галаве, ціпун на язык;

“прыназоўнік + прыметнік + назоўнік”: пад гарачую руку, на сухі лес, з пустымі рукамі;

“назоўнік + лічэбнік + назоўнік”: галава два вухі, аднаго поля ягады.

Вылучаюцца трох-, чытырох- і пяцікампанентныя фразеалагізмы, якія пабудаваны па мадэлі параўнальнага звароту: як мыш пад венікам, як у бога за пазухай, як божы дзень, нібы снег на галаву.

Чытырохкампанентныя фразеалагізмы і канцы ў ваду, воўк у авечай шкуры таксама належаць да фразеалагізмаў са структурай словазлучэння з галоўным словам-назоўнікам.

Фразеалагізмы са структурай займеннікавага словазлучэння не з'яўляюцца вельмі распаўсюджанымі ў творах А. Макаёнка і не ўтвараюць рэгулярных мадэляў: сабе наўме, самі з вусамі, сам не свой.

Фразеалагізмы са структурай прыслоўнага словазлучэння. Сюды ўваходзяць і выразы з дзеепрыслоўным кампанентам як граматычна апорным словам: дагары нагамі. Як мы бачым, гэты тып прадстаўлены адзінкавым прыкладам у творах А. Макаёнка.

Фразеалагізмы са структурай словазлучэння з'яўляюцца самым пашыраным класам сярод фразеалагізмаў мовы твораў А. Макаёнка, даследаванах намі. Найбольш распасюджаны фразеалагізмы са структурай дзеяслоўнага словазлучэння, якія ўтвараюцца па самых розных мадэлях. Назоўнікавыя фразеалагізмы таксама даволі распаўсюджаны ў творах А. Макаёнка. Адзінкавымі прыкладамі прадстаўлены фразеалагізмы са структурай прыслоўнага і займеннікавага словазлучэння. Зусім не сустракаюцца фразеалагізмы са структурай лічэбнікавага словазлучэння.

1.2.2 Фразеалагізмы са структурай сказа

Фразеалагізмы гэтай разнавіднасці структурна арганізаваныя як сказы розных тыпаў.

Як двухсастаўны неразвіты сказ арганізаваны наступныя фразеалагізмы: душа баліць, душа кіпіць, паджылкі трасуцца, галава баліць, чорт прынёс, вочы загарацца.

Структуру двухсастаўнага развітага сказа маюць наступныя фразеалагізмы: нешта ў лесе здохла, камар носа не падточыць, бог ведае што, браць грэх на сваю душу, не на таго напалі, пальцы ў рот не кладзі, чорт ведае што, прышый кабыле хвост, ёсць галава на плячах, калі рак свісне, куды Макар цялят не ганяў, рука руку мые. Гэта найбольш распаўсюджаная група фразеалагізмаў са структурай сказа сярод даследаваных намі.

Структуру складаназалежнага сказа мае фразеалагізм: Паказаць дзе ракі зімуюць.

Структуру аднасастаўнага сказа маюць фразеалагізмы: пахне смаленым, займае дух, знайсці сябе, цямнее ў вачах, хоць у лоб страляй.

Фразеалагізмы са структурай сказа не вельмі пашыраны сярод фразеалагізмаў, даследаваных намі. Найбольш ужывальнымі сярод іх з'яўляюцца фразеалагізмы са структурай двухсастаўнага развітага сказа.

1.2.3 Фразеалагізмы са структурай спалучэння слоў

Фразеалагізмы са структурай спалучэння слоў не з'яўляюцца вельмі распаўсюджанымі ў творах А. Макаёнка. Сярод даследаваных намі фразеалагізмаў са структурай спалучэнняў слоў вылучаюцца некалькі тыпаў.

Першы тып - фразеалагізмы, утвораныя па структурнай схеме прыназоўнікава-склонавай формы назоўніка: пад ногаць, у лоб, у кусты, па горла, у мыле, на валаску.

Другі тып - фразеалагізмы са структурай п араўнальнага звароту. Іх састаўным кампанентам найчасцей з'яўляецца назоўнік у назоўным склоне ці ва ўскосных склонах з прыназоўнікам і без яго. Радзей ва ўтварэнні гэтых выразаў удзельнічае дзеяслоў, дзеепрыметнік і прыметнік: як аблупленага, як на далоні, як без рук, як вока, як смала, як вол.

Трэці тып - чатырохкампанентныя фразеалагізмы са структурай “часціца + назоўнік + часціца + назоўнік”: ні свет ні зара, ні пуху ні пяра.

Яшчэ ў адзін структурны тып можна вылучыць двух- і трохкампанентныя выразы, якія пачынаюцца ч а с ц і ц а й не ці ні. Другі кампанент гэтых выразаў - назоўнік з прыназоўнікам або без яго, зрэдку дзеяслоў: не гарыць, не на жарт, не па носе.

Фразеалагізмы са структурай спалучэння слоў не з'яўляюцца вельмі пашыраным класам сярод усіх фразеалагізмаў, ужытых А. Макаёнкам у сваіх творах, але сярод іх выразна вылучаюцца чатыры тыпы структуры.

2. Стылістычная характарыстыка фразеалагізмаў

2.1 Стылістычныя функцыі фразеалагізмаў

Многія мастацкія творы вылучаюцца значным багаццем фразеалагічных сродкаў, высокай насычанасцю фразеалагічнымі адзінкамі, эфектыўным іх выкарыстаннем,напрыклад, у аўтарскай мове А. Макаёнка сустракаем: “Акінуўшы вокам прысутных, адчуў, што “пахне смаленым”, і палез на самы верх лесачак” [2, с. 289], “І, як музыку, слухае тое, што чытае з вялікага аркуша яго памочнік і правая рука - Цесакоў” [2, с. 249]; або ў мове персанажа, што найчасцей сустракаецца ў драматычных творах А. Макаёнка: “Ух ты… які ты!.. (Какетліва.) Вачэй не адвесці!..” [2, с. 238]; “Пачакай, Максім! Не збівай з панталыку…” [2, с. 239]; “Ну і хай едзе. Скацеркай дарога” [2, с. 270]; “Што я вам, поперак дарогі стаў? Не стаў” [2, с. 280].

Зразумела, ніякай меркі, што акрэслівае, колькі фразеалагізмаў можна ўжываць, няма і не павінна быць. Тут самае галоўнае, з якой натуральнасцю і ідэйна-мастацкай матываванасцю яны ўводзяцца ў тэкст. Пры ўжыванні гэтых моўных самацветаў нельга, аднак, кіравацца вядомай прыказкай «кашу маслам не сапсуеш», бо фразеалагічная перанасычанасць твора не павялічвае яго мастацка-выяўленчай вартасці. З другога боку, адсутнасць у творы фразеалагізмаў ці слабае выкарыстанне гэтага найбагацейшага сродку мастацкай выразнасці пазбаўляе мову нацыянальнага каларыту, часам робіць яе бледнай і бясколернай, падобнай на няўдалы пераклад з чужой мовы [1, с. 208].

Стылістычныя функцыі фразеалагізмаў, гэта значыць іх своеасаблівая роля, мэтанакіраванасць, пэўнае прызначэнне, самыя разнастайныя і шматлікія. Адны з іх - “прыродныя”, унутрана ўласцівыя самім фразеалагізмам, другія - індывідуальна-аўтарскія, выконваюцца па волі аўтара. Першыя можна назваць функцыямі ўзуальнага характару, другія - функцыямі аказіянальнага характару [1, с. 209].

2.1.1 Функцыі ўзуальнага характару

Звернемся да больш падрабязнага разгляду функцый узуальнага характару, якія выконваюць фразеалагізмы ў драматычных творах А. Макаёнка.

Функцыі ўзуальнага характару - гэта агульныя, пастаянныя функцыі, якія рэалізуюцца ў любым кантэксце. Яны абумоўлены ўласцівасцямі саміх фразеалагізмаў [1, с. 209].

Перш за ўсё асноўная маса фразеалагізмаў непасрэдна адлюстроўвае пазамоўную рэчаіснасць, называе прадметы, прыметы, дзеянні і г. д., выступае, як і словы-назвы, у ролі членаў сказа, г. зн. выконвае намінатыўную функцыю. “Валодзя маўчыць, але відаць, што душа ў яго кіпіць” [2, с. 359], “А з такіх, як Гарошка, нельга вачэй спускаць” [2, с. 93], “У яго каша ў галаве” [2, с. 334]. Пазбаўлены гэтай функцыі толькі выклічнікавыя і мадальныя выразы. Абазначаючы пэўныя рэаліі, фразеалагізмы адначасова выконваюць шэраг іншых функцый.

Функцыя “лаканізацыі” маўлення. Толькі нямногія фразеалагізмы маюць слоўныя адпаведнікі-сінонімы, часцей за ўсё неадэкватныя па стылістычнай афарбоўцы і радзей тоесныя ва ўсіх адносінах [1, с. 210]. Што да астатніх фразеалагізмаў, то ў большасці выпадкаў яны лаканізуюць маўленне, перадаюць «найбольшую канцэнтрацыю думкі пры найменшай затраце слоўнага матэрыялу». Таму звычайна цяжка, а то і немагчыма замяніць фразеалагізм з усёй гамай адценняў, якія ён нясе, не толькі асобным словам, але і простым ці складаным словазлучэннем.

Сэнсавую ёмістасць і лаканічнасць, здольнасць сцісла і трапна перадаваць сутнасць пэўнай з'явы мае, напрыклад, фразеалагізм не гарыць: “Пачакай, Клава. Пасееш яшчэ, не гарыць” [2, с. 246]. Сэнсавы адпаведнік гэтага выразу - няма ніякіх прычын спяшацца. З такой жа функцыяй выступае фразеалагізм вылазіць са скуры: “Бывала, прыедзеце, загадаеце - і я са скуры вылезу, а ўсе ўказанні выканаю” [2, с. 209]. Сэнсавы адпаведнік гэтага выразу - рабіць амаль немагчымае, вельмі старацца [2, с. 217].

Асобна можна гаварыць пра лаканічнасць і ёмістасць фразеалагізмаў, якія паходзяць з прыказак або крылатых выразаў, асабліва калі іх сувязь з пэўнай крыніцай яшчэ ўсведамляецца носьбітамі мовы (напрыклад, трымаць язык за зубамі, валіць усе шышкі і інш.).

Функцыя вобразнага выказвання. Вельмі многія фразеалагізмы здольны ствараць канкрэтныя, наглядна-пачуццёвыя ўяўленні пра пэўныя з'явы рэчаіснасці, выступаць вобразнай назвай асобы, прадмета, дзеяння, стану, часу і г. д.: душу вон і жылы на тэлефон, абуваць ў лапці, закручваць гайкі, вылазіць са скуры і пад.

Гэтыя і іншыя выразы выконваюць ролю наглядна-вобразнага выказвання думкі і пры звычайных гутаркова-бытавых зносінах, у вусным маўленні, калі гаворачая асоба не мае на ўвазе выяўленчай мэты. Асабліва часта такія фразеалагізмы выкарыстоўваюцца ў мастацкай і публіцыстычнай літаратуры, дзе яны побач з аўтарскімі метафарамі, параўнаннямі і іншымі тропамі як гатовыя агульнамоўныя выяўленчыя сродкі ўдзельнічаюць у стварэнні вобразнасці: “А некаторыя так ірвуцца, так локцямі штурхаюцца, адзін другога грызуць, кусаюць, ліжуць, плююць, апырскваюць духамі і абліваюць гразёю…” [2, с. 369]; “А не зробіш - душу вон і жылы на телефон!” [2, с. 100]; “Ну што, натварыў, а цяпер у кусты?” [2, с. 153]. Здольнасць вобразна адлюстроўваць рэчаіснасць - унутраная, прыродная асаблівасць толькі фразеалагічных адзінстваў. Іншы раз фразеалагізм не толькі вобразна называе пэўнае паняцце, але нібы распаўсюджвае моцную «радыяцыю» на ўсё выказванне, а то і за межы сказа: “Цяпер толькі не зявай, толькі не зявай. Не лаві варон - і ты будзеш зноў у Мінску” [2, с. 129]. Функцыя вобразнага выказвання дапамагае А. Макаёнку ствараць пэўны настрой яго твораў, зразумець чытачу нюансы адносін паміж героямі твора і адносінамі самаго аўтара да сваіх герояў.

Ацэначная функцыя. Здольнасць не столькі называць тыя ці іншыя з'явы, колькі даваць ім станоўчую або адмоўную ацэнку, уласціва многім фразеалагізмам розных семантыка-граматычных тыпаў.

Ацэначнае значэнне найбольш выразна выяўляецца ў назоўнікавых і прыметнікавых фразеалагізмах, якія замацаваліся ў ролі іменнага выказніка, напрыклад: правая рука, доўгі рубель, галава два вухі і іншыя. Яны, як і многія іншыя выразы, выступаюць у ацэначнай функцыі, якасна характарызуючы асобу ці прадмет: “І, як музыку, слухае тое, што чытае з вялікага аркуша яго памочнік і правая рука - Цесакоў” [2, с. 249]; “Ды ты што, галава два вухі?” [3, с. 169]; “У яго каша ў галаве” [2, с. 334]; “Стаіш, нібы мыш пад венікам” [2, с. 118]; “Цвёрды арэшак. Не адразу раскусіш…” [2, с. 174]; “Вось, паглядзіце на яго. Здаецца - цяля, ягнё. А ў душы ён - воўк, воўк у авечай шкуры” [2, с. 154]; “Ды яны ж аднаго поля ягады” [2, с. 157]; “Ты ведаеш, якая ў яго галава? Якая светлая!” [3, с. 56]; “Ёй светлая галоўка трэба” [3, с. 190]; “Цяпер мы самі з вусамі!” [3, с. 51].

3 ацэначнай функцыяй рэалізуюцца многія дзеяслоўныя, а таксама амаль усе несуадносныя фразеалагізмы: “З такім кашу не зварыш” [2, с. 101]; “Колькі год поруч з табой, не адзін пуд солі разам з'елі, а не знаў, што ты жывеш з гэткім размахам!” [3, с. 61]; “А потым загарацца ў яго вочы на агуркі - стаў ад яго пугала і ў агародзе” [2, с. 233]; “Будзе яна ваду вазіць на ім” [3, с. 30]; “Ну ты мяне не абувай у лапці” [2, с. 164]; “[Старая]: …ноччу, калі шукалі, яго не знайшлі, а боты я знайшла і забрала. А ён босы. [Стары]: Ён і так абуў ужо. Прыўсенародна абуў у лапці” [3, с. 72]; “Перабег ён, гад, дарогу” [3, с. 37].

Ацэначную функцыю часта выконваюць і прыслоўныя фразеалагізмы. Але гэта функцыя ў іх не прамая, а апасродкаваная, бо яны характарызуюць не асобу, а яе дзеянне і ўжо праз дзеянне - асобу як носьбіта гэтага дзеяння: “А то прыстаў як смала” [3, с. 85]; “Раззлавалася не на жарт” [3, с. 85]; “Я перад вамі, як перад святой - уся на далоні” [3, с. 203].

Творы А. Макаёнка даволі насычаныя фразеалагізмамі з ацэначнай функцыяй, якія дапамагаюць чытачу зразумець сітуацыю, у якой адбываецца дзеянне, “угадаць” думкі аўтара.

Эмацыянальная функцыя. Значная частка фразеалагізмаў перадае эмацыянальны стан чалавека, выражае разнастайныя пачуцці: радасць, захапленне, здзіўленне, насмешку, пагрозу, абыякавасць, крыўду, страх, сорам і г. д. Асобнае месца займаюць выклічнікавыя выразы, бо эмацыянальнасць і складае іх змест: “Вунь яно што! Куды гне” [3, с. 35]; “Чорт вазьмі нашы парадкі! Не могуць прыехаць і забраць” [3, с. 18]; “Ну, бог з імі, Лідзія Сямёнаўна. Які клопат прывёў вас сюды?” [3, с. 29].

Калі выклічнікавыя выразы толькі і спецыялізуюцца на выражэнні эмацыянальна-валявых рэакцый суб'екта, то многія фразеалагізмы іншых семантыка-граматычных тыпаў адначасова выконваюць намінатыўную і эмацыянальную функцыі. Пэўная эмацыянальная афарбоўка - устойліва замацаваны кампанент такіх фразеалагізмаў, напрыклад: “Валодзя маўчыць, але відаць, што душа ў яго кіпіць” [2, с. 359], “Ясна… Так ясна, што аж у вачах цёмна” [2, с. 315]. Дадзеныя фразеалагізмы перадаюць стан герояў, іх гнеў. У кантэксце “Нейкі сам не свой. Месца сабе не знаходзіць” [2, с. 343] з дапамогай фразеалагізмаў аўтар перадае пачуцці героя, яго разгубленасць, неспакой. У наступных кантэкстах - “Ну што ж, хлопцы, ні пуха вам ні пяра, як кажуць. [2, с. 282], “Ну і хай едзе. Скацеркай дарога” [2, с. 270] - фразеалагізмы перадаюць не толькі пажаданні герояў адзін аднаму, але і іх пачуцці: “ні пуха ні пяра” - шчырае пажаданне ўсяго добрага, “скацеркай дарога” - пажаданне добрай дарогі, але з сарказмам, нават абурэннем. У прыкладзе “Гэта душа Клавы млее ад жадання” [2, с. 264] з дапамогай фразеалагізма аўтар перадае пачуцці гераіні.

Творы А. Макаёнка даволі насычаныя эмацыянальнымі фразеалагізмамі, якія дапамагаюць раскрыць унутраны свет герояў, часам дапамагаюць стварыць камічныя сітуацыі, раскрыць стаўленне герояў адзін да аднаго.

Экспрэсіўная функцыя. Хоць тэрмін «экспрэсіўнасць» пакуль што не напоўнены акрэсленым і дакладным зместам, але найчасцей яе атаясамліваюць з выразнасцю. Таму ўсе фразеалагізмы, якім уласціва вобразнасць, эмацыянальнасць, ацэначнасць, адначасова з'яўляюцца і яркім сродкам моўнай выразнасці (экспрэсіўнасці): “Ваша справа тут - з носа кап, а ў рот хап” [2, с. 364] - фразеалагізм вельмі ярка і вобразна раскрывае сутнасць таго, наколькі маленькая і незначная роля герояў у пэўных дзеяннях.

Некаторыя выразы ўтрымліваюць у сваім складзе архаічны, рэліктавы кампанент. Часта ў такім разе экспрэсіўнасць ствараецца таямнічасцю, загадкавасцю іх унутранай формы ці цьмяным намёкам на матывацыю: “Пачакай, Максім! Не збівай з панталыку…” [2, с. 239], “А ты хоць бы хны” [2, с. 235], “Становішча ў нас не такое, каб патураць аматарам біць лынды” [2, с.187].

Крыніцай экспрэсіўнасці выступаюць і яшчэ многія сродкі. Экспрэсіўную функцыю выконваюць сотні фразеалагізмаў з асаблівасцямі мастацка-паэтычнага характару. Гэта - своеасаблівыя мастацкія мініяцюры. Яны і не ў кантэксце ярка і выразна гавораць самі сабой. Тут можна вылучыць некалькі груп [1, с. 213].

Рыфмаваныя фразеалагізмы. Кампаненты такіх фразеалагізмаў звязаныя ўнутранай рыфмай: цішэй вады, ніжэй травы; мяняць быка на індыка; душа вон і жылы на тэлефон; з носа кап, а рот хап; самі з вусамі: “Мой жа Федзя быў цішэй вады, ніжэй травы. Ні з кім не сварыўся, нікому дарогу не перайшоў…” [3, с. 125]; “Цяпер мы самі з вусамі!” [3, с. 51]; “А не зробіш - душу вон і жылы на телефон!” [3, с.100]; “Ваша справа тут - з носа кап, а ў рот хап” [2, с. 364]; “З той жа хоць на людзі можан было паказацца: работніца, галава варыць, не верціхвостка. А гэтая - ёй жа толькі і сняцца штаны… Выходзіць - мяняй, Лявон, быка на індыка…” [2, с. 274]. Рыфмаваныя фразеалагізмы не часта сустракаюцца ў творах А. Макаёнка, але заўсёды надаюць тэксту незвычайную выразнасць, каларытнасць, лёгкасць.

Фразеалагізмы, пабудаваныя на сэнсавым супрацьпастаўленні кампанентаў, якія на ўзроўні слоў з'яўляюцца моўнымі або кантэкстуальнымі антонімамі: “Так-так, стаяў ні жывы ні мёртвы” [2, с. 215]; “Рана ці позна даведаешся ты, што гэта такое” [2, с. 154]. Такія фразеалагізмы падкрэсліваюць важнасць той інфармацыі, якую імкнецца давесці да чытача аўтар праз мову герояў.

Фразеалагізмы з кампанентамі-сінонімамі (моўнымі ці кантэкстуальнымі): “Колькі можна пераліваць з пустога ў парожняе!” [2, с. 78]. Фразеалагізмы дадзенай групы ў драматычных творах А. Макаёнка прадстаўлены адзінкавым прыкладам.

4. Таўталагічныя выразы, пабудаваныя на паўтарэнні паўназначных слоў у розных формах: “Хацеў я з вамі з вока на вока параіцца, таварыш Глуздакоў” [2, с. 257]. Фразеалагізмы такога кшталту ўводзяцца аўтарам у мову герояў, калі трэба падкрэсліць значнасць той ці іншай рэплікі.

5. Фразеалагізмы каламбурнага характару, заснаваныя на абыгрыванні мнагазначных слоў, вельмі часта сустракаюцца ў творах А. Макаёнка: “Ты і танцуеш пад яго дудку” [2, с. 320]; “Адпячаталі мяне ў адным экземпляры і - рукі памылі” [2, с. 337]; “У мяне нарэшце таксама лопаецца цярпенне!!! (Да сына.) Да якога часу праз цябе я мушу глытаць жаб?” [2, с. 333]; “І ніхто пальцам не паварушыць, каб абмежаваць завоз амерыканскіх тавараў” [2, с. 38]; “На тваім бы месцы, я тваіх работнічкаў так узяла б за жабры, так бы іх прымусіла круціцца, што… Ты з імі цацкаешся, а сам вымовы хапаеш…Бокам бы ім вылезла мая вымова” [2, с. 95]; “Але ж не махнулі рукой, не сказалі - “прапашчы чалавек”. А паслалі сюды, ніжэй, старшынёй райвыканкома, каб ты тут паказаў сябе. Тады далі магчымасць паказаць сябе. Дак ты ж пакажы!” [2, с. 96]; “Ты глядзі, Моцкін, зломіш сабе шыю” [2, с.103]; “Што яны мяне за горла хапаюць” [2, с. 113]; “Нікога па галоўцы не пагладзім” [2, с.116]; “Слёзы пусціла, сырасць разводзіш” [2, с. 128]; “Ды я цябе ў парашок сатру!” [2, с.132]; “У цябе галава не баліць, што дабро на полі гіне” [2, с. 143]; “Ты хочаш, каб хвост трубой трымаў, калі ферма з адных бычкоў…” [2, с. 186]; “Ты як у ваду глядзеў” [2, с. 256]; “А што я яму? На хвост солі насыпала?” [2, с. 236]; “Ну ты мяне не абувай у лапці” [2, с. 164]; “Пасяўная не за гарамі, а вы ў рабочы дзень казу водзіце па сяле” [2, с. 161]. Фразеалагізмы каламбурнага характару часцей за ўсё выкарыстоўваюцца для стварэння камічнай сітуацыі, вельмі часта аўтар абыгрывае шматзначнае значэнне гэтых фразеалагізмаў.

6. Фразеалагізмы з нерэальным вобразам у іх аснове: “Як цябе ўбачыла, дык язык праглынула” [2, с. 183]. “Такога начальства да Масквы ракам не пераставіш” [2, с. 345]. “Нешта ён языком лапці падплятае” [2, с. 347]. “У мяне нарэшце таксама лопаецца цярпенне!!! (Да сына.) Да якога часу праз цябе я мушу глытаць жаб?” [2, с. 333]. “У іх рукі і сумленне ў крыві” [2, с. 316]. “[Антаніна Цімафееўна]: А дзе ж ён? [Ганна]: Сабакам сена косіць” [2, с. 93]. “Ну, вядома, калі ты не возьмешся за розум” [2, с.96]. “Толькі перад гэтым страху трэба нагнаць” [2, с. 101]. “Я вас выведу на чыстую ваду…” [2, с. 144]. “Ці я ўжо табе проста - прышый кабыле хвост?” [2, с. 231]. Дадзеныя фразеалагізмы з'яўляюцца найбольш яркімі і вобразнымі, яны дапамагаюць аўтару стварыць атмасферу гумару, сатыры на старонках яго твораў.

Такім чынам, асноўная маса фразеалагізмаў характарызуецца экспрэсіўнай насычанасцю. Іх стылістычнае прызначэнне не абмяжоўваецца толькі экспрэсіўнай функцыяй.

Адначасовае выкананне шматлікіх функцый - вось у чым сутнасць і стылістычная значнасць фразеалагічных адзінак. Таму калі гаворым пра іх розныя стылістычныя функцыі, то трэба мець на ўвазе, што гэта функцыянальнае размежаванне некалькі ўмоўнае.

Справа ў тым, што фразеалагізм, называючы тую ці іншую з'яву, адначасова выражае пэўную ацэнку яе і адносіны суб'екта да выказвання, лаканізуе маўленне, робіць яго экспрэсіўным. Так, фразеалагізм языком лапці падплятаць, як і многія іншыя, поліфункцыянальны. Каб узмацніць экспрэсіўнасць выказвання, А. Макаёнак, працуючы над камедыяй “Трыбунал”, уводзіць гэты фразеалагізм у рэпліку персанажа: Нешта ён языком лапці падплятае.

Поліфункцыянальнасць фразеалагізма выразна выяўляецца, калі параўнаць дзве формы выказвання аднолькавага зместу. Возьмем такі сказ з камедыі А. Макаёнка “Выбачайце, калі ласка”: Я вас выведу на чыстую ваду…. Замена фразеалагізма выведу на чыстую ваду, які выступае ў гэтым кантэксце з функцыямі ацэнкі і эмацыянальнага, экспрэсіўнага выказвання, семантычна блізкім спалучэннем выкрыю вашы махінацыі збедніла б сказ і ў сэнсавых адносінах: у ім не выражалася злосць і абурэнне героя ў такой ступені, як гэта перададзена з дапамогай фразеалагізма.

2.1.2 Функцыі аказіянальнага характару

Звернемся цяпер да разгляду функцый аказіянальнага характару.

Гэта, у адрозненне ад разгледжаных, прыватныя стылістычныя функцыі, здольныя рэалізавацца толькі ў спецыяльна арганізаваным кантэксце. 3 другога боку, яны як бы працяг «прыродных» функцый, бо рэалізуюць у маўленні стылістычныя патэнцыі фразеалагізмаў.

Функцыя стварэння гумару і сатыры. Многія фразеалагізмы сваёй унутранай формай выклікаюць уражанне камізму, іранічнасці і г. д. Рэалізуючыся ў маўленні, яны ствараюць гумарыстычны ці сатырычны эфект. “[Антаніна Цімафееўна]: А дзе ж ён? [Ганна]: Сабакам сена косіць. [Антаніна Цімафееўна]: Сабакам? [Ганна]: Можа, і кошкам, хто яго ведае” [2, с. 93]. “[Буйкевіч]: І пра цябе скажу. Мужык ты гаспадарлівы, кемлівы…Рукі ў цябе… [Максім (устаўляе слова)]: …даўгаватыя рукі” [2, с. 244]. “Ты што? З глузду з'ехала?! - Не, даражэнькі мой! Уз'ехала на глузд!” [2, с. 267].

Фразеалагізмы выступаюць як сродак гумару і сатыры найчасцей тады, калі пісьменнікі, публіцысты не абмяжоўваюцца традыцыйным ужываннем гэтых выразаў, а абнаўляюць, асвяжаюць іх, творча выкарыстоўваюць іх багатыя патэнцыяльныя магчымасці.

Функцыя маўленчай характарыстыкі персажа. Фразеалагізмы індывідуалізуюць мову герояў, выступаюць своеасаблівым знакам прыналежнасці персанажа да пэўнага грамадскага асяроддзя. Яны, як правіла, неаднолькава актыўныя ў мове розных персанажаў. Ёсць у мове таго ці іншага героя фразеалагізмы і якія яны або іх вельмі мала ці зусім няма - гэта гаворыць пра многае з характарыстычнага пункту гледжання.

Так, напрыклад, героі камедыі “Лявоніха на арбіце” Лявон і Лушка вельмі актыўна ўжываюць у сваёй мове фразеалагізмы. Робяць яны гэта вельмі натуральна, фразеалагізмы не выбіваюцца з жывой народнай мовы.

Ад фразеалагізмаў не адмаўляецца і малады спецыяліст Максім - будучае краіны, камуніст. Ён выкарыстоўвае найчасцей фразеалагізмы вельмі яркія, вострыя, экспрэсіўныя, якія даволі часта абыгрываюцца ў маўленні: “[Буйкевіч]: І пра цябе скажу. Мужык ты гаспадарлівы, кемлівы…Рукі ў цябе… [Максім (устаўляе слова)]: …даўгаватыя рукі” [2, с. 244]. Абыгрыванне фразеалагізмаў з'яўляецца характэранй рысай і для Лявона і Лушкі. Асабліва часта аўтар гэта выкарыстоўвае ў сцэнах сваркі герояў: “Ты што? З глузду з'ехала?! - Не, даражэнькі мой! Уз'ехала на глузд!” [2, с. 267].

Фразеалагізмы ў мове герояў твора дапамагаюць чытачу не толькі пры стварэнні добрага настрою, але і выразна ўказваюць на ўзровень развіцця таго ці іншага героя, характарызуюць яго інтэлектуальныя здольнасці і выкрываюць заганы яго душы, таму А. Макаёнак так часта ўводзіць у мову сваіх герояў фразеалагізмы.

Функцыя стварэння градацыі. Нярэдка ўслед за сэнсава блізкім словам ідзе фразеалагізм, багацейшы ў семантычных і стылістычных адносінах за пярэдняе слова, звычайна нейтральнае. У выніку ствараецца ўзыходная градацыя, пры якой наступная частка выказвання больш ёмістая і выразная, чым папярэдняя: “Толькі асцярожна, не ў лоб” [2, с. 104]; “Слёзы пусціла, сырасць разводзіш” [2, с. 128]; “Цяпер толькі не зявай, толькі не зявай. Не лаві варон - і ты будзеш зноў у Мінску” [2, с.129]; “Націскай, націскай ім на педалі, закручвай гайкі” [2, с. 131]; “Панямелі са страху. Языкі праглынулі” [2, с. 350]; “А ты лыбішся, зубы скаліш і, як заўсёды…”.

Даволі часта А. Макаёнак выкарыстоўвае гэты прыём у сваіх творах. З дапамогай функцыі стварэння градацыі аўтар змог максімальна дакладна стварыць атмасферу напружанасці, якая суправаджае сцэны, дзе сустракаюцца амаль усе вышэй адзначаныя прыклады.

Асобную групу сярод функцый аказіянальнага характару складаюць функцыі кампазіцыйна-канструктыўнай накіраванасці.

Функцыя сюжэтнай асновы твора. Фабульная сітуацыя многіх твораў, асабліва сатырычных, можа разгортвацца на аснове фразеалагізмаў, але звычайна такіх, якім уласціва вобразнасць, а таксама патэнцыяльная «сюжэтнасць», генетычна звязаная з канкрэтнай жыццёвай сітуацыяй. Зразумела, што аўтар, даючы як бы разгорнуты сюжэтны каментарый фразеалагізма, кіруецца сваімі ідэйна-мастацкімі мэтамі і не імкнецца ўзнавіць гэту адзінкавую, тыпізаваную ў фразеалагізме сітуацыю, тым болей што яна часцей за ўсё забытая носьбітамі мовы.

Так, сюжэтна-вобразнай асновай камедыі “Выбачайце, калі ласка” можна лічыць фразеалагізм хоць круць-верць, хоць верць-круць [2, с. 108], які неаднаразова ўжываецца рознымі героямі камедыі і абыгрываецца ў п'есе. Калібераў імкнецца “выкруціцца” з той сітуацыі, у якой апынуўся (невыкананне планаў па зборы збожжа, артыкул, які павінен з'явіцца ў газеце пасля прыезду журналісткі), але гэта ў яго не атрымліваецца, як бы ён не “круціўся”.

3агаловачная функцыя. Будучы згусткамі думак і пачуццяў, фразеалагізмы даволі часта выкарыстоўваюцца ў якасці загалоўкаў мастацкіх і публіцыстычных твораў, кінафільмаў. Кантэкстам, у якім рэалізуецца значэнне фразеалагізма, у такіх выпадках з'яўляецца ўжо не сказ як мінімальная камунікатыўная адзінка, а цэлы твор або яго значная частка.

Андрэй Макаёнак часткова выкарыстаў гэты прыём у назве камедыі “Выбачайце, калі ласка”, увеўшы ў назву фразеалагізм калі ласка.

Фразеалагізм у загалоўку не толькі ў сціслай і вобразнай форме называе тэму, але адначасова выступае з рэкламнай функцыяй, прыцягваючы ўвагу чытача і даючы адпаведную ацэнку пэўнай з'яве. Вельмі эфектыўныя загалоўкі, якія спачатку ўспрымаюцца з прамым значэннем слоў, а пасля таго як твор прачытаны, - як фразеалагізм.

Функцыя заключнага акорда. Здольнасць фразеалагізмаў сцісла і трапна характарызаваць асобу, прадмет, з'яву служыць падставай іх выкарыстання ў якасці своеасаблівага заключнага акорда да эпізоду, сцэнкі, раздзела. Так, камедыя А. Макаёнка “Выбачайце, калі ласка” заканчваецца словамі Ганны: “Хоць круць-верць, хоць верць-круць, адкажуць!” [2, с. 158]. У канцы камедыі “Лявоніха на арбіце” абыгрываецца фразеалагізм ні пуха, ні пяра: “Мікалай Сяргеевіч. …Ну што ж, хлопцы, ні пуха вам ні пяра, як кажуць. Лявон (Глуздакову). А вам і пух і пер'е. Максім. Табе пух, а яму пер'е…” [2, с. 282]. З дапамогай гэтага прыёма ўвага чытача завастраецца на заключэнні камедыі, фінал становіцца больш выразны, яркі.

Такім чынам, можна адзначыць, што фразеалагізмы ў творах А. Макаёнка выконваюць самыя розныя функцыі, сярод якіх мы разгледзелі функцыі ўзуальнага і функцыі аказіянальнага характару.

2.2 Стылістычнае выкарыстанне фразеалагізмаў

Форма і змест фразеалагізма пры яго звычайным, агульнамоўным, нарматыўным ужыванні захоўваюцца нязменна, непарушна. Аднак нярэдка пісьменнікі «амалоджваюць», творча абнаўляюць фразеалагізмы, вынаходліва выкарыстоўваюць іх невычэрпную «вобразную энергію», змяняюць іх традыцыйную форму ці абыгрываюць змест. У такіх выпадках стылістычная роля фразеалагізмаў у сістэме моўных сродкаў нібы падвойваецца. Абноўленыя фразеалагізмы маюць вялікую прыцягальную сілу і, калі сказаць словамі Я. Брыля, «здорава, часам нават вырашальна працуюць на красу і значнасць цэлага» [1, с. 219].

Аб'ектыўнай моўнай крыніцай разнастайных дэфармацый і мадыфікацый фразеалагічнай адзінкі з'яўляецца сама яе складаная прырода, супярэчнасць і неадпаведнасць паміж формай, якая часцей за ўсё нічым не адрозніваецца ад звычайнага, свабодна арганізаванага словазлучэння, і цэласным зместам, функцыянальна блізкім да слова.

Такім чынам, ёсць два віды стылістычнага выкарыстання фразеалагізмаў: а) ужыванне фразеалагізмаў у нязменным выглядзе, б) ужыванне фразеалагізмаў са змяненнямі разнастайнага характару [1, с. 220].

Індывідуальна-аўтарскую пераробку і пераасэнсаванне фразеалагізмаў Б. А. Ларын ахарактарызаваў як больш складаны і «артыстычны» спосаб транспазіцыі народных фразеалагізмаў у літаратурную мову. Хоць такія ўжыванні фразеалагізмаў у параўнанні з іх звычайным выкарыстаннем і не вельмі частыя, але яны заслугоўваюць спецыяльнага вывучэння як істотны сродак павышэння стылістычнай ролі фразеалагізмаў у тэксце, як адзін са спосабаў рэалізацыі фразеалагізмаў у маўленні.

Усе шматлікія стылістычныя прыёмы творчага выкарыстання фразеалагізмаў можна аб'яднаць у дзве групы. Першая група - структурна-семантычныя змяненні, калі знарок парушаецца форма фразеалагізма і гэтым самым закранаецца яго змест. Другая група - семантычныя змяненні, пры якіх кампанентны склад фразеалагізмаў застаецца непарушным.


Подобные документы

  • Марфалагічная характарыстыка фразеалагізмаў. Тыпы фразеалагізмаў па іх суадноснасці з часцінамі мовы. Фразеалагізмы, несуадносныя з часцінамі мовы. Фразеалагізмы, суадносныя са структурай словазлучэння, спалучэння слоў. Структурныя тыпы фразеалагізмаў.

    курсовая работа [68,5 K], добавлен 27.10.2013

  • Фразеалогія як асобны раздзел навукі аб мове. Групаванне фразеалагізмаў на аснове тэматычнай аднастайнасці кампанентнага складу. Фразеалагізмы, суадносныя са структурай простага сказа. Марфалагічная та сінтаксічная характарыстыкі фразеалагізмаў.

    курсовая работа [69,4 K], добавлен 26.07.2013

  • Кампаратыўныя фразеалагізмы ў мове твораў Я. Коласа. Адносіны ўстойлівых параўнанняў да фразеалагічных адзінак. Семантычная класіфікацыя ўстойлівых параўнанняў мовы твораў Я. Коласа. Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуць чалавека і яго якасці.

    курсовая работа [86,3 K], добавлен 11.07.2014

  • Суадноснасць з: назоўнікам, прыметнікам, дзеясловам, прыслоўем, выклічнікам. Сінтаксічная характарыстыка фразеалагізмаў з кампанентам-найменнем атмасферных з’яў. Фразеалагізмы-словазлучэнні, сказы. Класіфікацыя фразеалагізмаў паводле кампанента-наймення.

    курсовая работа [53,2 K], добавлен 12.01.2016

  • Фразеалагізмы як частка лексікі любой мовы, разуменне іх сэнсу. Фразеалагізмы беларускай мовы: крыніцы паходжання і тлумачэнне паняцця. Біблія - універсальная аснова сусветнай культуры. Асаблівасць функцыяніравання біблейскіх фразеалагізмаў у мове.

    курсовая работа [86,1 K], добавлен 24.05.2015

  • Функцыі слоў з суфіксамі суб'ектыўнай ацэнкі ў мове беларускіх народных песень. Аналіз слоў, якія валодаюць станоўчай і адмоўнай ацэначная і пашыраюць магчымасці твораў у выяўленні розных адценняў чалавечых паступкаў, надаюць асобным радкам лёгкасць.

    курсовая работа [50,9 K], добавлен 30.06.2011

  • Агульнае паняцце пра ўскладнены сказ, звароткі ў структуры сказа (на прыкладзе твораў Леаніда Дайнекі). Пабочныя і устаўныя канструкцыі (словы, словазлучэнні і сказы) ў структуры сказа. Агульнае паняцце пра адасобленыя члены сказа і аднасастаўныя сказы.

    дипломная работа [97,7 K], добавлен 19.05.2013

  • Спосабы выражэння параўнанняў у мове Янкі Купалы: параўнальны зварот, творны, форма ступені параўнання прыметніка ці прыслоўя, лексічны спосаб. Лексіка-тэматычная класіфікацыя аб’екта і суб’екта параўнання. Устойлівыя параўнанні ў мове Янкі Купалы.

    курсовая работа [41,9 K], добавлен 27.10.2013

  • Навукова-тэарэтычныя асновы вывучэння фразеалогіі беларускай мовы. Паходжанне фразеалагізмаў ў рускай, беларускай і польскай мовах. Аналіз этымалогія фразеалагізмаў з кампанентам "зямля", іх класіфікацыя па лексічных значэнняў і сінтаксічныя асаблівасцяў.

    курсовая работа [31,1 K], добавлен 16.03.2010

  • Бібліятэчная сістэма Рэспублікі Беларусь. Бібліятэка як найстаражытны інстытут пісьменства, асветы, культуры. Пераклад словазлучэннь на беларускую мову. Нарматыўныя формы дзеепрыслоўяў. Словазлучэння, улічваючы асаблівасці кіравання ў беларускай мове.

    контрольная работа [25,8 K], добавлен 27.09.2014

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.