Законы і правілы пунктуацыі і сінтаксісу
Суаднесенасць знакаў прыпынку з сінтаксічнай структурай простага сказа. Коска, кропка з коскай, двукроп'е і працяжнік. Пунктуацыйныя памылкі, іх прычыны і папярэджанне. Вусныя, пісьмовыя, інтанацыйна-сэнсавыя, графічныя практыкаванні. Пунктуацыйны разбор.
Рубрика | Иностранные языки и языкознание |
Вид | дипломная работа |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 11.07.2014 |
Размер файла | 73,3 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Пералічаныя прычыны сустракаюцца ў роўнай ступені аднолькава.
З'яўленне пунктуацыйных памылак папярэджвае ўся сістэма працы па пунктуацыі ў адукацыйным працэсе. Разам з тым узнікае неабходнасць у адмысловай працы, накіраванай на нейтралізацыю прычын з'яўлення памылак і на папярэджанне памылак у пісьмовых працах навучэнцаў.
Для нейтралізацыі прычын з'яўлення пунктуацыйных памылак выпрацаваны адпаведныя прыёмы працы. Разгледзім іх у дачыненні да кожнай з прычын. Калі ў прапанаваным практыкаванні немагчыма абыйсціся без яшчэ не вывучаных сінтаксічных канструкцый, варта папярэдне растлумачыць вучням адпаведную норму і паказаць знакі, якія яны павінны паставіць. Перад азнаямленнем з новай нормай неабходна сфарміраваць у школьнікаў сінтаксічную пільнасць і трывалыя ўменні сінтаксічна разбіраць дадзеную канструкцыю.
Адмысловая праца па папярэджанні пунктуацыйных памылак арганізуецца перад выкананнем кантрольных прац і прац па развіцці маўлення навучэнцаў. Для папярэджання пунктуацыйных памылак у кантрольным дыктанце з яе выпісваюцца сказы з тымі сінтаксічнымі структурамі, якія раней у іншых навучэнцаў выклікалі цяжкасці. Абраны матэрыял на працягу двух-трох урокаў да напісання дыктанта выкарыстоўваецца ў якасці дыдактычнага матэрыялу. У моцным класе настаўнік прапануе аналагічныя прыклады, а ў слабым - выпісаныя з тэксту дыктанта. Такая праца ў спалучэнні з іншымі пунктуацыйнымі практыкаваннямі забяспечвае досыць устойлівыя, добрыя вынікі.
Падобная праца праводзіцца незадоўга да напісання пераказаў, тэксты якіх папярэдне падвяргаюцца пунктуацыйнаму аналізу. З іх выпісваюцца сказы з вывучанымі ці якія вывучаюцца ў дадзены момант сінтаксічнымі канструкцыямі. Гэтыя ці аналагічныя сказы ўключаюцца ў практыкаванні для працы на двух-трох уроках. У слабым класе мэтазгодна паведаміць пра тое, што падобныя сказы могуць сустрэцца ў тэксце пераказу і што пажадана запомніць, як у іх расстаўляюцца знакі прыпынку. Падчас знаёмства з тэкстам выкладу на адмысловым уроку развіцця маўлення пажадана звярнуць увагу дзяцей на паўтораныя сінтаксічныя канструкцыі, а таксама вывесіць на дошцы табліцы-схемы аналагічных сказаў з указаннем знакаў прыпынку ў іх.
Выпраўленне пунктуацыйных памылак робіць ці сам настаўнік пры праверцы, ці падае гэта рабіць навучэнцам у залежнасці ад мэты працы. Калі яна была навучальнай, тады выпраўленне памылак мэтазгодна падаць навучэнцам.
Калі ж праца была кантрольнай, то ў мэтах эканоміі часу на ўроку памылкі можа выправіць настаўнік пры праверцы сшыткаў.
Пажадана, каб настаўнік вёў улік пунктуацыйных памылак, неабходны для арганізацыі эфектыўнай працы над імі, і ў гэтым уліку павінны прыняць удзел і настаўнік, і вучні.
Настаўнік рэгіструе памылкі ўсяго класа - адрозныя і тыповыя, а таксама пэўных вучняў.
Фіксіраванне памылак навучэнцаў мэтазгодна праводзіць у тым жа сшытку, у якім настаўнік фіксуе арфаграфічныя памылкі. Методыка пунктуацыі выпрацавала дзве формы ўліку пунктуацыйных памылак: для памылак, дапушчаных навучэнцамі ў навучальных практыкаваннях, і для памылак, дапушчаных у кантрольных дыктантах, а таксама ў пераказах і сачыненнях.
Важнай асаблівасцю яшчэ з'яўляецца тое, што вучні павінны ведаць свае пунктуацыйныя памылкі для таго, каб самастойна працаваць над імі. Рэгістрацыю сваіх памылак школьнікі праводзяць у працоўных сшытках. Для гэтай мэты яны выпісваюць сказы, у якіх былі дапушчаны памылкі, і будуюць іх схемы, падкрэсліваючы месцы, дзе была парушана норма.
Таксама важнае значэнне на ўроках мае падрыхтоўка самаго настаўніка да працы над памылкамі.
Працы над памылкамі на ўроку - выпраўленню іх навучэнцамі і замацаванню пунктуацыйнай нормы - папярэднічае падрыхтоўка да яе настаўніка. Яна складаецца з наступных элементаў: праверкі сшыткаў, запаўнення ўліковага ліста памылак і складання плана працы над памылкамі. Падрыхтоўка настаўніка і арганізацыя ім урока залежаць ад тыпу праверанай пісьмовай працы навучэнцаў: навучальнай, кантрольнай, па развіцці маўлення.
Пры вывучэнні пытання аб пунктуацыйных памылках, можам поўнасцю згадзіцца з педагогам М. Емельянчыкам ў тым, што пунктуацыйныя памылкі неабходна папярэджваць. У сваёй працы ён апісвае методыка папярэджання пунктуацыйных памылак, прыводзіць свае прыклады з настаўніцкай працы.
Асноўная ўвага надаецца таму, што пасля напісання пэўнага сказа, настаўнік павінен накіраваць вучняў на ўспамінанне правіла, якое можна прымяніць у дадзены момант:
“у сказах з аднароднымі членамі вызначаюцца спосабы сувязі: інтанацыйная, абагульняючыя словы пры аднародных членах, пунктуацыя. Напрыклад, Беларусь багатая на лясы, палі, рэкі, азёры; першыя тры злучаны інтанацыяй, таму раздзяляюцца коскай, а апошняя - злучнікам і, коска не ставіцца.”[ 11, с.41]
На наш погляд, папярэджанне пунктуацыйных памылак адыгрывае важнае значэнне ў адукацыйным працэсе.
Менавіта з дапамогай паўтарэння правіл па пастаноўцы знакаў прыпынку ў вучняў выпрацоўваецца навык пунктуацыйнай пісьменнасці. І таму з упэўненасцю можна сказаць, што сістэматычнае папярэджанне пунктуацыйных памылак, пастаянная работа над імі дапамогуць павысіць адукацыйны ўзровень вучняў.
4. ТЫПЫ ПРАКТЫКАВАННЯЎ ПА ПУНКТУАЦЫІ
Паколькі пунктуацыйныя ўменні і навыкі адыгрываюць у нашым жыцці значную ролю, неабходна ведаць правілы пунктуацыі. І для таго, каб дасягнуць высокага ўзроўню ў гэтым накірунку, неабходна прымяняць свае веды на практыцы. Таму настаўнікі беларускай мовы прапануюць вучням розныя практыкаванні па пунктуацыі, якія найбольш эфектыўна садзейнічаюць засваенню правіл.
Вядомы метадыст беларускай мовы З. Б. Варановіч вызначае значнасць пунктуацыйных практыкаванняў на ўроках “навучанне пунктуацыі павінна суправаджацца пастаяннымі практыкаваннямі, накіраванымі на развіццё ў школьнікаў слыху, умення адрозніваць змены голасу, паколькі гэтыя змены звязаны з абазначэннем меж члянення тэксту знакамі прыпынку. Уменне супаставіць інтанацыю і пунктуацыю - неабходная ўмова разумення і засваення правіл выбару знакаў прыпынку” [4,с.204].
Увогуле, практыкаванні па пунктуацыі можна падзяліць на тры групы: вусныя, пісьмовыя і графічныя. Да вусных традыцыйна адносяцца чытанне тэкстаў, сказаў, аналіз сказаў, пераклад, інтанаванне сказаў, канструяванне сказаў па схемах ці апорных словах; да пісьмовых - перапісванне, дыктант, пераказ, сачыненне, пераклад; да графічных - складанне схем сказаў, складанне сказаў паводле прапанаваных схем.
Пры навучанні пунктуацыі ў 8 класе пры вывучэнні пытанняў простага сказа выкарыстоўваюцца разнастайныя практыкаванні, якія накіраваны на развіццё ў школьнікаў слыху, умення чляніць тэкст на часткі і інш.
Метадысты В. А. Ляшчынская і З. У. Шведава вельмі дасканала выявілі ўзаемасувязь усіх трох відаў практыкаванняў і нават прывялі прыклады, якія дастаткова сведчаць пра гэта. Яны зазначаюць, што “на практыцы ўсе тры віды практыкаванняў нярэдка перасякаюцца, адзін від дапаўняе другі, выступае то ў вуснай, то ў пісьмовай форме, ад адной формы пераходзяць да другой. Разгледзем, як выкарыстоўваюца пры вывучэнні пытанняў простага сказа ў 8 класе разнастайныя практыкаванні, як яны садзейнічаюць развіццю ў вучняў пунктуацыйных уменняў і навыкаў.
4.1 Вусныя практыкаванні
Звернемся да практыкаванняў тыпу чытання, якія часта сустракаюцца ў падручніку па беларускай мове для 8 класа. Разгледзім некалькі з іх. Напрыклад, на ўроку пры вывучэнні тэмы “Сінтаксіс і пунктуацыя”, вучням можна прапанаваць заданне наступнага тыпу:
Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Што вы даведаліся пра гісторыю пунктуацыі?
Знакі прыпынку паявіліся ў старажытных грэкаў і рымлян яшчэ да IV-V стст. У пісьмовых помніках усходніх славян аж да XIV ст. ужывалася кропка і розныя спалучэнні кропак. Шэсць знакаў прыпынку было ўжо ў граматыцы Л.Зізанія (1596г.) Вынаходства кнігадрукавання, развіццё навукі і асветы садзейнічалі ўстанаўленню адзіных пунктуацыйных правіл. Пунктуацыя як сістэма графічных абазначэнняў была канчаткова прынята большасцю народаў Еўропы толькі ў сярэдзіне XV ст. У XV-XVII стст. у рускай пісьменнасці ўводзіцца коска, кропка з коскай, двукроп'е, пытальны і клічны знакі, дужкі, працяжнік, а ў XVIII ст. складваецца ў асноўным сучасная пунктуацыя рускай мовы. Першыя спробы даць тлумачэнне знакаў прыпынку зрабіў М.В.Ламаносаў у “Российской грамматике” (1775г.).
Беларускія назвы знакаў прыпынку ўпершыню знаходзім у кнігах “Беларускі лемантар, або Першая навука чытання” (1906 г. ) А.Пашкевіч (Цёткі), “Беларуская граматыка для школ” (1918 г.) Б. Тарашкевіча, а з 30-х гг. канчаткова замацоўваюцца сучасныя назвы знакаў прыпынку. Сучасная беларуская пунктуацыя мае стройную і дасканалую сістэму правіл, у аснове якіх ляжыць сэнсавы, граматычны (сінтаксічны) і інтанацыйны прынцыпы.
Усе знакі прыпынку паводле сваёй функцыі ў сказе падзяляюцца на раздзяляльныя і выдзяляльныя.
Раздзяляльныя (няпарныя) знакі прыпынку служаць для раздзялення асобных членаў простага сказа, састаўных частак складаных сказаў або цэлых сказаў. Раздзяляльнымі знакамі бываюць кропка, пытальнік, клічнік, шматкроп'е ў канцы сказа, коска, кропка з коскай, двукроп'е, працяжнік, коска з працяжнікам у сярэдзіне сказа.
Выдзяляльныя (парныя) знакі прыпынку служаць для выдзялення са структуры сказа пэўных сінтаксічных канструкцый: адасобленых членаў сказа, звароткаў, пабочных і ўстаўных слоў і словазлучэнняў, цытат і інш. (А.Адамовіч) [1, с.26].
Выканаць яго магчыма наступным чынам:
Стыль дадзенага тэксту - навуковы. Ён якраз характэрны для падручнікаў. У тэксце сустракаецца навуковая тэрміналогія ( сістэма, граматыка, сінтаксічныя канструкцыі і г.д.). Не ўжываюцца эмацыянальна-экспрэсіўныя словы і словы з пераносным значэннем. Мэта дадзенага тэксту - паведамленне і тлумачэнне навуковай інфармацыі пра гісторыю пунктуацыі. Тэкст напісаны ў форме маналога.
Дадзенае практыкаванне па пунктуацыі дапамагае вучням даведацца пра новыя звесткі з гісторыі пунктуацыі. Важным з'яўляецца яшчэ і тое, што заданне да практыкавання ўключае пытанне, якое садзейнічае развіццю ў вучняў памяці і ўмення правільна выказваць свой погляд на пэўную думку.
Разгледзім яшчэ адно практыкаванне, якое можна выканаць пры вывучэнні тэмы “Абагульняльныя словы пры аднародных членах сказа”. Гэта заданне накіравана на вуснае выкананне. Да яго пастаўлена наступнае заданне:
Прачытайце сказы. Разбярыце іх па членах сказа, растлумачце знакі прыпынку. Чым адрозніваюцца сказы ў парах?
1. Хадасевіч, Міцкевіч, Саладуха - выдатнікі нашага класа. На алімпіяду па беларускай мове паехалі Хадасевіч, Міцкевіч, Саладуха - усе выдатнікі нашага класа.
2. Дабрыня, розум, справядлівасць - самыя лепшыя якасці чалавека Дабрыня, розум, справядлівасць - усе самыя лепшыя якасці спалучаліся ў гэтым чалавеку.
3. Мы збіралі апалыя лісты клёна, ясеня, бярозы і асіны. Мы збіралі апалыя лісты розных дрэў: клёна, ясеня, бярозы і асіны [1, с.184].
Усе коскі ў гэтых сказах ставяцца паміж аднароднымі членамі сказа.
У першай групе сказаў у першым сказе ставіцца працяжнік, таму што аднародныя дзейнікі і выказнік выражаны назоўнікамі. У другім сказе працяжнік ставіцца, таму што абагульняльнае слова стаіць пасля аднародных членаў сказа.
У другой групе сказаў таксама ў першым сказе ставіцца працяжнік, таму што аднародныя дзейнікі і выказнік выражаны назоўнікамі. У другім сказе працяжнік ставіцца, таму што абагульняльнае слова стаіць пасля аднародных членаў сказа.
У трэцяй групе ў другім сказе ставіцца двукроп'е, таму што абагульняльнае слова стаіць перад аднароднымі членамі сказа.
Сказы ў парах адрозніваюцца тым, што ва ўсіх першых сказах няма абагульняльнага слова, а ў другіх яно прысутнічае.
Дадзенае практыкаванне падкрэслівае сувязь пунктуацыі з сінтаксісам, якая бачна з задання да яго (Прачытайце сказы. Разбярыце іх па членах сказа). З дапамогай такіх заданняў школьнікі змогуць умела тлумачыць знакі прыпынку ў сказах, абапіраючыся на веды па сінтаксісе.
Сярод вусных практыкаванняў можна вылучыць і пераклад, які таксама адыгрывае значную ролю ў фарміраванні пунктуацыйных уменняў і навыкаў.
М.Г. Яленскі прапануе працу над перакладам рабіць творчай: “у школе за эталон чамусьці прымаюць падрадковы пераклад, які толькі фармальна можна лічыць правільным.
Аднак такі пераклад не заўсёды дакладна перадае асноўны змест тэксту, не стымулюе развіццё ў вучняў творчых здольнасцей. Таму настойліва раім настаўніку пры арганізацыі працы над перакладам узяць кірунак на творчы пераклад, які развівае ў дзяцей не толькі маўленчую мабільнасць, але і адчуванне беларускага слова, мовы, навык творчага пераасэнсавання прачытанага і адпаведнай перадачы пэўнага зместу ў беларускім тэксце”[3, с. 79].
У падручніку па беларускай мове для 8 класа пры вывучэнні пытанняў простага сказа прапануецца наступнае практыкаванне такога тыпу:
Перакладзіце тэкст на беларускую мову. Дайце яму загаловак. Вызначце стыль i тып маўлення. Абгрунтуйце свой выбар.
Поднялась большая тёмная туча, закрыла полнеба. Загромыхал гром.
Понёсся по лесным макушкам сильный вихрь. Зашумели, закачались деревья, закружились над тропинкой сорванные листья.
Упали первые тяжёлые капли. Сверкнула молния, ударил гром. Капля за каплей хлынул проливной дождь.
После проливного дождя пахнет в лесу грибами.
В траве у тропинки прячутся крепкие боровики, розовеют мокрые сыроежки, краснеют нарядные мухоморы.
Словно малые ребята, толпятся черноголовые подберёзовики.
Между белыми стволами берёз густо разросся молодой частый ельник. Здесь скрываются душистые грузди и красноголовые подосиновики.
А на лесных полянах показались первые рыжики, желтеют золотые лисички. (И. Соколов-Микитов)[1, с.125].
Выканаць яго магчыма наступным чынам:
Пасля дажджу
Паднялася вялікая цёмная хмара, закрыла паўнеба. Загрукатаў гром.
Панеслася па лясных верхавінах моцная віхура. Зашумелі, закачаліся дрэвы, закружылася над сцяжынкай сарванае лісце.
Упалі першыя цяжкія кроплі.
Бліснула маланка, ударыў гром. Кропля за кропляй лінуў праліўны дождж.
Пасля праліўнога дажджу ў лесе будзе пахнуць грыбамі.
У траве ў сцяжынкі хаваюцца дужыя баравікі, ружавеюць мокрыя сыраежкі, чырванеюць прыбраныя мухаморы.
Нібы малыя дзеці, тоўпяцца чорнагаловыя падбярозавікі.
Паміж белымі стваламі бяроз густа разросся малады густы ельнік.
Тут хаваюцца духмяныя грузды і краснагаловыя падасінавікі.
А на лясных палянах паказаліся першыя рыжыкі, жоўкнуць залатыя лісічкі.
Значэнне практыкавання заключаецца ў тым, што пераклад з рускай мовы на беларускую садзейнічае развіццю маўленчай пільнасці, адчування слова, удасканальвае навык дакладнасці выбару слова ў адпаведнасці з кантэкстам.
Да вусных практыкаванняў па пунктуацыі можна аднесці і вусны пераказ.
У працэсе развіцця навыкаў пабудовы самастойнага выказвання важная роля належыць пераказу. М. Г. Яленскі падае гэтаму свае тлумачэнні:
“- для пераказу прапануюцца ўзорныя тэксты, дзякуючы чаму вучні атрымліваюць інтуітыўнае ўяўленне, якім павінны быць вусны тэкст;
- у працэсе падрыхтоўкі да пераказу і непасрэдна пры складанні вуснага тэксту ўзбагачаецца і актывізуецца лексіка дзяцей;
- пры вусных пераказах вучні набываюць навыкі ўсведамлення тэмы і асноўнай думкі выказвання, што ў перспектыве надзвычай важна для навучання вусным сачыненням” [12, с. 88].
Вучням можна прапанаваць заданне наступнага тыпу, якое прапануецца ў падручніку для 8 класа:
Прачытайце тэкст польскага пісьменніка Генрыха Сянкевіча. Падрыхтуйцеся да творчага пераказу тэксту з элементамі разважання: складзіце план, выкарыстоўваючы цытаты з тэксту.
Пры перадачы зместу захоўвайце аўтарскі стыль. Устаўце ў дыялог звароткі, сачыце за тым, каб яны не былі аднастайныя.
БАЙКА
За гарамі, за морамі, ў далёкай краіне чараў, ля калыскі малой прынцэсы сабраліся добрыя варажбіткі на чале са сваёй каралевай.
Абступіўшы прынцэсу, глядзелі яны на сонны тварык дзіцяткі. І тады каралева варажбітак сказала:
- Няхай кожная з вас адорыць гэтае дзіця каштоўным дарам. Такім, якім кожная з вас валодае і якім вы хацелі б адарыць прынцэсу!
Тады першая варажбітка, нахіліўшыся над калыскай, сказала наступныя словы:
- Я даю табе чары прыгажосці, і з дапамогай моцы сваёй зраблю так, што кожны, хто ўбачыць твар твой, адразу падумае, што ўбачыў цудоўную веснавую кветку.
-Я, - сказала другая, - дам табе вочы светлыя і глыбокія, як віры.
- Я дам табе гнуткі і танюткі стан маладой пальмы, - адклікнулася трэцяя.
- А я, - сказала чацвёртая, - дам вялікі скарб залаты, што дагэтуль быў схаваны ў зямлі.
Задумалася каралева, а потым звярнулася да сваіх варажбітак:
- Прыгажосць людзей кветак вяне. Чароўныя вочы гаснуць разам з маладосцю, ды ў маладосці часта слязьмі заліваюцца. Віхор можа зламаць пальмы, а вецер схіляе ўсё гнуткае. Хто не дзеліць золата між людзьмі, таго яны ненавідзяць, а хто золата падзеліць, такму ў скрыні пуста застанецца. Вось чаму нетрывалыя вашы дары.
- Што ж тады трывалае ў чалавеку? Чым жа ты адорыш малечу, о каралева наша? - запыталі варажбіткі. А каралева адказала:
- Я дам ёй дабрыню. Сонца - цудоўнае і яснае, але было б яно толькі мёртвым кавалкам, які свеціцца, калі б не сагравала зямлю. Дабрыня сэрца - тое ж самае, што і цеплыня сонца: яна дае жыццё… Прыгажосць без дабрыні - як кветка без паху ці як храм без Бога. Вочы могуць любавацца толькі храмам, але душа не знойдзе ў ім ласкі. Багацце без дабрыні толькі песціць самалюбства. Нават любоў без дабрыні - гэта толькі агонь, які паліць і знішчае. Ведайце ж, што вашы дары знікнуць з часам, а дабрыня застанецца, бо яна - як крыніца, з якой, чым больш з вады возьмеш, тым больш табе зноў прыбудзе. Гэтак жа і дабрыня - адзіны скарб невычэрпны.
Пасля гэтых слоў каралева варажбітак нахілілася над пануранай у сон прынцэсай і, дакрануўшыся рукой да яе сэрца, сказала:
- Будзь добрай [1, с.220].
Выканаць яго можна наступным чынам:
План:
1. “Сабраліся добрыя варажбіткі”.
2. “Адарыць прынцэсу дарамі”.
3. “Што ж трывалае ў чалавеку?”
Гэта заданне, на нашу думку, накіравана на развіццё ў вучняў вуснага маўлення, правільнага інтанавання сказаў.
Такім чынам, вусныя практыкаванні садзейнічаюць развіццю ў вучняў вуснага маўлення, правільнага інтанавання сказаў, адыгрываюць значную ролю ў фарміраванні пунктуацыйных уменняў і навыкаў, садзейнічаюць развіццю ў вучняў памяці і ўмення правільна выказваць свой погляд на пэўную думку. З дапамогай такіх практыкаванняў школьнікі змогуць умела тлумачыць знакі прыпынку ў сказах.
4.2 Пісьмовыя практыкаванні
Да пісьмовых практыкаванняў адносяцца спісванне, перапісванне, дыктант, пераказ, сачыненне, пераклад і інш.
Спачатку звернемся да спісвання як тыпу пісьмовага пунктуацыйнага практыкавання. Спісванне як практыкаванне заключаецца ў перапісванні вучнямі з падручніка ці іншага дыдактычнага матэрыялу - у форме асобных сказаў ці тэксту - з адначасовым выкананнем пунктуацыйных заданняў. Пры спісванні навучанне абапіраецца на зрокавую памяць. Спісванне існуе ў дзвюх разнавіднасцях: у няўскладненай і ўскладненай форме.
Няўскладненае спісванне заключаецца ў перапісванні дыдактычнага матэрыялу ў натуральным выглядзе, гэта значыць такім, які не мае якіх-небудзь сінтаксічных ці пунктуацыйных змяненняў. Навучальная пунктуацыйная сутнасць дадзенага практыкавання заключаецца ў знаходжанні сэнсавых адрэзкаў і абгрунтаванні выбару знакаў прыпынку. Пры спісванні вучням даюцца наступныя пунктуацыйныя заданні:
знайсці (указаць, назваць, прачытаць, падкрэсліць) сэнсавы адрэзак і абазначыць, якое сэнсавае значэнне ён выражае;
пералічыць умовы выбару месца для знака ці знакаў прыпынку і самога знаку прыпынку;
растлумачыць пастаноўку знакаў прыпынку.
Да такога тыпу практыкавання адносіцца наступнае заданне, якое прапануецца вучням пры разглядзе тэмы “Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам”:
Спішыце сказы. пастаўце, дзе трэба, працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам. Растлумачце яго пастаноўку.
1. Наша праца наш узлёт, наша слава і багацце ( Я. Колас).
2. Плошча поля трыста семдесят пяць гектараў.
3. Прырода любая мая! Я твой заступнік, абаронца ( А. Русецкі).
4. Пушчы звонкія, пералогі гэта наша радзіма, наш дом ( К. Цвірка).
5.Воўк не пастух, а свіння не агародніца (Прыказка).
6. Старанна працаваць краіну мацаваць (Прыказка) [1, с.77].
Выкананне:
1. Наша праца - наш узлёт, наша слава і багацце. ( Я. Колас). Працяжнік ставіцца, таму што дзейнік і выказнік выражаны назоўнікам у назоўным склоне.
2. Плошча поля - трыста семдесят пяць гектараў. Працяжнік ставіцца, таму што дзейнік і выказнік выражаны назоўнікам і лічэбнікам у назоўным склоне.
3. Прырода любая мая! Я твой заступнік, абаронца. ( А. Русецкі). Працяжнік не ставіцца, калі дзейнік выражаны асабовым займеннікам.
4. Пушчы звонкія, пералогі - гэта наша радзіма, наш дом. ( К. Цвірка). Перад словам гэта ставіцца працяжнік.
5. Воўк не пастух, а свіння не агародніца. (Прыказка). Працяжнік не ставіцца, калі пры выказніку ёсць адмоўная часціца не.
6. Старанна працаваць - краіну мацаваць. (Прыказка). Працяжнік ставіцца, таму што дзейнік і выказнік выражаны неазначальнай формай дзеяслова.
Ускладненае спісванне - гэта перапісванне вучнямі дыдактычнага матэрыялу, які змяшчае сінтаксічныя ці пунктуацыйныя змяненні. У дыдактычным матэрыяле для дадзенага практыкавання маюцца наступныя віды ўскладнення: пропускі знакаў прыпынку (усіх ці некаторых) і пераканструяванне ( устаўка якіх-небудзь сэнсавых адрэзкаў ці змяненне структуры сказа). У абодвух выпадках вучням неабходна рашаць пунктуацыйныя задачы: знаходзіць месца для знака прыпынку і выбіраць з магчымых неабходны знак прыпынку.
Пры ўскладненым спісванні выконваюцца наступныя пунктуацыйныя заданні:
уставіць знакі прыпынку;
уключыць у сказ які-небудзь сэнсавы адрэзак (напрыклад, зваротак) і паставіць неабходныя знакі прыпынку.
Вучням можна прапанаваць заданне наступнага тыпу:
Устаўце патрэбныя па сэнсе злучнікі. Запішыце сказы, расстаўляючы коскі.
1. На ранняй ралліцы родзіць жыта … пшаніца … на позняй ралліцы родзіць куколь … мятліца. 2. Адзін дасуж.. не дуж. 3. Шалы … балы да дабра не давядуць. 4. Сушыць не работа … турбота. 5. Мужыка не тулуп грэе … сякера [1, с.171].
Выкананне
1. На ранняй ралліцы родзіць жыта і пшаніца, а на позняй ралліцы родзіць куколь і мятліца. 2. Адзін дасуж, ды не дуж. 3. Шалы ды балы да дабра не давядуць. 4. Сушыць не работа, а турбота. 5. Мужыка не тулуп грэе, а сякера.
Акрамя падручніка такія заданні можна знайсці і ў дадатковай літаратуры:
Устаўце, дзе трэба, прапушчаныя літары і знакі прыпынку. Раскрыйце дужкі.
Ц…ркву разбурылі калі Васіль хадзіў у другі клас. З б..рвення якое засталося пабудавалі доўгі як стадола клуб ен цяпер называецца ра…нным (Д, д)омам (К,к)ультуры.
У ра…нным доме стац…янарная кіна(устаноўка) амаль што(дня) паказвае гукав…е кіно а тры (чатыры) гады назад ні(хто) нават блізка (не, на) чуў пра такія дзівосы і м…стачковая басота ў якой грошай на білеты ніколі не было па(вечара…) штурмам брала …окны і дз…веры клуба (праф) (тэх) школьцаў. Там круцілі ў (ручную) памочнікаў хапала н…мыя кіна(ленты) з надпісамі на чатырох мовах рускай беларускай (я, е)ўрэйскай і польскай. Кіна(карціны) што запалі ў(душу) на(заўсёды) такія як “Лясная быль” “Абрэк-Заур” “Двойчы народжаны” “Чырвоныя д…я…аляты” Васіль з Іванам паглядзелі ў цесным клубе гарадка і нельга без ўдзячнасці пра гэта ўспамінаць. (І.Навуменка) [9, с.450].
Выканаць яго магчыма наступным чынам:
Царкву разбурылі, калі Васіль хадзіў у другі клас. З бярвення, якое засталося, пабудавалі доўг,і як стадола, клуб - ён цяпер называецца раённым Домам культуры.
У раённым доме стацыянарная кінаўстаноўка, амаль штодня паказвае гукавое кіно, а тры-чатыры гады назад ніхто нават блізка не чуў пра такія дзівосы, і местачковая басота, ў якой грошай на білеты ніколі не было, па вечарах штурмам брала вокны і дзверы клуба прафтэхшкольцаў. Там круцілі ўручную - памочнікаў хапала - нямыя кіналенты з надпісамі на чатырох мовах - рускай, беларускай, яўрэйскай і польскай. Кінакарціны, што запалі ў душу назаўсёды, такія як, “Лясная быль”, “Абрэк-Заур”, “Двойчы народжаны”, “Чырвоныя д'ябаляты”, Васіль з Іванам паглядзелі ў цесным клубе гарадка і нельга без ўдзячнасці пра гэта ўспамінаць.
На ўроках беларускай мовы могуць выкарыстоўвацца і тэставыя заданні, якія прапануюцца ў большасці ў старэйшых класах, таму што павінна адбывацца падрыхтоўка школьнікаў да здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Такі тып задання магчыма даць вучням для выкання ў пісьмовай форме. Нават у падручніку па беларускай мове для 8 класа падаюцца некаторыя тэставыя заданні. Звернем увагу на некаторыя з іх:
1.Адзначце сказы, у якіх прапушчана коска (коскі).
Восень была сонечная ясная, але халодная.
Месяц бледны высокі і не такі круглы і вялікі звёўся за тыдзень, застаўся сярпок.
Жоўтыя залатога колеру праменні сонца асвятлялі сквер.
У скверы стаялі напалову аголеныя старыя ліпы.
Адказ: 2,3.
2.Адзначце сказы, у якіх прапушчаны працяжнік.
Паэзія Янкі Купалы гэта дыханне народа, ператворанае ў песню.
Справа цягнецца, віхляе поле, а злева лес.
І двор, і кветнік, і белыя бярозы ўсё зіхацела ў ранішніх буйных росах.
Сташэнны штукар і свавольнік гэты Нёман.
Адказ: 1,2,3 [1, с.201].
Тэсты таксама мы можам знайсці ў зборніках, якія накіраваны на падрыхтоўку да тэсціравання:
1.Адзначце правільны варыянт пастаноўкі знакаў прыпынку ў сказе:
Бераг ракі як бы змяніў свой колер раней ён быў з рэдкімі карычневымі плямамі але цяпер гэтыя плямы рассунуліся занялі ўзгорак а ўвесь схіл да сакмай ракі зрабіўся цёмна-буры.
1) коска, двукроп'е, коска, коска, коска;
2) двукроп'е, коска, коска, коска;
3) працяжнік, коска, коска, коска;
4) коска, двукроп'е, коска, коска, коска, коска;
5) коска, двукроп'е, коска, коска, коска, коска, коска;
Адказ: 2.
2.Адзначце сказы з простай мовай, у якіх на месцы пропускаў трэба паставіць двукроп'е:
1) “Запрагайце майго каня, - загадаў старшыня, але потым мякка паправіўся … - Калі ласка”.
2) “”Ці не з Карпілаўкі будзеце?”… запытаў чалавек.
3) Садовіч накінуўся на прыстава … “Чаму вы дазваляеце сваім стражнікам біцца?”.
4) “ У Кушляны вам, да Мацея Бурачка? - запытаў мужчына і дадаў … - За ліпай зверніце налева і ідзіце аж да самай хаты”.
5) “Сустракай гасцей” … прамовіў Башлыкоў, ідучы мне насустрач [14, с.10].
Адказ: 1,3,4
Тэставыя заданні на ўроках беларускай мовы пры вывучэнні пытанняў пунктуацыі таксама з'яўляюцца важным сродкам для праверкі ведаў школьнікаў. Галоўнай якасцю тэстаў з'яўляецца тое, што з іх дапамогай настаўнік зможа пракантраляваць веды вучняў адразу ж усяго класа і за кароткі адрэзак часу.
Л. Б. Селезнёва ў сваім артыкуле выказала думку, што “навучальныя тэсты - свайго роду задачы, якія дапамагаюць набываць навыкі прымянення пунктуацыйных правіл”[ 22,С.41].
Акрамя вышэйпералічаных тыпаў пісьмовых практыкаванняў, вучням можна яшчэ і прапанаваць карткі з заданнямі, якія трэба выкарыстоўваць пры падагульненні вывучанага за год у 8 класе. Такіх заданняў можна даць некалькі варыянтаў. Прывядзём прыклад аднаго з іх:
Варыянт 1
1. Сфармулюйце правіла пастаноўкі знакаў прыпынку ў сказах з абагульняльнымі словамі, якія стаяць перад аднароднымі членамі.
2.Спішыце, устаўляючы прапушчаныя літары, раскрываючы дужкі і расстаўляючы знакі прыпынку. Падкрэсліце граматычную аснову сказаў. Дайце тэксту загаловак, які б перадаваў яго тэму.
Перад раніцай прашумела навальніца. На світа(н,нн)і яна сціхла дождж с.. шоў на захад да Прыпяці. Над вымытымі вадо... палямі засінела чыста… неба і зазіха…ела яркае жнів.. ньскае сонца. І неба і сонца п..раліваючыся в..сёлкавымі кол..рамі а..біваліся ў (не)злічоных буйных кроплях што былі шчодра ра(с,сс)ыпаны на пожні. Здавалася што гэта (не)кроплі а крупінкі сонца якія разам з дажджом асыпаліся на з..млю.
Калі сонца паднялося вышэй на з..млю зноў с..шла гарачыня. Луг ахутала трапяткая цягучая смуга.
(Паводле І. Мележа)
3. Складзіце сказы па схемах:
а) “П, - а. - П”.
б) А: “П” [12, с.125].
Выкананне:
1. Калі абагульняльнае слова стаіць перад аднароднымі членамі, то пасля яго ставіцца двукроп'е.
2. Пасля дажджу
Перад раніцай прашумела навальніца. На світанні яна сціхла, дождж сышоў на захад да Прыпяці. Над вымытымі вадою палямі засінела чыстае неба і зазіхацела яркае жнівеньскае сонца. І неба, і сонца, пераліваючыся вясёлкавымі колерамі, аббіваліся ў незлічоных буйных кроплях, што былі шчодра рассыпаны на пожні. Здавалася, што гэта не кроплі, а крупінкі сонца, якія разам з дажджом асыпаліся на зямлю.
Калі сонца паднялося вышэй на зямлю, зноў сышла гарачыня. Луг ахутала трапяткая цягучая смуга.
3. а) “Мабыць, няма ні аднаго блізкага мне чалавека, - гаварыў суседу Іван, - ні адной блізкай душы.”
б) З хаты пачуўся голас: “Заходзьце.”
Пісьмовае заданне на картках з'яўляецца індывідуальнай работай кожнага з вучняў. І таму такога тыпу практыкаванні дазваляюць настаўніку праверыць, як арыентуецца ў пытаннях пунктуацыі кожны вучань з класа.
Да пісьмовых практыкаванняў адносіцца і дыктант, які мае важнае значэнне на ўроках беларускай мовы. З дапамогай дыктантаў настаўнік можа дастаткова поўна праверыць веды вучняў па пунктуацыі, іх уменне правільна выбіраць знакі прыпынку. Разглядам пытанняў, звязаных з вывучэннем разнастайных відаў дыктантаў займалася Ушакова Н. І., якая ў сваёй працы асаблівую ўвагу надавала тыпам дыктантаў пры вывучэнні сінтаксісу.
Аўтары “Методыкі беларускай мовы” В. А. Ляшчынская і З.У. Шведава лічаць, што “дыктант як від практыкавання павінен заняць сваё належнае месца на ўроках па вывучэнні сінтаксісу і пунктуацыі ў сваіх шматлікіх разнавіднасцях, а не толькі як кантрольны. Пры гэтым матэрыялам для навучальных дыктантаў рознага віду павінен стаць тэкст. У адваротным выпадку назіраецца адна з адметных дыспрапорцый, калі навучанне пунктуацыі адбываецца на матэрыяле сказаў, а праверка пунктуацыйнай пісьменнасці - на матэрыяле тэксту, калі знакі прыпынку ў сказе, як правіла, “граматычныя”, а ў тэксце - нярэдка сэнсава-граматычныя” [ 6, с.154].
Сярод тыпаў дыктантаў вылучаюцца навучальныя дыктанты. Навучальныя дыктанты - абавязковы навучальны сродак фарміравання ўменняў з дзвюх крыніц: з падручніка і падрыхтоўваюцца самім настаўнікам. У падручніку маюцца спецыяльныя тэксты для дыктантаў. У якасці дыктантаў мэтазгодна выкарыстоўваць любыя іншыя тэксты падручніка поўнасцю ці часткова. Пры падборы тэкстаў дыктантаў самім настаўнікам, акрамя асноўнай мэты, якая звязана з вывучаемай у дадзены момант тэмай, неабходна ўлічваць сінтаксічныя асаблівасці сказаў: у іх павінны быць вядомыя вучням сэнсавыя адрэзкі, якія яны пунктуацыйна выдзяляць.
Баранаў М.Т. лічыць, што “да тэкстаў дыктантаў мэтазгодна даваць наступныя пунктуацыйныя заданні:
знайсці сэнсавыя адрэзкі, якія патрабуюць пунктуацыйнага выдзялення;
вызначыць, для якой мэты знакі прыпынку неабходна выкарыстаць у дадзеных сказах;
паставіць знакі прыпынку ў час запісу пад дыктоўку;
растлумачыць выбар знакаў прыпынку ў запісаных сказах”[1, с. 215].
На ўроках беларускай мовы могуць праводзіцца дыктанты са змяненнем зместу. Да іх адносяцца творчыя і свабодныя дыктанты. Творчыя дыктанты заключаюцца ва ўвядзенні ў дадзены тэкст сэнсавых адрэзкаў, якія падаюць дадатковую інфармацыю. Гэта працэдура прама звязана з работай па пунктуацыі. Баранаў М.Т. лічыць, што “свабодныя дыктанты, калі ім папярэднічае пунктуацыйны аналіз сказаў запісваемага абзаца, таксама садзейнічаюць значнаму павышэнню ўзроўня пунктуацыйнай граматнасці” [1, с.216].
Таксама ёсць такія дыктанты, як дыктанты з сумяшчэннем іншых відаў работ. Да іх адносяцца дыктант з працягам і дыктант з элементамі пераказу. Дыктант з працягам уключае ў сябе элементы сачынення. Для работы па пунктуацыі ў гэтым выпадку маюцца вялікія магчымасці. Вучні могуць у дабаўляемай частцы выкарыстоўваць сказы з пэўнымі сэнсавымі адрэзкамі.
Дыктант з элементам пераказу, калі ён падабраны з такім разлікам, што ў пераказваемай частцы маюцца вывучаемыя ў дадзены момант сэнсавыя адрэзкі, таксама забяспечвае добрыя ўмовы для работы па пунктуацыі. У гэтым выпадку вучням даецца заданне па магчымасці захаваць дадатковую інфармацыю, якая заключана ў тых ці ішных сэнсавых адрэзках, якія маюцца ў пераказваемым тэксце.
Вылучаюць яшчэ і графічны дыктант. Такі від работы дыктантам можна назваць умоўна, так як пры яго выкананні адсутнічае абавязковае суаднясенне элементаў дыктанта: чытанне тэксту і яго запісванне. Асноўная мэта графічнага дыктанту- выпрацоўка ўмення на слых, мысленна ўявіць схему сказа, развіццё памяці. У гэтым і яго каштоўнасць. Блінаў Г. І. лічыць, што “захапляцца гэтым практыкаваннем не трэба, так як пры яго выкананні адсутнічае неабходная ўмова фарміравання пунктуацыйнага навыка - запіс тэксту і адначасовае яго чляненне з дапамогай знакаў прыпынку. Пагэтаму трэба аддаць перавагу варыянтам, у каторых прадугледжваецца састаўленне графічных схем у спалучэнні з запісам сказа” [3, с.49].
Блінаў Г. І. апісаў методыку правядзення такіх дыктантаў. Сказы нумаруюцца, як і графічныя схемы да іх. Пры чытанні сказы паўтараюцца ў залежнасці ад цяжкасці іх структуры. Калі структура сказа не складаная, дастаткова прачытаць яго адзін-два разы. Пры чытанні сказы паўтараюцца ў залежнасці ад цяжкасці іх структуры. Калі структура сказа не складаная, дастаткова прачытаць яго адзін-два разы. Шматразовае паўтарэнне не будзе садзейнічаць развіццю аператыўнай памяці. Сказы з складанай структурай уключаць у такія дыктанты не рэкамендуеца [3, с.49].
На ўроках па пунктуацыі мэтазгодна выкарыстоўваць напісанне творчых работ. Да творчых, г. зн. самастойна створаных, адносяцца дыктанты са змяненнем зместу, пераказы і сачыненні. Творчыя практыкаванні, якія выкарыстоўваюцца на ўроку побач з іншымі відамі практыкаванняў, даюць шырокую магчымасць для замацавання пунктуацыйных уменняў.
Гэтыя практыкаванні звычайна разлічаны на 8-10 хвілін. Пунктуацыйную каштоўнасць пераказы набываюць у тым выпадку, калі ў іх маюцца сказы з вядомымі вучням сэнсавымі адрэзкамі, якія патрабуюць выдзялення знакамі прыпынку. У працэсе аналізу зыходнага тэксту ( як пры слухавым, так і пры зрокавым успрыманні) такія сказы выдзяляюцца, у іх знаходзяцца адпаведныя сэнсавыя адрэзкі і даецца абгрунтаванне для выдзялення іх знакамі прыпынку. Пры пераказе вучням рэкамендуецца выразіць тыя ці іншыя дадатковыя значэнні з дапамогай уключэння сэнсавых адрэзкаў.
Для сачыненняў-мініяцюр фармуліруюцца такія тэмы, якія можна раскрыць за кароткі час. Іх крыніцай могуць быць прыказкі, вывучаемыя літаратурныя творы, жывапіс, навакольнае жыццё.
Мы можам поўнасцю згадзіцца з М. Т. Баранавым, які зазначае, што ”каб сачыненні садзейнічалі выпрацоўцы пунктуацыйных уменняў, неабходна ў працэсе адбору зместу і моўных сродкаў высветліць магчымасці для выражэння дадатковых значэнняў з дапамогай спецыяльных сэнсавых адрэзкаў, якія ўключаны ў сказ ці тэкст (звароткаў, простай мовы, аднародных членаў і г.д.).
Значную ролю ў рабоце па пунктуацыі адыгрывае састаўленне невялікіх тэкстаў на аснове сказа, які становіцца і тэмай будучага сачынення і часткай яго зместу. Вучні рашаюць пытанне аб тым, якія яшчэ дабавіць сказы, каб атрымаўся міні-тэкст, дзе іх дабавіць: да дадзенага сказа, пасля яго і да яго і пасля яго. Падбіраючы неабходныя сказы, школьнікі адначасова рашаюць пытанне, якія сэнсавыя адрэзкі можна ў іх уключаць і як іх аформіць інтанацыйна.
Выкарыстанне на адным уроку ўсіх гэтых відаў работы немэтазгодна, паколькі будзе значна перагружана дзейнасць і настаўніка, і вучняў. Настаўнік сам выбірае тыя віды работы, якія больш за ўсё адпавядаюць канкрэтнай мэце паўтарэння пунктуацыі.
Вельмі важна ў абавязковыя звесткі па пунктуацыі ўключаць займальныя практыкаванні - не дзеля моўнай забавы-пацехі, а дзеля доказнасці ходкага тэзісу аб тым, што мова - жывая. І ёй баліць, калі мы няўважліва ставімся да любога яе элемента - слова, значымай часткі, часціны мовы, знака прыпынку. У такім выпадку вучні павераць, што такая драбяза, як коска, або яе адсутнасць, можа не толькі абцяжарваць расчляненне тэксту на лагічныя, сэнсавыя часткі, але і весці да спрэчнага разумення фразы. У метадычным дапаможніку “Выкладанне беларускай мовы ў школе” падаюцца некаторыя парады пры правядзенні займальных ўрокаў па пунктуацыі: “на ўступным уроку настаўнік можа звярнуцца да расказу аб тым, як маленькая коска вырашыла лёс чалавека. Так, трагічна закончыў сваё кіраванне дзяржавай англійскі кароль Эдуард 2 (1284- 1327). Ён быў жорсткім каралём, патрабаваў ад сваіх падданых вялікіх падаткаў. Загаворшчыкі на чале якіх стаяла жонка караля- Ізабела, узялі яго ў палон, пасадзілі ў замак, дзе кароль доўга чакаў вырашэння свайго лёсу. Гісторыя сведчыць, што жыццё караля залежала ад каварнага ліста без коскі. Ахова караля атрымала запіску; “Пакараць нельга памілаваць”. Стражнікі добра ведалі волю сваёй каралевы і прачыталі фразу так, як ёй хацелася: караля пакаралі”[10, с.179].
Таксама на ўроку беларускай мовы можна прапанаваць прачытаць вучням тэкст, запісаць яго, расставіць знакі прыпынку і на аснове тэксту падрыхтаваць вуснае выказванне на тэму “Роля знакаў прыпынку ў мове”:
“Чалавек згубіў коску стаў баяцца складаных сказаў шукаў простыя фразы за нескладанымі фразамі пайшлі нескладаныя думкі потым ён згубіў клічнік і стаў размаўляць ціха з адной інтанацыяй яго ўжо нішто не радавала і не абурала ён да ўсяго адносіўся без эмоцый затым згубіў пытальнік і перастаў задаваць пытанні ніякія падзеі не будзілі яго цікаўнасць дзе б яны ні адбываліся у космасе, на зямлі ці нават ва ўласнай кватэры праз некалькі гадоў ён згубіў двукроп'е і перастаў тлумачыць людзям свае ўчынкі пад канец жыцця ў яго засталося толькі двукоссе ён не выказваў ніводнай сваёй думкі так ён зусім развучыўся думаць і дайшоў да кропкі.
Беражыце знакі прыпынку”[10, с.179].
Заданні на развагу, кемлівасць, здагадку не адцягнуць увагу вучняў ад таго ці іншага правіла, а, наадварот, сцвердзяць у паважлівым абыходжанні з мовай, яе састаўнымі часткамі. Напрыклад, вучням можна прапанаваць такое заданне: дакажыце, што і ў знакаў прыпынку бывае розны настрой. Так, клічны знак можа выражаць радасць (Ура! Сёння ўрокаў не будзе!), пахвалу (Малайчына!)светлыя пачуцці(Радзіма мая!). Але гэты знак прыпынку можа быць і злосным (Ах ты, нягоднік!), можа перадаваць трывогу, страх, можа папярэджваць пра небяспеку, клікаць на дапамогу (Гэй! Ратуйце!). Гэты ж знак можа выражаць і гора, і сум, і жалобу(Краю мой родны!).
Такім чынам, мы з упэўненасцю можам сказаць, што разнастайныя пісьмовыя практыкаванні на ўроках беларускай мовы садзейнічаюць выхаванню ў вучняў цікавасці да вывучэння пунктуацыі беларускай мовы.
4.3 Графічныя практыкаванні
Графічныя практыкаванні - адзін з распаўсюджаных тыпаў практыкаванняў па пунктуацыі. існуе два віды графічных практыкаванняў: састаўленне вучнямі сказаў па схемах і састаўленне схем па дадзеных сказах.
Спачатку разгледзім састаўленне вучнямі сказаў па схемах як адзін з відаў графічных практыкаванняў. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Знакі прыпынку пры аднародных членах сказа” можна звярнуць увагу на наступнае практыкаванне:
Складзіце сказы з аднароднымі членамі па наступных схемах:
[O, але O]. [і O, і O, і O]. [O, O ці O] [1, с.173].
Выкананне:
1. Не толькі дзяўчаты, але і хлапчукі вельмі любілі завучваць на памяць вершы беларускіх пісьменнікаў.
2. У гэтую сцюдзёную зіму былі засыпаныя снегам і дах, і дзверы, і вокны.
3. Калі надыходзіў час набліжэння вясны, бабуля ўжо пачынала думаць, што ж пасадзіць першым на градзе: цыбулю, гуркі ці капусту.
Гэта практыкаванне выконвае дзве функцыі: садзейнічае замацаванню новага граматычнага матэрыялу і служыць сродкам трываласці пунктуацыйных уменняў. Састаўленне сказаў па дадзеным схемам - практыкаванне, якое, як і запіс сказаў у выглядзе схем, мае вялікае значэнне для развіцця абстрактнага мыслення вучняў” [2, с.134].
На ўроках беларускай мовы пры вывучэнні тэмы “Абагульняльныя словы пры аднародных членах сказа” настаўнік можа прапанаваць вучням практыкаванні на састаўленне схем дадзеных сказаў:
Спішыце, расстаўце, дзе трэба знакі прыпынку і растлумачце іх. Пабудуйце схемы сказаў.
1. У багатае і дажджом і сонцам лета грыбы ідуць усюды па бары па бярэзніку па верасе. ( І. Навуменка). 2. Пайсці ў грыбы ці ў тую ж рыбу або паехаць на сялібу ці ў млын малоць на хлеб збажыну ўсё гэта вабіла хлапчыну. (Я. Колас). 3. Нельга даць у крыўду нічога жывога ні чалавека ні ластаўкі ні вішнёвага дрэва. (М. Лужанін) [1, с.184].
Выканаць яго магчыма наступным чынам:
1. У багатае і дажджом, і сонцам лета грыбы ідуць усюды: па бары, па бярэзніку, па верасе. ( І. Навуменка). [©: O, O, O].
2. Пайсці ў грыбы,ці ў тую ж рыбу, або паехаць на сялібу, ці ў млын малоць на хлеб збажыну - ўсё гэта вабіла хлапчыну. (Я. Колас). [O, ці O, або O, ці O - ©].
3. Нельга даць у крыўду нічога жывога: ні чалавека, ні ластаўкі, ні вішнёвага дрэва. (М. Лужанін).
[©: ні O, ні O, ні O].
У адрозненні ад іншых відаў практыкаванняў (напрыклад, тыпу “Спішы і расстаў знакі прыпынку”) работа з графічнымі схемамі дапамагае правесці больш актыўны аналіз структуры сказа, зрабіць яго мэтанакіраваным і, што вельмі важна, больш абстрактным і ў той жа час наглядным. Гэты від работы найбольш поўна адпавядае спецыфіцы вывучаемага матэрыялу і, даючы магчымасць трэніраваць вучняў у суаднясенні структурных схем і пунктуацыйных абагульненняў, садзейнічае фарміраванню пунктуацыйных навыкаў. Графічныя схемы выкарыстоўваюцца пры тлумачэнні новага матэрыялу, яго замацаванні, абагульненні і сістэматызацыі, а таксама пры праверцы ведаў па пунктуацыі.
Да тыпу графічных практыкаванняў па пунктуацыі можна аднесці і практыкаванні з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў.
Пры навучанні пунктуацыі ўсё большае распаўсюджанне атрымлівае работа з электрафіцыраванымі нагляднымі сродкамі, выкарыстанне разнастайных дыяпраектараў, эпідыяскопа і інш.
Практыкаванні з выкарыстаннем эпідыяскопа ўяўляюць сабой адзін з відаў самастойнай пісьмовай работы па заданню настаўніка. На экране прапаноўваецца заданне: спішыце тэкст, расстаўляючы знакі прыпынку. Растлумачце пастаноўку гэтых знакаў прыпынку.
Вучні спісваюць тэкст, расстаўляючы знакі прыпынку, а затым, калі эпідыяскоп выключаецца, вусна тлумачаць пастаноўку знакаў прыпынку.
Іншы раз праверка выканання работы праводзіцца самімі вучнямі; з гэтай мэтай па заканчэнню самастойнай работы тэкст зноў экранізуецца, але ўжо з расстаўленымі ў ім знакамі прыпынку[ 2, с.135].
Такім чынам, графічныя практыкаванні садзейнічаюць замацаванню новага граматычнага матэрыялу і служыць сродкам трываласці пунктуацыйных уменняў.
4.4 Інтанацыйна-сэнсавыя практыкаванні
Фарміраванне ў вучняў пунктуацыйных навыкаў павінна быць у кожным выпадку звязана з назіраннем над інтанацыяй. Адсюль вынікае важнае патрабаванне, якое абавязвае настаўніка заўсёды ўстанаўліваць суадносіны паміж інтанацыяй і пунктуацыяй. Праца над інтанаваннем павінна прывучаць школьнікаў чытаць і слухаць знакі прыпынку. І таму ў школьным падручніку такім практыкаванням удзяляецца вялікая ўвага. Напрыклад, пры разглядзе тэмы “Тыпы сказаў паводле выказвання” прапануюцца такія заданні:
Прачытайце сказы з павышэннем голасу на выдзеленых словах. Якую ролю адыгрывае інтанацыя ў выказваннях?
Маленькі хлопчык заблудзіўся ў лесе. Маленькі хлопчык заблудзіўся ў лесе? Маленькі хлопчык заблудзіўся ў лесе! Маленькі хлопчык заблудзіўся ў лесе?
Кот выскачыў праз акно ў двор? Кот выскачыў праз акно ў двор? Кот выскачыў праз акно ў двор? Кот выскачыў праз акно ў двор?
Алесь пераехаў у горад на вучобу? Алесь пераехаў у горад на вучобу? Алесь пераехаў у горад на вучобу? Алесь пераехаў у горад на вучобу? [1, с.52].
Выкананне:
Інтанацыя ў выказваннях выконвае важную ролю. На тое слова, якое мы вымаўляем з павышанай інтанацыяй, мы засяроджваем найбольшую ўвагу і надаём яму большае значэнне, чым астатнім словам у сказе. Усе вышэйпералічаныя сказы гучаць па-рознаму, таму што выдзеленае слова надае сказу свой сэнс.
Ці яшчэ такога тыпу практыкаванне:
Прачытайце сказы ўслых. Параўнайце іх інтанацыю.
1. Гутаркоўцы пагаварылі пра гумар і сатыру твора маладых паэтаў. 2. Гутаркоўцы, пагаварылі пра гумар і сатыру твора маладых паэтаў! 3. Алесь Жывень запісаўся ў гурток “Роднае слова”. 4. Алесь Жывень, запісаўся ў гурток “Роднае слова”!
Паназірайце за інтанацыяй зваротка: асобае павышэнне голасу на слове-зваротку, паўза пасля яго. Якія сказы адпавядаюць першай схеме, якія - другой?
Якой часцінай мовы і ў якой форме выражаецца зваротак? Дзейнік? Як іх адрозніваць? [1, с.204].
Першай схеме адпавядаюць 1 і 3 сказы, а другой- 2,4 сказы. Зваротак у сказах выражаны назоўнікам, і дзейнік таксама. Але яны адрозніваюцца тым, што звароткі могуць ужывацца не толькі ў сказе, але і самастойна.
Уменне ў вуснай мове перадаваць самыя розныя адценні выказвання, якія ў пісьмовай мове перадаюцца з дапамогай пунктуацыі,- значыць зразумець сутнасць і пунктуацыі, і інтанацыі. Неабходна патрабаваць выразнага чытання любога сказа, які даецца настаўнікам для аналізу ці прыводзіцца вучнямі. Вялікае значэнне ў сувязі з гэтым маюць практыкаванні на выразнае чытанне, якія ўскладняюцца заданнем растлумачыць пастаноўку знакаў прыпынку і паказаць, чым адрозніваюцца дадзеныя сказы. Е. А. Барынава прапануе наступнага тыпу сказы для такога тыпу задання:
1. Ён падышоў моўчкі, палажыў на стол скрутак і хутка выйшаў з пакою.
Ён падышоў, моўчкі палажыў на стол скрутак і хутка выйшаў з пакою.
2. Артыкул можа быць выдадзены.
Артыкул, можа быць, выдадзены.
3. Гэта- інтэрнат для рабочых.
Гэта інтэрнат-для рабочых [4, с. 134].
Такім чынам, інтанацыйна-сэнсавыя практыкаванні пры вывучэнні пытанняў пунктуацыі ў 8 класе адыгрываюць значную ролю ў школьным навучанні таму, што вучні, у якіх навыкі інтанавання і выразнага чытання высока развіты, выкарыстоўваюць у пісьмовай мове больш сказаў, разнастайных па мэце выказвання, сказаў са звароткам, аднароднымі членамі, простай мовай, чым дзеці, якія не могуць перадаць у вуснай мове эмацыянальную насычанасць мастацкага тэксту. Калі школьнікі навучацца выразна чытаць тэксты, то яны змогуць правільна перадаваць свае думкі і пачуцці не толькі ў вусным маўленні, але і на пісьме.
4.5 Пунктуацыйны разбор
Адным са структурных элементаў пунктуацыйнага ўмення з'яўляюцца матывацыя выкарыстання знака прыпынку ў сказе ці тэксце. Сфарміраванасць дадзенага ўмення забяспечвае авалодванне дзецьмі ўменнем выдзяляць знакамі прыпынку пунктуацыйна-сэнсавыя адрэзкі.
Баранаў М. Т. зазначае, што “ў працэсе абгрунтавання выбару месца і самога знака прыпынку ход разважання можа быць двухбаковым: ад знака прыпынку да выдзеленага ім пунктуацыйна-сэнсавага адрэзка і ад пунктуацыйна-сэнсавага адрэзка да знака прыпынку. Практыкаванне, якое фарміруе дадзенае ўменне, называецца пунктуацыйным разборам.
Перш за ўсё неабходна паклапаціцца аб развіцці пунктуацыйнай пільнасці, а таксама пра авалоданне пунктуацыйным разборам. На гэтым фоне эфектыўней фарміруецца ўменне выдзяляць знакамі прыпынку ў сказах і ў тэксце пунктуацыйна- сэнсавыя адрэзкі”[3,с. 213].
Пунктуацыйны разбор выкарыстоўваецца як самастойны від разбору або ўваходзіць як састаўная частка ў сінтаксічны разбор.
Паколькі пунктуацыя вывучаецца ў школе ў цеснай сувязі з сінтаксісам і на базе яго, пунктуацыйны разбор будзе мець поспех толькі ў тым выпадку, калі вучні авалодаюць асноўнымі навыкамі сінтаксічнага разбору, г. зн. будуць умець выдзяляць або раздзяляць тэкст і адпаведна афармляць межы члянення знакамі прыпынку.
Па форме правядзення пунктуацыйны разбор бывае вусны і пісьмовы, па аб'ёму - поўны і частковы (выбарачны), па мэце правядзення - кантрольны і навучальны. Пры поўным разборы тлумачацца ўсе знакі прыпынку ў тэксце. Пры частковым - выбіраюцца толькі тыя выпадкі пастаноўкі знакаў прыпынку, якія адпавядаюць адабраным для работы правілам.
Пунктуацыйны разбор праводзіцца па тэксту са знакамі прыпынку і без іх. У першым выпадку вучні павінны толькі растлумачыць пастаноўку знакаў прыпынку, якія ўжо ёсць у тэксце. У другім - яны самі чляняць тэкст, ставяць знакі прыпынку і тлумачаць іх пастаноўку. Пры гэтым паслядоўнасць выканання заданняў можа быць рознай: 1) спачатку даецца тлумачэнне (звычайна вуснае), а затым ставяцца знакі прыпынку; 2) ставяцца знакі прыпынку, а затым даецца іх тлумачэнне (вуснае ці пісьмовае).
Методыка правядзення пунктуацыйнага разбору ажыццяўляецца па наступнай схеме:
1. Абазначыць парадкавымі нумарамі (у дужках) знакі прыпынку, пры гэтым каля выдзяляльнага (парнага) знака ставіцца адна і тая ж лічба.
2. Растлумачыць знакі прыпынку, даць іх характарыстыку паводле ўжывання (адзіночны, паўтаральны, парны).
В. А. Ляшчынская лічыць, што “ад гэтай традыцыі неабходна адмовіцца, таму што такая схема парушае асновы пунктуацыі - сказ як асноўная сінтаксічная адзінка з інтанацыйнай і сэнсавай закончанасцю не вылучаецца, граматычная будова сказа не ўлічваецца”[13, с. 31].
У выніку падзелу знакаў прыпынку на два ўзроўні - знакі прыпынку вышэйшага (у канцы сказа, паміж часткамі складанага сказа) і ніжэйшага (у межах простага сказа) узроўняў - змяняецца парадак правядзення пунктуацыйнага разбору: выдзяленне знакаў прыпынку ідзе не папарадку іх расстаноўкі ў сказе, а паводле ступені іх значнасці ў сказе, калі спачатку вылучаюцца і аргументуюцца знакі прыпынку вышэйшага ўзроўню, а потым знакі прыпынку ніжэйшага ўзроўню.Таму В. А. Ляшчынская прапануе правядзенне пунктуацыйнага разбору па наступнай схеме:
1) вызначаецца тып сказа паводле мэты паведамлення - апавядальны, пытальны, пабуджальны ці клічны, а ў адпаведнасці з гэтым ставіцца знак ў канцы сказа;
2) вызначаецца граматычная аснова (асновы) і тып сказа - просты ці складаны;
3) у складаным сказе вызначаюцца межы простых сказаў, віды сувязі і сэнсавыя адносіны паміж імі, а ў выніку гэтага ставяцца знакі прыпынку паміж часткамі складанага сказа;
4) вызначаецца структура простага сказа, яго сінтаксічнае чляненне і адпаведна гэтаму пастаноўка знакаў прыпынку.
Напрыклад, настаўнік можа прапанаваць вучням такі сказ:
Кожны з нас прыпасае Радзімы куток, каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны: дым над хатай, снапамі прыціснуты ток, матчын спеў і гароды, прапахлыя кмінам. (М. Танк)
Пунктуацыйны разбор гэтага сказа можна зрабіць наступным чынам:
Сказ апавядальны, таму ў канцы сказа ставіцца кропка; сказ складаны, таму што ў ім дзве граматычныя асновы, складаназалежны, таму што другая частка злучана падпарадкавальным злучнікам каб і залежыць ад першай, з'яўляецца даданай часткай акалічнасці мэты (да яе ставіцца пытанне для чаго? з якой мэтай?), таму паміж часткамі ставім коску; першая простая частка не мае адасобленых і аднародных членаў сказа, таму ў ёй няма знакаў прыпынку; другая простая частка ўключае 1) аднародныя члены сказа (дым, ток,спеў і гарады) з абагульняльным словам (успаміны) перад імі, таму аднародныя члены раздзяляюцца коскамі, а пасля абагульняльнага слова ставіцца двукроп'е; 2) дзеепрыметныя звароты (снапамі прыціснуты і прапахлыя кмінам), з якіх першы не адасабляецца, таму што стаіць перад азначальным словам ток- назоўнікам, а другі адасабляецца, таму што стаіць пасля азначальнага слова гарады. Зразумела, што дадаткова праводзіцца разбор па членах кожнай простай часткі. Як відаць, пунктуацыйны разбор ідзе ў спалучэнні з сінтаксічным разборам сказа”[13, с. 31].
Подобные документы
Асаблівасці правапісу галосных, яккага знака і апострафа, некаторых прыставак. Асобныя выпадкі ўжывання вялікай літары. Правілы пераносу. Сінтаксіс і пунктуацыя. Аднародныя члены сказа. Спосабы цытавання. Знакі прыпынку пры цытатах. Тэксты дыктантаў.
учебное пособие [207,1 K], добавлен 04.01.2011Фразеалогія як асобны раздзел навукі аб мове. Групаванне фразеалагізмаў на аснове тэматычнай аднастайнасці кампанентнага складу. Фразеалагізмы, суадносныя са структурай простага сказа. Марфалагічная та сінтаксічная характарыстыкі фразеалагізмаў.
курсовая работа [69,4 K], добавлен 26.07.2013Выкананне заданняў па арфаграфіі і пунктуацыі. Устаўка ў словы прапушчаных літар, падбор да дадзеных слоў аднакаранёвых слоў з падоўжанымі зычнымі. Правільны канчатак роднага склону назоўнікаў. Пераклад слоў, тэрмінаў і словазлучэнняў на беларускую мову.
контрольная работа [23,7 K], добавлен 24.11.2010Агульнае паняцце пра ўскладнены сказ, звароткі ў структуры сказа (на прыкладзе твораў Леаніда Дайнекі). Пабочныя і устаўныя канструкцыі (словы, словазлучэнні і сказы) ў структуры сказа. Агульнае паняцце пра адасобленыя члены сказа і аднасастаўныя сказы.
дипломная работа [97,7 K], добавлен 19.05.2013Структура, сэнсавыя і сінтаксічныя функцыі параўнальных зваротаў, якія выступаюць у ролі членаў сказа. Заканамернасці граматычнага выражэння галоўнага кампанента параўнальнага звароту – аб'екта параўнання. Адрозненне мадальных злучнікаў ад немадальных.
курсовая работа [52,4 K], добавлен 07.02.2013Марфалагічная характарыстыка фразеалагізмаў, іх функцыянальная нагрузка, значэнне і тыпы. Выяўленне фразеалагізмаў ў мове драматычных твораў А. Макаёнка, іх стылістычныя функцыі. Фразеалагізмы са структурай спалучэння слоў, сказа, словазлучэння.
дипломная работа [101,7 K], добавлен 26.05.2013Сінтаксічныя канструкцыі, заканамернасці, спосабы іх утварэння, магчымасці спалучэння і функцыянавання ў тэксце. Спецыфіка ўжывання звароткаў, параўнальных зваротаў, пабочных канструкцый, адасобленых членаў сказа, аднасастаўных сказаў ў творах Л. Дайнекі.
дипломная работа [94,2 K], добавлен 20.06.2013Дзелавая карэспандэнцыя класіфікуецца на розных падставах на пэўныя групы. Па тэматычнай прыкмеце карэспандэнцыя падзяляецца на камерцыйную і дзелавую. Па знешняй форме дзелавыя пісьмы падзяляюцца на рэгламентаваныя (стандартныя) і нерэгламентаваныя.
реферат [27,9 K], добавлен 21.01.2011Лексическое значение слов. Словари русского языка. История возникновения устойчивых словосочетаний (фразеологизмов). Правила расстановки ударений в словах. Морфемный разбор слов, правила орфографии. Морфологический и синтаксический разбор словосочетаний.
контрольная работа [23,1 K], добавлен 01.04.2015Разгорнуты адказ і тэзісны план теми "Гістарычныя этапы развіцця беларускай мовы". Прыклады марфалагічнай і сінтаксічнай інтэрферэнціі. Выразы з публіцыстычнага, навуковага, афіцыйна-справавога стыля, сказы выразнай функцыянальна-стылявой прыналежнасці.
контрольная работа [23,8 K], добавлен 08.10.2012