Аналіз звароткаў, параўнальных зваротаў, пабочных і ўстаўных канструкцый, адасобленых членаў сказа і аднасастаўных сказаў ў творах Л. Дайнекi

Сінтаксічныя канструкцыі, заканамернасці, спосабы іх утварэння, магчымасці спалучэння і функцыянавання ў тэксце. Спецыфіка ўжывання звароткаў, параўнальных зваротаў, пабочных канструкцый, адасобленых членаў сказа, аднасастаўных сказаў ў творах Л. Дайнекі.

Рубрика Иностранные языки и языкознание
Вид дипломная работа
Язык белорусский
Дата добавления 20.06.2013
Размер файла 94,2 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Рэферат

Ключавыя словы: сінтаксіс, аднасастаўны сказ, параўнальны зварот, зваротак, устаўныя канструкцыі, пабочныя кантрукцыі, адасобленыя члены сказа, адасабленне, ускладненыя сказы, прыдатак, азначэнне, акалічнасць.

Аб'ект даследавання: звароткі, параўнальныя звароты, пабочныя і ўстаўныя канструкцыі, адасобленыя члены сказа, аднасастаўныя сказы ў творах Л.Дайнекі “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”.

Прадмет даследавання: творы Л.Дайнекі “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”.

Метады даследавання: апісальны, параўнальны, аналітычны.

Мэта работы: выяўленне і правядзенне аналізу сінтаксічнай будовы твораў Леаніда Дайнекі, высвятленне спецыфікі ўжывання разнастайных сінтаксічных канструкцый ў творах.

Задачы работы:

1. Прааналізаваць інфармацыю пра паняцці зваротак, параўнальны зварот, пабочныя і ўстаўныя канструкцыі, адасобленыя члены сказа, аднасастаўныя сказы ў розных мовазнаўчых крынцах;

2.Разгледзець асноўныя адметнасці звароткаў, параўнальных зваротаў, пабочных і ўстаўных канструкцый, адасобленых членаў сказа, аднасастаўных сказаў;

3.Зрабіць класіфікацыю звароткаў, параўнальных зваротаў, пабочных і ўстаўных канструкцый, адасобленых членаў сказа, аднасастаўных сказаў ў творах Л.Дайнека "Меч князя Вячкі", “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”.

4 . Прааналізаваць спецыфіку ўжывання і функцыянавання звароткаў, параўнальных зваротаў, пабочных і ўстаўных канструкцый, адасобленых членаў сказа, аднасастаўных сказаў ў творах Л.Дайнекі “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”.

Змест

Уводзіны

Глава 1. Агульнае паняцце пра ўскладнены сказ

1.1 Звароткі ў структуры сказа

1.2 Пабочныя канструкцыі (словы, словазлучэнні і сказы) ў структуры сказа

1.3 Устаўныя канструкцыі (словы, словазлучэнні, сказы) ў структуры сказа

1.4 Параўнальныя звароты ў структуры сказа

Глава 2. Агульнае паняцце пра адасобленыя члены сказа

2.1 Адасабленне азначэнняў

2.1.1 Адасабленне дапасаваных азначэнняў

2.1.2 Адасабленне прыдаткаў

2.1.3 Адасабленне недапасаваных азначэнняў

2.2 Адасабленне акалічнасцяў

Глава 3. Аднасастаўныя сказы

Заключэнне

Спіс літаратуры

Уводзіны

Працяглае гістарычнае развіццё беларускай мовы, узаемадзеянне розных форм і традыцый далі ёй магчымасць выпрацаваць найбагацейшую, гнуткую сістэму сінтаксічных сродкаў, здольных абслугоўваць любыя запатрабаванні пазнання і мыслення.

Калі зрабіць агляд літаратуры адпаведна тэмы даследавання, неабходна спыніцца на некаторых аўтарах, якія займаліся даследаваннем праблем сінтаксісу.

Пачатак развіцця беларускай сінтаксічнай навукі адносіцца да 1910-х гг., калі распачаліся сістэматычныя даследаванні беларускага сінтаксісу, што звязана з манаграфічным па сваёй сутнасці параўнальна-гістарычным даследаваннем Я.Карскага, а таксама падручнікамі для школ Бр. Тарашкевіча і Б.Пачобкі. Першым фундаментальным апісаннем беларускага сінтаксісу можна лічыць “Нарысы сінтакісу беларускай мовы” Я.Карскага, дзе аўтар заклаў тэарэтыка-метадалагічныя асновы беларускага сінтаксісу. У 1930-я гг. працягваецца традыцыя стварэння і распрацоўкі падручнікаў на беларускай мове, дзе вялікая ўвага надаецца асаблівасцям сінтаксісу беларускай мовы. У 1950-я гады назіраецца шырокая распрацоўка сінтаксічнай тэорыі навукоўцамі ( А.Наркевіч, Л.Бурак). Значнай падзеяй для беларускай сінтаксічнай навукі з'яўляецца выданне сінтаксічнага тома “Граматыка Беларускай мовы” (1965), у якой закладзены тэарэтычныя асновы беларускага сінтаксісу, а таксама першага ўласна сінтаксічнага слоўніка.

Можна зрабіць вывад што тэарэтыка-метадалагічныя асновы беларускага сінтаксісу былі закладзены ў 1940-1980-я гг, што звязана з такімі даследчыкамі беларускай мовы як Я. Карскі, Бр. Тарашкевіч, Я.Лёсік, Ц.Ломцеў, А.Груцы, М.Булахаў, М.Яўневіч, Л.Бурак, П.Шуба, Л.Падгайскі, М.Гурскі, А.Міхневіч, В.Мартынаў, А.Наркевіч і інш.

На сённяшні дзень актыўнай распрацоўкай пытанняў сінтаксісу беларускай мовы і яго аспектаў займаюцца І.Антанюк, В.Маршэўская, Т.Рамза, Н.Паўлоўская, А.Рудэнка і інш.

У сучаснай беларускай мове лінгвістамі адзначаюцца два разуменні тэрміна сінтаксіс:1) сінтаксіс як раздзел навукі пра мову (раздзел граматыкі), 2) сінтаксіс як аб'ект вывучэння мовы.

Міхневіч А.Я. падае такое азначэнне сінтаксісу “Сінтаксіс - уласцівыя пэўнай мове спосабы аб'яднання форм слоў у словазлучэнні і сказы, а таксама простых сказаў у складаныя. Сінтаксісам называюць і навуку аб адзінках маўлення, заканамернасцях іх утварэння і функцыяніравання”[19, с. 484]

Сінтаксіс як раздзел навукі пра мову вывучае сінтаксічныя канструкцыі, заканамернасці і спосабы іх утварэння, магчымасці спалучэння і функцыянавання ў тэксце.

“Сінтаксіс ? гэта сфера граматычнай будовы мовы, якая ахоплівае заканамернасці спалучэння слоў у сказе. Слова i сказ - узаемаабумоўленыя адзінкі, i таму апісанне семантычных падстаў сінтаксічных «правіл» звязана з неабходнасцю распрацоўкі пытанняў семантыкі слова”[7, с.318].

Сінтаксіс вельмі цесна звязаны з марфалогіяй. Гэтая сувязь праяўляецца ў тым, што словы выконваюць функцыю членаў сказа. Як адзначае рускі даследчык Чумак Л.Н. “Синтаксис…изучает грамматические формы взятые, не в изолированном виде, не в статическом состоянии, а в плане их функционирования в связной речи т.е. в динамике”[27,с.5].

Калі разглядаць пытанне месца раздзелу “Сінтаксіс” у сістэме сучаснай беларускай мовы, можна адзначыць, што ён займае цэнтральнае месца ў граматычнай сістэме мовы, бо менавіта сінтаксісу наўмысна належаць тыя моўныя адзінкі, якія непасрэдна служаць для зносін людзей і непасрэдна суадносяць зносіны з пэўным часавым планам.

Асноўнай адзінкай на ўзроўні мікрасінтаксісу (які даследуе ізаляваныя аўтаномныя выказванні) лінгвістамі называецца сказ (выказванне), а на ўзроўні макрасінтаксісу (аб'ект якога - вусныя і пісьмовыя тэксты) - тэкст[18,c.4].

Аб'ектам сінтаксічнага вывучэння мовы з'яўляюцца спосабы арганізацыі слоў у словазлучэнні і ў сказы, тыпы словазлучэнняў і сказаў.

Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы раскрывае пытанні разумення прадмета сінтаксіса як раздзела граматыкі, з асэнсаваннем сінтаксічнай сувязі і сродкаў яе выражэння, з асаблівасцямі граматычнай будовы, граматычнага значэння і функцый словазлучэння і простага сказа, іх тыпалогіі, структурнага, камунікатыўнага, семантычнага аспектаў сказа, з сінтаксічнай кваліфікацыяй простых сказаў, ускладненых аднароднымі і адасобленымі членамі, уводнымі і ўстаўнымі адзінкамі, пабочнымі канструкцыямі, звароткамі і інш.

Калі гаварыць пра ўскладненыя сказы ў цэлым, то трэба адзначыць, што яны характарызуюцца разнастайнасцю будовы, відаў адносін паміж часткамі, канструкцыямі, якія ўскладняюць будову сказа, сродкаў іх сувязі.

Безумоўна, адасобленыя кампаненты рознай будовы служаць своеасаблівымі сродкамі эканамізацыі сказа, канцэнтруючы выказванне вакол аднаго яго структурнага цэнтра. Пры іх рацыянальным выкарыстанні ствараюцца вобразныя пабудовы, эканомныя па форме і ёмістыя па зместу, з неабмежаванымі эмацыянальна-экспрэсіўнымі магчымасцямі. Аднак празмернае захапленне ўскладняючымі кампанентамі сказа ў арганізацыі звязнага тэксту можа прывесці да неапраўданага ўскладнення яго структуры, семантычнай і стылістычнай перагружанасці змешчаных ў ім паведамленняў, што адмоўна адаб'ецца на дакладнасці і выразнасці яго сэнсу.

У беларускім мовазнаўстве да канструкцый, якія ўскладняюць сказ і прыўносяць у яго дадатковае значэнне, адценне, меркаванне і інш., адносяць звароткі, параўнальныя звароты, пабочныя і ўстаўныя словы і спалучэнні слоў, дзеепрыметныя і дзеепрыслоўныя звароты. У артыкуле Міхневіча А. Я. адзначана, што дадзеныя сінтаксічныя ўтварэнні “маюць адносную сэнсавую і інтанацыйную самастойнасць” і “займаюць прамежкавае становішча паміж даданымі членамі сказа і даданымі сказамі” [19, с.486].

Актуальнасць тэмы, абранай намі для даследавання ў дадзенай дыпломнай рабоце, тлумачыцца, у асноўным, неаслабляльнай цікавасцю да распрацоўкі пытанняў сінтаксісу, выяўлення сінтаксічнай будовы тэкстаў розных аўтараў, класіфікацыі сінтаксічных адзінак і іх спецыфікай і роляй ужывання ў мастацкіх тэкстах.

Так, калі рабіць агляд літаратуры адпаведна тэмы даследавання, то трэба спыніцца на некаторых аўтарах, якія займаліся даследаваннем праблем канструкцый і адасобленых членаў сказа, якія нясуць дадатковае адценне сказа. Адным з вядучых у гэтай галіне з'яўляецца даследчык Бурак Л.І.[9, 10]. Вядомы работы названага аўтара, у якіх ён спыняецца на аналізе ўсіх канструкцый, якія нясуць дадатковае адценне ў сказе. Аўтара таксама цікавяць іх функцыя і значэнне, асаблівасці ўжывання і будовы. Акрамя Бурака Л.І. пытаннямі ўжывання і функцыянавання дадзеных канструкцый займаліся Анічэнка У.В.[4], Яўневіч М.С.[28,29], Сцяцко П.У.[28], Булахаў М.Т.[8], Чалюк Н.М.[26], Бадзевіч З.І.[7], Рамза Т.Р.[24], Малажай Г.М.[15,16] і інш., што пацвярджае важнасць і надзённасць вывучэння акрэсленай у тэме даследавання праблемы.

Прадметам даследавання курсавой работы з'яўляюцца творы Л.Дайнека “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”.

Аб'ект даследавання можна акрэсліць наступным чынам: звароткі, параўнальныя звароты, пабочныя і ўстаўныя канструкцыі, адасобленыя члены сказа, аднасастаўныя сказы ў творах Л.Дайнекі “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”.

Мэтай дадзенай курсавой работы з'яўляецца аналіз звароткаў, параўнальных зваротаў, пабочных і ўстаўных канструкцый, адасобленых членаў сказа і аднасастаўных сказаў ў творах Л.Дайнека “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”.

Адпаведна мэце выдзяляюцца наступныя задачы:

1.Прааналізаваць інфармацыю пра паняцці зваротак, параўнальны зварот, пабочныя і ўстаўныя канструкцыі, адасобленыя члены сказа, аднасастаўныя сказы ў розных мовазнаўчых крынцах;

2.Разгледзець асноўныя адметнасці звароткаў, параўнальных зваротаў, пабочных і ўстаўных канструкцый, адасобленых членаў сказа, аднасастаўных сказаў;

3.Зрабіць класіфікацыю звароткаў, параўнальных зваротаў, пабочных і ўстаўных канструкцый, адасобленых членаў сказа, аднасастаўных сказаў ў творах Л.Дайнека "Меч князя Вячкі", “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”.

4 . Прааналізаваць спецыфіку ўжывання і функцыянавання звароткаў, параўнальных зваротаў, пабочных і ўстаўных канструкцый, адасобленых членаў сказа, аднасастаўных сказаў ў творах Л.Дайнекі “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”.

Для практычнай часкі курсавой работы намі было сабрана ?419 сінтаксічных адзінак. На аснове акрэсленага фактаграфічнага матэрыялу былі зроблены пэўныя вынікі, распрацаваны пэўныя класіфікацыі звароткаў, параўнальных зваротаў, пабочных і ўстаўных канструкцый, адасобленых членаў сказа, аднасастаўных сказаў ў творах Л.Дайнека “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”.

сінтаксічный сказ зварот параўнальный

Глава 1. Агульнае паняцце пра ўскладнены сказ

У беларускай і рускай мовах простыя аднасастаўныя і двухсастаўныя сказы могуць быць не толькі развітыя і неразвітыя, поўныя і няпоўныя ў цеснай сувязі з рознымі задачамі камунікацыі , але і ўскладненыя. Як адзначае Абабурка М.В. у “Параўнальнай граматыцы беларускай і рускай моў” сказы могуць ускладняцца за кошт “развіцця членаў сказа, разгортвання структуры ўсяго сказа, пры дапамозе сэнсава-інтанацыйнага выдзялення пэўных яго членаў, увядзення слоў і выразаў, граматычна не звязаных ні спалучальнай ні падпарадкавальнай сувяззю”[3,с.191]. Адзначаецца, што ва ўсіх усходнеславянскіх мовах ужываюцца ўскладненыя сказы. Сказы могуць ускладняцца аднароднымі, удакладняльнымі, адасобленымі членамі сказа, пабочнымі і ўстаўнымі кампанентамі сказа, выклічнікамі і звароткамі.

Пры разглядзе лінгвістычнай літаратуры па тэме даследавання, мы прышлі да высновы, што “ускладненымі лічацца простыя сказы, якія ўтрымліваюць дадатковыя неразгорнутыя выказванні да асноўнага выказвання, змешчанага ў прэдыкатыўнай аснове, і якія ў згорнутым выглядзе выражаюць дадатковую прэдыкацыю” [26, с. 135].

У рускім мовазнаўстве прысутнічае тэрмін “осложнённые предложения” і ўмовай ускладненасці сказа з'яўляецца “обособление второстепенных членов предложения”[27,с.61]. Адасабленне ўяўляе сабой складаную структурна-семантычную з'яву сінтаксісу. У яго ўваходзяць канстукцыі “ различные по семантике, структуре, характеру синтаксической связи и по средствам выражения этой связи, по функции в предложении”[27, с.61].

Такім чынам можна зрабіць вывад, што і ў беларускай і ў рускай мовах пры вывучэнні ўскладненых сказаў выяўляецца пераважная большасць агульных з'яў. Як адзначае Абабурка М.В., выразнымі кампанентамі, якімі адрозніваюцца паміж сабою ўскладненыя сказы ў беларускай і рускай мовах, можна лічыць “некаторыя адасобленыя прыдаткі і дзеепрыметнікава-дзеепрыслоўныя словазлучэнні, а таксама спосабы выражэння звароткаў”[3,с.192].

Да тагож адзначаецца, што адасобленыя члены сказа разглядаюцца “ у якасці аднаго са шляхоў развіцця і ўдасканалення той ці іншай літаратурнай мовы, таго ці іншага індывідуальнага стылю”[3,с.193].

Лінгвісты па-рознаму вызначаюць статус ускладненых сказаў. Звычайна іх адносяць да пераходных (прамежкавых) паміж простымі і складанымі сказамі. Не вырашана адназначна і пытанне, якія кампаненты сказа лічацца ўскладняльнымі. Традыцыйна ўскладняльнікамі простага сказа называюцца аднародныя і адасобленыя члены сказа, параўнальныя звароты, пабочныя і ўстаўныя канструкцыі, зваротак.

Як адзначаюць М.С. Яўневіч і П.У.Сцяцко, адасабленне неабходна разглядаць як спецыфічны сродак сувязі слоў у сказе, з дапамогай чаго “выдзяляецца сэнсавая функцыя спалучэння слоў ці асобнага сказа ў адносінах да іншых слоў сказа”[28,с.100]. І хаця тэрмін “адасабленне” падразумявае пад сабой ізаляванае ўжыванне пэўных членаў сказа, неабходна адзначыць, што “адасобленыя члены сказа звязаны сінтаксічнай сувяззю з астатнімі членамі сказа”[28,с.100].

У сваёй рабоце мы засяродзім увагу на ўжыванні адасобленых членаў сказа, прыдаткаў, звароткаў, параўнальных зваротаў, пабочных і ўстаўных канструкцый у творах Л.Дайнекі “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”.

1.1 Звароткі ў структуры сказа

Значнае месца ў мове беларускай літаратуры належыць зваротку, які выконвае не толькі намінатыўную, але і эмацыянальна-ацэначную функцыю. Спецыфічнай асаблівасцю зваротка, як адзначана ў “Беларускай граматыцы”, з'яўляецца тое, што “ ён граматычна не звязаны з членамі сказа” [5,с 181].

Зваротак -- слова ці спалучэнне слоў са значэннем асобы ці прадмета, да якіх звяртаюцца ў размове. Ці, як адзначае Л.І.Бурак, “гэта слова ці словазлучэнне, якія абазначаюць адрасата гутаркі”[10, с….].

Як адзначае Л.І.Бурак, адрасатам гутаркі часцей за ўсё бывае асоба, названая па імені, прозвішчу, роду заняткаў, пасадзе, узросту, сваяцтву, якой-небудзь знешняй або унутранай прыкмеце[10, с.186].

У тэкстах мастацкіх твораў Л.Дайнекі намі былі выяўлены наступныя групы звароткаў, якія паказваюць на асобу:

ь названую па імені

-Трэба было б цягнуць цябе, Валасач, у вір з каменем на шыі,- сказаў на развітанне Далібор,- але я гэта яшчэ паспею зрабіць [1, с.120]

ь прозвішчу

-Ты, Валунок, сядзі. Я сам,- лагодна казаў ён,-дастаючы з-за пазухі крэсіва і выбіваючы іскру [1, с.233]

ь роду заняткаў

Часка гасцей памкнулася да дзвярэй, але Ізяслаў, наліўшыся цяжкой крывёю, крыкнуў:

-Чаляднікі, зачыніце дзверы! Налівайце мёд! [2, с.316]

ь пасадзе

-Яны прыйшлі да цябе, светлы баярын,- яшчэ ніжэй пакланіўся халоп, вельмі падобны на Супруна [2, с.576]

ь узросту

-Раскажу я вам, маладзёны, пра старца Кукшу, які да мяне сядзеў пад гэтым дубам,- жвавым голасам пачаў Валасач [1, с.120]

ь сваяцтву

“-Сыны мае, дзеці, - усхвалявана сказаў Усяслаў,- ёсць яшчэ на зямлі добрыя верныя людзі, ёсць адважныя воі [2, с.427]

ь якой-небудзь знешняй ці ўнутранай прымеце.

-Што чутно пра князя Вячку, бязносы?- пранізліва глянуўшы на халопа, спытаўся Уладзімір [2, с.126].

Зваротак называе асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца з мовай, заклікам, просьбай, якім “наогул адрасавана выказванне, выражанае ўсім сказам”[28, с.120]:

- Глебачка, - ласкава сказала княгіня Мар'я і пагладзіла сына па чорнавалосай галаве, - чаму ты такі невясёлы? [1, с.11]

Страшна тое, новагараджане, што сіла вялікая і злая ідзе на нас [1, с.11].

У некаторых выпадках гутарка можа звяртацца да розных адушаўлённых істот:

Прыйдзіце, птушкі нябесныя, напіцеся крыві чалавечай [2, с.582]

а таксама да “неадушаўленных прадметаў і з'яў”[10, с.187]:

Чуй, святы зялёны дуб. Чуй, святы агонь. Чуй, неба. І чуй ты, Княжыч Далібор [1, с.37]

-Слухайце, нябёсы!- закрычаў ён, ускокваючы на валун, працягваючы ў змрок рукі [2, с.240].

Накіраванасць паведамлення, якое размешчана ў сказе, да канкрэтнай асобы ці прадмета або з'явы з'яўляецца асноўнай, найбольш істотнай адзнакай зваротка як сінтаксічнай адзінкі, прызначанай для ўскладнення структуры сказа. Зразумела , што кожнае прыватнае ацэначнае значэнне зваротка залежыць ад канрэтнага кантэксту. Ужыванне звароткаў у сказе звязана з мэтай і зместам выказвання, чым абумоўлены і віды ацэнкі, яе разнавіднасць і інтэнсіўнасць.

Але адсутнасць сінтаксічнай сувязі зваротка з членамі сказа не азначае, што зваротак не мае і сэнсавай сувязі з імі. У “ Беларускай граматыцы” зафіксавана, што на сувязь зваротка са сказам звычайна паказвае або дзеяслоў-выказнік (у форме загаднага ладу)

- Пойдзем, матуля, глянем на яго,- шырока ўсміхаючыся прапанаваў Някрас [1, с.13]

-Да літвы паедзеш, Глеб, да Міндоўга[1, с.18]

Чуй, святы зялёны дуб. Чуй, святы агонь. Чуй, неба. І чуй ты, Княжыч Далібор [1, с.37]

або займеннік[5,с.182]:

-Я, прыснапамятны князь. Як ты яшчэ ўпоперак лаўкі ляжаў, мяне твой бацька, князь Васіль, прагнаў з Наваградскай зямлі,- адказаў Валасач [1, с.19]

-Рознымі дарогамі пойдзеце вы, браты [1, с.26]

-Мір табе і твайму дому, прыснапамятная княгіня [1, с.69]

-Вось і ўбачыліся,- ласкавым голасам сказаў Даўспрунк.- Сядай, Рамуне. Сядай і ты, братачата Войшалк [1, с.110].

Такім чынам, звароткі з'яўляюцца адным са сродкаў раскрыцця рэальнага зместу займеннікаў. Зваротак і займеннік знаходзяцца паміж сабой у суадноснай сувязі.

Праўда, сувязь зваротка са сказам не аднолькавая, яна можа праяўляцца ў большай ці меншай ступені.

У залежнасці ад адносін да субяседніка зваротак выражаецца рознымі часцінамі мовы:

назоўнікамі

-Навошта, бацюхна, вешчуну ласку сваю княжацкую дорыш?- занепакоена спытаў Далібор [1, с.20]

-Пакажыце, сыны, на шо вы здатныя,- ціхім голасам прамовіў князь [1, с.28]

Глядзі, уладар, які падарунак я табе падрыхтаваў,- ціхмяна і пакорліва сказаў Фрыдрыху [1, с.227]

прыметнікамі

-Гнайнавокі, дзе ты?! Не хавайся! Выйдзі на паядынак са мною [1, с.97]

прыметнікамі і назоўнікамі

Нельга было родным словам пакарміць душу. Адпусці нас, вялікі Міндоўг [1, с.66]

-Прабач, брат мой новагародскі, што з пустымі рукамі прыйшоў я да цябе [1, с.121]

Ён парывіста схапіў Стырланда за руку і раптам папрасіў, і нешта дзіцячае было ў просьбе:

-Дастаслаўны рыцар, вазьмі мяне з сабой [1, с.180]

Калі ты здрадзіш, шалудзівы пёс, я адсяку табе галаву [2, с.16]

-Княгіня-матухна наша залатая, не ведаю. Святы крыж - не ведаю [2, с.174].

Зваротак можа ўжывацца ў сярэдзіне сказа,

-Ядрэйка я, маладзічка, а не анёл!- выгукнуў са сваёй вышыні чалавек [2, с.338]

-Ты задаволены, гасподзь? Раны тваёй плоці мы загоім слязьмі тваіх ворагаў [2, с.578]

у канцы

-Мір табе, княгіня Юрга.

Пакланіўся баярам:

-Мір вам, мужы княжыя, людзі вятшыя [2, с.60]

-Кахаю. Пайду за табою, як нітка за іголкай. Але цяжка мне, любы, ой як цяжка! Радовіч сватоў шле. Ратуй мяне, Белавалод [2, с.332]

Раман цвёрдай рукою спыніў каня, гучным голасам загаварыў:

-Радасна бачыць вас, адважныя дзеці горада Менска, сыны Полацкай зямлі! [2, с.449]

і пачатку сказа

-Бацюхна, - трохі павагаўшыся, прамовіў Далібор, - вяшчун Валасач вярнуўся [1, с.18]

-Браталюбы, усе вы ведаеце, што вялікім мужам, якія служаць або могуць паслужыць Новагародку, мы таемна пасылаем праз сваіх людзей жалезны жолуд,- зноў загаварыў Алехна [1, с.138]

-Святы ойча,- спытаў аднойчы Морыц,- што вязе ў фуры твой слуга Гуга? [1, с.159].

На пісьме зваротак аддзяляецца коскай або клічнікам (пры павышанай інтанацыі) [4, с.137]:

-Дзякуй табе, князь-міласнік, ад усіх нас,- у пояс пакланіўся Данілу Выкант [1, с.182]

-Маўчы, бенкарт!Маўчы, злога ложа сын!- грозна крыкнуў Міндоўг [1, с.281]

-Новагараджане! Людзі! Вось і зноў я бачу вас. Каб вы ведалі, якая гэта радасць для мяне [1, с.269]

-Слухайце, нябёсы!- закрычаў ён, ускокваючы на валун, працягваючы ў змрок рукі [2, с.240]

-Ратуй, прыснапамятны князь!- крычаў, галасіў натоўп, упаўшы на калені [2, с.470].

У тых выпадках, калі развіты зваротак раздзяляецца ў сказе іншымі словамі, то кожная частка зваротка выдзяляецца коскамі.

Аднак зваротак, калі ён выражае бурныя эмоцыі, рэзкі заклік, пабуджэнне, можа і не уваходзіць у склад сказа; у такім выпадку зваротак стаіць перад сказам і аддзяляецца ад яго клічнікам:

Убачыўшы брата, засвяцілася ўся ад радасці, кінулася да яго, абняла.

-Братачка мой! Саколік!

Войшалк памкнуўся ёй насустрач.

-Сястрыца! Зязюлечка! [1, с.109]

-Новагараджане! Людзі! Вось і зноў я бачу вас. Каб вы ведалі, якая гэта радасць для мяне [1, с.269]

“ Браціла! Што ты хочаш рабіць, сынок?”- раптам нібы прагучаў у ягонай душы голас маці [2, с.15]

Такая з'ява назіраецца таму, што месца і сувязь зваротка ў сказе аказваюць пэўны ўплыў на яго інтанацыйнае афармленне. Звароткі вызначаюцца своеасаблівай “вакатыўнай (заклікальнай) інтанацыяй”, што выразна адрознівае іх ад галоўных або даданых членаў сказа і прадвызначае ім адпаведнае месца ў сказе [10, с.188].

У сказе можа быць два ці больш звароткаў, якія звязаны адносінамі аднароднасці:

-А ці не забыўся ты, княжыч, сын мой, што тваіх сватоў чакаюць у Ваўкавыску?- раптам спытаў Ізяслаў [1, с.150]

-Князь Войшалк, сын Міндоўга,- смела адказаў Сіверт,- прыйшоў я з Варуты ад твайго бацькі, вялікага кунігаса, каб пацвердзіць, што ўзяў ён са сваімі баярамі хрысціянскую веру з Рыма, з рук папы Інакенція IV [1, с.222]

-Дабранегачка,- узяў яе за рукі Вячка,- што з табою, гаспадынька мая [2, с.173]

Даруй мне, дочачка, даруй, ластавачка мая,- думаў князь [2, с.244]

Так хацелася тады зрабіцца птушкай або рыбінай, нырнуць у асветленую яркімі начнымі зоркамі ваду, плыць услед за плытом і да салодкіх дрыжыкаў у целе адчуваць, што ты можаш згубіцца ў гэтай трывожнай рачной імгле, але каля цяпельца на плыце ёсць маці, яна не дасць табе згубіцца, згінуць, вось зноў гучыць яе цёплы ласкавы голас: “ Расціслаў, сынок, не засні, не ўпадзі ў раку” [2, с.307].

На першы погляд, аднароднасць звароткау нібы выклікае пярэчанне, бо звароткі, як вядома, членамі сказа не з'яўляюцца. Аднак трэба мець на ўвазе, што аднароднымі могуць быць не толькі члены сказа, але і “іншыя элементы сказа і нават сказы (напрыклад, аднародныя даданыя сказы пры сузалежным падпарадкаванні)”[28, с.121]. Звароткі, якія паўтараюцца ў сказе два і больш разоў, не з'яўляюцца аднароднымі; яны маюць дадатковую стылістычную нагрузку -- перадаюць розныя адценні эмоцый:

-Эх, Курыла, Курыла, вялікая сіла, мне б тваё здароўе. Бач, які ты спраўны, які гладкі ды тоўсты [1, с.237].

Даволі часта пры зваротках ужываюцца асабовыя займеннікі ты, вы; у такіх канструкцыях звароткі стаяць пасля займенніка і, акрамя сваей намінатыўнай функцыі, маюць удакладняльнае значэнне:

-Ты аб чым, Рамуне?- спытаў Далібор і зноў моцна пацалаваў яе, пальцамі асцярожна пачаў гладзіць ёй шчокі і бровы [1, с.239]

І калі дзецкія выканалі загад, сказаў:

-Запрашаю цябе, мой любімы адзінаўтробны брат, хлеба-солі адведаць[1, с.275]

Калі ты здрадзіш, шалудзівы пёс, я адсяку табе галаву [2, с.16]

-Хай будзе па-твойму. Вы, кнігачоты, бліжэй да неба і да божага прастола [2, с.30]

Ізяслаў зычна, каб усе чулі, сказаў:

-Прашу вас, дарагія браты, у горад бацькі нашага! [2, с.314]

Самі па сабе займеннікі ты, вы ў назоўным склоне выступаюць дзейнікамі і, як правіла, не выконваюць ролі звароткаў, не выдзяляюцца знакамі прыпынку нават тады, калі пры іх ужыты дзеяслоў у форме загаднага ладу.

Займеннікі ты, вы могуць уваходзіць у склад развітых звароткаў; тады яны звычайна стаяць пасля назоўніка, які выконвае ролю зваротка:

Ды што там ловы? Я, братка ты мой, чалавека ў сечы забіў [1, с.122]

-Уставай, змяёк ты гэткі!- злосна прашыпеў баярын [2, с.357].

Выклічнікі, якія стаяць пры зваротках, аддзяляюцца ад іх знакамі прыпынку:

-Эх, Курыла, Курыла, вялікая сіла, мне б тваё здароўе. Бач, які ты спраўны, які гладкі ды тоўсты [1, с.237].

Выклічнік о, які ўжываецца ў значэнні 'ах', таксама аддзяляецца знакам прыпынку [28, с.122]:

-О, мой уладар,- прашаптала яна[2, с.489].

Звароткі ў сказе могуць мець неразвітую або развітую структуру.

Неразвітыя звароткі выражаюцца пераважна назоўнікамі ў форме назоўнага склону ці былога клічнага склону:

-Бацюхна, - трохі павагаўшыся, прамовіў Далібор, - вяшчун Валасач вярнуўся [1, с.18]

-Хто ж цябе, дзядзька, так пакараў?- спытаўся Белавалод [2, с.241].

Развітыя звароткі звычайна выражаны словазлучэннямі назоўнікаў у форме “назоўнага ці былога клічнага склону і залежных ад іх слоў іншых часцін мовы”[10, с.190]:

-Ці не сон гэта, мой верны Казлейка? - пацішэлым і, здавалася, лагодным голасам спытаў кунігас [1, с.247]

-На Нямігу, дарагія баяры, ідзяце?- гаварыў, крочачы поруч з Белавалодам, Ядрэйка[2, с.242].

Звароткі функцыяніруюць, як асобны кампанент, што служыць дадатковай інфармацыяй, якую выконвае зваротак у сказе паведамлення. Асноўнай функцыяй, на нашу думку, якую выконвае зваротак у сказе, з'яўляецца “намінатыўна-звяртальная” [10, с.191]. Яна ўласціва толькі зваротку і адрознівае яго ад іншых кампанентаў сказа.

Называнне асобы ці прадмета пры дапамозе зваротка часцей за ўсё прамое:

-Куеш, дзед Кандрат?- спытаў Алехна, абняўшы старога [1, с.271]

А ты, полацкі князь,- ён ва ўпор, нібы шылам кальнуў, глянуў на Усяслава,- сварку сееш, зваду [2, с.319].

Хаця ў некаторых выпадках называнне можа быць пераносным:

Гэта ты, трухлявая калода, падвучваеш малога?! [2, с.252].

Мы, абапіраючыся на вышэй названую літаратуру, можам зрабіць вывад, што звароткі з'яўляюцца адным са сродкаў паказу выяўленчай выразнасці паведамлення, што садзейнічае іх шырокаму выкарыстанню ў мове мастацкай літаратуры. Ацэначнае значэнне зваротка залежыць ад яго структуры, характару паясняльных слоў, месца ў сказе, інтанацыі, а таксама ад кантэксту ў цэлым. У літаратуры зваротак пераважна ўжываецца ў простай мове, у дыялогу, радзей - у мове апавядальніка і няўласна-простай мове.

У творах Л.Дайнекі “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды” звароткі выконваюць разнастайныя функцыі. Уступаючы ў сэнсавую сувязь з галоўнымі і даданымі членамі сказа, зваротак удакладняе і канкрэтызуе іх лексічнае значэнне. Называючы адрасат маўлення, зваротак уваходзіць у састаў сказа і разам з іншымі яго членамі абслугоўвае мову як сродак зносін, т.ч. у саставе сказа і праз сказ зваротак удзельнічае ў ажыццяўленні камунікатыўнай функцыі мовы. У большасці выпадкаў, звароткі, што выражаюць ветлівасць, грубасць, іронію ці сарказм і г.д., садзейнічаюць стварэнню пэўнага каларыту, адпаведным чынам настройваюць чытача, уводзяць яго ў эмацыянальную і экспрэсіўную атмасферу выказвання. З гэтага вынікае, што звароткі з'яўляюцца адным з моўных сродкаў выражэння экспрэсіі. Ацэначнае значэнне зваротка залежыць ад яго структуры, характару паясняльных слоў, месца ў сказе, інтанацыі, а таксама ад кантэксту ў цэлым. Некаторыя звароткі не выражаюць эмацыянальнай ацэнкі, а служаць толькі для стварэння агульнай неэмацыянальнай экспрэсіі. Найбольш яркімі і выразнымі ў экспрэсіўных адносінах з'яўляюцца развітыя звароткі. У ролі зваротка ўжываюцца і аднаслоўныя прыдаткі. Значнае месца належыць назоўнікам у ролі зваротка, якія ўжываюцца для характарыстыкі асоб, адушаўлёных істот, з'яў, персаніфікаваных прадметаў. Магчымасць чалавека адрасваць сваю мову не толькі рэальнай асобе, але і адсутнай асобе, неадушаўлёнаму прадмету надае мове большую жывасць, эмацыянальнасць, павышае яе экспрэсіўнасць, выразнасць і тым самым узмацняе яе ўздзеянне на чытача.

1.2 Пабочныя канструкцыі (словы, словазлучэнні і сказы) ў структуры сказа

Назва “пабочныя” адпавядае прызначэнню слоў, спалучэнняў слоў і сказаў, якія ўводзяцца, уключаюцца ў асноўны сказ і ўзбагачаюць, пашыраюць яго змест, значэнне.

“Пабочныя -- гэта такія граматычна не звязаныя з членамі сказа словы або словазлучэнні, якія выражаюць розныя адносіны гаворачай асобы да выказваемай думкі: радасць, упэўненасць, парадак думак, заўвагі і інш.” [4, c.138].

Як адзначае “Беларуская граматыка”, пабочныя канструкцыі з'яўляюцца відам “парантэзы”, а іменна “ унясенне, устаўка якіх-небудзь элементаў, што суадносяцца са зместам асноўнага саставу сказа ці яго канструктыўных частак”[5,с.192]. Элементы, якія ўносяцца ў сказ выходзяць за межы звычайных сінтаксічных сувязей паміж кампанентамі асноўнага саставу сказа.

Спецыфічнай асаблівасцю пабочных канструкцый (словы, словазлучэнні, сказы) з'яўляецца тое, што “іх сінтаксічная пазіцыя ў сказе не залежыць ад валентных (спалучальнасных) уласцівасцей кампанентаў асноўнага саставу сказа” [10, с.196]. Таму пабочныя канструкцыі не могуць ужывацца самастойна і ізалявана ад сказа. Яны заўсёды функцыяніруюць толькі ў сказе.

Пабочныя словы, спалучэні слоў і сказы звязаны з асноўным сказам, у які яны ўваходзяць, сэнсавай сувяззю; асноўным сродкам, з дапамогай якога яны ўводзяцца ў састаў сказа, з'яўляецца інтанацыя.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што “пабочныя канструкцыі ўключаюцца ў сказ пры дапамозе суадноснай (інтрадуктыўнай) сувязі, якая рэалізуецца па сэнсу, вызначаючыся зместам увасобленага ў сказе паведамлення” [10, с.196].

Пабочныя словы, спалучэнні слоу і сказы маюць мадальнае значэнне, служаць для выражэння эмацыянальна-ацэначных адносін таго, хто гаворыць, да выказвання, да фактаў, пра якія паведамляецца, або ўказваюць на крыніцу паведамлення, на паслядоунасць і сувязь думак і інш.:

-Пэўна, багацеем зрабіўся ты ў чужых землях?- седзячы на кукішках каля Валасача, пацікавіўся меднік Бачыла [1, c.13]

Па чутках, зрабіўся там дамініканец духоўнікам княгіні Марты, стаў яе ўлюбёнцам, ды такім, што поўнасцю завалодаў княгінінай душой [1, c.261]

Ход гісторыі, яе дыялектыка аказаліся, вядома ж, куды мацнейшымі за ягоны моцны і харобры меч [2, c.604].

Адносіны да выказваемай думкі могуць выражацца не толькі пабочнымі словамі або словазлучэннямі, але і сказамі з ярка выражаным канкрэтным зместам:

Каб пракарміць такую жывую гару сала і мяса, не хопіць адной пушчы, патрэбны дзве, бо Жэрнас меў, мяркуючы па ім, надзвычайны апетыт [1, c.89]

І ўсё ж сама больш гаварылі, як і чакалася, пра імператара свяшчэннай Рымскай імперыі і адначасова сіцылійскага караля Фрыдрыха II Гогенштаўфена [1, c.157].

Пабочныя развітыя сказы на пісьме выдзяляюцца з двух бакоў:

У яго дружына, якіх я мала бачыў, хоць, як вядома вам, шмат дзе ваяваў [1, c.125]

Раней жа, кажуць старыя людзі, усё русінства было сінявокае і светлачубае [1, c.264].

Пабочныя словы і сказы не маюць граматычнай сувязі з асноўным сказам і ўносяць у асноўную думку розныя пабочныя заўвагі.

Сувязь, якая існуе паміж пабочнымі канструкцыямі і астатняй часткай сказа , звычайна афармляецца бяззлучнікавым спосабам:

Ды, відаць, гэтаму нямку проста выдзерлі язык перад пакараннем, каб не пачаў верашчаць і, раскрыўшы таямніцу, не ўвёў у шаленства народ [1, c.253]

Здавалася, душа ягоная была зараз там, у полымі, курчылася разам з пасмамі чырвонага агню ў найвялікшай пакуце і ў найвялікшай асалодзе [2, c.97].

Адной з прымет пабочных сказаў з'яўляецца тое, што некаторыя з іх уводзяцца ў асноўны сказ з дапамогай падпарадкавальных злучнікаў як, калі і інш., “што збліжае іх па форме з даданымі часткамі складаназалежнага сказа”[28, с.127]:

Шмат было ў яго сяброў, але і ворагі, як вядзецца, былі [1, c.135].

А страх жа, як вядома, родны бацька жорсткасці [1, c.284].

Некаторыя з пабочных канструкцый уяўляюць сабой застылыя, ізаляваныя формы, якія суадносяцца з мадальнымі словамі і выконваюць у сказе функцыю пабочных сінтаксічных кампанентаў. Да іх адносяцца: бадай, канешне, мабыць, напрыклад, прынамсі, па-першае, па-другое, калі ласка [10, с.199]:

Па-першае, не мясцовая, а з Цверы прывезеная, па-другое, баба ёсць баба- стан чалавечы, а розум авечы [1, c.61]

Па-першае, кунігас з'ездзіўшы ў Лівонію, зрабіўся слугой Рыма, па-другое, нечуванымі шчадротамі асыпала манаха Марта [1, c.215]

У моры людзей зрабіць такое, бадай, немагчыма, адна надзея на бога [2, c.469]

Іншыя пабочныя словы могуць суадносіцца з назоўнікамі (праўда, словам, на жаль…):

Я, праўда, як маладзёнам быў, не бегаў за сваёй будучай жонкай[1, с.257]

Альберт, праўда, яшчэ не бярэ даніну і царкоўную дзесяціну з ліваў [2, с.24], з дзеясловамі (можа, мусіць, бывала і інш.):

-Быў у яго цэлы мяшок срэбных дынарыяў, ну, можа, крыху менш [1, с.176],

Можа, ужо заўтра ўдараць у катлы і ў сурмы, абвяшчаючы бой, і пальецца кроў на халодную зямлю [1, с.236]

- Можа, Яраславічы хочуць выпусціць нас з поруба?- з надзеяй глянуў на бацьку Барыс [2, с.309], з прыслоўямі (пэўна, нарэшце, сапраўды, па-нашаму і інш.):

Яшчэ з адным добрым чалавекам разлучыла яго жыццё, і, пэўна ж, назаўсёды [2, с.460]

Пэўна, зусім нядаўна памёр ад старых гадоў або напароўся ў сечы на варожую стралу палавецкі хан [2, с.546].

Слова сапраўды мае значэнне сцвярджэння, пэўнасці, падмацавання думкі і можа выступаць у сказе ў ролі прыслоўя-акалічнасці, пабочнага слова і ўзмацняльна-сцвярджальнай часціцы. Выступаючы ў ролі пабочнага, слова сапраўды (па праўдзе) выдзяляецца інтанацыйна, адносіцца да ўсяго сказа, паказвае, што змест сказа адпавядае сапраўднасці:

Сапраўды, невыпадкова апынуўся манах на Цёмнай гары [1, c.262].

У большасці выпадкаў яно стаіць у пачатку сказа і радзей -- у сярэдзіне [28, с.128].

Пабочнае слова праўда можа стаяць у пачатку, у сярэдзіне і ў канцы сказа:

Князь аж плюнуў, праўда, асцярожна. Каб, крый бог, веча не ўбачыла [2, с.134]

Праўда, гэта яшчэ не чыстае жалеза, гэта крыца, у якой вельмі шмат шлаку [2, с.145].

Слова напэўна (пэўна) звычайна ўжываецца як пабочнае і выдзяляецца коскамі, калі выражае

ь меркаванне

Дзяўчына, пэўна, даўно ўжо бачыла княжычаў, бачыла, як шукалі яны ягады, але вось яны зірнулі на яе, і яна сарамліва апусціла вочы з доўгімі светлаватымі вейкамі [1, с.23]

А ад баярышні Кацеры, напэўна, збег [2, с.593]

ь сумненне

Ты, пэўна, звар'яцеў,- сціснуў кулакі Міндоўг [1, с.247]

Пэўна, адразу ж падумаў, што Сіверта падсадзілі сюды, каб яшчэ нешта выведаць [1, с.225]

ь няўпэўненасцъ

Ды, пэўна, не за тую нітку пацягнуў у клубку новагародскі княжыч, бо сам Міндоўг, хаваючы раздражнёнасць, сказаў яму… [1, с.84]

Пэўна, іх ужо даўно шукалі ў Новагародку і ў Міндоўгавым стане [1, с.142]

ь мажлівасць:

Ён падобны на муху, што садзіцца на гарачы ад сонца полаг шатра, поўзае па ім, і, пэўна, уяўляецца ёй гэты полаг бясконцым сусветам [2, с.486]

Міндоўг, як баявы сокал, пэўна, бачыў на сваім жыцці нямала светлых саколак [1, с.61]

Гугнеў, соп носам і чвякаў губамі Ніхто, пэўна, спаў [1, с.171]

у такім выпадку яно сінанімічнае словам відаць, мусіць, магчыма [ 28, с.130].

Але Някрас, пэўна ж, падвучаны бацькам, князем Ізяславам Васількавічам, не слухаў, крычаў… [1, с.275]

-Хлусіш ты, напэўна, стрый,- недаверліва сказаў Мірошка [2, с.78]

Пэўна, яны з ізгояў, з тых людзей, што ад сваіх абшчын, ад сваіх радоў адкалоліся [2, с.372]

За вушы чалавек трымаў тлустага зайца, якога, пэўна, толькі што ўпаляваў [2, с.457].

Пабочныя сказы вызначаюцца адноснай сэнсавай закончанасцю і больш канкрэтным зместам, чым пабочныя словы і словазлучэнні. Яны могуць суадносіцца з аднасасатаўнымі і двухсастаўнымі развітымі і неразвітымі сказамі [10, с.200]:

Павернецца, крутнецца літоўка, і зашуміць, зазвініць на ёй уся гэта прыгажосць, і здаецца, не жанчына стаіць перад табой, а раскашуееца пад вясновым ветрам аблітая срэбным дажджом бяроза [1, с.191]

Раней жа, кажуць старыя людзі, усё русінства было сінявокае і светлачубае [1, с.264]

Здавалася, ён жыве заўсёды і будзе жыць да таго часу, пакуль нехта пажырае некага, пакуль ёсць іклы, зубы, капцюры, капыты, дзюбы, яд у джалах, пакуль ёсць страўнікі, у якія можна запіхнуць некага, пакуль ёсць апетыт [1, с.90].

Пабочныя канструкцыі заўсёды выконваюць кваліфікуюча-ацэначную функцыю і могуць мець розныя значэнні:

ь пабочныя канструкцыі, якія выражаюць ступень верагоднасці паведамлення:

Вядома, такое казалі на пачцівай адлегласці ад князя Ізяслава, а то адразу загадаў бы набіць жалезных цвікоў у язык [1, с.16]

Значыць, нешта ёсць, ёсць сіла ў Новагародку, якая хоча нанесці раптоўны ўдар [1, с.139]

ь пабочныя канструкцыі, якія паказваюць на крыніцу паведамлення:

Гэта вузкая спіна (падалося Далібору) няўлоўна ўздрыгнула і зноў нібы скамянела [1, с.80]

У яго дружына, якіх я мала бачыў, хоць, як вядома вам, шмат дзе ваяваў [1, с.125]

Раней жа, кажуць старыя людзі, усё русінства было сінявокае і светлачубае [1, с.264]

ь пабочныя канструкцыі, якія характарызуюць спосаб і форму паведамлення (часта з рознымі суб'ектыўнымі адценнямі):

Па чутках, зрабіўся там дамініканец духоўнікам княгіні Марты, стаў яе ўлюбёнцам, ды такім, што поўнасцю завалодаў княгінінай душой [1, с.261]

А страх жа, як вядома, родны бацька жорсткасці [1, с.284]

“А можа, гэта быў воўк-людаед, якіх, па-чутках, шмат развялося ў навакольных пушчах [1, с.332]

ь пабочныя канструкцыі, якімі надаецца эмацыянальная афарбоўка паведамленню і інш. [10, с.202-203]:

-Думаў я, грэшным чынам, што і цябе затаўклі дзе-небудзь паганцы, што болей мы не ўбачымся[1, с.98]

Князь аж плюнуў, праўда, асцярожна. Каб, крый бог, веча не ўбачыла[2, с.134].

Пры аслабленай сувязі са зместам сказа пабочныя канструкцыі набываюць адатковае значэнне ўстаўкі:

Можна было падумаць (і ён так думаў), што іх пасылае яму само неба [1,с.90]

Ён (зразумеў Далібор) быў у іх за важака [1,с.92]

“Беларуская граматыка” адзначае, што пабочныя элементы, паводле аб'ёму і структуры, бываюць[5, с.196]:

а) аднаслоўныя

Князь Кандрат Мазавецкі, пэўна, ужо не раз пракляў той дзень, калі запрасіў рыцараў з Паноніі, дзе яны ваявалі супраць уграў, да сябе пад бок, каб кінуць іх на прусаў[1,с.20]

б) словы з прыназоўнікам

Па-першае, кунігас з'ездзіўшы ў Лівонію, зрабіўся слугой Рыма, па-другое, нечуванымі шчадротамі асыпала манаха Марта[1, с.215]

в) словы ў спалучэнні з часціцамі і злучнікамі

Іх, вядома ж, калі толькі не павернуць свае душы да Хрыста, чакаюць скудзельніцы, поўныя агню[1,с.69]

г) спалучэнні з двух і болей знамянальных слоў.

Раней жа, кажуць старыя людзі, усё русінства было сінявокаеі светлачубае[1, с.264].

Пабочныя словы і словазлучэнні могуць супадаць па сваёй форме з членамі сказа, але адрозніваюцца ад іх тым, што сказ без пабочных элементаў захоўвае свой змест і структуру, а без адпаведных членаў сказа практычна разбураецца. Пабочныя словы, словазлучэнні, сказы могуць адносіцца да пэўнага члена сказа ці да ўсяго сказа: у першым выпадку яны размяшчаюцца каля гэтага члена, у другім - звычайна ў пачатку сказа.

Калі прааналізаваць літаратуру па праблеме выкарыстання і ўжывання пабочных элементаў ў мове мастацкай літаратуры, можна адзначыць, што ўсе пабочныя элементы маюць агульныя прыкметы, да якіх адносяцца:

а) агульнае значэнне пабочных элементаў - адносіны таго, хто гаворыць, да таго, пра што паведамляецца;

б) асноўнай і шырока выкарыстоўваемай у ролі і функцыі пабочных слоў з'яўляецца катэгорыя мадальных слоў;

в) інтанацыйнае выдзяленне ў вуснай мове, так званая “інтанацыя пабочнасці”[5, с.194].

Трэба мець таксама на ўвазе, што пабочныя словы і спалучэнні слоў больш шырока ўжываюцца ў мове, чым устаўныя словы і спалучэнні слоў. Што да пабочных сказаў, дык яны пашыраны менш, чым сказы ўстаўныя; акрамя таго, “некаторыя з пабочных сказаў структурай і сэнсам падобныя на ўстаўныя сказы. 3 гэтай прычыны часам бывае цяжка правесці мяжу паміж некаторымі пабочнымі і ўстаўнымі сказамі, аднак яны усё-такі адрозніваюцца між сабой”[28, с.126].

Пабочныя элементы адрозніваюцца ад устаўных сваёй суб'ектыўнай мадальнасцю, г.зн. выражанымі адносінамі аўтара паведамлення да яго зместу, з'яўляюцца больш абмежаванымі і па колькасці, і па структуры (словазлучэнні і сказы), а ад непабочных аманімічных слоў - сваім лексічным значэннем, характарам сінтаксічных сувязяў з іншымі членамі сказа, частым адасабленнем[16,с.90].

Адной з галоўных асаблівасцяў пабочных канстукцый з'яўляецца іх фармальная незалежнасць ад асноўнага саставу сказа, у які яны уваходзяць. Адносіны пабочных канструкцый( слоў, словазлучэнняў, сказаў) са сказам, з яго асобнымі членамі ці часткамі не афармляюцца ні злучальнай, ні падпарадкавальнай сувяззю. Нават калі у саставе пабочнай канструкцыі прысутнічае злучнік, ён выступае ў функцыі звязкі.

У мове мастацкіх твораў Л.Дайнекі “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды” шырока выкарыстоўваюцца пабочныя канструкцыі. Намі было сабрана і прааналізавана 94 пабочныя адзінкі, сярод якіх найбольш частонымі з'яўляюцца пабочныя словы- 88 адзінак.

Такім чынам, пабочныя канструкцыі шырока выкарыстоўваюцца ў мове мастацкай літаратуры і выконваюць важную стылістычную ролю. Яны з'яўляюцца адным са сродкаў моўнай характарыстыкі персанажаў, ствараюць дадатковую эмацыянальную афарбоўку паведамлення, і робяць паведамленне больш выразным і дакладным. Пабочныя канструкцыі ў творах Л.Дайнекі шырока выкарыстоўваюцца як выразны сродак для стварэння моўных характарыстык персанажаў. Можна адзначыць, што выкарыстанне пабочных канструкцый у мове гістарычных раманаў Л.Дайнекі “Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды” не з'яўляецца празмерным і апраўдана тым зместам, які хоча выразіць аўтар.

1.3 Устаўныя канструкцыі (словы, словазлучэнні, сказы) ў структуры сказа

Назва “устаўныя” адпавядае прызначэнню слоў, спалучэнняў слоў і сказаў, якія ўводзяцца, уключаюцца ў асноўны сказ і ўзбагачаюць, пашыраюць яго змест, значэнне. Як адзначае “Беларуская граматыка”, устаўнымі лічацца “інтанацыйна адасобленыя словы, спалучэнні слоў і сказы, якія ўводзяцца (устаўляюцца) у сказ для выражэння розных дадатковых заўваг, што паясняюць, удакладняюць і развіваюць змест асноўнага выказвання”[5, с.202].

Устаўныя словы, спалучэнні слоў і сказы (у адрозненне ад пабочных) маюць іншае прызначэнне -- уносяць у сказ дадатковае паведамленне, заўвагу, тлумачаць ці ўдакладняюць сэнс папярэдніх слоў, спалучэнняў ці цэлых сказаў:

Не спытаеш (вочы ў вочы) у кунігаса [1, с.61]

Калі Міндоўг рашуча ступіў нагою на кілім (пацёртыя скураныя боты былі ў балотным брудзе), новагародскі князь пайшоў яму насустрач, усміхаючыся, шырока раскрыліўшы рукі для абдымкаў [1, с.121]

Тут толькі самыя мазгавітыя з новагараджан здагадаліся, што на сядзібе залатара Івана і ягонага сына Алехны ўвесь гэты час працавала патаемная коўніца, у якой стары Кандрат (“Бяссмертны Кандрат!”- выгукнуў нехта з захапленнем) выштукоўваў жалезныя жалуды [1, с.272]

Устаўныя канструкцыі прызначаны для “ павелічэння змястоўна-інфарматыўнага сэнсу сказа” [10, с.205]. Дадзеныя канструкцыі каменціруюць змест сказа ці асобных яго членаў, пры гэтым разрываюць і парушаюць адзінства паведамлення. Дадатковы характар паведамлення ўстаўных канструкцый адрознівае іх ад адасобленых, удакладняльных і паясняльных кампанентаў, якія з'яўляюцца неабходнымі элементамі зместу паведамлення. Таму можна разглядаць устаўныя канструкцыі, як асобны элемент сінтаксічнай будовы сказа, які адрозніваецца характарам сувязі, структурай, функцыямі і значэннем у сказе.

Устаўныя канструкцыі ўключаюцца ў сказ пры дапамозе “суадноснай (інтрадуктыўнай) сувязі, якая мае змястоўна-асацыятыўны характар”[10, с.205]. Гэта сувязь выражаецца праз інтанацыю, парадак слоў і фармальную суадноснасць адпаведных кампанентаў сказа. Устаўныя канструкцыі афармляюцца паскораным тэмпам, нізкім тонам і працяглымі паўзамі на стыку з астатняй часткай сказа. Устаўны характар канструкцый, пры іх выдзяленні інтанацыйна і пунктуацыйна, дазваляе падкрэсліць наяўныя ў іх звесткі, звярнуць на іх увагу чытача.

Да таго ж, устаўныя элементы заўсёды размяшчаюцца пасля тых кампанентаў сказа, змест якіх патрабуе адпаведнага ўдакладнення ці паяснення:

Не спытаеш (вочы ў вочы) у кунігаса [1, с.61]

Усе разумелі, што мір , падпісаны ў Кірсбургу (гэты горад неўзабаве ўрачыста назвалі Хрыстбургам), часовы, што прусы ўзялі перадышку [1, с.169].

Суадносная сувязь паміж устаўнымі канструкцыямі і астатняй часткай сказа часцей за ўсё афармляецца бяззлучнікавай сувяззю:

Калі Міндоўг рашуча ступіў нагою на кілім (пацёртыя скураныя боты былі ў балотным брудзе), новагародскі князь пайшоў яму насустрач, усміхаючыся, шырока раскрыліўшы рукі для абдымкаў [1, с.121]

Тэўтон з Рыгі (Браціла не ведаў ягонае імя) быў высокі, танклявы ў поясе, але шыракагруды [2, с.10].

Устаўныя сказы могуць пачынацца злучальнымі злучнікамі а, і і інш.:

Хрысціянскае імя ў яго было Глеб, ён не любіў гэта імя, але маці ўпарта называла яго толькі Глебам, Глебачкам, бо князь (а яна вельмі хацела, каб яе сын стаў некалі новагародскім князем) не можа не быць хрысціянінам [1, с.11]

Зараз жа, карыстаючыся цемрай, асмялеўшы пры набліжэнні небяспекі (а небяспека заўсёды гарачыла яго, растаплівала льдзінкі ў крыві), Браціла краем вока глянуў на таварыша па рызыцы і, магчыма, па смерці [1, с.90]

Можна было падумаць (і ён так думаў), што іх пасылае яму само неба [2, с.90]

Кунігас Міндоўг (і Новаградак гэта ведае) лепшы, вартнейшы чалавек на Літве [1, с.118]

Ад яго ж мы пачулі, што ў самім Кіеве, на Брачыслававым падвор'і, ёсць людзі (і нямала такіх людзей), якія полацку верныя [2, с.326], зрэдку -- словамі хоць, што,гэта і інш. [28, c.127]:

На вуснах ва ўсіх, хто ўжо не першы раз браў удзел у незвычайным паляванні (а што яно будзе незвычайным, папярэдзіў Далібора сам Міндоўг), лётала адно толькі слова: “Жэрнас…Жэрнас…” [1, с.84]

Усе разумелі, што мір , падпісаны ў Кірсбургу (гэты горад неўзабаве ўрачыста назвалі Хрыстбургам), часовы, што прусы ўзялі перадышку [1, с.169]

Птушкі захваляваліся, нешта крыкнулі разгубленымі хрыплымі галасамі (гэта яны ад страху ахрыплі) і рынуліся хто куды, пачалі хавацца, зашывацца ў белую іскрыстую воўну воблакаў [2, с.388].

Сутракаюцца выпадкі, калі ўстаўныя канструкцыі звязаны з аднароднымі або адасобленымі членамі ўскладненага сказа, а таксама з рознымі прэдыкатыўнымі часткамі складанага сказа [10, с.207]:

Вершнік ужо зваліўся з каня, каб (забі гром!) не быць вышэй кунігаса [1, с.95]

Са шкадаваннем думаў Далібор, што ягоны сябра (а Войшалка ён яшчэ з Варуты пачаў лічыць сваім сябрам) збіраецца пастрыгчыся ў манахі, поснікі і маўчальнікі [1, с.140]

Не з Варуты прыйшла дапамога, не ад бацькі, якога Войшалк (усе ведалі гэта) не любіў, а з лясной і балоцістай пінскай зямлі [1, с.228].

Для выдзялення ўстаўных сказаў, асабліва развітых, якія па сэнсу адасоблены ад асноўнага сказа, больш мэтазгодна выкарыстоўваць дужкі, якія добра выконваюць выдзяляльную функцыю:

Далібор глядзеў на кунігаса, на гэтага моцнага і адначасна слабага чалавека, на абветраную скуру шчок, на цёмную з рудоцінкай бараду, на загарэлыя чэпкія рукі (“ Ненавіджу мужоў з мяккімі рукамі”- усклікнуў неяк Міндоўг), і супярэчлівымі пачуццямі напаўнялася душа [1, с.103]

А Яфрэм (так усе, акрамя Белавалода і Ядрэйкі, звалі Гнеўнага) і сапраўды вельмі хутка з бруду і пылу ўзняўся, стаў правай рукою Кацеры, патрохі пачаў на старога Сцяпана крычаць, а аднойчы спрытна падтрымаў залачаонае стрэмя, калі Раман садзіўся на каня [2, с.483]

Усе, хто пачуў гэты крык (а пачулі яго і абаронцы Берастова, і баярскія ратнікі), апусцілі мячы і коп'і, лукі і дубіны, павярнулі галовы ў бок шырокага снежнага поля, якое ляжала паміж Берастовам і Кіевам [2, с.587]

Ужыванне працяжніка з гэтай мэтай варта абмяжоўваць, бо ён даволі шырока выкарыстоўваецца ў сказах іншай сінтаксічнай будовы:

Безліч ветразяў - чырвоных, сініх, пярэстых- надзімаў свежы вецер [1, с.177]

Атрад Марціна Голіна -пяцьдзесят рыцараў, сто збраяносцаў, чатырыста ландскнехтаў і тры сотні хрышчаных земгалаў- марудна, але няўхільна прасоўваліся ў глыб Аўкшайты [1, с.186]

Так яны загараліся заўсёды -раптоўна! усе!- і ніхто не мог даўмецца, чыя рука або чыя таемная сіла запальвала іх [2, с.378].

Побач з дужкамі і працяжнікамі можа ўжывацца дадатковы знак прыпынку (коска, двукроп'е, клічнік), калі гэтага патрабуе структура асноўнага сказа або калі трэба асабліва падкрэсліць сэнс устаўнога сказа:

Кожнага (няхай гэта будзе родны сын), хто асмеліўся б узняць руку на ягонае багацце і дзяржаву, ён з зямлі б сцёр [1, с.63]

А ў зямным рэальным жыцці вайсковая сіла літоўскіх князёў (у першую чаргу Міндоўга і Войшалка), пад рукой у якіх была цудоўная, вельмі моцная на той час конніца і апалчэнні сялян-пешцаў, злілася з сілай і магутнасцю Белай Русі, значна больш развітай у эканамічных і прававых адносінах [1, с.242]

Лукера павярнулася да яго тварам, і ён у густой лясной цемры ўбачыў на нейкі міг ( а мо гэта толькі падалося?), як пырскнулі з вачэй у дзяўчыны залатыя дробныя іскрынкі [2, с.266]

Можа, буйная рыбіна ўдарыла хвастом, а можа (і Белавалоду так падалося), птушка, узлятаючы, шкрабнула паверхню вады моцным крылом [2, с.543].

У залежнасці ад свайго прызначэння ўстаўныя канструкцыі могуць размяшчацца ў сярэдзіне сказа

А потым, зноў жа па чутках, угнявіў Сіверт усю Літву тым, што разам з Казлейкам (звар'яцеўшы, ці што?) надумаў патушыць святы зніч [1, с.261]

У цэнтры круглай лясной паляны стаяў высокі, амаль у тры сажні ростам, дубовы бог (папы завуць яго ідалам), упрыгожаны рознакаляровымі стужкамі, пацеркамі з жалудоў, арэхаў і сушаных ягад [2, с.104], а таксама ў канцы сказа і за яго межамі [10, 207].

Устаўныя словы часцей за ўсё выражаюцца такімі часцінамі мовы, што і ўдакладняльныя або тлумачальныя кампаненты сказа, і маюць аднолькавую з імі форму. Устаўныя словазлучэнні бываюць іменныя і дзеяслоўныя, галоўнае слова ў гэтых словазлучэннях суадносіцца або не суадносіцца па форме з удакладняльнымі ці тлумачальнымі кампанентамі сказа. Даволі шырока выкарыстоўваюцца ўстаўныя сказы, якія могуць быць простымі і складанымі.

Можна адзначыць, што ўстаўныя сказы ўтвараюць не складаную, а ўскладненую адзінку, якая займае прамежкавае месца паміж простымі і складанымі сказамі [10, с.210].

Устаўныя канструкцыі звычайна выконваюць у сказе агульную функцыю, якая кваліфікуецца як аб'ектыўна-паясняльная [10, с.210]. Таму ўстаўныя канструкцыі могуць мець розныя значэнні:

- устаўныя канструкцыі, якія ўдакладняюць асноўнае паведамленне


Подобные документы

  • Структура, сэнсавыя і сінтаксічныя функцыі параўнальных зваротаў, якія выступаюць у ролі членаў сказа. Заканамернасці граматычнага выражэння галоўнага кампанента параўнальнага звароту – аб'екта параўнання. Адрозненне мадальных злучнікаў ад немадальных.

    курсовая работа [52,4 K], добавлен 07.02.2013

  • Картатэка параўнальных канструкцый мовы вершаў, структурнае выражэнне у творах. Аналіз іх ў лірыцы Рыгора Барадуліна на падставе зборніка “Трэба дома бываць часцей”. Спецыфіка іх ужывання, спалучальнасці ў залежнасці ад структуры, тэматыкі тэкста.

    курсовая работа [34,4 K], добавлен 01.01.2014

  • Агульнае паняцце пра ўскладнены сказ, звароткі ў структуры сказа (на прыкладзе твораў Леаніда Дайнекі). Пабочныя і устаўныя канструкцыі (словы, словазлучэнні і сказы) ў структуры сказа. Агульнае паняцце пра адасобленыя члены сказа і аднасастаўныя сказы.

    дипломная работа [97,7 K], добавлен 19.05.2013

  • Асаблівасці правапісу галосных, яккага знака і апострафа, некаторых прыставак. Асобныя выпадкі ўжывання вялікай літары. Правілы пераносу. Сінтаксіс і пунктуацыя. Аднародныя члены сказа. Спосабы цытавання. Знакі прыпынку пры цытатах. Тэксты дыктантаў.

    учебное пособие [207,1 K], добавлен 04.01.2011

  • Сінтаксічныя спосабы ўзбагачэння выразнасці маўлення, аснова паэтычнага сінтаксісу, віды паўтору ў паэзіі. Рытарычныя звароткі, пытанні, выгукі. Стылістычныя фігуры, звязаныя з адхіленнямі ад пэўных камунікаты ў налагічных нормаў афармлення фраз.

    контрольная работа [22,8 K], добавлен 16.03.2010

  • Вызначэнне тыповых лексіка-граматычных сродкаў арганізацыі тэксту і лексіка-сінтаксічных канструкцый. Асаблівасці стылю тэксту і правілы выкарыстання маўленчых абарачэнняў. Прыклады магчымай інтэрферэнцыі і прыклад вызначэння некаторых яе відаў.

    контрольная работа [23,5 K], добавлен 08.10.2012

  • Аб'ём устарэлых слоў у акрэсленых творах Людмілы Рублеўскай. Аналіз лексіка-семантычных і стылістычных асаблівасцяў, гістарызмаў і архаізмаў як разрадаў устарэлых найменняў. Стылістычна функцыя ўстарэлых слоў у творах пісьменніцы Людмілы Рублеўскай.

    курсовая работа [39,6 K], добавлен 26.03.2012

  • Марфалагічная характарыстыка фразеалагізмаў, іх функцыянальная нагрузка, значэнне і тыпы. Выяўленне фразеалагізмаў ў мове драматычных твораў А. Макаёнка, іх стылістычныя функцыі. Фразеалагізмы са структурай спалучэння слоў, сказа, словазлучэння.

    дипломная работа [101,7 K], добавлен 26.05.2013

  • Характеристика поняття, функцій (власні, приватні, експресивні) та типології невербальних компонент комунікації. Дослідження способів вираження паралінгвістичних засобів через авторську ремарку у драматичних творах сучасних американських письменників.

    курсовая работа [45,3 K], добавлен 31.07.2010

  • Розгляд поняття, будови та синтаксичних функцій порівняльних конструкцій як структурної одиниці мовної системи. Ознайомлення із формами вираження та типами конструкцій порівняння як прийому художнього зображення, що зустрічаються у творах В. Симоненка.

    реферат [62,5 K], добавлен 04.12.2010

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.