Філасофія быту і быцця ў паэме Я. Коласа "Новая зямля"
Літаратурнуа спадчына Якуба Коласа з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Філасофія сацыяльна-побытавых пластоў жыцця, дзяцінства на старонках твораў Я. Коласа. Яго наватарскія здабыткі ў раскрыцці філасофіі быта і быцця.
Рубрика | Литература |
Вид | курсовая работа |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 16.06.2016 |
Размер файла | 111,2 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Няўжо ўвесь век жыць з панскай ласкі
I перад ім чуць абавязкі?
I слугаваць яму, старацца
I ў тры пагібелі згінацца? [16, с. 95-96] Ї складаецца мэта чалавечага жыцця і для гэтай мэты ўсё астатняе павінна разглядацца як сродак.
Такая традыцыйная і апраўданая рыса сялянскай псіхалогіі, як імкненне да матэрыяльыага дабрабыту і ўладкаванасці, стала неад'емнай часткай ідэалагемы героя. У сваім узнёслым парыве ён ні на імгненне не забываецца пра самае празаічнае, зямныя клопаты і турботы, што хвілінна дбае аб “хлебе надзённым”. У імкненні да здзяйснення мары Міхал пераходзіць на катэгарычную пазіцыю: або ўсё, або нічога. Яна вельмі рызыкоўная і небяспечная, бо далёка не заўсёды поспех справы залежыць выключна ад асабістых жаданняў:
Людскі наш лёс -- былінка поля,
Пылок нязначны -- наша доля.
А нашы радасці і слёзы,
Надзеі светлыя, пагрозы
I ўсё, чым жыцце нас вітае,
Яно адзначнасці не мае
У звязку гэтых светаў божых,
Таемных, страшных і прыгожых;
I жыцце пэўнаю ступою
Ідзе, не ведае спакою,
Людскіх пакутаў не адзначыць,
I страты іх яно не бачыць [16, с. 69-70].
У паэме ёсць цікавы алегарычны вобраз, які ў мастацкім кантэксце твора выходзіць у сферу паглыблена-асацыятыўнага раскрыцця і больш дакладнай псіхалагічнай характарыстыкі галоўнага героя. Недастаткова было б тлумачыць змест раздзелаў “На глушцовых токах” і “Панская пацеха” толькі як мастацкае аздабленне твора, каларытныя, сюжэтна-дынамічныя аповеды пра панскае паляванне. Эпізоды, самі па сабе эстэтычна выразныя, захапляючыя, прыгодніцкія, дзякуючы знойдзенай паэтам арыгінальнай вобразнасці, афармляюцца ў абагулена-сімвалічную рэальнасць, набываюць “дадатковы сэнс і змест”. Яны акцэнтуюць геніяльна заўважаную Якубам Коласам асацыятыўную сувязь моманту глушцовага току і аднабаковай пошукавай заварожанасці Міхала.
Паэт знайшоў паэтычны вобраз, які на дзіва дакладна перадае ў чымсьці “глушцовую” жыццёвую ўстаноўку героя.
Глушэц чым далей, то ўсё болей
Дзесь на суку за тоўстай хвояй
Рассеўся важна і балбоча.
А як спявае -- плюшчыць вочы,
Тады нічога ён не чуе,
Пачне спяваць -- хоць бі з гарматы [16, с. 188-189].
3 тонкім лірызмам апісвае Я. Колас хараство птушкі, перадае незвычайнасць яе чароўнага спеву. У сваёй прыгажосці яна яднаецца з дасканалай, ідэальнай прыроднай стыхіяй, і ў гэтым адзінстве -- найвышэйшая эстэтычная каштоўнасць моманту.
...глушэц, як на далоні,
Сядзіць, бы шула, у заслоне
Хваёвых лапак, хвост мятлою,
Як бы любуецца сабою,
Балбоча, крэхкае і свішча;
Глушэц склікае на ігрышча,
А мо хваленні жыццю правіць
I гэты бор спрадвечны славіць [16, с. 197].
Як гэта ні парадаксальна, але менавіта з-за свайго дзіўнага спеву птушка пераўтвараецца ў адкрытую мішэнь і лёгкую здабычу паляўнічых. Глушэц спявае і забываецца на небяспеку, а бяда ўжо цікуе за ім, набліжаецца няўхільна, непазбежна, неадступна.
Такі ж і Міхал, адначасова і цудоўны, і пакутуючы ў сваім паэтычным парыванні. У сэнсавых калізіях лёсу героя выразна адбіваецца дылема паміж творчай неабмежаванасцю, духоўнай трансцэндэнтнасцю чалавека як неад'емнай часткі чалавецтва і крохкасцю яго зямнога існавання.
Міхал шчыра перакананы ва ўласнай праваце, у набыцці зямлі бачыць універсальны сродак дасягнення не толькі дабрабыту, але і шчасця, гармоніі. Стараннай, руплівай працай яго сям'я дасягнула адноснай заможнасці, адноснай, бо гэта ўсё ж чужая гаспадарка і няпэўная, ненадзейная праца пад чужой, прымусовай воляй мае адзіны плён.
Рабі, працуй, кладзі ты сілы
У гэты дол чужы, пастылы
І горкім потам аблівайся;
Зрабіў парадак -- выбірайся
Ды зноў ідзі адсюль ў госці... [16, с. 36-37].
В. П. Жураўлёў адзначае, што герой паэмы “жывучы пад уціскам не вельмі добразычлівай і памяркоўнай волі пана ляснічага, зусім не ўпэўнены, што гэтая воля ў адзін дзень не перакрэсліць усе яго планы, мары, надзеі, не ператворыць усе яго старанні і намаганні ў нішто” [30, с. 67].
Ды як тут жыць? Няма ахвоты.
I марны ўсе твае турботы.
Жывеш, ліпіш, як на калу ты,
I ногі й рукі ўдзеты ў путы.
А подзьме вецер, і ўсё бухне,
I ўсё старанне тваё рухне [16, с. 28].
Жыццё пад чужым дыктатам, паднявольныя пераезды і звязанае з імі ўзмоцненае пачуццё духоўнай і сацыяльнай бяздомнасці нарадзіла імкненне да ізаляцыі ад хаатычнага, неўладкаванага свету, калі ўяўленне “мой дом -- мая крэпасць” гіпербалізуецца настолькі, што герой і ўспрымае ўласны дом, уласную зямлю як адзіны паратунак.
Як міфалагічны Сізіф падымае на гару цяжкі камень, які штораз зрываецца ўніз, так і Міхал пасля чарговага вымушанага пераезду ўзнаўляе сваю гаспадарку, марыць пра будучыню, бо пранікнёна верыць, што паднявольнае блуканне -- часовая і недаўгавечная з'ява. Пачатак новага жыцця ён звязвае з набыццём зямлі ў Заблонні, спрошчана пераносіць ідэал толькі ў іншую геаграфічную прастору. Калі Міхал з Антосем нарэшце выбіраюцца з дому на агледзіны новай зямлі, прырода, сярод якой яны жылі, якая цешыла, гадавала і забяспечвала іх -- у недаўмёным здзіўленні. Прыродная прыгажосць і гармонія перасталі дапамагаць і выратоўваць у складаных жыццёвых сітуацыях, выпрабаваннях і пошуках.
Чаго людцам, чаго ім трэба?
Нашто шукаць зямлі далёка?
Зайздросна ты, людскос вока!
Хіба тут цесна? Свету мала?
Няма работы для арала
Ці для сярпа, або для коскі? [16, с. 226].
У такім разрыве і супрацьстаянні натуральнай вечнай праўды прыроды і сацыяльна-гістарычных рэалій з іх штучнымі, абмежаванымі законамі тоіцца глыбокі трагізм супярэчлівасці чалавека, істоты прыроднай і сацыяльнай. Зразумелая горыч усмешкі паэта;
Эх вы, нявіннасць і прастэча!
Цямны вам лёсы чалавечы [16, с. 226].
Міхал спадзяецца не вынішчыць і нават не пераадолець сацыяльнае зло, а паспяхова абмінуць, пазбегнуць яго, наіўна верыць, што:
Каб як зямлі сабе прыдбаць
І службы гэтае не знаць,
Тады паны ўжо не пашкодзяць [16, с. 226].
Ён не ўлічвае, што “воля прымусу” не такая лакальная, як здаецца, увасобілася не толькі ў выхадках “ліхіх” паноў накшталт Ракоўскага і далёка не абмяжоўваецца лясніцтвам магната Радзівіла. Няма гарантыі, што, пазбавіўшыся прымусу ляснічага, Міхалу ўдасца пазбегнуць новых, больш жорсткіх выпрабаванняў.
Якуб Колас не раз тактоўна настаўляе і папярэджвае свайго натхнёнага героя, тлумачыць, што чалавечы лёс --
Лёс пагражаючы, няясны.
Зацята схованы, замкнёны,
Бы кара цёмнае праклёны,
Што кожны момант над табою
Звісас страшнаю марою.
I кожны час яна гатова.
Свядома або выпадкова,
Узнесці грозна булаву
І апусціць на гаіаву
I разам скончыць, адным махам,
3 жыццём і з цёмным гэтым страхам [16, с. 274].
3 набліжэннем да драматычнай развязкі ўсё больш разыходзяцца два рознанакіраваных, супрацьлеглых вектара -- упэўненасці і сумнення. Моцным супрацьстаяннем узнёсламу парыванню Міхала з'явіліся радкі, дапісаныя Якубам Коласам значна пазней, у 1947 годзе, сэнс якіх можна зразумець толькі ў кантэксце часу іх напісання.
Але ці ёсць, ці ёсць парука,
Што будзе сэнс мець гэта мука?
Ці дасць зямля табе збавенне
Ад злога панскага насення?
3 адным рассватаешся тут.
Там у другі залазь хамут.
Паны ж і розныя чынушы
I там патарпяць выбіць душы
I павыцягваць з цябе жылы.
Бо ты без права і без сілы. --
Такія думкі, разважанні.
Як молат, білі ў сэрца Ганне: --
Тут справа не ў сваёй сядзібе,
А ў ладзе гэтым уся злыбедзь [16, с. 269].
Можна хіба падзівіцца, як лоўка апелюе гераіня сацыяльна-палітычнымі ісцінамі і лозунгамі пралетарскай рэвалюцыі і які штучны статус класавай свядомасці надаюць ёй такія ідэалагізаваныя развагі. Міхал жа ў кантэксце сказанага падобіцца бязвольнай, безабароннай, кволай і слабой істоце, бо яму процістаіць жорсткі, эксплуатарскі лад, які “асудзіў яго на вечнае нявольніцтва” і г. д.
Але Міхал ігнаруе любыя перашкоды, незвычайная, узвышаная, вера стымулюе яго фізічыае і духоўнае існаванне, і таму набывае большую значнасць, чым аб'ектыўная праўда жыцця, чым яго суровая і досыць празаічная ісціна. Разважлівым меркаванням паэта сугучны рашучы і крытычна-смелы голас героя ў наступным:
Эх ты, жыццё, жыццё людское!
Няма табе, няма спакою:
Ты -- суматоха, вір бурлівы.
У табе загіне баязлівы,
Як парахно, як зерне тое... [16, с. 225].
Міхал цвёрда перакананы, што поспех распачатай справы залежыць выключна ад уласнай волі, энергіі і энтузіязму. I таму, на яго думку:
...трэба часам крыж пакуты
Панесці, мілыя мае вы.
Зазнаць і гора, неспадзевы!
Але раз ты наважыў дзела,
Ідзі станоўка, роўна, смела,
Ідзі, назад не аглядайся
І на другіх не пакладайся! [16, с. 279].
Думкі героя ў паэме ўвасабляюцца, развіваюцца, сцвярджаюцца і аспрэчваюцца ў шматлікіх дыялогах і “мікрадыялогах”. У сямейных размовах аб набыцці зямлі Міхал не толькі раіцца, але жадае і нават падсвядома патрабуе і чакае падтрымкі родных на сваім складаным ініцыятыўным шляху першаадкрывальніка, першапраходцы. Сямейныя саветы, як правіла, завяршаюцца пераканальнымі маналогамі бацькі, апошняе, упэўненае і рашучае, выніковае і падагульняючае слова ён заўсёды пакідае за сабой.
--А дзе дзявацца? Пакукуеш.
А век на службе не звякуеш. --
I ўсе тужліва замаўкалі... [16, с. 28].
--...няхай жа бэсціць, лае,
За нос, як хоча, няхай водзіць! --
Антось і Ганна не знаходзяць.
Што адказаць і што парадзіць
I як пытанне гэта ўладзіць [16, с. 74].
Увогуле, дамінантай мастацкага выяўлення і раскрыцця вобраза Міхала з'яўляюцца думкі, вынік выключна напружанай і плённай працы свядомасці. У шматлікіх, палымяных маналогах героя адчувальны акцэнт глыбокай перакананасці, дасягнутай самаўнушэннем, спаборніцтвам, змаганнем яго асабістых, вельмі супярэчлівых і розных унутраных галасоў. Адзін з іх, кансерватыўны голас сумнення, перасцярогі, разважлівасці, папярэджвае, што “рука каротка”:
I чуў Міхал нутром, душою --
Не мае грунту пад сабою [16, с. 191].
Другі голас, самаўпэўнены, бадзёры, рамантычна-ўзнёслы і натхнёны, заклікае да дзеяння, бо:
-- Чаго палохацца, дармо!
Абы ахвоту меў, нябожа!
А пры жаданні, пры ахвоце
Сам чорт не страшан у балоце! [16, с. 29].
...розум тут не змесціць,
Але ўсе ж думку Міхал змесціць,
Пад самым сэрцам яе носіць,
I гэта думка -- зямлі просіць! [16, с. 147].
I гэты другі голас прапаноўвае адкінуць сумненні і няўпэўненасць. У прадчуванні шчаслівых перспектыў акрыленыя думкі-мары героя набываюць фантастычныя тэмпы, ярчэй разыгрываецца ўяўленне: “Ён, калі прызнацца, даўно жыве ў сваёй хатцы”. Чытач з асалодай чакае шчаслівага фіналу.
Няўжо то праўда, а не сненне,
I мара йдзе ў ажыццяўленне?
Цяпер няма назад адходу!
Скідай з дарогі перашкоду,
Ні перад чым не запыняйся
I з гэтай спадчынай сквітайся,
Што асталося ад бацькоў --
Зямелькі некалькі шматкоў,
1 толькі трэба йсці станоўка,
Адно хай думае галоўка:
Як абярнуцца тут лаўчэй... [16, с. 237-238].
Але побач з дынамікай доўгачаканых перамен у паэме назіраецца імгненная экспансія трагічнага. Чалавек -- гэта сукупнасць духоўнага, прыроднага і сацыяльнага. Сацыяльна-гістарычныя рэаліі, з якімі Міхал знітаваны складанымі і неабходнымі прычынна-выніковымі сувязямі, па-свойму, драматычна ўплываюць на яго лёс. Вядома, што на чужым няшчасці шчасця не пабудуеш. Гэтаксама і пасярод усеагульнага няшчасця, хаосу і адчужэння прыватнага, нават маленькага шчасця не знойдзеш. I якой бы прыгожай, высакароднай ні была б мара Міхала, яна застанецца ідэальнай у існуючым свеце без неадкладнага вырашэння шматлікіх наспеўшых праблем маральна-духоўнага, сацыяльна-палітычнага, нацыянальна-культурнага зместу. Акрамя гэтага, Якуб Колас, як бы між іншым, узгадвае бясспрэчную, сумную і нязменную праўду, што калі чалавек у сваім духоўным узвышэнні і веры набліжаецца да ўсемагутнага, у фізічным вымярэнні ён вельмі залежны, крохкі і абмежаваны.
Нагадваецца фінальны эпізод глушцовага палявання:
Дымок раўнюткаю стралою
Жахнуў старую гэту хвою.
3 якой глушэц даўно зрадніўся:
I раптам з ёю разлучыўся.
У момант звяў і страціў сілы
I не паспеў разняць ён крылы,
На мяккі дол, на мох зялёны
Упаў, насмерць акрываўлёны [16, с. 197].
Якуб Колас праз алегарычна-вобразны малюнак палявання раскрывае герою яго ж уласную будучыню. Мара героя таксама не паспела “разняць крылы”. Глыбока сімвалічная ў творы і гібель глушца, вобраз якога атаясамлівае першародную, спрадвечную ідэю прыроднага суладдзя і хараства. Сімвалічная і смерць Міхала, якая дазваляе аўтару інтуітыўна выявіць анталагічную непазбежнасць таго, што адбываецца, але і пакрэсліць духоўна-псіхалагічную схільнасць чалавецтва да перамен.
Безумоўна, у свеце яшчэ многа зла, зла трывалага, якое нельга ігнараваць, бо немагчыма знішчыць адной воляй і жаданнем. За гэту пакутлівую ісціну Міхал заплаціў жыццём -- “перагарэў” у няроўнай схватцы. Творчыя імкненні, стваральная праца парадаксальна завяршаюцца разбурэннем і ахвярай. Аўтар нібы падводзіў героя да біблейскага дрэва пазнання, вопыту і ісціны, імкнуўся нагадаць, што “усё баліць і пакутуе вакол дрэва жыцця” і ў свеце далёка не ўсё -- дабро, не ўсё павярхнёва проста і залежыць выключна ад асабістых, нават высакародных намаганняў, што ёсць няўмольныя і універсальныя, адзіныя для ўсіх адвечныя законы быцця. I таму
Ніхто з граніц сваіх не выйдзе,
3 законаў, жыццем напісаных [16, с. 7].
Засяроджаныя роздумы Я. Коласа над складанымі быційнымі праблемамі актуалізуюцца ў рэчышчы этыка-філасофскіх поглядаў пачатку стагоддзя. Вядомыя рускія філосафы “сярэбранага веку” С. Булгакаў, У. Салаўёў, С. Франк неаднаразова падкрэслівалі бязвыхадную трагічнасць чалавечай гісторыі, утапічнасць і ілюзорнасць любых абяцанняў зямнога раю, бо “бачыць у гісторыі будучы трыумф гармоніі ці мінулы “прагрэс” азначае выявіць душэўную слепату... 3 ёй <трагедыяй > немінуча сутыкнецца кожны -- хоць бы перад тварам сваёй уласнай смерці” [31, с. 67].
Напрыканцы паэмы “Новая зямля” акцэнтуецца трывожная засяроджанасць думак аўтара і герояў на сумна-трагічных праявах быцця.
Канец!.. Як многа разважання
I засмучонага пытання
У гэтым простым, страшным слове
Пры іншым з'явішчы і ўмове,
Калі астатняю мяжою
Канец кладзецца між табою
I тым, што дорага і міла,
Што душу грэла і хіліла
I сэрца моцна парывала,
Як гімн у вуснах перавала... [16, с. 265].
Пэўныя пытанні рэчаіснасці могуць быць асэнсаваны і вырашаны толькі ў трагічным аспекце. Шлях да ісціны цярністы і пакутлівы, але паступовае раскрыццё яе вечнага і абсалютнага зместу дае мастацтву права ставіць яе вышэй за жыццё ў імя ўваскрашэння гэтага жыцця ў наступных пакаленнях. “Свету павінна быць паведамлена слова ісціны, аб'ектыўная праўда павінна раскрыцца, чаго б гэта ні каштавала, і таму чалавецтва не загіне, а ўратуецца дзеля вечнасці, якія б часовыя выпрабаванні яно ні зведала” [32, с. 234].
У канцы паэмы можна гаварыць пра выкарыстанне аўтарам своеасаблівай “фигуры умолчания”, калі мастак не робіць ніякіх тлумачэнняў, вывадаў, не сцвярджае ніякіх ідэй. Памірае герой, які быў носьбітам галоўнай ідэі твора, з якім была звязана надзея на станоўчае вырашэнне асноўнага канфлікту паэмы. У здаровы, моцны арганізм раптоўна ўварвалася разбуральная сіла хваробы. Яшчэ летам поўны жыццёвых сіл і энергіі змагацца за ўвасабленне сваёй мары, к зіме Міхал адчувае сябе безнадзейна хворым.
Ляжыць Міхал маўклівы, смутны,
І вочы выцвілы і мутны,
Углыб душы глядзяць гаротна,
Глядзяць тужліва і маркотна.
І горка гэта сузнаванне,
Што ад жыцця ты ўжо адсечан.
I нават можа быць адмецен
I блізак час яго сканання [16, с. 273].
Жыццёва-пошукавы шлях Міхала абрываецца вельмі нечакана і неспадзявана, хоць на працягу паэмы Якуб Колас не адзін раз ва ўмоўна-алегарычнай форме прарочыць непазбежны трагічны фінал. Усё гэта абумоўлівае ўзнікненне пытанняў аб сэнсе і вартасці жыцця героя, мэтазгоднасці ягоных пошукаў. Вульгарызатарская крытыка 30--40-х гадоў прытрымлівалася спрошчана-павярхоўнага меркавання, быццам жыццё героя ў палоне лакальнага дробнаўласніцкага інтарэсу, ілюзорнай і нават шкоднай мары непазбежна павінна прывесці да заслужаных, сумна-трагічных вынікаў. У адпаведнасці з такімі ацэнкамі смерць Міхала лішні раз акцэнтуе памылкі ў поглядах, марнасць надзей, што складалі ўвесь сэнс ягонага жыцця, чым ставіцца пад сумненне вартасць і каштоўнасць гэтага жыцця.
Трагічны фінал паэмы “Новая зямля” -- гэта свайго роду фаустаўскае “Спыніся, імгненне!”. Толькі ў дадзеным кантэксце акцэнтуецца не чароўнасць моманту, а яго глыбокая ідэйна-філасофская змястоўнасць і трагічна-сэнсавая значнасць, бо ў ім інтуітыўна прадчуваюцца адказы на ключавыя пытанні быцця.
I мыслі раптам скаканулі
У багны часаў і прастораў,
Бо ім няма граніц, запораў [16, с. 278].
Перад апошнім парогам сіла і абвостранасць пачуццяў і напружаная праца мыслення дасягаюць найкрытычнай вышыні. Усё другараднае, эпізадычнае і нязначнае адыходзіць, засланяецца актуальнай як ніколі праблемай лёсу.
I толькі ён, адсталы, хворы,
Папаў у нейкія зажоры
I лічыць нудныя часіны --
Ён моцна выбіт з каляіны
I тым жыццём ён не жыве --
Другія думкі ў галаве,
Зусім другія пачуванні,
Другі настрой і разважанні.
I тое, што даўней, бывала.
Яго так моцна захапляла,
Цяпер здавалася няўзрачным
I непатрэбным і нязначным;
Яго цікавіць лёс уласны [16, с. 274].
У падсвядомым намаганні чалавека асэнсаваць перыпетыі і загадкі ўласнага лёсу асабліва выразна адчуваецца міфалагічная неадназначнасць быцця. Герою падсвядома, у перадсмяротным трызненні адкрываюцца таямніцы лёсу, поўнага метамарфоз і нечаканасцей. Неспадзявана і Міхал трапіў у палон стрыжэню абставін.
...ён воўкам стаўся.
Бяжыць як можа -- знаць, спужаўся.
Ой, ой -- стрыжэнь! Ён-гоп туды!
Ніяк не вылезе з вады.
Капут... Міхал-воўк прападае.
Пад лёдам знік, як мыш рудая,
А ўсё вакол глядзіць здзіўлёна [16, с. 278].
Глыбока сімвалічны і злавесна-папераджальны сэнс мае гібель ваўка ў стрыжэні, неспадзяваным сведкам якой з'явіўся Міхал і якая так люстэркава падказвае, прарочыць яго ўласны лёс.
Стрыжэнь глыбокі, лёд пакаты,
А бедны воўк, вадой падцяты.
Скрабе па лёдзе кіпцюрамі
I носам рые, як зубамі,
I ўвесь пружыніцца і рвецца,
Але нічога не ўдаецца... [16, с. 150].
Мастацка-вобразнае мысленне Якуба Коласа адметнае схільнасцю да алегорыі, умоўнасці, шматзначнасці, што дазваляе некалькі інтэрпрэтацый пэўных вобразаў паэмы, у прыватнасці, складанага вобраза-сімвала ваўка. Такая метамарфоза з найвялікшай сілай у чарговы раз падкрэслівае супярэчлівасць чалавечага існавання перад пагрозай знікнення, тлумачыць мудрагелістую, дзіўную кантамінацыю жыцця і смерці ў хуткаплынным часе. Міхал вымушаны прыняць нечалавечы воблік як наканаванне і неабходнасць лёсу, пакутліва змяніць сваё аблічча. Тое, што прыгожы, велічны герой раптам губляе сваю цялесную абалонку, пераўтвараецца ў знясіленую, ніжэйшую, жывёльную істоту яшчэ раз падкрэслівае тыя нечалавечыя пакуты, якія ён зведаў.
Якуб Колас выкарыстоўвае сцэну смерці Міхала як сродак выключнай сілы ў падагульненні ўсёй сукупнасці актуальных сацыяльна-філасофскіх і маральна-духоўных праблем, што ўзнімаюцца на старонках паэмы. Як асоба высокай і сталай духоўнасці, герой застаўся непераможны перад усімі выпрабаваннямі, нават перад смерцю, якая вывела яго за межы магчымага. Узвялічвае Міхала таксама тое, што ён не раб, а паўназначны творца ўласнай ідэі, а значыць, уласнай свядомасці. Усё жыццё ён імкнецца не страціць, развіць, удасканаліць духоўную сутнасць як маральны цэнтр сваіх пошукаў і ўчынкаў. Безумоўна, прызнанне жыцця толькі сродкам дасягнення мэты, поўнае падпарадкаванне ёй прыводзіць да таго, што доўгачаканы момант яе здзяйснення стане момантам знікнення асобы, усяго плёну назапашанага жыццёвага вопыту. Філасофскія развагі аб гэтай праблеме напаўняюць змест апавядання “Мэйхью” ангельскага пісьменніка С. Моэма. Малады адвакат карэнным чынам мяняе ўсё жыццё, купляе дом на Капры, без шкадавання пакідае сяброў, робіцца сапраўдным аскетам, бо забываецца ў грандыёзнай працы напісання гісторыі Рымскай імперыі. Але, калі мэта была блізкая, справа ішла да паспяховага завяршэння, быў сабраны гіганцкі матэрыял і герой сеў за стол, каб пачаць пісаць, -- раптоўна надыходзіць смерць. Мэйхью дабраахвотна зрабіў жыццё прымітыўным сродкам, што вядзе да мэты. Яно становіцца непатрэбным пасля дасягнення ідэалу. Карціна жыцця героя “цудоўная і завершаная. Ён зрабіў тое, што хацеў, і памёр, калі пажаданы бераг быў ужо блізка, і так і не зведаў горычы дасягнутай мэты” [33, с. 421].
Тонкі псіхолаг чалавечай душы Ф. М. Дастаеўскі неаднаразова падкрэсліваў выключную каштоўнасць пошукавага працэсу, у якім расце, мужнее, удасканальваецца асоба: “Хто ведае, -- разважае чалавек з падполля, -- можа быць, што і ўся мэта на зямлі, да якой чалавецтва імкнецца, толькі і заключаецца ў адной гэтай бесперапыннасці працэсу дасягнення, інакш сказаць, у самім жыцці, а не ўласна ў мэце, якая, зразумела, павінна быць не чым іншым, як двойчы два чатыры, гэта значыць формула, а двойчы два чатыры ёсць ужо не жыццё, панове, а пачатак смерці.. Дапусцім, чалавек толькі і робіць, што адшуквае гэтыя двойчы два чатыры, пераплывае акіяны, жыццём ахвяруе ў гэтым пошуку, але адшукаць, сапраўды знайсці, -- далібог, неяк баіцца. Бо ён адчувае, што як знойдзе, то ўжо няма чаго будзе тады і адшукваць” [34, с. 425-426]. Авантурна-смелы парыў выйсці за межы дадзенага і нават магчымага ў імкненні да ўзвышаных ідэалаў, рамантычных мараў, нават летуценняў абумоўлены неспакойнай, пошукавай сутнасцю чалавека. У паэме “Новая зямля” гэтыя меркаванні дакладна выказаны дзядзькам Антосем:
-- ...чалавеку
Заўсёды мала, не хватае, --
Антось уголас разважае: --
Ці ёсць канец яго патрэбам?
Чаго няма пад гэтым небам!.. [16, с. 261].
Дзядзькаў спадарожнік па Вільні Грышка Верас па-народнаму дасціпна працягвае думку:
-- Не, не здаволіш чалавека,
I будзе вечна ён калека:
Чаго-нібудзь, а будзе брак,
Ужо бо створаны ён так!
Твардоўскі пан быў -- мо чувалі? --
Яму ўсе чэрці слугавалі
I ўсе выконвалі жаданні,
I што ж? шчалівы быў? нізвання!
Ды ўзяць хоць нас, не тое ж сама?
І мы, як тая багна-яма,
Увесь век варушымся, збіраем,
Канца ж патрэбам тым не знаем [16, с. 261].
Знакаміты афарызм Ф. Ніцшэ сцярджае: “Твой ідэал яшчэ не твая мяжа: твае сілы пойдуць далей прагнасці твайго погляду” [35, с. 178]. Імкненне Міхала набыць уласны надзел зямлі -- этапнае на шляху яго далейшага самараскрыцця і самавыражэння. Відавочна, што пошукавае мысленне героя знаходзіла б і вырашала новыя праблемы. Міхал з аптымізмам, надзеяй ўглядаецца ва ўласную будучыню, упэўнена малюе перспектывы гаспадарання на зямлі, дзе
...жыў бы панам і не гнуўся.
Шырока б там ён разгарнуўся [16, с. 25].
...пад плотам.
Зямлю купіўшы, не валяўся б,
Ды як бы жыў яшчэ! Не знаўся б
Ні з панскай ласкай, ні з панамі,
Жылі б сабе гаспадарамі [16, с. 28].
Якуб Колас не паказаў, як рэальна маглі спраўдзіцца мары Міхала, але бліскуча вырашыў задачу мастацкага выяўлення пошукаў, іспытаў ягоных ідэй на ісцінасць. І хоць героя напаткала смерць, праз усведамленне гэтай найвялікшай ахвяры найбольш востра адчуваецца паўната і вартасць жыцця чалавека, жаданне жыць, робіцца відавочнай поўная і бясспрэчная інтуітыўная перамога Міхала над няўмольным лёсам, дыктатам абставінаў, над скептыцызмам і нявер'ем. Трагічная праўда Міхала з поспехам супрацьстаіць ім усёй каштоўнасцю яе глыбока гуманнага маральна-духоўнага зместу.
А. Лойка назваў “Новую зямлю” гераічнай сагай, бо “сцвярджэнне працы як гераічнага, раскрыццё трагізму будзённых, гераічных намаганняў адзінкі-працаўніка -- усё гэта сапраўды робіць “Новую зямлю” эпасам, песняй будзённага гераізму трагічнай асобы селяніна” [18, с. 122].
У “Новай зямлі”, безумоўна, ёсць гераізм і іншага кшталту, не толькі будзённы, працоўны, але ўзвышана-духоўны, ідэальны. Якуб Колас стварыў манументальны, велічны, мужны і сапраўды гераічны вобраз рамантыка і першапраходцы, чые самаахвярныя, але гуманныя і справядлівыя эксперыменты-пошукі набліжаюць чалавецтву ідэалы гармоніі, шчасця, свабоды і справядлівасці, спрадвечную мару аб зямлі запаветнай. Гераізм пошукаў пакутліва трагічны, але надзвычай неабходны, апраўданы. На ўспамін прыходзяць поўныя драматычных пытанняў развагі герояў аповесці Ч. Айтматава “Плаха” аб непрадказальным трагізме лёсу: “... а што, калі існуе на свеце заканамернасць, згодна якой ён больш за ўсё карае сваіх сыноў за самыя чыстыя ідэі і памкненні духу? Магчыма, варта падумаць: а што, калі гэта і ёсць форма існавання і спосаб перамогі такіх ідэй? Што, калі менавіта ў гэтым -- кошт такой перамогі?” [36, с. 78].
Дарэчы, само імя галоўнага героя паэмы -- Міхал, “хто як Бог”, “богападобны” -- ускосна ўказвае на ягоную надзвычайную місію на зямлі, кадзіруе ахвярна-творчы максімалізм ягоных пошукаў. Нібы міфічны Антэй, Міхал у сваім узнёслым парыве шчодра наталяецца гаючай, жыватворнай сілай зямлі, але веліч веры, моц маральна-этычнага патэнцыялу актуалізуюць ідэальную сутнасць вобразу. У духоўным узвышэнні герой набывае сілу, мужнасць і бессмяротнасць Геракла.
Але каб аргументаваць тэзіс аб наяўнасці ў “Новай зямлі” першастыхійнага, спрадвечнага, звышзначнага сэнсу, не трэба спецыяльна шукаць у ёй сакральную сімволіку. Сакральнае амаль ніколі не выходзіць на па-верхню, але ўяўляе стрыжнявы прынцып мастацкай сістэмы паэмы, які трымае шматслойную піраміду яе вытанчанай вобразнасці. У недапраяўленасці, незавершанасці, няўлоўнасці абрысаў вобраза новай зямлі закладзена прыцягальная, магічная сіла яе ўздзеяння. Новая зямля са звычайнай матэрыяльнай рэчы, якую можна прадаць, абмяняць, набыць, увасабляецца ў загадкавы сімвал, сутнасныя якасці якога можна хіба толькі спасцігнуць, да велічы якога можна ўзняцца, узвысіцца коштам тытанічнай духоўнай працы, выпрабаванняў, нават страт. Калі ў апошнім трызненні-малітве Міхал узгадвае зямлю, ўглядаецца ў яе вачыма, якія ўжо зазірнулі за межы небыцця, новая зямля адкрываецца яму галоўным сэнсам і свяшчэнным запаветам жыцця, як ў вядомым рамане Л. Талстога “высокае неба” Аўстэрліца адчыняе герою таямніцы вечнасці.
Фантастычная сіла перадсмяротнага трызнення Міхала навечна сцвярджае, уваскрашае ягоную мару.
Зямля... зямля... туды, туды, брат,
Будуй яе... ты дай ёй выгляд...
На новы лад, каб жыць нанова... [16, с. 280].
Смерць героя ўяўляе пачатак новага, ідэальнага жыцця ягонай веры. Нягледзячы на вітальна-трагічны змест апошніх старонак паэмы, яе канцоўка гучыць усхвалявана і аптымістычна, бо таксама змяшчае пачатак. Якуб Колас спадзяецца, што трывалае зло ў свеце будзе з поспехам пераадолена. Ён верыць у будучыню, якая бачыцца яму светлай і дасканалай, калі сацыяльнае і прыроднае аб'яднаюцца ў адзінай ідэальнай плыні гарманічнага суіснавання. I магчыма, аўтар наумысна не прапануе гатовых і дакладных вывадаў, бо чакае, што іх зробіць чытач і тым самым працягне размову. У напружаным чаканні новай ідэі, думкі, новага слова паэт углядаецца ў
...далягляд ружова-сіні.
Дзе так панадна свеціць сонца.
Дзе думка тчэ свае красенцы.
Каб новы свет жыцця саткаць,
Заспакаенне сэрцу даць
I разагнаць яго трывогі!.. [16, с. 280].
Філасофскую глыбіню паэмы “Новая зямля” багацце і шматпланавасць яе сацыяльна-этычнай, маральна-духоўнай праблематыкі адкрые будучыня, загадкавасць, недагаворанасць, умоўнасць якой прысутнічаюць у творы. Невычарпальны змест арыгінальнай вобразнасці песняра найбольш поўна здольны расшыфраваць і патлумачыць час з улікам гістарычнага вопыту і духоўных набыткаў кожнага наступнага пакалення. Вытокі пільнай увагі, няспыннага пошуку, новых цікавых адкрыццяў знаходзяцца ў самой паэме, асаблівасцях яе мастацкай сістэмы і ідэйна-тэматычнага зместу. Працягваецца духоўнае паломніцтва ў “Новую зямлю”, якая спакушае самыя вытанчаныя эстэтычныя густы, шчодра наталяе праўдай і мудрасцю з гаючых крыніц самога жыцця.
3. Філасофія дзяцінствана старонках паэмы Я. Коласа “Новая зямля”
“Памяць, уласна, і патрэбна становіцца, калі змяненні ў жыцці пачынаюць адчувацца як незварачальныя і патрабуецца захаваць адышоўшае ў вечным быцці -- у слове” [37, с. 84]. Жыццё ўяўляецца Якубу Коласу не як просталінейны рух наперад, а як прасторава-часавае ўзыходжанне і якаснае ўдасканальванне, перамяшчэнне па спіралі, кожны віток, круг якой вяртаецца назад, каб, узбагаціўшыся вопытам памяці, імкнуцца ў бясконцасць новага і нязведанага. Кожны значны крок наперад неабходна праверыць і ўзгадніць з бессмяротнай праўдай духоўна-эстэтычнай памяці мінулага.
О, як бы я хацеў спачатку
Дарогу жыцця па парадку
Прайсці яшчэ раз, азірнуцца,
Сабраць з дарог каменні тыя,
Што губяць сілы маладыя, --
К вясне б маёй хацеў вярнуцца [38, с. 7].
Каб працягнуць размову, паэт вяртаецца да вытокаў, да першаасноў, першапаняццяў і першасэнсу быцця, імкнецца ўзгадаць і аднавіць выключную мудрасць першапачатку.
А спачатку было дзяцінства.
...покі круг мой не замкнёны,
Я зноў хачу зірнуць назад
Пад тыя стрэхі родных хат,
Дзе зачалася пуцявіна,
Дзяцінства светлая часіна...
Дарогі, вечныя дарогі! [38, с. 237].
Вобраз дзяцінства -- надзвычай аб'ёмны і, бадай, адзін з самых змястоўных і глыбока сімвалічных вобразаў паэмы. М. А. Лазарук заўважыў, што “паэма... прасякнута вострым адчуваннем смутку развітання з мінулым, які ў творы афармляецца ў матыў развітання паэта са сваім дзяцінствам” [24, с. 34]. Але паэт хутчэй не развітваецца, а вяртаецца да дзяцінства і сардэчна вітае яго. Старонкі паэмы -- шчодрая даніна аўтара мінуламу, прыемныя згадкі ўласнага маленства. Роля біяграфічнага элементу ў творы бясспрэчна вялікая і вызначаецца тым адметным, багатым і каларытным матэрыялам, што даў жыццё мастацкім вобразам. Узгадваючы мінулае, Якуб Колас пранікае ў патаемныя, некранутыя глыбіні ўласнай эмацыянальнай, духоўна-эстэтычнай памяці. У выніку даўно перажытае поўніцца актуальным, вечным сэнсам. Аўтарская ідэя яднае сацыяльна-псіхалагічны змест мінулага, сучаснага і будучага. Неперарыўная, прычынна-выніковая сувязь часоў абвострана адчуваецца, калі паэт імкнецца
...мімаходам
Жыццё мінулае крануць
I ў цёмны кут яго зірнуць,
Дзе пад халодным яго лёдам
На зло ліхім яго прыгодам
Крыніцы свежыя цякуць [38, с. 31].
Са старонак паэмы паўстаюць не проста ўзнёсла рамантычныя, шчымліва родныя вобразы-ўспаміны незабыўных часоў маленства. У процівагу разладу і няпэўнасці сучаснасці Якуб Колас паэтызуе добрае, праверанае вопытам мінулае. Але, на яго думку, у жыцці толькі пэўны, чарговы
...круг замкнуты
У небыццё ідзе і гіне,
Каб месца іншай даць часіне... [38, с. 265].
Нягледзячы на элегічны сум усведамлення, што добрыя старыя часы незваротна адышлі ў мінулае, паэма прасякнута агульным аптымістычна-радасным настроем, стварае светлае адчуванне паўнаты і гармоніі жыцця, якое мацуецца на веры ў яго аднаўленне на новым узроўні. Святочны, узнёсла-карнавальны элемент дзяцінства ўяўляе з сябе універсальную мадэль ідэальна-дасканалага існавання чалавека, а таксама складаны філасофскі сімвал бесперапыннасці быцця, што адыходзіць і зноў адраджаецца, бясконца абнаўляецца, сімвал адвечнага суіснавання канца і пачатку. Ён узмацняе надзею на ажыццяўленне ідэалаў справядлівасці і дабрыні ў будучыні. У аўтарскай канцэпцыі шчасця пераважае аптымістычная ўпэўненасць у зыходнай разумнасці светабудовы і абавязковым, заканамерным і арганічным узнаўленні на Беларусі “залатога” веку. Абнаўленне, адраджэнне паэт уяўляе і на прыродна-біялагічным, і на сацыяльна-гістарычным, нацыянальна-культурным узроўні.
Жыві ж, наш край! Няхай надзея
Гарыць у сэрцы і мацнее,
Што хоць не мы, дык нашы дзеці
Убачаць цэльным цябе ў свеце [38, с. 136].
Вядомы філосаф і мудрэц старажытнасці Геракліт заўважыў, што “Час -- гэта хлопчык, які гуляе, перасоўваючы шашкі. Дзіцяці належыць уладаранне”. Філасофская выснова, што занятак дзяцей -- гульня -- адвечны, як само быццё, падахвочвае ўважліва прыгледзецца да дзіцячых вобразаў паэмы, раскрыць прынцыпова важнае значэнне і паглыблены сацыяльна-філасофскі змест некаторых цікавых “гульнявых” эпізодаў. Прыгадаем забавы Костуся зімой на рэчцы (раздзел “На рэчцы”). Хлопчык, гуляючы, разбівае “цяжэрны і зацяты” лёд, што скаваў жывую плынь.
I вось тут Костусь прыпыніўся,
На лёд глядзіць, штось разважае
I ў ход тапорык свой пускае.
Лядок закашляў, заіскрыўся,
На срэбра-друзачкі пабіўся;
Ляцяць крупінкі ледзяныя,
Бы ўлетку пырскі дажджавыя,
I чуць апошні лёд зламаўся,
3 зямлі клубок вады падняўся
I з шумам коціць паўзверх лёду,
Пачуўшы волечку-свабоду,
Ўсё большы, большы круг займае... [16, с. 166].
Сацыяльна-палітычныя змены ў жыцці краіны, безумоўна, паўплывалі на эмацыянальную афарбоўку і канцэптуальны змест вобразаў. Трагічна знамянальны прыход зімы 1917 года на Беларусі, афарбаванай у чырвоныя колеры рэвалюцыйных лозунгаў, людскіх страт, абумовіў журботны сэнс, укладзены Якубам Коласам у вобразы марозу, холаду і лёду.
Мароз-мастак і, пыху поўны,
Узносіць слуп на неба роўны,
Высокі, вогнены, крывавы!
Той слуп -- і страшны, і цікавы --
Гарыць злавесна, ўвесь чырвоны [16, с. 162].
На першы погляд, звычайны пейзажны, персаніфікаваны вобраз марозу нясе аўтарскую ацэнку адбыўшыхся падзей, дапамагае дакладна перадаць тужліва-маркотны настрой у царстве дыктату холаду і лёду, адчужэння, змярцвення, што ўсталявалася на радзіме. Зімовы пейзаж атаясамліваецца з унутраным пейзажам душэўнага стану самога паэта ў смутныя часы.
Мароз -- паважны. Як вяльможа,
Знасіць свавольніцтва не можа,
I на той час, як ён пануе.
Па небе хмарка не вандруе,
I ўсе стварэнні занямеюць,
I патыхаць вятры не смеюць.
Ўсё ціха, мертва, нерухома.
Сядзіць звяр'ё між буралома
I знака жыцця не пакажуць,
Бароны дзюба не развяжуць,
Ўсе нахахорацца, ні зыку --
Ўладарства холаду вяліка.
...Адзін мароз адно ўладае,
На ўсё ён рукі накладае,
Ўсё гне халоднаю нагою... [16, с. 162].
Ствараецца ўражанне, што ўсемагутны “мароз-вяльможа” не толькі “скаваў і рэкі, і азёры, 1 ўсё заціснуў пад запоры” [16, с. 160], але зняволіў плынь сацыяльна-грамад-скага жыцця ў родным краі, скаваў людскія душы і сэрцы, абмежаваў любыя праявы свабоднага, творчага мыслення. Наступства чужароднай валявой стыхіі абумовіла глыбокі палітычны і псіхалагічны крызіс на Радзіме.
Але Якуб Колас верыць у жыццястойкасць, мужнасць беларускага народа. Яго не задушыла ярмо векавога сацыяльна-палітычнага рабства. Ён здольны выстаяць і ў надышоўны новы “час вялікі разбурэння”. Пры раскрыцці вобраза народа паэт падкрэслівае няспыннасць яго маральна-духоўнага, нацыянальна-гістарычнага развіцця, арганічную абумоўленасць у ім пастаянных змен і абнаўленняў. I таму зімовыя малюнкі ўзгадваюць не пра загінуўшыя, а пра нескароныя, здольныя ўратавацца і адрадзіцца жыццёвыя сілы.
Пастой, мароз, пастой хваліцца --
Мо і цябе хто не збаіцца!
...I хоць мароз крапіць пякучы,
Да ног даходзіць скрозь анучы
I снегам вочы зашывае, --
Мужык жыве і не шманае... [16, с. 163].
Паказальны сімвалічны змест дзіцячых вобразаў паэмы “Новая зямля”, іх адметная роля ў бескампрамісным паядынку з сіламі зла, у адраджэнні і абнаўленні Бацькаўшчыны.
Вызваленне рэчкі ад ільда прыносіць Костусю незвычайную асалоду і задавальненне.
Расце, гарыць душа дзяціна
I ўсё на свеце забывае
I шчасце, радасць спажывае [16, с. 166].
Колас рэстаўруе карнавальнае значэнне гульні, калі асобныя моманты сучаснага сацыяльна-гістарычнага жыцця перадаюцца ў сціслай мастацкай мініяцюры, якая мае падкрэслена светапоглядны характар. Мастацка-эстэтычны змест эпізоду магчыма пашырыць асэнсаваннем яго сімвалічнага значэння, як метамарфозы быцця, неабходнага працэсу развянчання і абнаўлення змрочных і непрывабных праяў сучаснасці.
Марозік крэпіць, лёд таўшчэе,
I рэчка вольная нямее,
Да дна вадзіца вымярзае
I ходу, бедная, не мае,
I цесна там ёй, і няміла
Яе халодная магіла;
Але дарма: жывую сілу
Не запраторыш ты ў магілу
Мароз бязжаласны і люты! [16, с. 160].
Дзяцінства пераўвасабляе і адраджае жыццё, надае яму новыя стваральныя імпульсы. У пазбаўленым зла і прымусу свеце дзяцінства яшчэ магчымы сапраўдныя свабода і шчасце. Цуд пераўтварэння набывае ў паэме падкрэслены гіпербалічна-казачны, урачыста-святочны характар.
Адкуль тут музыка нясецца?
Чыя тут песня ў душу льецца?
Такога спеву-сугалосся,
Што тут над рэчкаю панёсся,
Ніхто не зложыць, не зайграе.
Ці гэта казку лес складае?
Ці даль ачнулася нямая
I немасць песняй парушыла,
Што спакон векаў утварыла?
Ці то нябёсы адамкнулісь
I ціха-ціха адгукнулісь
Зямлі, ўсяму яе стварэнню?
Ці то вясна йдзе ў аддаленні? [16, с. 166].
Дзіцячая забава канцэнтруе універсальна-сімвалічнае значэнне і ў пэўным сэнсе нават асноўныя сацыяльна-палітычныя тэндэнцыі рэчаіснасці. Якуб Колас стрымана аднёсся да небяспечных і жорсткіх эксперыментаў рэвалюцыі 1917 года. Падманутыя спадзяванні, расчараванні і сумненні мастака ў гэты трывожны перыяд увасобіліся ў стрыманым, змрочным каларыце нешматлікіх вершаў (“На чужыне”, 1919 г., “Крыж”, 1921 г., “Цені-страхі”, 1921 г. і інш.), з асаблівым акцэнтам перададзены ў першай рэдакцыі яго славутай паэмы “Сымон-музыка”. Дзяўчына Ганна, сімвал маці-Беларусі, страціла розум і памірае, а знясілены горам Сымон засынае побач з яе магілай. Паэт не прадбачыў у рэвалюцыйным хаосе сучаснасці ніякіх пазітыўных перамен і таму адраджэнне Бацькаўшчыны ён пераносіць у будучыню і звязвае з дзіцячым светам, якому належыць уладаранне ў новыя, лепшыя часы.
Дзяцінства -- гэта не толькі першапачатак, выток эмпірычнага быцця, натуральны гарант яго неўміручасці. У ім паэт убачыў здзейсненую мару галоўнага героя пра гарманічнае, незалежнае існаванне на запаветнай шчаслівай зямлі. Каларытны, змястоўны, духоўна багаты і сама сцверджаны свет па-свойму таленавітых, шчырых і разумных дзяцей Міхала ўяўляе патэнцыял паспяховага здзяйснення ягоных узвышаных аксіялагічных ідэалаў. Універсальны мастацкі вобраз дзяцінства дазваляе аўтару ўвасобіць сваё эстэтычнае крэда і з асаблівай выразнасцю і нагляднасцю адцяніць і падкрэсліць сутнасць гуманістычнай канцэпцыі галоўнага героя паэмы. У рэальнай краіне дзяцінства Якуб Колас убачыў так пажаданую Міхалам запаветную зямлю, дзе адчуванне паўнакроўнага шчасця надаецца не толькі адсутнасцю сацыяльнай і іншай няроўнасці, але, найперш, узорнай чалавечнасцю адносін. Гэта пазіцыя грунтуецца на спрадвечнай Біблейскай мудрасці.
“У той час вучні прыступіліся да Іісуса і сказалі: хто большы ў Царстве Нябесным?
Іісус, прызваўшы дзіцятка, паставіў яго пасярод іх і сказаў:
Сапраўды кажу вам: калі не павернецеся і не будзеце як дзеці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае” [2, с. 18].
Пазіцыя Якуба Коласа ў абмалёўцы дзіцячых вобразаў вельмі адметная і своеасаблівая. Дзіцячая тэматыка ўпэўнена ўвайшла ў беларускую літаратуру ў пачатку стагоддзя і вызначыла шырокі дыяпазон творчых пошукаў мастакоў слова, мазаічнасць і шматграннасць маральна-этычнай, сацыяльна-культурнай і агульнафіласофскай праблематыкі.
М. Гогаль неяк адзначыў: “Дзіўна пабудаваны свет: вясёлае ў ім імгненна пераўтвараецца ў сумнае, калі толькі надоўга спынімся перад ім”. Цудоўны і казачны свет дзіцячай гульні няўхільна страчваў сваю бесклапотнасць, гумар і весялосць, і не было патрэбы спыняцца надоўга, каб заўважыць тое, што і так адразу кідалася ў вочы. Рэчаіснасць усё часцей нагадвала няўдалы карнавал, у якім жыццё і смерць, прыгожае і пачварнае, добрае і благое драматычна памяняліся месцамі.
Для паэта дзяцінства ўяўляе самастойную маральна-духоўную велічыню, дае арыенціры гуманнасці і праўды, якіх неабходна трымацца ў супярэчлівым, поўным выпрабаванняў свеце, каб захаваць неруш духоўнасці, дадзены ад нараджэння. Калі для дарослых пошукі шчасця ствараюць пакутліва-невырашальную праблему, то для дзяцей пачуццё шчасця натуральнее, як пачуццё самога жыцця. Іх захапляе вясёлы працэс гульні, казачнага пошуку, ад якога яны не чакаюць ніякіх карыслівых вынікаў і выгодаў. Адзін з герояў Ф. Дастаеўскага лічыць: “Калумб быў шчаслівы не тады, калі адкрыў Амерыку, а калі адкрываў яе -- справа ў жыцці, у адным жыцці -- у адкрыванні яго, бесперапынным і вечным, а зусім не ў адкрыцці” [39, с. 79]. 3 дапамогай дзіцячых вобразаў паэмы Якуб Колас сцвярджае простую і мудрую праўду жыцця, што поўнае і абсалютнае валоданне шчасцем адноснае і, бадай, немагчымае, але адчуванне яго асалоды даецца самім працэсам няспыннага пошуку.
Дзяцінства ў паэме -- гэта самадастатковае цэласнае быццё, пазначанае ўзнёслым адчуваннем паўнакроўнай радасці; быццё, якое ўвабрала ў сябе разнастайную палітру фарбаў, настрояў, пачуццяў свету, быццё, у якім рэальнасць супадае з ідэалам. Каляровасцю, святочнасцю, шматлікімі гумарыстычна-смехавымі эпізодамі дзяцінства падобна на яскравы, казачны, вясёлы карнавал. У паэме адчуваюцца элементы “карнавальнага” стылю, якія аўтар віртуозна скарыстоўвае ў захапляючай і дасціпнай абмалёўцы дзіцячых вобразаў, у стварэнні жартаўлівай, бесклапотнай, натуральнай атмасферы. Стыль адметны моўна-выяўленчымі сродкамі, асаблівай гумарыстычнай манерай апавядання. Эстэтычнай дамінантай вобраза дзяцінства з'яўляюцца ўзнёсла-святочныя моманты, добры гумар і лагодны смех з элементамі нязлоснай іроніі, гратэску. У камічныя спектаклі, ад якіх узнімаецца настрой, а жыццё робіцца больш вясёлым і вольным, пераўтвараюць дзеці многія бытавыя сітуацыі. Прыгадаем нядзельны сняданак, шчодра прыпраўлены пацешнай лупцоўкай малых.
...Юзік пальцам поркаў страву
І верашчакай мазаў лаву,
Але тут сестры сердавалі
І залаб Юзіка цягалі.
Тады іх згода прападала,
Між імі бойка вынікала.
Пускаў тут Юзік лыжку у дзела;
Не раз лабаціна трупцела
Ў сястрычак Гэлі і Ганулі [16, с. 23].
Прыгоды, апісаныя ў раздзелах “Дзядзька-кухар”, “Дзедаў човен”, “Зіма ў Парэччы”, падкрэсліваюць аўтаномнасць і цэласнасць дзіцячага мыслення, шчырае, натуральнае жаданне і ўменне весяліцца, радавацца, смяяцца. Гэтыя аповеды даюць дасціпныя рэцэпты аптымізму, неардынарнага выхаду з няёмкіх сітуацый, пранікнуты не расчараваннем ад няўдач, а іскрамётным гумарам, смехам.
Такіх было тут жартаў, смехаў,
Што ўсіх трасло і калаціла
I дзядзьку смехам захваціла [16, с. 61].
Але акрамя авантурнага, захапляюча-прыгодніцкага зместу названыя эпізоды валодаюць выключнай сілай супастаўлення, сімвалічнага абагульнення і перадаюць ідэйна-філасофскія роздумы аўтара над самымі надзённымі пытаннямі сучаснасці. У вольнай стыхіі камічнага смех дзіцячых забаў носіць амбівалентны характар. Асмяянне і развянчанне суправаджае трыумф і, наадварот, перамога змяшчае ў сабе ілюзорнасць, паражэнне.
Заўважана, што чалавецтва са смехам развітваецца з мінулым, прынамсі, са змрочнымі, недасканалымі і бесперспектыўнымі яго праявамі. У імклівай плыні гістарычнага часу натуральным і арганічным з'яўляецца як нараджэнне новых, так і пагібель старых ідэалаў. Безумоўна, ўзбагачэнне карысным і багатым вопытам мінулага неабходнае і плённае, але ўваскрасіць яго немагчыма. Менавіта такія думкі ўзнікаюць пасля няўдалага эксперыменту дзядзькі Антося над старым дзедавым чоўнам.
Човен дзеда Юркі, за рэстаўрацыю якога з такім эн-тузіязмам бярэцца дзядзька, не быў асабліва патрэбны і старому ў свой час.
Дзед Юрка быў рыбак скарбовы,
Скарбовай чайкай карыстаўся,
А ўласны човен так валяўся.
Як бы ў адстаўцы той сенатар... [16, с. 89].
Я. Колас спадзяецца, што ў трывалы падмурак новага свету будуць пакладзены новыя, надзвычай справядлівыя законы праўды, здаровага сэнсу, гуманізму, лепшыя традыцыі мінулага, але толькі не яго рудыменты. I таму з дзядзькавых намаганняў над трухлявым і “як рэшата, дзіравым” чоўнам так кпяць і жартуюць менавіта дзеці, з вобразамі якіх, як ужо адзначалася вышэй, паэт звязвае свае найлепшыя надзеі.
Усхапіўся дзядзька мокры, брудны,
А вынік спробы той паскудны:
Чаўнок -- не човен, а карыта,
І нос і частка дна адбіта;
Прысок тырчыць, як струп на плеху,
А хлопцы поўзаюць ад смеху,
А дзядзька сам -- цар без кароны
І выгляд -- мокрае вароны! [16, с. 92].
“Пахаванне” старога нікчэмнага чоўна пераўтвараецца ў чарговую каранацыю-вітанне будучыні, яе красы, гармоніі, дасканаласці.
Урачыстая, абнаўляючая ідэя разняволення, пераўвасаблення жыцця яднае свет дзяцінства і свет карнавалу. Як заўважыў М. Бахцін, “карнавал святкаваў часовае вызваленне ад пануючай праўды пануючага ладу, часовую адмену ўсіх іерархічных адносін, прывілей, нормаў і забаронаў. Гэта было сапраўды свята станаўлення, змен і абнаўленняў. Ён быў варожы ўсялякаму ўвекавечанню, завяршэнню і канцу. Ён глядзеў у будучыню” [17, с. 154]. Калі карнавал -- форма народнай культуры, дзяцінства -- гэта па-карнавальнаму ідэальна-святочная форма жыцця. Яно гэтаксама дае “зусім іншы, падкрэслена неафіцыйны... аспект свету, чалавека і чалавечых адносін.., будуе па той бок усяго афіцыйнага іншы свет і іншае жыццё” [17, с. 195].
Адчуванне свята ўзмацняецца і тым, што дзяцінства стварае навокал своеасаблівую эстэтычную прастору высокай гармоніі, маральнай чысціні, натуральнасці. Я. Колас імкнецца захаваць і нічым не парушыць цэласнасць першароднага хараства дзіцячага свету. Ён наўмысна не засяроджвае ўвагу на сумных, празаічных здарэннях штодзённага жыцця. “I нават калі ў коле навеяных дзяцінствам успамінаў аказалася трагічнае здарэнне -- пажар хаты, аўтар таксама не расказваў падрабязна аб гэтай падзеі, аб жыцці ў цеснай зямлянцы, аб клопатах і нястачах пагарэльцаў. Асноўнае, на чым спыняецца ўвага песняра, -- гэта ўспамін аб казачнай прыгажосці ціхага вечара каля прыветнага агеньчыка. Аб'ектам паэтызацыі становяцца і маўклівая цішыня ночы, і чароўныя дзіцячыя казкі, фантастычныя думкі-мары, якія так шчодра снавала дзіцячая фантазія, уражаная хараством начной прыроды” [28, с. 25].
У паэме рэальнасць па-карнавальнаму губляе сваю статычнасць і незваротнасць. Я. Колас дае нам унікальную магчымасць пажыць ў “залатым веку” будучыні, у бесклапотным царстве шчасця, свабоды, дасканаласці -- у царстве дзяцей, дзе можна ўпэўніцца ва ўсемагутнасці дабрыні, пераадолець змрочную сур'ёзнасць, забыцца на нягоды і пакуты дэфармаванай сучаснасці. Дзяцінства акрыляе надзеяй, што не ўсё яшчэ перавярнулася ў свеце, скаваным марозам зла, прымусу, адчужэння, што “жывыя кропелькі” дабрыні, прыгажосці, духоўнасці вызваляць, адновяць і выратуюць яго.
...Мароз бязжаласны і люты!
Хоць ты звязаў і крэпка путы...
...Ды ты жыцця, брат, не здалееш.
Як ты ні дурыш, ні шалееш.
Глядзі -- скрозь ковы ледзяныя
Сачацца кропелькі жывыя,
Дарогу новую шукаюць
I лёд вадою заліваюць.
I праўда: рэчачка-крынічка,
Хаця і мелка, невялічка,
Але такую сілу мае,
Што лёд угору падымае
I ломіць глыбу, як націну [16, с. 160].
Такім чынам, полівалентнасць вобразнай сістэмы “Новай зямлі”, наяўнасць у ёй сімвалічнага падтэксту ствараюць непаўторны мастацка-эстэтычны каларыт паэмы, дазваляюць у новым, нечаканым ракурсе раскрыць многія жыццёвыя з'явы і сітуацыі, перайсці ад выяўлення іх дробных рыс і дэталей да значных абагульненняў у праблемах маральна-філасофскіх, сацыяльна-псіхалагічных і нацыянальна-гістарычных.
Заключэнне
Такім чынам, прааналізаваўшы філасофію быту і быцця ў паэме Я. Коласа “Новая зямля”, мы прыйшлі да наступных высноў:
Па-першае, паэма-эпапея “Новая зямля” Я. Коласа паказвае новыя грані ў развіцці жанравай структуры. Закон дынамічнай зменлівасці і абнаўлення традыцыі і тут, як і ў любым выдатным творы, пракладвае сабе шлях, перамагаючы процілеглую тэндэнцыю, якая звязана з устойлівасцю жанру. Галоўнае, што вызначае своеасаблівасць “Новай зямлі” ў адрозненне ад старажытнага эпасу, -- гэта новае, рэалістычнае разуменне жыцця, пазнанне чалавека ў канкрэтна-гістарычным кантэксце, у сістэме сацыяльна-грамадскіх сувязяў, арыентацыя на традыцыі класічнага рэалізму.
Па-другое, старажытная эпапея пазбаўлена гістарычнай перспектывы. “Новая зямля”, наадварот, убірае ў сябе шырокую грамадска-гістарычную перспектыву, якая вызначае логіку развіцця сюжэта, канфлікту, характараў, сацыяльныя пошукі герояў і аўтарскую канцэпцыю жыцця, светабачанне і светаразуменне паэта. У адрозненне ад класічнай эпапеі яна звернута не да легендарнай гісторыі народа, а да нядаўняга рэальнага мінулага. Героі і аўтар не аддзелены эпічнай дыстанцыяй, як у эпапеі, а жывуць у адным і тым жа часе. Да таго ж і час гэты зусім негераічны. Аўтарская ўвага засяроджваецца на паказе штодзённага сялянскага жыцця, простага, будзённага, нічым асаблівым не прыкметнага.
Па-трэцяе, у эклогах вясковае жыццё раскрывалася з пункту бачання вольнага часу; у “Георгіках” адлюстроўваецца яе працоўны бок. Праца хлебароба ў Коласа паказана кшталтам Боскага промыслу, напоўнена глыбокім гуманістычным, нават касмічным сэнсам; яна паўстае “інтэгральнай часткай прызначэння місіі чалавека, наканаванай Усявышнім, умовай спраўджання ім свайго творчага патэнцыялу”. Падспудна прысутнічае думка ў Коласавай мастацкай -- “новазямельскай” -- карціне свету, паводле якой выйсце з жыццёвага тупіку залежыць ад той трэцяй сілы, што павінна нарадзіцца ў працэсе пакутлівага, ахвярна-жыццядайнага змагання-сужыцця.
У пахвале павольнага, працоўнага і апалітычнага вясковага жыцця, у ідэалізацыі прымітыўных звычаяў і абрадаў італійскага сялянства мары эпікурэйца замыкаюцца з палітычнымі і ідэалагічнымі задачамі імперыі, і эпікурэец адступае перад ідэолагам кансерватыўна-рэлігійнай рэстаўрацыі. У паказе Вергілія селянін дасягае таго жыццёвага ідэалу, які эпікурэйскі мудрэц знаходзіць на вяршынях ведаў.
Клічучы наперад, Колас клікаў да вяртання ў прыроду і гармонію космасу, дзе голас чалавека і голас прыроды былі злучаныя ў агульным рытме сэрцабіцця сусвету. Ідэя “адзінства свету, спрадвечна і бясконца няспыннага жыцця, роднасці ўсяго і ўся” сугучная народна-эстэтычным, міфа-фальклорным уяўленням аб прыродзе.
Па-чацвёртае, на падставе паэмы Я. Коласа мы пераканаліся, што традыцыйная сям'я вызначалася строгай іерархічнасцю ролевай структуры. Гэта значыць, што была абавязковая наяўнасць главы сям'і, размеркаванне гаспадарча-працоўных, сямейных і выхаваўчых абавязкаў, безумоўны аўтарытэт старэйшых і падпарадкаванне малодшых старэйшым. найбольшая ўвага аддавалася выхаванню працавітасці, маральнай чысціні моладзі. Галоўным ядром выхавання Колас лічыў сям'ю. Сям'я Ї тая крыніца, дзе закладваецца мараль, норавы, звычай, этыкет, духоўнае багацце. Дзеці змалку бачылі, што дарослыя здабываюць хлеб упартай працай, не імкнуцца жыць за кошт іншых, не лянуюцца. Сям'я Міхала спрыяла выхаванню чыстых, неадступных нораваў, духоўна здаровага чалавека. Выхаваныя ў гэтай сям'і, дзеці не маглі вырасці дрэннымі людзьмі, з дзяцінства ў іх закладвалася здаровая народная мараль. Мы сведкі таму, што дзеці з самага маленства далучаюцца да працоўнай дзейнасці дарослых. Назіраем, як паступова развіваюцца іх інтэлектуальныя здольнасці і ўсё больш і больш пашыраюцца духоўныя далягляды. Дзеці ўжо разумеюць, што без навукі жыць немагчыма. У гэтым і сутнасць Міхалавага наказу сваім дзецям. Хоць і цяжка прабівалася навука ў сялянскую хату, аднак можна адзначыць, дзеці з хваляваннем успрымалі яе.
Паэма з'яўляецца так бы мовіць, падручнікам, у якім грунтоўна сказана пра навучанне і выхаванне сялянскіх дзяцей.
Што датычыць ролевай структуры сучаснай сям'і, то вельмі часта яна дзетацэнтрычная: рэальны глава сям'і можа адсутнічаць, старэйшыя падпарадковаюцца інтарэсам малодшых у матэрыяльным плане (усё лепшае -- дзецям) і адначасова ўдзяляюць ім вельмі мала ўвагі ў плане выхавання і развіцця.
Як бачым, у параўнанні з традыцыйнай сям'ёй у сучаснай адбылося істотнае змяненне форм, зместу, аб'ёмаў сямейнай міжпакаленнай трансмісіі. Непазбежны вынік і рэалія сённяшняга жыцця -- раздзяленне бацькоў і дзяцей у светапоглядных, каштоўнасных, маральных арыентацыях. Праблемы бацькоў і дзяцей пераходнага ўзросту з'яўляюцца там і тады, дзе адбываецца перанос акцэнтаў з сямейнага на грамадскае выхаванне. Таму патрэбны адаптацыя і прыстасаванне ў працэсе грамадскага выхавання магчымых форм, метадаў, сродкаў этнапедагогікі. Гэта могуць быць выкананні каляндарна-абрадавых свят, звычаі калектыўнай дабрачыннай працы і многае іншае.
Подобные документы
Ужыванне фразеалагічных і свабодных словазлучэнняў у мове твораў аднаго з самых цікавых класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа. Культурна-бытавая дэталь у паэме "Новая зямля". Віды фразеалагізмаў, сродкі стварэння гумару ў коласаўскай паэме.
курсовая работа [77,2 K], добавлен 22.01.2016Літаратурная спадчына Адама Міцкевіча з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Асаблівасці вобразнага разнастайнасці твораў. Маральна-этычны свет ладу русалкі ў баладах Адама Міцкевіча. Беларусь у паэме "Пан Тадэвуш".
курсовая работа [41,7 K], добавлен 29.07.2016Традыцыі і матывы народнай творчасці. Вобраз маці, хаты, дрэва, вады ў Рыгора Барадуліна. Наватарскія здабыткі ў мастацкім увасабленні задумы. Літаратурная спадчына Рыгора Барадуліна з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі.
курсовая работа [39,0 K], добавлен 16.12.2013Творчыя дасягненні Якуба Коласа ў 20–30 гады XX стагоддзя. Апавяданне "Крывавы вір": паказ чалавека ў эпоху рэвалюцыі. Жанрава-стылёвыя і ідэйна-тэматычныя адметнасці твораў Якуба Коласа 20–30 гадоў. Трылогія "На ростанях": пошукі шляхоў у будучыню.
курсовая работа [81,1 K], добавлен 18.05.2010Публіцыстычная спадчана В. Быкава з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства. Праблемы, якія ён закранаў у публіцыстычных нататках. Асаблівасці разумення вайны В. Быкавым. Наватарскія здабыткі В. Быкава ў мастацкім увасабленні задумы.
курсовая работа [46,4 K], добавлен 29.07.2016Характарыстыка творчасці Эдуарда Акуліна з вышыні дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Суаднесенасць вобраза зямлі з "вечнымі" вобразамі. Наватарскія здабыткі Э. Акуліна ў мастацкім увасабленні задумы, у раскрыцці "вечных" вобразаў.
курсовая работа [50,7 K], добавлен 01.01.2014Антычная літаратура (літаратура Старажытнай Грэцыі і Старажытнага Рыма) - першая з еўрапейскіх літаратур. Гамераўскія матывы ў літаратурнай спадчыне генія паэта Якуба Коласа. Пытанне прызначэння чалавека на Зямлі ў творчасці Якуба Коласа і Вергілія.
курсовая работа [103,7 K], добавлен 19.01.2016Сродкі суб’ектыўнай ацэнкі, якія ўжываюцца ў літаратуры. Аўтарскі стыль прозы Якуба Коласа ў аспекце ўжывання ім моўных сродкаў для стварэння суб’ектыўнай ацэнкі; аналіз ягоных твораў: трылогіі "На ростанях", аповесцяў "Дрыгва" і "На прасторах жыцця".
дипломная работа [118,8 K], добавлен 18.06.2012Творчасць Якуба Коласа як класіка беларускай літаратуры. Разумення самой беларускай літаратуры як з’явы сусветнай культуры. Фанетычныя, лексіка-семантычныя, фразеалагічныя, словаўтваральныя сродкі выражэння суб’ектыўнай ацэнкі ў прозе Якуба Коласа.
дипломная работа [96,7 K], добавлен 17.06.2012Літаратурная спадчына В. Казько з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Важныя і актуальныя праблемы, раскрытыя пісьменнікам у творы. Раскрыццё канцэпцыі чалавека ў рамане. Вызначэнне ўзаемаадносін чалавека і сусвету.
курсовая работа [40,5 K], добавлен 29.07.2016