Фальклорныя матывы ў вершах Рыгора Барадуліна
Традыцыі і матывы народнай творчасці. Вобраз маці, хаты, дрэва, вады ў Рыгора Барадуліна. Наватарскія здабыткі ў мастацкім увасабленні задумы. Літаратурная спадчына Рыгора Барадуліна з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі.
Рубрика | Литература |
Вид | курсовая работа |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 16.12.2013 |
Размер файла | 39,0 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://www.allbest.ru/
1. Фальклорныя матывы ў вершах Рыгора Барадуліна
Як вядома, у нашай літаратуры, што дыхала напачатку вёскай, раллёй, прыродай (знітаванымі першародна-крэўнымі вытокамі), фальклорная стыхія мастакоў слова асабліва адчувальная тым, што ў большасці сваёй беларускія паэты - выхадцы з вёскі. На думку І. Навуменкі, сучасная беларуская паэзія «моцна прывязана да вёскі, да зямлі і ў гэтым сэнсе - з'ява непаўторная, амаль адзіная ў славянскім свеце» [5, с. 12].
Для беларускай думкі надуманае абстрагаванне ніколі не было самамэтай: народная мудрасць заўсёды імкнулася паяднаць веды з душой, розум з сэрцам. У гэтым рэчышчы, у рэчышчы вусна-паэтычнай народнай творчасці развіваецца і паэзія Рыгора Барадуліна. Тут да месца будуць словы даследчыцы творчасці паэта Любові Гарэлік, якая гаворыць, што «народнае і паэтава так моцна спалучаны, што іх нельга расслаіць» [2, с. 16].
Ва ўсёй паэзіі Барадуліна заўважаны народны погляд на стасункі чалавека і прыроды, і гэтае светаўспрыманне грунтуюцца на міфалагічных уяўленнях. Першаступеннай задачай мастацтва і, у прыватнасці, літаратуры (уключаючы і вусную народную творчасць) з'яўляецца ў канчатковым выніку выкрышталізацыя вобразнай філасофіі прыроды і чалавеказнаўства.
На ранніх этапах асваення мастацкага вопыту вялікую ролю ў жыцці старажытнага чалавека адыгрываў міф, які ўключаў у сябе ўсе веды аб навакольным свеце. У наш час, па зразумелых прычынах, міф у большасці выпадкаў пераасэнсоўваецца, таму на першы план выступае сімволіка, якая скіравана на акрэсленне пэўнай ідэі і слугуе для абагульнена-абстрагаванага разумення з'яваў рэчаіснасці. Нацыянальная славянская сімволіка ўваходзіць у вершы паэта не як антураж, не як этнаграфія, а як арганічнае праяўленне яго складу розуму, складу яго таленту. У дадзеным выпадку зручней было б гаварыць пра сімволіка-метафарычнае значэнне міфалагічных вобразаў. Што датычыць Барадуліна, то «натурфіласофскі» светапогляд паэта найяскравей праяўляецца зноў-такі ў адметнасці яго метафарычнага мыслення.
Выкарыстоўваючы традыцыі і матывы народнай творчасці, усё багацце вобразна-выяўленчых сродкаў, паэт імкнецца глянуць на свет вачыма свайго далёкага продка, як бы ўзнаўляе сваю кроўную повязь з зямлёй-маці, вяртаецца да сваіх вытокаў, першакрыніц. А гэтыя вытокі - у нацыянальнай цэласнасці, якую складаюць прырода, этнас, мова, гісторыя, побыт. Што з іх больш стабільнае? Усё схільнае да зменаў. Галоўнае, чым пастаянна жывіцца і ўзнаўляцца нацыянальная еднасць, - гэта тая адметная прырода, дзе вяршыцца гісторыя народа.
Даследчык Г. Гачаў лічыць, што «ў стасунках са своеасаблівай прыродай у пэўнага народа складваецца свой адметны нацыянальны вобраз свету» [6, с. 78]. Некаторыя рысы гэтага вобраза можна адчуць, калі прааналізаваць асаблівасці выкарыстання Барадуліным такіх народных сімвалаў, як маці, хата, дарога, лес, дрэва, возера, рака і гэтак далей. Мы звернемся толькі да некаторых, важнейшых, на наш погляд, элементаў нацыянальнага космасу, але не будзем забываць, што ўсё ў ім узаемазвязана, пераплецена.
«Народная спадчыннасць - пафас усёй паэзіі Рыгора Барадуліна», - сцвярджае даследчыца А. Астравух [7, с. 113]. Яго паглыбленне ў народную стыхію ідзе праз засваенне ідэйна-эстэтычнай спадчыны народа, трансфармацыю фальклорнага матэрыялу ў адпаведнасці з творчымі ўстаноўкамі паэта і ўзбагачэнне народнага вопыту вобразатворчым пачаткам. Зліццё творчай асобы паэта з «роднымі каранямі», глыбокае спасціжэнне народнай псіхалогіі, надзіва выразнае чуццё народнай моватворчасці вызначылі яго ўласна літаратурную канцэпцыю ў досыць неардынарным перапляценні паганскіх, фальклорных і біблейскіх матываў. Космасам душы паэта з'яўляецца яго маці, таму культ Маці жыватворны ў барадулінскай натурфіласофскай палітры (маці-зямля-радзіма, маці-жанчына-дрэва, маці-кроў-вада, маці-агонь), фальклорнай стыхіі (маці-дух-душа-слова) і хрысціянскай духоўнасці (маці-душа-малітва).
1.1 Вобраз маці
Усю паэзію Рыгора Барадуліна светлым промнем працінае вобраз маці. Гэты вобраз, бадай, адзін з галоўных не толькі ў творчасці Барадуліна, але і ва ўсёй беларускай літаратуры. Дастаткова нагадаць радкі Паўлюка Труса «Разбудзі мяне заўтра рана, о мая дарагая матуля…», апаэтызаваны вобраз маці ў паэме Якуба Коласа «Новая зямля», рамантызаваны - у Янкі Купалы. Трагічна-ўзнёслай намаляваў маці ў сваёй паэме «Голас зямлі» Пятрусь Броўка. Часта звярталіся і звяртаюцца ў вершах да матуль Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Ніл Плевіч, Яўгенія Янішчыц, Максім Танк, Янка Сіпакоў… Гэты вобраз мае вытокі ў багатай народнай спадчыне - міфалогіі і фальклоры, дзе маці ўспрымаецца як сімвал жыцця, сімвал вечнаеці.
Значнасць фігуры маці ў беларускім космасе мае сваю гістарычную перадумову. На Беларусі, дзе дзяржаўнасць на працягу апошніх стагоддзяў несла ў сабе адзнакі прыглушанасці, запаволенасці, жыццё грамадства больш было звернута да зямлі і зліта з зямлёй і прыродай, - адпаведна паднялася фігура маці як апора існавання менавіта беларускага этнасу.
Маці для Барадуліна - увасабленне людской супольнасці і паразумення, вялікай духоўнай сілы, пяшчоты і сардэчнасці. Нездарма ў вершы «Радзіме», дзе вобраз маці перарастае ў адзіны суладны вобраз маці-Радзімы, паэт стварае вакол яе арэол святасці і чысціні. Вось чаму так непадробна, даверліва гучыць паэтава сыноўняе прызнанне:
…Маці,
не сорамна анідзе
Сынам тваім называцца.
Сляпы да цябе дапаўзу да дня,
Намацаю сцежку рукамі… [8, с. 37]
Для паэта Радзіма - гэта не толькі грамадскае, але і духоўнае цэлае, якое моцна спалучана з родам, прыродай, зямлёй. Радзіма, як і сам чалавек, мае ўзаемазалежныя дух і цела. I любоў да Радзімы-прыроды аналагічная любові да бліжняга. Але ўсялякая любоў чалавека да чалавека эгаістычная. Любоў жа да прыроды бескарыслівая: той, хто любіць прыроду, любіць у ёй і тое, што не мае для яго практычнага выкарыстання.
Любоў да прыроды-Радзімы - адна з самых узвышаных формаў любові. Яна не зводзіцца толькі да пачуцця і сузірання, а выяўляецца ў дзеяннях. Усялякая любоў выклікае патрэбу ашчаджаць любімы прадмет, клапаціцца пра яго. Жаданне кагосьці (або штосьці) любіць, пра кагосьці клапаціцца, кагосьці аберагаць ёсць у чалавека ад прыроды, гэтае жаданне - адна з асноў і прыкметаў здаровай, несапсаванай чалавечай псіхікі.
Маці - крытэрый дабра і справядлівасці, спагады, жалю, самаахвярнасці, носьбіт спрадвечных прыродна-чалавечых асноў людской супольнасці:
Мама,
Радзіма глядзіць на мяне тваімі вачыма:
руку ты не падаваў мне?
Помніш,
чаму я цябе вучыла?.
Куліна [8, с. 128].
Рэальнае тут нібы зліваецца з умоўным у своеасаблівай пропаведзі «людскога» адухоўленага жыцця. Вытокі такіх якасцяў ды рысаў характару, як працавітасць, сумленнасць, праўдзівасць, бачацца паэту перш за ўсё там, дзе ёсць далучэнне чалавека да спрадвечнай народнай этыкі і маралі, якая яму перадала маці як неацэнны дар.
Вершы пра маці арганічна прадаўжаюць роздум паэта над вечным працягам людскога радаводу, над пераемнасцю пакаленняў. Ідучы, здавалася б, ад біяграфічнага, завастраючы ўвагу на маральна-этычных момантах, паэт разам з тым падкрэслівае ідэю гуманнасці, чалавечнасці ў стасунках паміж людзьмі. Ён як бы гаворыць, што жыццё кожнага з нас было б значна прыгажэйшым, даўжэйшым, калі б мы былі больш чулымі ў адносінах да маці, праз якую кожны з нас кроўна спалучаны з прыродай. Таму, на першы погляд прыватная тэма набывае высокае гучанне:
Наведвайце бацькоў,
пакуль яны жывыя,
Пакуль дымяцца коміны -
нагрэйцеся ў бацькоў.
Калі адчай вякоў
гайнёй ваўкоў завые,
Не трэба анікому ён,
сум ля сляпых слупкоў [8, с. 6].
У Рыгора Барадуліна вельмі багатая палітра адценняў, асацыятыўна звязаных з вобразам маці:
Маці - увогуле пачатак жыцця;
Маці - увасабленне ідэалу працавітасці, чалавечай шчодрасці і дабрыні;
Маці - зберагальніца маральных каштоўнасцяў, выпрацаваных чалавецтвам на працягу вякоў;
Маці - апора ў душэўнай смуце. Выказваючы шчырую, пяшчотную сыноўскую любоў да маці, паэт піша: «I калі б была воля мая на тое - пачаў бы я азбуку менавіта з літары М: як усё на зямлі, усё ў нас пачынаецца з Маці. У яе ад маці, усё з-пад матчынага сэрца». I далей паэт падкрэслівае: - «Маці адна, маці незаменная… Маці адна, як і Радзіма» [9, с. 335].
Для доказу гэтага барадулінскага сцвярджэння, на наш погляд, мэтазгодна суаднесці вобраз маці з каардынатамі прасторы, дзе ў Барадуліна відавочна пераважае вертыкаль (з ідэямі глыбіні і вышыні). Маці у такім разе будзе ўяўляць сабой цэнтр восяў каардынат, кропку адліку. Атрымліваецца своеасаблівы сінтэз «зямное - касмічнае», праламленне якога ў кнізе Барадуліна з сімвалічнай назвай «Нагбом» набывае філасофскае гучанне:
Чым цягнецца вышэй
у неба дрэва -
Глыбей
ідуць карэнні ў зямлю.
Я - сын зямлі [8, с. 10].
На наш погляд, класічны (у значэнні найбольш характэрны, тыповы) варыянт беларускага космасу, звязанага з імем маці, увасобіў Барадулін у вершы «У адкрытым космасе». У ім ёсць глыбокая думка, што для беларуса космас - не абстрактная, не няўлоўная, не недасягальная субстанцыя, а рэальная канкрэтна-пачуццёвая існасць, у якой люструюцца зямныя чалавечыя клопаты.
Мама,
Колькі жыла,
Выходзіш у космас
Цемры, святла,
У космас адкрыты,
Дзе чакалі
Даёнкі, матыкі, карыты.
У космас
лесу, гароду, саду,
У космас клопату
Пра пагоду, пра уроду, расаду
I сам-насам з Сусветам,
Як з тым суседам,
Гутарыла… [8, с. 57].
«Зямныя» карані космасу, сагрэтыя і асветленыя матчынай дабрынёй, дапамагаюць нам глыбей зразумець і ацаніць чалавечае жыццё, вытокі зямнога прыцягнення, асэнсаваць няпросты лёс чалавека працы, знайсці апору ў цяжкіх выпрабаваннях лёсу:
… для мамы
У космасе адкрытым
Бязважкага не было нічога.
Усё здабывалася
Потам, бяссоннем, спрытам,
Усё запрашалася
Ласкаю, угаворам, дакорам
У хлеў, у варыўню, ў кубло
3 ляхі, з-пад сграхі, з поля.
Усё цяжкое, важкае было,
Як доля… [8, с. 143].
Такім чынам, Рыгор Барадулін зместам сваіх твораў яшчэ раз сцвердзіў, што мама - самае цудоўнае слова на зямлі. Ва ўсіх мовах свету яно гучыць аднолькава пяшчотна. У мамы самыя пяшчотныя і ласкавыя рукі, яны ўсё могуць і ўмеюць. У мамы самае чулае сэрца - у ім не гасне любоў да дзяцей. Да мамы ідуць з радасцю і горам, па дапамогу і падтрымку. Мама адорвае дабрынёй і пяшчотай. Маці - працаўніца, маці - карміліца. Маці - заступніца. У дяжкія хвіліны сагравае промнямі сваёй любові, свеціць, калі цёмна, грэе, калі холадна, аддае апошні кавалак, калі голадна, закрывае грудзьмі, калі насцігае смяротная небяспека.
1.2 Вобраз хаты
Для спасціжэння барадулінскага варыянту нацыянальнага космасу ўлічым яшчэ словы самога паэта, што «нацыянальнасць паэта вызначаецца па тым, як бачыць і што бачыць ён» [9, с. 375]. Звернем нашу ўвагу, як бачыцца паэту вобраз хаты, які цесным чынам спалучаны з вобразам маці, набліжаецца да яго. Нездарма ў Рыгора Барадуліна замест фразеалагізму бацькоўская хата ўжываецца выраз матчына хата, які стаў устойлівым сімвалам барадулінскай паэзіі.
Хата для Барадуліна - не проста чатыры куты. Расказаўшы пра яе рэальную гісторыю, абжыўшы ў паэтычным сэнсе, паэт пашырае часавыя і прасторавыя межы хаты. Гэта выявілася ў імкненні асэнсаваць гістарычны лёс свайго народа, спасцігнуць вытокі беларускага нацыянальнага характару, асаблівасці яго праяўлення ў розных сферах чалавечай жыццядзейнасці.
Эстэтычна ўзважаная ідылічная падсветка хатняга свету адлюстроўваецца ў адным з вершаў («Верасовачка»):
Тут, як у казцы, у лядах восенню
Карову пасвіў кот Мірон,
Лісіца пеўня з дому зносіла,
I вечар глух ад камароў [11, с. 88].
Так, аўтарскае народнае светаразуменне жывіцца з прачула-ўсвядомленага паняцця «хатняга»: як кожным комінам дыміць ранак і пахне дым блінамі, скваркай, як пахне на кухні рашчына, як жуе жваку ціхая сонная Лысоня. I першы надой, на які маці «ксцілася, // плакала, // Богу дзякавала» [11, с. 50], і нядзельны чысты абрус, «толькі што пакачаны качалкай, // каляны» [11, с. 56], і апрабаваны ўшершыню ў жыцці сялянскі тэст, «старажытнейшы самы» - то Барадулінскае прычашчэнне, «каб хатнім стаў неспасціжымы свет» [11, с. 371]. Досыць выразнымі выступаюць у хатняй паэтычнай атрыбутыцы вобраз сырадою («А вечары яшчэ мычаць каровамі // I пахнуць сырадоем за вярсту», «А мне сырадоем пахне зіма», «I зноў нам раніца пахне домам, // Куплёным хлебам і сырадоем» [11, с. 10] і вобраз кмену («Займае дых гарачы кменны дух», «Кляновым лістам, кменам // Запах уладна хлеб», «і плача… // Слязьмі сухімі кмен // з забытай гаспадаркі» [11, с. 113]). Народнае ўшацкае жыццё з яго павер'ямі і звычаямі («Як вучыць звычай спрадвечча, - // Торкае маці ў сцяну // Купалкі ў купальскі вечар», «Стол не змяталі ніколі на рог, // Каб не звесці на клін гаспадарку») [11, с. 179] уладна ўваходзіць у барадулінскую скарбонку народнай памяці. «Ад радка да радка… стварае Р. Барадулін духоўны воблік свайго народа. Гэты народ смуткуе або смяецца менавіта так, менавіта таму, што гэтага патрабуе яго характар, яго гістарычна складзены тып, воля аўтара ёсць найперш воля народа» [7, с. 115], - справядліва адзначае даследчыца фальклорных традыцый у сучаснай беларускай паэзіі А. Астравух.
Апантанасць паэта вясковай стыхіяй раствараецца ў яго ўсюдыіснай арганічнай прылучанасці да прыродна-быційнага: «Без мяне на лугах // мурагі пакасілі. // Без мяне стагавалі стагі» [11, с. 68], «Забыў, як спіць агонь… // Як сохне свежы гной, // Як пахне потны конь» [10, с. 335]. Пачуццё невымернай глыбіні жыццядайна-зямнога нясуць праз усю творчасць барадулінскія сталыя (напачатку - канкрэтныя, пазней - апасродкаваныя) вобразы стога («Дзякуй тым стагам // і тым стажынкам, // Што хмялілі ночы мурагам» [11, 363] - «Не знойдзем // У стозе сноў // Пранырлівую шаршатку» [11, с. 455]), пашы («і пастухова // Мне туга нашчадная // чуваць» [12, с. 385] - «Бацька павінны // 3 пашы гадоў // Мне прывесці каня…» [10, с. 87]), выгану («Жаданы выган - цішыня // Прымае ўсіх па часе» [11, с. 249] - «Прыгналі свой захмарны выган // Авечак душныя каралі» [11, с. 142]), каня («Конь сумна-малады, // I жыта маладое» [11, с. 425] - «Каня сваёй памяці рассупоню, // Хай пасецца на ўзмежку // забыцця» [10, с. 183]), статка («Пысай статак туманіць выпас» - «Матчынай хаты // Клапатлівыя духі // Пасвяць, як пастухі, // Гадоў маіх статак» [12, с. 64].
Моцны ў Барадуліна матыў аднаўлення, адраджэння, які цесна звязаны з вобразам маці, якая пры адбудове спаленай хаты, «як тая ластаўка, з усей Ушачы цягнула да печы абгарак, аполак, цалёўку [10 с. 131], «сталярыла, цяслярыла без гэбля, без ватэрпаса [10 с. 135], «з усяго, што можна было прыбіць цвікамі іржавымі, маці падлогу масціла…» [10 с. 135]. I калі - усё ж - усе рэаліі, якія прыводзіць паэт, дапамагаюць толькі найбольш поўна ўявіць сабе хату, утвараюць яе своеасаблівы інтэр'ер і, у рэшце рэшт, атаясамліваюцца з ёй, то вобраз маці не губляецца, не раствараецца ў ёй, а застаецца жывой душой хаты. Матчына хата, такім чынам, выступае як мадэль Сусвету.
Мы лічым, што такое разуменне Барадуліным нацыянальнага космасу вельмі сугучнае з народным. Сапраўды, калі ўявіць сабе Бога, бязмежжа «там» - уверсе, то, у такім выпадку, да яго будзе аднолькавая адлегласць ад кожнага пункта на зямлі, і, галоўнае, можна падтрымліваць сувязь з ім, нават фармальна застаючыся на месцы, рухаючыся да Бога духоўна. Паэт адмаўляе для беларусаў бязладную міграцыю:
Продкі ані мае, ні твае
Сваёй зямлі не мянялі.
Продкі ані мае, ні твае… [10 с. 139].
Для беларускага космасу, паводле ўяўленняў Барадуліна, не характэрна бясконцае верацённае блуканне; стабільны, сталы, ураўнаважаны элемент пераважае ў складзе нацыянальнай псіхікі і мыслення.
Відавочна, трэба прызнаць, што паэзія Барадуліна разгортваецца не ў гарызантальнай плоскасці, вандроўніцтве, імкненні крочыць (як форма руху), а ва ўрастанні, пусканні моцных і разгалінаваных каранёў, для таго каб
Ані забыць,
Што тут высновы
Тваёй крыві,
Тваёй радні,
Трывала прарасці нанова,
Адчуць балюча карані.
Вытокі [8, с. 134].
Такім чынам, эмацыянальнае спасціжэнне і мастацка-вобразнае адлюстраванне быційнага жывіцца ў барадулінскай паэзіі праз паглыбленне народнай стыхіі, праз невынішчальную апантанасць «хатняй» настальгіяй. Данінай сыноўняй удзячнасці першародна-зямным спадчынным вытокам служаць прыведзеныя вышэй выбалелыя радкі.
Светаразуменне паэта жывіцца з прачула-ўсвядомленага «хатняга» магнетызму. Прадонная неабдымнасць духоўнага (найперш) і душэўнага свету маці мацуе ў аўтарскім уяўленні народна-сімвалічныя паняцці як знакі радаводнай памяці. Мастацкая прырода барадулінскіх сімвалаў прадвызначана міфалагічна-фальклорным пачаткам. Барадулін імкнецца сцвердзіць свой паэтычны свет, сваю мадэль свету, таму зразумелы ў яго творчасці зварот да традыцыйных і нетрадыцыйных мікратэм са спецыфічнай вобразнасцю, звязанай з крывіцкай прыродай Ушаччыны, народным побытам і творчасцю.
1.3 Вобраз дрэва
Вобраз хаты ў Рыгора Барадуліна цесна звязаны з вобразам дрэва. Дрэва - неад'емная частка не толькі пейзажу, але і матэрыяльнай і духоўнай культуры народа. «Лес з незабыўных часоў лічыўся пасрэднікам паміж небам і зямлёй. У лясах і гаях язычнікі хавалі мёртвых, таму што гэтыя месцы нагадвалі ім пра «блажэнныя» райскія сады, куды павінны ўзнесціся пасля смерці душы памерлых» [13, с. 45].
Для Барадуліна хата і дрэва - дзве ўзаемадапаўняльныя рэаліі нацыянальнага космасу. Яны - як вечнасныя маякі ў шматпакутных чалавечых блуканнях. Нездарма ў паэта
Хаціна пры самай дарозе,
Бяроза пры самым парозе.
Паштовая скрынка… [10, с. 29].
Як бачым, тут у Барадуліна з'яўляецца яшчэ адзін касмалагічны элемент - дарога - як абавязковы атрыбут дынамізму, руху, абнаўлення (сімвал дарогі намі будзе разгледжаны ніжэй). У катэгорыі прасторы хата - дрэва - дарога сумяшчаюцца ў адной плоскасці, г. зн. маюць агульныя кропкі судакранання, дзякуючы якім можна весці размову з небам, космасам. Ідэя гэта выяўляецца ў Барадуліна праз неверагодныя фантастычна-касмалагічныя, сюррэалістычныя вобразы:
3 коміна дрэва расце -
I упіраецца
У небасхіл дымавейны сук [8 с. 54].
Вобраз дрэва - шматпланавы, шматаблічны. Кожная галінка нясе ў сабе адзнакі багатай жыццёвай разнастайнасці, поліфанічнага гучання жыцця. У вершах Барадуліна дрэва выступае як «дрэва вечнага руху», «дрэва часу», «дрэва жыцця», «дрэва ўдзякі сыноўняй», «купалаўскае дрэва», «дрэва ракі» і г.д.
Шматмернасць асацыятыўнага раду, як бачым, заўсёды абвастраецца на ідэі бясконцасці, вечнасці, пры гэтым выяўляюцца жыццястойныя асновы быцця, сутнасць адвечнага прыродна-натуральнага і чалавечага абнаўлення.
Ідэя чалавечага пачатку ад дрэва ўвасоблена ў ярка выяўленым антрапамарфізме паэта, звязаным з вобразам маці.
Захавальніца дрэва жыцця Стала дрэвам [8, с. 21].
Відавочнае сумяшчэнне ў адным вобразе дзвюх міфалагемаў - (Маці - як прарадзіцелькі, пачатку свету, таго, хто дае жыццё, і Дрэва - самога свету) - нараджае думку аб дрэве як прадаўжальніку чалавечага ў прыродзе.
Вобраз дрэва ў творах Рыгора Барадуліна мае вельмі глыбокае напаўненне: гэта і чалавек, і прырода, і космас, і сцвярджэнне бясконцасці жыцця:
Вечназялёнаму дрэву -
Чалавеку -
Дазволіла вечнасць многа:
Бачыць, як цэдзіцца
Праз пальцы ў яе
Час, што падзелены
На чатыры часіны -
Зялёную,
Спелую,
Голую,
Белую.
Бачыць і адчуваць,
Як мала адведзена часу -
Адзелянее дрэва адно
I зелянее на змену
Наступнае дрэва,
Яно жыве спадзяваннем,
Што зелянецьме вечна.
Вечназялёнаму дрэву… [11, с. 202].
Такім чынам, дрэва выступае ў паэзіі Барадуліна як сімвал вечнага імкнення да ідэалу - высокага, нябачнага, эфірнага; выява дрэва заўсёды ачышчае і ўзвышае душу.
Рыгор Барадулін глядзіць на свой азёрны край як неабыякавы чалавек і як мастак, аглядае сваю Ушацкую планету ўсю разам. Чытаючы выкрынічаныя ўшацкай зямлёю вершы, разумееш і боль паэта, і яго непахіснае жаданне занатаваць паэтычным словам час, праілюстраваць рэчаіснасць нашай эпохі.
1.4 Вобраз вады
«3 вобразам ракі паэты заўсёды звязвалі хуткацечны бег часу, імклівы Рух жыцця, глыбіню і чысціню духоўных памкненняў чалавека. Плынь магутных рэк і невялікіх рачулак неаднойчы жывіла паэтычную думку, скіроўвала да быційна-філасофскіх роздумаў-разваг. Менавіта такой ракой для А. Куляшова стала Беседзь, для У. Караткевіча - Дняпро, для А. Астрэйкі, Л. Геніюш, Д. Бічэль-3 агнетавай - Нёман, для П. Броўкі - Ушача, для Я. Янішчыц - Ясельда… Напэўна, няма ў беларускай літаратуры паэта, які б не апеў родную раку…» [7, с. 118].
Фактычна «гідранімічныя» абсягі паэзіі Рыгора Барадуліна - унікальны матэрыял для вывучэння гісторыі беларускай культуры другой паловы XX ст. «Рэкі і азёры Ушаччыны праз прызму светабачання Рыгора Барадуліна - гэта і адметныя старонкі ў лёсе пісьменнікаў Петруся Броўкі і Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна і Сяргея Законнікава, Уладзіміра Караткевіча, мастака Барыса Заборава, курдскага пісьменніка Танада Чарказяна, фотамастака Валянціна Ждановшіча, вандроўніка па азёрным Ушацка-Браслаўскім краі Зянона Пазьняка…», - удакладняе даследчык А. Карлюкевіч [14, 92].
Адзін з вельмі ёмістых вобразаў у барадулінскай паэзіі - вобраз вады, які вядзе сваю даўнюю гісторыю з дахрысціянскіх часоў. У язычніцкім уяўленні дождж, напрыклад, атаясамліваўся з мужчынскім семем, праліццё якога на зямлю садзейнічае росквіту ў прыродзе, спрыяе буйнаму росту сельскагаспадарчых культур. Таму ў вялікай пашане ў паганскія часы быў Пярун - бог дажджавога неба. Існавала шмат святаў ды абрадаў, звязаных з ачышчэннем вадой. Былі пашыраны ўяўленні аб мёртвай і жывой вадзе, г. зн. ёй надаваліся анімістычныя рысы як адной з галоўных прыродных стыхіяў.
Для беларускага космасу вада - неабходны элемент ландшафту, дзякуючы ёй ствараецца адпаведны аква-псіхалагічны аазіс, водная стыхія пашырае і ўзбагачае нашы ўяўленні аб свеце і светабудове. Нарэшце, вада дае і зберагае жыццё; у старажытнасці яна (рака, возера…) была надзейнай перашкодай на шляху варожых ордаў.
Паэтызуючы раку, возера, ручай, Рыгор Барадулін выяўляе сваё, сугучнае з народным, светаўспрыманне, выкарыстоўвае традыцыйную фальклорную сімволіку.
Сімвалічна гучыць назва аднаго са зборнікаў Барадуліна - «Вечалле». «Вечалле». «Веча… Гіст. сход, на якім вырашаліся грамадскія і дзяржаўныя справы ў некаторых гарадах Старажытнай Русі…» [15, с. 178]. Вечалля няма. Тлумачэнне вечалля ў значнай ступені дае верш Рыгора Барадуліна пра роднае возера:
Спадчыннае возера маё,
Вечнасцю прывечанае
Вечалле.
Променем ляшчыны
Вудаўё
3 бацькавай рукі
Цябе прасвечвала.
Човен дзеда Грышкі
Лёгкім сном
Торкаўся ў затоку ўасачэлую.
Шляхам,
Брукаваным перуном,
Сунуліся хмары высачэзныя.
Голас мамы
Чулі берагі,
Ехала з вяселлем
Баба Грышчыха.
Там з сітнягом вялі таргі,
Мурагі
Шапталіся з гарышчамі.
Набрыдзі, як наледзі, было,
А глыбінь тваіх Буза не ўсватала.
Дыхала ў любую сцюжу тхло,
Бегла ў свет
Рачулка сукаватая.
Вечалле паклаўшы ў галаву,
Сніць дагэтуль сны
Пра ўловы лепшыя,
Лёс багром схапіўшы наплыву,
Родная мне вёска Кавалеўшчына.
Туманоў рахманых табуны
Нахлынаюць з Вечалля,
Як з вечара.
Ныюць стогнам
Цішыні званы,
Вечаллю
Пра звон згадаўшы вечавы.
Я за аблачынамі здаўна
Звык сачыць, каб загадаць,
Плыве чыя.
Як святлом праяснена да дна -
На світанні напілася з Вечалля! [16, с. 17].
…Вечыца - воднае люстэрка паміж вёскамі Ідута і Старынкі. Віславоўка - рака, што пачынаецца непадалёку ад вёскі Бутава. Вітава - возера ў басейне ракі Альзініца. Якія прыгожыя французска-італьянскія назвы! Якія прыгожыя ббеларускія назвыІ I становіцца зразумела, чаму гэты Вушацкі край нараджае паэтаў, чаму так непарыўна звязана прырода ў паэзіі Р. Барадуліна з яго радзімай!..Вечалле - гэта назва аднаго з азёраў на Ушаччыне, але адначасова нешта вечнае, векавое, спакон дзён дадзенае, поклічнае (веча), святое нарэшце. I калі маці ў свеце людзей, паводле Барадуліна, уяўляецца цэнтральнай фігурай, воссю беларускага космасу, навек застаючыся душой хаты, то возера ўяўляецца матэрыялізаванай душой прыроды, крыніцай і захавальнікам адвечнай праўды.
Усведамляючы значнасць і жыццёвую неабходнасць возера як нечага спрадвечна дадзенага, непахіснага і непадробнага, паэт звяртаецца да яго са словамі вялікай павагі і пашаны:
Спадчыннае возера маё,
Вечнасцю прывечанае
Вечалле.
Вечалле [16, с. 21].
Рэха «векавой прывечанасці», хваляй азёрнай падступаючы да паэтавай памяці, нясе ўспаміны пра бацьку, дзеда, вяртае голас мамы - родных і блізкіх да скону людзей, жыццё якіх было звязана з гэтым месцам. Вада, такім чынам, нябачнымі ніцямі лучыць паэта з іншымі людзьмі і асацыюецца з пражытымі гадамі, з далячынямі і вытокамі - яна месціць у сабе ўвесь святы арэол назваў і рэалій, якія так надзейна захоўвае ў сваёй глыбіні. Адсюль вынікае, што вада выступае як абуджальнік пачуццяў, з'яўляецца своеасаблівым стымулятарам для праяўлення гістарычных маральна-этычных катэгорый, звязаных з пачуццямі сумлення, абавязку, дабрыні і г. д.
Возера - тонка-адчувальны датчык і рэгістратар адносінаў чалавека і прыроды, і, адначасова, універсальны каталізатар чалавечага ў чалавеку. I пажаданні паэта, як нам здаецца, цякуць у гэтым кірунку:
Будзь светлым, твар вады,
Будзь лёгкай, хваля гая,
Што мрояў невады
На бераг дум вяртае.
Воблік вады [16, с. 140].
Вада ўспрымаецца паэтам і як жыццядайная сіла, якая падпітвае душу і цела чалавека. Рэшткі старажытных уяўленняў нашых продкаў аб вадзе як чароўнай сіле, своеасаблівым эліксіры жыцця можна знайсці ў наступных радках:
Будзь вечнаю, вада,
Што ў снезе раставала,
3 ласінага сляда
Ад смагі ратавала.
Воблік вады [16, с. 141].
Рыгор Барадулін звяртаецца да вады, заклікаючы яе не спыняць свайго вечнага руху - «Пакуль бяжыць вада, датуль яна жывая», - прадаўжаць свой вечны кругазварот у прыродзе:
Вада, у вякі плыві,
Няспыннасцю працята.
Ты вучышся ў крыві,
Ці наша кроў -
Працяг твой?
Воблж вады [16, с. 141].
Дылема вада-кроў, трансфармуючыся ў вершы, выяўляе новыя грані вобраза вады. Узаемапранікненне, узаемадапаўненне двух вобразаў прыцягвае да сябе цэлы вір філасофскіх разважанняў і абагульненняў. Дапушчальна ўявіць сабе ваду ў прыродным «матэрыяльным» запаўненні, напрыклад, рачную ваду. Сукупнасць жа рэк у касмалагічным плане ўяўляецца ў выглядзе «прыродных» венаў, якія, знітаваўшыся, утвараюць сістэму паўнацэннага планетарнага вода-кровазабеспячэння, што дае магчымасць функцыянаваць целу Зямлі, целу Сусвету. А кроў адпаведна садзейнічае захаванню стабільнага рытму жыцця, толькі ўжо ў чалавечым арганізме.
Рэкі - надзейныя зберагальнікі гістарычнай памяці народа, ахоўнікі славутых мясцінаў, імёнаў, бітваў - усяго, што чулі і бачылі іх берагі. У вершы «Рэкі маёй зямлі» Рыгор Барадулін вельмі дакладна іх асаблівасць - няздольнасць да дэгенерацыі. Таму што яны
Не уцякаюць з зямель, якія спакон
Яшчэ ручаямі імі асвоены,
Дзе разгалінаваліся,
Непадуладныя ліху,
Не наравяць памяняць імён
I веры паганскай сваёй яны.
Застаюцца да апошняга ўздыху -
Балтамі ці славянамі.
Рэкі маёй зямлі [16, с. 6].
Рэкі - сімвал незгібальнай сілы, напорыстасці, непераадольнага імкнення да пазнання новага, невядомага, гэта сімвал пастаяннага самаачышчэння і самаўдасканалення.
Ды свой характар
У каранёў ўзялі
Рэкі маёй зямлі.
Як іх ні спрамляюць,
Упарта - паганцы -
Пятляюць,
Кружляюць
I выгінаюцца!
Рэкі маёй зямлі [16, с. 7].
Такім чынам, цікавы сэнс мае барадулінская фразема «дрэва ракі». Сусветны сімвалічны вобраз дрэва, ад якога паходзіць чалавек, нібы знаходзіць свой адбітак на «сукастых» рачных разгалінаваннях, якія сілкуюць жыццё на Зямлі.
2. Вобраз дарогі
У адным з ранніх вершаў, апяваючы хату, паэт гаворыць, што для яго пад родную страху «сышліся з усёй зямлі шляхі». Побач з тэмай «матчынай хаты» загучала ў паэзіі Рыгора Барадуліна і тэма дарогі, якая стала адной з магістральных у яго творчасці.
Сімвалічны вобраз дарогі мае багатую паэтычную гісторыю у народнай творчасці, у народных паданнях, казках. Можна заўважыць, што ў беларусаў няма паэтызацыі бязмежных прастораў. Матыў захаплення шырокімі прасторамі вельмі характэрны для расейскай паэзіі, літаратуры наогул. Для беларусаў таксама характэрна імкненне да шырыні, але іх прастора не бясконцая, а мае своеасаблівае сферычнае абмеркаванне, што як бы прымушае прыроду мабілізаваць усе свае патэнцыі для стварэння належных умоваў для фізічнага і духоўнага існавання чалавека.
Тыповасць беларускага ландшафту - поле, а за ім лес: такім чынам,
далягляд аказваецца закрытым. Дарога ў такім выпадку не губляецца за небасхілам, а вядзе праз поле да лесу, да якога як рукой падаць. Значыць, усё, што дзеецца ў космасе, дзеецца на вачах людзей, выносіцца на іх разгляд і прысуд. Такая касмічная «ўсябачнасць і ўсячуласць» у выніку выхоўвала ў людзей адпаведныя якасці характару - стрыманасць, памяркоўнасць, разважлівасць, суладдзе, прыхільнаець да зямных справаў ды клопатаў, якія не супярэчаць прыроднай аснове.
3 вобразам дарогі ў творчасці Рыгора Барадуліна судакранаецца вялікае асацыятыўнае кола тэмаў і вобразаў. Ужо ў першым зборніку паэта «Маладзік над стэпам» ёсць тое, з дзяцінства вядомае пачуццё асалоды, расчуленасці, якое нараджаецца ў душы пасля доўгага расстання з родным домам. Паэт непасрэдны ў сваім шчырым прызнанні ў любові да сваёй зямлі, хаты:
Якая радасць у мяне,
Калі дадому завітаю! [11, с. 31].
Тэма дарогі ў Барадуліна, як бачым, непарыўна звязана з тэмамі маці, матчынай хаты. Можа, не такімі трапяткімі, доўгачаканымі былі б гэтыя сустрэчы, калі б не дарога, не вымушанае расстанне з родным домам:
Нарэшце я ў роднай хаце,
Тут кожны шорах песціць слых.
I далей:
Мне кожны кут тут казак поўны,
Ен даражэй для сэрца стаў…
У роднай хаце [11, с. 32].
Хата для паэта - месца, куды павінны вяртацца, а дарога перш-наперш звязана з разуменнем часу як катэгорыі руху ў цыклічным яго завяршэнні, дзе пачатак і канец цыклу - хата. Нездарма ў паэта касмалагічнае значэнне набывае парог:
Парог, што ў шлях адзін - дадому -
Заўжды злучае ўсе шляхі.
У роднай хаце [11, с. 32].
Прасторавая імітацыя парога - важная дэталь у творчасці Барадуліна. Парог - гэта адрэзак часу, які спалучаны з разуменнем філасофскіх катэгорыяў жыцця ды смерці. Дарога выступае і як апошняе звяно паміж быццём і небыццём, як заключны акорд жыцця:
Мяне павядзеш ты ў апошні шлях,
Забудзешся ў дзень той самы,
Прыцемкі ў згорбленых хатулях
Цень панясуць у прысады [11, с. 372].
Такім чынам, у Рыгора Барадуліна пераважае матыў вяртання, «вяртання да зямлі, вады, паветра».
Міжволі згадваюцца яго радкі, «якія поўняцца […] нейкім дадатковым, хоць і не без горычы, сэнсам, у якім як цана любасці, так і страты, і яна, страта, робіць гэтую цану, можа, яшчэ даражэйшай, вучачы мужнасці перад жыццём і вернасці матчынаму, а значыць, і народнаму запавету, пакінутаму ў спадчыну нам» [11, с. 7].
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.
Трэба дома бываць часцей… [11, с. 47].
Дарога ў барадулінскай паэзіі адметная тым, што яна сама па сабе не вядзе ў шырокі свет. Свет гэты як бы з самага нараджэння ўжо вядомы барадулінскаму герою, зададзены першапачаткова. Таму складваецца ўражанне, нібы паэт знаходзіцца адразу, адначасова ў двух прасторавых вымярэннях - у блізкім і далёкім свеце. Паэт прызнаецца сам:
…Назад вяртаецца мая дарога,
Стаміўшыся ўцякаць на край зямлі.
Вяртаецца туды,
Адкуль даўно пачаты
Яе разбег і палахлівы бег.
Цяпер [11, с. 5].
Дарога ў Барадуліна ёсць дарога памяці, дарога вяртання да свайго дзяцінства, сваёй маладосці:
I хочацца ў край малады,
Дзе гады
Да сэрца пяшчоту гарнулі.
Каб з рэчкі паўнюткія суды вады
Прынесці ў нядзельнай кашулі.
Каромысел будзе ляжаць на плячах
Цяжкімі рукамі расстання,
I неба ў вядзерцах,
Як сум у вачах
Матулі,-
Не хутка растане.
I хочацца ў край малады… [11, с. 81].
Як бачым, з'яўляецца новае прасторавае разуменне дарогі - дарога як мінулыя гады, як пражыты прамежак часу. Вечнасць, імклівасць часу, яго беззваротнасць і разам з тым дарога-час як паўтарэнне, узнаўленне жыцця, пакутлівыя пошукі сябе ў хуткай плыні жыцця - вечная тэма многіх паэтаў. Не можа не турбаваць яна і Барадуліна, які па-свойму выяўляе новыя грані спрадвечнага пытання аб сэнсе чалавечага існавання.
Не прыпыніўшыся з табой,
Паўторыць зноў твая дарога
Вяртанне ў боль,
Вяртанне ў бой,
Вяртанне да сябе самога.
Запавет [11, с. 221].
Дарога ў канчатковым выніку - неабходная касмалагічная ўмова сусветнага абнаўлення, якое заключае ў сабе свет прыроды і свет чалавека:
Прадвеснем птушкі вернуцца дадому
Нябеснай сцежкай да астылых гнезд,
Каб вырай несканчона паўтарыўся.
Прадвеснем птушкі вернуцца дадому… [11, с. 209].
Гэтыя словы пераклікаюцца з наступнымі радкамі:
А ты сябе вяртай
Хоць снамі на радзіму,
Дзе рогі веташка
Варушаць мурагі,
I у думках рады будзь
3 забытай хаты дыму
Вяртацца як ратай
На вечныя кругі.
У выгнанні [11, с. 50].
Такім чынам, дарога паўстае ў паэзіі Барадуліна як у канкрэтна-прадметным, так і ў абагульнена-філасофскім значэнні, мае сімвалічнае напаўненне. Дарога - сімвал бясконцасці чалавечага жыцця, сувязная ніць паміж мінуўшчынай, сучаснасцю і будучыняй, вечны спадарожнік і саўдзельнік жыццёвай хады і жыццёвых калізіяў чалавека. Але, галоўнае, напаўняючы вершы, гэты вобраз дапамагае паэту стварыць адчуванне паўнаты і прасветленасці жыцця (дарога - сімвалічны промень жыцця), надае аптымістычны настрой, веру ў невынішчальныя, вечныя законы людскога супольніцтва і паразумення. Дарога ў выніку выступае як перадумова сусветнага паяднання, міру і шчасця на планеце.
Заключэнне
Такім чынам, на падставе вышэйпрыведзеных фактаў, мы прыйшлі да наступных высноў:
1 Фальклор уліваецца ў творчасць паэта з глыбіні жыцця ўшацкага - невынішчальнага і бласлаўлёнага вясковага духу. Уключэнне паэтычнага «я» ў паўнакроўны ўшацкі свет вобразаў і ўяўленняў асвячаецца барадулінскім бачаннем вёскі са сваімі няўмольнымі завядзёнкамі, бездакорнымі буднямі і святамі, што робіць па-сапраўднаму апантаным, улюбёным у гэтую невытлумачальную Прыгажосць і Святасць. Барадулінская вернасць народнаму бярэ выток у хатнім, вясковым.
2 Вобразатворчы вопыт народнага мыслення аздабляе барадулінскую паэзію. Разам з тым многія народнапаэтычныя вобразы знаходзяць індывідуальна-аўтарскае вырашэнне і нясуць у сабе вялікі сэнс абагульнення. Так, традыцыйна-фальклорны вобраз лёсу-айчыма пераўвасабляецца ў барадулінскі вобраз лёсу-спадарожніка. Сярод традыцыйных народнапесенных вобразаў-сімвалаў явара, каліны і таполі ў Я. Купалы, дуба ў Я. Коласа, страцім-лебедзя і жытнёвага васілька ў М. Багдановіча, бярозы ў А. Куляшова, чырвонай рабіны ў П. Броўкі, арла, сасны ў М. Танка ў мастацка-творчым арсенале Р. Барадуліна ключавымі выглядаюць вобразы бору і туману. Бор найперш выступае паэтавым суразмоўнікам. Характэрна тое, што на пачатку барадулінскай творчасці бор паэтызуецца птушкамі - узвышанымі істотамі ў фальклоры.
3 Барадулін мысліць натурай, і сама падача фальклорных вобразаў набывае часта сваю быційную прыроду згодна з тыпам мастацкага светаразумення паэта: Барадулін можа настолькі моцна раствараецца ў фальклорнай стыхіі, што досыць нялёгка адрозніць народнае і індывідуальна-аўтарскае, і відавочна пераўвасабленне, зліццё дзвюх эстэтычных сістэм - фальклору і міфалогіі. Менавіта ад паганскай настальгіі часта адштурхоўваецца паэт. Тады фальклорна-паэтычная вобразнасць набывае «таямнічасць», непасрэдную рэальную быційную прыроду, натуральную лучнасць жывога. Падобнае - першасная метафарызацыя існага - адбылося з народным вобразам туману, які «абрастае» ужо згаданымі рэальнымі атрыбутыўна - «зямнымі» вобразамі выгану, пашы, статка.
4 Барадулінскае асацыятыўнае мысленне паяднана з народнай метафарычнасцю, чэрпаецца з яго. Неруш прыроды - жыццядайная крыніца своеасаблівай метафорыкі паганскага гарту мыслення паэта. Сам мастацкі прыём адухаўлення прыродных з'яў шырока выкарыстоўваецца Р. Барадуліным як творчае засваенне фальклорных традыцый. Кроўная роднасць чалавека і прыроды ўсведамляецца паэтам згодна з эмацыянальным народным вопытам пакланення прыгожаму ў жыцці, а не стыхійнай магічнай сіле, як эталон дабра.
Прыроднае і чалавечае ў светабачанні Барадуліна злітыя жыватворным духам. Жывапісная паэтычная вобразнасць надзвычай багатая ў разуменні прыроды як адухоўленай псіхалагічнай з'явы.
5 Рыгору Барадуліну ўласцівы глабальна-касмічны погляд на прыроду і чалавека, планетарнае мастацкае мысленне. Вытокі касмізму Барадуліна - пераважна ў акаляючай спрадвечнай прыродзе.
Барадулін засведчыў, што касмізм душы чалавека і прыроды не абавязкова перадаваць касмічнай тэрміналогіяй. Тонкай экспрэсіі паэт дасягае, звяртаючыся і да зямных вобразаў. I, можа, менавіта таму настолькі аб'ёмны ў яго вершах час, у якім злучыліся імгненнае і вечнае, навейшае і старажытнае. Паэт наўздіў лёгка збліжае вёску і космас, напэўна, таму, што ў яго творчасць першапачаткова арганічна ўвайшла фальклорная касмалогія, якая выяўляе Сусвет як адзінае цэлае. Пры гэтым на першым плане ў Рыгора Барадуліна - чалавек, які асэнсоўваецца як жывая клетачка і вялікая каштоўнасць Сусвету.
Спіс крыніц
1 Быкаў, В. Майстра нацыянальнай культуры [Тэкст] / В. Быкаў. // Роднае слова. - 2002. - №2. - С. 14
2 Гарэлік, Л. Жыццё зямное - рэпетыцыя [Тэкст] / Л. Гарэлік [і іншыя]. // Роднае слова. - 2002. - №2. - С. 14-17
3 Астравух, А. «Долі інакшай не трэба зямной…» Нататкі пра паэзію Рыгора Барадуліна [Тэкст] / А. Астравух. // Роднае слова. - 1999. - №6. - С. 6-10
4 Гніламёдаў, Ул. Усё жывое. Развагі пра творчасць Рыгора Барадуліна [Тэкст] / Ул. Гніламёдаў. // Роднае слова. - 1999. - №4. - С. 39-42
5 Навуменка, І. Новае пра Рыгора Барадуліна [Тэкст] / І. Навуменка. // Роднае слова. - 1999. - №7. - С. 12-15
6 Гачаў, Г Мадэль сусвету [Тэкст] / Г. Гачаў. - Мн.: Навука і тэхніка, 1987. - 275 с.
7 Астравух, А. «Каб хатнім стаў непасціжымы свет»: мастацкая прырода народна-быційнага ў паэзіі Рыгора Барадуліна [Тэкст] / А. Астравух. // Беларуская мова і літаратура. - 2000. - №3. - С. 113-121
8 Барадулін, Р. Збор твораў: 5-ці т.т - Т.3 [Тэкст] / Р. Барадулін. - Мн.: Мастацкая літаратура, 1999. - 507 с.
9 Пяцьдзесят чатыры дарогі [Тэкст]. - Мн.: Мастацкая літаратура, 1963. - 599 с.
10 Барадулін, Р. Збор твораў: 5-ці т.т - Т.2 [Тэкст] / Р. Барадулін. - Мн.: Мастацкая літаратура, 1998. - 575с
11 Барадулін, Р. Збор твораў: 5-ці т.т - Т.1 [Тэкст] / Р. Барадулін. - Мн.: Мастацкая літаратура, 1996. - 479 с.
12 Барадулін, Р. Евангелле для Мамы. Кніга паэзіі [Тэкст] / Р. Барадулін. - Мн.: Мастацкая літаратура, 1995. - 462 с.
13 Коваль, Ул. Народныя павер'і, паданні і прыкметы [Тэкст] / Ул. Коваль. - Гомель, 1996. - 217 с.
14 Карлюкевіч, А. «Як ацішэць, абымшэць, адтаць?». Рэкі і азёры ў паэзіі Рыгора Барадуліна [Тэкст] / А. Карлюкевіч. // Роднае слова. - 2001. - №7. - С. 92-95
15 Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы [Тэкст]. - Мн,: Беларуская энцыклапедыя, 2005. - 789 с.
16 Барадулін, Р. Вечалле. Кніга паэзіі [Тэкст] / Р. Барадулін. - Мн.: Мастацкая літаратура, 1980. - 336 с.
барадулін матыв фальклорный творчасть
Размещено на Allbest.ru
Подобные документы
Жыццёвы шлях беларускага паэта Рыгора Барадуліна. Тэматыка і праблематыка творчасці, мастацкая вобразнасць. Уклад Р. Барадуліна ў развіццё дзіцячай паэзіі. Матывы ў творчасці: элементы паганскай міфалогіі, біблейска-хрысціянскія і фальклорныя матывы.
курсовая работа [83,5 K], добавлен 10.11.2014Аналіз жыццёвага і творчага шляху Рыгора Барадуліна - народнага паэта Беларусі. Сацыяльны і лірычны аспект яго творчасці. Выкарыстанне мастацкіх сродкаў у яго паэзіі. Тэматыка, асноўныя вобразы і матывы яго творчасці. Сакрэт яго паэтычнага майстэрства.
реферат [31,9 K], добавлен 18.12.2013Характарыстыка творчасці Эдуарда Акуліна з вышыні дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Суаднесенасць вобраза зямлі з "вечнымі" вобразамі. Наватарскія здабыткі Э. Акуліна ў мастацкім увасабленні задумы, у раскрыцці "вечных" вобразаў.
курсовая работа [50,7 K], добавлен 01.01.2014Публіцыстычная спадчана В. Быкава з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства. Праблемы, якія ён закранаў у публіцыстычных нататках. Асаблівасці разумення вайны В. Быкавым. Наватарскія здабыткі В. Быкава ў мастацкім увасабленні задумы.
курсовая работа [46,4 K], добавлен 29.07.2016Літаратурнуа спадчына Якуба Коласа з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Філасофія сацыяльна-побытавых пластоў жыцця, дзяцінства на старонках твораў Я. Коласа. Яго наватарскія здабыткі ў раскрыцці філасофіі быта і быцця.
курсовая работа [111,2 K], добавлен 16.06.2016Свет паэзіі Рыгора Барадуліна – асобны, шырокі і высокі, маляўнічы і шматгалосы. У яго ўваходзіш сёння, як ва ўжо знаёмы і блізкі сваімі ўрочышчамі палёў і пералескаў, рэк і азёр свет. Душа паэта – мастака філасофскай думкі. Разуменне паэтам жыцця.
курсовая работа [27,3 K], добавлен 30.03.2008Літаратурная спадчына В. Казько з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Важныя і актуальныя праблемы, раскрытыя пісьменнікам у творы. Раскрыццё канцэпцыі чалавека ў рамане. Вызначэнне ўзаемаадносін чалавека і сусвету.
курсовая работа [40,5 K], добавлен 29.07.2016Літаратурная спадчына Адама Міцкевіча з вышыні сённяшніх дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Асаблівасці вобразнага разнастайнасці твораў. Маральна-этычны свет ладу русалкі ў баладах Адама Міцкевіча. Беларусь у паэме "Пан Тадэвуш".
курсовая работа [41,7 K], добавлен 29.07.2016Аналіз літаратурнай спадчыні Віктара Шніпа з вышыні дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Тэматычнае напоўненне паэзіі. Нацыянальныя матывы ў лірыцы. Мастацкія і жанравыя асаблівасці вершаў і творчай манеры аўтара. Інтымная лірыка паэта.
дипломная работа [132,2 K], добавлен 11.12.2013Перыяды творчай дзейнасці Рыгора Мурашкі у 20—30-я гады і ў Айчынную вайну. "Папоўскі шлюб" - літаратурны дэбют пісьменніка ў газеце "Савецкая Беларусь" і творы, прасякнутыя пафасам абароны, дакладныя звесткі пра рабаўніцтва і вываз культурных багаццяў.
реферат [28,8 K], добавлен 24.02.2011