Спецыфіка міфалагізацыі вобраза Радзімы ў творчасці Я. Купалы
Сімвалічная функцыя міфалагічных персанажаў у паэзіі Янкі Купалы. Асаблівасці стварэння Купалам міфа пра гаротную Беларусь. Адметнасці мадэлявання савецкага міфа пра Беларусь. Сюжэты беларускай міфалогіі і легендарнай гісторыі беларускага народа.
Рубрика | Литература |
Вид | дипломная работа |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 13.06.2016 |
Размер файла | 116,4 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Тэма жыцця ў чужым краі знаходзіць выяўленне ў лёсах людзей, якія паспыталі шчасця-долі за межамі радзімы. Купала стварае некалькі сюжэтных твораў, прысвечаных гэтай тэме. У вершы “3 дарогі” вандроўнік, які жыў “у бядзе... цяжкой, // Ні шчасця, ні долі не бачыў ніколі, // Бядуючы слёзна парой” [5, т. 1, с. 253], вяртаецца на родную зямлю, туды, дзе ён некалі пакінуў жонку, дзяцей і бацькоў. Бацькоўская хата ацалела, але ў ёй ужо жывуць чужыя людзі. Падобныя на гэты творы -- “Шчасце”, “Чатыры крыжы”, героі якіх, вяртаючыся ў родныя мясціны, таксама не знаходзяць сваіх блізкіх. У вершы “Адступнік” адваротная сітуацыя. Маці хварэе, і людзі паведамляюць пра гэта сыну, які падаўся ў чужы край. Сын вяртаецца “Не то князем, не то панам, // Не то трэзвым, не то п'яным” [5, т. 3, с. 198], гаворыць на незразумелай мове. Маці называе яго не інакш як чужаніцам. Потым сын зноў кідае яе і едзе на чужыну. Як бачна з верша, гэты чалавек стаў чужынцам на роднай зямлі. Абыякавасць да хворай маці дапаўняецца яго абыякавасцю да радзімы.
Янка Купала гаворыць пра сваю Беларусь як самую вялікую каштоўнасць і дарагую святыню! Верны сын зямлі бацькоў і прадзедаў, паэт засланяе і бароніць Бацькаўшчыну ад розных нядобразычліўцаў -- ворагаў беларушчыны, прытворшчыкаў-апекуноў, зламыснікаў, бяздумных магільшчыкаў, раз'юшаных сатрапаў... Думкай і сэрцам ён моцна знітаваны з родным краем, любоў да якога -- бязмерная і невынішчальная:
I няма на свеце так вялікай меры,
І няма на свеце так каваных дзвераў,
Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі --
Беларусь са мною разлучыць пасмелі! [5, т. 2, с. 58].
Янка Купала звяртаецца да Бацькаўшчыны як да маці, з пачуццём замілаванасці і сакральнасці. Паэты прамаўляе прачулыя малітоўныя словы, просяць для Маці-радзімы святла, лепшай будучыні, уваскрэсення ў шчасці і сонечнасці быцця: “Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа, // Калі ты цар і неба, і зямлі!” [5, т. 2, с. 89]. Пясняр апелюе да Бога з просьбай адказаць, чаму народ не можа дачакацца годнай долі, свабоды, чаму няўдзячны лёс церпіць некалі слаўная зямля Беларуа. У сэрцы паэта -- боль і трывога, пакутлівы роздум пра тое, як дапамагчы “забранаму краю” выйсці з гістарычнага тупіка, бяспамяцтва і цемры:
К яснаму сонцу з цьмы, з беспрасвецця,
К славе з бясслаўя ўсім нашым людзям --
Гэткай шукаю сцежкі на свеце,
Гэткаму богу і душу аддам [5, т. 3, с. 75].
Сонца ў паэтычным свеце Купалы становіцца сімвалам красы быцця на зямлі, яе вясновага адраджэння. Паэтычны дух і песня імкнуць у касмічны прасцяг, да вечнага сонца як крыніцы высокай і несмяротнай праўды, нязгаснай духоўнай энергіі, магутнай сусветнай сілы святла ў збавенні народа ад зімовага здранцвення і летаргічнага сну. У лірыцы паэта выяўляецца салярны культ Бацькаўшчыны, пануе музыка сонечнага святла. “Сонца пажары”, “бліск сонца”, яго “залацістыя косы” (Янка Купала) -- уся гэтая лексіка сведчыць пра эстэтычна каштоўны вобразны першаэлемент ідэйна-мастацкага мыслення беларускага паэта. 3 сонцам вершатворца звязвае патрыятычную канцэпцыю свету: “Усю Беларусь... // Убачыць у ясным, як сонца, святле” [5, т. 3, с. 29]. Адраджэнская моц народнага духу і вера ў будучыню грунтуюцца на эсхаталагічнай светланоснай, санцатворнай энергетыцы космасу.
Пейзаж у Купалы -- увасабленне глыбока патрыятычных пачуццяў, аснова для выяўлення важных сацыяльна-грамадскіх поглядаў. Тыпалагічна перагукаюцца па сваёй тэматыцы вершы беларускага перняра “Мой край”. У адзначаным творы прыкметна праступае нацыянальны вобраз свету. Аднак у Купалавых строфах пераважаюць сацыяльныя фарбы, элегічна-драматычныя матывы, звязаныя з роздумам пра цяжкі і складаны лёс беларускага краю.
Купала не прымаў царскага самаўладства і нявольніцтва, бачыў прычыны страты чалавечай годнасці ў сацыяльнай і духоўнай бяздзейнасці асобы, больш за ўсё жадаў, каб народ вырваў свой дух з цянётаў рабскай пакоры. Нездарма ён выказваў сваё захапленне казакамі -- вольнымі і мужнымі людзьмі. Да прыкладу, казацкі дух, песеннасць душы і змагарніцкі характар свабодалюбівай чалавечай натуры Купала ўслаўляе ў сваім вершы “Я казак; -- не казак...”.
Пасля 1917 года Янка Купала не адмовіўся ад ідэі нацыянальнага адраджэння, жыў думкай пра сваю вольную і шчаслівую Бацькаўшчыну, трывожыўся пра яе заўтрашні дзень. Паэтычная творчасць ускладнілася трагедыйнымі матывамі, пафасам драматызму і складаных перажыванняў за лёс роднага краю. Купала не мог прыняць кровапраліцця, варажнечы, разбуральнай стыхіі часу: “Яшчэ дыміць скрозь пажарышча, // Растуць магілы скрозь яшчэ, // А на магілах крыўда свішча // Ды кроў гарачая цячэ” [5, т. 2, с. 258]. Беларусь зведала “звон хаўтурны”, “катаў здзек і гнеў”, “жальбы... стогны” [5, т. 4, с. 25]. Суровы час размежаваў людзей на сваіх і чужых, чырвоных і белых, спарадзіў братазабойства, інтэрвенцыю, расстрэлы бальшавікамі-камісарамі і чэкістамі соцень ахвяраў... Пра ахвярніцкі лёс беларусаў са скрухаю гаварыў Я. Купала ў вершах “Беларускія сыны”, “Бяспутнасць” і некаторых іншых. Па-ранейшаму для Купалы асновасутнаснай заставалася ідэя Бацькаўшчыны і адданасці ёй. I ў гэтым бачыўся галоўны сэнс духоўнага існавання. “Наш ясны светач -- Маці-Беларусь адна...” -- даводзіў Я. Купала з думкай пра лёс беларускай старонкі і яе дзяржаўнага ўладкавання.
I ўсё ж у тыя змрочна-ціхія дні 1917-1920-х гадоў і Купала марыў пра сапраўднае красаванне Радзімы, гукаў сонца. Рамантычная вера ў лепшае, аднак, сутыкнулася з жорсткай рэальнасцю, і паэт мусіў перажыць унутраны надлом. “...О такі я -- пралетар!...” -- з горкай іроніяй пачынаў свой твор Я. Купала ў 1924 годзе, з болем прызнаючыся, што яго не адпускаюць “сны аб Беларусі”. У “Прамове на 15-годдзі літаратурнай працы” вялікі беларус гаварыў пра галоўныя вынікі нацыянальнага адраджэння, якое дало нашай Радзіме магчымасць заявіць пра сябе на гістарычнай арэне і права на тое, каб жыць у вяках: “Сваім векапомным і магутным духам народным, што адважна сягае на сонца, мы паказалі свету, што Беларусь была, ёсць і будзе” [5, т. 3, с. 263].
Такім чынам, міфалагізацыя Бацькаўшчыны ў паэтычнай творчасці Янкі Купалы -- гэта працэс усвядомленага быцця ў часе і прасторы, гісторыі, у агульначалавечым, касмічным вымярэнні. Патрыятычна-філасофскія матывы ў яго лірыцы раскрываюць думкі паэта пра ўласны гістарычны дом, прасветлена сонечны, цывілізацыйны шлях у духоўным быцці сваіх народаў. Паэт здолеў выявіць драму нацыянальнага светаўладкавання ў неспрыяльных грамадска-палітычных абставінах, паказаць тыя цярністыя выпрабаванні злавеснага часу, які пачынаў скоўваць на беларускай зямлі дух свабоды і адраджэння.
У паэтычным свеце Янкі Купалы ідэя мацярынства беларускай зямлі (ідэал Радзімы-маці) выяўляецца не столькі ва ўспрыманні роднай зямлі ў якасці месца з'яўлення на свет або як зямлі-карміцелькі, колькі праз адчуванне святасці роднай старонкі (і ўсяго роднага), адказнасці перад зямлёй, на якой жылі продкі. Непарыўная повязь чалавека з радзімай, любоў да яе і служэнне ў імя яе дабрабыту падаюцца паэтам як ідэал чалавечых адносін да свайго краю. Чужына не заменіць радзіму -- гэтаксама як мачаха не можа замяніць чалавеку маці. Купала не толькі персаніфікуе вобраз радзімы, надзяляючы яе жаночым воблікам, але і ўспрымае сувязь народа з роднай зямлёй як далучанасць дзяцей да маці: Беларусь разумеецца паэтам як Маці, а беларусы, беларускі народ -- як яе дзеці.
3. Адметнасці мадэлявання савецкага міфа пра Беларусь
3.1 Праграмнасць стварэння міфа пра Беларусь
Сталася так, што беларуская культура, якая да 16 стагоддзя развівалася пераважна інтэлектуаламі праваслаўнай арыентацыі, у эпоху свайго нацыянальнага адраджэння аказалася справай адукаванай каталіцкай шляхты? Што датычыцца класавага аспекта гэтай культурнай дамінацыі, то Беларусь не была выключэннем сярод краін Цэнтральнай і ўсходняй Еўропы: у Расіі, Польшчы элітарная культура тады была таксама дваранскай. Пры ўсёй беднаце беларускай шляхты ў яе ўсё ж быў нейкі мінімум матэрыльных рэсурсаў, каб далучыцца да асветы і культуры. Беларускае сялянства (а яно ў сярэдзіне 19 стагоддзя складала каля 85 працэнтаў насельніцтва краіны) захавала родную мову, развіло яе да той дасканаласці, якой захапляўся Адам Міцкевіч. Але адукацыя на вёсцы была мізэрная, абмяжоўвалася пачатковай расійскай школай. Там беларуская мова не дапускалася. Даць жа сваім дзецям сярэднюю, тым больш вышэйшую адукацыю сяляне не маглі.
Нашаніўская публіцыстыка (1906-1915 г.г.), пазней савецкая і сучасная навука моцна перабольшвалі паланізацыю беларускай шляхты. Паводле ўсерасейскага пераліку насельніцтва 1897 года, каля 40 працэнтаў спадчыннай шляхты Беларусі назвала сваёй роднай мовай мову беларускую. Пачынальнікі новабеларускай літаратуры -- Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, а ў пачатку 20 стагоддзя Янка Купала, Цётка, браты Іван і Антон Луцкевічы і іншыя -- добра ведалі родную мову, хоць і не вывучалі яе ў польскай і рускай школах, не кажучы ўжо пра імператарскія ўніверсітэты. Добра ведаў яе класік польскай літаратуры, беларус з Навагрудчыны Адам Міцкевіч, сам сведчыў пра гэта ў парыжскіх лекцыях па гісторыі славянскай літаратуры.
Урэшце, паварот беларускай (альбо літоўскай, як тады казалі) шляхты да беларускага нацыянальнага адраджэння быў абумоўлены негатыўнымі для былой Рэчы Паспалітай гістарычнымі падзеямі. Распад гэтай некалі магутнай і па-шляхецку дэмакратычнай дзяржавы ў выніку трохразовага падзелу паміж Аўстра-Венгрыяй, Прусіяй і Расіяй (1772, 1793, 1795 г.г.), паражэнне трох паўстанняў, арганізаваных прыхільнікамі яе адраджэння (1794, 1831, 1863--1864 г.г.), прымусіў польскую, беларускую і літоўскую шляхту адмовіцца ад рамантычнага ідэалу -- рэанімацыі гістарычна пражытай формы шматэтнічнай канфедэратыўнай дзяржавы. 3 другой паловы 19 стагоддзя набірала моцы перспектыўная нацыянальная ідэя, нацэленая на ўладкаванне польскай, украінскай нацыянальных дзяржаў.
Небагатая, паводле дваранскай меркі, шляхта настолькі наблізілася да сялянства, што стала духоўным лідэрам нацыянальнага адраджэння. Барацьба за польскую, беларускую, літоўскую, украінскую нацыянальныя ідэі, развіццё нацыянальнай культуры набыла значэнне кампенсацыі за страчаную шляхтай радзіму і за паразы ў паўстаннях. Пасля дэмакратычных паўстанцкіх падзей і ўзмацнення рэпрэсій супраць каталіцкага духавенства і былога шляцтва яна апынулася ў стане канфрантацыі з царызмам. Праваслаўе ж, як канфесія дзяржаўная, не магло тады падтрымаць беларускі нацыянальны рух, які з пункту погляду самадзяржаўя разглядаўся як апазіцыйная “польская інтрыга”.
Пасля бальшавіцкага перавароту Я. Купала патураў міфу пра беззямельнага сялянскага сына ў Савецкай Беларусі: там, як вядома, спачатку ліквідавалі шляхту, а пазней і багацейшае сялянства. Быць шляхецкім паэтам пад бальшавіцкай дыктатурай здавалася не толькі нонсенсам, алі небяспечным прэцэдэнтам. Пры жыцці Купала так і не апублікаваў вершы на “шляхецкай” польскай мове. А ён жа з іх пачынаў сваю літаратурную вучобу. Упершыню ў Беларусі яны апублікаваны ў “Дадатку” да першага тома збору твораў паэта (1972 г.). Але пяройдзем да разгляду іншых міфаў, што вынікалі з першага -- пра “беднага сялянскага паэта”. Неяк “само сабой” разумелася, што такі паэт піша папросту, нават прымітыўна, спявае сумныя мелодыі, плаксіва скардзіцца на цяжкую долю беларуса-мужыка. Тут, мабыць, таксама не абышлося без патурання самога паэта. Але цяпер гэта была ўжо вядомая рамантычная іронія, якую сапраўдныя прасцякі ад навукі і крытыкі прынялі за чыстую манету. Сваю першую кніжку “Жалейка” (Пецярбург, 1908 г.) Купала пачаў з дэкларацыі “Я не паэта”:
Я не паэта, о крый мяне Божа!
Не рвуся я к славе гэткай шмала,
Хоць песеньку-думку і высную можа,
Завуся я толькі -- Янка Купала [35, с. 3].
Далей паэт “прызнаецца” (зразумела, умоўна, мастацкі прыём), што “доляй убогі, ён ціхі, нясмелы”; “ціха йграю”, а ціха не пачуюць. Але калі ўжо “беларусы нікога... не маюць”, няхай жа хоць будзе для іх Янка Купала. Тая ж самая самаіронія ў вершы
Я мужык беларус, --
Пан сахі і касы;
Цёмен сам, белы вус,
Пядзі дзве валасы [35, с. 3].
Да міфа аб прастаце беларускай літаратуры прыклаў руку таленавіты, але маладасведчаны Максім Горкі. Пазнаёміўшыся з праграмным нацыянальна-адраджэнчаскім вершам Купалы “А хто там ідзе?”, ён пісаў у лісце да ўкраінскага пісьменніка М. Кацюбінскага: “У Беларусі ёсць два паэты: Якуб Колас і Янка Купала -- вельмі цікавыя хлопцы! Так прымітыўна-проста пішуць, так ласкава, сумна, шчыра. Нашым бы трошку такіх якасцей!” Сапраўды сярод “нашаніўскіх” публікацый і ў першым паэтычным зборніку “Жалейка” Купалы ёсць “простыя” вершы. Але тут складаная прастата. Простымі, прымітыўнымі былі тлумачэнні Купалавай ранняй паэзіі: яе разумелі спрошчана, як натурныя замалёўкі вясковага жыцця. А між тым нават яго ранняя паэзія грунтавалася на біблейскіх, хрысціянсюх і антычных архетыпах, пра што гутарка пойдзе ў гэтым нарысе.
М.Горкі тады захапляўся паэтамі-самавукамі, рыхтаваў зборнік іх твораў і, верагодна, залічыў да іх пачынальнікаў беларускай класічнай літаратуры. Так узнікла яшчэ адна легенда: быццам бы Янка Купала паэт-самавук, не далучаны да вышэйшай агульнай і літаратурнай адукацыі. Між тым ён закончыў, апрача народнага вучьлішча, чатырохгадовыя курсы А.С. Чарняева ў Пецярбургу (1909-1913), прыватны ўніверсітэт Шаняўскага ў Маскве (1915), дзе выкладалі гуманітарныя навукі выдатныя рускія вучоныя. Апрача таго, у Купалы былі асабістыя настаўнікі-сябры: прафесар Пецярбургскай каталіцкай акадэміі, духоўны настаўнік беларускай адраджэнцкай інтэлігенцыі Браніслаў Эпімах-Шыпіла, а яшчэ крыху старэйшы за паэта мінчук Уладзімір Самойла (1878-1941), малавядомы паэт (пісаў па-руску), але выдатны крытык і даследчык рускай і заходнееўрапейскай літаратуры, якога высока цаніў сам Аляксандр Блок. Пазней у Заходняй Беларусі (1921--1939) У. Самойла -- генератар ідэй беларускага нацыянальнага руху ў Польшчы, аўтар прарочага філасофскага эсэ “Гэтым пераможам. Нарысы крытычнага аптымізму” (1924).
Быў у Купалы-юнака яшчэ адзін настаўнік, бадай што прафесар у сваім родзе -- удзельнік паўстання 1863 года Зыгмунт Чаховіч-Ляхавіцкі (1831-1907), сябра К. Каліноўскага. Сустрэча паэта з інсургентам, выпускніком Пецярбургскага ўніверсітэта адбылася ў канцы 19 стагоддзя і доўжылася каля сямі гадоў, калі сям'я Луцэвічаў арандавала зямлю ў засценку Селішчы Гайна-Слабадской воласці (цяпер Лагойскі раён). У бібліятэцы гэтага “ідэаліста і летуценніка”, як пазней называў яго паэт, малады Янка Луцэвіч грунтоўна пазнаёміўся з класічнай і сучаснай польскай літаратурай, а праз яе -- з агульнаеўрапейскай мастацкай культурай. На думку даследчыкаў, у Селішчах (1895-1904 гг.) паэт напісаў свае дваццаць два вершы на польскай мове. Яшчэ раней (1891-1895) у фальварку Прудзішча (зараз Лагойскі раён) малы Янка прайшоў свой народны ўніверсітэт у таленавітага казачніка селяніна-батрака Песляка. Другі такі ж выдатны апавядальнік быў і ў Селішчах. Паэт называў іх сваімі першымі настаўнікамі, натхняльнікамі на паэтычную творчасць.
Ёсць два бакі мастацкага прафесіяналізму -- суб'ектыўны і аб'ектыўны. Празмерная беларуская, па прыродзе сялянская сціпласць не дазваляла пачынальнікам і нават першым класікам нашай паэзіі называцца прафесіянальнымі літаратарамі. У лісце да М.Доўнар-Запольскага (1894) Янка Лучына, тады ўжо вядомы літаратар, называе свае беларускія творы “стихоплетными начинаниями”. Аўтар аднаго верша “Зайграй, зайграй, хлопча малы...” (1828) шаснаццацігадовы Паўлюк Багрым, мусіць, не думаў аб прафесіі пісьменніка. А між тым напісаў дасканалы верш, арганічна спалучыўшы малітоўны зварот да Бога з арфічнымі матывамі і архетыпамі народнай культуры. За такога ж “простага” выдаваў сябе аўтар “Жалейкі”, другога паэтычнага зборніка “Гусляр” (1910), мадэрнісцкіх паэм “Адвечная песня” (1908) і “Сон на кургане” (1910) Купала. У лісце да свайго біёграфа Л.М. Клейнбарта (1910) паэт амаль па-блюзнерску ці з мужыцкім гумарам пісаў: “Свободное время от занятий в библиотеке посвящал редакции “Наша ніва” и пописывал стишки” [5, т. 7, с. 410]. У Янкі Купалы ёсць простыя вершы, асабліва ў першых зборніках. Але гэта парадаксальна складаная прастата, калі браць пад увагу не адзін толькі фабульны пласт, Але і ўнутраны, сімвалічны падтэкст, які спасцігаецца ў агульным кантэксце гістарычнай драмы беларускай нацыі. Простай на першы погляд здаецца штодзённая малітва “Ойча наш”. Між тым у ёй -- містычная глыбіня, маленне аб духоўным пераўтварэнні космасу, Божым царстве на зямлі.
Сёння ўжо бясспрэчна, што беларуская літаратура пачатку 20 стагоддзя, творчасць яе лідэра Янкі Купалы арганічна “ўпісваецца” ў еўрапейскую мастацкую культуру, хоць з некаторым спазненнем у часе. I, дабаўлю тут, ні чуць не ўступае ёй, асабліва ў жанрах лірычнай і эпічнай паэзіі, Купалавай драматургіі. Сёння ўніверсалізм літаратуры вызначаецца не толькі крытэрыямі эпахальных стыляў, творчых метадаў і майстэрствам, актуальнымі для ўсіх часоў і рэгіёнаў. Бо нацыянальнае мастацтва набывае сусветнае значэнне, калі самабытна і ў адпаведнасці з этнакультурнай традыцыяй выяўляе ўніверсальныя архетыпы вялікіх цывілізацый. Для хрысціянскай цывілізацыі гэта найперш архетып Лазара Беднага, шматгранна выяўлены ў беларускай народнай культуры і творчасці Янкі Купалы.
Першы зборнік вершаў Янкі Купалы “Жалйка”, надрукаваны ў 1908 г. выдавецкай суполкай “Загляне сонца і ў наша аконца”, як вядома, быў з энтузіязмам успрыняты беларускай культурнай грамадскасцю, але падаўся небяспечным царскім уладам і неўзабаве быў канфіскаваны. Газета “Наша ніва” адгукнулася на выхад кнігі рэцэнзіяй Владака з Казіміраўкі (Уладзіміра Самойлы), які трапна акрэсліў своечасовасць і значэнне гэтага зборніка ў краі, дзе “беларускі народ, прыдушаны векавым уціскам... не меў нават сваіх песняроў-“печальнікаў” і заступнікаў сваіх, што ў песнях маглі б расказаць пра яго гора і радасці, пра яго надзеі, жаданні лепшага жыцця” [33, с. 4-5]. Менавіта Я. Купала, на думку Самойлы, і стаў тым “печальнікам” роднага народа, а яго песні Ї “гэта люстра, у каторым свеціцца душа беларуса, яго жыццё, яго родны край; гэта праўдзівы, непадроблены голас, што выходзіць з самай глыбі народнай душы” [33, с. 5]. Тагачасны аналітык беларускай літаратуры Максім Багдановіч быў больш стрыманы ў ацэнках і звяртаў увагу перш за ўсё на тое, што ранішнія вершы Купалы, “напісаныя пад Бурачка, залішне расцягненыя, слаба апрацаваныя з боку формы і мовы”, але апраўдваў песняра тым, што ён “захоплены абразом прападаючай Беларусі”, лічыў, што “перш за ўсё павінен быць грамадзянінам” і ўсю ўвагу звяртаў на змест, а не на форму твора [34, с. 186].
Сто гадоў прамінула з тае знамянальнае падзеі, і гэта дае падставы паглядзець на першую кнігу Янкі Купалы з перспектывы часу. Першае, што адразу ж акцэнтуе ўяўленне сённяшняга беларуса: які мудра-прадбачлівы быў “Владак”, які звышпатрабавальны быў Максім! I кожны меў рацыю, быў праніклівы, а Я. Купала заставаўся, незалежна ад гэтых ацэнак і сугучна з імі, самім сабой: узгадаваным з глыбінь народа народным песняром, пазбаўленым пыхі ўласнай вялікасці, каб не дапусціць у сваю песню ані паўтона фальшу. Вось чаму ўжо ў першым вершы кнігі “Я не паэта” ён сам вызначыў сваю ролю:
Кожны край мае тых, што апяваюць,
Чым ёсць для народа ўпадак і хвала,
А Беларусы ткога ж не маюць,
Няхай жа хоць будзе Янка Купала [34, с. 1].
Роля “Жалейкі” ў беларускім літаратуразнаўстве даволі працяглы час вызначалася дастаткова абмежавана: “”Жалейка” Ї цэласная кніга лірыкі, найперш дум і перажыванняў, якія выказаны ад імя селяніна і самога паэта як сялянскага песняра” [35, с. 214]. Між тым роля “Жалейкі” выходзіла за межы чыста сялянскага светаўспрымання і была надзвычайная не толькі ў творчай біяграфіі Я. Купалы, але і ва ўсёй айчыннай літаратуры, бо менавіта ў гэтай кнізе ўпершыню створаны манументальны вобраз народа, які ўздымаецца з бяздоння небыцця да свайго адраджэння. I ў сённяшнім часе, у 21 стагоддзі, гэты амбівалентны вобраз прыгнечанага і абуджанага народа хвалюе ўяўленне, бачыцца жывым і праўдзівым сведкам гісторыі, нараджае свежыя эмоцыі і дазваляе актуалізаваць новыя эстэтычныя і духоўныя аспекты. Найперш, на наш погляд, сённяшняй літаратуразнаўчай думцы варта вярнуцца да пытання: “Жалейка” Янкі Купалы Ї гэта толькі працяг традыцый ці наватарская з'ява? А таксама: ці ў “Жалейцы” дамінуюць вобразы слёз-нядолі і Я. Купала, сапраўды, найперш паўстае “печальнікам” беларускага народа, “захопленым абразом прападаючай Беларусі”, ці тут таксама раўнаважныя матывы адраджэння і Я. Купала паўстае песняром-абуджальнікам свайго народа?
Максім Багдановіч, як мы бачылі, заўважыў, што Купалавы раннія вершы напісаны “пад Бурачка”, або ў рэчышчы традыцый Францішка Багушэвіча. Думка М. Багдановіча слушная. Сапраўды, Купала і сам адзначаў, што яго шляху беларускую літаратуру пратораны аўтарам “Дудкі беларускай”, а таксама Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, Уладзіславам Сыракомлем. Напрыклад, верш “Мая хатка” Я. Купалы, як і верш “Мая хата” Ф. Багушэвіча, малюе страшэнна ўбогі і непрыглядны выгляд хаты беларуса, у якой проста немагчыма жыць:
I старая і крывая
Хатачка мая, Ї
Уся злеплена, як будка,
3 аднаго гнілля.
На страсе, як на балоце,
Зрос зялёны мох;
Каты, часам і сабакі
Лазяць па вуглох [34, с. 17].
Заключныя ж радкі верша гучаць вельмі патрыятычна:
Хоць старая, хоць крывая,
3 аднаго гнілля,
Не аддам яе нікому,
Бо яна мая!
Бо яна мая! [34, с. 18].
Як і ў вершы Ф. Багушэвіча, старая і прагніўшая хата беларуса з'яўляецца зусім не сведчаннем неахайнасці і нядбаласці тутэйшых жыхароў, але паэтычным сімвалам заняпалага ў сваім шматвяковым паняволенні роднага краю, які ўсё роўна мілы сэрцу беларуса, і нават у гэтым непрыглядным выглядзе беларус будзе любіць свой край і не адрачэцца ад яго дзеля чужынскіх прыўкрас і спакусаў. Насамрэч, гэта была традыцыя, пачатая нават не Францішкам Багушэвічам, але Адамам Міцкевічам у “Крымскіх санетах”, якая прайшла праз усю беларускую літаратуру да пачатку 20 ст.
Што датычыць вобраза мужыка як галоўнага ў “Жалейцы” выразніка беларускасці, то мусім заўважыць таксама яго шчыльную злучанасць з багушэвічаўскай традыцыяй. У вершы “Не рвіся к багатым” Я. Купалы чуем выразныя тоны верша Багушэвіча “Афяра”. Там гучала: “Маліся ж, бабулька, да Бога, / Каб я панам ніколі не быў...” [36, с. 77]. Тут гучыць: “Ой, раджу, не рвіся к багатым, мой браце! / Не рвіся к багатым ты, доляй убогі...” [34, с. 16]. Традыцыйным з'яўляецца і матыў спрадвечнай бяздольнасці мужыка, які працуе на пана, хоць у купалаўскія часы прыгон ужо даўно быў адменены, але ж прывычнае супрацьпастаўленне мужыка як працаўніка і пана як карыстальніка з яго працы засталося. Пра гэта сведчыць і верш Я. Купалы “На польскую ноту”:
Свеце месяц, свеце
Звечара да рана,
Арэ мужык поле
Не сваё, а пана! [34, с. 22].
Падобныя матывы не вычэрпваюць, аднак, змястоўнасці мастацкага свету “Жалейкі”.
Традыцыя, што склалася да Я. Купалы, таксама сцвердзіла вобраз мужыка як тып, што рэпрэзентуе ў цэлым бяздольны беларускі народ, пазбаўлены надоўга гістарычнай перспектывы развіцця і сказаны на самаўсведамленне тутэйшасці ў якасці нацыянальнай ідэнтычнасці. Янка Купала, успрыняўшы традыцыю і аддаўшы ёй належную даніну, мусіў ісці далей, бо публічнае, праз паэзію, вызнанне народам свайго граху няволі Ї дзейсны сродак выратавання і рушання па шляху адшукання волі, што спрадвек была дадзена ўсім народам ад Бога. Пра гэта пісаў яшчэ Кастусь Каліноўскі ў “Мужыцкай праўдзе”. Адшуканне волі і долі Ї менавіта такую задачу ставіць перад сабой лірычны герой Купалавай “Жалейкі”, і ў гэтым вобразе трэба бачыць не толькі мужыка-селяніна, гэта абагульняльны вобраз новага беларуса Ї не толькі мужыка, але і здрабнелага шляхціца, які таксама мазольнай працай (на зямлі ці на службе) здабываў сабе сродкі для існавання. Ён страціў даўно родавыя перавагі і, апрача шчырай зычлівасці і годнасці ды, бадай, “культурнага” выгляду, нічога “гербоўнага” больш не меў. Ён, гэты збяднелы шляхціц, таксама даўно ўжо страціў вольнасць, быў нявольнікам чужых парадкаў і “чужую араў зямлю”, як напісаў Я. Купала ў адным з ранніх польскамоўных вершаў.
Выйсце з такога становішча было не простым, і менавіта Янка Купала ў паэтычных радках “Жалейкі” стварае праграму выратавання свайго народа. Падобным чынам вялікі біблейны прарок Майсей выводзіў абраны народ з егіпецкай няволі праз пустыню выпрабаванняў і цярпенняў. Я. Купала не проста адчуваў сваю місію прарока-правадыра. Ён быў гатовы несці цяжар правадырства і ахвяраваць сабою дзеля адраджэння роднага краю. Адраджэнню ж папярэднічаў сапраўдны крыжовы шлях, і менавіта на гэтым шляху лёс падараваў беларускаму народу Я. Купалу, каб той чыстым тонам “Жалейкі” абудзіў яго дрэмлючы дух. Верш “Чаго нам трэба”, пазначаны як “наследаванне”, і з'яўляецца такой практычнай сацыяльнай праграмай для рэалізацыі народных жаданняў:
Трэба нам, трэба перш-наперш хлеба,
Хлеба, каб стала на цэленькі год,
Дроўцаў палена, конікам сена,
Капейку якую сабе на зварот.
Трэба нам, трэба, як ласкі з неба,
Лепшы, даўжэйшы зямельны шнурок,
Сытай скацінкі, новай хацінкі,
Каб красаваўся пры хатцы садок [34, с. 94].
Далей гаворка ідзе пра добрыя дарогі, дактароў, школы для вясковых дзяцей. Толькі так, сцвярджае Я. Купала, пераможам няволю, “светач запалім шчасця свайго” і “долю мець будзем, Ї эй! будзем людзьмі!” [34, с.95].
Гэтая пазітыўная праграма сацыяльнага адраджэння рытмічна-інтанацыйна і настраёва вынікала з верша “Добрыя весці” У Сыракомлі, падхоплівала яго адраджэнскі аптымістычны пафас і працягвала канструктыўнае будаванне нацыянальнай будучыні беларусаў: ад ідэі роўнасці шляхціца і мужыка, што сядуць на адной лаве, “каб весці раду а сваёй зямлі” вызваліўшыся з “маскоўскай” няволі, да дастатку хлеба і новай хаты як неабходнага падмурку, на які крыяюць годнасць і правы асобы чалавека. Менавіта апошняе Ї годнасць і правы асобы разам з дзяржаўнай незалежнасцю Ї было страчана жыхарамі Беларусі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, і за стагоддзе цэлы край з яго шляхетнасцю і культурай ператварыўся ў залежнага ад чужой волі безыменнага жабрака. Гістарычнае нявольніцтва беларусаў спарадзіла той комплекс нацыянальнай непаўнавартаснасці, які адмаўляў самую людскасць беларусаў, што значыць самавітасць, пачуванне сябе гаспадарамі на сваёй зямлі. Трэба было вярнуць гэтае гаспадарнае самапачуванне роднаму народу, вярнуць праз актуалізацыю простых і зразумелых штодзённых рэчаў: хлеба і хаты. Бо пазбаўлены гэтых рэчаў чалавек пазбаўлены зямной, людскай сутнасці быцця. Менавіта ў рэчышчы такіх разваг нам здаецца правільным успрымаць заклік Купалы: “Долю мець будзем, Ї эй! будзем людзьмі!”. Гэтаксама тлумачыцца і манументальны вобраз грамады беларусаў у знакамітым вершы “А хто там ідзе?” які заканчваецца, як вядома, палемічнай і нават абразлівай з сучаснага гледзішча фразай: “Людзьмі звацца!”. Можа ўзнікнуць пытанне, ці не замалая гэта мэта? Трэба сказаць, што ў кантэксце і ў часе “Жалейкі” не замалая! Ад яе заставаўся толькі крок да месіянскага сцвярджэння ідэі Маладой Беларусі, якая “па развалінах” творыць “нову ўсябытнасць”, акцэнтуючы сваю асобнасць і паўнавартаснасць між іншымі народамі свету. Маладая Беларусь Купалы была адначасова ідэяй, якая сведчыла аб спеласці нацыянальнай самасвядомасці, і культурна-гістарычным вобразам нацыянальнага адраджэння, які інтэграваў абуджаны край у мадэрнхзаванае аблічча перадваеннай Еўропы.
Такім чынам, “жалейкаўская” ідэя адноўленай людскасці як самавітасці і гаспадарнасці ўпісвалася ў комплексную праграму нацыянальнага адраджэння, якое сцвярджала сябе найперш праз легалізацыю друкаванага беларускага слова. Таму менавіта ў вершах, прысвечаных газеце “Наша Доля”, выдавецкай суполцы “Загляне сонца і ў наша аконца” гучаць матывы шчаслівага вызвалення з няволі і новай будучыні. Так, вітаючы суполку, Я. Купала кажа: хопіць наракаць, хопіць кланяцца чужынцам, прыліплым да нашага краю! У канцы верша паэт малюе прарочую візію:
Гэй, дзівы над дзгвы, мкне гоман грамлівы!
Глядзіце, устае беларускі народ;
Айчызну будуе на борах, на нівах.
Што гэта? Ї то йдэі, то праўды прыход [34, с. 40].
Слушнай у гэтай сувязі нам падаецца думка Льва Клейнбарта, што “Жалейка” Янкі Купалы была “выражэннем нацыянальнага ўздыму” [37, с. 188], а не толыкі жальбаваннем над нешчаслівай доляй беларускага народа. Трэба, аднак, зазначыць, што герой-нявольнік, які сацыяльна і нацыянальна актывізуецца ў мастацкім свеце “Жалейкі” паказаны ў сваім духоўным узрастанні як чалавек, які пераадольвае нявольніцтва ўнутры самога сябе і з безыменнага раба ператвараецца ў постаць новага беларуса, свядомага змагара за вольнасць свайго краю і за ўласнае імя. Паступова, прыступкамі, адбываецца гэты працэс вызвалення з ярма жабрацтва духу і чужога панавання. Напрыклад, “пан сахі і кассы” прагне адукацыі, адчуваючы, што яна дапаможа яму “здабыць долю”:
Эй, каб цёмен не быў,
Чытаць кніжкі умеў,
Я б і долю здабыў,
Я б і песенкі пеў! [34, с. 7].
Менавіта асвета з'яўляецца важным чыннікам адраджэння, бо дасць магчымасць чытаць беларускія газеты і кнігі, што абумовіць чарговую прыступку ва ўзрастанні нацыянальнай самасвядомасці.
Выйсце з нявольніцтва пралягае праз цярпенні і выпрабаванні. У святле купалаўскіх мастацкіх вобразаў перыяд шматвяковага заняпаду беларускага народа пазначаецца пастаянным сімвалам сну, магільнага сну. У “Жалейцы” вобраз спячага зачараваным сном краю намаляваны ў вершы “Над сваёй айчызнай”. Можна сказаць, што гэта патрыятычны рэквіем або, хутчэй, трэнас Ї плач па памерлай айчыне:
Божа! гэткі свет тут
Моц стварыла твая!
Дзе ж мой дом, дзе ж мой люд?
Дзе айчызна мая?
Дзе той час, у яком
Тут кіпела жыццё?
Свой народ быў кругом
I любіў сваё ўсё!
Знікла ўсё, як імгла,
Няма славы твей;
Злая доля змагла
І мой край, і людзей! [34, с. 78-79].
Галоўны матыў гэтага верша Я. Купалы Ї адсутнасць свабоды знішчыла народ і край, які злучыўся з няславай і нядоляй. На гэтай спустошанай няволяй зямлі засталіся толькі курганы з касцямі былых герояў, груганы над імі, вужы, канюх ды воўк Ї “далей спіць усё, спіць”.
Шматкроць пасля ў творчасці паэта паўторыцца гэты вобраз магільнага сну, якім спіць родны край і родны люд. Крыжовы шлях, як вядома, заканчваецца Галгофай, але без яе не было б уваскрэсення. Толькі праз адчуванне чалавекам унутранай свабоды можа адбыцца вызваленне цэлага народа. Менавіта гэтую думку акцэнтуе Я. Купала ў “Песні вольнага чалавека”:
I волі дэспаты не змогуць,
Бо воля сонейку раўня.
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы векі [34, с. 49].
Вельмі важным, альтэрнатыўным магільнаму сну і таксама сімвалічным у творчасці Янкі Купалы становіцца матыў абуджэння. 3 ім арганічна звязаны вобраз звона, яю кліча “к славе ў госці” (верш “Думкі”). У вершы “Хоць ты, сэрца, лопні, трэсні!” паэт прама заклікае:
Гэй! прасніся, беларусе:
Усе людцы паўставалі!
Гэй! прастся, беларусе, Ї
Усе праўдачку пазналі.. [34, с. 52].
Неабходна таксама падкрэсліць, што адраджэнне народа, яго прачынанне ад сну пясняр злучае напрамую з беларускай мовай і друкаваным словам на ёй. У гэтым таксама бачыцца багушэвічаўская традыцыя, якую актуалізаваў Я. Купала. “Цёмны, як той скот” народ гора-бяды не зможа, піша паэт у вершы “Песня а песнях”:
Газэт, ксёнжак мовай ч'ей
Найболей друкуюць,
Паважаюць тых людзей,
Любяць і шануюць [34, с. 42].
У гэтым абуджэнні народа праз роднае слова заключана і сутнасць пяснярскай місіі, таму для Янкі Купалы так важна, не дзеля ўласнага славалюбства, але дзеля адраджэння айчыны, Ї “Каб мой люд маю песню запеў /І пазнаў, аб чым песня пяе!!!” [34, с. 73]. У падобным рэчышчы Ї як добрую вестку праўды і волі, а з імі і дастатку хлеба Ї вітаў паэт у вершы “Нашай Долі” выхад першай беларускай легальнай газеты:
Прыкупіўшы солі-хлеба,
Прывітамо “Долю”,
Як анёла Бога з неба,
Як святую волю! [34, с. 139].
Такім чынам, выразна заўважаецца настраёвая поліфанічнасць першага зборніка вершаў Янкі Купалы “Жалейка”, у якім паэтам не толькі была апета бязмернасць гаспадарнага заняпаду роднага краю і нявольніцтва беларускага народа, але ўбачаны рысы яго адраджэння, што пераменяць у хуткім часе край крыжоў і магіл у яснатварае аблічча Маладой Беларусі. Менавіта спеў Купалавай “Жалейкі” абуджаў і тварыў гэтае аблічча. Матыў бяздольнасці наўзор купалаўскіх вершаў паўтаралі на розныя лады шматлікія паэты “нашаніўскай пары”, да новага ж вобраза роднага краю ішлося няпроста. I менавіта Янка Купала быў выбраны на прарочую місію: убачыць уваскрэслую Беларусь і замацаваць гэты новы пазітыўны вобраз у свядомасці суайчыннікаў праз дар паэтычнага слова.
3.2 Абнаўленне нацыянальнага характару новага вольнага Беларуса
Адным з ключавых эпічных вобразаў паэзіі Купалы з'яўляецца мужык. Па сутнасці гэта вобраз беларускага працоўнага селяніна, яго прафесійна канкрэтныя ўвасабленні: касец, араты, сейбіт. Мужык можа адначасна выступаць як рэалістычна выпісаны зсмляроб, бядняк, парабак, беззямельнік, тыповы прадстаўнік ніжэйшага саслоўя самадзяржаўна-памешчыцкай Расіі:
Па зімовай па дарожцы
Мужычок брыдзе,
Дух займаецца ад ветру,
Снег бадзе, бадзе... [5, т. 2, с. 290]
і як вобраз-сімвал, увасабленне гістарычнага лёсу беларускага сялянства ад незапамятных часоў патрыярхальнай вольнасці, ці праходзіць праз паласу феадальнага напяволення і буржуазнай антаганістычнай дыферэнцыяцыі і завяршае свой шлях па залатой пары сацыялістычнага адраджэння ў повым выглядзе -- вольнага сейбіта, камунара, калгасніка.
Сінтэзаваны паказ мужыка як вобраза-сімвала ўсяго сялянства выразна цягацее да сюжэтаў уваскрашальных міфаў, вядомых земляробчай абрадавасці і каляндарна-абрадавай паэзіі. Паколькі ўваскрашальныя міфы шырока выкарыстоўвае ў сваіх рытуалах хрысціянская рэлігія, дык і ў Купалы можна сустрэць хрысціянізаваныя атрыбуты ўваскрашальнай сімволікі: крыж, магіла, страшны суд і г. д., але яны пазбаўлены рэлігійнай артадаксальнасці і ўжываюцца свабодна, часта нават як зніжаныя гратэскавыя штрыхі-дэталі:
Крыжы яловыя
Набок скрывіліся,
Наспы магільныя
Вадой размыліся [5, т.1, с. 338].
Звяртаючыся да мужыка, паэт з тым жа гратэскавым жэстам заклікае:
Павер папам, што там на смеррці,
За мукі рай моцьмеш свае,
Во пекла лепшага і чэрці,
Як тут, не вынайдуць нідзе! [5, т. 1, с. 182].
Купалу больш блізкая салянская сімволіка земляробскіх міфаў, і на яе мове ён звычайна выказвае аптымістычныя думкі: мужык у кантэксце гэтых міфаў сімвалізуе беларусаў як нацыю, ахопленую вызваленчым рухам:
Смялей, беларусе-араты!
Смялей уздымай к сонцу вочы! [5, т. 3, с. 261].
Экспрэсіўлая ацэнка вобраза мужыка з'яўляецца адначасна формай самавыяўлення паэта, сцверджаннем яго сацыяльных і гуманістычных поглядаў. Мужык становіцца ўвасабленнем пратэсту паэта супраць уціску і паніжэння чалавека працы, які
Свет корміць, -- сам галодны век,
Адзеты лапцямі, сярмяжкай [5, т. 1, с. 185].
Купала патрабуе для мужыка справядлівасці, спагады і павагі: “Пашкадуй мужыка-бедака, // Ты, што вечна адзеты і сыт,-- папярэджвае ён гаспадароў жыцця і пагражае: “Бо за крыўду сваю адамсціць...” Мужык і паэт -- родныя браты па нядолі, у вершы “Брату” аўтар яднаецца з селянінам і прымае агульную постаць чалавека:
Ці мы людзі, ці скаціна, --
Запытай
Гэту коску, гэту сошку,
Гэты гай [5, т. 2, с. 122].
У сваю чаргу і ад мужыка паэт патрабуе таго ж: “Хай быць чалавекам захоча брат мой” [5, т. 1, с. 125].
Зродненасць паэта з мужыком настолькі арганічная, што, здаралася, даследчыкі называлі мужыка лірычным героем вершаў Купалы. “На самай справе лірычны суб'ект у Купалы -- гэта грамадскі абаронца мужыка, абвінаваўца і суддзя яго ворагаў на адкрытым вялікім судзе грамадскага сумлення” [39, с. 317], -- удакладняе Ул. Калеснік. Сваёй канчатковасцю суд паэта нагадвае той страшны суд з біблейскай легенды, на якім бог мае судзіць жывых і мёртвых. Купала здзяйсняе праідэю суда раней за бога, ён падымае з курганоў і магіл многія пакаленні сялян і паноў, каб паказаць свету гістарычную правату, святасць працоўнага люду і злачыннасць паноў, крыўдзіцеляў, злыдняў.
Працу сваю Купала параўноўвае з ворывам “па запусцелым дзірване”, з сяўбой і жнівом. Пясняр звычайна лунае думкамі ў паднябессі, але дзеля таго, каб з вышынь лепш бачыць зямлю і мацней парадзіцца са сваімі землякамі.
Рэалістычная дэталізацыя звычайнае складае толькі знешнюю форму вобраза, з'яўляецца своеасаблівым эстэтычным камуфляжам, з-за якога праглядвае вядомая рамантычная хроніка:
Бульба -- як арэхі,
Як цвек--бурачок...
-- Вось скарбы, пацехі
Твае, мужычок! [5, т. 3, с. 103].
Спалучэнне рэалістычных прыёмаў з рамантычнымі -- аснова двухпланавасці вобраза. Пераходы ад рэалістычнай да сімвалічна-ўмоўнай стылістыкі часта адбываюцца нечакана, раптоўна, але працякаюць натуральна, без прэтэнцыёзнага зухаўства. Купала ўспрымае мужыка адначасна рэальным тыпам і вобразам умоўным, увасабленнем долі, лёсу народнага ці люстрам уласнай набалелай душы. Такая шматаспектнасць дазваляе напоўніць вобраз багатым падтэкстам. “Дык выпрамся трошку, дый жыва за сошку” -- звяртаецца аўтар да мужыка ў бытавой рэалістычнай манеры і тут жа пераходзіць на іншасказанне:
Дый у поле -- к вялікай арбе!
Бач, можа, і долю ў няўродлівым полі
Ты выараш, братка, сабе... [5, т. 2, с. 11].
Падключаны да ўваскрашальнага міфа, вобраз набывае таямнічасць і рамантычную ўзнёсласць, яго праца на полі -- ворыва, сяўба становіцца магічным абрадавым дзействам, мэтай якога з'яўляецца ўваскрашэнне долі, загубленай недзе ранейшымі пакаленнямі.
Верш “Касцу” задуманы як скрытае парадыраванне дзіцячых лічылак-дражнілак, дзе алітэрыраванне, схопліванне рытму працы або гука-меладычных эфектаў выклікае ў выканаўцы радасць пераймання, а ў слухача прыемнасць пазнавання: “Стукі, стук, стук, малаток! Кляпі коску, мужычок...”. Але на справе гэта стук заклікальны, яго прызначэнне аберагчы таямніцу паэта і адкрыць яе толькі “дапушчаным”. Ужо нават зачын верша не так забаўляе, як бы належала, ён насцярожвае, паколькі праца, якую паэт увёў у кантэкст дражнілкі, вельмі адказная і самая небяспечная з усіх прац мужыка. Кляпанне касы -- гэта выпрабоўванне спрыту, умельства, а касьба -- выпрабаванне яшчэ сілы, вынослівасці, цягавітасці. На сенакосе дзецюкі праводзілі зухаватыя, са значнай дозай рызыкі, спаборнцітвы -- хто каму “пяты падрэжа”. Тонкае веданне чалавечага зместу касьбы абумовіла змястоўнасць задумы і надало глыбокі сэнс вершу: паэт малюе падрыхтоўку да касьбы -- кляпанне касы, але пад рытмічныя ўдары малатка ён думае пра сутнасць касы як прадмета, што мае рознае прызначэнне ў народзе:
Быў даўней народ хітрэй,
Не знаў стрэльбаў, дык аей!
Коскі шаблямі былі,
Ваяваць з імі ішлі [5, т. 1, с. 147].
Вобразы-сімвалы касы як народнай зброі і касьбы як вайны маглі ўзнікнуць у Купалы па аналогіі са жніўнай сімволікай (“А мы поле зваявалі, усё жыта дажал!”), але хутчэй былі навеяны польскай нацыянальна-вызваленчай традыцыяй, у якой пачэснае месца займалі касіянеры, вайсковыя часці з прыгонных сялян, узброеныя косамі. Упершыню касіянеры выступілі ў часе паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, які распрацаваў для іх нават спецыяльную тактыку бою, арыентуючы на захоп варожых гармат. Касіянеры ўдзельнічалі і ў паўстанні 1863 года на Беларусі. Камандаванне войскаў, што падаўлялі паўстанні, і царскі ўрад аб'явілі зброю касіянераў варварскай, не адпавядаючай “цывілізаваным” формам вядзення вайны. У вершы Купалы косы ідэалізуюцца як зброя народная (“Касу у шыйцы адагне, // І насадзіць, і махне”), а ўзброенае косамі войска ўслаўляецца. як грамада, што пераўзыходзіць усякае іншае войска добраахвотнасцю, свядомаю воляй перамагчы, стыхійным гераізмам:
I гарматаў быў не страх,
Грамада вялікі гмах:
Адзш ляжа, сто ідзе,
А хто ж роўны грамадзе?! [5, т. 1, с. 147].
Расказаўшы мужыку пра мінулыя касавіцы-паўстанні, паэт як бы схамянуўся: а як жа павесці расказ пра памяць слаўнай традыцыі сёння, што сказаць сучаснікам у падцэнзурным творы? I ён зноў вярнуўся ў гарэзлівы свет дзціячых дражнілак -- вярнуўся як бы да касьбы-працы. Але вяртанне свядома запозненае, бо касец і чытач не маглі так лёгка забыцца пра сказанае, яны міжволі будуць шукаць у падтэксце працягу паўстанцкай тэмы. Пераходзячы на рэальную касьбу-працу, паэт адначасова падтрымлівае ў свядомасці чытача цікавасць да ранейшай тэмы, якая становіцца і спакусай паэтавай фантазіі, развярэджанай гістарычнаю думай. Падмены тэм: касьбы-вайны і касьбы-працы робяцца з гарэзліваю ўсмешкай пад бесклапотна бойкі рытм прыпеўкі: “А я йначай пець пачну. Гоп, гоп, гоп! Пець інакш пачну”. Гэты жартоўны ход настройвае чытача на чуйнасць і здагадлівасць. Сапраўды, касьба як праца дае касцу гарт, патрэбны для касьбы-бітвы.
Абодва вобразы касьбы ўзаемазвязаны ўнутранай сацыяльна-псіхалагічнаю функцыяй, гэта эквіваленты двух відаў самавыяўлення мужыка. Глыбіная ідэя верша ў тым і заключаецца, каб даць зразумець мужыку, а заадно і чытачу, што касьба рэальная і касьба-вайна -- рэчы па сутнасці аднолькава цяжкія, бо патрабуюць сілы, гарту, волі. Для вайны, праўда, патрэбна яшчэ адвага. I паэт асобнаю рэплікай заклікае касца, які ідзе на звычайную працу:
Перуны, грымоты б'юць,--
Ты касі, адважным будзь [5, т. 2, с. 315].
Адвага на звычайнай касьбе непатрэбна, таму тут уведзены вобразы перуноў і грымот, якія азначаюць вайну. Такім чынам, у другой частцы кампазіцыі касьба як праца аказваецца закамуфліраванай паўстанчай барацьбой. Эзопаўская мова верша трымаецца на падменах канкрэтнага і ўмоўна-сімвалічнага значэння вобразаў.
Двухпланавасць вобразаў касы і касьбы з'яўляецца тыповай для паэзіі Купалы. Яна яскрава выступае, напрыклад, у песні Сама з паэмы “Сон на кургане” (“А калі ж наклеплем косы на чырвоныя на росы”). Па-новаму, але таксама двухпланава асэпсавана сімволіка касы ў вершы “На смерць Сцяпана Булата”, які лічыцца ідэйным рубяжом у творчасці Я. Купалы савецкага часу. Тут каса сімвалізуе традыцыйна фальклорную зброю смерці (“Ой скасіла, не спытала”...) і знаёмую з верша “Касцу” зброю народных паўстанняў:
Як сіроты, забытымі
Цэп з касой вісяць у пуні, --
Хто ж на ворага іх здыме?
-- Сні, таварыш, аб Камуне! [5, т. 4, с. 93].
Да рамантычнай стылістыкі ў паэзіі Купалы трэба аднесці патэнцыраванпе сцвярджальных і адмоўных вобразаў-штрыхоў, а таксама сутыкненне ў адным вобразе ціэалізуючай тэндэнцыі з іранічным яе адмаўленнем:
Нашто век зямлі хацеці?
Памром -- сажаць, будзем меці! [5, т. 3, с. 104],
Сеяць зерне-гора,
Жаць жніво-бяду [5, т. 3, с. 209].
Сугучную сабе ідэю вобраза мужыка Купала сустрэў ў беларускім фальклоры і ў творах Някрасава, Нікіціна, Шаўчэнкі, Канапніцкай, Багушэвіча. Апошні паказваў мужыка стваральнікам усіх скарбаў жыцця, у іх ліку скарбу сумленнасці, а сам ён заставаўся галетнікам, ахвярай уціску з боку паноў. Мужык у Багушэвіча -- пакутнік, пробіць камень грамадскага сумлення, на варце якога стаяў паэт -- гуманіст, асветнік, заступнік. Купалаў мужык гістарычна і псіхалагічна канкрэтызаваны, ён больш складаны, напоўнены іншымі супярэчлівасцямі. Яго фарміруе эпоха сацыялістычнай рэвалюцыі, што адкрыла перад беларускім сялянствам спакусу стаць сілай, рэалізаваць адвечныя мары пра зямлю і волю, пра годнае чалавека жыццё. Купалаў мужык сутыкаецца не толькі з панамі, ён уступае ў зносіны з рознымі пластамі земляробаў: адсталых і перадавых, заможных гаспадароў і парабкаў-беззямельнікаў, таму арганічна ў яго натуры суседнічае рамантычнае ўзвышэнне з камедыйным прыніжэннем:
Калі шчасліў, мужычок?
-- Як водкі нап'юся,
Калі грозен, мужычок?
-- Як з жопкаю б'юся [5, т. 3, с. 190].
Маналогі мужыка -- згусткі эмоцый: скарга, пакута змяняецца тут бунтам або горкай насмешкай над сабой:
Эй, дуж я да ўсяго --
На раллі, на лугу!
Толькі гора свайго
Я змагчы не магу!.. [5, т. 1, с. 264].
Часам Купала рашаецца нават падаваць рэальнае жыццё мужыка як увасабленне агіднасці:
Жыццё нашае, нас бедных,
Заганяных мужыкоў,
Горш за ўсякае стварэнне,
За сабак і чарвякоў [5, т. 1, с. 283].
Але гэта жыццё як абставіны, а не самі людзі. На гэтым фоне яскравей адцяняецца ідэал жыцця, асновай якога выступаюць свабода, роўнасць і справядлівасць. Часам падкрэслхваецца сцісласць натуральных мужыцкіх патрабаванняў: “Чаго нам трэба? -- Перш-наперш хлеба”, але хлебам надзённым аказваецца і чалавечая годнасць, мінімальнае вяжацца ніцямі повязей з вялікім, гістарычным.
Беларускі селянін наогул неглыбока разумеў гістарычную сутнасць рэвалюцыі 1905 года, грамадская свядомасць вёскі была яшчэ аблытана забабонамі, патрыярхальная пачцівасць пераходзіла ў прыніжанасць, хрысціянскую пакорлівасць, душа жывая была агорнута сном:
А ў хатках спяць цапы і косы --
Усё чакаюць ёмкіх рук [5, т. 3, с. 316].
Зпамянальна, што Купалаў мужык, нават той, што стаціь на грунце патрыярхальнай этыкі, не маўчыць, не чакае абаронцаў збоку, як у Багушэвіча, а сам абараняецца на панскім судзе, хоча ператварыць яго ў грамадскі суд сумлення. Доказы патрыярхальнага мужыка ўхваляе паэт, хоць, можа, і разумее іх наіўнасць, анахранічнасць. Герой верша, названага бюракратычным русізмам “Праступнік”, прамаўляе на судзе, што адчувае сябе нявіным, і абараняецца, парадыруючы панскія абвінавачанні, якія лічыць незаконнымі, паколькі яны пярэчаць звычаёваму праву і традыцыйна вясковым патрыярхальным уяўленням пра злачынства, віну і кару. 3 першых радкоў маналог дыхае сарказмам і гневам:
Судзіце мяне ў ссылку,
Закуйце ў ланцугі, --
Праступнік я вялікі,
Папоўніў я грахі [5, т. 1, с. 191].
Пасля іранічнага “прызнання” ідзе пералік нібыта злачынстваў, якія на сялянска-патрыярхальны лад называюцца грахамі. На наш погляд, каменціраваны пералік “грахоў” не толькі ў разуменні простых сялян, але і ў свядомасці кожнага аб'ектыўна думаючага чалавека павінен выклікаць тое ж іранічна пагардлівае, з пераходам у сарказм адчуванне, якім перапоўнепа душа і словы мужыка. Далучыць чытача да сатырычна-насмешлівага настрою -- значыць пераканаць яго.
Грахі селяніна не простыя, прычыпы іх абумоўлены нялюдскімі абставінамі, у якіх з ласкі сваіх абвінаваўцаў вымушаны жыць беларускі мужык: “На хату сухастойку ў панскім лесе ссек”. Сапраўды, калі згніла ў мужыка хата, дык нават у чужым лесе ссекчы на рамонт нейкую сухастоіну, якую ўрэшце ўладар лесу не садзіў і не паліваў і якая, ссохшы, напэўна, змарнуецца, струхлее,-- ніякі не грэх. У народзе жыло адвечнае ўяўленне, што лес -- нічый, што ён, гаворачы словамі казак Рэдкага, “божы гай” і “Той у хаце не гаспадар, хто ў лесе не злодзей”. Злодзей той, хто гэты лес прысвслу, зрабіў сваёй уласнасцю.
Другая група “грахоў” датычыць свабоды сумлення і правоў чалавека. У першым варыянце твора тэма гэтая пачыналася з міжвольнага канфлікту мужыка з царквой, якая прысвоіла права кантраляваць яго сумленне. У апублікаванай рэдакцыі па першае месца пастаўлены капфлікт з уладай (“У воласць не аддаў я падатку ў пару”), а канфлікт з царквой ідзе другім (“Схадзіць раз на абедню я не паспеў у царкву”). Варта падкрэсліць, што мужык не з'яўляецца свядомым бунтаром супраць цара і тым больш супраць бога. Ён у прынцыпе чалавек лаяльны, але яго даводзяць да зрыву ўедлівыя царскія чыноўшкі і пастыры душ, якія патрабуюць сляпога выканання закоиаў, не лічачыся з чалавечымі патрэбамі і мажлівасцямі. Паэт супрацьпастаўляе чыноўніцкай і папоўскай бяздушынай Пільнасці натуральную чалавечпасць. Каб выклікаць у чытача больш спагады да героя, аўтар, дапрацоўваючы тэкст, змякчыў грубаватую прастамоўнасць у словах мужыка. У рукапісным варыянце было: “Урадніка, падпіўшы, хацеў раз адлупіць”, у падрукаваным -- “Урадніку, падпіўшы, хацеў касцей намяць”. I адпаведна: “Раз перад земскім шапкі, аплуціўся, не зняў” -- “Раз перад земскім шапкі, здурэў, забыўся зняць”. Кульмнацыйны момант маналога, які па сутнасці з'яўляецца публічнай споведдзю “грэшніка”, яго самаапраўданнем, узнікае ў перадапошняй страфе, з якой вынікае, што абвінаваўцы і суддзі мужыка прынялі за злачынства нават такую святую рэч, як звычку чытаць кніжкі і газеты (пры вобыску ў яго “газетку раз знайшлі”). Бяспраўе, зневажанне правоў асобы, палціэйска-чыноўніцкі глум, адным словам -- уся сістэма самадзяржаўнага ладу, а не маральныя заганы селяніна вінаваты ў “грахах”, якія яму прыпісваюцца.
На судзе сумлення, які у падтэксце паэт супрацьпастаўляе свецкаму і духоўнаму судам, беларускі мужык атрымлівае апраўданне. Ён не вінаваты ні ў лясной пакражы, ні ў знявазе свецкіх і духоўных улад, ні ў канфліктах з чыноўнікамі, нават у тым, што “Крычаў з другімі з гора: Свабоды і зямлі”. Адчуванне праваты дае герою маральную падставу паўтарыць у заключных радках, звяртаючыся да бога, як да сумлення свету, словы пачатку:
Я грэшнік, я праступнік,
Мой божа дарагі!
Судзіце мяне.у ссылку,
Закуйце ў ланцугі [5, т. 3, с. 290].
На нашу думку, гэта не вокліч адчаю, а выбух абурэння. Галоўная інтанацыя тут -- сарказм, таму клічнікі хочацца папярэдзціь пытальнікамі. Клічная інтанацыя гучыць зларадна і пагрозліва: судзіце; закуйце, але памятайце, што гэта вас і загубіць... Верш па задуме і ідэі стаціь паміж такімі шэдэўрамі публціыстычнай паэзіі Купалы перыяду 1905 года, як “Спрасоння” і “Перад вісельняй”.
Скінуць “адвечны сон, аслеплы сон” дапамагае мужыку паэт, які бачыць сваю місію ў барацьбе за гістарычнае адраджэнне народа. Сродкам буджэння аслеплай сопнай душы служыць мастацкае слова, якое ў адных выпадках аказваецца словам суровай ці горкай праўды, звернутай да развагі і сумлення, а ў другіх -- рамантычным згусткам чалавечага духу, закліканнем, святым агнём, здольным уваскрашаць упалыя душы, распальваць нячулыя сэрцы, папаўняць душы хараством свабоды і светлай будучыні. Розны падыход і разнабой у Купалавых ацэнках -- прамы адбітак супярэчлівасцей сацыяльнай псіхалогіі сялянства як класа дробных вытворцаў у буржуазным грамадстве, працаўнікоў і ўласнікаў адначасна, спрадвечных нявольнікаў, якія адчулі спакусу свабоды і боль вызвалення. Там, дзе паэт малюе свядомых сялян, вясковых пралетарыяў, у ацэнках дамініруе ідэалізуючая рамантыка:
Ты худы, кабылка худа --
Хвойку вывезці, аж міла
Даказалі-такі цуду:
Конь, мужык на свеце -- сіла [5, т. 3, с. 8].
Але яна можа пераходзіць у рамантычную іронію: мужык-араты, “Курган чарпаючы нарогам, // Не ўспомніць прадзедавай песні” [5, т. 2, с. 213] або трапляе ў яшчэ горшыя сітуацыі:
Чыя доля ўсягды
Не мінае бяды,
Турмы, торбы, шынка?
Мужыка! [5, т. 2, с. 281].
Купалаў мужык нясе ў сабе -- несвядома і свядома -- векавы духоўны вопыт беларускага сялянства, ён бачыў пажарышчы антыфеадальных паўстанняў, захаваў памяць пра іх у народных легендах і паданнях. Мужык быў удзельнікам трох рэвалюцый, дзвюх войнаў (імперыялістычнай і грамадзянскай). Такім чынам, мужык у Купалы яднае сваім лёсам і характарам мінулае з сучасным, зносячы ўціск, пакутуючы, ён ператвараецца ў суб'ект гісторыі -- змагара, дзеяча, стваральніка, аснову нацыі. Купалаваму мужыку ўласцівы не толькі працавітасць і сумленнасць, як Багушэвічаваму, а нешта большае: грамадзянская актыўнасць, грозны змагарскі дух, пачуццё класавай і нацыянальнай годнасці:
Подобные документы
Польскамоўная творчасць Янкі Купалы ў нацыянальным кантэксце. Своеасаблівае спалучэнне метафізікі і аповеду ў верші "Kobiecie". Асаблівасці перакладаў твораў на беларускую мову. Тэма паэта-прарока ў творчасці Купалы і яе повязь з польскамоўнай традыцыяй.
курсовая работа [53,4 K], добавлен 06.01.2014Даследаванне праблем ў драматургічных творах. Мастацкія асаблівасці п’есы "Прымакі". Праблематыка, вобразы п’есы "Паўлінка", "Тутэйшыя". Трагедыя беларускага сялянства ў драме "Раскіданае гняздо". Слоўнік параўнанняў у мове мастацкіх твораў Янкі Купалы.
курсовая работа [65,0 K], добавлен 08.12.2016Янка Купала - імя, як сама Беларусь, мяккае, яго жыццёвы i творчы шлях. Kнігi i гyтapкi з Чаховiчам: ўплыў на фармiраванне светапогляду паэта, яго нацыянальнай самасвядомасцi. Паэтычны талент Купалы на аснове дзвюх стыхiй: лiтаратурнай i народна-песеннай.
реферат [17,7 K], добавлен 12.11.2011Вывучэнне біяграфіі і творчасці Якуба Коласа (сапраўднае імя і прозвішча Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч), вядомага беларускага савецкага пісьменніка. Якуб Колас - адзін з класікаў і заснавальнікаў беларускай літаратуры, народны паэт Беларускай ССР.
реферат [35,8 K], добавлен 22.02.2011Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Жаночы характар у творчасці І. Мележа. Вобраз беларускай жанчыны ў апавяданнях і аповесцях І. Мележа. Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў раманах "Палескай хронікі" І. Мележа.
дипломная работа [109,9 K], добавлен 16.05.2015Эпіграф як сродак стварэння цэласнасці тэксту. Лексічныя сродкі стварэння звязнасці паэтычнага тэксту: поўны тоесны, частковы лексічны, тэматычны, сінанімічны, антанімічны паўторы. Метафара, эпітэт і параўнанне. Фігуры дабаўлення, пропуску і рытарычныя.
дипломная работа [111,8 K], добавлен 25.09.2013Літаратурнае імя як крыніца звестак пра героя. Імянаслоў прозы Янкі Брыля. Народна-гутарковыя формы імені. Прозвішчы літаратурных персанажаў Янкі Брыля. Мянушка як трапны індэнтыфікатар героя. Роля прозвішчаў, марфемнае ўтварэнне літаратурных прозвішчаў.
реферат [84,9 K], добавлен 29.08.2014Жыццёвы шлях беларускага паэта Рыгора Барадуліна. Тэматыка і праблематыка творчасці, мастацкая вобразнасць. Уклад Р. Барадуліна ў развіццё дзіцячай паэзіі. Матывы ў творчасці: элементы паганскай міфалогіі, біблейска-хрысціянскія і фальклорныя матывы.
курсовая работа [83,5 K], добавлен 10.11.2014Даследаванне развiцця беларускай паэзіі з 50-х гадоў XX стагоддзя да сучаснага часу. Уплыў постмадэрнізму на змену скіраванасці і афарбоўкі мастацкага мыслення. Асаблівасці раскрыцця тэм кахання, часу і смерці ў вершах сучасных беларускіх аўтараў.
курсовая работа [26,2 K], добавлен 15.05.2012Вацлаў Ластоўскі, паплечнік Я. Купалы і М. Багдановіча, стаяў у самым цэнтры беларускага нацыянальнага руху, народжанага на хвалі рэвалюцыйнага ўздыму 1905-1907 гг. У нацыянальнай гісторыі В. Ластоўскі застанецца і як актыўны грамадскі і дзяржаўны дзеяч.
реферат [28,0 K], добавлен 25.02.2011